VIII

Няма горшага пакарання, як бачыць гібель зробленага табой. Бачыць, як за некалькі гадоў прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы і нервы.

Яшчэ аб тым не здагадваліся нават хцівыя баяры, не гаворачы аб войску ды служывых, яшчэ дзяржаўнымі клопатамі штодня напаўнялася тронная зала палаца ў Аляксандраўскай слабадзе, па-ранейшаму грозна на каменныя калоны абапіраліся цяжкія столевыя зводы, яшчэ раскоша паўзла па аграмадных дыванах ад нізкіх уваходных дзвярэй (і кожны зáйшла, якога б роду-племені ні быў, мусіў у іх кланяцца), яшчэ ўладарна ўтрымлівалі белы трон фантасмагарычныя фігуры антычных звяроў, і з левага боку — як у прымальні рымскага Папы, rex’а sokrarum’а, годна ўзвышаўся вобраз Багародзіцы, а злева — вобраз Збаўцы, і яшчэ не астыла храмнае ўражанне, якое надавалі вымаляваныя на сценах біблейскія сюжэты, яшчэ перапаўняліся адданасцю маладыя целаахоўнікі ў белых аксамітных накідках з вернымі сякерамі на плячах, і па-ранейшаму падчас ягонага з’яўлення ў доўгім далмаціку з ціярай на галаве і дзяржаўным посахам прысутных (ні то ваяроў, ні то манахаў у высокіх белых шапках з залатымі ланцугамі на грудзях) апаноўвала рабскае маўчанне, — а ён, валадар у самай сіле і вопыце, ён ужо прадчуваў, што ўсяму гэтаму надыходзіць канец.

І першымі аб тым абвесцілі — як страшныя вершнікі Апакаліпсіса — татарскія гізалы, якія ў адзін дзень захапілі і спалілі Маскву, пакінуўшы некранутым адзін Крэмль. Іван мусіў хавацца ў сваёй слабадзе, пакуль праваслаўная кроў лілася на вуліцах ахопленай агнём сталіцы, а мітрапаліт з духавенствам чакалі смерці, зачыніўшыся ва Успенскім саборы.

Сцены Аляксандраўскай слабады былі замалымі, і цар са сваімі апрычнікамі-баярамі перабраліся ў Ноўгарад, нядаўна люта разрабаваны імі. Там летам 1571 года скамянеламу Івану зачыталі ханскае пасланне: «Я разрабаваў зямлю тваю і спаліў сталіцу. Ты ж не прыйшоў абараняць людзей сваіх. А яшчэ хвалішся, што цар маскоўскі! Знай: я не хачу багаццяў і земляў тваіх. Я, каторы бачыў дарогі дзяржавы тваёй, забяру назад Казань і Астрахань…».

Не пасаладзіла царскай роспачы нават вестка пра смерць ненавіснага Жыгімонта, — толькі наноў распаліла ягоныя думы аб каралеўскай сястрыцы. І загадае Іван прывезці да яго ў Ноўгарад шведскіх паслоў ды зноў загаворыць з імі аб Кацярыне.

Агаломшаныя нашчадкі вікінгаў нагадаюць, што Кацярына цяпер — іхняя каралева, а шведскае войска пад ачолам караля Юхана цісне маскоўскае ў Фінляндыі, аднак Іван будзе рабіць шчыры выгляд, што не чуў аб тым і што, наогул, усё тое вар’яцкія нагаворы. А назаўтра загадае перадаць каралю Юхану наступную эпісталу: «Скажы нам, хто быў твой бацька і як звалі дзеда твайго?! Ці былі яны каралямі? Нам жа брат — рымскі імператар! Твой бацька Густаў чый быў сын? Хіба не бывала ў ягонае кіраванне, што нашыя купцы прыйдуць у ягоную краіну з салам і воскам, а ён надзене рукавіцы і пойдзе да самага Выбарга мацаць тавары ды таргавацца?.. А Кацярыну ў цябе адбіраць я не збіраўся, і быў упэўнены, што муж яе мёртвы, і хацеў вызваліць яе ды перадаць брату Жыгімонту, каб абмяняць на Лівонію…».

Пасля ад’езду шведскіх паслоў цар загадаў прывезці сялянскіх дзевак, якіх распрануў дагала і прымусіў лавіць курэй, гарэзна палохаючы:

— А тую, якая не здолее, будзе лавіць ужо наш мядзведзь!

Затым цар служыў усяночную і, стомлены ды супакоены, адправіўся ў апачывальню, дзе тры сляпыя старцы па чарзе ўсыплялі яго доўгімі казкамі.

Але сон не браў ягоны ўзбуджаны і распалены мозг, і зноў з зацемненага лампаднага вугла на поўным галопе на яго выляталі чырвоныя коні, таўклі капытамі падлогу і халодны ложак, трушчылі ягонае цела і знікалі ў супрацьлеглай сцяне — каб праз хвілю пякельнага круга з’явіцца наноў. На самым вогненным і ліхім скакуне сядзела голая Кацярына і па-заліхвацку наравіла кінуць на Івана ні то аброць, ні то пятлю. Ён і сам мерыўся скочыць да яе на цёплы конскі азадак, але ногі абломваліся, а за ложкам адкрывалася чорная яма…

Лекар прыносіў Івану супакойны адвар, і коні больш не вярталіся, а падлога ў апачывальні выроўнівалася.

— Я цар-ігумен, і мне не належыць жонку мець… — гучна ўгаворваў сябе ў снах Іван. — Я з усёй дзяржавай заручоны…

Кацярына рабілася ягоным сімвалам недасяжнасці і пакуты. Ва ўсіх сваіх жанчынах, пачынаючы ад другой жонкі Марыі, ён бачыў яе — непадатлівую Ягелонку, і шукаў тую ў сваіх каханках, і помсціў за яе, не знайшоўшы, любіў — і ўадначас караў за свае крыўды. Марфу Сабакіну знайшлі мёртвай праз некалькі дзён пасля разгульнага вяселля. Ганну Калтоўскую загадаў адвезці ў манастыр. Марыю Даўгарукую выгнаў з апачывальні пасля першай шлюбнай начы — яе ў санях укінулі ў рэчку. І зажыў з дзвюма — Ганнай Васільчыкавай ды Васілісай Мяленцевай, якіх прывёз аднекуль Малюта Скуратаў і якія люта ўзненавідзелі адна адну, чым, напачатку павесяліўшы гаспадара, прыспешылі свае канчыны…

«Пасля іх я падару табе, валадар, і цнатліўку Літву, і ганарліўку Польшчу», — згадаліся словы Скуратава, якім так і не наканавана было збыцца: верны пёс Малюта склаў сваю галаву ў Лівоніі. У адказ Іван загадаў спаліць жывымі ўсіх палонных — лівонцаў, немцаў, шведаў, і зноў задумаўся над абяцаннем слугі-нябожчыка.

Пасля Люблінскай уніі Літва з Польшчай склалі адну дзяржаву — Рэч Паспалітую, і ейны трон-ложак пасля Жыгімонтавай смерці быў вольным.

— Ліс не пакінуў нáшчадзі і не дамогся маёй смерці, — разважаў Іван. — А таму ці не зрабіць мне жонку яго, дзяржаву яго, сваёй наложніцай?

Усё часцей заходнія віжы ды пасланцы даносілі яму: Польшча з Літвой разглядаюць магчымасць запрасіць да сябе каралём маскоўскага цара. Найперш шапталіся аб тым простыя рамеснікі ды дробная шляхта, даводзячы:

— Прыеліся нам змены ды неразбярыхі. Хай прыйдзе цар-бацюхна ды разбярэцца. Парадак навядзе сваёй строгай рукой…

І новая мара апанавала Івана: адыходзяць Лівонія і Казань — а я збяру землі славянскія, і ад моцы такой дзяржавы аслепнуць ворагі!

У Маскву прыехаў упаўнаважаны польска-літоўскай дзяржавы Варапай і, паведаміўшы пра смерць свайго караля, сказаў аб прапанове сенатараў шукаць ягонага наступніка ў суседніх землях.

— Многія жадалі б бачыць на тым месцы маскоўскага царэвіча, — загадкава падагульніў ён.

А Іван нібыта ўжо быў да таго падрыхтаваны — спакойна прыгладзіў сухенькую бараду, узняў свой востры нос і, пад руку правёўшы даўганогага Варапая ў трапезную, дзе наладжвалася найбагацейшая пачостка, загаварыў задаволена, ласкавым шэптам:

— А што… Некалі яшчэ бацька мой выступаў прэтэндэнтам на польскі сталец. Ведаю, што ў Польшчы і Літве пра мяне распускаюць чуткі як аб чалавеку злым і жорсткім. Але на каго я злы? Супраць здрадаў баярскіх, якіх у тваёй дзяржаве няма, злы, а таму я буду абыходзіцца з вашымі людзьмі інакш. І не толькі захаваю там старыя прывілеі, але і новыя дам. Для добрых людзей — і я добры! Ім гатоў апошнюю адзежу аддаць, — і цар нечакана пачаў расшпільваць расшытую золатам далмаціку, каб накінуць яе на госця.

Варапай, спалохаўшыся, далікатна затрымаў ягоную руку і ніякавата ўдакладніў:

— Наш сенат разаслаў такіх людзей, як я, у некалькі краінаў. І кандыдатаў будуць выбіраць прынародна — сенатары і дэлегаты… Мне ж даручана было разведаць пра магчымасці маскоўскіх царэвічаў — Фёдара ці Івана.

Аднак цар нібыта не зразумеў:

— Так, я маю двух сыноў, і яны для мяне — як вочы. Навошта ж вы хочаце зрабіць мяне сляпым? Ды і ўявіце, якая хрысціянская дзяржава створыцца — як Рым з Канстанцінопалем, як новы Іерусалім! — і ягоныя вочы апантана загарэліся пад парадзелымі брывамі. — А калі мяне абяруць польскім гасударом, я гатоў падарыць Полацак.

Варапай мусіў тэрмінова адкланяцца і ад’ехаць, каб перадаць пачутае ў Кракаў. А праз месяц у Маскву вярнуўся пасол Вялікага Княства Міхаіл Галабурда — і перадаў цару новыя ўмовы: зварот не толькі Полацка, але і Смаленска, а таксама прыняцце царом каталіцкай веры. Калі гэта абгаворваецца, цару неадкладна належыць выслаць у Варшаву сваіх давераных асобаў у складзе новага маскоўскага пасольства, каб мець сустрэчы з сенатарамі і выбарцамі ды папулярызаваць свайго патрона.

— Што?! Я цябе правільна зразумеў? — грозна зіркнуў на пасла Іван. — Я павінен яшчэ некаму нешта даказваць? Калі Рэч Паспалітая хоча сабе каралём маскоўскага цара — а я перакананы, што большасць народу хоча таго, — хай ідзе і чалом б’е! Я ж — не бедны жаніх на выданні! — ён хацеў яшчэ сказаць штось узнёслае і ўрачыстае, але нечакана ў галаве бліснула Кацярына, і загарэлася крыўда на яе з нябожчыкам-братам Жыгімонтам, і гнеў на ўсіх езуітаў-каталікоў. — У свеце няма гасудароў, якія б маглі пахваліцца сваім манаршым родам у два стагоддзі. А я — нашчадак рымскіх кесараў! А таму выпрошваць лаўры ў свой вянок не збіраюся, як некаторыя немцы ці французы, і вазьму, што належыць, сам. І каранаваць мяне будзе наш мітрапаліт, — цар з недаверам агледзеў Галабурду і, хоць вопытны ў дыпламатыі прыгожы твар тога не люстраваў аніводнага пачуцця, накінуўся з прыдзіркамі: — А што ты ўсміхаешся? Што такі задаволены? Разумней усіх?! Думаеш, не ведаю, як ты, у Маскве жывучы, лісты ад Жыгімонта ворагам маім перадаваў ды да здрады іх падштурхоўваў? І атрутай юдаў-курбскіх цешыўся? Можа, і друкароў маіх нагаварыў уцячы? Чуў, яны там цяпер Хадкевічам ды Радзівілам прыгрэтыя. У людвісарнях1 варожых гарматы пачалі ліць… — і цар замоўк.

Галабурдзе гаварыць не было чаго. Пасольства пачало развітвацца, а Іван, ужо лагодна хітаючы галавой, давяршаў свой маналог:

— Анікому нельга верыць: ні другу, ні жанчыне, ні дзяржаве.


…Няма горшага пакарання на гэтым свеце, як бачыць гібель зробленага табой і нязбытнасць задуманага. Бачыць, як прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, на што спаліліся ўсе сілы ды нервы. І спадзяванні…

У снежні 1575 года каралём Рэчы Паспалітай быў абраны невядомы ў Масковіі Батура, і наноў абражаны і разгневаны Іван вырашыў напачатку адпомсціць шведам ды іхняму Юхану. Цар сам ачоліў паход на занятыя шведамі эстонскія землі, асадзіў важны стратэгічны горад Пернау, які некалі заняў Жыгімонт, і захапіў Леаль, Лодэ, Фікель, Гапсаль, спустошыў Эзэль. І крыху супакоіўся.

Аднак пасля шасцімесячнай асады Рэвеля перад шведамі адступіла войска Шарамецьева, а сам князь загінуў. Спешна сабраўшы пад Ноўгарадам новае войска, Іван зноў павёў яго ў паход — але ўжо не на Рэвель, а на польскія ды літоўскія землі Лівоніі. Помсцячы за свае абразы, ён загадваў ярасна караць палонных: выколваць вочы, секчы і паліць.

Пад нечаканай навалай не ўстаялі некалькі гарадоў-цвержаў — і пачалі даходзіць звесткі аб тым, што супраць маскоўцаў збіраецца вялікае войска Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства пад ачолам самога караля Батуры, — але Іван яшчэ не мог супакоіцца. Пакінуўшы полк стральцоў рабаваць Амерадэн, ён з тысячай сваіх апрычнікаў падаўся ў Вендэн і заняў горад. Гарнізон цвержы не захацеў здацца і ўзарваў сябе. І тады Іван загадаў пасадзіць на кол аднаго з самых тытулаваных палонных немца Віка. Усміхнуўся, пачуўшы ягоныя стогны, — і падаўся ў Дэрпт, дзе сустрэўся з палком стральцоў, прысутнічаў пры пакаранні жонкі і дзяцей уцекача Курбскага, пасля чаго з’ехаў у Маскву.

Але і дома не мог суняцца. Пасля доўгага застолля сярод начы прывёў ён конны атрад апрычнікаў у Нямецкую слабаду, і сыны Іван з Фёдарам былі з ім. З дамоў пачалі выцягваць і гвалціць сонных дзевак, а тых, хто крычаў ды непакорыўся — забівалі на месцы. Багатыя іншаземцы прапаноўвалі выкуп — грошы ў іх бралі, але ўсё роўна білі. Калі ж небаракі пачыналі маліцца — ім адразалі «ерэтычныя» языкі. Трупы складвалі ў крушні і палілі. Малодшы царэвіч, не вытрымаўшы крывавага відовішча, уцёк — і толькі тады бацька загадаў вяртацца ў Крэмль.

І ўжо адтуль глядзеў, як прахам ідуць жыццёвыя патугі, як знікае тое, што куплялася цаной дзясяткаў тысячаў жыццяў, як развальваецца сабранае ягонай царскай рукой…

Глядзеў на асаджаны каралём Батурам Полацак, як дагэтуль — на вайсковыя зборы заходняй суседкі, — і не мог вызваліцца ад халаджава-атрутнага прадчування ліхой наканаванасці. І ратунку ад яе — не знаходзіў.

А Батура, колішні трансільванскі князь, трывожна думалася Івану, гэты мадзярскі самазванец і выскачка, гэты каранасты недаростак, гэты недароблены рыцар з нізкім ілбом і вялікімі скуламі глыбока ўсоўвае свой доўгі нос у ягоную адваяваную вотчыну. І адкуль на тое столькі сілаў ды казны знайшоў? Яго войска, як паведамлялі віжы, налічвала больш 20 тысячаў — і ўсе добра ўзброеныя шаблямі, сякерамі, дзідамі і мушкетамі. І не толькі палякі ды літоўцы, але й тысячы немцаў ды ягоных аднакроўнікаў вугорцаў ішлі пад сцягамі «Арла» ды «Пагоні». І сотні гарматаў паспеў выліць, і аграмадны перасоўны мост на чоўнах умудрыўся скласці, па якім летам праз Дзвіну як па тоўстым лёдзе перайшоў…

Моцна балела галава, не хапала паветра, а чорныя думкі не адступалі ад Івана. «Не толькі ворагі ўнутраныя дзяржавы маёй, якіх апрычнінай выпальваў, гібелі мне жадаюць. Паўсталі і зверы знешнія — як зграі д’яблавыя па ўсёй зямлі — ад татарскага ханства да каралёў нямецкіх, французскіх ды імператара Максіміліяна. Ці не яны Батуру на мяне і выправілі? І ці не яны грошай на тое не пашкадавалі?1 Як бяльмо ім усім царства нашае, як пакута — поспехі нашыя. Аскаліліся, як некалі на царства Канстанцінава Візантыю. Няславяць мяне па ўсім свеце…» — Іван яшчэ раз паглядзеў на дасланыя яму адціснутыя ў Батуравай паходнай друкарні на польскай, рускай, маскоўскай, нямецкай і вугорскай мовах кніжыцы, у якіх, як даклалі яму, апраўдваўся паход на Масковію ды распавядалася пра лютага цара-крыважэра…

— Ці не наш беглы дыякан-друкар Іаан Батуру гэтыя старонкі ціснуць пасабляе? — цар нахмурыў лоб і агледзеў прысутных баяраў.

— Кажуць, што так… А яшчэ ён ліцвінам прыдумаў новыя гарматы-марціры. Шматствольныя, што пад Полацкам білі!.. Трэба было самога дабіць, сабаку! — у розныя галасы прагучала ў адказ.


Напрыканцы жніўня 1579 года Полацак перастаў быць маскоўскім. Войска пад ачолам Батуры заняло Сокал і бліжэйшыя да яго цвержы, князь Канстанцін Астрожскі дайшоў з вернымі яму палкамі па Северскай зямлі да Старадуба, аршанскі стараста Кміта зваяваў Смаленшчыну — а Іван са сваім неслухмяным бедным войскам, пазбаўленым у апальныя гады таленавітых ваяводаў, не меў сілаў на супраціў.

Цар — збег. Спачатку ў Ноўгарад, затым у Пскоў. І паслаў літоўскаму канцлеру Валовічу і ваяводу Радзівілу лісты аб тым, што адмовіўся ад абароны Полацка, каб не ліць марна братнюю кроў. «Веру, што ў свой чарод і вы зробіце ўсё, каб на нашых хрысціянскіх землях аднавіўся мір», — далікатна намякаў Іван. І люцеў да эпілептычнага прыпадку, дачуўшыся, што за ўзяцце Полацка рымскі Папа выслаў Батуру асвечаныя на Каляднай месе меч і дзіду, і той бязродны кароль зноў сеў на каня і выступіў на Вялікія Лукі…

Іван мусіў паслаць Батуру ў Вільню мірную эпісталу, у якой назваў караля братам. За мір прапаноўвалася ўся Лівонія, і, калі трэба, Іван пагаджаўся нават адмовіцца ад свайго тытулу, паколькі, як завяршаўся ліст, ён — гасудар не з учарашняга дня, а Богам памазаны цар — вышэй дзяржавы.

Але Батура расчытаў Іванава яхідства — і запатрабаваў у Масковіі разам з Лівоніяй Ноўгарад з Псковам і Смаленскам. І, атрымаўшы ад Івана адказ з абразамі, накіраваўся ў Полацак — рыхтаваць новую кампанію. А каб не прайграць вайны слоўнай, каралеўская канцылярыя падрыхтавала Івану адказ на сарака друкаваных старонках, які стаў вядомым у многіх еўрапейскіх дварах. «…Нагадваем табе, хто паўсюдна хваліцца сваім Божым абранствам ды радством з рымскімі імператарамі, што маці твая была дачкой простага літоўскага здрадніка, а продкі твае злізвалі малако з хвастоў татарскіх кабылаў. Кроў жа сваю ты назаўсёдна спаскудзіў у паганых оргіях… І кура ратуе куранят сваіх, а ты, арол двухгаловы, баязліва хаваешся!».

А што яму, загнанаму ў пастку паміж захадам і поўднем, было рабіць, — з пустой казной і без адзінага саюзніка? Выправіў усе палкі на абарону Пскова, а сам з некалькімі сотнямі верных апрычнікаў схаваўся ў п’янках ды разгулах. І вымольваў хоць часовае перамір’е. І скрыгатаў зубамі, калі віцебскі ваявода захапіў ягоную цвержу паміж Смаленскам і Лукамі — ды загадваў лепш аддаць усю вобласць, а не пярэчыць ворагу.

І ўсімі сваімі жыламі ды венамі адчуваў, што няма чалавеку на зямлі горшай кары, як перажыць узлёт свой паднебны ды зведаць гібель зробленага і задуманага! Сусед-кароль, аб існаванні якога ён, цар і ўладар вялікай зямной прасторы, яшчэ некалькі гадоў назад і не здагадваўся, здольны адабраць у яго не толькі здабытае, але і задуманае: Батура хоча даказаць, што шлях з Канстанцінопаля ў Маскву ішоў праз Кіеў і Полацак і што трэцім Рымам, як і новым Канстанцінопалем, з’яўляецца ягоная, а не Маскоўская, дзяржава!

Івана нішчылі і звонку, і знутры, і страшныя прадчуванні ўжо не пакідалі царскую галаву. Ён разаслаў па ўсіх манастырах граматы з просьбай памаліцца за свае грахі — і сам зажадаў манашскага пострыгу.

Цар скрывіўся — і стаў меншы ростам. Некалі шырокія грудзі яго ссохлі і выяўлялі цяжкае дыханне пакутніка. Нос завастрыўся і выгнуўся, а вочы заглыбіліся пад высахлыя скулы.

Ён ужо не брыў галаву, і на вушы ападалі тонкія сівавата-рудыя пасмы — ды зліваліся з камечанай барадой.

Цела ягонае распухла і пакрылася незагойнымі раскелінамі. Ногі не трымалі, і цара вымушаны былі насіць.

Падобная слабасць здаралася яшчэ некалькі гадоў таму, але траўнік Бамелій знімаў яе нейкім белым прысакам. Цяпер ён сам — прысак, бо быў абвінавачаны ў крамольных сувязях з Батурам і спалены. Новыя ж лекары анічым дапамагчы не маглі. Ды і не давяраў ім цар, еў і піў толькі з рук новага прыбліжэнца Бельскага, апрабаванага яшчэ апрычнінай. Гэты кучаравы недачасна памажнелы дзяцюк з нярвовай чырванню на шчоках і пульхна-вільготнымі вуснамі ў апошнія месяцы быў з царом неадлучна…


Перад сном Іван захацеў наведаць скарбніцу, доўга разглядаў каштоўныя камяні й падарункі, распавядаў, хто і калі іх перадаў ці прыслаў.

— Гэты алмаз — найбольшы ў свеце. Ён суцішае гнеў і дапамагае чалавеку саўладаць з сабой. Але я не дакранаўся да яго… Цяпер толькі… — цар пакруціў камень перад агнём свяцільні і паклаў назад у шкатулу. — А вось гэты скіпетр са слановага біўня, які завецца Адзінарог, адшкадаваў мне некалі імператар Максіміліян. Паслы казалі, што ён лякуе ад цяжкіх хваробаў, нават мор адганяе.

— Дык, можа, гасудар загадае яго ў апачывальню перанесці? — далікатна прапанаваў Бельскі, і ў ягоных вытарачаных — як у рака — вачах бліснула надзея.

— Позна… — цар аблізнуў губы і цяжка ўздыхнуў. — Завуць бацькі да сябе. Ды і Бацька нябесны пытанні рыхтуе… Памятаеш? — ён узняў доўгую галаву і прашаптаў: — «Разышлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў: „Не памрэ“, а толькі: „Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе да таго?“… Ёсць яшчэ шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але каб усё запісаць падрабязна, дык, думаю, не змясціў бы ўвесь свет кніг, якія б меліся быць напісаны»1, — і раптам цар ажыў, наструніўся і, зрываючы да хрыпаты голас, закрычаў: — Дзе кніга?! Кніга дзе?!! Па якой я перад Макарыем чытаў, якая ў Адашаву смуту ў мяне пад галавой ляжала?

Бельскі неўразумела лыпаў чырвонымі вачыма, а цар ажно задыхаўся:

— Дзе, пытаю, кніга?.. Евангелле ад Іаана… рукапіснае… з Візантыі мне прывезенае… дзе?!.

Яму стала млосна, ліхаманкава задрыжэлі рукі і галава, у вачах пацямнела.

— Худа мне… Худа… Нясіце адсюль… Другім разам дагледзім…

Назаўтра, 18 сакавіка 1584 года, цар адчуў сябе лепш. Уся дворня, архіўнікі і пісчы загад сполашна шукалі візантыйскі манускрыпт, а Іван першы раз за тыдзень паеў і загадаў нагрэць лазню. Пазваў сына Фёдара і доўга наказваў, як належыць кіраваць дзяржавай і народам: дабрачынна, з любоўю і мілатой, пазбягаць вайны з хрысціянамі, памяншаць падаткі-цягла, вызваляць з турмаў палонных ды вязняў. Хворы на галаву Фёдар уважліва слухаў і, задаволена ківаючыся, усміхаўся…

Пасля лазні цар узлёг каля невысокага шахматнага століка і пачаў расстаўляць фігуры: караля, каралеўну, пешкі… Паслабелая рука ўзняла каня — і знерухомела.

«І вось конь сіні, і на ім вершнік, імя якому смерць», — ці прашаптаў, ці падумаў Іван — і праваліўся ў чорны квадрат шахматнай дошкі…

Загрузка...