Гукан амаль спалохаўся, калі сакратарка паведаміла, што да яго хочуць зайсці Яраш і Шыковіч. Хутка падняўся з крэсла, перабіраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную.
— Скажы, што я заняты.
Гэта была праўда: пільныя справы, нарады падганялі ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцяміў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камісіі, і Шыковіча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласці размову, калі яна ў іх доўгая, але не пусціць у кабінет…
Ён спыніў дзяўчыну, здзівіўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасці, памяркоўнасці.
— Не, не… Няхай заходзяць. Калі ласка, — сказаў мітусліва, разгублена, а сам думаў:
«Абодва. Без званка. Не папярэдзіўшы. Што ім трэба?»
Намеснік яго, Кушнер, з якім яны працавалі над пісьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсці. Гукан і яго спыніў:
— Не, не… Застанься.
Пайшоў да дзвярэй, шырока і прыветліва расставіўшы рукі, нібы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.
— Ну, ну!.. Каго я бачу! — выгукнуў ён, калі ў дзвярах з'явілася мажная постаць Яраша. — Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьміч, старшыня камісіі, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кірыла, даўно ўжо не быў, — паціскаючы руку Шыковічу, усміхнуўся Гукан. — Усё ездзіш? Шукаеш герояў?
— Шукаю, — адчуўшы хітра схаваную іронію ў Гуканавых словах, сур'ёзна і цвёрда адказаў Шыковіч.
— Прашу, прашу, — паказваў на мяккія крэслы каля рабочага стала Гукан.
Калі яны прывіталіся з Кушнерам і селі насупраць адзін аднаго, Гукан зірнуў на вялікі гадзіннік, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгія размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:
— Які клопат звёў разам медыцыну і літаратуру?
Яраш сказаў проста, без дыпламатыі:
— Сямён Парфёнавіч, трэба памагчы аднаму чалавеку.
— Трэба — паможам. Калі хадайнічаюць два дэпутаты…
— Жанчыне, — сказаў Шыковіч, зазіраючы старшыні ў вочы.
Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковіч не зводзіць з яго вачэй, і гэтыя дапытлівыя позіркі — «Што ён хоча ўбачыць?» — нервавалі яго.
— Тым больш неабходна памагчы.
— Трэба невялічкая, на адзін пакой, але асобная кватэрка.
Гукан ціха свіснуў:
— Таварышы дарагія, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.
— Жанчына ў бальніцы. Пасля цяжкай аперацыі.
— На сэрцы, — падказаў Шыковіч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукі, у якіх ён круціў тоўсты зялёны аловак.
— Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? — зацікаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасціўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. — Што ў яе — нікога няма родных?
— Няма.
— А дзе яна жыла да аперацыі?
— Наймала прыватны куток. На ўскраіне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.
— Безумоўна, — згадзіўся Кушнер і паківаў галавой. — Выпадак цяжкі. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.
Гукан падсунуў да сябе вялікі настольны каляндар, нацэліўся ў яго алоўкам:
— Як яе прозвішча?
— Савіч, Соф'я Сцяпанаўна, — хутка адказаў Кірыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.
Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкі твар каля вачэй і тут жа звузіўся — шчокі аплылі ўніз. Абяскровіліся глыбокія залысіны. Гукан залішне доўга не ўзнімаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, і нешта накшталт сумнай усмешкі скрывіла яго вусны:
— Гэта не таго Савіча?
— Таго, — жорстка адказаў Кірыла.
— Яна прапісана ў нас? — спытаў Гукан абыякавым голасам.
— Чатыры гады жыве. І працуе.
Шчокі аплылі яшчэ раз — нібы пад гладка паголенай скурай перакочваліся нейкія валікі.
«Чорт! — вылаяўся Сямён Парфёнавіч у думках. — Трэба міліцыі накруціць, каб такіх без майго дазволу не прапісвалі».
Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п'едэстал, засунуў рукі глыбока ў кішэні штаноў. Сказаў афіцыйна і катэгарычна:
— Што ж… Паглядзім. Можа, возьмем на чаргу.
— Не будзь бюракратам! — амаль пагрозліва папярэдзіў Шыковіч.
Гукана ашаламілі не столькі словы, колькі тон, тое, што «пісака гэты» вось так да яго — на «ты».
— Дзён праз дзесяць Савіч можна выпісаць, — спакойна паведаміў Яраш і наском чаравіка наступіў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней.
— Праз дзесяць дзён, Антон Кузьміч, і размовы не можа быць. — Гукан звяртаўся цяпер толькі да хірурга. — Што вы! Ды яшчэ асобная… Такіх і кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма.
— Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфіскацыі маёмасці няма. Дом належыць ёй, — сказаў Шыковіч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша.
— Яслі? — на міг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамі, як журавель на ўзлёце крыламі, і закрычаў, здавалася, узрадавана: — Цудоўна! Цудоўна! — Да Кушнера: — Ты чуў? Выкінем на вуліцу дзяцей! Сотню дзяцей! І аддамо дом, у якім, дарэчы, амаль нічога не засталося Савічавага, ён перабудаваны і надбудаваны намі з табой… аддамо гэты дом — каму? Дачцэ…
— Віна Савіча не даказана! — злосна перапыніў яго Кірыла.
Гукан шырокімі крокамі выйшаў з-за стала і стаў перад Шыковічам у непахіснай паставе, з цвёрдасцю і жорсткасцю ў твары.
— Не, таварыш Шыковіч, даказана! Вельмі добра даказана! Усімі органамі. А вы не думайце, што калі знайшлі нейкую знахарку і яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалі, зрабілі пераварот у гісторыі падполля. Вы наіўны чалавек, Шыковіч. Для мяне цяпер ясна, чаму напісаны ваш артыкул. Як толькі паявілася гэтая асоба…
— Пра асобу гэту ты памаўчы. — Кірыла хацеў сказаць: «Хто, як не ты, загнаў яе ў Сібір?», але Яраш зноў штурхануў яго нагой.
Антону Кузьмічу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта — кватэра. Ён даў сабе слова любымі сродкамі вырваць для Зосі пакой, і сварыцца з Гуканам зусім не ўваходзіла ў яго планы.
— Не прэтэндуе яна на дом, — сказаў ён. — Наліха ёй той дом!
— А вось камуніст, работнік рэдакцыі прэтэндуе. — Гукан адступіў ад Шыковіча, павярнуўся да свайго намесніка. — Дзеля гэтага ён гатовы выкінуць дзяцей… Чаго хочаш… Абы даказаць сваё…
«Ох і дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе», — думаў Шыковіч, але пад выразнымі позіркамі і жэстамі сябра маўчаў.
— А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? — неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкі, але, чалавек сумленны, просты і шчыры, адчуў, што праўда на баку хірурга і пісьменніка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру.
Гукан аж крутнуўся на адной назе — да намесніка:
— Ты можаш даць?
— Магу, — з добрай усмешкай адказаў Кушнер. — Роўна праз тыдзень рачнікі здаюць дом па Элеватарнай. Напішам ім гарантыйнае пісьмо, і яны пазычаць адну кватэру. Такі выпадак!
— Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Ёсць партыйны і грамадскі кантроль.
— Які ж тут шахер-махер? Вынесем на выканком. Папросім таварыша Яраша далажыць. А я тым часам дамоўлюся з рачнікамі. Яны хлопцы добрыя, зразумеюць. — Спакойная разважлівасць Кушнера неяк адразу ўтаймавала ўсіх. Нават Гукана. Але, забыўшыся, Кушнер нахіліўся ў адчыненае акно і сарваў зялёны калючы плод каштана. І тады Сямён Парфёнавіч закрычаў вісклявым, як у істэрычнай бабы, голасам:
— Не рві каштанаў! Абшморгаў усё дрэва!