2. Птушыны рай
ПТУШЫНЫ РАЙ
Птушыны рай -- як пылок на крылах мятліка.
Птушыны рай -- кліп на песьні анёлаў.
Птушыны рай -- апошні прыстанак.
* * *
Хто бачыў могілкі птушыныя?
Мільёны дробненькіх грудкоў.
А можа ў хвалях мора сіняга
Хаваюць іх, як маракоў?
Дзень-ноч мільгаюць неўтаймоўныя,
Шляхоў пункціры неба ткуць.
Лятаць – вось самае галоўнае!
Няма калі спачыць-заснуць!
* * *
Над лесам птушкі праляцелі.
Яны пасьпець кудысь хацелі.
У кожнай ёсьць душа і цела.
І цела за душой ляцела.
* * *
Ляцець ад відна да відна.
Крылом дакрануцца крыла.
Прамкнуць праз магічнае шкло.
Крылом падтрымаці крыло.
Ніякіх хвальшывых дылем.
Заўсёды на пругкім крыле.
* * *
Слава тым, хто трымае гняздо,
Хто ўнікае зязюльчынай долі,
Хто з галінак складае свой дом,
Хто ня схібіць у справах ніколі.
Гэты мудры, стары запавет
З малаком мы ўсмакталі аднойчы.
І на гэтым стаяцьме наш сьвет.
І глядзець нам ня сорамна ў Вочы.
ЗАКНЁНАЯ ПРАСТОРА
Вітраж з восеньскай лістоты
прапускае сьвятло толькі патрэбнага колеру:
жоўтае й чырвонае
чырвонае й жоўтае
але йдзе час
і чым менш застаецца ў восені дзён
тым больш цьмянеюць шклінкі-лісьце
тым больш яны пакрываюцца пылам-шэраньню
тым хутчэй памірае знаёмы малюнак
і калі, здаецца, наўкол вось-вось павінна
ўсталявацца цемра
праз голую раму на голую зямлю
абрыньваецца сьляпучае сьвятло
і ты зноў пачынаеш марыць
пра жоўта-чырвоны вітраж
пра сваю замкнёную прастору
* * *
За хмызамі, за лясамі,
Між балотаў і лугоў
Рай птушыны захаваны
Ад хвароб і ганчакоў.
Там ня думаюць пра крыўды,
Там ня клянчуць медзякі,
Там не падразаюць крылы
І ня мнуць слабым бакі.
Вы спытаеце, напэўна:
Як патрапіць ў гэты рай?
Вам жаўрук адкажа сьпевам.
Вам пакажа шлях ручай.
ДЗІЦЯЧЫ ВЕРШЫК
Чыж
аблюбаваў Парыж.
Шпак
марыць пра Ірак.
Журавель
паляцеў ў Брусэль.
Варона
сьцягнула карону
з ангельскага трону.
Бугай –
сэпаратыст,
ён аб’явіў непадлеглым
свой балацяны край.
Верабей,
каб падалей ад радыяцыі,
эміграваў у Бамбей.
Гіль –
у Ізраіль.
Сарока –
у Марока.
Дзяцел –
наадварот,
ён патрыёт,
любіць Нарач і Мядзел.
А гусь --
ведама, тутэйшая,
гаворыць уголас: Расея,
а ў думках гучыць -- Беларусь.
* * *
прачнуліся птушкі – а дзень ужо скончыўся
пець пачалі – сонца клікаць
сонца пабудзілі, ды самі стаміліся
сон змарыў – дзе сядзелі там і паснулі
а тая што ў палёце была
зоркай зазьзяла – вечарніцай