ХХVІІІ

Цяпер мой Шлях ішоў вэртыкальна, да самых зор. Яны былі так блізка, падобныя да бліскучых пэрлінаў, падвешаных у цямрэчы.

Я не кранаў іх, мабыць баючыся незнарок зьбіць. Я чапляўся за выступы скальнай сьцяны, шукаў для ног трывалага апірышча і ўзьнімаўся вышэй і вышэй.

Сьцяна аказалася нашмат большай, чым можна было меркаваць, аглядаючы яе зьнізу. Ноч агарнула мяне неспадзявана. Мне пашанцавала, што яна выдалася бязьветранай. І хоць холад імкнуўся абняць мяне сваімі ільдзянымі абдымкамі, я даволі ўпэўнена караскаўся наверх.

Кожная хвіліна майго знаходжаньня ў натуральных межах Саду, (а яны, хутчэй за ўсё вызначаліся акружнасьцю сьцяны кратэра) набліжала сьмерць для мужнай Сэйны. Я ня мог дазволіць сябе адпачынак. З аднаго боку злосьць на свой лёс, і пачуцьцё віны, што Сэйна з-за мяне трапіла ў сьмяротную пастку, зь іншага боку — блізкасьць мэты і прыгажосьць прасторы, у якой я апынуўся, паміж Малочным Шляхам і зямлёй, — узбуджалі у мяне дадатковыя, пры- хаваныя да той пары, сілы. Я не адчуваў стомы.

І ўсё ж, чым вышэй я паднімаўся, тым цяжэй было дыхаць. «Калі так пойдзе далей, — падумалася мне, — я проста загіну ад недахопу паветра».

Ружовыя промні маладога сонца афарбавалі контуры скалаў, што засталіся ніжэй. Скальная сьцяна нагадвала краі вялізарнай чорнай бочкі, на тры чвэрці закопанай у зямлю. На дне яе, жоўта-зялёным півам ціха калыхаўся Сад. Над ім, нібыта маладая піўная шумка, плаваў негусты туман.

Чырвонае сонца забіралася ў цэнтар нябесных скляпеньняў, жаўцела, памяншалася. Цяплелі скалы, і мае цягліцы ўсё лепей і лепей пачыналі слухацца мяне. Але ж праблема недахопу паветра пераўтварылася ў небясьпечную пагрозу. Перад вачыма паплылі апельсінавыя кругі, што як вадзяныя дзьмушкі лопаліся ў садовым напоі…

Шляху назад няма. Я зрабіў выбар: жыць будзе Сэйна. І калі мае рукі зараз аслабеюць, і я сарвуся на гострыя скалы, то гэта будзе ўсё роўна лепей, чым спусьціцца назад нікчэмным баязьліўцам і жыць далей за кошт сьмерці іншага. Я не безь цікаўнасьці адзначыў, што мой скон будзе такім жа, як скон Руаты. Магчыма ў нас адно і тое ж перадсямротнае выпрабаваньне і, пэўным чынам, ідзе спаборніцтва?

Тры мэтры вышэй над маёй галявой (спачатку я думаў што гэта вялізны цень ад краю расколіны), у сонечным сьвятле праступіла чорная трэшчына, што вяла ў глыб сьцяны.

Калі працягласьць трэшчыны будзе даволі вялікай, то дзесьці ўнутры скалаў яна зможа выйсьці за межы ўздзеяньня Саду! Там можа адшукаць выдатную схованку-пячорку і ня трэба ісьці ў пустэльню. Давядзецца зрабіцца аскетам, падобна да нашых фанатыкаў-шаманаў, што ў долах выкопваюць пячоркі — спасьцігаюць у поўнай адзіноце тайны Сусьвету. А я — пячорнік пад самымі нябёсамі! Сэйна будзе прыносіць мне ежу да ўзножжа скалаў, я ёй буду прыдумваць вершы-замовы. Ці ж мала на зямлі было выгнаньнікаў-самотнікаў!

Пэрспэктыва жаласнага, але існаваньня, дадала маім рукам новы прыліў моцы. Я падцягнуўся на краі скалы і праз хвіліну стаяў перад вузкай трэшчынай, што праразала каменнае цела кратэрнай сьцяны. Я запаліў паходню і пачаў прабірацца ў глыб.

Неўзабаве расколіна пераўтварылася ў своеасаблівы лёх і пайшла рэзка ўніз. Перад цёмным спускам скальная парода была пакрытая ільдом, бліск якога на імгненьне асьляпіў мяне. Я пасьлізнуўся, паходня выпала зь рук і згасла. Выбухнула цемра.

Ад удару аб каменную падлогу лопнула лямка, на якой вісеў заплечны кош. Высыпаліся рэчы, ежа, дровы. Штосьці засталося ляжаць перад правалам, штосьці, зьнікаючы ў цемры, паляцела ўніз. Я таксама не ўтрымаўся і, не жадаючы таго, зь усё большай і большай хуткасьцю паехаў у глыбіню.

Нядоўгі чорны палёт, і я цяжкім кулем выпаў на каменную нішу, пры тым даволі моцна пабіў нагу. Зьверху на мяне пасыпаліся дровы, алейныя дыні, смажаныя тушкі грызуноў, фрукты. Самыя балючыя былі сукаватыя паленцы, — я ледзьве пасьпяваў прыкрываць рукамі голаў. Нарэшце мяне накрыў растрапаны кош.

Відавочна я апынуўся зь іншага боку кратэрнай сьцяны. Далягляд шырокім паўколам агінаў макаўку шэрай, лысай плянэт. Дзе-нідзе яе гіганцкі чэрап быў пазначаны шчарбінамі вельмі старых кратэраў, нашмат меншага памеру за той, зь якога я так імкнуўся выбрацца. Колькі ставала зроку — распасьціралася суцэльная пустэльня, ніводнай прыкметы расьліннасьці.

Я азірнуў места свайго прыстанку. Карціна жахлівай катастрофы, што адбылася сотні, а можа і тысячы гадоў таму паўстала перад маімі вачамі. Вялізарная мэталічная птушка, па рэштках якой можна было здагадацца пра яе вытанчаную форму, унурылася ў скальную сьцяну і ўзарвалася, утварыўшы агромністую выбаіну, трэшчыны ад якой разьбегліся ва ўсе бакі.

«На такіх птушках нашыя продкі лятаюць да зораў», — падумаў я, успомніўшы аповеды Раншая.

Чыясьці даўняя сьмерць ратавала мяне і Сэйну!

Праўда пакуль што можна было казаць толькі пра Сэйну. Маё становішча было даволі пагражальным.

Магчыма пераломаная нага распухла. Да вечара я не варушыўся, чакаў калі пачне дзейнічаць Сьпіральная Замова вешчуна-настаўніка. Аднак, колькі я не стараўся сябе ўвесьці ў транс, каб пачуць яе і аддацца ёй ва ўладу, акрамя далёкага, тагаіснага мармытаньня нічога не пачуў і не адчуў. Відаць фізычнай і духоўнай энэргіі за апошні месяц было выдаткавана столькі, што яе проста не ставала для замовы. «Ёсьць ліміт усім чарам,» — сумна адзначыў я. Чакаць болей не было сэнсу. Набліжалася ноч, што пагражала холадам.

Кульгаючы я назьбіраў параскіданыя пасьля падзеньня рэчы, пасьля выбраў зручнае месца для вогнішча — у глыбі выбаіны быў утульны грот. Я прыкрыў уваход у яго вялікім мэталічным шчытом — абломкам «зорнай птушкі». Больш нічога прыдатнага для майго побыту зь разьбітага карабля я не знайшоў. Праўда я паклаў сабе ў кішэню плястыкавы шарык, вельмі падобны да тых, якія захоўваюцца ў нашых відэатэках. Калі іх прасьвяціць, то можна ўбачыць прыгожыя фотаздымкі. Але ў Садзе я ня меў патрэбнага прыстасаваньня. Мяне турбавала болей важнае пытаньне — як працягнуць чатыры-пяць дзён, пакуль Сэйна трошкі ачуняе, каб я мог хаця б на пару гадзін вярнуцца ў Сад, для збору прадуктаў, паліва, і сказаць ёй, каб перанесла «базу» бліжэй да расколіны. А пасьля можна было і на гэтых дзікіх схілах пасадзіць трывалыя да марозу расьліны. Тут, хоць нямнога, але была вада. Можна прынесьці глебы. «Каланізацыяй зьнешніх схілаў пачнецца ажыўленьне ўсёй плянэт», — паўставалі перада мной грандыёзныя плян будучыні.

Усю ноч я прымушаў сябе шкадаваць дровы і алейныя дыні. Мароз прабіраў настолькі, што я глухнуў ад стукату ўласных зубоў. За ўсю ноч ня змружыў вачэй. Ледзьве дачакаўся раніцы, каб выпаўзьці на сонца. На адагрэтай каменнай нішы я падсілкаваўся халоднай тушкай труса і імгненна заснуў, расьпешчаны цяплом і сытасьцю. У сьне я пачуў ужо прывычны голас майго настаўніка-вешчуна, які шаптаў Сьпіральную Замову.

Пад вечар, калі я прачнуўся ад холаду, убачыў, што пухліна на назе спала, хаця цалкам устаць на гэтую нагу ня мог.

Усю наступную ноч я ўжо змагаўся ня толькі зь марозам, але і зь няўтольным голадам. Пасьля дзеяньня Сьпіральнай Замовы, я заўжды, да сьмерці, хацеў есьці. І ня мог сябе стрымаць. Амаль увесь астатні, разьлічаны на тры дні, запас ежы быў мною зьнішчаны. Дзіва-Замова, што павінна ўсюды і заўсёды ахоўваць нашых супляменьнікаў, — сакрэт і вынаходніцтва нашых шаманаў, якое выклікала жах і ўнушала вялікую павагу ў іншых народаў, цяпер саслужыла мне мядзьведжую паслугу — застаўшыся без правіянту, я мусіў рушыць назад на некалькі дзён раней, што магло кепска адбіцца на здароўі Сэйны.

Але ня так проста было падняцца па заледзянелай каменнай штольні, па якой я «зьехаў» колькі дзён таму. Я не разьлічваў, што слой ільда будзе не дастаткова тоўсты для таго, каб выкрамсаць зь яго прыступкі, а камень быў настолькі цвёрды, што ніяк не хацеў паддавацца лязу. Раз за разам я настойліва спрабаваў выбіць нажом кавалак скалы, але ня мог зрабіць добрую зачэпку ні для рук, ні надзейнае апірышча для ног. Зрываючыся, я зноў і зноў калаціў нажом па чорным чэраву «штольні». Я не жадаў прызнаваць безвыходнасьць свайго становішча.

Неўзабаве скончыліся дровы, пасьля згасла апошняя алейная дыня. Па начах я цярпеў страшэнны холад. З кожным днём адчуваў, што слабею.

Праз тыдзень фізычных і душэўных сілаў мне хапала толькі для таго, каб адкрыць вочы і выпаўзьці на сонца.

Затым я перастаў усьведамляць, дзе знаходжуся, шэпт старэйшага вешчуна стаў бясконцым. Я часта назіраў зь боку сваё цела. Скурчанае, скарчанелае яно доўга, нерухома ляжала ў глыбіні грота.

Аднойчы я ўбачыў сябе распластаным на краі нішы. Сонца ўсьміхалася маёй жа сумнай усьмешкай і, зьбіраючы ў малінавы мяшок бэзавыя калосьсі, сядала за шэрую пустэльню.

На імгненьне мяне сагрэла думка: Сэйна дачакаецца новага госьця, зь якім яны падзеляць яблык Оярэт-Са…

* * *

Нада мною — чорнае бязьмежжа. Там, у сусьветнай глыбіні ўспыхвае брукаванка Вечнага Шляху.

І, можа, анікога не было?

Не было Руаты.

Не было Ўпляйка.

Не было Оярэт-Са Кіфандоарвай-Міца, філёзафа са сьметніка і яго тэорыі.

Не было вузкавокага карліка.

Не было ні злоснага Раншая, ні закаханага ў свой почырк Мазея.

Не было Сэйны.

Не было Саду…

Не было Сонца…

Толькі сьцены, сьцены, шэрыя сьцены.

Я ішоў па сутарэньнях.

Я ішоў зь сутарэньняў.

Я ішоў да зор…



Загрузка...