1. Проста ў сярэдзіну
* * *
сказаў
а твой голас яшчэ доўга
гайдаецца на радыёхвалях
калі ты не дачуў
уключы свой радыёпрыймач
заўтра апоўдні
* * *
у новым стагодзьдзі
плянуеш пачаць новае жыцьцё
ды раптам высьвятляецца
пражытых гадоў
немагчыма пазбыцца
нібы дакучлівая мэлёдыя
яны перахоўваюцца ў таемных глыбінях
тваіх засьмечаных глуздоў
і ты мусіш зьмірыцца
з прыкрай недарэчнасьцю
што глузды – не дыван
які можна вытрасьці
і не лямпачка
якую лёгка замяніць
таму сьвяці
сваім звыклым напалам
пакуль не перагарэў
або не адключылі электрычнасьць
НАСЬЛЕДВАНЬНЕ
чаго толькі не абяцаў мне
маляўнічы месяцовы вечар
спакою не абяцаў
шчасьця не абацяў
посьпеху не абацяаў
бо не ад яго тое залежыць
* * *
калі прыйшла зіма
і выпаў сьнег
я ўбачыў вакол сваёй хаты
процьму сьлядоў
дзіва
а я думаў
што мой хутар
бязьлюдная выспа
* * *
Леаніду Галубовічу
даўно ўжо ніхто не вызначае
працавітасьць па мазалях на руках
а ты ўсё яшчэ стыдуешся
сваіх мяккіх далоняў
даўно ўжо зерне кінутае ў ворыва
толькі ня нам зьбіраць ураджай
даўно ўжо ўсё было і тое
што было - будзе
толькі ня гэты дзень
толькі ня гэты
* * *
тры дні дый тры начы
пісаў верш
а на раніцу чацьвертага
нарадзіўся першы радок:
- Вы кажаце: надта пяю я нявесела…
* * *
працяжнікі між думкамі
бязважкія неўтаймаваныя
яны бестурботна мігцяць
у стракатым карагодзе
Трохрадкоўі
* * *
Сплю ля мора
як выкінутая хвалямі
ахвяра караблекрушэньня
* * *
Ля Сафійскага сабору
над купалам
разглядаю зорку
* * *
Міма сьпяшаецца цягнік --
па рэйках
па раскладзе
* * *
Сябры вяртаюцца
як поры году
як успаміны
* * *
Кажан да скуры
працёр свае крылы
націраючы поўню
* * *
Трохгадовы сын
пабег насустрач бацькам
як шар у кегель-бары
* * *
У Вільні
ля Вострай Брамы
ляжыць мая манэтка
* * *
Для глуханямой поўні
пальцам па шыбіне
выводжу словы
* * *
Мой кактус круглыя суткі
глядзіць у вакно --
чакае мяне
* * *
Вікінгі
мінаюць Полацак
заўжды ўночы
* * *
Ня маючы голасу
лаўлю губамі
ноты разьвітаньня
* * *
Вось і верасень
сіні сушыць
свае вёслы
* * *
Ці згадзіліся б чараты
каб паміж імі
вырас дуб?
* * *
усе стамляюцца
але адпачыць
ня ўсім выпадае
* * *
Завершанасьць
ня любіць
кропак
* * *
Сярод чаратоў
схавалася маленькае
гнязьдзечка
з адным яечкам
з іголкаю зачараванай у
сярэдзіне
так так
з той самай славутай іголкай
у якой жыцьцё цмока
захоўваецца
Ды што тут паробіш:
і балота шкада асушваць
і гняздо дратаваць
і яечка біць
ПРОСТА Ў СЯРЭДЗІНУ
Генадзю Айгі
ён адразу адчуў
што я не дзіця расейскіх прастораў
што пачуваю сябе ў гэтым
хаатычным (на маё ўяўленьне)
і няўтульным горадзе на Волзе
ніякавата й журботна
гэтак мы пазнаёміліся
згадваю голас паставу вочы
ч а р а ў н і к
які жыве ў Расеі
бесьсмяротны Дэрсу Ўзала
(каб жыць у Расеі трэба
добрым быць паляўнічым і сьледапытам)
на іртах ісьці паміж
лукойлаў газпрамаў ды менатэпаў
адчуваць пах драпежніка
і пасьпяхова абмінуць усе пасткі і самастрэлы
закон - не хвалюйся і не бяры да галавы – тайга
просты голас проста ў сярэдзіну
у цэнтар у глыбіню як каменчык у студню
і кругі і ціхі водгук
гэтак проста як сьцізорыкам
выразаць сьвістульку каб без
дай прычыны гукаць аблокі
калі ты чараўнік ты тут
побач з шэраю хмараю і гарэзьліваю
вясёлкаю што не зьвяртае
увагу на йтэру й юкас
і яшчэ на безьліч умоўнасьцяў
вось і подых мой зусім рэальны
і сьлед птушкі ў небе
і пацалунак кветкі
(адбіткі губ засталіся на маёй шчацэ)
і не e-mail-у а ветру даручаю вестку
прывітаньне! учора йшоў летні
дождж але калюгі выглядаюць на восеньскія
канец стагодзьдзя
СКОЛ
Таямніца за паверхняй.
Бачу неба, бачу дол.
Нахіляюся і сьмела
Я раблю вялікі скол.
Я ня буду слухаць шэпты.
Дождж цярусіць, лье ў падзол.
Не адмоўлюся ад мэты –
Расчытаці сьвежы скол.
Як пра вецер сьведчаць птушкі,
Пра гульню – фінальны гол.
Мне адкрые таямніцу
Грубы нечаканы скол.
НІЗКАЯ РЭНТАБЕЛЬНАСЬЦЬ
цэлую ноч дзьмуў вецер
але ня вырабіў нават кілявата
* * *
Увесь час нечага не хапае:
сьмеласьці
развагі
вытрымкі
клёку
гарту
настойлівасьці
моцы
абачлівасьці
кемлівасьці
а сёньня не хапіла такой драбязы –
дзесяці рублёў
* * *
можна абмінуць камень
можна абмінуць калюгу
можна абмінуць пост ДАІ
можна абмінуць здраду
можна абмінуць пастку
можна абмінуць сяброўства
абмінуць сябе
н е м а г ч ы м а