Астрожская друкарня. Астрожская Біблія. Астрожская школа. Астрожскі напеў. Астрожская навука перамагаць... Гэтыя азначэнні трывала замацаваліся ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага за знакамітым магнацкім родам Астрожскіх герба “Астрога”. Буйныя землеўладальнікі Беларусі і Украіны, яны паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў.
Згодна з некаторымі сведчаннямі, радавод Астрожскіх бярэ пачатак ад унука Яраслава Мудрага князя полацкага, тураўскага, вялікага князя кіеўскага Святаполка Ізяславіча. Іншыя гісторыкі лічаць родапачынальнікам князя Данілу. Род згас у 1620 годзе, калі памёр сын Канстанціна Васіля Януш, які быў ваяводам валынскім, кашталянам кракаўскім.
Пры жыцці Януш правёў праз польскі сейм рашэнне аб утварэнні Астрожскай ардынацыі. Так называлася непадзельная ўласнасць роду, у якую ўваходзілі зямля, лясы, гарады, мястэчкі, вёскі, мануфактуры, а права на спадчыну вызначалася спецыяльным статутам – ардынацыяй. Пасля смерці Януша Астрожская ардынацыя перайшла да яго зяця князя Аляксандра Заслаўскага.
Сярод асветнікаў, дзяржаўных і палітычных дзеячаў найбольш вядомы і слаўны гетман найвышэйшы літоўскі, кашталян віленскі, маршалак валынскай зямлі, член Рады ВКЛ Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460? – 1530). Гэта адзіны праваслаўны князь, які стаў трокскім ваяводам, што супярэчыла тагачаснай практыцы, бо высокія пасады маглі займаць толькі католікі. Быў сынам Івана Васільевіча Астрожскага, празванага Красным. А праз сваіх жонак парадніўся яшчэ з двума знакамітымі родамі. Першай жонкай была княгіня Таццяна Гальшанская, другой Аляксандра Слуцкая з роду Алелькавічаў. Актыўна абараняў праваслаўе, пабудаваў шмат цэркваў.
Праславіўся Канстанцін Іванавіч найперш сваімі ратнымі подзвігамі. У канцы ХV – пачатку ХVІ стагоддзя яму не было роўных у бітвах з ворагамі Княства. Больш за 60 перамог атрымаў выдатны палкаводзец, таленавіты стратэг. У 1511 годзе на Берасцейскім сейме яго надзялілі неабмежаванай уладай на час ваенных дзеянняў. Усяго два паражэнні зведаў за жыццё, якія, аднак, не зменшылі ягонай славы і вядомасці. У Еўропе Канстанціна Іванавіча называлі Ромулам, Сцыпіёнам, другім Ганібалам...
Галоўнакамандуючы карфагенскай арміяй Ганібал вядомы ў сусветнай гісторыі як адзін з найвялікшых палкаводцаў старажытнасці і знаны дзяржаўны дзеяч. І вось амаль праз дзве тысячы гадоў другім Ганібалам назвалі вышэйшага гетмана літоўскага, які гэту пасаду атрымаў у 37 гадоў, Канстанціна Іванавіча Астрожскага.
Але не адно сам князь стаў шанаванай постаццю вялікалітоўскай зямлі. Яго сын Канстанцін Васіль не менш праславіўся ў галіне культуры. Нарадзіўся ў старажытным Тураве, якім Астрожскія валодалі з 1508 года. Стаў адным з багацейшых магнатаў Княства. Багацці, аднак, траціў з розумам.
У валынскім мястэчку Астрог, што над ракой Гарынь, заснаваў першую на Украіне славяна-грэка-лацінскую акадэмію, дзе вучыліся таксама дзеці праваслаўных. Акрамя абавязковых прадметаў навучэнцы грунтоўна займаліся музыкай і харавымі спевамі. Вось чаму ў свой час быў шырока вядомы так званы астрожскі напеў.
На ўласныя сродкі Канстанцін Канстанцінавіч стварыў пры Астрожскай акадэміі друкарню. Тут Іван Фёдараў годна прадоўжыў традыцыі беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Яго выданні з’яўляюцца каштоўнымі рарытэтамі, захоўваюцца ў многіх еўрапейскіх бібліятэках. Найбольш вядомай стала першая кірылічным шрыфтам надрукаваная поўная Біблія, названая Астрожскай. Цяпер на месцы друкарні стаіць помнік у выглядзе разгорнутай кнігі. Сярод вядомых асветнікаў на яе старонках значыцца прозвішча Андрэя Рымшы – беларускага паэта, заснавальніка жанру панегірычнай паэзіі. Ён выдаў тут на беларускай мове паэтычны твор “Храналогія” – першы друкаваны каляндар.
Канстанцін Канстанцінавіч меў цесныя сувязі з рускім князем Андрэем Курбскім, які ўцёк з Масквы ад цара Івана Грознага і жыў у падараваным яму Крэўскім замку. Астрожскі выступаў за ўмацаванне праваслаўя на беларускіх і ўкраінскіх землях, падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Тураве і Слуцку.
Другі сын Канстанціна Іванавіча Астрожскага і Таццяны Гальшанскай Ілля (Эліяш) пашлюбіўся з Беатай – прыёмнай дачкой князя Андрэя Касцялецкага і Кацярыны Тэльнічанкі. У сапраўднасці Беата была пазашлюбнай дачкой караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога з роду Ягелонаў. Аднак нядоўгім аказалася сямейнае шчасце. Менш як праз год Ілля памёр. У Беаты нарадзілася дачка Альжбета Астрожская, якая мела ў жыцці шмат розных прыгод, авантур і непамыснасцяў, за што была названа Чорнай княгіняй.
А Іллю мо Бог пакараў за тое, што адмовіўся выканаць бацькоўскі наказ. У свой час Канстанцін Астрожскі заключыў шлюбную дамову з князем Юрыем Радзівілам, якога за ваенныя заслугі называлі Пераможцам, літоўскім Геркулесам. Дачка Юрыя Ганна павінна была стаць жонкай Іллі. Аднак заўпарціўся малады Астрожскі, адмовіўся ад свайго магчымага шчасця. І вельмі радаваўся, калі кароль польскі Жыгімонт Стары вызваліў яго ад гэтага абавязку. А мо кароль ужо тады вырашыў, што ажэніць Іллю са сваёй пазашлюбнай дачкой Беатай? Адказу на гэтае пытанне няма...
Да Сабору беларускіх святых залічаны Фёдар Астрожскі. У першай палове ХV стагоддзя ён атрымаў ад свайго бацькі Данілы велізарныя багацці. Быў чалавекам вялікай адвагі і высокага аўтарытэту. Але неўзабаве змяніў свецкае жыццё на келлю манаха Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе і пахаваны. Дзень памяці адзначаецца 24 жніўня.