– Доктар няхай зойдзе. Астатнім заставацца на месцы. Хто ўвойдзе – са стрэльбы пакладу, пёрнуць не пасьпееце.
– Стрэльба ў яго маецца, маецца, асабістая, паляўнічая, даўно забраць хацелі, – трывожна прашаптала жанчына. Сьлёзы яе зьніклі, вочы загарэліся. Мэдсястра ўзяла з рук лекара цыгарэту й пасунулася да выхаду. Замок шчоўкнуў, ўздрыгнула ручка. Маленькі лекар у думках разьвітаўся з прыемнай паненкай з праспэкту й штурхануў дзьверы.
51.
Хворы сядзеў проста на падлозе, пад адчыненай форткай, прысланіўшыся сьпінай да батарэі. Гэта быў нічым не прыкметны чалавек з тварам фабрычнай вытворчасьці, вочы глядзелі на Маленькага лекара са злой роспаччу, на лбе блішчэў пот; шчокі колеру бульбянога мундзіру, акругласьць скулаў, насавых дугаў і падбародзьдзя сьведчылі пра тое, што да моцных напояў Ірад Паганы зусім не абыякавы. Між выцягнутых ягоных ног у сініх спартовых нагавіцах стаяла бутэлька гарэлкі й тырчэў вінны келіх, бялелі цыгарэты; каля пятак, завяршаючы доўгае паўкола крошак, ляжала паўбуханкі чорнага хлебу – з нажом у пахілай сьпіне. У руцэ хворага й праўда матлялася стрэльба, і Маленькі лекар адчуў, як на ягоную постаць дрыжачай нябачнай сеткай падае прыцэл, узважвае, трымае, выпускае – і зноў захутвае сваім маленькім сьмертаносным ценем.
А наперадзе хворага ў маляўнічым бязладзьдзі, ледзь ня цалкам пакрываючы стракаты дыван, валяліся амэрыканскія грошы рознага ўзросту й з розным пачуцьцём уласнае годнасьці.
– Дзьверы зачыні й пра замок не забудзь, – сіпла прамовіў пацыент, апусьціўшы стрэльбу руляй уніз, і Маленькі лекар падпарадкаваўся. Зноў апынуўшыся твар да твару з паядальнікам даляраў, лекар асьцярожна ступіў наперад, спыніўся ля самага краю дывана ды аглядзеўся вакол.
Гэта быў, відаць, найменш абжыты пакой ува ўсёй кватэры. Тут панавала чысьціня, якую не псавалі нават дзіўны гармідар на падлозе, салодкі перагар й гаспадарская фігура пад вакном. Ля сьцяны стаяў ахайна засьцелены шырокі ложак, другую сьцяну падпіраў буфэт, за шклянымі перагародкамі якога пыліліся розныя крышталёвыя ды парцалянавыя пасудзіны ды сасуды. З вузкай шафы зьлева ад дзьвярэй віднеліся драўляныя вешалкі – усё, што засталося ад прыезджых дзядзькоў і цётак. Тыповы пакой для гасьцей. Занадта вялізная хата для тых, хто жыў у інтэрнаце або памятае камуналкі. Добра яшчэ, што не зрабілі з гэтага пакоя кладоўку.
– Ды ты сядай, ня стой, – заварушыўся гаспадар. – Халат здымай...
– Ды тут... Дзьме, – прамармытаў Маленькі лекар і апусьціўся на край дывана, не засеяны зелянінай. Гаспадар, крэкчучы, падняўся на ногі й, не выпускаючы з рукі стрэльбы, хутка дастаў з буфэту келіх, наліў і паставіў перад госьцем:
– Цябе як завуць?
Маленькі лекар назваў сваё ймя й дакрануўся да келіху. На дне ягоным гарэла барвовае колца: калісьці тут пілі кагор, хрумсьцелі шакаляднай фальгой, рабілі пляны, чакалі дзіцячага крыку, чакалі пракураных мужчын зь лесьвічнай пляцоўкі, у пакамечаных касьцюмах, якія яны ніколі не навучацца насіць.
– А мяне, – прадставіўся хворы й прыўзьняў высокі келіх. – Я на аўтобусе працую... На трыццаць першым зазвычай... Ну давай, за знаёмства.
І Маленькі лекар адпіў амаль палову: барвовае колца на дне здрыганулася, пахіснулася, і доўга яшчэ вярталася ў належныя межы.
– А ты, значыць, доктарам, – кіроўца аўтобусу адрэзаў ад буханкі лусту, паклаў на калена, імгненна парваў на шматочкі старую пяцідзесяцідаляравую купюру, пасыпаў імі хлеб і, скрывіўшыся, гучна зачвякаў. – Танька, дура, выклікала... Зусім ад рук адбілася.
52.
– Ты вось думаеш, што я дзеўбануўся ўшчэнт, – спакойна прамовіў кіроўца, паволі й спраўна гатуючы свае прымітыўныя бутэрброды й раскладаючы іх у цэнтры дывана. – Думаеш, я дэбіл, і навогул на галаву... карацей, на галаву таго... А я табе вось што скажу.
Гаспадар узяў бутэльку, нахіліў яе над келіхам Маленькага лекара, аднак тут жа торгнуўся, нібыта яго ўкусілі, і пакрыўджана адвярнуўся да вакна: так ня пойдзе. Маленькі лекар неахвотна дапіў, і дзіва дзіўнае – як толькі барвовае колца агалілася й засьвяціла ярчэй, яму захацелася паўтарыць. “О цэ діло”, – блякла пасьміхнуўся кіроўца й шчодра напоўніў келіх.
– А я вось што скажу, – яны выпілі. – Не сьпяшайся ніколі з высновамі. Ты спачатку чалавека выслухай, потым сябе на яго месца пастаў, а потым ужо лячы. Выслухаеш ды паставіш – вось тады, можа, і сам да яго на лячэньне прыйдзеш. Вось так. Ды што ты ўсё старыя гэтыя бярэш, ты вось гэты, з новай, хрумсьціць яшчэ, а, чуеш як хрумсьціць? з новай вазьмі. Дзясятка, праўда, ды ім жа, пагадзіся, ужо ўсё адно.
– Многа ты ўжо? – запытаўся нерашуча Маленькі лекар. – Многа зьеў?
– А хто іх ведае, – адмахнуўся кіроўца, кладучы ў рот яшчэ адну пяцідзесятку. – У трыбуху яны ўсе – адна папера. Ты вось думаеш – навошта ён грошы жрэ? А мне нядаўна, можа, азарэньне было!
За дзьвярыма пачулася жаночае галашэньне, а потым голас мэдсястры са старой песьняю пра міліцыю.
– Справа была такая, – кіроўца з бачным намаганьнем пракаўтнуў рэшткі закускі, адрыгнуў, потым раптам схапіў бутэльку й затаўкнуў назад ванітоўны рэфлекс. – Перад дваццаць трэцім было. Ноч ужо, я ў парк еду, пусты. І вось жа стукнула мне двух падабраць ля тэатру опэрнага. Нармальныя хлопцы, здаецца, ну, выпілі, відаць, трохі...
Кіроўца ўскочыў, кінуўся ў кут, і пасьля кароткага вывяржэньня, прапаласкаўшы рот гарэлкай, працягнуў свой аповед. З-пад ложку выпаўз зеленаваты струмень, упёрся ў край дывана й замёр.
– Трохі не даязджаем мы да парку, яны ўсё маўчаць. Я дзьверы адчыняю, чакаю, пакуль выйдуць. Я ж ня шваль якая кантралёрская, квіткі ніколі не правяраю, туё-маё там... Не выходзяць. А той які маладзейшы падыходзіць да кабіны ды кажа: “Э не, стары, нам далей. Паехалі. Да Затрамвайшчыны”. Я кажу: “Мужыкі, трыццаць рублёў, і таксі ваша”. А яны тут на мяне як наехалі: ты ня ведаеш каго вязеш, круці баранку, а то... Сам разумееш, доктар. Ну, мы пагаварылі трохі, выкінуў я іх з салону ў сьнег – ды дахаты. Слухай, доктар...
Кіроўца дыхаў цяжка, вочы ягоныя наліліся крывёй, ён схапіў Маленькага лекара за рукаў, зазірнуў у самыя зрэнкі, потым паслабіў хватку, адкінуўся да батарэі.
– Слухай, паліва скончылася, трэба ў начнік зьбегаць. Э-э-э... Добра, пацерпім. Карацей, на наступны дзень, цёмна ўжо, зноў прыязджаю я ў парк... Ноч, я па кабіне рэчы зьбіраю, туды-сюды – а тут тыя двое, гляджу, перад аўтобусам стаяць. Зьніадкуль проста зьявіліся. А зь імі – яшчэ чалавек пяць, я твараў не разглядзеў, а тых дваіх вось добра, на ўсё жыцьцё запомніў... Я скеміць нічога не пасьпеў, а яны аўтобус бэнзінам аблілі і запальнічкай – пстрык. Я ў кабіне сяджу, што за вокнамі ўжо ня бачу, вагонь вакол, аўтобус гарыць як папера. Ну, я тут... Як кажуць, усё жыцьцё перад вачыма прайшло. І тут адчуваю – нехта мяне па плячы ляпае, мякка так, як баба. Паварочваюся – а гэта мужык такі, увесь у чырвоным, і валасы гараць, і рукі. Адкуль узяўся? – я ж, здаецца, усіх яшчэ каля паліклінікі высадзіў. У мяне ногі ватныя, выскачыць хачу й не магу. Гляджу я на гэтага, а ён пасьміхаецца, як попік, і пальцам абгарэлым на вокны раптам паказвае. Я зірнуў – а там ужо не вагонь, а даляры, грошы гэтыя, каб яны ўнылі, уюцца, як сьнег уюцца... Грошай як саранчы проста... Я вочы заплюшчыў, дзьверы адчыніў і ў іх...
Маленькі лекар паглядзеў у келіх: барвовае колца на дне скакала й скручвалася ў сьпіралькі. “Трызьніш, трызьніш”, – закрычаў ён весела, але не пачуў свайго голаса, і прыкусіў язык. Кіроўца ўтаропіўся ў адну кропку й працягваў:
– Падаю я ў гэтую грашовую завіруху, усё падаю й падаю, і не відаць ёй ні канца, ні дна... Вакол адны грошы. Тады я, відаць, прытомнасьць і страціў. Адрубіўся як... Ну, ты разумееш. Ты слухай.
– Я слухаю, – прамармытаў Маленькі лекар. У дзьверы цяжка, грузна бухнула, і потым голас жонкі вылаяўся – па-мужчынску, мудрагеліста й рычліва.
– Тараніць... – скрывіўся кіроўца. – А вось я табе...
Ён узьняў рулю й спусьціў курок, але стрэльба толькі бясьсільна шчоўкнула.
– Карацей, ачуняў я ў нейкім пакоі. Невялікім такім, як палова гэтага. Ні вокнаў, ні мэблі, ні дзьвераў. Нічога. Гладкі як залупа. Толькі ў куце нешта валяецца. Паўдні я ў ступары праляжаў, а пад вечар падняўся. Жэрці захацелася, ды ўсё астатняе: чалавечае ў ва мне прачнулася, ажыў я. Падыйшоў зірнуць, што ж там у куце. Гляджу, а гэта мужык нейкі, у касьцюме дарагім, культурны такі мужык. Толькі мёртвы. Ну праўда – мярцьвей не бывае. Вочы вылезьлі, і сьмярдзець пачынае. А ў руцэ ў нябожчыка – чамаданчык. Як бы мне пагана ні было, а потым я чамаданчык праверыў. Далярамі набіты пад завязку.
– Нешта гэта ўсё мне...
– Ды ты слухай далей, знахар. Хутка я ўжо зусім час страціў: колькі цяпер, і які дзень, і дзень ці ноч: хто яго знае? Доўга баяўся падыйсьці да мерцьвяка гэтага, аднак потым наважыўся: даляры сабраў, па кішэнях парасьпіхваў, сяджу, чакаю немавед чаго. Мінае, ну, скажам, пару гадзін, я вуглы ўсе абгадзіў, і адчуваю: з голаду падыхаю. І піць хочацца. Празь нейкі час ад голаду й смагі зноў адключыўся. У пакоі ні лямпачак, ні фіга, а сьветла, як днём. Прачынаюся: холадна, зуб на зуб не трапляе, адчуваю: усё – паміраю. Ну, думаю, пара мерцьвяка есьці. Нос затыкаю, падпаўзаю да яго, азіраю: бляваць хочацца, а няма чым. І тут заўважаю – так, ведаеш, левым вокам – грошы з маёй кішэні тырчаць. Я іх паклаў у рот, пажаваць, страўнік падмануць. Палягчэла. Яшчэ пажаваў. Смачна, ё-т акаёт! Так я некалькі паперак зжор. Адчуваю – сілы вярнуліся. Пажыву яшчэ, думаю, пажыву.
Кіроўца радасна ўсьміхнуўся самому сабе, пацёр нос, а калі адняў руку, вусны ягоныя зноў былі набрынялыя тугою. Ён зазірнуў у бутэльку й расчаравана ўздыхнуў:
– Пакапаўся я па кішэнях у таго дохлага і што, як ты мяркуеш, знайшоў? Паўлітровічак! Цалюсенькі! Выпіў, сагрэўся, наеўся-нажорся й заснуў. Прачынаюся, а тут дзьверы адчыняюцца і баба заходзіць. То, разумееш, на дзьверы ні намёку, ні шчылінкі не было, а тут – і дзьверы, і баба. Я на яе, так і так, а яна ў крык і ўцякаць. Потым зноў – ні дзьвярэй,ні бабы. Я яшчэ далярамі закусіў і зноў спаць. А што ж мне рабіць: сілы трэба. Цэлы дзень я тую бабу клікаў. Цішыня. Так я і жыў у гэтым пекле – доўга, можа, зь месяц , у мяне там календара не было. Баба потым яшчэ некалькі разоў прыходзіла. Спачатку крычала ды ўцякала, а потым на які час заставацца пачала. Па вуглох пачысьціць, мерцьвяка дэзікам спырсьне. А неяк яна памыла, сыходзіць – а я яе за азадак: ідзі сюды, мілая. Ну, мы зь ёй таго сяго, яна й не супраціўлялася. Потым пачала штодня прыходзіць, жратву прыносіла, але я ўжо ўсё – бяз баксаў не магу. Як маракі да рыбы прывыкаюць, так я да гэтых паперак. Фірмовая страва ў нашым рэстаране. Баба гэтая мяне, дура, адвучыць хацела – на, кажа, катлет табе, а неяк, памятаю, селядца прыцягнула. Мяне званітавала адразу, як я гэтыя хвасты пабачыў. Яна ж, муха паганая, скандаліць пачала. Міліцыяй пагражаць, падла. Заб’ю яе як-небудзь, зуб даю – заб’ю. Я вось і стрэльбу здабыў... Э, ты куды? Стаяць!
Маленькі лекар пакорліва спыніўся й нават прысеў на кукішкі ў цэнтры закіданага грашыма дывана. Кіроўца задаволена шчоўкнуў стрэльбаю ды ікнуў.
– А потым прачынаюся неяк, – гаспадар ужо, бадай што, роў, ды потым нечакана голас ягоны сьціх, і ён працягваў спакойна й стомлена, – а таварыш гэты, які ў куце з чамаданчыкам валяўся, стаіць перада мной – у халаце белым, увесь такі туё маё, што ты што ты... Ну проста фэльчар са здраўпункту.
Кіроўца зноў ікнуў:
– Холадна мне... Не паверыш – холадна. Слухай, гарэлкі няма, трэба схадзіць... Зьлётаеш? А, ладна, пайшлі разам. На двары пагаворым. Тут начнік блізка.
Хістаючыся, кіроўца сунуў у кішэню ахапак купюраў, некаторыя пападалі на галаву Маленькага лекара, і той сам зьдзівіўся, як мала яго ўсхваляваў гэткі дождж. Спрытна, каб ня рыпнулі шыбы, гаспадар адчыніў вакно, удыхнуў на поўныя грудзі чорнага, пераднавальнічнага паветра, і яны па чарзе ціха вылезьлі на двор.
Фатаграфія Моцарта
53.
Калісьці, шпацыруючы па праспэкце й разглядваючы мэмарыяльныя дошкі на сьценах дамоў, Кармушкін почасту разважаў пра тое, што клясыкі айчыннага мастацтва так і ня здолелі стварыць нічога вартага ўвагі менавіта з прычыны пражываньня ў цэнтры гораду – вокны іхных заслужаных жылішчаў выходзілі на самыя шумлівыя й загазаваныя вуліцы, што, натуральна, замінала плённаму творчаму працэсу. Вось і кватэра народнага кампазытара Івана Хруля, дзе пасьля сьмерці гаспадара адкрылі ягоны музэй, глядзела з-пад фіранак, нібыта з-за цёмных акуляраў, на вуліцу Бэндэ, адкуль да праспэкту было рукой падаць; уся зарослая платнымі аўтастаянкамі, з консульствам невялікай, але ўплывовай замежнай дзяржавы ў адным канцы і будынкам банку ў другім, вузкая, тлумная, яна не належала да тых, дзе Кармушкін хацеў бы адшукаць сваю неўміручасьць. Дамы тут ня мелі больш за чатыры паверхі, аднак вышынёй пераўзыходзілі любую хрушчоўку: усё таму, што пакоі ў тутэйшых кватэрах былі прасторныя, столі высокія, вокны шырокія – нібы ў школьных тэмах па замежнай мове. Цяпер практычна кожная кватэра ў гэтым раёне была здадзеная гаспадарамі ў арэнду пад офіс, і старыя, рамантычныя вокны трапілі за краты, пад апеку шклопакету, і толькі музэй народнага кампазытара вылучаўся сваімі састарэлымі шыбамі, шызымі, як галубы, якія любілі кахацца на ягоных падваконьнях. Бо кватэра, дзе некалі жыў і тварыў Іван Хруль, месьцілася на апошнім паверсе.
Не, Кармушкін хацеў бы працаваць у вежы са сланоўяй косткі й бачыць праз байніцы белыя ветразі на марскім даляглядзе ці, прынамсі, тралейбус раз на гадзіну. Аднак пасьля таго, як са сваім дыплёмам мэнэджэра культуралягічных праектаў трыццацігадо-вы Кармушкін так і ня здолеў знайсьці працы, яму давялося задаволіцца пакуль пасадаю супрацоўніка музэю Івана Хруля.
Зусім нядаўна пераступіў ён парог гэтай змрачнаватай кватэры, адлюстраваўся ў партрэтах і фота, пакінуў адбіткі пальцаў на кнігах, пазнаёміўся з чатырма ачаравальнымі старымі: Нінэль Пятроўнай, Адэлаідай Самойлаўнай, Нінай Баляславаўнай і Ядзьвігай Карлаўнай, якія ўсьміхаліся яму добрымі шчарбатымі іртамі і паабяцалі не нагружаць лішняй працай, бо “у маладых павінны быць іншыя клопаты – хі-хі”, мілыя бабулькі ў аднолькавых фартучках, падобныя адна да адной як кубачкі з гарбатнага набору; еў варэньне сярэбранай лыжачкай, выцер пыл зь піяніна, зламаў друкавальную машынку мэтра, правёў экскурсію для аўтобуснага парку нумар пяць і даў кароткае інтэрвію сямейнаму тэлеканалу пра ўдзел Івана Хруля ў вялікай і вельмі айчыннай вайне. Мінуў месяц.
54.
У той дзень яны скончылі працу раней чым звычайна – назаўтра мусіў быць дзяржаўны выходны. Першымі сышлі, памахаўшы Кармушкіну суханькімі ручкамі, Адэлаіда Самойлаўна і Ніна Баляславаўна, потым, пачаставаўшы яго хатнімі піражкамі, адправілася адпачываць Ядзьвіга Карлаўна. Кармушкін даўно й сам мог бы быць дома, аднак у музэй завітала дачка клясыка Ларыса, прывезла нейкія накіды, знойдзеныя сярод рэчаў Івана Хруля на лецішчы, і Кармушкін як адзіны, хто быў абазнаны ў нотнай грамаце, мусіў праверыць, ці не пашчасьціла музэю адкрыць новыя старонкі творчасьці кампазытара. Як высьветлілася, усе накіды былі ўсяго толькі чарговымі чарнавікамі вядомых хрулевых хітоў. А палове на пятую Кармушкін праводзіў Ларысу да таксі, вярнуўся, разьвітаўся з Нінэляй Пятроўнай, якая паводле дакумэнтаў лічылася загадчыцай музэю, і выйшаў на лесьвічную пляцоўку. Ён дачакаўся ліфту, у шчасьлівым прадчуваньні выходнага, даехаў да першага паверху; дзьверы расчыніліся, ён спусьціўся да дзьвярэй пад’езду, сунуў руку ў кішэню, каб па звычцы запаліць цыгарэту, і ўспомніў, што забыў пачак разам з запальнічкай на бальконе музэю.
Гэта быў маленькі балькончык, памерам ня больш за ванначку для немаўлятаў – такіх шмат на дамох у цэнтры гораду: старыя выходзілі туды, каб паліць кветкі, Кармушкін – каб цыгарэты. Нішто не магло сапсаваць Кармушкіну настрою; ён вярнуўся, шпаркай хадою прайшоў у далёкі пакой, забраў пачак і запальнічку, паклаў у кішэню. У гэты ж час Нінэль Пятроўна мімаходзь агледзела памяшканьні, усьміхнулася свайму адлюстраваньню, паправіла фатаграфію, на якой Іван Хруль прымае ў падарунак ад тульскіх майстроў катрынку, выйшла на пляцоўку й з пачуцьцём выкананага доўгу замкнула масіўныя музэйныя дзьверы з залатой шыльдай на тры рашучыя вісячыя замкі. Мінула трыццаць сэкундаў: Кармушкін, перадолеўшы раптоўнае галавакружэнь-не, дабраўся да перадпакою – Нінэль Пятроўна села ў ліфт. Яшчэ хвіліна: Кармушкін усё торгае за ручку; Нінэль Пятроўна выходзіць на вуліцу Бэндэ. Яшчэ шэсьцьдзесят сэкундаў: Кармушкін кідаецца на балькон – Нінэль Пятроўна адкрывае парасон, бо Гідрамэтэацэнтр зноў памыліўся – Кармушкін бачыць унізе некалькі дзясяткаў аднолькавых парасонаў, зьнясілена праводзіць ілбом па шкле й вяртаецца ў кватэру – Нінэль Пятроўна падымае вочы, усьміхаецца балькончыку, глытае некалькі дажджавых кропляў і рушыць у мэтро. Дождж ідзе не даўжэй за рэклямны ролік. Зноў зьяўляецца сонца, вуліца ўспыхвае, як ахопленая пажарам ювэлірная крама, Кармушкін сядае да тэлефону, але ўсе працоўныя ўжо, а ўсе хатнія – яшчэ.
55.
На кухні адмыслова для супрацоўнікаў музэю быў адгароджаны куточак – там бабулькі звычайна пілі гарбату зь печывам, вялі свае мудрыя размовы; там ля вакна стаяла невялікая пліта, а зьлева – чатыры нічым не адрозныя тумбачкі, у якіх старыя захоўвалі свае сьціплыя асабістыя рэчы. На тумбачцы Нінэль Пятроўны блішчэў імбрычак, усаджаны на драўляную падстаўку, побач у слоічку жаўцеў цукар, кульгаў слон цераз пачак гарбаты: усё гэта было агульнае, захацеў – падыходзь ды гатуй. На падваконьні ляжаў стос газэтаў, на ім – яшчэ адзін слоік, у якім захоўваліся лыжачкі. Завяршалі інтэр’ер гэтага пакою адпачынку букецік высахлых ландышаў у старой вазе, пакет з апэтытнымі крошкамі ды фатаграфія маладога Моцарта ў рамцы.
Кармушкін сваёй тумбачкі ня меў – не заслужыў пакуль, дый якія асабістыя рэчы ён мог сюды прыносіць – хіба што сродак супраць молі. Ён з уздыхам абвёў вачыма закуток, паставіў на пліту імбрык; пакуль кіпяцілася вада, ён пасьпеў папаліць у фортку ды пагартаць нейкую добра выдрэсыраваную газэту зь першага дзясятку. Навіны, як заўсёды, не ўразілі: першая паласа прапаноўвала рэпартаж з адкрыцьця новай станцыі мэтро, прычым шуму было столькі, нібыта на горад зваліўся марсіянскі касьмічны карабель; на другой ішлі бадзёрыя рапарты аб падрыхтоўцы да галоўнага дзяржаўнага сьвята; трэцяя была аддадзеная статку траваядных парнакапытных спартсменаў, а на чацьвёртай псавала зрок чытачу мноства дробных інфармацыяў пра культурнае жыцьцё сталіцы – у філярмоніі меўся выступіць ансамбль “Яромка”, недзе адкрываўся нейкі чарговы тэатр-аднадзёнка пад дзіўнай назвай “Мінус”, а культавы ў асяродзьдзі сталічнай моладзі мастак быў заняты праектам да ўсё таго ж доўгачаканага сьвята... Карацей, шмат рознай брахні й лабуды. Сярод яе ўзгадваўся й мэмарыяльны музэй Івана Хруля – ён, ведаеце, запрашаў на выставу “Пастаю над ракою жыцьця...”, прысьвечаную дваццацігодзьдзю з дня першага выкананьня гэтай песьні.
Кармушкін вярнуў газэту на месца й з кубачкам у руцэ пайшоў акурваць параю сваю турму.
56.
Перш-наперш ён усё ж накіраваўся да тэлефону, аднак той, на злосьць, цяпер не выдаваў нават гудку. “Трэба было заводзіць мабільны”, – ледзь не расплёскаў гарбату Кармушкін, ды хутка супакоіўся: у рэшце рэшт, можна нешта прыдумаць, каб вырвацца з гэтага нечаканага палону. Не сядзець жа яму тут да пасьлязаўтра, у гэтай кватэры, дзе бяз добрых бабулек адчуваеш сябе як у адной дамавіне з самім Хрулям.
Урэшце пасьля задуменных блуканьняў па музэі ён спыніўся ля вялікага, на палову сьцяны, партрэту Івана Хруля, выкананага перад самай сьмерцю маэстра адным заслужаным, узнагароджаным усім чым можна і ўсім чым нельга, да немагчымасьці народным мастаком. Аўтар патрэту спэцыялізаваўся на партызанах – за сваё жыцьцё ён напісаў іх столькі, што ўрэшце кожны, хто трапляў пад пэндзаль мастаку, будзь тое дзіця або цяперашні галоўнакамандуючы, атрымліваўся на палатне падобным да народнага мсьціўцы. Вось і тут Іван Хруль глядзеў на наведнікаў гэткім дзедам Талашом: сялянская сівізна ў ягоных валасох не абяцала нічога добрага, а знакаміты гармонік, здавалася, таіў у нутрох бомбу. Белыя геніяльныя пасмы на макаўцы маэстра гнеўна стаялі тарчма, нібы за сьпінай Івана Хруля быў уключаны фэн; з-пад расшпіленай кашулі пад відавочна малым кампазытару пінжачком віднеліся кранальныя старэчыя грудзі, таксама парослыя сівымі валасамі. Іван Хруль сядзеў на лаве ля хаты, а справа ад яго падсьлепавата вызіраў з-за плоту банальны айчынны далягляд.
Кармушкін адыйшоў на крок і ўважліва паглядзеў кампазытару ў вочы. “Бутэлечку пустую можна будзе ўзяць?” – адказаў нашчадку позірк славутага майстра, і Кармушкіну стала сорамна.
57.
У гэтым жа пакоі былі і іншыя цікавыя экспанаты. На стале пад шклом захоўваліся чарнавікі вершаў яшчэ жывога паэта Петруся Жучка – менавіта на ягоныя радкі Хруль клаў сваю неўміручую музыку. Чарнавікі, праўда, былі падазрона чыстымі, аднак у прастадушных наведнікаў гэта ніколі не выклікала падазрэньня. А каля самага вакна ў чорным футарале на пюпітры ляжаў бінокль.
Хаця Кармушкін працаваў у музэі яшчэ зусім нядоўга, яму ўжо былі вядомыя некаторыя тутэйшыя таямніцы – з тых, пра якія ня пішуць у газэтах і кніжках. Прынамсі, у зборніку “Нашы славутыя землякі”, выпушчаным летась, пра гэта не было ані слоўца. Вось, напрыклад, бінокль – спачатку Кармушкін ніяк ня мог даўмецца, навошта кампазытару быў бінокль (Нінэль Пятроўна паставіла за мэту захаваць усе рэчы, якія знаходзіліся ў кватэры перад сьмерцю гаспадара, у поўнай наяўнасьці й на сваіх месцах). Праўда Кармушкіна вельмі пацешыла. Ад гэтага часу многія песьні Хруля сталі ўспрымацца ім ня так адназначна...
Дакладна вядома, што знакамітая “Сябровачка” была створаная 25 ліпеня 197... году. У той дзень пад вечар да Івана Хруля прыйшоў у госьці Пятрусь Жучок. Жонка Хруля, цяпер нябожчыца, капалася ў гэты час на лецішчы й мелася прыехаць заўтра. Творцы выпілі па бутэльцы гарэлкі, закусваючы капустай ды салам, і паэт дастаў з партфэлю бінокль – моцную, учэпістую, востравокую вайсковую штуку. Хруль і Жучок сталі ля вакна, прыкрыўшыся фіранкаю, і пачалі высьвятляць, што дзеецца ў доме насупраць. Амаль адразу ж Жучок натрапіў на прыгожую піянэрку гадоў чатырнаццаці, якая, ратуючыся ад невыноснай сьпёкі, хадзіла па сваёй хаце ў чым маці нарадзіла. Больш моцны фізычна, менш п’яны й больш валявы Хруль забраў у Жучка бінокль і цэлую гадзіну натхняўся сузіраньнем чыстае красы. Жучок жа, якому перапала хіба дзьве хвіліны далучэньня да хараства, быў пасаджаны за пісьмовы стол з заданьнем не марудзячы выдаць тэкст. За ўсім гэтым назірала праз шчылінку ў дзьвярох дачка Хруля Ларыса, якая й распавядала цяпер кожнаму гісторыю стварэньня песьні – за цыгарэту або шклянку віна.
А хіт усіх часоў і народаў “Таварыш блізка і далёка”? Ларыса, якая часта заставалася ў дзяцінстве дома з п’яным бацькам, пакуль мама была на працы, распавядала неяк, як стваралася гэтая песьня. Адзін маёр, вялікі прыхільнік хрулёўскай творчасьці, завітаў неяк да кампазытара з каньяком. Выпілі, паглядзелі балет, ацанілі ногі ў кожнай лебедзі. Маёр вырашыў пастраляць па птушках – адчыніў вакно, дастаў пісталет, ды і выляцеў вонкі. Хруль кінуўся на падваконьне, хацеў дапамагчы, аднак раптам дэман натхненьня сказіў ягоны праставаты твар, маэстра схапіў гармонік ды за пяць хвілін прыдумаў прыпеў для “Таварыша”. Тэрмінова быў выкліканы Жучок, і празь месяц твор атрымаў галоўную ўзнагароду Елабускага фэстывалю патрыятычнай песьні.
“Мора”, пад якое так шмат было выпіта за апошнія гады насельніцтвам рэспублікі, таксама мела сваю патаемную крыніцу. У суседнім пакоі музэю знаходзіўся яшчэ адзін партрэт: Іван Хруль на палубе цеплаходу, прысланіўшыся да парэнчаў, сьпявае пад уласны акампанімэнт – рот кампазытара раскрыты, і ў глотцы можна заўважыць хвосьцік непражаванай музы. У сьвеце толькі дзесяць чалавек, улучна з Кармушкіным, ведалі, што за ўнушальнай рамай карціны знаходзіцца адмысловая ніша, прыкрытая дзьверцаю. Тайнік зьмяшчаў у сабе невялікі, але заўжды гатовы задаволіць усе душэўныя парываньні бар, дзе знаходзілася месца ня толькі любімым прадуктам заводзкай вытворчасьці, але й клясычнаму самагону, чыстаму й гаючаму, нібы марская вада з пахмельля, – яго славутаму земляку спраўна пастаўлялі жыхары вёскі Мяропхі, што на Жабаўшчыне.
58.
І піяніна стаяла ў гэтым пакоі, як жа яму тут не стаяць – хаця было агульнавядома, што Іван Хруль заўжды аддаваў перавагу вясёламу гармоніку, жонка трывала і іншыя інструмэнты. Апрача піяніна, ад кампазытара засталіся гітара ручной работы, скрыпка, якую ён купіў за бутэльку чарніла падчас нейкай агіткамапаніі ў рыкаючага ўжо ад п’янства маладзёна, – на такой скрыпцы, мусіць, граў калісьці сам Сымон-музыка; кампанію ім складалі клярнэт, труба і, невядома чаму, барабанныя палачкі. Усё гэта было зваленае ў суседнім пакоі – Кармушкін аднойчы хацеў прывесьці калекцыю да ладу, аднак Нінэль Пятроўна забараніла: “Зьнікне аўра!”
Кармушкін паставіў на піяніна кубачак і паспрабаваў зноў скарыстацца тэлефонам. Пракляты апарат маўчаў. На вуліцу, між тым, неяк непрыкметна ўпалі першыя вечаровыя цені, навялі рэзкасьць на абрысы прадметаў, зайшло сонца, па вызваленых гарачых каляінах праляцеў вецер, астудзіў горад, нагадаў пра нядаўні кароткі дождж. Кармушкін адчыніў вакно, цяжкія фіранкі здрыгануліся й зноў налеглі жыватамі на падваконьні, лянотна скінуўшы сьвежыя пылінкі. Кармушкін прагна ўдыхнуў прахалоду й гэта надало яму рашучасьці. Дапіўшы рэшткі гарбаты, ён накіраваўся да балькону.
Да бліжэйшай вадасьцёкавай трубы было мэтраў пяць, і пры вялікім жаданьні і ўпэўненасьці ў нагах можна было паспрабаваць адолець гэтую адлегласьць, рухаючыся па гранітным гаўбцы, што апярэзваў дом. Справа ад балькончыку сыходзіла яшчэ мокрымі пасьля дажджу мэталічнымі прыступкамі ўніз пажарная лесьвіца. Да яе было рукой падаць – была б толькі рука сантымэтраў на трыццаць даўжэйшая. Кармушкін аглядзеўся, і перажагнаўся ў душы, і нават таргануўся наперад, але тут жа ўцягнуў сваё перапуджанае цела назад, і адчуў вялікую сарамлівую радасьць. У пятках кальнула, сэрца заныла, і потым яшчэ колькі сэкундаў страх салодка таяў унутры.
– Дзяўчаты, – крыкнуў Кармушкін дзьвюм юным істотам, што ў непрасохлых футболках і міні-спадніцах праходзілі якраз пад вакном – так блізка, што можна было заўважыць адсутнасьць станікаў. – Дзяўчаты, – паўтарыў ён, але зразумеў, што насамрэч усяго толькі шэпча. Дзяўчаты аддаляліся. Кармушкіну было вельмі няёмка. Аднак гэта было ўсё ж прасьцей, чым лезьці на сьлізкі й вузкі гаўбец. Ён заплюшчыў вочы й цяпер ужо напраўду заенчыў:
– Дзяўчаты!
Тыя пачулі, спыніліся, павярнуліся, пашукалі, паціснулі плячыма, потым нарэшце паднялі коратка стрыжаныя галовы ўверх.
– Дзяўчаты, дапамажыце, калі ласка. Мяне тут замкнулі выпадкова, не маглі б вы патэлефанаваць, я вам нумар скажу, і паведаміць, што Сяргей...
Адна зь дзяўчын нецярпліва пацягнула за сабой другую. Другая паморшчылася.
– Гэта праўда, нумар тэлефону – дзьвесьці дваццаць... не, гэта ня той... дзьвесьці...
– Хадзем, Кацька, – і дзяўчаты рушылі наперад, паказаўшы Кармушкіну ладныя сьпіны, з-пад маек выпіралі вострыя лапаткі, патыліцы былі выстрыжаныя так мудрагеліста, што іх можна было прыняць за твары. Каля аркі адна зь іх павярнулася й памахала Кармушкіну рукой:
– Парань, ты ня каціш! Ня каціш!
Кармушкін хацеў паспрабаваць яшчэ, але няўдача раптам забіла ў ім усю рашучасьць. А вуліца, звычайна такая ажыўленая, дзелавая вуліца, была цяпер паўпустая. Кармушкін стаяў на балькончыку, паліў, углядаўся ў прахожых, і чамусьці яму трапляліся адны бамжы. Чорнай кропкай у канцы вуліцы мігцеў засунуты ў будку каля консульства міліцыянт. Справа няўхільна ішла да шарай гадзіны. Кармушкін вярнуўся ў кватэру, пабарабаніў у сьцяну, хаця цудоўна ведаў, што за ёй кватэру здавалі пад офіс, і ў такі час напярэдадні выходнага тамака нікога няма, – і потым бясьсільна апусьціўся ў фатэль.
59.
Заставалася чакаць, пакуль ня ўключыцца тэлефон. Кармушкін паказаў язык партрэту Івана Хруля, дастаў нейкую газэтку за семдзесят дзявяты год і пагрузіўся ў чытаньне. Дакладней, вельмі хацеў пагрузіцца – у галаву палезла ўсялякая дрэнь, як мышы, набеглі пытаньні без адказаў: шкодная рэч для чалавека гэты вольны час, нічога добрага не прыносіць, пачынаеш шукаць сэнс жыцьця ці прыдумваць вершы, замест таго каб наталяцца здаровым адпачынкам і зараджацца моцаю дзеля заўтрашняга радаснага працоўнага дня. Кармушкін трымаў на каленях пажаўцелую газэту, а Іван Хруль паглядаў на яго спадылба са сьцяны, і ўжо не прасіў пустую бутэлечку, а відавочна задумваў нядобрае, фатэль быў мяккі, гадзіньнік цікаў так пяшчотна-падступна-утульна, у пакой запаўзала шарая гадзіна, і танчыла перад Кармушкіным эратычны танец...
Ён прачнуўся ў цемры й не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. Па кватэры былі разьвешаныя нечай не пазбаўленай густу рукой водбліскі ліхтароў, за вакном зноў ішоў дождж, і па няўлоўнай мернасьці ягонага шуму было зразумела, што гэта надоўга. Фортку зачыніць ён забыўся, і цяпер у музэі стала халаднавата. Кармушкін, крэкчучы, падняўся. На сівых валасох Івана Хруля бледна зьзяў прадаўгаваты водсьвет.
Кармушкін прайшоў на кухню, уключыў сьвятло, прыгатаваў гарбату. Тут жа цвынкнуў у суседнім пакоі тэлефон, цвынкнуў ціха, але гэтага хапіла, каб Кармушкін стрымгалоў кінуўся да апарату.
– Іван Мікалаевіч перакульваецца ў труне, – сказаў ясны, выразны, лялечны голас, хутчэй за ўсё, жаночы, і слухаўка хіхікнула.
– Алё! Алё! Гэта Нінэль Пятроўна? Гэта я, Сяргей!
– Перакульваецца ў труне, у труне, – на гэты раз слухаўка ледзьве ня пырснула сьмехам, і побач захіхікаў нехта яшчэ.
– Алё! Хто гэта?
– А чаму перакульваецца? Чаму перакульваецца?
Кармушкін ня ведаў, што сказаць. Цяпер яму стала па-сапраўднаму жудасна.
– Таму што ён заўсёды спаў на левым баку. На левым, на левым. А яны паклалі яго на сьпіну. На сьпіну, на сьпіну.
І слухаўка абрынулася на беднае вуха Кармушкіна тысячай хіхіканьняў, лялечных, гідкіх, бяззубых. Кармушкін выпусьціў слухаўку з рук, і яна пляснулася акурат на належнае месца. Ён падняў яе, але ці варта казаць, што цяпер у ёй зноў панавала цішыня.
Кармушкін ня стаў уключаць сьвятло – уключальнік знаходзіўся там, там, у страшным куце, пад змрочным нагрувашчаньнем цемры. Ён кінуўся на ратавальную кухню, якая перакідвала праз маленькі калідорчык у пакой хісткі сьветлы масток, прабег па гэтым мастку, прыклеіў сябе да кута каля тумбачак. Аддыхаўся, імкнучыся не глядзець у цёмны правал дзьвярэй, запаліў цыгарэту. І тут погляд ягоны, што шалёна рыскаў па прадметах, нібы яны, прадметы, былі ад пачатку хаўрусьнікамі Кармушкіна, – загнаны погляд ягоны ўпаў на кубак з гарбатай. Кармушкіна закалаціла – на чорнай паверхні напою, паволі тонучы, плаваў клок рэдкіх сівых валасоў.
60.
І зноў яму давялося заплюшчыць вочы, быццам ад гэтага нячыстая сіла, у існаваньні якой Кармушкін ужо не сумняваўся й ня будзе сумнявацца да канца сваіх дзён, перапыняецца на рэкляму; ён праімчаўся праз д’ябальскі пакой, навобмацак уключыў сьвятло і апынуўся перад партрэтам: Іван Хруль усьміхаўся яму, шчэрачы зубы, пальцы яго па адным адгіналіся, адрываючыся ад клявіятуры гармоніку. Кармушкін кінуўся ў калідор, да суседняга пакою, адкуль шлях вёў да замкнутых дзьвярэй, якія калісьці – як даўно! – вялі жывых людзей на лесьвічную пляцоўку. Аднак і наступны пакой не адпавядаў сваёй мірнай назьве. Ледзь Кармушкін ступіў туды, як піяніна, дыхнуўшы на яго пылам, выдала дзіўны, бразгатлівы гук, і ў паўзмроку, у водблісках ліхтарнага сьвятла Кармушкін заўважыў, як падымаецца накрыўка, і клявішы бязладна, сумбурна, быццам зьдзекуючыся, уціскаюцца й пругка вылятаюць на месца... Як яму ні было страшна, ён на нейкі момант разабраў у гэтым чортавым віхуры безнадзейна сапсаваны, скажоны нечай замагільнай воляй матыў песьні “Пастаю над ракою жыцьця”. Чуючы, як у бакавым пакоі адгукаюцца пачварным найгрышам барабанныя палачкі, як мяўкае клярнэт, распрацоўвае свае шатанскія лёгкія труба й рэжа кагосьці на жывую скрыпка, Кармушкін кінуўся назад, у кухню.
У тое імгненьне, калі нага Кармушкіна ў роспачы ступала на запаветны масток сьвятла, электрычнасьць, нібыта яе зьдзьмуў вецер, выключылася – адна за адной згасьлі лямпачкі ў пакоі з партрэтам і на кухні. Кармушкін апошнім намаганьнем зачыніў за сабой дзьверы й зараз жа прыпёр іх лёгкім, як пух, дубовым сталом, зь якога на падлогу абрынулася шкло, дзе захоўваліся сямейныя фота Хруля. Шоргат фатаздымкаў пад нагамі прымусіў Кармушкіна падскочыць і палезьці на падваконьне, адкуль не марудзячы зьляцелі слоік ды ваза.
Ён, аднак, здолеў неяк узяць сябе ў рукі, узгадаў, дзе ляжаць запалкі, і хутка па кутох кухні заскакалі цені – сіняе полымя асьвяціла надзейна прыпёртыя дзьверы; Кармушкін падняў з падлогі мокрыя цыгарэты, знайшоў адну яшчэ прыдатную, ды запаліць ня змог – трэсьліся рукі, як пасьля тыднёвага запою. Урэшце ён асьцярожна прысеў перад тумбачкамі бабулек-супрацоўніц: пераконваю-чы сябе, што шукае ліхтарык або паўбутэлькі гарэлкі (ну хаця б на дне!), насамрэч ён шукаў крыж.
Ліхтарык тут і праўда быў – мякка скочыў у руку, пальцы інстынктыўна моцна заціснулі яго, так што ажно хруснулі суставы; гэта насуперак усяму надало Кармушкіну моцы, і ён прадоўжыў агляд. Спачатку з тумбачкі дрыжачая рука Кармушкіна выцягнула доўгі маток тоўстай вяроўкі. Потым пальцы наткнуліся на нешта халоднае. Кармушкін узяўся лацьвей.
У ягонай руцэ ляжаў востры й доўгі нож з зазубрынамі на лязе, якое слаба блішчэла ў кухоннай паўзмрочнай мітусьні; потым Кармушкін выцягнуў з тумбачкі цэлы набор кайданкоў, сапраўдны гішпанскі боцік, яго часта паказвалі ў апошні час па тэлевізіі, – а потым, адкрываючы іншыя тумбачкі, Кармушкін узбагаціў гэты арсэнал сякерай, жалезнымі шчыпцамі, цяжкім ланцугом, прыладаю для таўраваньня жывёлаў, яшчэ двума нажамі рознай даўжыні, але аднолькава пагрозьлівых памераў, шлемам, які з дапамогаю адмысловых шрубоў мог памяншацца амаль удвая... Было яшчэ дзіўнае прыстасаваньне, мэталічнае, рупліва змазанае, навюткае – Кармушкін так і ня змог здагадацца пра ягонае прызначэньне, зразумеў толькі, што змайстраванае яно не дзеля прыемных справаў.
Тыцкаючы незапаленай цыгарэтай сябе то ў нос, то ў шчокі, Кармушкін прыціснуўся да сьцяны й быў гатовы ў любы момант схапіць з падваконьня самаробны крыж, утвораны з двух алюміневых лыжачак. За дзьвярыма ў гэты час рыпелі крокі, надрываўся гармонік, енчыў голасам чалавека, якога рэжуць без наркозу, і мярзотнае хіхіканьне начным матыльком білася па сьценах. У гадзіне стала шэсьцьдзесят сэкундаў, стагодзьдзе цягнулася не даўжэй за жыцьцё дажджавой кроплі. Кармушкін ня ведаў ніводнай малітвы, і шаптаў усё, што прыходзіла ў галаву – кінэматаграфічнае, галівудзкае, савецка-праваслаўнае, стараславянскае, гэта супакойвала, але ненадоўга – варта было шклу на дзьвярох афарбавацца раптам у пранізьліва-жоўты колер, і дубоваму сталу заварушыцца пад націскам невядомай, але жахлівай, нетутэйшай, вечнай як самое зло сілы, як Кармушкін кінуў у гэтае жоўтае пекла лыжачкі, рвануў на сябе ваконную шыбу, ускочыў на падваконьне й рушыў наперад. У ста мэтрах ад яго нехта парэзаўся, голячы спрасоньня неба, на дах ратушы ўпаў першы прамень, і гадзіньнік на яе вежы запілікаў песьню народнага кампазытара Івана Мікалаевіча Хруля.
61.
На заданьне карэспандэнтка “Газэты №1” паехала ўсё ж трамваем. Рэдакцыя мела цэлы парк мікрааўтобусаў, новых, сініх, бліскучых, зь цікаўнымі рэпарцёрскімі пысамі, аднак усе яны сёньня ўжо былі занятыя – набліжалася галоўнае дзяржаўнае сьвята, і з самага новага году журналісты працавалі як шахтары ў забоі. З ранку намесьнік загадчыка адзьдзелу толькі разьвёў рукамі – няма машыны, і невядома, калі вернуцца. Давялося набываць квіток на трамвай, трэсьціся паўгадзіны праз палову гораду, нібыта няма ў тваёй сумачцы салатавага лямінаванага пасьведчаньня супрацоўніцы самай уплывовай газэты краіны.
Што праўда, карэспандэнтка была яшчэ юнай, працавала ў рэдакцыі “Газэты №1” толькі тры месяцы, адказных справаў ёй яшчэ не даручалі, так, культурка там, карацісты, школьны конкурс на лепшы антысьнідавы плякат. Аднак карэспандэнтка была асобаю амбітнай, характар мела сапраўдны журналісцкі, на ўсіх вакол глядзела як на матэрыял для артыкулаў і разьлічвала ўжо ў наступным годзе скінуць намесьніка загадчыка зь ягонага крэсла. Зрабіць што-небудзь гучнае, хвосткае, каб яе запрасіў у кабінэт Сам, пачаставаў віскі – гэтак, як распавядаюць, ён адзначае найлепшых, каб праз пару дзён па тэлефоне млява паведаміць: “Зь сёньняшняга дня вы прызначаныя на пасаду...” – непатрэбнае закрэсьліць.
Ногі ў карэспандэнткі расьлі, пісала яна з памылкамі, у прыгожай яе галаве было шмат пілавіньня з курсу ідэалёгіі, чужых канспэктаў і модных кніжак і трохі менш мазгоў – роўна столькі, каб не пераходзіць вуліцу на чырвонае сьвятло, не займацца сэксам без прэзэрватыву й не апранаць зялёнае з ружовым. Карэспандэнтка ганарылася сабой, і таму паездка на трамваі была прыніжальнай. Калі яна выходзіла з трамвая, нейкі казёл пралетарскага выгляду падаў ёй руку – карэспандэнтка абражана ўзьняла галаву, выставіўшы наперад вострае падбародзьдзе, гідліва махнула доўгімі пальцамі й ледзь ня трапіла пад шальную машыну.
62.
Яна паглядзела па кампутарнай мапе яшчэ ў рэдакцыі: дом трэба было абагнуць, уваход знаходзіўся проста на першым паверсе, з двара. Насустрач ёй кульгаючы пратэпаў сьмярдзючы дзядок, спыніўся, заўважыўшы карэспандэнтку, прыклеіўся поглядам да каленяў – зямлёй пахне, а ўсё туды ж. У сквэрыку мацерна лаяліся дзеці; з адчыненага дарожнага люку густа лезла белая пара, якая абсалютна не пасавала лету. Паштовачна-сіняе неба рабіла сьцены дому яшчэ больш старымі ды ўбогімі. Карэспандэнтка прайшла міма зарасьнікаў шыпшыны да першага пад’езду, над якім вісела круглая шыльда “Тэатр “Мінус”, уздыхнула з палёгкай й тут жа зь непрыемным зьдзіўленьнем пабачыла каля ўваходу гэтую дзеўбанутую Агіеўскую, алігафрэнічку й наркаманку, хадзячы анэкдот сталічнай прэсы.
Агіеўская выглядала як заўсёды: нейкае парнаграфічнае ашмецьце, на шыі боўтаецца рознае гаўно, босая, з рысавым шалупіньнем на вуснах. Вочы закончанай наркаманкі. Брудныя пазногці, такой трэба ў мэтро міласьціну прасіць, як яе ў прэс-цэнтр пускаюць.
Карэспандэнтка асьцярожна, каб не дакрануцца да пляча дэбілкі, прайшла ў пад’езд і адразу ж апынулася перад замкнутымі дзьвярыма. Ну, адступаць карэспандэнтка не зьбіралася, нездарма ж яна перлася сюды на гэтым паскудным трамваі, у якім ня толькі цноту можна страціць, але й кашалёк. Яна выйшла, спыніла цяжарную з такой жа сумкай, ветліва, як вучылі, параспытвала.
– Ня ведаю, – паціснула плячыма цяжарная. – Прыязджаюць усялякія. Гэтая вось цыганка – яна махнула рукой у бок Агіеўскай – таксама туды, у тэатр, прыйшла. Яна іх нібыта ведае, вы ў яе спытайце...
Карэспандэнтка раздражнёна паглядзела на Агіеўскую, аднак вырашыла чакаць да апошняга, адыйшла ў сквэр, прысела на лавачку, у цень. Пад’езд быў блізка, як на далоні, у яе ўсё было як на далоні, у карэспандэнткі газэты нумар адзін – лёс, людзішкі, Лёшка, Лімасол, лахі, лішняе ў сьметніцу. Яна запаліла цыгарэту, набрала Лёшкаў нумар, пагаварыла ні пра што й падфарбавала вусны. Агіеўская ўсё тырчэла на сонцы перад пад’ездам, ня дзіва, што яна чорная як цыганка.
Гэта відавочна быў сам Мінус – сапраўдны мастацкі кіраўнік і рэжысэр, высокі, усклычаны, падобны да Пятра Першага, толькі бяз гэтых мярзотных вусікаў, досыць малады, – ён шырокімі крокамі набліжаўся да дому. Пад нагамі ў Мінуса круціўся нехта зморшчаны й непрыкметны. Карэспандэнтка шпарка паднялася й кінулася ім напярэймы, але крок у Мінуса быў сапраўды як у бамбізы. Яна дагнала іх толькі каля пад’езду.
– Добры дзень, – павіталася карэспандэнтка. – Добры дзень, спадар Мінус.
Аднак усклычаны не зьвярнуў на карэспандэнтку аніякае ўвагі і ў два крокі апынуўся ля дзьвярэй. “Ну і сноб”, – падумала злосна карэспандэнтка, нават мысьленна пішучы гэтае слова праз “п”.Там Мінус спыніўся й запытальна паглядзеў на свайго спадарожніка, які неахвотна запаволіў хаду. Агіеўская ўсьміхнулася гэтаму плюгаўцу такой хворай усьмешкай, што карэспандэнтку перасмыкнула.
– Назар Мінус – гэта я, – без намінкі на нейкія эмоцыі прамовіў непрыкметны. – Чым магу служыць?
– Я карэспандэнтка газэты нумар адзін, – расчаравана сказала карэспандэнтка. – Шукаю вас ужо тыдзень па тэлефоне, але ні працоўны, ні мабільны...
Назар Мінус сумуючы зірнуў на яе зьнізу ўверх, нібы парыжанін, якому падарылі паштоўку зь відам на Эйфэлеву вежу.
– У вас адкрываецца тэатр, і я бы хацела зрабіць з вамі невялікае інтэрвію.
Зусім не зьмяняючы ні тону, ні выразу твару, Назар Мінус склаў рукі за сьпінай:
– Па-першае, я заняты: у нас неўзабаве прэм’ера, а ў тэатры ня скончаны рамонт. Па-другое, сёньня я даю інтэрвію для вашай калегі з Асырыйскага тэлебачаньня, мы зь ёй ужо даўно дамаўляліся. А маё залатое правіла, і спадар Даражок гэта пацьвердзіць: ня больш за адно інтэрвію на месяц. А цяпер прабачце, я вымушаны адкланяцца.
І Мінус запрашальна адчыніў перад шызічкай Агіеўскай дзьверы. Тая прасьлізнула ўнутр, усьлед за ўсклычаным. Карэспандэнтка кінулася за імі, лёгка дакранулася да рукава Мінуса, мімаходзь падумаўшы пра ягоны сапраўды дзіўна невысокі для мужчыны рост. Мінус незадаволена спыніўся.
– Паслухайце, – карэспандэнтка перайшла на даверлівы шэпт. – Я – Карэспандэнтка Газэты Нумар Адзін. А гэта... Вы проста ня ведаеце, відаць... Вы ж паглядзіце... Яна хворы чалавек... Яе трэба лячыць... Паверце.
– Спадарыня І – таленавітая журналістка, сапраўдны прафэсіянал, – важка прамовіў Назар Мінус. – Мы ўжо даўно супрацоўнічаем з Асырыйскім тэлебачаньнем і ніколі ў нас не было нагодаў абвінаваціць спадарыню І ў неаб’ектыўнасьці. Больш за тое: супрацоўнікі Асырыйскага дзяржаўнага тэлебачаньня заўсёды з павагай адгукаліся пра плён вашай працы. Так што раю вам ставіцца трохі справядлівей да сваіх калегаў.
І далібог, перад тым як зьнікнуць за дзьвярыма дырэктарскага кабінэту, гэты самы Мінус ледзьве не абцасамі шчоўкнуў, жыд пархаты. Такі ж вар’ят, як і Агіеўская. Адна лякарня. Карэспандэнтка пастаяла яшчэ крыху ля пад’езду, папаліла, напісала недапалкам на дзьвярох мацернае слова й рушыла да прыпынку. Зрэшты, каля дарогі яна збочыла, схавалася ў хмызох, ускараскалася на агароджу школьнага двара і адтуль з дапамогаю адмысловага прыбору паспрабавала зазірнуць праз адзінае вакно ў той кабінэт, куды толькі што, так нахабна пакінуўшы ў пралёце яе, карэспандэнтку газэты нумар адзін, увайшла гэтая дурная тройца. Ды толькі ніякай тройцы ў кабінэце не было.
Тэатр
63.
І тады я паехаў да бабулі.
– Роўна праз два месяцы ўся наша краіна адзначыць Вялікае Сьвята, – бадзёра прамовіў дыктар, і я раптам успомніў, што нідзе не працую ўжо цэлыя паўгады. Так, сапраўды, я звольніўся з “Газэты №78” у лістападзе. Ня памятаю, як пражыў гэты час, не магу ўзгадаць. Жыў як расьліна – але расьліны не забываюцца на некалькі дзён цяжкім тэлевізійным сном, не бадзяюцца па вуліцах, каб мэтанакіравана выпадкова сустрэць напаўзнаёмых філянтропаў з грашыма, не гуляюць у кампутарны кёрлінг да сьвітаньня. Віка цярпела месяц, а потым сыйшла да бацькоў – пакінуўшы, праўда, маленькую надзею на сваё вяртаньне, так і ляжыць яна, надзея, у верхняй шуфлядзе, нераспакаваная, пратэрмінаваная.
– Падрыхтоўка да ўрачыстасьцяў, супэрпраект, супэрсюрпрыз, – радасна сказаў дыктар, і я нібыта паглядзеў сам на сябе са столі: разасланая на каленях тэлепраграма, міска зь недавараным халодным рысам у руцэ, камень у страўніку, камень у сэрцы, камень у галаве. Доўг за камунальныя паслугі – шмат непрыгожых лічбаў. У лядоўні – пабітае яйка й шмат пустых пачкаў з-пад маянэзу. Яго можна яшчэ доўга выціскаць, гэты маянэз, і не бяды, што сапсаваны – намазваеш яго на хлеб і падсмажваеш трохі гэткія бутэрброды: смачна. Праўда, хлебу ў мяне няма. І грошай няма. А рыс дала Віка – я стаяў у панядзелак пад вокнамі яе бацькоў, і яна скінула мне яго, цэлы пакет. Дзякуй. Але чаму рыс? Скінула б лепш мяса. Я вельмі люблю мяса. Я ўжо шэсьць месяцаў нічога не ствараю. Я нічым не займаюся. Я не ствараю нават бескарысных рэчаў. І шкодных не ствараю. Я не абслугоўваю тых, хто стварае, я нічога не перапрацоўваю, я не прадаю й не набываю. Добра б калі я лайдачыў, займаўся, да прыкладу, мастацтвам – дык не, гэта мяне ніколі не цікавіла. Я нават не зьдзяйсьняю злачынстваў. Законапаслухмяны беспрацоўны, які жыве на пазычаныя грошы. Я гляджу тэлевізар і гуляю ў кампутарны кёрлінг.
– Гандлёвая сетка таксама рыхтуецца, – горда паведаміў дыктар, і я сьцёр яго ў парашок.
64.
Мне вельмі хацелася паліць, аднак апошнюю цыгарэту я выпаліў уночы, і цяпер горкая густая сьліна напаўняла мой рот, не даючы пракаўтнуць рыс як сьлед. Зярняткі хрумсьцелі на зубах, як пясок. Можна было б выйсьці на двор і папрасіць, ды толькі я паліў такім чынам ужо месяц, мяне тут ведаў кожны, і мне было сорамна. Урэшце я ўсё ж выпаўз на вуліцу, накіраваўся на прыпынак. Там было чыста, як зазвычай, ні бычка, ні сучка, яны ж усе культурныя сталі, недапалкі ў сьметніцы выкідаюць, сволачы, а яшчэ напярэдадні Вялікага Сьвята вуліцы прыбіраюць ледзь ня тройчы ў дзень, школьнікаў выганяюць, каб яны здохлі. Мне здалося, народ на прыпынку ад мяне адварочваецца. Хаця выглядаў я яшчэ няблага. Галіўся штодня, адзежу мыў. Я наогул занадта добра выглядаў для беспрацоўнага. Нечакана мае сьлёзавыя залозы закрыліся, я нават раззлаваўся трохі, стаў пасярэдзіне, азірнуўся з выклікам. Паліў толькі адзін, пажылы ўжо, просьценькі, вусаты. Я падыйшоў – адмова апынулася такой грубай і адназначнай, што захацелася памерці. Ён паліў танныя, сьмярдзючыя цыгарэты бяз фільтру, авальныя, амаль пляскатыя, як стужкавыя чарвякі. Адна такая цыгарэта не каштуе Нічога. – Самому трэба зарабляць, – сказаў ён, нібы вылаяўшыся. Зьнясілены, я апусьціўся на лавачку, спадзеючыся, што зараз прыедзе аўтобус. Ён і праўда зьявіўся, як толькі я сеў. О шчасьце – вусаты кінуў недапалак на зямлю й нясьпешна памкнуўся да адчыненых дзьвярэй. Недапалак яшчэ дыміўся, і я ня вытрымаў: кінуўся да яго, уратаваць, уратаваць агеньчык, агмянёк, кінуўся як першабытны чалавек, вырваць агеньчык з лапаў ветру, захаваць яго, гаючы дымок, ты напоўніш моцай мае спакутаваныя лёгкія, яны ўсе паедуць, гэтыя людзі, а я спакойна падыму цябе! Гэта была памылка. Вусаты абярнуўся, зірнуў на мяне з усьмешкай, падняў нагу й з асалодай расьцярушыў недапалак падэшвай. Размазаў па асфальце, гад, з пачуцьцём выкананага доўгу сеў у аўтобус і паехаў далей.
Давялося ісьці да суседа, зноў размаўляць зь ім голасам выпаратага прыгоннага мужычонкі, зноў ржаць зь ягоных жудасных анэкдотаў, лісьліва падтакваць кожнаму слову – а сусед быў сапраўдны прол, хам і паскуда, з тых людзей, якія думаюць, што ведаюць, як жыць правільна. Задавальненьне было сапсаванае. Я вярнуўся дахаты, уключыў кампутар, уставіў дыск. Клявіятура выклікала агіду, хацелася есьці. Кёрлінгісты раздражнялі, нібы людзі, зь якімі правёў пяць гадоў на падводнай лодцы. Я згуляў матч, прайграў, пры думцы пра рэванш у мяне забалеў страўнік. Змахнуўшы пыл з чачэнскага нацыянальнага сьцягу, згінаючыся ад рэзкага болю, ня здолеўшы сьцерці з твару паныласьць, успомніўшы, што сёньня дзень нашага зь Вікай знаёмства, я запіхнуў у сябе апошняе яйка замест пігулкі, сунуў за пояс нож і паехаў на сваю былую працу.
Ня ведаю чаму, але на працы мяне ніколі не любілі. Калі я звальняўся, я бачыў на тварах калегаў палёгку. Ніхто ў мяне тады нават не запытаўся, чым я зьбіраюся займацца па звальненьні. І цяпер нікому да мяне не было справы. Як я не стрымліваўся, як не пераконваў сябе, што знаходжуся на чужой тэрыторыі між варожых істотаў, калідор рэдакцыі мяне ўсхваляваў. Я зайшоў у свой кабінэт, за маім сталом сядзеў нехта барадаўчаты й крэмзаў нейкую актуальную хлусьню. У супрацоўнікаў быў дзень авансу, і цікава было назіраць, як імгненна згасьлі іхныя ўсьмешкі, калі яны паднялі галовы. Я зьвярнуўся да загадчыка адзьдзелу – калі ў нас і не было прыяцельскіх стасункаў паўгады таму, то, прынасмсі, ён размаўляў са мной ня толькі на працоўныя тэмы. Спачатку я папрасіў даволі шмат, потым усё зьмяншаў і зьмяншаў суму, ажно пакуль яна не скарацілася да кошту адной паездкі ў мэтро. Аднак і тут загадчык праявіў цьвёрдасьць. Ён ня даў мне нават на ільготны квіток. Я ў роспачы аглядзеў астатняе насельніцтва кабінэту. Яны маўчалі й глядзелі адно на аднаго з адслоненымі паўусьмешкамі, яны не падымалі галоваў, а я стаяў у цэнтры пакоя, і бачыў плешы на іхных макаўках, стаяў і прасіў. Адзіным ў гэтым памяшканьні, хто дапамог бы мне, быў маленькі бюст Караткевіча, ды толькі ён ня меў рук, мае былыя калегі не маглі дазволіць сабе трымаць у кабінэце кагосьці з працягнутай рукой. У рэшце рэшт я стаў перад імі на калені. Яны апусьцілі галовы й так і не далі мне ні капейкі.
І тады я паехаў да бабулі.
65.
Часам яна давала мне грошы. Няшмат, аднак што такое шмат для чалавека ў маім становішчы? Я ніколі не прасіў у яе, яна давала сама, некалькі паперак з маленькага старэчага кашальку, з усьмешкай, з пажаданьнем купіць што-небудзь для Вікі. Самае галоўнае, у тым, дасьць яна грошы на гэты раз або не, не існавала аніякай заканамернасьці. Я ніколі не адмаўляўся, браў, аднак асабліва не нахабнічаў, часта не заязджаў, так, пару разоў на месяц. За апошнія паўгады яе падарункі некалькі разоў выратавалі мяне ад галоднае сьмерці. Яна ня ведала, што Віка ад мяне сыйшла, а пра звальненьне ведала, усё вучыла, як размаўляць з начальнікамі, каб тыя цанілі цябе. Бабуля думала, што я пасварыўся з шэфам, а я ні з кім не сварыўся, я ціха звольніўся, як папаліць на ганак выйшаў. Я ніколі не сядзеў у бабулі доўга – дзесяць-пятнаццаць хвілін, і бег. Бег жыць.
Я прыехаў да бабулі, аднак дома яе не было. Галодны й злы, адчуваючы настойлівае, неадступнае, смокчучае жаданьне паліць, я сеў на лаўку перад ейным пад’ездам і вырашыў абавязкова яе дачакацца. Старыя, што шпацыравалі па-чарапашаму ўздоўж дому, глядзелі на мяне з падазрэньнем. Прамінула гадзіна, потым яшчэ адна. З маёй змрочнай постацьцю звыкліся. За сьпінкай лавачкі дзяўчынкі закопвалі ў зямлю загорнутыя ў фальгу шкельцы – сакрэты, побач прыгрэўся на вечаровым сонцы кот з п’янымі вачыма, нейкая старая мне ўсьміхнулася, бяззуба-вінавата.
Бабуля зьявілася каля сямі. Ведучы яе, задышліва-зьдзіўленую, пад руку, я маліўся, каб яна дала мне грошай. Мы папілі гарбаты, пагаварылі, я навыдумляў пра тое, якая мне файная сьвеціць праца, як мы бавім зь Вікай выходныя. Паглядзелі сэрыял пра чарговага архітэктара-мэндысабаля. Яшчэ раз папілі гарбаты. Я пачытаў ёй услых газэту, распавёў усё, што памятаў пра палітычнае жыцьцё краіны шасьцімесячнай даўніны, некалькі разоў распытаў пра яе здароўе. Было відаць, што бабуля дзівілася ўсё больш. Я праглядзеў усе фотальбомы. Дрыжучы ад нецярпеньня, я вымушаны быў праглядзець канцэрт зорак айчыннай эстрады. Нарэшце бабуля спытала, ці не зачакалася мяне дома Віка. – Не, не, – ледзь не закрычаў я. – Не! Не! Не!
І тут нож выпаў з-за поясу й, глуха дзвынкнуўшы, упаў на драўляную падлогу. Бабуля прыціснулася да дзьвярнога касяку й зірнула на мяне шырока расплюшчанымі вачыма. Яе чорны дэрмантынавы кашалёк ляжаў зусім блізка, на камодзе. На кухні засьвісьцеў імбрык.
– Не, не, не, – замармытаў я, нахіліўшыся й спрабуючы непаслухмянымі, траскімі рукамі падняць нож. – Не, не, не... Гэта я так... Ножык... Дом... Віка...
Я сунуў нож на месца, і ён зноў вываліўся ды паляцеў на падлогу. Я мітусьліва кінуўся падымаць яго.
– Я пайду, – я выціснуў зь сябе непрыемную, нядобрую, неўласьцівую мне ўсьмешку. – Віка чакае. Я пайду, бабуль. Шчасьліва, бабуль.
Я скаціўся ўніз па прыступках і пакрочыў у бок мэтро. Мне здавалася, я зараз каго-небудзь заб’ю. Насустрач ішлі з працы стомленыя ад саміх сябе гараджане, ганарыліся адно перад адным поўнымі сумкамі, як адкормленымі сьвіньнямі. Перад самымі сходамі я спыніўся, пастаяў імгненьне, а потым кінуўся назад. Бабуля адчыніла мне, пераапранутая, з мокрымі рукамі, з глыбіні пакою даносіўся гнюсны тэлевізійны сьмех.
– Бабуль, – я імкнуўся на яе не глядзець. – Разумееш, мне вельмі трэба грошы. На мэтро.
Я атрымаў што хацеў – чарадзейную купюру, адну, не сагнутую яшчэ напалам, мастацкі твор. Я ішоў да мэтро, трымаючы яе ў руках, забыўшы пра голад, на двары быў цудоўны вечар. Перш-наперш я купіў сабе бутэльку моцнага піва й цыгарэт, і стаў каля парапэту. Атрутным воблакам мяне ахутвала маё прыніжэньне, маё вялікае, штодзённае, маё вернае, неадступнае, непахіснае, наканаванае мне Прыніжэньне. Усім бачнае Прыніжэньне. Міма мяне праходзілі дзяўчаты, распранутыя, палоска на грудзёх, палоска на сьцёгнах, і сьмяяліся, з усяе моцы ўтрымліваючы ў гэтым мікрараёне цудоўны, цудоўны, цудоўны вечар. Сьлёзы засьцілі мне вочы. Мяне чакаў кампутарны кёрлінг і вялікая тлустая млосная ванітоўная смажня свабоды. Мяне трэсла ад роспачы й прыніжэньня. І тут, матэрыялізаваўшыся побач з купкай шумлівых тынэйджэрак, пагрукваючы задуменнай глінай на шыі, басанож ступаючы па яшчэ не прагрэтым як сьлед асфальце, прымушаючы мяне ўгадваць, што тоіцца пад чорнымі лахманамі, зьявілася яна, І. Я адразу ўспомніў яе, прэс-цэнтр, выпадковы суплёт позіркаў, а яна, як я і думаў, не пазнала мяне, падыйшла, пасьміхнулася прамяніста.
– Прыходзьце, – прамовіла яна, уважліва дасьледуючы мае зрэнкі. – Прыходзьце заўтра ў наш тэатр. У нас прэм’ера. Вось, вазьміце запрашэньне.
– Але я не люблю тэатр, – прабурчаў я, прагна схапіўшы капэрту. – Я люблю кампутарны кёрлінг.
Яна зноў усьміхнулася, узмахнула краем свайго дзіўнага рызьзя, якое рабіла яе падобнай да старой птушкі, і рушыла скрозь мяне далей.
Увечары мне раптам патэлефанавала Віка.
– Можаш прыйсьці да нас заўтра, – сказала яна нерашуча. – Бацькі, здаецца, ня супраць. Я зь імі пагаварыла, і яны... У іх сёньня юбілей, але табе, напэўна, на гэта напляваць. Заўтра, а шостай... І апраніся папрыстойней.
– Заўтра я не магу, – прамовіў я, з дабрадушным позехам завяршаючы анінсталяцыю “Curling-99“. – Заўтра я іду ў тэатр.
66.
Я ледзь не спазьніўся: недалёка ад Узорнай трамвай здрыгануўся й стаў, нібы пры Фэрмапілах надзейна загарадзіўшы праезд добрай сотні легкавікоў; давялося дабірацца пехатою да скрыжаваньня, а там садзіцца на тройку – запечаную ў духоўцы праспэкту так, што лупілася фарба на баках. Праўда, ехаць было ўжо блізка – празь якіх хвілінаў пяць кіроўца нечакана бадзёрым голасам абвесьціў: “Кінатэатр імя Жданава”, і мяне выкінула вонкі. Разважаючы пра тое, колькі яшчэ пакаленьняў будуць называць гэты прыпынак на стары кшталт, я рушыў да знаёмага дому. Спыніўся пры лавачцы, аглядзеў вопратку – у трамваі мяне пакамечылі даволі жорстка.
Пачатак спэктаклю, відаць, зацягваўся, а можа, прэм’ера выклікала аншляг. Каля ўваходу ў тэатр “Мінус” гуртаваўся невялікі натоўп: загарэлыя локці, барацьба за цень, успацелыя ілбы. Мужчын і жанчын было прыкладна напалову, у адзеньні чамусьці пераважаў летне-дзелавы стыль: усе гэтыя кашулі з кароткімі рукавамі, шэрыя спадніцы да чырвоных каленяў, гальштукі на мокрых шыях, строгія блузкі ўтваралі на дзіва цэльную карціну... Праўда, трапляліся тут і даволі сьмешныя пэрсанажы, адзін маладзён, напрыклад, быў у аксамітным пінжаку й зашмальцаванай кепцы, нейкае дзяўчо нагадвала б мёртвую нявесту колькасьцю кужэлі на сукенцы й фарбы на юным твары, калі б не згіналася пад цяжарам састарэлага мабільнага тэлефону, што вісеў у яе між грудзёў... Усё ж паход у тэатр застаўся для нашых людзей чымсьці надзвычайным, раз яны так высільваюцца, падумаў я, застаўся сьвятам, як у савецкія часы. Ад зьедзенага гадзіну таму піражка з бульбай у мяне была пякотка. Спадзеючыся папіць вады ў тэатральнай прыбіральні, я рашуча прамінуў людзей ля ўваходу й нырнуў у прахалоду цеснага фае.
67.
Колькі год таму я быў тут у апошні раз? Я тады яшчэ вучыўся ў школе, клясе ў сёмай... Мы хадзілі сюды ўсёй сям’ёй. Мама ў высокіх ботах, якія я называў эскімоскімі, у брунатай дублёнцы, бацька, падобны да трагічнага актора... Дакладна памятаю, гэта было зімой. За дзень да наведваньня кіно мне залячылі зуб, і паход сюды быў узнагародай, кампэнсацыяй за пакуты. Ад фільму згадак не захавалася, хаця пачакайце... засталіся нейкія гукі... конскі тупат... стракатаньне кулямётаў... Ага, вось зьяўляюцца нечыя раскосыя вочы, нос загінуў, раскрышыўся ў кавамолцы гадоў, а ніжэй... Там быў рот, драпежны рот, а ў зубах – нож. Усё зразумела. Гэта была стужка пра басмачоў, пра басмачоў і чырвоных камісараў. Стужка з тых, якія дагэтуль захапляюць некаторых маіх аднагодкаў, нават такіх, хто трымаецца правага боку на мітычных сьцежках, што ў нас лічацца палітычнымі перакананьнямі. Я сто гадоў ня быў ні ў тэатры, ні ў кіно. Віка мяне колькі спрабавала выцягнуць – а я ні ў якую. Ненавіджу гэтых дзяцей зь іхнымі чыпсамі, цётухнаў з такімі ж бульбянымі хрусткімі размовамі, ненавіджу патыліцы перад самым носам, быццам мы, чалавекі, як адзін, шчыльнымі радамі крочым проста ў сюжэт, ненавіджу пахі незнаёмых жыцьцяў, брудныя каўнеры чужых лёсаў. Віка так і ня здолела мне давесьці, што ў гэткіх умовах мажліва яшчэ й на экран пазіраць. Ня здолела. І ўрэшце пачала хадзіць у кіно зь сяброўкамі. А цяпер ходзіць з кім-небудзь, у каго не настолькі разьвіты душэўны нюх. Асабліва пасьля ўчорашняга. І няхай. І добра.
Я дрэнна памятаю фільмы, на якія мы хадзілі сюды з бацькамі, але добра памятаю сам кінатэатр, памятаю пляніроўку, неахайна пафарбаваныя ружовым сьцены, таямнічы водар затхласьці, занядбанасьці, пажоўклыя фотапартрэты на сьценах, сьмярдзючую кабінку, дзе не працаваў змыў. І бюсьцік у куце памятаю, аднойчы я глядзеў на яго зблізку, і мяне ўразіла, што твар бюсьціку праціралі анучкай, відавочна, штодня, а вось шыю – зусім нерэгулярна, і яна была цёмна-шэрай, гэтая шыя, быццам скульптуру ляпілі са старшыні Мао. Ведаеце, яны ж насілі фрэнчы, гэтыя кітайскія правадыры, мышыныя фрэнчы, каўнер шчыльна абхопліваў горла, кажу гэта як колішні палітінфарматар. Я спрабаваў распавесьці пра ўбачанае бацькам, але яны заткнулі мне рот марозівам. Колькі яшчэ падобнай драбязы можна адшукаць у сваёй мелкаводнай памяці.
68.
У фае й праўда было прахалодна, хаця тут таўклося чалавек дваццаць. Відаць, выдатна працавалі нябачныя кандыцыянэры. Я пачуваўся няўтульна паміж усіх гэтых летне-дзелавых, сярод іхных мімалётных драпежных позіркаў, празь якія прасьвечвала няўпэўненасьць. Зрэшты, прысутныя ўдавалі, што не зьвяртаюць на мяне ўвагі, усе яны былі занятыя нейкімі надзвычай важнымі гутаркамі, стоячы па двое-трое, напаўняючы маленькае фае роўным, але нягучным рокатам. Я спыніўся, сіняя пляма на шэрым і белым. У былым кінатэатры й праўда ўсё зьмянілася, я ў нечым разумеў астатніх гледачоў – тут зрабілі не абы-які рамонт, і цяпер у гэтым памяшканьні хацелася выглядаць рэспэктабэльна. Тут дакладна не звычайны тэатр, а нейкі супэргіпэрінтэлектуальны. Адзін з тых, якія празь месяц пасьля старту выдыхаюцца й ня могуць выплаціць даўгі за арэнду.
Што ў колішнім кінатэатры сапраўды захавалася ад слыннага мінулага, дык гэта вада ў прыбіральні. Цяпер у горадзе прадаюць такую мінэралку – смак той самы. Напіўшыся і адбіўшыся ўва ўсіх люстраных сьценах, я зноў выйшаў у фае й, павесялеўшы, на хаду вымаючы запрашальнік, рушыў да залі – цікава, як падзейнічала на яе касмэталёгія цяперашніх уладальнікаў “Жданава”. Ува што яны ператварылі тое змрочнае сутарэньне, дзе я некалі почасту глядзеў не на экран, на якім кіпелі надта ж ужо штучныя жарсьці, а за ўласную сьпіну, туды, адкуль біў па маім дзяцінстве сьпякотны прамень гэтага загадкавага гіпэрбалёіду?
Адразу ж шлях мне перагарадзіў хударлявы хлопец, падобны да прадаўца “Макдональдсу”. У руках ягоных была папка, а ў пальцах асадка – напагатове. Нечакана ён шчыра, занадта шчыра, як мне падалося, пасьміхнуўся:
– Вы да каго запісаныя? Да Алега Пятровіча? На сёмую?
Я паглядзеў на яго, напэўна, дужа дзіўна, бо ён на імгненьне адхіснуўся ад мяне й прыкрыў вочы рукой. Але такія, у гальштуках на потных шыях, заўсёды лёгка авалодваюць сабой.
– Вы ўчора запісваліся?
Мяне ў апошні час цяжка стала агаломшыць. Гэта наўмысна, падумаў я з нарастаючай упэўненасьцю. Частка сцэнару. Тэатр жа, пэўне, незвычайны, не акадэмічны. Пачынаюць ад вешалкі. Я матлянуў галавой, і гэта магло азначаць усё што заўгодна. Хлопец неўразумела паглядзеў на мае ўсьмешлівыя вочы і ўжо адкрываў рот для больш доўгай тырады, калі я адчуў (нарэшце, нарэшце!) лёгкі дотык да запясьця. Побач са мной, як заўсёды зьявіўшыся зь лёгкай смугі, непрыкметнага зьмяненьня тэмпэратуры й складу паветра, з крэну ў лянотным пляніраваньні вунь той пылінкі, з пустаты, якая раптам задыхала, зашалясьцела – побач са мной, зьняўшы чароўны каптурок невідзімкі, узьнікла І й прамовіла мне на вуха лёгка й нязмушана:
– Калі вы на спэктакль, то нам не сюды. Я вас правяду.
Я дазволіў яе руцэ абхапіць сябе за локаць, і яна пацягнула мяне назад, на вуліцу. Загарэлыя да вугальнага колеру, распранутыя па пояс мужыкі разьбіралі палатку з гароднінай і садавінай. Дзьве бабулі з пруткамі й ніткамі праводзілі нас гідлівымі позіркамі. Што ты выбіраеш, І, пруткі пад пазногці ці ніткі на сваю каштоўную шыю? Моўчкі мы абыйшлі дом і апынуліся перад службовым уваходам. У гэтым было нешта вельмі інтымнае. І адчыніла дзьверы і ўпершыню мне захацелася застацца на гэтай плянэце яшчэ на трошкі.
69.
У некалькі сэкундаў мы прамінулі непрыкметны калідор; І мякка падштурхнула мяне ў сьпіну, і я неяк міжволі сам адчыніў дзьверы ў дырэктарскі кабінэт. Там анікога не было, калі не лічыць брыдкую чорную варону, што разгульвала па стале й без усялякага энтузіязму паядала рассыпаныя па ім семкі. На сьцяне вісеў фотаздымак маладога чалавека, зроблены, хутчэй за ўсё, гадоў дваццаць пяць таму – сьцяўшы вусны, ён незадаволена глядзеў у аб’ектыў і чымсьці нагадваў цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Пакой быў прахадны: адразу ж за сталом віднеліся яшчэ адны дзьверы, на якіх вісела дагістарычнага выгляду шыльдачка са зробленым пад трафарэт напаўзацёртым надпісам: “Кінамэханік”. “Туды, туды”, – крыху раздражнёна праз маю марудлівасьць сказалі мне прахалодныя рукі І, і я, ледзь не спатыкнуўшыся аб невядомую перашкоду, пасьпяшаўся да сьвятая сьвятых.
Кароткая лесьвіца прывяла нас на нейкую паўцёмную пляцоўку. Аднекуль зь нябачнай столі крапнула імгненьне, вуха мне паказытаў прыемны шэлест, я ступіў наперад і спыніўся, быццам наляцеўшы на празрысты мур, спыніўся, так што злосна грукнулі гліняныя ўпрыгожаньні на шыі І, якая падымалася за мной і цяпер прашыпела нешта – спыніўся, забыўшы і пра І, і пра А, і пра іпсылён. Бо было ад чаго.
70.
Тут панаваў паўзмрок, было душнавата, вільготна й чырвона – разьвешаныя па сьценах ліхтары або выканаўцы іхных роляў нібыта падсьвечвалі пакой знутры; полымя аднастайна калыхалася за тоўстым пунсовым шклом, па пакоі бязладна бегалі няроўныя чорныя плямы, раз-пораз накрываючы чорным аксамітам увесь той дзіўны інтэр’ер, што паўстаў перад маімі вачыма, выпісвалі таямнічыя знакі на столі, мільгалі на тварах, бы безвач праводзячы па іх далонямі. Так, тут былі й людзі, зусім няшмат, хаця яны падаліся мне напачатку натоўпам. Пакой можна было б прыняць за фоталябараторыю, калі б не яны, гэтыя пяцёра, якія моўчкі паўляжалі на падушках .за нізкім сталом.
Не сказаў бы, што ў ва ўсім гэтым адчувалася нешта д’ябальскае, у чырвані сьвятла, цьмяных вагнёх наўкола, у паўзмроку й напружанай маўклівасьці прысутных. Наадварот, я адразу адчуў сябе тут вельмі ўтульна – крыклівая добразычлівасьць фае здавалася цяпер настолькі чужой і варожай, што я з падзякай паглядзеў на І. Яна ж не зьвяртала на мяне аніякае ўвагі, стаяла, прысланіўшыся да сьцяны, і перабірала пацеркі на шыі: тук-тук.
71.
Прысутныя, безумоўна, заслугоўвалі асаблівай ўвагі. З самага краю стала, трохі воддаль ад астатніх, сядзеў натуральны курдупель, з пачварна маршчыністым, непрыгожым тварам, на якім блішчэў пот – праўда, мокры твар, відавочна, прыносіў гэтаму чалавечку задавальненьне, бо на вусенках ягоных застыла загадкавая ўхмылка.
Гніючы, па ўсім відаць, ад штодзённага п’янства пралетар у клятчастай кашулі, які смурна глядзеў перад сабой, выставіўшы наперад малпаву сківіцу, складаў поўную супрацьлегласьць па апошняй модзе апранутаму маладзёну з пафарбаванымі ў сівы колер валасамі, што былі ахайна зачасаныя назад. Маленькімі глыткамі піў нешта з доўгага келіху хлопчык з пухлымі шчочкамі, на якіх нават пры такім асьвятленьні можна было заўважыць яркую, нездаровую чырвань, як у матрошкі. Бліжэй за ўсіх да мяне знаходзіўся сымпатычны задуменны чалавек з адсутным тварам – месца ля яго было вольным і прызначалася, напэўна, мне.
Позіркі прысутных былі скіраваныя на завешаную чорнай фіранкаю сьцяну. Яшчэ не дапяўшы, што да чаго, трохі разгублены, я падыйшоў да фіранкі й зазірнуў за край. У пакой, недарэчна й фальшыва, бы папяровы міліцыянт, уварвалася халерычнае сьвятло – радасны шум, бальнічна-белы кадр, хатняя старонка альбіноскага сайту... Тут жа рука І закрыла мне агляд і вярнула фіранку на месца, а жыцьцё – на сэкунду назад. І ўсё ж я пасьпеў убачыць: разьдзьмутую блізкасьцю да мяне жанчыну, што стоячы на крэсьле надзімала шарык, і таго хлопца, які перагарадзіў мне шлях у фае, і патыліцы мноства іншых крэслаў. І нібыта нехта сказаў мне на вуха: сыходзь адсюль пакуль ня позна.
– Не сьпяшайцеся, – прамовіла І, папраўляючы фіранку, і рот яе быў у гэты момант прыкрыты чорным шоўкам пільнага ценю. – Спэктакль неўзабаве пачнецца. Сядайце лепш на сваё месца.
Я раздражнёна абвёў вачыма стол. Ніхто нават не паварушыўся. І дакранулася да маёй рукі, і я абмяк, даў сябе пасадзіць побач з тым, хто цяпер усё гэтак жа задуменна дасьледваў пальцам сваё правае вуха. Яна прысела каля мяне, наліла сабе віна. У пакоі станавілася ўсё больш душна.
– Як называецца спэктакль? – шапнуў я свайму суседу, шапнуў толькі таму, што люблю маўчаць, калі ўсе навокал балбочуць, а калі ўсе маўчаць, то мне нясьцерпна хочацца гукаў. Няважна якіх. Палец спакойна працягваў тоўкацца ў вуху, быццам мяне не існавала. Я павярнуўся да І. Яе трэцяе вока было заплюшчанае, а астатнія зірнулі на мяне, успыхлі й згасьлі. Цішыня станавілася ўсё больш невыноснай. Звычка хаця б да якога-небудзь дзеяньня, няхай і бескарыснага, выварочвала мне душу. Канешне, было зразумела, што захапі я з сабой кнігу й разгарні яе ў гэты момант, мяне з ганьбаю выставілі б за дзьверы. І таму даводзілася душыць у сабе памкненьне выбіць на стале пальцамі пахавальны марш або прагундосіць пад нос што-небудзь патрыятычнае. У кішэні ляжалі цыгарэты, аднак тут ніхто не паліў: хто ж паліць у тэатры. Аднак трэба ж нарэшце пачынаць. Яны ўсё глядзелі й глядзелі на фіранку. Утаропіліся, як бараны. Хутка я спаймаў сябе на думцы, што таксама пазіраю на яе з надзеяй. Калі яе адкрыюць? Чамусьці мне пачало здавацца, што тады ў гэтым дзіўным памяшканьні зьявіцца й паветра, і чалавечыя эмоцыі, і галасы. Неўзабаве я папросту гіпнатызаваў фіранку поглядам, і вочы мае пачалі сьлязіцца. На языку круцілася: тут дыхаць няма чым, дыхаць няма чым. Фіранка заставалася нерухомай. Мае думкі, высалапіўшы языкі, бегалі па коле.
– Можа, камусьці тут няма чым дыхаць? – спытаў раптам самы маленькі ў гэтай кампаніі такім хамскім тонам, што ў мяне закалола ад крыўды ў грудзёх. Ён нечакана падняўся са свайго месца й стаў дзесьці за нашымі сьпінамі.
– Як вы сябе адчуваеце? – нерашуча й крыху заікаючыся спытаў, перагнуўшыся да мяне, пухлы хлопчык. Сівы зірнуў на яго з пагардай.
– Выдатна, – з палёгкай выдыхнуў я. – А тут...
І тут заслона бясшумна й хутка паехала ўверх.
72.
Тое, што перад намі зьявілася глядзельная заля кінатэатру імя Жданава, да мяне дайшло не адразу. Так бывала калісьці пры праглядзе стэрэафільмаў: на цябе, няшчаснае дзіця ў завялікіх акулярах, раптам навальваўся фашысцкі танк, і граната, кінутая пад твае ногі заслужаным героем, выбухала ў вушах агіднай ватай. Заля была ў двух кроках ад нас, і я нават адхіснуўся ад яе, а потым, пераводзячы дух, аглядзеў сваіх суседзяў: на іх ўбачанае падзейнічала прыкладна гэтаксама.
Так, заля была зусім блізка; запоўненая людзьмі, яна прыцішана гудзела, было такое пачуцьцё, нібыта мяне гвалтам выкінулі на ярка асьветленую сцэну. Зрэшты, калі я выйшаў на падмосткі, гул мусіў заціхнуць – аднак не, ніхто зь людзей у залі не заўважыў нашай прысутнасьці, яны гуртаваліся па двое-трое, як колісь у фае, некаторыя сядзелі, некаторыя стаялі, там-сям у іхных руках бялелі паперкі. Зараз, зараз яны павернуцца ў наш бок, і заля пакрысе змоўкне, пагрозьліва й чакальна сьвідруючы нас вачыма... Але анічога не адбывалася, і можна было разьняволена выцягнуць ногі, лежачы на вельмі камфортных падушачках, і наліць сабе з доўгай і вузкай, як манэкеншчыца, бутэлькі, і пагрузіць пальцы ў раскладзены на стале лёд. Рыпнула канапа пад пухлым хлопчыкам, і разгладзілася складка на лбе пралетара – мае суседзі абмяклі, і мы з палёгкай угледзеліся ў залю.
Наш пакой знаходзіўся насупраць кінаэкрану, на ягонай бруднавата-белай роўнядзі была прымацаваная вялікая літара Р у выглядзе скручанай пятлі. Па сьценах залі былі разьвешаныя паветраныя шарыкі, на кожным тая ж літара, а пад ёй – белазубая ўсьмешка, заключаная ў мясістыя ружовыя вусны. Што адбывалася ў самым цэнтры, нам не было відаць – там людзі стаялі асабліва шчыльна, а вось лапік кафлі перад экранам быў бадай што вольны: толькі вакол сьціплага стала двое маладзёнаў спаражнялі нейкія скрыні, так што на стале штосэкунды расла плястмасавая горка.
Ад залі нас, відавочна, адзьдзяляў празрысты экран: сканструяваны так, як мы безьліч разоў бачылі ў амэрыканскіх стужках – нехта вядзе допыт, а нехта стаіць за вось такім экранам і з надзеяй пазірае за злачынцам. Я ў захапленьні паглядзеў на І, але яна, наколькі я ўцяміў, чакала ад мяне зусім не захапленьня. Глядзела на людзей у залі й грызла свой пракляты рыс. Я адпіў з келіху. Спэктакль пачаўся.
73.
Засланяючы ад нашых позіркаў амаль увесь левы бок залі, у некалькіх кроках ад выцягнутых ног І размаўлялі трое, і ў гэтай блізіні было нешта жудаснае: хацелася адыйсьці або далікатна заціснуць вушы. І калі мае суседзі перасталі варушыцца, стала нарэшце чуваць, пра што вядзецца гаворка. Папраўдзе, гаварыў толькі адзін з гэтай тройцы, самадавольны мужык ва ўзорчатым швэдры – папка ў ягоных рухавых моцных руках рэзала паветра ўпэўнена й груба. Двое астатніх, маркотны чалавек прыкладна маіх гадоў і дама, вочы якіх раскрываліся ўсё шырэй і шырэй, адно слухалі, устаўляючы раз-пораз нерашучае “так”.
– Тутэйшы народ – тупіцы й дзікуны, – разьюшана хрыпеў іхны суразмоўца. – Прабачце мне, канешне, але так яно і ёсьць. Адзінае, што апраўдвае гэтых людзей – тое, што гэта ня іхная віна. Семдзесят гадоў не прайшлі бясьследна, самі ж разумееце... І вось цяпер мы...
Слухачы сарамліва заўсьміхаліся.
– Так, менавіта мы, наша кампанія “Панацэн”, я – і вы, вы, вы, дарагая мая Любоў Максімаўна, і вы, дарагі Алег, бо вы, прыйшоўшы сюды, прадэманстравалі сваім візытам, што ўсьведамляеце, наколькі важную справу робіць “Панацэн”...
Нечакана ў самым цэнтры нашага пакою загучала музыка, прыцішана, але выразна. Яна была нібыта спараджэньнем той задухі, што панавала тут, у былой рубцы кінамэханіка, задухі, якую рабілі яшчэ больш густой і вязкай водары загадкавых усходніх духмянасьцяў, адчувальныя ўсё мацней; яна нарадзілася над нашымі галовамі як электрычны разрад, яна была бадай што бачнай, гэтая музыка: на нас пругка скочылі аднекуль дзьве прыгожыя, сакавітыя, грузныя фартэпіянныя ноты, потым яшчэ дзьве, а затым гэтыя цудоўныя госьці рассыпаліся ўмомант на некалькі звонкіх аскепкаў... Аскепкі завісьлі на імгненьне пад столяй, і зноў мілагучна зазьвінелі, а потым мэлёдыя паўтарылася, зь яшчэ большай сілай, вібруючы й дрыжучы. І музыка палілася ўжо бесьперапынна; раз-пораз ноты-крокі вярталіся, падэшвы выканаўцы магутна наступалі на ўяўны буралом, а ад іх наперад разьляталіся зграйкі легкадумных птушак, а можа быць, вялікіх лупатых стракозаў. Тым часам размова супрацоўніка “Панацэну” з дамаю і Алегам працягвалася; я мяркую, мае суседзі, сумна слухаючы маналёг чалавека з папкаю, не адразу заўважылі гэтай музыкі, яе смарагдавага зьзяньня, яе асьцярожнага поступу, яе празрыстых вежаў. Нічога дзіўнага – яна выдатна пасавала відовішчу, якое мы назіралі, яна ненавязьліва і ў той самы час дарэчна падсьвечвала яго, надавала ўсім словам новы сэнс. Не, хутчэй, распранала гэтыя словы, і мы маглі ўпершыню ў жыцьці пабачыць, як выглядаюць словы без адзеньня.
74.
– І вось цяпер мы, усе разам, прапануем гэтаму народу здароўе, працу, посьпех, а людзі ўсё яшчэ ад нас бягуць, як ад чумы, – працягваў супрацоўнік. – Краіна задыхаецца ад беднасьці, радыяцыі й духоўнае нэндзы, крывая самазабойстваў паўзе ўверх з кожным годам, хворыя дзеці, злачыннасьць – і тут людзям кідаюць ратавальнае кола. А яны адпіхваюць яго й тонуць у сваёй бязглуздай гордасьці. Душы атручаныя нявер’ем. Хіба адзінкі здольныя на тое, каб ухапіць гэтае кола й падзяліцца ім з суседам.
– Якое кола? – зьбянтэжана спытаў высокі й прышчавы Алег, і дама з прыкрасьцю тарганула яго за рукаў.
– Кола... – супрацоўнік “Панацэну” неўразумела зірнуў на Алега й зрабіў глыбокі ўдых. – Кола... А, ну, гэта вобраз. Ратавальнае кола, рука дапамогі, мост надзеі... Ну добра, возьмем, да прыкладу, эканамічны аспэкт. Так, так, пагаворым пра грошы – нашто крывадушнічаць, усе мы маем у іх патрэбу, гэта нармальная зьява. Кампанія “Панацэн” дзейнічае па прынцыпе: мы зарабляем самі й даем зарабіць людзям.
Дзьве нагі міжволі зрабілі крок бліжэй, аднак той, хто вымавіў чароўныя словы, выставіў перад сабой папку, нібы шчыт, і адступіў да сьцяны: я мог разгледзець кожную пяцельку на ягоным швэдры.
– Пры добрым разьвіцьці справы ў выгодзе застануцца ўсе: кампанія атрымае з нашых рук капітал, каб выпускаць лекі “Панацэн”, я атрымаю грошы за працу на сэмінарах, якія забясьпечваюць рынак збыту прадукцыі, вы атрымаеце цудоўны прадукт са значнай зьніжкай і вялікі працэнт за продаж кожнай упакоўкі “Панацэну”, людзі атрымаюць сапраўды цудоўны сродак супраць рознай пошасьці, а ўсе мы разам – атрымаем здароўе! Хіба можна эканоміць на ўласным здароўі? А на здароўі сваіх дзяцей, бацькоў, сваякоў!?
– Гэта ўсё зразумела, – нецярпліва прастагнала дама, як у люстры, зараз жа адбіўшыся ў музыцы, якая цяпер сярдзіта, быццам марская хваля, білася аб наш бок экрану (у параўнаньні з музыкай усе людзі непрыгожыя, падумаў я). – Аднак колькі, колькі мы зможам зарабіць? Назавіце суму! Мне ніхто пакуль не назваў суму.
– Я бы ня стаў так зацыклівацца на фінансавым баку, – важна прамовіў мэнэджэр, і музыка адразу ж ператварыла ягоную важнасьць у брудны пыл. – Мы ганарымся, што “Панацэн” – ня толькі камэрцыйны праект. “Панацэн” – гэта яшчэ, калі хочаце, сьветапогляд. Гэта філязофія. Мы з вамі – першапраходцы, першыя праваднікі здароўя для ўсіх, носьбіты чыстай ідэі хуткага аздараўленьня чалавецтва, ачышчэньня яго ад праклятага інстынкту самаруйнаваньня, ад шкодных звычак, ад хваробаў і заўчасных сьмерцяў, мы можам зрабіць, па сутнасьці, тое, на што няздатны ніхто – пазбавіць людзей абавязку расплочвацца за свае памылкі, мы – воіны, абаронцы чалавека ад неспрыяльнага асяродзьдзя, ад экалягічных праблемаў. Першым заўжды цяжка. Але надыйдзе дзень – і для кожнага нашага суайчыньніка “Панацэн” стане такім жа звычным, як зубная шчотка. Мы – апосталы здароўя.
– Гэта ўсё было ў вашай брашуры, – усклікнула дама. – Але ці пачую я лічбы?
– Адкуль мы ведаем, колькі... – пачаў Алег, ды апостал “Панацэну” стомленым жэстам прымусіў яго сьціхнуць:
– Ну няўжо вы думаеце, што мы зьбіралі б вас тут, калі б нам няма чаго было б прапанаваць вам, даражэнькія? На нашым баку ўжо вельмі шмат люзей, якія мысьляць цьвяроза, за сьпінай кампаніі – бізнэсмэны, палітыкі, зоркі шоў-бізнэсу... Але болей за ўсё – звычайных людзей: лекары, настаўнікі, інжынэры. Кожны зь іх ужо падпісаў усю сям’ю, і гэтыя сем’і... Наш чалавек, на жаль, звыкся ставіць для сябе межы, звыкся да розных планак, да гэтага дэбільнага, прабачце, выразу: вышэй за галаву ня скочыш. Можна, можна скочыць, калі захацець. Не заганяйце самі сябе ў рамкі. Вы нават ня можаце сабе ўявіць, на што вы здольныя. Замарыліся? Клопатаў поўны воз? Аднак “Панацэн”, паводле дасьледваньняў нікарагуанскіх навукоўцаў, павышае працаздольнасьць чалавека ў сто семнаццаць з паловай разоў. Ведаеце, што стаіць за гэтымі лічбамі? Не, не, я не пра гэта... А вось пра што: “Панацэн” усяго толькі вяртае вам тое, што вы мелі згодна з плянамі наконт вас матухны-прыроды. Вы проста маеце ў сваім распараджэньні тыя магчымасьці, якія вам дадзеныя богам і якія дзякуючы стрэсам, экалёгіі ды шкодным звычкам, а ў першую чаргу няправільнаму харчаваньню, вы страцілі. І тады праца з нуднага абавязку становіцца ра-да-сьцю! Радасьцю! Вы сабе ўяўляеце, як гэта істотна: каб праца прыносіла радасьць!
– А грошы, Міхаіл Міхайлавіч? – паглядзеў спадылба на мэнэджэра Алег.
–Добра, добра, – зноў замахаў рукамі Міхаіл Міхайлавіч. – Мой сын, а ён трохі малодшы за вас, Алежак, працуе на нашу кампанію ўжо два гады, і заўважце: працуе па дзьве гадзіны на дзень. Усяго па дзьве гадзіны. І мае ўсё: машыну, грошы на любы начны клюб, штолета езьдзіць у Гішпанію, дзяўчаты ад яго... Сам аплочвае сваю вучобу, дарэчы.
– Любы начны клюб? – спахмурнеўшы, запытаў Алег. – І “Кашалот”?
– І ён, дружок, і ён, – хутка сказаў Міхаіл Міхайлавіч. – І ў майго сына ніколі не ўзьнікала жаданьня паспрабаваць наркотыкі, алькаголь, ён ніколі не паліў і ня піў, ні чаркі за свае дваццаць тры ня выпіў, далібог. Піва ня п’е. Вельмі здаровы, разважлівы малады чалавек. А ўсё таму, што ведае: калі й трэба жыць па нечай указцы, то толькі па ўказцы Здаровага Сэнсу.
Я ўпотай паглядзеў на маленькага маршчыністага гаспадара тэатру, які ўсё гэтак жа стаяў у нас за сьпінамі. Ягоны твар не выражаў аніякіх эмоцый.
– І ўсё ж, – ціха залямантавала дама. – Вы так і не назвалі заробак, хаця б прыкладна. Я разумею, капіталізм, зарабляеш столькі, на колькі напрацаваў, усё залежыць ад мяне, але ўсё-ткі?
– Ну я ж ужо сказаў, – паморшчыўся Міхаіл Міхайлавіч. – Ну што гэта за саўдэп? Не стаўце перад сабой бар’ераў. Усё ў вашых руках. Колькі вы зарабляеце цяпер? Дзьвесьці? Вы будзеце зарабляць тысячу. Гэта праз паўтары месяцы. А праз год – удвая больш. Вы на гэта здольныя. І сёньняшняя прэзэнтацыя, я ўпэўнены, вас пераканае.
– Тысячу?
– Тры, чатыры, пяць, шэсьць, дзесяць тысячаў! Няўжо вы лічыце сябе нявартай такіх сьмешных сумаў або вымяраеце цану свайго здароўя й сваіх блізкіх у далярах? Проста скажыце: я магу. Проста скажыце: “Панацэн”! Проста скажыце: я выбіраю “Панацэн”! “Панацэн”!
– Тысяча! “Панацэн”! Тысяча! “Панацэн”! – выгукнуў Алег, і на яго з усьмешкамі абярнуліся. Нас, тых, хто назіраў за спэктаклем, ажно перасмыкнула, нібы мы пагалоўна мелі абсалютны слых – бо сваімі енкамі гэты дурань наступіў на вельмі лірычны пасаж нашай музыкі, ён якраз сьцяліўся зараз па пакоі, мякка мяшаючыся з чырваньню на сьценах. Дама стаяла, падняўшы вочы ўгору, і нешта лічыла ў галаве, павекі яе торгаліся. Міхаіл Міхайлавіч выцер рот, і тут у другім канцы залі пачуўся сьцяты крык:
– Я хачу, я магу, я сябе перамагу!
Алег пачырванеў і нясьмела засьмяяўся. Дама ж наадварот напусьціла на твар яшчэ большай сур’ёзнасьці й строга спытала: ці праўда, што сёньня можна будзе атрымаць прадукцыю на пробу. “Як вам сказаць... – зноў ажывіўся Міхаіл Міхайлавіч. – Са зьніжкай, так, здаецца, са зьніжкай, з даволі, я вам скажу, вялікай зьніжкай.” Мітусьня каля стала побач з кінаэкранам скончылася, а ў залі станавілася ўсё больш шумна. “Раз, два, тры, – прамовіў раптам грамападобны заклапочаны голас. – Ліпас-с-сакцыя. Р-р-р-рэвалюцыя. Ш-ш-шунціраваньне”. Да Міхаіла Міхайлавіча праціскваўся, як вецьце разводзячы рукамі чужыя локці й плечы, нехта ў плашчы. Наша музыка гучала ўсё мацней, ажно пакуль мы перасталі чуць шум залі – засталося толькі фортэпіяна. Шарыкі на сьценах пакрыўджана ўсьміхаліся адзін адному – нікому не было да іх справы. Дзяўчына ў футболцы зь літарай Р на грудзёх каля кінаэкрану сілілася памясьціць у вазу ненатуральна агромністы букет, адначасова намагаючыся пералічыць прысутных. А ў куце, нікім пакуль незаўважаны, стаяў хударлявы чалавек і паціраючы рукі абводзіў залю паблажліва-вясёлым поглядам. А музыка лілася ўсё хутчэй, ноты караскаліся ўсё вышэй і вышэй па сваёй фігурнай лесьвіцы, а можа, гэта быў танец, скокі звар’яцелых гномаў на крыштальнай падлозе. І раптам мэлёдыя абарвалася. Мне было вельмі не па сабе.
75.
Чалавек, які выйшаў зь ценю, быў сама добразычлівасьць, а аптымізм і дзелавітасьць сьвяціліся нават на гузіках ягонай кашулі. Ён элегантным рухам падхапіў са стала мікрафон і, абагнуўшы стол, выйшаў, усьміхаючыся, да пярэдніх радоў. За гэты час разнастайныя міхаілы міхайлавічы пасьпелі ўсадзіць усіх, хто выявіў жаданьне застацца, а паўдзельнічаць у прэзэнтацыі захацела амаль восемдзесят чалавек. Пакрысе ў залі ўсталявалася цішыня, а ў рубцы кінамэханіка зноў загучала музыка. На гэты раз – працяжная, жудасная, трапяткая й рыпучая, як сухое дрэва ў ветраную ноч. І калі чалавек паднес мікрафон да вуснаў, ніхто з нас, апрача, можа быць, майго суседа зьлева, ня мог ужо прыняць ягоную лагоднасьць за шчырыя пачуцьці. Пад такую музыку станавілася зразумела: за ўсьмешкай гэтага ўпэўненага ў сабе чалавека хаваецца нешта ганебнае... І неўзабаве мы з жахам аглядалі прысутных у залі: забыўшы, што людзі, якія сядзяць там, ня бачаць і ня чуюць таго, што адбываецца ў нас; мы не разумелі, чаму яны не рэагуюць на сыгнал трывогі. Нельга, нельга пад такія гукі слухаць нечы голас і прымаць прамоўленыя ім словы на веру. Мы пераглянуліся – упершыню за вечар.
– Добры вечар, – прыемным, надта ж ужо саладжавым голасам прамовіў чалавек у мікрафон, і ягоныя словы лізнулі залю ў вочы: людзі расслабіліся, разьняволіліся, і над заляй паплыў воблак глупага даверу. – Добры вечар, браты й сёстры. Я – Андрэй Макараў, чалавек.
Спачатку было ціха, нібыта гэтаму езуіцкаму вітаньню патрабаваўся пэўны час, каб даляцець да вушэй сабранай тут грамады й, падабраўшы ключы да даверлівых мэмбранаў, спляніраваць у душы. Аднак потым запляскаў ужо знаёмы нам Алег, рэхам азваліся нясьмелыя воплескі ля самага выйсьця, і не пасьпеў я разагнуць зацеклую нагу, як заля выбухнула радаснымі аплядысмэнтамі. Чалавек зь мікрафонам задаволена правёў языком па верхняй губе й працягнуў сваю прамову:
– Перш за ўсё дазвольце мне ад імя ўсіх нас падзякваць тэатру “Мінус” за ласкава прадастаўленае для сёньняшняй прэзэнтацыі памяшканьне. На жаль, не заўсёды нам, піянэрам аздараўленьня, даводзіцца сустракацца з такой падтрымкай, з такім разуменьнем. Аднак веру, і мяркую, што гэтую веру падзяляе большасьць з вас: міне зусім кароткі час, і прадукцыя кампаніі “Панацэн” будзе на стале ў кожнага жыхара нашага гораду. Ды што там на стале – у лазьніцах, спальнях, у жаночых сумачках, у мужчынскіх партманэ... Разам мы пераможам любую пошасьць.
А каб прадэманстраваць усе плюсы нашай прадукцыі, часу насамрэч шмат ня трэба. Нас хвалюе іншае: як давесьці вам ісьціну, што для нашых прыхільнікаў даўно зьяўляецца азбучнай. “Панацэн” створаны дзеля чалавека. Дзеля вас. Дзеля нас з вамі. І дазвольце мне...
76.
Што мусілі дазволіць прысутныя ў залі хітраму выступоўцу, мы так і не даведаліся. Музыка, якая дагэтуль, паступова нарастаючы, была чалавеку зь мікрафонам прыкладна па калена, цяпер абрынулася з патроенай сілай, яе струмяні ўмомант пазбавілі ягоны голас моцы й гучнасьці – хутка музыка ў нашым пакоі панавала амаль бязьмежна. Неўзабаве яна дабралася да самага горла Макарава, мы напружана прыўсталі на сваіх антычных падушках: не прайшло й хвілі, як Макараў пачаў роспачна лавіць ротам паветра, нібы шыбенік – потым ён бясьсільна махнуў рукой і далей ужо накшталт рыбіны толькі адкрываў нема свае пульхныя вусенкі. Музыка шалёна лётала па рубцы кінамэханіка, фортэпіяна выпальвала сябе знутры, гукі адскоквалі адно ад аднога, ад нашых надзьмутых да апошняе мяжы абалонкаў, пад якімі спалохана заплюшчвалі вочкі страхі й расчараваньні, і зноўку ноты ўзьляталі да цёмнай столі, і сутыкаліся паміж сабой, і падалі ніцма, як падстрэленыя д’яблікі. А Макараў усё адкрываў і закрываў рот, чапляючыся за жыцьцё. Мне падавалася, я зараз закрычу. Макараў паказаў пальцам кудысьці ў наш бок, і раптам на экране зьявілася выява некалькіх белых пакецікаў, працятых тоўстымі чорнымі й чырвонымі стрэламі. Макараў выхапіў указку (мусіць, тую самую, пра якую казаў Міхаіл Міхайлавіч – указку Здаровага Сэнсу, безь якой ягоны сын з дому ні нагой) і тыцнуў ёй у экран. Як вычварэнец, які не выносіць выгляду крыві, я заплюшчыў вочы і ўзяў І за арктычную руку. Думаеце, яна выхапіла яе? Не: яна абхапіла пальцамі маё беднае, беднае, беднае запясьце.
77.
Ня ведаю, колькі працягвалася гэтае вар’яцтва. Музыка скончылася акурат тады, калі ёй трэба было зьнерухомець. І яна замерла, пакінуўшы на разьвітаньне дрыготку ліхтароў, чырвонае сьвятло якіх пасьля гэтай оргіі было неабходнае вачам, як зельле – нарказалежным. Я адплюшчыў вочы, і, нібы ён толькі гэтага й чакаў, голас Макарава загучаў ізноў:
– Як бачыце, лекцыя зусім кароткая, вашае першае знаёмства з цудам “Панацэну” адбылося. Завочнае знаёмства. Аднак, як кажуць, лепш адзін раз пабачыць, чым... і гэтак далей. Давайце ж паглядзім, які ён: “Панацэн” у дзеяньні.
Макараў зрабіў прыгожы жэст правай рукой, і збоку стала зьявілася тая дзяўчына, якая нядаўна гвалціла букетам ліліяў маркотную вазу. Дзяўчына, у кароткай спадніцы, як на тэлегульнях, зрабіла рэвэранс публіцы і адыйшла за сьпіну вядучага. Музыка ў нашым пакоі загучала наноў: на гэты раз тужлівая, амаль чутная – толькі высокія ноты выразна, пранізьліва рыпелі па рэйках нашых зьдзіўленых душаў.
– Вось вы, вы, у трэцім радзе з краю, – Макараў стаў на мыскі ног і пачаў выцягваць здабычу. – Як у вас са здароўем? Не забывайцеся, я маю на ўвазе ня толькі фізычнае, але й маральнае здароўе. А таксама духоўнае! І не саромцеся, не саромцеся, ну што ж вы, тут усе свае, усе – браты й сёстры...
Маладжавы чалавек з міліцэйскай зьнешнасьцю, які тым ня менш даволі нясьмела падняўся са свайго месца, аніяк не выглядаў хворым, аднак высьветлілася, што ён кульгае ўжо восем гадоў, і дактары бясьсільныя дапамагчы. Небарака быў урачыста пасаджаны на крэсла, і дзяўчына ў міні, узяўшы пальцамі нябачны акорд, закасала яму нагавічыны й пяшчотна пачала намазваць нагу нябесна-сінім, падобным па густаце да добрай сьмятаны “Панацэнам”, зрэдку эратычным пацісканьнем прымушаючы выглядваць з пакету ўсё новыя й новыя кілбаскі мазі. Пацыент сядзеў у ціхім жаху, нібы на прыёме ў нобэлеўскага ляўрэата ў галіне стаматалёгіі, і толькі раз-пораз апускаў вочы ўніз, дзе шчыравала спрытнае дзяўчо. Шчокі ягоныя пунсавелі, ён цяжка дыхаў, ногі пакрысе сінелі, як у пратэрмінаванага тапельца. Макараў адыйшоў на крок і раптам выхапіў фотаапарат і зрабіў некалькі маланкавых здымкаў. Зрэшты, кульгавы нічога не заўважыў – на яго глядзелі восемдзесят параў вачэй, а яны бываюць пастрашней за любы аб’ектыў.
– Панацэн ужо дзейнічае! – усклікнуў Макараў урачыста. – Ён пачаў дзейнічаць у той самы момант, калі пальцы маёй чароўнай памочніцы толькі дакрануліся да каленяў беднага пацыента! Панацэну ня трэба часу на разагрэў, ён не марудзячы бярэцца за сваю справу. Панацэн-мазь дае вам выздараўленьне, не патрабуючы анічога ўзамен. А цяпер падыміцеся. Давайце знаёміцца. Ну не дрыжыце ж вы так, вы ж мужчына.
– Сярдэ Сюртэ, – прамармытаў першы выпрабавальнік мазі нешта неразборлівае. – Працую вахцёрам у інтэрнаце...
– Не, – Макараў жартаўліва пагразіў пацыенту пальцам.
– Ніколі не паверу, што чалавек з вашай паставай усё жыцьцё выдаваў ключы ды запісваў у журнале ненавісныя прозьвішчы. Кім вы былі да гэтага, прызнавайцеся. Тут вы сярод сяброў.
Пацыент глядзеў на Макарава як баран. Аднак Макараў, перакладаючы мікрафон з рукі ў руку, цярпліва чакаў. Музыка аднастайна гайдалася між намі, раз-пораз мякка праводзячы па нашых успацелых шчаках, прахалодная, бесстароньняя музыка, падобная да ветру. І тут вочы кульгавага прасьвятлелі. Ён выпрастаўся, расправіў плечы, зірнуў на Макарава і потым радасна ўтаропіўся на здранцьвелую залю.
– Я служыў, – трохі заікаючыся, сказаў пацыент. – У асобай брыгадзе. Камандзір узводу. У адстаўцы...
– А, – залямантаваў Макараў. – Вось што яны робяць з адданымі дзяржаве людзьмі, з тымі, хто не шкадуючы здароўя, за мізэрныя грошы стаяў у сьценцы перад варотамі каманды пад назвай Радзіма, калі у яе бок несправядліва прызначылі ганебны штрафны ўдар. Такіх людзей, залатых, не – бясцэнных людзей яны ссылаюць вахцёрамі ў інтэрнаты. І ўсё таму, што чалавек пачаў кульгаць! Ідзіце ж, вяртайцеся ў шыхты! Ідзіце! Рушце да мяне! Панацэн ужо скончыў сваю радасную, высакародную працу! Крочце!
Пацыент няўклюдна патупаў да Макарава. “Гэта звычка”, – крыкнуў Макараў:
– А ну – не кульгаць!
Вахцёр зрабіў некалькі правільных, ладных крокаў і спыніўся. Твар ягоны выцягнуўся, нібы атамны грыб. Ён узьняў галаву дагары, а потым, відаць, укленчыў перад заляй, бо нам засталася для агляду толькі ягоная траская макаўка.
– Праўда, – прашаптаў ён у паслужліва падстаўлены Макаравым мікрафон. – Праўда. Гэта ўсё праўда. Станчу яшчэ з табой, Аксанка.
У трэцім радзе голасна заравела шчасьлівая Аксанка. Дзяўчо, выцершы рукі вільготнай сурвэткай, з фірмовай усьмешкай праводзіла гордага вахцёра на ягонае месца. А Макараў падымаў са стала невялікую, на выгляд двухсотграмовую бляшанку. Аднастайнасьць нашай музыкі надавала ягоным рухам злавеснасьць.
78.
– Лухта, – у насьпелай цішыні пачуўся раптам кволы, але ўпэўнены голас. – Махлярства. Яны думаюць, што мы ідыёты.
– Хто гэта сказаў? – Макараў, не выпускаючы бляшанкі з рук, спахапіўся, выйшаў з-за стала, абвёў залю ўважлівым позіркам. – Не падумайце, што нам крыўдна, вы маеце права думаць што заўгодна, але...
Лагодны твар Макарава скрывіўся:
– Сьмешна, калі гэтак безапэляцыйна кажуць пра Панацэн у калгасным клюбе. Весела, калі так гавораць студэнты-першакурсьнікі. Аднак робіцца ніякавата чуць такое тут, сярод дарослых, інтэлігентных людзей. Няўжо вы думаеце, што мы, будзь наша справа махлярствам, дзейнічалі б настолькі прымітыўна? Давайце падыскутуем. Прашу таго, хто толькі што выказаў сумненьні ў нашай шчырасьці, падняцца на сцэну. Калі ласка.
Самотная фігура, якая адразу ж спавілася павуціньнем паглядаў, узьнялася ў цэнтры залі. Гэта быў, калі я яшчэ ня страціў на той момант здольнасьць адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць, той самы Алег, якога мы бачылі ў першай дзеі.
– Задзяўбло слухаць усю гэтую фігню, – сказаў ён ціха, відавочна палохаючыся ўсеагульнай увагі. – У мяне мазгі яшчэ на месцы.
– Прашу вас, на сцэну, прашу, – замітусіўся Макараў. – Адчуйце на сабе цудоўную моц Панацэн-тоніку.
– Ды пайшлі вы, – дрыжучы ад уласнай сьмеласьці, Алег бачком пачаў прабірацца скрозь рады. Макараў паўтараў свае закляцьці, але яго ніхто ня слухаў – заля, ды й мы ўсе напружана сачылі за перамяшчэньнем Алега да выхаду. Вось што значыць эфэкт суперажываньня. Дзяўчо за сьпінай Макарава стаяла з каменным тварам, і ўсьмешка на ім не абяцала анічога добрага. Алег прамінуў апошнія ссунутыя калені й пасьпешліва рушыў да дзьвярэй, над якімі было напісана “Exit”.
А насустрач яму з запаветных дзьвераў выйшлі двое маладзёнаў, настолькі падобныя да Макарава й тварамі, і адзеньнем, што іх можна было прыняць за братоў. Алег, апусьціўшы вочы долу, паспрабаваў прайсьці паміж імі, аднак браты самкнулі плечы, і калі бунтоўнік бездапаможна забарахтаўся ў іхных абдымках, вішчачы нешта прадказальнае й таму нецікавае, маладзёны сталі выкручваць яму рукі. Музыка зьнянацку сьціхла.
– Ну добра, – віскліва прамовіў пакамечаны трохкутнік, які браты трымалі цяпер беражліва, як санітаркі, сагнуўшы галаву Алега, тым ня менш, амаль да падлогі. – Добра. Давайце мне вашу мазь.
Браты разамкнулі свае абдымкі, і Алег, абтросшы зь сябе наліплыя рэшткі суворых дотыкаў, зрабіў крок да сцэны. Макараў адкрыў рот, каб сказаць чарговае глупства, аднак Алег нечакана спыніўся.
– А што гэта ў вас там за сьпінай? – ён падазрона выцягнуў зацеклую пасьля такога незвычайнага масажу шыю. – Вось там, з зубчыкамі. Мы маем права ведаць.
Макараў незадаволена і хутка азірнуўся, нібы паспрабаваў паглядзець на падэшвы сваіх чаравікоў, і ледзь ня ўпаў, браты ягоныя таксама як па камандзе павярнуліся да сцэны. Алег стартаваў зь месца так імкліва, як быццам на яго абрыналася столь. Я са зьдзіўленьнем заўважыў, што мае пальцы мёртвай хваткай учапіліся ў запясьце І. На ім даўно мусіла выступіць кроў, аднак І сядзела як ні ў чым не бывала – не раўнуючы сфінкс. Я перавёў свае запаленыя вочы на Назара Мінуса – цяпер я здагадаўся, што гэта ён. Мінус адказаў мне, упершыню за вечар, трыюмфуючым паглядам. “Які банальны, стары як сьвет тэатральны прыём”, – казалі ягоныя вочы, – “Які выдатны, які непараўнальны, звышталенавіты, цудоўны Штамп!”. Я ўсьміхнуўся ў адказ ягонаму захапленьню.
Алег ужо дабег да выйсьця і, не ўпісаўшыся крыху ў паварот, наляцеў на дзьверы, калі адзін з братоў, нясьпешна й дзелавіта, выдастаў аднекуль са сваіх цёмных голеных глыбіняў доўгі нож і па-бутафорску выкшталцоным рухам даслаў яго ў бок уцекача. Алег азірнуўся й зь дзіцячай, яснай усьмешкай абрынуўся на касяк – далонямі наперад, выставіўшы ўверх брудныя пазногці. Нож тырчэў з-пад ягонай лапаткі. Назара Мінуса сатрасаў нячутны сьмех. Публіка ў залі вохнула й кожны, далібог кожны падскочыў на месцы. З нашага ўкрыцьця гэта нагадвала стадыён. Алег марудна асядаў на падлогу, пакуль яшчэ не абмяклы, іржавая, але дзейная яшчэ спружына, якую працялі трэсачкай. Па-над мячом калыхалася, непазьбежна заміраючы, сетка, а заля выбухнула малітоўным “Ууу!”
79.
– Спакойна, – першы ўдар галоўнага голасу імпрэзы прыйшоўся міма, але Макараў яшчэ некалькі разоў паўтарыў гэтае слова, усё вышэй падымаючы ягонае крывое лязо, і ці тое ўсьмешка ягоная, якая ні на каліўца не зьмянілася з таго моманту, як ён узяў у рукі мікрафон, ці то пошлая чалавечая цікаўнасьць адыгралі тут сваю ролю, але людзі пакрысе сапраўды супакоіліся, і іхныя азадкі, якія ўзбуджана апусьціліся ў крэслы, засьведчылі, што адбылося нешта жахлівае, аднак дапушчальнае.
– Спакойна, – у апошні раз паўтарыў Макараў, пакуль ягоныя браты цягнулі Алега да сцэны. – Спакойна. Гэй, вы, жанчына, калі вы так верыце дактарам, то чаму вы прыйшлі сёньня да нас, махляроў і бандытаў. Хуткую, хуткую... Я вам расейскай мовай тлумачу перавагі Панацэну, а вы хочаце, каб сюды набеглі знахары ў белых халатах.
Назар Мінус моцна трымаў за плечы аднаго з нас, самага невялічкага ростам. А той усё парываўся ўстаць – твар ягоны торгаўся, вочы рваліся з арбітаў, вусны выціскалі нейкае ашмецьце словаў. Назар Мінус глядзеў на сцэну. Асыстэнтка Макарава здымала з забітага кашулю.
– Панацэн-гель, – Макараў узьняў над сабой нешта падобнае да ўпакоўкі ад зубной пасты. – Калі ласка. Хаця не... Паклічам усё ж сюды доктара. У каго-небудзь з прысутных ёсьць мэдыцынская адукацыя?
Жанчына, выгляд якой не пакідаў сумненьняў у яе прыналежнасьці да племені мэдсёстраў і лябарантак, баязьліва пасунулася да ахвяры. Праз хвіліну вэрдыкт быў вынесены. З прысутных у залі ў гістэрыцы білася толькі адна асобіна няпэўнага полу.
– А цяпер – глядзіце й вырашайце, хто на гэтай плянэце – махляр.
Асыстэнтка паволі ўцірала гель у прышчавую Алегаву сьпіну. Макараў прайшоў у кут і пачаў там гартаць нейкія паперы – хіба што ўгадваемы ў ценю, ён удаваў, што тутэйшыя падзеі аніяк яго не датычацца. Людзі з задніх радоў прыўсталі, каб было лепей відаць, і нам засталіся толькі прагныя сьпіны. Я глынуў віна, зірнуў нарэшце на свайго суседа – і ледзь не падавіўся. Той спаў, і І клапатліва папраўляла коўдру на ягоных нагах. Храп суседа, які не прымусіў сябе чакаць, умомант разбурыў усё цудоўнае ачмурэньне, створанае музыкай і той неімавернай карцінай, што з такой жудаснай пасьлядоўнасьцю разгортвалася перад намі ў апошнія некалькі гадзінаў. Калі І прыбрала ад мяне сваю тонкую вар’яцкую руку? Я нават не заўважыў, калі гэта адбылося.
Нечакана, адчуўшы, як адхлынаюць ад галавы музыка і астатнія выдумкі Мінуса, я ўбачыў сябе аднекуль зьверху – пабачыў і не пазнаў спачатку. Хударлявае цела, якое зь невядомай прычыны сядзіць па гэты бок празрыстага экрану й назірае за тым, як іншыя людзі прасыпаюць свае жыцьці, нібы кішэні іхных лёсаў працерліся да дзірак, нібыта дзён у гэтых кішэнях – бясконцая колькасьць, нібы гэта – бяздонныя кішэні, прасыпаюць бестурботна, хаця лічаць, што іх сатрасае штохвіліны стрэс за стрэсам. Быццам у залі, што раскінулася перада мной і маімі дзіўнымі суседзямі, у самым разгары першынство па нейкім бязглуздым відзе спорту: чэмпіянат гораду па гульні ў кампутарны кёрлінг. І нашыя позіркі на працягу вечару прыслоненыя да вялізнай, квадратнай патыліцы усёй гэтай марнатраўнай грамады, што ўселася каля кампутару й б’е пальцамі па кнопках у імя танных, несапраўдных перамогаў. І калі чалавечая грамада, гэтыя восемдзесят нашых суайчыньнікаў скончаць матч, патыліца павернецца й нам у вочы зазірне твар – тады пільныя, напружаныя нашы позіркі палятуць у нішто, і мы разам зь імі.
А пакуль што – мы глядзім на Іх, а Яны ня бачаць нас. І музыка працягваецца.
80.
Людзі ў залі хрысьціліся, а Алег усё ніяк ня мог падняцца – ён стаяў на каленях і як п’яны матляў галавой. Асыстэнтка выцерла нож, загарнула ў сурвэтку й схавала ў стол. Макараў у гэты час, застаючыся ў цені, выгаворваў братам, і тыя вінавата махалі рукамі, не забываючы між тым зь цікавасьцю паглядваць на сваю ажылую ахвяру. Ніхто з прысутных не садзіўся. Вочы Назара Мінуса блішчэлі. Я нагбом выпіў віно й наліў сабе яшчэ.
– У вас тут можна паліць? – запытаўся я шэптам у І і не дачакаўся адказу: яна толькі безуважна абвяла поглядам нашае пякельнае памяшканьне: па ім бруіўся дым шматлікіх духмянасьцяў, і маё пытаньне й сапраўды прагучала недарэчы.
Ён падымаўся грузна, як цяжкаатлет уздымае, штурхае па-над сабою штангу, і заля напружана сачыла: ці здолее. Адна нага, другая, жаласьлівае торганьне прэсам, нэрвовы цік пляча – і хутка герой дня зьбянтэжана, нібыта не пазнаючы, вывучаў вачыма залю. Нехта запляскаў, іншыя пачалі храсьціцца яшчэ больш апантана. Жанчына, якая мацала Алегу пульс, ляснулася, страціўшы недзе ў праходзе паміж крэсламі прытомнасьць. Асыстэнтка падбегла да яе, расштурхала мітусьлівых суседзяў, выдастала бутэлечку з Панацэнам і уваткнула мэдсястры паміж вуснаў.
Воплескі належалі Макараву – ён парадным крокам выйшаў да залі са свайго ўкрыцьця, і мікрафон, які ляжаў на стале, паслухмяна разносіў па кутох ягоныя злавесныя самотныя аплядысмэнты. Алега пасадзілі ў першым радзе. “Хачу папрасіць прабачэньня”, – глуха прамовіў адзін з братоў, хаваючы вочы, і падсеў да сваёй ахвяры, зашаптаў нешта на вуха. Макараў спыніўся ў кроку ад застылага ў нямым жаху шэрагу здранцвелых гледачоў.
– Такім чынам: Панацэн-гель. Спадзяюся, што ніхто цяпер не сумняецца ў эфэктыўнасьці прэпарату?
Можа быць, мне падалося, але першы рад гатовы быў укленчыць перад Макаравым, і толькі дабрадушны жэст апошняга пакінуў людзей на сваіх месцах.
– Вось і добра. Панацэн-гель. Я гутарыў перад пачаткам нашай прэзэнтацыі з адной дзяўчынай, якая прыйшла сёньня да нас з праблемай даволі інтымнай. Ня будзем доўга круціць: бедная Кацярына ня мае дзяцей, хаця вельмі б хацела. Як, зрэшты, любая сапраўдная жанчына. Вы, я бачу, ужо здагадваецеся, што я маю на ўвазе?
Позіркі дзесяткаў людзей забегалі па паверхні залі, аддана й мітусьліва выкрываючы няшчасную Кацярыну. У рэшце рэшт тая была ўпаляваная – шырока адплюшчаныя вочы глядзелі на Макарава пакорліва й страшна: так, відаць, глядзелі калісьці на Распуціна вочы пецярбургскіх жанок з вышэйшага сьвету.
– Я правільна расказаў? – бесклапотна спытаў Макараў, іранічны як рулетка ў казіно. – Сутнасьць праблемы пададзеная без скажэньняў?
Кацярына намагалася нешта сказаць, народ цярпліва чакаў, але ў выніку дачакаўся адно згоднага кіўка.
– А муж... – Макараў двума пальцамі ў роздуме пачасаў сабе падбародзьдзе і спакушальна пасьміхнуўся. – Муж... Ён сёньня з вамі?
Кацярына зноў кіўнула, а побач зь ёй павольна вырас бугай гадоў трыццаці, чырвоны як крывяная каўбаса. Браты Макарава тымчасам хуценька ўзводзілі каля стала лёгкую скрыню са зборных блёкаў. Макараў падыйшоў да Кацярыны, дапамог ёй выбрацца да сцэны, парукаўся з супругам, які ўсё не падымаў галавы.
– Вось, вось, – сужонству былі ўручаныя пакецікі. – А цяпер міласьці просім. Гэта, натуральна, ня рай у шалашы, аднак перачакаць летні дожджык тут можна. Калі ласка.
Кацярына і яе сарамлівы муж па чарзе, спатыкаючыся й ледзь ня плачучы, залезьлі ў скрыню. Макараў зачыніў за імі дзьверцу.
– І не забудзьце: Панацэн пачынае дзейнічаць імгненна, – весела пракрычаў Макараў ў шчылінку. Пакуль Кацярына з мужам бавілі час у скрыні, ля стала быў наладжаны продаж Панацэну й запіс у шэрагі працаўнікоў фірмы. Чарга зьмяёй вілася па ўсёй залі, і мы бачылі суцэльны рад людзей, што стаяў ад сьцяны да сьцяны. Было відаць, што размаўляць ім няма пра што, і людзі маскавалі разгубленасьць ненатуральна гучнымі галасамі. Толькі першыя двое гасьцей набылі па камплекце Панацэну й, разглядваючы пакеты быццам ня вельмі гідкіх, аднак буйнога памеру інсэктаў, адыйшлі да кінаэкрану, як Кацярына вызірнула са скрыні.
81.
– Куды? – усклікнуў Макараў. – Не, так ня пойдзе. А ну назад. Нават шчокі не пачырванелі. Што гэта за сабатаж. Муж! Паболей ініцыятывы!
Ён зачыніў дзьверцу й строга паляпаў па ёй кулаком.
– На Панацэн спадзявайся, але... У першую чаргу ўсё залежыць ад чалавека.
Кацярына выйшла хвілін празь дзесяць. Асыстэнтка Макарава, якая запісвала ахвотных стаць распаўсюднікамі, зачыніла ноўтбук. Браты з ухмылкамі пачалі разьбіраць скрыню, не дачакаўшыся, пакуль муж вылезе адтуль, і таму няшчасны заблытаўся ў дошачках, нібы ў нагавіцах. Макараў схапіў мікрафон.
– Раз!
Натоўп неўразумела глядзеў на яго.
– Два!
Кацярына ўстрывожана паспрабавала схавацца за сьпіной мужа, але той нечакана вырваўся й чамусьці паправіў прарэх.
– Тры!
Погляды ўсіх былі скіраваныя на Макарава, але вось адзін паважны мужчына ў кепі, што прысеў, стаміўшыся стаяць у чарзе, раптам выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітаньні:
– Глядзіце!
Жывот Кацярыны рос на вачах. Надзьмулася блакітная блузка, прыпухлі грудзі, затрашчалі гузікі. Кацярына ў паніцы завыла нешта ў твар мужа, а той махаў бязладна рукамі, круціў галавой і апырскваў сьлінай абалдзелых прысутных. Макараў стаяў зусім блізка, выціраў вільготнай сурвэткай твар і паўтараў з усьмешкай сабе пад нос: “Ад Баранавіч да Слуцку...”. Людзей калаціў экстатычны азноб, знаёмы нам Міхаіл Міхайлавіч гучна пляскаў у шырокія далоні, частымі паваротамі натрэніраванага торсу заклікаючы ўсіх далучыцца да трыюмфу. Нарэшце муж уцяміў, у чым рэч, і таропка пачаў расшпільваць гузікі на круглым жончыным жываце са сьвятым знакам ужо адпаведна падрыхтаванага пупка. Аднак зусім хутка Кацярына рухнула на крэслы, і мэдсястра ў чарговы раз вымушаная была ўзяцца за справу.
– Мне блага, – сказаў я гучна. – Я пайду.
Ніхто з суседзяў не зьвярнуў на мяне ўвагі. І мэлянхалічна перабірала свае пацеркі, а Мінус, асабліва непрыгожы ў чырвоным сьвятле, задаволена крывіў свае марынаваныя губкі. Навошта ён усё гэта зладзіў? А чаму б, уласна, і не? Нехта ж вось піша раманы, а нехта прадае ўчасткі на Месяцы пад лецішчы, а нехта капаецца ў асырыйскіх прыбіральнях. І ніхто не знаходзіць гэта настолькі экстравагантным, каб пакласьці сябе ў дыплямат і адправіць па пошце ў вар’ятню. Пралетар дапальваў нейкую танную й сьмярдзючую цыгарэту, мой сусед спаў, а маленькі закрыў твар рукамі. Я пераступіў цераз сьпячага й, прашалясьцеўшы на разьвітаньне палоскамі жалюзі, спусьціўся ўніз. Воран на стале ў дырэктарскім кабінэце ажывіўся пры маім зьяўленьні, заварочаўся на месцы, сутаргова заторгаў галавой, замалаціў дубовай дзюбай аб сьпінку крэсла. Я запаліў і выйшаў на двор. Нейкі стары тырчэў каля службовага ўваходу – я ледзь ня зьбіў яго з ног. Кадык ягоны затросься, аднак мне было не да высьвятленьня адносінаў або прабачэньняў. Я сеў у сквэры, ды толькі асьветленае вакно ў кабінэце Мінуса прымушала мяне абарочвацца на гэты дом зноўку й зноўку. Хацелася паліць, я даставаў цыгарэты, забываючы, што толькі што паліў. Хутка пад маімі нагамі бялеў у прыцемках цэлы вывыдак галодных пералётных недапалкаў.
І момант насьпеў. Уваход у кінатэатр адчыніўся, і адтуль, даносячы аж да мяне сваё маўклівае ўзбуджэньне, паваліў натоўп. Ніхто не зважаў адно на аднога. І калі трамваі чарадой, як гэта водзіцца ў іх пасьля дзесяці вечару, пачалі скасоўваць цені на прыпынку, нядаўнія акторы матэрыялізоўваліся ў трамвайных вокнах, і я бачыў: яны не падыходзяць адно да аднаго, яны разьязджаюцца па розных раёнах гораду і развозяць з сабой сваю таямніцу. Разам з загадкавым пакетам. І толькі зьніжка грэе ім вывернутыя навыварат душы.
За шклом мінусаўскага кабінэту зьявіліся постаці. Я бы, можа, правароніў іх, калі б нехта не зароў недалёка ў кустох мацерную песьню. Я павярнуў міжволі галаву, і асьветленае вакно адразу ж прасыгналізавала: яны выходзяць. Аднак ні праз хвіліну, ні празь пяць, ні празь дзесяць са службовага ўваходу так ніхто й ня выйшаў. І я, злосна пасьміхаючыся сам зь сябе, бо кот зь мяне проста ніякі, пракраўся да дзьвераў. Яны ўсё яшчэ былі адчыненыя. Я зноў нырнуў у цемру калідору, навобмацак знайшоў дзьверы ў дырэктарскі кабінэт, асьцярожна адчыніў. Воран чысьціў пер’е, павёў на мяне вокам. Я прыклаў да вуснаў палец, і ён паціснуў гарбатымі плячыма. Ціха ступаючы, я перасек пакой і зноў падняўся па лесьвіцы. Нічога не ўказвала на тое, што мяне нехта чуў. Перад уваходам у нашу чырвоную глядзельную залю я спыніўся. У шчыліны мне было відаць, што яны й праўда не разыходзяцца, праклятыя тэатралы, сядзяць вакол І, паўколам, і музыка ўжо сыйшла ў пясок, толькі яшчарчын яе хвосьцік застаўся на паверхні, вінным булькатам, перастукам гліны, шолахам нячышчанага зерня. Яны ўсе ўтаропіліся на І, і я ня бачыў, што тоіцца ў іхных вачох – пытаньні, адказы, загады, юрлівасьць? Няведаньне дражніла мяне, спакутаванага за сёньняшні вечар, зьнявечанага й дзіўным чынам ашчасьліўленага... Я закрыў адно вуха, каб пачуць, пра што вядзецца іхная ціхая размова, і тут у другое мне маркотна прамовілі:
– Праходзьце. Будзьце як дома.
Я адхіснуўся й з размаху сеў на прыступку. На парэнчах менш чым у мэтры ад мяне сядзеў Назар Мінус і матляў нагамі. Ад яго пахла нядаўна зьедзенай піццай з грыбамі. Ён з уздыхам саскочыў, узяў мяне за руку й правёў у неправетранае пакуль памяшканьне. Ніхто, здавалася, не заўважыў нашага зьяўленьня. Мінус усадзіў мяне побач з пралетарам і сунуў сваю сухую руку:
– Знаёмцеся.
Дзеючыя й нядзеючыя асобы
82.
У пятніцу мы зь Вікай сустрэліся на адной з тых ціхіх вулак, якія хаваюць за сваімі мілымі густымі шатамі праспэктны тлум. Наша часовае растаньне пайшло ёй на карысьць – я зь цяжкасьцю пазнаваў у гэтай дагледжана-драпежнай, з бліскучымі вачыма-манэтамі дзяўчыне сваю колішнюю спадарожніцу жыцьця, змораную ад штохвіліннай барацьбы за выкананьне нормы на маіх панылых рудніках. Яе сьпіна стала прамой нібы тэлевежа, яе пазногці былі пафарбаваныя кроўю ўспамінаў, яе думкі лёгка затоптвалі мае бедныя, абсалютна нецікавыя рэфлексіі. Мяркуючы па ўсім, курс рэабілітацыі ў бацькоўскім доме быў закончаны – пасьля першых жа асьцярожных словаў, якімі мы абмяняліся, мне стала зразумела, што дома яна цяпер бывае рэдка, усё больш курсуе па горадзе і ягоным чырвоналіхтарным навакольлі. Шукае.
– Ты ня ведаеш, чыя гэта музыка? – спытаў я між іншым, калі мы паволі крочылі ў засені клёнаў пэнсійнага ўзросту, і паспрабаваў, наколькі мог, на губах выканаць ёй фрагмэнт з пачутага на спэктаклі. Яна наморшчыла адпрасаваны свабодай лоб:
– Зараз, зараз. Нешта няўлоўна знаёмае. Тру-ту-ту... Ведаеш, здаецца, гэта Чайкоўскі.
– У цябе ж музычная адукацыя, – я зазірнуў у ноздры яе заклапочанага маленькага носу.
– Якая там адукацыя, – Віка насунула на вочы цёмныя акуляры, бо мы дайшлі да павароту й тут ужо ад сонца маглі ўратаваць хіба шапікі на прыпынках. – Я за фано ня сядзела ўжо гадоў пяць... Чайкоўскі. Так, Чайкоўскі.
Мы моўчкі дайшлі да прыпынку, яна некалькі разоў задуменна зірнула на экран тэлефону, прыгожа вуркочачы нешта. Хутка я заўважыў, што вуркоча яна тую самую нескладаную, але зіхоткую й вострую, як новенькая сякера, мэлёдыю.
– Вазьмі, – яна імкліва, нібыта каб ніхто не заўважыў, выдастала з сумачкі пачак грошай і сунула мне ў кішэню пінжаку. Наўмысна, каб я не пасьпеў прыкінуць, якая там сума. – Вазьмі. Бяры, прашу цябе, вазьмі калі ласка. Я нічога ня маю на ўвазе, проста ведаю, што ў цябе няма. А ў мяне працэс пайшоў. Бяры.
Я супраціўляўся як мог, яна настойліва спрабавала зьмяніць тэму, затоўквала мае рукі назад у кішэні разам з гэтым папяровым штучным сэрцам, якое мусіла захаваць мне жыцьцё. Урэшце нашая барацьба пачала нагадваць абдымкі. Сустрэчныя пазіралі на мяне як на дурня. І я здаўся, выцер успацелы лоб:
– Лепш бы ты мяне пакарміла.
– Няма праблемаў, – з палёгкай прамовіла яна. – Давай зойдзем. Толькі ў мяне мала часу. Наколькі я памятаю, ты ж... Ты ж шпарка ясі?
83.
Невялікая кавярня, міма якой я праходзіў безьліч разоў, апынулася пустой, белай і прахалоднай; пахла адначасова недапалкамі й толькі што прыгатаваным мясам. Мая галава адразу ж закружылася, узьбіваючы ў роце сьліну. Мы ўпалі ў зручныя, аднак занадта нізкія крэслы, і Віка, зірнуўшы ў мэню толькі краем вока, запаліла й спытала, так, як кожны раз пасьля нашага расстаньня – быццам бы мімаходзь: