ІІІ

Недалёка ад Мінска поезд раптам спыніўся. Багдановіч чамусьці, узяўшы свой баульчык, выйшаў з вагона. Поезд стаяў перад апушчаным шлагбаумам. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Больш усяго ішло людзей уздоўж дарогі. А на калёсах быў іхні скарб — кажухі, клеткі з курамі і парасятамі, клункі адзежы, кулі з мукой, куфры. А на гэтым сядзелі дзеці, жанчыны. Коні былі стомленыя, і мала іх было добрых, усё больш хударэбрыя. Людзі ішлі ў лапцях, у атопках, многія былі босыя. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. А над дарогай ляжала шэрае хмарнае неба, навокал, часткова ўзараныя, ляжалі шэрыя палеткі,

бор на ўскраі неба быў таксама, здавалася, ахутаны шэрай ватай. Твары ў людзей скрозь былі стомленыя, нібы дым крануў іх, закапціў шэрай копаццю. Па беларускай дарозе ішло народнае гора.

Быццам прыкаваны да зямлі, стаяў Багдановіч у накінутым шынялі, з фанеравым жоўтым баулам у абедзвюх руках, стаяў і глядзеў на людзей, коней, колы, дарогу. І вось у полі зроку паплыў воз, на якім, на чорным ад часу куфры, сядзеў хлопчык у вялікай шапцы з паламаным брылём і, трымаючы чорнымі ад бруду рукамі кавалак хлеба, прагна еў яго. Нічога асаблівага не было ў гэтым, але нешта як бы падштурхнула Багдановіча, ён падлез пад шлагбаум, кінуў на воз свой баул і пайшоў побач з возам. Ісці было лёгка, нібы не было нядаўняга прыпадку, нібы не было цяжкой, знясільваючай хваробы.

Уцекачы...

З-пад Ваўкавыска, з-пад Гродна, з-пад Вільні...

Куды?

У Мінск... Абы-куды... Толькі далей ад пекла, ад жахаў, ад разбурэння і гвалту, ад папялішчаў і нямецкіх парадкаў...

Яны з розных мястэчак і вёсак, з-пад розных гарадоў, яны ніколі б не сустрэліся, каб не гэтае гора, каб не гэтае цёмнае ліха. Няшчасце з’яднала іх. Калі чалавек шчаслівы, яму не трэба шукаць падтрымання. Гора кідае яго на пошукі таварышаў, гараваць супольна лягчэй.

Багдановіч пераходзіў ад воза да воза, распытваў, слухаў, слухаў адну і тую ж гісторыю пра няшчасце, расказаную аднолькавымі словамі. Страшнае было ў тым, што большасць сярод гэтых людзей выкладалі дэталі свайго няшчасця з нейкай пакорлівасцю, з нейкай безуважнасцю, з бязмернай безнадзейнасцю. Ён слухаў сялян і жанчын, дзяцей і старых, а недзе ў мазгу, у маленькім куточку яго, узнікла і знікла, зноў узнікла і зноў знікла пытанне: паэт, што ты зрабіў, каб аблегчыць народнае гора? Ды хто з іх ведае, што ён паэт? Колькі з іх умее чытаць? Як можа трапіць да іх кніжка, надрукаваная невялікім тыражом у друкарні пана Марціна Кухты?

Ён набавіў ходу і нагнаў пярэдні воз.

На ім сядзела дзяўчына гадоў семнаццаці. Русавалосая. З чыстым, крыху вузкім тварам. Сінія вочы. Лёгкая ружовасць. Трохі абветраныя вусны. Даматканая рудая світка, пашытая на мужчыну, а на галаве — хустка з крамы. А ў руках кніжка. Не ў першыя рукі трапіла кніжка, без корачак, з пашарпанымі краямі.

— Чытаеце?

Дзяўчына ўзняла вочы на бледнага студэнта, у сіняй глыбіні вачэй яшчэ гарыць цікавасць да таго, што толькі што чыталася.

— Але ж.

Студэнт паклаў руку на воз і пайшоў побач. Відаць, што яму так лягчэй ісці. Па чырвоных вуснах, вельмі яркіх, па чырвоных плямах на шчоках зразумела дзяўчына, што ў хлопца сухоты.

— Сядайце.

Ён матнуў галавой.

— Не, каню цяжка,— сказаў ён.— Я дайду, скора горад.

— Вы таксама ратуецеся?

— Так, ратуюся, толькі не ад немцаў.

Яна паклала кніжку ў кішэню, і гэта скіравала ягоныя думкі на іншы шлях.

— Дык што ж вы чытаеце?

Яна апусціла вочы.

— Ат, нічога, адну кніжку...

Ён засмяяўся:

— Бачу і сам, што кніжку... Хіба да кніжак вам? Вы што — кніжкай хочаце захіліць свае вочы ад гэтага жаху? Хіба да кніжак цяпер?

Яна глядзела на яго і мала што разумела. Чаму такім гневам гучаць словы гэтага хворага студэнта і чаму да яе накіраваны яны? Цьмяна, але яна ўсё ж уцяміла сэнс папроку.

— А што ж рабіць, па-вашаму? Плакаць? Ужо няма слёз. Што ж рабіць?

Ён ішоў моўчкі.

— Што рабіць? — як бы перапытваючы самога сябе, паўтарыў ён яе запытанне. Потым рэзка кінуў: — Не ведаю.— І, закашляўшыся, адстаў.

Набліжаўся Мінск.

На ўскраіне горада хворы студэнт зноў нагнаў воз, на якім сядзела русавалосая дзяўчына. Яна не чытала, а з цікавасцю глядзела навокал. Надзеяй сустракала яна незнаёмы горад. Шчаслівая. Кніжка ляжала ў кішэні. Высоўваўся пашарпаны край.

— Скажыце, якую кніжку чыталі вы?

На гэты раз засмяялася яна.

— Вы цікавы! Не скажу.

Прыемны быў у яе твар — малады, з выразам надзеі.

— Ну, хоць на развітанне,— і ён засмяяўся па-маладому, бо быў па сутнасці такім жа,— хоць імя сваё скажыце. Ваша імя...

Пад яго позіркам дзяўчына апусціла вочы.

— Вераніка,— ціха сказала яна.— А ваша?

— Ахрысцілі Максімам.

Дзяўчына паднялася з куфра. На твары было здзіўленне. Яна выцягнула з кішэні кніжку і кінула яму ўслед:

— Гэта — на шчасце, кніжку напісаў таксама Максім. Па-нашаму напісана кніжка. Назва яе «Вянок».

Ён спыніўся, нешта хацеў сказаць, але воддаль паказалася конка, гаспадар заезнага дома голасна пачаў выхваляць свой дом, запрашаць прыезджых. Недзе званілі ў званы. Гук касцельнага звону павісаў у паветры і рассыпаўся, быццам мыльны пухір. Воз з дзяўчынай плыў перад яго затуманенымі вачыма, потым знік, на яго месца пайшлі шэрыя бароды, світкі, вазы, коні, дарога...


Загрузка...