Мінус
1.
Увесь дом чуў, як яго зачыналі: жонка мясцовага актывіста Мінуса, якая віталася з суседзямі заўсёды шэптам, на гэты раз лямантавала як рэзаная, насаджваючы нядаўна пабудаваную хрушчоўку на свой крык, нібы мяса на шампур. Мужчыны весела падміргвалі адзін аднаму, кабеты, хаваючы абурэньне, удавалі трывогу: ці мала што? (хаця б вокны пазачыняла)... Аднак столькі было ў гэтым ляманце радаснай моцы, моцы сусьветнага патопу, такім ён быў красавіцкім, антысавецкім, усепераможным, што нават школьнікі, якія гулялі ў двары ў штандар, разумелі: цётцы вельмі, вельмі добра... Дый не магло, ня мела права ў кватэры нумар дзевятнаццаць адбыцца анічога благога, там заўсёды жылі як душа пад душам Шарко. Так што калі таварыш Мінус з папкай пад пахаю вяртаўся дахаты з таварыскага суду, суседзі сустракалі яго звычнай нянавісьцю, і толькі малады практыкант з жэку чамусьці горача паціснуў руку.
Як і ўсе тутэйшыя дзеці, Назар Мінус нарадзіўся з жоўтай плямкаю на правым прадплеччы, падобнай да лішая. Гэта быў час, калі вэтэраны вайны яшчэ не кусалі людзей у цёмных завулках, і марозіва рабілі з малака. У суседнім пад’езьдзе жыў хлопчык Родзя, і ўсё на сьвеце было Родзіна. Грэлася на пліце вада ў эмаляваным вядры, майдадыр са злавесным шкробатам наточваў свой інструмэнт, і кляксонамі павісквалі прывязаныя да калыскі гумовыя качкі. Сястра нехаця малілася на кухні сьвятому Валодзю. Назар Мінус узяў нагу ў руку й ціха прамовіў:
– Не разумею.
Тут жа па-над ім навісла сястра, вялізная, нібы цэпэлін. Чорнымі ад атраманту рукамі ўхапілася за пруты калыскі – блізка, так невыносна блізка: “Мама, мама, ён сказаў мама!”. Зьбегліся, торгалі, як на таржышчы. Апоўначы прыйшоў Мінус-старэйшы, давіўся макаронамі пад сьвісьцячы жаночы шэпт. Падыйшоў да заснулага Назара, паглядзеў са шкадаваньнем: біцэпсаў не відаць, і ростам ня выйшаў – дзе ж такога на бам адправіш.
2.
Тым вясёлым і знаходлівым, хто вызначае будучыню па палёце птушак, а нацыянальнасьць – па форме носу, адразу адкажам на галоўнае пытаньне:
– Не.
3.
Ніхто з нас ня памятае таго часу, калі знаходзіўся ў мацярынскім чэраве; сэйсмічныя хвалі на жончыным жываце не абуджаюць у мужа ўспамінаў пра колішнюю ўласную шчасьлівую адзіноту, дый сама жонка глядзіць на іх як на нечуваны цуд, забыўшыся, што калісьці лупіла кагосьці нагою пад рэбры. Відаць, надта ўжо жахлівай была тая гвалтоўная калектывізацыя, настолькі жахлівай, што памяць пра яе пасьпешліва сьціраецца з нашай сьвядомасьці разам з ранейшымі ўспамінамі – як з дыскеты. Інакш бы людзі да канца дзён жылі пад цяжарам гэтай незваротнай страты, чалавецтва ператварылася б у статак занудаў-экзыстэнцыялістаў, цэрквы будавалі б у форме вагінаў, жыцьцё лічылася б сьмерцю, а зачацьце – злачынствам, людзі б толькі й рабілі што ўздыхалі пра страчаны рай; усе сысуны на зямлі хадзілі б злыя й паўасьлеплыя; пасьля такога прасторавага скачку ніхто б ня марыў ні пра асваеньне космасу, ні пра будаўніцтва камунізму. Нехта абараняе нас ад родавага шоку, клапатлівай рукой асьвяжоўваючы нашу памяць зноў і зноў. Яму патрэбныя чыстыя носьбіты. Толькі вось дзеля чаго?
Можа быць, жонка таварыша Мінуса ела занадта шмат мойвы з папяровых прамасьленых скруткаў. Можа быць, яна пару разоў не паглядзела перадачу “Здароўе”. Можа быць, ёй аднойчы прысьнілася, што таварыш Мінус ператварыўся ў камод. Аднак калі Назару прысьпеў час ісьці ў школу, ён цудоўна памятаў сваё колішняе адзінотнае плаваньне між добразычлівых шапатлівых пухіркоў – нібыта вольная расьліна, надзеленая зрокам, ён з усходняй усьмешкай, якая сьвяцілася недзе глыбока ўнутры, назіраў, як ён, існы і ў той жа час ня бачны дагэтуль нават самому сабе, прарастае ўшыркі і ўздоўж; вакол была фоталябараторыя, дзе праяўлялі ягоную будучыню, ружовую, цудоўную. Іншы б памер ад агорафобіі, калі анёлы ў белым цягнулі яго за галаву кудысьці ў смурод, аднак Назар замружыў вочы й цярпліва пракаўтнуў усё тое пякучае, што кінулася яму ў глотку на гэтым дзікунскім сьвяце. “Малчык палучылса”, – сказаў незнаёмы голас, а знаёмага не было чуваць.
4.
Расплата прыйшла потым. Сястра чытала яму казкі; уладкаваўшыся з нагамі на ложку, яна рабіла змораны дарослы твар, прысланялася сьпінай да сьцяны й пачынала: “У адным горадзе, дзе ўсе людзі былі зьвязаныя паміж сабой паркалёвай нітачкай, аднойчы зьявіўся хлопчык. Ніхто ня ведаў, адкуль ён узяўся, гэты хлопчык, і імені ягонага таксама ніхто ня ведаў...”. Па каленях сястры, зацягнутых у грубыя вязаныя калготы, праносіліся туды-сюды драўляныя аўтамабілі, на антарктычную прасьціну сыпаўся чырвоны бальшавіцкі пыл. “Ы-ы”, – цадзіў скрозь зубы Назар Мінус. Сястра перагортвала старонку, потым яшчэ адну, яе голас, які старанна імітаваў інтанацыі адной тэлевядучай, станавіўся ўсё больш аднастайным і нарэшце пачынаў сіпець. “Панапісваюць усялякую ірунду”, – са злосьцю прамаўляла сястра, кідала кніжку ў кут і рабіла матчыны вусны. Назар глядзеў на сястру як зачараваны: за ейнай сьпінай калыхаўся цень узброенага мячом павука, у вачох успыхвалі дыямэнты, над плячом сястры навісаў чорны рыцар, а конь яго касавурыўся на Назара вагністым вокам. Перад сястрой на кукішках сядзеў брунаты й пупырчаты, як рапуха, чалавек у сярэднявечным капелюшы й абмахваўся вэерам са зьмеяў. Баючыся соскі, Назар маўчаў.
Зь імі ўсё было ясна, а вось простых жыцьцёвых рэчаў Назар Мінус не разумеў. Захоўваючы ў памяці абставіны свайго зьяўленьня тут, ён проста ня мог уцяміць сутнасьці некаторых навакольных зьяваў. Старая цётка, ад якой пахла сабачай мачой, надзявала яму на галаву душнае картоннае прыстасаваньне, зашмальцаванае й запляванае да такой ступені, што з Назара прасіўся на волю ранішні амлет, а гэтая страва і так не была ў жываце жаданым госьцем. Ззаду прыстасаваньне мела гумку, якая сьцягвала патыліцу й драла на ёй валасы нібы чужая купальная шапачка. Назару было загадана на вачах у некалькіх дзясяткаў агрэсіўна настроеных дарослых хадзіць ад сьцяны да сьцяны, махаць рукамі й тупа паўтараць загадкавы тэкст: “Ну каскажы церабяты, хтойя такойсер махнаты, кох цітрашчацу бышчолг, хтойя такойсер іволг”. Яму дзіка хацелася ў прыбіральню, прыстасаваньне налезла на самыя вочы і закрыла нос; задыхаючыся, паўасьлеплы Назар хістаўся ў цэнтры вузкага пакойчыка, пакуль не наляцеў на другога такога ж небараку. Церабяты заіржалі, катавальнае прыстасаваньне нехта зь яго нарэшце зьняў. Назар хутчэй ад маркоты, чым ад крыўды, даў волю ўсім вадкасьцям, якія меліся ў ягоным арганізме. “Ганьба, ганьба”, – паўтарала маці, цягнучы яго за сабой так, нібыта ён быў на колах.
Хтойя, такойсер махнаты?
5.
Утульны ружовы сьвет, дзе не існавала ні лева, ні права, мерны пошум па той бок, нябачныя, лагодныя, цёплыя ручаі – усё гэта раптам пачало кудысьці зьнікаць, пад нагамі распаўзлася белая бездань. Засмактала Назара, пацягнула за сабою; на руках, нагах і галоўнае, на галаве, нібыта тое паскуднае прыстасаваньне, што даводзілася потым цягаць у дзіцячым садку, замкнуліся кайданкі каардынатаў. Успамін пра гэтую надзвычайную падзею, хаця й пабляк з гадамі, аднак усё адно захінаў няўмольным ценем любыя калектыўныя дзеяньні, і як Назар не стараўся, сутнасьць іхная заставалася таямнічай.
Ніхто, аднак, не назваў бы яго разумова адсталым. Назар спраўна рабіў усё, што патрабавалася, рабіў з намі, рабіў як мы, рабіў лепш за нас. І няхай ён стаяў на лінейцы нібы сядзеў на цыркулі – дзяржава не падазравала нічога злачыннага, гладзіла па макаўцы, цярпліва чакала Назаравай крыві, Назаравага поту, чакала ягоных пальцаў, зубоў, ног, сноў, мараў.
Пэдалягічная майстэрня нумар шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць, куды адправілі Назара, месьцілася ў пяці хвілінах хадзьбы ад дому. Вакол штодня адбываліся дзіўныя рытуалы. Дужы маладзён зь неахайнымі вусамі падхопліваў Назара на рукі й марудна крочыў уздоўж застылага бруната-белага шэрагу. Як быццам гандляр рабамі прапаноўваў на рынку свой тавар. Назару было загадана заціснуць у спалоханых далоньках і трэсьці званочак, бесьперапынна трэсьці – спыніш зацеклую руку, і цябе аддадуць, прададуць, каму? ну хаця б вунь той цётухне, якая ўжо аблізваецца, прагна паглядаючы на Назара; гальштук на яе шыі як скрываўленыя нажніцы. Назар спалохана круціў шыяй, ловячы ў натоўпе вочы маці, а тая сьмяялася разам з усімі; сярод гэтага гурту кожная магла б быць ягонай мамаю.
Назар пакутліва імкнуўся зразумець, чаго ж ад яго хочуць усе гэтыя малыя й вялікія людзі. Аднак марна ён спадзяваўся, што калі-небудзь яму адкрыюцца іхныя сакрэты. Ад напружаньня яму часта балела галава – кволы Назараў розум настойліва чапляўся за думку, што ў падзеях, удзельнікам якіх яго прымушалі станавіцца, маецца нейкая прыхаваная заканамернасьць: ухапіць бы яе за хвост, і тады можна будзе стаць часткай зьвяна. Неўзабаве ён адмовіўся ад такіх пошукаў – высьветлілася, што неабходна проста глядзець на іншых, і яны ўтрымаюць цябе на паверхні.
6.
Аднойчы ўзімку хлопчыкаў, зь якімі Назар быў вымушаны дзяліць блакітны пакой на другім паверсе школы, маладая крыкуха паставіла ў рад тварамі да сьцяны й загадала не азірацца. Назар Мінус паслухмяна замёр; хвіліны ішлі павольна, бы сьняжынкі за вакном; нехта зьлева калупаўся ў носе. Блакітная сьцяна ад доўгага сузіраньня выядала вочы нібы хлёр. “Раз, два, тры!” – заенчыла настаўніца. Дазволена было абярнуцца. На іх кінуліся дзяўчынкі, да міргаючага, успацелага Назара падбегла лядашчая Наташа Рабецкая, надзела на шыю чорную палку з плястмасы, прамармытала нешта неразборлівае й пасьпешліва ўцякла ў бясьпечны жаночы статак.
Жывы куток школы складалі маркотны кот, якога кармілі ліверкай, і мікраскапічная птушка. Бывала, на занятках ката засоўвалі ў пусты акварыюм, і рота школьнікаў вісела над ім, расьпіхваючы адзін адного лакцямі. Кот шыпеў, выгінаў хвост, але потым скараўся й, сьцяўшыся, беспасьпяхова спрабаваў схавацца між празрыстых сьценак. Дзеці ўпотай чакалі, калі ж кот наробіць ад страху – усім была цікавая рэакцыя настаўніцы. Кот з сумнай зайздрасьцю глядзеў на птушку ў клетцы. Назар з казак ведаў, якая сувязь існуе паміж катамі й птушкамі, ён адчыніў аднойчы клетку й праз паўгадзіны насельніцтва жывога кутку скарацілася на адну істоту. Яго абазвалі загадкавым словам “фашыст”, і з таго часу прыродазнаўства ў Назара Мінуса неяк не ішло.
Часам Назару здавалася, што разгадка блізкая, у ягонай галаве цьмяна мігцела нешта падобнае на разуменьне, заставалася зрабіць некалькі крокаў да той запаветнай рыскі, за якой аднаклясьнікі, узяўшыся за рукі, смакталі з дарослых пажыўны сок дзяцінства – Назар ступаў наперад, і тут жа на яго, нібы аркан, налятаў неадчэпны ўспамін: ён, Назар Мінус, сіненькі, няздатны да плачу, на паўшляху паміж тым сусьветам і гэтым, назад дарогі няма, а ёсьць толькі выбар паміж жыцьцём і сьмерцю, права на які належыць зусім не яму. І перад такімі згадкамі любыя аўтаматы Калашнікава і птушкі Пржэвальскага выглядалі лухтой.
7.
“Не разумею”, – крэмзаў ён пальцам па замерзлым шкле; перапынак паміж урокамі набліжаўся да заканчэньня. Цоканьне абцасаў за сьпінай прымусіла Назара здрыгануцца, ягоныя аднаклясьнікі ўжо біліся за проймы дзьвераў. Назар пасьпеў аднак зьнішчыць напісанае, на далонях блішчэла вада. “Што гэта ты тут, а?” – завуч малодшых клясаў Алена Станіславаўна схапіла Назара за плечы й зьлёгку патрэсла. “Што ты там пісаў?”. Назар маўчаў, ліхаманкава разважаючы, што мог пісаць на замерзлым шкле добрасумленны вучань пятае клясы школы імя партызана-героя. Шостую запаведзь піянэра? Хатняе заданьне па матэматыцы? Верш для “Зорьки”? Прызнаньне ў каханьні да Наташы Рабецкай? Урэшце Назар вырашыў сказаць праўду. Магчыма, не зрабі ён гэтага, а застанься моўчкі стаяць, апусьціўшы вочы долу, завуч пагразіла б яму суворым і справядлівым пальцам і пакінула б у спакоі. Але добрасумленны вучань ня мог зрабіць нічога іншага, як сказаць усё як ёсьць.
“Што-о?” – не паверыла вушам Алена Станіславаўна, і ўсьмешка на яе твары стала нядобрай. “Ты што ж, па-руску не разумееш? На якой жа мове з табой загадаеш размаўляць?”. Назар зірнуў ёй у вочы. “Ну, пойдзем,” – уздыхнула завуч і ўзяла яго пад руку. Пятага-дзясятага, Назара сюды! Допыт у абклееным ружовымі шпалерамі кабінэце быў дастаткова доўгім. На дапамогу завучу прыйшла настаўніца біялёгіі, у якой якраз была фортка. “Ну скажы, ты ж пісаў... пісаў нехарошае слова?” – нахіліўшыся над Назарам, шыпела біялягіца. Назар думаў пра тое, што сёньня ў госьці мусяць завітаць бабка зь дзедам і будзе званіць цётка зь Ніжняй Кулумчы, яму было надзвычай няўтульна між дохлых кактусаў і двух жаночых целаў, якія востра пахлі чымсьці атрутным, няправільным. Хутка допыт надакучыў Назару. “Так, я пісаў нехарошае слова”, – прашаптаў ён і мацней узяўся за падлакотнікі. “Якое? “ – з палёгкай выдыхнула завуч. “Скажы мне на вушка”. Яна з надзеяй паднесла сваё агіднае, як сырое мяса, вуха, на якім боўталася яркая пунсовая кропля, да вуснаў Назара. “Мне ты можаш сказаць. Ну? Мы з Тацянай Іванаўнай нікому ня скажам”.
Назар не прамовіў нічога. Для яго падзелу словаў на добрыя й кепскія не існавала. Кожнае нешта значыла, а значыць, мела права на жыцьцё. “Бацька”, – канстатавала настаўніца біялёгіі. “Не скажыце, – запярэчыла завуч. – Таварыш Мінус паважаны чалавек, да таго ж актыўны абшчэсьцьвеньнік. Тут у іншым справа. Можаш ісьці, але запомні: тут табе школа, а не дзіцячы сад”.
8.
Яго якраз у той год пачалі вучыць дзіўнай мове, патрэбы ў якой Назар таксама зусім не разумеў. Людзі навокал размаўлялі ўсім зразумелымі словамі, існавала таксама
мова французская, што страшэнна падабалася Назару: як высьветлілася, на ёй размаўлялі мушкецёры й капітаны шхунаў – яны штоночы завітвалі да Назара ў сон, ценямі прасьлізгвалі па сьцяне над ложкам, дыяфільмамі краліся па прасьціне. Дзьве мовы былі абгрунтаваныя, прыгожыя ды абсалютна непадобныя адна на адну.
А гэтая новая, трэцяя... Яна была амаль уцямнай, але відавочна лішняй. Гэтая мова нагадвала Назару тую гульню, у якую гулялі раз-пораз ад няма чаго рабіць ягоныя аднаклясьнікі. “Давай размаўляць на бумскай мове”, – казаў адзін другому такому ж сапліўцу. “Давай. Бум’я бум’еў бумсёньня бум’суп. Бум’а бумты? – Бумкатлеты”. Карысьці ад новага школьнага прадмету было ня больш чым ад бумскай або чумскай мовы. Назар не разумеў і ненавідзеў яго.
9.
Па-за школай здараліся й прыемныя моманты. Маці апранала лепшую сукенку, брала Назара як маленькага за руку і яны йшлі да аўтобуснага прыпынку. Сястра, якая пасьпявала ўпотай стэлефанавацца зь якім-небудзь дэбілам, пра якога Назар ведаў шмат, а бацькі – толькі добрае, заставалася дома; яна мела добрую нагоду – рыхтавалася паступаць у інстытут. Назару адкрываўся горад – аглушальны, таўхатлівы, падзелены паміж чэргамі, поўны сюрпрызаў. Яны ехалі ў кавярню “Вавёрачка”, аднак якая ж гэта была вавёрачка? – сапраўдная вавёра, з высокай столяй, зэдлікамі амаль у Назараў рост, вітражамі ў вокнах, якія фарбавалі панылую школьную форму ў колер прыгодаў. У-у, гэтыя пятніцы, марозіва ў вазачках, жэле з трускавак, якое, здавалася, можна есьці тонамі, але асабліва – загадкавы й непараўнальны Самбук. З чаго яго рабілі, што за зельле клалі на дно, які чараўнік з дапамогай гэтай раскошы купляў душы дзяцей?... хто б ён ні быў, Назар бы штодня аддаваў яму душу за лыжачку Самбуку.
Таварыш Мінус быў вольны ад сваіх неадкладных грамадзкіх справаў толькі па суботах – па нядзелях ён пісаў скаргі ды актуальныя артыкулы для газэтаў, ягоная пішучая машынка даводзіла да гістэрыкі дачку, суседзі грукалі ў сьценку. Па суботах жа таварыш Мінус выконваў бацькоўскі абавязак: вёў сына ў кіно. Найбліжэй да іх знаходзіўся кінатэатр імя Жданава. Ён месьціўся на першым паверсе старога змрочнага дому, заля была разьлічаная чалавек на шэсьцьдзесят, ня болей. Першы рад, куды ім раз-пораз даводзілася садзіцца, ад экрану адзьдзяляла ўсяго некалькі квадратных мэтраў стракатай пліткі, на сьценах віселі ўрачыстыя, нібы пахавальныя, фота савецкіх кінаартыстаў. Назар прасоўваў грошы ў вакенца – жанчына, якая сядзела там, заўсёды глядзела на яго з-за шкла так асуджальна, нібыта Назар з бацькам бралі квіткі ў бардэль. Першы час Назар не заўважаў сувязі паміж пільным промнем сьвятла за сьпінай і карцінкаю на экране; ён увесь быў засяроджаны на дзеі, у самыя адказныя моманты кулакі ягоныя міжволі сьціскаліся, і так і дрыжэлі ў шчасьлівым паралюшы, пакуль рэжысэр не замазваў чорнае белым і перад вачыма не пачыналі прасьцюжана мігцець расчаравальныя словы велічынёй з галоўнага героя. Таварыш Мінус вадзіў сына толькі на правільныя фільмы: краіна была набітая шпіёнамі як трамвай у гадзіну пік; нібы лайдак, паглядаў у сіняе неба забіты мусульманамі малады памежнік, рабочыя са шчасьлівымі тварамі аддавалі начальнікам свае заробкі, а тыя не хацелі браць, і дзяўчаты закахваліся выключна ў міліцыянтаў. Апошні нямецка-фашысцкі захопнік са сваім неад’емным характэрным сьмехам і вечным “Лёс, лёс” быў нашмат лепшы за любога амэрыканца – амэрыканца заўсёды звалі Біл, а савецкага марака – Сярога. Чорных амэрыканцаў кіно не чапала, хаця і адгукалася пра іх чамусьці пагардліва: негры. Улюбёнай стужкай бацькі й сына Мінусаў была “Затрымаць любой цаной”. Яны хадзілі на гэты фільм тройчы.
Назар спадзяваўся, што кіно дапаможа яму ўсё зразумець. Яно й праўда было падобнае на ключ у канцы задачніку, але Назар ня верыў, што разгадка можа быць такой простай. На тварах актораў праступала стома; адсоўваючыся на задні плян, яны са шкадаваньнем пазіралі на гледача з-за плячэй галоўных герояў: ня верце нам, даруйце нам.
10.
Прыкладна раз на месяц да іх у госьці прыязджалі бабка зь дзедам. Бабка неўзабаве напівалася й давай казаць на таварыша Мінуса нехарошымі словамі. Маці прамаўляла з дакорам “Мама”і йшла мыць посуд. Малады практыкант з жэку, які зьняў сабе пакой у суседнім пад’езьдзе, таксама сядзеў за сталом, абдымаўся зь дзедам, жор аліўе – зрэшты, цяпер ён быў ужо не практыкант, а інжынэр са штатным акладам, уладар сантэхнікаў і дворнікаў, і таварыш Мінус любіў пагаварыць зь ім пра патрыятызм. Госьці разыходзіліся доўга. “Мора, мора”, – неслася з вокнаў на ўвесь двор, заходзілі на сто грамаў суседзі, маці зноў і зноў адчыняла халадзільнік. Грамада са змрочнаю асалодаю ў вачох цягнула нудныя, бясконцыя сьпевы, якія лічыліся народнымі, аднак насамрэч былі напісаныя заслужаным кампазытарам Іванам Хрулям, Шукшыным савецкай песьні, як казалі пра яго ў перадачы “Музыка нас зьвязала”. Чаму яны ўвесь час прыходзяць па адных і тых жа днях – ламаў галаву над незразумелымі заканамернасьцямі жыцьця сваёй сям’і Назар Мінус, якому дзед, рагочучы, суваў за каўнер навюткія грошыкі. Чаму калі ад сястры па вечарох пахне віном і тытунём, маці б’е яе па галаве ручніком, а за сталом зь дзедам і бабкай маці зь сястрой паляць і моршчацца ад партвэйну як дзьве сяброўкі?
Таварыш Мінус нападпітку кожнага разу ўсаджваў Назара перад сабой на крэсла й пачынаў адзін і той жа аповед: пра сваю колішнюю вайсковую службу ў Запаляр’і. Белага мядзьведзя, які калісьці ледзь ня зьеў тату, Назар ведаў як роднага.
11.
На наступнае лета, як потым высьветлілася, апошняе на радзіме, Назара адправілі ў піянэрскі лягер. Новыя загадкі тамілі Назараву душу. Але ён вытрымаў. “Рукі на коўдру!” – лямантавала выхавацелька, уваходзячы ў цёмную хлапечую палату ды ўключаючы сьвятло, бо ніхто ня мог дазволіць чалавеку права на асабістае, таемнае і, што самае жахлівае, бескарыснае для краіны задавальненьне, і ён паслухмяна клаў рукі далонямі ўніз туды, куды загадана, а пад коўдраю вырастала трэцяя рука й шэптам чытала свой верш на свабоду.
12.
Яны пераехалі ў Ніжнюю Кулумчу раптоўна, нібыта ўцякалі ад кагосьці. Некалькі тысяч душных кілямэтраў сям’я Назара адолела зь цяжкасьцю, таварыш Мінус валяўся з тэмпэратурай на верхняй паліцы й патрабаваў у жонкі даць яму грамадзкае даручэньне. На другі дзень у вокны вагона зазірнула сталіца, яе погляд абыякава прасьлізнуў па Назаравым твары, назаўсёды пакінуўшы ў ягоных вачох чырвоныя зорачкі. Сястра бадзялася па вагонах; цягнік выстрыгаў у бясконцых пушчах і дубровах даўгія палосы. Някрасаўскія мужыкі, зьняможаныя кабылкі й падобныя да Назаравага бацькі ўазікі з выглядам фаталістаў чакалі, пакуль падымецца шлягбаўм. Рэкі станавіліся ўсё шырэй, а на трэці дзень іхнага падарожжа вагоны, здавалася, завісьлі над неабдымнай, страшнай, бяскрайняй воднай паверхняй. Назар глядзеў уніз з захапленьнем, а потым азіраўся на сваіх спадарожнікаў: як гэта яны не баяцца ўпасьці ў Касьпійскае мора. Маці жавала варанае яйка й драмала, таварыш Мінус чытаў мясцовую праўду.
Увечары ў вагоне зьявіўся першы Салавей-разбойнік, прадаваў кавуны. Назар атруціўся й да самае Ніжняе Кулумчы праседзеў у прыбіральні.
13.
“А мне што”, – шчэрыла рэдкія зубы правадніца. – У вас у білетах напісана: да Кулумчы. Ідзіце ў міліцыю”. Усё красамоўства таварыша Мінуса апынулася бясьсільным перад гэтай жалезнай лёгікай; уздыхнуўшы, ён схаваў у кішэню клятчасты лісток з кароткім тэкстам: “Я сустрэла чалавека, зь якім мы пасьлязаўтра расьпісваемся. Не сярдуйце на мяне. Ваша дачка”, узяў у вадну руку чамадан, а ў другую – валізу й павёў жонку з сынам на станцыю.
Ніжняя Кулумча была маленькім сонным пасёлкам, які, нібыта сярэднявечная вёска вакол фэадальнага замку, вырас за апошнія пару дзясяткаў гадоў пры вялікім чыгуначным вузьле. Дзевяноста працэнтаў насельніцтва працавала на чыгунцы, астатнія або кармілі чыгуначнікаў, або лячылі іх, або імі камандавалі. Цётка сустрэла парадзелае Назарава сямейства прыхільна, саступіла бацькам свой высокі, дзявочы ложак, сама спала на двары, а Назару пашанцавала – у яго ўпершыню ў жыцьці зьявіўся ўласны пакой, цёмная камора збоку ад вэранды.
Таварыш Мінус неўзабаве ўладкаваўся па партыйнай лініі, да таго ж ён раз на некалькі дзён пісаў у мясцовы баявы лісток “Кулумчанскі чыгуначнік” зьедлівыя крытычныя артыкулы пра фармалізм у працы з моладзьдзю ды ў пажарнай ахове – праз тыдзень іхнага знаходжаньня тут бацьку Назара ўзьненавідзела ўся ня толькі Ніжняя, але й Сярэдняя Кулумча, ня кажучы ўжо пра Верхнюю. Маці Назара пайшла ў школу, вучыць салаўятаў-бандзюжанятаў вялікай і ўсім зразумелай мове. Праз два месяцы прыйшла паштоўка ад сястры: яна пісала, што цяжарная і носіць цяпер прозьвішча Рамаданава. Назар, такім чынам, мусіў стаць камусьці дзядзькам, чым вельмі ганарыўся. Жыцьцё наладжвалася. Цётчын тэлефон цяпер часта будзіў іх сярод ночы: малады інжэнэр жэку, а цяпер ужо, як высьветлілася, начальнік гэтай установы, доўга размаўляў з мамаю й перадаваў усім цёплыя, як дранікі, прывітаньні.
Наўкола панаваў аранжавы стэп, тутэйшымі тотэмамі былі рыба, кавуны й лякаматывы. Недалёка застыла ўласнае Мёртвае мора – салёнае возера, у якім немагчыма патануць, чароўная лямпа мінэральнага аладзіна. Мясцовыя насельнікі рэдка наведвалі гэтую перліну роднай прыроды, затое ўлетку сюды дзікунамі прыязджалі пракажоныя нават зь Фёдара-Кузьмічска, ставілі палаткі, адольвалі, абуўшы гумовыя віетнамкі, саляныя таросы, што, нібы бялок яешні, атачалі жаўток густой, нерухомай вады, уваходзілі ў возера асьцярожна, як паганцы, якія надумалі храсьціцца.
Напачатку Назару падабалася тут – жыць у Ніжняй Кулумчы было і цяжэй, і прасьцей, чым у горадзе дзяцінства. З пазачалавечым сьветам ён заўжды меў неблагія стасункі, а людзі ў гэтым пасёлку не выдумвалі нічога мудрагелістага. Пілі, нараджалі дзяцей, працавалі да поту №7, сьпявалі песьні ўсё таго ж заслужанага кампазытара Івана Хруля. Аднак у тым далёкім цяпер горадзе заставалася шмат неразгаданых таямніцаў, і запаветны Назараў успамін, хаця й спавіла яго, нібы воблак гару Кулум на даляглядзе, нечаканая зьмена месца жыхарства, прачынаўся часам уначы й пёк, пёк, пёк. І тады будні, школа, футбол, камсамол, стэп, дзе няма куды схавацца, і грудастая крэолка Даша Мірзабекава падаваліся тым пяском, якім заносіла Ніжнюю Кулумчу ў ліпені, і сьвятло кінапраектара ў кінатэатры імя Жданава запальвалася за сьпіной, нібы за Назарам гнаўся нехта зь бязьлітасным ліхтарыкам, каб урэшце куды-небудзь ды прывесьці.
14.
Мы ўсе падобныя да знакамітых людзей, хаця б звонку. Няхай не цалкам, няхай не да кагосьці пэўнага, а адразу да некалькіх. Я даўно думаю пра тое, што пры апісаньні якога-кольвечы чалавека няма патрэбы карыстацца грувасткімі й састарэлымі прыметнікамі. Дастаткова сказаць: “Ён быў падобны да...” і ўсім адразу ўсё стане зразумела. Чалавек паўстане перад намі як жывы. У адной маёй сяброўкі быў пудзель, у профіль поўная копія Сяргея Ясеніна. Праўда, сьпераду ён больш выдаваў на вядомага кожнаму верніку тутэйшага мітрапаліта, а ззаду нагадваў кампазытара Івана Хруля. Сама сяброўка была падобная да Антоніё Бандэраса і, адпаведна, лічылася рэдкай прыгажуняй.
Назара Мінуса ў ягоныя дваццаць два было не адрозьніць ад Энтані Хопкінса ў зэніце славы. Зрэшты, пра гэта ведаю толькі я.
15.
Ён дажыў да заканчэньня школы нібы ў сьне: матэматыка, што выглядала кашчунствам між дзікай тутэйшай неабсяжнасьці, таропкі ананізм у сваёй каморцы пасьля заняткаў, пакуль усе на працы, экскурсіі ў суседні горад, практыка на чыгунцы. Выбухам васямнаццацігодзьдзя Назара адкінула на два халодныя гады за пару тысячаў кілямэтраў на ўсход. Выдрэсыраваны школай, ён неяк перажыў гэты вар’яцкі час і ягоны гідкі гумар. Вяртаньне дахаты прынесла навіны: цяпер бацька жыў праз вуліцу зь юнай карэспандэнткай “Кулумчанскага чыгуначніка”, а маці зь цёткай пілі па начах чырвонае спэцыяльнае. Малады начальнік жэку па тэлефоне павіншаваў Назара з дваццаць першым годам жыцьця – знаёмы ад пачатку сьвету голас паведаміў з ганарлівасьцю, што цяпер ён ні хто іншы, як дэпутат гарсавету. Маці плакала. Назараў бацька зашпільваўся на ўсе гузікі й крычаў пра таталітарызм. Даша Мірзабекава выйшла замуж за начальніка станцыі. Назар плюнуў і зьехаў у сталіцу імпэрыі вучыцца.
“Вось, паглядзі, – кінулі яму аднойчы праз плячо ў інтэрнацкім калідоры. – Там сёньня тваю радзіму, блін, другі раз паказваюць”. Назар тэлевізар глядзеў рэдка, газэтаў не чытаў, аднак ведаў, што цяпер ягоная радзіма не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма, і зь вялікімі літарамі ўсім даводзілася лічыцца. На факультэце гаварылі пра разгул нацыяналізму й мянялі камсамольскія значкі на праваслаўныя крыжы; на вуліцах сталіцы яшчэ нядаўна стралялі, пад вокнамі жаночай часткі інтэрнату штораніцы зьяўляўся мужык у паліто, накінутым на голае цела – ён распахваў крысьсё й гучна сьмяяўся, а калі яго спрабавалі спаймаць, мужык бег у парк і пакрыўджана крычаў: “Не чапайце мяне, я сэксуальная меншасьць!”. Назар падыйшоў да тэлевізара, прысеў на кукішкі. На экране грукаталі танкі, біліся ў гістэрыцы сьцягі, нехта няўлоўна знаёмы ў залатой фуражцы велічна ўздымаў руку, а за ягонай сьпінай смутна ўгадваліся абрысы кавярні “Вавёрачка”. “Скажы што-небудзь па-бумску”, – хіхікнуў з кута сакурсьнік у есаульскай форме. Чалавек на экране цяпер размаўляў з народам, голас ягоны саграваў сэрца й вяртаў туды, у незабруджаную загадкамі самоту, у адзінае месца ў сусьвеце, дзе Назар быў самім сабой. Ад таго самага практыканта жэку ў чалавеку ў фуражцы засталіся хіба вочы – кожны раз, калі начальнік Радзімы казаў зь вялікай літары, яны наліваліся праўдай і блішчэлі, як у нутрыі.
Наступны дзень Назар прапіў, прасядзеўшы да зорак ў таннай сталічнай ташнілаўцы, а ноч прабавіў у пакоі інстытуцкай сяброўкі. Раніцай, калі яшчэ толькі выпаўзала з-за крамлёўска-кромвэльскіх зубцоў дэмакратычнае сонца, ён выйшаў у непрыбраную сталіцу й пашыбаваў у накірунку вакзала.
16.
Сьмерць у сваіх дачыненьнях з Назаравай цёткай улічыла яе прафесійныя заслугі й напаткала пажылую кулумчанку акурат на чыгуначных рэйках, пад коламі цягніка, на якім калісьці прыехала сюды Назарава сям’я. Бацька, які з былым імпэтам арганізоўваў у ва ўсіх трох Кулумчах ячэйку нейкай апазыцыйнай партыі, не пазнаў Назара; магілу маці паказалі яму суседзі. Назар прагуляўся да плошчы, дзе цяпер вісеў зусім новы сьцяг. Назарава таямніца, пазбаўленая бачнага ўвасабленьня, ныла ўнутры й выклікала яшчэ большую разгубленасьць. Людзі вакол гінулі за мэтал, за мэдаль і за мэтан. Ён стаяў між роўных штабеляў загадак і ня бачыў выйсьця. Вецер кідаў яму ў твар сухі пясок – жменю за жменяй. І тут зь нябёсаў пачуліся воплескі.
Назар абярнуўся. Нехта незнаёмы наклейваў на шчыт ля Дому культуры новую кінаафішу. Край яе адрывіста пахлопваў пад парывамі ветру. Чалавек адыйшоў, палюбаваўся на сваю працу й зьнік унутры будынку. Назар падыйшоў бліжэй. “Затрымаць любой цаной” – было напісана на афішы ахайным жаночым почаркам. “Худ.фильм. Нач. 20.00”.
Ён узяў у кладоўцы свой стары ровар і паехаў на салёнае возера. На адзінай аўтамабільнай дарозе, якая вяла да гары Кулум, было цесна. Доўгай чарадой па ёй цягнуліся нецярплівыя джыпы й пакорлівыя масквічы. Ля возера, захінаючы бульдозэры й бэтонныя блёкі, стаяла здаравенная палатняная бандура з паведамленьнем аб будаўніцтве каля Ніжняй Кулумчы санаторыя “Жывая вада” і стварэньні ажно да Кулуму суцэльнай лячэбна-курортнай зоны. Праз тыдзень Назар прадаў цётчын дом лупатаму дзядзьку, былому намесьніку дырэктара заводу, хвораму на псарыяз і трохі разгубленаму ад нечаканага багацьця, што нядаўна звалілася на ягоную галаву, і зьехаў з Кулумчы назаўжды.
17.
Калі б не Назар Мінус, я бы дагэтуль. Страшна нават падумаць, што б я дагэтуль. Нават не магу сабе ўявіць, што я дагэтуль бы. А цяпер я біёграф вялікага, без сумненьняў выбітнага чалавека. Раней я шмат чытаў, і ўрэшце захварэў на беспрычынную роспач. Тады я стаў пісаць, зранку перачытваў напісанае й мне станавілася яшчэ горш. Мая жыцьцёвая прастора звужалася. Мае ўласныя пінжакі пагражалі мне расправай, я кленчыў грошы ў заўзятых ворагаў, у тых, з кім бы год таму за адзін стол ня сеў, на ноч я клаў пад падушку нож. У маім пакоі вісеў на сьцяне чачэнскі сьцяг, а з раніцы ў лазьніцы я адплёўваўся крывёй.
Так працягвалася да той пары, пакуль я... Зрэшты, як пісалі ў старых, цяпер забароненых кнігах, пра ўсё па парадку.
Жыціе сьвятога К.
18.
Дзякуючы кіно мінуўшчына ўяўляецца нам чорна-белай; чорнымі былі робы тых палонных немцаў, якія ўзімку 1948 году пачалі будоўлю пяціпавярховіка на вуліцы Ўзорнай, і бела, белым-бела сьвяціліся на кадрах кронікі яго сьцены ў жніўні, калі аб’ект здавалі ў эксплюатацыю. Тады будавалі шпарка. У верасьні каля двухсот чалавек сьвяткавалі тут улазіны: усё як мае быць, зь дзіцячым плачам, песьнямі, скокамі й бойкамі. Дом атрымаўся шыракагруды, з ордэнскімі планкамі невялікіх балькончыкаў, з шырокімі пляцоўкамі, высокімі столямі, узараным дваром, дзе выцьвіталі на сонцы гімнасьцёркі й юныя дрэўцы, ды праставатай фігурнай ляпнінай, якая апярэзала дах. Праўда, першы паверх першага пад’езду новага дому на Ўзорнай так ніхто й не заняў – пляніроўка гэтай часткі дому прадугледжвала нейкія грамадзкія памяшканьні. Жыхары спадзяваліся, што там адчыняць булачную, аднак высьветлілася, што ўсё значна весялей. З новага году пад спачывальняй сям’і члена парткому зборачнага цэху матацыклетнага заводу тав. Грышука, на адзін цагляна-бэтонны мэтр уніз ад ножак шлюбнага ложку, пачала працаваць кіназаля.
У тым жа 1948 годзе за васемсот кілямэтраў ад вуліцы Ўзорнай з вакна гісторыі выпаў вялікі чалавек тав. Жданаў, Андрэй Аляксандравіч, хай будзе зямелька пухам ягоным фаміліянтам. Заслужаная была асоба, рукі па локці ў крыві, не цуралася культуры, нават болей: клапацілася пра мастакоў, па-бацькоўску павучала, як несьці разумныя, добрыя, вечныя і ідалягічна выверана-вывараныя яйкі ў масы. Даручэньне такое мела – клапаціцца. “Няма, няма ў нас таленавітых кампазытараў, – бедаваў, напрыклад, выходзячы з канцэрту клясычнай музыкі, Андрэй Аляксандравіч, у атачэньні паплечнікаў, у сэньсе тых, хто быў Андрэю Аляксандравічу па плячо. – Слухаў, слухаў, а цяпер ніводнай мэлёдыі пад нос не насьвісьціш. Незапамінальна”. Хавалі таварыша Жданава з усімі ўрачыстасьцямі, а ў магілу, згодна са старажытным паганскім абрадам, паклалі побач зь нябожчыкам цэлы горад Марыупаль. Па ўсёй краіне людзі клаліся спаць на адных вуліцах, а прачыналіся на імя Жданава, ішлі ў адны школы, а выходзілі з імя Жданава, падціраліся газэткаю ў адных Дамох культуры, а змывалі за сабой у імя Жданава, зачыналі адно дзіця, а нараджалі імя Жданава, ступалі раніцай на адзін сьнег, а прыносілі дахаты на ботах імя Жданава, і насілі імя Жданава, насілі, насілі, на сэрцы насілі, на руках, на тварах, як гнюсную скураную хваробу. Два дні назву “сяло Жданава” насіла і Верхняя Кулумча – пасьля таго, як у аблвыканкаме даведаліся, што гэта шостае Жданава ў раёне, рашэньне аб перайменаваньні было скасаванае – беспрэцэдэнтны выпадак!
Жыхары гораду, дзе месьцілася вуліца Ўзорная, зьяўляліся самымі вернападданымі людзьмі ўва ўсёй Родзіне. Нават чукчы з анэкдотаў былі большымі дысыдэнтамі. Так кіназаля на першым паверсе стала кінатэатрам імя Жданава.
19.
Гэта быў наймалы кінатэатр у горадзе – гледачоў сустракала вакенца, падобнае да тых, у якіх на матацыклетным заводзе выдавалі заробак, – за ім у цясьнюткім пакойчыку сядзела білетэрка, прысланіўшыся сьпінай да шафы з рыштункам прыбіральшчыцы і ўпіраючыся нагамі ў сэйф. Калідор вёў паважных наведнікаў у залю, ягонае адзінае адгалінаваньне выпіхвала ў прыбіральню з агульнай кабінкай, якая зачынялася на засаўку. Першыя рады залі, разьлічанай на шэсьцьдзесят восем чалавек, адзьдзяляла ад экрану некалькі квадратаў расьпісанай зоркамі пліткі. У сьпіны гледачоў, як мае быць, пазірала цыклопава вока рубкі кінамэханіка. З чорнага ўваходу можна было патрапіць у памяшканьне, якое займала мэтадыстка-адміністратар, і ў кабінэт дырэктара, злучаны з рубкай адмысловай лесьвіцай.
Запаветы Андрэя Аляксандравіча ў кінатэатры запомнілі надоўга. Паўстагодзьдзя тут ішлі толькі тыя фільмы, якія можна было спакойна насьвістваць, ідучы на працу.
20.
Першым дырэктарам кінатэатра імя Жданава стаў сьпісаны з войска аднарукі маёр – у кабінэце яму не сядзелася, працоўныя дні ён бавіў швэндаючыся па навакольлі, рыпеў ботамі й душу меў шчырую, як у Ільлі Мурамца. Падчас сэансаў маёр сядзеў у закуточку зьлева ад экрану й дыміў сабе ў кулак; на лысіне дырэктара вальсавалі трафейныя жарсьці. Сьмешна заікаючыся, ён хрыпла крычаў на ўсіх: супрацоўнікаў, жыхароў дому, нябачных тэлефонных начальнікаў, дваровых хлапчукоў, што залазілі на прываконьне кабінэту, сабакаў, якія грэліся наўкола люку каля ўваходу. Мясцовыя жанчыны шкадавалі маёра й называлі за сьпіной Мудзёначкам.
У шасьцідзесятыя, пасьля некалькі часовых і нічым не выбітных асобаў, кінатэатр імя Жданава ўзначаліла энэргічная дама, падобная да Робэрта Плянта. Яна любіла высокія боты; вакол была хрушчоўская адліга, новая дырэктарка тупала па лужынах, абпырскаваючы рэпэртуар імпартнымі кінакроплямі. Потым кінатэатрам кіравалі таварышы дэ Фюнэс і Жан Марэ... Гэта быў залаты век у гісторыі няшчаснага сынэма, давялося нават закупіць два тузіны нязручных, але танных крэслаў з патыліцамі кадэбістаў; пэнсіянэркі, што ішлі ў кінатэатр імя Жданава білетэркамі па спакойны сон і ціхую старасьць, не вытрымлівалі наплыву гледачоў і сканчалі жыцьцё самагубствам.
Але неўзабаве кінатэатр абязьлюдзеў. Фантамас пагудзеў яшчэ крыху ды вярнуўся ў родную капкраіну, дзе перайшоў на парляманцкія сродкі барацьбы, перамог на муніцыпальных выбарах у Сан-Трапэ, горадзе-пабраціме сталіцы нашай Радзімы, і напісаў кніжку мэмуараў. Стужка ў кінатэатры імя Жданава пайшла айчынная, панылая, аднастайная, як бясконцы лістападаўскі дзень. А дырэктарам стаў ціхі, хваравіта ахайны, паталягічна ветлівы чалавек, які вітаўся нават з прыбіральшчыцай. Аднойчы па яго прыехалі і пасьля гэтага сымпатычнага начальніка ніхто ня бачыў. Па чутках, небарака раней працаваў у адным далёкім аўтаномным краі і быў заўзятым хабарнікам. А тут зноў узяўся за старое – спэкуляваў фінскай сантэхнікай, якую захоўваў у кінарубцы. Кінамэханік быў апраўданы празь недахоп доказаў.
21.
Потым дырэктары пачалі зьмяняцца як рымскія кесары ў пэрыяд заняпаду імпэрыі. Прэтарыянская эпоха прынесла нябачныя дагэтуль пераўтварэньні. Ля кінатэатру паставілі будку з марозівам, пепсі-колай і півам, прыбіральню зачынілі на рамонт, а пасярод двара выкапалі падземную, платную. На экране замільгалі голыя грудзі заакіянскіх супэрмэнаў і бліскучыя потныя попы іхных сябровак. Увесь дом піў цэлы тыдзень, адыходзячы ад галоўнага красавіцкага шоку першага году новае эры: заслужаная артыстка рэспублікі на вачах у мільёнаў працоўных зьняла станік і агаліла свой падазрона роўны загар на цалкам савецкім бюсьце. Другая заслужаная артыстка, якая дагэтуль так пранізьліва грала патрыётак, задрала спадніцу і закрычала проста ў камэру: “Прастытутка я, разумееш!”. Ёй ня вельмі паверылі, бо абсалютная большасьць кінагледачоў ведалі артыстку як выканаўцу адзначанай ленінскай прэміяй ролі юнай партызанкі, закатаванай гестапа – у тым кіне яна крычала гэткім жа голасам: “Камсамолка я, камсамолка!”. Пасьля дзевяці ў кінатэатры пачынаў працу нядаўна адчынены відэасалён “Асалода” для дарослых – ды мясцовыя дзеці туды ня вельмі і рваліся, бо ўжо празь месяц працы гэтай культурнай установы ведалі на памяць увесь рэпэртуар: хто, каго, куды й колькі разоў. У дырэктарскім кабінэце адкрыўся магазінчык, у якім за неймаверныя грошы можна было набыць пасьпешліва змайстраваную парнаграфію айчыннай вытворчасьці. “Уся заля мокрая пасьля гэтага кіно”, – скардзілася давераным асобам з жыльцоў прыбіральшчыца падчас абеду. “Гэта дух маёра ходзіць”, – закатваў п’яныя вочкі вэтэран матацыклетнага заводу Грышук, на днях афіцыйна прызнаны маразматыкам першай групы. “Ходзіць, на кіно гэтае пазірае і плюецца, плюецца!”.
Неўзабаве ў галоўнай гарадзкой газэце зьявіліся артыкул “Што на экране? Голь непракатная!” і адкрыты ліст інтэлігенцыі да гаркаму партыі, у якім пад сарамліва прыпаднятай накрыўкай прозьвішчаў і лаўраў кіпела абурэньне. Справу з кіно трэба было ўзяць на кантррроль. Філёлягі й філялягіні йшлі на французскую драму пра Арцюра Рэмбо, а ім замест гэтага крышыў казённыя зубы, акуляры й душы нейкі янкі. Гэта быў час, калі кожная газэта лічыла сваім абавязкам надрукаваць такі ліст, такі артыкул ды яшчэ вершык ананімнага гумарыста, дзе зь неперадавальнай тонкасьцю было б зрыфмавана “Сталонэ – з талонам” і “Дытэр Болен – очэнь болен”.
Наступствы былі жахлівымі. Дзейны дырэктар быў арыштаваны, відэасалён закрыты, у залі на суткі замкнуты поп з кадзілам, платная прыбіральня засыпаная, з калектывам праведзеная прафіляктычная размова, кінамэханіку ўвалена паўсотні шпіцрутэнаў, прыбіральшчыцы за пільнасьць прысвоена воінскае званьне капітан, мэтадысту ўсаджаны ў сэрца асінавы кол, рэпэртуар прыведзены ў адпаведнасьць з нормамі – партыйная камісія па парнаграфіі выпіла на руінах шампанскага з гарбатных кубачкаў і пастанавіла зрабіць установу на вуліцы Ўзорнай так званым кінатэатрам апошняга экрану. Цяпер шэдэўры сусьветнага кінамастацтва пачыналі ісьці ў кінатэатры імя Жданава толькі пасьля таго, як іх пакажуць ува ўсіх вялікіх сынэматографах сталіцы. Гэта быў канец. Гэта быў пачатак.
22.
Публіка пасьпела трохі падзабыцца на існаваньне кінатэатру імя Жданава і кіно навогул, калі цягнік гісторыі раптам затармазіў на годзік каля адной цудоўнай станцыі зь сінім возерам і белымі бусламі. Пасьля смутнага часу бясцар’я дырэктарам нарэшце прызначылі паджылую, але юную душой Маю Леанідаўну, патрыётку, што нават са стаматолягамі размаўляла выключна па-бумску, асабіста ведала ўвесь айчынны дысыдэнцкі дыснэйлэнд і чытала на ноч Шамякіна. Ведала б яна, да чаго прывядзе гэтае яе імкненьне зрабіць з кінатэатру культурны цэнтр, куды зьляталася б сакалінай сям’ёй моладзь і вывучала б Камасутру патрыятызму, узаемнічаючы зь дзеячамі культуры, мастацтва і чагосьці трэцяга, а таму лішняга. Памяшканьняў для такіх заняткаў у горадзе апошнім часам бракавала; неўзабаве кіно імя Жданава ўзгадала, што такое чалавек і чым ён пахне зімовымі вечарамі. Таварыш Грышук лаяўся па мацеры, калі падлога пад ягонымі тапачкамі выбухала загадкавым, аднак адназначна непрыстойным воклічам: “Жыд ведае Русь!”. Калі нацыяналістычныя шабасы сканчаліся, ён выглядваў у вакно: у сутоньне з кінатэатру выходзілі падлеткі зь бела-чырвонымі стужкамі ў валасах ды вясёлыя картавыя дзядкі, у кожнага пісьменьніцкі барэт на пляшыне. “Чуеш, Мікола!...” – неслася па двары; нехта нібы бомж валасаты валачыў за сабой гітару, а падобная да баптысткі дзеўка гучна запрашала ўсіх у “сядзібу на каву з канапкамі”. “Ну падаждзіце, будут вам седібы, будет вам і кава с канапай”, – хаваў свой гарачы шэпт у складкі бруднай фіранкі Грышук; дом заміраў, на кухнях выключалася сьвятло, жыльцы пачуваліся як пад акупацыяй. І толькі калі апошні нашчадак паліцаяў садзіўся ў трамвай, зноў запальваліся экраны тэлевізараў, вулічныя ліхтары й сонцы ў душах; людзі, гнаныя нейкім прыемным шалам, шукалі ў трох тэлевізыйных хваінах Леаніда Якубовіча – мудрыя вусы супакойвалі й давалі надзею. А ў гэты час Мая Леанідаўна ўласнаручна ставіла кінатэатр на сыгналізацыю, падымала каўнер асеньняга паліто й рушыла на прыпынак.
23.
Яна была разумнай жанчынай, Мая Леанідаўна, і пасьля таго як цягнік гісторыі зноў набраў ход і над краінай усталявалася стабільна-бязвоблачнае неба, у дырэктаркі зьявіліся нядобрыя прадчуваньні. Аднак, аптымістка па натуры, яна спадзявалася, што ў яе яшчэ ёсьць хаця б пара гадкоў... У кінатэатры штотыдзень адбывалася якая-небудзь імпрэза, білетэрка, пабудзі яе сярод ночы, магла на памяць распавесьці біяграфію любога клясыка айчыннай літаратуры, кінамэханік спакойна мог пісаць доктарскую па дакумэнталістыцы семідзесятых, а прыбіральшчыца мыла падлогу новым дзяржаўным сьцягам. Шафа ў кабінэце Маі Леанідаўны ламілася ад кніг з аўтографамі славутых майстроў культуры – прыемна было часам зірнуць на сьляды заслужаных асадак: “Дарагой Маі з падзякай! Няхай не згасае сьветлы агмень...” і г.д. Кіно ў Жданаве спраўна працягвалі круціць, аднак нейкім чынам яно адыйшло на другі плян. Барадатыя барды, адсьпяваўшыся, забіралі публіку ў бліжэйшую пяльменную жлукціць гарэлку, у залі заставаліся адзінкі, якія не зьвярталі на экран ніякай увагі, а гучна лаялі ўладу. І слова ж ім ня скажаш, бо сталыя ж і знакамітыя людзі!... Аматары бяспройгрышнага галівуду, вядома ж, аддавалі перавагу іншым кінатэатрам, на “Жалезныя сківіцы”ў кіношку імя Жданава, напрыклад, прыйшло толькі пяцёра школьнікаў, што бессаромна прагульвалі дыктант па бумскай мове, дырэктарка ведала кожнага ў твар – дагэтуль іх клясу гвалтоўна прыцягвалі на дакумэнтальны фільм пра Адамовіча, а яшчэ раней – на юбілейную рэтраспэктыву Пташука, з панядзелка па пятніцу. Мая Леанідаўна, застаючыся сам-насам з сваёй параненай душой, неаднойчы вырашала: трэба ратаваць сытуацыю, аднак на наступны дзень да яе прыходзілі юныя паэты-скандалісты, і яна, пагаварыўшы зь імі чвэрць гадзінкі, пусьціўшы сьлязу ад роднай мовы пад яшчэ просячымі малака вусікамі, пагаджалася: “Добра, праводзьце сваю вечарыну”, і праз два тыдні яны прыходзілі: на плітцы перад экранам курчыўся бамбіза ў бруднай вадалазцы, лямантуючы на ўвесь дом: “Сала!!! Сала!!!”, а ў прыбіральні нудзіла на сьцены кагосьці забінтаванага з ног да галавы. Нарэшце гвалдзёж сьціхаў, пачыналася кароткамэтражка пра маладыя гады кампазытара Івана Хруля; Мая Леанідаўна сама не заўважала, як стужка захоплівала яе, прымушаючы ўзгадаць уласную дзявоцкасьць. Ціха граў гармонік у руках лепшага сябра кампазытара, і вядучая дзяржаўнага радыё пранікнёна пыталася пра пляны... Потым у залі запальвалася сьвятло, і дырэктарка знаходзіла сябе ў горкай адзіноце між абоймаў працёртых, бы старыя сёдлы, крэслаў.
24.
Пасьля Новага году кінатэатр на камісіі прызналі стратным і пастанавілі да траўня ліквідаваць установу. “Нядоўга музыка іграла, нядоўга фраер танцаваў”, – прашаптала зласьліва Маі Леанідаўне на вуха дырэктар “Шчасьця”, нядаўна адрамантаванай аграмадзіны ў цэнтры гораду, з “долбі-сыстэм” і більярдам, сынэматографа, што таксама спэцыялізаваўся на выхаваньні моладзі ў патрыятычным духу, толькі ў трошкі іншым. Мая Леанідаўна паспрабавала пратэставаць.
– Ну што вы, – паморшчыўся кіраўнік Кінавідэапракату Гагулевіч. – Вы ж разумны чалавек прагрэсіўных поглядаў. Ну падумайце самі: каму ў новым стагодзьдзі трэба кінатэатр імя Жданава?
Назву кінатэатра Гагулевіч узяў голасам у шматзначны й пагардлівы курсіў.
– Да таго ж маецца заключэньне экспэртаў з санэпідэмстанцыі: памяшканьні вашыя не адпавядаюць нормам... Цесната... І навогул – няправільна гэта: кінатэатр на першым паверсе жылога дому... Вы бы самі змаглі там жыць, у такім доме, а, Мая Леанідаўна? У тым і справа, што не-е-е... Ды вось яшчэ... Грамадзкасьць піша...
Ён пакруціў у руках скаргу таварыша Грышука, паказаў збляднелай Маі Леанідаўне здалёк і тут жа схаваў назад у папку.
– Марнуеце вы там плошчу. Забыліся, што ў вас кіно... а ня што другое. Да траўня памяшканьні здаць. І ніякіх пытаньняў.
25.
У той сонечны травеньскі дзень Мая Леанідаўна, як чалавек, якому ўжо няма чаго губляць, выйшла з трамвая на прыпынку “Кінатэатр імя Жданава” апоўдні, спазьняючыся на працу роўна на тры гадзіны. “Тонучы карабель”, – зь невясёлай усьмешкай падумала яна, затрымаўшыся крыху перад вэртыкальна прымацаванай да сьцяны чырвонай аблупленай шыльдаю, што адчайна хапалася за тынк жалезнымі лапамі. “Мой тонучы карабель. Капітан будзе на ім да апошняга. Толькі вось патануць мне не дадуць.Калі судна скрыецца пад вадой, капітан спакойна сядзе ў шлюпку й празь пяць хвілінаў апынецца на бліжэйшым беразе”. З вялікім чорным валуном на душы дырэктарка зайшла ўнутр, ля касы было звычна прахалодна й пуста; яна папіла кавы зь білетэркай, паўшчувала дружалюбна прыбіральшчыцу й пайшла ў свой кабінэт.
26.
Яна ўладкавалася за сталом, пад раскідзістымі вушамі мудрага кактуса, які сталеў на прываконьні, пашалясьцела крыху па звычцы паперамі; сядзела на самым ускрайку крэсла, бо ўжо даўно, з пачатку вясны, Мая Леанідаўна перастала прысланяцца да сьпінкі, па-гаспадарску адкідвацца ў ім і са зморанай упэўненасьцю класьці рукі на падлакотнікі, яе падсьвядомасьць на дзіва хутка зьмірылася з тым, што кінатэатр давядзецца аддаць. Натуральна, такая-сякая барацьба была: дырэктарка ўзяла з шуфляды пазатыднёвы нумар апазыцыйнай газэты, на апошняй паласе якой капціўся гнеўны загаловак “Кінатэатр імя Жданава: пахаваньне зажыва” – зварот да гарадзкіх уладаў падпісалі практычна ўсе, хто летась выступаў ва ўстанове на вуліцы Ўзорнай, і што? – у глыбіні душы кожны зь іх ведаў, што змаганьне скончыцца паразаю. Цяпер памяшканьні ўжо чакалі арандатараў – для “Кінавідэапракату” гэта была цудоўная магчымасьць зарабіць грошай. Мая Леанідаўна паднялася, падыйшла да вакна. Дзьве мамашы ля суседняга пад’езда прасавалі заліты трохкутным ценем асфальт аднолькавымі каляскамі й палілі адна адной у твар; трохі воддаль старэйшыя дзеці распачыналі гульню ў хованкі: пахілы няўклюда закрываў далонямі вочы, а ад яго гаманлівымі коламі разьбягалася зграйка дзяўчынак. “Толькі не падглядвай!” – звонка закрычала адна, нахабна кіруючыся ў той самы пад’езд, дзе месьціўся кабінэт. “Нават дзеці ўжо ведаюць”, – падумала Мая Леанідаўна – зрэшты, нязлосна. Яна адчыніла фортку, і тут у дзьверы пагрукалі.
– Калі ласка, – прамовіла Мая Леанідаўна, як заўсёды, на бумскай мове.
У кабінэт увайшоў малады яшчэ чалавек у шыкоўным касьцюме, усклычаны, відаць, па апошняй модзе, зь нейкімі невідушчымі вачыма й воранам на плячы. За сьпінай у наведніка сьціпла хаваўся нехта невысокі, маршчыністы й нязграбны. Мая Леанідаўна зьдзіўлена хітнула галавой у бок крэслаў, аднак незвычайнная пара засталася стаяць.
– Добры дзень, – павітаўся ўсклычаны, увесь час гледзячы кудысьці міма дырэктаркі, як сьляпы. – О, забытая мова дзядоў! Мілагучная і велічная, нібы сама гісторыя! Прабачце, што мы без папярэдняга тэлефанаваньня...
Незнаёмы пачаў доўга й прыгожа перапрашацца за візыт, асобна папрасіў дараваць яму за ворана, якога, як высьветлілася, завуць Нэвэрмор – “Ён зусім ручны, вось засуньце палец яму ў дзюбу!”, а той, другі, маршчыністы, усё ніяк не хацеў паказвацца, топчучыся за шырокай сьпінай усклычанага. Мая Леанідаўна паспрабавала спаймаць позірк гэтага балбатуна, але той загадкавым чынам спрытна ўварочваўся і працягваў глядзець убок. Аднак неўзабаве ўсё стала зразумела. Справа была не з прыемных. Візытанты апынуліся тымі самымі арандатарамі, якія задаволілі сваімі грашыма “Кінавідэапракат”. Дзень Х надыйшоў. Мая Леанідаўна для прыстойнасьці запатрабавала дакумэнты, хаця сэрца стомлена шаптала, што гэта лішняе. І праўда: усклычаны сунуў руку за сьпіну й тут жа працягнуў дырэктарцы бліскучы файлік, у якім усё было як мае быць – і пячаткі, і подпісы, і сумы пропісам. Неўзабаве тут мусілі зьявіцца рабочыя – руплівыя гномікі з малаточкамі й дрэлямі, ды перайначыць усё на свой капыл. Нядорага ж ты прадаешся, спадар Гагулевіч.
– Спакойна, Нэвэрмор. Мы хацелі б аглядзець памяшканьні, – вінавата прамовіў усклычаны, і Мая Леанідаўна цяжка ўздыхнула. У гэты момант яна нечакана пабачыла нос маршчыністага – той, абсалютна не цікавячыся размовай, з інтарэсам утаропіўся на вершніка зь мячом, які скакаў па сьцяне, імкнучыся да форткі і абмінаючы Маю Леанідаўну, як нейкую прыкрую перашкоду.
– Ну што ж, – дырэктарка дастала зь верхняй шуфляды зьвязак ключоў і марудна, па-старэчаму пачала падымацца зь месца. – Хадземце. А дазвольце пацікавіцца... Дазвольце пацікавіцца, што вы плянуеце разьмясьціць тут? Бар-рэстаран? Кампутарную краму? Ці інтым-шоп? Ну адкажыце ж, не адмоўце ў апошнім жаданьні асуджаным на сьмерць!
І тут усклычаны падняў вочы ўгору й хутка адступіў у бок. Воран прыглушана крыкнуў. Мая Леанідаўна апынулася перад нізкарослым, маршчыністым і вельмі нэрвовым маладзёнам, які зь незвычайнай хуткасьцю то засоўваў рукі ў кішэні, то высоўваў іх і цёр, цёр, цёр – нібы нарыхтоўваў папяровую муку.
– Што-што – дзед Пішто, – раздражнёна прамармытаў чалавек. Ён павярнуўся да дырэктаркі ў профіль, схаваў нарэшце беспакойныя далоні за сьпінай і ціхім, бясколерным голасам дадаў:
– Тут будзе тэатр.
Кацінае места
27.
Звычайна ў гэты час газонакасільшчык ужо пачынаў сваю працу; праклятая прылада ўмомант забівала нават самы моцны сон, Даражок нехаця падымаўся ды падыходзіў да вакна. Нядаўна траву стрыглі пад самым бальконам: малады чалавек, мружачыся, штурхаў перад сабой касілку, нібы плуг, якім аруць цішыню – Даражок зь нянавісьцю глядзеў хлопцу проста ў паголенае цемя, думаючы пра тое, што з гэтай узаранай цішыні, засеянай дробнымі клопатамі, нічога не прарасьце – ну хіба што яшчэ адзін дзень, банальны, як хлеб. Назаўтра віскат перамясьціўся кудысьці ўбок, потым накірунак, дзе працавала касілка, ужо немагчыма стала вызначыць – здавалася, касец шчыраваў на даху. А сёньня ён зусім зьнік, і Даражок, які звыкся прачынацца заўсёды ў пілавіньні ўласных сноў, вырашыў паваляцца ў ложку яшчэ трошкі.
Ён ляжаў, баючыся варухнуцца, бо так нядоўга й расплёскаць сябе, наталяўся цішынёй і думаў пра тое, што зусім неабавязкова прамаўляць услых: пра тое, што грошы сканчаюцца і трэба нарэшце знайсьці сабе хаця б нейкі заробак, пра тое, што ў гэтую хвіліну няблага было б адкінуць коўдру й пабачыць побач ружовае жаночае сьцягно, у радзімках і прышчыках, як на прыватных фота ў інтэрнэце, цёплае сьцягно, успацелае пругкае паўшар’е – наколькі б яно выратавала гэтую раніцу. Пра тое, што калі грошы скончацца, давядзецца вяртацца ў Неглыбокае да бацькоў. Некалькі месяцаў таму ён сказаў ім, што знайшоў у сталіцы працу, і бацькі, пераглянуўшыся, далі яму грошай на першы час: пакой, мэтро, толькі ня еш у макдональдсах, і ня пі, галоўнае, ня пі, сынок. А ён і ня піў, наколькі можна ня піць у гэтай краіне, спраўна дасылаў дахаты лісты, заўсёдны ляканізм якіх кампэнсаваўся амаль дзіцячым аптымізмам: Даражок кожнага разу імкнуўся аздобіць сваё кароткае пасланьне якой-небудзь яскравай дэталяй, кшталту памады на гальштуку шэфа, і з дапамогай гэтага няхітрага падману ўдала, як яму здавалася, падтрымліваў у бацькоў стан душэўнае раўнавагі. Ён нават тэлефанаваў у Неглыбокае раз-пораз з паштамту; па-першае, там, адлюстроўваючыся ў шматлікіх кабінках, сядзела за шкляной перагародкай вельмі прывабная дзяўчына, якая пазірала на Даражка з інтарэсам, а па-другое, самі гэтыя кабінкі... Паклаўшы слухаўку, Даражок звычайна не выходзіў, а заплюшчваў вочы й некалькі хвілінаў сядзеў у цудоўным задушлівым паўзмроку – вялізная лічба на плексыглясавай дзьверцы засланяла Даражка ад позіркаў звонку, захінала сваім фігурным ценем, ён пачуваўся як дома й сядзеў у кабінцы да першага грубага грукату.
Цішыня ў пакоі цудоўным чынам працягвалася. Даражок чуў адно пошум дрэваў за вакном ды клявішныя каляратуры птахаў. Ён асьцярожна перавярнуўся на бок і падумаў, што людзі яму відавочна супрацьпаказаныя. Ні ў Неглыбокім, ні тут, у сталіцы, здымаючы пакой у някепскіх па вялікім рахунку людзей, ён не адчуваў сябе так утульна, як у тэлефоннай кабінцы. У гэтай паўпразрыстай труне ніхто не вымушаў яго ні да чаго – і як прыемна было ўсьведамляць, што шчасьлівае таемства адзіноты адбываецца ўпрытык з тэлефонным апаратам, з тым самым прыстасаваньнем, пакрытым лакам сотняў тысяч дотыкаў, крывадушным, распухлым і чорным, як неглыбоцкі попік. З тэлефонам, які, нібы зводня, утварае чалавечыя калектывы. Ён падумаў, што няблага было б пайсьці ў газонакасільшчыкі – лепш штодзень адчуваць на сваім цемені нянавісьць, чым пяшчотную руку калектыва – на вуснах. Людзі, якіх мы не выбіралі сабе ў сябры, вымушаюць нас да неўласьцівых нам дзеяньняў і прымушаюць адказваць ім тым жа. Гэта й называюць ўзаемінамі.
28.
Іншая справа – людзі няісныя. Даражок любіў выдумваць людзей і гутарыць зь імі. Часта, зачыніўшыся ў сваім пакоі й з агідай слухаючы, як хорам рагоча гаспадарская сям’я ад казыткі чарговага кавээну, ён, дыхаючы часта-часта, як дварняк на сьпёцы, ня маючы моцы ў нагах дабрацца да ложку й выратавальнага супрацьгазу падушкі, прысланяўся ілбом да дзьвярэй і прыдумваў, прыдумваў, уяўляў: міліцыянтаў, сакратарак, бандытаў, мастакоў, прастытутак, дырэктарак кінатэатраў, прыбіральшчыцаў, прыдумляў сабе братоў і жонак, сыноў і дачок, выклікаў зь нябыту неімавернага асабістага лекара, або ўласнага ката, або фанабэрыстага шэфа, зь якім зараз жа давядзецца размаўляць, – прамінала хвіліна, і ў пакоі зьяўляліся іхныя дзіўныя постаці, якім было адведзена на жыцьцё роўна столькі часу, колькі зь імі жадаў гаварыць іхны стваральнік; Даражок пачуваўся ў гэтых гутарках надзвычай упэўнена, яго нават п’яніла тая нечаканая лёгкасьць, што нараджалася ў словах і гэстах; бадай, у гэтым сьвеце яго лічылі цынічным балбатуном. Але за сьцяной зноў ванітавала ад сьмеху ягоных гаспадароў, убогія, бляклыя галасы паўтаралі і абсмоктвалі нейкую пошласьць – вось хто быў напраўду жывы, вось хто быў рэальнасьцю. А здані зьнікалі – як не было.
29.
Між тым час ішоў, на думках Даражка, бы пячатка на афіцыйнай паперы, стаў усё мацней праступаць вобраз першай ранішняй цыгарэты. Трэба было падымацца, але ён не сьпяшаўся. Спачатку яму ў галаву прыйшла падказаная ўласным целам дурнаватая фантазія наконт дыктатара адной няшчаснай краіны, які найвышэйшым указам пад страхам сьмерці забараніў народу спраўляць натуральныя патрэбы: сам дыктатар, геніяльны параноік-герантафіл у пагонах, загадзя паклапаціўся пра адпаведныя “удобствы” ў сваім кабінэце й толькі пасьміхаецца з тэлеэкранаў, а людзі, жылая плошча якіх пашырылася такім неверагодным чынам, дзякуюць правадыру за мудрасьць: затое цяпер на вуліцах ніхто ня мочыцца, і ёсьць куды ставіць закаткі на зіму. Знаходзяцца незадаволеныя, ладзяць сядзячыя пікеты... Што ж, большасьць насельніцтва неўзабаве па-майстэрску авалодвае навукай патаемнай дэфэкацыі й раніцай у нядзельку, як сьлед аблягчыўшыся ў замаскаваны пад урну з прахам продкаў унітаз, ідзе граміць сраных адшчапенцаў. Даражок ускочыў з ложку й кінуўся ў прыбіральню. У кватэры ўжо нікога не было, гаспадары сышлі на працу. Гэтая пустая трохпакаёўка магла бы быць ягонай.
Ніхто б не назваў яго правінцыялам – ён шмат бываў у сталіцы яшчэ дзіцёнкам, далоні ягоныя памяталі сьлізкую шыю аблупленага атракцыённага каня ў гарадзкім парку адпачынку, у вачах яшчэ ня згас залаты бляск навюткіх, рудых пяцікапеечных манэтаў, на якія яны з бацькамі разьмянялі калісьці цэлы рубель, гэта было ў дзень адкрыцьця сталічнага мэтро. Потым ён некалькі год вучыўся тут, прагна, не разжоўваючы, заглынаў гарадзкія спакусы, ёй не было яшчэ сямнаццаці, хаця выглядала на ўсе дваццаць два, салаты з кніг пад гарэлачным соўсам, неахайна расфасаваная чалавечына, знаёмыя маці, у якіх ён жыў, выправаджвалі яго з дому, калі прыходзілі госьці. Клюбы, кавярні; неглыбоцкія білі яго кожнае лета. Даражок скончыў вучобу аброслы знаёмствамі, як ліхтарны слуп на прыпынку – аб’явамі. Раней кожны зь іх быў сябрам, потым інфляцыя часу, найвышэйшай, найкапрызьлівай інстанцыі, за некалькі нікчэмных год ператварала былую экзальтаванасьць у пыл. Ён выцер накрыўку ды выйшаў. У лазьніцы проста на падлозе стаяў пусты слоік, дзе спаў стары, зьняможаны павук. Побач на падлозе бялелі плямы пены для галеньня, у якіх варушыліся чорныя валаскі.
30.
На гэты раз ён прыехаў у сталіцу са спадзяваньнем, што былыя сувязі страчаныя і ніводныя з вачэй гэтага места не пазнаюць у ім колішняга Даражка... Як бы ня так! Ужо на вакзале ён спаткаў Драпковіча й прачнуўся праз тыдзень у таго дома перад тэлевізарам, з вывіхнутай рукой і талеркай халодных пяльменяў на каленях. Потым была кароткая перадышка, Даражок цьвёрда зарокся пазнаваць каго б ні было, і ўсё ж здараліся дні сапраўдных аблаваў, калі яму даводзілася даваць чужыя нумары тэлефонаў, уцякаць праз форткі ў прыбіральнях, шукаць чорныя хады ў гэтай шахматнай гульні, дзе ўсе фігуры белыя. Часам здавалася, што ўсё скончана, але спатрэбілася вясна, каб ён пачаў хадзіць па вуліцах спакойна. І аднак жа сталіца была раем у параўнаньні зь Неглыбокім, хаця яно й называлася райцэнтрам – там у іх дома, у двухпакаёвай кватэры, рабілася немавед што: у лядоўні жыў Канстанцін Цімафеевіч, а над ім у маразілцы – ягоная жонка Кацярына Андрэеўна, у духоўцы пліты – шматдзетная сям’я Арцыбашкіных, тэлевізар займаў вэтэран унутраных органаў, а таксама іх інвалід Засімчанка, а крыштальныя вазы зьмяшчалі братоў Рубіцкіх. Калтуноў сьціпла жыў у хлебніцы. Усе яны пісалі біяграфію Даражка, падрабязную, ілюстраваную, з багатым фактычным матэрыялам, аўтарскі калектыў у дзесяць тысяч душ. Ён задыхаўся там, ён знайшоў адмычкі да іхных пытальнікаў і зьбег туды, дзе былі патрэбныя іншыя героі. Туды – у сталіцу. Даражок выштурхнуў з роту на бруднае дно ванны сіне-белае месіва й раптам заўважыў прусака, які лез па сьцяне. Пальцы міжволі пстрыкнулі – і прусак як куля працяў друзлае павуціньне на дне слоіка. Даражок хмыкнуў і выключыў сьвятло.
31.
Сёньня Даражка чакала чарговая кантора з тых, дзе ён мог бы знайсьці сабе заробак. Дагэтуль яго паўсюль сустракалі ласкава, вакансіяў было шмат. Выходзіў старшы мэнэджэр, пачынаў распавядаць пра абавязкі й выгоды, бачыў лагодны, шчыры твар Даражка, які то захоплена ківаў, час ад часу задаючы ўдакладняючыя пытаньні, нязьменна ў цяперашнім часе: “Значыць, я мушу а пятай... А я, значыць, еду ў банк і...”, то напускаў на сябе сур’ёзнасьці й, праціраючы вочы, горка прамаўляў: “У вас занадта высокая, як для мяне, зарплата...” – і старшы мэнэджэр распаляўся, і маляваў схемы, і рваў аркушы з блякноту, і знаёміў з супрацоўнікамі, а Даражок усьміхаўся, быў з усімі ветлівы і ў той жа час карэктна кампанейскі, потым паціскаліся рукі, прызначаўся на заўтра час афармленьня дакумэнтаў, Даражок даваў – “на ўсялякі выпадак!” – нумар тэлефону Драпковіча й бясьсьледна зьнікаў. Празь некалькі дзён Даражок дамаўляўся па тэлефоне аб сустрэчы з гаспадаром вялікага офісу, чалавекам з маркотным голасам, што сьведчыла пра ягонае багацьце, і празь некалькі гадзін у жыцьці Даражка зьяўлялася сакратарка, якая ішла за высокія дзьверы дакласьці. “Барыс Міхайлавіч прыме вас празь пяць хвілін...” Даражок праваджаў юрлівым позіркам яе загарэлыя, глупыя ногі, уцягваў у сябе воблачак водару парфумы, і не пасьпявала сакратарка сесьці за стол, як на крэсьле перад ёй сядзеў сьлед Даражка і кашляў проста ў твар, а нядаўні наведнік ехаў сабе ў маршрутцы й ціха цешыўся з таго, што так спрытна ўратаваўся.
32.
Ён выйшаў з дому, калі ўжо прыпякала; трое катоў праводзілі яго насьцярожанымі вачыма. Зазвычай на лаўцы сядзелі вечныя, велічныя й старажытныя, як руіны Парфэнону, бабулькі – зрэшты, каты, што занялі іхнае месца, выглядалі ня менш салідна. Не было відаць і дворнічыхі, зь якой Даражок заўсёды вітаўся. Між ідыёцкіх рознакаляровых пысаў іншамарак стаяла некалькі пустых бутэлек з-пад шампанскага. Даражок дастаў цыгарэту; высьветлілася, што ён забыў запальнічку. Аднак вяртацца не хацелася, надта ўжо прыязнай была зь ім сёньня вуліца. Змрочныя думкі пра тэлефонную кабінку на паштамце пакрысе зьнікалі – усё ж моцна прыкутыя дзьвюхногія да зьменаў прыроды, варта сонцу зьявіцца, і можна здымаць вяроўку. Нырнуўшы ў зялёнае, нешта рэпэтавалі птахі. Даражок не дайшоў яшчэ да крамы, а ўжо забыў пра газонакасільшчыка й пра Драпковіча – пагатоў, і ля крамы людзей чамусьці не было, хаця там зь сямі гадзінаў штодня таўкліся ведама хто. На тым баку вуліцы, як цалкам скончаныя скульптуры, віднеліся штабелі пліткі. Даражок прайшоў далей, запаліць трэба было зараз жа, інакш – катастрофа, сьмерць, выгнаньне. Нечакана для сябе самога ён усьміхнуўся, але тут жа сьціснуў вусны і аглядзеўся вакол. Ніхто тут ня мусіць бачыць ягонай усьмешкі. Абапал алеі нясьпешна пагойдваліся дрэвы. Раз-пораз яму здавалася, што між дрэваў зьяўляецца нечая постаць, але ніхто так і ня выйшаў яму насустрач. Пасярод дарогі над раструшчаным пачкам печыва, якое, відаць, нехта выкінуў з вакна машыны, нэрвова ківаў галавой голуб. Даражок спыніўся ля пешаходнага пераходу, дачакаўся зялёнага сьвятла й падыйшоў да прыпынку. Зубы на рэклямным шчыце заклікалі да карыесу.
– Запальнічкі ня будзе ў вас? – сказаў Даражок ў цёмнае адчыненае вакенца шапіку й сунуў цыгарэту ў рот. Прадавачка яго ведала: не па імені, не, толькі ў твар. Яны пасьміхаліся, бывала, адно адному: навошта? Ён пачакаў, потым дастаў з кішэні дробязь. Словы пра запальнічку прагучалі неяк недарэчна, не пасавалі яны неяк гэтай раніцы. Даражок прыгнуўся й зазірнуў у шапік, гатовы вось-вось апынуцца вочы ў вочы з прадавачкай, якая, мусіць, зараз пад прылаўкам, ды не: нікога там не было, толькі чырванела запальнічка побач з касавым апаратам. Даражок ужо працягнуў руку, але тут за шапікам пачуліся грузныя крокі, ён імгненна вярнуў запальнічку на месца й нават міжволі схаваў рукі за сьпіной. Птахі сьпявалі гучна, нібы недзе ў Неглыбокім. Крокі паўтарыліся. Даражок абыйшоў шапік, ужо апранаючы на твар патрэбны выраз. Але і там нікога не было. Зь вялізнай разламанай картоннай каробкі выскачыў кот і кінуўся ў кустоўе. Даражок вярнуўся, запаліў і пайшоў да мэтро пехатою.
“Усё зразумела”, – падумаў ён, падыходзячы. “Усё, усё зразумеленька. Людзі-коткі. Галівуд. Мне, як заўжды, не пашанцавала”. Аднак катоў ён болей не спаткаў. Мэтро было прахалодным, Даражок атрымаў па левым калене, калі паспрабаваў прайсьці бясплатна – ён абыйшоў турнікеты бясьпечным шляхам і прысеў на лаўку у цэнтры плятформы. У яго было такое адчуваньне, што цяпер ноч і ён чакае апошняга цягніка. Аднак была раніца, і калі ён і мог куды-небудзь адсюль зьехаць, то толькі з глузду. Гадзіньнік добрасумленна паказваў час. Калі Даражок хацеў пасьпець на сустрэчу, яму трэба было сьпяшацца.
Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. На вуліцах былі прыпаркаваныя машыны, блішчэла шкло, віселі расклады працы крамаў і прадпрыемстваў. Зьнерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (мэханік, гад, пераблытаў правады). Застыў з раскрытымі абдымкамі перад школай экскаватар. Імкнуліся ўкусіць сябе за хвост сьцягі на афіцыйных установах. Паўзла кудысьці рака. Абурана азіраліся вакол помнікі. У горадзе гаспадарылі сонер і ветра. Плястмасавыя крэслы стаялі на століках у непрыстойных позах. І толькі вучоны хамяк Сапіенс кудысьці падзеўся.
Ад станцыі да плошчы пешшу – тры гадзіны. Даражок ішоў, зусім ужо вар’яцеючы, прысаджваўся на лаўкі, прыпальваў, карыстаючыся чырвонай запальнічкай, скрадзенай у прыватнага прадпрымальніка Губанава, крочыў па тратуары, строга выконваючы правілы дарожнага руху. І толькі на мосьце ня вытрымаў, спыніўся, стаў на бэтонную тумбу й закрычаў у горад:
– Аўтара! –
– як быццам ён так ужо хацеў аўтара. На скрыжаваньні Даражок павярнуў туды, дзе месьцілася кантора – ён зьбіраўся сёньня быць там, гаварыць, дыхаць, пакідаць сьляды на падробным паркеце. Каля пад’езда стаяла раскошная, як маладая афрыканка, машына. Даражок асьцярожна ўвайшоў, нават пагрукаў перад тым як увайсьці ў прыёмны пакой. Але нарвацца на вокрык у гэтым горадзе было ўжо немагчыма. Па прыёмным пакоі кружляла звонкая муха. Ён, парыпваючы падэшвамі, прайшоў у кабінэт. На стале ляжаў адгорнуты блякнот, і ў ім, сярод мноства выдуманых, няісных прозьвішчаў і імёнаў, аптэкарскім почыркам было выдрапанае і імя Даражка. Спазьніўся на дзьве з паловай гадзіны. Аднак гэта было ўжо няважна. Толькі цяпер ён зразумеў, што застаўся ў горадзе абсалютна адзін.
33.
Сто разоў уяўляў сабе тэрарыст Ягорка, як кідае бомбу ў царскі экіпаж, аднак у вырашальны момант разгубіўся, зьняў капялюш ды пакланіўся па-рабску ў пояс танаванаму шклу вокнаў – і пашыбаваў прэч, праклінаючы сябе; утапіў пякельную машынку ў ставе на Патрыяршых, вярнуўся ў свой стылы пакойчык на Мойцы ды павесіўся на кальсонах. Тысячу разоў думаў калісьці Даражок пра тое, што ён зробіць, калі патрапіць у рай адзіноты, а цяпер усё пайшло неяк наперакасяк, і зьдзяйсьненьне самага важнага, здавалася, можна лёгка пакінуць на бясконцае потым – пасьпеецца – а цяпер дазволю сабе адпачыць. І былі ягоныя дні занятыя дзіўнымі й дробязнымі справамі, і горад быў вялікі, пакорлівы й паслужлівы; і Даражок марнатраўнічаў, як хацеў. Пра тое, што Яны могуць раптам вярнуцца, думаць неяк не хацелася; гэтак ня хочацца ў выходны дапускаць існаваньне панядзелка, гэтак у ложку з жанчынай ня верыш, што яна можа ад цябе калі-небудзь сысьці. Вечная нядзеля, пэрманэнтнае сьвята; вясельны абед на адну пэрсону.
Што ён рабіў у першы тыдзень сваёй доўгачаканай адзіноты, ён, Даражок, шчасьлівы й трохі зьбянтэжаны ўладальнік уласнага гораду, нібы незабыўны ад самага дзяцінства Кармадзі з кнігі “Прадаецца плянэта”? Сьнедаў у “Італьянскім куточку”, на адкрытай тэрасе, абедаў у малой залі рэстарацыі “Патсдам”, вячэраў у “Таджыцкай кухні” – сам сабе кухар, сам афіцыянт, сам кліент. За першыя два дні паглядзеў усё тое модна-жорсткае кіно, на якое калісьці не ставала грошай. Пераспрабаваў мора цыгарэтаў і ўрэшце спыніўся на “Лакі страйку”; адзін дзень Даражок не паліў зусім – абкурыўся паганымі й дарагімі цыгарамі. Пасядзеў у прэзыдэнцкай ложы на стадыёне. Лянотна пагартаў шыкоўныя выданьні ў “Сьвеце кніг”, аднак жаданьне чытаць, дагэтуль дастаткова моцнае, зьнікла як і не было, і Даражок, пазяхнуўшы, падумаў: “Потым”. Нічога не чапаючы, пахадзіў па некалькіх незачыненых кватэрах у цэнтры, неўзабаве ўсё ж ня вытрымаў: пакахаўся зь нечымі ачмуральна-кужэльнымі майткамі, асьцярожна выцершы за сабой; сунуў у кішэню суворага выгляду пісталет, аглушыўшы вечарам таго ж дня ў парку сям’ю разамлелых ад цішыні качак (страляў ён, натуральна, не па птахах, а па піўных келіхах, выстаўленых на каменны парапэт – сем стрэлаў, і ўсё міма); пасадзіў на плячо зусім нерэальнага нават у гэтай казцы ручнога ворана, які еў асірацелых прусакоў у трохпакаёўцы каля цырку; ахайна, строга захоўваючы пасьлядоўнасьць, праз роўныя прамежкі часу перакалаціў малатком дваццаць восем гліняных галоваў, раскіданых па нечай майстэрні; у другой майстэрні натрапіў на надзіманага чалавека, фігуру якога складалі штук дваццаць вялізных поліэтыленавых пакецішчаў: усьмешка, рот, вочы, нос, рукі й гэтак далей; гуляў у нейкае падабенства сквошу сам з сабой на могілках, прайграўшы ўсе партыі; зрабіў на цэнтральнай плошчы вогнішча з газэтаў (думаў, атрымаецца вялікае), падняўся на трыбуну й доўга стаяў, выкінуўшы руку ў фашыстоўскім прывітаньні (з трыбуны вогнішча выглядала убога); накарміў нейкага зусім ужо лядашчага ката дэлікатэсамі й ледзь уцёк ад зграі ягоных суродзічаў, якім заставалася, відаць, няшмат часу, каб навучыцца самім пранікаць у запаветныя сховы; патрынькаў трохі на “Фэндэры”; перапіў абсэнту і глупым чынам заснуў на падлозе ў адзьдзеле цацак самага буйнога супэрмаркету.
34.
Спачатку Даражку было жудкавата адчуваць сьпінай гэтыя скіраваныя штохвіліны толькі на яго н і ч ы е позіркі – можа, таму ён гэтак імкнуўся рабіць як мага болей шуму, можа, таму ён стараўся ні на імгненьне не заставацца цалкам цьвярозым.
Жыў ён цяпер у сьціплым, але чыстым, як правінцыйны бардэль, гатэлі “Пераможца” – і ўсё таму, што тут некалі, падчас ягонай вучобы ва ўнівэрсытэце, спыняўся сам Эліс Найтмар, ужо ў тыя дні занадта стары й незапатрабаваны, каб граць дзе-небудзь яшчэ, апрача як у гэтым горадзе; Дзядзьку Найтмара ў сталіцы памяталі хіба што толькі саракагадовыя пярдуны, а вось у Неглыбокім яго круцілі на кожнай дыскатэцы. Дзядзька Найтмар даў тады адзін канцэрт у Палацы спорту, на які Даражок хадзіў з Драпковічам і ягонай сяброўкай, але ў памяці засталося газэтнае: “Эліс Найтмар, рок-зорка 70-ых, будзе начаваць у нумары 79 гасьцініцы “Пераможца”. Цяпер Даражок спаў на тым жа ложку, на якім дрых калісьці СупэрАнкл. Калі гэта было? Піць абсэнт, глядзець зь сёмага паверху на тое, як Даражокбург падстаўляе плечы травеньскім маланкам, уварочвацца ад пранізьлівага погляду ворана. Яны ня вернуцца. Ніколі.
35.
У сераду Даражок напісаў першую карціну, адшукаўшы патрэбныя прылады ў адным сьмярдзючым падвале: свой аўтапартрэт – атрымаўся нехта падобны да маладога Ганібала Лектара. Ён павесіў карціну ў пакоі, дзе калісьці жыў Драпковіч, – палова дня была патрачаная Даражком, каб узламаць дзьверы. Раніцай наступнага дня Даражок сабраў па некалькіх буціках стос рэклямных картонных хлопцаў з дэзадарантавымі ўсьмешкамі й расставіў па ўсёй вуліцы Молатава – узьняўся вецер, некаторыя пападалі, зьбіваючы астатніх. Увечары ён паглядзеў тэлевізар: Арафат быў хутчэй жывы, чым мёртвы, вёска адраджалася, а апазыцыя занепадала, і людзі адзначалі свае маленькія перамогі, і горад, гаспадаром якога быў цяпер Даражок, здаваўся на экране больш рэальным, чым насамрэч. У інтэрнэце спрачаліся, каму быць трэнэрам сборнай краіны па футболе. На наступны дзень Даражок патэлефанаваў бацькам у Неглыбокае. Слухаўку ўзяла маці: сам зьдзіўляючыся, ён пачаў вярзьці нешта пра падвышэньне заробку, а тая, нібы адчуўшы перагар з сынавага роту, завяла вечную сваю песьню: ня пі, ня пі. У суботу Даражок загрузіў тое-сёе ў новенькі пікап і паехаў да кальцавой дарогі. Сонца імчала наўздагон; воран безуважна паглядаў у люстэрка задняга агляду. Зьлева зьявіліся аграмадзіны шклозаводу – Даражок не зьмяншаючы хуткасьці разьвярнуўся й паехаў назад да гораду. Указальнік на ўзбочыне выглядаў дзіка, яшчэ глупей – бэтонныя літары “Сардэчна запрашаем!”, што стоўнхэнджам грувасьціліся на ўзгорку.
Тэлевізар ён цяпер глядзеў штодня. У нядзелю Даражок кінуўся галавой уніз з вакна нумару 79, але потым ачуняў, сеў на падваконьне, паглядзеў з сорамам на распасьцертае ўнізе цела са знаёмай патыліцай, махнуў рукой: “Каты зьядуць” і вырашыў, што заўтра ўсё будзе па-іншаму. Карыстацца дык карыстацца.
36.
Гэта адбылося раніцай панядзелка ў фае; яшчэ на прыступках Даражок, нібы дасканалая жывёла, адчуў: за ноч тут нешта зьмянілася. Ён пастаяў крыху наверсе, скідваючы попел у кветкавы гаршчок, насьцярожаны ягоны позірк пераходзіў ад патрыятычных пано на сьценах да стойкі адміністратара, ад шкляных дзьвярэй, што вялі ў рэстарацыю, да цёмнага правалу калідору зьлева, з муміфікаваных пальмаў на нізкую столь, з пустэчы на пустэчу, зь нішы на нішу. Уначы прайшоў дождж, дзень пачынаўся неахвотна, шэра, у фае гарэла сьвятло, робячы вуліцу за празрыстымі ўваходнымі дзьвярыма яшчэ больш бясколернай; было такое ўражаньне, што на двары кастрычнік. Даражок зрабіў некалькі крокаў уніз, пагасіў цыгарэту й пабачыў іх – Сьляды.
Так, чарада зусім невялікіх сьлядоў ад мокрых і гладкіх падэшваў цягнулася ад уваходу да стойкі адміністратара, а затым аддалялася ў бок рэстарацыі. Сьляды пасьпелі трохі падсохнуць; па краёх іх цямнела ломкая корачка вулічнай гразі. Даражок добра памятаў, што лівень, магутны й кароткі, якія часта бываюць напрыканцы траўня, пачаўся не раней чым апоўначы, разбудзіў яго на некалькі страшных хвілінаў; да гэтага некалькі дзён было пагодна й суха – так што Даражку сьляды належаць ніяк не маглі. Ён узьняў падбародзьдзе й драпежна панюхаў паветра ў пошуках Другога.
37.
Асьцярожна, на дыбачках, рушыў у накірунку рэстарацыі, спыніўся перад дзьвярыма, зазірнуў. Там нікога не было; чыстыя столікі пад белымі абрусамі ў вяршках сурвэтак чакалі наведнікаў, блішчэлі рытуальныя пары нажоў і відэльцаў. Рызыкуючы быць засьцігнутым зьнянацку, Даражок прайшоў у цэнтр, абвёў вачыма падлогу. Сьляды прывялі яго да барнай стойкі – на ёй стаяў кубачак зь недапітай кавай, вакол якога шныралі мурашы крошак. Ён дакрануўся да кубачку – парцаляна была яшчэ цеплаватай.
Далей сьляды губляліся, але Даражок, зазірнуўшы за стракатую фіранку, знайшоў новыя дзьверы. Відавочна, існаваў яшчэ адзін шлях наверх, да нумароў, і Другі скарыстаўся менавіта ім. Кароткі калідор прывёў Даражка туды, дзе ён сёньня ўпершыню адчуў нябачную прысутнасьць Другога – да пляцоўкі перад ліфтам.
Нумар за нумарам, трымаючы ў вадной руцэ бутэльку каньяку, а ў другой – незараджаны пісталет, Даражок дасьледваў гатэль. Некалькі разоў яму здалося, што ён напаў на сьлед: у трыццаць пятым быў падазрона неахайна засьцелены ложак, у саракавым – адчыненае вакно, у пяцідзесятым з крану ліўся тонкі струменьчык вады, аднак, выходзячы адтуль, Даражок чамусьці ўсё адно быў упэўнены, што сюды ўжо тыдзень ніхто не завітваў: у пакоях панаваў халодны і абыякавы дух бязьлюдзьдзя. Урэшце ён апынуўся на апошнім паверсе, выйшаў на балькон і выкінуў пустую бутэльку ўніз. Стаяў ён там даволі доўга, узіраўся ў вільготны й нерэальны горад, пакуль у ягоных вушах не зьявіўся знаёмы шум натоўпу; Даражок глядзеў на горад з заплюшчанымі вачыма: людзі беглі да гатэлю нібыта на штурм, пераскокваючы праз агароджы, перакульваючы машыны й бэтонныя урны, той-сёй трымаў у руках сьцяг, і ставілі да сьценаў пажарныя лесьвіцы, і цягнулі абложныя прылады, і даражокбургцы лілі на гэты охлас кіпячую смалу.
Другі, відаць, пайшоў дасьледваць горад, і паляваньне зацягнецца.
Даражок спусьціўся ў свой нумар, ногі ўжо слаба трымалі яго, ён кінуў пісталет на тумбачку і ў поўнай зьнямозе паваліўся не здымаючы чаравікоў на канапу. Дзьверы лазьніцы адчыніліся, адтуль выйшаў маленькі, не раўнуючы курдупель Цахес, чалавек. Казённы гасьцінічны ручнік быў яму як рымская тога, а болей на чалавеку нічога не было.
– Я разумею, што гэты нумар на аднаго, – прамовіў Другі, кінуўшы на Даражка хуткі позірк. Даражок хацеў падняцца, але ня здолеў.
– Але адміністратарка сказала, што ўжо два гады яго выкарыстоўваюць як двухмясцовы, – незадаволеным рыпучым голасам працягваў маленькі, нібыта пярэчачы справядлівым пратэстам Даражка. – Так што ўсе прэтэнзіі да яе.
38.
– Зрэшты, – Другі зьняў ручнік, чакальна паглядзеў на Даражка, няўхвальна ўздыхнуў і павярнуўся да таго сьпінай. – Зрэшты, ніякіх клопатаў вам я не ўчыню. Мяне цалкам можна трохі пацярпець. Пагатоў, заўтра я адсюль зьязджаю.
Даражок рабіў намаганьне за намаганьнем, каб нарэшце адарвацца ад канапы, але ногі ягоныя зрабіліся нібыта ватныя, і рукі ніяк не хацелі слухацца. Скарыўшыся, зь цяжкасьцю варочаючы языком, ён мацюгаючыся паспрабаваў высьветліць, што ж здарылася. І дзіўна, невыносна дзіўна было зноў скарыстоўваць сваё цела для такога забытага занятку, як маўленьне – Даражок быццам гаварыў на той мове, на якой даводзілася размаўляць у апошні раз шмат гадоў таму. Паступова, аднак, словы пачалі давацца яму ўсё лягчэй. Другі цярпліва слухаў, абсалютна не зьдзіўляючыся, і апранаўся – паволі, акуратна, і Даражок пакрысе разумеў, што Другому ягоны аповед не падаецца ні трызьненьнем, ні праўдай. Другі слухаў і раз-пораз кідаў вострыя позіркі паверх галавы Даражка, туды, дзе ляжала на століку адрасная кніга.
– Прамінула тры дні, як горад быў узяты, а частка ягоных жыхароў усё яшчэ нічога ня ведала пра гэта, – сказаў Другі, укруціўшыся ў пінжак і здалёк паказаўшыся люстэрку. – Гэта з аповеду Арыстотэля пра захоп Вавілону пэрсамі. Я, прынамсі, бачыў тут людзей, і даволі шмат. Вось, напрыклад, афіцыянтка ў рэстарацыі гэтага мілага гатэлю. Сапраўдны анёл. Аднак я дапускаю, што пры пэўным поглядзе на рэчы гэтае места (не такое ўжо, трэба сказаць, вялікае – даводзілася мне бываць і ў гарадох паболей) цалкам можа падацца бязьлюдным. Нічога дзіўнага. Людзі, людзі... А мы з вамі хто? Ня трэба так скептычна ставіцца да сваіх суайчыньнікаў – сярод іх трапляюцца вельмі дастойныя асобы. Спадзяюся, вы ня гадзілі на вуліцах і выкідалі недапалкі выключна ў сьметніцы? А то вашая адзінота тут ніяк ня можа служыць апраўданьнем для таго, каб какаць на праезджую частку. І раз ужо мы з вамі тут толькі ўдвух, як вы мне распавялі толькі што, то раю вам выкінуць гэта (Другі паказаў на пісталет) або схаваць да лепшых часоў. На ваш горад я зусім не прэтэндую, мне патрэбныя адно некалькі дзясяткаў квадратных мэтраў. І хочацца верыць, што ні ў якім выпадку вы не зьбіраліся страляць па чароўных катах, якіх, я бачу, у гэтым месьце вялікае мноства.
Пакуль Даражок, ня верачы сваім вушам, слухаў гэты зусім спакойным тонам прамоўлены маналёг, Другі прысеў на край фатэлю, пазяхнуў і раздражнёна дадаў:
– Людзі, людзі... Мяне мала хвалюе, ці маюцца яны тут. Мне трэба, каб яны зьявіліся Там...
Ён махнуў рукой у вакно, потым цапнуў з-за галавы Даражка адрасную кнігу й таропка яе пагартаў.
– Там... На вуліцы Ўзорнай, 2. Мне гэта вельмі трэба. Дарэчы, вы ня ведаеце: кавярня пад назваю “Вавёрачка” у цэнтры гэтай вашай Нінэвіі ўсё яшчэ існуе? Вы не спалілі яе, часам, у імгненьне трыюмфу чалавеканенавісьніцтва? Не? Выдатна. Цяпер слухайце ўважліва...
Другі нахіліўся над ложкам, і Даражок адчуў, як ён пахне. Ніякай серы.
– Мяне завуць Назар Мінус, і я хачу прапанаваць вам адну справу.
Сьвіст
39.
У адну з цудоўных красавіцкіх раніц 199... году, калі зімовае паліто раптам становіцца занадта цяжкім, а думкі – лёгкімі й заганнымі, студэнтка журфаку Іра Агіеўская пачула сьвіст. Гэты сьвіст, відавочна, быў прызначаны выключна для яе, бо йшоў аднекуль знутры яе сьвядомасьці й гучаў толькі ў ейнай, не пазбаўленай, дарэчы, ачараваньня, галаве. Спачатку ён быў ненавязьлівы, ціхі, Ірына нават падумаць не магла, у які кашмар гэта неўзабаве ператворыцца. Ужо назаўтра, варта было Ірыне прачнуцца, сьвіст загучаў удвая мацней, а ўвечары ёй ужо здавалася, што нехта нябачны штосэкунды насьвіствае ёй у самае вуха. Не, гэта было ня тое непрыемнае гудзеньне, на якое часам пакутуюць людзі з-за капрызаў ціску; гэта было сапраўднае жывое насьвістваньне, у меру фальшывае, ня вельмі мілагучнае – да болю знаёмы матыўчык, нешта такое з грамадзка-карыснага дзяцінства, музычная фраза, якая бадзёра пачыналася, крыху запавольвалася, абрывалася й тут жа гучала зноў. На трэці дзень сьвісту Ірына ўжо моршчылася, у яе разломвалася галава, яна патэлефанавала ў “Газэту №13”, дзе праходзіла практыку, сказала, што блага пачуваецца й ня прыйдзе сёньня, і сьвіст набыў зласьлівую радасьць.
Назаўтра яна зноў не пайшла на практыку; у пэўныя моманты ёй здавалася, што сьвіст становіцца цішэй, і тады яна замест адпачынку, ненавідзячы сама сябе, таропка спрабавала ўспомніць усё-ткі: адкуль жа гэтая знаёмая мэлёдыя. Марна – катавальны матыўчык жадаў заставацца інкогніта.
– Ну, табе проста трэба разьвеяцца, – трос галавой загадчык маладзёжнага адзьдзелу “трынаццаткі” Мацьвей, да якога Ірына мела патаемную сымпатыю і якому прызналася неяк пра свае праблемы. – Схадзі ў кіно, ці, лепей, у тэатр... Ведаеш, колькі цяпер маленькіх тэатраў новых, авангардных у горадзе паадкрывалася! Сёньня? Не, сёньня я не магу... А заўтра мне пра тралейбуснае дэпо пісаць... Схадзі вось з Жэнечкам...
Бацькі Ірыны, малаадукаваныя й баязьлівыя людзі, якія вельмі ганарыліся, што дачка абрала сабе такі пачэсны шлях у жыцьці, палезьлі з роспытамі, аднак пра сьвіст не паверылі, сказалі: ну, да лекара давай. Рэч у тым, што Ірына ня так даўно пісала для “Газэты №13” вялікі матэрыял пра адну рэлігійную сэкту, “Марсавы сёстры” яна называлася, ці як, і нацягала дахаты іхнай літаратуры, а бацькам нічога не распавядала – яны й спалохаліся за дачку. Ачмурылі сэктанты, вось у дзіцяці й вочы чырвоныя.
Маці, праўда, патэлефанавала знаёмай лекарцы, і Ірына, якая ўжо й сама баялася ня менш за бацькоў, цэлы тыдзень езьдзіла на край сьвету, з трыма перасадкамі, абсьледвацца. Аднак дактары паціснулі плячыма: здаровая. На дзясяты дзень сьвіст, між тым, стаў ужо папросту невыносны, сьвідраваў мозг, плавіў розум; Ірына на сьценку лезла. Яна круглыя суткі бавіла ў навушніках, начыненых разнастайным хардкорам; сьвіст практычна не даваў спаць... толькі пад раніцу ёй удавалася пагрузіцца на гадзінку ў хісткае забыцьцё. Рукі трэсьліся, позірк ня мог зачапіцца ні за людзей, ні за прадметы, Ірына гатовая была ахвяраваць любой часткай цела за тое, каб сьвіст нарэшце зьнік або стаў прынамсі цішэй. Яна піла транквілізатары, гарэлку, снатворнае й прадукцыю кампаніі “Панацэн”, аднак сьвіст бязьлітасна працягваў выядаць Ірыну знутры. І вось тады, калі Ірына цьвёрда вырашыла скончыць жыцьцё самагубствам, роўна празь месяц з пачатку гэтай незвычайнай, пачварнай хваробы, сьвіст нечакана стаў сьціхаць.
40.
Залік па практыцы яна, натуральна, атрымала; яе многія ведалі, яе любілі, яна ж падавала надзеі ў гэтым вялікім бандыцкім кабаку пад назвай “Айчынная журналістыка”, ня вельмі прыгожая, але абаяльная афіцыянтачка з талентам публіцыста, ад яе чакалі, што праз пару-тройку гадкоў яна пачне падаваць і буйныя, па-майстэрску прыгатаваныя стравы на замову патрабавальных дзяржаўных кліентаў. Аднак на іспытах узьніклі праблемы: Ірына заваліла адзін, другі, трэці, на пераздачу не прыйшла, і ўвосень стала вольнай як падхоплены ветрам пусты цэляфанавы пакет.
Празь некаторыя асаблівасьці арганізму жанчын у нашай краіне ў войска не бяруць; Ірына досыць лёгка ўладкавалася ў “Газэту №13”, тую самую, дзе праходзіла практыку, нармальна зарабляла, на даляглядзе віднелася магчымасьць паступаць наноў. Сьвіст не пакідаў яе, засеў недзе глыбока, вуркатаў ціхенька і ў параўнаньні з тым, што адбывалася з Ірынай той жахлівай вясной, яе цяперашняе існаваньне стала цалкам цярпімым; яна нават звыклася са сьвістам, ён ператварыўся ў непрыемнага, але заўсёднага спадарожніка яе жыцьця. Ціхі, ненавязьлівы сьвіст.
41.
Упершыню я пабачыў Ірыну на адной прэс-канфэрэнцыі, той самай, скандальнай, пра якую ведае кожны гарадзкі журналіст і нічога ня чуў ніводзін шараговы чытач. Я тады якраз уладкаваўся карэспандэнтам у “Газэту №78”, маленькую, пошлую – я адтуль зьбег праз два месяцы й дагэтуль не разумею, як мяне магло туды занесьці. Прэс-цэнтр, ледзь прыкрыты скамечаным дзяржаўным сьцягам, лянотна аддаваўся намесьніку міністра культуры, які брыдкім голасам распавядаў пра падрыхтоўку да гарадзкога сьвята. Ірына сядзела за круглым сталом, усім сваім выглядам дэманструючы, што яна поўная сілаў і энэргіі – упэўненая юная тыгрыца над абглоданай косткай мікрафону. Мне ж – я сядзеў у апошнім радзе, надзейна схаваўшыся ад тэлекамэраў за сьпінамі калегаў, “настаяшчых” журналістаў – было цудоўна відаць усю жаласьлівую фальшывасьць яе намаганьняў; раз-пораз Ірына падносіла ўказальны палец да вуснаў, нібыта задумаўшыся, і я разумеў, назіраючы за панічнай дрыготкай падушачак, што яна кусае сабе пазногці, моцна, да крыві. Намесьнік усё казаў ды казаў, задуха труціла любую жывую думку ў гэтым прапахлым страхам памяшканьні, мазаіка на сьценах нешта значыла, але што? Зь цяжкасьцю пралезшы ў дзьверы, у залі зьявіўся заўсёдны спазьніўца, стары камсамолец з “Газэты №5”, грузна прабег да зарэзэрваванага для яго месца, мімаходзь пагладзіў Ірыну па плячы – толькі я ў гэтым маўзалеі заўважыў, як уздрыгнула яна, як уцягнула галаву ў плечы, а потым, зь нечалавечым напружаньнем, зноў выпрасталася й паспрабавала самаўпэўнена пасьміхнуцца. Я ня слухаў, голас намесьніка быў для мяне толькі роўным і непрыемным гулам, я нічога не запісваў, дый навошта – у мяне ўжо меўся прэс-рэліз, дзе было пазначана ўсё патрэбнае. На каленях ляжаў блякнот, я ўпотай падняў да твару рукі й паглядзеў на іх – успацелая, бледная, нездаровага колеру арганіка з доўгімі лініямі жыцьця.
42.
Спачатку пытаньні задавалі фанабэрыстыя мэтры з газэтаў нумар адзін і два, потым пыхлівыя тэлекарэспандэнты. Па твары намесьніка блукала распусная ўсьмешка. Абводзячы прысутных адсутным позіркам, ён зноў гаварыў, журналісты ўцягвалі ягоныя лёгкія словы як дым і як дым выдыхалі, каб ніколі болей ня ўспомніць. Я скалануўся й паклаў рукі на калені.
– Сёлета мы вырашылі пашукаць новых формаў работы, – варушыў вуснамі намесьнік. – З мэтай зладзіць сёлетняе сьвята такім чынам, каб пазьбегнуць любых праяваў фармалізму. Каб ня толькі тыя грамадзяне, якія бачаць у надыходзячым – а нягледзячы на тое, што да сьвята яшчэ хапае часу, мы ўжо лічым яго надыходзячым, бо аб’ём работы наперадзе сапраўды калясальны і давядзецца напружана папрацаваць усім службам сталіцы – у надыходзячым, як я ўжо сказаў, сьвяце вечны сымбаль перамогі й імкненьня да дабрабыту кожнага насельніка нашага гораду, дый ня толькі яго, і я маю на ўвазе ня толькі прыгарад, і таму возьмуць у мерапрыемствах самы актыўны ўдзел, але і маладое пакаленьне, тое, што традыцыйна лічыцца не настолькі зацікаўленым у падобных акцыях, паставілася да гэтага сьвята як да свайго, уласнага. Мы хочам, каб сьвята атрымалася сучасным, сучасным ува ўсіх сэнсах. Таму мы рыхтуем жыхарам гораду некалькі сюрпрызаў, і паколькі гэта сюрпрызы, ня буду адкрываць усіх таямніцаў. Скажу толькі, што мы ўжо заключылі дамову з многімі маладымі музыкантамі і іншымі творчымі людзьмі, якія возьмуць удзел у афармленьні сталіцы й правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў. Напрыклад, з намі пагадзіўся працаваць адзін малады авангардны мастак, шырока вядомы ў маладзёжных колах, ён прапанаваў нам супрацоўніцтва, і мы не адмовіліся, больш за тое – гэтая ініцыятыва надзвычай нас усьцешыла. І няхай прадстаўлены ім праект неардынарны й незвычайны для нашага гораду, гэта маладзёжнае, новае мастацтва, спэцыяльная камісія міністэрства і аргкамітэт сьвята ўжо далі дабро... Мы падумалі – чаму б і не? Трэба даваць дарогу маладым, пагатоў надыходзячае сьвята – гэта і іхнае сьвята таксама, мы гэтага хочам, мы да гэтага імкнемся. Кожны ў гэты вялікі дзень знойдзе на вуліцах нашага цудоўнага гораду нешта сваё.
– Наступнае пытаньне, калі ласка, – вядучы прэс-канфэрэнцыі спадылба агледзеў залю. – Газэта №13.
43.
Ірына апусьціла руку й спалохана абвяла вачыма тэлекамэры. Мне падалося, што на нейкае імгненьне нашыя погляды сустрэліся. Журналісты глядзелі на яе з інтарэсам – многія ведалі, што здарылася зь ёй нядаўна, і па залі пайшоў перашэпт. Неўзабаве яна авалодала сабой і павярнула галаву направа. Намесьнік міністра адорыў яе бацькоўскай усьмешкай.
– Ірына Агіеўская, газэта нумар трынаццаць, – сказала Ірына ціха, а потым працягвала ўжо гучней. – У мяне адразу некалькі пытаньняў. Як будзе арганізаванае сьвяткаваньне ў аддаленых ад цэнтру мікрараёнах, ці плянуецца там праца канцэртных пляцовак і сьвяточных кірмашоў?
Ірына пацерла лоб. Перашэпт сьціх, залю апанавала цішыня. Намесьнік міністра пачакаў крыху, потым усьміхнуўся і ўжо набраў у рот паветра, каб адказваць, але Ірына, гледзячы проста яму ў вочы, загаварыла зноў:
– І ці плянуецца ўключыць у сьпіс сьвяточных расьлінаў кактусы? Жыхары ўскраіны вельмі любяць кактусы. Кактусы й пэдыгрыпал. Яны намазваюць сабачыя кансэрвы на кактусы й закусваюць такім чынам на кожнае, кожнае, кожнае сьвята. Сьвята-салата. Злучаныя Штаты.
Намесьнік зьдзіўлена ўтаропіўся на вядучага, той спахмурнеў і перавёў погляд на Ірыну, але наткнуўся вачыма на камэры й натужна засьмяяўся. Тыя, хто сядзеў перада мной, у адным парываньні павыцягвалі шыі, каб лепей бачыць тое, што адбывалася за круглым сталом, і я таксама падаўся наперад. А Ірына, прымружыўшы вочы, раптам залямантавала, і голас яе рваўся, як папера:
– І чаго будзе болей у надыходзячым сьвяце: кактусаў або відовішчаў? І колькі плянуецца спаліць цнатлівак на галоўнай гарадзкой плошчы? Якая будзе вышыня сьвяточнай шыбеніцы? Ці катуеце вы жонку кактусам? Ці адломваеце вы іхныя цьвёрдыя, мясістыя лісточкі з мягкімі й вострымі, як косткі варанай рыбы, іголкамі, і кладзеце яе на іх сьпінай, і хто назірае за вашымі дзеяньнямі праз шчыліну ў жалюзі? Ці хварэлі вы калі-небудзь на гаймарыт? Ці хварэлі вы калі-небудзь на гаймарыт? Ці хварэлі, ці хварэлі? Акварэлі! Акварэлі! Цынандалі? Вы любіце Брамса? Апошняе пытаньне: ці любіце вы Брамса? Адказвайце, прашу, ці любіце вы Брамса? Нашы чытачы хочуць ведаць: ці любіце вы Брамса? Як вы яго любіце? Вельмі? Надта? Наздвычайна? Моцна? Брамс! Брамс! Сукуленты!
Яна абхапіла галаву рукамі й затрэслася ў нямым крыку, а да яе ўжо лез праз стол Мацьвей, і вядучы прэс-канфэрэнцыі з асалодай біў Ірыну па шчаках, высякаючы зь іх вагонь, і халодная баба, якая сядзела побач, выкручвала Ірыне рукі, прыгаворваючы: “Гэта ў яе гістэрыка, гістэрыка, ня бачыце: гістэрыка, дайце ёй вады!”, а стары камсамолец і вечны спазьніўца з газэты нумар пяць лез Ірыне пад спадніцу й рохкаў: “Ёй не хапае паветра!”. Крыху паружавелага намесьніка міністра, на вуснах якога застыла бацькоўская ўсьмешка, пад рукі выводзілі з залі – я сутыкнуўся зь ім у дзьвярох, і ён чамусьці пагразіў мне пальцам.
44.
Як ні дзіва, і ў гэты раз усё абыйшлося, людзі ў нас жывуць добрыя, зразумець і дараваць могуць многае. Месяц Ірына прабавіла ў псыхіятрычнай лякарні, потым узяла яшчэ месяц за свой кошт – ёй спачувалі, яе шкадавалі, арганізавалі матэрыяльную дапамогу, дый прыкметаў вар’яцтва яна больш не дэманстравала – нармальная і здаровая, як пральная машына, маладая жанчына, ну хіба што сіневата-вугальныя кругі пад вачыма – з кім не бывае? Сьвіст, бадай што, зьнік, а можа, яго пасьпяхова глушылі няспынныя выбухі тых цудоўных ружовенькіх пігулак, якія Ірына піла па некалькі разоў на дзень; бацькі клапатліва дбалі пра тое, каб вазачка з чароўным зьмесьцівам на тэлевізары ніколі не пуставала. На наступны дзень пасьля таго, як ёй дахаты патэлефанаваў намесьнік міністра культуры і асьцярожна пацікавіўся яе здароўем, Ірына зноў выйшла на працу.
Прынята лічыць, што дзяржаўны чыноўнік – гэта заўсёды такі задышлівы, пузаценькі, вусаценькі свалачны бюракрат або жанчына з камсамольскай патыліцай і вачыма Маргарэт Тэтчэр. Ірына Агіеўская, маючы досьвед журналісцкай працы, даўно пераканалася, што гэта не зусім так. Чыноўнікі бываюць розныя. Напрыклад, даўным-даўна, яшчэ да сьвісту, Ірыне неяк давялося пісаць пра аднаго начальніка сярэдняй рукі. Ні ў каго б язык не павярнуўся назваць яго чыноўнікам. Нос каўкаскай работы, рост пад мэтр дзевяноста, высокі лоб, срэбра ў валасох, шляхетная худоба, доўгія й тонкія пальцы піяніста, непранікальныя вочы, якія заўжды глядзелі на любога суразмоўцу зь неперадавальна абаяльнай гіроніяй, уладны, з хрыпатцой, голас, моц, фізычная й духоўная, у кожным руху. А да таго ж – дарагі чорны гарнітур, нязьменны пунсовы шалік пад салідным паліто да самых костачак, пах сапраўднай мужчынскай парфумы, улоўны роўна настолькі, наколькі трэба... І галоўнае – масыўны пярсьцёнак на безыменным пальцы левай рукі ў выглядзе львінай галавы. Пра сябе Ірына адразу ж ахрасьціла яго Масонам – іншае слова тут не падыходзіла б. Кабінэт у Масона быў адпаведны, у ім хацелася павольна паліць, скручваючы шэрымі зьмейкамі дым, падслухваць чужыя таямніцы й заколваць ворагаў кінжалам. У куце чамусьці стаяла абцягнутая скурай канапа з падушкамі – ножкі высокія, узорчатыя, зь віньеткамі, – старая, антыкварная, відаць, рэч. Працоўны стол у Масона быў гэткі ж – двухсотгадовы, з чарнільніцай у форме чалавечага чэрапу, з ручкамі ў форме драконавых пашчаў. Ад вачэй Масона, ад водару ягоных цыгараў, ад усьведамленьня таго, што яны з Масонам у гэтым кабінэце сам-насам, Ірыне было неяк асабліва страшна й соладка, і замірала сэрца, і вільготна станавілася паміж ног, і цеснай апыналася кофта. Шторазу, ідучы пасьля гэтага на якоесьці заданьне, Ірына ўпотай спадзявалася, што й цяпер спаткае некага падобнага. Аднак масонаў яна больш не сустракала.
А гэты вось чыноўнік, да якога яна ішла сёньня пасьля вымушанага адпачынку, састарэлая на дзесятак год, млявая і аглушаная пігулкамі, быў быццам адмыслова змайстраваны паводле народных стэрэатыпаў.
45.
Звалі яго Іван Дзянісавіч, быў ён пляшывы й тоўсты, з вачыма як пасьля хабару. Непрыязна-зьдзіўлена паглядзеў на Ірыну, яна абыякава нагадала: “Дамаўляліся”, ён стомлена махнуў рукой на крэсла перад сабой і не прыкрываючы рот шырока пазяхнуў. Праўда, прапанаваў кавы, аднак Ірына драўляным голасам адмовілася, і ў сьвіных зрэнках начальніка зьявілася палёгка. Ірына ўключыла дыктафон, і начальнік паныла зарыпеў, нібыта пачаў надакучлівую малітву нейкаму нямогламу, а можа, ужо й няіснаму богу. Вочы ягоныя глядзелі, не міргаючы, на тэлефон, што стаяў на стале, і Ірыне на сэкунду падалося, што апарат рухаецца, аднак яна была занадта змораная і безуважная, каб думаць пра гэта.
Іван Дзянісавіч усё казаў, а дыктафон слухаў і запамінаў, і Ірына, якая сама сабе нагадвала ляльку, уявіла, як яна заплюшчвае вочы, і падыходзіць да края чагосьці, што ціха плёскаецца й цырчыць у нябачных жалабках; заносіць над гэтым нагу, ні на імгненьне не задумваючыся, што там: басэйн ці бездань, і няўклюдна апускаецца – вадкасьць. Не расплюшчваючы вачэй, яна пагружаецца туды з галавой, вадкасьць цёплая, трохі гусьцей за ваду, па закрытых павеках прабягае сьвятло – прынамсі, цёмна-фіялетавая смуга дзе-нідзе становіцца сіняй ад ягоных уколаў. Выбухі, якія гучаць у галаве Ірыны, пакрысе ператвараюцца ў нечы вясёлы сьмех, і яе падзеньне запавольваецца, аднак ёй хочацца пагружацца далей, глыбей, безнадзейней, і яна напружвае плечы й сьцёгны, каб націснуць на прыдонную тоўшчу вады, вымаліць у яе дазвол на тое, каб дасягнуць дна. Усё сканчаецца тым, што яна завісае недзе пасярэдзіне, загорнутая ў цёплую, цесную бязважкасьць.
– Я магу паказаць табліцы, – прамаўляе стомлена Іван Дзянісавіч, і яна вяртаецца ў прапахлы потам кабінэт, і згодна хітае галавой: так, так, пакажыце.
– Вось тут, усё згодна з законам. Усе правілы, улучна з найноўшымі зьменамі й дапаўненьнямі, – дадае чыноўнік, і Ірына зноў ківае.
Вярнуцца туды, дзе яна толькі што так цудоўна апускалася на жаданае дно, Ірыне не ўдаецца. Яна бачыць Івана Дзянісавіча як праз мокрае шкло. Насамрэч яна не разумее, што ён хоча ад яе. Яна баіцца толькі аднаго. Толькі аднаго. Каб сьвіст не паўтарыўся.
– Прабачце, – слаба ўсьміхаецца яна, таропка адкрывае сумачку й дастае ружовую пігулку.
Яна адчула, што нешта ня так, яшчэ калі трымала яе ў руках, – пігулка ня важыла анічога, хаця раней адразу ж надавала раскрытай далоні радасьць свайго ратавальнага дотыку. Чыноўнік гідліва паглядзеў на Ірыну, адвярнуўся й суха адкашляўся. Ірына пахіснулася, але ўтрымалася на месцы, паказала гэстам, што можна працягваць, і Іван Дзянісавіч занудзеў наноў. Ірына, раз-пораз ківаючы, пачала сачыць за тым, як па шпалерах кароткімі пералётамі перамяшчаецца дзелавітая бялёсая моль.
Насамрэч яна, Ірына, баіцца толькі аднаго. Каб сьвіст не паўтарыўся. Усё, што заўгодна. Толькі ня сьвіст. За дзьвярыма пачуўся пранізьлівы голас сакратаркі. Сакратарка ў Івана Дзянісавіча была старая, уладная, чыстая, як паголеная мужчынская шчака, ведзьма. Але Ірыне гэта было да лямпачкі. Яна паднесла да вуснаў палец. Моль пакружляла крыху ў паветры, потым нырнула ў такія ж бялёсыя, як і яна сама, фіранкі й зьнікла. Шчокі Ірыны апякло смуродным, гарачым дыханьнем, і перад самым яе тварам пачуўся прыглушаны рык. Яе паўмёртвыя рэакцыі не спрацавалі, яна нават не ўздрыгнула, толькі павярнула галаву, і толькі тады нешта варухнулася ў яе грудзёх.
46.
За сталом, на невялікім узвышшы, зробленым з чырванаватага мэталу, шырока расставіўшы ногі сядзеў Іван Дзянісавіч і важна глядзеў на Ірыніна вуха. На чыноўніку нічога не было, апрача скураной набедранай павязкі й высокага залатога шлему, зь якога ў бакі тырчалі ненатуральна даўгія рогі. Абапал, выпаўзаючы з дзьвюх чорных трубак, курыліся ачмуральныя духмянасьці, захутваючы постаць Івана Дзянісавіча ў шызую, плыўкую сьпіраль дыму. Цела чыноўніка пакрылася за гэтыя сэкунды медным загарам, і цяпер блішчэла, нанізваючы на сябе адзін па адным усе аскепкі сонечных праменьняў, якія траплялі ў гэты не разбэшчаны сьвятлом убогі кабінэт. Жывот, сьцёгны, калені Івана Дзянісавіча палалі асабліва ярка, бо, па ўсім відаць, іх перад гэтым старанна умашчвалі рабыні – масламі ды алеямі, пахучымі, вязкімі, нагрэтымі непадробнай любоўю, як сокі ўлоньняў. Ірына ўзвыла і апусьцілася на калені. Ня гледзячы на яе, Іван Дзянісавіч яшчэ раз рыкнуў, потым у грудзёх ягоных нешта віскнула, і ён урачыста прамовіў:
– Я... Я, Тымультыністарта, Цар першы і апошні, Уладар Нінэвіі, Руйнавальнік і Забойца, Муж Глебы, Каханак Вады, Сын Неба, Я, Які Загадаў Зраўняць Зь Зямлёй Храм Іштар, Найвялікшы Вой, Маланка і Гром, кажу табе: служы!
І Ірына, падпарадкоўваючыся гэтай магутнай сіле, махнула галавой, ударыўшыся лбом аб падлогу, і папаўзла да ног Івана Дзянісавіча. Ён, як і раней, не глядзеў на яе, а Ірына, адчуваючы, як сьціхлі раптам усе тыя выбухі, што трымалі ў раўнавазе яе бедную сьвядомасьць, і ў страшнай, бязьлітаснай цішыні, як сьмерч, узьнік, разломваючы чарапную каробку сваёй знаёмасьцю й роднасьцю, сьвіст, кінулася да міжножжа Івана Дзянісавіча й рванула на сябе набедраную павязку. У гэты ж момант на стале, дзівосным чынам застаючыся безуважным да навакольных мэтамарфозаў, зазваніў тэлефон. Ірына здрыганулася й прыціснула непаслухмяныя рукі да скроняў. Яна зноў стаяла на каленях перад Іванам Дзянісавічам, і расшпілены прарэх на ягоных шэрых нагавіцах зьдзеклівай дзіркай чарнеў перад яе тварам, боўтаўся бессаромны расцугляны рамень, а сам чыноўнік, заплюшчыўшы вочы, пырскаючы сьлінай, шаптаў: “Мілая, харошая...”. Яна ўскочыла на ногі, падхапіла сумачку, кінула ў яе дыктафон і выскачыла з кабінэту. Старая ведзьма з падазрэньнем паглядзела на яе й марудна пачала падымацца з-за стала. Аднак Ірына была ўжо далёка.
Яна йшла па вуліцы, бадай, упершыню за апошнія месяцы шырока ўсьміхаючыся навакольлю. Ёй, і толькі ёй ад гэтага часу былі вядомыя тры неаспрэчныя ісьціны.
Яе завуць І.
Сьвісту болей ня будзе.
Яна, як грамадзянка Асырыйскага царства й карэспандэнтка Асырыйскай тэлевізіі, ня мае права працаваць на варожыя СМІ.
47.
Матэрыял яна, натуральна, так і не падрыхтавала, дый навогул – праз колькі дзён звольнілася па ўласным жаданьні. “Куды ж ты пойдзеш?” – уздыхнуўшы, трывожна запытаўся рэдактар, намагаючыся зазірнуць ёй у вочы – хітрыя, халодныя, хворыя, адслоненыя, а Ірына з палохаючым ажыўленьнем пачала распавядаць пра Асырыйскае тэлебачаньне: заробак там плоцяць золатам і дыямэнтамі, апаратура проста супэр, графік вольны, прэстыж, а галоўнае – калі яна ня возьмецца за свае абавязкі ў наступны панядзелак, ёй у рот заліюць расплаўленае волава: у гэтага тэлеканала нават маецца за горадам адмысловы ўласны ліцейны цэх, куды накіроўваюць нязгодных, прычым транспартуюць іх туды абмазаных смалой, абваляных у пуху ды пер’і, з адсечанымі пальцамі, ды цягнуць праз усе галоўныя плошчы сталіцы. А ў газэце №13 няма ніводнага жраца, і працуюць тут адны еўнухі. “Зусім кранулася”, – часалі языкі калегі, а больш за ўсё высільваўся Мацьвей; гучалі прапановы адправіць Ірыну ў лякарню, каб не пакідаць у бядзе, аднак рэдакцыя рыхтавала сьвяточны нумар, і пра такі намер неўзабаве забыліся.
Пагатоў Ірына была бяскрыўднай вар’яткай. Пасьля яе звальненьня я некалькі разоў бачыў Ірыну на прэс-канфэрэнцыях: яна нязьменна адзначалася ў лісьце рэгістрацыі (І, кар. Асырыйскага тэлебачаньня), уладкоўвалася ля сьцяны, даставала з сумачкі памаду й люстэрка і, намагаючыся ня ссоўваць бровы, малявала над пераносіцай трэцяе вока. Апранутая ў дзіўныя строі: у чорным, завялікім для яе балахоне, з пацеркамі нейкіх таямнічых гліняных аскепачкаў на нямытай шыі, у майцы з паўсьцёртым надпісам “Assirijskoe TV”, заўсёды босая (балазе лета пачыналася сьпякотай), яна й бяз гэтага малюнку напачатку шакавала ўсіх прыстойных карэспандэнтаў. Некалькі разоў яна спрабавала задаць пытаньне высокім гасьцям, крыху абалдзелым ад свабоды, пануючай у журналісцкім асяродзьдзі, аднак Ірыне літаральна заціскалі рот, і неўзабаве яна супакоілася й да мікрафону больш ня лезла. Сядзела, зморана прысланіўшыся да сьцяны, жавала рысавыя зярняткі, па адным дастаючы зь бездані сваіх кішэняў. Навічкі глядзелі на яе з жахам, а І з годнасьцю аглядвала прысутных, і тыя адварочваліся. Яна не прапускала ніводнай прэс-канфэрэнцыі, і хутка зь ёй звыкліся, як звыкаюцца з бамжом або бяздомным сабакам, што абіраюць нас насуперак нашай волі.
Маленькі лекар
48.
Паводле правілаў, яны мусілі быць на месцы празь сем хвілінаў пасьля выкліку, аднак мінула ўжо гадзіна, а іхны рафік толькі выбіраўся з праспэкту. Было недзе каля апоўначы, горад пакрысе застываў, разьліты ў падрыхтаваныя каменныя формы; легкавікі з паднятымі каўнерамі і апушчанымі капюшонамі прапускалі хуткую дапамогу неяк неахвотна, сірэна даўно не працавала, і яе ролю бралі на сябе нямыя сьветлафоры. Маленькі лекар пазіраў на апусьцелы тратуар, дзе яшчэ ўчора шпацыраваў пад руку зь вельмі прыемнай паненкай, і яму было млосна й маркотна – хацелася напіцца або хаця б забыць зонд у чыёй-небудзь дупе. І, здаецца, асаблівых прычынаў для смутку не было, дый праца ягоная лекару заўсёды падабалася, аднак сёньня ад самага ранку пасялілася ў ім нейкая пошасьць, грызла за грудной клеткаю, замінала дыхаць. Ён апусьціў фортку й выкінуў недапалак – высек з начы пару вострых вясёлых зьнічак.
Маленькі лекар мог распавесьці шмат цікавых выпадкаў са сваёй працоўнай біяграфіі. Прыемныя паненкі чырванелі і адварочваліся, аднак калі ён дэманстратыўна замаўкаў, зазвычай пачыналі вымольваць працяг. Лекар лёгка пасьміхаўся й пасьля паўзы задавольваў просьбы: адной дзяўчынцы падабалася кахаць сябе з дапамогай матрошкі, і аднойчы матрошка засела ўнутры дзяўчынкі так, што выдастаць не было аніякае магчымасьці – давялося выклікаць хуткую, і маленькі лекар уласнаручна, адну па адной, даставаў зь небаракі ўсьмешлівых і мокрых чырвоных разанскіх бабаў. А яшчэ быў выпадак: мужыкі на гаражах паспрачаліся, хто разаб’е дзетанараджальным органам лямпачку – і калі ўся гарэлка была выпітая й народ сабраўся разыходзіцца глядзець футбол, аднаму, самаму маладому, пашанцавала. Крывішчы было... Маленькі лекар сам зашываў. Ня вельмі весела, натуральна, дый працаваць трэба было ў траскай машыне, а то гэты тэрмінатар і скончыцца мог, пакуль да лякарні даехаў бы; а мацюгамі лекара абклаў – не дай божа пачуць жанчынам! – аднак жа цяпер ёсьць што ўспомніць.
– Узорная, – прамармытаў скрозь зубы паджылы кіроўца. – Узорная... Гэта ж там, дзе кіно імя Жданава... Ну, дакладна там... Хаця... Можа, гэта ля матацыклетнага...
– А закрылі ж ужо кіно імя Жданава, – пазяхнула мэдсястра. – Я па тэліку бачыла. Божа мой, каму яно было трэба? Ваську з гаўназборачнага цэху?
Маленькі лекар зь нянавісьцю зірнуў на тупы твар мэдсястры – пустыя вочы, нізкі лобік і любоў да добрай жрачкі – і адвярнуўся да вакна. На душы зноў засьвярбела. Можа, сэрца. Трэба кідаць паліць. Эканомія выйдзе – пяцьдзесят рублёў на месяц, ён нядаўна лічыў.
– А я вось калісьці жонку ў гэтую кіношку вадзіў, – дабрадушна прамовіў кіроўца, налегшы на руль, – калі мы зь ёй толькі хадзілі яшчэ. Пацалаваў яе там упершыню, дуру гэтую. У сямідзясятым гэта было, ці не... Не, пастойце... А, ладна. Прыехалі.
49.
Як водзіцца, выбіраючыся з машыны, яны заблыталіся ў нейкім калючым кустоўі, і мэдсястра коратка, па-пралетарску, вылаялася: новыя калготкі. “Гэта шыпшына, амаль што ружа, – мягка сказаў Маленькі лекар. – Нас сустракаюць кветкамі”. “Хуеткамі”, – мэдсястра бессаромна задрала халат разам са спадніцаю, ацаніла маштаб стратаў і ажно плюнула ў цямрэчу ад злосьці.
Іх чакалі ўжо на лесьвіцы; засунуўшы руку ў кішэню, Маленькі лекар не разбуваючыся шырокім крокам ступіў у чужы лёс, мэдсястра йшла ззаду, пагардліва азіраючы абстаноўку. Кватэра была абстаўленая багата, але з клясычным безгустоўем. Іх вяла наперад па калідоры, румзаючы й прыцішана галосячы, разьдзьмутая жанчына з пашкоджаным ад шлюбу тварам, лекар па чарзе адлюстраваўся ў шкле цэлай чарады танных кічавых карцінак, якія прадаюцца па дзесяць рублёў штука ў сувэнірным адзьдзеле ГУМу. Пахла капустай і асьвяжальнікам паветра ў клязэце. З-за прыадчыненых дзьвярэй залі на гасьцей глядзелі з захапленьнем два хлопчыкі гадоў дзесяці – чыстыя, ламбразіянскія, непрыгожыя, зробленыя бяз боскага дазволу.
“Дзяцей чамусьці заўсёды захапляе блізкасьць чужой сьмерці”, – падумаў Маленькі лекар, і ягоная рука міжволі мацней сьціснула валізку. “Для іх гэта як новая гульня, у якую не адмаўляецца зь імі гуляць ніводзін дарослы”. Ён прыгадаў, як калісьці размаўляў з адным хлопчыкам на пахаваньні нейкай сваячкі. Дзіцё прызналася: яму падабаецца, што цётка Ліля памерла, бо на пахаваньне прыехалі адразу ж і дзядзька Алег, і бабуля, а бацькі ніколі раней не рабілі пікнікоў на прыродзе, а заўтра яны паедуць усе разам за горад, і можна будзе бегаць вакол помнікаў, і ў пакеце на століку будуць ляжаць печыва й шакаляд, і цётку Лілю, такую заўсёды нехарошую, можна будзе цяпер разгледзець зблізку й шапнуць над яе лбом: “Ты дурная фашыстка”, а калі труну стануць закопваць, можна пайсьці зьбіраць зь дзядзькам Алегам суніцы ў бліжэйшы лясочак, ён малады, прыгожы й з залатой запальнічкай.
– Дык што ў вас? – задуменна спытаў Маленькі лекар, калі яны спыніліся перад зачыненымі дзьвярыма. З суседняй спачывальні віднеўся край разабранага ложку.
– Я ж вам па тэлефоне сказала, – адразу перастала галасіць жанчына й разгублена паглядзела на мэдсястру, а тая перавяла позірк на лекара. Тут жа жанчына скрывілася й зарумзала з падвоенай сілай:
– Усё зжарэ, усё зжарэ, гад, алкаш, усё, што для дзяцей зьбіралі, усё, каб яго парвала, скаціна гэтая зжарэ, усё да рубліка, усё да далярчыка!
Маленькі лекар таргануў на сябе ручку зачыненых дзьвярэй, але тыя не паддаліся. Ён зьдзіўлена абярнуўся:
– Што гэта значыць – зжарэ? Што зжарэ? Патлумачце, што тут у вас адбываецца, а то, ведаеце, мы ня Дзед Мароз са Сьнягуркай, нас людзі чакаюць.
– Я ж сказала, сказала па тэлефоне, – загаласіла жанчына, кідаючыся Маленькаму лекару на грудзі, і мэдсястра гідліва зморшчылася. – Усё зжарэ! Памажыце, доктар, ну не ў міліцыю ж мне званіць! Усё зжарэ дзеўбануты гэты!
– Так, – Маленькі лекар адсунуў ад сябе жанчыну, глыбока ўздыхнуў, а потым амаль без замаху, прафэсійным рухам заляпіў па чырвонай шчацэ хвосткую аплявуху. Жанчына аслупянела, але плакаць перастала.
– Хуценька, – стомлена кінуў Маленькі лекар, прысланіўшыся да сьцяны. – Сутнасьць справы.
– Ён там зачыніўся, – жанчына шырока раскрыла вочы, а потым зьбянтэжана апусьціла іх долу. – Зачыніўся, п’е і... П’е і... і грашыма закусвае. Там усе нашыя зьберажэньні, там, у гэтым пакоі, у куфэрачку, амаль дзьве тысячы даляраў, а ён іх жрэ, падла. Памажыце, доктар!
– Дай ёй супакаяльнага, – махнуў рукой Маленькі лекар мэдсястры, якая ўжо крывілася ва ўсьмешцы, а сам адрывіста пагрукаў у дзьверы:
– Адчыніце, гэта ўрач!
50.
– Пайшла ў жопу! – пачуўся з таго боку цяжкі голас. – Мала я табе, муха...
Маленькі лекар хмыкнуў і паглядзеў на жанчыну, якая запівала пігулку. Вусны той зноў задрыжэлі.
– Трэба было псыхіятрычную выклікаць, – незадаволена прабурчаў Маленькі лекар. – Што ж вы нам тэлефануеце...
Ягоная рука міжволі забегала па кішэні ў пошуках цыгарэты. Дзеці ўсё выглядвалі з залі, і ў сініх іхных вачах чыталася задавальненьне.
– Так, выклікайце псыхіятрычную, а мы паедзем, – суха прамовіла мэдсястра, аднак Маленькі лекар узьняў далонь і, памаўчаўшы, зноў павярнуўся да дзьвярэй.
– Слухайце, адчыняйце, у грошах шмат небясьпечных для арганізму рэчываў, вы ж капыты адкінеце, грамадзянін!
– А па я ня хочаш? – такім быў адказ. Маленькі лекар паціснуў плячыма. “У міліцыю званіце”, – раздражнёна сказала мэдсястра, зазірнуўшы з чыстай цікаўнасьці ў спачывальню.
– Нельга ў міліцыю, – заплакала зноў жанчына. – Яго й так ужо забіралі... Тройчы...
– Ну што ж мы можам тут зрабіць? – Маленькі лекар паглядзеў на яе са шкадаваньнем. – Начаваць застацца? Гэта, дарэчы, першы паверх, так?
– А што ж мне рабіць?! – залямантавала жанчына, стукнуўшыся лбом аб сьцяну. – А што ж мне?... Усё зжарэ, ірад паганы, казёл гэты...
Маленькі лекар дастаў цыгарэту, і тут голас з-за дзьвярэй сумна прамовіў:
– А ты й праўда доктар?
– Праўда, – спакойна адказаў Маленькі лекар.
– Пакляніся, што ня мент.
– Клянуся.
– Чым?
– Мацяр’ю, – прашаптала жонка паядальніка грошай. – Мацяр’ю пакляніцеся.
– Мацяр’ю, – сказаў Маленькі лекар неахвотна.
Некалькі сэкундаў трывала маўчаньне, потым голас змрочна прамовіў: