МАТРОС З «АЛЕГА»


...Паднялі нас па сігналу баявой трывогі. Хоць час быў неспакойны — на Доне, на Волзе ўзнімалася контррэвалюцыя, а побач, у Фінскім заліве, нахабна плавалі немцы, паказвалі сваю сілу,— крэйсер, наш даўно ўжо не выходзіў у адкрытае мора, стаяў на Кранштацкім рэйдзе, а таму мы, матросы, кажучы па-простаму, троху разленаваліся. Не верылі ў марскі бой. Англійскія буржуі ў заліў не пасунуцца: пабаяцца нас i немцаў.

Тыя з братвы, каму не па нутру была стаянка на якары, запісваліся ў сухапутныя атрады, каб пайсці на фронт.

Права выбіраць камандзірамі сваіх жа матросаў не магло не адбіцца на флоцкай дысцыпліне. Некаторыя лічылі, што галоўнае — разбурыць усё старое, што напрыдумлялі паны афіцэры, а тады, маўляў, нам мора па калена, тады адразу запалім пажар сусветнай рэвалюцыі.

Але трывожныя ўдары карабельнага звону, ад якіх пачалі адвыкаць, падхапілі людзей у міг. Ніхто не ішоў у развалку — ляцелі так, што ад тупату ног па жалезных лесвіцах гудзеў бранявы корпус крэйсера. Гул гэты электрычным токам біў у сэрца, калі я, пераскокваючы цераз пяць усходцаў, узбіраўся ў артылерыйскую вежу.

Што здарылася? Чаму трывога? Адкуль наступае вораг?

Я камандаваў насавой вежай буйнога калібру, да рэвалюцыі на гэтай пасадзе лейтэнант быў.

Далажылі аб гатоўнасці гармат к бою. Але куды страляць, калі карабель мертва стаіць на якары? Няўжо вораг падышоў да Кранштата? Чаму ж маўчаць машыны? Чаму не выходзім у мора? З такімі пытаннямі наступалі на мяне матросы. Але я ведаў столькі ж, колькі i яны.

Ды прагучалі яшчэ больш незразумелыя каманды: адбой баявой трывогі i адразу ж — сігнал пастраення на верхняй палубе, чаго, між іншым, таксама даўно не было, бо такое пастраенне лічылі афіцэрскай выдумкай i на мітынгі збіраліся проста так — па сігналу сэрцаў, па клічу камісараў.

Аднак у той дзень ніхто слова не прамовіў пра «аднаўленне старых парадкаў». Пастроіліся хутчэй, чым да рэвалюцыі, калі была палачная дысцыпліна, можа, нават хутчэй, чым год назад, у верасні семнаццатага, калі рускія караблі пайшлі ў Рыжскі заліў, да Маанзундскіх астравоў, насустрач нямецкаму флоту. Тады матросы не бранёй, a грудзьмі сваімі перагарадзілі кайзеру дарогу на рэвалюцыйны Петраград.

Няўжо зноў немцы? Ці, можа, паднялі паўстанне недабітыя буржуі, тут, у Петраградзе, каб падтрымаць контррэвалюцыю на Волзе?

Каманда крэйсера ў той час была няпоўная: пайшлі атрады на фронт, неслі каравульную службу ў Піцеры. Чалавек чатырыста застыла ў шарэнгах на палубе, гатовыя на бой i на смерць. Ніводнага слова. Толькі вочы, позіркі вачэй выдавалі нецярплівасць: што здарылася? Кажы хутчэй, камісар!

Камандзір крэйсера, камісар, члены судавога камітэта i чалавек у цывільным — пэўна, ён прывёз трывожную навіну! — стаялі перад строем, каля парэнчаў, такія ж засяроджаныя, але не па баявому напружаныя, а як бы прыбітыя бядой, горам.

Гаварыць пачаў камісар. Голас, заўжды спакойны, перарываўся, быццам у твар яму біў дзевяцібальны вецер i чалавек захлынаўся ад гэтага ветру.

— Таварышы матросы! Браткі! — так ніколі раней ён не звяртаўся, бо прыйшоў на крэйсер з завода.

Такі зварот яшчэ больш пасцярожыў нас.

— Сусветная буржуазія, унутраная контррэвалюцыя, каледзінцы, аляксееўцы, белачэхі ды іншая контра хацелі нанесці ўдар у самае сэрца нашай рэвалюцыі, у самае сэрца працоўнага народа Савецкай Расіі. Учора яны ўзнялі сваю злачынную руку...— тут камісар зноў як бы захлынуўся.

— На Леніна? — вырвалася ў мяне.

Строй калыхнуўся, парушыў роўнасць шарэнгі. Цяпер ужо для мяне быццам здалёк, праз свіст ветру i грукат буры, даляцеў камісараў голас:

— Але. На таварыша Леніна. На Уладзіміра Ільіча... правадыра сусветнай рэвалюцыі.

— Не цягні, камісар! Скажы: жывы? — крыкнуў нехта з матросаў.

Ступіў ад парэнчаў цывільны, узняў руку, просячы ўвагі:

— Жывы таварыш Ленін! Жывы!

Як з адных грудзей, вырваўся ўздых. Паламаная шарэнга пачала выпрамляцца, быццам па камандзе «смірна!». Не было такой каманды, але яе дало сэрца кожнага.

Гэта было не звычайнае паведамленне, няхай нават самае трывожнае, як, напрыклад, нядаўнія — пра эсэраўскі мяцеж у Маскве i бунт чэхаславацкага корпуса. Гэта было такое, што не проста кранула сэрцы, a ўдарыла ў ix, як самы нечаканы i магутны — не на адзін карабель — на ўвесь свет! — сігнал баявой трывогі.

Гаварыў цывільны, пасля зноў — наш камісар чытаў афіцыйнае паведамленне ЦВК. Змова контррэвалюцыянераў шырокая: пра забойства Урыцкага мы пачулі яшчэ ўчора ўвечары. Караблі салютавалі на смерць старшыні Петраградскай ЧК жалобнымі гудкамі. У змроку жнівеньскага вечара тут, на палубе, праводзілі мітынг. Цяпер гэтыя падзеі звязваліся ў адзін ланцуг.

Я стаяў у шарэнзе, слухаў камісара i ў думках сплятаў звенні гэтага ланцуга, прыгадваючы многія падзеі таго першага года рэвалюцыі. Перш за ўсё ўспомніўся адзін вельмі памятны мне дзень.

Роўна восем месяцаў назад я нёс службу ў каравульнай камандзе пры Смольным. I была ў мяне мара: трапіць як-небудзь вартавым на пост, які мы ў думках, у размовах паміж сабой называлі галоўным — каля кабінета Старшыні Саўнаркома Леніна. Хацелася мне ўбачыць правадыра зблізку, сустрэцца, як кажуць, тварам у твар, можа нават пагутарыць. А хто тады не марыў пагутарыць з Леніным! Расказвалі тыя, хто стаяў на гэтым пасту, што Ленін заўсёды знаёміўся з кожным новым вартавым, вітаўся i гутарыў. Я ж да таго бачыў Леніна толькі здалёк — слухаў выступленне ў Марыінскім палацы i аднойчы з акна Смольнага ўбачыў, як Ленін садзіўся ў аўтамабіль. Але трапіць на ўнутраны пост ніяк не шанцавала ні мне, ні маім сябрам. Там стаялі чырвонагвардзейцы. Нам, матросам, даручалі знешнюю ахову Смольнага, а таксама тэлефоннай станцыі, тэлеграфа. Хто-ніхто выказваў крыўду, што, маўляў, нам не вельмі давяраюць пасля анархісцкага бунту ў другім флоцкім экіпажы. Але я так не думаў. Хіба меншая адказнасць ахоўваць увесь будынак, дзе размяшчаўся Савецкі ўрад? А тэлефон, тэлеграф, праз якія ўрад, Ленін звязваюцца з усёй Расіяй? Толькі непісьменны які пехацінец мог не разумець гэтага, а я меў чатыры класы прыходскай школы i тры гады службы на флоце.

Я не траціў надзеі, што калі-небудзь стану-такі на той пост i... сустрэнуся з Леніным.

Пасля абеду на Новы год я пайшоў каравульным да цэнтральнага пад'езда. Гэта быў цікавы пост, час тут праходзіў хутка, бо вартавых было два, i яны не стаялі без справы: людзей праходзіла мноства, самых розных — правяраеш пропускі, прыглядваешся да наведвальнікаў, перакідваешся словамі з імі i не заўважаеш, як ляціць час. У той дзень я стаяў з чырвонагвардзейцам пуцілаўскага завода, гэткім жа, як я, маладым i гаваркім хлопцам. Між іншым, можа таму, што па старым звычаі петраградцы адзначалі Новы год, наведвальнікаў было менш, чым звычайна.. Але ў Смольным усе працавалі, усе наркаматы.

На парадны ганак выйшлі камендант будынка i начальнік усяго смольненскага каравула. Начальнік сказаў нам:

— Трымайце, хлопцы, насы вышэй. Зараз будзем прымаць усю сусветную буржуазію.

Мы ведалі, што камандзір наш — чалавек вясёлы, i засмяяліся з яго жарту.

— Глядзі — не вераць. Не хочуць мець ніякіх спраў з буржуазіяй, — таксама смеючыся, сказаў ён каменданту, i зноў да нас: — Пропускаў у буржуяў не будзе, мы з таварышам камендантам ix правядзем.

Тут я зразумеў, што чакаецца нешта цікавае i загадкавае. Сапраўды, хвілін праз колькі да Смольнага адзін за адным пачалі пад'язджаць чорныя аўтамабілі са сцяжкамі. Штук дваццаць падышло. Я ведаў сцягі дзяржаў — вучылі на караблі, убачыў на першай машыне амерыканскі, на другой — французскі, далей — англійскі, шведскі... i адразу сцяміў, што гэта — паслы. Але што ім спатрэбілася, калі я ведаў з газет, з палітычных дакладаў, што дзяржавы тыя не прызналі Савецкую ўладу?

З аўтамабіляў вылазілі паважныя паны ў багатых футрах. Сабраліся ў чараду, як тыя ваўкі ў піліпаўку, нешта забалбаталі па-свойму.

Усе наркомы віталіся з вартавымі. Гэтыя ж паны прайшлі, нават не глянуўшы на нас. Але затое я добра абмацаў вачамі кожнага з ix. Футры ix не падабаліся мне. Пад такімі сабалямі не толькі рэвальвер — кулямёт можна схаваць. Мой напарнік-чырвонагвардзеец спытаў, калі за панамі зачыніліся дзверы:

— Хто гэта?

— Паслы.

— Што ім трэба?

— Чорт ix ведае.

— Можа прыехалі павіншаваць таварыша Леніна з Новым годам?

Я засмяяўся: наіўны хлопец, захацеў ад буржуяў такой далікатнасці!

— Будуць яны табе віншаваць, калі прызнаваць нас не хочуць, рэвалюцыю нашу. Да таго ж па ix календары Новы год мінуў ужо.

— У ix іншы каляндар? Во, праклятыя буржуі! Нават каляндар свой прыдумалі, не такі як у людзей!

На караблі нам тлумачылі розніцу паміж календаром рускім i заходнім, ды я не вельмі тады разабраўся ў гэтай мудрасці — чаму атрымаўся разрыў. Але прачытаў ужо ў савецкіх газетах, што рускае летазлічэнне адсталае — царкоўнае, не навуковае, што рыхтуецца дэкрэт аб пераходзе на новы каляндар i пачаў, як умеў, тлумачыць гэта свайму сябру-рабочаму.

Для таго ўся гэта навука была адкрыццём Амерыкі. Помню, хлопец здзівіўся:

— Ленін i пра каляндар думае?

— Думае.

— Якую ж галаву трэба мець, каб усё ведаць i пра ўсё клапаціцца.

Паны выйшлі назад не такія паважныя, нават некаторыя футры не зашпілілі, былі ўзбуджаныя, гаманілі гучна, нібы спрачаліся паміж сабой. З камендантам i начальнікам каравула, якія праводзілі ix, не развіталіся.

«Культура!» — плюнуў я ўслед машынам. Спытаў у камандзіра, што гэтым буржуям трэба было?

— Чулі, што румыны акружылі нашы войскі, арыштавалі рэўком фронту, забілі камісара? У адказ на гэта Аенін загадаў арыштаваць i пасадзіць у Петрапаўлаўку румынскага пасла. Дык вось гэтыя прыязджалі прасіць Леніна, каб вызваліў румына.

— А дулю не хацелі? — абурыўся чырвонагвардзеец.— Усіх бы ix, гадаў, пасадзіць! Ведалі б, як страляць у салдат!..

Начальнік каравула засмяяўся:

— Не быць табе, Пятро, дыпламатам. А я хацеў парэкамендаваць цябе паслом у каралеўства дацкае.

Пасля змены я прылёг на падлозе ў каравульным пакоі i задрамаў — намёрзся на пасту.

Разбудзіў крык дзяжурнага: «Трывога!» Што здарылася? Растлумачыў камандзір нашай флоцкай каравульнай каманды: адбылося пакушэнне на таварыша Леніна.

I вось гэтак жа, як тут, на караблі, спыталі тады матросы: «Жывы?» I гэтак жа ўздыхнулі, калі даведаліся, што кулі не кранулі правадыра.

Я адразу падумаў пра паслоў: яны! Сказаў пра гэта сябрам, тыя згадзіліся, што не дарэмна яны прыязджалі ўсёй бандай; папрасіць за румына мог бы прыехаць адзін. Нават пасля таго як даведаліся, што ў машыну стралялі на вуліцы, калі Ленін вяртаўся з мітынгу, я ўсё адно быў перакананы, што такое подлае злачынства рабілася не без удзелу паслоў. Таму i прыехалі: паглядзець на Леніна жывога, бо ведалі, што ў той дзень яго заб'юць.

Каравул паднялі па трывозе, каб узмацніць варту вакол Смольнага i ў самім будынку, бо невядома было, што яшчэ рыхтуюць змоўшчыкі.

Бывае ж шчасце, калі яго зусім не чакаеш. На маю долю выпала самае ганаровае ў тую ноч — тое, пра што я доўга марыў. Мне i майму сябру Амяльяну Гайлаенку камандзір загадаў патруліраваць у калідоры таго крыла, дзе размяшчаўся 81 пакой — кабінет Старшыні Саўнаркома. Каб у выпадку чаго тут жа, уміг, памагчы вартавым, якія стаялі каля кабінета. Больш таго — загадаў: калі Ленін пойдзе да сябе, на кватэру, спусцщца следам за ім i гэтак жа патруліраваць на другім паверсе, правяраць ва ўсіх пропускі.

Як на крыллях, узляцелі мы з сябрам на трэці паверх. I там... разгубіліся. У калідоры, перад пакоямі Саўнаркома, таўпіліся людзі. Многа людзей. Праўда, некаторых з ix мы ведалі ў твар — работнікі наркаматаў. Але ў такім натоўпе i вораг можа схавацца. Як жа нам паводзіць сябе? У каго правяраць пропускі? Нам уяўлялася, што тут пуста, а хто з'явіцца — з таго мы не спусцім вока. Ажно каля кабінета Леніна трохі што не мітынг.

Мы з Амяльянам уціснулся ў гэты натоўп i тут даведаліся падрабязнасці: у машыну стралялі на мосце цераз Фантанку. Побач з Леніным сядзеў швейцарскі камуніст, пасля першага стрэлу ён нахіліў галаву Уладзіміра Ільіча i куля прабіла Платэну палец рукі. На паўвяршка ніжэй... Нехта сказаў пра гэта — i ўсе прыціхлі. A ў мяне халодны пот выступіў. З галавы ўсё яшчэ не выходзілі паслы. Хацеў сказаць пра ix гэтым людзям — не адважыўся: побач стаялі вядомыя бальшавікі, якіх я слухаў на мітынгах.

Падышоў задыханы стары, відаць, бягом узбіраўся па лесвіцы. Спытаў з ходу:

— Дзе Ільіч?

— Вядзе Саўнарком,— адказала жанчына.

— Вядзе Саўнарком? — здзівіўся i ўзрадаваўся, уздыхнуў лёгка, выхапіў з кішэні хустачку, прылажыў да вачэй, пасля ўсміхнуўся ўсім: —Пазнаю, пазнаю. Нішто яго не можа выбіць з каляі. Нішто! Такі Ленін!

Тады i да мяне дайшоў сэнс радасці i гонару старога бальшавіка. Але, такі ён, наш Ленін! Толькі што ў яго стралялі, а ён спакойна кіруе пасяджэннем урада, першага ў свеце ўрада рабочых i сялян.

Падумаў я пра гэта i адразу адчуў упэўненасць, быццам пасля марской качкі ступіў на цвёрдую зямлю. Праўда, трывога, павышаная пільнасць засталіся. Але ворага сярод людзей, што сабраліся перад кабінетам Леніна, я больш не шукаў. Паверыў: не можа яго быць тут. Не адважыцца такі падлюга падняцца ў баявую рубку. Такія страляюць з-за вугла.

Патроху людзі пачалі разыходзіцца, i наш каравульны абавязак стаў больш пэўны — такі, як мелі яго на ўвазе людзі, што на ўсялякі выпадак узмацнілі ў тую ноч варту.

Саўнарком засядаў позна, гадзін да адзінаццаці. Але i пасля таго, як наркомы разышліся, Ленін доўга яшчэ не выходзіў. Я нават спалохаўся, што прапусціў, як ён выйшаў. Але чырвонагвардзеец, які стаяў каля дзвярэй, на мае запытанне позіркам: «Там?» — гэтак жа без слоў адказаў: «Там».

Не ведаю, чаму, але мне так хацелася ў той вечар сустрэцца з Ільічом, нібы ад сустрэчы той залежала мае жыццё, мой лёс. Я хваляваўся, як дзяўчына: хадзіў па калідоры i не крокі свае чуў, а грукат сэрца.

Ленін выйшаў з кабінета апоўначы з дзвюма жанчынамі. (Пасля я даведаўся: з сястрой Марыяй Ільінічнай i сакратаром, якая вяла пратакол).

Мы чакалі яго, аднак усё адно былі захоплены знянацку.

Ленін ішоў да нас, i мы з Гайдаенкам прыціснуліся да сцен калідора, адзін насупраць аднаго, сталі ва фронт, хоць адчувалі недарэчнасць такога пастраення. Мелі ж загад патруліраваць непрыкметна. I вось на табе!

Уладзімір Ільіч прывітаўся:

— Добры вечар, таварышы, — i раптам спыніўся, агледзеў нас, напэўна, зразумеўшы, з якой прычыны мы стаім, нахмурыўся, спытаў: — Вас паставілі тут?

Я разгубіўся. Што адказаць? Ніякіх інструкцый на гэты конт нам не далі.

Сябра мой Гайдаенка выявіў большы спрыт i знаходлівасць:

— Не, таварыш Ленін. Правяраем каравулы.

— Каравулы на месцы?

— Так точна!

— Можна спакойна спаць? — вочы ў Леніна весела бліснулі: усё разумеючы, ён жартаваў.

— Так точна. Можна.

— Ідзіце спаць, таварышы. Позна ўжо. Добрай ночы,— i працягнуў руку Гайдаенку, пасля — мне.

Тады я падумаў, што Ленін не ваенны чалавек i не ведае, што зняць вартавых мае права толькі начальнік каравула.

Ашаломленыя, мы доўга стаялі моўчкі, i сябра мой гэтак жа, як i я, прыціскаў правую руку да грудзей, пэўна жадаючы зберагчы назаўсёды поціск ленінскай далоні.

Усё гэта я ўспомніў, пакуль гаварыў камісар крэйсера. У вачах маіх стаяў жывы Ленін, усміхаўся, ціснуў руку.

Можа пра тое, што я сустракаўся з правадыром i ў сэрцы жыла цеплыня яго рукі, мне, магчыма, цяжэй, чым іншым матросам, было пагадзіцца з думкай, што Ленін паранены, што жыццё яго пад пагрозай.

Ускалыхнулі камісаравы словы аб тым, што на тэрор белых мы адкажам нашым чырвоным тэрорам супраць контррэвалюцыі.

Калі спыталі, хто хоча сказаць, я першы выйшаў са строю. I сказаў вельмі коратка:

— Таварышы матросы! Прапаную паслаць ад нашага крэйсера каманду для аховы правадыра сусветнай рэвалюцыі таварыша Леніна — Ульянава Уладзіміра Ільіча!

Чатырыста чалавек грымнулі ў адзін голас: — Правільна! Паслаць!

Трохі разгублены ад такой прапановы, камісар паспрабаваў тлумачыць, што ў Леніна ёсць надземная ахова, што пасылку каманды з баявога карабля, калі ніхто яе не просіць i не чакае, у Маскве не зразумеюць. Але камісару не давалі гаварыць.

— Якая там надзейная!

— Пяхтура сонная.

— Наш брат, матрос, грудзьмі загарадзіў бы таварыша Леніна.

— Галасуй, камісар!

— Без галасавання ясна!

— Начальнікам каманды назначыць Данілу Сураўца.

Мяне, значыцца.

Супраць мяне ніхто не запярэчыў. A ўсю каманду доўга падбіралі. Каб паехала дванаццаць самых лепшых, самых адданых рэвалюцыі матросаў, перабралі, можа, сотню прозвішчаў.

Выехаць не проста было. Спрабаваў затрымаць рэўком флоту, нават камісар ix прыехаў на крэйсер, але адступіў перад воляй народа — адзінадушнасцю каманды. Ніякія тлумачэнні яго не памаглі. Спрабаваў прычапіцца да нас камендант Мікалаеўскага вакзала, калі мы садзіліся ў цягнік. Але быў ён з матросаў, i мы пагутарылі з ім па-флоцку. Зразумеў. У дарозе ўсе правяральшчыкі пачціва змаўкалі, калі даведваліся, куды i з якой задачай едуць матросы.

Да Крамлёўскіх варот мы падышлі ў страі, ажно брук гудзеў пад ударамі падкаваных матроскіх ботаў.

Хваляваўся я — на мне ж уся адказнасць. Нават баяўся трохі. Але па наіўнасці сваёй думаў, што без затрымкі парадным крокам уступім мы ў Крэмль i адразу ж станем там галоўнай аховай. В a ўсялякім разе, сустрэнуць нас з радасцю i ўдзячнасцю.

Праўда, перад веліччу Крамля (упершыню ўбачыў яго), перад вышынёй сцяны чырвонай баявы настрой мой упаў. Адчуў я, што не ўсё так проста. Не адны мы, матросы, робім рэвалюцыю, i гатовыя грудзьмі сваімі засланіць правадыра ад варожых куль.

Каманда мая «рассыпала гарох» i збілася ў чараду, калі ў праёме варот з'явілася постаць чырвонагвардзейца. Ён рашуча загароджваў нам дарогу. Я загадаў сваім спыніцца і, усё яшчэ адчуваючы знявагу да пяхоты, якая не здолела ўберагчы Ільіча, рашуча патрабаваў:

— Мядуза, выклікай начальніка каравула.

Мабыць, вартавы здалёк убачыў нас i загадзя паклікаў каго трэба. Не прайшло i дзвюх мінут, як з'явіўся цывільны, у скуранцы, з маўзерам пры баку, а з ім — два чырвонаармейцы.

Я адразу сцяміў, што з гэтым чалавекам трэба гаварыць інакш, чым з вартавым, i адрапартаваў па форме:

— Каманда з крэйсера «Алег» прыбыла для аховы Старшыні Савета Народных Камісараў таварыша Леніна. Камандзір атрада матрос Суравец.

Чалавек ледзь прыкметна ўсміхнуўся i заклапочана пашкроб патыліцу, ссунуўшы скураную фуражку на лоб.

— Давай, таварыш Суравец, сваім арлам «вольна», хай адпачнуць на мурагу ў садзе, а сам хадзем са мной.

Камендант Крамля сустрэў не вельмі прыветліва. Не даслухаўшы рапарту, спытаў хмура:

— Хто паслаў?

— Каманда крэйсера наслала. Як адзін, прагаласавалі.

— A камандзіры што думалі?

— Камандзіры выканалі волю народа.

— Анархісты.

Быццам ударыў ён мяне гэтым словам. Абразіў.

Каб якая-небудзь несвядомая сухапутная халява кінула такое, слова — чорт з ім, можна было б прайсці мiмa, а гэта ж — адказны таварыш. Такому нельга змаўчаць! Не мог я змаўчаць, не меў права, бо не за сябе абразіўся — за ўвесь рэвалюцыйны флот.

Патрабаваў:

— Вазьмі сваё слова назад! I запомні: каманда «Алега» не анархісты. Не ведаю, дзе ты быў, а мы дваццаць пятага стаялі побач з «Аўрорай» i штурмавалі Зімні. I цяпер не за тоўстымі сценамі сядзім.

Не пакрыўдзіўся камендант. Палагоднеў. Усміхнуўся:

— Добра, бяру сваё слова назад,— i тут жа пачаў званіць па тэлефоне,—Уладзімір Дзмітравіч. Атрад матросаў для аховы Ільіча. Але, яшчэ адзін. Трэці.

Пачуў я гэта — i ажно горача мне зрабілася! Крыўдна было, што не адны мы прыехалі, што не мы першыя, i сорамна, што паводзіў сябе так, быццам узнагароды патрабаваў за прыезд. А тут, выходзіць, людзі ўсё ўжо бачылі, для ix гэта звычайная справа.

Сапраўды, не адны мы робім рэвалюцыю — правільна я падумаў перад Крамлёўскай сцяной. Адразу стаў я цішэй вады. Нават камендант убачыў перамену ў маім настроі i суцешыў:

— Нічога, таварыш, не перажывай. Усё прывядзем да ладу.

Трое нас, матроскіх камандзіраў, прыняў кіраўнік справамі Саўнаркома Бонч-Бруевіч. Добра запомніўся мне гэты барадаты мужчына са стомленымі вачамі, інтэлігентны, але просты, з такімі людзьмі прыемна гутарыць.

Ён падзякаваў камандам нашых караблёў за ініцыятыву, у якой так глыбока, так яскрава праявілася любоў матросаў да таварыша Леніна. Ад імя Савецкага ўрада падзякаваў. Але растлумачыў, што цяпер няма патрэбы ва ўмацаванні аховы Крамля. Ахова надзейная. Расказаў, дзе i як быў ранены Уладзімір Ільіч. Падвёў размову да баёў на Волзе, дзе чырвоныя войскі ў адказ на раны правадыра 'з патроенай сілай б'юць контррэвалюцыю. Ідуць баі за родны горад Леніна — Сімбірск. Вось там трэба падмацаванне — вопытныя байцы i камандзіры, асабліва на караблях волжскай флатыліі.

Я адразу сцяміў, што мае на ўвазе Бонч-Бруевіч, i, падняўшыся з крэсла, першы па-вайсковаму абвясціў:

— Каманда з «Алега» гатова сёння ж адбыць на Волгу!

Следам за мной гэта заявілі іншыя камандзіры.

— Дзякую, таварышы. Я раскажу пра вас Уладзіміру Ільічу, як толькі ўрачы дазволяць. Гэта будзе самае гаючае лякарства на яго раны. У Наркомваенморы атрымаеце мандаты i прадукты на дарогу. Я пазваню туды.

Нашу размову часта перапынялі тэлефонныя званкі. Я здзівіўся: на якія толькі пытанні не адказваў кіраўнік справамі! Пра баі на Волзе i пад Архангельскам, пра хлеб i пра нейкія карціны... Але нехта спытаў пра Леніна, i Бонч-Бруевіч ціха пачаў расказваць пра яго стан — якая тэмпература, дыханне, што сказалі дактары.

Калі ён скончыў гэтую размову, я спытаў:

— А дзе ляжыць таварыш Ленін? У бальніцы?

— Не, тут, у сваёй кватэры.

Праводзячы нас, Бонч-Бруевіч прайшоў з намі па вузкім калідоры i спыніўся каля вартавога.

— Вось тут, за гэтымі дзвярамі, дактары змагаюцца за жыццё Уладзіміра Ільіча. Перадайце таварышам на фронце, што Ленін будзе жыць! Яму ўжо лепш.

Стаіўшы дыханне, стаялі мы перад запаветнымі дзвярамі. Доўга стаялі, пакуль дзверы не адчыніліся; выйшла жанчына, прывіталася з Бонч-Бруевічам, а мы зазірнулі туды, унутр ленінскай кватэры, нічога не ўбачылі, але як бы ўдыхнулі тое паветра, якім дыхаў правадыр, якое давала яму жыццё, сілы. Яно i нам дало сілу. На развітанне я сказаў вартавому:

— Глядзі, браток, тут пільна. Помні, каго захоўваеш.

Цераз тры дні каманды нашы былі ўжо ў Казані.

Мы сядзелі ў кабінеце старшыні калгаса. Занатоўваў я нямногае з таго, што расказваў Даніла Іванавіч. Больш глядзеў на яго, вывучаў твар, запамінаў жэсты, міміку. Самае дзіўнае, што мне ніяк не ўдавалася, як не напружваў я фантазію, уявіць таго маладога, рашучага бравага матроса, які камандаваў атрадам. Той уяўляўся высокім, шыракаплечым — асілкам! A сядзеў перада мной, цераз стол, нізенькі, хударлявы стары з пракуранымі i абкусанымі рудаватымі вусікамі, з беленькім пухам на галаве, як у малога, якога ні разу яшчэ не стрыглі. Праўда, па руках, па вачах i па тым, як ён расказваў — паслядоўна, звязна i коратка, без старэчай мнагаслоўнасці,-— адчувалася, што дзядуля гэты даволі дзябёлы яшчэ i энергічны. Ды пра гэта мне сказалі раней. Яшчэ ў пісьме паведамляў мой пляменнік-аграном, ён прыехаў сюды на працу i «адкрыў» чалавека, які, на яго думку, павінен быў абавязкова зацікавіць дзядзьку-пісьменніка. Магчыма, што ўявіць Сураўца баявым матросам перашкаджала яшчэ адна акалічнасць — яго трохі не паўстагадовая вельмі ж мірная прафесія: фельчар!

Глядзеў я на яго i думаў: чаму пасля такой бурнай i багатай маладосці чалавек абраў такую ціхую прафесію?

Даніла Іванавіч як бы прачытаў мае думкі. Усміхнуўся.

— Пра ўсе мае паходы расказваць — доўгая песня. A ў мяне яшчэ два візіты — у Селішча i ў Дунайку. A Кузьміч чалавек скупы, транспарт медыкам шкадуе.

Старшыня адчуваў сябе ад такой крытыкі няёмка. Пачырванеў, пачаў абараняцца:

— Даніла Іванавіч. Каго, каго, а вас...

— Маўчу, маўчу. Не крыўдзілі, не крыўдзілі... Гэта я так...

Ен хуценька падхапіўся, узяў пад сталом свой старамодны пацёрты чамаданчык.

— Калі яшчэ што цікавіць — прашу ўвечары да мяне.

Старшыня паказаў сваю шчодрасць:

— Даніла Іванавіч, бярыце мой газік. Скажыце Васю, што ён паступае ў ваша распараджэнне.

У старога твар зрабіўся хітрэнны i такі гарэзлівы, што я трохі не зарагатаў. Але ён i гэта зразумеў: чмыхнуўшы ў вусы, з вельмі сур'ёзным выглядам запрасіў мяне1:'

— Часцей прыязджайце да нас, таварыш пісьменнік. А то я колькі пражыў на белым свеце, а жывога пісьменніка бачу першы раз.

ГІляснуў матрос i па нашым браце.

— Чорт, а не дзед,— пакруціў галавой старшыня, калі Даніла Іванавіч борздзенька шмыгнуў за дзверы, як бы спалохаўшыся, што газік уцячэ без яго.

Пляменнік мой, аграном, задаволена засмяяўся.

— Хіба няпраўду я пісаў, што дзед — знаходка?

— Чаму ён выбраў такую прафе!сію?

— Кажа, у дзевятнаццатым яго моцна параніла, i ён доўга ляжаў у шпіталі, цэлы год. Там, кажа, i вырашыў прысвяціць жыццё сваё лячэнню людзей. Такая метамарфоза адбылася з чалавекам! Вярнуўся дадому, кончыў у Магілёве курсы — i вось ужо гадоў сорак шэсць — так? — лечыць землякоў. На восем,, вёсак адзін лекар быў. Усё ўмеў: роды прыняць, зуб вырваць. Гэта яму зімой цяжкавата дабірацца ў Дунайку ці ў Закінь. A ўлетку садзіцца на мотапед i —толькі пыл трубой. Калі ў нас урачэбны пункт зрабілі, маладая доктарка хацела Данілу на пенсію паслаць, дык бабы цэлы бунт паднялі, да райкома дайшлі. Пасля таго паспрабуй сказаць яму пра пенсію. Ідзіце, кажа, з народам гаварыце. Як народ пажадаб. Дзівачыцца дзед. Нялёгка бывае з ім. Кожны тыдзень падкідае нам санітарныя праекты,— старшыня калгаса выказваў i захапленне старым i адначасова скардзіўся на яго дзівацтвы.

Малады аграном ад задавальнення ажно тупаў нагамі, добра, што абуты быў у валёнкі i не грукаў, патрабаваў ад мяне прызнання яго заслугі:

— А вы, дзядзька, не хацелі ехаць. Я вам залатую жылу адкрыў. Раман можна напісаць.

Я таксама думаў пра гэта: «Колькі цікавых людзей на нашай зямлі! Увечары распытаю ў Данілы Іванавіча пра ўсе яго паходы i пра ўсё жыццё».


Загрузка...