Зося, пачуўшы званок, таропка адчыніла дзверы, убачыла Антона Кузьміча аднаго і спалохалася.
Яна чакала яго колькі дзён і… баялася. Ён таксама трохі сумеўся і нейкі міг стаяў за дзвярамі, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велічны, у багатай «баярцы», шалікавы каўнер з нейкага адмысловага футра заінеў наперадзе і, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькі пакункаў. Марозам і снегам, водарам елкі, святочным пахам пакупак і яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, і ў яе закружылася галава. Яна адступіла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачыніў дзверы. У калідорчыку не было ўключана святло, і яны апынуліся ў паўзмроку.
Зося мацала па сцяне, шукала выключальнік і ніяк не магла знайсці. Антон Кузьміч цераз яе галаву працягнуў руку і адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусціў адзін з пакункаў. Нешта шкляное разбілася. Зося хутка нахілілася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты міг нахіліўся, і яны стукнуліся галовамі, добра, што шапка яго такая мяккая.
Антон Кузьміч засмяяўся:
— Гэта на шчасце.
Яна не зразумела, што на шчасце, ці тое, што нешта разбілася, ці тое, што яны стукнуліся, але таксама засмяялася.
Ён сказаў тут жа ў калідорчыку, трошкі ўрачыста, трошкі афіцыйна:
— Віншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю… Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамі. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў… павіншаваць… І маленькі падаруначак прыміце…
Ён працягнуў адзін з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:
— Што вы! — але ўзяла і прытуліла да грудзей, як нешта самае дарагое.
— Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункі. Люблю прынесці хоць маленькую радасць.
— Маленькую?!
Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасіць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад ім, скрыжаваўшы на прыціснутым да грудзей падарунку рукі, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.
Антону Кузьмічу таксама зрабілася няёмка.
— Ну, прабачце, — сказаў ён. — Яшчэ раз віншую. Шчасця вам і здароўя… Мой першы клопат…
Тады яна расставіла рукі, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступіла да яго і раптам… прыпала тварам да халоднага паліто, да пахучай поўсці каўняра.
Ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.
— Што з вамі?
Яна адказала не адразу. Праз нейкі момант падняла галаву, глянула нарэшце яму ў вочы, без сарамлівасці, без збянтэжанасці, проста, шчыра, ясна, як глядзяць вельмі блізкія людзі.
— Са мной? Нічога. — І гэтак жа проста папрасіла, упершыню на «ты»: — Нахіліся, я пацалую цябе, — і паднялася на пальчыках.
Нечаканая гэтая просьба чамусьці не здзівіла Антона Кузьміча, і ён без вагання нахіліўся і сам пацалаваў яе ў вусны, нязграбна абняўшы — перашкаджалі пакункі. Ёй захацелася ў адказ павіншаваць яго так, няхай будзе так. Што тут асаблівага?
А яна гэтак жа нечакана і раптоўна — жанчыну ніколі нельга зразумець! — выслізнула з яго рук, павярнулася і, нічога не сказаўшы, пайшла ў пакой.
Антон Кузьміч неўразуменна паціснуў плячамі і ціхенька, нібы ў кватэры спала дзіця, выйшаў.