Сёння, напэўна, цяжка знайсці чалавека, які не ведаў бы першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага горада Навагрудка. Але ёсць і яшчэ адна адметнасць навагрудскай зямлі, якая справядліва засведчана ў сусветнай гісторыі. Гэткую славу здабылі ёй незвычайныя кніжныя зборы, што захоўваліся ў Шчорсах. У гэты родавы маёнтак Храптовічаў прыязджалі даследчыкі і пісьменнікі з усёй Еўропы, бываў тут Адам Міцкевіч. Бібліятэкарам працаваў Ян Чачот.
Бібліятэку заснаваў у першай палове ХVІІІ стагоддзя Іахім Літавор Храптовіч. Хто ж быў гэты руплівы збіральнік і знаўца кніг, аматар прыгожага пісьменства, дзяржаўны, навуковы і культурны дзеяч? Іахім – адзін з прадстаўнікоў самага старажытнага на беларускай зямлі магнацкага і графскага праваслаўнага (у ХVІ стагоддзі перайшлі ў каталіцтва) роду Храптовічаў герба “Адравонж”.
Першую адукацыю Іахім атрымаў ад бацькоў. Жыццёвай мудрасці набіраўся ў дзеда – усебакова адукаванага чалавека і вядомага ў свой час пісьменніка К. Несялоўскага. Пад яго ўплывам пачаў пісаць вершы. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, засвойваў навукі ў Нясвіжы і Германіі. Шмат падарожнічаў.
Дапытлівы розум, няўрымслівы характар, вострае адчуванне новага і ўбачанае за мяжой падштурхнулі Іахіма да змены сялянскага жыцця ў сваіх уладаннях. На еўрапейскі лад ён арганізаваў працу на зямлі, развіваў садоўніцтва, пчалярства, разводзіў у сажалках рыбу. Раней за скасаванне ў Расіі прыгоннага права “дзіўны пан” адмяніў сваім сялянам паншчыну, зрабіў іх арандатарамі. Асаблівы клопат праяўляў пра сялянскіх дзяцей. На свае сродкі пабудаваў школу, у якой акрамя агульнай навукі вучні атрымлівалі першыя працоўныя навыкі, вучыліся гаспадарыць на зямлі па-новаму.
У мястэчку Вішнева (цяпер Валожынскі раён) Іахім заснаваў металургічны завод. Упершыню на беларускай зямлі была збудавана доменная печ. Сыравінай служыла руда з мясцовых балот, лясы давалі драўняны вугаль. Амаль сто гадоў выплаўлялі тут метал, з якога выраблялі сельскагаспадарчыя прылады, абсталяванне для млыноў, рэчы для штодзённага ўжытку.
Былыя земляробы, якія сталі металургамі, дасягнулі такога майстэрства, што нават на экспарт ішла прадукцыя вішнеўскіх плавільшчыкаў. А калі спатрэбілася, вольналюбівыя майстры кавалі зброю для паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі.
Як усебакова здольны чалавек і таленавіты арганізатар, Іахім на працягу ўсяго жыцця надаваў асаблівую ўвагу развіццю адукацыі. Быў актыўным стваральнікам Адукацыйнай камісіі, 20 гадоў працаваў у яе складзе. Практычна камісія стала першым у Еўропе міністэрствам асветы. Акрамя таго Іахім заснаваў Варшаўскае таварыства сяброў навук, пераклаў і напісаў сам не адну навуковую кнігу. Стварыў “Памятку пра род Літавораў-Храптовічаў ад першых звестак да 1795 года”, напісаў артыкул “Паэзія”.
Усё гэта не замінала яму займацца важнымі дзяржаўнымі справамі. Іахім быў міністрам замежных спраў Рэчы Паспалітай, шасціразовым паслом на сейм, маршалкам Трыбунала ВКЛ, вялікім сакратаром, падканцлерам і апошнім канцлерам Княства.
Ужо адно гэта заслугоўвае таго, каб далучыць Іахіма да кагорты выдатных людзей беларускай зямлі. Але ў памяці людской ён застаецца найперш стваральнікам найбагацейшага прыватнага кнігазбору, які ўвайшоў у гісторыю як “Бібліятэка Храптовічаў”.
Пры ім Шчорсы сталі адным з прыцягальных культурных цэнтраў Еўропы. Па праекту італьянскіх дойлідаў замест старога драўлянага палаца быў збудаваны багата аздоблены мураваны палацава-паркавы ансамбль. Спецыяльны будынак узвялі для бібліятэкі. Госці не хавалі здзіўлення, калі знаёміліся са старажытнымі рукапісамі, каштоўнымі геаграфічнымі картамі, унікальнымі матэрыяламі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Кніжныя зборы былі даступныя студэнтам, людзям простага паходжання.
Нават па мерках еўрапейскіх сталіц Шчорсаўская бібліятэка магла лічыцца унікальнай. Каля 10 тысяч выданняў займалі спецыяльна абсталяваныя залы. Некаторыя сведчаць, што кніг было не менш як 20 тысяч. Іахім збіраў іх падчас замежных вандровак, некаторыя каштоўныя заходнееўрапейскія старадрукі набыты ім з бібліятэкі рымскага кардынала І. Імперыяле. Беражліва захоўваліся творы саміх Храптовічаў: чатырохтомны рукапіс “Прамовы Яна Храптовіча Навагрудскага кашталяна...”, гісторыя роду і родавы архіў.
Калі ў 1812 годзе Іахіма не стала, справу бацькі прадоўжыў сын Адам. Ён вучыўся ў Францыі, стаў ганаровым членам Віленскага універсітэта. Сваім коштам утрымліваў школы ў Нягневічах і Шчорсах. Шчорсаўскую школу наведвала больш за 250 вучняў. Заняткі праводзіліся на англійскі манер па метаду вядомага педагога Джона Ланкастара.
Адам працягваў пачатыя бацькам рэформы. Спагадліва адносіўся да сялян, адмяніў цялесныя пакаранні, зменшыў павіннасці, стварыў своеасаблівыя касы ўзаемадапамогі, загадаў зачыніць многія шынкі. Не забываўся і пра бібліятэку, папаўняў яе старадрукамі. Пісаў гістарычныя артыкулы.
1784 годзе па дарозе ў Нясвіж Шчорсы наведаў польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён быў у захапленні ад бібліятэкі і таму, верагодна, падарыў ёй калекцыю рэдкіх геаграфічных карт.
Пазней клопат пра кніжныя зборы перайшоў да пляменніка Іахіма рускага дыпламата Міхаіла Храптовіча-Буцянёва. Бібліятэка існавала амаль два стагоддзі. У 1913 годзе яна перададзена Кіеўскаму універсітэту, а шмат што з кніжнага збору разышлося па розных еўрапейскіх і расійскіх установах.