3

Пасля выступлення ва ўніверсітэце ён загадаў ехаць у загароднюю рэзідэнцыю Вараніха. Пачуваўся незадаволеным і стомленым. Да ўсяго напала нейкая гідкая трывога, няўтульнасць…

Сустрэча аказалася непадрыхтаванай, не хочацца думаць — правакацыйнай. Ну некалі ж і ён быў студэнтам, і таксама — не мядовым. Але каб так… І адкуль у іх столькі бравады, палітыканства, ліхасці нават? Дзяржава ім стыпендыі, інтэрнаты, а ў адказ?

Адказваць, зрэшты, сёння мусіў ён, а студэнты пыталі. Напачатку пра будзённае, асабістае, тое, напэўна, што куратары падрыхтавалі. А потым і паехала: чаму прэзідэнт не выканаў сваіх абяцанняў у тым і тым, дзе справы па казнакрадах ды карупцыянерах? Чаму год таму на стыпендыю яны маглі дваццаць разоў паабедаць у сталоўцы, а цяпер і на пяць не хапае? І гэтак далей! Усё роўна як не ў дзяржаўным універсітэце пабыў, а на сходцы апазіцыйнай партыі! «Дарэмна паслухаў Зайца, — падумаў прэзідэнт, — хай бы б сам і круціўся на той сустрэчы! Ды і рэктар — той яшчэ фрукт! І не выганіш жа адразу»…

Ён незадаволена ўздыхнуў і зірнуў у зацемненае шкло. Будынак банка, прыпынак, гадзіннік перад уваходам у метро…

— А што гэта столькі людзей на вуліцы? — неўразумела прагаварыў нібыта сам сабе, а памочнік Жакей ужо дастаў свой сотавік і пачаў выведваць. (Калі б памочнік не меў такога прозвішча, яго б трэба было прыдумаць. Яно служыла і пашпартнай пазнакай, і мянушкай. Прычым — з падвойным сэнсам. Жакей — ён і нястомны «вершнік», паразітам з вуснаў якога не сходзіла «галопампаяўропам», ён — да ўсяго — і ненасытны каваман. Аніхто не мог даўмецца: як у яго ўлазіць столькі кавы? Думалі, што той напой ужо і ў ягоных венах. А любімым гатункам была, натуральна, кава «Жакей»…) — «Маладзец, на ляту ловіць…», — прамільгнула задаволенае, і ўадначас згадка, якую прэзідэнт аніяк не мог дасюль выспеліць, патлумачыла нядаўнюю трывогу. Так, гэтая дзеўчынёха, што цыдулкі з пытаннямі перадавала! Чарнявая, даўганогая, з пульхнымі вуснамі ды ямінкамі на шчоках… Рыхтык як яго колішняя студэнцкая стрэмка Томка! Трэба ж…

Паспрабаваў падумаць пра штосьці іншае, зноў зірнуў за шкло, — машына праімчала па запоўненым гараджанамі праспекце, звярнула да кальцавой, — а ўспаміны неадступнай залевай хлынулі на яго.

Томка-Томка… Дзе ты, што ты?

Яны раззнаёміліся восенню «на бульбе» і пасля трох курсаў вучобы думалі распісацца. Томка хварэла ім, была нібыта зачараванай, штодня выштукоўвала нейкія прысмакі-вячэры. Хм, маладосць… Ён жа, кідкі чарнявы высачун, за спіной якога была служба ў войску, які не раз і біўся за яе на інтэрнатаўскіх танцах, урэшце выбраў напрыканцы вучобы не адданую стромкую Томку з далёкай лясной вёскі, а паўнаватую дачку міністра архітэктуры і будаўніцтва… І прапіску атрымаў, і з працай склалася, і кватэру, калі дачка нарадзілася, займеў… А вяселле якое тады цесць адбарабаніў: у рэстарацыі на беразе рэчкі, з аркестрам і ці не сотняй запрошаных! Праўда, запрошаных з боку нявесты, бо з яго, жаніха, боку былі толькі сведка — аднакурснік Уладзя Ролікаў (стаў кандыдатам гістарычных навук, а цяпер ссучыўся і ўзначальвае апазіцыйную Народную лігу) ды сват — кіраўнік дыпломнай прафесар Мікалай Заяц… Бацька на той час ужо дзесяць гадоў быў у зямлі, а маці-вяскоўка непрасыпна піла. Ну як такую за пашанотны стол?..

Так вось і пайшло. З аспірантурай, як ні стараўся Заяц (у якога сваіх дзяцей не было і які ці не сына ў ім бачыў), не склалася, ехаць па размеркаванні «за далёкія горы» не дазволіў цесць — і прыстроіў парторгам ва ўніверсітэцкі Інстытут прамысловасці і сельскай гаспадаркі. А калі партыя развалілася, ён ужо сам пра сябе парупіўся: з інстытуцкага парторга стаў дырэктарам — і на ўсё наваколле праславіўся гаспадарнікам. Ды і як было не праславіцца? Інстытут эксперыментальны, сотні лабараторый і прадпрыемстваў на яго працавалі. І з дзяржбюджэту падтрымліваўся. Заставалася толькі за дысцыплінай сачыць ды вышэйшае старое начальства не падводзіць. Лазня добрая з’явілася, у якой патрэбныя людзі адпачывалі… Ну і свінінкі, памідораў-агурочкаў нікому не шкадаваў, калі на магазінных прылаўках апусцела. І пайшоў далей, абраўся ад сваёй акругі народным дэпутатам…

А Томка… Аніразу пра яе не пацікавіўся — як адрэзаў ад свайго лёсу. І вось ледзь не яе дакладную копію сустрэў. І — зноў ва ўніверы!

Ён абудзіўся, нярвова пастукаў далоньмі па скураным падлакотніку і хацеў было звярнуцца да памочніка, але той адвёў ад вуха слухаўку і залепятаў:

— Іван Уладзіміравіч, гэта забастоўка. Метрапалітэн стаў, а машыністы патрабуюць павышэння заробкаў. Вось народу на наземных прыпынках і сабралася…

Прэзідэнт неўразумела ўтаропіўся ў памочніка, а той чакаў новага пытання і, лыпаючы вачыма, дадаў:

— Я з мэрам звязаўся, а затым пазваніў Керзан і пацвердзіў. У яго сабралася нарада з міністраў-сілавікоў. Хоча Вам асабіста далажыць і ўдакладніць магчымыя дзеянні…

Картэж з трох аграмадзінаў-джыпаў, дзвюх машынаў спецупраўлення ДАІ «Маланка» ды браніраванага «Мэрсэдэса» пад нумарам 1 ужо нёсся па прыгарадзе, за акном — рэдкія «хрушчоўкі»-трохпавярховікі ды чэрвеньская зеляніна, ад якой было цяжка адарвацца, як, зрэшты, і ад нечаканых успамінаў, а тут: далажыць, удакладніць!

Сваю незадаволенасць прэзідэнт і выказаў у слухаўку старшыні Службы дзяржаўнай бяспекі:

— Віктар, якая на хрэн забастоўка?! Які метрапалітэн?!!

— Іван Уладзіміравіч, сітуацыя неадназначная… Машыністы раніцай адмовіліся выходзіць на лінію. Народ мусіць ціснуцца па аўтобусах і тралейбусах. Мы вывелі максімальную колькасць парка, але ён не спраўляецца. На прыпынках чэргі і азлобленасць. Даём інфармацыю, што ў метро збой на электралініі. Адначасова адпрацоўваем службы метрапалітэна, — нарэшце ў дакладзе з’явілася кароткая паўза; Керзан глыбока ўздыхнуў і завяршыў: — Машыністаў падтрымаў прафсаюз чыгуначнікаў. Натоўп незадаволеных колькасцю да тысячы мітынгуе на плошчы і, па апошніх данясеннях, збіраецца ісці да Дома ўрада…

— Работнічкі, вашую макаўку! — невядома на каго — ці на забастоўшчыкаў, ці на спецслужбы, ці на ўсіх разам — крыкнуў прэзідэнт і, загадаўшы павярнуць картэж назад, забасіў у слухаўку: — Усіх спакойна выціснуць з плошчы! Завадатараў-актывістаў арыштаваць! Працу метро аднавіць!

— Ёсць! — пачулася ў слухаўцы. — Усё зробім, толькі… з метро праблема. Няма машыністаў і дыспетчараў, ды і сука начальнік метрапалітэна на плошчы…

— Хоць сам са сваімі ахламонамі, калі такое прафукалі, у цягнікі садзіцеся ды катайцеся! Ці ты мне прапануеш?

— Н-у-у…

— Ну-гну! Рабацяг з прыгарадных электрычак зніміце, з іншых рэгіёнаў перакіньце… Хоць з Поўначы! Словам, каб праз паўгадзіны саставы пайшлі. А не — усе пойдзеце. І гэта… Тога начальнічка метро ды іншых актывістаў, паўтараю, упакуй!..

З набліжэннем да цэнтра сталіцы нават зрокава адчувалася напруга: народ тоўпіўся на прыпынках-мурашніках, тратуары ператварыліся ў людскія рэкі, на прылеглых да перакрытага праспекта вуліцах цягнуліся доўгія заторы.

Картэж спыніўся каля станцыі «Цэнтральная». Уадначас з ахоўнікамі жвава выскачыў з машыны прэзідэнт ды, колка зірнуўшы наўкруг, па-мядзведжы пасунуўся да аўтобуснага прыпынка: заграбаючы рукамі, разводзячы пяты і стульваючы насы чаравікаў — нібыта футболячы штось нябачнае. Вялікая прадаўгаватая галава ў такт крокаў гушкалася на шырокіх плячах пад дарагім даўгаполым пінжаком, які крыху хаваў непрапарцыянальнае тулава: здавалася, грудная клетка была наўпрост падагнаная па аб’ёме і ўстаўленая ў таз (а можа, усё выглядала так праз падоўжаны і прыхаваны адзежай бронежылет?). Гарадчукі не паспелі параскрываць ад здзіўлення раты, а прэзідэнт ужо гаварыў:

— Дарагія мае, я вымушаны прасіць у вас прабачэння за часовыя нязручнасці. Як вы ўжо, напэўна, ведаеце, адбылася правакацыя ў метро. Некаторым апазіцыйным актывістам, гэтым ролікавым-шмолікавым, падбухтораным замежнымі фондамі і разведкамі, надакучыла спакойна працаваць! Зарплатай, як мне далажылі, яны незадаволеныя! Зарплатай амаль міністэрскай! Многія з вас аб ёй яшчэ толькі мараць! — з кожным словам голас набіраў моцу і напаўняўся сталёвымі нотамі. — Зажраліся і пайшлі мітынгаваць на плошчу! Я ім, бачыце, перастаў падабацца! Ну хай яно і так, я ж не дзеўка, каб усім падабацца, але пры чым тут вы?! Якое яны маюць права спыняць працу метро — стратэгічнага для нашай сталіцы аб’екта?! Чаму вы павінны з-за іх пакутаваць на спёцы ды плішчыцца ў аўтобусы?! Ды і хто аплоціць прадпрыемствам ды заводам страты ад вашых спазненняў? — Прамоўца кашлянуў і закончыў мякчэй: — Паверце, мы паставілі на лінію ўвесь наземны транспарт, але яго не хапае… Яшчэ колькі хвілін — і метро пойдзе. Мы навядзём парадак і разбяромся з віноўнымі.

Прэзідэнт загадаў пасадзіць у машыны свайго картэжа, нават у «даішныя», старых, дзяцей ды жанчын і развозіць іх па горадзе, а сам у суправаджэнні нябачных ахоўнікаў пешшу пашыбаваў да будынка Адміністрацыі — у здзіўленых, захопленых, любоўных і адданых позірках электарату.

А калі праз паўгадзіны ў кабінет увайшоў памочнік Жакей і далажыў аб тым, што тэлефануе і просіць сустрэчы намеснік кіраўніка Адміністрацыі па гуманітарных пытаннях Заяц, прэзідэнт пакусаў ніжнюю губу і сказаў раздражнёна:

— Перадай, хай лепш заўтра… Перакажы пра маю сустрэчу на прыпынку… Хай там тэлебачанне падключыцца, адэкватна пра забастоўку раскажа. — Памочнік матнуў галавой і намерыўся ўжо было ісці, але прэзідэнт ткнуў у яго пальцам і прыпыніў: — Ты гэта… Я яшчэ ў машыне хацеў сказаць… Там, ва ўніверсітэце, дзеўчынёха мне цыдулкі з пытаннямі перадавала. Даўганогая такая, брунэтка… — Яго вочы ўраз пабольшалі, а ў зрэнках з’явіліся агеньчыкі. — Разведай, словам, хто і адкуль. Ну і сам разумееш, што…

Загрузка...