– Ну як ты?
– Някепска, – адчуваньне, што мяне будуць карміць, нечакана нарадзіла ўнутры амаль зьвярынае ўзбуджэньне, жаданьне спароўваньня. Я жудасна простым поглядам абмацваў яе загарэлыя грудзі, якія яшчэ нядаўна былі маімі, маімі, і ўжо не разумеў, чаго мне хочацца болей: смажанай цяляціны ці гэтага, толькі трохі падсмажанага на сонцы мяса. Кавярня паступова запаўнялася людзьмі.
– Ня плюйся, – сказала яна, зморшчыўшы нос і выцершы зь яго нябачную кропельку. – Плюешся, як заўжды.
Падыйшоў афіцыянт, і я надыктаваў яму цэлую самабранку. Віка толькі прымружылася зьдзіўлена й замовіла сабе мінэралку, а потым вярнула хлопца назад і загадала прынесьці марціні. З ільдом – проста таму што прыгожа гучыць.
– І не глядзі на мяне так. Гэта з твайго боку...
– Як так?
– Так...
Яна пакруціла пальцамі ў паветры й на стол упаў попел.
– Карацей, не глядзі. Будзь вышэй. Я чула, ты хадзіў у тэатр. Зь якіх гэта...
– Я заўсёды любіў тэатр.
– Што не замінала табе ночы напралёт гуляцца ў кампутарныя стралялкі.
– Гэта быў кёрлінг...
– Бедны ты мой, бедны...
Апошнія словы яна прамовіла амаль пяшчотна. Мне прынесьлі салаты, потым гарачае; у параўнаньні з тымі поснымі стравамі, якімі зазвычай кармілі ў тэатры, гэта быў каралеўскі сьняданак; пакуль я, чвякаючы, насычаўся, Віка паліла адну цыгарэту за другой й без супынку пазірала на гадзіньнік, таропка распавядаючы пра бацькоў і сваякоў. Нарэшце я зразумеў, што калі даем усё, то памру проста тут, у гэтай кавярні – я згадаў раптам, што калісьці яна была мілым дзіцячым кафэ-марожаным, толькі вось назву ня мог успомніць. Шмат што зьмянілася ў сталіцы за некалькі гадоў.
– Набудзь мне гарэлкі, – папрасіў я, з задавальненьнем назіраючы, як позех Вікі прымушае яе прылегчы на пару імгненьняў грудзьмі на стол, і яе грудзі (мае, мае!) становяцца бачныя амаль да смочак.
– Ні-ні, – настрой у яе сапсаваўся. – І навогул, я ўжо спазьняюся.
– Добра, – я падняўся з-за стала. – Дзякуй табе вялікі. Ратуеш ад галоднае сьмерці. Я толькі пайду патэлефаную. Пачакай хвілінку.
Так мы жартам называлі падчас сумеснага жыцьця наведваньне прыбіральні. Засунуўшы ў кішэні рукі, я рушыў міма стойкі, лявіруючы між занадта шчыльна састаўленых крэслаў і столікаў. Галава была такой, нібыта я і праўда выпіў гарэлкі. Ужо недалёка ад запаветных дзьвераў я даволі моцна штурхануў нечую патыліцу, дзынькнула шклянка, я нахіліўся й сказаў у маленькае, адтапыранае пунсовае вуха: “Даруйце”.
– Нічога, нічога, – халодна адказаў мне Назар Мінус і паклаў на мокрае калена сурвэтку. І як заўсёды, І прымружыла свае вочы, пранізьліва апёкшы мяне трэцім. Яны, відаць, чакалі, пакуль ім прынясуць паесьці. Я агаломшана адвярнуўся й прамовіў кудысьці ўбок:
– Прывітаньне.
– Добры дзень, – пасьля паўзы раздражнёна выціснуў зь сябе Мінус. І перавяла позірк у вакно. Я пастаяў крыху моўчкі, трымаючыся за сьпінку крэсла.
– Файны ўчора быў спэктакль.
У адказ мне было ледзяное маўчаньне.
– Вы ведаеце, Кіроўца ўчора ў мянтуру патрапіў. На ўсю ноч... Мне здаецца, ён усё ж...
– Малады чалавек, – у зрэнках Мінуса было непадробнае шаленства. – Нам абсалютна не цікава, дзе бавяць ночы вашы себрукі. Вы нас з кімсьці зблыталі. Не замінайце, калі ласка, нам адпачываць.
– А інакш мы міліцыю выклічам, – сказала І драўляным голасам.
– Ідзеце куды ішлі, – недаразьвіты, празрысты палец Мінуса паказаў на дзьверы прыбіральні. – Усяго найлепшага.
Стала так крыўдна, што захацелася схапіць Мінуса за лапушыныя вушы, падняць над сталом і добра патрэсьці. Як тлуміць галовы людзям па вечарох, дык калі ласка. Мне сапраўды нясьцерпна захацелася гарэлкі. Я паглядзеў на Віку – тая апраўдвалася перад кімсьці па тэлефоне. “Прабачце, – усё ж прамармытаў я. – Кансьпірацыя”. Мінус пагрозьліва крэкнуў, што атрымалася ў яго насамрэч досыць сьмешна, і адвярнуўся.
Акружаны прыбіральшчыцамі, я ўзіраўся ў амаль індыйскі ўзор на кафлі і абражана паліваў лімонна-жоўты язык пісуару. Вікі мне болей не хацелася. У адной з кабінак нехта, відаць, размаўляў па тэлефоне, спраўляючы патрэбу – было такое ўражаньне, што чалавек гэты вядзе дзелавую размову са сваім пэнісам. Па артэрыях туалету струменілі таямнічыя сокі. Мыючы рукі, я доўга ўглядаўся ў сваё адлюстраваньне, сытае й непрыгожае, твар скончанага эгаіста, які застаўся на плянэце адзін з усяго чалавецтва... А потым я дастаў з кішэні грошы й пералічыў. Іх мусіла хапіць, прынамсі, да панядзелка.
84.
Малады Мастак застагнаў і адплюшчыў вочы. Спачатку ўсё было быццам бы няблага, толькі вось выяве перад вачыма відавочна не хапала стэрэаэфэкту. Па-над ім вісела знаёмая й родная савецкая лямпа, стылізаваная пад старажытную жырандолю, і чамусьці сьвяціла, хаця была, па ўсёй верагоднасьці, раніца – нясьмелае, бляклае электрычнае сьвятло чэзла ў суцэльным панаваньні сонца. Зь лямпы зьвісала пятля; прыглядзеўшыся, Малады Мастак уцяміў, што гэта жаночыя калготкі – іхныя дзіравыя пяткі выглядалі папросту мярзотна. Ён паспрабаваў паварушыцца, і адразу ж неімаверны боль працяў яго ад макаўкі да яец. Рот быў набіты нечым ванітоўным, нібы мастак наеўся перад сном мухаў. Зялёных, бліскучых мухаў. Ну, з гэтым усё зразумела. Проста ўчора яшчэ ня скончылася, а зачапілася за колы сёньняшняга. Мінулы вечар не марудзячы пачаў раскручвацца ў памяці Маладога Мастака, і некаторыя ягоныя часавыя адрэзкі апынуліся зацёртымі так, што аднавіць іх было немажліва. Зялёная муха пахмельля. Сэкс, наркотыкі й рок-н-рол. Аднак адкуль гэтыя брыдкія калготкі? Ды і спаў ён усю ноч на нечым калючым.
Праз колькі хвілінаў, здолеўшы захаваць прыемную нерухомасьць, Малады Мастак зразумеў, што адплюшчыў ён пакуль толькі адно вока. Вылаяўшыся і адчуўшы ад гэтага прыліў сілаў, ён паспрабаваў адплюшчыць другое, ды хутка здаўся, бо начыста забыў, якім чынам гэта робіцца. Які ж орган трэба ўключыць? Малады Мастак вырашыў пачаць з самага важнага, і неўзабаве з жахам адчуў, як пад ім разьліваецца цёплае, утульнае мора. Лежачы на ягонай паверхні, ён лаяўся да таго моманту, пакуль побач нехта не здрыгануўся і перад носам Мастака не прапаўзла валасатая пачвара, пакрытая чырвонымі плямамі.
– Майк? – аднымі вуснамі спытаў Мастак.
Майк пацалаваў яго ў вока й прашаптаў, дыхаючы перагарам:
– Ляжы. Я прынясу папіць.
– Майк...
Мастак заплакаў, і ягонае правае вока, растопленае сьлязьмі, урэшце адкрылася. Неўзабаве Мастак адчуў, як у рот ягоны крапае вада. Майк тым часам аблізнуў Мастака там, дзе было так балюча, і Мастак прыпадняўся, схапіў за валасы гэтую бледную, пакрытую шчэцьцю, галаву й адкінуў падалей. Майк сеў, абхапіў калені рукамі й заскуголіў.
– Ну не крыўдуй, – Мастак, пальцамі масіруючы лоб, пачаў адной рукой нацягваць на сябе шорты. – Табе ўчорашняга мала было? Ну ўсё, усё. Слухай, сёньня камісыя з мэрыі прыязджае. Трэба быць у форме. Ты ня бачыў, дзе ключ ад майстэрні?
– Яна адчыненая, – Майк лёг, рассунуў ногі.
– Што?
Мастак кінуўся да дзьвераў у суседні пакой, таргануў ручку – замок ляскнуў і не паддаўся. Ён у шаленстве абярнуўся: гэты педзік нячутна ржаў, пагладжваючы сябе паміж ног. “Жарт, жарт, – усьмешка зьнікла зь ягонага твару. – Я проста хацеў цябе павесяліць. Ключы ў цябе ў джынсах”.
– Слухай, – Мастак кінуўся да заплечніку, што валяўся пад шафай. – Камісія прыязджае, разумееш? Першы прагляд. Так што давай зробім так. Ты прыбярэш тут, а я схаджу прынясу чаго-небудзь перакусіць і потым пагляджу на мадэль, трэба дапрацаваць там трохі... Вось, ёб тваю, толькі два флаконы засталося.
Ён трымаў у руцэ два флякончыкі “Панацэну” і паскудная хваля падступала да ягонага горла. Абдзіраючы пазногці, Мастак ускрыў адзін і таропка прыпаў да плястмасавага рыльца. Спачатку вадкасьць не хацела ліцца ў глотку, застравала між зубоў, ападала пад языком і чамусьці ліпла да нёба, аднак Мастак страшэнным намаганьнем волі прымусіў сябе пракаўтнуць зьмесьціва флякону. Ён пастаяў трохі, баючыся заплюшчваць вочы, дачакаўся, пакуль з галавы, бы дым з пракуранага пакою, выйдзе ўвесь той панылы боль, які пакінуў Мастаку ў спадчыну ўчорашні дзень, і кроў зноў забурліць, і запрацуе абураны, выведзены з гіпнозу страўнік.
– Жыць стала лепей, жыць стала весялей, – крыва пасьміхнуўся мастак і, на імгненьне спахмурнеўшы, потым радасна адрыгнуў. – Кіслотна-шчалачны балянс адноўлены, можна зноў слухаць птушыныя сьпевы. Апранайся, дупа.
Абуваючыся, ён з зайздрасьцю глядзеў, як Майк нетаропка пасёрбвае з флякону, і думаў пры гэтым, ці не папрасіць сёньня ў пінжачных дзядзек сякога-такога авансу. У дамове, праўда, было пазначана, што заплоцяць яму напярэдадні сьвята, аднак можна было спаслацца, напрыклад, на недахоп матэрыялаў.
– Не хвалюйся, – прасьпяваў мякка Майк, дапіўшы “Панацэн” і капаючыся ў колбах на стале. – Я скажу тату, ён падкіне яшчэ панацэнчыку. Можа, нават пасьлязаўтра. У іх там якраз завоз, а ў таты нефіговая зьніжка. Мілы, а можа, паўторым сёньня. Можна Але зазваніць...
– Маўчаць, – заклапочана прарычэў Мастак, зірнуўшы на гадзіньнік. – Спачатку прымем камісію. Калі ўжо да цябе дойдзе. Каб празь пяць хвілін тут было чыста як ...
85.
Пінжачных дзядзек было трое, а зь імі – дзьве пінжачныя цёткі, якія, хоць і трымаліся ззаду, зьяўляліся, бясспрэчна, галоўнымі сябрамі камісіі. Мастак імкнуўся паводзіць сябе ветліва, кінуўся здымаць зь цётак пінжакі, тыя спалохана занялі непрыступныя позы, і Мастак быў вымушаны апраўдвацца. “Я выглядаю нейкім прайдзісьветам”, – з прыкрасьцю падумаў ён, незнарок пабачыўшы сябе ў люстры. Урэшце камісія, не разбуваючыся й не пасьміхаючыся, прайшла ў пакой. Мастак гасьцінным гэстам запрасіў іх прысесьці, але ад убачанага ў пакоі ледзь не ўпаў на канапу сам. На табурэце ў цэнтры пакоя сядзеў, закінуўшы нагу за нагу, Майк у кароткім, значна вышэй за калені жаночым халаце й маляваў нешта на вялікім лісьце ватману. Дзядзькі з жахам глядзелі на валасатыя, плямістыя Майкавы ногі й, здавалася, не маглі адвесьці вачэй.
– Гэта студэнт, з Акадэміі, – прамармытаў Мастак, засланяючы Майка сьпінай. – Бярэ ўрокі.
– І пазірую ў вольны час, – какетліва сказаў Майк і пачасаў аголенае плячо.
– А вы самі які факультэт Акадэміі сканчалі? – запытаўся падазрона адзін зь дзядзек, сьвідруючы Майка позіркам.
– Не давялося, – трагічна апусьціўшы бровы, прамовіў Мастак і зазірнуў у ліст на валасатых каленях. Свалачны педзік выводзіў вуглём па белым ватмане адборныя, выкшталцоныя мацерныя словы і ледзь прыкметна ўсьміхаўся, гадзюка.
– Самавучка? – і пінжачныя дзядзькі разам адарваліся ад сузіраньня Майка ў халаце.
Мастак узрушана павёў плячыма, аднак тут адна зь цётак ускінула галаву:
– А гэта ў вас што?
На савецкай лямпе, што так удала імітавала старажытную жырандолю ў стылі барока, гайдаліся на скразьняку дзіравыя жаночыя калготкі. “Заб’ю суку”, – вырашыў Мастак у адначасьсе, а Майк, адарваўшыся ад маляваньня, лянотна працадзіў:
– Гэта мая дыплёмная інсталяцыя.
Словы гэтыя зрабілі на цётак цудадзейнае ўражаньне. Яны з павагай пераварылі іх у сваіх падобных да катлоў галовах, і тая, што была худзейшая, сказала:
– А ў гэтым нешта ёсьць. Сучаснае мастацтва. Тут наўпрост лезьці нельга.
Адзін зь дзядзькоў, з падазроным голасам, раптам гэкнуў Мастаку ў вуха:
– А чым гэта ў вас так непрыемна пахне?
– Працэс мастацкага надзіманьня... – пачаў было разгублена Мастак, аднак худзейшая зь цётак рэзка прамовіла дзядзьку ў твар:
– Кандыдатура нашага шаноўнага Маладога Мастака зацьверджаная на паседжаньні Каардынацыйнага Савету. Так што няма падставаў сумнявацца ў яго прафэсійнай прыдатнасьці, Байрам Уралавіч. Мы ня маем для гэтага паўнамоцтваў.
– А можна паглядзець, над чым вы працуеце? – другая пінжачная цётка падыйшла да Майка, аднак Мастак рашуча перагарадзіў ёй шлях:
– Вы ведаеце, ня будзем бянтэжыць студэнта. Творчасьць, згадзіцеся, інтымны занятак... Давайце лепш я прадэманструю вам тое, што...
Ён кінуўся да дзьвярэй і шырока іх расчыніў. Цётка пакрыўджана падціснула вусны, але вымушаная была рушыць да майстэрні.
– Што ж, нас папярэджвалі, што вы – мастак ар’ергардны і авантажны, – строга сказала худзейшая. – Давайце ж паглядзім.
86.
Надзіманы чалавек займаў, бадай што, усё памяшканьне. Ён сядзеў на падлозе, прысланіўшыся сьпінай да сьцяны, і ўвогуле рабіў уражаньне досыць ціхамірнай істоты; рукі Надзіманы чалавек трымаў на каленях, і гэта яшчэ больш падкрэсьлівала ягоную паслухмянасьць і нязлоснасьць. Паміж пальцаў ног, кожны зь якіх быў ростам з Мастака, блукалі сонечныя водсьветы, у паветры кружляў пыл; на адным з пазногцяў левай рукі стаяла перапоўненая попельніца; вочы Надзіманага чалавека былі завешаныя брудна-жоўтымі анучамі. Надзіманы чалавек адкідаў у бок гасьцей густы, шырокі цень, ад якога цягнула холадам. Члены камісіі ацепаліся, нехта чыхнуў.
– Як жывы, – ня здолеўшы стрымаць захапленьня, прамовіла таўсьцейшая зь цётак, астатнія члены камісіі таксама ня зводзілі з надзіманай скульптуры зачараваных поглядаў. Мастак паціснуў плячыма й, прымружыўшыся, задуменна зірнуў на вершаліну калёсу.
Як цацачныя, вакол Надзіманага чалавеку былі раскіданыя лесьвіцы рознага памеру, самая высокая, утапаючы нізам у зімным ценю, верхам была прыслоненая да вуха, дзе загадкавай адтулінай цямнеў слыхавы праход. Дзе-нідзе балёны былі замацаваныя яшчэ даволі груба, і,аднак, твор сапраўды здаваўся жывым – хіба што адчувалася нядаўняе хірургічнае ўмяшальніцтва, якое давялося перажыць гэтаму вялізнаму арганізму.
– Ды вы праходзьце, падходзьце бліжэй, – спахапіўся Мастак і пасьпешліва ўзяўся ачышчаць для членаў камісіі дарогу. – З адлегласьці, натуральна, лепш ацэньваць, аднак вось і пад такім... р-ракурсам...трэб-ба...
Камісія баязьліва пакрочыла да ступакоў, на якія паказаў Мастак. Ззаду трымаўся Байрам Уралавіч, непрыязна пазіраючы на надзіманыя пальцы. Камісія падыйшла бліжэй. Адсюль было добра відаць, што скульптура прыкручаная да падлогі, у якую былі ўмантаваныя спэцыяльныя прыстасаваньні, адмысловым тросам. Надзіманага чалавека трымалі тут, як толькі што паланёнага Гулівэра.
– Але ж, мусіць, ніхто з вашых калегаў у такім узросьце ня меў гэткага прасторнага памяшканьня для майстэрні, – крыкнуў Мастаку Байрам Уралавіч, і пад столяй грымнула рэха.
– Фонд падтрымкі маладых творцаў, – праз плячо адказаў Мастак. – Я атрымаў грант Міністэрства культуры. Раней тут, дарэчы, працаваў Рцыгур, той самы, які ляпіў аўчарку Цанавы.
Яны спыніліся паміж разьведзеных убакі ступакоў Надзіманага чалавека. Адзін зь пінжачных дзядзек, асьмялеўшы, паляпаў скульптуру па пятцы й запытальна зірнуў на Мастака. “Гума”, – думаючы пра нешта сваё, сказаў той і запрашальна ўзьняў вочы.
87.
Нерухомасьць твару й захінутыя анучамі вачніцы наводзілі на думку, што Надзіманы сьпіць. Праўда, вусны яго крыху жаласьліва крывіліся, унізе шчакі гума трэснула й разыйшлася трыма рэзка акрэсьленымі палоскамі; кадык напружана тырчаў, утвараючы выступ, на якім магла б гнездаваць птушыная сям’я – было такое адчуваньне, што Надзіманага чалавека перад гэтым доўга катаваў невядомы боль, схаваны ў ягоных гумовых нетрах, і вось нарэшце яму зрабілі ўкол, і боль на нейкі час адыйшоў, пакінуўшы, тым ня меней, на скуры Надзіманага невынішчальныя сьляды. Плечы чалавек меў пахілыя, лысую ягоную макаўку ўпрыгожвала амаль празрыстая, нічым не зафарбаваная пухліна. Худзейшая зь пінжачных цётак з сумненьнем пакачала галавой.
– Можна зірнуць зьнізу, – пасьпешліва прамовіў Мастак. – На жаль, у поўны рост пакуль не атрымаецца, але...
Члены камісіі маўчалі, прыціснутыя маўклівай тугой дрымотнага гіганта.
З пупка Надзіманага чалавека тырчэў тоўсты шлянг; цяжка скруціўшыся на сьцягне, ён потым апускаўся з другога, залітага сонцам боку на падлогу й выходзіў праз вакно на двор. Там, унізе, разьмяшчалася машына, якая давала Мастаку паветра для надзіманьня. Машыну абслугоўваў інтэлігентны, як рабочы друкарні, алькаголік – Мастак ня бачыў яго ўжо тры дні. Камісія моўчкі выслухала тлумачэньні, з агідай аглядваючыся на ільсьністую, прапітаную чымсьці алеістым пупавіну.
– А чаму ў яго вочы закрытыя анучамі? – дзіцячым голасам запыталася нарэшце таўсьцейшая зь пінжачных цётак. Мастак сумеўся.
– Праца ж яшчэ ня скончаная, – прамармытаў ён. – Гэта адзін з найважнейшых этапаў, і... Ну, карацей, там сохне, і навогул...
Паміж ног Надзіманага чалавека было пуста, як у лялькі. Праўда, ні ў каго не ўзьнікала сумневу, што перад імі – істота мужчынскага полу, пагатоў усе бачылі ў гэтым інтымным месцы ня гладкую паверхню, а няроўны выступ памерам з добры валун, у форме якога можна было ўгадаць што заўгодна. Таўсьцейшая зь цётак з інтарэсам абводзіла яго вачыма, наважваючыся распытаць Мастака на далікатную тэму.
– Мы доўга думалі, – апярэдзіў яе немаведама адкуль узьніклы Майк. – І былі ўпэўненыя, што для сьвята спатрэбіцца ўсё ж мужчына...
Ён стаяў на лесьвіцы, той самай, найдаўжэйшай, што вяла да слыхавога праходу надзіманага вуха, і весела шчэрыў зубы. На Майку быў усё той жа жаночы халат, і члены камісіі, якія бачылі яго зьнізу, сарамліва адвярнуліся.
– Можна было падыйсьці да працы больш натуралістычна, – натхнёна працягваў Майк, зрабіўшы некалькі крокаў па лесьвіцы ўверх. – Аднак праблема, уласна, палягае ў самой спэцыфіцы жанру надзіманай скульптуры... Яна вось у чым: рабіць палавы орган надзьмутым ці...
Майк уладкаваўся на прыступцы.
– ...ці зьдзьмутым. Першы варыянт лягічны й на першы погляд заканамерны: усе часткі твору надзіманыя. Аднак што падумаюць гараджане, пабачыўшы настолькі маштабна паказанае ўзбуджэньне? Ці не падасца гэта, прама скажам, парнаграфіяй? З другога боку, зьдзьмуты, млявы, бязвольна павіслы орган пазбавіць жыхароў гораду, якія прыйдуць на сьвята, аптымізму, веры ў будучыню свайго роднага места, жаданьня працаваць дзеля ягонага вечнага дабрабыту. Зьдзьмутасьць мала таго што супярэчыць тэхналягічнаму рашэньню твора, яна прыўносіць у твор непатрэбныя нявер’е й смутак. Таму гэтае пытаньне мы бы хацелі пакінуць на суд шаноўных членаў камісіі: як на ваш погляд, лепей выразіць полавую прыналежнасьць скульптуры, не скатваючыся да непатрэбнай абстрактнасьці выкананьня, ці выражаць яе навогул, гэтую прыналежнасьць, або зрабіць скульптуру своеасаблівым гермафрадытам, які спалучыць у сабе лепшыя якасьці як мужчынскай часткі насельніцтва, так і жаночай? Вось вы як думаеце, Байрам Уралавіч?
– Пакінем як ёсьць, – спалохана прагаварыў Байрам Уралавіч. – Навошта гэта ўсё... ну, тое, што вы сказалі... Нармальная скульптура. Усё і так ясна.
– Ён проста апрануты, – правішчала таўсьцейшая зь пінжачных цётак.
– Многа ж волі вы даеце сваім вучням, – працадзіла скрозь зубы худзейшая й злосна зірнула на Мастака. – Давайце ня будзем шукаць праблемы там, дзе яе няма, – дадала яна ўжо гучней. – Гэта ня тое, на чым нам трэба акцэнтаваць увагу. Выбачайце, шаноўны мастак, мы адыйдзем на хвілінку, камісіі трэба параіцца.
– Калі ласка, – Мастак зьбянтэжана апусьціў вочы. – Толькі вось...
– На хвілінку, – адрэзала член камісіі й рашуча рушыла ў засень надзіманых пальцаў, махнуўшы калегам рукой. Тыя адрывіста й заклапочана зашапталіся.
Мастак пагразіў Майку кулаком. Той узьлез яшчэ вышэй і, трымаючыся за пругкую вушную ракавіну, пералез на брыво й павіс там, раскачваючыся.
– Не забудзьце пра тое, што ў поўны рост праблема міжножжа стане больш відавочнай! – крыкнуў Майк, крысьсё халату якога распахвалася ўсё шырэй.
– Скажыце студэнту, каб пакінуў залю, – строга прамовіла худзейшая. – Ён замінае нам праводзіць нараду. Дый вам, я гляджу, працаваць не дапамагае. Вы зразумейце, вельмі важна, каб скульптура была гатовая ў неабходны тэрмін.
Мастак з сур’ёзным выглядам надзьмуўся й выставіў далоні наперад: маўляў, зразумела.
– Вы хацелі пабачыць ягоныя вочы? – раптам крыкнуў Майк з вышыні. – Зараз я вам іх пакажу.
З увішнасьцю малпы ён пачаў караскацца па шчацэ Надзіманага чалавека, хапаючыся за ягоную нацягнутую, як на бубне, гумовую скуру. Хутка Майк стаяў, знайшоўшы аднаму яму вядомы гаўбец пад скулай, стаяў, абедзьвюма рукамі ўхапіўшыся за брыво. І тут жа ягоная левая рука торгнулася ўбок і скінула анучы.
Члены камісіі прыцішана ўскрыкнулі. Усе, апрача худой пінжачнай цёткі, закрылі вочы далонямі. Байрам Уралавіч застагнаў.
– Гэта ўсё энэргетыка, – залямантавала тоўстая. – Госпадзе!
Адзін зь пінжачных дзядзек адарваў нарэшце далоні ад вачэй і з агідай прабурчаў другому:
– Ніколі б не падумаў, што ад вачэй так шмат залежыць.
– Вось жа заўсёды трэба глядзець на закончаны прадукт, на закончаны, – раздражнёна азваўся той і сплюнуў. – Ч-чорт!
– Мы параіліся, – загаварыла старшыня камісіі, моршчачыся, быццам у твар ёй дзьмуў пранізьлівы вецер, і імкнучыся не глядзець на твар Надзіманага Чалавека. – Камісія параілася й вырашыла вось што... У скульптуру, якая ў прынцыпе нас задавальняе... Неабходна ўнесьці зьмены. На дадзены момант яе твар недастаткова адлюстроўвае галоўную ідэю сьвята й не ў поўнай меры можа служыць вобразам сучаснага жыхара сталіцы. Вам трэба ўнесьці больш пазытыву, больш, больш. Гэта мусіць быць аптымістычны, працавіты, жыцьцярадасны, малады душой гараджанін. Думаю, вам трэба папрацаваць над вуснамі і... Ды закрыйце ж яму нарэшце вочы!
Камісія амаль бегма кінулася да выйсьця. Мастак, трымаючыся пляча старшыні, пачаў, грымасьнічаючы, таропка й шматслоўна распавядаць пра патрэбу ў фінансах:
– На адно паветра колькі пайшло, –
а пінжачная цётка ўварочвалася ад ягонага дыханьня, і ўсё паўтарала: “Пішэце заяву, пішэце заяву”. Яны выбеглі з майстэрні, і пакой падаўся ім такім маленькім, што ў дзьвярох нават узьнікла невялікая штурханіна. Ніхто нават не заўважыў прышпіленага на самым прыкметным месцы ліста, аздобленага стракатымі надпісамі. Тым ня меней перад ліфтам усе мітусьліва пачалі ціснуць Мастаку руку, нібыта хацелі гвалтам зацягнуць яго ў кабіну. Мастак вырываўся й мармытаў пра заяву. Нарэшце дзьверы за камісіяй зачыніліся і ён з палёгкай вылаяўся.
Дзяўчынка, унучка вядомага жывапісца Ф., якую абступілі на першым паверсе пяцёра змрочных постацяў у аднолькавых пінжаках, спачатку хацела закрычаць. Пароду яе сабакі, падобнага на прапалены цыгарэтамі пуфік, людзі выводзілі відавочна не для абароны гаспадароў. Аднак вузкавокі дзядзька, які апусьціўся перад ёй на кукішкі, спытаў толькі агідным, саладжавым голасам:
– Скажы, дзяўчынка, тут ёсьць дзе-небудзь іншы выхад?
Яна паказала, і гэтыя пяцёра моўчкі выбраліся на завалены будаўнічымі адкідамі двор, празь які цягнуўся, дзе-нідзе ўжо засыпаны друзам, тоўсты шлянг.
88.
Спачатку Мая Леанідаўна адмовілася ад запрашэньня, і адмовілася, як ёй падалося, даволі рашуча. Не прамінула яшчэ й году з таго дня, калі яна разьвітвалася з кінатэатрам – о, яна добра запомніла той дзень: не зьвяртаючы на дырэктарку аніякае ўвагі, у яе кабінэце лаяліся санлівыя мужчыны, абмерваючы вакно ды падлогу; на двары, высунуўшы з машыны доўгія ногі, яе чакаў сын; усе дзьверы былі расчыненыя насьцеж. Мая Леанідаўна за дзесяць хвілін сабрала ўвесь свой няхітры скарб і потым марудным, урачыстым крокам абыйшла ўстанову ад прыбіральні да рубкі кінамэханіка. За сьпінай трашчалі складзеныя, нібы крылы, паўнамоцтвы, дзень быў сонечны й хрусткі, на лесьвіцы ёй трапіла ў вока млявая жамярынка. Яна вярнулася ў кабінэт, зьняла са сьцяны вершніка й выйшла з горда ўзьнятай галавой. Сын драмаў, накрыўшы твар спартовай газэтай.
Не прамінула й году... У панядзелак ёй патэлефанавалі з партыі. “Няўжо для зьезду нельга было знайсьці іншага месца?” – запыталася яна раздражнёна. Гэты хлопчык на другім канцы дроту, нехта з “маладых палітыкаў”, відавочна, нават ня ведаў пра колішняе існаваньне кінатэатру. “У памяшканьні тэатру Мінус”, “арандуем”... Мая Леанідаўна ня стала нічога тлумачыць, пагатоў прачнулася ўнучка й сваім рэактыўным віскатам адразу ж расставіла прыярытэты ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны. Файна, канечне, што й пасьля закрыцьця кінатэатр працягвае служыць справе, але ў ягоных крэслах калісьці сядзелі тыя, да каго гэтым маладым як да месяца далёка, думала яна, рассыпаючы аўсяныя шматкі на толькі што вычышчаны дыван. Увесь тыдзень яна імкнулася ні пра што такое ня думаць, вучылася карыстацца супэрсучаснай пральнай машынай і апускаць сьпінку калёсак, гатавала нявестцы булён ды перачытвала Прарока. А ў панядзелак разгарнула апазыцыйную газэту й пабачыла сваё ймя ў сьпісе найбольш паважаных удзельнікаў зьезду. Дзіўна, але ёй стала сорамна, і ў належны дзень са значкаю на ныючых грудзёх яна пераступіла парог зьмененага да непазнавальнасьці кінатэатру.
89.
Народ прыбываў. Уздоўж сьценаў, заклаўшы за сьпіны бэтонныя кулакі, нерухома стаялі магутныя хлопчыкі ў танных пінжаках – сябры маладзёвай арганізацыі “Белтэр’еры”, запрошаныя ахоўваць зьезд. У вачох кожнага чыталася мара загінуць або перамагчы. Глядзець на бессэнсоўна сьцятыя жалезныя вусны й нізкія лбы было чамусьці гідка, і Мая Леанідаўна таропка стала пераконваць сябе, што яе душу перапаўняе гордасьць: вось, такія юнакі, а ўжо патрыёты... Праўда, калі яна паспрабавала заняць сваё месца ў трэцім радзе, адзін зь юнакоў падскочыў да Маі Леанідаўны й загарадзіў ёй праход – трэснулі швы таннага шэрага пінжачку, і ледзь ня трэснула запясьце ад поціску патрыёта. Дапамог спадар Яська: прыніжана пасьміхаючыся, ён схапіў левую руку Маі Леанідаўны, тую, у якой быў партыйны білет, і таропка памахаў ёй у паветры. Белтэр’ер паслабіў хватку, а спадар Яська, выцягнуўшыся на дыбачках, замармытаў нешта жаласьліва ў каменныя грудзі ахоўніка...
– Жыд? – спытаў той басам.
Спадар Яська агаломшана затрос тонкім падбародзьдзем. Вакол іх адразу ж утварыўся затор, дэлегаты зь цікавасьцю прыслухоўваліся да размовы, моршчыліся, аднак маўчалі. І хто ведае, як далей разьвіваліся б падзеі, калі б шпаркім вайсковым крокам у залю не ўвайшоў бы вусаты хлопец з прышпіленым да пінжаку крыжам. Уладным позіркам ён абвёў падначаленых, якія імгненна занялі ранейшыя пазыцыі ўздоўж сьценаў. “Бацькаўшчына або сьмерць!” – выгукнуў ён хрыпла, і кожны з жалезных хлопчыкаў выкінуў руку над галавой: “Назаўжды!”
– Зондэркаманда, – зь невясёлай усьмешкай прамовіў спадар Яська, з палёгкай апускаючыся ў крэсла побач з Маяй Леанідаўнай і выціраючы з ілба пот. – Што рабіць, даводзіцца выкарыстоўваць іх як ахову, а то ведаеце: правакатары могуць быць, так, так... Я пасяджу трохі з вамі...
Цяжка дыхаючы й гнілазуба пасьміхаючыся, ён пачаў гаварыць пра партыйныя справы. Мая Леанідаўна імкнулася падтрымліваць гаворку, а сама ўпотай, прагна ўзіралася ў абноўлены інтэр’ер кінатэатру. Ну чаму, чаму ўсё гэтак злачынна тупа ў гэтай дзяржаве? Можна ж было зрабіць рамонт яшчэ тады, падчас яе дырэктарства, яна ж і пісала, і бегала па кабінэтах мэрыі, і да Гагулевіча хадзіла на паклон. Недастаткова, відаць, нізка кланялася. Можна ж было нават мірна суіснаваць з гэтым тэатрам пад дзіўна матэматычнай назвай: што ім, месца б тут не хапіла б – тры дні ім, тры нам? Пахавалі кінатэатр, пахавалі зажыва, як пісаў той журналіст, пахавалі і костачак не пакінулі. Вытруцілі нас, як пацукоў. Зрабілі з храму краму. Усё вярнулася, не навучылі іх семдзесят страшных гадоў нічаму, нічаму.
– Я ў прэзыдыюм, – сказаў нарэшце спадар Яська. – Прабачце. Калі што, махніце мне рукой. Хутка пачнем.
90.
Ёй не пашанцавала: зьлева ад Маі Леанідаўны ўладкаваўся нехта з маладых, можа, нават той, з кім яна гаварыла па тэлефоне – у дарагім касьцюме, з дагледжанымі пазногцямі й надта ўжо вострым пахам дэзадаранту: апошняга Мая Леанідаўна не любіла, дакладней, ахайнасьць, чысьціню і іншыя гігіенічна-эўгенічныя рэчы яна, безумоўна, шанавала, аднак пры гэтым заўжды была ўпэўненая, што паміж жаночай і мужчынскай дагледжанасьцю мусіць быць адрозьненьне. Малады палітык займаў значна болей прасторы, чым дазваляла крэсла, і Мая Леанідаўна, адсунутая ўправа элегантным дэмакратычным локцем, была вымушаная пасягнуць на суседа справа, балазе той апынуўся непераборлівым. Гэта быў нізенькі, пляшывы й тоўсьценькі мужчына гадоў пяцідзесяці пяці, які ўвесь час сьмешна ікаў, намагаючыся пры гэтым рабіць сур’ёзны выгляд. Сусед хацеў пагаварыць зь ёй, і калі зашаптаў нешта Маі Леанідаўне кудысьці пад завушніцу, усё стала зразумела: дэлегат пасьпеў добра прыняць за каўнер перад пачаткам імпрэзы.
– Гаварыльня, – ікнуў сусед. – Трэба рабіць справу.
Мая Леанідаўна, іранічна зірнуўшы яму ў заплылыя вочкі, коратка кіўнула.
– А я вас ведаю, – сусед прысунуўся да яе амаль ушчыльную. – Глядзіце, якія хлопцы (дрыжачы тоўсты палец падкрэсьліў тлустай уяўнай рысай шыхт ля сьцяны). Гэта ж хлопцы...
Адкуль яму знаёмая Мая Леанідаўна, сусед не парупіўся патлумачыць, пазяхнуў цыбуляй і селядцом, выцер рукі аб падлакотнік, Маю Леанідаўну хітнула ўлева, і малады палітык пагардліва фыркнуў. Тут па-над катэдрай вырас адзін зь яе ўлюбёнцаў, сівы й хударлявы мастацтвазнаўца, артыкул якога ў абарону кінатэатру калісьці абыйшоўся партыйнай газэце не ў вадзін мільён штрафу, і Мая Леанідаўна забыла пра сваіх суседзяў. Прамаўляў гэты ўсімі паважаны чалавек надзвычай цікава, зусім як калісьці ў Жданаве:
– Яны кажуць пра стабільнасьць і згоду ў грамадзтве, – дыкцыя яе ўлюбёнца была бездакорнай, ён амаль не жэстыкуляваў, толькі зрэдку быццам бы выхопліваў з паветра перад сабой нешта й паказваў дэлегатам, нібы доказы. – Яны кажуць, што здолелі кансалідаваць нацыю. Аднак ім можна запярэчыць, нават проста прагуляўшыся па уліцы. За квартал адсюль на сьцяне напісана нечай неабыякавай рукой: Не. Проста “Не”. І ўсё. І больш чалавеку нават не спатрэбілася нічога пісаць. Бо ў гэтым кароткім слове відаць ўсю сытуацыю ў краіне як на далоні. Кожнаму нашаму суайчыньніку зразумела, супраць чаго накіраванае гэтае “Не”. Дакладней, супраць чаго й каго. “Не” – бумскае слова, бумскае адмаўленьне, і, напісанае на гэтай мове, яно набывае яшчэ больш глыбокі сэнс. Чалавек пратэставаў ня толькі супраць аўтарытарызму, ён сказаў сваё “не” руйнаваньню нацыянальнай культуры, вынішчэньню роднай мовы. “Не” – і халуі кінуліся заціраць гэтае слова, зафарбоўваць яго, тым самым ускосна прызнаўшы, што ім добра вядома, што пад ім разумеецца. Я нават не зьдзіўлюся, што аўтару гэтага надпісу, калі б яго затрымалі падчас гэтага... злачынства...
Мастацтвазнаўца горка ўсьміхнуўся й пахітаў галавой.
– ...прыпісалі б антыдзяржаўную прапаганду.
– Перабор, – ікнуў сусед Маі Леанідаўны. – Відавочны перабор.
– Ну чаму ж? – заступілася яна за выступоўцу, ад душы пляскаючы ў сухія ладкі. Пляскаць было прыемна, яе далоні засумавалі па гэтым занятку, і цяпер, адчуваючы, як разгараецца кроў пад скурай, яна падумала, што някепска было б выступіць і самой. Толькі пасьля менш эфэктнага аратара.
Потым выступаў барадаты заікасты дзядзька, які запомніўся цікавым параўнаньнем: міліцыя ў нармальнай краіне, заўважыў ён мімаходзь, мусіць быць кшалту добрага футбольнага арбітра: чым непрыкметней, тым лепш. Мая Леанідаўна была дрэнна абазнаная ў спорце, ёй здавалася, што судзьдзя паўсюдна павінен абараняць справядлівасьць і падтрымліваць свой аўтарытэт штосэкунды... Яна згадала, як калісьці на самых значных імпрэзах у кінатэатр заходзіла за нейкія дзьве гадзіны па пяць-шэсьць міліцэйскіх нарадаў: хлопцы былі маладзейшыя за яе сына, некаторыя – натуральныя адмарозкі, а былі й такія, што шчыра прызнаваліся: мы ўсё разумеем, проста загадана... Вакол пляскалі ўсё больш імпэтна, і яна імкнулася не адставаць.
91.
Між тым яе суседу, Анатолю Анатолічу, воплескі навокал прыносілі ўсё менш радасьці. Выпітыя ўсяго нейкіх паўтары гадзіны таму ў вузкім коле аднапартыйцаў тры бутэлькі гарэлкі на дзіва хутка прайшлі ўсе неабходныя пераўтварэньні й сталі тым, чым ім наканавана станавіцца незалежна ад палітычных поглядаў спажыўца – тупым, ламаючым любую праяву мысьленьня галаўным болем, смагай, што хутка пакрывае рот тоўстым слоем непраглынаемай сьліны, якая злосна парадыруе смак нядаўняй закускі, і жаданьнем аблегчыць мачавы пухір. Спачатку Анатоль Анатоліч яшчэ трымаўся, але пакрысе воплескі прымусілі яго ўсё часьцей азірацца на дзьверы, у якіх стаяў, набычыўшыся, жалезны хлопчык і не міргаючы глядзеў на чарговага аратара. Раней, калі Анатоль Анатоліч ня меў яшчэ праблемаў зь ціскам, ён часта бываў у кінатэатры ймя Жданава й нават аднойчы казаў тост у маленькім кабінэце, куды можна было трапіць з двара. Той час ён называў сваёй “апошняй маладосьцю” – тады ён нават, бывала, адмыслова выбіраў месца за сьпінай Маі Леанідаўны, якая цярпліва выседжвала чарговы бардаўскі канцэрт, глядзеў на яе худыя плечы, што так упарта не хацелі скарацца гадам і аніяк не хіліліся ўніз, ладнасьцю сваёй нагадваючы нейкі музычны інструмэнт, скрыпку, так, скрыпку... дык вось, тады ён, бывала, задумваўся, ці не запрасіць гэтую дзікавата-ганарлівую, востраносую, чысьценькую кабету куды-небудзь на вячэру. Цяпер яна была б ужо непатрэбным яму грузам, безь якога можна абысьціся, што б там не казалі маладзейшыя таварышы. Мая Леанідаўна зноў пачала пляскаць, ён зморшчыўся: галаву нібы цьвікам працяла. Яшчэ ікота гэтая прывязалася. А калі наступны выступоўца за хвіліну здолеў прамовіць хіба што некалькі сказаў (у паўзы, як у карабельныя прабоіны, адразу ж паліліся размовы дэлегатаў паміж сабой), Анатоль Анатоліч вырашыў: час прысьпеў. Раздаючы ўсім на сваім шляху насьпех складзеныя, пакамечаныя прабачэньні, ён дабраўся да выйсьця й там ледзьве не пазбавіўся жыцьця, пакуль ахоўнік стараўся ўцяміць, навошта адзін з дэлегатаў хоча пакінуць зьезд праз паўгадзіны пасьля пачатку.
Прыбіральня была занятая: некалькі белтэр’ераў, напэўна, каб не губляць формы, адціскаліся там ад падлогі. Анатоль Анатоліч выскачыў на двор і абабег будынак, праклінаючы кожны мэтр тратуарнай пліткі. Сярод дрэваў, якія раней надзейна ахоўвалі любога, хто меў немудрагелістую чалавечую патрэбу, цяпер разьмяшчалася дзіцячая пляцоўка. Ён з прыкрасьцю плюнуў у кветнік і кінуўся, трымаючы рукі ў кішэнях, да службовага ўваходу.
92.
Цяпер Мінус уключаў музыку ўсё радзей; напрыклад, на пятым спэктаклі яе не гучала зусім, наколькі я яшчэ быў здольны разумець, я, ачмураны атрутнай барваю нашай фантасмагарычнай глядзельнай залі, яе водарамі, што перасьледвалі, і, відаць, не аднаго мяне, зазвычай яшчэ некалькі содняў пасьля наведваньня тэатру, насяляючы жудкаватымі трапяткімі зданямі маю выстылую кватэру. У парадку спэктаклю не было строгага чаргаваньня, не было рэгулярнасьці: напрыклад, першыя тры спэктаклі мы паглядзелі на працягу двух тыдняў, чацьверты адбыўся празь месяц, а пяты – ужо праз чатыры дні пасьля гэтага. Улічваючы тое, якім чынам яны арганізоўваліся, тут не было нічога дзіўнага – але я не хацеў, ды ўжо й ня мог задумвацца пра гэта, пра абалонку нашых пастановак, яна была недзе далёка, не ў маім жыцьці, і не ў жыцьці маіх суседзяў па партэры... або ўсё-ткі ложы? хто ведае. Значна прыемней было аддавацца на волю гэтага брыдкага чалавечка, ягоным рукам і словам, якія кіравалі нашым змораным ад шматгадовай самастойнасьці ўспрыманьнем, што станавілася на некалькі гадзінаў адным цэлым, ручной жывёлай маленькага маршчыністага штукара зь неімаверным мяном. Усё нашае жыцьцё мы, самі гэтага не ўсьведамляючы, сумавалі па рэжысэры; мы нават шукалі яго, безвач і навобмацак, у цемры падзеяў, што выбухаюць бяз нашага ўдзелу, але дагараюць пад нашымі босымі пяткамі, пяткамі сьляпых вандроўнікаў.
Мы не абменьваліся словамі, толькі зрэдку паглядалі адно на аднога, няўцямна й дабразычліва, як людзі, якія імгненьне таму хацелі нешта спытаць, але забыліся, што менавіта: такое бывае досыць часта. Мне, аднак, нягледзячы на ўсю адслоненасьць нашага тамтэйшага знаходжаньня, хутка кінулася ў вочы: пазіраючы на гледачоў побач, можна было заўважыць, як у глыбіні іхнай, пад плеўкай першасных чалавечых рэакцый, гэтай нескладанай сумесі таго, што ў нас пастаралася ўкласьці выхаваньне, і таго, чым валодаў яшчэ прачалавек, – там вырастае пакрысе штосьці новае, незнаёмае ні нам, ні Мінусу, ні заўсёды маўклівай І – быццам унутры кожнага з нас, зачатая выкінутым у сталіцу лятучым насеньнем гэтага чырвонага пакою, гадуецца істота, для якой пазатэатральная рэчаіснасьць – толькі небясьпечны грыбок, ад якога трэба бараніцца.
93.
Так, ён усё радзей уключаў музыку, ён відавочна ўпэўніўся, што яна й бяз гэтага даўно ўжо грае ў вушах кожнага з гледачоў, варта тым выйсьці з трамваю на вуліцы Ўзорнай. Мы былі інфікаваныя ёй; мы нават пасьля вяртаньня са спэктаклю, выконваючы якое-небудзь будзённае дзеяньне, заўсёды чулі гэты загадкавы матыў, той самы, што нам прышчапілі ў першае наведваньне тэатру. І празмузыку ўсё цяжэй было вызначыць сапраўдны сэнс нашых штодзённых клопатаў: цудоўна памятаю, як я пасьля доўгага перапынку раптам узяў з паліцы кнігу зь сьветлай каймой пылу ўверсе, пакруціў яе ў руках – далейшыя рухі мне нібыта нехта падказаў, я лёг з кнігай у ложак, пакуль не забалелі вочы ўзіраўся ў назву й потым тысячу разоў запар перачытаў імя аўтара, дзівячыся таму, што ніяк не магу разгадаць сакрэту... Пэўны час я забаўляўся тым, што вылучаў у назьве асобныя склады: яны падаваліся, адарваныя ад матрыцы, пачварна немілагучнымі, тырчалі, разламаныя напалам, і з канцоў крапала нешта алеістае. Як можна было паддацца на такі прымітыўны зман, думаў я, і любімымі духмянасьцямі І пацягнула аднекуль з лазьніцы, як можна было шмат гадоў запар не заўважаць, наколькі ненадзейна склееныя гэтыя груба змайстраваныя слоўцы. Да самага сутоньня, забыўшы пра голад, я разважаў над прычынай майго расчараваньня ў словах на вокладцы, і ўрэшце зразумеў: я проста выцягнуў іх уручанымі мне Мінусам шчыпцамі зь дзёгцю чалавечых забаваў, я паглядзеў на іх адстаронена, уратаваў іх з палону ўтылітарнасьці, і словы сталі тым, чым яны ёсьць – бессэнсоўнымі гукамі без прычынаў і наступстваў. І варта было мне пашкадаваць іх за гэта – яны зноў пагрозьліва злучыліся ў нейкія немудрагелістыя катавальныя прыстасаваньні, але мне ўжо было вядома, што хаваецца за іхнай маналітнасьцю, я бачыў сьвежыя рубцы на зманліва непадзельных каранях, і ніводнаму суфіксу, так прафесійна распасьцерламу свае натрэніраваныя лапкі, ужо было не спакусіць мяне. Я ведаў, што насамрэч іхныя таленты абмяжоўваюцца шэрагам простых уменьняў, на якія нанесеная фальшывая пазалота дасканаласьці, аднак музыка, музыка, музыка – яна рабіла ідэальным мой зрок, і я даваў зьедлівую адповедзь прадаўцам падробкі: вось тут трэшчына, і тут, а там вось, бачыце, пад нібыта бездакорным слоем, на які можна пэндзлікам нанесьці што-небудзь мастацкае, – там брудная гума й танная папера. Жахлівая прыгажосьць музыкі была амаль бачнай; спачатку мне хацелася падзяліцца з кімсьці сваімі адкрыцьцямі: на парозе стаяў сусед, я цяжка дыхаў і усё ж шоў на ягонай шыі ( пазначце, зафіксуйце для сябе гэтае крывадушша літараў, прастытуцыю слова!) мне было добра відаць – яны думаюць, што я дурны й не заўважу, як гэты шоў падымаецца па ягонай шчацэ й зьнікае ў кутку п’янага, жорсткага вока, дрэнна працуеце, спадары, выраб “Сусед” не адпавядае заяўленай якасьці: грудная клетка не хацела станавіцца на месца й нехта абрэзаў яе па краях іржавымі нажніцамі, вось і махры тырчаць! Халаднеючае “неба” ў вакне магло падмануць каго заўгодна, але толькі не мяне: найслабейшы ветрык з таго боку гайдаў канструкцыю й надзімаў матэрыю як ветразь.
Музыка цішэла, я замыкаў падробным ключом падробныя дзьверы й ныраў у падробны сон.
94.
Непадробнай, сапраўднай безумоўна была І: у душным паветры нашай глядзельнай залі прысутнічала нешта, што ўтрымлівала ў сабе прыхаваны дазвол на праяву любога пачуцьця. Я сумняваўся, ці павярне хаця бы хто-небудзь галаву, залезь я пажаднымі пальцамі ёй пад лахманы, або ўпіся ў яе вечна сухія вусны. Усё ж я ня йшоў на гэта – сумняваўся, ці будзе нейкі адказ з боку самой І... цалкам магчыма, што не. Стрымліваў мяне й Назар Мінус, маўклівы цень за маёй сьпінай: паміж ім і І відавочна існавала загадкавая сувязь, ужо адное тое, што яны разам абедалі, рабіла І асобай, набліжанай да імпэратара – ні з Даражком, ні з Кармушкіным, ні з кіроўцам, ні зь лекарам у мяне ніколі не было па-за тэатрам аніякіх стасункаў – выходзячы за дзьверы пасьля спэктаклю, мы адвярнуўшыся, без аніводнага слова разьбягаліся ў розныя бакі, каб потым сустрэцца ў трамвайным вагоне й хаваць твар у ваконным шкле. Між тым, І заўсёды заставалася ў тэатры пасьля спэктаклю, неўзабаве я зразумеў, што яна жыве тут. Яны зь Мінусам прылюдна ніколі нават не дакраналіся адно да аднаго, і таму доказаў я ня меў, але тады я быў упэўнены: яна зь ім сьпіць, сьпіць з гэтым гномам; было пакутліва, аднак даволі займальна ўяўляць працэс іхнага спароўваньня, Мінус падаваўся мне бясполай істотай або, прынамсі, ня маючай шанцаў на бясплатную любоў; о, мая бедная, бедная І, поўная пачвараў клетка зь перапіленымі прутамі, якая стаіць ў цёмным пакоі, І, перліна, раскрышаная над гразкай лістападаўскай дарогай...
95.
І ўсё ж, няхай нашыя сустрэчы і абыходзіліся бяз колькі-небудзь значных размоваў, аднойчы мне пашчасьціла пачуць ад Мінуса цэлы маналёг, хвілінаў на трыццаць. І пасадзейнічала гэтаму, як ні дзіўна, Віка. Не, пра тое, што адбываецца ў тэатры, яна нічога ня ведала. Віка тэлефанавала мне зрэдку: вось, да прыкладу, незадоўга да таго вечару яна проста агаломшыла мяне сваім позьнім званком.
– Мусаргскі! – выдыхнула яна ў слухаўку, не павітаўшыся. Я ліхаманкава спрабаваў скеміць, куды яна хіліць.
– Гэта Мусаргскі. Карцінкі з выстаўкі. Той матыў, які ты мне напеў тады... Тады, калі мы ў “Вавёрачку” заходзілі... Ну, нядаўна... Ня памятаю ўжо, месяц, можа, таму...
– І ты яшчэ пра гэта памятаеш?...
Я размаўляў зь ёй смурным голасам, яна перашкодзіла мне дасьледваць на прадмет падробкі сухія й дыямэнтава-цьвёрдыя градзіны – неба абстраляла мяне імі падчас майго п’янага вячэрняга мацыёну, зь якога я толькі што вярнуўся, і я сабраў жменю халодных куляў і прынес дахаты – яны яшчэ не пасьпелі растаяць. Аднак насамрэч я быў шчыра зьдзіўлены: мне здавалася, Віка заўсёды была заклапочаная толькі сабой ды забывала пра чалавека адразу ж пасьля таго, як сканчала зь ім размаўляць. Нашае расстаньне відавочна пайшло ёй на карысьць.
Праз два дні яна патэлефанавала недзе апоўдні – яшчэ трошкі, і яна б мяне не засьпела, я зьбіраўся кудысьці й хадзіў па кватэры, успамінаючы, што ж я забыў. Званіла яна з гатэлю, і як ні імкнулася гаварыць заўсёдным сваім прадпрымальніцкім тонам, адчувалася, што набраць мой нумар яе прымусіла трывога.
– Я тут у гасьцініцы “Пераможца”, мы зь дзяўчатамі зайшлі ў госьці, ну, дакладней, нас запрасілі, адзін чалавек, ён скандынаў, так, скандынаў, – таропка прамаўляла яна, і мне здалося, што я бачу, як Віка раз-пораз спалохана азіраецца. – Усё, у прынцыпе, нармальна – ха: пакуль нармальна! але ведаеш, ён дзьверы ад нумару замкнуў на ключ і выпускаць нас ня хоча... Агідны тып, калі шчыра. Паслухай, пад’едзь сюды, калі ласка, нумар семдзесят восьмы, пад’едзь, бо, ведаеш... Ведаеш,я...
Такім голасам яна яшчэ ніколі не гаварыла:
– Я баюся.
І я паехаў – паехаў да гатэля “Пераможца”, хаця меў поўнае права гэтага не рабіць. У рэцэпцыі на мяне паглядзелі з падазрэньнем і нават слухаць ня сталі, аднак гатэль быў зусім не пяцізоркавы: празь пяць хвілінаў я нікім не заўважаным ценем перасек невялікі хол і выклікаў ліфт. Нейкі тамбовец, што даўно стаяў тут, перамінаючыся з нагі на нагу, адправіўся ўверх у раптоўна ўзьніклай суседняй кабіне, а я дачакаўся сваёй. Усьлед за мной упырхнуў нехта бязважкі. Я націснуў кнопку, абярнуўся й пабачыў Мінуса, які безуважна зірнуў на мяне й пераклаў з рукі ў руку брунаты чамаданчык.
Мае выдрэсыраваныя вусны прынялі форму стрыманага вітаньня, але я своечасова адумаўся, уздыхнуў і пакорліва ўтаропіўся ў плямістую падлогу. Мінус цяжка маўчаў. Ліфт падымаўся ўгору хваравітымі рыўкамі, нібы выдзіраючыся зь нечых учэпістых, тонкіх лапаў, прагныя дотыкі якіх пакідалі на сьценках кабіны кароткі шэлест. Добрая нагода высьветліць усё бязь сьведкаў. Колькі тут паверхаў? Кабіна загайдалася, быццам выходзіла ў адкрыты космас. Цікава, для чаго на панэлі вось гэтая чорная кнопка? Ці не для таго, каб зьнішчаць адкіды астрапасажыраў, усялякае сьмецьце, кшталту маленькіх маршчыністых мужчын з бутафорскімі вушамі й кропляй поту над верхняй губой?
– Мне сёмы, – сказаў я, задыхаючыся.
– Мне таксама, – ён спакойна зазірнуў мне ў вочы, ліфт здрыгануўся й спыніўся. Дзьверы не адчыняліся. Як Ганін і Алфёраў, мы завісьлі з маім улюбёным рэжысэрам над плянэтай, і яна не сьпяшалася прымаць нас назад.
– Паслухай, Мінус, – прамовіў я, і ў вачох зашчыпала. Націсканьне чорнай кнопкі, гэтаксама як і астатніх, мела сваім вынікам такую ж чорную безвыніковасьць. – Хаця б тут пабудзь чалавекам. Прызнай хаця б, што знаёмы са мной.
Ён раздражнёна адвярнуўся й стаў углядацца ў шчыліну дзьвярэй, а калі я пачаў сваю песьню наноў, раптам прапішчаў:
– Хіба мы пілі з вамі на брудэршафт?
Я паціснуў плячыма й прысеў на кукішкі ў куточку. Мінус стаяў да мяне сьпінай. Недзе за сьценкай, зусім блізка, запрацаваў вадаправод. Жаночы голас зацягнуў нешта жудасна папсовае. Мінус тупнуў нагой, і кабіна загайдалася, быццам карзіна паветранага шару. Мы сядзелі моўчкі, мне нават удалося выпрасіць у Мінуса цыгарэту. Далёка ўнізе пад намі грукала й кашляла рэха. Хутка я ўжо быў няздольны арыентавацца ў часавых працягласьцях, і тупа пазіраў на свайго суседа, што ўсьміхаўся нечаму ўверсе. І нечакана ён загаварыў. Ня гледзячы на мяне, роўным голасам распавёў пра сваё дзяцінства... Ён зачараваў мяне так імкліва, што кудысьці адразу ж падзеліся роспач, сьвіст у вушах і жаданьне як найхутчэй выбрацца з гэтай кабіны – мне здавалася, што ў ёй няма аніякіх адтулінаў, і мы зь Мінусам сядзім у гермэтычна закрытай скрыні ўжо безьліч гадоў – блізьняты-зьмяёнышы, якія апынуліся ў яйку, прызначаным для значна буйнейшых істотаў, і якія ніколі ня вырвуцца на наканаваную ім волю.
Ён якраз дабраўся да свайго прыезду ў сталіцу, калі сківіцы дзьвярэй зьнянацку адчыніліся, штомоцы ляснуўшы зубамі міма здабычы. Перад намі было фае, і дзьве ружовашчокія бабы нецярпліва чакалі, калі ж мы выйдзем.
– Вы ўверх? – нарэшце гістэрычна ўзвыла адна. Назар Мінус кіўнуў, а я выйшаў. Дзьверы за імі зачыніліся, а я зьняможана апусьціўся на скураную лавачку ў цені гіганцкай закатаванай манстэры, аганізуючай на падваконьні. З суседняй кабіны зьявілася Віка ў суправаджэньні дзьвюх панурых маладзіцаў, пагардліва зьмерыла мяне позіркам і пакрочыла да выйсьця.
96.
Цяпер ніхто не прыняў бы яе за жабрачку – лахманы былі скормленыя агню, а І займела доўгі строй самага рамантычнага колеру, нешта сярэдняе паміж плашчом і фрэнчам, прыталенае, з гузікам на горле, які пасьпяхова замяняў колішняе трэцяе вока. Яна ўжо не настолькі прыцягвала ўвагу, цалкам выдаючы на сяброўку якога-небудзь бас-гітарыста недараскручанага гурта, а на вечаровым праспэкце выглядала бадай што непрыкметнай. І гэта мяне цешыла: яе новая, амаль што чалавечая вопратка сьведчыла, што мы маем прынамсі прывідныя шансы паразумецца. Тое, што І падобная на нармальнага чалавека, надавала мне ўпэўненасьці й дзіўным чынам не давала ачмурэньню Мінуса працаваць на поўную моц.
Я сачыў за ёй ад самога Макдональдсу; яна набыла марозіва й нясьпешна прайшла праз сквер, пазіраючы зрэдзьчас на неба; пастаяла ля нядаўна ўсталяванага на плошчы гіганцкага экрану, прафэсійна-гідліва пакасавурыўшыся на рэклямны ролік; спусьцілася па брукаванцы да паркавай рачулкі, пакінуўшы на мосьце кароткі запіс у кнізе адлюстраваньняў; паблукала ў жывых лябірынтах дзяцей на маленькіх роварах, з усьмешкай, своечасова пераступіўшы праз кагосьці, махнула мне рукой. Я ў адказ узьняў над галавой нанятую ў чырвоным квартале маркотную ружу, і І на сэкунду нерашуча прытармазіла, нібы побач са мной стаяў нехта з супрацьпаказаных ёй людзей.
– Што гэта? – ледзь пасьпела прамовіць яна, а я ўжо запіхнуў глупую кветку ёй у пальцы, расьціснуўшы іх і заціснуўшы зноў, быццам пасьпешліва паклаў нешта патаемнае ў партманэ.
– Ру-жа, – прамовіў я, нібы вучыў І гаварыць, і сапраўды, яна ў здранцьвеньні доўга ўглядалася ў нетры прадажнага бутону, бы бачыла яго ўпершыню. Не даючы І апамятацца, я пайшоў наперад, і яна паслухмяна рушыла поруч.
Я набыў гэтую ружу наўмысна – мне было вельмі цікава, як І адрэагуе на такі падаруначак з таго сьвету; мне навогул хацелася быць да немагчымасьці банальным і нудным, няхай нават да пошласьці. Мы сустрэліся каля парку, там, дзе штодня прызначаюць сабе спатканьне па льготных тарыфах тысячы нашчадкаў нашых актораў, і гэта значыла, што яны ўсё яшчэ трымаюць дзьверы адчыненымі.
– Кветка, – сказала Ірына Агіеўская скрозь мур з гліны й рысу. – Навошта? – спытала І і, нахіліўшыся, няўклюдна адправіла ружу ў мёртвыя воды паркавай рэчкі.
– Прысядзем, – прапанаваў я і ўзяў яе за папяровы локаць.
Мы ўладкаваліся на адной з тых лавачак, якія раз-пораз вібруюць, прымаючы на сябе разьвітальны грукат блізкага мэтро. І па-хлапечаму выцягнула перад сабой ногі ў нейкіх квадратных ботах, шатляндзкая клетка яе шкарпэтак абрывалася на вузкай палосцы гусінай скуры з вусікамі валаскоў. Сонца заблыталася ў змрочным коле агляду, што выгінала сьпіну між жоўтых, колеру пачкаў ад “Кэмэлу”, шатаў, і далёка, надзвычай далёка падаў ягоны цень – нібы мастака, які намаляваў усё гэта, выпадкова стукнулі па руцэ. З парку пахла шашлыком. На нас ніхто не зварочваў увагі.
Я размаўляў зь ёй, адчуваючы, як мяне зноў апаноўвае голад – а калі мне хочацца есьці, я гатовы гаварыць без супынку. Гэта было дарэчы – нельга было даваць ёй перадыху. Я зазіраў І ў твар, і часам мне здавалася, што я бачу, як Ірына Агіеўская паволі разьліваецца па ім лёгкім жывым румянцам, замяняючы сабой тэатральную бледнасьць... Гаварыць, гаварыць, гаварыць, няважна пра што, толькі ня даць згарнуцца гэтаму сьветламу, як Вялікдзень, веснавому працэсу. Аднойчы мне нават падалося, што І кіўнула, але цалкам мажліва, гэта быў усяго толькі апошні знак самаахвярнага жука-палярніка, замярзаючага на ільдзіне бабінага лета.
І тут здарылася жахлівае – да нас падыйшоў дабразычлівы й хісткі малады чалавек і папрасіў цыгарэту. Ён сыйшоў задаволены, віхляючы азадкам і шчоўкаючы, а калі я павярнуўся да І, яна зноў была непранікальна-глінянай. Нябачны ды ўсюдыісны, за яе сьпінай стаяў Назар Мінус, і ягоная прысутнасьць відавочна халадзіла І патыліцу. Варта было пра гэта падумаць, як мне ў макаўку ўпёрся позірк такога ж Мінуса, толькі крыху паменей. Я абярнуўся. Над рэчкай гусьцеў раньні туман. І дыхала – шумна-шумна, і пальцы яе, ламаючы пазногці, шукалі ў кішэнях плашча брудны рыс.
– Пагаворым пра працу, – узмаліўся я, – Ты нікуды не ўладкавалася?
Гэта прагучала зусім ужо бездапаможна. Яна зьдзіўлена паглядзела мне ў пераносіцу.
– Я й не звальнялася, – было адчувальна, што размаўляць яна адвыкла, чуць яе рыпучы голас было непрыемна. – Я працую.
– Працуеш? – раптам я зразумеў, што сілы мае скончыліся. Я паныла правёў далоняй па ілбе.
– Так, – выпусьціла яна з вуснаў небіткое слова.
– Усё там жа? – я роспачна запаліў.
– Там жа. На Асырыйскім...
– І як? – голас мой сарваўся. Яна ажывілася:
– Часам бывае даволі займальна. Толькі вось гэтыя плянэркі...
Яна крыху заікалася, прамаўляючы гэтую жахлівую лухту, аднак вочы, яе вочы – яны былі найсур’ёзьнейшымі ў сьвеце.
– Ну давай жа пагаворым як Нармальныя Людзі! – я ўскочыў з лавачкі, затрос яе за плечы й тут жа спалохана выпусьціў. – Іра!
Яны здрыганулася, пасьміхнулася, марудна паднялася й пакрочыла туды, дзе прыцемкі пачыналі ўжо абгортваць высокія вароты парку шэрай смугой. Я дагнаў яе й пайшоў побач. Празь сем хвілінаў мы ўціскваліся ў трамвай. У поўным маўчаньні, гідліва трымаючыся за бразгаючы паміж намі ланцуг, мы праехалі сем прыпынкаў, і калі на вуліцах разгараліся ліхтары, выйшлі на Ўзорнай – сустрэнь я знаёмых, я не пазнаў бы нават маючых асаблівыя прыкметы.
97.
Мы не адразу заўважылі яго, гэтага невысокага пляшывага таўстуна; ён увайшоў нячутна й стаяў цяпер, марна намагаючыся выдастаць з вачэй аскепачкі нашага д’ябальскага асьвятленьня. Ягоную прысутнасьць выдалі ногі – ён несупынна пераступаў з мыска на пятку, як птах – на скрып павярнуўся кіроўца й прыпадняўся, дасьледуючы няясную постаць у дзьвярох пагрозьлівым позіркам. Наш паўасьлеплены госьць усё трымаў рукі пад сваімі бялёсымі бровамі. Урэшце паглядзець на візытанта павярнуліся і іншыя, раздражнёныя тым, што іх адарвалі ад відовішча на экране, зірнуўшы на Мінуса, здрыгануўся нават Даражок; толькі І засталася нерухомай – са свайго заўсёднага месца справа ад яе я любаваўся яе выпрастанай галавой, дзіўна асьветленай сярод паўзмроку, цёмнай паласой наўскос твару, якая рабіла вобраз І ў гэтым памяшканьні даволі злавесным; між павярнутых назад торсаў яна адна працягвала свой рух насуперак плыні.
Праз колькі імгненьняў госьць падумаў, верагодна, што яму зразумела, куды ён трапіў – таўстун рвануўся назад, аднак якім бы маленькім ня быў Мінус, прабівацца празь ягоныя заслоны госьць не наважыўся. Ён спыніўся, зрабіў крок у нашым накірунку й жаласьліва-прымірэнчым голасам прамовіў, выставіўшы перад сабой далоні:
– Ну добра, добра. Я клянуся чым заўгодна, што нікому ніколі нічога...
Мінус ступіў яму насустрач, і таўстун, спалохана падаўшыся назад, ледзь ня ўпаў на калені І.
– Я гатовы на ўсё! – заенчыў ён, засунуўшы пальцы ў рэшткі валасоў. Аднак паколькі ніхто аніяк не адказваў на гэтае бурлівае прызнаньне, наш госьць таропка загаварыў, ужо значна цішэй:
– Я калісьці ўжо нават супрацоўнічаў з вамі, вы мусіце ведаць... Восем год таму... На мяне перасталі выходзіць, і я... У мяне, між іншым, ёсьць цікавыя матэрыялы... Вось, напрыклад... Прабачце...
Ён раптам сунуў рукі ў кішэні і, прыніжана пасьміхаючыся, радасна сказаў:
– Я проста шукаў прыбіральню. Можа быць, я магу хуценька схадзіць туды, і тады...
Мінус гэстам паказаў яму патрэбныя дзьверы зьлева ад экрану, і таўстун неўзабаве зьявіўся адтуль, выціраючы пот з лысіны бруднай насоўкай.
– Сядайце, – мякка сказаў Мінус. – Вы замінаеце гледачам.
Задышлівы госьць, смаркаючыся, апусьціўся на вызваленае для яго месца. Напэўна, мы прапусьцілі за гэты час нешта цікавае: белтэр’еры пад рукі выводзілі з залі спадара Яську, і той гучна лаяўся на зразумелай усім мове. І падала госьцю келіх і кінула нешта ў вагонь – прыемнае шыпеньне прымусіла нас заплюшчыць вочы. Маленькі лекар пяшчотна паглядзеў на навічка й шчыльней захутаўся ў плед. Я гуляў з пальцамі І: тое, што адбывалася на экране, праходзіла міма мяне, існае, але неістотнае – караван, які праважае бессэнсоўнымі вачыма яшчарка.
Хутка стала зразумела, што ў глядзельнай залі знаходзіцца лішні. Таўстун то ікаў, то гучна – у дваццатрыццаты раз – паведамляў Кармушкіну пра колькасьць выпітага перад спэктаклем, а больш за ўсё ён гаварыў пра тых, хто пакутваў цяпер на сцэне. Ён ацэньваў іх, быццам седзячы на кухні, з задавальненьнем мацюгаючыся – чамусьці ён упэўніўся, што духмяныя пакоі, запечаныя ў барвовым сьвятле, для таго існуюць у былых кінатэатрах, каб там можна было адвесьці душу. Я паглядваў на Мінуса – той моршчыўся, надзеўшы, каб нікога не параніць, на вусны гумовы наканечнік усьмешкі. Твар І заставаўся каменным, і толькі кіроўца сьціскаў кулакі.
Белтэр’еры вывелі з залі яшчэ аднаго чалавека, і тут у адказ на чарговую лаянку нашага госьця Кармушкін прамовіў нешта зусім простае, словы з забаўляльнага разьдзелу таннай газэты. Магчыма, гэта была нават кароткая, у два-тры сказы, показка. Таўстун аддана захіхікаў. Спэктакль чэз на вачах.
Далейшае цяжка было ўявіць нават мне. Анатоліч ускочыў, піхнуў успацелай крывой нагой на ўсялякі выпадак Мінуса ў бок і выскачыў на лесьвіцу, роспачна галосячы. Ніхто не пагнаўся за ім, мы ўсе глядзелі на Мінуса, які паволі падымаўся з падлогі. Ні каліўца не адкалолася ад ягонай усьмешкі – хто б сумняваўся. Жалезны Мінус бесстаронна ўтаропіўся на экран, і мы ўсе за ім. Суфлёры, суфіі, суфле, сульфат, Сула. У кожнага бываюць правалы. Кожнага хаця бы раз у жыцьці рабуюць. Добра, што Мінус не ўключаў сёньня музыкі – інакш мы не пачулі б, як унізе пранізьліва каркнуў воран.
98.
Гэта было падобна на падзеньне лялькі – Майк плазам ударыўся аб калена Надзіманага чалавека, а ўсьмешка на ягоных вуснах засталася гэткай жа хітрай, халат узмахнуў крысьсём і будзённа апаў, агаліўшы ногі да загарэлых лытак. Рукі былі раскінутыя занадта тэатральна, цела трохі спаўзло з гумовага ўзгорку, але ўсё ж утрымалася; дзіўным чынам засталіся на Майку й тапачкі.
– Скатаўё, – глуха крыкнуў Малады Мастак, выключыў свой апарат і кінуўся на дапамогу. Абагнуўшы адну за адной пяткі, ён нарэшце ў два скачкі апынуўся ля цела і абедзьвюма рукамі сьцягнуў яго, нібы з каня, з пупырчатай паверхні. У разгубленасьці паклаў на падлогу, і тут Майк зарагатаў, шчэрачы зубы, схапіў Мастака за шыю й, прамахнуўшыся з пацалункам, ускочыў на ногі.
– Уваскрос! Уваскрос! – Майк жартаўліва перажагнаўся й зрабіў вакол Мастака некалькі ранішнагімнастычных колаў. – U was cross! Ну што ты зноў псіхуеш?
Малады Мастак змрочна ўздыхнуў і адыйшоў у цень аграмаднага пляча:
– Ты калі-небудзь дакладна сабе шыю зламаеш. Божанька цябе пакарае. Я табе колькі разоў казаў: са мной гэтак не жартаваць. Ведаў я аднаго плаўца, які любіў скакаць з вышкі ў пусты басэйн...
Майк па-сабачаму падпоўз да яго й пацёрся аб штаніну:
– Ды я ўжо колькі так забаўляюся – і ніколі нічога. Тут галоўнае трамплін, я знайшоў добры, вось тамака, на носе.
Мастак не адказаў нічога, запаліў, плюнуў і накіраваўся да апарату. У справе быў прыкметны прагрэс: Надзіманы чалавек асвойваў усё новыя й новыя глыбіні дабра, веры і аптымізму. У дадзены момант ён пазіраў на сваіх бацькоў з выразам дабрадушнай пагарды, а гэта значыла, што яны на правільным шляху. Былі, аднак, і некаторыя пакуль ня вырашаныя праблемы. Працавалі яны з Майкам удзень; а трэцяй гадзіне Надзіманы знаходзіўся ў найлепшым са сваіх настрояў – часам нават Мастаку здавалася, што мэта дасягнутая, у вачох Надзіманага адлюстроўвалася прамая й прамяністая дарога ў заўтра... Ды вось толькі хвілін праз сорак ягоная пазытыўнасьць пачынала няўхільна руйнавацца, позірк набываў зьдзеклівае адценьне, быццам Надзіманы бяздарна граў навязаную яму ролю... Увечары на мастакоў глядзеў з шасьцімэтровай вышыні разьюшаны пітэкантрап, відаць, надта абураны тым, што яго прывязалі да падлогі гэтыя дробныя вісклівыя садысты, а бліжэй да ночы Надзіманага можна было параўнаць хіба з сэрыйным забойцам, прызнаным ненармальным і адбываючым таму пажыцьцёвае пакараньне ў адзіночнай камэры. Так, задача апынулася ня зь лёгкіх... Ці варта казаць, як паглядаў на сваіх стваральнікаў надзіманы гігант раніцай...
Мастак напружана працаваў, экспэрымэнтаваў, шукаў, цяпер ён валодаў сваім апаратам бы сапраўдны віртуоз, завіхаючыся пры ім як каля фартэп’яна. Да пары Надзіманы цярпеў. Мастак нават запрасіў тэхніка-адмыслоўца, які, па чутках, выдзьмуў некалі дзьве копіі радэнаўскага Мысьляра: адну прадаў у прыватную калекцыю, а другую паставіў у сябе на лецішчы. Гэты спэц мог бы даць шмат карысных парадаў, аднак творчай жылкі ў ім не было, ён умеў адно капіяваць ды надзімаць з натуры... Малады Мастак натуры сабе дазволіць ня мог – у дамове пра гэта меўся кароткі сіненькі пункцік. Тэхнік прыйшоў, выпіў піва, быў урачыста запрошаны ў майстэрню й выбег адтуль праз хвіліну, увесь белы, абяцаючы патэлефанаваць дні праз два. Болей яны яго ня бачылі й ня чулі.
Мастак чарговы раз памудрыў нешта над кнопкамі й задуменна падняў вочы. Дабрадушная пагарда, якая йшла ад Надзіманага, зьнікла як не было. Цяпер ягоныя зрэнкі выпраменьвалі распусту, прытарную, саладзейшую за шакалад з цукрам і пастылой. “Вазьмі мяне!” – палка заклікаў Надзіманы, як усходняя рабыня. Не, да заканчэньня было яшчэ далёка. У справу, як высьветлілася, ўмешваўся час: калі б Надзіманы мог пратрымацца ў гуморы хаця б суткі... Напрыклад, увечары перад запускам яго прывозяць на плошчу, а назаўтра а дванаццатай Мастаку было б ужо да аднаго месца, які выраз у гэтай пысы.
– Колькі гэта ў нас дзён засталося да прэм’еры? – спытаўся мастак у самога сябе, але чамусьці ўголас.
– Ня дзён, – рукі Майка абхапілі яго ззаду за жывот ды палезьлі, разыходзячыся бясконцымі аморфнымі шчупальцамі, уніз. – Ня дзён... Сэкундаў, батончык, сэкундаў...
– І праўда, – Мастак пацёр вочы й, пагладзіўшы прагныя пазногці, мармытнуў-пазяхнуў нешта ўдзячна-зморана-сьлепа-ружова-усьмешліва-неразборлівае...
99.
Гэта была надзвычай вольналюбівая музыка – прынамсі, такой яна задумвалася, рэцэпт яе прыгатаваньня заўжды месьціў у сабе пратэст супраць якога заўгодна таталітарызму, а таксама патоўчаную для лепшага засваеньня маладымі арганізмамі рамантыку й мілыя сэрцу любога падлетка цяжкія, як барановая нага, рыфы. Заўжды яна цуралася аднолькавасьці, гэтая музыка, такая прывабная сваёй небясьпечнасьцю гульня для прышчаватых і насупленых дзяцей... І вось жа паглядзіце вакол: колькі іх тут, чалавек восемдзесят, ладны двухполы статак (а колькі яшчэ сядзяць за сьценамі, спатольваючы сьверб аддаленым буханьнем бочкі й ціха стогнучы!), колькі іх тут, тых, хто выпрасіў у бацькоў пяць пралетарскіх рублёў на квіток – і ўсе аднолькавыя, як быццам вырабленыя канвэерным спосабам: скураная куртка-касуха, накінутая на кранальны, дзіцячы, яшчэ не да канца аформлены торс, высокія боты на шнуроўцы, што пры хадзьбе безнадзейна цягнуць іхнага ўладальніка ўніз, бо важкія, важкія, бы пара цаглінаў; над імі сьмешна тырчаць зашмальцаваныя віетнамскія джынсікі; чорны (інакш нельга!) гольфік, які мама гістэрычным голасам прасіла пакласьці ў карзіну для бруднай бялізны ажно пазаўчора... Гэта ж натуральная ўніформа. І чым, скажыце, валасатыя бунтары, якія цяпер круцяць тулавамі, седзячы на сьпінках крэслаў, адрозьніваюцца па сваёй сутнасьці ад тых жа піянэраў? Хіба што колерам. Зірнем вышэй вопраткі: вострыя кадыкі, за якімі хаваюцца ломкія хлапечыя галасы, першыя вусікі, рупліва ўзгадаваныя разам з рэдкай бародкай усьлед нейкаму мітычнаму дзядулю са швайкай, старанны змрок у вочках, дзявочыя пасмы хлопцаў і хлапечыя вожыкі дзяўчат – апошнія таксама яшчэ тыя экзэмпляры: такія былі б цукерачкі, такія б былі ведзьмачкі – ведзьмачкі, я сказаў, а ня гобліншы!...
Так думаў ён, хаця й быў хіба на пяток гадоў старэйшы. Ягоныя музыканты – не сінюгі й ня наркі, аматары прасунутых падвываньняў (бубнач нават ведаў ноты!), моўчкі сядзелі ў прыбіральні, наладжваючы інструмэнт – ён заходзіў туды нядаўна, і ледзь знайшоў іх сярод абкураных паўтрупаў. Усё гэта (улучна зь відавочнымі перавагамі, якія даваў такі некамэрцыйны занятак) надакучыла яму яшчэ пазалетась, і аднак ён паслухмяна езьдзіў на другі канец гораду на рэпэтыцыі – звыкнуўшыся з тым, што пад вокнамі вечна выстылай актавай залі іржэ ў затрамвайшчынскай цемры мясцовая гапата, што на сярэдзіне рэпэтыцыі, калі здаецца, музыка пачынае ўрэшце выдзяляць празрысты сок чараўніцтва, уваходзіць вахторка й загадвае “закругляцца” – і якую пачварную колькасьць часу ён траціў на здабываньне машыны, арэнду апарату, дазвол у выканкаме, размовы з дырэктарамі-рэктарамі: гектары пабітых выпадковай чалавечай непагадзьдзю нэрваў. І вось момант для сэйшну надыходзіў: апарат гатовы перапрацоўваць у вязкія запілы сухі струнны ляск, на сольнік нацягнуты новы плястык, у сябра стрыечнай сястры гукарэжысэра ансамбля “Жалейка” выпрашаны японскі мікрафон, ля засьнежанага ганку тоўхаюцца гл. вышэй – і тут на блакітным верталёце зьяўляецца намесьнік дырэктара, Понці Пілат у спадніцы, і абвяшчае, што канцэрт адменены.
Не, не любіў ён болей гэтай музыкі, а рабіў выгляд, што жыць безь яе ня можа. Крыўднае насамрэч становішча: чалавек, якому да спадобы перабудовачныя камэдыі, аўсянае печыва, гульні з малым пляменьнікам і вялікія геаграфічныя атлясы, вымушаны курчыць зь сябе агрэсіўнага дэбіла, у якога аднялі знойдзеную ў пакеце для сьмецьця цацку. Калі ён спрабаваў пратэставаць (усё ж музыка абавязвала!), яму хуценька затыкалі рот размовамі пра ягоную геніяльнасьць. Ну і што? ну хадзіў ён калісьці ў вакальную клясу музычнай школы, езьдзіў на конкурсы ў Арменію і Калінінградзкую вобласьць. А цяпер вось хрыпіць пра чорных анёлаў і вампайраў перад малодшымі братамі тых, хто калісьці падпільноўваў яго па дарозе з музыкалкі.
Сёньня яны зноў гралі усё тыя ж пяць кампазыцыяў, што й кожны раз, дзьве сваіх, адну таксыдэрмістаў і адну дзядзькі Найтмара, усё ж з нагоды юбілею сабраліся. Пры адных толькі першых гуках гэтых опусаў, якія, зрэшты, у гэты вечар толькі чакалі свайго выхаду на сцэну, яму заўсёды хацелася ванітаваць. Аднак Гары сказаў: мы будзем граць іх пакуль ад пальцаў ня будзе адскокваць. Паставіць нагу на калёнку, махаць хайрамі й цягнуць, імітуючы дыскант кагосьці з таксідэрмістаў: “Цемра і змрок, як паўбог, я раблю...” – і потым торгнуць драпежна (цьфу, цьфу!) носам, выставіць уверх падбародзьдзе і заенчыць як згвалтаваны камар: “...кро-о-о-ок!”. Яны ад гэтага кіпнем пісяюцца, хлопчыкі й дзяўчынкі. У гэтай залі ж народ будзе стаяць ушчыльную, хто-небудзь і бутэлькай пустой гвездануць можа, калі ня выцягну...
Андрэй, барадаты мужычок, вугальная майка якога была спрэс ушпіляная назвамі ўсіх двухсот сямідзесяці дзевяці найтмараўскіх альбомаў, нарэшце выкульгаў на сцэну і, выдаўшы на ўра бліскучае барабаннае сола, абвясьціў фэст адкрытым.
– Як ты знайшоў месца? – лянотна спытаў ён у Андрэя. Той, па сваёй звычцы падумаўшы трохі даўжэй, чым думае Тармазнуты Джо, разважліва й марудна патлумачыў, уладкоўваючыся за пультам:
– Нармальныя тут чалавекі працуюць. Ціпа, тэатралы. Ціпа, тэатр тут у іх. Ну я... Субарэнда. За капейкі. Праўда, народу сюды шмат ня ўцісьнеш.
Ён кіўнуў, насылаючы ў думках пранцы й трыпэр на першую каманду, нейкіх школьнікаў пад дурацкай шыльдай “Антаганіст”. Ягоны ансамбль выступаў апошнім – усё ж іх ведаў увесь горад, прынамсі той горад, які застаецца на стужцы дня пасьля праяўкі.
100.
На сцэне гот ішоў за готам, а яму чамусьці ўзгадаўся іхны выступ некалькі месяцаў таму ў маленькім правінцыйным гарадку. Тады яны таксама гралі апошнімі; той дзень прамінуў надта хутка, добра запомніліся пакрыты цьвільлю сьнегу пляц з абавязклвым ленінам, елачкамі, будынкам мясцовай адміністрацыі – Дом культуры, ці, па-мясцоваму, клюб, дзе яны ладзілі свае сярэднявечныя шабасы, знаходзіўся насупраць. Публіка вітала іх, сталічную банду, нечалавечым крыкам, ён бы ніколі й не падумаў, што ўсяго сто чалавек здольныя выпрацоўваць такую колькасьць дэцыбэлаў. Мясцовыя аматары цяжкай музыкі перад іхным выступам былі ўжо добра разагрэтыя сваімі землякамі, “Чорным фэльчарам”, ці як там іх, ды напоямі тутэйшай вытворчасьці (у мястэчку месьціўся завод пладовых вінаў), і жадала годнага працягу. І яны забясьпечылі правінцыялам працяг.
Дырэктар клюбу і шэратвары чыноўнік, што адказваў тут за культуру, спачатку спрабавалі ахоўваць парадак, аднак потым зразумелі марнасьць сваіх намаганьняў і пакорліва прыціснуліся да сьцяны. Мокры натоўп першабытных самцоў і самак, ваяўнічы, захоплены гарманальным вірам, не закранаў гэтых пажылых дзядзек толькі таму, што не заўважаў іх прысутнасьці. Ён дасьпяваў трэцюю рэч, лавіна пагудзела, дасягнуўшы дна, і сьціхла; яны амаль безь перапынку пачалі “Паўбога”, і тут ужо стартавала сапраўдная воргія.
Выпускаць зь сябе глупыя словы таннага гіта было прыемна й трохі млосна, быццам са скуры порцыя за порцыяй выходзіць гной. У вочы біў яркі бязьлітасны ліхтар, зь цемры залі раз-пораз выпадалі лямантуючыя паўголыя плечы, пяткі, вушы, мачалкі нямытых валасоў... “Кро-о-о-ок!” Гэтым падлеткам відавочна падабалася. Ён набраў паветра ў лёгкія, адкінуў з ілба пасмы і раптам зразумеў: загадай ён ім зараз ісьці забіваць, гвалціць, разбураць, тапіць сваіх сваякоў, прапануй ён ім спаліць нахрэн гэты райцэнтр – яны стрымгалоў кінуцца выконваць ягоную волю. Сто юных душаў былі падуладныя яму на кароткі час канцэрту, і з гэтым войскам ён мог бы ажыцьцявіць невялічкую рэвалюцыю – няважна, чым яна скончыцца і чым рэвалюцыя адрозьніваецца ад бунту, проста на некалькі гадзін ён мог стаць правадыром, дыктатарам...
Ён прапусьціў тады патрэбныя словы, і публіка прасьпявала іх за яго – дарма што была занятая нястрымнымі маладзёвымі забавамі... Пасьля гэтай кампазыцыі дырэктар, які, напэўна, адчуў няладнае, распарадзіўся вырубіць электрычнасьць. Вось тут і можна было запальваць сыгнальную ракету. Аднак ён быў разважлівым паўбогам – яны палаяліся са сцэны матам (па-ангельску), хуценька сабраліся й пайшлі да хлопцаў з “Чорнага мэдбрату” каштаваць мясцовае зельле.
101.
Канцэрт у былым кіно імя Жданава пераваліў за экватар. Ён сядзеў побач з Андрэем, піў піва й паглядваў зорнымі вачыма на васьміклясьніц, падобных да размаляваных мэдузаў.
– Ёсьць такая вясёлая забаўка: калі па тэлевізары круцяць які-небудзь канцэрт, узяць і выключыць гук. Як выдатна было б, калі б кожны выканаўца пасьля выступу паназіраў за сабой у запісе вось такім чынам. Толькі так можна ацаніць вартасьць таго, што робіш.
– Філёзаф, – зарагатаў Андрэй і пасадзіў сабе на калені вакалістку “Amanda Amazzo”.
Іх сустракалі цёпла – занадта цёпла, калі ўлічыць, як пагана яны адыгралі першую рэч. Не, народ і танчыў, і падпяваў, і нават па напаўзабытай традыцыі запальваў газавыя сьветлякі на “Люцыфэры з ускраіны”, аднак неяк вяла: нічога дзіўнага, яны чулі гэта тысячу разоў. І перад апошняй, найтмараўскай рэччу, якую іхны басіст уцяжарыў да максымуму, яму стала крыўдна. Ён атрымаў замала пакланеньня, не насыціўся іхнай энэргіяй, ня высмактаў сёньня сабе ўпэўненасьці на бліжэйшы тыдзень. І пры першых маршавых тактах “Kill you, baby” уздыхнуў, падумаў ды кінуўся на падлогу, як эпілептык. Лінзы перад выступам ён зазвычай здымаў, і таму не заўважыў антычных аскепкаў прыгожай бутэлькі, разьбітай кімсьці ля сцэны падчас папярэдняй песьні.
Ён падняўся на ногі, адкінуў з ілба валасы і ўмэнт стаў зноў чырвонаскурым кумірам охласу – акругліў вочы, намаганьнем волі запаліў у іх па-галівудзку вар’яцкі фанатызм і, падпарадкоўваючыся загадкаваму й найтрапнейшаму насланьню, выкінуў руку перад сабой. Некаторыя адразу ж паўтарылі гэты нескладаны рух, аднак ён меў на ўвазе іншае. Ягоны ўказальны палец выпрастаўся ў накірунку супрацьлеглай сьцяны, і публіка паверыла, лёгка і з задавальненьнем. Ён бачыў краем вока, як нават сівы вэтэран Андрэй абярнуўся й паглядзеў туды, на бялеючую ў цемнаце сьцяну – і, відаць, полымя ў вачах ягоных разгарэлася само сабой... Зьнічка ўпала на густыя дзіцячыя шэвелюры, і выступ быў уратаваны. Ён засьпяваў, не прыбіраючы свайго трывожнага пальца, паўтараў аўтаматычна словы, утаропіўшыся з цудоўна ўдаваным жахам у самы канец залі, і ўсё паказваў туды, паказваў, нібы там, за сьцяной, хаваўся прывід, здань, мроя, непатрэбнае закрэсьліць.
102.
Скаргаў Таварыш Грышук даслаў тры: адну ў адміністрацыю раёну, адну ў міліцыю і адну ў газэту №1. Апошняя была надрукваная ў разьдзеле чытацкіх лістоў, а астатнія засталіся без наступстваў. У міліцыі таварыша Грышука адправілі ў адміністрацыю, а ў адміністрацыі, паспачуваўшы, патлумачылі: канцэрт быў дазволены, меры бясьпекі прынятыя, скончыла “маладзёш” роўна а дзявятай – няма да чаго прыдрацца. Паабяцалі, праўда, што надалей арандатары такіх імпрэзаў ладзіць ня будуць, санстанцыя супраць. Дый заводзкі Палац культуры, які ўжо паўтары гады знаходзіўся на рамонце, мусіў адкрыцца акурат на сьвята.
Сёньня таварыш Грышук выправіўся па новы пінжак. Рэч у тым, што ўраньні яму патэлефанавала цудоўнае дзяўчо з прафкаму непрацуючых пэнсыянэраў матацыклетнага заводу й звонкім камсамольскім голасам запрасіла на першы заводзкі конкурс прыгажосьці. Яна ўжо зьбіралася класьці слухаўку, калі таварыш Грышук, трохі аглухлы ад яе траскатні, зьбянтэжана і радасна перапытаў:
– Дык а дзе будуць праводзіць, кажаце?...
– У памяшканьні кінатэатру імя Жданава, – адрапартавала дзяўчына.
– Дык няма ж ужо... – прамармытаў сарамліва таварыш Грышук.
– Не хвалюйцеся, – адказала яна, пераблытаўшы заадно і імя ягонае, і імя па бацьку. – Усё дамоўлена.
Такім чынам, Таварыш Грышук вырашыў на гэты раз унуку на дыскі нічога не даваць, а абзавесьціся новым пінжаком. Ён урачыста йшоў да нядаўна адкрытага за два прыпынкі ад дому магазыну адзежы – яму было так лёгка на душы, што ён наважыўся прагуляцца туды пехатою, і трамваі, пазвоньваючы, асьцярожна абганялі таварыша Грышука, і з павагай паглядалі на яго пасажыры. На выканкам таварыш Грышук ня крыўдзіўся: раз сказалі, значыць, так трэба. Значыць, трэба пацярпець. Часовыя цяжкасьці. Стратэгічнае адступленьне. Сталін вунь пакт зь немцамі заключыў – значыць, так было трэба на той момант. Ім, наверсе, відней. Усё адно, надыйдзе час – і адкажуць яны за ўсё, усе гэтыя гамбрынусы, татрымінусы, олвейсы, памперсы, вітасы, макдоны. Вымяце іх мятла куды падалей. Дзесяць гадоў таму здавалася: усё, канец сьвету, дарма працаваў, дарма кроў лілася ды сёмы пот. Ды не, народ, ён не дурны, ён падман адчуў і выкараскваецца паціху. І выкараскаецца!
Найбольш чамусьці таварыша Грышука раздражняла слова “пампэрсы”. Выдумалі ж... І прамаўляюць так мярзотна, хоць ты плюйся цэлы дзень. З націскам на першае “а”, з гонарам такім лайдацкім, са смакам. Пампэрсы. Ім бы толькі, дармаедам, тарам-пам-пам. У вёсцы, адкуль таварыш Грышук родам, быў такі курдупель-прайдзісьвет, толькі бульбу красьці ўмеў ды на танцах скакаць, і ўсё прыпяваў, плюючыся: “Пам-пам-пам”. І, галоўнае, унучка туды ж – прывядзе малога, серуна гэтага, сядзе на кухні й завядзе, у вочы гледзячы: “Зараз дзядуля нам дасьць на п-а-а-мпэрсы...”. Фігу вам, а ня пампэрсы! На шакалядку дам, на боты малому дам, а на пампэрсы – ні за што. Сёньня яны сабе гэтыя пампэрсы, а заўтра, глядзіш, на блядкі пойдзе – хто з малым сядзець будзе? Ён, інвалід? Пампэрсы! Гора яны ня ведалі.
Што такое пампэрсы, таварыш Грышук уяўляў даволі прыблізна. Аднойчы наважыўся, спытаў у суседкі, жвавай шасьцідзесяцігадовай прыбіральшчыцы, калі яны выпадкова апынуліся адны каля пад’езду.
– Што? Пампэрсы? Ды нашто ж вам пампэрсы ў вашыя гады? – насьмешліва ўсклікнула яна, яшчэ больш упэўніўшы таварыша Грышука ў гнюснай, бескарыснай і потнай распуснасьці гідкага амэрыканскага тавару. Баючыся розгаласу, таварыш Грышук уцёк дахаты й болей да такіх сьлізкіх тэмаў не вяртаўся.
103.
Мы глядзім на іх, а яны ня бачаць нас. І музыка працягваецца. І кожны падобны да кагосьці – хаця б звонку. Як штатны мастак уплывовай заходняй газэціны на скандальным судзе, я сяджу трохі ўбаку ад уважлівага глядацкага кола і адчайна намагаюся ўвасобіць іхныя нібы толькі што выраслыя над чорнымі падвоччамі зрэнкі, іхны заціснуты ў кулаках ціхі кашаль, іхныя пахілыя сьпіны. Яны заўважаюць навокал так мала, быццам перад кожным – вузкі калідор. Віно сьцякае па іхных падбародзьдзях, і часам дрыжыць, хістаючы ўсё гэтае нагрувашчаньне непрасохлых пасьля барвовага дажджу ценяў, закансэрваванае паветра залі – гэта хтосьці нэрвова й бездапаможна скідвае з пляча палы ліст сумненьня.
Я малюю іх, не робячы аніводнага руху, фарбы ў маёй галаве кіпяць, і хто ведае, можа быць, мой сьціплы няўдзячны занятак калі-небудзь уратуе прысутных ад забыцьця. Мінус, падобны да яшчаркі, якую сонца ганяе па раскалённых камянях. Даражок, што нібыта ліхтар на носе сьпячага карабля. Кіроўца, кавалак мяса ў вакуумнай упакоўцы, які можна захоўваць – верце мне, верце! – бясконца, бясконца, бясконца!(усё ж тут мусіць стаяць кропка). Кармушкін, як дзьве геамэтрычныя фігуры, якія ўсё намагаюцца зьліцца. Маленькі лекар – да сьмерці засыпаная лісьцем лавачка ў восеньскім парку. І – выкінутая на мой бераг прылада невядомага прызначэньня.
104.
Так, так, як гэта завуць таго нямецкага мастака, аўтара цалкам рэалістычных гуашаў і акварэляў – на іх можна ўбачыць заклапочаных, занятых нейкай працай людзей, звычныя прадметы – вось толькі чым канкрэтна яны занятыя, што робяць, ня можа адказаць ніводзін наведнік выставы. Каля гэтых карцінаў трэба паводзіць сябе ціха – інакш здаецца, што замінаеш пэрсанажам. Такой мне заўжды падавалася І: уся як на далоні, еш, але неспасьцігальная, замок без ключа. Празь яе вочы, напэўна, штосэкунды шалёна праносіліся апаленыя статкі, пралясквалі войскі, прадзіраліся скрозь начное вецьце звар’яцелыя птушкі, і я пачуваўся непаўнацэнным, разумеючы, калі трымаў яе за рукі, што сам ня здольны кінуцца ў гэты апакаліптычны вадаспад. Набіраю код, калі трэба ламаць дзьверы.
Усё скончылася там, дзе й пачыналася – ля дзьвярэй, якія я, як высьветлілася, не замкнуў. Што пабачыў бы сусед, завітай ён па нядзельнай завядзёнцы ў маю сумную кватэру, убогі бярлог удаўца... Нявіннае боко-мару на ледзяным ложку, такім халодным, нібы ён ўляцеў у вакно перад самым нашым прыходам; нерухомую й выпрастаную, як мумія, І, якую я ўціскаў у люстра, прагнучы зрабіць яе сваім адбіткам; І на маіх руках у карагодзе сьценаў; хованкі ў вузкай і цеснай лазьніцы; яе галаву, якая зьвісала з края канапы, як пясочны гадзіньнік, напоўнены крывёй; ці, можа быць, асьцярожнае пасоўваньне па перадпакоі, упрытык са сьцяной – бы па тратуары запруджанай машынамі вуліцы... Цяпер я глядзеў на яе са зьдзіўленьнем, спрабуючы ўзгадаць, дзе ж бачыў раней гэтую жанчыну, антырэклямную, антытэлевізыйную, амаль антычны мармур, са скрадзенымі шарай гадзінай каштоўнымі часткамі, ушпіляную прышчыкамі, мікраскапічным шнарамі, марсіянскімі каналамі мутных венаў, лёгкай дробнай сеткай зморшчынак, імгненнымі ценямі, што перабягалі, нецярпліва выцягваючыся ўперад з-за недахопу хуткасьці, ад левай грудзі й саскоквалі са сьцягна ў бездань. Няўжо гэта яе целам я нішчыў толькі што павуціньне свайго ранейшага жыцьця? Яна паўляжала ў нагах у маіх плашчоў, ні чырвані, ні чарцяняці, чужы почарк відушчага вечару чакаў прачытаньня.
– Ты магла б пайсьці на кухню, там засталося трохі... – сказаў я й, пачакаўшы, схадзіў і наліў сам. Вярнуўся й замкнуў дзьверы, запаліў цыгарэту. Нечакана ўва мне, як калі б я па цёмнай дарозе з кухні наступіў на нешта вострае, заныла дзіўнае раздражненьне. Мне хацелася ад І дзеяньняў, я й забыў, што яшчэ паўгадзінкі таму марыў хаця б пра намёк. Яна магла, яна мусіла зрабіць што-небудзь хаця б цяпер, пасьля таго, што адбылося. Не пацалунак, не ацэнка, не словы – ну хаця б аглядзелася вакол, пацікавілася маім побытам, маімі падсьвечнікамі, напрыклад, або папіла б вады з-пад крану, у скрайнім выпадку. І нязграбна паднялася – яна нават не ўспацела, і гэта закранула маё самалюбства яшчэ больш.
Я строга й зь нейкім болем зашпіліў на яе строі ўсе гузікі, адарваўшы адзін, на ўзроўні жывата, занадта рэзка пацягнуўшы яго на сябе, мне было І чамусьці шкада, і ад гэтага расло маё раздражненьне. Я зноў адправіўся на кухню, смага не давала мне прамовіць што-небудзь вартае моманту. Так, мне было яе шкада – можа быць, таму, што яна апынулася такой жа падатлівай і здатнай да выкарыстаньня, а імкнулася ж выглядаць згатаванай з асырыйскага цеста, з бабілёнскіх смуглявых камянёў. Я, канечне, разумела – тое, што адбылося, нагадвала хутчэй таропкае ўдушэньне з выкарыстаньнем мяха за сьпінай й меху на грудзёх, чым любоўны акт; было б у мяне больш часу і ўпэўненасьці ў наступным спатканьні, я б паказаў ёй свайго зімуючага рака... Але не, зь ёй ні ў чым нельга было быць упэўненым, за яе сьпінай вечна тырчэў Мінус і не даваў мне правесьці рэканструкцыю.
Пакуль я зьнясілена сядзела на кухні, спусташаючы бутэльку, яна запаліла нарэшце сьвечку – сьвятло выхапіла карцінку, якую Віка павесіла некалі ў калідоры: рэкляма абутку вытворчасьці сумеснага прадпрыемства, бліскучая, глянцавая нага на сьпіне ганарыстага музэйнага льва. Я ўздыхнула й рушыла назад: мы сутыкнуліся на павароце з калідору й з жахам адхіснуліся адна ад адной. Яна падзьмула на полымя, яно ўпарта выпрасталася й зазьзяла яшчэ ярчэй, я нахілілася й ператварыла вогненнага матыля ў саладкаваты пах.
Трымаючыся за рукі, мы прайшлі ў пакой і апусьціліся на канапу. Тут было трохі сьвятлей, халодна блішчэлі апячатаныя месяцам прадметы. За сьцяной на дзіва чыста сьпяваў хрулёўскае “Мора” мой п’яны сусед. Я навобмацак знайшла на століку гадзіньнік ды пачала круціць яго ў руках, ловячы ўпартае сьвятло. Яна выдыхала дым мне проста ў твар.
105.
– Мне трэба ісьці, – сказала я мягка. – А дзясятай у мяне жывы этэр.
І адвярнулася, а потым рэзка ўскочыла й закрычала – усе гукі, якімі нядаўна поўніўся вечаровы пад’езд, адразу ж сьціхлі:
– Каб болей ніякіх!... Ты хворы чалавек, табе трэба дапамога, і я табе дапамагу! З гэтага дня... Зь сёньняшняга дня! Прабач...
Цяпер яна валялася ў мяне ў нагах. “У цябе гістэрыка”, – драўляным голасам прамовіла я, драўляны бажок. Сусед спыніў свае сьпевы й выражаў сваё зьдзіўленьне далікатным пагрукваньнем у сьценку.
– Паглядзі на сябе, – І села каля мяне і абхапіла рукамі калені. Голас яе дрыжэў, бы ішоў па канаце. – Паглядзі на нас. Ты ж чалавек бяз будучыні, ты, са сваёй гэтай невядома кім выдуманай асырыйскай тэлевізыяй. Больш за тое: ты чалавек без мінулага й, што яшчэ страшней, безь цяпершчыны. Трэба рабіць нешта. Мінус нас пагубіць.
– Рабіць, – сказала я абыякава.
– Што рабіць? Станавіцца нармальным чалавекам. З тэатрам трэба парваць. Нармальным – гэта ня значыць усялякія там мяшчанскія штукі... Нармальным – з нармальнай сістэмай каардынатаў. Займаць месца, адкуль цябе будзе відаць усім астатнім, дзе яны змогуць заўважыць цябе і ацаніць. Ці не ацаніць... Вось так.
– Нармальным чалавекам? Але што ўва мне?...
– Нармальным! – яна зноў павысіла голас, было відаць, што яна ненавідзела сябе гэтак жа, як слова нармальны, ды што паробіш: часта словы самі выбіраюць нас. – Так, нармальным. Гэта значыць штораніцы спадзявацца, што сёньняшні дзень будзе лепшы за ўчорашні.
– Я слухаю, – сказала я й з уздыхам пацягнулася па цыгарэты. І патлумачыла мой рух па-свойму й сутаргава схапіўшы гадзіньнік, сунула яго сабе за сьпіну. І тут у дзьверы пазванілі. Быццам чараўніца, якая адным дотыкам робіць зь людзей статуі, я лёгка правяла пальцамі па шчацэ І, хутка прамінула перадпакой і адчыніла не раздумваючы: жабрацтва – добры лек ад страху. На парозе стаяў сусед.
– Чуеш, – ён цяжка дыхаў і відавочна не разумеў, чаму я не пускаю яго ў кватэру. – Чуеш. Я, гэта...
Ён панізіў голас і ўсё спрабаваў пралезьці бачком міма мяне ў маю прыватную цемру:
– Што, Віка вярнулася? Мая кажа, бабы нейкія тут у цябе... Я ёй кажу: не, ён баб ня водзіць, а потым чую. Чуеш...
– Заняты, – я ступіў наперад і ён быў вымушаны адыйсьці на сваю тэрыторыю. – Праца падвярнулася. Ты ж ведаеш... У мяне –
І я красамоўна паказаў на лічыльнік. Сусед павёў сябе высакародна й тут жа схаваўся за плячыма жонкі, якая, мяркуючы па прамяністых, бяздонных яе вачох, квасіла з ранку разам з мужам. Я вярнулася ў кватэру, дзе мяне чакаў непрыемны сюрпрыз: І нідзе не было.
У такіх сытуацыях я лёгка станаўлюся жывёлаю – вось і цяпер, на лёгкіх лапах, з прагнымі ноздрамі я асьцярожна, імкнучыся ня пахнуць, дасьледвала кожны закуток, загарадзіўшы папярэдне перадпакой крэслам, бо ў любы момант цень маёй госьці мог выпырхнуць з якой заўгодна шчыліны. Адрэзаўшы І шлях да ўцёкаў, я паволі ішла скрозь шыхты замерлых прадметаў і на ўсялякі выпадак гаварыла – хаця б для таго, каб даць ёй зразумець, што я яе знайду.
– Працягнем. Ты скажаш: а ці ня трэба запытацца ў сябе – што ты зрабіла для таго, каб сёньняшні дзень быў лепшы за папярэдні. А вельмі мала насамрэч. Неабходна толькі не рабіць нічога дрэннага ўчора. І ўсё. А ў астатнім жыві як пажадаеш. У сьвеце ўсім знойдуцца месца, хлеб і пяшчота – і гультаям, і дурніцам. І карэспандэнткам...
Пагардаю павеяла аднекуль з-за сьпіны. Я ўдала, што не заўважыла гэтага, прымусіла нюх працягнуць сваю разьмераную працу, а потым імкліва – у два скачкі – апынулася ў калідоры й паклала растапыраныя пальцы на куты рэклямнага плякату. Спачатку ён толькі скамечыўся па краёх, аднак потым я з лагодаю дыхнула на яго, як на люстэрка. На мігатліва-глянцавую каленку ўпала крысо доўгага чорнага строю, нага ўздрыгнула й даволі бесцырымонна ступіла ў паветра перада мной – на шчаках маіх засталіся кроплі. Усе мы жывем у вадзе.
106.
Вішнёвы вомут сьцяны расступіўся перад намі; бы сабака, я ўмею глядзець наперад і адначасова заўважаць усё, што робіцца па абодвух бакох. Як заўсёды, яны адплюшчылі вочы й пераглянуліся – такое ўражаньне, што заслона была зьвязаная зь іхнымі вейкамі адмысловым мэханізмам; і не было ў іхных позірках ані ўсьмешкі, ані прыязнасьці, ані варожасьці. Маё запясьце ляжала ў руцэ Даражка – мне здаецца, нават калі разьвітваемся, ён бярэ яго з сабой: бачу, як ён спахопліваецца ў мэтро, купляе на канцавой станцыі пакет і кідае запясьце туды. Але да разьвітаньня яшчэ далёка.
Шараговы вечар, шараговы спэктакль.
Абрысы людзей, што сядзяць у цёмнай залі, нагадваюць адтуліны вялізных замкоў – асабліва калі бачыш іх са сьпіны. Аднак сьвятло запальваецца. Чалавек за пультам ліхаманкава шукае фанфары. Мы глядзім на іх, а яны ня бачаць нас.
107.
Калі загучала музыка, дзеючыя асобы не без шкадаваньня пачалі складваць разгорнутыя газэты – перад пачаткам уся заля чытала сьвежы нумар газэты №78, які прадаваўся каля ўваходу. Даўно раённая семдзесятвасьмёрка не карысталася такім попытам. Уся справа была ў матэрыяле пра той загадкавы труп, які знайшлі нядаўна ў сквэры праз дарогу адсюль. Не абы які, а са скроневым раненьнем. Хадзілі чуткі, што забіты – відны апазыцыйны палітык, і партыя, якую ён прадстаўляў, ужо кідала па паштовых скрынях улёткі, дзе называла гэтае забойства палітычным, а кіраўнік краіны гідліва адгукнуўся пра ўсё гэта як пра “разборкі” – “не падзялілі сьмярдзючых даляраў”. Газэты зь першай дзясяткі навогул пра здарэньне маўчалі.
Аднак раптоўна, як міліцыянэр, узьніклая ў залі музыка прымусіла ўсіх адкласьці “семдзесятвасьмёрку”. З аздобленага шарыкамі ценю зьявіўся малады чалавек у паношаным смокінгу, ён быў сама добразычлівасьць, а аптымізм і дзелавітасьць сьвяціліся нават на гузіках ягонай кашулі. Ён элегантным рухам падхапіў са стала мікрафон і, абагнуўшы стол, выйшаў, усьміхаючыся, да пярэдніх радоў.
– Ну вось, – лёгкая ды сьветлая туга прабівалася празь ягоную ўсьмешку. – Вось і прысьпеў час. Тое, пра неабходнасьць чаго так доўга гаварылі бальшавікі, адзьдзел па справах моладзі раёну й намесьнік дырэктара матацыклетнага заводу па кадрах – зараз адбудзецца прама на вашых вачах!
Тры фанфарныя бомбы абрынуліся на маленькую залю, на адмыслова прыцягнутым сюды плазменным экране замільгала нейкае рэнэсанснае ню, а чалавек зь мікрафонам задушэўна прамовіў:
– Мяне завуць Андрэй Макараў, і я рады разам з вамі вітаць на гэтай сцэне першы конкурс прыгажосьці матацыклетнага заводу!
Апошнія словы патанулі і г.д. Макараў сьціпла махнуў рукой і зноў схаваўся ў цень. Дабрадушна й спагадліва аглядаючыся вакол, пляскалі ў ладкі члены журы, нібы яны ўсё жыцьцё толькі тым і займаліся, што арганізоўвалі падобныя конкурсы. Паважна пляскалі вэтэраны; з адцяжкай, бы лупілі кагосьці праведнай розгай, – сьвядомая моладзь заводу; са смакам – пузатыя ружовашчокія мужчыны (жанчыны ў залю, бы на колішнія грэцкія Алімпіяды, загадам заводзкага кіраўніцтва не дапускаліся). Таварыш Грышук разыйшоўся так, што калі воплескі заціхлі, у звонкай цішыні яшчэ доўга і г.д. Макараў, не пакідаючы свайго сьціплага ценю, каб, ня дай божа, ня ўлезьці ў чый-небудзь заслужаны німб, прадставіў арбітраў – пяцерых тоўсташыіх стомленага выгляду начальнікаў са сьлядамі генных парушэньняў на зямлістых тварах, у аднолькавых пінжаках і з засунутымі ў рот фрыкатыўнымі гальштукамі.
Журы складалі былы муж дырэктаркі раённага загсу, вышэйпамянёны намесьнік, два ягоных намесьнікі й сакратар маладзёвай арганізацыі заводу. Таварыш Грышук, які сядзеў у пятым радзе, вельмі хацеў паглядзець, як выглядаюць гэтыя кіраўнікі, і параўнаць іх з тымі, хто ўручаў яму калісьці граматы й вешаў яго на дошку гонару, аднак са сьпіны членаў журы было не адрозьніць. Ён спадзяваўся, што здолее зрабіць гэта, калі начальнікі будуць, прыўстаючы, з бацькоўскімі усьмешкамі ківаць публіцы, аднак і тады, як яму здалося, падымаўся адзін і той жа чалавек.
108.
Неўзабаве начальнікі прыкметна засумавалі: кідаючы на экран дзікія цені, перад імі праскакалі нейкі гапак выхаванцы студыі дзіцячых сьпеваў. Потым Макараў зноў зьявіўся на сцэне, доўга дэклямаваў пра каханьне, кіндэр, кюхе, кірхе... Былы муж дырэктаркі загсу дастаў мабільны тэлефон і пачаў з імпэтам складаць эсэмэску, а адзін з намесьнікаў употай чытаў пад сталом газэту, для прыстойнасьці патупваючы нагой, якую, на жаль, мог бачыць адзін вядучы. Аднак усё калі-небудзь сканчаецца. У залі засьвісьцелі, і Макараў, таямніча ўсьміхнуўшыся, абвесьціў нарэшце выхад удзельніц.
Іх было пяць, наядаў, амазонак, русалак, мэнадаў, манадаў, ундзінаў. І калі першая выклікала задаволенае крэканьне мужчынскай часткі залі, то на другой дзевяноста чалавек папросту аблізваліся. “Трынаццаць гадоў, а якія сіські”, – шапталіся ў залі й засоўвалі рукі ў кішэні. Трэцяя ўдзельніца, васьміклясьніца кулінарнай гімназіі, у якой бацька працаваў у КБ інжынэрам, кароткастрыжаны бес у афіцэрскім мундзіры на голае цела, выклікала ў залі здушаны вой. Чацьвертая была нішто сабе, толькі ногі таўставатыя. Забіла ўсіх апошняя канкурсантка, Алеся. Пры яе зьўленьні нават члены журы страцілі валоданьне сабой і па іхным нешматлікім шыхце пабеглі трэшчыны вар’яцтва. Намесьнікі намесьніка ўсталі, селі й тут жа зноў усталі са сваіх месцаў, былы муж дырэктаркі загсу парываўся стаць на карачкі й рыкаў як бык, намесьнік выгнуўся катом і нечакана нізкім голасам прасьпяваў куплет “Сябровачкі”, а сакратар маладзёжнай арганізацыі пачырванеў і таропка адпрасіўся ў прыбіральню. Алеся, паказаўшы пушкінскія ножкі з-пад бальнай сукенкі, з распусным сьмехам ушчыкнула намесьніка за падбародзьдзе й зьбегла ў бакавыя дзьверы.
Пакрысе ў залі зноў усталяваўся парадак. Разваліўшыся ў крэслах, людзі зьдзіўлена азіраліся вакол. Яны ня верылі, што гэта ўсё ня сон: што можна вось так спакойна і абсалютна бясплатна сядзець у цёплай залі, наталяцца блізкасьцю паўраспранутых дзяўчат і чакаць працягу. Перадавікі перашэптваліся наконт далейшай праграмы – у прафкаме абяцалі, што апошнім нумарам праграмы будзе конкурс касьцюмаў Евы, а пры вызначэньні пераможцы конкурсу глядацкіх сымпатыяў удзельніц можна будзе й памацаць. “Я – Алесю”, – летуценна й гучна прамовіў лаўрэат заводзкага конкурсу прафмайстэрства й тут жа атрымаў ад калегі кулаком па галаве. “На Алесю шмат знойдзецца”, – аўтарытэтным тонам сказаў адзін з намесьнікаў намесьніка гендырэктара па кадрах і павярнуўся да залі тварам – ён быў вядомы ўсяму прадпрыемству сваім дэмакратызмам. “А я бы вось трэцюю, як там яе завуць”. Гэтае выказваньне дадало публіцы шалу й палу. Пакуль ішоў творчы конкурс – удзельніцы ў рабочай уніформе спаборнічалі ў тым, хто хутчэй разьбярэ й зьбярэ матацыклетны рухавік – гледачы эмацыйна дзялілі пяцерых канкурсантак, часам, асабліва сярод моладзі, гэтая разьвёрстка набывала ваяўнічы характар, і ў левым куце ўспыхнула й тут жа згасла бойка, а ў правым нехта нудна й паныла лаяўся па мацеры. Адны толькі члены журы паводзілі сябе як культурныя людзі: дзелавіта прыгнуўшыся над сталом, яны кінулі жэрабя й, па ўсім відаць, ніхто не застаўся пакрыўджаным. Над усім гэтым салаўём разьліваўся Макараў.
109.
Пасьля творчага конкурсу на сцэну нясьпешна выйшлі першаклясьніцы з гуртка “Юная мадэль” пры раённым Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі, які існаваў пры фінансавай падтрымцы заводу. Іхныя надзіманыя грудкі выклікалі ў залі здаровы, па-бацькоўску добры рогат. Уздоўж радоў завіхаліся афіцыянты з кавярні “Вавёрачка”, разносячы кактэйль “Матацыклетны”, адмыслова вынайдзены да конкурсу шэф-пэварам заводзкай сталовай. У залі зьявілася й першая жанчына: намесьніца главы раённай адміністрацыі, жалезная лэдзі з амаль паўвекавой радаслоўнай – яна стрымана прыняла паклоны членаў журы і ўселася на пачціва падсунуты пад яе прынцыповы зад фатэль. Макараў раз-пораз заглядваў у бакавыя дзьверы й потым дэманстраваў свой скажоны выразам незямной асалоды твар публіцы, якая ўжо пагалоўна ціха й радасна лаялася ад зайздрасьці й нецярплівасьці.
З кароткай прамовай выступіў намесьнік дырэктара. Ён пажадаў удачы ўдзельніцам, штосказу намагаючыся хоць краем вока зазірнуць за прыадчынныя бакавыя дзьверы, потым распавёў пра посьпехі заводу ў сацыяльна-культурным будаўніцтве й напасьледак нагадаў, што пасьля новага году прафкам і адміністрацыя сумесна з выканкамам плянуюць арганізаваць такую ж імпрэзу, толькі для жанчын.
Таварышу Грышуку хацелася праваліцца скрозь зямлю. Ён быў найстарэйшы з прысутных у залі вэтэранаў, і толькі цяпер, калі Макараў жэстамі паказваў, якія бюсты маюць юныя канкурсанткі, зразумеў нарэшце, у чым справа. “А ты за каго, баця?” – штурхнуў яго локцем у бок пераможца конкурсу профмайстэрства, і таварыў Грышук бясьсільна зажаваў губамі. “Увесь рад за Алесю, можа, ты сабе нумар чатыры возьмеш?” – крыкнуў нехта ад супрацьлеглай сьцяны. “А што, такія ногі гадоў трыццаць таму былі ў цане”, – засьмяяўся майстар за сьпінай. “А за каго... кіраўніцтва?” – прамармытаў разгублена таварыш Грышук. Два дзясяткі чалавек хорам заіржалі. “Кіраўніцтва! Яму, дзядуля, і пасьля конкурсу будзе чым заняцца!”
“А цяпер...” – Макараў падкінуў мікрафон уверх і спрытна спаймаў яго. “А цяпер я хачу абвясьціць...” Адзіны стогн працяў публіку. “Чарговы этап конкурсу –...”. Самыя трывалыя сьвідравалі вачыма атрыманыя перад пачаткам праграмкі – няўжо праўда? “Першага конкурсу прыгажосьці матацыклетнага заводу...” Кат зь мікрафонам з асалодай цягнуў паўзу. “Сіські!” – заскандзіравала заля. І тут з бакавых дзьвярэй выскачыў нічым не адрозны ад публікі, аднак бледнашчокі й зь нездаровым бляскам у вачох мужычонка. Ён вырваў у аслупянелага Макарава мікрафон і зароў, ледзь не засунуўшы яго сабе ў рот:
– Людзі! Людзі! Вас наёбваюць! Там, вунь там! Там сядзяць пяцёра псіхаў і сочаць за вамі! Мужыкі, ёт-акаёт!! Гэта праўда, зуб даю!
Ён тыцкаў рукой за сьпіны гледачоў, у накірунку белай сьцяны. Гледачы недаўменна абярнуліся, вочы, нязвычныя ўзірацца ў белыя сьцены больш за пяць сэкундаў, прымружыліся й паволі, пагрозьліва вярнуліся да мужычка ля экрану, на якога спалохана шыпеў вядучы. “Во, аднаго ўжо торкнула”, – сказаў пераможца конкурсу профмайстэрства. “Паехаў дах у мужыка, нефіг такія паўзы рабіць”.
– Там, там, за сьцяной, ідзеце й праверце! – надрываўся парушальнік спакою. – Вы для іх трусы падвопытныя! Там Мінус І! Я сам толькі што адтуль! Праўда, ёт-акаёт!
Члены журы паморшчыліся.
– Гэта правакацыя, – абурана прамовіла намесьніца главы адміністрацыі й паднялася зь месца. Макараў нясьмела спрабаваў забраць у выступоўцы мікрафон. Аднак і насупленая заля не зьбіралася адседжвацца. “Ты, урод, звалі са сцэны”, – пачулася адтуль і тут жа ў сьпіну гэтаму ветліваму выказваньню таўхануліся іншыя, цэлы чыгуначны састаў, нагружаны матацыкламі: “Уёбішча, вэг дахаты!”, “Ідзі прасьпіся”, “Уроем суку”.
– Яны хворыя! Яны там усё шызікі, ёт-акаёт! – хрыпеў у мікрафон мужычок і, бухнуўшыся на калені, скруціўся ў тры пагібелі, каб цяжэй было справіцца. – Людзі! Ідзіце за мной! Яны забойцы! Яны маньякі!
– Тыповыя апазіцыйныя штучкі! – сказаў інтэлігентны былы муж дырэктаркі загсу.
– Адмарозак! – падтрымала яго намесьніца главы. – Вы ўжо выклікалі міліцыю?
– Народ і безь яе ва ўсім разьбярэцца, – з усьмешкай прамовіў намесьнік дырэктара й паказаў вялікім пальцам сабе за сьпіну.
У залі назравала пазачарговае паседжаньне суда Лінча.
– Прыбярыце яго са сцэны! Толік!
– Мужык, не замінай, горай будзе!
– Зламаў, бліна, увесь кайф!
Нарэшце да мужыка падскочылі трое актывістаў маладзёжнай арганізацыі й павалаклі да выйсьця, па дарозе з задавальненьнем адорваючы гада ўдарамі па самых балючых частках цела. Ды толькі ахвяра не здавалася й да самага выйсьця працягвала псаваць сьвяточную атмасфэру конкурсу.
110.
– Ну-с, і на якую ж тэму?...
– Прабачце, але спачатку я хацела б пацікавіцца ўсё ж наконт вашага імені...
– А што ня так з маім іменем?
– Яно незвычайнае. Проста падарунак для прадстаўніка творчай прафэсіі. Вось, напрыклад, Назар. Вы ж нарадзіліся ў нашай сталіцы?...
– Так.
– Але ў савецкі час ніхто не назваў бы дзіця Назарам. У гэтым імені чуецца нешта біблейскае, а тады рэлігійнасьць ня надта віталася. Сумняюся, што такое ймя можна было знайсьці ў іменьніку. Кім былі вашыя бацькі? Я яшчэ раз перапрашаюся, аднак нашых чытачоў зазвычай хвалююць такія далікатныя пытаньні... Я ўжо казала, я вяду даволі спэцыфічную рубрыку...
– Мой бацька быў сакратаром парткаму. Хм, і праўда, як жа гэта ён назваў мяне Назарам? Рэлігія тут ні пры чым. Але ж сапраўды, мог бы назваць мяне Дзімам або... Або Алегам.
– Вам падабаецца вашае імя?
– Ведаеце што, давайце так. Бацька назваў мяне Мікалаем. Мікалай Мінус... Не, тут таксама нешта ня так. Шчыра кажучы, маё прозьвішча ня Мінус. Поўнасьцю мяне завуць так – Мікалай Оскаравіч Мацэрат.
– А Мінус – ваш псэўданім?...
– Што вы... Мне няма чаго хавацца пад псэўданімам... З таго часу, як памёр бацька – а ён быў досыць вядомым чалавекам – я магу спакойна карыстацца ягоным прозьвішчам.
– Добра, Назар Оскаравіч. Я бачу, што трохі пакрыўдзіла вас такімі асабістымі пытаньнямі. Давайце лепш пра мастацтва. Як вы лічыце, ці перадолеў айчынны тэатр крызіс пачатку дзевяностых?
– А што адбылося ў пачатку дзевяностых?
– Ну, распад вялікай дзяржавы... Крушэньне ідэалаў... Запаўненьне нішаў... Камэрцыялізацыя культуры...
– Можна сустрэчнае пытаньне: а колькі вам было тады, калі гэта ўсё крушылася й... камэрцыялізавалася?
– Ну, пяць. Шэсьць.
– Дзякуй. Я проста так спытаў. Ведаеце, пра тэатр я нічога не скажу, дрэнна абазнаны. Гэта вам трэба пагаварыць з кім-небудзь пасалідней. А што да распаду вялікай дзяржавы... Адно магу сказаць дакладна: марозіва стала значна горшым.
– Што?
– Марозіва. Вы таксама можаце гэта ўспомніць, калі напружыцеся. У савецкі час марозіва было – пальчыкі абліжаш. Возьмем, напрыклад, плямбір. Гэта ж быў плямбір! Малако вышэйшай якасьці, вяршкі, усё натуральнае, тлустасьць такая, як у вёсцы. І ніякіх дабавак ня трэба было. Ясі й пачуваешся на вяршыні асалоды. Райская была рэч, што ў стаканчыках, што на палачцы, што ў брыкетах. Бацькі, праўда, яшчэ любілі з варэньнем яго. Занадта салодкае, праўда, але ўвечары, пасьля школы, ля тэлевізару... Песьня, а не марозіва. Простае, белае...
– Назар Оскаравіч, я зразумела. Але мы дамаўляліся на больш сур’ёзную размову...
– Не перапыняйце мяне, калі ласка. Я ж не перабіваў, калі вы задавалі гэтыя свае ідыёцкія пытаньні наконт імені-прозьвішча. Дык вось. Цяпер простага белага марозіва днём з вагнём не адшукаеш. Няма. Хіба што “Сямейнае”. Нядрэнны, дарэчы, прадукт. Хаця таксама – бледная копія. А ўсё астатняе – прабачце, лайно. Хімія паўсюль. Араматызатары, кансэрванты. І галоўнае – усе гэтыя дабаўкі. Малінавае, абрыкосавае... Яны бы спачатку ўспомнілі, як глазур рабіць шакалядную, а то толькі адзін “Каштан” і можна есьці. Не, не спрачаюся – гэтае “Асьвяжальнае” было й тады. Фруктовы лёд, мягка кажучы. Але я кажу пра марозіва, пра малочны прадукт зь вялікай літары. Такі, якім на штаны крапнеш – не адмыеш. А вы кажаце – “Нэстле”...
– Назар Оскаравіч, давайце пагаворым пра ваш тэатр. Ён існуе ўжо...
– Некалькі тысячагодзьдзяў.
– Разумею ваш гумар. Але вось вы яшчэ не паставілі ніводнага спэктаклю за паўгады... Якой будзе прэм’ера?
– Як гэта не паставілі? У нас штотыдня ідуць спэктаклі. Камэдыі, трагедыі... Драмы. Кожны раз – аншляг. Вось і на гэты... Што там у нас... Раённая ячэйка... Ніводнага квітка. А контрамаркі мы не даем, не-не-не... Ня трэба так на мяне глядзець. Я кірую тэатрам, а не дзяржавай. Умяшчальнасьць залі малая. Квіткі раскупленыя на год наперад.
– Назар Оскаравіч, у мяне іншая інфармацыя...
– На тое вы і журналістка. Дарэчы, ведаеце, кім я працавала да таго, як стаць рэжысэрам? Езьдзіла па горадзе на вялікай бел-чырвона-белай машыне зь мігалкай. Толькі дзеля ўсяго сьвятога, не ўспрымайце гэта як мэтафару!..
111.
Усё-ткі Майк быў геніяльным хлопчыкам... Гэта менавіта ён неяк у адзін з самых няўдалых вечароў прыдумаў рэцэпт цудадзейнага кактэйлю: палова флякону панацэну, шклянка гарэлкі, тры ампулы дэлірыюму, два пакеціка сухога вітаміннага напою “Вітафрукт” і дзьве лыжкі панацэн-гелю, узьбітых міксэрам. Праўда, Мастаку больш падабаўся малінавы “Вітафрукт”, а Майку – вішнёвы, ды Майк ахвотна пагадзіўся саступіць. Натуральна, лягчэй было прыгатаваць адразу вялізны пяцілітровік кактэйлю (яны вырашылі назваць яго “Lucky”), які застанецца толькі ўзбоўтваць перад ужываньнем, чым рабіць кожны раз новыя порцыі.
Няўдалыя вечары, між тым, працягваліся. У пузатым слоіку з-пад пітной вады было яшчэ на некалькі такіх спробаў – далей цямрэча, роспачная невядомасьць, тупік. Да сьвята заставалася ўсяго нічога, і ўсё часьцей мабільны Мастака зморана пілікаў, абарочваючыся заклапочаным голасам то Байрама Ўралавіча, то адной зь пінжачных цётак. Яны пачыналі здалёк, цікавіліся, ці ня трэба дапамога, прапаноўвалі нават новы аванс, перадавалі прывітаньне вучню, і толькі потым, давёўшы Мастака да поўнае зьнямогі (нялёгкая гэта справа – удаваць бадзёрасьць, Мастак шчыра спачуваў свайму тварэньню, якое мусіла захаваць яе назаўсёды), пыталіся як бы між іншым: “Як там замова?”. “О-о-о”, – амэрыканіў Мастак, адганяючы ад сябэ гарэзьлівага Майка, нібы тэлефонную муху. “Усё о’кэй. Засталася толькі касмэтычная праца. Пасьлязаўтра, самае позьняе – у суботу...”. На тым канцы дроту з сумненьнем ківалі галавой і паўтаралі, амаль укленчваючы: “Вы ўжо пастарайцеся...”.
Яны не кахаліся ўжо некалькі тыдняў, дый Майкавы штохвілінныя пешчаньні сталі даволі павярхоўнымі ды вялымі. Мастак і ня здольны быў думаць ні пра што, апрача працы; раніцай, тупа пазіраючы сабе між ног, ён з абыякавасьцю думаў: ну вось, не фунцыклюе, не фунцыклюе... Яны засыналі непрыкметна: чароўная сумесь “Lucky” патрабавала ўзамен узьнёсласьці й дзікунскага натхненьня поўную начную адключку. Цяпер яны жахліва пацелі: спалі па звычцы ў абдымку, і калі надыходзіў час прачынацца, то падушкі й прасьціны можна было выкручваць. Хутка зьявіліся й наступствы: напрыклад, непрыемны пах, які йшоў ад абодвух, і кожны з далікатнасьці не казаў нічога другому. Ураньні станавілася ўсё халадней, і на досьвітку яны, не расплюшчваючы вачэй, нагамі спрабавалі намацаць сагнаную ўначы зь неабсяжнага ложку коўдру – і не маглі, і засыналі, рызыкуючы прастудзіцца.
Якім жа было зьдзіўленьне Мастака, калі аднойчы ў гэты замерзла-аранжавы час ён адчуў, нібы праз вату, як Майк падымаецца з ложку, мякка здымаючы са свайго жывата ягоную руку, і ляпае босымі пяткамі па падлозе – цішэй, цішэй, і яшчэ цішэй. Зьдзіўляўся Мастак нядоўга – неўзабаве сон самкнуўся над ім, і бурая яміна, зь якой ён ліхаманкава намагаўся выбрацца, зноў пачала напаўняцца сьлізкім гадамі, падобнымі на ажылыя рычагі паветранага апарату...
Увесь дрыжучы, Майк нацягнуў халат і потым, не без праблемаў, тапачкі, рукі не хацелі слухацца, і ад ложку ішло цёплае сьвячэньне. Пакой у павуціньні неразмарожанага сонца, здавалася, ляціць кудысьці: гэтае пачуцьцё ўзмацняў роўны гул, быццам ад схаванага магутнага рухавіка. Майк пазмагаўся трохі з жаданьнем зрабіць не па-брацку глыток кактэйлю, перамог сябе, выпіў вады, запаліў, потым усё ж вырашыў не супраціўляцца спакусе – і раптам уцяміў, што гул ідзе з майстэрні. Ён зьняў тапачкі й падкраўся да дзьвярэй.
Надзіманы чалавек быў не самотны. Засланяючы вакно, у майстэрні сядзеў другі гумовы гігант, галава якога зьвісала на бок – ён навогул быў добра пабіты жыцьцём, на друзлай скуры дзе-нідзе стаялі агромністыя заплаты, на назе было напісана нешта непрыстойнае, барада, зробленая, відаць, з цэлай тоны дроту, паблісквала цьмяна й сумна. На каленях у іхняга з Мастаком твора сядзела такая ж маркотная жанчына й гладзіла твор па пупырчатай шчацэ.
– Ты мусіш гэта зрабіць, – урачыста й змрочна прамовіў барадаты. – Бо інакш ты парушаеш запавет. Адмаўляючыся выканаць вялікую місыю, ты дэманструеш пагарду да подзьвігу продкаў.
– Але я не хачу...
Надзіманыя размаўлялі ціха, наколькі могуць ціха гаварыць людзі такіх памераў. Кожны меў прыемны голас і бездакорную дыкцыю. Жанчына ўзяла руку іхняга твора ў сваю й з тугою сьціснула ў зялёных далонях.
– Гэта неістотна. Ты надта шмат правёў сярод іх, і ў сэрца тваё пранікла гардыня. Ты мусіш...
– Мусіш... – рэхам адгукнулася жанчына.
– Яны не пабачаць майго ўвазьнясеньня... – не падымаючы вачэй, прашаптаў твор і горка ўздыхнуў. За ім заўздыхалі і астатнія надзіманыя. Яны ўздыхалі так прыгожа, што Майк забыў пра асьцярожнасьць і прыадчыніў трохі дзьверы – ніхто, зрэшты, не павярнуў гумовай галавы.
– Уваскрашэньне – справа тэхнікі, – пераконваў барадаты, не павышаючы голасу. – Яны ўсё адно не паверылі б, ды ім і няма патрэбы верыць. Хіба мы не прафэсіяналы...
– Хіба мы не прафэсіяналы?... – грудным голасам паўтарыла жанчына й зноў пагладзіла твор па шчацэ.
– Часу засталося мала. Чым хутчэй ты ачысьцішся ад свай гардыні, тым з большай радасьцю перажывеш увазьнясеньне, – працягваў барадаты. – Тым менш балюча табе будзе пры пераўтварэньні...
– Рахі кандода, – тут жа ўставіла пасьпешліва жанчына і ўсе трое паўтарылі хорам гэтыя мілагучныя словы. Майк намацаў коўдру вялікім пальцам нагі й пацягнуў на сябе – свойскі бяскрыўдны вецер, выкліканы гэтым спрытным рухам, прымусіў Мастака спалохана заварочацца і ўхапіцца пазногцямі за плячо сябра.
112.
Сам Сакратар стараўся не дакранацца да гэтага букету гвазьдзікоў – кветкі прайшлі за год праз такую колькасьць рук, былі настолькі зашмальцаваныя, што выклікалі агіду. Трэба нарэшце даць даручэньне Анюце змайстраваць новыя, думаў ён лянотна, назіраючы, як чарговы навучэнец пэтэвэ, намагаючыся, як вучылі, прадэманстраваць на сваім твары траурную пашану, крочыць да дошкі. Ну і дэбіл! Шчокі пунсовыя ад сарамлівасьці, рукі трасуцца, адна штаніна вылезла з бота, сьпіна крывая, на вуху тоўсты фурункул – няўжо яму дваццаць гадоў. Сакратар заахвочвальна ўсьміхнуўся ў залю й потым даслаў змрочны канфідэнцыяльны позірк Анюце: дарагуша, гэта безнадзейна. Абодва вэтэраны, яшчэ не аддыхаўшыся пасьля адоленага толькі што шляху, камечылі ў руках уручаны ім нумар семдзесятвасьмёркі: спэцвыпуск, прысьвечаны моладзі.
– Павел, – махнуў рукой Сакратар, і пэтэвэшнік уцягнуў галаву ў плечы. – Павел, ну колькі можна. Па-першае: гэта мэмарыяльная дошка, а ты да яе падыходзіш як да школьнай. Другагоднік... Ня бойся. Ты ідзеш аддаваць даніну павагі, а не даўгі пацанам. Па-другое. Букет. Як ты трымаеш букет? Як венік. Трымай яго ля сэрца, беражна, кончыкамі пальцаў, але моцна. Ты што, дзяўчынам ніколі не дарыў кветкі? Хаця вядома ж, не дарыў, хто на такога... Ля сэрца трымай, боўдзіла! Дзе ў цябе сэрца?
Пэтэвэшнік мітусьліва паляпаў сябе па кішэнях. Сакратар зморшчыўся й змахнуў Паўла зь пятачка пад экранам: “Наступны!”.
Наступнай была квітучая сьветлавалосая дзяўчынка, і ад вэтэранаў адразу ж запахла чымсьці замілавальным. Рабіла яна нібыта ўсё правільна, аднак занадта хутка – амаль бегма. “Ускладаньне кветак ня церпіць сьпешкі”, – цярпліва сказаў Сакратар, у соты раз падняўся й правёў майстар-клясу: адным рухам броваў пагрузіў сябе ў глыбокі, але горды і аптымістычны смутак, запаліў у вачох сьветлую гераічную памяць і элегантнай хадою, нібыта пазначаючы кожны свой крок стылізаванай пад вайсковы кант каймою, падыйшоў да дошкі – кавалка граніту з высечаным на ім пераможным, але няпэўным профілем, і як пад фотааб’ектывамі, павольна апусьціў гвазьдзікі на прызначанае месца – пастаяў роўна дзьве сэкунды, схіліўшы галаву, і, выпрастаўшыся, рашуча вярнуўся на месца.
– Вось так, – Сакратар выцер рукі беласьнежнай сурвэткай і зноў абаяльна ўсьміхнуўся: Анюта пачырванела ад задавальненьня. – Нічога цяжкага. Добра, зладзім перапынак. Толькі паліць ніхто ня пойдзе, а то зноў сапсуеце імідж арганізацыі... Сёньня ў нас у гасьцёх вэтэран вайны...
Ён не заглядваючы ў паперы назваў імя госьця й той, пакрэкваючы, хацеў падняцца, але сакратар адным поціскам усадзіў жвавага вэтэрана на месца:
– Сядзіце, сядзіце. Сёньня наш шаноўны госьць распавядзе нам адну з тых гісторыяў уласнага жыцьця, якія, уласна, і складаюць сусьветную гісторыю. Зрэшты, што доўга казаць – вам слова. І не забудзьце (Сакратар строга зірнуў на моладзь, якая смурна разглядвала пазногці) – пасьля выступу шаноўнага вэтэрана мы працягнем практыкаваньні... Павел, чуў? Паша! Боўдзіла. Слухай, пакуль людзі яшчэ жывыя, пару-тройку гадоў, і няма каму будзе распавесьці! Прабачце, Антон Антоныч.
113.
Вэтэран цяжка палез падымацца, але Сакратар звычна апусьціў яго на месца й сьціпла адсунуўся ўбок, бы запісваючы сябе ў радавыя слухачы. Госьць раскрыў гідлівыя вусны й, пасьля паўзы й нядоўгага ўступнага кашлю, загаварыў нечакана дабрадушным голасам. Ён распавёў пра сябе, потым прамовіў некалькі наезджаных дзякуй кіраўніцтву, няўхільна вытрымліваючы ранжыр, сербануў вадзічкі й пачаў гісторыю.
– Я не зусім пра вайну... – аблізаў вэтэран зубы. – Я сёньня лепш пра тое, як мы банды зь лясоў выкурвалі ў канцы саракавых... Шмат яшчэ недабіткаў засталося, па лясох яны хаваліся. Было гэта на Жабаўшчыне. Там край глухі, нават немцы там глыбока ў гушчар ня лазілі, усё больш у райцэнтры адседжваліся. Вось у гэтым гушчары бандзюгі нашы, тыпу бандэраўцаў, і акапаліся. Я там у тую вясну з ротай салдатаў быў, і ледзь жыцьця не пазбавіўся...
Здарылася так, што ехалі мы на звычайным такім сялянскім возе з Сучкоў у Рачкі. Да Рачкоў вярсты тры, але празь лес трэба ехаць: там палі такія, потым лес, частка знакамітага Чорнага лесу, потым зноў – палі, палі... Ехалі мы ўдвух: я і вясковец адзін, ён пры нашай роце быў, дапамагаў чым мог, я ў ягонай хаце жыў. Едзем мы, дарога гразкая, ледзь на паваротах, дзе паніжэй, прабіраемся. Кабылка ў гразі грузьне, не паверыце. І тут выходзяць – а мы якраз на сярэдзіне лясной дарогі – зь лесу трое выходзяць, падазронага такога выгляду. “Давязі, – кажуць, – да Рачкоў”. Мужык, які мяне вёз, Браніслаў, і кажа: “Не паложана. Хто вас ведае, а я начальніка вязу, трасца на вас, не відаць, ці што?”. Тыя на яго, гляджу, вызьверыліся, воз спыняюць, я спакойна так кабуру расшпільваю – мужычкі гэтыя памацюгаліся, але назад пасунуліся, у лес. Я яшчэ дакумэнты ў іх хацеў праверыць – не пасьпеў.