А на другі дзень ёй пазваніў Тарас. У бальніцу. Яна толькі скончыла з хірургам Лапацінай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклікала яе да тэлефона, амаль таямніча паведаміўшы:
— Трэці раз звоніць.
Маша падумала, што гэта Славік, і пайшла незадаволеная, сярдзітая, збіраючыся добранька прабраць яго.
Ды раптам зусім другі голас, усхваляваны да невыразнасці:
— Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас… Маша… Помніце? Ну, Ганчароў.
Яна павіталася сур'ёзна, стрымана:
— Добры дзень, Тарас.
Ён ажно засмяяўся ад радасці, што яна помніць яго.
— Добры дзень, добры дзень… Маша! Вы прабачце. — І раптам выпаліў на адным дыханні: — Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Леніна. Сёння ў восем.
Яна анямела ад нечаканасці. Успомніла, што паабяцала Славіку сустрэцца з ім. Яна ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцаліся. І раптам два такія хлопцы, розныя і цікавыя! Каго ж выбраць? Адмовіцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на які немагчыма дастаць білетаў? Не, не, не.
Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесці Славіка? Яму можна пазваніць. Не, не трэба і званіць. Няхай паблукае па парку. У яго залішне самаўпэўненасці, хоць учора пад канец ён і быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабілася смешна, калі яна ўміг уявіла, як Славік будзе шукаць яе. Два дні, учора і сёння, быццам нейкі вясёлы чорцік штурхаў яе на гарэзлівыя ўчынкі. Пакуль мільгалі гэтыя думкі, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.
«Хвалюецца… Няўжо хвалюецца?»
Адказала весела, гучна:
— Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамі. Дзе мы сустрэнемся?
Ён задыхнуўся ад шчасця:
— Дзе хочаце.
— На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?
Яна паклала слухаўку і вясёлымі вачамі пераможна агледзела сваіх калег — маладога лекара і дзвюх сясцёр.
— Хто гэты Тарас? — спытала адна, старэйшая, замужняя і незадаволеная сваім замужжам.
— Ярашаў сын.
— Антона Кузьміча? О-о!
— Нішто сабе!
— Цэліш правільна!
Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.
Славік з'явіўся на працу такі шчаслівы, нібы за ноч ён засвоіў усе таямніцы зборкі і заняў месца брыгадзіра ці нават начальніка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў «Казбекам».
— Ого! Ці не атрымаў ты спадчыну? — пажартаваў Косця.
Славік кінуў Тарасу між іншым:
— Табе прывет.
— Ад каго?
— Адгадай.
— Што мне гадаць!
— Ад Машы.
— Ад той?
— Ад той.
— Дзе ты яе бачыў?
— Сустрэў на вуліцы. Яна пыталася пра цябе.
Ён не схлусіў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.
Косця адразу ж, як толькі адышлі ўбок, накінуўся на свайго брыгадзіра:
— Ну што, не казаў я табе? А ты — вось. — Ён моцна і злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. — Я ж бачыў, што яна не зводзіла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў арміі служыў. Памрэш ты халасцяком.
Тарас не крыўдзіўся і не адбіваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмі хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабіць?
— Ведаеш што? — не адставаў між тым Косця. — Я аддаю табе свой білет на сённяшні канцэрт. Запрасі яе.
— Як?
— У дваццатым стагоддзі існуе тэлефон, майстар. Калі ты баішся, я пазваню ад твайго імя.
Рэдка калі Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знік да абеду на добрыя паўгадзіны.
У яго, як у намесніка сакратара, быў другі ключ ад пакоя камітэта камсамола. Падпільнаваўшы, калі сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку і клаў назад, часам набраўшы тры лічбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кніжка і даведачная станцыя паведамлялі той жа нумар, па якім ён званіў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калі нават слухаўку возьме і бацька, то ён усё адно папросіць паклікаць Машу. Што тут такое? Бацька — гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвішча дзяўчыны.
Адгукнуўся жаночы голас.
— Паклічце, калі ласка, аперацыйную сястру Машу.
— Літвін? Яна на аперацыі.
Так, так, гэта яна Літвін, ён бачыў гэтае прозвішча ў Ярашавых паперах — апісаннях аперацый.
Другі раз ён званіў смялей, чамусьці ўпэўнены, што яе не паклічуць. Трэці раз, пасля абеду, зусім смела. Але калі пачуў і пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заікацца.
З'явіўся ў цэх як удачлівы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:
— Запрасіў.
— Згадзілася?
— Ага.
— А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паіць мяне півам.
Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у імя дружбы сваім білетам. Ад канцэрта адмовіўся Славік. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:
— Нешта маці званіла, прасіла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой білет?
— Дай мне, — падскочыў Косця. — Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.
У хлопцаў былі дарагія месцы, у другім радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук — бабачка; блішчалі манжэты накрухмаленых сарочак, зіхацелі дарагія запанкі. Ішлі па зале ўсе разам. Яна сярод іх — як вогненная кветка. Менш бачыла вачамі, больш адчувала аголенымі рукамі, шыяй, патыліцай, спіною, што яе працінаюць позіркамі, разглядаюць усе: мужчыны — з захапленнем, з цікавасцю, жанчыны — з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гіпноз соцень вачэй моцна і незвычайна хваляваў: радаваў і страшыў.
Добрая палавіна залы — музыкальная публіка, яны калі не былі знаёмы паміж сабой, то помнілі адзін аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што іх зацікавіла група добра апранутых маладых людзей, якія прабіраюцца да пярэдніх радоў.
— Хто? Адкуль? — пыталіся шэптам сусед у суседа.
— Ды гэта з кінагрупы, што фільм на рацэ здымаюць, — адказаў адзін з тых, што ведаюць усё на свеце.
— Актрыса?
— Як прозвішча?
Маша пачула гэта. І Косця, які ішоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукі:
— Чулі?
Маша нервова засмяялася. Ёй зрабілася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кінаактрысу. Але чамусьці боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! І ў тэатры — хіба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?
Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыцці, ішла ў лепшую цырульню горада, каб зрабіць прычоску. І нечакана для самой сябе выявіла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусіла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:
— Ляціце, мілая, у Маскву рабіць сваю прычоску, калі вам не падабаецца ў нас.
Толькі сеўшы ў крэсла паміж Тарасам і жонкай Лапаціна, схаваўшы плечы і рукі, Маша супакоілася.
Адкрылася заслона. Ва ўсім белым, як лебедзі, стаялі праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкі. Над імі ўзвышаліся ў два ярусы спевакі, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.
З-за куліс выйшаў стары. Сівыя валасы, сівая, прыгожая, на клін, бародка, высакароднае інтэлігентнае аблічча і зусім маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак і белы камізэль. Ішоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланіўся зале. Яму горача запляскалі.
Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьці харошае, прыгожае.
Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукі, і на нейкі міг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой — і палілася песня.
Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вуліцы, у полі. Яна ўпершыню чула капэлу — спеў без музычнага суправаджэння. Калі песня нарасла, наблізілася і было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкі ляцелі, як іскры: то па адной, то роем, згасалі адны, успыхвалі другія. То вясёлыя — яна ўспомніла Славіка. То сумныя — і яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла маці: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спіну на сваім гародзе. Бясконца ў працы! На нейкі момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплаціла гэтулькі за сваю шыкоўную прычоску. Маці жахнулася б, каб даведалася, што яна столькі плаціць за такую непатрэбшчыну. Якая пані! «Рыжоцце такое!»
«Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, — звярталася яна да маці і малодшых сястры і брата. — Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас».
Потым падумала, што яна разумее рухі гэтага дзівоснага чалавека на сцэне. Яны — як у Яраша. Такія дакладныя. Адзін няправільны рух, адна памылка, і смерць: там — чалавеку, тут — песні.
— Бачылі, які чарадзей? — нахіліўся да яе Тарас.
— А? Але, — яна ўдзячна паклала сваю руку на яго.
Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нічога не чуў і нічога не бачыў, толькі адчуваў яе халаднаватую руку.
На перапынак яна выйшла трохі як бы засмучаная — задумлівая, маўклівая. Хлопцы, яе спадарожнікі, круціліся вакол і рознымі спосабамі памагалі Тарасу развесяліць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапаціна і адцягнула ўбок.
У буфеце яны частавалі яе шампанскім, лепшым марожаным і самымі дарагімі цукеркамі.
З нейкай прычыны яна спытала:
— Гэта ўся ваша брыгада, Тарас?
— Не. Яшчэ Славік.
— Які Славік? Той? — вельмі здзівілася яна. — Ён хіба ў вас?
— Мы ўзялі яго вучнем. Хочам зрабіць чалавекам, — адказаў Ходас.
— А дзе ён цяпер?
— Нешта маці пазваніла. Паехаў на дачу.
Маша незнарок праліла на стол шампанскае і зарагатала. Яны не ведалі, чаму яна смяецца, і таксама смяяліся. На іх звярталі ўвагу.