Вясной Рахубы распачалі будаўніцтва. Леванюк паставіў сцены, праўда, без сянец. Каця своечасова прыслала грошай, таму за лета накрылі хату гонтаю, склалі печ, заслалі падлогу, нават такі-сякі хлеўчык скідалі, у якім можна было размясціць карову і пару падсвінкаў. Позняй восенню сціпла справілі ўлазіны. Тады ж нарадзілася ўнучка Гануська. Нявестка перабралася з малою да Ораставых бацькоў. Зося не магла нацешыцца малою, аддавала ёй усю любоў і пяшчоту. Гардзей здзіўляўся, назіраючы за жонкаю, як палагаднела яна, як засвяцілася шчасцем, быццам вярнулася ёй адчуванне маладосці і мацярынства. Ды і сам дзед любіў бавіцца з малою, слухаць яе тонкі галасок, здагадвацца пра яе жаданні. Праз год нявестка нарадзіла яшчэ і ўнучыка Радзіка. У хаце стала цесна і тлумна. Гардзей аблюбаваў сабе месца для адпачынку на печы, каб нікому не замінаць. За турботамі пра малых, не было часу асэнсаваць тую радасць, якая пасялілася ў новай хатцы на хутары. Аднак Зося адчувала сваё шчасце і пра ўсё напісала ліст Каці. У адказ атрымала строгі і асуджальны адказ. Нехта са сваякоў паведаміў сястры ў Амерыку, што Ораст дрэнны сын, не запрасіў бацькоў на сваё вяселле, што любіць ён прыкладвацца да чаркі, ніякім рамяством не авалодвае, а толькі часта мяняе месцы працы, шукае лёгкага хлеба.
Гардзей ведаў: шмат хто з родзічаў і сваякоў гатовы перапісвацца з Кацяй толькі для таго, каб атрымаць ад яе пасылку. Ад зайздрасці гатовыя зганьбіць чалавека, каб за кошт гэтага атрымаць хоць нейкую карысць. Канечне, Ораст не ідэальны сын, але і не горшы за іншых. Трымаецца сям’і, кахае жонку, любіць дзяцей. А наконт чаркі. Дык хто цяпер не п’е? Іншае здзіўляла і непакоіла Гардзея. Жывучы за тысячы кіламетраў у Амерыцы, Каця імкнулася ведаць усё пра ягоную сям’ю, кіраваць адносінамі, уплываць на Зосю і Ораста. Яго ж, Гардзея, настойліва клікала ў госці, заваблівала багаццем, хвалілася сваім двухпавярховым домам, дзе шчасліва жыла з мужам у багатай і вольнай краіне, у якой ёй пашанцавала апынуцца. У адным лісце яна напісала: «Не хоча Зося ехаць і не трэба, прыязджай адзін. Я пакажу табе ўсю Амерыку. Пабачыш Ніягарскі вадаспад. Відовішча неверагоднае! Я аднойчы чатыры дні там жыла, не магла нагледзецца на гэтае вечнае хараство».
Яна ўпарта нагадвала і пра тое, што засталася бяздзетнай, а гэта азначала, што амерыканскую спадчыну маглі атрымаць Гардзееў сын і ўнукі, бо іншых спадчыннікаў у яе не было. Зразумела, Каця сумавала па радзіме, жыла згадкамі пра мінулае, тым больш, што некалі яна была неабыякавая да Гардзея. Ён гэта адчуваў, калі і сам вагаўся, выбіраючы сабе жонку. Яму падабалася ўдумлівая, разумная, начытаная Каця, але Зося, імпульсіўная, самаахвярная і адданая, здолела прывязаць яго да сябе. Аднак жыццё мінула. Насоўвалася старасць. Гардзей адчуваў яе дыханне за спінаю. Ён баяўся прызнацца сабе ці каму б там ні было, што паступова губляе зрок, вочы зацягвала смугою, якую нават сонца не магло прадраць. Сілы пакідаюць цела, цяжка дыхаюць лёгкія, задышка пачынае душыць, як толькі ён бярэцца за якую-небудзь цяжкую працу. Што там далей, адзін Бог ведае. Аднак трэба было абараніць сына і сваю сям’ю ад плётак. Ён сабраўся і напісаў доўгі ліст Каці і яе мужу:
«Добры дзень, паважаныя Каця і Дзяніс! Мы атрымалі ваш ліст, за які сардэчна дзякуем. Мы радыя, што ў вас усё добра, што вы яшчэ працуеце, што здаровыя, наведваеце крамы, атрымліваеце асалоду ад жыцця, ад сустрэч з сябрамі і ад працы ў кветніку. Зося таксама любіць наведваць крамы і купляць што-небудзь сабе або ўнукам. Сардэчна дзякую за запрашэнне ў госці, аднак, перакананы, што мяне да вас не пусцяць. Вы ж ведаеце маё мінулае. Мяне выпусцілі па амністыі, пашанцавала. Рэабілітацыі я не дачакаўся. Да таго ж, наколькі я ведаю, за мяжу пускаюць толькі блізкіх родзічаў: бацьку, маці, братоў або сясцёр. Наконт Ораста скажу, што раней ён любіў пасядзець у кампаніі, калі быў халасты, а цяпер, як завяліся дзеці, такое амаль не здараецца. Ён добра ставіцца да нас з Зосяю, да сваёй жонкі і дзяцей. Вяселле сваё ён справіў вельмі сціпла, толькі з самымі блізкімі сябрамі, бо не хацеў абцяжарваць нас. Мы тады знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Прыязджайце да нас, пазнаёмцеся з ягонай сям’ёй і здолееце самі ўпэўніцца, што ён добры сямейнік. Мы цешымся на старасці ўнукамі і шчаслівыя тым, што ўсё ў сына атрымалася выдатна. Нявестка наша прыгожая і акуратная, умее смачна гатаваць. Яна з вясковых, таму ніякае працы не цураецца. У нас усё добра, бяда толькі, што старасць ужо нагадвае пра сваю прысутнасць. Жадаем вам поспехаў, моцнага здароўя і доўгага жыцця. Прывітанне ад нашай вялікай сям’і. Да пабачэння. Рахубы».
Ліст Гардзей вырашыў сам занесці на пошту ў вёску. Хоць дзень выдаўся марозны, але ветрык ужо веяў па-вясноваму цёплы. Па дарозе ён зайшоў у краму, дзе звычайна збіраліся вяскоўцы перакінуцца словам і дачакацца, калі з Жабінкі прывязуць свежы хлеб. І на гэты раз тут сабралася некалькі старых жанчын у ватоўках ды Марк, апрануты ва ўсё салдацкае — даношваў сынаву ўніформу, у якой той вярнуўся з войска. Ён гучна сварыўся з прадаўшчыцаю Веркаю, Марфінаю дачкою.
— Бачыш ты, якая сучка, аблічыла на дзесяць капеек! Ты думаеш, калі я стары, дык і лічыць не ўмею!
Верка кінула на прылавак манету і крыкнула:
— На табе дваццаць капеек, толькі сыдзі з вачэй, падла старое! Ніяк не здохнеш! Ходзіш тут і толькі нервы псуеш!
— Зараз знявечу кульбакаю! Паскуда каўтунатая! — Марк замахнуўся кульбакаю на маладзіцу.
— Толькі паспрабуй! Выклічу міліцыю, дык хутка цябе супакояць, — пачала пагражаць Верка, трасучы стручкамі завіўкі, якія спадалі на лоб.
— Сёння ж скаргу напішу ў райспажыўсаюз, не будзеш ты тут махляваць, — раз’ятрана паабяцаў Марк.
Гардзей пацягнуў Марка за рукаў і сказаў, пасмейваючыся:
— Ты яшчэ да маладзіц чапляешся?
— Каб яна спрахла, халера гэтая! Штораз выведзе з раўнавагі.
— Пойдзем на свежае паветра, успомнім маладосць.
Марк злосна згроб з прылаўка манету заскарузлаю рукою і сказаў:
— Пайшлі, Гардзей. Ты адзіны разумны чалавек на ўсё сяло. Я цябе заўсёды паважаў.
Яны выйшлі з крамы. Па-старэчы пачалі гаманіць пра гаспадарчыя справы. Толькі тут Гардзей заўважыў, што паштовая скрынка вісіць на слупе каля крамы і ўзрадавана апусціў у яе свой ліст, бо ногі ўжо балелі і не хацелася цягнуцца да пошты ў другі канец вёскі.
— Пойдзем, Марк, я цябе дахаты правяду.
— Пайшлі, Гардзей, колькі таго жыцця засталося?
Два старыя чалавекі тупалі ўдоўж вёскі, якая выгадавала іх, паставіла на ногі, пусціла ў шырокі свет, але яны вярнуліся сюды, не жадаючы жыць у разлуцы з ёю. Яны глядзелі на хаты, дзе некалі жылі іншыя людзі, якія даўно перасяліліся на клады. Цяпер па сяле хадзілі дзеці і ўнукі памерлых і рысамі твараў нагадвалі сваіх папярэднікаў. «Кругазварот жыцця ў прыродзе, — сам сабе ўсміхнуўся Гардзей. — А я яшчэ жыву. Перажыў многіх сваіх ворагаў. У гэтым мая перамога і шчасце».
— Як ты Марк пачуваешся? — спытаў Гардзей.
— Як прачнуся раніцай, здаецца, што толькі пазногці не баляць. Увесь, як пабіты.
— Вось, што я табе скажу. Калі аднойчы прачнешся і адчуеш, што нічога табе не баліць і не смыліць, ведай, што памёр, — засмяяўся Гардзей.
— Цьфу на цябе! Такое паскудства кажаш, — раззлаваўся Марк.
— Як ні круціся, а прыйдзе час адпачыць.
— Калі прыйдзе, тады і пагаворым, а цяпер давай пра што весялейшае. У цябе колькі ўнукаў?
— Двое.
— А ў мяне пяцёра, нават адзін праўнук ёсць! Абскакаў я цябе, Гардзей! — задаволена прыцмокнуў языком Марк. — Але ж ты не ведаеш галоўнае маёй радасці. Я рэабілітаваны! Прызнаны ні ў чым не вінаватым. А табе, напэўна, рэабілітацыю не дадуць. Лічыцца, што ты на немцаў працаваў.
— Я працаваў на людзей. Стараўся, каб пастаўкі немцам былі як мага меншыя, каб жывёлу здавалі горшую. Ты гэтага не заўважыў?
— Я заўважыў, але хто табе паверыць? Ты ж для саветаў — вораг народа.
— Ат, не павераць, дык і так памру. Для мяне галоўнае не чалавечы суд, а Боскі. Будзь здаровы, Марк, і не кашляй.
Гардзей рушыў па вуліцы, а думка пра рэабілітацыю не адпускала яго. Ён не адчуваў сваёй віны ні ў чым, шкадаваў толькі, што ўзяў грэх на душу, напісаў данос на Пуха. Думаў, што Пуху ўчыняць допыт, выкрыюць яго нялюдскую дзейнасць, а немцам не было часу разбірацца. Яны расстралялі Пуха як камуніста і супрацоўніка савецкіх карных органаў. Гардзей вельмі спадзяваўся, што здолее дазнацца, чым быў атручаны. Тады, магчыма, было б лягчэй знайсці лекі ад невылечнай хваробы, якая хоць і прыціхла ў апошнія гады, але час ад часу нагадвала пра сябе страшэнным болем у галаве і грудзях. Цяпер ужо нічога не дазнаешся, позна. Сваю таямніцу забраў Пух на той свет. Калі Гардзей уяўляў, як Пух стаяў перад дуламі аўтаматаў, яму рабілася страшна і моташна. І раптам ён згадаў той выпадак, калі расстрэльвалі людзей каля Жабінкі. Сэрца балюча сціснулася і, здалося, спынілася. Гардзей схапіўся за плот і доўга стаяў нерухома, баючыся варухнуцца, быццам баяўся, што тая далёкая смерць, што згрэбла людзей у яму, можа прыхапіць з сабой і яго.
На другі дзень Гардзей паехаў у Брэст і напісаў заяву ў абласную пракуратуру з просьбаю разгледзець ягоную справу з мэтаю рэабілітацыі. Праз некалькі месяцаў яго выклікалі ў суд для разгляду справы. У якасці сведкаў былі запрошаны жонка і сястра Паўліна. Утрох яны і выправіліся ў Брэст. У будынку суда са здзіўленнем убачылі Марфу, Марка і яшчэ двух аднавяскоўцаў: Іллю Раманюка і Хвядоса Янчука, з якімі Гардзей ніколі хаўрусу не вадзіў, бо яны былі на дзясятак гадоў маладзейшыя за яго.
Калі сакратар стукнуў малаточкам і абвясціў: «Суд ідзе!», усе ўсталі. Гардзей адчуў незвычайную ўзрушанасць, але пастараўся супакоіць сябе, маўляў, сам заварыў кашу, цяпер трывай. Суд пачаўся з таго, што прапанавалі Гардзею расказаць пра сваё жыццё. Ён пачаў гаварыць, спачатку хваляваўся, але хутка супакоіўся і аповед ягоны паліўся імкліваю рэчкаю, нават сам дзівіўся, як лёгка яму згадваецца тое, што ляжала недзе на дне памяці, а цяпер быццам хто вяслом ускалыхнуў і падняў на паверхню той забыты час:
— Нарадзіўся я ў 1901 годзе ў вёсцы Крачкі. Мой бацька меў дзесяць гектараў зямлі, два кані, тры каровы, карацей, гаспадарка даволі вялікая, але ў 1914 годзе ён памёр, а мама пайшла ў лепшы свет яшчэ раней. Я застаўся за гаспадара з трыма малодшымі сёстрамі. З 1909 да 1912 года вучыўся ў школе, да 1922 года працаваў на сваёй гаспадарцы, пасля мяне ўзялі ў войска, дзе служыў да 1924 года. Вярнуўся зноў у сваю гаспадарку, выбіраўся войтам, але кандыдатура не была зацверджана.
Паступова ён увайшоў у смак і пачаў расказваць, згадваючы асобныя дэталі, выпадкі. Усё перажытае быццам праплывала перад ягонымі вачыма, а ён пераказваў прысутным тое, што бачыў. Апавядаў пра тое, як сядзеў у польскай турме, як адышоў ад камуністаў, як працаваў пры саветах, але быў звольнены з працы і ў той жа дзень атручаны колішнім былым сябрам. Пра службу ў немцаў сказаў коратка, што працаваў аграномам, у ягоную функцыю ўваходзіла збіранне паставак збожжа і свойскай жывёлы для нямецкага войска, і пры гэтым прызнаўся, што склаў спіс людзей, якія прычынілі яму гора, і перадаў немцам, у выніку чаго Пух быў расстраляны, а некалькі чалавек высланы ў Германію. Гардзей адзначыў, што быў пакрыўджаны на савецкую ўладу, за тое, што яго атруцілі, у выніку чаго ён хварэе на працягу ўсяго жыцця.
Суддзя спытаў, ці ёсць у яго даведка аб перанесенай хваробе. Гардзей дастаў з кішэні і паклаў перад суддзёй нейкія паперкі і працягваў свой аповед:
— У чэрвені 1944 года я ўступіў у нямецкае добраахвотнае войска. Заставацца дома мне было небяспечна, вельмі лютавалі партызаны ў апошнія дні перад прыходам Чырвонай Арміі. На зборным пункце ў Брэсце нямецкі афіцэр запісаў неабходныя звесткі, якія датычыліся мяне, і я застаўся там. Праз некалькі дзён мне выдалі мундзір нямецкага салдата і вінтоўку. Нас вучылі страявой падрыхтоўцы. Пра тое, што я пайшоў да немцаў, мая радня не ведала. У батальёне, дзе я служыў, набралася сорак добраахвотнікаў, астатнія былі немцы. Гэты батальён абараняў Брэст, але я ў баях не браў удзел, бо ехаў наперадзе з абозам. Я быў узяты ў палон пад горадам Пілау, а потым асуджаны на спецпасяленне ў горад Тулу на шэсць гадоў, працаваў на вугальнай шахце. З-за недаядання і цяжкай працы вельмі аслабеў, таму ўцёк дамоў, за што быў зноў асуджаны ўжо на дваццаць гадоў і адпушчаны па амністыі.
Суд дапытаў Зосю. Яна назвала сваіх блізкіх родзічаў, у тым ліку і Кацю, якая жыла ў Амерыцы, і нічога не магла дадаць да таго, што расказаў Гардзей. Паўліна наогул адмоўчвалася, а калі што і казала, дык немагчыма было разабраць, што яна шамкала бяззубым ротам. Найбольш гаваркой аказалася Марфа, якая скардзілася на тое, што праз Гардзея была выслана на працу ў Германію. Марк сказаў, што ў сяле ніхто не хацеў быць аграномам. Гардзей узяўся за гэтую справу, таму што быў не зусім здаровы на галаву. Ілля Раманюк абвінаваціў Гардзея ў тым, што той у час свайго аграномства забраў у яго сям’і карову і аддаў немцам. Яшчэ адзін вясковец Хвядос Янчук сказаў, што паколькі Гардзей быў у нямецкай арміі, дык ваяваў супраць яго, Янчука, былога чырвонаармейца, які дайшоў да Берліна і быў цяжка паранены.
Гардзей слухаў сваіх аднавяскоўцаў і думаў: «Кожны дбае пра сябе. Напэўна, некаму і я атруціў жыццё. Марфе, якая дамагалася майго кахання, Раманюку, які хацеў утаіць карову, Янчуку, якому давялося паваяваць. А хіба я распачаў гэтую вайну? Мы ж толькі пешкі. І шукаем вінаватых побач з сабою».
Суддзі выйшлі параіцца, а калі вярнуліся, была абвешчана пастанова аб прызначэнні судова-псіхіятрычнай экспертызы па справе грамадзяніна Рахубы Гардзея Максімавіча. Гардзею растлумачылі, што яго выклічуць на экспертызу, а пасля суд прыме канчатковую пастанову. Яго суцешыла тое, што твары суддзяў не былі такія пагардлівыя і абыякавыя, якія яму даводзілася бачыць раней. Г этыя глядзелі спакойна і нават прыязна.
Калі вярталіся дамоў, ужо ў цягніку, Зося, пазіраючы ў задуменны твар мужа, спытала:
— І навошта табе трэба былі гэтыя мітрэнгі? Што табе з тае рэабілітацыі?
— З некім я варагаваў, нехта не любіў мяне, але я ніколі не быў і не буду ворагам свайму народу! Таму рэабілітацыя мне патрэбна як паветра!
— Які ж ты неспакойны, Гардзейка, — заківала галавою Паўліна.
— Затое ты ў нас спакойная! Сапраўдны пралетарый, нічога не маеш, толькі другіх вучыш жыццю!
Паўліна імгненне глядзела на брата і раптам залілася слязамі, праз усхліпы яна прамовіла па складах:
— Гэта ж усё праз цябе! Праз цябе я засталася адна! Ты не даў мне выйсці замуж! Ты з’еў маю маладосць!
— Ціха, ціха, Паўлінка, — папрасіла Зося. — Людзі ж кругом.
Паўліна аціхла, унурылася, адвярнулася да акна. Гардзей нервова прыгладзіў валасы, працёр вочы. На зрэнкі наплываў туман. Ужо ён і Зосін твар не мог добра разгледзець. Іншы раз са страхам думаў пра тое, што некалі настане дзень, калі белы свет акрыецца непраглядным туманам. А потым не за гарамі і смерць. Але ці ж яму наракаць на лёс. І так пажыў, дзякаваць богу. Колькі палегла людзей тых, што працавалі разам з ім на шахце ў Туле і Варкуце! Колькі хлопцаў не вярнулася ў сяло, мабілізаваных на вайну! Што ж, у кожнага свой лёс, свая непратаптаная сцежка. Сам выбраў, сам іду, як магу, на колькі хопіць моцы.
Тры псіхіятры сядзелі за сталом. Спярша прапанавалі Гардзею распрануцца да пояса. Адзін з іх абстукаў малаточкам суставы, канстатуючы:
— Правільны склад цела; харчаванне здавальняючае; на левым локцевым суставе пачырваненне — скура адлушчваецца ў выглядзе бляшак; у лёгкіх везікулярнае дыханне з адзінкавымі сухімі хрыпамі; тоны сэрца чыстыя, жывот мяккі, пры пальпацыі без болю; селязёнка і печань не пальпіруюцца.
Пасля гэтага Гардзею прапанавалі апрануцца, сесці і расказаць пра сваю хваробу, яе праявы. Ён пачаў апавядаць, выліваць боль з душы. Пад гэтымі зычлівымі і ўважлівымі позіркамі яму было спакойна прызнацца, што ўсё жыццё баіцца ён новага атручэння, пажаліцца, як балела яму галава, як пякло ў грудзях, што іншы раз хацелася забіць сябе самога ці тых, хто яго атруціў, бо здавалася: толькі так можна дасягнуць палёгкі. Адзін з дактароў нешта запісваў, час ад часу ўскідваючы вочы на пацыента. Дактары нават часам усміхаліся яму, як бы падбадзёрваючы. І Гардзей стараўся расказаць усё ў дэталях, каб яны зразумелі, што ніколі ён не быў ворагам народа. Ён звычайны чалавек, якому даводзілася сустракацца са здрадай, несправядлівасцю і выжываць у невыносных умовах. Часам яго спынялі, прасілі расказаць пра нешта іншае. Гэта раздражняла яго, бо выбівала з плыні думак, а ён не хацеў прапусціць нешта важнае.
Між тым адзін з дактароў пісаў чарнавы варыянт судова-медыцынскай экспертызы, у якім гаварылася пра псіхічны стан Рахубы. Пісаў, што ён правільна арыентуецца на месцы, у часе і ў адчуванні ўласнай асобы. Пісаў, што ў кантактах выхаваны, далікатны, трымаецца вольна, падрабязна апавядае пра сваё жыццё, пра хваравітыя перажыванні, выяўляе паталагічную падрабязнасць мыслення. Было і пра тое, што ўвагу фіксуе на сабе і сваіх перажываннях, на адносінах да яго навакольных, што абыякавы да свайго лёсу і лёсу блізкіх, а ў час гутаркі выяўляе назойлівасць пры паказе важных падзей у ягоным жыцці, што патрабуе, каб яго выслухалі цалкам. А таксама, што Рахуба засяроджаны на сваіх пачуццях, што стараецца згадаць усе падрабязнасці, нават форму і колер рэчаў, якія датычацца нейкіх падзей. Пісаў, што кола ягоных інтарэсаў звужана, што імкнення да працы ў калектыве не выказвае, што ахвотна даў згоду на прапанову аформіць яму інваліднасць. І ўжо такое: «Выяўляе неадэкватнае тлумачэнне падзей свайго жыцця: нехта пачаставаў вішнямі — падалося, што хацеў атруціць, на шахце прараб хацеў забіць яго дошкаю, крытыка да свайго хваравітага стану адсутнічае...»
«Дыягназ: захворванне пачалося да звальнення з працы. Вострая сімптаматыка захворвання выявілася ў час знаходжання ў бальніцы, калі адзначаліся трызненні і галюцынацыі, эмацыянальная напружанасць. Тэрмін лячэння быў недастатковы, выхад з хваробы быў няпоўны, застаўся дэфект пагрозы атручэння і выяўляўся пры неспрыяльных умовах жыцця. Такім чынам, характар захворвання Рахубы Г. М. даводзіцца дыферэнцыраваць паміж рэактыўным псіхозам, паранайяльным развіццём асобы і шызафрэніяй. Рэактыўны псіхоз выключаецца ў сувязі з адсутнасцю вострага рэактыўнага моманту на пачатку хваробы, адсутнасцю псіхагенных рысаў у структуры псіхозу пры далейшым ягоным працяканні. Паранайяльнае развіццё асобы выключаецца тым, што вышыня псіхічнай праявы адносіцца да 1939—1941 гг., але трызненні працягваліся, што не характэрна для паранайяльнага развіцця асобы.
Хвароба развівалася паступова, што адпавядае форме развіцця шызафрэніі і наяўнасці дэфекта ў выглядзе трызнення, якое перыядычна ўзмацняецца, што неабходна расцэньваць як абвастрэнне хваробы. Прыходзім да высновы: у перыяд 1939—1947 гг. Рахуба Г. М. пакутаваў на псіхічнае захворванне, а таму не мог адказваць за свае дзеянні і кіраваць сабою ў гэтыя гады. Цяпер ён пакутуе на душэўную хваробу ў форме шызафрэніі.
Мы, псіхіятры, Дубцоў М. А., Сянец В. К., Куракін М. Н., будучы прызначаныя ў якасці экспертаў па артыкуле 177, 178 КК БССР папярэджаны аб адказнасці за дачу хлуслівых звестак па экспертным заключэнні і раскрыццё звестак дадзенага папярэдняга следства».
Дактарам заставалася толькі абмеркаваць яшчэ раз гэты акт, напісаць чыставы варыянт і паставіць свае подпісы ў канцы. Тэма была вычарпана, Гардзея адпусцілі. Ён выйшаў стомлены і спустошаны, не ведаючы радавацца ці сумаваць з тае нагоды, што яго прызналі душэўнахворым чалавекам. Што ж, у гэтым дыягназе горкая праўда ягонага жыцця, з якога наогул было цяжка выйсці жывым, а ён выйшаў, няхай і з пакалечанаю душою, затое пераможцам! Дактары не паверылі, што ён быў атручаны. Але ж яны ведаюць, якая страшная хлусня разносілася дзяржаваю і сеялася ў душах. Людзі спрэс былі атручаны страхам, падазронасцю, нянавісцю. Усе гэтыя праявы і цяпер нязводна жывуць у душах людзей не толькі ў свядомасці, але і ў падсвядомасці, што вольныя грамадзяне часам самі не ведаюць, чаго баяцца.
Гардзей выйшаў з прыгожага будынка з калонамі, у якім мясціўся Брэсцкі псіханеўралагічны дыспансер, агледзеў яго з задавальненнем і падумаў: «Некалі тут жылі багатыя людзі, а цяпер такія бедакі, як я, прыходзяць сюды, каб засведчыць сваю душэўную хваробу. Сказана ў Бібліі: «І мудрыя звар’яцеюць». Нічога, хоць душа мая хворая, але галава ясная. Я разумею, што да чаго і нават сваімі падслепаватымі вачамі бачу ўсіх наскрозь».
Пад нагамі шаргацела апалае лісце. На горад насоўвалася восень, але была яна яшчэ прывабная і шумлівая, як бойкая маладзіца на пачатку старасці, калі яшчэ сама не верыць, што аднойчы стане бяззубаю, зморшчанаю, як кара старога дрэва. Гардзей пайшоў па бульвары да вакзала і ў наступным квартале ўбачыў яшчэ адзін будынак са стромкімі калонамі, амаль копію таго, з якога ён толькі што выйшаў. Прачытаў шыльду. Тут месцілася міліцыя і выцвярэзнік. Гардзей хмыкнуў сабе пад нос: «Бач ты, два прыгожыя будынкі аддалі пад установы, у якія па сваёй ахвоце ніхто не ходзіць. Цяжка зразумець такую логіку. Хаця ў Брэсце дастаткова было і іншых прыгожых будынкаў, проста так супала, што на адным бульвары стаяць выцвярэзнік і псіхдыспансер. У жыцця свая логіка і свой падтэкст. Разумей, як хочаш.»
Праз паўгода Гардзей атрымаў паведамленне, што судовая камісія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР разгледзела на закрытым пасяджэнні ягоную справу: абвінавачванні вынесены асуджанаму на аснове ягонага прызнання і непераканаўчых паказаннях сведкаў. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы ад 21.10 1966 г. засведчана, што асуджаны не мог адказваць за свае дзеянні і кіраваць імі, і цяпер працягвае хварэць на шызафрэнію. На аснове вышэйсказанага было прынята рашэнне: прысуд Ваеннага трыбунала войскаў МУС Брэсцкай вобласці ад 8. 08. 1947 г. у адносінах да Рахубы Г. М. спыніць за адсутнасцю падстаў для злачынства.
Гардзей некалькі разоў перачытаў даведку аб рэабілітацыі. Хваравіта паморшчыўся. Яго прызналі шызафрэнікам і таму апраўдалі. А калі б ён аказаўся здаровым чалавекам? Што тады? На гэтае пытанне ніхто яму не мог адказаць.
Каця часта прысылала лісты і пасылкі. Было відно, што яна вельмі сумавала па радзіме, але баялася прыехаць, бо адносіны ў Амерыкі з Савецкім Саюзам у чарговы раз прыкметна сапсаваліся. Аднак яна настойліва абяцала сваю спадчыну Зосіным унукам. Перспектыва ўзбагаціць сям’ю, забяспечыць ёй бязбеднае і годнае існаванне прываблівала малодшую сястру. Зося згадзілася на паездку ў Амерыку. Страшнавата было выпраўляцца ў такую далёкую дарогу, безумоўна, што ёй хацелася б узяць з сабою каго-небудзь з сямейнікаў. Але каго? Гардзея прызналі шызафрэнікам, у Ораста на руцэ напісана новая дата нараджэння, можа выклікаць цікаўнасць Каці, а тая яшчэ, крый божа, раскажа пра гісторыю замужжа Зосі. Нявестка даглядае дзяцей. Каця вельмі хоча паглядзець на сваю ўнучку, але ж дзяўчынку непажадана адрываць ад школы. Браць з сабою Паўліну ці каго з іншых сясцёр Гардзея не было сэнсу, толькі плёткі пасля па вёсцы будуць разносіць. Узважыўшы ўсе акалічнасці, вырашыла Зося ехаць адна. Калі былі падрыхтаваны ўсе паперы, апранула Зося чорную сукенку, узяла толькі самае неабходнае. Так што валізка была амаль пустая, і рушыла ў дарогу. Хоць і хвалявалася, але спадзявалася на Бога. Усё ў ягоных руках. Стомленая дарогаю ў цягніку да Масквы, яна, па сутнасці, праспала ўвесь пералёт да Амерыкі. У аэрапорце яе сустрэла Каця з мужам. Сёстры, якія не бачыліся болей за трыццаць гадоў, не адразу пазналі адна адну. Каця доўга прыглядалася да людзей, што ішлі насустрач, пакуль не здагадалася, што высокая хударлявая старая і ёсць яе родная сястра Зося. Але, яшчэ не верачы сваёй здагадцы, яна спытала:
— Ты Зося, ці што?
— Я, — адказала малодшая сястра, разглядаючы маленькую пульхную ружовашчокую Кацю.
— Якая ж ты старая! Ажно брыдка глядзець! — усклікнула амерыканка, пільна прыглядаючыся да сястры і шукаючы ў ёй тое аблічча, успамін пра якое вынесла яна з апошняй сустрэчы.
— Стамляюся надта, працую па начах на чыгунцы, прымаю будаўнічыя матэрыялы. А дамоў прыеду, таксама няма адпачынку — гаспадарка, унукі.
Каця заплакала, абняла сястру, пацалавала, прамовіла:
— Пакутніца ты мая. Знаёмся, гэта мой муж Дзяніс.
Зося працягнула руку каржакаватаму старому ў цёмных акулярах:
— Добры дзень, Дзяніс. Прыемна пазнаёміцца. Дзякую за лісты і пасылкі.
— Добры дзень, Зося, — адказаў Кацін муж і працягнуў Зосі вялікі букет жоўтых ружаў. — Пойдзем да машыны. Стаміліся ў дарозе?
— Ды не, хутчэй адпачыла, спала ўвесь час у самалёце. Дзякую за кветкі. Такое хараство!
Яны селі ў бліскучую белую машыну і паімчалі па горадзе з высознымі гмахамі, яркаю рэкламаю, мноствам людзей на вуліцах.
— Глядзі, Зося, гэта Нью-Ёрк — самы багаты горад на свеце. Амерыка — вольная і шчаслівая краіна, дзе нават рабочы чалавек можа купіць сабе вялікі дом і жыць там, гадуючы дзяцей і ўнукаў. Ты таксама маеш магчымасць пераехаць да нас са сваёй сям’ёй. Твае ўнукі будуць мець усё неабходнае, — натхнёна сказала Каця. — Я паклапачуся пра гэта, бо яны ж і мая кроў. Праўда, у Дзяніса таксама ёсць радня. Дом давядзецца падзяліць. Але ж, думаю, што твае нашчадкі не зломкі. Ім абы зачапіцца тут, дык з розумам можна няблага ўладкавацца.
— Твае б словы ды Богу ў вушы, — адказала Зося.
Каця прыкметна патаўсцела, на круглым твары вытыркаўся кірпаты носік. Валасы сястра фарбавала ў залацісты колер, хаваючы сівізну, таму выглядала нашмат маладзей сваіх гадоў. Да прыемнага ружова-бэзавага колеру сукенкі вельмі пасавала падабраная ў тон з ёю губная памада. Побач з ёю малодшая сястра, апранутая ў чорную сукенку, з сівою галавою, адчувала сябе старою і непрыгожаю.
— Ты добра выглядаеш. Я радая, што хоць табе адной з усёй нашай радні пашанцавала перажыць вайну. А мы ўжо нагараваліся за ўсё жыццё, што і згадваць страшна.
— Нічога, ты адпачнеш трохі, мы і цябе прыхарошым, пафарбуем, купім новае адзенне і будзеш ты ў нас, як толькі што адчаканены цэнт.
— Каця ў нас хоча да ста гадоў дажыць маладою, — насмешліва заўважыў Дзяніс.
— А ты хацеў бы, каб я апусцілася як квактуха, і вакол цябе бегала? Не дачакаешся! — раздражнёна адказала Каця.
— Я, дзякаваць богу, сам спраўляюся, вакол мяне не трэба бегаць. А хавацца ад старасці дарэмна. Усё роўна знойдзе, калі не сівізною, дык хваробаю.
— Як мне абрыдла твая пустая філасофія. Мудрэц знайшоўся! Раскажы, Зося, што там у нас у сяле?
— Неяк людзі прыстасаваліся і жывуць. Трымаюць гаспадарку, стараюцца знайсці працу ў горадзе, бо ў калгасе нічога не заробіш. За вайну шмат мужчын загінула. Цяпер падрасла моладзь. Мы, як з Казахстана вярнуліся, дык і не пазналі вёску. Яна ж у вайну згарэла. Цяпер шмат хто адбудаваўся.
— А ваша хата як?
— Стаіць. Праўда пакуль без сяней.
— Чаму ж вы не дабудоўваецеся?
— Гардзей стаіць на чарзе на кватэру ў Брэсце, там і вада, і газ.
— І колькі тая кватэра будзе каштаваць? — спытаў Дзяніс.
— За так дадуць.
— Во дзіва. Там яшчэ нешта даюць? — здзівілася Каця.
— Вымушаны даваць, бо хіба ж за нашу зарплату кватэру купіш?
— Няхай вам пашанцуе, але хату не прадавайце. Гэта ж наш родны куточак. Туды нашы ўнукі і праўнукі будуць прыязджаць, — параіла Каця.
Яны выехалі за горад, даволі доўга імчалі па шырокай трасе. Каця ўвесь час распытвала пра радню і аднавяскоўцаў. Некаму спачувала, некага асуджала.
— Ведаеш, Каця, не толькі час змяніўся, змяніліся людзі і нават зямля. Няма нашага балота, асушылі яго, сажалку завалілі нейкім ламаччам, праклалі каналы, лес высеклі, далекавата ён адступіў ад нашага хутара. Наш поплаў, дзе мы карову пасвілі, перааралі, засеялі цімафееўкай. Раней там расло мноства лугавых кветак, а цяпер адна зялёная трава. Нічога ты там не пазнала б цяпер.
— Дык ад маёй радзімы нічога не засталося?
— Толькі калодзеж стары. Нават садок давялося знішчыць — здзічэў без гаспадароў. Мы пасадзілі новы.
— Шкада, усяго шкада. І нас, старых, і незваротнага мінулага, і невядомай будучыні...
Нарэшце ўехалі ў невялікі гарадок, будынкі тут былі невысокія, з чырвонымі чарапічнымі дахамі, атынкаванымі і пафарбаванымі ў светлыя колеры. У адрозненне ад Нью-Ёрка тут было шмат зеляніны і кветак. Машына спынілася каля прывабнага двухпавярховіка.
— Гэта наш дом, выходзім, — сказала Каця.
Пакуль Дзяніс ставіў машыну ў гараж, убудаваны ў дом, Зося і Каця прайшлі па дарожцы, абсаджанай з двух бакоў рознакаляровымі ружамі, толькі жоўтых, такіх як у Зосі, тут не было.
— Вы знарок купілі мне кветкі? — здзівілася Зося.
— Так, гэта Дзянісава выдумка. Ведаеш, я жоўтых кветак наогул не люблю, — грэбліва адказала Каця, адмыкаючы дзверы дома. — Заходзь, паглядзі, як жывуць простыя амерыканцы.
Дом у Каці сапраўды быў абстаўлены і аздоблены з густам. Яна сама падбірала шторы ў тон абіўкі. Пакоі свяціліся цеплынёй і ўтульнасцю. Жаўтаватая мэбля, здавалася, вылучала святло.
— Хораша ў цябе, — з захапленнем сказала Зося.
— Ты паглядзі, што ў ванным пакоі робіцца.
Зося ўвайшла і ўбачыла люстра на ўсю сцяну, бліскучую блакітную ванну і сказала:
— Такога хараства я нават у польскага графа не бачыла. Шчыра радуюся за цябе, сястрычка.
— Усё гэта і тваё, — самазадаволена адказала Каця, — а цяпер пойдзем у сталовую. Дзяніс, хадзі есці. Дзе гэты стары пень сноўдаецца?
— Чаго ты на яго?
— Абрыд як горкая рэдзька.
Дзяніс увайшоў у пакой, сказаў вінавата:
— Прабачце, я там трохі затрымаўся, зараз памыю рукі...
Жанчыны ўвайшлі ў прасторную сталовую, таксама прыгожа і з густам абстаўленую. Тут была адпаведная мэбля з посудам, вялікі авальны стол, вакол якога стаялі крэслы. На стале ляжаў белы льняны абрус, на вокнах віселі белыя з ружовымі кветачкамі шторы. Усё ззяла чысцінёй. Каця паставіла на стол загадзя падрыхтаваныя закускі. Дзяніс сеў насупраць Зосі і прыязна пасміхаўся. Калі зняў чорныя акуляры, Зося заўважыла, што адно вока ў яго было прыкметна касаватае, а таму цяжка было разабраць, куды ён паглядае — на Кацю ці на яе.
— За сустрэчу, будзьма здаровы! — сказаў першы тост Дзяніс.
Зося падняла сваю чарку і чокнулася спачатку з ім, пасля з Кацяю, выпіла. Пітво аказалася саладжавае і непрыемнае.
Каця прывяла Зосю ў невялікі пакой, дзе ўсё было ў ружовых колерах і сказала:
— Гэты пакой мы трымаем для гасцей. Гарадок у нас ціхі, аднак часам моладзь ноччу ганяецца на машынах ды матацыклах. Каб нішто не перашкаджала чалавеку адпачываць, мы выбралі для адпачынку тыя пакоі, што выходзяць вокнамі ў двор. Вось тут, у шафе, піжама, сарочкі, халат, ручнікі, карацей, розная дробязь, неабходная жанчыне.
— У цябе, як у палацы, можна заблудзіцца.
— Ну, што ты? Гэта ў багатых сапраўды палацы. А мы простыя рабочыя людзі. Ты помніш: прыбіральня і ванны пакой насупраць, калі што трэба — карыстайся.
Зося ўсё стаяла ў парозе, разглядвала занавескі на вокнах і посцілку з фальбонкаю на ложку.
— Усё такое прыгожае, што страшна датыкацца, — сказала яна.
— Не выдумляй, кладзіся і адпачывай, а я пасяджу побач з табою. Цяпер дрэнна сплю. Шмат разоў прачынаюся па начах, а потым не магу заснуць. Здараюцца ночы, што праляжу ўсю ноч, гледзячы ў столь. Усё жыццё згадаю. Ну, чаго стаіш? Сядай на ложак, — Каця пацягнула Зосю за рукаў, пасадзіла на ложак, сама села насупраць у мяккі фатэль.
— Ведаеш, а я так часам стамляюся, што варта толькі прысесці, дык адразу клюю носам, — сказала Зося.
— Хіба Гардзей табе не дапамагае?
— Дапамагае, вядома, але ж бабскай работы век не пераробіш.
— Паўліна як?
— Паўліна таксама старая, як сонная муха. Поўзае з кульбакаю па хаце — ногі ў яе баляць, артрыт... Правае калена зусім не гнецца. Усё ў яе з рук валіцца. Ты ж разумееш, як жыць у чужой хаце: ні госць, ні гаспадар. Мне ўжо, мусіць, трэба працу кідаць, а ўсё хочацца дзецям памагчы. Капейка дома не лішняя. Прыеду з Берасця, а ўнучак просіцца на рукі і пытае: «Што ты мне, баба, прывезла?» Не заробіш, дык і гасцінца дзіцяці не купіш.
Раптам Зося спахапілася, што ўсё расказвае пра сябе, замест таго, каб распытаць пра яе і спытала:
— Раскажы пра сябе. Як ты тут? Мы столькі не бачыліся!
— Нічога, спачатку было цяжка. Потым пазнаёмілася з людзьмі, вывучыла мову, уладкавалася на працу, так і жыла. Тут людзей шмат з Брэстчыны. Нават з-пад Жабінкі ёсць, але мала з кім я падтрымліваю стасункі. Некаторыя з іх любяць гарэлку і мітынгі, ходзяць, гарлапаняць, нешта патрабуюць.
— Ці ладзіш з Дзянісам?
— Калі па шчырасці, шкадую, што некалі звязала свой лёс з ім. Калі мяне хацелі накіраваць на працу ў Індыю, а ехаць туды мне зусім не хацелася, тады мяне і пазнаёмілі з Дэнам.
— Якім Дэнам? — удакладніла Зося.
— Гэтак Дзяніса завуць на амерыканскі лад. Дык вось, калі нас пазнаёмілі, ён вырашыў дапамагчы мне, узяў са мною фіктыўны шлюб. Чалавек ён неблагі, але знешне мне не падабаўся. Праўда, з часам у нас склаліся добрыя сяброўскія адносіны, у складчыну купілі дом. Дзяніс займаў першы паверх, я — другі. Ён падтрымліваў мяне матэрыяльна, прывыкла я да яго. Праз два гады мы пажаніліся. Я зацяжарала, але з-за кісты не здолела вынасіць дзіця. Мне зрабілі аперацыю і папярэдзілі, што дзяцей у мяне больш не будзе. Што зробіш, калі так Бог судзіў, — уздыхнула Каця. — Затое ты ў нас шчаслівая. І сын у цябе ёсць, і ўнукі, а неўзабаве, глядзіш, і праўнукі пасыплюцца. Зрэшты, я думаю, што твае ўнукі — гэта і мае таксама. Тым сябе і суцяшаю. Ды і Дэн мае хросную дачку, мы яе з маленства гадуем і любім. Яна нам як родная. Ужо вырасла. Прыгожая дзяўчына. Я цябе з ёю пазнаёмлю заўтра. Раскажы мне яшчэ пра Серафіма. Што там атрымалася з ягонай жонкаю?
Зося пачала расказваць пра Серафімаву Надзю, як тая закахалася ў немца і нарадзіла ад яго дзіця, як праз гэта пакутаваў Серафім і ўвесь зжаўцеў, напэўна, ад злосці. А Надзя ў дзень пахавання прыняла да сябе партызана. Зося пераказала тое, што чула ад людзей (сама на пахаванні не была), як пахавалі Серафіма ў драўлянай скрыні, замест труны.
Каця слухала ўражана, ківала галавою і раптам з дакорам сказала:
— Як жа ты магла, Зося? Ён твой брат! Няхай дваюрадны, але ж сірата! Нікога ў яго, акрамя цябе, не было. І ты адвярнулася ад мёртвага!
— Я сама сябе вінавачу, — згадзілася Зося. — Але ж ты зразумей і мяне. Наш бацька з-за Серафіма і камітэтчыкаў загінуў. Гардзей невядома дзе падзеўся. Я думала, што яго партызаны забілі. А гэтая Серафімава лярва жыла каля лесу. З партызанамі зналася. Я з-за Гардзея тады ўвесь свет ненавідзела.
— Разумею, беднасць робіць людзей жорсткімі і бессардэчнымі. У нас тут нават для жывёлы ёсць могілкі. Людзі хаваюць свайго чатырохногага сябра ў труне, ставяць знак на магіле, каб час ад часу наведваць. Што ўжо там ва ўсім сяле не знайшлося трохі дошак на труну?
— Каця, табе гэтага не зразумець. У нас жыццё чалавека нічога не каштуе. Як магла дараваць Серафіму смерць бацькі? Г эта ты ў нас мудрая і разважлівая, а я, сама ведаеш, спачатку раблю, а пасля думаю.
— Бог вам суддзя. Не будзем пра гэта. Раскажы лепш, як ты жывеш з Гардзеем. Напэўна, ты хоць у гэтым плане шчаслівая. Я цябе пакінула з самым лепшым хлопцам на свеце.
Зося разгублена ўсміхнулася, не ведаючы, што і сказаць сястры. Па яе твары прабег цень збянтэжанасці, яна нешта хацела сказаць, але саромелася ці не адважвалася.
— Ну, падзяліся шчасцем. Не бойся, я не сурочу.
— Разумееш, Каця, ты з Дзянісам два гады жыла як з сябрам, а я трыццаць гадоў з Гардзеем сябрую.
Каця здзіўлена ўскінула на Зосю вочы і спытала:
— Ты пра што? Я не разумею?
— Гардзей мала таго што слепне, ён цяжкахворы чалавек. Помніш, я ж табе пісала, што яго атруцілі, і ён лячыўся ў псіхлячэбніцы. З таго часу ўсё і пачалося. Я не трэба была яму як жанчына.
— Не можа быць! Ён імпатэнт? Можа, у яго ёсць іншая? — Каця нервова і злосна засмяялася.
— Нікога ў яго няма. Ніхто яму не трэба. Ён жыве ў нейкім сваім свеце. Нешта піша ў сшытках, пасля паліць і зноў піша. Нават у Акадэмію навук у Маскву пасылаў свае запісы. Яму за гэта падзяку выказалі.
— А пра што ён піша? — здзіўлена спытала Каця.
— Прачытаць не магу, бо дрэнна бачу. Неяк Ораст пачытаў мне яго запісы, дык там было нешта пра стварэнне Зямлі ды землятрусы.
— Божа мой, такога разумнага чалавека загубілі! — з жалем і болем у голасе сказала Каця. — Каб у яго была магчымасць вучыцца, выйшаў бы геній. Змарнавалі яго жыццё па турмах. Які жорсткі і несправядлівы свет! Хоць бы ты на старасці прывезла яго сюды пажыць, свету паглядзець, адпачыць ад той жорсткасці, якая існавала там у вас!
Зося толькі горка ўсміхнулася, паморшчыла лоб і адказала:
— Ах, Каця, Каця, ты, калі ласка, не палохайся ад таго, што я табе скажу. Яму паставілі дыягназ — шызафрэнія. Таму і рэабілітавалі, што ён даўнодаўно хворы і не мог адказваць за свае дзеянні.
— Няўжо гэта так сур’ёзна?
— Я ніколі не ведаю, што з ім адбываецца, пра што ён думае, што хоча, пра што марыць. Увесь час лаўлю сябе на думцы, што ён са мною, але не пры мне. Ніколі не магу прадбачыць, што ён зробіць у наступны момант. Такое ўражанне, што ён сам чакае ад сябе нейкага вялікага ўчынку, але нешта замінае яму, звязвае.
Каця зноў горка паківала галавою, нібы закалыхваючы боль у душы і сказала:
— Не тое жыццё ён выбраў сабе, не тое. А ўсё таму, што не паслухаў мяне. Каб паехаў са мною ў Амерыку, быў бы жывы, здаровы, і, напэўна, шмат чаго дасягнуў бы. Тут цэняць разумных людзей.
Зосю гэты Кацін намёк пакрыўдзіў, але яна пастаралася не звяртаць увагі. У яе з сястрой заўсёды знаходзілася шмат падстаў для спрэчак. Яны мала змяніліся за гэты час. І цяпер маглі дзёрзка нагаварыць адна адной непрыемных слоў. Але Зося была госцяй і мусіла паводзіць сябе чула і далікатна. Яна адказала:
— Ён сам выбраў сваё жыццё. Дарэчы, ніколі не хацеў жыць за мяжой. Нават калі адступаў з немцамі, застаўся, не захацеў шукаць замежны рай. Такі ўжо ён у нас.
— Жыццё мінула. Нічога назад не павернеш, — уздыхнула Каця. — Адпачывай, у нас яшчэ будзе час нагаварыцца.
Яна сумна ўсміхнулася, махнула рукою з парога і выйшла з пакоя, ціха прачыніўшы за сабою дзверы.
Зося па звычцы прачнулася рана, памылася, апранулася, спусцілася на першы паверх, убачыла за шклянымі дзвярыма святло, пастукала, увайшла ў пакой. Гэта была кухня. Учора Зося не запомніла планіроўку дома. Цяпер вывучала ўсё зноўку. За сталом сядзеў Дзяніс і піў каву. Прыемны водар напою поўніў кухню, спакушаў, бадзёрыў.
— Добрай раніцы, гаспадар, — павіталася Зося. — Як тут смачна пахне!
— Добрай раніцы, Зо! — весела адказаў Дзяніс. — Каву будзеш піць?
— А Каця?
— Не звяртай увагі. Мая жонка любіць усмак паваляцца ў пасцелі. Можа, ты звыкла больш грунтоўна снедаць, дык скажы, я звару што-небудзь, калі страва нескладаная. А лепш пашукай сабе ў халадзільніку, што на цябе паглядзіць, тое і вазьмі сабе.
— Ай, Дзяніс, нам не да прысмакаў. Зварыў якую бульбіну, з’еў з гурком, салам ці цыбулінаю, ды і ўвесь сняданак.
Гаспадар, бачачы, што Зося не заглядвае ў халадзільнік і не садзіцца да стала, падняўся. Пасадзіў госцю, наліў ёй кавы, адчыніў халадзільнік, дастаў вэнджанае мяса, два яйкі, пачаў смажыць яечню.
— Ты заўсёды сам сабе гатуеш?
— А то як жа! Я тваёй сястры не надта давяраю. Яна аднойчы хацела мяне атруціць.
— Бог з табою, Дзяніс, што ты такое кажаш? — здзіўлена ўсклікнула Зося.
— Я праўду кажу. Разумееш, жыла яна са мною жыла і раптам прыгледзела сабе каханка з баптыстаў. Ходзіць і ходзіць у царкву, амаль кожны вечар. А я стамляюся на працы і не цямлю, што з жонкаю адбываецца. Ажно яна мне і кажа, што не хоча са мной жыць, давай будзем дом прадаваць. Я ёй у адказ: жыві з кім хочаш, а дом я прадаваць не буду. Калі твой каханак цябе кахае, дык няхай бярэ без дома. Я паступова вам сплачу кошт тваёй палавіны. Куды я пайду басяком бяздомным? Яна тут у крык, у слёзы. Такое было! Не выкажаш. А я на сваім стаю. Вось тады гэта і здарылася. Спякотным днём вярнуўся я з працы, дастаў бутэльку піва з халадзільніка і хлебануў. Аказалася, там быў воцат. Каця для нечага наліла. Трапіў у бальніцу, зрабілі мне аперацыю на страўнік.
— Мо яна незнарок?
— Знарок ці не, а можна было заводзіць крымінальную справу. Але кахаў я яе, усё дараваў.
Дзяніс расклаў яечню на дзве талеркі, адну паставіў перад Зосяй, запрасіў:
— Паспытай амерыканскай яечні.
Зося пакаштавала і адказала:
— Яечня скрозь аднолькавая. Але ведаеш, Дзяніс, я не веру, што Каця знарок магла такое зрабіць. Яна ж у Бога заўсёды верыла.
Дзяніс хмыкнуў сабе пад нос і сказаў:
— Да гэтай яечні трэба піва.
Ён дастаў з халадзільніка бутэльку піва, адкаркаваў, наліў сабе і Зосі, весела падміргнуў:
— Вось цяпер гэта будзе сапраўдная яечня! А наконт Каці што табе скажу. Яна кухню не любіць, таму я згадзіўся, каб мне не гатавала. Яна нічога і не робіць. Такі характар. Я і сам з рукамі, што хочаш звару, сасмажу.
— Дазволь, Дзяніс, мне гаспадарыць на кухні. Пакуль я тут, — папрасіла Зося.
— З задавальненнем!
Яны пілі піва, усміхаліся адно аднаму, закусвалі яечняй. Паміж імі адразу ўсталяваліся добрыя адносіны.
— Сумна вам тут сярод чужых людзей? — са спачуваннем спытала Зося.
— У мяне шмат сяброў. Мы збіраемся часта, п’ём піва, гуляем у карты, абмяркоўваем палітыку і спорт. Тут можна няблага жыць. Канечне, сумуем па радзіме. Але ж там нас нішто добрае не чакае.
— Ведаеш, Дзяніс, я прыйшла да высновы, што нас наогул нідзе не чакаюць. Нікому мы не трэба, хоць зараз памірай, хоць пачакай. Хіба толькі родныя трохі пасумуюць.
— Эх, невясёлая ў нас гаворка атрымліваецца. Давай лепш заспяваем. «Туман ярам, туман даліною», — бадзёра зацягнуў гаспадар.
У кухню ўвайшла Каця, незадаволена паморшчылася і раздражнёна сказала:
— Расспяваўся як дурная курыца на сваю галаву.
— Прашу прабачэння, жонка не любіць калі я спяваю, гавару, смяюся. Яна наогул мяне не кахае.
— А за што цябе любіць? Ты ж не пірог з макам, — нервова засмяялася Каця, узяла турку, паставіла на пліту, каб зварыць сабе каву.
— Я ўкраінскае пароды, а таму ўвесь з мяса ды сала, — засмяяўся Дзяніс, і Зося заўважыла, якія ў яго прыгожыя і здаровыя зубы, вядома, ад добрага жыцця, ды і выглядае чалавек добра на свае гады, а яму ж, бадай, ужо пад восемдзесят.
— Ну-ну, цябе хлебам не кармі, а дай пагаманіць, — з дакорам сказала Каця, наліваючы ў малюсенькі, як на два глыткі, кубачак каву і падсаджваючыся да стала неяк бокам, быццам не было ў яе ніякага жадання быць побач з гэтымі людзьмі.
За сталом усталявалася гнятлівая цішыня. Гаспадыня маленькімі глыточкамі выпіла каву і сказала, ні да каго не звяртаючыся:
— Хутка госці прыедуць. Трэба рыхтавацца.
— Чым табе дапамагчы? — спытаў Дзяніс, які ўжо быццам забыўся на нядаўнія жончыны абразы.
— Як звычайна. Ідзі ў гастраном, купі малака і свежага хлеба. А мы тут з Зосяю пастаім на кухні і што-небудзь прыгатуем.
— Зразумеў, — адказаў Дзяніс і, напяваючы сабе пад нос, выйшаў.
— Весялун! Да яго смерць прыйдзе, ён і ёй будзе песні спяваць, — раздражнёна сказала Каця ўслед мужу.
— Чаго ты яго ўсё грызеш. Добры ж чалавек, гаваркі, вясёлы.
— Лайдак ён, а не добры чалавек! На ганку тынкоўка абвалілася, а ён ходзіць і не бачыць! Дах пацячэ, ён будзе вядро падстаўляць, замест таго каб дзірку палапіць! Ненавіджу! Каб магла, зарэзала б тупым нажом!
— Каця, не заводзься з ранку, так ты сэрца сабе надарвеш.
— Яно ўжо даўно надарванае. Як ты думаеш, ці проста мне было класціся ў пасцель з чалавекам, да якога, акрамя жаласці, нічога не адчуваю? А вінаваціць няма каго, такі мой лёс.
Каця цяжка ўздыхнула, паднялася з-за стала, адчыніла халадзільнік, дастала вялізны кавалак мяса, сказала:
— Трэба нешта з яго зрабіць, а я не люблю стаяць каля пліты.
— Давай я! — прапанавала Зося. — Можам частку мяса запячы, а з рэшты зрабіць катлеты і галубцы, насмажыць бульбы, для разнастайнасці некалькі адбіўных падсмажыць. Як думаеш?
— Рабі што хочаш. Я пайду трохі кватэру агледжу, прыбяру, што не так ляжыць, а ты ўжо тут сама складай меню.
Зося засталася на кухні. Занялася звыклаю справаю, рабіла ўсё яна хутка і ўвішна. Калі Дзяніс вярнуўся з гастранома, на кухні ўсё кіпела, булькала і апетытна пахла.
Госці прыехалі апоўдні. Гэта была сям’я Пескуровых, выхадцаў з Расіі. Іхнюю дачку Эні хрысціў некалі Дзяніс. Усе сядзелі за сталом, елі, нахвальалі Зосіна майстэрства. Было відно, што яны сапраўды засумавалі па такой знаёмай ежы: галубцах, смажанай бульбе са шкваркамі, драніках. Зося не паленавалася і зрабіла нават трохі пельменяў. Гэта быў проста ласунак для рускіх, хоць іх дачка, здаецца, не падзяляла думку бацькоў, бо вырасла на амерыканскай ежы. Эні была свавольная, раскаваная, смяшлівая, з выгляду ёй можна было даць гадоў дваццаць, з твару не надта прыгожая, вытыркаўся ўперад падбародак на хударлявым твары, і вочы сядзелі глыбока, а таму, здавалася, што яна за ўсімі сочыць па-сабачы пільна. Зося нават падумала сама сабе: «Бацькі сімпатычныя людзі, а дачка невядома ў каго ўдалася».
Дзяніс наліваў віскі ў маленькія, як напарсткі, чарачкі. Зося сачыла за ягонымі рухамі і ўсміхалася.
— Што, дзіўна вам, цёця Зо, глядзець на наш посуд. У вас, кажуць, шклянкамі п’юць? — спытала Эні.
— У нашых мужчын вельмі спрацаваныя рукі, яны такую чарачку і ў пальцы не зловяць, — адказала Зося.
— А праўда, што і ваш сын моцна выпівае? — дапытвалася дзяўчына.
— Не больш, як усе. Па святах іншы раз бярэ чарку. Такая ў нас завядзёнка, як, дарэчы, і ў вас.
— А ці праўда тое, што вам вельмі дрэнна жывецца?
— Эні, не псуй людзям апетыт, — абарвала маці дачку.
— Чаго ты, мама? Я хачу ведаць праўду, як кажуць, з першых вуснаў.
Зося паглядзела на дзяўчыну, усміхнулася і адказала:
— Вядома, краіна наша яшчэ беднаватая. Чатыры гады страшэннай вайны, стратаў, смярцей. Але і ў нас людзі жывуць, працуюць, дзяцей гадуюць. Некаторыя ўжо нават машыны маюць.
— А цёця Кэт казала, што ў вас там зусім дрэнна: часам і хлеба няма.
— Бываюць перабоі з хлебам. Апратку і абутак часам цяжка купіць. Але мы людзі звыклыя, ніколі не раскашавалі.
— Дом жа вы сабе за нешта пабудавалі. У нас сям’я за дом часам па дваццаць гадоў разлічваецца.
— Дык гэта ж за дом! — усміхнулася Зося. — А мы пабудавалі хатку плошчаю, як гэты пакой.
— Як гэты пакой? — уражана перапытала Эні. — І дзе ж у вас там што.
— Там у адным пакоі кухня, спальня, і ўсё астатняе, што трэба, толькі прыбіральня на вуліцы, — насмешліва адказала Зося наіўнай дзяўчыне, якая ніколі не бачыла ў жыцці ніякіх цяжкасцей.
Дзяніс засмяяўся і сказаў:
— Табе, Эні, гэтага не зразумець.
— Хто п’е каву, хто гарбату? — спытала Каця, устаючы з-за стала, каб перавесці гаворку на іншае і падаць дэсерт.
Усе згадзіліся на каву. Мужчыны завялі гаворку пра футбол, у якім Зося нічога не цяміла. Яна перабірала кутасы на настольніку, саромелася сваіх недагледжаных рук з парэпанымі пальцамі і падумала міжвольна, што госці, мусіць, гідавалі есці з-за яе рук. Аднак жа елі і хвалілі, можа, не заўважылі? Аднак Зося памылілася. Уедлівая Эні раптам спытала:
— А ў вашай краіне жанчыны манікюр робяць?
— Вядома, робяць тыя, што жывуць у горадзе. А я вясковая, у мяне шмат работы. Свінні, карова, куры, качкі, гусі.
— Дык у вас ферма?
— У нас калгас. А гэта мая асабістая гаспадарка, якая корміць мяне. Інакш у нас не выжывеш.
— Дык можна ж усё рабіць у пальчатках.
Зося засмяялася, схапілася за галаву і сказала:
— Галубка мая, там жа столькі працы, што ніякія пальчаткі не вытрымаюць! Бачыш скура на руках і тая ўся падраная, — Зося з усмешкаю паказала свае парэпаныя рукі. — Але пажыву тыдзень-другі ў Амерыцы і ў мяне пальчыкі стануць як у пані, белыя ды пяшчотныя. У лянівага рукі не баляць.
Эні хмыкнула і адказала:
— Цікава будзе паглядзець. Вы ведаеце, а цёця Кэт казала, што яна мяне любіць больш, чым вашых унукаў.
— Гэта і не дзіўна. Цяжка любіць таго, каго ніколі не бачыў.
— Эні, замоўкні нарэшце, — сказаў бацька.
— Тата, я ж сказала чыстую праўду.
— Паводзь сябе прыстойна.
У пакой увайшла Каця, якая несла на падносе невялікі торт і кубачкі з гарачаю духмянаю каваю. Яна пачула толькі абрыўкі фразы і спытала:
— Хто тут крыўдзіць маю любімую Эні?
— Вось бачыце, я ж казала, што цёця Кэт мяне вельмі любіць.
— А хто ў гэтым сумняваўся? — здзівілася Каця.
— Усе! Усе! Я цябе таксама вельмі люблю, цёця Кэт!
Маці Эні пастаралася змяніць гаворку, выказаўшы захапленне водарам, які зыходзіў ад кавы і выглядам торта, упрыгожанага мноствам ружаў. Зося паглядзела на кампанію і заўважыла, што ў гасцей халодныя і непрыязныя вочы. Толькі Дзяніс пазіраў весела, але немагчыма было зразумець, каму ён так радуецца, на каго глядзіць сваімі касымі вачамі.
Калі госці нарэшце сабраліся дахаты, Каця пайшла іх праводзіць, а Зося з Дзянісам засталіся за сталом.
— Нешта, сваячка, сумна ў нас. Развучыліся людзі радавацца і весяліцца. Давай заспяваем што-небудзь наша, вясковае, — прапанаваў гаспадар.
— Давай, — згадзілася Зося і зацягнула песню:
Вой, ляцела зязюлечка цераз круту гору.
Не выжала пшанічанькі, выжала палову.
Вой, нашто мне тая палова, як зерня не маю?
Вой, нашто мне жыць на свеце, як мамы не маю?
Сем раз ваду прыносіла з сіняга Дунаю.
Сем раз ваду прыносіла, восьмы — напілася.
Каб я мела родну маму, я й не журылася б.
Зося вяла першым голасам, Дзяніс басаваў, галасы гучалі зладжана і прыгожа. Прыйшла Каця, села да стала, слухала песню, потым і сама далучылася, заспявала — і няпрошаная слязінка выкацілася з вачэй.
Прыйдзі, прыйдзі, родна мама, касу расчасаці.
Ідзі дамоў, родна доня, сядай вячэраці,
А прыйду па вечары косу расчасаці.
Прыйшла доня дадоманьку, села вечараці,
Ждала родну маму дый стала плакаці.
Песня вяртала ўсіх дарослых у той далёкі і незваротны час, калі яны былі яшчэ маладыя і ніхто не ведаў, калі і дзе звядзе іх лёс. Каця выцерла слёзы і сказала:
— Годзе вам. Ажно сэрца разбалелася. Божа мой, я ж цэлую вечнасць не чула, як кукуе зязюля і квакаюць жабы. Здаецца, шмат аддала б, каб яшчэ хоць раз іх пачуць.
— Дык прыязджай, — прапанавала Зося.
— Трэба падумаць, — задуменна адказала Каця. — Мяне госці вельмі стамляюць. Ды і складана ў вас.
— Пакуль цяжка, — сказала Зося. Я помню бежанства. — У Казахстане, напрыклад, з паўгода мы харчаваліся адною кукурузай. Авітаміноз, хваробы, не было абутку і цёплага адзення. А сын рос. Лепш, не згадваць. Ворагу не пажадаеш таго, што мне і маёй сям’і давялося перажыць.
Зося ўзмахнула рукой, быццам адганяючы прывіды мінулага. Ёй яшчэ хацелася сказаць, што ўсяго ў жыцці яна дасягала цяжкаю чорнаю працаю, але зірнула на стомленых Кацю і Дзяніса і толькі цяпер убачыла, што і яны ўжо таксама старыя людзі і іх, напэўна, не вельмі песціла жыццё ў чужой краіне, сярод чужых людзей, без сваякоў і радні, без добрых суседзяў, якіх ведаеш змалку, без таго звыклага асяроддзя, дзе заўсёды сам пракладваў сцежкі. Нешта яны набылі, але назаўсёды страцілі радзіму. Дык ці варта сюды цягнуць сваіх унукаў? Мабыць, і не варта. Але спадчыну можна атрымаць у выглядзе грошай. Хоць ужо і тут хапае нахлебнікаў. Хоць бы гэтая Эні. Чаго ўвесь час прыдзіралася, хацела паказаць, што яна тут не абы-хто, а любімая хросная дачка?..
Раніцай Каця прыйшла да Зосі ў спальню, села на пасцель, паскардзілася на бяссонне. Выгляд у яе сапраўды быў стомлены, пад вачамі абвіслі мяшкі. На твары рэзка абазначыліся маршчыны.
— А табе як спалася, Зо? — спытала яна, называючы малодшую сястру коратка, на амерыканскі манер.
— Дзякаваць богу, сплю добра. Дома штодня недасыпаю. Кладуся позна, устаю рана. Адпачну ў цябе, як на курорце.
— Паслухай, я ўсё думаю, як цябе Гардзей адпусціў адну? Раптам ты тут застанешся?
Зося памаўчала, раздумваючы, як растлумачыць сястры тое, пра што яны думалі з мужам перад яе паездкаю за акіян, потым сказала:
— Ведаеш, мы пра сябе ўжо не дбаем, абы дзецям ды ўнукам было добра.
— І ты можаш застацца тут, са мною?
— Калі трэба, дык застануся.
— Нават калі больш да самай смерці не сустрэнешся з Гардзеем? — здзіўлена спытала Каця.
— А колькі нам жыць засталося?
— Ты не кахаеш яго! Ты ніколі яго не кахала! — абурана выкрыкнула Каця.
— Каб не кахала, дык не жыла б. А я ўсё стрывала, ніколі не здрадзіла яму, ніколі не папракнула, ніколі нічога не патрабавала. Жыла, каб толькі яму было добра, бо разумела, што чалавек хворы. Якая б на маім месцы згадзілася на такое жыццё — ні жонка, ні ўдава? Мне знаходзіліся людзі, магла б сваё жыццё ўладкаваць. А я ж Гардзея чакала з усіх турмаў, з усіх дарог.
Каця дапытліва паглядзела на яе, нібы нешта вырашаючы для сябе, потым сказала насмешліва:
— Умееш ты мужчынам галаву задурыць. Мой Дэн, стары дзед, ні на што не здатны, і той дапытваецца, што б для цябе прыемнае зрабіць?
— Дзяніс — добры чалавек, вось і стараецца дагадзіць мне як сваячцы.
— Хітрая ты, але ж я не дурнейшая, — сказала Каця. — У сябе дома я цябе не пакіну, а завязу ў рускі манастыр, там ты будзеш сядзець і чакаць маёй смерці і спадчыны для сваіх унукаў. Як мяне пахаваюць, тады ўжо распараджайся як хочаш тым, што я табе пакіну.
— У манастыр? — здзівілася Зося. — А хіба так можна?
— А чаму ж не? Уставай, збірайся, паснедаем і паедзем. Я цябе сама завязу.
— Ты ж не спала ноч. Як жа ты павядзеш машыну?
— Нічога, кавы вып’ю і буду свежанькая як агурочак.
Сястра нешта мудравала, а Зосі, не ведаючы ні амерыканскіх законаў, ні тутэйшага жыцця, нічога не заставалася, як падпарадкавацца. Палохала трохі толькі тое, што раптам давядзецца шмат гадоў жыць у манастыры. Да таго ж невядома, хто першы памрэ. А Зосі хацелася і на могілках быць побач з Гардзеем. А зрэшты, што мёртвы ведае ці адчувае? Дзе закапаюць, там яму і дамоўка.
Пасля сняданку, як толькі Дзяніс па завядзёнцы пайшоў па малако і свежыя газеты, Каця з Зосяй, нічога яму не сказаўшы, селі ў машыну і паехалі па шырокай і роўнай дарозе. Толькі цяпер Зося разгледзела, што гарадок Асторыя, у якім жыла Каця, быў партовы. Яны ехалі ўдоўж марскога берага, абапал якога стаяла мноства прыгожых яхт і вялізных караблёў, такія Зося бачыла раней толькі на малюнках.
— Паглядзі, якая тут чысціня, якое хараство! — сказала Каця. — Жыць у Амерыцы — вялікае шчасце. Не кожнаму так шанцуе!
— Так, прыгожа. Але я люблю нашых буслоў. Мне, як не бачу над полем бусла, дык быццам нечага не хапае.
— Годзе пра буслоў! Будзеш тут жыць! А я паеду да Гардзея. І не можа быць, каб я не ўгаварыла яго хоць разок са мною саграшыць! — Каця залілася нервовым смехам. — Эх, дзе мае сямнаццаць? Цяпер бы я была б разумнейшая. Ты ведаеш, ён аднойчы хацеў быць са мной, калі нікога дома не было. А я, дурная, не далася. Цнатлівасць захоўвала! Каму яна трэба была? Тут, у Амерыцы, ніхто на такія дробязі не звяртае ўвагі. Абы добра было! Вось ты ў нас разумніца! Адразу змікіціла, што трэба рабіць з прыгожым хлопцам, — Каця зноў зарагатала, адкінула галаву назад, машыну ажно павяло ў бок.
— Сачы за дарогаю, — крыкнула Зося. — Паб’еш машыну.
— А халера яе бяры! Машын на мой век хопіць. Бяда, што жыццё аказалася разбітае. Вунь твой манастыр. Бачыш?
— Дзе? — спытала Зося. — Не бачу.
— Я ж і забылася, што ты заўсёды была падслепаватая. Зараз пад’едзем бліжэй.
Манастыр узнік перад Зосінымі вачамі нечакана. За высокаю каванаю агароджаю стаяла невялікая атынкаваная белая царква і некалькі будынкаў.
— Ідзі ў царкву, памаліся. А я пакуль з тутэйшым начальствам пагутару, — сказала Каця, замыкаючы машыну.
Зося ўвайшла ў царкву, перажагналася перад іконаю Божае Маці, пачала маліцца аб спрыянні ва ўсіх справах. З-за калоны выйшла манашка ў чорным адзенні, пакланілася ў знак прывітання. Зося спытала ў яе:
— Як вам тут жывецца?
Манашка прыязна ўсміхнулася і адказала:
— Добра. А вы руская?
— Не, я з Беларусі, з-пад Брэста.
— А ведаю, ведаю. Хочаце памаліцца?
— Памаліцца і застацца тут назусім. Г эта магчыма?
— Безумоўна, чаму б і не? У Амерыцы жыве шмат эмігрантаў, якія наведваюць царкву і разумеюць нашы патрэбы і па магчымасці дапамагаюць. Заставайцеся, разам будзе весялей.
— Я прыехала да сястры. Як яна вырашыць, так і будзе.
— Ну, поспеху вам. Беражы вас Гасподзь, — адказала манашка і пачала парадкаваць дагарэлыя свечкі.
Да Зосі нячутна падышла Каця, прашаптала на вуха:
— Пойдзем адсюль.
— Ты дамовілася?
— Нічога я не дамовілася. Не возьмуць цябе сюды. Дакументы твае не адпавядаюць. У нас законы вельмі строгія.
Яны выйшлі з царквы пад яскравае сонца, якое асляпіла Зосю. Яна падхапіла Кацю пад руку і занепакоена спытала:
— А што ж цяпер будзе са мной?
— Трэба думаць, — з напускною важнасцю адказала сястра. — Мяркую, што мне варта развесціся з Дэнам, а ты выйдзеш за яго, і тады ў нас усё атрымаецца. Ніякі закон не падкапаецца. Зрэшты, я магу паехаць да Гардзея і жыць з ім. Выдатна я прыдумала, праўда? — Каця засмяялася, няшчыра і злосна.
— Вярзеш абы-што, ажно слухаць брыдка, — азвалася Зося.
— Я шукаю выйсце, а ты яшчэ прыдзіраешся! Мне нічога для цябе не шкода. Ты ж адзіная родная душа ў мяне на свеце! — з пафасам прамовіла Каця.
— Ведаеш што, нешта ў нас нейкая няшчырая гаворка атрымліваецца. Я разумею, ты яшчэ жывая і здаровая. А я прыехала спадчыну шукаць. Прабач, Каця, я жадаю табе жыць доўга-доўга. А мае ўнукі дагледжаныя, накормленыя. Яны абыдуцца і без тваёй спадчыны.
— Вой-вой, пакрыўдзілася ўжо! Сядай у машыну, паедзем дамоў, — загадала Каця.
— Ды за што мне крыўдзіцца? Ты запрасіла, я прыехала. Пабачыліся, пагаманілі і дзякаваць богу. Пара і дамоў збірацца.
— Не выдурняйся! Мяне людзі засмяюць, калі ты так хутка паедзеш. Заўтра пойдзем па крамах, накупляем падарункаў. Яшчэ ж я табе нашу Амерыку як след не паказала.
— Рабі, што хочаш, — абыякава прамовіла Зося. — Я цяпер пад тваёй уладай.
Каця нічога не адказала. Засяроджана вяла машыну. Зося зірнула на спідометр. Ён паказваў хуткасць 80 міль у гадзіну.
— Божа, як ты ездзіш?
— А што? Дарога выдатная! А паміраць, дык з музыкаю!
На другі дзень Зося з Кацяй пайшлі ў супермаркет. Парыліся там гадзіны чатыры, выбіраючы падарункі Гардзею, Орасту і дзецям, знерваваліся ўшчэнт, бо тое, што выбірала Каця, зусім не падабалася Зосі. Каця абвінавачвала Зосю ў безгустоўнасці, адсталасці, абмежаванасці.
— Ну, куды табе старой бабе гэтая квяцістая цыганская сукенка? — абуралася Каця. — Да тваіх сівых валасоў падбірай што-небудзь шэранькае або блакітнае.
— Ненавіджу шэры колер, — адказвала Зося. — Адзенне павінна быць яркім, радаваць, звяртаць на сябе ўвагу.
— Ты яшчэ хочаш, каб на цябе звярталі ўвагу? У люстэрка хоць калі глядзішся?
— Гляджуся, абавязкова.
— Разумею, ты ж блізарукая, маршчын не бачыш, табе ўсё здаецца, што ты маладзіца хоць куды. Ты хоць на старасці купі акуляры ды разгледзь свет, які ён ёсць на самай справе.
— Не трэба мяне папракаць маімі недахопамі, дадзенымі ад прыроды. Не хачу я нічога купляць. Паедзем дахаты! — раздражнёна сказала Зося.
— Як хочаш, дахаты дык дахаты. У Бога дзён многа, зрабілі агледзіны. Яшчэ прыедзем днямі сюды і што-небудзь купім, — згадзілася Каця. — Зрэшты, я ўжо прагаладалася, пара і паабедаць.
Яны селі ў машыну і праз колькі хвілін былі дома, дзе іх з усмешкай сустрэў Дзяніс. Ён сядзеў каля дома ў крэсле-качалцы, чытаў газеты. Каля яго на траве стаялі бутэлькі з півам.
— Дзяўчаткі! Прыехалі! Натаміліся? Зося, можа, піўца са мною вып’еш? Халодненькае. Складзі кампанію! Буду ўдзячны! Сядайце, я вам тут і крэселцы вынес.
— З задавальненнем, — адказала Зося, беручы шклянку з халодным півам і наталяючы смагу.
Каця не села побач з імі і не стала піць піва, паціснула плячыма і спытала:
— Як вы можаце піць гэтае пойла? Трэба на абед нешта згатаваць.
— Я зараз займуся, — прапанавала Зося.
— Пасядзі, адпачні, паспееш з абедам, — сказаў Дзяніс Зосі. — Ты хударлявая, а мы з Кацяй сталі тлустыя, як старыя і лянівыя каты. Нам шкодна шмат есці.
Каця незадаволена хмыкнула і пайшла ў дом. Гаспадар спытаў у госці:
— Чаму нічога не купілі?
— Не змаглі нічога выбраць. Што падабаецца мне, Каці не падабаецца. Так і не прыйшлі да агульнай думкі.
— Нічога, другі раз я цябе сам завязу, ты купіш усё, што табе спадабаецца. Я заплачу, і ўсё ў нас будзе выдатна, — усміхнуўся Дзяніс, а яго касыя вочы глядзелі ў розныя бакі, хоць ён стараўся пазіраць на Зосю.
— Добры ты чалавек, Дзяніс. Радая, што пазнаёмілася з табою. Дай табе Бог здароўя. Мне нічога і не трэба. Якая розніца, у што старая баба апранаецца.
— Кінь, Зося, казаць такое! Якая ж ты старая! Ты такая стройная, дужая! Глянеш на тваю паставу, дык і не падумаеш, што пенсіянерка.
— Дзякую, Дзяніс, за добрыя словы. Пайду абед гатаваць, бо Каця зноў раззлуецца.
Зося хуценька згатавала боршч, падсмажыла рыбу, зварыла бульбу. Задаволеныя гаспадары моўчкі паелі і разышліся па сваіх спальнях. Госця таксама з задавальненнем распранулася, легла ў пасцель і адразу ж задрамала. Яна не магла ўспомніць такіх дзён у сваім жыцці, калі гэтак жа бесклапотна жыла: ела і адпачывала. Канечне, раўнавагу трохі парушала Каціна нервовасць, але ж яны і ў маладосці не надта ладзілі. А ў старасці, вядома, чалавек яшчэ больш псуецца і ўсе ягоныя заганы шматкроць павялічваюцца. У Зосі таксама з узростам не палепшыўся характар. Яна стала яшчэ больш упартая і, як Каця, знерваваная, магла ні за што накрычаць на сямейнікаў. А што ж рабіць, калі яны не слухаюцца? А доўга і цярпліва тлумачыць нешта непаслухмяным і ўпартым сыну і ўнукам не хапае цярпення.
Зося абудзілася ад дотыку да яе пляча, расплюшчыла вочы і ўбачыла Кацю, якая вінавата сказала:
— Ты спіш? А я не магу адключыцца. Нешта не дае мне спакою. І сама не магу разабраць што. Раскажы мне пра сваіх унукаў.
— Мілыя дзеці. Ганусі мы піяніна купілі. Яно ўжо добра грае, збіраецца паступаць у музычнае вучылішча, нагадвае мне той час, калі я ў прытулку займалася музыкаю. Радзік хораша малюе. Паміж сабою яны сябруюць. Гэта мяне радуе. Нявестка вясковая, працавітая. Умее смачна гатаваць. Працуе ў кафэ буфетчыцаю. Хаця, як я табе казала, жыць нам увогуле покуль нялёгка.
— Цяжка мне ўявіць ваша жыццё, — з сумам сказала Каця. — У нас тут усё ёсць, здаецца, ніякіх праблем, а шчасця няма. Засталося яно недасяжнае з маладосці. Бягу за ім, бягу, ажно за акіян прыбегла. Але ж так і не дагнала. Думаю, можа, не тое я шукала і лавіла?
— А ў чым ты бачыла шчасце?
— Хацелася мець вялікую дружную сям’ю, мужа каханага, дзяцей і ўнукаў. І нічога, нічога гэтага не маю. Дзяцей Бог не даў. Ведаю за што пакараў. Грэшная я, не ўмела дараваць і любіць, як вучыць Хрыстос. Каюся. Наконт мужа. Паспяшалася я выйсці замуж. Сустрэўся мне аднойчы варты чалавек. Але ж гэты мой стары пень не дазволіў дом прадаць і на развод не згадзіўся.
— Ну і халера з ім, з домам. Трэба было кінуць усё і ехаць у свет з каханым, калі ўжо так.
— Ды нешта той каханы, як даведаўся, што я без пасагу магу аказацца, паціху рэціраваўся. Некуды з’ехаў і нават не развітаўся.
— Напэўна, не вельмі сумленны чалавек быў.
— Хто яго ведае. Але ж прыгожы быў, на Гардзея трохі падобны. Таму я яго і вылучыла сярод усіх тых, хто хоць як звяртаў на мяне ўвагу. Як жа ты, сястрычка, мой лёс абабрала. Знішчыла мяне! — горка сказала Каця.
Зося ўстрапянулася, села на ложку, спытала:
— Чым гэта?
— Чым? А ты і не здагадваешся? Робіш выгляд, што нічога не ведаеш?
— Я не раблю выгляд. Я сапраўды не ведаю, пра што ты кажаш. Мы з табой не бачыліся сорак гадоў. У цябе сваё жыццё! У мяне сваё! Што я табе магла зрабіць?
— Жыццё ў цябе сваё, але ты ўкрала мой лёс! Гэта я павінна была быць з Гардзеем! — з дакорам і слязьмі на вачах сказала Каця. — Ну што яму з табою? Ні цябе паслухаць, ні самому сказаць? Як ён жыве з табою? Ты ж нічога пра яго не ведаеш! Што ён думае, што адчувае? Нават пасцель ён з табою даўно не дзеліць! Гэта ж бессэнсоўна!
— Ён выбраў мяне! Я яго кахаю ўсё жыццё! А пры чым тут ты, не разумею!
— А ты не думала пра тое, што і я яго кахаю ўсё жыццё! Толькі пра яго думаю, ратую ў турмах, імкнуся дакрычацца з-за акіяна, каб атрымаць які ліст. А ён мне піша дзяжурныя драўляныя фразы без пачуцця і падтэксту. І я б’юся як аб сцяну неразумення і абыякавасці!
Зося разгублена паглядзела на сястру. Яна ведала, што некалі Каці падабаўся Гардзей. Каму ён не падабаўся? Але Зося не магла ўявіць, што тыя пачуцці старэйшая сястра пранесла праз усё жыццё. Яна паспрабавала разважліва сказаць Каці:
— Гардзей цяпер зусім іншы чалавек, маўклівы, засяроджаны ў самім сабе. Мала цікавіцца сямейнікамі. Разумееш? Ён хворы. У яго астма пасля працы на шахце. Яму нешта раптам прыходзіць у галаву і ён паводзіць сябе незразумела. Я ад яго ніколі не чую слоў спагады. Ён ніколі не казаў, што кахае мяне.
— Ён кахаў не цябе, а мяне! Мяне! Ты можаш зразумець! Гэта ты давяла яго да такога стану! Ты зрабіла яго шызафрэнікам! Калі б з ім была я, ён стаў бы выдатным чалавекам! Усё ў яго для гэтага было: прыродны розум, знешняя абаяльнасць, уменне арыентавацца ў грамадстве і павесці за сабою людзей!
Ты атруціла яму жыццё! Што ты магла? Толькі легчы з ім у пасцель! Але ж гэтага вельмі мала для таго, каб стварыць шчаслівы шлюб. Каханаму трэба належаць не толькі целам, а і душою. А якая ў цябе душа? І галава, і душа ў цябе пустыя! Ненавіджу цябе! Твайго сына і ўнукаў! Ненавіджу ўсіх вас! Змяінае кодла!
Каця кінулася да Зосі, схапіла яе за горла, пачала душыць. Зося адпіхнула яе ад сябе, устала на поўны рост.
— Вось што цябе даймае! Ідзі, вазьмі свайго Гардзея! Патаўчыся ў тым гноі, у якім я жыву! А я пабачу, як ты пацягнеш тую працу! Ідзі! Гардзея яна захацела! Ён стары чалавек, набожны! Яму не да каханак цяпер, калі кожны ўздых даецца з цяжкасцю! Калі вочы нічога не бачаць. Ён адну толькі сцежку топча, што вядзе да прыбіральні!
Каця з цяжкасцю паднялася і зашыпела так, што ажно сліна запырскала з рота:
— Гэта ты зрабіла яго такім! Ты знішчыла сваёю распустаю самага лепшага чалавека на свеце. Вось Бог цябе і пакараў, не даў табе магчымасці спаць з ім! Ненавіджу! Ненавіджу цябе!
Зося ўзяла сумку, стала скідваць рэчы.
— Збіраешся? Нікуды ты не паедзеш! Я атручу цябе і пахаваю тут, у Амерыцы, а сама паеду да Гардзея! Я ведаю, што ён усё жыццё кахаў толькі мяне адну! Я для яго назаўсёды засталася недасяжнаю. Мо ён сумняваўся ў маіх пачуццях? Цяпер я прызнаюся яму, што нікога не кахала так, як яго, — крычала Каця.
— Ты звар’яцела, — спакойна адказала Зося. — Пабойся Бога! Што ты кажаш!
У пакой зазірнуў Дзяніс, спытаў:
— Што ў вас тут здарылася!
— Прэч, лысы чорт! Задушу, як гніду! — гняўліва закрычала Каця, чырвоная ад злосці з распатланымі валасамі. — Ты ўсё жыццё п’еш маю кроў! Атруціў мне душу!
— Зося, што ў вас тут? — перапытаў Дзяніс.
— Нічога. Я хачу дамоў. Дапамажы мне, калі ласка, купіць білет, — папрасіла Зося.
— Чаму? Навошта? Заўтра яна адумаецца, будзе прасіць прабачэння.
— Прабачэння? Ха-ха-ха! У каго? У гэтай самадайкі! Ніколі! — закрычала Каця. — Яна мой вораг нумар адзін!
— Я прашу цябе, Дзяніс, дапамажы мне. У мяне няма сястры. І я не магу чакаць да заўтра. Паеду зараз жа, — сказала Зося.
— Пачакай, я патэлефаную, спытаю, ці ёсць месцы на бліжэйшы рэйс, — прапанаваў Дзяніс.
— Добра, пойдзем разам і патэлефануем, — рашуча адказала госця і пайшла следам за гаспадаром.
Каця правяла іх злосным позіркам.
Гардзей сядзеў на прызбе, грэўся ў апошніх промнях восеньскага сонца. Ён бачыў перад сабою толькі абрысы дрэў, а далей свет засцілаўся туманам. Пачуліся крокі. Ён павярнуў галаву і здзівіўся, пазнаўшы знаёмую постаць жонкі, хоць твару пакуль не мог разгледзець.
— Няўжо ты так хутка вярнулася з Амерыкі? — здзівіўся ён.
— У мяне няма сястры.
— І там пасварыліся?!
Зося нічога не адказала, накіравалася да дзвярэй.
— З чым паехала, з тым і вяртаешся.
— А табе што трэба, гасцінцы? Дык едзь сам.
— Ты чаго такая злосная? Прыехала і дзякаваць богу. Мне нічога не трэба.
— Як унукі? Што ў нас? — знервавана спытала Зося.
— Усё добра. Учора нявестка прыязджала, казала, што ўсе здаровыя.
— Гэта і ёсць наша найвялікшае багацце.
З-за хаты выйшла Алена, Леванюкова дачка, з кошыкам у руцэ, павіталася, спытала:
— Цётка Зося, вам цукар трэба?
— Трэба, гэта ж вечны дэфіцыт.
— Дык я прынесла тры кілаграмы.
— Мо ў бацькі ўзяла без дазволу? — спытала Зося.
— Не, гэта адзін хлопец працуе ў Жабінцы, цукар робіць. Ну і папрасіў трохі прадаць, — запэўніла Алена.
Гардзей узяў у яе цукар, разлічыўся, узрадаваная дзяўчына ажно пакланілася Рахубам.
— Во паляцела. Кажуць, у бутэльку добра зазірае. Уся ў бацьку ўдалася, — з жалем сказала Зося.
— А хто цяпер не п’е? Бязбожнікі, распуста, усё ў іх ёсць, а ім нічога не трэба, ні вучоба, ні праца.
У хаце Паўліна пляснула рукамі ад радасці і прамовіла нараспеў:
— Зоська вярнулася! Можа і мне гасцінца прывезла?
— Табе прывезла, пасля аддам. А пакуль дай мне што-небудзь паесці.
Зося села за стол, сёрбала крышаны, якія паслужліва паднесла ёй Паўліна, і маўчала. Бязрадаснай выдалася паездка. Такім жа было і вяртанне.
— Ты хоць бы што расказала, — папрасіла Паўліна.
— У яе рот заняты, бачыш, есць, — сказаў Гардзей, які таксама чакаў пачуць што-небудзь цікавае пра амерыканскае жыццё.
Зося пад’ела, адсунула міску і сказала:
— Жывуць амерыканцы добра, але і там шчасце даецца далёка не кожнаму ў рукі. Не залежыць шчасце ад грошай і ад таго, што ты маеш двухпавярховы дом з люстраным ванным пакоем. Разумееце? Кожны няшчасны па-свойму. А калі хто нават малады, здаровы і багаты, усё роўна можа прыдумаць сабе сто прычын для таго, каб быць нешчаслівым.
— Ты раскажы пра Кацю. Як яна там? — папрасіла Паўліна.
— Я пра яе і расказваю. Усё там ёсць: дом, дзве машыны. У доме ўсё прыгожа падабрана: мэбля, шпалеры, занавескі, а радасці няма. Ёсць толькі злосць, раздражненне, старасць і страх смерці, якая можа прыйсці ва ўсялякі момант. Каця без дайпрычыны сварыцца з Дзянісам, той крыўдзіцца, але трывае. Вось такое ў іх жыццё.
— Чаму яны не ладзяць? — здзівілася Паўліна.
— Можа, так яны звыклі жыць? Хто іх разбярэ?
— Ну, давай ужо свайго гасцінца.
Зося дастала з сумкі прыгожую квяцістую хустку, аддала Паўліне.
— Дзякую Каці, што не забылася пра мяне старую.
— Г эта не Каця, а я табе ў Маскве купіла.
— А Каця мне нічога не перадала?
— Яна абяцала табе пасылку прыслаць, — схлусіла Зося, не жадаючы расказваць пра сваю сварку з Кацяй.
— Добра, я пачакаю.
— Вядома, чакай. Ты ж ёй самая блізкая родзічка, — насмешліва заўважыла Зося.
— Ну і што з таго, што я не родзічка, а яна мяне любіць, бо разумее, што я на вас усё сваё жыццё паклала.
— Годзе вам, зараз зноў пасварыцеся, — сказаў Гардзей, схіляючыся нізка над сталом і нешта запісваючы.
Нягледзячы на тое, што ён амаль аслеп, усё ж вёў дзённік. Гэтак ён рабіў усё жыццё. Толькі запісы губляліся з-за тых жыццёвых мітрэнгаў, якія не давалі спакойна жыць. Часам ён і сам спальваў свае сшыткі, калі прадчуваў нейкую бяду. Ён запісаў: «Сёння дзень цёплы, сонечны. Восень позніцца. Вярнулася Зося і сказала, што ў Амерыцы ўсё ёсць, толькі на шчасце мала каму шанцуе. Думаю, каб быць шчаслівым, трэба нічога не жадаць».
Зося з Паўлінаю пайшлі на двор агледзець гаспадарку, а Гардзей гартаў свой дзённік. У асноўным там былі запісы пра надвор’е, пра незвычайныя з’явы прыроды. Знарок не пісаў пра сямейнікаў, баяўся нашкодзіць. За сваё жыццё натрываўся вобыскаў, калі з-за нейкае паперкі, з-за нейкага аднаго слова маглі не толькі пасадзіць у турму, але і пазбавіць жыцця.
Можа, цяпер, як ніколі, ён адчуваў, што патрэбны сям’і. У нядзелю прыязджала ўнучка. Яна разумная, адукаваная, вучыцца ў музычным вучылішчы, а раілася з ім, дзедам. Сказала, што пазнаёмілася з хлопцам, які служыць у войску. І пыталася, што рабіць? Чакаць яго ці не?
— А што табе сэрца падказвае? — спытаў Гардзей.
— Чакаць. Ён мне падабаецца, — няўпэўнена адказала Ганка.
— А мне розум кажа, што не варта чакаць. На хлопцаў асабліва спадзявацца не варта.
— А цябе ж баба Зося чакала цэлых дзесяць гадоў. Так і я, калі трэба будзе.
— Ну што ж, рабі так, каб табе было добра. Такі мой табе запавет, унучачка.
Што ён мог яшчэ сказаць ёй? Выдумала Зося прыгожую казку пра сваё каханне і расказала Ганцы. Ці ж хлусня калі каму была на карысць? І любяць жа іншыя жанчыны свае фантазіі выдаваць за праўду. Можа, гэта таму, што рэчаіснасць занадта складаная, а жыццё цяжкае, вось і выдумляюць абы-што, каб суцешыць сябе, а пасля яшчэ і дочкам ды ўнучкам небыліцы ўводзяць у вушы. Але, атручваюць маладыя душы пустымі летуценнямі пра каханне, чаканне, вернасць, адданасць. Зрэшты, калі чалавек не верыць у каханне, дык для яго яно і не існуе.
У той жа дзень пад вечар паштарка Клава прынесла на хутар газеты і страшную вестку, што п’яны Леванюк засек сякераю дачку Алену за тое, што яна ўкрала ў яго цукар і прадала, а самога яго пасля гэтага разбіў паляруш. Якраз нахапіўся старэйшы сын, выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу, дык Алену завезлі ў морг, а старога ў бальніцу. Гардзей з Зосяю, пачуўшы гэта, насцярожана пераглянуліся. Паўліна ж сказала:
— Леванюк, кажуць, у вайну нейкага чалавека таксама сякераю забіў. Бачыце, як яно ўсё вяртаецца.
— Бог з табою, Паўліна, што ты такое супраць ночы згадваеш? — перахрысцілася Зося. — Царства нябеснае Алене, не было ёй з каго добры прыклад браць. Заблудзілася, адпакутавала, бедная.
Праз месяц ад Каці прыйшоў ліст, у якім яна скардзілася, што пасля ад’езду Зосі вельмі смуткавала. Страціла апетыт, калі раней важыла 152 фунты, дык цяпер толькі 135. Але апетыт пачаў патроху зноў вяртацца, бо яна збіраецца доўга жыць, каб адпомсціць сваім ворагам, а таксама не губляе надзею пабачыць яшчэ раз калі-небудзь сваіх родных. Можа, сама збярэцца і прыедзе ў Крачкі.
«Яе яшчэ тут не хапала. Прыедзе расказаць Гардзею пра сваё каханне, а заадно — усім сямейнікам пра мае дзявочыя грахі. Не будзе гэтага, — злосна падумала Зося. — Калі не здолела быць шчаслівай, дык я ёй не вінаватая. Я за сваё шчасце змагалася, жыццём рызыкавала».
Зося перастала адказваць на Каціны лісты, прасіла зрабіць гэта ўнучку або Ораста. А тыя, карыстаючыся добраю нагодаю, выпрошвалі ў амерыканскай цёткі, хто што хацеў. І тая, каб загладзіць віну, старалася дагадзіць ненавісным родзічам. Зося толькі смяялася ў душы з гэтых сястрыных выбрыкаў. А з другога боку і радавалася, што ў сына з’явілася машына, купленая за грошы, якія Каця выслала ўпотай ад свайго мужа. Ораст апошнім часам зноў стаў захапляцца гарэлкаю, можа, дзякуючы машыне, перастане піць.
У адным з лістоў Каця напісала, што Дзяніс зусім састарыўся. Увесь час нешта гаворыць або спявае. Гэта ёй страшэнна абрыдла слухаць, яна гатова кінуць усё і бегчы ў свет. А яшчэ празрыста намякнула, што марыць пабачыць усіх Рахубаў, шкада толькі, што Зося больш не хоча з ёю сустракацца. «Ні табе, ні мне не выпала шчасце, Зо. Каго вінаваціць? Такі лёс. Чым даўжэй тут жыву, тым больш адчуваю адзіноту. Такі мой лёс — жыць сярод чужых людзей, — скардзілася Каця, разлічваючы выклікаць спагаду. — Як бы я хацела перадаць Ганцы ўсе мае бранзалеткі ды пярсцёнкі».
Зося дні тры хадзіла і помсліва думала: «Не дачакаецца, сюды яе не запрашу. Бачыш ты, надумала каханне шукаць на старасці. Гардзей ужо ледзьве па двары сноўдаецца, а яна, можа, думае, што ён з ёю яшчэ спаць здолее?»
Малодшая сястра і на гэты ліст не дала адказу. Бабулі Каці, як звычайна, напісала ліст унучка Ганка, расказала пра дамашнія навіны, што ацялілася карова, цяпер будзе сваё малако, што ёй падабаецца ездзіць з татам на машыне, што яна добра вучыцца, а замуж не спяшаецца.
У адказ Ганка атрымала ліст, адрасаваны асабіста ёй. Амерыканская бабуля раіла не глядзець на прыгожыя твары, а шукаць чалавека здаровага, сардэчнага і працалюбівага. Замужжа часта нагадвае гульню ў карты, некаму шанцуе, а некаму не надта. Крый божа, захапляцца п’янствам. Ад гэтага нараджаюцца хворыя дзеці. А яшчэ Каця з жалем паведамляла, што яе жыццё ідзе на зыход, і яна сабе ўжо нічога не жадае, акрамя спакою.
Больш амерыканка не напрошвалася ў госці, мусіць, і сама ўжо прыкметна пастарэла. Праз некалькі гадоў коратка паведаміла, што ад старасці памёр Дзяніс. Цяпер яна, пасылаючы пасылку, кожны раз падкрэслівала, якую частку пенсіі патраціла на падарункі.
Зося па-ранейшаму была непрыступная і грэбавала Кацінымі падачкамі, ды і не да таго ёй было. Гады міналі хутка. Падрос Радзік. Быў ён нервовы і хваравіты, так што хлопца нават у войска не ўзялі. Ён захапіўся маляваннем, прадаваў карціны. Ганка скончыла музычнае вучылішча, яе накіравалі на працу настаўніцай спеваў у глухую палескую вёску, дзе не было моладзі. А дзяўчына ж мусіла неяк уладкоўваць сваё жыццё. Зося лічыла сябе вінаватай у тым, што ўнучцы не шчасціць. Яна хацела наведаць Кіева-Пячорскую лаўру, каб замаліць свае грахі з-за тых сваіх ненароджаных дзяцей, якіх яна вытруціла ў маладосці. Але не магла паехаць, бо Гардзей зусім аслаб, ён цяжка дыхаў, часта кашляў, яго даймала астма, апухалі ногі. Ён мала хадзіў, больш ляжаў у ложку за печчу, нешта думаў, часам рабіў нейкія запісы. З-за таго, што ў хаце часта было шумна і тлумна, калі прыязджаў сын з нявесткаю ды ўнукі, запісы Гардзеевы часта губляліся. Знайсці іх пры ягонай слепаце было цяжка. Таму ён апошнім часам заўсёды насіў з сабою ў кішэні маленькі нататнічак у цвёрдай зялёнай вокладцы.
Чэрвень 1970 г.
У красавіку і маі вельмі часта ішлі дажджы. У нізінах стаяла вада. Толькі ў пачатку ліпеня надвор’е палепшылася і пачалася спякота. Так Усявышні ўраўнаважвае холад і цяпло, вільгаць і сухасць.
4 жніўня.
Разважаў пра прыродныя катаклізмы: паводку ў Румыніі, бураны ў Польшчы, землятрус у Перу. У ХХ стагоддзі шмат было падзей, якія нагадвалі Божую кару. Але мне здаецца, што ва ўсіх сваіх бедах вінаватыя людзі, а Бог літасцівы і справядлівы.
6 жніўня.
Апоўдні падаў буйны град, у дыяметры будзе з капеечную манету. Вельмі цвёрды і цяжкі. Прырода хавае свае таямніцы. Зноў падумаў пра багацці, якія ўтвараюцца ў целе Зямлі ў выніку нікому, акрамя Бога, невядомых працэсаў.
14—15 верасня было сонечнае надвор’е. Ноччу 16 верасня здарылася моцная навальніца. Наступны дзень быў пахмурны.
1 студзеня 1971 года.
Восень выдалася вельмі дажджлівая, аднак адразу пасля Новага года ўсталявалася добрае надвор’е: невялічкі мароз, сонечныя дні, зямля акрытая снегам. 8 студзеня наведаўся ў царкву, адзначыў свята Нараджэння Хрыстовага. Вернікаў было мала, у асноўным старыя людзі, з моладзі — нікога. Разважаў пра прычыну адыходу людзей ад веры ў Бога. Лічу, што галоўная прычына ў атэізме, а таксама — у п’янстве, курэнні, распусце. На маю думку, без веры ў Бога немагчыма пабудаваць дасканалае грамадства — камунізм, пра які ў нас шмат кажуць. Рэлігія сваімі запаветамі можа паказаць чалавеку праведны шлях. Як адзначае Святое пісанне, вера без справы мёртвая, а справа без веры таксама мёртвая.
1 мая. Субота.
Прырода стварае рай на зямлі, а людзі сваімі дзеяннямі — пекла. Згадаліся словы з Евангелля: «Ясны шлях і ісціна. Няма іншага шляху, акрамя мяне».
2 жніўня.
Усё лета гарачае, без дажджу. Сёння Ілля. Быў у саборы ў Берасці. Шмат людзей сабралася. Усе, і я разам з імі, маліліся, каб Гасподзь паслаў дождж. Але нічога не вымалілі. Значыць, не будзе яго яшчэ дзён дваццаць, на тое Божая воля.
9 жніўня.
Пасля доўгай засухі нарэшце ноччу пайшоў дождж з ветрам з паўночнага боку і дастаткова прамачыў зямлю. Будзе атава. Слава Усявышняму.
30 чэрвеня 1972 г.
Сёння снілася, што я звяртаўся да людзей, заклікаў іх верыць у Бога. Мяне слухалі ўважліва.
Сёння ж была моцная навальніца, якая паклала і пакруціла густое жыта і ячмень. Не варта сеяць збожжа густа.
29 красавіка 1973 г.
Пад раніцу прысніў вялізную зорку, якая праляцела маланкай і звалілася з неба.
Сёння пасеялі ячмень. У пачатку мая трэба пасадзіць ружовую бульбу.
11 жніўня 1974 г.
Учора папярэдзіў калгаснага брыгадзіра, каб у нядзелю не працавалі, бо сапсуюць надвор’е, аднак ён мяне не паслухаў. Людзі выйшлі на працу. Апоўдні паднялася бура з дажджом і прагнала ўсіх з поля. У святы дзень працаваць нельга.
2 лютага 1976 г.
Бачыў у сне незнаёмую дзяўчыну, якую пацалаваў, нешта сказаў ёй, і прачнуўся. Здалося, што душы нашы вельмі блізкія, хоць мы ніколі не сустракаліся ў жыцці. Адкуль яна, ці не з таго свету? Тое, што я шукаў, чаго прагнуў і называў воляю, зараз знаходжу ў спакоі маёй хаты без сяней, якая стаіць на хутары ў садку, не агароджаным ніякім плотам. Так і душа мая застаецца адкрытаю свету, нягледзячы на слепату, а сны мае яскравыя і каляровыя. Нават пазбаўлены зроку, я разумею і адчуваю людзей значна лепш, чым некалі ў маладосці.
20 снежня.
Думаў пра веру хрысціянскую; пра розныя рэлігійныя звычаі сярод хрысціян. Якая мудрасць у гэтай разнастайнасці? Ці не таму, што пакутуем ад недахопу духоўнай сілы, прагнем наталіць галодную душу нечым невымоўным, шукаем і ствараем новыя рэлігіі?
Сёння з самага ранку сонечнае з невялікім марозам надвор’е.
1977 г.
3 новага года нічога не запісваў. 5 кастрычніка слухаў навіны па радыё і непрыкметна заснуў. Прысніў царкву ў вясновым яблыневым садзе. Уся царква была ў кветках. Калі прачнуўся, было 6 гадзін раніцы.
28 лістапада.
Слухаў у апошніх паведамленнях, што краіны ўзбройваюцца, палітыкі запэўніваюць: рыхтуюцца да абароны, але ж, пэўна, да вайны. Гісторыя чалавецтва перанасычана войнамі, па сутнасці — гэта шэраг злачынстваў. Што ж, гісторыя мае сэнс толькі таму, што асобныя яе падзеі маюць канец, інакш яна была б бессэнсоўная.
Гэта быў апошні запіс. Гардзей памёр на Піліпаўку ад прыступу астмы. Толькі пасля гэтага Зося зноў пачала перапісвацца з сястрою, бо цяпер не было з-за каго варагаваць. Чалавек, якога яны абедзве кахалі, чакаў іх у лепшым свеце. Каця перажыла Гардзея ўсяго на год. Напісала, што рыхтуе завяшчанне на пляменніка Ораста, як толькі дакументы будуць гатовыя, адразу дашле. Аднак больш ад яе лістоў не было. А неўзабаве Зося атрымала кароткае паведамленне з Амерыкі, што Кацярына Кірылаўна памерла, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць у спадчыну Эні.