Калі ў 1440 годзе змоўшчыкамі быў замардаваны ў Троках вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч, паўстала пытанне аб ягонай замене. Кароль польскі Уладзіслаў ІІІ Варненьчык у якасці свайго намесніка адаслаў у Вільню роднага брата Казіміра. Але насуперак волі караля група магнатаў на чале з Янам Гаштольдам вырашыла па-свойму. Яны падпаілі польскіх гасцей і ноччу 29 чэрвеня ў кафедральным касцёле абвясцілі 13-гадовага сына Ягайлы і Соф’і Гальшанскай вялікім князем. Казіміру ўручылі Гедымінаў меч і ўганаравалі мітрай.
Ян Гаштольд стаў апекуном і выхавацелем малалетняга гаспадара Княства, а фактычна кіраваў дзяржавай ад яго імя. І не хацеў, каб Казімір станавіўся і каралём польскім. Калі ж Ягайлавіч заняў і гэты вышэйшы пасад, Ян аказаўся ў апазіцыі. Тады кароль адабраў у яго родавую рэзідэнцыю Геранёны Мураваныя. Ды Казімір, як і бацька, меў добрую душу. Ён пакінуў Яна віленскім ваяводам, пасада якога лічылася адной з важнейшых у Княстве. А ўжо без Казіміра вярнуліся да Гаштольдаў і Геранёны.
Гісторыкі адзначалі, што Ян быў паслядоўным праціўнікам інкарпарацыі Вялікага княства Літоўскага ў Каралеўства Польскае. У гэтай справе ён актыўна падтрымліваў Вітаўта. Пасля смерці вялікага князя Ян узначальваў апазіцыю каралю, дабіваўся адхілення яго ад улады на карысць то Міхаіла Кейстутавіча, то Радзівіла Осцікавіча, то свайго зяця кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, замужам за якім была дачка Яна Марыя. Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора з пераможаным у Грунвальдскай бітве Тэўтонскім ордэнам.
Ян – толькі адзін з прадстаўнікоў магутнага магнацкага роду Гаштольдаў, які пазней стаў графскім. А яшчэ называлі іх Гастаўтамі, Гастоўтамі, Гоштаўтасамі. Калі ў 1413 годзе на Гарадзельскім сейме першыя 47 баяр ВКЛ прынялі гербы вядомых польскіх родаў, сярод іх быў і Ян. З таго часу Гаштольды карысталіся гербам “Габданк”. У ХІV – ХVІ стагоддзях яны займалі высокія дзяржаўныя пасады ў ВКЛ і Польшчы, валодалі мноствам маёнткаў на землях усходняй Літвы і заходняй Беларусі. Былі сярод іх выдатныя гаспадарнікі, духоўныя асобы, ваяры, дзяржаўныя дзеячы, многія сталі вядомымі мецэнатамі.
Аднак і ў адной сям’і не абыходзілася без непаразуменняў. Ян лічыўся кіраўніком вялікалітоўскай апазіцыі. А яго сын Марцін – ваявода кіеўскі, а пасля трокскі, маршалак земскі аддана служыў каралю польскаму Казіміру Ягелончыку. Калі супраць караля была выкрыта змова, Марцін аказаўся сярод тых суддзяў, хто аддаў Міхаіла Алелькавіча і Івана Гальшанскага на смерць. Не дапамаглі нават сваяцкія повязі: першай жонкай Марціна была дачка Сямёна Гальшанскага, а другой – дачка Юрыя Гальшанскага.
Згодна з летапісам, пачынальнікам роду лічыцца Крумпа – гетман літоўскага князя Ердзівіла. Пасля пераносу сталіцы ВКЛ у Вільню Крумпа стаў першым віленскім ваяводам. Ад ягонага сына Гаштольда і пайшоў знаны праваслаўны род. Быў закаханы ў каталічку Бугацкую і, каб узяць яе за жонку, мусіў памяняць веру, атрымаў імя Пётр.
Гэта ён запрасіў з польскай зямлі ў Вільню першых манахаў-францысканаў, пабудаваў для іх кляштар і касцёл святога Крыжа. Калі ж манахі загінулі пакутлівай смерцю, прывёз новых і ўзвёў для іх касцёл святой Дзевы Марыі.
Мястэчка Геранёны, якое цяпер у Іўеўскім раёне, называлі і Гаштольдавымі, і Мураванымі. Пасля Яна імі валодаў ваявода новагародскі, полацкі, трокскі і віленскі, канцлер ВКЛ Альбрэхт. Рана страціў бацькоў, выхоўваўся ў сваёй бабулі Ганны Гальшанскай. На пачатку ХVІ стагоддзя ён збудаваў у Гераніёнах багата аздоблены замак. У 1529 годзе ён атрымаў тытул графа, а Мураваныя Геранёны пачалі лічыцца графствам.
Альбрэхт стаў прызнаным палітычным дзеячам Княства, актыўна змагаўся за яго самастойнасць. Належаў да самых багатых землеўласнікаў, меў вялікія надзелы ў Трокскім, Віленскім, Луцкім, Ашмянскім, Менскім і іншых паветах. Варта адзначыць і такі цікавы факт. Кароль польскі дазволіў яму карыстацца пячаткай з чырвонага воску, узвялічыўшы такім чынам да статусу каралеўскай асобы, бо ўсе іншыя мусілі ўжываць зялёны воск. Выхаванец Кракаўскага Ягелонскага універсітэта Альбрэхт спрыяў таму, каб група падлеткаў з Геранёнаў трапіла на вучобу ў гэтую прызнаную ў Еўропе навучальную ўстанову. Ён арганізаваў школы ў Геранёнах і Трабах.
Не аднойчы змагаўся з крымскімі татарамі. У 1505 годзе адбіў іхні напад на Новагародскі замак. Часта знаходзіўся ў атачэнні караля пры вырашэнні важных дзяржаўных спраў і дыпламатычных місій. Браў удзел у стварэнні першага Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 года. Яшчэ пры жыцці заказаў сабе надмагілле, якое ў стылі рэнесансу выканаў для Гаштольдавай капліцы ў Віленскім кафедральным касцёле італьянскі майстар.
Сёння бадай што ўсе ведаюць Барбару Радзівіл як жонку караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. І мала хто звяртае ўвагу, што спярша яна была замужам за ваяводам новагародскім і трокскім, членам Рады ВКЛ Станіславам Гаштольдам – сынам Альбрэхта. 18 мая 1537 года ў касцёле ў Геранёнах з удзелам многіх еўрапейскіх гасцей адбыўся шлюб 30-гадовага Станіслава і 17-гадовай Барбары. Яе бацька кашталян віленскі, вялікі гетман літоўскі князь Юрый Радзівіл даў дачцэ такі багаты пасаг, што спатрэбіўся не адзін дзесятак коней, каб усё дабро перавезці ў Геранёны.
Пасля смерці Станіслава Гаштольда ў 1542 годзе не толькі замак і ўсе багацці, а нават ягоная жонка Барбара Радзівіл дасталася каралю. Род Гаштольдаў згас.