— Што ж, про-озвішча тваё-ё адпавяда-ае нутру-у, — як чужым голасам ледзь не праспяваў цар свайму пасланцу акольнічаму Фёдару Сукіну. Вочы не маглі спыніцца на адной кропцы, зрэнкі мітусіліся ў вачніцах — як спалоханыя жукі. Ён перакінуў з адной рукі ў другую скіпетр і кіўнуў вернаму Мацею: — Адпраў яго рабіць труну.

Калі стральцы ўжо дацягнулі невысокае цела збянтэжанага пасланца да дзвярэй, цар удакладніў:

— Добрую вялікую труну! Каб здалёк відна была. — Паглядзеў на пярсцёнак-пячатку, перакруціў яго туды-сюды — і дадаў: — А гэтаму сукінаму сыну й звычайнай ямы хопіць…


Напрыканцы 1560 года, калі Радзівіл Чорны замацоўваўся ў Лівонскіх землях і калі вобраз нябожчыцы царыцы Анастасіі праглынулі супакаяльныя оргіі, Іван Жахлівы накіраваў да Жыгімонта Аўгуста аграмаднае саннае пасольства, якое і загадана было ўзначаліць Фёдару Сукіну. Цар не паскупіўся на падарункі, бо наўзамен спадзяваўся атрымаць не толькі сяброўства караля-суседа, але — і адну з ягоных сясцёр у жонкі.

Жыгімонт жа ўспрыняў прапанову стрымана, а кракаўскі сойм наогул ледзь не адзінагалосна вырашыў выслаць назад маскоўскае пасольства. Аднак Фёдар Сукін не мог здацца. Ён падкупіў каралеўскую пакаёўку, якая ў касцёле падчас нядзельнай службы тайна і паказала дзвюх каралеўнаў. Малодшая, Кацярына, на хвілю паправіла над аксамітным чапком карункавы вэлюм — і царскаму пасланцу запалі ў вочы ўзлёнтыя чорныя броўкі, далікатны носік, спакушальныя, налітыя вішнёвай свежасцю вусны. А затым ён незаўважна паназіраў за яе лябёдкава-грацыёзнай паходкай — і смачна распісаў аб усім тым свайму гаспадару. І не забыў дадаць, што Жыгімонт-Аўгуст не мае нашчадка, а таму з дапамогай ягонай сястры-прыгажуні Масковія можа зноў спалучыцца са сваёй «вотчынай» — землямі Полаччыны і Смаленшчыны.

Распісаў — і на некаторы час супакоіўся.

А ў памаракавыя сны Івана ўпершыню прыйшла з жанчын не Анастасія, а таямнічая полька Кацярына. Ён крочыў за ёй, спрабаваў схапіць за далікатна-бялявую руку… і ўжо зрываў з яе ружовы італійскі хітон, і бліснулі ў свечкавым гранні атласныя споднія надрагі, як тая раптам перакінулася ў белую лябёдку і выпырхнула ў расчыненае акно…

— Парві мяне, мой гасудар, як гэтую сарочку… — нечакана прастагнала пад ім гарачая дачка нейкага баярына, і ён сполашна ўсхапіўся.

— Ідзі вон, лярва лядашчая! — цар скінуў жанчыну з ложка і пазваў Віскаватага.

— Пашлі ў Кракаў Сукіну яшчэ ад мяне падарункаў. Хай прыспешвае!

Але пакуль выконвалася новае царскае даручэнне, каралеўну Кацярыну сасваталі з братам шведскага караля Эрыка XIV — герцагам Фінляндскім Юханам…


Іван па-ранейшаму піў і патанаў у блудзе з маладой дачкой хана Кабарды чарнявокай княжной Кучаней, якую — каб хоць гэтым супакоіць царскі шал, узяўся ахрысціць сам мітрапаліт Макарый і — ужо як Марыю — абвянчаць з Іванам. І прытухнуць уладныя гульбішчы — пакуль да Масквы не дойдзе навіна аб віленскім вяселлі Кацярыны і Юхана. Тады Іван і пашле Курбскага паліць памежныя заходнія землі ды пакліча свайго пасланца Фёдара Сукіна. І загадае таму сваімі рукамі збіць аграмадную труну…

— У яе пакладу Кацьчынага брата Жыгімонта — ці сам лягу! — мовіць ён на пачатку студзеня 1562 года — і на чале 60-тысячнага войска рушыць на старадаўнюю цвержу Вялікага Княства Полацк.

Мітрапаліт Макарый паспрабуе атушыць ваярскі жар цара, але не зможа. І прапануе ўзяць з сабой старадаўнюю святыню, якая, як спадзявацьмецца, адвядзе няшчасці ды непатрэбныя смерці.

— Некалі яшчэ бацька твой са Смаленска трафеем прывёз яго — Крыж полацкай ігуменні Еўфрасінні. Вайна яго вывезла — а ты назад вярні. І хай абароніць ён усё войска Хрыстовае.

— У паходы са сваімі крыжамі хадзіць належыць! — неўразумела кінуў Іван старому мітрапаліту. А той глыбока ўздыхнуў, трывожна паглядзеў у прымружаныя царскія вочы — і спакойна ўдакладніў:

— Крыжы, Іване, не бываюць свае ці чужыя. Усе яны — Божыя, усе Хрыстовыя. Бо ён — Ісус — адзіны за нас, грэшных, пакуту прыняў і да гэтага часу прымае.

Іван падазрона зіркнуў на Макарыя:

— Ты што, мітрапаліт, мой паход праведны не дабраслаўляеш?

Макарый напружана памаўчаў і адказаў пытаннем:

— А ты як думаеш, гасудар: хіба багаслаўляе Стваральнік наш забойствы?

— Ясна… — цмыкнуў Іван і накіраваўся да дзвярэй.

— Крыж полацкі ў тваёй казне. Вярні святыню ў родны град, — ужо ў царскую згорбленую спіну мовіў Макарый. Ён перажагнаў раскрытыя дзверы і нечакана згадаў, як Івану ўпершыню ў жыцці ўдалося прачытаць радкі візантыйскага Евангелля ад Яна. І трывожна ўспомніў расповеды Максіма Грэка аб багатай Полацкай бібліятэцы…


Палкі загадана было фармаваць пад Вялікімі Лукамі. Затым штодня, «дабы воинским людем истомы и затору не быть», яны па чарзе разам з фуражнымі абозамі выпраўляліся ў паход.

Як не пільнаваліся, літоўская выведка дазналася пра маскоўскую выправу і далажыла гетману Мікалаю Радзівілу. Той спешна сабраў войска і з Менска рушыў на падмогу Полацку.

Аднак першым да горада дайшоў маскоўскі цар. Ён доўга з поймы Дзвіны азіраў старадаўнія пабудовы, штось нячутна шаптаў сам сабе, а затым схаваўся ў шатры, пазваў да сябе Івана Віскаватага і загадаў таму пісаць ліст Макарыю, у якім запэўніваў мітрапаліта, што вайну пачынае «токмо ради бдения о святыхъ храмехъ да иконахъ священныхъ, иже безбожная Литва поклонение святымъ иконамъ отвергше, пощипаше ихъ да многая ругания учинише, а церкви православные разориша, веру христьянскую оставльше и лютеранство восприаша»…

Царскія вайскаводцы меркавалі пачаць наступ з Задзвіння — па лёдзе, з тога боку, дзе Вакольны горад не меў абарончых сценаў. Там размясціліся Перадавы, Царскі і полк Правай рукі. Аднак лёд на Дзвіне пачаў раставаць і трашчаць, і палкі перайшлі ў міжрэчча да абязлюднелага манастыра святога Георгія. Ад берагоў Палаты маскоўцы мусілі наступаць ужо на полацкія ўмацаванні.

І хрысціянскі горад са старадаўняй Сафіяй над Дзвіной — канстанцінопальскай сястрой — захлынецца ў агні і дыме. Дзённыя аблогі нападаўцаў будуць змяняцца начнымі вылазамі абаронцаў. Па заснежаных берагах на лёд сцякацьме неўтаймоўная кроў, а па высокім замку амаль бесперастанку будуць гохкаць сценабітныя гарматы.

І выгарыць Астрог з пасадамі, і на крылах сажнага дыму з прысмакам чалавечыны ўварвуцца ў места стральцы, і ўкоцяць гарматы бліжэй да замкавых сценаў — і абваляць іх.

Пасля сёмага прыступу полацкі ваявода з япіскапам выйдуць да царскага войска прасіць літасці.

— Здавайцеся, і дарую вам волю і маёмасць, — абяцаў абяссіленым абаронцам Іван — а калі ўвайшоў у замак, загадаў забіць усіх ваяроў, а гарадчукоў і сялянаў ад Дзісны да Дрысы паланіў і бясконцымі людскімі клінамі загадаў гнаць у Масковію — праз снег і мароз. Туды ж саннымі абозамі павезлі і гарадскі скарб, і маёмасць купцоў ды заможнай шляхты. А іх колішніх уладальнікаў яшчэ некалькі дзён секлі шаблі царскіх татараў, тапілі пад лёдам Дзвіны і Валовага возера.

І не было паратунку ні іудзею, ні каталіку, ні манаху-бернардынцу, і нікому, хто не скараўся ды не прымаў веру і волю маскоўскую.


У першую пераможную раніцу Іван са сваёй світай прысутнічаў на богаслужэнні ў Спасаўскім манастыры. Затым доўга хадзіў па счарнелым ад сажы і дыму снезе, касалапа крывячы ногі, ад чаго насы ботаў — хоць і закручаных уверх — былі сцёртымі і бруднымі. Яго непрапарцыянальнае цела (доўгае, як расцягнутае, тулава — і кароткія ногі) адкрыта калывалася на вогкім ветры і яшчэ, магчыма, у варожых позірках, і таму Мацей гнаў наўкол дзясяткі ахоўнікаў — каб аніводная чужая душа не патрывожыла цара.

Супакоіўшыся праходкай, Іван прызваў да сябе полацкага япіскапа і — як між іншым — спытаў:

— А дзе вашая бібліятэка?

Святар выявіў сподзіў і пачаў няпэўна:

— У гэтым попеле і людзей не расшукаць, не тое, што кнігі…

Але цар перарваў:

— Не хітругань, уладыка. Мне даклалі, што падчас асады ігумен з манахамі іх праз падземны ход да Дзвіны перанеслі, а затым у лодках сплавілі, — уцягнуўшы шыю, ён крыва паглядзеў на схуднела-зморанага япіскапа і палагоднеў: — А я табе падарунак падрыхтаваў… — імпэтна ўзняў руку і кіўнуў пальцам.

Мацей вобцасам кінуўся да цара, схіліў галаву і, разгортваючы з белага аксаміту, працягнуў у сваіх дужых руках крыж.

— Вось, вяртаю на кругі свая старадаўнюю рэліквію, яшчэ бацькам маім Васіліем выратаваную…

— Гасподзь усемагутны! — не ўтрымаўся палачанін і ўпаў на калені. — Святая Еўфрасіння!!! Выратуй і заступіся!

— Ну вось, а вы ад мяне бібліятэку хаваеце, — самазадаволена ўздыхнуў цар і пайшоў да падрыхтаванага яму каня. І ўжо ўскочыў у сядло, але ўбачыў, што япіскап з двума манахамі-служнікамі памкнуліся за ім, — і застыў:

— Што яшчэ?

Япіскап асцярожна перадаў крыж бліжэйшаму манаху, падаўся да цара і ўкленчыў каля пакрытых шэранем конскіх капытоў.

— Уставай, уладыка, не трэба дзякі. Я сёння добры, — мякка прагаварыў зверху Іван, а святар узняў да яго салёныя вочы і вымавіў:

— Вялікі князь, надоечы воі твае нашых пісцоў паланілі. Злітуйся і адпусці іх!

Цар выструніўся, скрыгатнуў зубамі і зірнуў на Мацея. Той аддана пацепнуў плячыма і застыў.

— Значыць, так… Забяры-ка ты і гэтага страснацерпца да тых пісцоў! — цар ткнуў бізуном у япіскапа і балюча стукнуў абцасамі каня…

На тым закончылася кнігапісная школа полацкіх братоў-янітаў, закладзеная з паўстагоддзя таму афонскім ігуменам Нілам і ягонымі паплечнікамі. Толькі аднаму з іх было наканавана дайсці палоннікам да Масквы і ў новай валакаламскай манастырскай келлі некалькі разоў перапісаць «Псалтыр», на кожным асобніку пакідаючы наступнае сведчанне: «Написана сїя книга рукою многогрешнаго и недостойнаго раба Богова Івана, полоняника полоцкаго, в заключенїи і во двоихъ путахъ звязанаго. Слава Богу, совершившему сїю книгу. Аминь»…


Даведаўшыся пра захоп Полацка, гетман Радзівіл павярнуў сваё войска на Вільню — рыхтаваць новую абарону. А ў маскоўскі лагер прыбыло пасольства ад Жыгімонта.

— Замёрз я тут і прытаміўся, — кінуў на тое Іван. — Хай кароль шле прызначаных людзей у маю сталіцу, там гаварыць буду! Так і паведамце свайму гаспадару. — Памаўчаў, нерухома гледзячы пад ногі, і дадаў: — А каб вам не з пустымі рукамі вяртацца, ад мяне Жыгімонту падарунак дастаўце: труну, намі адмыслова для яго падрыхтаваную!..

Ён хацеў яшчэ згадаць пра каралеўскую сястрыцу Кацярыну Ягелонку, якая нядаўна ў Вільні абвянчалася з фінляндскім герцагам Юханам Трэцім, але адчуў сябе блага — і выгнаў усіх прэч.

Пакінуўшы ў зруйнаваным Полацку тры палкі, Іван неўзабаве вярнуўся ў Масковію.


…Вясновае сонца ўжо надаўжэй выкочвалася над горадам, але снегу было яшчэ поўна. Брудныя раўчукі сцякалі ў лагчыны, дарогі размяклі і ператварыліся пад конскімі капытамі ў густую жыжу.

Іаáн Фéдаравіч хацеў ехаць адзін, але Грынь, яго малады памочнік па друкарні, не адыходзіў ад саней (наклаў саломы, паверх ускінуў дзяругу, а ўзвышэнне пакрыў старым футрам). І адмовіўся аддаць лейцы, скочыў на запрэжанага каня і сказаў як пра даўно вырашанае:

— Не гожа, васпане, вам як простаму смерду самому раз’язджаць. Што людзі скажуць?

— «Майце веру ў славу Госпада нашага без аглядкі на асобы», — вучыў нас у сваім саборным лісце святы Якуб. Колькі разоў табе паўтараць словы тыя: «Ці не выбраў Бог бедных гэтага свету як багатых вераю і як спадкаемцаў Валадарства абяцанага?.. Калі ж аглядаецеся на асобы, то ўчыняеце грэх і будзеце асуджаныя».

— Яно то так, але ж не прынята тут самому за лейцы… — ніякавата апусціў галаву Грынь, і друкар Іаан уздыхнуў, матнуў рукой ды пакорліва сеў у зладаваныя для яго сані.

— Калі б не такая гразеча, я б лепш пехам пайшоў, — буркнуў ён і ласкава паглядзеў на абрадаванага Грыня: расчырванелы, стрункі, русыя валасы выбрыталіся з-пад шапкі і казычуцца на ветры…

Іаан доўга не мог звыкнуцца з тутэйшымі парадкамі: ездзіць на санях і летам, а вазніца мусіў сядзець верхам. «Добра што хоць ад гэтых дзікунскіх пер’яў ды лісіных хвастоў, якімі, як скамарохі-аблуды, абчэпліваюцца лейчыя, яго адгаварыў», — падумаў ён пра Грыня і ўголас нагадаў:

— Не забудзь, што да Сілуана-каваля едзем…

Сілуан, былы прыслужнік Зоі Палеалог, перажыў у Масковіі ўсе ўладныя змены і сам пераўтвараўся з імі. Жыў ён цяпер у Рамеснай слабадзе вёрстаў з пятнаццаць ад Крамля і меў пасаду царскага гарматнага майстра. Каля абітых жалезам варотаў ягонага новаўзведзенага дома і «трыкнуў» Грынь на каня. Хацеў уехаць на падворак, але Іаан спыніў:

— Дайду, тут пачакай.

На ганку старанна абстукаў боты, зайшоў у святліцу, перахрысціўся на іконы, пакланіўся, крануўшыся правай рукой падлогі, і загаварыў да гаспадара па тутэйшай завядзёнцы:

— Б’ю чалом майму дабрадаўцу! Даруй слабы розум мой… Ці жыў-зрароў, Сілуане?

— Дзякуй, Гасподзь ратуе, — адказаў гаспадар і запрасіў госця прысесці да печы: — Трэці раз за содню палю вось… Стары, напэўна, стаў, мерзну ўсё… — і на яго маршчыністым твары загарэзілі агнявыя водбліскі. — Пачастуешся, чым Бог паслаў?

— Дзякуй, сыты. Я адведаць цябе прыехаў, бо мой хлопец казаў, што ўжо колькі разоў цябе ў кузні не бачыў. А тут формы новыя патрэбныя…

Кіпела праца ў маскоўскай друкарні. Яшчэ не паспелі ўзвесці сцены будыніны, а друкар Іаан думаў пра варштат ды навучаных работнікаў. Праз літоўскага пасла Міхала Галабурду, які хадзіў на службы ў Гостуньскую царкву, дзе дыяканіў Іаан, запрасілі да працы майстра Пятра з Мсціслаўля. Затым прыехаў ліцейшчык літар Васіль Нікіфараў з Ноўгарада. І — праца павесялела. Мясцовыя дрэвары зрабілі з дуба варштатную аснову — скрып. Высоўная дошка была з мармура. На яе клаліся жалезныя формы, у якіх радкамі і выкладвалі шрыфты. Асобныя соты з літарамі па алфавіце займалі левую ад варштата сцяну… Скураной мацой форму належала змазаць фарбай — ашчадна, каб не перастарацца і не зачарніць адбітак, — і заставалася браць паперу ды ціскальшчыку (яго звалі мядзведзем) круціць вінт. Затым да справы прыступаў малодшы служнік: выхопліваў гатовую старонку, клаў на форму чыстую — а «адціснутую» нёс на паліцы правай сцяны. Калі ўсе яны будуць запоўненыя, надыдзе чарга пераплётчыкаў.

Але напачатку штось не заладзілася. Як не ставілі формы, адбітак атрымліваўся няроўны: зверху глыбокі і нават зачарнелы, а ніз — недаціснуты, «сляпы». Пераварочвалі форму — і ўжо, наадварот, слабачытэльным быў верх старонкі.

Дзень маракаваў перад варштатам Пётра Мсціславец: і мармур на роўнасць выверваў, і глыбіню шрыфтоў, а затым зразумеў і, супакоена абцёршы ад фарбы свае шырокія далоні, вырак:

— Формы няроўныя вылілі. Розніца — на пазногаць, а вынік — самі бачыце.

Найлепшым ліцейшчыкам у ваколіцы быў Сілуан. Да яго і скіраваўся Іаан, балазе былі з ім даўно знаёмыя — праз Максіма Грэка. Праўда, Сілуан выліваў гарматы, але, — разважыў дыякан-друкар, — у гарматнай справе патрэбная яшчэ большая дакладнасць, а таму выліць роўныя формы пад шрыфты для гарматніка будзе простым заняткам…

— Штось, Іаане, надарвалася ўва мне пасля апошняга пахода на Полацак… — з пакутай зірнуў на госця Сілуан, — састарэлы, з разоркамі-маршчынамі на пераноссі, якія яшчэ больш хавалі яго малы нос, з нечаканай лысінай, нейкі ўадначассе высахлы (куды падзелася колішняя магутнасць у плячах?). — Рукі перад працаю апускаюцца, а ў душы, — ён паказаў пальцам на агонь, — вунь як у тым прыпеку… — памаўчаў і працягнуў: — Не буду я больш гарматы цару ліць! Гэта ж з іх сцены полацкага замка разбілі. І столькі крыві аднавернай пралілося — не давядзі Гасподзь каму йшчэ пабачыць. А колькіх жыватоў палонных панішчана… Іх сюды, павязаных, па марозе цугам гналі. Тысячы навечна на дарозе засталіся. Уяўляеш: вязём мы на санях гарматы назад, а мёрзлыя нябожчыкі пад палоззем — шырх, ш-шырх! Дасюль тое ў вушах стаіць…

Абодва перажагналіся, і Сілуан абудзіўся:

— Хацеў у багамолле да Максіма Грэка падацца, у ягоны манастыр, ды даведаўся, што забраў Гасподзь душу ягоную праведную да сябе. Ты ж ведаеш, што некалі мы з ім у гэтую зямлю з малодшай князёўнай Зояй Палеалог прыехалі… Царства ім усім нябеснае.

Яны зноў перажагналіся, і Іаан устаў развітвацца. Паўторна, як і перад уваходам, пакланіўся іконам, падзякаваў гаспадару за клопат і пажадаў здароўя. Сілуан выбраўся праводзіць госця. Наспех накінуў каптан, пакруціў у руках белую мантыю з гарнастаевай апухай — але на плечы не ўздзеў, а грэбліва кінуў каля прыпека. І ўжо за дзвярыма, таямніча нахмурыўшы лоб, прашаптаў Іаану:

— Хрыстацярплівец Максім, адыходзячы, прасіў перадаць мне, каб апеку ўсклаў я на кнігу Евангелля ад Святога Яна. Некалі ў дарозе сюды яна ўратавала самога Грэка. А затым і ў агні не гарэла, і людзей лекавала, і цару падараваная была, і вочы яму адкрыла. У лісце, перададзеным праз надзейнага манаха, старац прасіў тую кнігу на выспу Патмас даставіць, куды святы апостал Ян быў высланы Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга і дзе прадыктаваў сваё Евангелле. «Ацямнілі кнігу цудадзейную грахі царскія, — пісаў манах Максім. — Хай высвеціцца яна наноў на месцы пакутаў і подзвігу складальніка свайго».

Падышлі да саней, абняліся-расцалаваліся. Сілуан уважліва паглядзеў на Грыня і дадаў:

— Дык як мне да той кнігі наблізіцца? Можа, у цябе як атрымаецца? — І ўжо мацней: — А формы я табе вылью. Будуць роўныя, не пераймайся…


І мінуў падрыхтоўчы час, і надышла пара маскоўскага друку слова Божага. Як і было замоўлена, рыхтавалі «Дзеі святых Апосталаў». Зранку адслужыўшы малебен, працавалі без перастанку да апоўдня, адціснуўшы і расклаўшы сушыцца на паліцы дванаццаць першых старонак. А потым на «дзейства» прыехаў паглядзець цар, якому Іван Віскаваты пасля полацкага паходу дакладваў пра справы друкарні ледзь не штодня.

Дзверы сполашна расчыніліся, у і без таго запоўнены працаўнікамі друкарскі пакой забегла некалькі служнікаў і ўзброеных шаблямі ды сякерамі стральцоў; марудзячы, увайшоў царскі ахоўнік Мацей, а за ім — і сам Іван. У доўгай акаймаванай мяккім футрам накідцы, якая хавала лёгкія скураныя боцікі і няўклюдную касалапасць, ён, здавалася, праплыў да варштата, узяў з яго некалькі свежаадціснутых старонак, схіліў набок галаву і ласкава агледзеў скамянелых друкароў; пазнаў Іаана і, ужо набліжаючыся да падрыхтаванага стальца, пальцам пазваў да сябе. Узяў яшчэ старонку з палічкі — і працягнуў Мацею:

— Чытай.

— Прашу дараваць, вашая царская вялікасць… — укленчыў агаломшаны ахоўнік. — Не навучаны гэтаму…

— Хм, — прымружыў вочы цар. — Думаеш, адно грошы, мячы ды гарматы царскую моцу множаць? — і, адарваўшыся ад Мацея, павярнуўся да Іаана: — І цяпер, дыякан, верыш у тое, што кніга вялікую сілу мае?

— Так, гасудар! — Іаан упэўнена схіліў перад царом галаву, на хвілю знерухомеў.

— Большую, чым грошы і зброя? — перапытаў цар.

— Ісцінна так, — паўтарыў друкар і, не адрываючы свайго пагляда ад царскіх вачэй, зіхоткіх, пачырванелых, дагаварыў: — І прыйдзе час, калі кніга заўладарыць па ўсім свеце Божым, бо праз слова Ягонае паклікана перамагчы і грошы, і мячы, і гарматы.

Цар задаволена хітнуў галавой і, забраўшы з рукі Мацея кніжную старонку, пакратаў яе пальцамі, агледзеў з абодвух бакоў, нават панюхаў — і працягнуў Іаану:

— Тады ты чытай!

— «Первое убо слово, — пачаў запеўна дыякан-друкар, — сътворихъ о всехъ, Феофиле. О нихъ же нача Іисус творити же и учити, до него же дне заповедавъ апостоломъ духомъ святымъ. Ихже избра, възнесеся предъ ними и постави себе жива постраданїи своемъ въ многихъ истинныхъ знаменїихъ»…

— А хто гэты Феофіл, да якога напачатку зварот ідзе? — перапыніў Іаана цар і, схіліўшы галаву ў пакрытай залачоным каменнем манаршай шапцы, утрапёна ўгледзеўся ў друкара.

— Як сведчаць вучоныя айцы царквы, — друкар перавёў погляд на іканастас і перажагнаўся, — Феофіл быў сінклітыкам і князем. Яго называлі ўладарным сярод правіцеляў. Сам апостал Павел звяртаўся да яго праз евангеліста Луку з Антыяхіі: «Прыйшло на думку і мне… паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле, каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння, у якім быў настаўлены»… — Іаан заўважыў, што цар слухаў яго нібыта зачараваны шкаляр — і працягнуў: — І кожны богалюбівы чалавек, якому непадуладныя страсці грахоўныя, ёсць высокашаноўны Феофіл, па-нашаму значыць Богалюбец, дастойны слухаць Святое Евангелле.

Цар устрапянуўся, хітнуў галавой, маўляў — добра, усхапіўся і рэзка падаўся да дзвярэй, там затрымаўся і зноў спытаў:

— А чаму ў цябе, дыякан, крыж на грудзях драўляны, а не жалезны ці срэбны, як у іншых царкоўнікаў?

— Дык крыж Хрыстоў аднолькавую моцу мае — ці залаты, ці драўляны. Урэшце, Госпада нашага на драўляным і распялі… — Іаан штось хацеў яшчэ дагаварыць, але цар перапыніў яго:

— Прыпомніў я падобны, драўляны… У Полацк яго па просьбе мітрапаліта Макарыя вярнуў. Дарэчы, іду цяпер прымаць полацкіх пасланцоў. Паглядзім, што там надумалі…

Як знячэўку цар са світай завіталі ў друкарскі пакой, так мільгам і зніклі. А друкары працягнулі сваю працу — ажно да глыбокага вечара, у святле слепаватых свечак ды светачаў Божага слова.


…У той жа позні вечар з маскоўскага Крамля выгналі пасольства Вялікага Княства. На перамовах баяры агучылі царскую ўмову: Рыга, Вільня і Кіеў павінны прызнаць ягоную волю. Ліцвіны ж запатрабавалі даць спакой не толькі Лівоніі-Інфляндыі, але і — вярнуць Смаленск, Бранск і Пскоў, якія ў часы вялікага Вітаўта былі залежнымі ад Княства.

— Гнаць шчанюкоў Жыгімонтаўскіх сабакамі маёй псарні дзесяць міляў ад Масквы! — Іван не мог стрымаць сваёй лютасці. Ён да хрусту сціскаў у кулакі доўгія пальцы і адзічэла крычаў: — Гнаць! Гнаць!!

Служкі доўга баяліся набліжацца да цара, а калі адпаілі-супакоілі яго хмельным узварам, пачулі ціхі шэпт:

— Загадваю быць паходу…


Ён пачаўся ў студзені новага 1564 года ад Раства Хрыстовага. У мінулую восень адышоў у вечнасць мітрапаліт Макарый, і штось трывожна-няпэўнае затаілася ў царскім сэрцы. Усімі фібрамі цялеснымі ён прадчуваў новую бяду — больш балючую і за смерць свайго апекуна ды заступніка Макарыя, і за нядаўнюю паразу Курбскага ў Лівоніі. Дваровыя чарнакніжнікі і варажэі раілі да наступнай восені не пачынаць аніводнай значнай справы, але цара не адгаварылі. Ён быў люта абражаны Літвой і, адчуваючы сваю ўшматкроць большую вайсковую сілу, загарэўся помстай.

Аднак у сэрцы знібела штось няпэўна-трывожнае, і цар вырашыў застацца ў сталіцы, а ваенную кампанію даручыў узначаліць полацкаму намесніку Шуйскаму і вопытнаму князю Пятру Сярэбранаму. Першы мусіў выступіць з заваяванага Полацка з палкамі ў дваццаць тысячаў, другі — са Смаленска, дзе збяруцца каля пяцідзесяці тысячаў ратнікаў. Войска павінна злучыцца пад Воршай і далей ісці на Менск, Наваградак і Вільню.

Абраза за мінулую паразу паліла сэрца і гетману Мікалаю Радзівілу. Ягоныя воі, загартаваныя не ў адной крывавай баталіі, ішлі за ім ці па смерць, ці па перамогу. У многіх з іх маскоўцы забралі-забілі ці родзічаў, ці знаёмцаў, ці, як мінімум, аднаверцаў.

Аднак сілы былі несувымерныя, і Мікалай Радзівіл, маючы ад выведкі дакладныя звескі аб колькасці і перасоўванні захопнікаў, вырашыў не даць зліцца іхнім дзвюм рэкам. З невялікім загонам у некалькі сотняў лепшых вершнікаў ён атакаваў авангард Шуйскага і пасля напружанай сечы адступіў. Апантаныя поспехам і жадаючы паланіць літоўскага гетмана, якога паспелі празваць Рудым, маскоўцы кінуліся ў пагоню, агаліўшы тым асноўную калону. На рацэ Вула каля Чашнікаў на яе і абрынулася лавіна Радзівілавага войска.

Напачатку на стральцоў, якія не паспелі вышыхціцца ў баявыя парадкі, наляцелі крылатыя гусары. Як нябесныя карныя анёлы яны зрываліся з супрацьлеглага берага і разразалі доўгую калону. Затым з засады загохкалі гарматы і ў бой уступілі пішчальшчыкі ды іншыя пехацінцы. Маскоўцы страцілі вайскаводца і адступалі ў вялікай паніцы, і выратаваліся толькі тыя, хто здаўся ў палон.

Але з-пад Смаленска выйшла яшчэ большае войска, і Мікалай Радзівіл не поўніўся пераможнай радасцю.

— Не гожа ліць кроў хрысціянскую! — сказаў ён сваім гетманам і тысячнікам. І тыя выштукавалі новую хітрасць: паслалі праз смаленскі шлях сваіх ганцоў — нібыта ў Вільню і Менск — з лістамі аб імгненнай перамозе над Шуйскім і рашэнні войска Радзівіла-Рудога неадкладна ісці на палкі князя Сярэбранага. Ганцоў паланялі маскоўцы і адбіралі ў іх гетманавыя эпісталы. «Асноўныя палкі Жыгімонтавыя хай таксама сустракаюць непрыяцеля пад Воршай, бо з войскам полацкага намесніка Шуйскага назаўсёдна пакончана», — загадвалася ў лістах, хоць пад ачолам Радзівіла больш не было ні асноўных палкоў, ні нават запасных. Аднак эпісталы зрабілі больш, чым гарматы і мячы: яны астудзілі баявы імпэт ворага. Князь Сярэбраны ўжо не меў з кім з’ядноўвацца пад Воршай і, каб захаваць свае сілы ды не агаляць заходнія межы, надумаў да новай выправы вяртацца назад. А тут — начная атака, гарматы, коннікі з агнявымі пікамі ды крыламі-вятрыгамі за спіной… Наспех мацуючы абарону, палкі маскоўцаў, кінуўшы ў паніцы абозы, адступілі ў Смаленск.


Вільня вітала пераможцаў ды іхняга вайскаводцу Мікалая Радзівіла, які праз тры дні ўехаў у Вострую Браму на белым кані князя Шуйскага, зняў аброць — і кінуў пад ногі гараджанаў.

Масква ж сустрэла горкую вестку аб паразе сваіх палкоў. Цар у той вячэрні час баляваў з набліжанымі баярамі ў трапезнай. Ганца выслухаў спакойна, нават і брывом не павёў — толькі твар збялеў. Выпіў «Петэрсімоны», абышоў укруга стол і наліў з вялікага гляка кожнаму, паламаў хлеб і расклаў на срэбную місу, доўга глядзеў на яе, а потым, дзіўнавата ўсміхнуўшыся, аднатонна загаварыў:

— Аддаюць юды цела маё на закланне. Здрада скрозь сцены точыцца. А таму, друзі мае нямногія пакліканыя, піце кроў маю, ешце цела маё, — ён паказаў рукой на віно і хлеб. — І хай збудзецца, што наканавана…

Прысутныя маўчалі, а ў грудзях Івана пачынала разгарацца ярасць. Ён памкнуўся прытушыць яе, захадзіў, хітаючы галавой, уздоўж сцяны, але вока выхапіла бляск дзіды ў руках аднаго з вартавых-стражнікаў — і цар з хвілю заварожана гладзіў прахалоднае вастрыё, а потым вырваў дзіду, узняў над сталом і прашаптаў:

— А пакуль нашая кроў на галгофу пацячэ, паглядзім, якога колеру яна ў нашых супастатаў! Усе на паляванне!!!

Вячэрняя сходня ўскочыла і прыспешыла за царом — праз тронную залу, каланадны калідор да ўваходу ў лёхі, у сутарэннях якіх ужо год гнілі дзясяткі літоўскіх вязняў.

— Рэж адступнікаў! — закрычаў цар і ўвагнаў дзіду ў нечае амаль нерухомае цела. Зіркнуў на памагатых, скрывіўся: — Чуеце, які ванючы злыдух з іх выходзіць?!

Пакуль баяры дабівалі палонных, цар праз іржавыя крáты глядзеў у напоўненыя лютым жахам вочы чарговай ахвяры. Пакруціў дзіду, пагладзіў і гэхнуў у вязня. Але нечакана той — колішні полацкі разбяр — хітнуўся ўбок і перахапіў дзіду. Нябога настолькі схуднеў, што некалі цесныя вяроўчыны лёгка спаўзлі з ягоных рук — касцей, абцягнутых скурай. Апошняй сілы яшчэ хапіла, каб накіраваць вастрыё ў цара, але неадступны Мацей выскачыў наперад — і дзіда прабіла яму даланю і ўвайшла ў сэрца.

Разбяра пасеклі на кавалкі і крыху супакоіліся.

— А цяпер — наверх! Вып’ем за будучыя перамогі ды аплачам друга нашага! — дрыготка мовіў цар і, пацалаваўшы яшчэ цёплы лоб Мацея, паценяваў да сходаў.

Загрузка...