Праз пэўны час у промні святла з глыбіні сцэны да рампы падыходзіць чалавек у сучасным цывільным гарнітуры, падобны на Фавеліна.
Фавелін. Паважаная грамада! Шаноўныя нашчадкі Рыцара Свабоды! Мой прашчур доктар Фавелін канстатаваў смерць і заплюшчыў вочы Кастусю Каліноўскаму. Ушануем светлую памяць волата духу мінутай смутку і жалобы. (Усе ўстаюць, гучыць арган.) Прашу сесці. І прашу дазволіць мне выканаць святы абавязак роду Фавеліных — напомніць чарговаму пакаленню ліцвінаў-беларусаў фрагмент з запавету Нацыянальнага Героя пакутнай Беларусі, які ён перадаў нам з-пад шыбеніцы праз сапраўднага расейскага інтэлігента доктара Фавеліна. (Пераказвае запавет, зрэдку заглядаючы ў кнігу.) «Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — але не жаль загінуць за тваю праўду.
Прымі, Народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.
Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць.
Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацця і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу.
Для таго, Народзе, як толька калі пачуеш, што браты твае б’юцца за праўду й свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду, но ўхапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.
Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе.
Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Не мог ведаць на той час Яська, што на пачатку 1865 года расейскі ярыга ў чыне генерала-вешальніка дасць аўгусцейшаму манарху справаздачу, што ў губернях Паўночна-Заходняга краю яго стараннямі павешана і расстраляна 128 кіраўнікоў паўстання, 12483 барацьбіты за волю і незалежнасць сасланыя на катаргу, з іх 159 ксяндзоў, 3476 асобаў прывілеяванага саслоўя, 8848 прасталюдзінаў, ды больш за 9 тысяч пройдуць праз суды і будуць узятыя пад нагляд жандараў.
Яську не суджана было ўведаць гэтыя жудасныя факты дзікага азіяцкага генацыду над еўрапейскай цывілізаванай нацыяй. Але ж вам і нам гэта як глыбокая зарубка на памяці. Як загад быць пільнымі і непахіснымі ў сваёй сённяшняй волі.
Заслона
2000 г.