VІІ
Клопатамі сяброў удалося сабраць патрэбную суму грошай, каб адправіць хворага паэта на поўдзень. На Плаўніка ўсклалі цяжкі абавязак угаварыць паэта ехаць лячыцца, пераканаць яго ў тым, што грошы на дарогу — гэта аванс пад будучую кнігу, над якой ён будзе працаваць у Ялце, не спяшаючыся, як стане лягчэй са здароўем.
А са здароўем было дужа дрэнна.
Наступіў момант, калі Багдановіч цэлымі днямі не паднімаўся з пасцелі, адмаўляўся ад ежы, скрозь усю ноч цяжка кашляў, задыхаўся, харкаў крывёю. У рэдкія хвіліны зацішша ён любіў гаварыць аб будучым, аб тым, як беларуская культура зойме пачэснае месца сярод славянскіх культур, аб тым, як надыдзе такі час, калі ўсе культуры злучацца ў адну, агульначалавечую. А часамі раптам яго апаноўвалі цяжкія думкі, і тады ён гаварыў аб пагібелі цывілізацыі, аб тым, што тэхніка, развіваючыся, паглыне і мастацтва і самую сябе. У «Беларускай хатцы» наладзілі вечар і запрасілі Багдановіча. Але чытаць прыйшлося старыя вершы — пра восень, пра старасць, пра лесуна. Цыкл «З песень беларускага мужыка» чытаць не дазволілі, але выйшла так, што нехта пусціў па руках рукапіс «Эмігранцкай песні» і «Пагоні», і гэта стварыла своеасаблівую атмасферу гарачай прыхільнасці да паэта.
Ён чытаў глухім, нізкім распевам.
Дзіўныя вершы пра тое, як брыдзе ў абшарпанай шкуры лясун па дарогах, рог абламаны аб дрэва, спяшаецца стары небарака ў дрыгву, у цёплыя імхі... Дзіўныя вершы пра тое, як лясун пачынае перабіраць струны-сосны і як гранне дзівоснага струманту палоніць свет.
Але слухачы чулі іншы голас за гэтымі вершамі: голас вялікай любові і нязмернага болю за лёс Айчыны. І як канчаліся вершы, воплескі трапяткімі галубамі шугалі ў паветра. Яшчэ і яшчэ прасілі яго чытаць. І праважалі яго гуртам, шумлівым і гаваркім гуртам моладзі. І ўжо ля самай кватэры Багдановіч сказаў да Плаўніка:
— Вось і развітанне... Апошнія дні я ўвесь час развітваюся...
На ганку, калі Багдановіч прайшоў у пакой, Плаўніка перапыніла сястра:
— Самуіл! Я прыбірала ў пакоі і выпадкам зачапіла люстэрка.
— Глупства, не заўважыць.
Але ён заўважыў. Ён зняў пустую акантоўку і сабраў з падаконніка кавалкі шкла. Трымаючы ўсё гэта ў руках, моўчкі сеў на ложак і задумаўся. І як увайшоў у пакой Плаўнік, паэт узняў на яго вочы, і столькі суму было ў іх, столькі несхаванага болю, што ў Плаўніка зашчымела сэрца...
— Значыць, канец.
— Ды што ты, Максім, гэта выпадак, дробязь. Ты ж сам казаў, што не верыш ні ў бога, ні ў чорта.
Аскеп’е і парожняя акантоўка ляжалі на далоні, і, нібы зачараваны імі, глядзеў Багдановіч і бачыў дзіўны адлюстровак лямпы, паўтораны некалькі разоў.
— У чорта не веру, а ў гэта — веру. Матчын падарунак. Не, гэта канец.
І кінуў аскеп’е на стол, і мільганулі аганькі на стале.
— Канец, — паўтарыў і ўзняўся з месца, падышоў да акна і прыхіліўся белым высокім ілбом да шыбіны. — Развітаўся з маладосцю, з сяброўствам, радзімай. Магу паміраць спакойна, як паміралі нашы продкі. Шкада толькі, што не на бранным полі, а дзе-небудзь на шпітальным ложку. Не, не, не пужайся. Я паеду. Цяпер мне ўсё адно. І не трэба мне ехаць на поўдзень, лішнія турботы, але я паеду. А як бы хацелася дажыць да сапраўднага світання!
— Божа ж мой,— з хваляваннем прашаптаў Плаўнік,— мы дажывём, Максім! «І будзе ўнукам панаванне там, дзе сягоння плача дзед». Так сказаў наш паэт. І гэты час блізка, толькі ўзыдзе сонца. Вось пабачыш.
Багдановіч паглядзеў на таварыша. Які гэта мілы, ветлівы і таленавіты чалавек. Няхай жыве і працуе, ён шмат яшчэ зробіць, гэты выдатны паэт і белетрыст, падумаў Багдановіч, а выказаў думку інакш:
— Праўда, Ясакар, мы дажывём. Мы! А я, Максім Багдановіч., не дажыву. Канец.
* * *
Праз некаторы час у Ялце надышоў канец.
І хоць пісаў ён, што кніга з друкарні пана Марціна Кухты парушае яго самоту, ён адчуваў сябе самотным.
А яшчэ праз колькі часу — у кастрычніку таго ж 1917 года — надышло сапраўднае світанне, аб якім марыў хворы паэт.
17.1.1947
г. Байрам-Алі