Дзея трэцяя

XII

З успамінаў Скарыны

Валакаламскі манастыр. Манаская келля нечым падобная да Скарынавай вязніцы. Адрозніваецца ад яе хіба тым, што чэсаныя палаці прыкрытыя мешкавінаю, а на покуці вісіць абраз. Перад ім пры святле свечкі моліцца Максім Грэк, адбіваючы нізкія паклоны. Колькі яму год — не скажаш, твар пад густой барадою. Ціха ўваходзіць Скарына ў манаскім адзенні.


Максім Грэк (адчуўшы, што нехта стаіць за плячыма, не паварочваючыся). Хто ўзяў грэх на душу, перашкодзіўшы малітве?..

Скарына. Я, Максім… Я…

Максім Грэк (уздрыгнуўшы ад незнаёмага голасу, але не паварочваючыся). Калі ты не прывід, то хто, грэшны?!.

Скарына (амаль шэптам). Францыск, сын Скарынін, са слаўнага горада Полацка, у навуках вызваленых і лекарстве доктар…

Максім Грэк таропка, але цяжка паднімаецца з каленяў, Скарына спрабуе дапамагчы яму.

Максім Грэк (уважліва разглядае Скарыну, не пазнае, вагаецца). Гэтага не можа быць!..

Скарына. Як жа не можа, калі вось ён — я. А не верыш, патрымай за бараду.

Максім Грэк бярэ Скарыну за бараду. Яна застаецца ў яго руцэ. Дакранаецца да вусоў.

А вусы маé. (Смяецца, адкідае манаскі капюшон — пад ім доктарскі берэт.)

Максім Грэк (у жаху). Ты загубіў сябе, Францыск! (Хрысціцца.)

Скарына. Што-што, а да самагубства мне яшчэ далёка.

Максім Грэк. Да мяне яшчэ ніхто не заходзіў незаўважаным…

Скарына. У нас кажуць: чорт не выдасць, свіння не з’есць. Даруй за чорта ў святым месцы.

Максім Грэк. Якраз ад свінні і не ўратуешся!

Скарына. Не бойся, Максіме, мае сябры купілі свінню з усімі вантробамі. Будзе маўчаць і толькі рохкаць.

Максім Грэк. А яны адсюль далёка?..

Скарына. Лічы, за дзвярыма.

Максім Грэк (абдымае Скарыну). Францыск!!!

Скарына. Максім!!!

Разглядаюць адзін аднаго.

Максім Грэк. Колькі год! Колькі ж год?!. Скарына. З 1512-га. Сустрэча ў Венецыі. Друкарня слаўнага кніжніка, настаўніка нашага Альда Мануцыя…

Максім Грэк (цытуе па памяці). «Падуя. Універсітэт. Вышэйшая калегія. Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў… для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі».

Скарына. Што было, тое было. Лічы, мінула з тых шчаслівых часоў 18 гадоў без малога. Бяжыць час…

Максім Грэк. Не табе, Францыск, скардзіцца на час. Колькі зрабіў! У 22 гады — доктар, у 27 — перакладчык і друкар Бібліі!.. Я мог бы не менш… (Як стогн.) Францыск, я мог бы не менш! (Утыкаецца тварам у грудзі Скарыне, плечы яго ўздрыгваюць.)

Скарына (падводзіць сябра да палацяў і сам садзіцца). Як ты апынуўся ў Маскве?! Хто кінуў цябе ў гэтую цямніцу?

Максім Грэк. Было каму, а падставы знайшліся.

Скарына. Хоць колькі слоў, Максім! Я так мала пра цябе ведаю. А чуткі такія супярэчлівыя… Колькі разоў меў памкненні знайсці цябе, ды бясконцыя войны Масквы з Вялікім княствам перашкаджалі. Толькі цяпер з перамірнымі гарантыямі ды падарожным лістом канцлера Гаштольда рызыкнуў па дарозе ў Маскву збочыць да Валакаламскага манастыра.

Максім Грэк. А мая рызыка ўсяго майго лёсу каштавала. Тут так і кажуць: загінуў Максім — і Бог з ім… У хуткім часе пасля нашага развітання ў Венецыі звярнуўся ў Ватапедскі манастыр на Афон-гары вялікі князь маскоўскі Васілій Іванавіч з просьбаю прыслаць у Маскву часова старца Саву, перакладчыка. З прычыны старасці Савы брація рашыла адправіць мяне як знаўцу многіх моў, а таксама царкоўнай і філасофскай літаратуры. К таму часу я сапраўды быў на «ты» з багаццямі Ватапедскай бібліятэкі. А падарожжа ў такую загадкавую краіну, як Русь, вабіла незвычайна. У Маскве я быў прыняты вялікім князем і мітрапалітам з гонарам. Першай працай маёй быў пераклад Псалтыры, які заслужыў урачыстага адабрэння духоўнікаў і «сугубую мзду» князеву. Але дамоў па сканчэнні нягледзячы на мае настойлівыя просьбы адпусцілі толькі маіх спадарожнікаў з Афона. Я ж працягваў працу над перакладамі, зрабіў вопіс кніг надзвычай багатай велікакняскай бібліятэкі, выпраўляў, па даручэнні князя, богаслужэбныя кнігі — Трыодзь, Часасловец, святочную Мінею, Апостал. Прыгледзеўся тым часам да велікакняскага двара, асоб духоўных і маскоўскага быту і ўбачыў бязладдзе, што супярэчыла хрысціянскаму ідэалу. Не па маёй аскетычнай душы былі грубае распуства, ліхаімства, глыбокае невуцтва, забабоны… З Васіянам Касым і Берсенем Беклемішавым выкрывалі ўсё гэта бязлітасна і наклікалі гнеў мітрапаліта Данііла. Прыязныя ж сувязі з турэцкім паслом Скіндзерам, які, відаць, быў ворагам Русі і хрысціянства, а таксама маё рэзкае неадабрэнне намеру вялікага князя парваць шлюб з жонкаю, канчаткова вырашылі мой лёс. У красавіку 1525 года, калі доктар Скарына ў Вільні ўзводзіў першы верставы слуп культуры і асветы свайго народа, друкуючы Апостала — першую кнігу на сваёй зямлі, — у Маскве ў красавіку — травені таго ж года Сабор судзіць Максіма Грэка.

Скарына. Пра гэта да нас даходзілі чуткі.

Максім Грэк. Вінаватасць мая выводзілася з кніжных выпраўленняў, маёй выкрывальніцкай літаратурнай дзейнасці, маіх кананічных і дагматычных меркаванняў. Думкі ж мае адносна заганнасці славянскіх перакладаў богаслужэбных кніг былі прызнаны «елінскай герассю». I вось я шосты год ужо ў цямніцы Валакаламскага манастыра «обращения ради и покояния и исправления» са строгай забаронай «сочинять и с кем-либо переписываться». Толькі таму ты і не атрымаў ад мяне горкай весткі, хоць я і ведаў, што ты ў Вільні.

Скарына. I ты змірыўся?! Прыняў свой лёс?!. Трэба ж змагацца! Скардзіцца! Біцца! Пісаць! Пратэставаць! Даваць здачы, не падстаўляць другую шчаку, калі цябе спляжылі па адной…

Максім Грэк. Цёмныя абрысы майго часу, Францыск. Свет жа маёй ісціны для вачэй, зацемненых невуцтвам, аказаўся вельмі рэзкім.

Скарына. Ты і сам аслеп ад цемры. Хіба не бачыш, што мяняюцца часы. Цемра не вытрымлівае промняў адраджэння чалавечнасці, культуры, асветы!

Максім Грэк. Вытрымлівае, і яшчэ як вытрымлівае… Усе скаргі мае і пратэсты трапляюць да мітрапаліта, а той адпісвае, што «узы твоя целуемъ, яко единого отъ святыхъ, пособити же тебе не можемъ». Згубіў надзею на выратаванне і сустрэчу з Радзімаю. Пацвердзіліся словы, што на Маскве гінуць за адзіную літару «аз». I мяне адсюль не выпусцяць хоць бы з тае прычыны, каб не раскрыў я перад праваслаўным светам невуцтва і забабоннасць цемнаты і маскоўскага духавенства і велікакняскага двара. А за цябе я рад, што працівішся пакуль злу.

Скарына. Пры ўсім пры гэтым я не здраджваю свайму дэвізу: рабі іншым так, як ты хацеў, каб іншыя рабілі табе.

Максім Грэк. Рабі, дружа, як хочаш і як ведаеш, толькі не папракай Максіма Грэка. Чысціня намераў маіх не заплямлена. А тое, што аднялі волю… (Надоўга замаўкае.)

Скарына. Хіба мне папракаць цябе…

Максім Грэк. І не шкадуй. Раскажы лепш, што задумаў, з чым едзеш у гэты непрадказальны край.

Скарына. Дрэнь справы друкарскія ў родным краі, дружа Максіме. Кнігі мае пражскія нядобразычліўцы адносяць да лютэранскіх. Пераклады Святога Пісання на родную мову лічаць ерэтычнымі. А нядаўнія папскія эдыкты і наогул забараняюць друкаваць на якой бы то ні было мове, акрамя лаціны. Каралева Бона бачыць наша Вялікае княства паланізаваным і акаталічаным — якая тут ужо свая мова? Кароль Жыгімонт, праўда, глядзіць на рэчы больш цвяроза і ў такі поспех каралевы не верыць, хоць канцлера свайго Гаштольда ўсяляк стрымлівае ад друкавання кніг у княстве на роднай людзям мове. Сын караля, епіскап Вільні Ян, у якога я служу пісарам і лекарам, толькі і хацеў бы, каб я нічым іншым не займаўся. А я хачу рабіць кнігі! Я ведаю іх вартасць для людзей!

Максім Грэк. І з гэтым ты едзеш у Маскву…

Скарына. З гэтым, Максім! З гэтым… Стагоддзямі ліецца кроў на межах народаў-суседзяў. Асвета, духоўнасць, узвышэнне, роўнасць перад адзіным Богам — толькі яны могуць спыніць братазабойствы, з’яднаць народы супраць татарскай, турэцкай, нямецкай навалы, ад якой могуць загінуць і тыя і другія. Канцлер Гаштольд шукае саюзнікаў на захадзе. Кароль Жыгімонт імкнецца прыбраць да рук Белую Русь. Малая Русь яднаецца супраць Русі Вялікай.

Максім Грэк. Алелькавічы і паслалі цябе да маскавіцян?..

Скарына. Некалі яны фундазалі мае пражскія выданні. Сёння я бедны і голы, як царкоўная мыш. I ўсе мае спадзевы на Алелькавічаў.

Максім Грэк. Мне падабаецца ваша прымаўка: на спадзевах яешню не спражыш.

Скарына. Ёсць і яшчэ адна магчымасць. Князі Шамячыч і Старадубскі павінны былі майму другу і фундатару купцу Багдану Онкаву 900 коп шырокіх грошаў.

Максім Грэк. Ці не той самы Шамячыч, якога не так даўно загубіў вялікі князь з дапамогай мітрапаліта Данііла?..

Скарына. Той самы. I доўг яго Онкаву перайшоў на самога вялікага князя.

Максім Грэк. I ты задумаў спагнаць гэты доўг.

Скарына. Менавіта так. I кароль Жыгімонт на нашым баку.

Максім Грэк. Пара б табе, доктар, калі не памудрэць, то хоць бы пасталець.

Скарына. У крайнім выпадку мы пагодзімся дараваць доўг вялікаму князю, калі ён пагодзіцца на адкрыццё ў Маскве друкарні, у якой бы я мог рабіць кнігі як на патрэбу княскага двара і рускай праваслаўнай царквы, так і на вываз у свой беларускі край.

Максім Грэк. З паршывай авечкі хоць воўны касмыль.

Скарына. Хоць бы сабе і так…

Максім Грэк. Шчаслівы той, хто веруе. Толькі вера — гэта адно, а веда — другое. I раней, чым на Маскву ехаць, тое-сёе трэба было б пра яе норавы ведаць. А норавы тут трохі іншыя, чым, скажам, у Венецыі ці Празе, у Кракаве ці Вільні. З гэтае прычыны мушу засцерагчы, бо само асяроддзе Маскоўшчыны, якая ледзь паспела вылузацца з татарскага ярма, рызыкоўнае і небяспечнае для чужынца, асабліва калі ён яшчэ чалавек у нечым дасведчаны. Край гэты пакуль пазбаўлены ўсякае асветы і асяродкаў яе. Тутэйшыя духоўнікі і дзяржаўцы перакананы, што асвета тут не толькі непатрэбная, але можа і пашкодзіць. Дзяржава бытуе пакуль па-за еўрапейскім духоўным светам. У кожнай галіне свайго бытавання пануюць звычкі, перанятыя ад татарскага складу і ладу жыцця. Тут яшчэ ніколі не пахла і сёння не пахне талеранцыяй, верацярпімасцю. Тут нязменна пакуль пануюць дагматызм і нязноснасць. Ні ідэя крытыкі, ні ідэя талеранцыі, ні ідэя духоўнага хрысціянства не даступны ні двару, ні духоўнікам, я ўжо не кажу пра іншых. Для аграмаднай большасці пасяленцаў дзяржавы ідэі гэтыя проста незразумелыя. Тут шукаюць «хулу», «герась» у кожнай дробязі. Ты проста не ўпішашся ў рамкі артадаксальнага маскоўскага дагматызму і жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя.

Скарына. Я быў бы рад, калі б ты памыляўся, Максім.

Максім Грэк. Не абяцаю ўцешыць — я многае тут пабачыў, а колькі яшчэ пабачу… Не так ужо даўно ў грубай жорсткасці тутэйшых звычаяў трагічна пераканаліся два заходнія лекары. Лекар Антон Немчын па загаду вялікага князя лячыў татарскага князя Каракучу. Лячэнне не ўдалося, хворы памёр. Тады вялікі князь загадаў лекара забіць. Татары-сваякі завялі Немчына пад маскварэцкі мост і там, як сведчыць летапісец, «зарезали ножом яко овцу». А пазней захварэў на ламоту ў нагах сын вялікага князя Іван. А ў Маскве быў гэтым часам лекар Лявон Жыдовін з Венецыі. Лячыць сына князь загадаў яму. Ды стан хворага горшаў, а хутка ён і памёр. Тады князь кінуў лекара ў цямніцу. Калі ж ад смерці князевага сына мінула 40 дзён, лекара Лявона завялі на плошчу Балванаўку і там адсеклі яму галаву.

Скарына. Ты мяркуеш, што і мне давядзецца лячыць некага з велікакняскай сям’і?..

Максім Грэк. А я не толькі пра лекараў, я табе і пра друкара скажу. Прыехаў неяк на Маскву вядомы любецкі друкар Барталамей Готан, каб друкарню наладзіць і кніжкі рабіць. За справу ўзяўся. А праз нейкія паўтара гады яго немаведама за што звінавацілі, абрабавалі і ўтапілі. Так што сам мяркуй…

Скарына. I ўсё ж я паеду да вялікага князя Васілія Іванавіча.

Максім Грэк. Вольнаму — воля, здаецца, так у вас гавораць.

Скарына. Так! Так, мой дружа Максіме! А за перасцярогу — дзякуй. Спадзяюся, што вялікі князь не пасмее затрымаць мяне хоць бы з тае прычыны, што за мною перамірныя гарантыі пра незачэпнасць купцоў Літвы ў Маскоўшчыне, а маскоўскіх у Літве.

Максім Грэк. Які ж ты купец?

Скарына. На гэты раз у першую чаргу купец. Друкаром адкрыюся толькі пасля таго, як добра прадам, як тавар пойдзе, як вялікі князь маімі кнігамі зацікавіцца.

Максім Грэк. Мітрапаліт Данііл імі першы зацікавіцца… Скажу шчыра, Францыск, баюся я за цябе. Вельмі баюся…

Скарына. Будзем спадзявацца. А пры добрым ладзе я за цябе перад князем пахадайнічаю. Не гніць жа такому разумнаму і слаўнаму чалавеку ў гэтай яме.

Максім Грэк. Ратуй цябе Божа, Францыск!

Ціхі стук у дзверы.

Скарына. Пара мне, Максім…

Абдымаюцца.

Максім Грэк. Ратуй цябе Божа…

Скарына выходзіць.

Сцэна зацямняецца.

XIII

Кракаў. Бона набліжаецца да Чалавека ў чорным.


Чалавек у чорным. Сёння не пытаюся, але сам паведамляю навіну радасную: пасля няўдач у Кёнігсбергу доктар Скарына прыбыў да маскавіцян з намерам стварыць на Маскве друкарню. На шчасце, вялікі князь папярэдне пазнаёміўся з кнігамі ерэтыка і загадаў спаліць іх на кастры. Сам жа доктар уратаваўся ўцёкамі.

Бона. Санта Мадонна! (Хрысціцца.)

Чалавек у чорным. Будучы самі невукамі, духоўнікі-схізматыкі імкнуцца ўсімі сродкамі перашкодзіць распаўсюджанню асветы, баючыся, што выявіцца іх уласнае невуцтва і несумленнасць. З гэтай прычыны яны пераконваюць сваіх князёў, што ўсялякі поспех у адукацыі можа выклікаць пераварот у дзяржаве і, такім чынам, павінен быць небяспечным для іх улады.

Бона. Выходзіць, і нам ёсць чаму павучыцца ў маскавітаў?

Чалавек у чорным. У гэтым выпадку яны маюць рацыю, таму што чалавеку разумнаму і ўзвышанаму ведамі і свабодным выхаваннем цяжка пераносіць тыранічны лад…

Бона. Няўжо вы і там, у Маскве, дасталі беднага Скарыну?

Чалавек у чорным. Што не, то не. Ён сам сябе ледзьве не ўзвёў на касцёр. Не ўлічыў небарака і падараваў вялікаму князю Апостала з пасляслоўем: «…при держаніи наіласкавшего господаря Жикгымонта Казімировича, короля полского, и великого князя литовъского, и рускаго, и жомоитьскаго и иных во славном месте Виленском. Выложена и вытиснена працею и великою пилъностию доктора Франциска Скорины с Полоцка…» Хіба ж мог сцярпець вялікі князь маскоўскі «караля рускага», калі ён сам сябе лічыць і рускім, і жамойцкім.

Бона. Сапраўды, прамахнуўся доктар…

Чалавек у чорным. I нам пара браць яго за шчэлепы, пакуль ён не збег у Чэхію ці яшчэ куды.

Бона. З нашае ласкі на доктара даўно ёсць каралеўскі ўказ аб затрыманні яго як беглага даўжніка і бадзягу.

Чалавек у чорным. I ў каго ж ён пазычыў, каб збегчы?..

Бона. У варшаўскіх ліхвяроў-іудзеяў.

Чалавек у чорным. I кароль ведае?..

Бона. Дай Бог каралю ведаць тое, што яму трэба ведаць…

Сцэна зацямняецца.

XIV

Познань. Грымяць запоры. У вязніцу ўваходзяць біскуп Ян, Войт і Раман.


Ян. Хрыстос уваскрэс, доктар Скарына!

Скарына. Відаць, што ўваскрэс, раз вы тут, пан епіскап.

Ян. Не кашчунствуй, грэшны. Сёння Вялікдзень…

Скарына. Можа, і грэшны, толькі не вінаваты ні перад Богам, ні перад людзьмі. (Хрыстосуецца з Янам.)

Ян. Што здарылася, доктар?

Скарына. Пра гэта лепш запытацца ў войта слаўнага горада Познані. У яго, а можа, і не толькі ў яго руках тут суд і права.

Ян. Уціхамірся, доктар!

Скарына. Даруйце, пан епіскап, але мой гонар і мая годнасць — гэта адзінае, чым я магу абараніцца ад абразы і хцівасці.

Ян (да Войта). Што ўлады Познані маюць да слаўнага доктара Скарыны?

Войт (раскрывае паперы, чытае). «Жыгімонт, з ласкі Божай кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі і г. д., гаспадар і дзедзіч.

Усім і кожнаму з ваяводаў, кашталянаў, саноўнікаў і ўраднікаў, старостаў… гарадоў і мястэчак, бурмістрам, радцам, (з націскам) войтам і іншым нашым падданым, у якім бы стане, чыне і вартасці яны ні былі ў каралеўстве, панам вяльможным, пастаўленых намі, да якіх дойдзе гэта наша шчырая грамата, а таксама паважаным давераным — наша каралеўскае благаславенне! Шчыра паважаныя давераныя нашы, калі мы зусім нядаўна былі ў горадзе нашым Вільні, паскардзіліся нам Лазар, сын, і Майсей, зяць старога Майсея, іудзея нашага варшаўскага, што слаўны памёршы Іван Скарына, наш віленскі грамадзянін, застаўся вінен яму дзвесце шэсць коп грошаў, а таксама заявілі і давялі, што доктар Францыск, яго брат, узяў сабе ўсё дабро, якое засталося пасля смерці самога Івана. Загадваем гэтаму доктару Францыску заплаціць ім… дзвесце шэсць коп грошаў. А таму, што гэтыя самыя іудзеі Лазар і Майсей скардзіліся нядаўна ў нашай прысутнасці, што названы доктар Францыск уцёк з горада Вільні, пераязджае з аднаго месца ў другое, бадзяецца і зрабіць ім выплату названай сумы не хоча, загадваем вам, каб для гэтых варшаўскіх іудзеяў Лазара і Майсея ў адносінах да наконт раней названага доктара Францыска Скарыны, у якім бы месцы яны самі або іх павераныя або слугі не знайшлі яго, каб вы цераз іх адшукалі неабходнае і неадкладнае правасуддзе і скарысталі яго да Скарыны як да чалавека беглага і маёмаснага і каб не вызвалялі яго да таго часу, пакуль сапраўды не задаволіць іх, іудзеяў, на суму ў дзвесце шэсць коп грошаў. I, па нашай міласці, не рабіце па-іншаму. Дзеялася ў Кракаве, у панядзелак [5 лютага] у год Божы тысяча пяцьсот трыццаць другі… (Паказвае на пячатку.)

Да ўласнага ўказа Каралеўскай Вялікасці».

Ян (забірае ўказ, разглядае подпіс і пячатку). Вы верыце ўсяму гэтаму, сын мой?

Войт. Я веру каралю, святы айцец. (Схіляе галаву.)

Ян. Трэба яшчэ верыць і Богу, сын мой…

Войт (вінавата). Я не спяшаўся судзіць доктара, святы айцец, і нават збіраўся адпусціць яго, але ж…

Ян. Сын мой, вы да гэтага асабіста ведалі доктара Скарыну?

Войт. Я добра ведаў яго брата, купца Івана Скарыну. Справядлівы быў чалавек. Яго ўся Познань ведала.

Ян. А што вы скажаце пра старога Мойшу?

Войт. Тое ж, што і пра сына з зяцем… Ліхвяры… Што ж тут яшчэ скажаш? Толькі (прыкрывае дзверы, амаль шэптам), здаецца мне, святы айцец, і яны не самі па сабе ўз’еліся на падсуднага. I каралю веру, і грэх вялікі чую. Нутром чую, святы айцец. (Хрысціцца.)

Ян. Войт, ці не мог бы ты пакінуць нас?

Войт (пасля паўзы). Мог бы, толькі вельмі баюся, каб вартаўнік не данёс і на мяне, і на вас таму, хто заадно з Мойшам.

Ян. Я вазьму клятву з вартаўніка. Урэшце, епіскап я ці не епіскап?!.

Войт. Толькі ненадоўга, святы айцец, а то, не дай Божа, і мне будзе тое ж, а то і горай, чым доктару. Тут, у нас у Познані, усе павязаны. Адно слова — ліхвяры… павукі… (Выходзіць, прычыніўшы дзверы.)

Ян. Доктар Скарына, я паспрабую дапамагчы вам, толькі абяцайце, што застанецеся маім сакратаром і лекарам. Не мне вам казаць пра сваё здароўе.

Скарына. Хіба ж я калі парушаў клятву Гіпакрата?

Ян. I яшчэ… Пакляніцеся, што не будзеце больш друкаваць ерэтычных кніг на мове люду паспалітага.

Скарына. Ерэтычных пакуль не буду, а Статут Вялікага княства Літоўскага надрукую!

Ян. Загубіце вы сябе, доктар.

Скарына. Бадай што… Надрукаваць Статут — мой святы абавязак перад Айчынай, справа майго грамадзянскага сумлення. Калі ж здолею быць вашым сакратаром і лекарам — і надалей палічу за гонар.

Ян (нечакана). Подпісы на ўказах не каралеўскія, хоць пячаткі і сапраўдныя.

Скарына. Мне так і падумалася…

Ян (знянацку). Курва!

Скарына. Хто?

Ян. Бона Сфорца Арагонская… Еду ў Кракаў! Разам з Раманам еду! Вазьму яшчэ адзін грэх на душу…

Скарына. Вазьміце і не пашкадуеце… Святы Пётр залічыць вам яго як подзвіг. Я ж у сваю чаргу пастараюся сваім лекарскім майстэрствам як мага далей адцягнуць вашу сустрэчу са святым Пятром каля райскіх варот.

Ян (па-свецку падаючы руку на развітанне). Калі б у вас, шаноўны, так ныла печань, як у мяне, вы не жартавалі б.

Скарына. Пазайздросціў лысы пляшываму…

Ян (Раману). Пашапчыся з дзядзькам, а я войта папільную. (Выходзіць і вяртаецца.) Наконт дзяцей, Францыск, не турбуйся — пры мне яны. (Зачыняе за сабой дзверы.)

Скарына (Раману). Каб не сутана, цаны б не было пану Яну. (Абдымае пляменніка.) Ну што табе ўдалося? У каго быў? Каго бачыў?

Раман. Пакуль чакаў біскупа Яна, усё зрабіў, як вы ў пісьме пісалі: наняў паверанага; з ім жа наведаў суд, дзе перад радцамі, войтамі і лаўнікамі заявіў, што з’яўляюся прамым спадчыннікам свайго бацькі Івана Скарыны, а доктар Францыск Скарына нічога не вінен ліхвяру Мойшу і што я за гэта магу не толькі паручыцца, але і ўступіць у спрэчку з самім ліхвяром. Па маім патрабаванні суд выклікаў Мойшу старога, але ні ён сам, ні яго павераныя да ўстановы не з’явіліся. Тады я запатрабаваў ад суда прызнаць мяне паручыцелем і пасрэднікам свайго дзядзькі, а дзядзьку на падставе гэтага аб’явіць свабодным і з турмы вызваліць.

Скарына. Разумна.

Раман. Суддзі абяцалі абмеркаваць гэта і даць адказ, але так і не далі. Тады я заявіў, што гатовы даць задатак за дзядзьку, і патрабаваў прызначыць суд для ацэнкі задатку. Больш таго, я сказаў, што разам з ацэненым задаткам гатоў быць падуладным самім іудзеям аж да канчатковага вырашэння справы. А дзядзька, натуральна, павінен быць аб’яўлены вызваленым з турмы.

Скарына. Ты проста малайчына!

Раман. Суд рашыў, а іудзей на задатак спакусіўся і праз свайго ўпаўнаважанага Якаба Бжоску атрымаў яго. Атрымаў і папаўся. Наш павераны так і кажа: паколькі іудзей уступіў са мною ў судовую спрэчку і прыняў задатак ад мяне, а не ад доктара Скарыны, то сам доктар зрабіўся свабодным ад турмы.

Скарына. Цудоўна! Толькі чаму я ў такім выпадку тут?

Раман. Чаго не ведаю, таго не ведаю.

Скарына. У тым і справа, што мы не ведаем, дзе сабака закапаны… Будзеш з епіскапам у Кракаве — вуха трымай востра і ні пры якіх абставінах нідзе і нікому, акрамя караля, не прызнавайся, што ты мне сваяк. Гульня наша з каралевай не на жыццё, а на смерць.

Абдымаюцца на развітанне.

Сцэна зацямняецца.

XV

Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.


Чалавек у чорным. Хто ўчора быў у караля?

Бона. Гаштольд і біскуп Ян.

Чалавек у чорным. Паасобку ці разам?

Бона. Паасобку.

Чалавек у чорным. А мне падумалася…

Бона. Але з Янам быў яшчэ і нейкі юнак.

Чалавек у чорным. Юнак?

Бона. Так.

Чалавек у чорным. Значыцца, здарылася горшае… Пра што гаварыў кароль з Янам і з юнаком?

Бона. Ён прымаў іх у спальні.

Чалавек у чорным. Які гонар! Які этыкет!

Бона. Хворы кароль мог прыняць сына і ў спальні.

Чалавек у чорным. А нейкага невядомага нам юнака?.. Пра што гаварылі?!

Бона. У спальню караля адзін уваход. Там няма вокнаў — кароль ратуецца там ад чужога вока і бяссонніцы…

Чалавек у чорным. Бона Сфорца Арагонская не мае доступу да каралеўскай спальні?.. I пры гэтым выхваляецца, што магла б паслужыць і французскай каралевай.

Бона (аж ускіпае). Санта Мадонна! Гэта ўжо праз край! Вы не лічыцеся са мною, як з каралевай, але не забывайце, што я яшчэ і жанчына!

Чалавек у чорным (здзекліва). Жанчына, вам бы ведаць, што каралеўскі сынок Ян ратуе доктара Скарыну! Усе нашы старанні, даруйце, кату пад хвост! I цяпер яго вялікасць спытае вашу вялікасць за ўказы, падпісаныя ад яго імя…

Бона (перапалохана). Але да гэтага часу ніхто не мог адрозніць мой подпіс ад каралеўскага!..

Чалавек у чорным. Да гэтага часу…

Бона. Вы палохаеце мяне, майстар?!. Пры чым тут доктар Скарына? Епіскап Ян не так ужо рэдка пакідае Вільню і прыязджае ў Кракаў…

Чалавек у чорным. Кучар епіскапа сказаў, што яны прыехалі з Познані, дзе святы айцец наведаў бурмістра, суд і турму!

Бона. Санта Мадонна! Калі ў вас кучар ведае больш, чым каралева, наступны раз пытайцеся ў кучара і пра караля!

Чалавек у чорным. У біскупа свой кучар, у караля свой, а калі каралева не давярае свайму кучару, то няхай ходзіць пешкі. (Знікае.)

Бона доўга глядзіць услед Чалавеку ў чорным.

Сцэна зацямняецца.

XVI

Познань. Гарадскі суд — бурмістр Скаргардыян, Войт, радцы і лаўнікі. У пакоі епіскап Ян, павераны Скарыны Мацей Лонгій і пляменнік Францыска Скарыны Раман. Вартаўнік прыводзіць Скарыну. Ён усё ў тых жа лахманах.


Скаргардыян. Падыходзьце бліжэй, падсудны…

Скарына. Я не падсудны, хоць і закаваны, а таму пратэстую!..

Скаргардыян (Вартаўніку). Здыміце кайданы з падсуднага!

Скарына. Са зняволенага і невінаватага…

Вартаўнік здымае кайданы.

Скаргардыян. Якія будуць хадайніцтвы?..

Скарына. Вы, пан бурмістр, як абодвух праў і медыцыны доктар, відаць, разумееце, што ў сваёй доктарскай мантыі я адчуваў бы сябе перад вамі гэтак жа ўпэўнена, як і вы сябе перада мною. А таму прашу…

Скаргардыян (перапыняе). Будзем зыходзіць з таго, доктар, што яго святая Каралеўская Вялікасць патрабуе судзіць вас згодна з законамі, да складання якіх вы мелі непасрэднае дачыненне.

Скарына. Кароль памыляецца! Караля завялі ў зман! Караля маглі проста абысці!

Скаргардыян. Падсудны, пазбаўляю вас слова. А за абразу святой Каралеўскай Вялікасці вы адкажаце асобна.

Скарына. У такім разе за мяне скажа мой павераны магістр Мацей Лонгій. Што да абразы караля, то яе дапусціў той, хто злосна і беспадстаўна агаварыў яго падданага, які мае ўласны герб.

Скаргардыян. Падсудны, суд улічыць і вашу дзёрзкасць!

Скарына. Лепш бы суду ўлічыць маю невінаватасць…

Скаргардыян. Яшчэ раз папярэджваю, што суд можа разгледзець справу і без адказчыка… Ваша слова, магістр Лонгій.

Лонгій (пакланіўшыся суддзям). Мушу зазначыць, шаноўныя суддзі, што, не выклікаўшы істца і пазбавіўшыся ад даўжніка, суд пазбавіцца законнай падставы разглядаць справу, не кажучы пра справядлівасць рашэння. З гэтае прычыны і я і мой прынцыпал доктар Скарына настойваем на абавязковым выкліку ў суд варшаўскага іудзея Майсея.

Скаргардыян. Даводжу высокаму суду, што я, выконваючы свае абавязкі, даручыў служку Іаану Кракоўскаму яшчэ ў мінулую суботу выклікаць у суд вышэйназванага іудзея. Тады ж, у суботу, ён з’явіўся да мяне асабіста і спаслаўся на суботняе свята, у час якога яму не можна нічога рабіць або распачынаць. I папрасіў, каб тэрмін, вызначаны яму ў позве, быў прадоўжаны да панядзелка. Сёння зноў субота, і ён, на жаль, зноў не з’явіўся. А ўказ караля — гэта ўказ караля! I тым больш што ён дае суду ўсе падставы абвінаваціць беглага даўжніка і спагнаць з яго тое, што спагнаць належыць.

Лонгій. Маю гонар запярэчыць пану бурмістру і давесці суду, што каралеўскі ўказ якраз і не дае падстаў звінаваціць шаноўнага доктара Скарыну, бо суд павінен кіравацца законам і справядлівасцю, а не пажаданнямі, калі яны нават каралеўскія, у чым я і мой прынцыпал сумняваемся. А таму прашу занесці дзіўныя тлумачэнні пана бурмістра ў кнігу судовых актаў. Што да наўмыснага нез’яўлення іудзея ў суд, то ад імя свайго прынцыпала доктара Скарыны і сябе асабіста заяўляю вусна і ў паперах пратэст. (Перадае паперу бурмістру.)

Скаргардыян. Пратэст адхіляецца! На стале ў суддзяў указ святой Каралеўскай Вялікасці.

Скарына. Скажыце, калі ласка, як вы, доктар абодвух праў, паводзілі б сябе, калі б на стол суддзяў лёг указ святой Каралеўскай Вялікасці, скажам, у абарону таго ж доктара Скарыны?..

Скаргардыян. Апошні раз папярэджваю: не задавайце пытанняў суддзям, пакуль яны не пазбавілі вас магчымасці прысутнічаць пры разборы справы!.. Прадаўжайце, пан магістр.

Лонгій. Паважаны пан бурмістр, пан войт, паны лаўнікі і радцы! Я, Мацей Лонгій, — заступнік выдатнага мужа пана Францыска Скарыны, мастацтваў і медыцыны доктара, сакратара і лекара найяснейшага і найдастойнейшага пана і гаспадара епіскапа віленскага Яна, які прысутнічае тут і дапамагае ў справе супраць хлуслівага іудзея Майсея, заяўляю, што гэты хлуслівы іудзей разам з саўдзельнікам цяжбы лжывым расказам, зробленым перад святой Каралеўскай Вялікасцю, у якім ён ілжыва заявіў, што Скарына пасля смерці свайго роднага, вечная яму памяць, брата быў і ёсць вінен яму, Майсею, дзвесце шэсць коп і што з-за гэтага доўгу Скарына нібыта ўцёк з Вільні і блукае ўсюды, і падманам дамогся ўказа, які звычайна пашыраецца толькі на злачынцаў і яўных бадзяг або на абвінавачаных даўжнікоў, якія не могуць выплаціць доўг, што з’явілася найбольшай несправядлівасцю для майго прынцыпала. У сілу патрабаванняў гэтага ўказа ён, іудзей, дамогся заключэння доктара Скарыны, абвінавачанага як злачынца без усякага на тое грамадзянскага іску і раней, чым законным чынам зроблена гэта абвінавачанне, у гарадскую турму, а таксама спагнання вялікай пені з найвялікшай шкодай, цяжарам і стратамі як для самога доктара, так і для найяснейшага і найдастойнейшага пана і гаспадара епіскапа віленскага, у якога знаходзіўся на службе як прыбліжаны і слуга сам доктар.

Скаргардыян. Вы змарылі нас, магістр.

Скарына. Калі можна, пан бурмістр, я выпраўлю прамашку магістра?!.

Скаргардыян. Гэта нават цікава, калі, вядома, не доўга і без дзёрзкасці.

Скарына. Божа мяне барані! Я толькі скажу, што ўсе гэтыя несправядлівасці і заключэнне ў турму, спагнанні і страты для мяне асабіста з-за названага Майсея і з ім звязаных, я падкрэсліваю, і з ім звязаных людзей, я ацаніў на суму шэсць тысяч залатых венгерскіх фларынаў сапраўднай і належнай вагі. I паколькі хлуслівы іудзей, выкліканы па позве, у тэрмін беспадстаўна не з’явіўся і не з’яўляецца і не збіраецца з’яўляцца перад судом, я патрабую, каб судовая справа, на якой грунтуецца іск, была вырашана на маю карысць, а сам хлуслівы іудзей Майсей як прайграўшы быў асуджаны згодна з найбольш відавочнымі палажэннямі права… А калі больш канкрэтна, то Лазара, сына, і Майсея, зяця старога Майсея, як і яго самога, судзіць згодна з артыкулам першага Статута Вялікага княства Літоўскага, які дэкларуе: калі б хто агаворам-паклёпам абвінаваціў каго і абвінавачаны павінен быў бы падлягаць ганьбаванню ці смяротнай кары, ці канфіскацыі маёмасці, ці якому іншаму пакаранню, тады той, хто агаварыў іншага, але не прадставіў доказаў, сам павінен панесці такое пакаранне. Калі так здарыцца, буду надзвычай уцешаны, бо гэты артыкул для Статута сфармуляваў я сам і здолеў адстаяць перад каралём.

Скаргардыян. Вы ад сціпласці не памраце, шаноўны доктар.

Скарына. Так, калега. Пра гэта мне гаварыла сама найяснейшая каралева. Я калі і памру, то ў бойцы за свой гонар і годнасць. Аддаваць жыццё за нешта іншае проста не рацыянальна.

Скаргардыян. Мы так і зразумелі. Утаіўшы ад Майсея дзвесце шэсць коп, вы можаце купіць сто баявых коней, а высудзіўшы ў таго ж Майсея шэсць тысяч залатых фларынаў, прыдбаць яшчэ і тры тысячы валоў. Ці не на Маскву вайной сабраўся шаноўны пан доктар?

Скарына. На валах і конях я некалі павязу на Маскву свае кнігі.

Скаргардыян. Доктар, апусціцеся на зямлю. Ваша становішча такое ж безнадзейнае ў Познані, як і ў Маскве…

Скарына. Вы так думаеце?

Скаргардыян. Перада мною другі ўказ святой Каралеўскай Вялікасці, дастаўлены ў суд самім Майсеем. (Бярэ са стала паперу, зачытвае.) «Шаноўным бурмістру і радцам горада нашага Познані, дарагім давераным — наша каралеўскае благаславенне. Дарагія давераныя, расказаў нам, прыйшоўшы сюды, іудзей Майсей, зяць старога Майсея з Варшавы, што вы, атрымаўшы наша пасланне, прад’яўленае вам ім самім, зрабілі так, каб там, на месцы, быў затрыманы доктар Францыск з Вільні, так званы Скарына, на якога скардзяцца сам Майсей з Лазарам, сынам згаданага старога іудзея з Варшавы… Мы ўхваляем стараннасць вашу, якую вы праявілі пры выкананні нашага ўказа… Даручаем вам, каб вы здзейснілі належнае і неадкладнае правасуддзе да згаданага Францыска на падставе сумы ў дзвесце шэсць коп на карысць гэтым жа Майсею і Лазару і не вызвалялі датуль гэтага доктара Францыска, пакуль над ім там жа на месцы не завяршыцца правасуддзе, і інакш не рабіце па абавязку вашаму і па міласці нашай. Дадзены ў Кракаве [2 мая] у год Божы 1532-і».

Скарына. Я папярэджваў вас, шаноўны калега, Валянцін Скаргардыян… Давай, Раман!

Раман (разгортвае скрутак з падвешанай пячаткаю). Я прывёз ад святой Каралеўскай Вялікасці грамату… (Зачытвае разгубленым суддзям.) «Жыгімонт і г. д. Абвяшчаем і г. д. З’явіўшыся асабіста перад намі, прадбачлівы юнак у правамоцным узросце Раман Скарына, віленскі грамадзянін… зазначыў публічна перад намі, што… доктар Францыск ніякага дабра, якое засталося пасля смерці Івана Скарыны, яго бацькі, не атрымліваў, бо ён сам, Раман, атрымаў у спадчыну цалкам і па частках маёмасць таго ж Івана як праўдзівы і законны сын і спадчыннік, і некаторыя бацькавы даўгі, прызнаныя законнымі, ён ужо сплаціў, а яшчэ нясплочаныя гатоў сплаціць.

Мы [кароль] жадаем засведчыць гэта ўсім, каго датычыць, і загадваем гэтай граматай: каб вышэйназванага доктара Францыска Скарыну не выклікалі ні ў якія вашы судовыя інстанцыі і не судзілі за якія б ні было даўгі і маёмасць яго роднага брата… і каб пазбавілі яго ад нападаў і дамаганняў з боку ўсякіх крэдытораў якога б там ні былі абраду… I няхай не з’явяцца таму перашкодай якія б ні было лісты, любога зместу і даты, выдадзеныя нашай канцылярыяй супраць таго, каго мы вызваляем і аб’яўляем свабодным ад іх выплаты гэтай граматай. У пацвярджэнне чаго прыціснута наша пячаць. Дадзена ў Кракаве [21 лістапада] у год 1532-і праўлення нашага 26-ы».

Скаргардыян (крыху абурыўшыся). Што ж вы трымаеце пры сабе такія паперы. (Забірае ў Рамана ўказ, разглядае пячатку.) Выходзіць, вы свабодны, калега! (Загадвае Вартаўніку.) Мантыю доктару Скарыне.

Скарына. Свабодны я быў заўсёды. Абражаным жа аказаўся з ласкі мярзотнікаў. А таму прашу суд не проста вызваліць мяне з няволі, а згодна са звычаем і законам у судовым парадку прызнаць мяне невінаватым з самага пачатку. Тым больш што Раман прывёз каралеўскі ўказ і для вашай асабістай міласці. (Вымае з-за пазухі скрутак, разгортвае і зачытвае.) «Скарына быў несправядліва пасаджаны там у вас у турму і ў адносінах да яго раней не было знойдзена ніякага правасуддзя па яго праву… Мы даведаліся з данясення некаторых нашых дарадчыкаў, з тагачаснай пастановы вашага суда і з адкрытага сведчання, што… Францыск Скарына з’яўляецца вельмі паважаным і маёмасным чалавекам… Пры такім стане спраў загадваем вам гэтым указам неадкладна адпусціць згаданага Францыска Скарыну, які ў вас пасаджаны ў турму. Мы не хочам, каб нашы падданыя, перш за ўсё маёмасныя, па простым абвінавачванні кожнага так ганебна саджаліся ў турму». (Перадае ўказ Скаргардыяну.) Скажыце, калега, а калі б кароль прыслаў пяты ўказ адсекчы мне галаву…

Скаргардыян. Я служу каралю і выканаў бы яго волю. А што?

Ян. Добра было б, бурмістр, каб вы яшчэ служылі Богу, закону і людзям. (Хрысціць бурмістра, той цалуе яму руку.)

Усе суддзі выходзяць. Скарына абдымаецца з Раманам і Мацеем, потым з Янам. Вартаўнік прыносіць мантыю.

Вартаўнік. Выходзьце, панове, а мы з доктарам пераапранемся…

Усе выходзяць. Скарына скідае лахманы, надзявае мантыю.

Скарына. Ну, і як яна мне? (Паварочваецца перад Вартаўніком.)

Вартаўнік (у захапленні). У рыхт! У самы рыхт!.. (Заклапочана.) Толькі ў мяне адна закавыка. Не ведаю, ці й казаць… каб настрой не псаваць…

Скарына. Выкладвай — не мучайся.

Вартаўнік (вымае з кішэні пярсцёнак). Чмут адзін пярсцёначак во даў. Адкрый, кажа, вечка і тое, што там убачыш, падсып у ваду вязню Скарыне. Калі, маўляў, загнецца, пярсцёнак сабе пакінеш і зверху яшчэ грашыма атрымаеш. Адмовіцца не рашыўся — вельмі ўжо чмут прасіў…

Скарына (занепакоена). Хто яшчэ пра гэта ведае?

Вартаўнік. Я, ён, а цяпер яшчэ і вы… пан доктар.

Скарына. Збірайся ў дарогу, і ўсёй сям’ёй. Не жыць табе больш у Познані. Адпомсцяць!

Вартаўнік. Я і сам ужо хацеў з табой прасіцца. Што мне гэта Познань?..

Скарына абдымае Вартаўніка.

Скажу табе шчыра — былі ў мяне сябры што трэба, але каб такія, як ты…

Скарына (напаўжартам). Ну, гара з гарою не сыходзяцца, а палачаніну з палачанінам чаму ж не сысціся?..

Вартаўнік. Дык і я ж тое…

Выходзяць.

Сцэна зацямняецца.

XVII

Кракаў. Кароль Жыгімонт пры ўсіх каралеўскіх атрыбутах. Ён дыктуе свой чарговы ўказ адносна Скарыны.


Жыгімонт. «…Далучаючыся да шчырых просьбаў некаторых нашых дарадчыкаў і лічачы вартай даверу дабрачыннасць… і ўменне… Францыска Скарыны з Полацка, доктара мастацтваў і медыцыны, ды жадаючы дзеля гэтага адарыць яго асаблівай нашай ласкай, мы знайшлі патрэбным даць яму гэтыя льготы і прывілеі. Яму мы іх даём і пастанаўляем гэтай граматай наступнае.

Няхай ніхто, апрача нас саміх альбо спадчыннікаў нашых, як у Каралеўстве, так і ў Вялікім княстве Літоўскім… і ў іншых уладаннях нашых не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд.

Аказваючы доктару Францыску такую ласку, мы гэтым самым адказваем за яго поўную бяспеку і бяром яго пад нашу ахову і апеку з тым, каб з іх дапамогай ва ўсіх месцах нашага Каралеўства, раней згаданага Вялікага княства Літоўскага нашага, і ў іншых уладаннях нашых ён быў абаронены ад усякага насілля з боку розных асоб. I няхай ніхто не адважыцца затрымліваць альбо арыштоўваць яго самога ці яго маёмасць пад страхам цяжкай кары паводле нашага асуджэння.

I няхай прыгаданы доктар Францыск у тым горадзе і ў тым месцы, якія ён сабе выбера для жыхарства, будзе вызвалены і свабодны ад усякіх павіннасцей і гарадскіх службаў…

Аднак, каб названы доктар Францыск Скарына мог свабодней і паўней карыстацца тымі прывілеямі ды льготамі, якія мы яму міласціва ўчынілі, мы даручаем і настойліва загадваем гэтай граматай усім і кожнаму: дайце названаму доктару Францыску, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць вышэйпрыгаданымі правамі, ільготамі і прывілеямі і абыходзьцеся з ім з захаваннем іх.

Не смейце наогул умешвацца ў яго справы, якія б ні былі яны важныя ці нязначныя, учыняць яму якое-небудзь насілле…

I няхай ніхто з вас не адважыцца на гэта пад страхам кары адпаведна нашаму меркаванню, як сказана вышэй.

Гэта мы жадаем давесці і даводзім да ведама ўсіх і кожнага, каго гэта датычыць.

У пацвярджэнне граматы прыціснута наша пячаць».

Сцэна зацямняецца.

Да рампы падыходзяць Скарына з Вартаўніком. Яны абодва ў дарожнай вопратцы.

Скарына. Позна… Позна, ваша святая Каралеўская Вялікасць. Спалены не толькі кнігі і друкарня, спалены і масты. Нарадзіўся я, відаць, зарана на сваёй шматпакутнай зямлі. Паспяшаўся стаць прарокам у сваёй Айчыне. I хоць еду прэч, на яе, любую і гаротную, не крыўдую.


Заслона


1990

Загрузка...