Што то за могила?
Вiтер снiг розмiта,
Крiзь снiг почорнiла
Трава вигляда.
1. Пожнi
Смерць — мужчына, а не жанчына. Нязвыкла, але смерць — ён, а не яна, як мяркуе тутэйшая большасць. Усе выявы з жанчынамi, што размахваюць косамi, — падман недасведчаных. Смерць — мужчына!
Першы раз я бачыў Яго, калi быў яшчэ падлеткам.
На гарадскiм ускрайку ляжала вялiкая гара, цяпер там узвялi мiкрараён Вяснянка, а раней высiлася пакручастая, як бычыная спiна, гара, жыта расло. Пад гарою цяпер фiнская (кажуць, фiны будавалi) аўтазапраўка, толькi тады i яе не было. Вечарэла па-летняму доўга, iшоў я з эцюднiкам на плячы, вяртаўся з рэчкi. У руках нёс невялiкае палатно, на iм свежы маляваны алеем краявiд — вербы над цiхай вадою. Да эцюда прыляпiўся матылёк.
У кожнага свае забабоны. Мне дык за шчаслiвую прыкмету — калi матылёк, камар цi казюрка, якiя садзiлiся на эцюд. Выратаваць нельга, фарба лiпкая, таму забабон быў за супакаенне, зразумела, што мне, а не матылю.
Нёс я краявiд з нахiленымi да вады вербамi i апынуўся якраз у тым самым месцы, дзе цяпер працуе бензазапраўка. Там i ўбачыў мужчыну. Той шыбаваў гарою, па пожнi, напрасткi, касу ён трымаў на плячы. Я прыпынiўся. Мужчына хутка спускаўся з гары. А я ўсё стаяў, бо мне здавалася, падыдзе ён зараз да мяне i ўдарыць касою ў грудзi, размахнецца шырока i ўваб'е касу ў цела. А ён спытаў: "Мастак?" — "Мастак", — адказаў я i пачырванеў, што той бурак. Дагэтуль не люблю i саромеюся свайго занятку. Мастак, касец, паэт... Рознiца якая? "А мяне зможаш намаляваць?" — "Змагу". — "Зрабi ласку". — "Сцямнее хутка". Сонца ўжо хавалася за гарою. "А я i не кажу, каб вось абавязкова зараз. Прыйдзеш дадому i намалюеш. Вось так — з касою на плячы стаю на пожнi. Фрэнч, боты, кепка. Галоўнае, што ты зробiш мой партрэт". — "Зраблю", — сказаў i зрабiў.
Прыйшоў дадому, замацаваў палатно на мальберце (як гэта мае бацькi толькi трывалi пах алею i шкiпiнару ў кватэры?), саскроб мастыхiнам эцюд з матылём i пачаў "Касца на пожнi". З'явiлася цёмная змрочная карцiнка — бурачкова-лiловая з рудымi палымянасцямi. Напэўна, у мяне тады было занадта многа краплаку i вохры. А ў вынiку карцiны не атрымалася, бо занадта моцна ў нейкi важны момант я пашкадаваў, што знiшчыў празрыста-зеленкаваты эцюд з вербамi i матыльком.
* * *
Смерць мяне сапраўды вабiць, i ўсё знiтаванае з ёй таксама. А iдзе гэта праз тое, што нарадзiўся, рос дый цяпер жыву каля самых могiлак. Лёс такi. I куды б нi прыехаў, мяне проста цягне наведаць пагост. Хто? Дух? Д'ябал? Хутчэй, не. Занадта гучна, як бубённыя заклiкi. Прасцей: люблю водар прывялых кветак над капцамi, люблю густую вiльгаць, што тоiцца ў кустоўi i за крыжамi i помнiкамi, люблю i жалобныя радкi: "Я ўжо дома, а ты яшчэ ў гасцях", "Спынiся, пастой, падумай", "Вечны спакой", "Вечны спачын". I люблю пагостаўскi ансамбль з дзяцiнства. З таго далёкага часу, калi па абедзе баба Ядзя мяне спачатку ўкладала спаць, а потым раптам будзiла, i мы iшлi глядзець, як нашай вулiцай нясуць нябожчыка. Спаць, калi некага хаваюць, нельга.
I нiколi не разумеў я людзей, што захапляюцца асобамi, што памерлi гераiчнай смерцю, бо ўсе гераiчныя ўчынкi менш драматычныя за смерць селянiна.
Вось бачыце, узнялi труну на машыну. Вось паселi сыны i дочкi нябожчыка паўз яе на светлыя лавы. Завуркатаў, пакацiўся грузавiк павольна па цэнтральнай вулiцы, праз мястэчка Койданава. За iм людзi рушылi — жанчыны ў чорных хустках, мужчыны з кепкамi ў руках, дзецi з кветкамi. Слёзы. Белыя насоўкi. Слёзы журботныя, а не патрыятычныя. Людскiя слёзы з-пад цяжкiх ад бяссоннае ночы павек.
А патрыятычныя самаахвяраваннi — гiдкiя.
Так здарылася, што дом наш стаяў на вулiцы ажно з двума могiлкамi — Старымi паўзакiнутымi дый Новымi паўпустымi. Вось i атрымлiваецца — нарадзiўся я памiж пагостамi. А на паралельнай вулiцы, калi праз сады перайсцi, быў яшчэ i Бесхайм (так у нас яўрэйскiя могiлкi называлi). I на ўсiх трох за маёй памяццю хавалi. Цяпер хаваюць толькi на Новых. Бесхайм знеслi, забудавалi, нават i следу не пакiнулi. Дый якiя ў Койданаве яўрэi? Так, двое-трое вярнулася пасля вайны, i тыя рускiмi пазапiсвалiся. Старыя могiлкi спачатку знеслi напалову, а пазней i астатняе зраўнялi з зямлёю. Гэта нейкая дурная завядзёнка коцiцца па Беларусi — могiлкi зносiць. З якога боку яе да нас пусцiлi? Спачатку — маёнткi, палацы i замкi паруйнавалi, потым — касцёлы, цэрквы дый сiнагогi з мячэцямi папалiлi, цяпер — пагосты. А далей што? Пытанне мне спакою не дае, як тое вiдовiшча растрыбушанага могiльнiка каля Свiслачы. Як пачалi дарогу да гатэля "Беларусь" пракладаць, дык бульдозеры насып пад асфальт рабiлi. Пасля моцнага дажджу той насып забялеў ад чалавечых костак — чарапы, скабы, хрыбетнiкi тырчалi з чырвонай глiны, як перад Страшным судом. А пратэктары грэйдэраў трамбавалi i трамбавалi насып. Вось вам i дарога.
* * *
А другi раз я ўбачыў касца праз пыльнае аўтобуснае акно. Ужо працавала новенькая запраўка, i да яе вырульвалi жаўтапысыя таксоўкi. Аўтобус прыгумаваў на павароце, дарога абмiнала гару, i я ўбачыў, як Ён iдзе гарою па пожнi, каса на плячы зiхацiць да рэзi ўваччу. Падумалася, вось так iдзе Смерць шорсткаю колкаю пожняю — басанож i не ступiш. У сваiх далейшых развагах я не iмкнуўся пераконваць некага, як зазвычай бяруцца давесцi праўду ўяўнаму начальнiку. Сам адчуў i сам пераканаўся, убачыў i паверыў. Смерць — мужчына з касою на плячы. Я бачыў Смерць, Ён iшоў гарою па пожнi.
2. Рабаўнiкi
Чамусьцi смерць уяўляюць без носа, а ў мужчыны з касою быў доўгi храшчаваты нос, рыхтык у майго дзядзькi Анатоля. Таго самага Толiка, з якiм мы патрапiлi ў малапрыемную гiсторыю каля Старых могiлак.
Вярталiся з клуба, у кiно хадзiлi. Зiма, цёмна, галалёд, паўз дарогу гурбiлiся ледзяныя глыжы. Толiк, ён толькi па-сваяцку дзядзькам даводзiцца, а так — на два гады старэйшы за мяне. Яму тады трынаццаць споўнiлася, хлопчык. I росту ён невысокага, роўны са мною быў, толькi што крапчэйшы. Ішлi па нашай Другой Ленiнскай, яна праз усё мястэчка вядзе, пяць кiламетраў. Чуем: аўтобус нас даганяе. Вулiца прамая — далёка вiдаць. "Давай, кажу, ледзяшом па аўтобусе шпурлянём". — "Шафёр зловiць". Толiк збаяўся. "Нават i не спынiцца, вось пабачыш". — "Кiдай, калi хочаш, а я не буду".
Аўтобус тады хадзiў кароткi, такiя цяпер хiба што толькi ў мiнскiх пахавальных бюро пазаставалiся. Іх прыстасавалi нябожчыкаў вазiць.
Параўняўся аўтобус з намi, я ледзяшом у дзверы.
Дурны, хабёльскi жарт. Такiх у мястэчку шмат. Дзе-небудзь на высокiм адхоне порткi спусцiць i голую дупу паказаць цягнiку. Цi на рэчцы ў чорны глей выпацкацца i знянацку з кустоўя на дзевак выскачыць — маўляў, чорт! Цi загарнуцца ў прасцiну i з касою ў руках якую парачку, што з танцаў вяртаецца, каля могiлак пераняць, было i такое...
Ну вось i тады гучна глыж ледзяны аб намерзлыя дзверы гагахнуў. Аўтобус, хто ж яго ведаў, загумаваў, ажно юзам пайшоў — галалёд. Не стаў я чакаць, пакуль людзi павыскокваюць, вучаны-перавучаны быў. Па каленi ў снег правальваўся, поўныя чаравiкi набраў, але паспеў забегчы на Старыя могiлкi i схавацца за плотам. Ведаў, не пабяжыць шафёр са святла ў цемру памiж крыжоў падшыванца шукаць, збаiцца цi палянуецца. Тады быў упэўнены, што збаiцца. Ён i не пабег, выскачыў i нагою па Толiкаваму заду ўлупiў. У майго невiнаватага дзядзькi ажно шапка ў снег паляцела. А сам ён на лёд упаў i заенчыў: "Гэта не я кiдаў..." Я далей услухоўвацца не стаў, гайсануў праз могiлкi, мiж крыжоў i помнiкаў, ломячы перамерзлыя стамбуры кветак, мiж кустоў i дрэў, на паралельную вулiцу, па ёй потым праз сады i дадому.
Толiкава баба Маня да маёй бабы Ядзi сварыцца прыходзiла, расказала, што з-за мяне шафёр яе ўнука бiў. "Ён жа старэйшы, трэба было глядзець за малым". Сапраўды, трэба было бегчы за мною на могiлкi. Скончылася нiчым. А чым, зрэшты, магло скончыцца? Ну сцёбнула б мяне баба колькi разоў пасам цi ў кiно з тым жа Толiкам не пусцiла, i ўсёй бяды.
* * *
Вось Змiтрыка Латыша родны бацька лупцаваў, дык ужо лупцаваў, як мог. I было за што. Адкуль тое ў нашае Койданава прыпаўзло-прысунулася, не ведаю, толькi мода на крыжы пайшла, хто больш назбiрае. А дзе ты iх збярэш? На дрэвах у садзе яны не растуць. Ну i пачалося марадзёрства, iнакш не скажаш. Латышава хата стаяла пад бярозамi, якраз насупраць Старых могiлак, праз вулiцу Другую Ленiнскую.
Ну i назва, дагэтуль дзiўлюся. Нашто ў адным мястэчку дзве асноўныя вулiцы аднолькава называць, а потым да iх рабiць нумарацыю. Дый само Койданава пераназвалi ў 30-я гады ў гонар крывасмока, як нядаўна пiсалi ў латышскiм выданнi "Avots", Дзяржынскага.
Змiтрык усе помнiкi ведаў, як дрэвы ў сваiм садзе. Дзе на якiм крыжы металёвы Хрыстос прышрубаваны, дзе рэльефчык Божай Маткi вiсiць, дзе анёлы крылы згарнулi i сумуюць. Вось ён i паздымаў колькi ўкрыжаванняў ды прыхаваў на гарышчы, а бацька вазьмi дый знайдзi. Збiў ён Змiтрыка ды яшчэ прымусiў сярод белага дня тых Хрыстоў на месца прышрубаваць. Можа, яно i слушна, што прымусiў, але бiць так моцна не трэба было. Змiтрык на рэчцы сiнякi паказваў, плечы i дупа ўшчэнт чорныя.
А Толiкава баба Маня, ёй, што нi зрабi, усё не так, казала, што мала бiлi, што Божачка яшчэ не так пакарае, праз такое рукi паадсыхаюць i паадвальваюцца. I мне ўяўлялася ўсохлая рука рускага жывапiсца-эмiгранта Рэпiна. Усе ж школьныя падручнiкi тае пары ягонымi карцiнамi былi нафаршыраваны, як калдуны мясам. Можа, i ён у дзяцiнстве з могiлак краў, праз гэта рука i ўсохла, а зусiм i не з-за таго, што маляваў шмат бурлакоў ды ўрадаў.
А Змiтрыкавы рукi не ўсохлi. А цяпер працуюць на маторным заводзе. I можа, дарма бацька яго збiў на горкi яблык, бо помнiкi i Хрыстоў i Божых Матак пыхлiвыя бульдозеры на край пагоста, да самае дарогi, ссунулi, экскаватары пагрузiлi на самазвалы, а тыя звезлi немаведама куды.
* * *
I яшчэ аднаго рабаўнiка могiлак я ведаў, Сямёна, неахайнага чалавека. Сустракаюцца людзi недагледжаныя, але каб такi, — выбачайце, у яго слiна закiсала ў кутках рота. Ногi ён мыў толькi пад прымусам, шкарпэтак не надзяваў, хадзiў у гумовых ботах, у якiх гразь ажно вiшчала. А звёў мяне лёс з тым Сямёнам у адну гiсторыка-даследчую экспедыцыю, я па дамове працаваў мастаком у археолага Вадзiма. Ён — педант, акуратны i сабраны па-вайсковаму. Кожнае лета ў экспедыцыi, вось i прывык да паходнага аскетызму i чысцiнi. А тут Сямёна ўзяў за памочнiка, так — збегай — прынясi. У горадзе за iм, пэўна, мацi глядзела, дык, здавалася, i зграбны быў, а тут за якiя два днi ў такую Разэлю перакiнуўся, глядзець брыдка. Трываў Вадзiм, трываў дый не вытрываў.
А ўсчалося ўсё дый скончылася з вядра вады. Паслалi Сямёна па ваду, калодзеж далекавата, але з акна вiдаць. Сядзiм за сталом, снедаем i глядзiм, як наш Разэля па ваду iдзе марудна, што мокрае гарыць. Тады чамусьцi падумалася: "Чаму гэта кажуць, што калi жыд ваду ў хату носiць, дык i шчасце прынясе?". Дайшоў, набраў, палову вылiў (цяжка яму поўнае прынесцi?), цягне, праз кожныя дзесяць крокаў спыняецца, руку мяняе. На паўдарозе паставiў вядро, нахiлiўся, рукi ў ваду апусцiў — Вадзiма ажно паставiла за сталом, — твар пачаў спалоскваць. Так мыцца колам не загонiш, а тут раптам сам. Памыўся, папiў з вядра i нясе ў двор. Вадзiм у дзверы сустракаць. "Вада чыстая?" — чужым голасам да Сямёна. "З калодзежа толькi што". — "Пiць можна?" — "Можна". За тое "можна" загарэлася Сямёнава вуха ад Вадзiмавага кулака. "Што? Што? Што?" — паўтараў пабiты i плакаў. Але Вадзiм не супакоiўся, ускочыў у хату, схапiў Сямёнаў рэчмяшок i пачаў выцягваць з яго брудныя кашулi. "Пакуль не памыеш, каб я цябе не бачыў!" I раптам па падлозе зазвiнела, забразгатала, заценькала... "Не чапай!" — заскавытаў Сямён i кiнуўся збiраць металёвыя нацельныя крыжыкi.
На паўночна-заходняй Беларусi (Браслаўшчына, Мiёршчына, Друя) ёсць традыцыя прыбiваць да помнiкаў нагрудны крыжык нябожчыка.
Вось такiх крыжыкаў i наздзiраў Сямён, у рэчмяшку iх, можа, са сто хавалася. "Ну ты й гад, быдла двухногае. Але ж я цябе бiць не буду. Вяскоўцам скажу, што ты крыжы з могiлак пакраў. Хай яны i думаюць, што з табой рабiць. Хай яны цябе i б'юць. Хай хоць заб'юць, не ўступлюся. Мне сюды ездзiць i ездзiць. А ты (рускi мат)... Каго я прывёз? Якую брыду? Ну краў ты на раскопе чарапкi ды зубы розныя, гэта ладна, я ж думаў, гiсторыя цябе цiкавiць. А тут (рускi мат)... Прыдавiць цябе трэба". Вадзiм закурыў "беламорыну". "Бачыць цябе не магу. Куды крыжы ў мяшок сунеш? На стол кладзi, злодзей (мат). I лiчы, што ты ў нас не працаваў. Ясна? Нi капейкi не атрымаеш".
Ураннi Сямён з'ехаў. Зняў вязанку нашай рыбы, што сушылася на акне, i з'ехаў. Вадзiм аднёс крыжыкi мясцоваму настаўнiку, i той, можа, гадзiны са дзве дробна пастукваў на пагосце маленечкiм малаточкам, прыбiваў адарванае. Калi якi крыж i пераблытаў, не там прымацаваў, дык, спадзяюся, нiчога страшнага. А ў нас пасля Сямёнавага ад'езду ў сенцах пачало сiкунамi смярдзець. Потым здагадалiся, што Разэля баяўся ўночы выйсцi на двор, пэўна, думаў — вяскоўцы пiльнуюць, вось i памачыўся ў вядро пад рукамыйнiкам.
* * *
Ёсць i яшчэ адна завядзёнка ў тутэйшых краях — пакiдаць пад крыжам пачастунак: чарку гарэлкi, лусту хлеба, яблык, цукерку, яйка варанае. Вось прыйдуць госцi на свята цi на дзень нараджэння да нябожчыка пасядзець, вып'юць, пагавораць, паўспамiнаюць i яму пакiнуць гасцiнец, нiбыта i ён з iмi разам, тут, побач, недалёка. I сыходзяць з патаемнаю думкаю, што нябожчык устане, перакулiць чарку i закусiць хлебам. I нейкая жанчына ўголас скажа: "Што ж ты нашаму бацьку не поўную налiў? Ён жа любiў поўненькую чарку, каб ажно з берагамi".
Усе ведаюць, што не ўстане, але спадзяванне ёсць. Яно глыбока, яго не зваяваць i не знiшчыць, як той-сёй мяркуе. Яно на самым сподзе душы. Яно прарастае праз стагоддзi. Мы памром, а яно застанецца. Дык якая ж тады абраза — на зямлю тыя чаркi куляць i таптаць хлеб.
А былi ў нашым Койданаве i такiя зноскi. Прывядуць на пагост аўчарак i самi свiшчуць у два пальцы. Сабакам што? Гойсаюць сабе па магiлах, скачуць праз агароджы, дзе нiжэй, чаркi перакульваюць, кветкi ломяць, вянкi бэрсаюць, яйкi ды цукеркi ядуць, а хлеб топчуць. Сабакi — яны сабакi i ёсць, неразумныя стварэннi пры чалавеку. А гэтыя чалавекi — зноскi маральныя. Дый адкуль аўчаркам пра тое ведама.
Трывалi мужчыны, а потым узялi ды палавiлi тых чалавекаў. Афiцэрскiя сыны былi. У нас рамбаза каля чыгункi стаяла, там вайскоўцы працавалi. Вось iх дзецi i забаўлялiся, рыхтавалi сабак да службы на мяжы нашай Радзiмы нiбыта. Вядома, сягоння гэтая рамбаза, заўтра тая рамбаза, гэтая мяжа, тая мяжа, i якая бацькам i дзецям справа да тутэйшых звычаяў. Афiцэры яшчэ на мужчын крычалi, што няма чаго на пагосце прадукты пакiдаць, што з-за гэтага вось i ў краiне няма чаго есцi, i яшчэ, i яшчэ, ледзь не бiцца кiдалiся. Мужчыны сышлi.
Толькi ўночы нехта на рамбазе аўчарак пазасякаў. Сабакi нават не гаўкалi, бо кожнай па матку воўны ў лой вывацганай кiнулi. Нiтак у мястэчку, дзякуй Богу, шмат — швейная фабрыка ў тры змены малоцiць. Воўна ў сабачых зубах i захрасла, пашчу нi сашчапiць нi расшчапiць. Дзе ж ты пабрэшаш, пагаўкаеш? Сабак засеклi. Шкада жывёлiн, але ж людзей вучыць неяк трэба.
3. Паэты
Смерць i пагосты, яшчэ кажуць клады, вабяць не толькi мяне аднаго, натуральна.
Вось у Доме пiсьменнiка сядзяць за чаркаю два заўсёдныя паэты i размаўляюць. На круглым стале колба з каньяком (100 грамаў — 4 рублi 10 кап.). Пасмы цыгарэтнага дыму вiюцца пад шараабрысным белым з чырвонай паскаю свяцiльнiкам.
— Добра, што ёсць смерць. Ты нават i не ўяўляеш, як важна, што мы ўсе роўныя перад ёю. Раней дык я ставiўся да смерцi абыякава, нават пабойваўся. Што казаць? Жах ёсць жах. А вось аднаго разу...
Старэйшы з заўсёдных паэтаў кульнуў чарку i працягваў:
— Я тады ў тэхнiкуме вучыўся, на вакацыi да бацькоў прыехаў — свята якое нi ёсць, а ў хаце пляшкi няма. Бацька мяне да суседа выправiў, па самагонку. Сусед сабе гнаў, думалi, пазычыць. У вокнах святло. Зайшоў я ў сенцы, пастукаў — цiшыня. Яшчэ грукнуў — цiха. Пэўна, у хлеў цi так — на двор выйшаў, падумалася. Нават i ў галаве не мiльганула, што нешта здарыцца магло. Адчынiў я дзверы, зрабiў колькi крокаў i ўкамянеў. Сусед на ложку паверх посцiлкi мёртвы ляжыць. I адразу вiдаць, што не спiць, а мёртвы. Твар iншы, твар вольнага чалавека, усе пакуты адышлi, прасветленасць незямная. Я каля печы i прастаяў, можа, з гадзiну. Усё ад светлага твару вачэй не мог адвесцi, нiбыта ад яго райскае ззянне сыходзiла. Спарыўся я ў кажуху, каля печы стоячы, пакуль мой бацька прыйшоў. Ну, тут шум усчаўся i ўсё такое рознае. Суседава жонка прыляцела, укленчыла каля ложка: "А мой ты гаспадар!" А твар я запомнiў на ўсё жыццё i святло, якiм той быў асветлены. Незямное, празрыста-сцюдзёнае святло... I адкуль яно ў напаленай да задухi хаце? Часам яно на гiпсавых пасмяротных масках з'яўляецца. Вось я аднаго разу бачыў яго на масцы Жэнi Янiшчыц. Адкрыў скрыню, разгарнуў газету, а на масцы — святло. Раней дык я не ведаў, нашто з нябожчыка маску рабiць, а цяпер ведаю.
— А мне дык часта нябожчыкi ў сны прыходзяць. Я нават тыя сны запiсваць пачаў. I ўсе яны шэрага колеру, быццам з пластылiну лепленыя. Вось брат мой стрыечны — Лявон... Колькi мы з iм перапiлi гарэлкi?! Мора! Ён на машыне разбiўся. А не так даўно ў сон прыходзiў.
Сплю, бачу: iду сцежкаю, што за нашым гародчыкам, там ужо калгаснае поле пачынаецца, гэтым годам кукуруза расла. Вось Лявон з той кукурузы i выходзiць на мяне. Твар шэры, вочы невiдушчыя, павекi паўзакрытыя — зрэнак зусiм не вiдаць. Ідзе i клiча: "Хадзi да мяне, пляшку маю. Разам да дзевак пойдзем". "Якiя дзеўкi? — думаю. — Мы ж цябе пахавалi, год, як на клады занеслi. Дый да дзевак я з жанатымi нiколi не хадзiў. Не маю такой звычкi". А ён блiжэй, блiжэй... I бачу, што не iдзе Лявон, а плыве па-над самай сцежкаю, нават пылу не ўздымае. Я ў кукурузу, бягу цяжка, ламлю стамбуры, як той дзiк-вяпрук. Выбег — хата пасярод поля стаiць, нават i не хата, а халабуда дашчаная. На ганку Алесь Разанаў сядзiць без кашулi ў адных споднiх нагавiцах. Матузкi завязвае. Я да яго i толькi паспеў "дзень добры" даць, як прачнуўся.
Коўдра скамечаная на падлозе. Устаў я i на клады пабег, нават не мыўся, не снедаў. Знайшоў Лявонаў капец, прыбраў. Гэта ён да мяне прыходзiў прасiць, каб я капец прыбраў, бо Лявонава жонка ўжо з iншым жыве, лiха яе не возьме. А паэтаў я часта ў снах бачу: i Разанава, i Галубовiча, i вас, дарэчы, бачыў, — гэта маладзейшы з заўсёдных паэтаў расказаў.
Мне цiкава слухаць, як паэты распавядаюць пра смерць. Толькi ёсць адзiн аспект, калi мне робiцца млосна, гэта як пачынаюцца развагi пра ўласнае самагубства. У мяне ажно сярэдзiна халадзее, бо не па-мужчынску пра такое языком мянцiць. I згадваецца такi выпадак у iнтэрнацкiм калiдоры — доўгiм, на паўсотню дзвярэй. Каля таго акна i курыў у фортачку мой знаёмы паэт-авангардыст. Ён вучыўся на апошнiм курсе унiверсiтэта. Нарадзiлася дзiця. Камендантка пашкадавала i не выселiла сям'ю з дзiцем, перавяла ў кладоўку. Вось i жыў паэт у цеснай, не раўнуючы — шафа, кладоўцы з жонкаю першакурснiцай i дачкою.
А тады ён пачаставаў мяне цыгарэтаю, i мы дымiлi ў фортачку. Тут да нас i падбегла дзябёлая дзявуля з рудою касою па самыя клубы. Яна задыхана папрасiла цыгарэтку i пачала прагна глытаць найтаннейшы дым. "Задаўлюся! Вось пайду i задаўлюся!" — бубённым голасам сказанула дзявуля i закашляла, дымам папярхнулася. "Давiся! Цi мне вяроўку з мылам табе прынесцi? Зараз пайду пялюшкi паздымаю i прынясу. Толькi, як ты задавiшся, я вяроўку i мыла назад забяру, бо не будзе чым бялiзну мыць i на чым сушыць. Дзiця яшчэ неразумнае, пад сябе робiць. Цi, можа, крышку пачакаеш, пакуль малая падрасце, дык я тады вяроўку назусiм аддам". Дзявуля крутнула клубамi i ўцякла. "Нашто так?" — "Ай, абрыдлi. Задаўлюся, атручуся... Труцiся! Не-е-е. Вось у тым i справа. Хто надумаў рабiць, той гаварыць не будзе".
Вось калi паэты пачынаюць казаць пра самагубства, мне i згадваецца дзявуля з бубённым голасам.
Але ў Гiёма Апалiнэра ёсць маналог самазабойцы: "Тры лiлеi, лiлеi тры на магiле маёй без крыжа..."
А я мяркую, самагубства ўсё ж мае апраўданне, як робiцца закаханым.
Ходзiць такая легенда, што на Кальварыйскiх могiлках маладыя каханкi разам развiталiся з жыццём. Пра легенду крышку пазней, бо трэба пра паэтаў скончыць.
Колькi мне казалi: "Не распавядай ты пра паэтаў, пiшы пра людзей простых". Але з усiх станоўчых вызначэнняў беларуса я пагаджаюся толькi з адным: беларус — паэт. Бо ўсе гэтыя: сцiплы, лагодны, зычлiвы вельмi ўжо лёгка пераварочваюцца ў баязлiвы, млявы, абыякавы... Але не ў гэтым бяда, а ў тым, што сягоння герой нашай нацыi — паэт i толькi паэт, пясняр кахання. I хай сабе розныя сябры БНФ (Беларускi народны фронт) мне не павераць. А я буду настойваць: беларус толькi тады беларус, калi ён паэт, i тутэйшы адно настолькi беларус, наколькi ён здатны разумець вершы.
"Тры лiлеi, лiлеi тры на магiле маёй без крыжа..."
4. Каханкi
А цяпер — iнтымнае.
Яны моцна кахалi адно аднаго. Здаецца, так пачыналася кальварыйская легенда. I каханне было такое моцнае, што нi Ён, нi Яна не маглi i хвiлiны адно без аднаго пражыць. I сказаў Ён: "Давай адначасна памром, i тады мы вечна будзем разам". I Яна ў знак згоды апусцiла вочы. I яны пайшлi на Кальварыйскiя могiлкi i памерлi разам. А цяпер iх душы лётаюць разам i спяваюць. Так легенда гучала на мiкрараёнскiх прапахлых галубамi гарышчах, калi яе пераказвала адна школьнiца другой больш даверлiвай школьнiцы.
А на прыпад'ездных лаўках, дзе гуртуюцца пенсiянеркi, легенда мела iншы варыянт, iншую танальнасць i фактуру.
Яна была наркаманка. У яе была поўная валiзка каробак з ампуламi. Яна перадавала тыя каробкi ад урача наркаманам. А яе хлопец нават не здагадваўся пра мафiю.
Аднаго разу раскрыў ён валiзку, хацеў насоўку ўзяць, а там поўна каробак з морфiем. Што гэта? Адкуль? Яна ў слёзы , ну, i расказала...
Ляжала ў бальнiцы. Пазнаёмiлася з урачом. Той спакусiў i прывучыў да наркотыкаў. I вось цяпер яна змушана "адпрацоўваць" сваю долю — развозiць морфiй па адрасах.
Хлопец — смелы, баявы — схапiў валiзку, панёс у прыбiральню i ампулы з каробак ва унiтаз павытрасаў.
На другi дзень вярталiся яны дадому позна ўвечары. Іх перапынiлi хлопцы ў чорных куртках. "Пагаварыць трэба!" Хлопец той наркаманкi i слова не паспеў сказаць, як яму па галаве жалезам гупнулi. Толькi iскры ўваччу. Плямы зiхоткiя паплылi-паплылi. Дзеўцы нож паказалi. "Маўчы, лярва! Ключы давай! Морфiй давядзецца вярнуць". Прыцягнулi чарнакуртаўцы дзяўчыну i хлопца на кватэру. Хлопец ледзь ачомаўся, а яго ўжо да крэсла вяроўкаю прывязалi. "Дзе морфiй?" — "Ва унiтазе!" Перавярнулi ўсё чыста — ампулаў няма. "Дзе морфiй"? А хлопец плюнуў аднаму ды ў твар. Я ж вам кажу — смелы, баявы. "Раз так — глядзi!". Схапiлi яны дзеўку, пазрывалi з яе адзенне. Пачалi вырабляць, хто што схацеў. I так i гэтак, i той i гэты... I ўсё перад хлопцам звязаным. А каб не крычаў — кляп. Паздзекавалiся, колькi змаглi. Папарвалi ёй там, дзе сказаць нават няможна. У кроў усё перапэцкалi. Кiнулi яе непрытомную на падлозе i пайшлi. А на развiтанне: "Калi морфiй не аддасце, вам канец!"
Апрытомнела дзеўка, развязала хлопца i кажа: "Жыць не хачу!" Узялi яны тую вяроўку, што хлопец быў скручаны, разрэзалi на два канцы, пайшлi на Кальварыю дый задавiлiся. Ранiцай iх вартаўнiкi знайшлi. А душы дзеўкi з хлопцам па начах на Кальварыю вяртаюцца i спяваюць сумна-сумна так. Сама чула.
Ёсць яшчэ адзiн варыянт легенды. Яго мне расказаў вартаўнiк.
Я пад клёнам маляваў каплiцу, яна мне здаўна падабалася — неаготыка, чырвоная цэгла, спiчастыя аканiцы, шляхетны беларускi рамантызм часоў Францiшка Багушэвiча. Крэмзаў я пёркам па паперы... Падыходзiць акуратны дзед. Сеў на самы край лаўкi, закурыў. Што мяне здзiвiла ў той сiтуацыi, дык гэта спакой, з якiм дзед сябе паводзiў. Нi табе мiтуслiвасцi, нi зазiрання ў вочы. Закурыў ён i пачаў:
— Вы вельмi правiльна робiце, што каплiцу змалёўваеце, а то год-другi — i пабураць. Спадзяюся, не знясуць, калi католiкi дамогуцца, каб тут касцёл адчынiлi. Туды-сюды. Кажуць, што Брэжнеў дазвол даў на адкрыццё Чырвонага касцёла ў Мiнску, што каля Дома ўрада. Але там нiяк. Урад мясцовы гарой стаiць, каб не адчыняць. Каб каля iх ды касцёл працаваў?! Ого-го! Яшчэ каб царква, дык яны б думалi, бо праваслаўныя заўсёды з урадам у адну дуду дзьмулi. Сам чуў, як у КМСе (Кафедральны мiнскi сабор) яны Брэжнева ўхвалялi. Я ж, здаецца, i праваслаўны хрышчаны, а ў такiх справах на баку католiкаў. А што ў тым благога, каб кiношнiкаў з Чырвонага касцёла прагнаць? Толькi лепш будзе. Я дык не надта веры даю, што генсек дазволiў, але хто iх там, "на гары", ведае. Калi праўда, што сам папа рымскi Ян Павел II прашэнне даслаў, дык можна i падпiсваць. Туды-сюды. Я сам пяцёрку на касцёл паклаў. Вы не паверыце, а я даў.
Тут палякi старыя прыехалi, хадзiлi па Кальварыi, глядзелi, можа, паўдня капец шукалi i, ведаеце, знайшлi. Ву-унь тамака, за жоўтай каплiцаю, я ў ёй свой рыштунак трымаю, крыжык мармуровы стаiць, вось iхнi бацька пад iм i пахаваны. Прыбралi, белыя гладыёлусы ў слоiк паставiлi i да мяне. Так i так. I ўсё па-польску з выбачэннямi, паны. Яны ўсе цяпер, хто ў Польшчу з'ехаў, — паны. "Хай пан за капцом i крыжам глядзiць".
Клёны ў нас тут уга, увосень лiстоты па каленi. А я люблю — жоўтае, чырвонае, прыгожа. Туды-сюды. Панi з рыдыкюля дастала пяцьдзесят рублёў i мне ў руку. А самi да брамы. Старыя яны, год па семдзесят, сiвыя, як галубы. Не прыедуць больш, але, бач ты iх, шануюць бацьку. З гэтае пяцiдзесяткi я пяцёрку на касцёл паклаў. Астатняе? Ну, туды-сюды.
А капец даглядаю, усё роўна ж я тут за вартаўнiка, ну i смецце грабу, дык раз-другi i каля старога католiка венiкам пацягну, хай яму зямля пухам.
А вунь побач з iм цэментовы помнiчак, на iм дошка металёвая, а на ёй рэльеф лiлеi i надпiс. "Тут спачываюць Вiта з Раманам". I ўсё, нi табе калi нарадзiлiся, нi табе калi адышлi. Помнiчак нiхто не глядзiць. А i Раманавы бацькi дый Вiцiны тут непадалёк жывуць, за вiнзаводам адразу. Я часам каго з iх сустракаю, калi ў краму iду. Салiдныя з выгляду людзi, а вось не глядзяць магiлу.
Вiта гэтая з Раманам у адным класе вучылiся, ну вось i вырашылi пагуляць у рэвалюцыю. Туды-сюды. Панадрукоўвалi ўлётак на пiшучае машынцы. А ўночы паналеплiвалi на слупах каля прыпынкаў. Заклiкi, што так жыць, як мы жывём, нельга i таму трэба змагацца за лепшую будучыню. Ну i пра ўрад нешта там было, i пра камунiстаў, тады яшчэ камунiстаў толькi на "рускiм" — праваслаўным баку хавалi. Адно слова — дзяцiнства. Але iх знайшлi, па пiшучай машынцы, прападзi яна пропадам, i замест атэстатаў выдалi ў школе па "воўчым бiлеце". Нi ў iнстытут, нi на добрую работу. Да мяне вось прыйсцi не здагадалiся, я б iх тут прыстроiў вартаўнiкамi цi пагаварыў бы з хлопцамi, каб на Чыжоўскiя цi Паўночныя... На могiлках месцы ёсць. Цяпер дык улёткi i заклiкi на кожным плоце, лiха iх не возьме, а тады — "воўчы бiлет".
Ну, а дзецi гэтыя паехалi ў Вiльню, знялi нумар у гатэлi i папераразалi сабе вены. Прывезлi iх з Вiльнi ў Мiнск i вось тут паклалi. Першы год дык маткi прыходзiлi пасядзець, паплакаць. I помнiк i дошку ў разьбяроў замовiлi, яшчэ прасiлi, каб на дошцы вiленскiя вежы былi. Але наш галоўны разьбяр угаварыў лiлею зрабiць. Казаў, калi самагубства, дык абавязкова лiлея павiнна быць. А чаму? Не тлумачыў.
А цяпер нiхто не наведвае Рамана i Вiту. Сюды-туды.
А малюеце вы няблага, толькi лепш было б сфатаграфаваць, а то знясуць i дакумента не застанецца. Малюнак — не дакумент, а картка — дакумент. Праўду кажу. Туды-сюды. А можа, вы мне дасце рубель. Надта ўжо парыць. Мусiць, дождж будзе.
Даў я вартаўнiку рубель. За легенду.
— Вы прыходзьце сюды, малюйце. У нас тут добра адпачываць, цiха, прахалодна. Быццам i не ў горадзе. А лепш за ўсё ўвосень, калi падае лiсце, жоўтае, чырвонае. Праўда, па каленi гэтага золата тут. Прыходзьце.
5. Касцёлы
Могiлкi Кальварыйскiя не знеслi. Той участак, дзе капцоў не было, пусцiлi пад платную аўтастаянку з вартаўнiкамi ў цагляным буданчыку дый сабакамi на тэрыторыi. Касцёл адрамантавалi i адчынiлi. I цяпер там мой дзядзька Анатоль, той самы Толiк, якому шафёр з-за мяне выспятка даў, на электрааргане грае. Зрэдку наведваю яго, падымаюся пакручастымi прыступкамi на хоры, стаю, слухаю i гляджу, як ягоны доўгi нос дзяўбе паветра над клавiятураю. I там, на хорах, да мяне ўвесь час вяртаецца думка, што беларусы дагэтуль не маюць сваёй веры i сваiх могiлак. I думка гэтая невыпадкова прыходзiць менавiта на хорах.
Дзядзька Анатоль цяпер адданы католiк. А ў Бога ён паверыў пасля драматычнага здарэння на заводзе, дзе рабiлi тэлевiзарныя футаралы. Да здарэння той завод быў знакамiты толькi тым, што на iм у свой час працаваў Освальд, якога прысудзiлi ў ЗША да электрычнага крэсла за забойства прэзiдэнта Джона Кенэдзi. Вось на той завод i ўладкаваўся пасля школы Анатоль простым рабочым, а ўвечары iграў на танцах. У Рубяжэвiчах раптоўна памёр арганiст, i ксёндз праз мацi ўгаварыў Анатоля граць у касцёле. З Мiнска ў Рубяжэвiчы дзядзька ездзiў на матацыкле. I вось, здаецца, Вялiкдзень быў, а на заводзе, як раней знарок рабiлi, — працоўная субота. Анатоль i папрасiў хлопца, каб падмянiў, бо няма каму на службе сыграць. А калi вярнуўся, дык i даведаўся, што цэх выбухнуў i хлопец-падменшчык загiнуў.
Следства высветлiла, што выбух адбыўся з-за няспраўнай вентыляцыi. У сутарэннях загарэўся пыл у вентыляцыйных трубах, агонь перакiнуўся да бочак з лакам, якiм футаралы пакрывалi. Бочкi выбухнулi, i ўсе тры паверхi разам са станкамi i працоўнымi абрынулiся ў сутарэннi, у полымя, у друз, у смерць. У друку паведамленняў не было, але мiнчукi казалi, што загiнула больш як трыста чалавек. Хавалi iх за дзяржаўныя грошы на вясковых могiлках пад Мiнскам, на кожным пагосце не больш як дзесяць нябожчыкаў, каб немагчыма было палiчыць колькасць ахвяр. Ад каго тыя лiчбы хавалi? Зрэшты, i зараз так робяць пасля выбухаў на вытворчасцi.
Анатоль пасля таго здарэння доўга быў як не ў сабе. Можна зразумець, адно следства колькi нерваў папсавала. Чаму не быў? Чаму падмянiўся? Чаму з гэтым хлопцам, а не з iншым? Цi даваў хлопцу грошы? Колькi атрымаў за Вялiкдзень? ...? ...? Намучыўся Анатоль i на ўсе пытаннi знайшоў адзiн адказ. Бог выратаваў! I трэба служыць Богу верна i аддана! I Анатоль служыць, iграе, молiцца. Цяпер у яго машына i месца ў мiнскiм касцёле. I ён мяне нават вучыў, як мастак павiнен маляваць абразы. А ў прыклад ставiў аднаго самадзейнага мазiлу, якога я добра ведаў як аўтара халтурнай афармiлаўкi ў калгасах i касцёлах. Але спрачацца з Анатолем я не стаў дый плявузгаць на калегу тады яшчэ не меў звычкi. Верыць Анатоль, што той мазiла тыдзень молiцца, а толькi потым пачынае пiсаць абраз, хай верыць.
А вось тое, што Анатоль мову нашую не любiць, быдлячай заве, нялюдскай, гэта мяне абражае. З-за гэтага я i ў касцёл не так часта наведваюся. З-за такiх вось меркаванняў i не маем сваёй царквы i сваiх могiлак. Няўжо i надалей беларус будзе думаць, што Бог пачуе толькi, як па-польску цi па-расейску да Яго звяртацца? Таму i надпiсы на помнiках i крыжах у нас адпаведныя: цi па-заходняму, цi па-ўсходняму. А па-тутэйшаму толькi ў паэтаў. Вось i яшчэ адзiн доказ, што беларус — паэт. Пэўна, таму мне i хацелася ў свой час, каб мяне не клалi на пагосце, а спалiлi ў крэматорыi i попел рассыпалi ўздоўж дарогi каля Койданава. Я нават напiсаў пра гэта, але разважлiвы рэдактар выкраслiў. Але хто ведае, што нас чакае ўвечары?
Цяпер, як з тымi ўлёткамi, з друкам i рэдагаваннем значна вальней. Толькi я ўжо не настойваю на крэматорыi. Хай зробiцца, як прасцей. Толькi лепш усё ж спалiць, i яшчэ каб музыкi не было.
А то вось хавалi нашу блiзкую сваячку, прыйшлi школьнiкi з трубамi i барабанам i такое пачалi выдзiмаць — трываць не вытрываеш. Засяродзiцца пад такiя зыкi няможна. Якi смутак? Якая журба? Злосць бярэ! Халадэча, насы ў школьнiкаў пасiнелi, самi яны калоцяцца i выдзiмаюць, хто на што здатны. Ім гарэлкi налiлi, каб сагрэлiся. Яшчэ горш. А ў бубнара зусiм не ў троп атрымлiваецца. Абы-што, а не Шапэн. Так што, каб нiякай музыкi. Хай будзе цiха. Можа, яшчэ чуць буду. Кажуць жа, што чалавек пасля смерцi не адразу слых страчвае. Вось i паўслухоўваюся астатнi раз у чалавечыя галасы. Можа, якi паэт i па-тутэйшаму слова скажа, а гэта мне лепш за ўсялякую струнную ды духавую. Дый няма беларускага пахавальнага марша. Зрэшты, можа, якi з музыкаў i скампануе тутэйшы жалобны марш. Ну, тады меркавацьмем, а пакуль што — цiха.
* * *
Бываюць жа людзi, якiм сумна, а значыць, i спакойна жывецца, i яны нават пакутуюць праз гэта, робяць неверагодныя намаганнi, каб нешта здарылася, адбылося, змянiлася. Яны выпраўляюцца ў далёкiя вандроўкi, караскаюцца па гарах, падаюць, хварэюць, а iм усё роўна сумна. А ў мяне наадварот — заўсёды нешта здараецца. I палову сваёй энергii даводзiцца выдаткоўваць на тое, каб выблытацца з непрыемных акалiчнасцяў цi зноўку не патрапiць у сумнiцельныя сiтуацыi.
"Цiкава ты жывеш", — казаў iнстытуцкi выкладчык, калi мы паехалi на практыку ў правiнцыйны гарадок i ў гатэлi ўсiх нашых хлопцаў разам з выкладчыкам абрабавалi. Усiх, акрамя мяне. I ўсе падумалi, што я злодзей. Цiкава.
"Цiкава табе жывецца, — запэўнiвала жанчына. — А я дык толькi i магу, што здраджваць мужу разам з табою". Цiкава, праўда.
"Цiкава табе жывецца, — сказаў адзiн мой новы знаёмы i дадаў: — Напэўна, цябе мала бiлi". А вось гэта няпраўда, нават калi i цiкава. Бiлi мяне якраз-такi многа, i тады, калi было за што, i проста так — твар не спадабаўся, глянуў не так.
"Што ты на мяне спадылба ваўком глядзiш?" — аднаго разу спытаў той самы абрабаваны выкладчык. А ў мяне такi погляд. Знянацку гляну ў люстра — самому нiякавата робiцца.
Ды, мусiць, трэба ўсё ж расказаць, як мяне пабiлi на Кальварыi.
А бiлi мяне, бо не люблю людзей, якiя свае малыя i вялiкiя патрэбы спраўляюць у касцёле, хай сабе i былым.
Прыйшоў я на могiлкi з намерам намаляваць акварэллю матыў. На сённяшнi розум ён занадта сентыментальны i прымiтыўны — колкiя, ледзь не чорныя сосны на нябесным тле, а пад iмi блакiтныя крыжы, што адзiн аднаго перакрываюць. Прыладзiўся, акварэль з цюбiкаў на палiтру выцiснуў, чую: нехта па касцёле тупае i свiшча. "Ф'ю-ф'ю-ф'ю". Я цiхенька да дзвярэй, бачу ў шчылiну — стаiць гад i ў алтары на сцяну мочыцца ды яшчэ свiшча. З выгляду такi, як i я, клас восьмы-дзевяты. Узяў я з зямлi камень (зараз свiсну) i ў акно. Гадоў трыццаць там ужо шыб не было. Змоўк, стаiўся свiстун. А я каля дзвярэй пiльную — выйдзе, нiдзе не дзенецца.
I выйшаў, толькi не адзiн, а ўтрох выскачылi, галовы паўгiналi i ходу. Прабеглi колькi i спынiлiся, дайшло да iх, што гэта я камень кiнуў. Тут трэба было мне ўцякаць, але чамусьцi пашкадаваў я выцiснутую на палiтру акварэль. Падумаў — абыдзецца. Не абышлося.
Разварочваюцца i на мяне iдуць, i ўжо не баязлiўцы, а героi. Агонь уваччу. Утрох на аднаго. Падышлi, пад ногi паплявалi, i той, што ў касцёле нарабiў, ударыў мне ў твар, моцна па левай скуле, правай рукой бiў. У мяне скутасць i страх як ветрам зняло. Так, бывае, стаiш на беразе сцюдзёнай рэчкi, а як дасi нырца, дык i пагроб, паплыў.
Ударыў я ў адказ, i трапна выйшла — у нiжнюю пашчэнку. Свiстуна кiнула на агароджу. Я да другога... Але адзiн супраць трох у кiно толькi можа нешта зрабiць. Спачатку яшчэ паспяваў галаву рукамi прыкрываць. Потым павалiўся на траву, пад агароджу.
Яны б'юць. Я на зямлi. Не будуць жа вечна бiць, скончаць. Яны i скончылi. Толькi, як, не памятаю.
А помню, як устаў, як доўга трымаўся за пiкi агароджы, як збiраў параскiданыя, патаптаныя цюбiкi акварэлi i пэндзлi з пераламанымi тронкамi.
Помню, як прыцёгся дадому, зачынiўся ў ванным пакоi i абяцаў люстэрку, што больш нiколi не палезу бiцца, хай хоць усе касцёлы ў свеце мачою пааблiваюць.
Гэта пазней я зразумеў, што нельга ў Бога прасiць пятака на метро, а тады мне было страшэнна крыўдна на ўвесь свет.
* * *
А цяпер у Кальварыйскiм касцёле шляхетная чысцiня i музыка, праменнасць у алтары i абразы са скульптурамi. I мае жонка з дачкою ходзяць у нядзелю на службу, часам яны прыносяць папяровыя абразкi, маленькiя, удвая-ўтрая меншыя за паштоўку, i ставяць iх за шкло на кнiжныя палiцы. Я не супраць, хай сабе ходзяць.
А куды, зрэшты, у Фрунзенскiм раёне пойдзеш? У кiно? Дык гэта ж раз-два на месяц. У рэстаран, дзе замест твараў — пысы? Няма слоў. Вось i атрымлiваецца — цi да католiкаў, цi да баптыстаў.
Але баптысты мне не вельмi да душы. Па шчырасцi, я iх не ведаю, каб так ужо супраць ставiцца, я ж не багабойца 30-х гадоў, але на адным баптысцкiм пахаваннi быў. Якраз насупраць майго акна дом стаiць. Каля таго дома i бачыў я баптыстаў. Вынеслi яны труну, паставiлi на зэдлiкi, самi вышнуравалiся паўкругам i заспявалi. Выдатна ў iх атрымлiвалася, без усялякае афектацыi, стрымана. I высокiя ў жанчын, i нiзкiя мужчынскiя ноты гучалi ў суладдзi. Потым пачалося чытанне Бiблii. Я стаяў сярод дваровых разявакаў. Пачыталi з кнiгi i пачалi сваё казаць. Адзiн брат па Хрысту даваў слова другому брату па Хрысту. I пахаванне ператварылася ў агiтацыйны мiтынг. Я гэтых мiтынгаў наеўся, як жаба гразi. Паўсюль адно i тое ж: потым абавязкова будзе добра, а цяпер слухайся нас. Разявакi пацiху разыходзiлiся, пайшоў i я.
Напярэймы кабета з тазам чыстае бялiзны, "Што там за мiтынг?" — "Баптыстка памерла". — "Пайду гляну, а то думала — зноў якi дэпутацкi мiтынг". Вось вам i баптысты, так што мне лепш у касцёл.
Я i хаджу, не часта — разы тры-чатыры на год, ну i на Вялiкдзень i Вербнiцу абавязкова. I на могiлках пры касцёле добра, паходзiш, супакоiшся, штодзённая мiтусня сплыве на далёкi план, i згадаецца нешта з дзяцiнства.
Апошняга разу згадваўся дзед Бронiк. Успомнiлася, як хадзiлi з iм касiць канюшыну трусам, як ён нёс поўныя рэзгiны травы, а мне даў касу. Цяжкая была тая каса. А вярнуўшыся, селi вячэраць, i дзед еў лыжкаю кiслае малако.
А яшчэ — дзед Бронiк не мог забiць труса. I баба клiкала суседку, i тая, шырока расставiўшы босыя ногi, бiла труса дзеравянай качалкаю. А я ўсё здзiўляўся, што дзед сам не можа падняць труса за заднiя лапы, страсянуць i ўдарыць качалкаю па вушастай галаве. "Раскажыце, а як жа ж вы ваявалi?" — пытаўся я ў дзеда. "А так, дзе ў кустах пасяджу, дзе ўгару стрэлю. Ха-ха-ха. I ты так ваюй. А лепш зусiм не ваюй". Тады мяне гэты сялянскi пацыфiзм дзiвiў, цяпер — не. Тады была цяжкая каса i доўгiя днi, цяпер днi мiльгаюць, i незаўважна мiнула пятнаццаць гадоў, як памёр дзед Бронiк, якi не ўмеў i не хацеў ваяваць. А ўсё ж прайшоў тры вайны — польскую, фiнскую ды нямецкую. Яго пахавалi на "польскiм" баку Новых могiлак, у Койданаве.
6. Пiнжакi
На тых могiлках бачыў я пахаванне цыганскага барона.
Цыганы прыйшлi ў Койданава з чыгуначнай станцыi. Яны цэлым табарам ехалi ў Брэст, i ў вагоне раптоўна сканаў барон. Яны сышлi з цягнiка i рушылi праз мястэчка на пагост. Мы, дзецi, пабеглi за стракатым натоўпам. Карцела пацiкаваць, цi, як тады казалi, — пазырыць. Барона на могiлках распранулi, i ён ляжаў, стары, голы, жоўты, нiбыта касцяны, узняўшы кудлатую бараду да апошняга свайго восеньскага сонца. Барона абмывалi халоднай вадою з-пад калонкi.
Помпавая калонка рыпела ў самым цэнтры могiлак, яна нiбыта падзяляла i адначасова аб'ядноўвала "рускi" i "польскi" бок. На "рускiм" тады хавалi ўсiх — i праваслаўных, i яўрэяў (Бесхайм ужо закрылi), i камунiстаў (як казалi — парцiйцаў), i ўсялякiх чужынцаў, усiх, акрамя католiкаў. Цяпер дык камунiстаў i на "польскiм" баку не саромеюцца хаваць. Калi бацька католiк, дык чаго сына праз дарогу класцi?
Цыганы выкапалi ямiну ў самым далёкiм кутку ад брамы, i не паралельна плоту, а пад вуглом. Бабы казалi, што ў iх такi звычай, а я дык думаю, iм усё роўна. Як выкапалася, так выкапалася. Можа, i памыляюся. Яшчэ бабы казалi, што не трэба было цыганоў на Новыя могiлкi пускаць, хай бы свайго барона на Старых закапалi, а то вось кiрмашовага гвалту каля капцоў нарабiлi. Баб таксама можна зразумець. Тое-сёе цыганяты з-пад крыжоў пазабiралi — слоiкi, бутэлькi, чаркi. Але хай iм смачна п'ецца з тых чарак, калi такiя спрытныя.
А што да баронавай магiлы, дык яе кiлiмамi заслалi, пасадзiлi на тыя кiлiмы барона ў белым, з прасцiн, мяшку. I накiдалi яму грошай, кожны цыган кiнуў. Ну i пяском засыпалi.
А нашы падлеткi не маглi супакоiцца: столькi грошай у зямлi ляжыць. I пераказвалi яны адзiн аднаму гiсторыю... Пра касцюм.
Нiбыта быў у Койданаве нейкi горкi п'янiца, i хадзiў ён уночы, раскопваў капцы, ускрываў труны, i здымаў з нябожчыкаў адзежу ды абутак, i вазiў нарабаванае ў камiсiйныя крамы здаваць. А нейкi мужчына пазнаў у краме касцюм, у якiм бацьку пахаваў. Касцюмаў аднолькавых многа, але ў гэтым у нагрудную кiшэню ён паклаў папяровы абразок, ну, калi з бацькам развiтваўся. Вось па абразку i пазнаўся пiнжак. Даведаўся мужчына iмя i прозвiшча п'янiцы. Высачыў, падпiльнаваў, забiў, у яму кiнуў i засыпаў, каб нi знаку, нi следу.
Гэтая гiсторыя-жахалка i спынiла местачковых падлеткаў. Цыганоў усё ж яны баялiся. А раптам вернуцца, убачаць, што магiлу трыбушылi, знойдуць i зарэжуць? Але нiхто не вярнуўся. Капец зарос i зраўняўся з зямлёю. Вось вам i баронаў лёс, усё жыццё ехаць, каб вынеслi з цягнiка на маленькай станцыi, абмылi ржавай вадою з калонкi i пакiнулi на чужым пагосце.
Хай Бог i людзi мне даруюць, але цыганоў я не разумею i не люблю. Ёсць у мяне сябры, што захапляюцца цыганшчынаю: рамантыка, спевы рамансаў пад гiтару (з-за гэтага i бардаў не паважаю, збольшага ўсе яны пашлаватыя, калi па славянскай маралi), вандроўкi бязмэтныя, спецыфiчны кiтч на кiрмашы — коткi-скарбонкi з малiнавымi "вырвi-вока" банцiкамi.
Бачыў я цыганскую вандроўку ў цягнiку Баку — Кiеў — Рыга. Восень шарая, лiстапад, снег з дажджом. Я на станцыi Калiнкавiчы, мне ў Мiнск, а квiткоў няма. Будзённы дзень, нiякiх святаў, i раптам — няма квiткоў. Угаварыў касiрку, наплёў абы-чаго i пра дзяцей i пра бальнiцы. Пра ўсё магу схлусiць, акрамя смерцi. Далi мне квiток у агульны вагон. Я ў тамбур ледзь уцiснуўся. Увесь састаў бiтком набiты цыганамi. Толькi па тамбурах такiя, як i я, — славяне. Прайшоў па вагонах, паўсюль адно i тое ж: бруд, мiтусня, песнi, дзiцячы вiск, сваркi.
Цыганкi паздымалi матрацы i заслалi iмi падлогу. Сядзяць, ногi падкурчылi, ядуць, рукi аб матрацы выцiраюць. Праваднiца — мажная ўкраiнка ў форменнай спаднiцы, як толькi не трэсне на магутных клубах, — хапала матрацы за рогi, выцягвала з-пад цыганак з цыганятамi, растрасаючы па падлозе памiдоры i курыныя косткi. Цыганкi нават не абуралiся, а чакалi, пакуль праваднiца сыдзе, i зноў слалi матрацы на падлогу.
Тоўстыя старыя цыганы ў шаўковых незашпiленых кашулях ляжалi на верхнiх палiцах i дымiлi ў столь.
У прыбiральню не ўбiцца, займаць чаргу не было сэнсу. Якая чарга, калi вакол адна чорнагаловая сям'я, што ў трэцi раз едзе з Баку ў Рыгу?
Праваднiца ў тамбуры мне скардзiлася, казала, што даязджаюць гэтыя чэрцi да Баку цi Рыгi i купляюць iзноў усе бiлеты на гэты ж самы цягнiк i едуць немаведама нашто, хоць ты плач ды з працы звальняйся, у прыбiральнях усё робiцца мiма унiтаза, матрацы i падушкi папсавалi, шклянкi крадуць, фiранкi i тыя папарвалi... Што за народ такi? Як я людзей пасля iх вазiць буду?
На мiнскiм пероне я ўздыхнуў i ўспомнiў, як у Рызе на чыгуначным вакзале мяне папярэдзiла касiрка, каб не браў квiток на Рыга—Кiеў—Баку, а браў на "Чайку": Талiн—Мiнск. "Хай пазней, затое будзеце ехаць i даедзеце як чалавек". Касiрка мела рацыю.
Трэба шанаваць звычаi iншых народаў, але як жа мне, беларусу, зразумець ператварэнне могiлак у балаган, а цягнiка ў брудны бардак?
* * *
У Вiльнi iнакш. Колькi я пахадзiў па вiленскiх могiлках, дзе знайшлi спачын выдатныя нашы суайчыннiкi! Толькi i там не абышлося без вар'яцкiх учынкаў. А як iнакш назваць той факт, што апiсаў мне стары вiленец?
У саракавым годзе вайскоўцы палiвалi помнiкi польскiх афiцэраў i разам з iмi чорную плiту, пад якой пахавана сэрца Пiлсудскага, звычайным чалавечым гноем, панабраным у тамтэйшых прыбiральнях. А палiвалi помнiкi, каб панская Польшча ведала, якi дух у яе абаронцаў.
Я не "польскi шпiён", як мой прадзед, што за дзяржаўны кошт з'ездзiў на два гады ў Архангельскую вобласць толькi за тое, што перанёс праз мяжу налiўку на вяселле сваякоў. Я не пiлсудчык, якi бачыць Польшчу ад мора да мора. I дакументаў у мяне няма, што ў ноч з такога на такое столькi бочак гною было перакулена над помнiкамi па загаду такога i такога. Дый цi могуць быць дакументы? Ёсць толькi ўспамiн старога вiленца, якi выходзiў на вулiцу пад бел-чырвона-белым штандарам, бо быў супраць адыходу Вiльнi ад Лiтвы.
* * *
А ў маладосцi была ў мяне задума паездзiць па Беларусi ды зазняць на слайды пахаваннi. Што нi мясцiна, свае звычкi. Але ў маладосцi задум у кожнага шмат. Вось i ў майго выкладчыка, што казаў "цiкава ты жывеш", была задума надрукаваць у тоўстым iлюстраваным часопiсе падборку матэрыялаў "Беларускiя крыжы". Ён не надрукаваў, а я не зняў. Слайды ж мяне прываблiвалi тым, што можна iх павялiчваць праз дыяпраектар да сапраўднай велiчынi. Задума мая не рэалiзавалася, можа, хто iншы, дасць Бог, зробiць, але пачаць я ўсё ж пачаў.
Зiмою сеў на аўтобус да Івянца. Архiтэктуру паглядзець хацеў, баракальны касцёл, ну, i на могiлках паздымаць. Хадзiў я хадзiў, змерз, але дачакаўся.
Паперадзе мужчына ў белай палярыне паверх палiтона з вялiкiм жоўтым, толькi з-пад гэбля, крыжам. Калi крыж нясуць, ён заўсёды большым выдае, бо вiдаць i тую частку, што потым пяском прысыплюць. За крыжам чацвёра труну нясуць. За iмi двое — вечка чорнае. Ксёндз. А там ужо жанчыны, мужчыны, дзецi. Нiхто ў мястэчку iм дарогi не перабяжыць — няможна. Па глыбокiм снезе прайшлi да жоўтых гурбаў пяску. Труну паставiлi. Ксёндз пачаў гаварыць.
А я ўсё думаў, здымаць цi не. Без дазволу няёмка, а дазволу прасiць таксама невядома як. Дый якi з мяне фатограф? На тым i вырашыў, хай хто iншы здыме пахаваннi, а я проста пастаю, зняўшы шапку.
Ксёндз скончыў. I тут жанчына пачала, укленчыўшы каля труны: "А наш татачка! А наш ты родненькi! Нашто ты пайшоў такою парою, па такiм марозе? А мог бы ты вясны пачакаць, з унукамi ў садочку пагуляць. А ты зiмою ў дарогу выбраўся. Ляжыш, наш родненькi, на холадзе ў адным пiнжаку..."
Больш я слухаць не змог, пачаў па сумётах выбiрацца з могiлак, а мяне дагнаў iншы голас: "Дзякуй табе, сырая зямля, што ты расхiнешся i нас прымеш".