Раздзел першы Прымак

1


Настаў трывожны 1939 год. У Еўропе ішла вайна. Крачкаўцы непакоіліся, што яна, можа, не абміне іх, бо Германія мае звярыную хватку, тым больш, што палякі з немцамі заўсёды былі на нажах. Праўда, польскі ўрад настойліва пераконваў насельніцтва: айчыннае войска абароніць краіну ад нападу ўсялякага агрэсара, аднак гэта не здымала напружанасці ў грамадстве. Гардзей уважліва сачыў за падзеямі ў свеце ды прыслухоўваўся да чужых меркаванняў. Часам да яго заходзіў Яўсей Пух, і яны звычайна разважалі пра палітыку, але, было, іншы раз спрачаліся да хрыпаты, кожны адстойваючы свае перакананні.

— Нам трэба клікаць на дапамогу Савецкі Саюз, — даводзіў Яўсей. — Там справядлівы лад, няма багацеяў, дзеці маюць магчымасць набываць бясплатна адукацыю. Ды што казаць, такой краіны, як Саветы, няма ва ўсім свеце. Там жа народ кіруе!

— Скажы, калі там усё так добра, як ты кажаш, дык чаму столькі ворагаў народа? Ці народ не так кіруе краінай, ці жыццё не такое ўжо і добрае? — пытаўся Гардзей.

— Ты не разумееш! Ворагі народа — гэта ж недабіткі буржуазіі, што зашыліся ў шэрагі народных мас і шкодзяць маладой краіне.

— Ведаеш, Яўсей, быў час, што і мы з табою варагавалі, аднак жа нарэшце зразумелі, што лепш жыць мірна. Так трэба і дзяржаве жыць мірна са сваімі грамадзянамі.

— А яна іх выхоўвае...

— Так не выхаваеш.

— А як? Народ жа мусіць адчуваць моцную руку.

Гардзей адкінуў з ілба пасму цёмных валасоў і засмяяўся.

— Паглядзеў бы я на цябе, каб над табой вісела такая рука. У якім настроі ты жыў бы?

— Не смейся, я перакананы, што нас Расія выратуе!

— Выратуе! А для чаго? Падумай сам, чаму была зачынена кампартыя Заходняй Беларусі? Выходзіць, што ты са сваімі камуністычнымі ідэямі ўжо непатрэбны! Калі так, ты можаш стаць першым ворагам Савецкай Расіі!

— Гэтага не можа быць! Я рызыкаваў жыццём дзеля перамогі справядлівасці і дабра ва ўсім свеце.

— А свет жыў і не заўважаў тваіх намаганняў, хіба толькі дэфа цікавілася табой, — засмяяўся Гардзей.

— Заўважаць і ацэняць, не сумнявайся!

— А што ты запяеш, калі сюды прыйдуць немцы? Якія знішчаюць камуністаў і яўрэяў.

— Гэта будзе жах, — уздыхнуў Яўсей. — Але я перакананы, што немцы сюды не дойдуць.

Гардзей памаўчаў, усміхнуўся сваім думкам і сказаў:

— Я помню немцаў, якія стаялі у Крачках у Першую сусветную. Вядома, і яны былі розныя. Вунь, узяць тых, што жылі ў маёй хаце ды ахоўвалі чыгунку. Дык адзін, яго звалі Вілі, вучыў мяне нямецкай мове. Пакажа рэч, скажа, як называецца, а я за ім паўтараю. Калі ад’язджалі, мне карову падаравалі. Хвалілі мяне, што адзін вяду гаспадарку. Маіх сясцёр малалетніх кватаранты частавалі чым-небудзь смачным. Карацей, былі яны як і ўсе людзі.

— А карову тую яны ў некага адабралі. Такога ж, як мы з табой. Можа, нечых дзяцей толькі яна і карміла. І яшчэ скажу: не могуць рабаўнікі і забойцы быць людзьмі, — упэўнена адказаў Яўсей.

— А ты ведаеш, здаецца мне, што мяне і цябе вучылі ў войску забіваць. Усе вайскоўцы патэнцыяльныя забойцы. А ўсе мужчыны — вайскоўцы. Але вось што страшна, Яўсей. Нешта ў нашым чалавечым асяродку адбываецца не так.

Гаворка іншы раз канчалася мірна, іншы раз суразмоўцы разыходзіліся расчараваныя і злосныя з-за таго, што не маглі адстаяць сваю думку, абгрунтавана і доказна зрабіць прагноз развіцця палітычных падзей на будучыню. Вядома, кожны гаварыў так, як думаў і лічыў сваё ўспрыняцце і разуменне жыцця ці не адзіна правільным.

Гардзей уважліва чытаў газеты, якія толькі ўдавалася здабыць; калі наведваўся ў Брэст, слухаў у знаёмага яўрэя радыёпрыёмнік «Тэлефункер» і прыходзіў да высновы, што без вайны не абыдзецца, занадта напружанае становішча склалася вакол Польшчы. Немцы толькі шукалі зачэпку, каб рушыць сваё войска на ўсход. Пра гэта сведчылі падзеі ў Гданьску ды і шмат іншых правакацый. Гардзей па-свойму рыхтаваўся да магчымай вайны, якая магла дакаціцца і да Крачак. Ён мала займаўся гаспадаркаю, скупляў у вяскоўцаў бычкоў і перапрадаваў яўрэям, запасаўся соллю, запалкамі, газаю, крупамі, гарэлкаю. Яўрэі лёгка давалі тавары напавер, прадчуваючы час выпрабаванняў і разумеючы, што са звычайнага пакупніка спагнаць доўг лягчэй, чым з якой улады, якая, калі ёй трэба, можа канфіскаваць усё чыста і дзякуй не скажа.

У пачатку верасня да Крачкаў даляцела вестка пра тое, што Германія напала на Польшчу. З захаду ў Брэст і Жабінку пацягнуліся бежанцы — людзі з разгубленымі і ўстрывожанымі тварамі. Гардзей узіраўся ў іхнія вочы і занепакоена думаў, што, магчыма, і ягонай сям’і давядзецца перажыць нешта падобнае. Трэба быць гатовым да ўсяго, а гэта азначала, сушыць сухары, прыкопваць дзе-якую маёмасць.

Праз тыдзень нямецкі самалёт скінуў некалькі бомбаў на Брэст, загінулі людзі. Тры дні ішлі баі за крэпасць. Неба грукатала і набрыняла чырванню, водгулле яго далятала да Крачкаў, трывожыла і палохала вяскоўцаў невядомасцю. Нехта з крачкаўцаў бачыў немцаў у Берасці, нехта — у Жабінцы, казалі, што паводзілі прыхадні сябе спакойна, нікога не чапалі, пераважна сачылі за працаю чыгункі. Пасля прыйшла навіна, што і Савецкі Саюз уступіў у вайну і рушыў сваім войскам насустрач нямецкаму. Людзі пачалі чакаць добрых перамен: усё ж такі прыйдуць вызваліцелі з краіны, дзе няма прыгнятальнікаў, і прынясуць братэрскую любоў і роўнасць, дадуць сялянам зямлю і волю.

Гардзей пад уплывам агульнага настрою ў Крачках таксама пачаў спеліць надзею на лепшыя зрухі ў сваім жыцці. Якія яны будуць, не ведаў, але спадзяваўся, што спатрэбяцца дзяржаве ягоны розум і жаданне працаваць на агульную карысць.

2


Як толькі крачкаўская моладзь даведалася, што Чырвоная Армія ўжо ў Баранавічах, адразу распачала падрыхтоўку да сустрэчы вызваліцеляў: у канцы вёскі з боку Жабінкі хлопцы паставілі трыумфальную браму, дзяўчаты ўпрыгожылі яе дзеразою і познімі восеньскімі кветкамі, вывесілі чырвоныя сцягі. У гэтай справе самы актыўны ўдзел бралі былыя падпольшчыкі Яўсей Пух і Іван Валошчык, да іх далучыліся Серафім Барэйша, Марфа Хвясюк, а таксама цікаўныя падлеткі з Крачкаў ды Сцяблова.

Якраз дні за два да гэтай падзеі ў Паўліны прапаў сувой палатна, які яна бяліла на поплаве. Палатно было памечана асаблівымі меткамі. І калі яна прыйшла да брамы, дык адразу і заўважыла на адным з чырвоных сцягоў літару «П», вытканую чорнымі ніткамі па краі палатна, якую не здолелі зафарбаваць чырвонаю фарбаю. Паўліна захвалявалася, пазнаўшы сваю метку, і спытала:

— А хто ж гэта даў сваё палатно на сцягі? Такое прыгожае!

— Цётка Марфа, — адказала нейкая дзяўчынка.

Паўліна зразумела, хто ўкраў яе сувой, але не адважылася падысці да Марфы і выказаць сваё падазрэнне. Яна з жалем глядзела на сваё палатно, такое тонкае, хоць праз пярсцёнак працягвай, меркавала некалі выкарыстаць яго на хусткі ды фартушкі, а мо Бог пашле якога прымака (гаспадарка ж у яе цяпер заможная), дык і на пасаг можна было адкласці, бо як пойдуць дзеці, тады ўжо будзе не да прадзіва. Паўлініны вочы напоўніліся слязьмі ад крыўды, а сэрца трывожна закалацілася. Колькі працы было ўкладзена ў гэтае палатно, колькі любові! І вось знайшлася на яго гаспадыня-зладзейка, украла, прысвоіла сабе, а цяпер раздае, не сваё — не шкода. Паўліна не ведала, што ёй рабіць, дзе шукаць рады, разгублена пазірала на сцягі.

Раптам пачуўся конскі тупат — людзі ўбачылі, што з боку Жабінкі ляціць да Крачак польская конніца. Што гэта палякі не цяжка было пазнаць па квадратных канфедэратках на галовах коннікаў. Вяскоўцы кінуліся ад брамы хавацца хто куды. Паўліна таксама пабегла праз Марысін двор за хлеў і прытаілася ў жыце, стуль назірала, як польскія ваякі саскочылі з коней, лаючыся, звалілі браму, пасеклі дзеразу і чырвоныя сцягі ды паскакалі ў накірунку Сцяблова.

Вяскоўцы, калі ўпэўніліся, што небяспека мінула, зноў сабраліся каля разбуранай брамы, пабожкалі, шкадуючы змарнаваную працу, але аднаўляць збудаванне не сталі, вырашылі, што зарана пачалі свята сустракаць, так нядоўга і бяду на вёску наклікаць. Марфа сабрала чырвоныя латкі пасечаных сцягоў, мусіць, мела намер яшчэ іх нейкім чынам выкарыстаць.

Паўліна, хаваючы хваляванне, моўчкі назірала за тым, што адбывалася. Яна так і не адважылася сказаць хоць каму-небудзь пра скрадзенае ў яе палатно, палічыла за лепшае паскардзіцца на Марфу Гардзею, адзінаму свайму заступніку. Яна цяпер рэдка бачылася з братам. Ён быў вельмі заняты, часта ездзіў у Брэст, да Паўліны не наведваўся, быццам счужэў. Сястра крыўдавала, аднак выгляду не падавала, бо разумела, што ў яго свая сям’я, хапае іншых турбот.

Паўліна ўважліва агледзела Гардзееў двор, чыста падмецены, гарод пусты, бульбу пакапалі ўжо, толькі каля плота ляжала гара пярэстых гарбузоў, і адзначыла сама сабе: Зося ўсё ж гаспадыня дбайная. Брата яна знайшла ў хаце і парадавалася, што на той час ні старога Барэйшы, ні ягонай дачкі дома не было, не мела асаблівага жадання сустракацца са сваякамі лішні раз.

Гардзей плёў лазовы кош, седзячы на нізенькім услончыку каля печы. Паўліну выслухаў, не спыняючы працу, спытаў:

— Ты хочаш, каб я пайшоў да Марфы адбіраць тваё палатно?

— Не ведаю, але ж нешта трэба рабіць.

— Самаўпраўствам я займацца не буду. Бачыш, цяпер безуладдзе, нават паскардзіцца няма каму, гэтым зладзеі і карыстаюцца. Вайна пачалася, Паўліна. Тут не маёмасць, а душу трэба ратаваць. Не будзь скупою, сёння ты згубіла, а заўтра табе Бог мо ўтрая больш дасць.

— Ага, табе што? Ты не ткаў, не праў! Табе маёй працы не шкада, — з дакорам адказала сястра.

— Шкада, Паўліна. Але, прабач, я нічога не магу зрабіць.

У хату ўбег Ораст, хлопчык гадоў чатырох, жвавы, усмешлівы.

— Вой, хто ж гэта прыйшоў? — сентыментальна прамовіла Паўліна.

— Оласт, — адказаў хлопчык.

— Ах ты мой пляменнічак залаты, — Паўліна падхапіла дзіця, шчасліва заўсміхалася, тулячы яго да сябе і цалуючы ў ружовую шчаку. — Як жа ты на бацьку падобны! Наша кроў! Рахубаў! А я табе яблычкаў смачных прынесла. Хочаш яблычак?

— Я цукелку хацу!

— Бач ты, які пераборлівы!

Паўліна паставіла малога на падлогу, пільна паглядзела зверху ўніз, задаволена сказала:

— А ён і характарам у цябе ўдаўся, Гардзей. Вой будзе табе з ім турботы, як падрасце! Бачыш ты, цукерку ён хоча!

— Які будзе, такі і будзе, што нам з табой варажыць. Бульбу пакапала?

— Пакапала, адна латачка каля хлява засталася.

— Гэта добра. Калі якая дапамога трэба, дык кліч. А з Марфаю сама разбірайся. Я з бабамі не ваюю.

Паўліна зразумела, што на тым гаворка скончылася, і заспяшалася дамоў, не стала распытваць пра Зосю і чакаць яе, не хацела лішні раз сустракацца і прыкідвацца, што вельмі радая сустрэчы.

3


Невялікі атрад чырвонаармейцаў усё ж зазірнуў аднойчы ў Крачкі. Камандзір ехаў на кані, астатнія вайскоўцы ішлі пешкі. Крачкаўцы сабраліся вакол гэтых здарожаных людзей, разглядвалі іх, іхнія чубатыя шапкі з чырвонымі зоркамі.

Сярод вяскоўцаў былі Гардзей і Марк, да іх падышоў Яўсей Пух, павітаўся.

— Ну, вось і дачакаўся ты, Яўсей, вызваліцеляў, — сказаў Гардзей. — Як яны табе?

— Сокалы!

— Нешта гэтыя сокалы надта здарожаныя, — заўважыў Марк.

— Пераможцы, — адказаў Яўсей. — А ты чуў, што немцы палякаў у Берасці і пад Кобрынам так пабілі, што тыя не ведалі, куды бегчы. Цяпер возьмуць нас у Савецкі Саюз, і зажывём мы ў міры і згодзе роўныя сярод роўных.

— Чаму гэта нас, як дзеўку-векавуху, абы-хто павінен забіраць? — спытаў з усмешкаю Гардзей. — Ці не можам мы самі жыць самастойна? Было ж ужо! Жылі! Ад мора да мора цягнулася наша зямля!

— Савецкі Саюз — такая дзяржава, што кожны палічыць за гонар быць у яе складзе. Толькі дурань можа адмаўляцца ад такой прапановы, — запярэчыў Яўсей.

— Я часам слухаю радыю і дзіўлюся, колькі ў асяродку саветаў ворагаў народа развялося. А ці не можа быць, што яны і ў нас пачнуць ворагаў вышукваць?

— Гародзіш абы-што, — абурыўся Яўсей.

Іхнюю гаворку перарваў гармонік. На вуліцу выйшаў Сымон Чмель, заспяваў прыпеўкі:

Не судзіце, добры людзі,

Што я абшарпаўся,

Мой татулька такі быў,

Я ў яго ўдаўся.

З натоўпу выскачыла Марфа і пусцілася ў скокі. Перад ёю ўзнік чарнавусы чырвонаармеец і пайшоў паўкругам упрысядкі. Танцоры расчырванеліся, усміхаючыся адно аднаму, здаецца, нікога і не бачылі вакол, столькі жарсці, упэўненасці і сілы было ў іхніх рухах. Чырвонаармеец сцягнуў чубатую шапку, агаліў чарнавалосую галаву. У адказ і Марфа сарвала з галавы паркалёвую хустачку і, размахваючы ёю, усё прытупвала ды кружылася вакол смуглявага напарніка. А гарманіст тым часам сыпаў прыпеўкамі, голас ягоны быў моцны, гарэзлівы.

А, мілашачка мая,

Стаў я разжывацца.

Прадаў сенцы, купіў дзверы,

Буду зачыняцца.

— Марфа нідзе не разгубіцца, — заўважыў Марк.

— Ёй няма чаго губляць, акрамя свайго Якуба, які абрыд ёй, як вашывы кажух, — сказаў Гардзей.

— Агонь-баба! — з задаволенаю ўсмешкаю прамовіў Яўсей.

— Зараз рэвалюцыю зробіць з гэтым чарнявым ды кучаравым, — засмяяўся Гардзей.

— Для паляпшэння Якубавай пароды — не шкодзіла б, — азваўся Марк.

Тым часам да гарманіста падышоў чырвонаармеец, нешта сказаў — і гармонік сціх. Камандзір ускочыў на лаўку, дзе сядзеў Чмель, абдымаючы гармонік, звярнуўся да прысутных:

— Таварышы! Непераможная Чырвоная Армія на штыках прынесла вам свабоду! Я віншую вас са святам вызвалення. Цяпер у вас пачнецца новае светлае жыццё! Я жадаю вам плённага і шчаслівага будаўніцтва.

Далей камандзір пачаў хваліць савецкі лад жыцця і расказваць пра поспехі, якіх дасягнуў савецкі народ, пра бязмежныя перспектывы новых здзяйсненняў і перамог. Калі прамоўца скончыў гаварыць, на ягонае месца ўскочыў малады хлопец са Сцяблова Леванюк і пачаў дзякаваць вызваліцелям за тую ласку, якую яны зрабілі.

— Дзе гэта ён навучыўся так спрытна гаварыць? — здзівіўся Гардзей.

— Мая школа! З паўгода быў у мяне камсамольцам, пакуль партыю не распусцілі, — з гонарам адказаў Яўсей.

— Можа былым партыйцам цяпер пасады будуць даваць? — пацікавіўся Марк.

— Не ведаю, — паціснуў плячамі Яўсей. — Адзін сябар з Берасця казаў, што да былых капэзэбоўцаў новая ўлада ставіцца з насцярогаю.

— Эх, Яўсей, казаў я табе, што мы нікому не трэба, а нашая ахвярнасць — тым больш, — з усмешкаю заўважыў Гардзей. — Як былі мы нічым, так і застаёмся.

— Ты памыляешся, не можа быць, каб новай уладзе не спатрэбіліся адданыя людзі, — упэўнена адказаў Яўсей.

— Зрэшты, напэўна, палякаў зараз пагоняць з цёплых месцаў, дык мо нам што-небудзь дастанецца. Пайду я, хлопцы, няма ахвоты слухаць гэтага самавука, — грэбліва кіўнуў Гардзей у бок Леванюка.

4


Новая ўлада паціху ўсталёўвалася. У Сцяблове адчынілі сельсавет у хаце заможнага чалавека, нядаўна вывезенага невядома куды. Старшынёю прызначылі «васточніка», чалавека пахмурнага, насцярожанага, які прыехаў аднекуль з Расіі. З ранку да вечара гарлала чорная талерка радыё, прымацаваная на слупе; над дахам сельсавета развяваўся чырвоны сцяг; а ў памяшканні вісеў плакат з партрэтам Сталіна, які пільна прыглядаўся са сцяны да кожнага прысутнага. У склад сялянскага камітэта ўвайшлі крыклівая Марфа, безгалосы Серафім, паслужлівы Леванюк і яшчэ некалькі непісьменных сялян. Гардзей назіраў збоку за тым, што адбывалася, і здзіўляўся сваёй наіўнасці. У глыбіні душы ён усё яшчэ спадзяваўся: аднойчы згадаюць пра тых, што сядзелі ў турмах, якія імкнуліся змяніць да лепшага жыццё тутэйшага люду. Аднак таемныя яго спадзяванні былі дарэмныя. Наступіў новы час. Новыя людзі імкнуліся стаць гаспадарамі жыцця. А калі пайшла пагалоска пра тое, што вывезлі ўсіх асаднікаў, леснікоў і таго-сяго з больш багатых сялян, нават Марка збіраюцца раскулачваць за нявыплачаныя падаткі, Гардзей зразумеў, што трэба сыходзіць у горад. Там людзям пры ўсялякай уладзе жывецца лягчэй. Адпрацаваў належныя гадзіны, атрымаў заробак, і жыві сабе, як хочаш. Зрэшты, у хаце Кірылы Гардзей лічыўся толькі прымаком. Гаспадарка ж была даволі вялікая: тры каровы, пара коней, чатыры адкормленыя парсюкі. Усю гэтую жывёлу трэба было тэрмінова збываць і рабіцца бедняком, пра гэта і сказаў зяць цесцю. Той спачатку заўпарціўся, а потым згадзіўся з Гардзеем і здаў у нарыхтоўчую кантору жыўнасць, пакінуўшы сабе самае неабходнае, дзякуючы чаму разлічыўся з падаткамі і трапіў у лік сераднякоў.

Паколькі гаспадарка паменшылася ўтрая, дык Гардзей палічыў за лепшае пашукаць сабе які заробак у Брэсце, бо дома цесць з Зосяю і самі добра спраўляліся. Летам Гардзею знайшлася добрая, на яго думку, пасада памочніка каморніка на складзе вагоннага дэпо. Паколькі каморнік аказаўся не надта пісьменным «васточнікам», але затое адданым рэвалюцыі камуністам з Ленінграда, які прыехаў дапамагаць братам-беларусам усталёўваць новы лад жыцця, дык Гардзей рабіў за яго справаздачы і ўсялякую цяжкую і чорную работу: насіў скрыні, прыбіраў склад, а каморнік выдаваў рабочым спецвопротку і рознае начынне. З месяц Гардзей штодня пасля працы дабіраўся нанач дадому, а потым знайшоў сабе кватэру. Гаспадыняю аказалася ўдава цырульніка, прыемная гладкая маладзіца гадоў сарака з гакам. Дзяцей яна не мела, таму ўзялася шчыра апекаваць свайго кватаранта.

— Муй каханы! Муй пенькны прыйшоў! — такімі словамі звычайна сустракала яго пані Ванда, замілавана складваючы пульхныя ручкі на грудзях, як перад малітваю, а праз тыдзень-два — дык і гарачымі абдымкамі ды пацалункамі.

Гардзей, уражаны такой нечаканай прыхільнасцю, стаў рэдка наведвацца дадому. Занадта прэсным і стрыманым падалося яму каханне Зосі, якая пры бацьку ніколі нават не абняла мужа. Сам жа ён, як яму здавалася, нікога не кахаў. Праўда, аднойчы, калі яшчэ служыў у войску ў Варшаве, убачыў у двары аднаго багатага асабняка дзяўчыну ў блакітным каптурыку і сінім плашчы. І такая яна была прыгожая і пяшчотная, што, здавалася, за яе і жыцця не пашкадаваў бы. Дзяўчына знікла за цяжкімі дзвярыма, якія перад ёю адчыніў лёкай у ліўрэі, аблямаванай залацістым шлякам. Колькі пасля ні прыходзіў да той агароджы Гардзей, дзяўчыну яму больш убачыць не давялося. Ён быў перакананы, што тую юную палячку ён, напэўна, кахаў бы да канца свайго жыцця. Гэта было б не проста існаванне, а свята. Тое, чым цяпер жывілася яго душа, здавалася шэрым і не цікавым, часовым упрыгожаннем будзённасці стала цырульнікава ўдава.

Праз паўгода Гардзей вырашыў, што з Зосяю больш жыць не будзе, а застанецца з Вандаю. Ён захапляўся сваёю пранырліваю гаспадыняю, якая здолела ўладкавацца прадаўшчыцаю ў новую толькі што адчыненую прадуктовую краму і забяспечвала сябе і кватаранта харчамі, якія ўвогуле цяжка было купіць у горадзе. Прыватныя гандлёвыя кропкі былі зачынены, а ўсё, што мелася ў продажы ў дзяржаўных магазінах, скуплялі тыя, у каго былі савецкія грошы. Злотыя нідзе не прымалі. Тутэйшае насельніцтва, калі і хацела купіць якія тавары, дык не мела чым заплаціць.

Сказаць Зосі пра сваю новую сям’ю Гардзей не адважваўся, хоць зрэдку наведваўся дамоў, каб пабачыцца з сынам і завезці яму якога гасцінца. Але ўсё гэта было не так важна, калі-небудзь яна і сама дазнаецца. Такім чынам, Гардзееў лёс павярнуў у новае рэчышча, аднак здарылася непрадбачанае. Аднойчы, калі ён прыйшоў на працу, загадчык склада сказаў яму, што яго тэрмінова выклікаюць у аддзел кадраў.

У аддзеле кадраў Гардзея чакала непрыемная навіна. Дзябёлая маладзіца, з шэрым невыразным тварам і з дрэнна прамытымі чорнымі валасамі, зачэсанымі на прабор і закручанымі ў куксу на патыліцы, паклала перад ім на стале працоўную кніжку і загад, сказала:

— Пазнаёмся.

Гардзей прабег вачамі напісанае ў загадзе і зразумеў, што ён звольнены з працы як чалавек палітычна ненадзейны і шкодны для савецкай улады.

— Гэта хлусня! Я сядзеў у польскай турме за стварэнне камсамольскай ячэйкі і ўдзел у падпольнай працы! — абурана запярэчыў Гардзей.

— Усе вы цяпер патрыётамі сталі! А сам выбіраўся радным у гміну! Хацеў утаіць гэта ад савецкай улады! Мы ведаем усё пра ўсіх! Скажы дзякуй, што не паслалі туды, куды Макар цялят не ганяў! А мы яшчэ і разлік табе даём! Ідзі ў бухгалтэрыю і атрымай.

Гардзей пакінуў кабінет, трымаючы ў руцэ загад і яшчэ не верачы таму, што з ім здарылася, аднак у касе яго ўжо чакаў поўны разлік. Ён згроб у кішэню грошы, якія яму дала касірка, і выйшаў на вуліцу. Хацелася хутчэй удыхнуць свежага паветра, пабыць аднаму, каб асэнсаваць непрыемную падзею. Ніяк не мог зразумець, чаму так здарылася, што ён быў ненадзейным для палякаў, а цяпер стаў такім і для саветаў, хоць з ахвотаю працаваў і, зрэшты, быў задаволены жыццём.

Гардзей рушыў уздоўж рэек, раздумваючы, што ж яму рабіць далей: заставацца з Вандаю і паспрабаваць пашукаць новую працу, ці... Але з тым запісам, які яму зрабілі ў працоўнай кніжцы, напэўна, яго нікуды не возьмуць. Адразу ўзнікла пытанне: гэта кляймо на ўсё жыццё? За што? Гардзей адчуў нязвыклую стому ў нагах і накіраваўся ў будынак вакзала, каб там пасядзець у зале чакання і ўсё як след абдумаць. Раптам яго нехта паклікаў. Ён азірнуўся і ўбачыў Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, пастаяў нерухома, пакуль хлопцы падышлі і павіталіся з ім за руку.

— Ты чаго такі прыгаломшаны? — спытаў Яўсей.

— З працы звольнілі, палічылі, што палітычна ненадзейны, — адказаў Гардзей.

— Знайшоў пра што бедаваць! На наш век працы хопіць, — ляпнуў яго па плячы Валошчык.

— Не, ты не разумееш, што адбываецца. Я ў польскай турме сядзеў, здароўе губляў, жыццё, лепшыя гады кату пад хвост, а яны. — горача запярэчыў Гардзей. — Гэта несправядліва!..

— Знойдзем табе справу, трымайся мяне. І ўсё будзе выдатна, — супакоіў Гардзея Яўсей.

— А што ты ўжо такі вялікі начальнік?

— Працую следчым па асабліва важных справах. Лаўлю бандытаў, жулікаў, спекулянтаў. Ат, рознай набрыдзі наехала ў Брэст, што выдаюць сябе за бежанцаў. Уяўляеце, у аднаго багаценькага аўтамабіль канфіскавалі, дык ён ходзіць да нас, скардзіцца і піша заявы. Думаю, што яго і самога хутка возь­мем за каршэнь, каб не надакучваў.

— І ты задаволены такою працаю?

— А чаму ж не? Зарплата добрая, кватэру далі як адказнаму і важнаму работніку. А зрэшты, чаго мы тут стаім? Пайшлі да мяне, адзначым улазіны, — гасцінна запрасіў Яўсей.

— Я дахаты сабраўся, амаль месяц сына не бачыў, — пачаў аднеквацца Гардзей.

— Заўтра ж нядзеля. Паедзеш і пабачыш. Нікуды твой сын не дзенецца. Пайшлі... Пасядзім цёплым мужчынскім гуртам, успомнім маладосць. Калі яшчэ такі выпадак надарыцца?

Гардзей паглядзеў на хлопцаў і згодна махнуў рукою, маўляў, колькі таго жыцця, і тое абы-якое.

— Мо ў складчыну купім якую пляшку? — спытаў Валошчык.

— Нічога не трэба, у мяне ёсць што выпіць і нават на закуску сала знойдзецца, — сказаў Яўсей. — Трымаю недатыкальны запас. Часам вярнуся з задання, у вачах чорныя плямы скачуць ад стомы, дык вазьму стограмовачку — і ад сэрца адляжа.

— А што? Страшна бывае? — спытаў Валошчык.

— Усяляк бывае: і страшна, і паскудна, і агідна... Але не будзем пра дрэннае.

— Мо сярод следчых чуваць што пра Мацея? Як ён там перайшоў мяжу ды ўладкаваўся, — раптам згадаў Гардзей.

— Нічога не чуў, але, хлопцы, паміж намі, кажуць, перабежчыкаў расстрэльвалі, — адказаў Яўсей шэптам.

— За што? — здзівіўся Гардзей.

— Быў бы чалавек, а артыкул для пакарання знойдзецца...

Пачутае збянтэжыла і ўстрывожыла Гардзея: няўжо так? Што ж гэта робіцца на свеце?..

Яўсеева кватэра была недалёка ад вакзала, у тым самым будынку, дзе раней Гардзееў знаёмы яўрэй прадаваў бакалейныя тавары. Маёмасць у гандляра забралі, а яго з сям’ёю некуды выслалі.

Новы гаспадар адамкнуў дзверы невялікага пакоя, у якім стаялі незасланы ложак, абшарпаны стол і пара табурэтак. Пры сцяне мясцілася вялікая скрыня, размаляваная кветкамі. Шырокім жэстам гаспадар запрасіў гасцей:

— Заходзьце ў маю хату, чым багаты тым і рады. Сядайце, каму дзе зручна.

Яўсей дастаў са скрыні пляшку гарэлкі, тры шклянкі, паклаў на стол кавалак сала, бохан хлеба, дзве цыбуліны, ляпнуў у ладкі:

— Балюем!

— Балюем! Яшчэ як! — бадзёра падхапіў Валошчык.

Першы раз паднялі шклянкі за здароўе і сустрэчу. Пасля трэцяга тоста на стале з’явілася яшчэ адна пляшка. Паплылі ўспаміны пра маладосць і маленства. Усе пра нешта гаварылі, і хоць, здавалася, што ніхто нікога не слухаў, ім было добра сядзець разам сярод ночы і згадваць той час, які назаўсёды прамінуў, і была надзея, што наперадзе іх чакае нешта яшчэ больш цікавае і светлае.

5


Гардзей прачнуўся ад таго, што яго тузаюць за плячо, але ніяк не мог расплюшчыць вочы. Галава гарэла ў пякельным агні, пад грудзьмі быццам віўся клубок змей.

— Уставай, уставай, Гардзей! Будзем пахмяляцца, — тармасіў яго Яўсей.

Гардзей перасіліў боль, расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабою доўгую выцягнутую, як гарбуз, галаву Яўсея. Сцяна за ім калыхалася, столь пераварочвалася.

— Што гэта з табою? Чаму ты такі? — здзіўлена спытаў Гардзей.

— Які?

— Як пачвара.

— Сам ты пачвара! Уставай! Мне на працу трэба!

Гардзей са стогнам сеў, абхапіў галаву рукамі, хістаўся з боку ў бок.

— Што, галава баліць? Трымай шклянку, пахмяліся, — прапанаваў Яўсей.

— Чым ты мяне напаіў?

— Нічым. Што я піў, тое і ты.

— Ты атруціў мяне, — прастагнаў Гардзей.

— Ты абвінавачваеш мяне, савецкага следчага, у злачынстве? Ты ведаеш, што табе за гэта пагражае?

Гардзей падняўся з ложка, няпэўным крокам рушыў да парога, мармычучы сабе пад нос:

— Атруціў і хочаш канцы ў ваду. Не выйдзе, не дамся.

Ён штурхнуў перад сабою дзверы, якія лёгка адчыніліся, лесвіца павяла яго ўніз драўлянымі прыступкамі. У двары Гардзей удыхнуў свежага паветра, ледзь не страціў прытомнасць, прыхінуўся да сцяны, трохі пастаяў з заплюшчанымі вачамі. У галаве гарэла так, быццам там распалілі агонь, нясцерпна пякло ў грудзях. Гардзей няпэўным крокам выйшаў з двара і рушыў у бок Кобрынскага моста. Раптам спахапіўся, што забыўся ў Яўсея партфель з гасцінцамі для сына, але вяртацца не стаў. Думкі блыталіся, адчуваў, што вось-вось страціць прытомнасць ці наогул розум. Раптам згадаўся Валошчык. Узнікла пытанне, куды ён падзеўся? Мо і яго атруціў Яўсей, каб не мець сведкаў? Ці, можа, наадварот, Валошчык падліў атруту Гардзею і схаваўся? Гардзей бег па вуліцы, апантаны жывёльным страхам. Мільганула думка, што цягніком прыехаў бы дамоў хутчэй. Спыніўся на хвіліну, праверыў кішэні, грошай не знайшоў і зноў кінуўся бегчы. Людзі саступалі яму дарогу, глядзелі ўслед. Нехта сказаў:

— Шаленец нейкі. Увесь рот у пене.

Гардзей не зразумеў, што гэта кажуць пра яго. Ён наогул цяпер мала што цяміў, падсвядома імкнуўся схавацца ад жаху, які апанаваў ягоную істоту, ад злоснага свету і жорсткіх людзей. За сваё жыццё ён нямала пахадзіў пешкі і паездзіў на кані з дому ў Берасце і назад, таму ногі самі знаходзілі тую палявую дарогу, якая вяла яго проста на хутар да жонкі і сына. Там было выратаванне. Ён выжыве і здзейсніць тое, што прызначана яму Богам. Не чалавечая сіла абудзілася раптоўна ў ім і несла ўперад ад пагоні страху і жуды.

Ён прыбег задыханы, з мокраю, хоць выкручвай, сарочкаю, з чырвоным потным тварам, убачыў Зосю, і сказаў з парога:

— Я вар’ят. Але ўсё роўна буду вялікім мысліцелем!

— Што з табою? — устрывожылася жонка.

— Мяне атруцілі! Галава мая гарыць! У грудзях пячэ!

Ён набраў кубак вады, прагна выпіў, але палёгкі не адчуў?

— Хто атруціў?

— Пух з Валошчыкам! Я ім зараз! Пачакай!..

Гардзей выскачыў у сенцы схапіў сякеру, пабег у Крачкі. Зося кінулася за ім, прасіла-маліла вярнуцца. Але ўсё было дарэмна. Ахоплены жаданнем помсты, Гардзей ляцеў так хутка, што Зося адстала ад яго, бегла, трымаючыся за правы бок, там раптам пачало калоць. Ужо ў Крачках трапіўся яму насустрач Серафім, здзіўлена спытаў:

— Куды ты, Гардзей?

— Я заб’ю іх!

— Каго?

— Пуха і Валошчыка.

— Дык яны ж у Берасці.

У гэты час да мужчын падбегла Зося, шапнула Серафіму:

— Забяры ў яго сякеру.

— Дай сякеру, навошта яна табе? — папрасіў Серафім.

— І ты, камітэтчык, супраць мяне? Я і цябе знішчу.

На галасы падбеглі гаспадары з бліжэйшых хат, скруцілі Гардзею рукі, забралі сякеру.

— Эх, вы! Я за вас у турме сядзеў! Лепшыя гады згнаіў ні за нюх табакі, а вы — на мяне! — абурыўся Гардзей, адкідаючы ад сябе аднавяскоўцаў.

— Пойдзем, Гардзей, дадому, — папрасіла Зося. — Чаго ты ўзбунтаваўся? Людзі вунь сабраліся! Глядзяць як на вар’ята!

— Я і ёсць вар’ят! Мяне атруцілі! Але я адпомшчу ім усім! Яны атрымаюць за ўсё!

Серафім, які быў ніжэйшы ростам за Гардзея, павіс у яго на спіне і прыгаворваў:

— Ідзі дахаты! Чуеш! Ідзі!

Зося падхапіла Гардзея пад руку і таксама цягнула ў бок хутара, але ён не згаджаўся.

— Дзе гэтыя мярзотнікі? — крычаў Гардзей? У Берасці пахаваліся? Чакайце, я вас і там знайду.

— Знойдзеш, знойдзеш, — абяцала Зося. — Я табе дапамагу. А цяпер пойдзем дадому.

Нехта з мужчын сказаў:

— Няма тваіх крыўдзіцеляў тут, ідзі дахаты, Гардзей.

Гардзей раптам супакоіўся, аціх і пакорна пайшоў у суправаджэнні Зосі і Серафіма, быццам прыступ вар’яцтва адступіў і даў яму магчымасць хоць нядоўга пажыць цвярозым розумам. Аднак гэты спакой вярнуў хвораму адчуванне болю. Ён абхапіў галаву рукамі і закрычаў:

— Трымайце маю галаву! Яна зараз разляціцца на дробныя кавалкі! Трымайце мяне! Трымайце!

Зося з Серафімам падхапілі Гардзея пад пахі і павалаклі ў бок хутара. Ён хістаўся, плёўся, як п’яны, і ўвесь час скардзіўся на боль у галаве.

— Нічога! Нічога! — супакойвала мужа Зося. — Зараз запражом каня і паедзем у Жабінку да доктара. Ён дасць табе ад галавы лекаў, і ты ачуняеш. Ціха! Ціха! Не крычы!

— Ад вар’яцтва няма лекаў! Мяне атруцілі! Я ім адпомшчу! — Гардзей зноў пачаў вырывацца з рук.

— Ціха! Ціха! Не смяшы людзей! Маўчы! Няхай ворагі не радуюцца нашай бядзе. Тых, хто нашкодзіў табе, пакарае Бог. А ты супакойся, пойдзем дахаты, там цябе сынок чакае, — упрошвала мужа Зося, і ён аціх, скарыўся яе цёплым рукам, ласкаваму голасу, яе просьбе не гнявіць Бога і не смяшыць людзей.

6


Серафім, не шкадуючы каня, імчаў у Жабінку. За яго спінаю курчыўся на возе Гардзей, абхапіўшы галаву рукамі, побач з якім сядзела Зося і ўгаворвала мужа, як малое дзіця, каб ён не нерваваўся, патрываў боль, хутка яны прыедуць да доктара, і той дасць рады. Гардзей сапраўды аціх, быццам задрамаў. А Зосі згадаўся сон, які прысніў бацька, пасля таго, як яна з Гардзеем пачала жыць разам. Прыснілася бацьку, што перад хатаю вырас дуб з падсохлаю вершалінаю. Сон аказаўся як у руку. Хоць і спачувала Зося Гардзею, аднак не магла дараваць таго, што ён застаўся нанач невядома з кім, замест таго, каб ехаць да сям’і. «Гэта яго Бог пакараў, што зусім ад дому адбіўся, — думала яна. — Затое цяпер ён ужо будзе са мною. Бог усё бачыць і вучыць некаторых разумнікаў, як трэба жыць. А тым, хто не слухаецца Божага голасу, пасылае немач, каб астудзіць гарачую галаву».

Каля амбулаторыі Зося пабудзіла Гардзея і сказала:

— Прыехалі ўжо, пойдзем да доктара.

— Дзе? Дзе той доктар? — закрычаў Гардзей, саскочыў з воза і пабег уздоўж вуліцы, Зося і Серафім кінуліся ўслед за ім.

Наўрад ці ўдалося б ім затрымаць дужага мужчыну, апантанага хваробаю, які не надта разумеў, што з ім робіцца, а кіраваўся логікаю парушанай свядомасці, каб ён не ўбачыў будынак, дзе раней мясціўся пастарунак, а цяпер знаходзілася Жабінкаўскае аддзяленне міліцыі, і не ўбег туды і не пачаў крычаць, што тут знаходзяцца душагубы, якія пры Польшчы яго гнаілі ў турме, а цяпер наогул вырашылі звесці са свету. Тры міліцыянеры накінуліся на Гардзея, ды ён раскідаў іх і пачаў ламацца ў нейкія замкнёныя дзверы. Адзін з міліцыянераў моцна стукнуў яго па паясніцы — Гардзей войкнуў і прысеў, і тады ўсе трое накінуліся на яго, звалілі на падлогу, скруцілі. У гэты момант прыбеглі Зося і Серафім.

— Што вы робіце? Ён жа хворы! Ён вар’ят! Спыніцеся! — закрычала Зося, адцягваючы міліцыянераў.

Міліцыянеры пакінулі Гардзея ў спакоі, цяжка дыхалі. Адзін спытаў:

— Як прозвішча?

Зося хуценька сказала, як завуць мужа, дзе жыве, дзе працуе, расказала пра хваробу, якая ўсчалася нечакана.

— Завядзіце яго да доктара, няхай агледзіць і дасць заключэнне. Калі гэта не вар’ят, вядзіце сюды. Мы з ім хутка разбяромся, хто такі, — сказаў адзін міліцыянер, відаць, старшы.

Зося і Серафім падхапілі Гардзея пад пахі, два міліцыянеры ішлі ззаду, суправаджаючы іх. Хворы хапаўся рукамі то за галаву, то за грудзі, скардзіўся, што душа яго палае, прасіў піць. Зося супакойвала мужа, як магла, маўляў, галоўнае — дайсці да доктара, а там усё вырашыцца.

Доктар пажадаў застацца з хворым сам-насам, а хвілін праз дваццаць выйшаў з пакоя з супакоеным Гардзеем, падаў Зосі нейкія паперы, сказаўшы:

— Гэта накіраванне ў псіхіятрычную бальніцу. Вам трэба везці яго ў Баранавічы.

— Доктар, мы ж не гатовыя... Не думалі... Можа, можна дома. Нейкія там лекі. — з мальбою ў вачах спытала Зося.

— Нельга. Яму патрэбна лячэнне ў стацыянары. Патрэбныя добрыя спецыялісты.

— Дык ён сапраўды вар’ят? — спытаў адзін з міліцыянераў.

— Душэўна хворы, — падкрэслена адказаў доктар. — Дапамажыце, калі ласка, хвораму і ягоным родзічам сесці на цягнік, пра гэта я вас прашу асабіста.

Міліцыянеры ніякавата паціснулі плячыма і пайшлі ўслед за Гардзеем, якога Зося і Серафім павялі пад рукі да выхада.

На вакзале сапраўды спатрэбілася іхняя дапамога. Міліцыянеры загадалі расступіцца чарзе, і Зося купіла білет сабе і Гардзею на цягнік. Серафім бязладна таптаўся каля сястры. Яна сказала яму, каб ехаў дамоў, бо на вакзале столькі набрыдзі, яшчэ, крый божа, хто каня ўкрадзе. Брат уздыхнуў з палёгкай і пайшоў. Пайшлі і міліцыянеры.

Пасля наведвання доктара Гардзей паспакайнеў і драмаў, седзячы на лаўцы. Зося нават падумала, можа дарэмна яго выпраўляюць у псіхбальніцу, можа гэтая хвароба і сама пройдзе? На вакзале было шматлюдна, таўкліся нейкія мужчыны і жанчыны, не тутэйшыя — ці бежанцы, ці тыя, што ехалі з Савецкай Расіі, каб тут знайсці новае месца для працы. Апрануты былі хто ў што, сустракаліся тут і дарагія суконныя апраткі і нешта накшталт рабочай уніформы. Тутэйшых было мала, яны вылучаліся адзеннем з палатна сваёй работы, паводзілі сябе сціпла, бо кожны ў крамным адзенні ім уяўляўся па ранейшай звычцы панам.

Незадоўга да прыходу цягніка людзі заспяшаліся на перон. Зося разбудзіла Гардзея. Ён расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў на жонку, быццам не пазнаючы, потым падняўся і спытаў:

— Што мы тут робім?

— Зараз паедзем у бальніцу.

Твар Гардзея нервова перасмыкнуўся. Ён спытаў:

— Ты захварэла? Чаму мне гэтак блага?..

— Гардзейка, гэта ж ты захварэў. Паедзем цябе лячыць, — пяшчотна і спакойна адказала Зося, каб не вывесці яго з раўнавагі. Пойдзем на перон, зараз будзе наш цягнік.

Муж паглядзеў на яе з недаверам, але пайшоў да выхада. Зося ў напружанні чакала цягніка. Калі людзі стоўпіліся ля ўвахода ў вагон, яна трымаючы Гардзея пад руку, супакойвала сябе і яго:

— Не спяшайся. Без нас цягнік не пойдзе. Усё будзе добра.

Муж слухаўся, стаяў спакойна, пакуль не падняўся ў вагон і раптам кінуўся да акна і пачаў стукаць кулакам.

— Што ты? Што з табою? — закрычала Зося, цягнучы мужа за сарочку!

— Там Пух! Я яго бачыў!

Праваднік накінуўся ззаду на Гардзея, зваліў яго на падлогу.

— Не чапайце яго! — закрычала Зося. — Ён душэўна хворы!

— Ён яшчэ і хворы! — абурыўся праваднік. — Мы яго зараз звяжам, хутка супакоіцца.

Гардзея звязалі і паклалі адпачываць. Знясілены чарговым прыступам хваробы, ён сапраўды хутка заснуў. У Баранавічах увайшлі пагранічнікі і пачалі правяраць білеты. Спачатку Зосю і Гардзея завялі ў аддзяленне міліцыі, трымалі да раніцы ў пакоі, падобным на турэмную камеру з закратаваным акном пад столю, а потым іх разлучылі. Ёй паабяцалі, што хворага ў псіхбальніцу завязуць самі, а яна няхай вяртаецца дамоў.

Выйшла Зося з аддзялення міліцыі, раздумваючы, што ж ёй рабіць далей? Усе грошы, якія мела пры сабе, аддала Гардзею. Выручыла яе тое, што па даўняй бежанскай звычцы надзела на сябе дзве сукенкі. Адну яна зняла ў прыбіральні, пайшла на рынак, што мясціўся побач з вакзалам, і прадала там нейкаму вайскоўцу, прасіла грошай не шмат, толькі пару рублёў, каб хапіла даехаць да Жабінкі, а ён вельмі ўзрадаваўся нечаканай удачы — з радасцю танна набыў яе сукенку.

7


Дома Зосю сустрэў устрывожаны бацька і сказаў, што яго памылкова запісалі ў кулакі і наклалі кулацкі падатак.

— Чаму ж яны так зрабілі? Мы ж збылі ўсю жыўнасць, — абурылася Зося.

— У іх, ці бачыш, нейкія старыя звесткі.

— Дык едзь у Жабінку да начальства і скажы ім, няхай прышлюць камісію, правераць, якія мы тут кулакі.

— Баюся я, дачка, начальства. Якая ім справа да простага чалавека? Яны ж, можа, і размаўляць са мною не захочуць.

— Не захочуць і не трэба. Напішам ім заяву, што ты не кулак. Няхай разбіраюцца, але заяву завязеш сам, аддасі ў рукі і чакай, што скажуць.

— Хіба што так, — згадзіўся бацька. — А нешта мне ўсё ж трывожна.

— А калі цябе вышлюць за свет? Тады не будзе не страшна?

— Страшна жыць, дачка, страшна. Усё жыццё перакалоцішся як рыба аб лёд. даруй божа. Адно выратаванне смерць.

— Што ты, бацька, раней часу паміраць сабраўся?

— Я сваё аджыў. Што там з Гардзеем? Серафім расказваў.

— Не ведаю, бацька. Забрала яго міліцыя, абяцалі завезці ў бальніцу самі. Далей Баранавіч нікога не пускаюць. Мяжа, як была, так і стаіць на месцы. Адчуваў ён сябе блага. Не ведаю, што там з ім будзе.

— Усё ў руках Боскіх, будзем спадзявацца на лепшае.

На другі дзень Кірыла павёз заяву ў Жабінку. Пахадзіў па будынку райвыканкама, спыніўся ля дзвярэй старшыні, каля якіх стаяў стол сакратаркі, паклаў перад ёю заяву.

Дзяўчына прабегла паперу вачамі і сказала:

— Вам трэба ў той кабінет, пойдзем, я вас правяду.

Яна падвяла Кірылу да адных дзвярэй, пастукала ў дзверы, ёй ніхто не адказаў, яна адчыніла іх, заглянула ў пакой і спытала:

— Хрол Еўграфавіч, можна да вас?

— Заходзь, Эсфір, заходзь.

— Я не адна.

Сакратарка прапусціла ўперад Кірылу, потым увайшла сама, паклала перад начальнікам заяву і сказала:

— Дапамажыце гэтаму сімпатычнаму дзеду, Хрол Еўграфавіч. Дабро дабром вяртаецца.

Яна выйшла нетаропка. Начальнік узяў Кірылаву заяву, пачытаў, моўчкі ўстаў, пачаў перабіраць папкі з паперамі. Нарэшце разгарнуў адну, пачаў чытаць:

— Значыць так. Барэйша Кірыла Іпатавіч, жыхар вёскі Сцяблова, дом нумар дваццаць пяць. Два кані, чатыры каровы.

— Прозвішча маё, а гаспадарка і адрас чужыя. Я на хутары каля Крачкаў жыву. Адзін у мяне конь і карова адна. Прыязджайце, паглядзіце, калі не верыце. Са мною жывуць яшчэ дачка з мужам і ўнук. Чатыры душы, неяк жа трэба жыць і харчавацца.

Кірыла нават сам здзівіўся, як асмялеў, разгаварыўся з чужым чалавекам, ды яшчэ начальнікам. А зрэшты начальнікамі ж не нараджаюцца, імі становяцца.

— Добра, разбяромся, — спакойна адказаў гаспадар кабінета. — Можа, і ў госці наведаемся, каб гаспадарку агледзець.

— Калі ласка, прыязджайце, буду рады, — гасцінна адказаў Кірыла. — І падатак кулацкі здыміце з мяне. Які ж я кулак? Перажыў эвакуацыю, бежанства. Вярнуўся на голае месца, пачаў з нічога.

— Добра, добра, разгледзім, дзед, тваю заяву, не хвалюйся.

Кірыла падзякаваў, развітаўся і выйшаў з кабінета заспакоены тым, што добра пагаварыў з чалавекам. Едучы з Жабінкі дамоў, ён падганяў свайго рахманага каня і ўсё згадваў гаворку з начальнікам ды раздумваў, хто ж прыпісаў яму чужую гаспадарку? Хто гэты вораг? І што яшчэ ад яго можна чакаць? Каб ведаць, дык пайшоў бы, проста пагутарыў з чалавекам, спытаў, за што той трымае злосць на яго, за што помсціць? А так, можа, і век зжывеш і не даведаешся, хто цябе хоча са свету звесці. Можа, гэта ўсё з-за Гардзея робіцца? Хоць і разумны хлопец, а неасцярожны, лёгка ворагаў нажывае. Сябе самога не ўбярог, хваробу такую страшную знайшоў. Не здарма ж кажуць, як захоча Бог пакараць, дык розум адбярэ.

— Ох, грахі нашы цяжкія! — уздыхнуў Кірыла. — Дня не пражывеш, каб не саграшыць. Я ўжо і ворагаў сабе навыдумляў. А гэта, можа, проста нейкая памылка атрымалася. Памылка! Але ж магла каштаваць мне жыцця. Хіба ж я выжыву ў той Сібіры?

Стары пакашляў у кулак, паглядзеў навокал і здзівіўся, што так вось, разважаючы сам з сабою, непрыкметна даехаў да Крачкаў. Пачалі сустракацца знаёмыя людзі, і ён вітаўся з кожным ветліва і падкрэслена, але і пільна ўзіраўся ў вочы. Можа, менавіта гэты чалавек за нешта не любіць яго і гатовы адпомсціць намоваю.

Каля свайго двара стаяла Марфа з дзіцем на руках. Кірыла зычліва павітаўся з ёю:

— Добры дзень, Марфачка. Я думаў, ты ўвесь час цяпер у сельсавеце засядаеш. А ты каля сваёй хаты.

— Здароў, дзядзька Кірыла. Засядаю я, калі паклічуць. А так дома ўпраўляюся. Адкуль едзеш?

— Нешта ў сельсавеце наблыталі, мяне кулаком запісалі. Ездзіў скардзіцца.

Марфа здзіўлена ўтаропілася ў старога.

— Чаго маўчыш? Можа, ведаеш, хто мяне падвёў пад дурнога хату?

— У вас свой дурань у хаце завёўся. Як ваш шаленец, ці ачуняў?

— А табе што за клопат?

— Ды нічога. Так сабе. Не ведаю я, хто цябе ў кулакі запісаў, а каб ведала, дык не сказала б. Гэта справа дзяржаўная. Як дзяржава робіць, так і трэба.

— Дзяржава робіць? — абурана перапытаў Кірыла. — А вы што робіце ў сваім сельсавеце? Для чаго вы там? Каб сумленных людзей злачынцамі рабіць? І з якога гэта часу ў гаспадарцы сталі лішнімі карова ды конь?

Ён не стаў чакаць адказу і працягваць гаворку, а сцебануў каня і паехаў дадому. У свядомасці ягонай закралася здагадка, ці не Марфіных гэта рук справа? Казалі ж людзі, што некалі Гардзей да яе заляцаўся. Невядома, што між імі было, а вось чамусьці, мусіць, трымае яна злосць на Гардзея да гэтага, вось і помсціць ягонай сям’і. Цяпер яна ў сялянскім камітэце. Там яны, самахоць, каб за што-небудзь адпомсціць, сябе паказаць, да чаго хочаш могуць дадумацца, якія заўгодна спісы складуць. Эх, людзі, людзі! За ўсё ж давядзецца адказваць перад сваім сумленнем і перад Богам!

Дома Кірылу нецярпліва чакалі дачка і брат, хваляваліся, бо ўжо нямала каго з вяскоўцаў абвясцілі кулакамі і гразіліся вывезці немаведама куды.

— Ну, што табе сказалі? — спытаў Карп.

— Паабяцалі, што разбяруцца, — адказаў Кірыла, стараючыся не паказваць трывогі, і дадаў: — Я ўсё думаю, хто ж гэта мог мяне ўнесці ў спіс? Гэта ж нехта з нашых людзей. Жабінкаўскае начальства мяне не ведае.

— Вядома, нехта з нашых, — пацвердзіў Карп. — Запісалі адзін раз, яшчэ колькі хочаш разоў запішуць.

— А можа, і ўсё будзе добра, — сказала Зося і абурылася, — як людзі граху не баяцца?

— Яны ж бязбожнікі, — адказаў Карп.

— Звычайна людзей арыштоўваюць і забіраюць па начах. Баюся, што прыйдуць па мяне, а заадно і Зосю з малым схопяць, — сумна сказаў Кірыла. — Для мяне гэта будзе двайная пакута. Можа, трэба было б ёй пажыць дзе ў каго? Мо да Паўліны пойдзеш, дачка, га?

— Да Паўліны не пайду, — цвёрда адказала Зося. — Лепш з табою.

— Са мною табе нельга. Вернецца Гардзей, а цябе няма. Сыну бацька трэба, — Кірыла з пяшчотаю зірнуў на ўнука, які бавіўся на запечку.

— Няхай Зося з сынам начуюць у нас, яна ж нам не чужая, — прапанаваў Карп. — Ці згодная, Зося?

— Згодная, але бацьку шкада. Як ён тут адзін?

— Дык ты ж цэлы дзень будзеш дома, толькі начавацьмеш у нас. Што тут такога? Раней жа ты ад усялякіх нягодаў у нас хавалася.

— Было, было, — цёпла ўсміхнулася Зося, згадаўшы далёкае юнацтва і тыя свае мітрэнгі, калі яна шукала смерці, нават хацела ўтапіцца.

— Дык і прыходзь сёння ж, будзем чакаць. Можаце нанач і карову з канём у мяне ставіць.

— А калі і па цябе прыйдуць? — выказаў сумненне Кірыла.

— Пакуль я лічуся серадняком. А на цябе кулацкі падатак усклалі, гэта як першае папярэджанне, — адказаў Карп.

Кірыла цяжка ўздыхнуў, памаўчаў, потым узняў вочы на дачку, сказаў:

— Як ехаў з Жабінкі, сустрэў Марфу. Нейкая яна злосная. Мо ты, Зося, з ёю пасварылася за што?

— Не сварылася я з ёю і не мірылася. Яна, па ўсім відаць, на Гардзея зуб мае.

— Няўжо яна магла? — здзівіўся Карп.

— Чаму б і не? Яна ж цяпер начальства, у сялянскі камітэт уваходзіць.

— Дык і наш Серафім там жа, — нагадала Зося.

— А што той Серафім? Ён як цяля дурное. Трымаюць яго там для прыліку, — сказаў Карп. — Бач якая гадаўка! Нічога, гэта ёй бокам вылезе.

«Вось што надумала Марфа, мяне з бацькам выслаць у Сібір, каб з Гар­дзеем застацца, — разгневана падумала Зося. — А куды яна свайго Якуба падзене? Ці пры камунізме і мужы будуць агульныя? Не дачакаецца. Гардзей мой! Нікому яго не аддам! Што ад зайздрасці з ёю робіцца! Але Бог усё бачыць!»

8


Кірылу забралі цёмнай снежаньскай ноччу. Як гэта здарылася, на Карпавым хутары не чулі і не бачылі. На снезе каля Кірылавай хаты засталіся сляды ад санных палазоў, якія вялі да Крачкаў, напэўна, павезлі яго спярша ў Жабінку. Калі ранічкай Зося, як звычайна, прыйшла дамоў, у хаце ўсё было перавернута дагары нагамі. Канфіскавалі швейную машынку, выграблі ўсё аддзенне са скрыні, а таксама забралі сала з кубла і кумпякі з вышак. Нават курэй пералавілі ўсіх да адной. У куратніку толькі там-сям бялела выскубанае пер’е. Зося аглядала гаспадарку, галасіла і праклінала. Напэўна, рабавалі свае аднавяскоўцы, якія ведалі, дзе што можа ляжаць у сялянскай хаце.

— Каб вы сваёй крыві напіліся! Каб вам век долі не было! Каб вы падавіліся нашым дабром! — Зося крычала на ўвесь голас, выціраючы слёзы, хацела каб увесь свет пачуў яе.

Следам хадзіў маленькі Ораст і з перапалоху таксама паціху румзаў. Зося было ўзялася парадкаваць хату, а потым спахапілася, што, магчыма, бацьку яшчэ можна заспець у Жабінцы, бо ведала: людзей, якіх высылалі, часам па некалькі сутак трымалі на вакзале. Яна пабегла да Карпа, каб расказаць пра страшную навіну ды разам падумаць, што рабіць далей.

Карп, не раздумваючы, запрог каня і пад ціхі плач і божканні жонкі, якая прынесла ў сані вялізную торбу з харчамі для Кірылы, выехаў з Зосяй з двара. Свежы сняжок злёгку прыцерушыў дарогу. Сані беглі лёгка. Пад ранішнім сонцам снег гарэў, іскрыўся дыяментамі. Такое прывіднае хараство, ажно глядзець балюча. Зося жмурыла вочы і думала пра тое, што варта ўзяць у руку зіхоткую сняжынку — адразу растане, застанецца на далоні расінка. Вось так і ў жыцці зіхціць нешта, грае, свеціцца, а толькі дацягнешся рукою — і гэта хараство знікае, раствараецца, працякае праз пальцы, як вада. Выходзіла замуж за Гардзея, думала, што век будзе шчаслівая, але злыя людзі ўкралі шчасце.

Хоць перон быў чорны і затаптаны мноствам слядоў, на вакзале было нязвыкла пуста, не так, як тады, калі Зося ехала з Гардзеем у Баранавічы. «Напэўна, ужо з усімі разабраліся, каго ў Сібір, каго ў турму, — змрочна падумала Зося. — Было дрэнна, і цяпер не лепш».

— Напэўна, спазніліся мы, — сказаў дзядзька Карп. — Пасядзі ў санях, а я пайду спытаю на вакзале ў начальства, ці вывозілі сёння каго.

Зося засталася адна ў санях, ямчэй села, ухутала ногі сенам, каб не мерзлі, назірала за зграяй вераб’ёў, якія са звонкім шчабятаннем нешта знаходзілі і дзяўблі на брудным снезе перона.

«Добра птушкам, — падумала Зося, — няма ў іх маёмасці, няма крыўды, лётай і радуйся жыццю. Адзіныя ўладары ў іх — ноч ды дзень, дождж ды вецер. Людзям бы ў іх павучыцца жыць».

Раптам два вераб’і не падзялілі нешта, пачалі голасна ціўкаць, налятаць адзін на аднаго, дзяўбціся. Іншыя вераб’і таксама ўстурбавана заціўкалі, чародка ўзнялася і пераляцела на дрэва. Але і тут два задзірыстыя вераб’і ўсё працягвалі нешта даводзіць адзін аднаму. Зноў заціўкала ўся чарада і паляцела некуды за вакзал.

«У птушак таксама няма ладу, — расчаравана падумала Зося. — Што ім дзяліць? Нейкую крошку? Дык чаго чакаць ад людзей, калі вочы ў іх сквапныя, душы пажадлівыя, здаецца, праглынулі б увесь свет. А ці шмат трэба чалавеку для шчасця? Толькі была б родная душа побач, якую ты любіш, кахаеш, без якой і жыцця свайго не ўяўляеш. Бедны мой бацька, як ён перажыве дарогу? Як наогул выжыве? Стары ўжо чалавек, стомлены жыццём, не надта здаровы. Як там мой Гардзей? Хоць бы з ім чаго дрэннага не здарылася. Ён часам бывае такі адкрыты. Што думае, тое і скажа, а людзі гэтага не любяць, не разумеюць».

Вярнуўся Карп, агледзеў вупраж, падаткнуў сена, што выбілася праз драбіны.

— Ну што, дзядзька? — спытала Зося.

— Спазніліся мы. І зусім на мала. Начальнік вакзала сказаў, што эшалон адправіўся паўгадзіны таму.

Зося роспачна заплакала, размазваючы слёзы па твары.

— Годзе, годзе плакаць. Будзем спадзявацца, што Кірыла вернецца. Без веры жыць нельга. А будзеш плакаць, у яго толькі душа будзе балець.

— Добра, я не буду плакаць. Сёння ж вярнуся дамоў. Няхай прыходзяць і забіраюць мяне. Усё з хаты згрэблі! Ні сумлення, ні сэрца ў іх няма! Не разбагацеюць яны, нават калі душу маю забяруць. Пачвары, гіцлі, нелюдзі!

— Што ж, вяртайся. Думаю, што цябе пакуль чапаць не будуць. Кірыла за ўсіх адпакутуе. Не плач, не бядуй. Можа, бацька хутка ліст прышле.

— Адна я засталася! Муж у псіхушцы. Невядома, што і як там ён. Ці выжыве? Бацьку таксама вывезлі на катаргу. Што ж мне цяпер.

— Табе трэба сына гадаваць ды сябе шанаваць, — спакойна адказаў Карп, усаджваючыся на сані і паганяючы каня. — Бог на тое нам і пасылае выпрабаванні, каб мы не толькі іх перамагалі, але і гартавалі сваю душу.

У той жа дзень Зося вярнулася ў бацькаву хату, прыбрала раскіданыя рэчы, вымыла, адшаравала дзеркачом падлогу, каб і духу злых прыхадняў не засталося. Ораст быў на дзіва паслухмяны, стараўся дапамагаць маці. Калі ўсё было зроблена, яна прытуліла да сябе сына, пацалавала ў лоб і падумала: «Будзем неяк жыць далей.»

9


Зося прала кудзелю. Не надта тонкія ніткі ў яе атрымліваліся, але спатрэбяцца хоць на якую посцілку. Кожная рэч, якая выкарыстоўваецца ў хатнім пажытку, каштуе грошай. А дзе іх набрацца? Побач гартаў Каціну кніжку Ораст. Чытаць ён яшчэ не ўмеў, але ведаў асобныя літары, называў іх час ад часу ды разглядваў малюнкі, нешта тлумачыў маці, а яна нічога не чула. Дума­ла пра бацьку ды пра мужа. Як яны? Дзе? Ці здаровыя? Ці жывыя? Да Гардзея яна не магла паехаць, бо ведала, што далей Баранавіч яе не пусцяць. Для таго, каб паехаць у Савецкую Беларусь патрэбен быў нейкі асаблівы дазвол.

У пачатку восені з псіхбальніцы за подпісам галоўнага ўрача прыйшоў кароткі ліст, у якім паведамлялася, што яе муж знаходзіцца на лячэнні, а таксама прасілі выслаць для яго цёплае адзенне. Тады Зося і паслала пасылку. Колькі яшчэ збіраліся яго лячыць, заставалася невядомым. Суцяшала тое, што жывы і на сваіх нагах, напэўна, выходзіць на вуліцу, калі спатрэбілася цёплае адзенне.

Хоць Зося была занятая справай, але краем вока заўважыла, што за акном мільгануў цень і падумала, што прыйшоў дзядзька Карп.

Чалавек патупаў на ганку, атрасаючы снег, увайшоў у сенцы, пашкрабаў па сцяне ў цемры, знайшоў клямку, дзверы адчыніліся, і на парозе ўзнік. Гардзей.

— Ораст, наш татка прыехаў! — радасна ўскрыкнула Зося і кінулася да мужа.

Ён, нібы чужы, адступіў ад яе, захінаючыся рукою, угледзеўся ў твар, быццам спрабуючы згадаць, хто такая, нарэшце зняў шапку, агаліў астрыжаную нагола галаву, стала бачна, як змарнеў ягоны твар, сказаў:

— Добрага здароўя.

— Божа мой, добра, што хоць ты вярнуўся. Я ўжо не ведала, што і думаць. Бацьку некуды звезлі, ад цябе ніякіх вестак, — разгублена сказала Зося.

— Хто звёз?

— Тыя, што раскулачваюць. Я з Орастам у тую ноч начавала ў дзядзькі, прыйшла раніцаю, а тут такі вэрхал, што за галаву схапілася. Усё лепшае вынеслі гэтыя сельсаветчыкі. Добра, што карову ды каня ў Карпа схавалі.

— Ты думаеш, што гэта яны?

— А хто ж яшчэ? Каб іх яма пазавальвала! Каб яны нашым дабром падавіліся!

— І хто ж там, у сельсавеце?

— Хапае навалачы рознай. Наш Серафім нават туды прабіўся. Марфа, гэтая лярва паскудная, каб ёй дабра не было. Хіба ты не помніш?

— Мала што помню. Прабач. Я яшчэ не вельмі здаровы. А каня таксама забралі?

— Не, каня мы схавалі ў Карпа. Ай што ж гэта я? Ты ж здарожыўся. Распранайся, зараз пакармлю цябе, — спахапілася Зося.

Гардзей павесіў паліто на крук каля парога, сеў каля стала, паглядзеў на Ораста, прыгладзіў рукою грыўку сыну, спытаў:

— Ты ўжо кніжкі чытаеш?

— Не, я цытаць не ўмею.

— Нічога, я цябе навучу, — упершыню за ўвесь час Гардзей усміхнуўся.

Зося пачала бразгаць посудам ля печы. Гардзей нервова скрывіўся, быццам кожны гук працінаў яго болем. Ён папрасіў:

— Дай мне піць.

Зося зачэрпнула кубак вады з вядра, што стаяла на лаве каля парога, паднесла мужу. Ён панюхаў, паспытаў ваду і адставіў убок. Зося здагадалася: усё яшчэ баіцца атруты. Каб разупэўніць мужа, сказала:

— Вада ў нас смачная, табе заўсёды падабалася.

— А ты можаш быць упэўненая, што яе не атруцілі? Дарэчы, дзе Пух з Валошчыкам?

— У Берасці, мусіць. Прынамсі, мне ў Крачках на вочы яны не трапляліся.

— Нічога, яшчэ трапяцца.

Зося наліла ў міску капусты, паставіла перад мужам. У другую міску паклала прасяную кашу.

— Прабач за сціплы абед, хоць заўсёды чакала цябе, але не адчула той дзень, калі ты можаш з’явіцца, — сказала яна, сапраўды шкадуючы, што не зварыла чаго смачнейшага.

Гардзей нічога не адказаў, доўга прынюхваўся да капусты і кашы, з’еў зусім мала. Потым сядзеў за сталом і доўга маўчаў.

— Хоць раскажы што-небудзь, як табе там былося? — папрасіла Зося. — Ты вельмі схуднеў. Дрэнна кармілі?

— Не пытайся, я нічога не помню, а што і помню згадваць не жадаю. Прыбяры са стала.

— Можа, табе сальца прынесці салёненькага?

— Не кажы больш пра ежу.

Зося хоць і бачыла, што Гардзею цяжка, але не магла маўчаць, душа яе поўнілася радасцю. Хацелася прытуліцца да мужа, абняць яго моцна, але не адважвалася першаю выявіць пяшчоту ды і сына саромелася. Ужо ж вялікі хлопчык, усё разумее.

— Гардзейка, табе ж абмыцца трэба з дарогі. Я дастану чыгун гарачай вады, налью ў балею.

— Налі, — азваўся муж.

Зося замітусілася, рыхтуючы яму чыстую бялізну і ручнік, ставячы балею пасярод хаты. Ораст з цікавасцю назіраў за тым, што адбывалася. Гардзей распрануўся, улез у балею ў сподніх нагавіцах, сеў, плёхнуў сабе на грудзі вады. Было відно, што яму не хочацца нават рукамі варушыць.

«Зусім знясілеў чалавек, — падумала Зося, пазіраючы на ягоную схуднелую спіну, на якой рэзка вымалёўваўся хрыбет. — Такі спраўны быў мужчына. Нічога, адкармлю яго, абы здароўе трохі наладзілася».

— Давай я табе спіну пашарую, — прапанавала Зося.

— Ну, пашаруй, — адказаў ён вяла.

— Ах ты мой вандроўнічак, зараз мы змыем з цябе стому і нягоды, — ска­зала Зося закасваючы рукавы.

Яна пяшчотна правяла рукою па Гардзеевай спіне і адчула як маладая колішняя жарсць напоўніла яе цела, забруілася, запульсавала ў жылах. Яна нахілілася да мужа і прашаптала яму на вуха:

— Як жа я засумавала па табе!

Ён нічога не адказаў, сядзеў абыякавы і стомлены, на твары чыталася незадаволенасць, быццам ён хацеў, каб гэтае мыццё хутчэй скончылася.

— Нічога, Гардзейка, нічога! Усе няшчасці і хваробы аднойчы мінаюць. Адкармлю я цябе — падужэеш, дык і жыццё да лепшага пераменіцца.

— Годзе мыцца. Затулі мяне якою посцілкаю, я апрануся ў чыстую бялізну.

«Бач які сарамлівы стаў! А мо ён і не здагадваецца, хто я такая? Халера яго ведае, што з ім зрабілася. Быццам падмянілі мужыка», — з крыўдаю падумала Зося і сказала, хаваючы сваё расчараванне:

— Можа, адпачнеш з дарогі? Вунь ужо і змяркаецца. Я пайду карову падаю, пакармлю свінчо і курэй, ды і ляжам спаць раней. Чаго нам дарма газу паліць?

Гардзей паглядзеў у акно і кіўнуў галавою ў знак згоды. Зося падышла да запечка, пачала слаць пасцель, Гардзей спыніў яе:

— Мне пасцялі на лаве.

— Чаму? — здзівілася Зося.

— Хлопец ужо вялікі. І мне нельга хвалявацца. Гэтак доктар сказаў.

— Добра, — з гатоўнасцю адказала Зося.

Яна паслала мужу на лаве, сыну сказала, каб лез на печ, бавіўся там і не замінаў бацьку адпачываць. Гардзей лёг на лаве. Зося накрыла яго посцілкаю, а зверху яшчэ і кажухом, сказала ласкава:

— Адпачывай, сонца маё, яшчэ нагаворымся. У нас цэлае жыццё наперадзе.

Ён заплюшчыў вочы. Потым Зося, калі ўпраўлялася па гаспадарцы і па справе забягала ў хату, усё кідала хуткія позіркі ў бок мужа, але ён адвярнуўся да сцяны і ягонага твару яна не бачыла. Душа Зосіна спявала, цвіла, радавалася вяртанню Гардзея, спадзявалася на шчаслівы працяг. Цяпер і сын будзе пры бацьку. Напэўна, ж Гардзей не паедзе больш у Берасце да той палячкі, якая так прыгрэлася каля яго, што ледзь назусім не прывязала. Зося ўявіла, як яны будуць разам сядзець доўгімі піліпаўскімі вечарамі, размаўляць, цешыцца сынам і проста па-чалавечы жыць. Каб яшчэ бацька вярнуўся ды ад Каці атрымаць хоць які ліст. Дзе яна, небарачка? Няўжо паехала ў Індыю? Ды не варта журыцца, аплакваць жывых людзей. Няхай Бог беражэ бацьку і сястру, дзе б яны ні былі. Трэба жывіцца і той радасці, якая здарылася сёння.

10


Неўзабаве Зося атрымала ліст ад незнаёмага чалавека. Нейкі Панас Халімонавіч Дзямчук пісаў, што Барэйша Кірыла Іпатавіч памёр па дарозе на Калыму. Рукі яе затрэсліся ад хвалявання, сэрца закалацілася, вусны скрывіліся ад плачу. Яна кінулася да Гардзей з пытаннем:

— Ці можна гэтаму верыць?

Муж прабег вачамі кароткі тэкст напісаны непісьменна і сказаў:

— Мусіць, трэба верыць. Дзякуй гэтаму чалавеку, што здагадаўся напісаць, а то б мы і не ведалі нічога.

— Божа, дзе ж ён пахаваны? Гэта ж і на магілку не сходзіш, — сказала Зося і загаласіла: — Татачка мой родненькі, навошта ж ты ад нас пайшоў, навошта пакінуў нас?

— Не плач, не палохай сына, — спыніў яе Гардзей.

— А што мне рабіць? Якой рады шукаць?

— Няма праўды на свеце. Нічога ты не знойдзеш. Не рві дарма сэрца.

— Пайду да Серафіма. Можа, ён што ведае, камітэтчык жа.

— А ты не падумала, што, можа, гэта Серафім і дапамог свайму роднаму дзядзьку Кірылу выправіцца ў свой апошні шлях?

— Серафім? За што? Мой бацька ставіўся да яго як да роднага сына!

— Гэта табе так здаецца, а ён, можа, адчуваў і разум еў усё па-іншаму. Хто ведае? Можа, яму здавалася, што абдзялілі яго, абышлі ласкаю. Адсюль крыўды і жаданне адпомсціць.

— Вось пра гэта я ў яго і спытаю.

Зося ішла да Серафіма і згадвала бацьку. То ён прыходзіў ёй на памяць лагодны за святочным сталом, то самаадданы ў працы, то разважлівы ў асяродку мужчын. Непрыемны сустрэчны вецер холадам калоў твар, забіваў дыханне. Яна размахвала рукамі, час ад часу папраўляючы хустку, ішла памужчынску шырокім крокам. Снег рыпеў пад нагамі, нібы просячы патолі. А яна думала пра тое, што жыццё раструшчыла яе сям’ю, разнесла па свеце. І тут жа папракнула сябе, што таемна радавалася, калі Каця ад’язджала ў Амерыку, а цяпер сэрца баліць за сястру і грызе дакор за сваю несправядлівасць.

Серафім і Надзя былі дома. Сустрэлі яны Зосю не надта ветліва. Серафім ніколі не выказваў да Зосі асаблівай прыязнасці, ён наогул быў чалавекам занадта замкнёным. Надзя трымала даўнюю крыўду на Кірылавых дачок за тое, што яны дрэнна ставіліся да яе, калі яна маладзенькая выйшла замуж за Серафіма, жыла ў іхняй хаце і баялася нават слова сказаць ім супраць. Цяпер яна пасталела і паразумнела і, напэўна, змагла б сябе абараніць.

Зося павіталася і спытала Серафіма:

— Скажы мне, брат, хто гэта залічыў майго бацьку ў кулакі?

— Адкуль мне ведаць? — напускаючы на сябе абыякавасць, адказаў Серафім.

— Ты ж камітэтчык.

— Там ёсць каму без мяне займацца гэтаю справаю.

— Чаму ж ты не папярэдзіў нас, што яго чакае?

— Я нічога не ведаў.

— Нявіннага чалавека паслаць на смерць! Гэта ж вялікі грэх, Серафім. Якое там у нас багацце?

— Якое багацце, пытаеш? Маю ўрадлівую зямлю дзядзькі сабе прысвоілі, а мне прыкупілі пясок! Гэта ж была мая спадчына, што ад бацькоў мне дасталася! Пакрыўдзіць сірату — ці не грэх? Родныя дзядзькі Кірыла і Карп майго бацьку на катаргу адправілі, а самі трымалі мяне, як сабаку, на хлебе і вадзе, адно толькі падганялі: зрабі тое, зрабі гэта.

— Як ты можаш такое казаць? Усе ж мы працуем на гаспадарцы ад рання да змяркання! Ніхто цябе не крыўдзіў! Грэх табе!

— А з мяне колькі здзекаваліся! І спадніцу не туды павесіла, і міску не так паставіла, і не тое зварыла, і зашмат з’ела! А я ж цяжарная была, мне есці за трох хацелася! — з крыўдаю ў голасе сказала Надзя, ажно слёзы на вочы навярнуліся.

Зося паглядзела на Серафіма і Надзю, сустрэлася з іх варожымі позіркамі і сказала:

— Няўжо ты, Серафім, помсціў роднаму дзядзьку за тое, што жыў у яго­най сям’і, з адной міскі еў, разам працаваў на полі? Няўжо ж ты такі дурны?

— Гэта яшчэ трэба паглядзець, хто з нас дурнейшы, — злосна адказаў Серафім.

— Радуйся, брат, твой дзядзька памёр па дарозе на катаргу. Радуйся! Але помні, што і цябе аднойчы можа напаткаць такая ж ганьба і такая ж смерць!

Зося адчула, што вочы яе набрыняюць слязамі і рынулася да дзвярэй. Яна выйшла на мароз, на вецер, акінула позіркам белую прастору, акрэсленую чорнай сцяною лесу, што падступаў да самага агарода, выцерла слёзы і рушыла ў зваротны шлях, гнеўна думаючы пра няўдзячнасць Серафіма: «Як ён не разумее, што ў той час, калі яны вярнуліся з бежанцаў, усім было цяжка. Не было ні грошай, ні ежы, ніякага жытла. Першую зіму перабіваліся аўсом ды гарохам, што даў дзядзька Карп, вясну і лета да першага ўмалоту пратрымаліся лебядою ды шчаўем. А колькі сілы каштавала бацьку аднавіць хату, абжыцца гаспадаркаю? І такая смерць! У дарозе, недзе пахавалі пад першым карчом! Доля мая, доля! Не ведаю, дзе магіла мамы, дзе магіла таты! Хоць бы пайшла параілася з імі, памаўчала, даравання папрасіла, магілку прыбрала б, прывяла б да яе сына, каб ведаў, дзе ляжаць ягоныя дзед з бабаю. Разнесла, развеяла нас па свеце, як насенне дзьмухаўца!»

Зося вырашыла не расказваць Гардзею пра тое, як яе сустрэў дваюрадны брат, каб не хваляваць дарма мужа. Ён і так дзень пры дні ходзіць нейкі ўнураны. Усё валіцца з ягоных з рук. Чытае Біблію, нешта запісвае, думае. Зосі і карціць пачытаць, што ён там піша, але без акуляраў яна дрэнна бачыць, а набыць іх і насіць саромеецца, нязвыкла гэта ў вёсцы. Будуць казаць, што сляпая.

На жаль, усё атрымалася не так, як таго жадала Зося.

— Што сказаў Серафім? — спытаў Гардзей, як толькі Зося пераступіла парог сваёй хаты.

— Ён нічога не ведае.

— Дзіўна. А як ён наогул паставіўся да цябе?

Зося хоць і не хацела нічога расказваць, аднак жа вырвалася ў яе, што крыўдуе брат на дзядзьку.

— Вось у гэтым уся прычына. Вырашыў адпомсціць дзядзьку! — зрабіў выснову Гардзей. — Што ж будзе і яму аднойчы адплата.

— Пра што ты, Гардзей? — устрывожана спытала Зося.

— Ні пра што. За грахі, кажу, кожнаму давядзецца адказваць.

Да Зосі падышоў Ораст, папрасіў:

— Мама, я малака хачу.

— Ах ты мой маленькі, чаму ж ты ў таты не папрасіў?

— Баяўся.

— Тата добры. Ён цябе любіць.

— Не, не любіць. Абяцаў навучыць цытаць, а ніцога не паказвае, толькі сам усё цытае і цытае.

Гардзей падхапіў сына на рукі, усміхнуўся і сказаў:

— Прабач, я зусім забыўся пра сваё абяцанне. Зараз жа будзем займацца тваёй адукацыяй.

— Цым? — перапытаў малы.

— Чым трэба. Ідзі, папі малачка, падмацуйся, і пачнём займацца, — адказаў Гардзей і правёў сына цёплым позіркам.

11


Гардзей адчуваў сябе блага, галава была цяжкая, звон у вушах не даваў спакою. Хоць клаліся спаць рана, ён паўночы пакутаваў ад таго, што не мог заснуць, а пасля абуджэння доўга нерухома ляжаў з заплюшчанымі вачамі. Не хацелася варушыцца, уставаць, што-небудзь рабіць па гаспадарцы. Зося ля печы з ранку грымела кухонным прычындаллем, але мужа не турбавала. Гардзеева душа хвалявалася, нечага чакала, на нешта спадзявалася, прасіла нейкага зруху і аднойчы ён наважыўся паехаць у Берасце, паглядзець, як жыве горад, як пачуваюць сябе людзі і такім чынам паспрабаваць вярнуць сябе да жыцця. Не пакідала жаданне сустрэцца з Пухам і Валошчыкам, каб спытаць у іх, за што яны яго ледзь не адправілі на той свет.

Марозным ранкам Гардзей прачнуўся яшчэ да ўзыходу сонца, пагаліўся, паснедаў, апрануў святочны гарнітур, пайшоў запрагаць каня. Зося выйшла за ім, занепакоена спытала:

— Куды ты сабраўся?

— У Берасце.

— Вазьмі мяне з сынам.

— Прастудзім малога. Бачыш, які мароз.

— А ты са сваім здароўем як паедзеш? Можа, лепш цягніком?

— Нічога, у сена закапаюся і праедуся, развеюся трохі. Заседзеўся я дома.

Зося пастаяла, паназірала за ім, спытала:

— Нанач чакаць?

— Збіраюся вярнуцца. Хіба толькі што.

— Не шукай Пуха, малю цябе, ён пры ўладзе.

— Не вучы мяне, сам ведаю, што рабіць, — раздражнёна адказаў Гардзей.

— На табе пару рублёў. Без грошай у горадзе няма чаго рабіць, а польскія грошы не бяруць.

Гардзей узяў каляровыя паперкі, разгледзеў герб з сярпом і молатам, прачытаў «Казначейский билет СССР», схаваў грошы ў кішэню, спытаў у жонкі:

— Савецкія грошы. Дзе ты іх узяла?

— Вазіла на рынак у Жабінку яйкі, масла і сыр, прадала, і вось. Едзь з Богам. Мы будзем цябе чакаць.

Яна яшчэ хацела папрасіць Гардзея, каб ён не наведваў гаспадыню, у якой жыў на кватэры, але стрымалася, баялася ўгнявіць мужа. Ён накінуў на плечы паверх паліто кажух, ухутаў ногі ў сена, тузануў за лейцы і выехаў з двара. Рахманы конь, які застаяўся ў стайні, бадзёра рушыў з месца. Ад хуткай язды Гардзей расчырванеўся, адчуў прыліў сілы, быццам да яго вярнуўся далёкі паўзабыты час маладосці. Старыя ліпы каля шляху, дзе звычайна збіралася летам моладзь на вячоркі, заінелі, стаялі, дзівосна аздобленыя белымі карункамі.

Насустрач ішла маладзіца ў квяцістай хустцы, у абшарпаным кажушку. Гардзей пазнаў Марфу, яна нешта крыкнула яму ўслед. Але ён не спыніўся, каб перакінуцца словам. Не хацелася псаваць такі прыгожы дзень. За Крачкамі пацягнуўся стары лес. Заінелыя елкі і сосны стаялі нерухома, быццам баяліся разбурыць свае дзівосныя строі са снегу і інею. Даўно Гардзей не бачыў гэтае прыгажосці, якая ачышчае душу, наталяе сэрца хараством, дае адхланне вачам. На галіне сасны заўважыў цікаўную і спрытную вавёрку. Заўсміхаўся, ціха прысвіснуў па-птушынаму, каб не напалохаць звярка, а толькі прымусіць насцярожыцца. Вавёрка ў імгненне скокнула на іншую сасну і знікла з вачэй. На снезе было мноства слядоў, птушыных і звярыных. Ды і дарога была добра ўбітая, адшліфаваная палазамі. Людзі варушацца, некуды ездзяць, нешта робяць, турбуюцца, жыццё цячэ сваёю плынню, а Гардзей быццам сышоў са шляху, разгубіўся, не ведаў, чым і як жыць. Зараз ён падумаў, як было б добра перасяліцца ў якую-небудзь пушчанскую мясцовасць, дзе тыднямі чалавека не пабачыш, і пажыць там сам-насам з лесам, з птушкамі і звярамі, завесці пасеку, вялікую гаспадарку і раптам спахапіўся, што цяпер не той час, каб працаваць на сябе, цяпер іншая дзяржава, якая вымагае працы найперш на яе.

Мінуўшы яшчэ дзве вёскі Косічы і Вычулкі, выехаў Гардзей на шырокі шлях, абапал якога цягнулася балота, дзе нават і цяпер з-пад снегу тырчалі няўклюдныя пні ад гнілых дрэў і купіны, парослыя шорсткаю асакою. Аднак і на гэтую заснежаную прастору было прыемна глядзець. Нешта ёсць у нашай прыродзе гаючае, свежае, што супакойвае і дае сілу, акрыляе душу добрымі спадзяваннямі..

Калі Гардзей пад’ехаў на кані да гарадскога рынку, каб наведаць старога знаёмага яўрэя з бойні, аказалася, што бойня замкнёна. Гардзей прывязаў каня каля чайной, а сам вырашыў прайсціся да бліжэйшай аптэкі, каб купіць валяр’янкі. Сярод гараджан часта сустракаліся вайскоўцы, нават шмат хто з цывільных людзей былі апрануты ў шынялі. Сімпатычная паненка ў пухнатым футры спынілася перад Гардзеем, усмешліва павіталася.

— Панна Эвеліна! Вачам сваім не веру! — усклікнуў ён узрадавана, пазнаўшы Мікуліну Антольку, зямлячку, якая раней працавала ў публічным доме. — Толькі цябе і згадваю з найбольшаю асалодаю, калі вяртаюся думкамі ў мінулае.

— Цяпер не Эвеліна, а таварыш Антаніна, — загадкава прашаптала яна.

— Цябе хоць як назаві, ты ўсё роўна аднолькава прыгожая, — пачаў па звычцы асыпаць яе кампліментамі Гардзей. — Дзе ты, як ты?

— Добра. Муж працуе ў аблвыканкаме, нядаўна атрымалі новую кватэру, прыемны такі дамок у раёне парку. Я таксама працую ў ціхай канцылярыі. Адно дрэнна: муж занадта раўнівы. Зверам рыкае, як на мяне хто паглядзіць, баіцца, каб які прайдзісвет не спакусіў мяне, цнатлівую, — яна звонка засмяялася, агаліўшы роўны рад белых зубоў з двума залатымі каронкамі.

— А дзе ж ты зубы згубіла?

— Гэта ж цяпер мода такая, — патлумачыла яна. — Пайду, мне на працу трэба. Выйшла трохі падыхаць. Ці ведаеш, цяжкавата мне даецца гэтая служ­ба, паперы, пыл. Не звыкла я да гэтага.

— А што ў горадзе чуваць і наогул. Ты ж каля начальства блізка.

Антолька пацягнулася да яго вуха і прашаптала:

— Кажуць, што вайна будзе. Але калі, невядома. Некаторыя ўжо цяпер запасаюцца соллю ды запалкамі.

— А твой што кажа? — зацікаўлена спытаў Гардзей.

— Мой такі дуб! Ён нікому не верыць, толькі Сталіну. Кажа, калі і будзе вайна, дык гэта мы першыя пойдзем рабіць сусветную рэвалюцыю! Ну і няхай кажа, што хоча! Якая мне розніца, у што ён верыць, абы зарплату аддаваў! — яна зноў засмяялася.

— Малайчына, таварыш Антаніна. Шчаслівы быў бачыць, — Гардзей узмахнуў на развітанне рукою і пайшоў у аптэку.

Аптэка з прыгожымі вокнамі ў выглядзе арак, пафарбаваная ў жоўты колер, стаяла на рагу вуліцы. Псавалі фасад толькі выбоіны. У пачатку верасня трыццаць дзявятага года тут упала бомба і пасекла асколкамі сцены. Раней тут пакупнікоў абслугоўвала старая лагодная яўрэйка, цяпер працавала маладая дзяўчына з тоўстаю чорнаю касою, у белым халаце, сур’ёзная і нешматслоўная. Яна падала Гардзею маленькую пляшачку валяр’янкі. Ён павярнуўся, каб ісці, і тут яму на вочы трапіў партрэт Сталіна. Вочы правадыра падазрона глядзелі на наведвальнікаў аптэкі, быццам пыталіся: «Хто такі? Ці не вораг народа?»

Вестка пра вайну ўстрывожыла Гардзея. Калі пра яе гаворыць начальства, пэўна, яна не за гарамі. Немцы побач, за Бугам! Ён падумаў, што трэба купіць якіх газет. Пачытаць, хоць хто там праўду напіша?

З гэтымі думкамі ён забег да гаспадыні, дзе да хваробы кватараваў. Пані Ванда кінулася да яго ў абдымкі з вільготнымі пацалункамі, прыгаворваючы:

— Муй каханы! Муй каханы пшыехаў!

Ён паглядзеў у яе прыкметна пастарэлы твар, развёў пульхныя рукі, якія абшчаперылі ягоную шыю, і сказаў:

— Я прыйшоў забраць рэчы.

— Застанься нанач, — папрасіла яна. — Мне столькі трэба табе расказаць!

Ягоны позірк прабег па яе зморшчанай шыі. Ён з агідай і здзіўлена падумаў, ці не праз чараўніцтва раней прываблівала яго гэтая кабета. Узяў пад паху некалькі сваіх кніг, нешта з адзення, кіўнуў на развітанне і хутка выйшаў за дзверы. І толькі на вуліцы ўздыхнуў з палёгкай. Кінуў рэчы ў сані, сцебануў каня, праехаў па вуліцы, шукаючы дзе-якую краму, каб купіць сыну гасцінца за тых пару савецкіх рублёў, што дала Зося. Раней крамаў было процьма, цяпер ледзьве адшукаў абшарпаны будынак, на якім напісана «Магазін №3». Увайшоў у памяшканне і адразу адчуў смярдзючы пах гнілых селядцоў, гаспадарчага мыла і яшчэ нечага непрыемнага. Трое мужчын стаялі ля бочкі з іржавымі абадамі і пілі разліўное піва. Гардзей убачыў прадаўшчыцу ў брудным халаце, прабег вачамі па беднай вітрыне, дзе роўнымі шэрагамі стаялі пляшкі з гарэлкай. З цукерак убачыў толькі падушачкі, папрасіў прадаўшчыцу:

— Зважце калі-ласка дзвесце грамаў цукерак.

Жанчына неўразумела паглядзела на яго, нездаволена перапытала:

— Чаво?

— Падушачак, — Гардзей паказаў пальцам на фанерную скрынку, у якой стаялі падушачкі.

Яна кіўнула галавою, згарнула папяровы пакуначак, усыпала жменю цукерак, паклала на вагі, аддала Гардзею. Ён разлічыўся, атрымаўшы рэшту капейкамі, хацеў ужо выйсці, але заўважыў мужчынскія гарнітуры, падышоў бліжэй, агледзеў іх, неахайна пашытыя, з нейкай вузлаватай, няроўна пафарбаванай тканіны, дрэннай якасці.

— Далучайся да нас. Што ты там мацаеш? — сказаў адзін з мужчын Гардзею.

— Дзякую, другім разам, — адказаў Гардзей і выйшаў.

Пасля таго, як яго атруцілі, Гардзей быў у гэтым упэўнены, цяпер ён асцерагаўся што-небудзь піць з незнаёмымі людзьмі. Ужо сядаючы ў сані, горка падумаў: «Дарма сюды прыязджаў, толькі расчараваўся. І тых, каго хацеў пабачыць, не пабачыў. Нічога, яшчэ сустрэнемся. Бог усё бачыць і разумее. Ды і я буду за сваімі ворагамі сачыць, можа, і прыдумаю, як адпомсціць. Каб даведацца, чым мяне атруцілі, дык, мабыць, прасцей было б знайсці лекі. Ды ці ж яны прызнаюцца.»

12


Настала вясна з заўсёднымі хлебаробскімі клопатамі. Паступова Гардзей уцягнуўся ў працу і, здавалася, што нават хвароба адступіла, часова пакінула яго ў спакоі. Праўда, калі вельмі стамляўся, дык у вушах пачынала звінець, а сэрца ледзь не вылятала з грудзей. І яшчэ турбавала яго тое, што жывучы побач з маладою прыгожаю жонкаю, ён не адчуваў да яе цягі. Блізкасць з ёю палохала яго, як і тая атрута, якую ён, выпіўшы аднойчы, усё баяўся незнарок спажыць зноў і атруціцца насмерць. Яго наогул перасталі цікавіць жанчыны. Згадвалася толькі адна, тая, якую ён некалі бачыў у Варшаве праз агароджу. Яму здавалася, калі б яна была на месцы Зосі, напэўна, ён быў бы шчаслівы. Жонка не разумела ні яго стану, ні болю, ні думак, ні нават слоў. Яна толькі спраўна варочала чыгуны каля печы, завіхалася па гаспадарцы і ў полі і кахала яго па-свойму, але яе пачуцці яго зусім не цікавілі і не хвалявалі. Усё, што ён раней адчуваў да яе, назаўсёды засталося ў незваротным мінулым. Ён пакутаваў ад гэтага, не ведаючы, як растлумачыць такі дзіўны свой стан. Раней жа мог за ўсялякай спадніцай увівацца, карыстацца згаворлівасцю і падатлівасцю маладзіц, перажываў сапраўдную асалоду, а цяпер душа быццам здранцвела.

Калі адсеяліся, наважыўся ён з Зосяю паехаць да доктара і параіцца, як яму жыць далей. Зося засталася ў калідоры, а Гардзей пайшоў у кабінет да псіхіятра. Саромеючыся, блытаючыся, Гардзей расказаў сівому доктару пра сваё атручэнне і праблемы, якія ўзніклі ў выніку яго. Той уважліва выслухаў і сказаў:

— Атручэння магло і не быць. Нешта здарылася з вашаю псіхікаю, якая адключыла пэўны сектар мозгу, таму ў вас адпалі ўсе сексуальныя захапленні і патрэбы.

— Што ж мне рабіць?

Доктар весела пацёр далонь аб далонь, дробна засмяяўся і сказаў:

— Вы ведаеце, а мяне таксама ўжо даўнавата не цягне да жанчын. І я цалкам задаволены. Як гаворыцца, імпатэнцыя — гара з плячэй!

— Жонка ў мяне яшчэ маладая. Зрэшты, яна мне цяпер без патрэбы, думаю, што мог бы з ёю разысціся, але ж сын расце.

— Прывядзіце да мяне сваю жонку, я ёй усё растлумачу.

— Яна тут, у калідоры чакае, — Гардзей узрадавана памкнуўся да дзвярэй.

— Паклічце, паклічце яе, — сказаў доктар. — А гэта вам рэцэпт, папіце мікстурку для супакаення нервовай сістэмы.

Гардзей узяў рэцэпт, адчыніў дзверы, паклікаў Зосю, прапусціў яе ў кабінет, а сам выйшаў у калідор. Хваляванне, сорам, дакука — усе гэтыя пачуцці змяшаліся ў ягонай душы. Аднак сяк-так супакоіўшыся, ён сеў на крэсла, якое стаяла каля дзвярэй, утаропіўся ў акно і напружана чакаў, што скажа яна, Зося, калі выйдзе з кабінета доктара. Цяпер яму згадалася тая першая сустрэча з ёю, калі ён падпаіў яе маладзенькую і наіўную. Бадай, ні адной перамогаю над жанчынамі ён не ганарыўся так, як тою! Бо і сам тады яшчэ быў зусім зялёны! Можа, за тое цяпер нясе пакаранне, што тады сарваў недаспелы яблык? Колькі гэтых яблыкаў было ім сарвана! Ды ці можа быць пакаранне за каханне? А ці было каханне? Хутчэй толькі полымя жарсці бяздумна ахоплівала душу — і тады шукаў, з кім наталіць тую невыносную прагу. Не так важна было, якая будзе дзяўчына — свая вясковая ці з публічнага дома. Ён так жыў, яму гэтае жыццё падабалася, бо забяспечвала незалежнасць, тым больш, што дома яго даглядала старэйшая сястра. Не маючы ўласнай сям’і, яна замяняла яму клапатлівую і чуйную маці. Калі б Зося не нарадзіла сына, напэўна, ён так і халасцякаваў бы да гэтага часу. Але ж, як кажуць, ад лёсу не ўцячэш.

Зося выйшла ад доктара паружавелая, ласкава і прысаромлена зірнула на Гардзея і сказала:

— Паедзем дахаты.

Яна накіравалася да выхада, Гардзей пайшоў следам. Моўчкі селі на воз. Гардзей тузануў за лейцы, развярнуўся, выехаў на правы бок вуліцы. Недзе непадалёку гарлала радыё песню пра тое, што «от избы и до избы зашагали телеграфные столбы». Рэзкія гукі раздражнялі, Гардзей злосна плюнуў у бок і пагнаў каня на Кобрынскі мост. Доўгі і няўклюдны будынак бальніцы застаўся ззаду. Толькі калі ўехалі ў Трышын, назойлівая музыка сціхла, зрабілася спакайней на душы, Гардзей насцярожана азірнуўся на Зосю. Вельмі ж карцела даведацца, што ёй сказаў доктар, і як яна паставілася да таго тлумачэння. Жонка прыглядалася да хат, міма якіх праязджалі, да кветак, што раслі ў гародчыках. Заўважыўшы на сабе Гардзееў позірк, сказала:

— Паглядзі, якія кветкі! Я такія хачу таксама завесці. Мусіць, у нашым сяле ні ў адной гаспадыні такіх няма. Якое хараство!

Гардзей адвярнуўся. Жонка пазбягала гаварыць з ім пра ягонае здароўе. Чаму? Не паверыла доктару? Ці наадварот праніклася праблемаю настолькі, што гатова быць для мужа за маці і сястру? Быць замужам і жыць па-манаску? Гардзей уявіў тую процьму гадоў, якія яму належыць пражыць побач з гэтаю жанчынаю і раптам яму зрабілася страшна той будучыні, якая яго чакала. Ён стаў супакойваць сябе, што не трэба думаць пра благое, інакш хвароба можа вярнуцца, а ён ізноў апынецца ў псіхлячэбніцы, дзе яго будуць прывязваць да ложка і даваць уколы, ад якіх свет робіцца пачварным, а людзі выродлівымі. Хоць навокал красавала лета, была самая яго макаўка, дзень здаваўся Гардзею змрочным і бясколерным. Ягоныя думкі раптам перакрыў Зосін голас, яна ўсё яшчэ нешта казала пра кветкі:

— Каб ведаць, дзе пахаваны бацька, я на ягонай магілцы пасадзіла б розныя кветкі, каб цвілі яны з ранняй вясны да позняй восені. Гэта была б самая прыгожая магілка.

«Вось так жывём разам, спажываем разам хлеб, а мары і беды ў кожнага свае, — горка пасміхнуўся ў думках Гардзей. — Што ж нас зводзіць разам, такіх розных? Няўжо толькі інстынкты? Ці нешта высокае і неспасціжнае? Нейкая вышэйшая сіла надзяляе нас радасцямі і прымушае дорага плаціць за памылкі і грахі? Ці мо ніякай звышнатуральнасці і няма, а ёсць толькі наша сумленне, якое судзіць нас у горкую часіну. Бо пакуль усё добра, дык і жывеш, як набяжыць. А здарыцца бяда — міжвольна разважаеш: чаму гэта са мною здарылася? Чаму я такі няшчасны? Чаму лёс такі несправядлівы да мяне? А ці не сваімі ўласнымі рукамі мы ствараем гэтае няшчасце? Самі ж выбіраем сабе сяброў, якія потым ператвараюцца ў ворагаў, якія жадаюць нам смерці. Самі жэнімся Бог ведае з кім і невядома дзеля чаго. Маючы адно дзіця, ужо не хочаш мець з ёю іншых дзяцей. Ды і нічога не хочаш мець. А яна прагне прызнання ў каханні, захаплення, шчасця. Як навучыцца захапляцца жанчынай, якая з ранку і да позняга вечара ходзіць у атопках, у замызганай спадніцы ад печы ў хлеў і назад? І толькі ў свята на якую гадзінку апране чыстую сукню. А ў тваіх вачах яна па-ранейшаму не больш, чым свінарка, даярка, кухарка.» Адначасова Гардзей разумеў, што Зося ні ў чым не вінаватая, калі б ён стварыў ёй адпаведныя ўмовы жыцця, яна таксама хадзіла б, як пані ў капялюшыку з сумачкаю пад пахаю. Але ўся прычына ў тым, што і святы свае, і будні мы ствараем уласнымі рукамі. А душа яго быццам і не прагнула ніякае ўрачыстасці, бо ніяк не магла выбавіцца з хваробы.

Загрузка...