Як было ўжо няраз адцемлена, сьведамы супраціў русіфікацыі беларускае мовы ў БССР наважана й сыстэматычна праводзяць беларускія паэты й пісьменьнікі пры выдатным падтрыманьні настаўніцтіва й студэнцтва. Гэты супраціў асабліва стаўся выразным і адкрытым, пачынаючы з 1956-1957 гадоў, калі ў сувязі з пасьлясталінскай «адлегай» і асуджэньнем г.зв. «культу асобы» Сталіна настала некаторае злагаджэньне палітычнага курсу.
Калі прыраўнаваць абавязваючую ў БССР афіцыйную літаратурную мову - мову навуковае, палітычнае, тэхнічнае й прапагандавае літаратуры, у тым ліку й мову рэспубліканскага пэрыядычнага друку - да мовы мастацкае літаратуры, дык апошняя, хоць таксама засьмечаная русіцызмамі, усё-ж нагэтулькі розьніцца ад першай з гледзішча на сваю рэлятыўную чысьціню, што можна гаварыць аб ёй, як мове да некаторай меры асобнай і ад першай у ладнай ступені рознай. Аналізуючы мову мастацкай літаратуры, ня цяжка заўважыць, як яна бароніцца перад накіданымі беларускай мове русіцызмамі і ўжывае іх у асноўным у тых выпадках, калі гэтыя русіцызмы сталіся ўжо агульна прынятымі, здабылі поўнае права грамадзянства й зусім выціснулі адпаведныя ім беларускія граматычныя формы й словы. Гэтак, апрача русіцызмаў, накінутых моўнай рэформай 1933 году, у мове мастацкай літаратуры ўжо поўнасьцяй укараніліся такія русіцызмы, як, прыкладам, форма роднага склону множ. ліку назоўнікаў жаноцкага роду няпрыемнасцей, магчымасцей, бесканчатковыя формы дзеяпрыметнікаў назоўнага склону адз. ліку падбіт, зроблен, узят, дзеяпрыметнікі цяперашняга часу залежнага стану любімы, ствараемы, а такжа сынтаксычныя формы дапаўненьня ў вінанальным склоне, заміж роднага склону, калі дзеясловы, што імі кіруюць, ужытыя з адмоўем. З русіцызмаў у галіне лексыкі ўвайшлі поўнасьцяй у мову мастацкае літаратуры, прыкладам, такія словы, як ачаг, аплот, знешні, доблесны, лікаванне, подзвіг, іспыты, рабяты, урок, ісціна, накапленне, рэўнасць, сачыненне, скажаць, урач, хадайніцтва, член, чарціць, абавязацельства, аб'ява, ва, воінскі, злабадзённы, беззаветны, шэсце, узрост (зам. век) і г.д., якія ўжо ад даўжэйшага часу агульна замацаваліся ў савецкай беларускай літаратурнай мове, а некаторыя зь іх выконваюць ролю адмысловых тэрмінаў.
Затое мова мастацкае літаратуры зусім яшчэ ня знае чужых для беларускай мовы формаў дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану зваротных дзеясловаў (пачаўшыйся, адбыўшыйся), якія ў афіцыйнай літаратурнай мове бытуюць, як-бы для яе былі нармальнымі. З расейскіх словаў, ужываных у афіцыйнай літаратурнай мове, мова мастацкае літаратуры зусім ня знае такіх русіцызмаў, як дзяшовы, састаў, здзелка, каварны, мяцеж, пахаць, адстаяць, змяняемасць, неймаверны, пазбягаць, плацёж, прадстаць, цэласнасць, сукупнасць і да г.п.
На канкрэтных прыкладах зь беларускага савецкага друку можна дакладна прасачыць і самы працэс русіфікацыі. Звычайна спачатку паяўляецца дадзенае расейскае слова ў афіцыйнай літаратурнай мове, прычым спарадычна й рэдка ды выступае паралельна з адпаведным яму словам беларускім. Гэтак ад некалькіх ужо год паралельна з агульна пашыраным у беларускай мове словам танны, пачало спарадычна паяўляцца й чыста расейскае слова дзяшовы, якое, аднак, яшчэ зусім ня мае доступу да мовы мастацкае літаратуры. У якім кірунку будзе разьвівацца працэс праніканьня ў беларускую мову гэтага слова, можна меркаваць з прыкладаў такіх русіцызмаў, як папрок або поезд. У афіцыйнай літаратурнай мове папрок і поезд ужываюцца сяньня паралельна з адпаведнымі ім беларускімі словамі дакор і цягнік, але расейскія адпаведнікі колькасна пераважаюць над беларускімі, і, наадварот, у мове мастацкай літаратуры словы дакор і цягнік спатыкаюцца шмат часьцей, чымся папрок і поезд. Значыцца, працэс развіваецца ў кірунку русіфікацыйным, а не адваротным яму.
На карысьць беларускасьці мовы мастацкае літаратуры прамаўляе й тая характэрная зьява, што прынятыя ўжо ёю русіцызмы ў колькасных дачыненьнях выступаюць шмат радзей, чымся ў афіцыйнай літаратурнай мове. Ствараецца таму ўражаньне, што дадзенае расейскае слова або форма становіць сьведамую даніну агульна абавязваючаму кірунку, а не агульную тэндэнцыю пісьменьніка, тымчасам як у афіцыйнай літаратурнай мове заўважваецца выразная тэндэнцыя адваротнага характару.
Ёсьць канкрэтныя довады, як паасобныя пісьменьнікі ў працэсе перарэдагоўваньня сваіх мастацкіх твораў ачышчаюць іх ад дапушчаных спачатна русіцызмаў. У БССР, як і ў іншых саюзных рэспубліках, вельмі пашыраная практыка, што паасобныя літаратурныя творы, у тым ліку й шматтомныя раманы, спачатку друкуюцца ў месячных літаратурных часапісах, а пазьней выходзяць асобнымі кніжнымі выданьнямі. Пры гэтым кніжныя выданьні часта тэксталягічна значна розьняцца ад іхных першадрукаў у часапісах, бо некаторыя аўтары ўводзяць тыя або іншыя зьмены й папраўкі ў кніжным выданьні, у тым ліку і ў галіне мовы. Звычайна бывае так, што шмат якія русіцызмы, уведзеныя аўтарам у тэкст твору першае рэдакцыі, бываюць выкінутыя з тэксту апошняе рэдакцыі й замененыя адпаведнымі ім паводля значаньня беларускімі словамі й формамі. Такія розьніцы ў галіне мовы мы прасачылі на прыкладах 3-га і 4-га тому раману М.Лынькова «Векапомныя дні», раману Ў.Карпава «За годам год» і раману І.Шамякіна «Крыніцы». Вынікі нашых параўнаньняў абедзьвюх рэдакцыяў былі нязвычайныя. Вось некаторыя зь іх:
«Полымя» | Кніжнае выданьне |
---|---|
М.Лынькоў «Векапомныя дні» | |
Пасцябунчык - страстны патрыёт свае бухгальтарскае справы (1957, IX, 37). | Пасцябунчык - заядлы патрыёт свае бухгальтарскае справы (III, 305). |
У партыі састаялі? (1957, IX, 66). | У партыі былі? (III, 362). |
Ты ж не глядзі, што я такая баязлівіца і смірэнніца (1957, X, 29). | Ты ж не глядзі, што я такая баяллівіца і паслушніца (III, 425). |
выказаў пажаданне прыўрочыць аперацыю да прыезду (1957, X, 33). | выказаў пажаданне, каб усю аперацыю дапасаваць да прыезду (III, 32). |
слаба замаскіраваныя (1957, X, 34). | слаба замаскаваныя (III, 433). |
вялі на сворках дзесятак аўчарак (1957, X, 39). | вялі на павадках дзесятак аўчарак (III, 443). |
У кожнага свая страсць, генерал (1957, Х, 41). | У кожнага свая слабасць, генерал (III, 448). |
Стаяла некалькі пушак, якія сваімі памерамі і сваім выглядам унушалі павагу (1957, XI, 105). | Стаяла некалькі пушак, якія сваімі памерамі і сваім выглядам выклікалі да сябе павагу (IV, 101). |
страстнае жаданне дапамагчы ёй (1957, XI, 11). | гарачае жаданне... памагчы ёй (IV, 237). |
не бачаць агоніі тых, хто падвяргаецца экзекуцыі (1957, XII, 19). | не бачаць агоніі тых, хто падпадае пад экзекуцыю (IV, 261). |
на жывапісным узгорку (1957, XII, 39). | на маляўнічым узгорку (IV, 316). |
Не згубілі, а садысцкі замучылі (1957, XII, 11). | Не згубілі, а па-садысцку замучылі (IV, 238). |
ажаніўся на семнаццаці гадовай дзяўчыне (1957, XII, 66). | ажаніўся з семнаццаці гадовай дзяўчынай (IV, 384). |
У.Карпаў «За годам год» | |
Усе глядзелі на Васіля Пятровіча з недаўменнем (155, II, 16). | Усе глядзелі на Васіля Пятровіча няўцямна (158). |
У кожным з іх ён як бы пачынаў бачыць праванарушыцеля (1955, II, 16). | У кожным з іх ён як бы пачынаў бачыць правапарушальніка (169) |
І баючыся, што народжанаму ў яго марах гораду могуць нанесці ўрон недальнавідныя людзі (1955, II, 16). | І баючыся, што народжанаму ў яго марах гораду могуць пашкодзіць... недалёкія людзі (169). |
У яе ссутуленай постаці, у нейкай пакорнай паходцы было штосці манашаскае (1955, II, 27). | У яе згорбленай постаці, у нейкай пакорнай хадзе было штосці ад манашкі (187) |
Валя ўсё ж палічыла за лепшае спыніцца, апасаючыся, што іх могуць убачыць (1955, II, 49). | Валя ўсё ж палічыла за лепшае спыніцца, баючыся, што іх могуць убачыць (226). |
Але справа абстаяла крыху прасцей (1956, VI, 90). | Але справа стаяла крыху прасцей (448). |
Потым прымусіла сябе сесці цыраваць шкарпэткі... якіх накапіўся цэлы звязак (1956, V, 91). | Потым прымусіла сябе сесці цыраваць шкарпэткі... якіх набраўся цэлы жмут (450). |
Перад ім стаяла дзяўчына, якую ён абажаў (1956, VII, 36). | Перад ім стаяла дзяўчына, якую ён кахаў (527). |
людзі ўсё роўна праходзілі б пад ёй (пад аркай), ня стукаючыся аб своды галовамі (1957, VII, 40). | людзі ўсё роўна праходзілі б пад ёй, ня стукаючыся аб скляпеньне галовамі (535). |
яны на прыватнай кватэры, за якую плацяць гаспадарам (1957, VII, 68). | яны на прыватнай кватэры, за якую плоцяць гаспадарам (583). |
І.Шамякін «Крыніцы» | |
запасная (шпулька з вудзільна) ў мяне ёсць, усё іншае таксама маецца (1956, IV, 75). | запасная ў мяне ёсць, усё іншае таксама знойдзецца (119). |
Адчапіся ты, Кацька, ад мяне, - бясстрастна і абыякава сказала яна (1956, IV, 101). | Адчапіся ты, Кацька, ад мяне, - абыякава сказала яна (164). |
Школу я кончу, не хвалюйцеся, - ціха і прымірыцельна сказаў ён (1956, V, 45). | Школу я кончу, не хвалюйцеся, - ціха і прымірэнча сказаў ён (267). |
З прычыны агульных русіфікацыйных тэндэнцыяў, накіданых зьверху, канечнасьці высьцераганьня «вузкіх правінцыяналізмаў» «архаізмаў» ды «штучна твораных нэалягізмаў», а з другога боку - з прычыны канечнасьці «ўзбагачваньня» мовы «зь нявычэрпных крыніцаў мовы вялікага рускага народу», беларускія паэты й пісьменьнікі вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасьцях нармальнага ўзбагачваньня й разьвіцьця сваей мовы на базе народнай мовы й дыфэрэнцыяваньня яе рознымі сэмантычнымі адценьнямі. Таму мова сучаснай беларускай савецкай літаратуры - гэта наагул мова бедная й бясхварбная. Зусім правільна пісаў аб гэтай зьяве беларускі літаратурны крытык у вольным сьвеце Алесь Беразьняк:
Лепшыя ды багатыя здабыткамі яшчэ нядаўна традыцыі беларускае літаратуры ў ейнай арыентацыі на ўзоры народнае мовы, на ейныя нацыянальныя асаблівасьці, на культуру й нацыянальную чысьціню літаратурнае мовы сяньня ў БССР мусова занядбаныя. Аснова разьвіцьця нацыянальнае літаратурнае мовы - мова народная ў сваёй першароднай някранутасьці чужароднымі ўплывамі абвяшчаецца аджылым і незразумелым правінцыялізмам. Да ўсяго гэтага прывяла нязьменная праз увесь час антынацыянальная палітыка бальшавікоў нівэляваньня беларускае літаратурнае мовы на расейскі ўзор, што разам з выгнаньнем зь беларускае літаратуры нацыянальнае праблематыкі пасьлядоўна й пэўна ськіроўвае яе ў правінцыянальнае адгалінаваньне літаратуры расейскай[55].
Усё-ж, ня гледзячы на вышэй прыведзенае сьцьверджаньне А.Беразьняка, сьцьверджаньне зусім правільнае, трэба аб'ектыўна адцеміць, што мова беларускае літаратуры ў тых межах, якія для яе магчымыя, дадатна вырозьніваецца ад афіцыйнай беларускай савецкай літаратурнай мовы ня толькі значна меншай колькасьцяй русіцызмаў, але й некаторымі, хоць і вельмі нясьмелымі спробамі не адрываецца ад мовы народнае. У мове мастацкае літаратуры часта-густа знаходзім ня толькі агульна пашыраныя ў народнай мове словы й выражэньні, ужо зусім няўжываныя ў афіцыйнай беларускай літаратурнай мове БССР, як моцна адрозныя ад адпаведных расейскіх словаў, але часамі й такія, якія зьяўляюцца ведамымі адно ў некаторых частках беларускае моўнае прасторы. Вось жменька прыкладаў на гэтую зьяву:
Яна бегма кінулася ў хату (МЛ-ВД, I, 104). Чыста народнае слона, якому ў рас. мове адпавядае бегом.
Яна ціхенька падышла і з павагаю, нават з нейкай бояззю паглядзела на сынавы дакументы (ПБ-КЗР, 3). Боязь - слова пашыранае і ў літаратурнай мове перад русіфікацыйнай кампаніяй.
Лёдзю нібы выцялі чым (УК-ВЛ, VII, 1960, 24); Андрэй з размаху выцяў (АК-РНД, 86). Першы вячэрні жук вытнуўся аб шыбіну акна (МЛ-ВД, I, 92). Выцяць - сынанім слова ўдарыць, які ў афіцыйнай літаратурнай мове сяньня ня ўжываецца.
Ёсьцека, - ... адказаў дзед Грыша (МП-ЗП, III, 1956, 25). Афіцыйная літаратурная мова ня вызнае ўзмацняльнай часьціцы -ка ў такіх словах, як ёсьцека, нямашака, тамака, вуньдзека й пад.
Немцы, па-вар'яцку пручыся паперад, не надта зырыліся на прасёлкавыя дарогі (АК-РНД, 187). Зырыцца - сынонім слова заглядацца, а ў форме абвеснага ладу ў значаньні ўціхамірыць, пастрашыць, шырака ведамае ў народзе, але зусім ня ўжыванае ў афіыйнай савецкай літаратурнай мове.
Кустаўё усюды, нізіна, то там, то сям ля кустоў пабліскваюць зоркі (АК-РНД, 99). Ведамая ў народзе, але няўжываная ў афіцыйнан савецкай літаратурнай мове зборная форма ад слова куст.
а тут вось ідзі насупраць ночы (МЛ-ВД, II, 24). Выраз насупраць ночы ў значаньні перад ночай, на спатканьне ночы - тыповы для беларускае мовы, але няўжываны ў афіцыйнай савецкай беларускай літаратурнай мове.
адшукаў садоўніка дзеда Грышу, чалавека ўжо сівога і нягеглага (МП-ЗП, III, 1956, 25). Слова нягеглы, сынанім да недалужлы, зьнясілены, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.
Не гледзячы на сваю нямогласць, Адам Лабеня ня вытрываў і вышаў на працу (МП-ЗП, XII, 1959, 49). Слова нямогласьць у значаньні нездаровасьць, хворасьць, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца.
Дзве пары ног захадзілі ў неўрымслівым рытме (МЛ-ВД, III, 14). Гэтае, пашыранае ў народзе, слова ў значаньні неспакойны, няўпынны, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца.
На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам (МЛ-ВД, I, 85). Чыста беларускае народнае слова, якое ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.
ён адразу на нішчымніцу мяне пераводзіў (МЛ-ВД, I, 82). Гэтае тыпова народнае слова, утворанае з выразу ні з чым, абазначае посную ежу, ня ўжываецца ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове.
А вунь там, каля тае студні, пазалетась дзед Ахрэм паслізнуўся і зламаў нагу (МП-ЗП, III, 1956, 60). Пазалетась, падобна як і летась, сёлета, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца.
да таго нылі ногі, збітыя аб пнеўе (МЛ-ВД, I, 26). Зборная форма пнеўе, бытуючая ў народзе, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца. Заміж яе ўжываецца форма множнага ліку пні.
Пэўна, і прыгавор, які выносіць яму пасля смерці народны погалас, - самы справядлівы прыгавор (УК-ВЛ, IX, 1960, 107). Погалас, у значаньні расейскага молва, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.
Вялікі клопат мне праз гэтыя плыты... Я праз гэтыя плыты ноч не спаў (МЛ-ВД, I, 98). У афіцыйнай савецкай літаратурнай мове звычайна ўжываецца ў гэтым выпадку пад расейскім уплывам другі прыназоўнік - з-за.
Дык я ж цябе просам прашу, чалавеча (МЛ-ВД, III, 334). Чыста народны выраз у значаньні вельмі, настойліва прасіць.
Стралялі відаць больш для прыліку (МЛ-ВД, II, 30). У афіцыйнай літаратурнай мове ў гэтым значаньні ўжываецца выраз для віду, запазычаны з расейскае мовы.
лечачыся ад раматусу. Дужа той раматус назаляў часам чалавеку (МЛ-ВД, I, 8). У афіцыйнай літаратурнай мове, паводля прынцыпу, што ўсе словы іншамоўнага паходжаньня павінны запазычвацца толькі за пасярэдніцтвам расейскае мовы й захоўваць ейныя формы, ужываецца толькі рэўматызм. Характэрна, што беларуская форма раматус у прыведзеным прыкладзе з Лынькова выступае ня ў гутарцы сялянскага гэроя твору, што не магло-б яшчэ быць дзіўным, але ў мове самога аўтара.
у пустую апоку на стале яе машыны рынулася чорная зярністая зямля (УК-ВЛ, VII, 1960, 25). Гэтае народнае слова ў значаньні кінуцца, зваліцца, у афіцыйнай літаратурнай мове ня ўжываецца.
Пакуль... гаспадар свежаваў зайца, яны пачалі размову з Алёшам (ІШ-Кр, 265). Сьвежаваць - чыста беларускае слова ў значаньні разьбіраць сьвежа забітую жывёліну.
Быў той слаўны вечар..., калі нават ноччу не адчуваеш яшчэ восеньскай стыні (МЛ-ВД, IV, 363). Стынь, у значаньні лёгкі холад, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.
Нельга сказаць, каб такая сховань (зямлянка ў лесе - С.С.) падабалася Клышэўскаму (ПБ-КЗР, 127). Беларускае народнае слова, якое ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.
На рынак, кажа, таечка, ездзіла (УК-ВЛ, VIII, 1960, 66). Асабісты зварот, пашыраны ў Магілеўшчыне й былой Чарнігаўшчыне.
Ложкі іх былі ссунуты ўпрытык (УК-ВЛ, VII, 1960, 56); Цімка прысунуўся да Юркі ўпрытык (тамсама, 43). Народны выраз ад тае-ж асновы й таго-ж значаньня, што і ў дзеясловах прытыкацца.
Ваня Труцікаў не вытрымаў, пайшоў на хацішча, пачаў разграбаць рукамі снег (АК-РНД, 385). Хацішча - чыста народнае слова, якое абазначае месца, дзе раней стаяла хата.
яшчэ пакажам, пачым хунт ліха (МЛ-ВД, I, 119). Згодна з абавязваючым прынцыпам, што іншамоўныя словы могуць прыходзіць у беларускую мову толькі за пасярэдніцтвам расейскае мовы, у афіцыйнай савецкай беларускай мове ўжываецца фунт.
Цёмначы, пратаптанымі Ладуцькам сцежкамі, яны без асаблівых перашкод дабраліся да кватэры Еўдакіі (АК-РНД, 344). Цёмначы - народны выраз у значаньні папоцемку.
Аднойчы паспытаў ужо ласкі ягонай (УК-ВЛ, VII, 1960, 19). Прыналежныя займеньнікі яго, яе, іх маюць у беларускай мове яшчэ й прыметнікавую форму ягоны, ейны, іхны, у якой у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываюцца.
і яшчэ адна сям'я, каторая не выехаўшы, - абласнога пракурора жонка і трое дзетак (МЛ-ВД, I, 102). Тут маем вельмі характэрную асаблівасьць беларускае мовы - прошлы час абвеснага ладу ў форме «пэрфэкту» падобна да нямецкае, ангельскае ды іншых моваў. Зразумела, што гэтая чыста беларуская форма ня можа ўжывацца ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове.
Беларускі савецкі аўтар В.Красоўскі, прыводзячы многія прыклады заганных перакладаў, робленых з расейскай на беларускую мову ў рэспубліканскіх беларускіх газэтах і ў БЕЛТА, паказвае й асноўную прычыну гэтае заганнасьці. «Гэта адбываецца таму, - піша ён, - што да перакладу ня ўсюды падыходзяць творча - часта робяць так, каб, скажам, пяці словам рускага тэксту абавязкова адпавядалі пяць слоў тэксту беларускага»[56]. Гэтая вельмі трапная спасьцярога Красоўскага можа быць з поўным правам аднесеная да ўсяе афіцыйнае літаратурнае мовы БССР, як у перакладных тэкстах з расейскае мовы, гэтаксама і ў тэкстах арыгінальных. Затое да мовы мастацкае літаратуры, навет пры ейных русіцызмах, ейнай ненатуральнай убогасьці й вялікім адрыве ад мовы народнай, гэтай заўвагі Красоўскага прытарнаваць было-б нельга.