Прыпынак


Горад запальвае тысячы дзяржаўных лямпачак на вулiцах i ў пад'ездах, а потым засынае. Тралейбусы i аўтобусы выпраўляюцца ў апошнiя рэйсы. На адным з такiх аўтобусаў едзе выхаваны iнтэлiгентны юнак. Ён сочыць панельна-цагляныя кругавiды, што мяняюцца за акном, i не заўважае, як побач з iм сядае жанчына. Толькi калi спадарожнiца пачынае ўладкоўвацца i штурхае юнака, той аглядаецца i бачыць п'яны паглядны твар.

— Прабачце, малады чалавек, я зусiм незнарок села на крысо вашага шыкоўнага палiтона. А зрэшты, я збiраюся спаць, — яна бессаромна пазяхае, прымружвае вочы i засынае iмгненна, як могуць адключацца толькi салдаты i спрацаваныя сяляне.

Аўтобус раптоўна тармозiць, бо нейкi недарэка перабягае дарогу каля самых фараў. З вадзiцельскай кабiны даносiцца жлобская лаянка. Юнакова спадарожнiца ўраз прахоплiваецца, здзiўлена зiркае i з гонарам мовiць:

— Мне блага, дазвольце я перасяду на вашае месца. А то раптам упаду з крэсла, i вам давядзецца мяне падымаць...

Яны мяняюцца месцамi. Жанчына бярэ юнака пад руку, кладзе голаў яму на плячо i зноўку засынае. Той глядзiць на круглыя капронавыя каленi спадарожнiцы, i яму падаецца, што яна ведала i чакала, калi недарэка стрымгалоў перабяжыць вулiцу перад самым аўтобусам, каб ёй лепш уладкавацца i заснуць на плячы. Прачынаецца яна знячэўку.

— Дзе мы едзем? — пытаецца жанчына ў цёмнага акна.

— Кальварыя, — юнак арыентуе спадарожнiцу.

— Пабудзiце мяне на перадапошнiм прыпынку...

На задняй пляцоўцы купка падлеткаў у чорных скураных кепках, на якiх паблiскваюць брошкi i ланцужкi. Падлеткi цiкуюць юнака i жанчыну ды перакiдваюцца каструбаватымi жарцiкамi.

Аўтобус пусцее на кожным прыпынку, як пусцее грамадскi транспарт, калi аддаляецца ад сталiчнага цэнтра.

Юнак пакрысе звыкаецца з думкаю, што прыйдзецца давесцi дамоў стомленую жанчыну.

— Прачнiцеся, вам хутка сыходзiць.

Падлеткi чуюць юнаковы словы, смяюцца i ўключаюць магнiтафон. Юнак крыўдуе, што не можа iм адказаць i змушаны трываць знявагу.

— Дзякуй. Я пайшла...

Спадарожнiца iдзе на пляцоўку, дзе хрыпiць "металам" загорнуты ў цэлафанавы пакет дабiты касетнiк. Аўтобус рэзка спыняецца, i падлеткi ледзь паспяваюць падхапiць жанчыну, што наважваецца выпацкаць футра аб мокрую, засыпаную жвiрам падлогу.

— Хэй, муж, вазьмi сваю жонку, — да юнака гукае хударлявае дзяўчо i дзеля падлеткавай весялосцi дадае: — Нам яна не патрэбна.

Аўтобус вязе на апошнi прыпынак смех i "металёвую" музыку.

— Быдлаватыя жарты, — наўздагон аўтобусу пасылае жанчына.

— Яны яшчэ дзецi, — юнак няўпэўнена баронiць падлеткаў.

— Якiя дзецi? Адно слова, быдла...

— Калi вы не супраць, я правяду вас, — ён спрабуе супакоiць раззлаваную "жонку".

— Ведаеце, малады чалавек, я не супраць. Я вам вельмi ўдзячная. Праўда, тое месца, куды мы пойдзем, даволi цяжка назваць маiм домам. Адно, што там сапраўды маё, дык гэта хлопчык. Зрэшты, ён, напэўна, спiць i не пачуе, як я прыйду. Смерць прыходзiць у наш дом так цiха, што мы не чуем яе. Як мне блага... Я шмат выпiла i зусiм нiчога не ела. А потым нiяк не магла выклiкаць таксi, увесь час лiнiя была занятая.

Жанчына трымаецца за юнака. Яны iдуць адлiжнаю сцежкаю, што вiецца каля высозных сцен з чорнымi вокнамi. Спадарожнiца несупынна гаворыць.

— Я паехала праз увесь горад на аўтобусах. Цэлы дзень ля плiты, цэлы дзень на нагах... Мы рыхтавалi жалобную вячэру. А за сталом я не змагла есцi, толькi пiла i маўчала. Не ведаю, як вы, а я пасля могiлак есцi не магу. Мне прапаноўвалi застацца пераначаваць. Сава з Яняй — мае даўнiя сябры, але ж я не магу кiнуць сямiгадовага сына аднаго на цэлую ноч. Не магу? Не магу. Мы сёння пахавалi Янiнага сына. У Савы з Яняй нiкога не засталося. Адзiн сын... Быў... Ён у мiнулым годзе школу скон...

Жанчына паслiзгаецца i непрыгожа, падвярнуўшы пад сябе нагу, падае на брудны лёд. Юнак ледзь утрымлiваецца на нагах. Ён губляецца i нават не адразу дапамагае спадарожнiцы падняцца. Тая, седзячы на сцежцы, пачынае разглядаць пабiтае калена, з якога праз светлы падраны капрон сочыцца кроў.

— Нiшто, загоiцца, — недарэчна весела кажа жанчына i смяецца. Рэха нясе смех над кварталам, у цёмнае гладкае неба.

Яны iдуць далей. Жанчына ледзь заўважна прыпадае на пабiтую нагу. Яна надзiва хутка забываецца на падзенне i працягвае расказваць юнаку пра няшчасце сваiх сяброў:

— Яня была ўпэўнена, што iх сын стане дыпламатам. А тут раптам такое... Жах! I знайшлi яго зусiм выпадкова, суседскiя дзецi палезлi на гарышча i ўбачылi, што ён спiць, седзячы ў кутку. Дзецi прыбеглi да Янi i сказалi, што яе сын спiць на гарышчы. I чаму менавiта ён? Не разумею... Чаму нiкчэмнасцi, што ў аўтобусе музыку слухаюць, яшчэ жывуць, а разумны i прыгожы юнак спiць на могiлках? Колькi рознай брыды па свеце соваецца?! I нi на што яна не здатная, i нiкому яна не патрэбная, нават смерцi. А вось хлопца няма. Ён узяў з бацькоўскае шафы снатворнае i заснуў. Калi Яня знайшла яго на гарышчы, ён быў мёртвы. I чаго, спытайцеся, нам нестае? Смерць хадзiла за iм, i нiхто з нас не бачыў яе. I вось што дзiўна, звычайна пасля пахавання ўваччу твар нябожчыка стаiць, а ў мяне — стол, прыбраны па-святочнаму. Я замучыла вас сваiмi прыпавесцямi. Зрэшты, мы прыйшлi. Дзякуй вам, малады чалавек.

Жанчына растае ў цемры пад'ездных дзвярэй. Праз колькi мiнут на цёмным фасадзе запальваецца маленькi прамакутнiк акна з яркай прыветнай лямпачкаю.

Загрузка...