СМЕРЦЬ ІВАНА ІЛЬІЧА

I


У вялікім будынку судовых устанаўленняў у часе перапынку пасяджэння па справе Мельвінскіх члены і пракурор сышліся ў кабінеце Івана Ягоравіча Шэбек, і зайшла гаворка пра славутую красоўскую справу. Федар Васільевіч разгарачыўся, даводзячы непадсуднасць, Іван Ягоравіч стаяў на сваім, Пётр жа Іванавіч, спачатку не ўмешваючыся ў спрэчку, не прымаў у ёй удзелу і праглядаў толькі што пададзеныя «Ведомости».

— Панове,— сказаў ён,— а Іван Ільіч памёр.

— Няўжо?

— Вось, чытайце,— сказаў ён Федару Васільевічу, падаючы яму свежы, яшчэ пахкі нумар.

У чорным абадку было надрукавана: «Праскоўя Федараўна Галавіна з душэўным смуткам паведамляе сваякам і знаёмым аб смерці ўлюбёнага мужа свайго, члена Судовае палаты, Івана Ільіча Галавіна, якая надышла 4-га лютага гэтага 1882 года. Вынас цела ў пятніцу, у 1 гадзіну папоўдні».

Іван Ільіч быў сатаварышам паноў, якія сабраліся ў кабінеце, і ўсе любілі яго. Ён хварэў ужо некалькі тыдняў: казалі, што хвароба яго невылечная. Месца аставалася за ім, але было меркаванне аб тым, што ў выпадку ягонае смерці Аляксееў можа быць прызначаны на яго месца, на месца ж Аляксеева — або Віннікаў, або Штабель. Таму, пачуўшы пра смерць Івана Ільіча, першая думка ў кожнага з паноў была аб тым, які ўплыў можа мець гэтая смерць на перамяшчэнні або павышэнні саміх членаў ці іх знаёмых.

«Цяпер, напэўна, атрымаю месца Штабеля ці Віннікава,— падумаў Федар Васільевіч.— Мне гэта і даўно абяцана, гэтае ж павышэнне складае для мяне восемсот рублёў прыбаўкі, апрача канцылярыі».

«Трэба будзе папрасіць цяпер аб пераводзе швагра з Калугі,— падумаў Пётр Іванавіч.— Жонка будзе дужа рада. Цяпер ужо нельга будзе гаварыць, што я ніколі нічога не зрабіў для яе родных».

— Я так і думаў, што яму ўжо не ачуняць,— уголас вымавіў Пётр Іванавіч.— Шкада.

— Ды што ў яго, уласна, было?

— Дактары не маглі вызначыць. Праўда, вызначалі, але па-рознаму. Калі я бачыў яго ў апошні раз, мне здалося, што ён ачуняе.

— А я дык і не быў у яго ад самых свят. Усё збіраўся.

— Што, у яго было багацце?

— Здаецца, вельмі невялікае ў жонкі. Штосьці мізэрнае.

— Так, трэба будзе паехаць. Страшэнна далёка жылі яны.

— Гэта ад вас далёка. Ад вас усё далёка.

— Вось не можа мне дараваць, што я жыву за рэчкаю,— усміхаючыся на Шэбека, сказаў Пётр Іванавіч. I завялі гаворку пра далёкія гарадскія адлегласці, і падаліся на пасяджэнне.

Апрача выкліканых гэтай смерцю ў кожным меркаванняў пра перамяшчэнні і магчымыя змены па службе, якія могуць адбыцца пасля гэтае смерці, сам факт смерці блізкага знаёмага выклікаў ва ўсіх, хто дачуўся пра яе, як заўсёды, пачуццё радасці, што памёр ён, а не я.

«Бач як, памёр; а я вось не»,— падумаў ці адчуў кожны. Блізкія ж знаёмыя, так званыя сябры Івана Ільіча, пры гэтым падумалі міжвольна і аб тым, што цяпер ім трэба праявіць дужа сумныя абавязкі прыстойнасці і паехаць на паніхіду і да ўдавы з візітам спачування.

Бліжэй за ўсіх былі Федар Васільевіч і Пётр Іванавіч.

Пётр Іванавіч быў таварышам па вучылішчы правазнаўства і лічыў сябе абавязаным перад Іванам Ільічом.

Пётр Іванавіч за абедам перадаў жонцы вестку аб смерці Івана Ільіча і меркаванні пра магчымы перавод швагра ў іх акругу і, не кладучыся адпачываць, надзеў фрак і паехаў да Івана Ільіча.

Ля пад'езда кватэры Івана Ільіча стаяла карэта і два рамізнікі. Унізе, у пярэднім пакоі ля вешалкі прыстаўлена было да сцяны глазетавае века дамавіны з кутасікамі і начышчаным парашком галуном. Дзве дамы ў чорным здымалі футэркі.

Адна, сястра Івана Ільіча, знаёмая, другая — незнаёмая дама. Таварыш Пятра Іванавіча, Шварц, спускаўся зверху і, з верхняе прыступкі ўгледзеўшы яго, спыніўся і падмаргнуў, нібы кажучы: «Неразумна распарадзіўся Іван Ільіч; не тое што мы з вамі».

Твар Шварца з англійскімі бакенбардамі і ўся хударлявая постаць у фраку мела, як заўсёды, зграбную ўрачыстасць, і гэтая ўрачыстасць, якая заўсёды супярэчыла жартаўліваму характару Шварца, тут мела асаблівую соль. Гэтак падумаў Пётр Іванавіч.

Пётр Іванавіч прапусціў наперад дам і павольна падаўся за імі да ўсходаў. Шварц не стаў спускацца ўніз, а затрымаўся наверсе. Пётр Іванавіч зразумеў чаму: ён, мусіць, хацеў дамовіцца, дзе павінціць сёння. Дамы падняліся па ўсходах да ўдавы, а Шварц, з сур’ёзна сцятымі, моцнымі вуснамі і гуллівым позіркам, рухам броваў паказаў Пятру Іванавічу направа, у пакой мерцвяка.

Пётр Іванавіч, як заўжды гэта бывае, зайшоў разгублены і не ведаў, што яму трэба рабіць. Адно ён ведаў, што хрысціцца ў такіх выпадках ніколі не зашкодзіць. Што датычыць таго, ці трэба пры гэтым і кланяцца, дык ён не зусім быў упэўнены і таму выбраў сярэдняе: як толькі зайшоў у пакой, пачаў хрысціцца і крышку як бы кланяцца. Наколькі яму дазвалялі рухі галавы і рук, ён разам з тым аглядаў пакой. Два маладыя хлопцы, адзін гімназіст, здаецца пляменнікі, хрысцячыся, выходзілі з пакоя. Бабулька стаяла нерухома. I дама з высока ўскінутымі бровамі штосьці ёй гаварыла шэптам. Дзяк у сурдуце, бадзёры, рашучы, чытаў нешта гучна з выразам, які выключаў любую супярэчнасць; буфетны мужык Гарасім лёгкім крокам прайшоў перад Пятром Іванавічам і штосьці пасыпаў па падлозе. Пётр Іванавіч убачыў гэта і адразу адчуў лёгкі пах трупа, які пачаў ужо гніць. У апошняе сваё наведванне Івана Ільіча Пётр Іванавіч бачыў гэтага мужыка ў кабінеце; ён выконваў абавязкі сядзелкі, і Іван Ільіч асабліва любіў яго. Пётр Іванавіч усё хрысціўся і злёгку кланяўся ў нейкім сярэднім напрамку паміж дамавінаю, дзякам і абразамі на стале ў куце. Потым, калі гэты рух хрышчэння рукою здаўся яму ўжо занадта доўгім, ён прыпыніўся і пачаў разглядаць мерцвяка.

Мярцвяк ляжаў, як заўсёды ляжаць мерцвякі, асабліва цяжка, па-мярцвяцку, патануўшы адубелымі членамі ў подсціле дамавіны, з назаўжды сагнутаю галавою на падушцы, і выстаўляў, як заўсёды выстаўляюць мерцвякі, свой жоўты васковы лоб, запалыя скроні і доўгі нос, які нібыта націскаў на верхнюю губу. Ён вельмі змяніўся, яшчэ больш схуднеў з таго часу, як Пётр Іванавіч апошні раз бачыў яго, але, як ва ўсіх мерцвякоў, твар ягоны папрыгажэў і галоўнае — зрабіўся больш важны, чым быў у жывога. На твары быў выраз таго, што тое, што трэба было зрабіць, зроблена, і зроблена правільна. Апроч таго, у гэтым выразе быў яшчэ папрок ці напамінак жывым. Напамінак гэты здаўся Пятру Іванавічу недарэчным ці ва ўсякім разе такім, які яго не датычыць. Штосьці яму зрабілася не па сабе, і таму Пётр Іванавіч яшчэ раз спехам перахрысціўся і, як яму здалося, вельмі хутка, неадпаведна правілам прыстойнасці, павярнуўся і пайшоў да дзвярэй. Шварц чакаў яго ў прахадным пакоі, расставіўшы шырока ногі і гуляючы абедзвюма рукамі за спіной сваім цыліндрам. Адзін позірк на жартаўлівую, ахайную і элегантную Шварцаву постаць асвяжыў Пятра Іванавіча. Пётр Іванавіч зразумеў, што ён, Шварц, стаіць вышэй за гэта і не паддаецца цяжкім уражанням. Адзін ягоны выгляд казаў: інцыдэнт паніхіды Івана Ільіча ніяк не можа быць сур’ёзнаю прычынаю для прызнання парадку пасяджэння парушаным, гэта значыць, нішто не можа перашкодзіць сёння ж вечарам пстрыкнуць, распячатваючы яе, калодаю карт, у той час як лёкай будзе расстаўляць чатыры неабпаленыя свечкі; наогул няма падставы думаць, што інцыдэнт гэты мог перашкодзіць нам правесці прыемна і сённяшні вечар. Ён і сказаў пра гэта шэптам Пятру Іванавічу, які праходзіў міма, прапануючы аб’яднацца на партыю ў Федара Васільевіча. Але, мусіць, Пятру Іванавічу быў не лёс вінціць сёння ўвечары. Праскоўя Федараўна, невысокая, тлустая жанчына, нягледзячы на ўсё старанне зрабіць адваротнае, усё роўна грубела ад плячэй уніз, уся ў чорным, з накрытаю карункамі галавою, і з гэткімі ж дзіўна ўзнятымі бровамі, як і тая дама, што стаяла насупраць дамавіны, выйшла са сваіх пакояў з іншымі дамамі і, правёўшы іх у дзверы мерцвяка, сказала:

— Зараз будзе паніхіда; праходзьце.

Шварц, няпэўна пакланіўшыся, прыпыніўся, відаць, не прымаючы і не адхіляючы гэтае прапановы. Праскоўя Федараўна, пазнаўшы Пятра Іванавіча, уздыхнула, падышла да яго, узяла яго за руку і сказала:

— Я ведаю, што вы былі сапраўдны сябар Івана Ільіча...— і паглядзела на яго, чакаючы ад яго адпаведных гэтым словам дзеянняў.

Пётр Іванавіч ведаў, што калі там трэба было хрысціцца, дык тут трэба было паціснуць руку, уздыхнуць і сказаць: «Паверце!» Ён гэтак і зрабіў. I, зрабіўшы гэта, адчуў, што вынік атрымаўся жаданы: што ён узрушаны і яна ўзрушана.

— Хадземце, пакуль там не пачалося; мне трэба пагаварыць з вамі,— сказала ўдава.— Дайце мне руку.

Пётр Іванавіч падаў руку, і яны накіраваліся ва ўнутраныя пакоі, міма Шварца, які маркотна падмаргнуў Пятру Іванавічу. «Вось вам і вінт! Што ж, не крыўдуйце, іншага партнёра возьмем. Хіба што ўпяцярых, пакуль адчэпіцеся»,— сказаў яго дураслівы выгляд.

Пётр Іванавіч уздыхнуў яшчэ глыбей і больш сумна, і Праскоўя Федараўна ўдзячна паціснула ягоную руку. Яны зайшлі ў яе абабітую ружовым крэтонам гасціную з пахмурнаю лямпаю, селі ля стала: яна на канапу, а Пётр Іванавіч на нізенькі пружыністы пуф, які прыкметна скасабочыўся пад ягоным сядзеннем. Праскоўя Федараўна хацела папярэдзіць яго, каб ён сеў на другое крэсла, але зразумела, што гэтае папярэджанне не будзе адпавядаць яе становішчу, і перадумала. Сядаючы на гэты пуф, Пётр Іванавіч прыгадаў, як Іван Ільіч упарадкоўваў гэтую гасціную і раіўся з ім аб гэтым самым ружовым у зялёныя лісточкі крэтоне. Сядаючы на канапу і праходзячы міма стала (наогул уся гасціная была поўна цацак і мэблі), удава зачапілася чорнымі карункамі чорнае мантыльі за разьбу стала. Пётр Іванавіч прыўстаў, каб адчапіць, і вызвалены пад ім пуф пачаў хвалявацца і падштурхоўваць яго. Удава сама ўзялася адчапляць свае карункі, і Пётр Іванавіч зноў сеў, прыціснуўшы пуф, які бунтаваў пад ім. Але ўдава не ўсё адчапіла, і Пётр Іванавіч зноў устаў, і зноў пуф забунтаваў і нават зарыпеў. Калі ўсё гэта скончылася, яна выняла чыстую батыставую насоўку і пачала плакаць. Пятра ж Іванавіча ахаладзіў эпізод з карункамі і барацьба з пуфам, і ён сядзеў насупіўшыся. Няёмкае гэта становішча перапыніў Сакалоў, буфетчык Івана Ільіча, з дакладам аб тым, што месца на могілках, тое, якое вызначыла Праскоўя Федараўна, будзе каштаваць дзвесце рублёў. Яна перастала плакаць і, з выглядам ахвяры зірнуўшы на Пятра Іванавіча, сказала па-французску, што ёй вельмі цяжка. Пётр Іванавіч зрабіў маўклівы знак, які азначаў несумненную ўпэўненасць у тым, што гэта не можа быць іначай.

— Курыце, калі ласка,— сказала яна велікадушным і разам з тым сумным голасам і занялася з Сакаловым пытаннем аб кошце месца. Пётр Іванавіч, закурваючы, чуў, што яна вельмі падрабязна распытвала пра розныя цэны на зямлю і вызначыла тую, якую трэба ўзяць. Апрача таго, скончыўшы з месцам, яна распарадзілася і адносна пеўчых. Сакалоў пайшоў.

— Я ўсё сама раблю,— сказала яна Пятру Іванавічу, адсоўваючы ўбок альбомы, якія ляжалі на стале; і, заўважыўшы, што попел пагражаў сталу, не марудзячы падсунула Пятру Іванавічу попельніцу і дадала: — Я лічу прытворствам пераконваць, што я не магу ад гора займацца практычнымі справамі. Мяне, наадварот, калі можа што не суцешыць... а развесяліць, дык гэта клопат аб ім жа.— Яна зноў дастала насоўку, нібы збіраючыся плакаць, і раптам, як бы перасільваючы сябе, падбадзёрылася і пачала гаварыць спакойна:

— Аднак у мяне справа ёсць да вас.

Пётр Іванавіч пакланіўся, не даючы разыходзіцца пружынам пуфа, якія адразу былі заварушыліся пад ім.

— У апошнія дні ён страшэнна пакутаваў.

— Вельмі пакутаваў? — спытаў Пётр Іванавіч.

— Ах, жахліва! Апошнія не хвіліны, а гадзіны ён не перастаючы крычаў. Трое сутак запар ён, не пераводзячы голасу, крычаў. Гэта было невыносна. Я не магу зразумець, як я перажыла гэта; за трыма дзвярыма чуваць было. Ах! як я перажыла!

— I няўжо ён быў у поўнай памяці? — спытаў Пётр Іванавіч.

— Так,— прашаптала яна,— да апошняе хвіліны. Ён развітаўся з намі за чвэртку гадзіны да смерці і яшчэ прасіў вывесці Валодзю.

Думка аб пакутах чалавека, якога ён ведаў гэтак добра, спачатку вясёлым хлопчыкам, школьнікам, потым дарослым партнёрам, нягледзячы на непрыемнае ўсведамленне прытворства свайго і гэтае жанчыны, раптам жахнула Пятра Іванавіча. Ён убачыў зноў гэты лоб, нос, які ціснуў на губу, і яму зрабілася страшна за сябе.

«Трое сутак жахлівых пакут і смерць. Гэтае ж самае зараз, кожную хвіліну можа напаткаць і мяне,— падумаў ён, і яму зрабілася на нейкае імгненне страшна. Але адразу, ён нават сам не ведаў як, яму на дапамогу прыйшла звычайная думка, што гэта здарылася з Іванам Ільічом, а не з ім і што з ім гэта здарыцца не павінна і не можа; што, разважаючы гэтак, ён паддаецца змрочнаму настрою, чаго не трэба рабіць, як гэта відаць было на Шварцавым твары. I, разважыўшы гэтак, Пётр Іванавіч супакоіўся і з цікавасцю стаў распытваць пра падрабязнасці смерці Івана Ільіча, як быццам смерць была такою прыгодаю, якая ўласціва толькі Івану Ільічу, але зусім не ўласціва яму.

Пасля розных размоў пра падрабязнасці сапраўды жахлівых фізічных пакут, якія перажыў Іван Ільіч (пра падрабязнасці гэтыя Пётр Іванавіч даведаўся толькі па тым, як пакуты Івана Ільіча дзейнічалі на нервы Праскоўі Федараўны), удава, мусіць, знайшла патрэбным перайсці да справы.

— Ах, Пётр Іванавіч, як цяжка, як страшэнна цяжка,— і яна зноў заплакала.

Пётр Іванавіч уздыхаў і чакаў, калі яна высмаркаецца. Калі яна высмаркалася, ён сказаў:

— Паверце...— і зноў яна загаварыла і выказала тое, што было, мабыць, яе галоўнай справай да яго; справа гэта заключалася ў пытаннях аб тым, як бы з выпадку смерці мужа дастаць грошай у казне. Яна зрабіла выгляд, што пытаецца ў Пятра Іванавіча парады адносна пенсіёна; але ён бачыў, што яна ўжо ведае да драбніц і тое, чаго ён не ведаў: усё тое, што можна выцягнуць з казны ў выпадку гэтае смерці; але што ёй хацелася дазнацца, ці нельга як-небудзь выцягнуць яшчэ болей грошай. Пётр Іванавіч пастараўся выдумаць такі сродак, аднак, падумаўшы крыху і дзеля прыстойнасці палаяўшы наш урад за яго скупасць, сказаў, што, здаецца, больш нельга. Тады яна ўздыхнула і, мусіць, пачала прыдумваць сродак, як пазбавіцца свайго наведвальніка. Ён зразумеў гэта, патушыў папяроску, устаў, паціснуў руку і пайшоў у пярэдні пакой.

У сталовай з гадзіннікам, якому Іван Ільіч быў гэтак рады, што купіў у брыкабраку, Пётр Іванавіч сустрэў свяшчэнніка і яшчэ некалькіх знаёмых, якія прыехалі на паніхіду, і ўбачыў знаёмую яму прыгожую паненку, дачку Івана Ільіча. Яна была ўся ў чорным. Талія яе, вельмі тонкая, здавалася была яшчэ танчэйшая. Яна мела змрочны, рашучы, амаль гнеўны выгляд. Яна пакланілася Пятру Іванавічу, як быццам ён быў у чымсьці вінаваты. За дачкою стаяў з гэткім жа пакрыўджаным выглядам знаёмы Пятру Іванавічу багаты малады чалавек, судовы следчы, яе жаніх, як ён чуў. Ён паныла пакланіўся ім і хацеў быў прайсці ў пакой мерцвяка, як раптам з-пад усходаў паказалася постаць гімназісціка-сына, дужа падобнага да Івана Ільіча. Гэта быў маленькі Іван Ільіч, якім Пётр Іванавіч памятаў яго ў Правазнаўстве. Вочы ягоныя былі і заплаканыя і гэткія, якія бываюць у нячыстых хлопчыкаў трынаццаці-чатырнаццаці гадоў. Хлопчык, убачыўшы Пятра Іванавіча, пачаў сурова і сарамліва моршчыцца. Пётр Іванавіч кіўнуў яму галавой і зайшоў у пакой мерцвяка. Пачалася паніхіда — свечкі, стогны, слёзы, усхліпванні. Пётр Іванавіч стаяў пахмурны і пазіраў на ногі перад сабой. Ён ні разу не зірнуў на мерцвяка і да канца не паддаўся настрою і адзін з першых выйшаў. У пярэднім пакоі нікога не было. Гарасім, буфетны мужык, выскачыў з пакоя нябожчыка, перакідаў сваімі дужымі рукамі ўсе футры, каб адшукаць футра Пятра Іванавіча, і падаў яго.

— Што, браток Гарасім? — сказаў Пётр Іванавіч, каб толькі сказаць што-небудзь.— Шкада?

— Божая воля. Усе там будзем,— сказаў Гарасім, выскаляючы свае белыя, суцэльныя мужыцкія зубы, і, як чалавек у часе гарачае працы, жвава адчыніў дзверы, гукнуў фурмана, падсадзіў Пятра Іванавіча і скокнуў назад да ганка, нібы прыкідваючы, што б яму яшчэ зрабіць.

Пятру Іванавічу асабліва прыемна было дыхнуць чыстым паветрам пасля паху ладану, трупа і карболавае кіслаты.

— Куды загадаеце? — спытаў фурман.

— Не позна. Заеду да Федара Васільевіча.

I Пётр Іванавіч паехаў. I сапраўды, застаў іх за заканчэннем першага робера, таму было яму зручна падключыцца пятым.

II


Былая гісторыя жыцця Івана Ільіча была самая простая і звычайная і самая жахлівая.

Іван Ільіч памёр сарака пяці гадоў, членам Судовае палаты. Ён быў сын чыноўніка, які зрабіў у Пецярбургу па розных міністэрствах і дэпартаментах тую кар’еру, якая даводзіць людзей да таго становішча, пры якім хаця і зразумела, што выконваць якую-небудзь істотную пасаду яны не здатны, яны ўсё ж па сваёй доўгай і былой службе і сваіх чынах не могуць быць выгнаны і таму атрымліваюць выдуманыя фіктыўныя месцы і нефіктыўныя тысячы, ад шасці да дзесяці, з якімі яны і дажываюць да глыбокае старасці.

Гэткім быў тайны саветнік, непатрэбны член розных непатрэбных устаноў, Ілья Яфімавіч Галавін.

У яго было тры сыны. Іван Ільіч быў другі сын. Старэйшы зрабіў гэткую ж кар’еру, як і бацька, толькі па іншым міністэрстве, і ўжо блізка падыходзіў да таго службовага ўзросту, калі набываецца гэтая інерцыя пэнсіі. Трэці сын быў няўдачнік. Ён у розных месцах усюды нашкодзіў сабе і цяпер служыў па чыгунках: і ягоны бацька, і браты, і асабліва іх жонкі не толькі не любілі сустракацца з ім, але без пільнае патрэбы і не ўспаміналі пра ягонае існаванне. Сястра была за баронам Грэфам, гэткім жа пецярбургскім чыноўнікам, як і ягоны цесць. Іван Ільіч быў le phenix de la famille [1], як казалі. Ён быў не такі халодны і акуратны, як старэйшы, і не такі рызыкоўны, як малодшы. Ён быў сярэдзіна паміж імі — разумны, дзейны, прыемны і прыстойны чалавек.

Выхоўваўся ён разам з малодшым братам у Правазнаўстве. Малодшы не скончыў і быў выгнаны з пятага класа, Іван жа Ільіч добра скончыў курс. У Правазнаўстве ён ужо быў тым, чым ён быў потым усё сваё жыццё: чалавекам здольным, вясёла-дабрадушным і таварыскім, хаця заўсёды строга выконваў тое, што лічыў сваім абавязкам; абавязкам жа ён сваім лічыў усё тое, што лічылі абавязкам і найвышэй пастаўленыя людзі. Ён не быў ліслівым ні хлопчыкам, ні потым дарослым чалавекам, але ў яго з самых маладых гадоў было тое, што ён, як муха да святла, цягнуўся да найвышэй пастаўленых у свеце людзей, засвойваў сабе іх прыёмы, іх погляды на жыццё і з імі наладжваў сяброўскія адносіны. Усе захапленні маленства і маладосці прайшлі для яго, не пакінуўшы глыбокага следу; ён аддаваўся і пажадлівасці і пыхлівасці, і — пазней, у вышэйшых класах — ліберальнасці, аднак усё у пэўных межах, якія дакладна падказвала яму ягонае пачуццё.

Былі ў Правазнаўстве дапушчаны ім учынкі, якія раней уяўляліся яму вялікім паскудствам і выклікалі ў ім агіду да самога сябе ў той час, як ён дапускаў іх; але пазней, убачыўшы, што ўчынкі гэтыя дапускаліся людзьмі і высока пастаўленымі і не лічыліся імі благімі, ён не тое што прызнаў іх добрымі, але зусім забыўся на іх і зусім не перажываў, калі іх прыгадваў.

Калі Іван Ільіч пасля дзесятага класа выйшаў з Правазнаўства і атрымаў ад бацькі грошы на абмундзіроўку, ён заказаў сабе адзенне ў Шармера, павесіў на бірулькі медалёк з надпісам: «respice finem» [2] развітаўся з прынцам і выхавальнікам, паабедаў з таварышамі ў Дадона і з новым модным чамаданам, бялізнаю і адзежаю, брытваю, рэчамі туалету і пледам, заказанымі і купленымі ў самых лепшых крамах, выехаў у правінцыю на месца чыноўніка асобых даручэнняў губернатара, якое падрыхтаваў яму бацька.

У правінцыі Іван Ільіч адразу наладзіў сабе гэткія ж лёгкія і прыемныя ўмовы, якія былі ў яго і ў Правазнаўстве. Ён служыў, рабіў кар’еру і разам з тым добра і прыстойна весяліўся; зрэдку ён ездзіў па даручэнні начальства ў паветы, трымаў сябе годным чынам і з вышэйшымі і з ніжэйшымі і з непадкупнай сумленнасцю, якою не мог не ганарыцца, выконваў ускладзеныя на яго даручэнні, пераважна па справах раскольнікаў.

У службовых справах ён быў, нягледзячы на сваю маладосць і схільнасць да бесклапотнае весялосці, надзвычай стрыманы, афіцыйны і нават строгі; аднак у грамадскіх ён быў часта дураслівы і дасціпны і заўсёды дабрадушны, прыстойны і bon enfant [3], як казаў пра яго ягоны начальнік і начальніца, у якіх ён быў сваім чалавекам.

Была ў правінцыі і сувязь з адною дамаю, якая навязалася франтаватаму правазнаўцу; была і мадыстка; былі і выпіўкі з прыезджымі флігель-ад’ютантамі і паездкі ў дальнюю вуліцу пасля вячэры; было і падслужванне начальніку і нават жонцы начальніка, аднак усё гэта насіла на сабе такі высокі тон прыстойнасці, што ўсё гэта падыходзіла толькі пад рубрыку французскага выслоўя: il fant gue jeunesse se passe [4]. Усё рабілася чыстымі рукамі, у чыстых кашулях, з французскімі словамі і, галоўнае, у самым высокім грамадстве, значыць, са згоды высокіх людзей.

Гэтак праслужыў Іван Ільіч пяць гадоў, і прыйшла перамена па службе. Паявіліся новыя судовыя ўстановы; патрэбны былі новыя людзі.

I Іван Ільіч стаў гэтым новым чалавекам.

Івану Ільічу прапанавана было месца судовага следчага, і Іван Ільіч прыняў яго, нягледзячы на тое, што месца гэта было ў іншай губерніі, і яму трэба было парываць прывычныя сувязі і наладжваць новыя. Івана Ільіча праводзілі сябры, арганізавалі групу, паднеслі яму сярэбраную папяросніцу, і ён паехаў на новае месца.

Іван Ільіч быў гэткім жа comme il fant’ным, прыстойным судовым следчым як да гэтага і чыноўнікам асобых даручэнняў, ён умеў аддзяляць службовыя абавязкі ад прыватнага жыцця і выклікаў агульную павагу да сябе. Сама служба следчага ўяўляла для Івана Ільіча значна большую цікавасць і прывабнасць за ранейшую. На ранейшай службе прыемна было вольнаю хадою ў шармераўскім віцмундзіры прайсці міма баязлівых просьбітаў, якія чакалі прыёму, і службовых асоб, якія зайздросцілі яму, проста ў кабінет начальніка і сесці з ім за чай з папяросаю; аднак людзей, якія непасрэдна залежалі ад ягонага свавольства, было мала. Такія людзі былі толькі спраўнікі і раскольнікі, калі яго пасылалі з даручэннямі; і ён любіў пачціва, амаль па-таварыску абыходзіцца з такімі людзьмі, якія залежалі ад яго, любіў, каб яны адчулі, што вось ён, усемагутны, па-сяброўску, проста ставіцца да іх. Такіх людзей тады было мала. Цяпер жа, судовым следчым, Іван Ільіч адчуваў, што ўсе, усе без выключэння, самыя важныя, самаздаволеныя людзі — усе ў ягоных руках і што яму варта толькі напісаць вядомыя словы на паперы з загалоўкам, і гэтага важнага, самаздаволенага чалавека прывядуць да яго ў якасці абвінавачанага або сведкі, і той будзе, калі ён не захоча пасадзіць яго, стаяць перад ім і адказваць на ягоныя пытанні. Іван Ільіч ніколі не злоўжываў гэтай сваёй уладай, наадварот, стараўся змякчаць праяўленне яе; аднак уведамленне гэтае ўлады і магчымасць змякчаць яе складалі для яго галоўную цікавасць і прывабнасць яго новай службы. У самой жа службе, менавіта ў яе выніках, Іван Ільіч вельмі хутка засвоіў прыём адхілення ад сябе ўсіх акалічнасцей, якія не тычыліся службы, і надання любой самай складанай справе такой формы, пры якой бы справы толькі знешнім чынам адбіваліся на паперы і пры якой цалкам бы выключалася яго асабістая думка і, галоўнае, захоўвалася б уся патрэбная фармальнасць. Справа гэта была новая. I ён быў адзін з першых, хто выпрацаваў на практыцы прыдатнасць статутаў 1864 года.

Абсталяваўшыся ў новым горадзе на месцы судовага следчага, Іван Ільіч зрабіў новыя знаёмствы, сувязі, па-новаму паставіў сябе і ўзяў крышку іншы тон. Ён паставіў сябе на пэўнай адлегласці ад губернатарскіх улад, выбраў лепшае кола з судзейскіх і багатых дваран, якія жылі ў горадзе, і ўзяў тон лёгкай незадаволенасці ўрадам, памяркоўнай ліберальнасці і цывілізаванае грамадзянскасці. Пры гэтым, ніколькі не змяніўшы элегантнасці свайго туалету, Іван Ільіч на новай пасадзе перастаў прагольваць падбародак і даў волю барадзе расці, дзе яна хоча.

Жыццё Івана Ільіча і ў новым горадзе склалася вельмі прыемна: грамадства, якое франдзіравала супроць губернатара, было дружнае і добрае; пэнсія была большая, і немалую радасць ў жыцці дадаў тады віст, у які пачаў гуляць Іван Ільіч; ён меў здольнасць гуляць у карты весела, хутка і вельмі тонка кеміў і таму амаль заўсёды выйграваў.

Пасля двух гадоў службы ў новым горадзе Іван Ільіч сустрэўся са сваёй будучай жонкай. Праскоўя Федараўна Міхель была самая прывабная, разумная, бліскучая дзяўчына таго гуртка, які часта наведваў Іван Ільіч. У ліку іншых забавак, у вольны ад службы час Іван Ільіч наладзіў жартаўлівыя лёгкія адносіны з Праскоўяй Федараўнай.

Калі Іван Ільіч быў чыноўнікам асобых даручэнняў, ён наогул танцаваў; судовым жа следчым ён ужо танцаваў як выключэнне. Ён танцаваў ужо ў тым сэнсе, што хоць і па новых установах і ў пятым класе, але калі справа будзе тычыцца танцаў, дык ён зможа давесці, што ў гэтым сэнсе ён можа лепш за іншых. Так, зрэдку ён у канцы вечара танцаваў з Праскоўяй Федараўнай і пераважна ў часе гэтых танцаў і перамог Праскоўю Федараўну. Яна закахалася ў яго. Іван Ільіч не меў пэўнага, выразнага намеру жаніцца, але калі дзяўчына закахалася ў яго, ён задаў сабе гэтае пытанне. «Сапраўды, а чаму б не ажаніцца?» — сказаў ён сабе.

Дзяўчына Праскоўя Федараўна была добрага дваранскага роду, прыгожая; было невялічкае багацце. Іван Ільіч мог разлічваць на лепшую партыю, але і гэта партыя была добрая. У Івана Ільіча была ягоная пэнсія, у яе, ён спадзяваўся, будзе столькі ж. Добрая сваяцкасць; яна — мілая, прыгожая і вельмі прыстойная жанчына. Сказаць, што Іван Ільіч ажаніўся таму, што ён пакахаў сваю нявесту і знайшоў у яе спачуванне сваім поглядам на жыццё, было б гэтак жа несправядліва, як і сказаць тое, што ён ажаніўся таму, што людзі ягонае кампаніі ўхвалялі гэту партыю. Іван Ільіч ажаніўся па абодвух меркаваннях: ён зрабіў прыемнае для сябе, прыдбаўшы гэтакую жонку, і разам з тым рабіў тое, што найвышэй пастаўленыя людзі лічылі за правільны крок.

I Іван Ільіч ажаніўся.

Сам працэс жаніцьбы і першая пара шлюбнага жыцця, з сямейнымі ласкамі, новаю мэбляю, новым посудам, новаю бялізнаю, да жончынай цяжарнасці прайшла вельмі добра, і Іван Ільіч пачынаў ужо думаць, што жаніцьба не толькі не парушыць таго характару жыцця, лёгкага, прыемнага, вясёлага і заўжды прыстойнага, ухваленага грамадствам, які Іван Ільіч лічыў уласцівым жыццю наогул, але зробіць яго яшчэ больш яркім. Аднак з першых жа месяцаў жончынай цяжарнасці паявілася штось новае, гэтакае нечаканае, непрыемнае, цяжкае і непрыстойнае, чаго нельга было чакаць і ад чаго ніяк нельга было адкараскацца.

Жонка без усякае падставы, як здавалася Івану Ільічу, de gaité de coeur [5], як ён казаў сабе, пачала парушаць прыемнасць і прыстойнасць жыцця: яна без усякае прычыны раўнавала яго, патрабавала ад яго ўвагі да сябе, да ўсяго чаплялася і рабіла яму непрыемныя і грубыя сцэны.

Спачатку Іван Ільіч спадзяваўся вызваліцца ад непрыемнасці гэткага становішча тым самым лёгкім і прыстойным стаўленнем да жыцця, якое выручала яго раней,— ён спрабаваў ігнараваць жончын настрой і па-ранейшаму жыць лёгка і прыемна: запрашаў да сябе сяброў гуляць у карты, спрабаваў сам ездзіць у клуб ці да прыяцеляў. Але жонка аднойчы з гэткай энергіяй пачала грубымі словамі лаяць яго і гэтак упарта працягвала лаяць яго кожны раз, калі ён не выконваў яе патрабаванняў,— відаць, надумала лаяць яго да тае пары, пакуль ён не скарыцца, гэта значыць, не будзе сядзець дома і не будзе гэтак жа, як і яна, нудзіцца,— што Іван Ільіч жахнуўся. Ён зразумеў, што сямейнае жыццё — ва ўсякім разе з ягонаю жонкаю — не заўсёды садзейнічае жыццёвым радасцям і ўцехам, а, наадварот, часта парушае іх, і што таму неабходна ахаваць сябе ад гэтых парушэнняў. I Іван Ільіч пачаў шукаць сродкі для гэтага. Служба было адно, што імпанавала Праскоўі Федараўне, і Іван Ільіч дзякуючы службе і абавязкам, якія вынікалі з яе, пачаў змагацца з жонкаю, ратуючы свой незалежны свет.

З нараджэннем дзіцяці, спробамі кармлення і рознымі няўдачамі пры гэтым, з хваробамі сапраўднымі і ўяўнымі дзіцяці і маці, у часе якіх ад Івана Ільіча патрабавалася спагада, але ў якіх ён нічога не мог зразумець, патрэба для Івана Ільіча выгарадзіць сабе свет па-за сям’ёю зрабілася яшчэ больш пільнаю.

Па меры таго як жонка рабілася ўсё больш зласлівая і патрабавальная, Іван Ільіч таксама ўсё больш і больш пераносіў цэнтр цяжару свайго жыцця на службу. Ён стаў больш любіць службу і зрабіўся больш чым раней прагны да славы.

Вельмі хутка, не далей як праз год пасля жаніцьбы, Іван Ільіч зразумеў, што сямейнае жыццё, уяўляючы пэўныя зручнасці ў жыцці, па сутнасці, ёсць дужа складаная і цяжкая справа, у адносінах да якое, для таго каб выканаць свой абавязак, гэта значыць, весці прыстойнае, ухваленае грамадствам жыццё, трэба выпрацаваць пэўныя адносіны, як і да службы.

I такія адносіны да сямейнага жыцця выпрацаваў Іван Ільіч. Ён патрабаваў ад сямейнага жыцця толькі тых выгод хатняга абеду, гаспадыні, пасцелі, якія яно магло даць яму, і, галоўнае, тае прыстойнасці знешніх формаў, якія вызначаліся грамадскаю думкаю. У астатнім жа ён шукаў вясёлае прыемнасці і, калі знаходзіў іх, быў вельмі ўдзячны; калі ж сустракаў адпор і бурклівасць, дык адразу ж уцякаў у свой асобны, выгараджаны ім службовы свет і ў ім знаходзіў уцеху.

Івана Ільіча цанілі як добрага служаку, і праз тры гады зрабілі таварышам пракурора. Новыя абавязкі, значэнне іх, магчымасць прыцягнуць да суда і пасадзіць любога ў астрог, публічнасць прамоў, поспех, які ў гэтай справе меў Іван Ільіч,— ўсё гэта яшчэ больш уцягвала яго ў работу.

Пайшлі дзеці. Жонка рабілася ўсё больш зласліваю, аднак выпрацаваныя Іванам Ільічом адносіны да хатняга жыцця рабілі яго амаль глухім перад яе бурклівасцю.

Пасля сямі гадоў службы ў адным горадзе Івана Ільіча перавялі на месца пракурора ў іншую губерню. Яны пераехалі, грошай было мала, і жонцы не спадабалася тое месца, куды яны пераехалі. Пэнсія была хоць і большая за ранейшую, але жыццё было даражэйшае; апрача таго, памерла двое дзяцей, і таму сямейнае жыццё яшчэ больш абрыдла для Івана Ільіча.

Праскоўя Федараўна ва ўсіх няшчасцях, якія здарыліся на гэтым новым месцы жыхарства, папракала мужа. Большасць тэм для размоў паміж мужам і жонкаю, асабліва выхаванне дзяцей, наводзіла на пытанні, пры якіх прыгадваліся сваркі, і сваркі кожную хвіліну гатовы былі зноў разгарэцца. Аставаліся толькі тыя рэдкія перыяды закаханасці, якія находзілі на Праскоўю Федараўну і Івана Ільіча, але яны хутка міналіся. Гэта былі астраўкі, да якіх яны прыставалі на нейкі час, а потым зноў рушылі ў мора прытоенае варожасці, якая выяўлялася ў адчужанасці адно да аднаго. Адчужанасць гэтая магла б засмучаць Івана Ільіча, каб ён лічыў, што гэтак не павінна быць, але ён цяпер прызнаваў ужо гэтае становішча не толькі як звычайнае, а і як мэту свае дзейнасці ў сям’і. Мэта ж ягоная была ў тым, каб усё больш і больш вызваляць сябе ад гэтых непрыемнасцей і надаваць ім характар бясшкоднасці і прыстойнасці; і ён дасягаў гэтага тым, што ўсё меней і меней праводзіў часу з сям’ёю, а калі і вымушаны быў гэта рабіць, дык стараўся забяспечваць сваё становішча прысутнасцю пабочных асоб. Галоўнае ж тое, што ў Івана Ільіча была служба. У службовым свеце засяродзіўся для яго ўвесь сэнс жыцця. I гэты сэнс паглынаў яго. Усведамленне сваёй улады, магчымасць загубіць любога чалавека, якога ён захоча загубіць, паважнасць, нават знешняя, калі ён заходзіў у суд і сустракаўся з падначаленымі, поспех свой перад вышэйшымі і падначаленымі і, галоўнае, уменне весці справы, якое ён адчуваў,— усё гэта радавала яго і разам з гутаркамі з таварышамі, абедамі і вістам напаўняла ягонае жыццё. Такім чынам жыццё Івана Ільіча па-ранейшаму ішло гэтак, як ён і лічыў, што яно павінна было ісці: прыемна і прыстойна.

Гэтак пражыў ён яшчэ сем гадоў. Старэйшай дачцэ было ўжо шаснаццаць гадоў, яшчэ адно дзіця памерла, аставаўся хлопчык-гімназіст, прычына неладоў. Іван Ільіч хацеў аддаць яго ў Правазнаўства, а Праскоўя Федараўна на злосць яму аддала ў гімназію. Дачка вучылася дома і расла добра, хлопчык таксама вучыўся някепска.

ІІІ


Гэтак ішло жыццё Івана Ільіча на працягу семнаццаці гадоў з дня жаніцьбы. Ён ужо быў стары пракурор, які адмовіўся ад некаторых перамяшчэнняў — чакаў больш жаданага месца. I тут раптам выявілася адна непрыемная акалічнасць, якая зусім парушыла яго жыццёвы спакой. Іван Ільіч чакаў месца старшыні ва універсітэцкім горадзе, але Гопе неяк забег наперад і заняў тое месца. Іван Ільіч раззлаваўся, стаў папракаць і пасварыўся з ім і з бліжэйшым начальствам; на яго затоілі крыўду і пры наступным назначэнні яго зноў абышлі.

Гэта было ў 1880 годзе. Гэты год быў самы цяжкі ў жыцці Івана Ільіча. У гэтым годзе выявілася, з аднаго боку, што пэнсіі не хапае на жыццё; з другога — што ўсе на яго забыліся і што тое, што здавалася для яго ў адносінах да яго найвялікшай, самай жорсткай несправядлівасцю, для іншых уяўлялася зусім звычайнай справай. Нават бацька не лічыў сваім абавязкам памагаць яму. Ён адчуў, што ўсе пакінулі яго, бо лічылі ягонае становішча з 3500 пэнсіі самым звычайным і нават шчаслівым. Ён адзін ведаў, што з улікам тае несправядлівасці, якая была яму зроблена, і з вечным жончыным пілаваннем, і з даўгамі, якія ён стаў рабіць, жывучы не па сродках,— ён адзін ведаў, што ягонае становішча далёка не нармальнае.

Улетку гэтага года, каб неяк аблегчыць сродкі, ён узяў адпачынак і паехаў пражыць з жонкаю лета ў вёсцы ў брата Праскоўі Федараўны.

У вёсцы, без службы Іван Ільіч упершыню адчуў не толькі маркоту, але маркоту нясцерпную, і вырашыў, што гэтак жыць нельга і неабходна прымаць нейкія рашучыя захады.

Правёўшы бяссонную ноч у безупыннай хадзе па тэрасе, Іван Ільіч вырашыў ехаць у Пецярбург клапатаць і, каб пакараць іх, тых, якія не ўмелі ацаніць яго, перайсці ў іншае міністэрства.

На другі дзень, нягледзячы на ўсе жончыны і швагравы адгаворы, ён паехаў у Пецярбург.

Ён ехаў па адно: выпрасіць месца ў пяць тысяч пэнсіі. Ён ужо не трымаўся ніякага міністэрства, напрамку або роду дзейнасці. Яму патрэбна было толькі месца, месца з пяццю тысячамі, па адміністрацыі, па банках, па чыгунцы, па ўстановах імператрыцы Марыі, нават таможні, але абавязкова пяць тысяч і абавязкова трэба было выйсці з міністэрства, дзе не ўмелі ацаніць яго.

I вось гэтая паездка Івана Ільіча скончылася дзіўным, нечаканым поспехам. У Курску падсеў у першы клас Ф. С. Ільін, знаёмы, і паведаміў свежую тэлеграму, атрыманую курскім губернатарам, што ў міністэрстве адбудзецца днямі пераварот: на месца Пятра Іванавіча ставяць Івана Сямёнавіча.

Пераварот гэты, апрача свайго значэння для Расіі, меў асаблівае значэнне для Івана Ільіча тым, што ён, высоўваючы новую асобу, Пятра Пятровіча і, магчыма, яго сябра Захара Іванавіча, быў у вышэйшай ступені спрыяльны для Івана Ільіча. Захар Іванавіч быў таварыш і сябар Івана Ільіча.

У Маскве паведамленне пацвердзілася. А па прыездзе ў Пецярбург, Іван Ільіч знайшоў Захара Іванавіча і атрымаў абяцанне надзейнага месца ў сваім ранейшым міністэрстве юстыцыі.

Праз тыдзень ён тэлеграфаваў жонцы:

«Захар месца Мілера пры першым дакладзе атрымліваю прызначэнне».

Іван Ільіч дзякуючы гэтай перастаноўцы асоб нечакана атрымаў у сваім ранейшым міністэрстве такое прызначэнне, пры якім ён апынуўся на дзве ступені вышэй за сваіх таварышаў: пяць тысяч пэнсіі і пад’ёмных тры тысячы пяцьсот. Уся злосць на ранейшых ворагаў сваіх і на ўсё міністэрства была забыта, і Іван Ільіч быў вельмі шчаслівы.

Іван Ільіч вярнуўся ў вёску вясёлы, здаволены, якім ён даўно не быў. Праскоўя Федараўна таксама павесялела, і між імі ўсталявалася перамір’е. Іван Ільіч расказваў пра тое, як яго ўсе ўшаноўвалі ў Пецярбургу, як усе тыя, якія былі ягонымі ворагамі, былі пасаромлены і ўвіхаліся цяпер перад ім, як зайздросцяць яго становішчу, расказваў пра тое, як усе яго моцна любілі ў Пецярбургу.

Праскоўя Федараўна слухала і рабіла выгляд, што яна верыць у гэта, і не пярэчыла ні ў чым, а рабіла толькі планы новага жыццёвага ўладкавання ў тым горадзе, куды яны пераязджалі. I Іван Ільіч з радасцю бачыў, што гэтыя планы былі і ягонымі планамі, што яны супадаюць і што зноў ягонае пазмрачнелае жыццё набывае сапраўдны, уласцівы яму характар вясёлае прыемнасці і прыстойнасці.

Іван Ільіч прыехаў на кароткі час. 10 верасня яму трэба было прымаць пасаду і, апрача таго, патрэбен быў час, каб уладкавацца на новым месцы, перавезці ўсё з правінцыі, прыкупіць, прызаказаць яшчэ шмат чаго; адным словам, уладкавацца так, як гэта вырашана было ў ягонае галаве, і амаль дакладна так, як гэта вырашана было і ў душы Праскоўі Федараўны.

I цяпер, калі ўсё ўладкавалася гэтак удала і калі яны сыходзіліся з жонкаю ў мэце і, апрача таго, мала жылі разам, яны гэтак дружна сышліся, як не сыходзіліся з першых гадоў жанатага свайго жыцця. Іван Ільіч спачатку думаў адразу забраць сям'ю, але намаганні сястры і зяця, якія раптам сталі асабліва ветлівыя і сваяцкія да Івана Ільіча і ягонае сям’і, зрабілі тое, што Іван Ільіч паехаў адзін.

Іван Ільіч паехаў, і вясёлы настрой, выкліканы ўдачаю і згодаю з жонкаю, увесь час не пакідаў яго. Знайшлася кватэра цудоўная, тое самае, аб чым марылі муж з жонкаю. Шырокія, высокія, у старым стылі прыёмныя пакоі, зручны грандыёзны кабінет, пакоі для жонкі і дачкі, класны пакой для сына — усё нібыта знарок прыдумана для іх. Іван Ільіч сам узяўся за ўладкаванне, выбіраў шпалеры, дадаткова купляў мэблю, больш са старызны, якой ён надаваў асаблівы камільфотны стыль, абіўку, і ўсё расло, расло і набывала той ідэал, пра які ён марыў. Калі ён напалову ўладкаваўся, ягонае ўладкаванне пераўзышло ўсё, пра што ён думаў. Ён разумеў той камільфотны, прыгожы і не пошлы характар, які набудзе ўсё, калі будзе гатова. Засынаючы, ён уяўляў сабе залу, якою яна будзе. Пазіраючы на гасціную, яшчэ не скончаную, ён ужо бачыў камін, экран, этажэрку і гэтыя крэсліцы раскіданыя, гэтыя блюды і талеркі па сценах і бронзы, калі яны ўсе стануць на свае месцы. Яго радавала думка, як ён здзівіць Пашу і Лізаньку, якія таксама маюць да гэтага густ. Яны зусім не чакаюць гэтага. Асабліва яму ўдалося знайсці і танна купіць старыя рэчы, якія надавалі ўсяму асабліва шляхетны характар. Ён у лістах сваіх знарок паказваў усё горш, чым ёсць, каб здзівіць іх. Усё гэта так займала яго, што нават новая служба ягоная, якую ён любіў, займала яго менш, чым ён чакаў. У часе пасяджэнняў у яго былі хвіліны няўважлівасці: ён пачынаў думаць пра тое, якія карнізы на гардзіны, простыя ці падагнутыя. Ён так быў заняты гэтым, што сам часта корпаўся, перастаўляў нават мэблю і сам перавешваў гардзіны. Аднойчы ён залез на драбінку, каб паказаць безгустоўнаму абіўшчыку, як ён хоча драпіраваць, паслізнуўся і ўпаў, але, як дужы і спрытны чалавек, утрымаўся, толькі выцяў бок аб ручку рамы. Выцятае месца пабалела, але хутка аціхла. Іван Ільіч адчуваў сябе ўвесь гэты час асабліва вясёлым і здаровым. Ён пісаў: адчуваю, што з мяне зляцела гадоў пятнаццаць. Ён меркаваў скончыць у верасні, а зацягнулася да паловы кастрычніка. Затое атрымалася цудоўна,— не толькі ён казаў, але і яму казалі ўсе, хто бачыў.

Па сутнасці ж, было тое самае, што бывае ва ўсіх не зусім багатых людзей, аднак такіх, якія хочуць быць падобнымі да багатых і таму толькі падобны адзін да аднаго: штофы, чорнае дрэва, кветкі, дываны і бронзы, цёмнае і бліскучае,— усё тое, што ўсе славутага роду людзі прадпрымаюць, каб быць падобнымі да ўсіх людзей славутага роду. I ў яго было гэтак жа падобна, што нават нельга было звярнуць увагі; аднак яму ўсё гэта здавалася чымсьці незвычайным. Калі ён сустрэў сваіх на чыгуначнай станцыі, прывёз іх у сваю гатовую кватэру, і лёкай у белым гальштуку адчыніў дзверы ў пярэдні пакой, упрыгожаны кветкамі, а потым яны зайшлі ў гасціную, кабінет і ахкалі ад радасці,— ён быў дужа шчаслівы, вадзіў іх усюды, прымаў іх пахвалу і ззяў ад радасці. У гэты ж вечар, калі за чаем Праскоўя Федараўна спытала ў яго між іншым, як ён упаў, ён засмяяўся і вельмі выразна паказаў, як ён бразнуўся і напалохаў абіўшчыка.

— Нездарма я гімнаст. Хто іншы забіўся б, а я толькі крышку выцяўся вось тут; калі памацаеш — баліць, але праходзіць; проста сіняк.

I яны пачалі жыць у новым памяшканні, у якім, як заўсёды, калі добра абжыліся, не хапала толькі аднаго пакоя, і з новымі сродкамі, да якіх, як заўсёды, толькі крышку — якіх-небудзь пяцьсот рублёў — не хапала, і было вельмі добра. Асабліва было добра першы час, калі яшчэ не ўсё было ўладкавана і трэба было яшчэ ўладкоўваць: то купіць, то заказаць, то пераставіць, то наладзіць. Хоць і былі часам нелады паміж мужам і жонкаю, аднак абое гэтак былі рады і гэтак шмат было розных спраў, што ўсё канчалася без вялікіх сварак. Калі ж усё было ўладкавана, зрабілася нават крышку сумна і нечага стала як бы не хапаць, але тут ужо паявіліся знаёмыя, звычкі, і жыццё завіравала.

Іван Ільіч звычайна раніцу праводзіў у судзе, потым вяртаўся на абед; першы час ён хадзіў у гуморы, хаця іншы раз крышку і пакутаваў менавіта праз памяшканне. (Любая пляма на абрусе, на штофе, абарваны шнурок на гардзіне раздражнялі яго: ён гэтулькі паклаў працы на ўладкаванне, што яму балюча было любое разбурэнне.) А наогул жыццё ў Івана Ільіча пайшло так, як, згодна з ягонаю вераю, і павінна было ісці: лёгка, прыемна і прыстойна. Уставаў ён а дзевятай, піў каву, чытаў газету, потым надзяваў віцмундзір і ехаў у суд. Там ужо быў абмяты той хамут, у якім ён працаваў; ён адразу ж трапляў у яго. Просьбіты, даведкі ў канцылярыі, сама канцылярыя, пасяджэнні — публічныя і распарадчыя. З усяго гэтага трэба было ўмець выключаць усё тое сырое, жыццёвае, што заўжды парушае дакладны бег службовых спраў: трэба не дапускаць з людзьмі ніякіх адносін, апроч службовых, і повад да адносін павінен быць толькі службовы і самі адносіны толькі службовыя. Напрыклад, прыходзіць чалавек і хоча пра нешта дазнацца. Іван Ільіч як чалавек неслужбовы і не можа мець ніякіх адносін да такога чалавека; аднак, калі ёсць адносіны гэтага чалавека як да члена, такія, якія могуць быць выказаны на паперы з загалоўкам,— у межах гэтых адносін Іван Ільіч робіць усё, усё рашуча, што можна, і пры гэтым захоўвае форму чалавечых прыязных адносін, гэта значыць пачцівасць. Як толькі канчаюцца адносіны службовыя, канчаецца і ўсё іншае. Гэтым уменнем аддзяляць службовы бок, не блытаючы яго са сваім сапраўдным жыццём, Іван Ільіч валодаў у вышэйшай ступені і доўгай практыкай і талентам адпрацаваў яго да такой ступені, што ён нават, як віртуоз, часам дазваляў сабе, нібы жартам, блытаць чалавечыя і службовыя адносіны. Ён дазваляў гэта сабе таму, што адчуваў у сабе сілу заўсёды, калі яму трэба было, зноў вылучыць адны службовыя адносіны і адкінуць чалавечыя. Справы гэтыя ішлі ў Івана Ільіча не толькі лёгка, прыемна і прыстойна, але нават віртуозна. У часе перапынкаў ён курыў, піў чай, гутарыў крышку пра палітыку, крышку пра агульныя справы, крышку пра карты і больш за ўсё пра назначэнні. I стомлены, але з пачуццём віртуоза, які дасканала правёў сваю партыю, адну з першых скрыпак у аркестры, вяртаўся дадому. Дома дачка з маткаю куды-небудзь ездзілі або ў іх быў хто-небудзь; сын хадзіў у гімназію, рыхтаваў урокі з рэпетытарамі і старанна вывучаў тое, што выкладалі ў гімназіі. Усё было добра. Пасля абеду, калі не было гасцей, Іван Ільіч іншы раз чытаў кнігу, пра якую шмат гаварылі, а ўвечары садзіўся за працу — чытаў паперы, праглядаў законы, звяраў паказанні і падводзіў пад законы. Яму ад гэтага было ні нудна, ні весела. Нудна было, калі можна было гуляць у вінт; а калі не было вінта — дык гэта было ўсё ж лепей, чым сядзець аднаму або з жонкаю. Радасцю ж у Івана Ільіча былі маленькія абеды, на якія ён запрашаў важных па свецкім становішчы дам і мужчын, і такое баўленне часу з імі, якое было б падобна да звычайнага баўлення часу такіх людзей, гэтак жа як ягоная гасціная была падобна да ўсіх гасціных.

Аднаго разу ў іх быў нават вечар, танцавалі. I Івану Ільічу было весела, і ўсё было добра, толькі ўзгарэлася вялікая сварка з жонкаю праз тарты і цукеркі: у Праскоўі Федараўны быў свой план, а Іван Ільіч настояў на тым, каб узяць усё ў дарагога кандытара, і ўзяў шмат тартоў, і сварка ўзгарэлася праз тое, што тарты асталіся, а кандытараў рахунак быў на сорак пяць рублёў. Сварка была вялікая і непрыемная, Праскоўя Федараўна нават кінула яму: «Дурань, кісляй». А ён схапіў сябе за галаву і злосна сказаў штосьці пра развод. Але сам вечар быў вясёлы. Была лепшая кампанія, і Іван Ільіч танцаваў з княгіняю Труфанавай, сястрою той, якая была вядома заснаваннем таварыства «Унеси ты мое горе». Радасці службовыя былі радасцямі самалюбства; радасці грамадскія былі радасцямі пыхлівасці; аднак сапраўднымі радасцямі Івана Ільіча былі радасці гульні ў вінт. Ён прызнаваўся, што пасля ўсяго, пасля ўсіх падзей, невясёлых у ягоным жыцці, радасць, якая, як свечка, гарэла перад усімі іншымі,— гэта сесці з добрымі ігракамі і некрыкунамі-партнёрамі ў вінт, і абавязкова ўчатырох (упяцёх надта ж балюча выходзіць, хоць і прыкідваешся, што я дужа люблю), і весці разумную, сур’ёзную гульню (калі карты ідуць), потым павячэраць і выпіць шклянку віна. А спаць пасля вінту, асабліва калі ў невялічкім выйгрышы (вялікі — непрыемна), Іван Ільіч клаўся ў асабліва добрым настроі.

Гэтак яны жылі. Таварыскае кола было ў іх самае лепшае, ездзілі і паважныя людзі і маладыя людзі.

У поглядах на кола сваіх знаёмых муж, жонка і дачка былі аднадушныя і, не згаворваючыся, аднолькава пазбаўляліся розных прыяцеляў і сваякоў, мурзаў, якія зляталіся да іх з пяшчотамі ў гасціную з японскімі блюдамі на сценах. Неўзабаве гэтыя сябры мурзы перасталі злятацца, і ў Галавіных асталася кампанія адна самая лепшая. Маладыя людзі заляцаліся да Лізанькі, і Пятрышчаў, сын Дзмітрыя Іванавіча Пятрышчава і адзіны спадчыннік ягонага багацця, судовы следчы, пачаў заляцацца да Лізы, таму Іван Ільіч ужо гаварыў аб гэтым з Праскоўяй Федараўнай: ці не звесці іх катацца на тройках, ці наладзіць спектакль. Гэтак яны жылі. I ўсё ішло гэтак, без перамен, і ўсё было вельмі добра.

IV


Усе былі здаровыя. Нельга было назваць нездароўем тое, што Іван Ільіч казаў часам, што ў яго дзіўны смак у роце і штось непрыемна ў левым баку жывата.

Аднак атрымалася, што непрыемнасць гэтая стала расці і пераходзіць яшчэ не ў боль, але ў разуменне пастаяннага цяжару ў баку і ў кепскі настрой. Гэты кепскі настрой ўсё больш і больш пагаршаўся і стаў псаваць прыемнасць лёгкага і спакойнага жыцця, якое было ўсталявалася ў сям'і Галавіных. Муж з жонкаю пачалі часцей і часцей сварыцца, і неўзабаве гэтая лёгкасць, гэты спакой зніклі і з цяжкасцю захоўвалася адна прыстойнасць. Зноў пачасціліся сцэны. Зноў асталіся адны астраўкі, ды і тых мала, на якіх бы муж з жонкаю маглі сыходзіцца без выбуху.

I Праскоўя Федараўна цяпер не без падставы казала, што ў яе мужа цяжкі характар. З уласціваю ёй звычкаю пераўвялічваць яна казала, што заўсёды і быў такі жахлівы характар, што трэба мець яе сэрца, каб цярпець гэта дваццаць гадоў. Праўда была ў тым, што сваркі цяпер пачыналіся ад яго. Пачыналіся ягоныя прычапкі заўжды перад самым абедам і часта, менавіта калі ён пачынаў есці, за супам. То ён заўважаў якую-небудзь папсаваную пасуду, то страва была не такая, то сын паклаў локці на стол, то доччына прычоска. I ва ўсім ён абвінавачваў Праскоўю Федараўну. Праскоўя Федараўна спачатку пярэчыла і гаварыла яму непрыемнасці, але ён разы два ў самым пачатку абеду гэтак раз'юшваўся, што яна зразумела, што гэта хваравіты стан, які выклікаецца ў яго прынятай стравай, і супакоіла сябе; ужо не пярэчыла, а толькі прыспешвала абедаць. Пакорлівасць сваю Праскоўя Федараўна паставіла сабе ў вялікую заслугу. Як толькі яна зразумела, што яе муж мае жахлівы характар і што ён зрабіў яе няшчаснай у жыцці, яна пачала шкадаваць сябе. I чым болей яна шкадавала сябе, тым больш ненавідзела мужа. Яна ўжо хацела, каб ён памёр, але не магла гэтага хацець, таму, што тады не было б пэнсіі. I гэта яшчэ болей раздражняла яе супроць яго. Яна лічыла сябе страшэнна няшчаснай менавіта праз тое, што нават ягоная смерць не магла выратаваць яе, і яна раздражнялася, хавала гэта, і гэта прытоенае яе раздражненне яшчэ больш павялічвала ягонае раздражненне.

Пасля аднае сцэны, у часе якой Іван Ільіч быў асабліва несправядлівы і пасля якой ён сказаў, што ён сапраўды зласлівы, аднак гэта праз хваробу, яна адказала яму, што калі ён хворы, дык трэба лячыцца, і патрабавала ад яго, каб ён паехаў да славутага доктара.

Ён паехаў. Усё было, як ён і чакаў; усё было гэтак, як заўсёды робіцца. I чаканне, і важнасць напускная, дакторская, яму знаёмая, тая самая, якую ён ведаў у сябе ў судзе, і пастукванне, і выслухванне, і пытанні, якія ўжо наперад патрабавалі пэўных і, відаць, непатрэбных адказаў, і важны выгляд, які казаў, што вы, маўляў, толькі пападзіцеся да нас, а мы ўжо ўсё зробім,— мы ведаем, як усё зрабіць, усё на адзін манер для любога, якога хочаце, чалавека. Усё было дакладна гэтак жа, як у судзе. Як ён у судзе рабіў выгляд перад падсуднымі, дакладна гэтак жа рабіў перад ім выгляд і славуты доктар.

Доктар казаў: і гэта і гэта сведчыць аб тым, што ў вас у сярэдзіне тое і тое; аднак калі гэта не пацвердзіцца па даследаваннях таго і таго, дык у вас, трэба думаць, тое, тады... і г. д. Для Івана Ільіча мела значэнне толькі адно пытанне: небяспечнае яго становішча ці не? Аднак доктар ігнараваў гэта недарэчнае пытанне. З пункту гледжання доктара, пытанне гэта было пустое і не падлягала абмеркаванню; існавала толькі ўзважванне магчымасцей — блукаючай ныркі, хранічнага катару і хваробы сляпой кішкі. Не стаяла пытанне пра жыццё Івана Ільіча, а была спрэчка паміж блукаючай ныркай і сляпой кішкой. I спрэчку гэту на вачах у Івана Ільіча доктар вырашыў бліскучым чынам у карысць сляпой кішкі, зрабіўшы агаворку аб тым, што даследаванне мачы можа даць новыя доказы і што тады справа будзе перагледжана. Усё гэта было дакладна тое ж самае, што рабіў тысячу разоў сам Іван Ільіч над падсуднымі гэткім бліскучым манерам. Гэтак жа бліскуча зрабіў сваё рэзюме доктар і з урачыстым выглядам, весела нават, зірнуў паўзверх акуляраў на падсуднага. З рэзюме доктара Іван Ільіч зрабіў заключэнне, што справы кепскія, а яму, доктару, ды, бадай, і ўсім усё роўна, а ў яго справы кепскія. I гэтае заключэнне хваравіта ўразіла Івана Ільіча, яно выклікала ў ім пачуццё вялікага жалю да сябе і вялікае злосці да гэтага доктара, які праявіў абыякавасць ў такім важным пытанні.

Але ён нічога не сказаў, устаў, паклаў грошы на стол і, уздыхнуўшы, сказаў:

— Мы, хворыя, відаць, часта робім вам недарэчныя пытанні,— сказаў ён.— Наогул, гэта небяспечная хвароба ці не?..

Доктар строга зірнуў на яго адным вокам праз акуляры, нібыта сказаў: падсудны, калі вы не будзеце трымаць сябе ў межах пытанняў, якія я перад вамі стаўлю, я буду вымушаны зрабіць распараджэнне, каб вас выдалілі з залы пасяджэнняў.

— Я ўжо сказаў вам тое, што лічыў патрэбным і зручным,— сказаў доктар.— Далейшае пакажа даследаванне.— I доктар пакланіўся.

Іван Ільіч павольна выйшаў, маркотна сеў у сані і паехаў дадому. Усю дарогу ён не перастаючы перабіраў усё, што гаварыў доктар, намагаючыся ўсе гэтыя заблытаныя, незразумелыя навуковыя словы перакласці на простую мову і прачытаць у іх адказ на пытанне: кепска — ці дужа кепска мне, ці яшчэ нічога? I яму здавалася, што сэнс усяго сказанага доктарам быў той, што дужа кепска. Івану Ільічу здалося, што на вуліцах усё журботна. Рамізнікі былі журботныя, дамы журботныя, прахожыя, крамы журботныя. Боль жа гэты, глухі, ныючы боль, які ні на хвіліну не пераставаў, здавалася, у сувязі з незразумелымі прамовамі доктара набываў іншае, больш сур’ёзнае значэнне. Іван Ільіч з новым цяжкім пачуццём цяпер прыслухоўваўся да яго.

Ён прыехаў дадому і стаў расказваць жонцы. Жонка выслухала, але ў сярэдзіне ягонага расказа зайшла дачка ў капялюшыку: яна збіралася з маці ехаць. Яна нехаця прысела паслухаць гэтую нуду, але доўга не вытрымала, і маці не даслухала.

— Ну, я вельмі рада,— сказала жонка,— дык цяпер ты, глядзі ж, прымай акуратна лекі. Дай рэцэпт, я пашлю Гарасіма ў аптэку.— I яна пайшла апранацца.

Ён не пераводзіў духу, пакуль яна была ў пакоі, і цяжка ўздыхнуў, калі яна выйшла.

— Ну што ж,— сказаў ён.— Магчыма, і на самай справе нічога яшчэ...

Ён стаў прымаць лекі, выконваць прадпісанні доктара, якія змяніліся з выпадку даследавання мачы. Але тут якраз так здарылася, што ў гэтым даследаванні і ў тым, што павінна было адбыцца потым, атрымалася нейкая блытаніна. Да самога доктара нельга было дабрацца, а выходзіла, што рабілася не тое, што казаў яму доктар. Ці ён забыўся, ці схлусіў, ці ўтойваў ад яго штосьці.

Аднак Іван Ільіч усё ж дакладна стаў выконваць прадпісанні і ў гэтым знайшоў суцяшэнне на першы час.

Галоўным заняткам Івана Ільіча з часу наведвання доктара стала дакладнае выкананне прадпісанняў доктара адносна гігіены і прыёму лекаў і прыслухоўванне да свайго болю, да работы свайго арганізма. Галоўную ўвагу Івана Ільіча сталі цяпер займаць людскія хваробы і людское здароўе. Калі пры ім гаварылі пра хворых, пра нябожчыкаў, пра тых, хто ачуньваў, асабліва пра такую хваробу, якая нагадвала ягоную, ён стараўся схаваць сваё хваляванне, прыслухоўваўся, распытваў і ўсё параўноўваў са сваёй хваробай.

Боль не аціхаў; але Іван Ільіч рабіў над сабою намаганне, каб прымусіць сябе думаць, што яму ўжо лепей. I яму ўдавалася ашукваць сябе, пакуль яго нічога не хвалявала. Але як толькі здаралася непрыемнасць з жонкаю, няўдача на службе, кепскія карты ў вінце, дык ён адразу ж пачынаў адчуваць усю сілу свае хваробы; бывала, ён цярпеў гэтыя няўдачы і чакаў, што вось-вось мінецца благое, адужаецца, прыйдзе поспех, вялікі шлем. Цяпер жа любая няўдача падкошвала яго і ўганяла ў адчай. Ён казаў сабе: вось толькі што я стаў ачуньваць і лекі пачалі ўжо дзейнічаць, і вось гэта праклятае няшчасце ці непрыемнасць... I ён злаваў на няшчасце ці на людзей, якія рабілі яму непрыемнасці і забівалі яго, і адчуваў, як гэтая злосць забівае яго; аднак не мог стрымаць яе. Здавалася б, яму павінна было быць зразумела, што гэтая злосць яго на абставіны і людзей ускладняе ягоную хваробу і што таму трэба яму не звяртаць увагі на непрыемныя выпадковасці; але ён разважаў зусім па-іншаму: ён казаў, што яму патрэбен спакой, сачыў за ўсім, што парушала гэты спакой, і пры самым нязначным парушэнні страшэнна злаваў. Пагаршала ягонае становішча тое, што ён чытаў медыцынскія кнігі і раіўся з дактарамі. Пагоршанне ішло гэтак непрыкметна, што ён мог сябе ашукваць, параўноўваючы адзін дзень з адным,— розніцы было мала. Аднак калі ён раіўся з дактарамі, тады яму здавалася, што ідзе да горшага і нават вельмі хутка. I нягледзячы на гэта, ён увесь час раіўся з дактарамі.

У гэтым месяцы ён наведаў яшчэ адну славутасць: славутасць сказала амаль тое ж самае, што і першая, праўда, іначай паставіла пытанні. Гутарка з гэтай славутасцю толькі павялічыла сумненні і страх Івана Ільіча. Прыяцель ягонага прыяцеля — доктар вельмі добры — той дык зусім па-іншаму вызначыў хваробу і, нягледзячы на тое, што абяцаў попраўку, сваімі пытаннямі і меркаваннямі яшчэ больш зблытаў Івана Ільіча і павялічыў ягоныя сумненні. Гамеапат — зноў-такі па-своему вызначыў хваробу і даў лекі, і Іван Ільіч, патаемна ад усіх, прымаў іх з тыдзень. Але потым, не адчуўшы палёгкі і страціўшы давер і да ранейшага лячэння і да гэтага, затужыў яшчэ болей. Неяк знаёмая кабета расказвала, як чалавека выратавалі абразы. Іван Ільіч злавіў сябе на тым, што ён уважліва прыслухоўваўся і правяраў сапраўднасць факта. Гэты выпадак напалохаў яго. «Няўжо я гэтак здурнеў? — сказаў ён сабе.— Глупства! Усё лухта, не трэба паддавацца падазронасці, трэба выбраць аднаго лекара і строга трымацца ягонага лячэння. Гэтак і буду рабіць. Цяпер ужо ўсё. Не буду думаць і да лета строга буду праводзіць лячэнне. А там будзе відаць. Цяпер канец гэтым хістанням!..» Лёгка было сказаць гэта, ды немагчыма выканаць. Боль у баку па-ранейшаму мучыў і як быццам рабіўся яшчэ больш пакутлівы, смак у роце рабіўся нейкі зусім дзіўны, яму здавалася, што тхнула чымсьці агідным з ягонага рота, апетыту і сілы ўсё больш бракавала. Нельга было сябе ашукваць: штосьці страшнае, новае і гэткае значнае — больш значнага ніколі ў жыцці не было з Іванам Ільічом — адбывалася ў ім. I ён адзін ведаў пра гэта, усе ж астатнія не разумелі або не хацелі разумець і думалі, што ўсё на свеце ідзе па-ранейшаму. Гэта якраз болей за ўсё мучыла Івана Ільіча. Хатнія — галоўнае жонка і дачка, якія былі ў самым разгары выездаў,— ён бачыў, нічога не разумелі, крыўдавалі на тое, што ён такі невясёлы і патрабавальны, як быццам бы ён быў вінаваты ў гэтым. Хоць яны і стараліся хаваць гэта, ён бачыў, што ён для іх перашкода, але што жонка выпрацавала ў сабе пэўныя адносіны да яго хваробы і трымалася незалежна ад таго, што ён гаварыў і рабіў. Адносіны гэтыя былі такія:

— Вы ведаеце,— казала яна знаёмым,— Іван Ільіч не можа, як усе добрыя людзі, строга выконваць прадпісанае лячэнне. Сёння ён прыме кроплі і есць, што загадана, і ў час ляжа; заўтра раптам, калі я недагледжу, забудзе прыняць, і з’есць асятрыны (а яму забаронена), ды і заседзіцца за вінтом да гадзіны.

— Ну, калі ж? — скажа Іван Ільіч з прыкрасцю.— Адзін раз у Пятра Іванавіча.

— А ўчора з Шэбекам.

— Усё роўна я не мог спаць ад болю...

— Ды там ужо што б ні было, толькі так ты ніколі не ачуняеш і мучыш нас.

Знешнія адносіны Праскоўі Федараўны да хваробы мужа, якія яна выказвала іншым і яму самому, былі такія, што ў хваробе гэтай вінаваты Іван Ільіч і ўся хвароба гэта ёсць новая непрыемнасць, якую ён робіць жонцы. Іван Ільіч адчуваў, што гэта атрымлівалася ў яе міжвольна, але ад гэтага яму лягчэй не было.

У судзе Іван Ільіч заўважаў або думаў, што заўважае, тыя ж дзіўныя да сябе адносіны: то яму здавалася, што да яго прыглядаюцца, як да чалавека, які збіраецца неўзабаве вызваліць месца; то раптам ягоныя прыяцелі пачыналі па-сяброўску жартаваць з ягонае недаверлівасці, нібы тое, штосьці жудаснае і страшнае, нечуванае, што завялося ў ім і не перастаючы смокча яго і нястрымна цягне кудысьці, ёсць самы прыемны аб’ект жарту. Асабліва Шварц сваёю дураслівасцю, жыццёвасцю і камільфотнасцю, якія нагадвалі Івану Ільічу яго самога за дзесяць гадоў назад, злаваў яго.

Прыходзілі сябры згуляць партыю, рассаджваліся. Здавалі новыя карты, складваліся звонкі да звонкаў, іх сем. Партнёр сказаў: без казыроў,— і падтрымаў дзве звонкі. Што ж яшчэ? Весела, бадзёра павінна б быць — шлем. I раптам Іван Ільіч адчувае гэты непрыемны боль, гэты смак у роце, і яму здаецца штось дзікае ў тым, што ён пры гэтым можа радавацца шлему.

Ён пазірае на Міхаіла Міхайлавіча, партнёра, як ён б’е па стале сангвініцкаю рукою і пачціва і паблажліва ўтрымліваецца ад захопу бітак, а падсоўвае іх Івану Ільічу, каб зрабіць яму прыемнасць збіраць іх, не турбуючы сябе, не працягваючы далёка рукі. «Няўжо ён думае, што я такі кволы, што не магу працягнуць далёка рукі»,— думае Іван Ільіч, забываецца на казыры і казырае лішні раз па сваіх і прайграе шлем без трох; і што самае жахлівае — гэта тое, што ён бачыць, як пакутуе Міхаіл Міхайлавіч, а яму ўсё роўна. I страшна думаць, чаму яму ўсё роўна.

Усе бачаць, што яму цяжка, і кажуць яму: «Мы можам скончыць, калі вы стаміліся. Вы адпачніце». Адпачыць? Не, ён зусім не стаміўся, яны дагульваюць робер. Усе змрочныя і маўклівыя. Іван Ільіч адчувае, што ён напусціў на іх гэтую змрочнасць і не можа яе развеяць. Яны вячэраюць і раз'язджаюцца, і Іван Ільіч астаецца адзін з усведамленнем таго, што ягонае жыццё атручана для яго і атручвае жыццё іншых і што атрута гэтая не слабне, а ўсё больш і больш працінае ўсю ягоную істоту.

I з гэтым усведамленнем, ды яшчэ з болем фізічным, ды яшчэ з жахам трэба было класціся ў пасцель і часта не спаць ад болю большую частку ночы. А раніцою трэба было зноў уставаць, апранацца, ехаць у суд, гаварыць, пісаць, а калі і не ехаць, дык быць дома з тымі ж дваццаццю чатырма гадзінамі ў сутках, з якіх кожная была пакутаю. I жыць гэтак на краі гібелі трэба было аднаму, без адзінага чалавека, які б зразумеў і пашкадаваў яго.

V


Гэтак цягнулася месяц і два. Перад новым годам прыехаў у іх горад ягоны швагер і спыніўся ў іх. Іван Ільіч быў у судзе. Праскоўя Федараўна ездзіла па пакупкі. У сваім кабінеце ён застаў швагра, дужага сангвініка, які раскладваў чамадан. Ён узняў галаву на крокі Івана Ільіча і паглядзеў на яго нейкую хвіліну моўчкі. Гэты позірк усё адкрыў Івану Ільічу. Швагер раскрыў рот, каб ахнуць, але стрымаўся. Гэты рух пацвердзіў усё.

— Што, змяніўся?

— Так... ёсць змена.

I колькі Іван Ільіч ні наводзіў потым швагра на размову пра яго знешні выгляд, швагер адмоўчваўся. Прыехала Праскоўя Федараўна, швагер пайшоў да яе. Іван Ільіч замкнуў на ключ дзверы і стаў глядзець на сябе ў люстра — проста, потым збоку. Узяў свой партрэт з жонкаю і параўнаў партрэт з тым, які ён бачыў у люстры. Змена была вялізная. Потым ён агаліў рукі да локця, паглядзеў, апусціў рукавы, сеў на атаманку і зрабіўся чорны як ноч.

«Не трэба, не трэба»,— сказаў ён сабе, падхапіўся, падышоў да стала, разгарнуў справу, пачаў чытаць яе, але не мог. Ён адамкнуў дзверы, пайшоў у залу. Дзверы ў гасціную былі прычынены. Ён падышоў да іх на дыбачках і прыслухаўся.

— Не, ты пераўвялічваеш,— казала Праскоўя Федараўна.

— Як гэта пераўвялічваю? Табе не відаць — ён мёртвы чалавек, зазірні ў ягоныя вочы. Няма святла. Што з ім?

— Ніхто не ведае. Нікалаеў (гэта быў іншы доктар) сказаў штось, але я не ведаю. Лешчаціцкі (гэта быў славуты доктар) сказаў зусім іншае...

Іван Ільіч адышоў, пайшоў да сябе, лёг і задумаўся: «Нырка, блукаючая нырка». Ён прыгадаў ўсё тое, што яму гаварылі дактары, як яна адарвалася і як блукае. I ён намаганнем фантазіі стараўся злавіць гэтую нырку і спыніць, умацаваць яе; гэтак мала трэба, здавалася яму. «Не, паеду яшчэ да Пятра Іванавіча». (Гэта быў той прыяцель, у якога быў прыяцелем доктар.) Ён пазваніў, загадаў запрэгчы каня і сабраўся ехаць.

— Куды ты, Jean? — спытала жонка з вельмі журботным і непрывычна лагодным выразам.

Гэта непрывычнае лагоднае раззлавала яго. Ён змрочна паглядзеў на яе.

— Мне трэба да Пятра Іванавіча.

Ён паехаў да прыяцеля, у якога быў прыяцель доктар. I з ім да доктара. Ён застаў яго і доўга гутарыў з ім.

Разглядаючы анатамічна і фізіялагічна падрабязнасці аб тым, што, на думку доктара, адбывалася ў ім, ён усё зразумеў.

Была адна штучка, маленькая штучка ў сляпой кішкі. Усё гэта магло паправіцца. Узмацніць энергію аднаго органа, аслабіць дзейнасць другога, пачнецца рассмоктванне, і ўсё паправіцца. Ён крыху спазніўся к абеду. Паабедаў, весела пагаварыў, але доўга не мог пайсці да сябе займацца. Нарэшце ён пайшоў у кабінет і адразу сеў за працу. Ён чытаў справы, працаваў, аднак усведамленне таго, што ў яго ёсць адкладзеная важная задушэўная справа, якою ён зоймецца пасля ўсяго, не пакідала яго. Калі ён скончыў са справамі, ён прыгадаў, што гэтая задушэўная справа былі думкі пра сляпую кішку. Але ён не аддаўся ім, ён пайшоў у гасціную піць чай. Былі госці, гутарылі і ігралі на фартэпіяна, спявалі; быў судовы следчы, жаданы жаніх дачкі. Іван Ільіч правёў вечар, на думку Праскоўі Федараўны, нават весялей за іншых, але ён ні на хвіліну не забываў, што ў яго ёсць адкладзеныя важныя думкі пра сляпую кішку. У адзінаццаць гадзін ён развітаўся і пайшоў да сябе. Ён спаў адзін з часу свае хваробы: у маленькім пакойчыку ля кабінета. Ён пайшоў, распрануўся і ўзяў раман Заля, але не чытаў яго, а думаў. I ў ягонай фантазіі адбывалася жаданае выпраўленне сляпой кішкі. Рассмоктвалася, выкідвалася, аднаўлялася правільная дзейнасць. «Усё гэта так,— сказаў ён сабе.— Толькі трэба памагаць прыродзе». Ён успомніў пра лекі, прыўстаў, прыняў іх, лёг на спіну, прыслухоўваючыся да таго, як жыватворна дзейнічаюць лекі і як яны сунімаюць боль. «Толькі ў час прымаць і пазбягаць шкодных уплываў; я ўжо зараз адчуваю крышку лепш, значна лепш».

Ён стаў мацаць бок,— навобмацак не баліць. «Так, я не адчуваю, сапраўды, ужо значна лепш». Ён патушыў свечку і лёг на бок... Сляпая кішка папраўляецца, рассмоктваецца. Раптам ён адчуў знаёмы стары, глухі, ныючы боль, упарты, ціхі, сур’ёзны. У роце тое ж знаёмае паскудства. Засмактала пад сэрцам, затуманілася ў галаве. «Бог ты мой, бог ты мой! — вымавіў ён.— Зноў, зноў, і ніколі не перастане». I раптам яму ўсё ўявілася зусім з іншага боку. «Сляпая кішка! Нырка,— сказаў ён сабе.— Не ў сляпой кішцы, не ў нырцы справа, а ў жыцці і... у смерці. Так, жыццё было і вось адыходзіць, адыходзіць, і я не магу ўтрымаць яго. Так. Навошта ашукваць сябе? Хіба не зразумела ўсім, апроч мяне, што я паміраю, і пытанне толькі ў ліку тыдняў, дзён — зараз, магчыма. Было святло, а цяпер морак. Быў я тут, а цяпер туды! Куды?» На яго павеяла холадам, дыханне спынілася. Ён чуў толькі ўдары сэрца.

«Мяне не будзе, дык што тады будзе? Нічога не будзе. Дык дзе я тады буду, калі мяне не будзе? Няўжо смерць? Не, не хачу». Ён падхапіўся, хацеў быў запаліць свечку, памацаў дрыготкімі рукамі, упусціў свечку з падсвечнікам на падлогу і зноў упаў назад, на падушку. «Навошта? Усё роўна,— казаў ён сабе, расплюшчанымі вачмі пазіраючы ў цемру.— Смерць. Так, смерць. I яны ніхто не ведаюць і не хочуць ведаць, і не жадаюць. Яны іграюць. (Ён чуў далёкі, з-за дзвярэй, голас ірытурнелі.) Ім усё роўна, а яны таксама памруць. Дурні. Мне раней, а ім потым; і ім тое ж будзе. А яны радуюцца. Мярзотнікі!» Злосць душыла яго. I яму зрабілася страшэнна цяжка. Не можа ж быць, каб усе заўсёды былі асуджаны на гэты жах. Ён устаў.

«Штосьці не так; трэба супакоіцца, трэба абдумаць усё спачатку». I вось ён пачаў абдумваць. «Так, пачатак хваробы. Стукнуўся бокам, і ўсё гэткі ж я быў, і сёння і заўтра; крышку ныла, потым болей, потым дактары, потым маркота, нуда, зноў дактары; а я ўсё ішоў бліжэй, бліжэй да прадоння. Сілы меней. Бліжэй, бліжэй. I вось я знясілеў, у маіх вачах святла няма. I смерць, а я думаю пра кішку. Думаю пра тое, каб паправіць кішку, а гэта смерць. Няўжо смерць?» Зноў яго апанаваў жах, ён задыхаўся, нахіліўся, стаў шукаць запалкі, націснуў локцем на тумбачку. Яна замінала яму і рабіла балюча, ён узлаваўся на яе, націснуў са злосці мацней і перакуліў тумбачку. Задыхаючыся, ён упаў на спіну і з хвіліны на хвіліну чакаў смерці.

Госці ад'язджалі ў гэты час. Праскоўя Федараўна праводзіла іх. Яна пачула падзенне і зайшла.

— Ты чаго?

— Нічога. Упусціў выпадкова.

Яна выйшла, прынесла свечку. Ён ляжаў, цяжка і часта дыхаючы, нібы чалавек, які прабег вярсту, і нерухомымі вачыма пазіраў на яе.

— Ты чаго, Jean?

— Нічо...га. У...пу...сціў. «Навошта гаварыць. Яна не зразумее»,— думаў ён.

Яна і сапраўды не зразумела. Яна падняла, запаліла яму свечку і адразу пайшла: ёй трэба было праводзіць госцю.

Калі яна вярнулася, ён гэтак жа ляжаў дагары, пазіраючы ў столь.

— Што з табою, горш?

— Так.

Яна паківала галавою, пасядзела.

— Ведаеш, Jean, я думаю, ці не запрасіць да цябе Лешчаціцкага.

Гэта значыць славутага доктара запрасіць і не пашкадаваць грошай. Ён з’едліва ўсміхнуўся і сказаў: «Не». Яна пасядзела, падышла і пацалавала яго ў лоб.

Ён ненавідзеў яе ўсімі сіламі душы ў той час, як яна цалавала яго, і ледзьве стрымліваўся, каб не адштурхнуць яе.

— Бывай. Бог дасць, заснеш.

— Так.

VI


Іван Ільіч бачыў, што ён памірае, і ўвесь час быў у роспачы.

У глыбіні душы Іван Ільіч ведаў, што ён памірае, аднак ён не толькі не прывык да гэтага, але проста не разумеў, ніяк не мог зразумець гэтага.

Той прыклад сілагізма, які ён ведаў з логікі Кізеветэра: Кай — чалавек, людзі смяротны, таму Кай смяротны, здаваўся яму ўсё жыццё правільным толькі ў адносінах да Кая, але ніяк не да яго. То быў Кай — чалавек, наогул чалавек, і гэта было зусім справядліва; аднак ён быў не Кай і не наогул чалавек, а ён заўжды быў зусім, зусім асабліваю істотаю, не падобнаю да іншых; ён быў Ваня з мама, з тата, з Міцем і Валодзем, з цацкамі, фурманам, з нянькаю, потым з Каценькаю, з усімі радасцямі, нягодамі, захапленнямі маленства, юнацтва, маладосці. Хіба для Кая быў той пах скуранога ў палоскі мячыка, які гэтак любіў Ваня! Хіба Кай цалаваў гэтак матчыну руку і хіба для Кая гэтак шамацеў шоўк складак матчынай сукенкі? Хіба ён бунтаваў за піражкі ў Правазнаўстве? Хіба Кай гэтак быў закаханы? Хіба Кай мог гэтак весці пасяджэнне?

Кай і сапраўды смяротны, і яму трэба паміраць, але мне, Ваню, Івану Ільічу, з усімі маімі пачуццямі, думкамі,— мне гэта другая справа. I не можа быць, каб мне трэба было паміраць. Гэта было б вельмі жахліва.

Так думалася яму.

«Каб і мне паміраць, як Каю, дык я ведаў бы пра гэта, так бы і казаў мне ўнутраны голас, але нічога падобнага не было ў мяне; і я і ўсе мае сябры — мы разумелі, што гэта зусім не так, як з Каем. А цяпер вось што! — казаў ён сабе.— Не можа быць. Не можа быць, а ёсць. Як жа гэта? Як зразумець гэта?»

I ён не мог зразумець і стараўся адагнаць гэтую думку, як памылковую, няправільную, хваравітую, і выціснуць яе іншымі, правільнымі, цвярозымі думкамі. Аднак думка гэтая, не толькі думка, але як быццам рэчаіснасць, прыходзіла зноў і спынялася перад ім.

I ён заклікаў па чарзе на месца гэтай думкі іншыя думкі, спадзеючыся адчуць у іх апору. Ён рабіў спробу вярнуцца да ранейшых хадоў думкі, якія засланялі для яго некалі думку пра смерць. Але — дзіўная рэч — усё тое, што некалі засланяла, хавала, знішчала ўсведамленне смерці, цяпер ужо не магло аказваць гэтага ўздзеяння. Апошні час Іван Ільіч усё часцей і часцей рабіў спробы аднавіць ранейшыя хады думкі, якая засланяла смерць. То ён казаў сабе: «Займуся службаю, гэта ж ёю я жыў». I ён ішоў у суд, адганяючы ад сябе ўсе сумненні; заводзіў размовы з таварышамі і садзіўся, па старой звычцы няўважліва, задуменным позіркам акідваў натоўп і, абедзвюма схуднелымі рукамі абапіраючыся на дубовае крэсла, гэтак жа, як заўсёды, нахіляючыся да таварыша, падсоўваючы справу, перашэптваючыся, і потым, раптам ускінуўшы вочы і выпростваючыся, гаварыў вядомыя словы і пачынаў справу. Але раптоўна боль у баку, не звяртаючы аніякае ўвагі на перыяд развіцця справы, пачынаў сваю страшную справу. Іван Ільіч прыслухоўваўся, гнаў прэч думку пра боль, але ён працягваў сваё, ён прыходзіў і станавіўся проста перад ім і пазіраў на яго, і ён слупянеў, агеньчык тухнуў у вачах, і ён пачынаў зноў пытацца ў сябе: «Няўжо толькі ён праўда?» I таварышы і падначаленыя са здзіўленнем і смуткам бачылі, што ён, гэтакі бліскучы, тонкі суддзя, блытаў, рабіў памылкі. Ён падбадзёрваўся, стараўся ачомацца і так-сяк даводзіў да канца пасяджэнне і вяртаўся дадому з сумным усведамленнем, што не можа па-ранейшаму судовая яго справа схаваць ад яго тое, што ён хацеў схаваць; што судоваю справаю ён не можа пазбавіцца ад яго. I што было горш за ўсё — гэта тое, што ён прыцягваў ягоную ўвагу да сябе не для таго, каб ён рабіў што-небудзь, а толькі для таго, каб ён глядзеў на яго, проста яму ў вочы, глядзеў на яго і, нічога не робячы, невымоўна пакутаваў.

I, ратуючыся ад гэтага стану, Іван Ільіч шукаў суцяшэння, іншых шырмаў, і іншыя шырмы паяўляліся і на кароткі час як быццам ратавалі яго, але адразу ж зноў не столькі разбураліся, колькі прасвечвалі, як быццам ён прабіваўся праз усё, і нішто не магло яго засланіць.

Бывала, у гэты апошні час ён зойдзе ў гасціную, прыбраную ім,— у тую гасціную, дзе ён паваліўся, для якой ён,— як яму з’едліва смешна было думаць,— для ўладкавання якой ён ахвяраваў жыццё, таму што ён ведаў, што хвароба ягоная пачалася з гэтага ўдару,— ён заходзіў і бачыў, што на лакіраваным стале быў рубец, прарэзаны чымсьці. Ён шукаў прычыну і знаходзіў яе ў бронзавай аздобе альбома, адагнутай збоку. Ён браў альбом, дарагі, ім сабраны з любоўю, і крыўдаваў на неахайнасць дачкі і яе сяброў,— то разадрана, то карткі перавернуты. Ён прыводзіў гэта старанна да ладу, адгінаў назад аздобу.

Потым яму прыходзіла думка ўвесь гэты établissement [6] з альбомамі перасунуць у другі кут, да вазонаў. Ён клікаў лёкая: або дачка або жонка прыходзілі на дапамогу; яны не згаджаліся, пярэчылі, ён спрачаўся, сердаваў; але ўсё было добра, таму што ён не памятаў пра яго, яго не было відаць.

Але вось жонка сказала, калі ён сам перасоўваў: «Дазволь, людзі зробяць, ты зноў наробіш сабе шкоды», і раптам ён мільгануў праз шырмы, ён угледзеў яго. Ён мільгануў, ён яшчэ спадзяецца, што ён схаваецца, аднак міжвольна ён прыслухаўся да боку,— там сядзіць усё тое ж, усё гэтак жа ные, і ён ужо не можа забыць, і ён выразна паглядае на яго з-за вазонаў. Навошта ўсё гэта?

«I сапраўды, тут, на гэтай гардзіне, я, як пры штурме, загубіў жыццё. Няўжо? Як жахліва і як недарэчна! Гэтага не можа быць! Не можа быць, але ёсць».

Ён ішоў у кабінет, клаўся і зноў аставаўся адзін з ім. З вока на вока з ім, а рабіць з ім няма чаго. Толькі пазіраць на яго і халадзець.

VII


Як гэта сталася на трэцім месяцы хваробы Івана Ільіча, цяжка было сказаць, таму што рабілася крок за крокам, непрыкметна, але зрабілася тое, што і жонка, і дачка, і ягоны сын, і служанка, і знаёмыя, і дактары, і, галоўнае, ён сам — ведалі, што ўся цікавасць у ім для іншых толькі ў тым, ці хутка ён, нарэшце, вызваліць месца, вызваліць жывых ад цяжару свае прысутнасці ды і сам вызваліцца ад сваіх пакут.

Ён спаў усё меней і меней: яму давалі опіум і пачалі ўводзіць марфін. Але гэта не прыносіла яму палёгкі. Тупая нуда, якую ён адчуваў у напаўсонным стане, спачатку толькі аблягчала яго як штось новае, аднак потым яна зрабілася гэткая ж ці нават яшчэ больш пакутлівая, чым ранейшы боль.

Яму гатавалі розныя незвычайныя стравы па прадпісанні ўрачоў; але стравы гэтыя здаваліся яму ўсё больш нясмачныя і агідныя.

Для ягоных экскрэментаў таксама былі зроблены спецыяльныя прыстасаванні, і кожны раз гэта былі пакуты. Пакуты ад нечыстотаў, непрыстойнасці і смуроду, ад усведамлення таго, што ў гэтым павінен удзельнічаць яшчэ нехта.

Аднак гэтая самая непрыемная справа прыносіла і суцяшэнне Івану Ільічу. Прыходзіў заўсёды выносіць за ім буфетны мужык Гарасім.

Гарасім быў чысты, свежы малады мужык, які прыкметна пасыцеў на гарадскіх харчах. Заўсёды вясёлы, ясны. Спярша выгляд гэтага, заўсёды чыстага, па-руску апранутага чалавека, які займаўся гэтакай прыкрай справай, бянтэжыў Івана Ільіча.

Аднойчы, падняўшыся з судна і не маючы сілы нацягнуць панталоны, ён паваліўся на мяккае крэсла і з жахам пазіраў на свае голыя, з рэзка акрэсленымі мускуламі, знясіленыя ляжкі.

Зайшоў у шырокіх ботах, распаўсюджваючы вакол сябе прыемны пах дзёгцю ад ботаў і свежасці зімовага паветра, лёгкай дужай хадой Гарасім, у зрэбным чыстым фартусе і чыстай паркалёвай кашулі, з закасанымі на голых, дужых, маладых руках рукавамі, і, не пазіраючы на Івана Ільіча,— відаць, стрымліваючы, каб не пакрыўдзіць хворага, радасць жыцця, якая ззяла на ягоным твары,— падышоў да судна.

— Гарасім,— ціха вымавіў Іван Ільіч.

Гарасім уздрыгнуў, мусіць, спалохаўся, ці не даў ён дзе маху, і шпаркім рухам павярнуў да хворага свой свежы, лагодны, просты, малады твар, які толькі-толькі пачынаў абрастаць барадою.

— Чаго вашае ласцы?

— Табе, як я мяркую, непрыемна гэта. Ты прабач мне. Я не магу.

— Што вы, што вы! — I Гарасім бліснуў вачмі і выскаліў свае маладыя белыя зубы.— Чаго ж мне не папрацаваць? Ваша справа хворая.

I ён спрытнымі, дужымі рукамі зрабіў сваю прывычную справу і ціха выйшаў. А праз пяць хвілін, гэткай жа ціхай хадой, вярнуўся.

Іван Ільіч усё гэтак жа сядзеў у крэсле.

— Гарасім,— сказаў ён, калі той паставіў чыстае, абмытае судна,— падыдзі, калі ласка, сюды, памажы мне.— Гарасім падышоў.— Падымі мяне. Мне цяжка аднаму, а Дзімітрыя я паслаў.

Гарасім падышоў; дужымі рукамі, гэтак жа, як ён лёгка хадзіў, абняў, зручна, мякка падняў і патрымаў, другой рукой падцягнуў панталоны і хацеў пасадзіць. Але Іван Ільіч папрасіў яго падвесці яго да канапы. Гарасім без намагання, амаль на руках, падвёў яго да канапы і пасадзіў.

— Дзякую. Як ты спрытна, добра... усё робіш.

Гарасім зноў усміхнуўся і хацеў быў пайсці.

Але Івану Ільічу гэтак добра было з ім, што не хацелася адпускаць.

— Вось што: падсунь да мяне, калі ласка, крэсла гэта. Не, вось гэта, пад ногі. Мне лягчэй, калі ў мяне ногі вышэй.

Гарасім прынёс крэсла, паставіў, не грукнуўшы, на падлогу і падняў ногі Івана Ільіча на крэсла; Івану Ільічу здалося, што яму зрабілася лягчэй у той час, як Гарасім высока падымаў ягоныя ногі.

— Мне лепей, калі ногі ў мяне вышэй,— сказаў Іван Ільіч.— Падкладзі мне вунь тую падушку.

Гарасім зрабіў гэта. Зноў падняў ногі і падклаў. Зноў Івану Ільічу зрабілася лепей, пакуль Гарасім трымаў ягоныя ногі. I як толькі ён апусціў іх, яму здалося горш.

— Гарасім,— сказаў ён яму,— ты цяпер заняты?

— Ніколечкі, ані,— сказаў Гарасім, які ўжо навучыўся ў гарадскіх людзей размаўляць з панамі.

— Што табе яшчэ рабіць трэба?

— Ды мне што рабіць? Усё ўжо зрабіў, толькі дроў накалоць на заўтра.

— Тады патрымай мае ногі вышэй, можаш?

— Чаго ж, можна.— Гарасім падняў ногі вышэй, і Івану Ільічу здалося, што ў гэтым становішчы ён зусім не адчувае болю.

— А як жа дровы?

— Не турбуйцеся, ваша ласка. Мы паспеем.

Іван Ільіч загадаў Гарасіму сесці і трымаць ногі і пагаварыў з ім. I — дзіўная справа — яму здавалася, што яму лепей, пакуль Гарасім трымаў ягоныя ногі.

З тае пары Іван Ільіч стаў часам клікаць Гарасіма і прымушаў яго трымаць ягоныя ногі на плячах і любіў гутарыць з ім. Гарасім рабіў гэта лёгка, ахвотна, проста і са шчырасцю, якая кранала Івана Ільіча. Здароўе, сіла, бадзёрасць жыцця ва ўсіх іншых людзей абражала Івана Ільіча; толькі сіла і бадзёрасць жыцця Гарасіма не засмучала, а супакойвала Івана Ільіча.

Самая вялікая пакута для Івана Ільіча была хлусня,— тая, усімі чамусьці прызнаная хлусня, што ён толькі хворы, а не памірае, і што яму трэба толькі трымаць сябе спакойна і лячыцца, і тады атрымаецца штосьці вельмі добрае. Але ён ведаў, што, што б ні рабілі, нічога не будзе, апроч яшчэ большае пакуты і смерці. I яго мучыла гэта хлусня, мучыла тое, што не хацелі прызнацца ў тым, што ўсе ведалі і ён ведаў, а хацелі хлусіць перад ім з выпадку жахлівага яго становішча і хацелі і прымушалі яго самога прымаць удзел у гэтае хлусні. Хлусня, хлусня гэтая, якую ўчынялі над ім напярэдадні ягонае смерці, хлусня, якая павінна звесці гэты страшны ўрачысты акт ягонае смерці да ўзроўню ўсіх іх візітаў, гардзін, асятрыны к абеду... была страшэнна пакутлівая для Івана Ільіча. I — дзіўна — ён шмат разоў, калі яны выраблялі з ім свае штукі, быў на валаску ад таго, каб закрычаць ім: перастаньце маніць, і вы ведаеце і я ведаю, што я паміраю, дык хоць перастаньце маніць. Аднак ён ніколі не меў духу зрабіць гэта. Страшны, жахлівы акт ягонага памірання, ён гэта бачыў, усімі, хто яго акружаў, быў зведзены да ступені выпадковае непрыемнасці, часткова непрыстойнасці (накшталт таго, як абыходзяцца з чалавекам, які, пераступіўшы парог гасцінай, прыносіць з сабою паганы пах), тою самаю «прыстойнасцю», якой ён служыў усё сваё жыццё; ён бачыў, што ніхто не пашкадуе яго, таму што ніхто не хоча нават разумець ягонага становішча. Адзін толькі Гарасім разумеў гэта становішча і шкадаваў яго. I таму Івану Ільічу добра было толькі з Гарасімам. Яму добра было, калі Гарасім, часам цэлыя ночы навылёт, трымаў ягоныя ногі і не хацеў ісці спаць і гаварыў: «Вы не турбуйцеся, Іван Ільіч, яшчэ высплюся»; або калі ён раптам, пераходзячы на «ты», дадаваў: «Каб ты не хворы, а то чаго ж не паслужыць?» Адзін Гарасім не хлусіў, па ўсім відаць было, што ён адзін разумеў, што да чаго, і не лічыў патрэбным хаваць гэта, і проста шкадаваў змарнелага, кволага пана. Ён нават аднойчы проста сказаў, калі Іван Ільіч адсылаў яго:

— Усе паміраць будзем. Чаго ж не папрацаваць? — сказаў ён, выказваючы гэтым тое, што яму не цяжка папрацаваць менавіта таму, што робіць ён усё для чалавека, які памірае, і спадзяецца, што ў свой час і яму хто-небудзь акажа гэткую ж паслугу.

Апроч гэтае хлусні, ці ў выніку яе, самае пакутлівае для Івана Ільіча было тое, што ніхто не шкадаваў яго гэтак, як яму хацелася, каб яго шкадавалі: Івану Ільічу іншым разам, пасля доўгіх пакут, больш за ўсё хацелася — як ні сорамна было б прызнацца ў гэтым,— хацелася таго, каб яго, як дзіця хворае, нехта б пашкадаваў. Яму хацелася, каб яго прыгалубілі, пацалавалі, паплакалі б над ім, як галубяць і суцяшаюць дзяцей. Ён ведаў, што ён важны член, што ў яго сівее барада і што таму гэта немагчыма; аднак яму гэтага хацелася. I ў адносінах з Гарасімам было штосьці блізкае да гэтага, і таму адносіны з Гарасімам суцяшалі яго. Івану Ільічу хацелася плакаць, хацелася, каб яго галубілі і плакалі над ім, і вось прыходзіць таварыш, член Шэбек, і, замест таго каб плакаць і галубіцца, Іван Ільіч робіць сур’ёзны, строгі, глыбакадумны твар і па інерцыі кажа сваю думку аб значэнні касацыйнага рашэння і ўпарта стаіць на ім. Гэтая хлусня вакол яго і ў ім самім больш за ўсё атручвала апошнія дні жыцця Івана Ільіча.

VIII


Была раніца. Таму толькі была раніца, што Гарасім пайшоў і прыйшоў Пётр-лёкай, патушыў свечкі, адсунуў адну гардзіну і пачаў ціха прыбіраць. Ці то раніца, ці то вечар быў, пятніца, ці то нядзеля — было ўсё роўна, усё было адно і тое ж: ныючы, пакутлівы боль, які ні на імгненне не аціхаў; усведамленне безнадзейнасці жыцця, якое адыходзіла, але ўсё яшчэ не адышло; блізкая і ўсё тая ж страшная ненавісная смерць, якая адна толькі і была рэчаіснасцю, і ўсё тая ж хлусня. Якія ўжо тут дні, тыдні і гадзіны дня?

— Ці не загадаеце чаю?

«Яму патрэбен парадак, каб раніцаю паны пілі чай»,— падумаў ён і сказаў толькі:

— Не.

— Ці не жадаеце перайсці на канапу?

«Яму трэба навесці парадак у святліцы, і я замінаю, я — нечысціня, беспарадак»,— падумаў ён і сказаў толькі:

— Не, пакінь мяне.

Лёкай памуляўся яшчэ. Іван Ільіч працягнуў руку. Пётр падышоў паслужліва.

— Што загадаеце?

— Гадзіннік.

Пётр узяў гадзіннік, які ляжаў пад рукой, і падаў.

— Палова на дзевятую. Там не ўсталі?

— Ніяк не. Васіль Іванавіч (гэта быў сын) пайшлі ў гімназію, а Праскоўя Федараўна загадалі разбудзіць іх, калі вы спытаеце. Загадаеце?

— Не, не трэба. «Ці не пакаштаваць чаю?» — падумаў ён.— Так, чаю... прынясі.

Пётр пайшоў да выхада. Івану Ільічу зрабілася страшна аставацца аднаму. «Як бы затрымаць яго? Так, лекі».— Пётр, падай мне лекі.— «Чаго ж, магчыма, яшчэ памогуць і лекі». Ён узяў лыжку, выпіў. «Не, не памогуць. Усё гэта глупства, ашуканства,— вырашыў ён, як толькі адчуў знаёмы прыкры і безнадзейны смак.— Не, больш ужо не магу верыць. Але боль, боль навошта, хоць бы на хвіліну аціх». I ён застагнаў. Пётр вярнуўся.— Не, ідзі. Прынясі чаю.

Пётр пайшоў. Іван Ільіч, астаўшыся адзін, застагнаў не столькі ад болю, які жахлівы ён ні быў, колькі ад нуды. «Усё тое ж і тое ж, усе гэтыя бясконцыя дні і ночы. Хоць бы хутчэй. Што хутчэй? Смерць, морак. Не, не. Усё лепш за смерць!»

Калі Пётр зайшоў з чаем на падносе, Іван Ільіч доўга разгублена пазіраў на яго і не разумеў, хто ён і што ён. Пётр адчуў сябе ніякавата ад гэтага позірку. I калі Пётр сумеўся, Іван Ільіч ачуўся.

— Так,— сказаў ён,— чай... добра, пастаў. Толькі памажы мне памыцца і кашулю чыстую.

I Іван Ільіч пачаў умывацца. Ён з перапынкамі на адпачынак памыў рукі, твар, пачысціў зубы, стаў прычэсвацца і паглядзеў у люстэрка. Яму страшна зрабілася; асабліва страшна было тое, як валасы пляската прыціскаліся да бледнага лба.

Калі мянялі яму кашулю, ён ведаў, што яму будзе яшчэ больш страшна, калі ён зірне на сваё цела, і таму не глядзеў на сябе. Але вось усё скончылася. Ён надзеў халат, укрыўся пледам і сеў на крэсла піць чай. Нейкую хвілю ён адчуваў сябе памаладзелым, але толькі ён стаў піць чай, зноў той жа смак, той жа боль. Ён праз сілу дапіў і лёг, выпрастаўшы ногі. Ён лёг і адпусціў Пятра.

Усё тое ж. То кропля надзеі выблісне, то завіруе мора адчаю, і ўсё боль, усё боль, усё нуда і ўсё адно і тое ж. Аднаму страшэнна нудна, хочацца паклікаць каго-небудзь, аднак ён наперад ведае, што з іншымі яшчэ горш. «Хоць бы зноў марфін — і на ўсё забыцца. Я скажу яму, доктару, каб ён прыдумаў што-небудзь яшчэ. Гэта немагчыма, немагчыма гэтак».

Гадзіна, дзве мінае так. Але вось званок у пярэднім пакоі. Мабыць, доктар. Сапраўды, гэта доктар, свежы, бадзёры, гладкі, вясёлы, з тым выразам — што вось вы там нечага спалохаліся, а мы зараз усё наладзім. Доктар ведае, што гэты выраз тут не да месца, але ён ужо раз і назаўсёды надзеў яго і не можа зняць, як чалавек, які з раніцы надзеў фрак і паехаў з візітамі.

Доктар бадзёра, з надзеяю пацірае рукі.

— Я адубеў. Мароз вялікі. Дайце сагрэцца,— кажа ён з такім выглядам, як быццам трэба толькі крышку пачакаць, пакуль ён сагрэецца, а калі сагрэецца, дык ужо ўсё паправіць.

— Ну што, як?

Іван Ільіч адчувае, што доктару хочацца сказаць: «Як справы?», але што і ён адчувае, што гэтак нельга казаць, і кажа: «Як вы правялі ноч?»

Іван Ільіч пазірае на доктара цікаўнымі вачмі: «Няўжо ніколі не будзе табе сорамна хлусіць?» Але доктар не хоча разумець гэтага нямога пытання.

I Іван Ільіч кажа:

— Усё гэтак жа блага. Боль не аціхае, не здаецца. Хоць бы што-небудзь!

— Так, вы, хворыя, заўсёды гэтак. Ну, цяпер, здаецца, я сагрэўся, нават самая акуратная Праскоўя Федараўна нічога не змагла б запярэчыць супраць мае тэмпературы. Ну, добры дзень.— I доктар паціскае руку.

I, адкінуўшы ўсю ранейшую жартаўлівасць, доктар пачынае з сур’ёзным выглядам даследаваць хворага, пульс, тэмпературу, і пачынаюцца пастукванні, выслухоўванні.

Іван Ільіч ведае цвёрда і несумненна, што ўсё гэта глупства і пустое ашуканства, але калі доктар стаў на калені і пачаў прыціскаць вуха то вышэй, то ніжэй і рабіць над ім з самым важным выглядам розныя гімнастычныя эвалюцыі, Іван Ільіч паддаецца на гэта, як ён паддаваўся, бывала, на прамовы адвакатаў, у той час як ён ужо добра ведаў, што яны ўсё хлусяць і чаму хлусяць.

Доктар, стоячы на каленях на канапе, яшчэ штосьці выстукваў, калі зашамацела ў дзвярах шаўковая сукенка Праскоўі Федараўны і пачуўся яе папрок Пятру, што ёй не далажылі аб прыездзе доктара. Яна заходзіць, цалуе мужа і адразу ж пачынае даводзіць, што яна даўно ўжо ўстала і толькі па непаразуменні яе не было тут, калі прыехаў доктар.

Іван Ільіч пазірае на яе, разглядае яе ўсю і ў папрок ставіць ёй і белізну, і пухласць, і чысціню яе рук, шыі, глянец яе валасоў і бляск яе поўных жыцця вачэй. Ён усёй душой ненавідзіць яе. I дотык яе прымушае яго пакутаваць ад прыліву нянавісці да яе.

Яе адносіны да яго і ягонае хваробы ўсё тыя ж. Як доктар да хворых выпрацаваў свае адносіны, якіх ён ужо не мог пазбавіцца, гэтак і яна выпрацавала да яго свае адносіны — тое, што ён не робіць нечага таго, што трэба, і сам вінаваты, і яна душэўна дакарае яго ў гэтым,— ужо і не магла пазбавіцца гэтых адносін да яго.

— Ды вось жа ён не слухаецца! Не п’е лекаў у час. А галоўнае — прымае такую паставу, якая, мусіць, шкодзіць яму — ногі дагары.

Яна расказала, як ён прымушае Гарасіма трымаць сабе ногі.

Доктар усміхнуўся пагардліва-ласкава: «Нічога, маўляў, не зробіш, гэтыя хворыя выдумляюць часамі такое глупства; але можна дараваць».

Калі агляд скончыўся, доктар паглядзеў на гадзіннік, і тады Праскоўя Федараўна аб’явіла Івану Ільічу, што ўжо як ён сабе хоча, а яна сёння запрасіла славутага доктара, і яны разам з Міхаілам Данілавічам (гэтак звалі звычайнага доктара) паглядзяць яго і абмяркуюць.

— Ты ўжо не супраціўляйся, калі ласка. Гэта я для цябе раблю,— сказала яна іранічна, даючы адчуць, што яна ўсё робіць для яго і толькі гэтым не дае яму права адмовіць ёй. Ён маўчаў і моршчыўся. Ён адчуваў, што хлусня, якая аточвала яго, гэтак блыталася, што ўжо цяжка было разабраць што-небудзь.

Яна ўсё над ім рабіла толькі для сябе і казала яму, што яна робіць для сябе тое, што яна якраз рабіла для сябе як гэтую неверагодную рэч, што ён павінен быў разумець гэта наадварот.

Сапраўды, а палове дванаццатай прыехаў славуты доктар. Зноў пайшлі выслухоўванні і сур’ёзныя размовы пры ім і ў суседнім пакоі пра нырку, пра сляпую кішку і пытанні і адказы з гэтакім важным выглядам, што зноў замест рэальнага пытання пра жыццё і смерць, якое цяпер ужо адно стаяла перад ім, узнікла пытанне пра нырку і сляпую кішку, якія штосьці рабілі не так, як трэба было, і на якія праз гэта вось-вось накінуцца Міхаіл Данілавіч і славутасць і прымусяць іх выправіцца.

Славуты доктар развітаўся з сур’ёзным, але не з безнадзейным выглядам. I на нясмелае запытанне, якое з узнятымі на яго бліскучым страхам і надзеяй вачмі паставіў Іван Ільіч, ці ёсць магчымасць выздараўлення, адказваў, што ручацца нельга, але магчымасць ёсць. Позірк надзеі, з якім Іван Ільіч праводзіў доктара, быў такі жаласны, што, перахапіўшы яго, Праскоўя Федараўна нават заплакала, пакідаючы кабінет, каб перадаць ганарар славутаму доктару.

Добры настрой, які быў выкліканы абнадзейваннем доктара, працягваўся нядоўга. Зноў той самы пакой, тыя ж карціны, гардзіны, шпалеры, пляшачкі і тое ж сваё хваравітае пакутнае цела. I Іван Ільіч пачаў стагнаць; яму зрабілі ўпырскванне, і ён забыўся.

Калі ён ачуўся, на зямлю ападаў змрок; яму прынеслі абедаць. Ён паеў праз сілу булёну; і зноў тое ж, і зноў блізкая ноч.

Пасля абеду, а сёмай гадзіне, у пакой зайшла Праскоўя Федараўна, апранутая як на вечар, з тоўстымі, падцягнутымі грудзьмі і са слядамі парфумы на твары. Яна яшчэ раніцаю казала яму пра паездку іх у тэатр. Прыехала Сара Бернар, і ў іх была ложа, якую ён настояў, каб яны ўзялі. Цяпер ён забыў пра гэта, і яе ўбор абразіў яго. Але ён не паказаў свае абразы, калі прыгадаў, што ён сам настойваў, каб яны купілі ложу і ехалі, таму што гэта для дзяцей выхаваўчая эстэтычная асалода.

Праскоўя Федараўна зайшла здаволеная сабою, але як быццам вінаватая. Яна прысела, спытала пра здароўе, як ён бачыў, дзеля таго толькі, каб спытаць, але не дзеля таго, каб даведацца, бо і даведвацца не было пра што, і пачала гаварыць пра тое, што ёй трэба было: што яна ніколі не паехала б, але ложа ўзята, і едуць Элен і дачка і Пятрышчаў (судовы следчы, жаніх дачкі), і што нельга пусціць іх адных. А што ёй было б куды больш прыемна пасядзець з ім. Толькі ён без яе хоць бы выконваў усе прадпісанні доктара.

— Ага, і Федар Пятровіч (жаніх) хацеў зайсці. Можна? I Ліза.

— Няхай зойдуць.

Зайшла дачка, разадзетая, з аголеным маладым целам, тым целам, якое гэтак прымушала пакутаваць яго. А яна яго выстаўляла. Дужая, здаровая, мусіць, закаханая і злосная на хваробу, пакуты і смерць, якія перашкаджалі яе шчасцю.

Зайшоў і Федар Пятровіч у фраку, завіты á la Capoul, з доўгай жылістай шыяй, абкладзенай шчыльна белым каўнерыкам, з вялізнымі белымі грудзьмі і абцягнутымі тоўстымі ляжкамі ў вузкіх чорных штанах, з адной нацягнутай белай пальчаткай на руцэ і з клакам.

За ім упоўз непрыкметна і гімназістык у новенькім мундзірчыку, нябога, у пальчатках і з жахлівай сінечай пад вачыма, значэнне якой ведаў Іван Ільіч.

Сына ён заўсёды шкадаваў. I страшны быў яго спалоханы і спачувальны позірк. Апрача Гарасіма, Івану Ільічу здавалася, што адзін Васіль разумеў і шкадаваў.

Усе селі, зноў спыталі пра здароўе. Запанавала маўчанне. Ліза спытала ў маці пра бінокль. Усчалася спрэчка паміж маткаю і дачкою, хто куды яго падзеў. Атрымалася непрыгожа.

Федар Пятровіч спытаў у Івана Ільіча, ці бачыў ён Сару Бернар. Іван Ільіч не зразумеў спачатку, пра што ў яго пыталіся, а потым сказаў:

— Не; а вы ўжо бачылі?

— Так, у «Adrienne Lecouvreur».

Праскоўя Федараўна сказала, што яна асабліва прыгожая тым і тым. Дачка запярэчыла. Пачалася гаворка аб прыгажосці і рэальнасці яе ігры,— тая самая гаворка, якая заўжды бывае адна і тая ж.

У сярэдзіне размовы Федар Пятровіч зірнуў на Івана Ільіча і змоўк. Іншыя зірнулі і змоўклі. Іван Ільіч глядзеў бліскучымі вачмі перад сабою і, відаць, гневаўся на іх. Трэба было паправіць гэта, аднак паправіць ніяк нельга было. Трэба было як-небудзь парушыць гэтае маўчанне. Ніхто не адважваўся, і ўсім рабілася страшна, што раптам парушыцца неяк прыстойная хлусня, і ўсім стане зразумела тое, што ёсць. Ліза першая адважылася. Яна парушыла маўчанне. Яна хацела схаваць тое, што ўсе адчувалі, але прагаварылася.

— Аднак, калі ехаць, дык пара,— сказала яна, зірнуўшы на свой гадзіннік, бацькаў падарунак, і ледзь прыкметна, аб нечым значным, ім адным вядомым, усміхнулася маладому чалавеку і ўстала, зашамацеўшы сукенкаю.

Усе ўсталі, развіталіся і паехалі.

Калі яны выйшлі, Івану Ільічу здалося, што яму лягчэй: хлусні не было,— яна пайшла з імі, аднак боль астаўся. Усё той жа боль, усё той жа страх рабілі тое, што нішто не цяжэй, нішто не лягчэй. Усё горш.

Зноў пабегла хвіліна за хвілінаю, гадзіна за гадзінаю, усё тое ж, і ўсё няма канца, і ўсё больш страшны непазбежны канец.

— Так, пашліце Гарасіма,— адказаў ён на запытанне Пятра.

IX


Позна ўночы вярнулася жонка. Яна зайшла на дыбачках, але ён пачуў яе: расплюшчыў вочы і тут жа заплюшчыў зноў. Яна хацела адправіць Гарасіма і сама сядзець з ім. Ён расплюшчыў вочы і сказаў:

— Не. Ідзі.

— Ты вельмі пакутуеш?

— Усё адно.

— Прымі опіум.

Ён згадзіўся і выпіў. Яна пайшла.

Гадзін да трох ён знаходзіўся ў пакутлівым забыцці. Яму здавалася, што яго з болем засоўваюць кудысьці ў вузкі чорны мех і глыбокі, і ўсё далей прасоўваюць, і не могуць прасунуць. I гэта жахлівая для яго справа робіцца з пакутаю. I ён і баіцца, і хоча праваліцца туды, і супраціўляецца, і дапамагае. I вось раптам ён сарваўся і ўпаў, і ачуўся. Усё той жа Гарасім сядзіць у нагах на пасцелі, дрэмле спакойна, цярпліва. А ён ляжыць, паклаўшы яму на плечы худыя ногі ў панчохах; свечка тая ж з абажурам, і той жа несціханы боль.

— Ідзі, Гарасім,— прашаптаў ён.

— Нічога, пасяджу.

— Не, ідзі.

Ён зняў ногі, лёг бокам на руку, і яму стала шкада сябе. Ён пачакаў толькі таго, каб Гарасім выйшаў у суседні пакой, і не стаў болей стрымлівацца і заплакаў, як дзіця. Ён плакаў праз сваю бездапаможнасць, праз сваю жахлівую адзіноту, праз людскую жорсткасць, праз жорсткасць бога, праз адсутнасць бога.

«Навошта ты ўсё гэта зрабіў? Навошта прывёў мяне сюды? За што, за што гэтак мучыш мяне?..»

Ён і не чакаў адказу і плакаў аб тым, што няма і не можа быць адказу. Боль зноў узмацніўся, але ён не варушыўся, не клікаў. Ён казаў сабе: «Ну яшчэ, ну бі! Але за што? Што я табе зрабіў, за што?»

Потым ён аціх, перастаў не толькі плакаць, перастаў дыхаць і ўвесь насцярожыўся: як быццам ён прыслухоўваўся не да голасу, які гаварыў гукамі, а да голасу душы, да ходу думак, які ўзнімаўся ў ім.

— Чаго табе трэба? — было першае яснае паняцце, якое магло быць выказана словамі і якое ён пачуў.— Чаго табе трэба? Чаго табе трэба? — паўтарыў ён сабе.— Чаго? — Не пакутаваць. Жыць,— адказаў ён.

I зноў ён увесь аддаўся ўвазе гэткай напружанай, што нават боль не займаў яго.

— Жыць? Як жыць? — спытаў голас душы.

— Так, жыць, як я жыў раней: хораша, прыемна.

— Як ты жыў раней, хораша і прыемна? — спытаў голас. I ён стаў перабіраць у памяці лепшыя хвіліны свайго прыемнага жыцця. Але — дзіўная справа — усе гэтыя лепшыя хвіліны прыемнага жыцця здаваліся цяпер зусім не тым, чым здаваліся яны тады. Усе — апроч першых успамінаў маленства. Там, у маленстве, было штось сапраўды прыемнае, з чым можна было б жыць, каб яно вярнулася. Аднак таго чалавека, які адчуваў гэтае прыемнае, ужо не было: гэта быў як бы ўспамін пра некага іншага.

Як толькі пачыналася тое, вынікам чаго быў цяперашні ён, Іван Ільіч, дык усе былыя радасці цяпер на ягоных вачах знікалі і ператвараліся ў штосьці нікчэмнае і часта агіднае.

I чым далей ад маленства, чым бліжэй да сучаснага, тым больш нікчэмныя і сумніцельныя былі радасці. Пачыналася гэта з Правазнаўства. Там было яшчэ тое-сёе сапраўды добрае: там была весялосць, там была дружба, там былі надзеі. Але ў вышэйшых класах ужо радзей выпадалі гэтыя добрыя хвіліны. Потым, у часе першае службы ў губернатара, зноў паявіліся добрыя хвіліны: гэта былі ўспаміны аб каханні да жанчыны. Потым усё гэта змяшалася, і яшчэ меней стала добрага. Далей яшчэ меней добрага, і што далей, то меней.

Жаніцьба... гэтак нечакана і расчараванне, і пах з жончынага рота, і пажадлівасць, прытворства! I гэтая мёртвая служба, і гэтыя клопаты пра грошы, і так год, і два, і дзесяць, і дваццаць — і ўсё тое ж. I што далей, то ўсё больш мёртвае. З дакладнаю раўнамернасцю я ішоў з гары, а ўяўляў, што іду на гару. Гэтак і было. У грамадскай думцы я ішоў на гару, і роўна нагэтулькі з-пад мяне сплывала жыццё... I вось гатова, памірай!

Дык што ж гэта? Навошта? Не можа быць. Не можа быць, каб такое бессэнсоўнае, брыдкае было жыццё? А калі і сапраўды яно такое брыдкае і бессэнсоўнае было, дык навошта тады паміраць і паміраць у пакутах? Штосьці не так.

«Магчыма, я жыў не так як трэба?» — прыходзіла яму раптам у галаву. «Але як гэта не так, калі я рабіў усё як след?» — казаў ён сабе і адразу ж гнаў ад сябе гэтае адзінае вырашэнне ўсяе загадкі жыцця і смерці як нешта зусім немагчымае.

«Чаго ж ты хочаш цяпер? Жыць? Як жыць? Жыць, як ты жывеш у судзе, калі судовы прыстаў абвяшчае: «Суд ідзе!..» Суд ідзе, ідзе суд,— паўтарыў ён сабе.— Вось ён суд! Але ж я не вінаваты! — выгукнуў ён са злосцю.— За што?» I ён перастаў плакаць і, павярнуўшыся тварам да сцяны, стаў думаць усё пра адно і тое ж: навошта, за што ўвесь гэты жах?

Аднак колькі ён ні думаў, ён не знайшоў адказу. I калі ў галаву прыходзіла, як яна прыходзіла яму часта, думка аб тым, што ўсё гэта адбываецца таму, што ён жыў не так, ён адразу прыгадваў усю правільнасць свайго жыцця і гнаў прэч гэтую дзіўную думку.

X


Прайшло яшчэ два тыдні. Іван Ільіч ужо не падымаўся з канапы. Ён не хацеў ляжаць у пасцелі і ляжаў на канапе. I, лежачы амаль увесь час тварам да сцяны, ён адзінока пакутаваў усё тыя ж нявырашаныя пакуты і адзінока думаў усё тую ж нявырашаную думу. Што гэта? Няўжо праўда, што смерць? I ўнутраны голас адказваў: так, праўда. Навошта гэтыя мукі? I голас адказваў: а проста так. Далей і апрача гэтага нічога не было.

З самага пачатку хваробы, з таго часу, як Іван Ільіч упершыню паехаў да доктара, ягонае жыццё падзялілася на два процілеглыя настроі, якія змянялі адзін аднаго: то была роспач і чаканне незразумелае і жахлівае смерці, то была надзея і поўнае цікавасці назіранне за дзейнасцю свайго цела. То перад вачыма была адна нырка ці кішка, якая на час ухілілася ад выканання сваіх абавязкаў, то была адна незразумелая жахлівая смерць, ад якой не было ніякага паратунку.

Гэтыя два настроі з самага пачатку хваробы змянялі адзін аднаго; але чым далей ішла хвароба, тым больш сумніцельнымі і фантастычнымі рабіліся меркаванні аб нырцы і тым больш рэальным усведамленне блізкае смерці.

Варта яму было ўспомніць аб тым, чым ён быў тры месяцы таму назад, і тое, што ён цяпер; успомніць, як раўнамерна ішоў ён з гары,— каб разбурылася ўсякая магчымасць надзеі.

У апошні час тае адзіноты, у якой ён знаходзіўся, лежачы тварам да спінкі канапы, тае адзіноты сярод шматлюднага горада і сваіх шматлікіх знаёмых і сям’і,— адзіноты, больш глухой за якую не магло быць нідзе: ні на марскім дне, ні ў зямлі,— у апошні час гэтае страшнае адзіноты Іван Ільіч жыў толькі ўспамінамі аб мінулым. Адзін за адным яму ўяўляліся малюнкі яго мінулага. Пачыналася заўсёды з бліжэйшага па часе і зводзілася да самага далёкага, да маленства, і на ім спынялася. Ці прыгадваў Іван Ільіч гатаваны чарнасліў, які яму прапаноўвалі цяпер есці, ён прыгадваў сыры зморшчаны французскі чарнасліў у маленстве, яго незвычайны смак і густую сліну, калі справа даходзіла да костачкі, і побач з гэтым успамінам смаку ўзнікаў цэлы шэраг успамінаў таго часу: нянька, брат, цацкі. «Не трэба пра гэта... дужа балюча»,— казаў сабе Іван Ільіч і зноў вяртаўся да сучаснасці. Гузік на спінцы канапы і маршчыны саф’яну. «Саф’ян дарагі, нетрывалы; сварка была праз яго. Але саф’ян іншы быў, і іншая сварка, калі мы падралі бацькаў партфель і нас пакаралі, а матуля прынесла піражкі». I думка зноў спынялася на маленстве, і зноў Івану Ільічу было балюча, і ён стараўся думаць пра іншае.

I зноў жа тут, разам з гэтым ходам успамінаў, у ягонае душы ішоў іншы ход успамінаў — пра тое, як пагаршалася, расла яго хвароба. Тое ж, што далей назад, то болей было жыцця. Болей было і дабра ў жыцці, болей было і самога жыцця. I адно і другое зліваліся разам. «Як пакуты ўсё ідуць горш і горш, гэтак і ўсё жыццё ішло ўсё горш і горш»,— думаў ён. Адна светлая кропка там, ззаду, на пачатку жыцця, а потым усё чорнае і чорнае і ўсё хутчэй і хутчэй. «Адваротна прапарцыянальна квадратам адлегласцей смерці»,— падумаў Іван Ільіч. I гэты вобраз каменя, які ляціць уніз усё з большаю хуткасцю, запаў у ягоную душу. Жыццё з яго ўсё большымі пакутамі ляціць шпарчэй і шпарчэй да канца, да жахлівых пакут. «Я лячу...» Ён уздрыгваў, варушыўся, хацеў супраціўляцца; аднак ужо ён ведаў, што супраціўляцца нельга, і зноў стомленымі ад глядзення вачмі, але вачмі, якія не маглі не глядзець на тое, што было перад ім, пазіраў на спінку канапы і чакаў,— чакаў гэтага страшнага падзення, штуршка і разбурэння. «Супраціўляцца нельга,— казаў ён сабе.— Але хоць бы зразумець, навошта гэта? I гэтага нельга. Растлумачыць можна было б, каб сказалі, што я жыў не так, як трэба. Але гэта ўжо немагчыма прызнаць»,— казаў ён сам сабе, прыгадваючы ўсю законнасць, правільнасць і прыстойнасць свайго жыцця. «Гэтага дапусціць ужо немагчыма,— казаў ён сабе, усміхаючыся губамі, як быццам нехта мог бачыць гэтую яго ўсмешку і быць ашуканым ёю.— Няма тлумачэння! Пакуты, смерць... Навошта?»

XI


Гэтак прайшло два тыдні. За гэтыя тыдні адбылася жаданая для Івана Ільіча і ягонае жонкі падзея: «Пятрышчаў зрабіў фармальную прапанову. Гэта здарылася ўвечары. На другі дзень Праскоўя Федараўна зайшла да мужа, прыкідваючы, як аб’явіць яму аб прапанове Федара Пятровіча, але ў гэтую самую ноч Івану Ільічу зрабілася горш. Праскоўя Федараўна застала яго на той жа канапе, але ў новай паставе. Ён ляжаў дагары, стагнаў і пазіраў перад сабою нерухомымі вачмі.

Яна стала гаварыць пра лекі. Ён перавёў свой позірк на яе. Яна не дагаварыла таго, пра што пачала: гэткая злосць, менавіта да яе, выяўлялася ў гэтым позірку.

— Хрыстом прашу, дай мне памерці спакойна,— сказаў ён.

Яна хацела была пайсці, але ў гэты час зайшла дачка і падышла, каб павітацца. Ён гэтак жа паглядзеў на дачку, як і на жонку, і на яе запытанні пра здароўе, суха сказаў, што ён хутка вызваліць іх усіх ад сябе. Абедзве змоўклі, пасядзелі і выйшлі.

— Хіба ж мы вінаваты? — сказала Ліза маці.— Нібы мы гэта зрабілі! Мне шкада таты, але навошта нас мучыць?

Як звычайна, прыехаў доктар. Іван Ільіч адказваў яму: «так, не», не спускаючы з яго злоснага позірку, і ў канцы сказаў:

— Вы ведаеце, што нічым памагчы не можаце, таму пакіньце.

— Аблягчыць пакуты можам,— сказаў доктар.

— I гэтага не можаце; пакіньце.

Доктар выйшаў у гасціную і паведаміў Праскоўі Федараўне, што дужа кепска, і што адзіны сродак — опіум, каб аблягчыць пакуты, якія павінны быць жахлівыя.

Доктар гаварыў, што ягоныя фізічныя пакуты страшэнныя, і гэта была праўда; аднак больш цяжкія ягоныя пакуты былі душэўныя, і ў гэтым была яго галоўная пакута.

Душэўныя пакуты яго былі ў тым, што ў гэту ноч, пазіраючы на сонны, дабрадушны скуласты Гарасімаў твар, яму раптам прыйшло ў галаву: а што, калі і на самай справе ўсё маё жыццё, свядомае жыццё, было «не тое».

Яму прыйшло ў галаву, што тое, што яму ўяўлялася раней поўнай немагчымасцю, тое, што ён пражыў сваё жыццё не так, як павінен быў, што гэта магла быць праўда. Яму прыйшло ў галаву, што тыя яго ледзь прыкметныя спробы барацьбы супроць таго, што найвышэй пастаўленымі людзьмі лічылася прыстойным, спробы ледзь прыкметныя, якія ён адразу ж гнаў ад сябе,— што менавіта яны і маглі быць сапраўдныя, а ўсё астатняе магло быць не тое. I яго служба, і яго жыццёвае ўладкаванне, і яго сям’я, і гэтыя інтарэсы грамадства і службы — усё гэта магло быць не тое. Ён паспрабаваў абараніць перад сабою ўсё гэта. I раптам адчуў усю слабасць таго, што ён абараняе. I абараняць не было чаго.

«А калі гэта так,— сказаў ён сабе,— і я пакідаю жыццё з усведамленнем таго, што загубіў усё, што мне дадзена было, і паправіць нельга, што ж тады?» Ён лёг дагары і стаў зусім па-новаму перабіраць усё сваё жыццё. Калі ён убачыў раніцаю лёкая, потым жонку, потым дачку, потым доктара,— кожны іх рух, кожнае іх слова пацвярджала для яго жахлівую ісціну, якая адкрылася яму ўначы... Ён у іх бачыў сябе, усё тое, чым ён жыў, і выразна бачыў, што ўсё гэта было не тое, усё гэта было жахлівае вялізнае ашуканства, якое засланяла і жыццё і смерць. Усведамленне гэтага павялічвала, падзесяцярала яго фізічныя пакуты. Ён стагнаў і кідаўся і абцягваў на сабе адзежу. Яму здавалася, што яна душыла і ціснула яго. I за гэта ён ненавідзеў іх.

Яму далі вялікую дозу опіуму, ён забыўся; але ў абед пачалося зноў тое ж. Ён гнаў усіх ад сябе і кідаўся з месца на месца.

Жонка прыйшла да яго і сказала:

— Jean, галубок, зрабі гэта для мяне (для мяне?). Гэта не можа зашкодзіць, але часта памагае. Што ж, гэта нічога. I здаровыя часта...

Ён расплюшчыў шырока вочы.

— Што? Прычасціцца? Навошта? Не трэба! А зрэшты...

Яна заплакала.

— Так, мой друг? Я папрашу нашага, ён такі мілы.

— Цудоўна, вельмі добра,— сказаў ён.

Калі прыйшоў свяшчэннік і спавядаў яго, ён памякчэў, адчуў як быццам палёгку ад сваіх сумненняў і ў выніку гэтага ад пакут, і на яго найшла хвіліна надзеі. Ён зноў стаў думаць пра сляпую кішку і магчымасці выпраўлення яе. Ён прычасціўся са слязьмі на вачах.

Калі яго палажылі пасля прычасця, яму зрабілася на хвіліну лёгка, і зноў паявілася надзея на жыццё. Ён стаў думаць пра аперацыю, якую прапанавалі яму. «Жыць, жыць хачу»,— казаў ён сабе. Жонка прыйшла павіншаваць; яна сказала звычайныя словы і дадала:

— Табе лепей, хіба не так?

Не пазіраючы на яе, ён адказаў: так.

Яе адзежа, яе стан, выраз яе твару, гук яе голасу — усё казала яму адно: «Не тое. Усё тое, чым ты жыў і жывеш,— ёсць хлусня, падман, які хавае ад цябе жыццё і смерць». I як толькі ён падумаў гэтак, узнялася ягоная нянавісць і разам з нянавісцю страшэнныя фізічныя пакуты і з пакутамі ўсведамленне непазбежнае, блізкае пагібелі. Штосьці зрабілася новае, пачало вінціць, і страляць, і сціскаць дыханне.

Выраз твару ягонага, калі ён сказаў «так», быў жахлівы. Як толькі сказаў гэтае «так», ён, пазіраючы ёй проста ў твар, незвычайна для свае кволасці хутка павярнуўся ніцма і закрычаў:

— Ідзіце, ідзіце, пакіньце мяне!

XII


З гэтае хвіліны пачаўся той крык, які не сціхаў тры дні і які быў такі жахлівы, што нельга было за дзвюма дзвярыма без жаху чуць яго. У тую хвіліну, як ён адказаў жонцы, ён зразумеў, што ён загінуў, што звароту няма, што настаў канец, зусім канец, а сумненне гэтак і не вырашана, гэтак і застанецца сумненнем.

— У! Уу! У! — крычаў ён на розныя інтанацыі. Ён пачаў крычаць: «Не хачу!» — і гэтак працягваў крычаць на літару «у».

Усе тры дні, на працягу якіх для яго не існавала часу, ён валтузіўся ў тым чорным мяху, у які засоўвала яго нябачная, непераадольная сіла. Ён кідаўся, як кідаецца ў руках ката асуджаны на смерць, які ведае, што паратунку ўжо няма; і з кожнаю хвіляю ён адчуваў, што, нягледзячы на ўсе намаганні барацьбы, ён бліжэй і бліжэй сунецца да таго, што страшэнна жахала яго. Ён адчуваў, што пакута ягоная і ў тым, што ён лезе ў гэтую чорную дзірку, і яшчэ больш у тым, што ён не можа пралезці ў яе. Пралезці ж яму перашкаджае прызнанне таго, што жыццё ягонае было добрае. Менавіта гэтае апраўданне свайго жыцця трымала і не пускала яго наперад і больш за ўсё мучыла яго.

Раптам нейкая сіла штурхнула яго ў грудзі, у бок, яшчэ мацней перахапіла ягонае дыханне, ён праваліўся ў дзірку, і там, у канцы дзіркі, нешта засвяцілася. З ім зрабілася тое, што здаралася з ім у чыгуначным вагоне, калі думаеш, што едзеш наперад, а едзеш назад, і раптам даведваешся пра сапраўдны напрамак.

«Так, усё было не тое,— сказаў ён сабе,— але гэта нічога. Можна, можна зрабіць «тое». Што «тое»?» — спытаў ён у сябе і раптам аціх.

Гэта было ў канцы трэцяга дня, за гадзіну да ягонае смерці. У гэты самы час гімназістык ціхенька пракраўся да бацькі і падышоў да ягонае пасцелі. Іван Ільіч усё крычаў і кідаў рукамі. Рука ягоная трапіла на галаву гімназістыка. Гімназістык схапіў яе, прытуліў да губ і заплакаў.

У гэты самы час Іван Ільіч праваліўся, убачыў святло, і яму адкрылася, што жыццё ягонае было не тое, што трэба, але што гэта можна яшчэ паправіць. Ён спытаў у сябе: а якое ж тады «тое», і аціх, прыслухоўваючыся. Тут ён адчуў, што руку ягоную цалуе нехта. Ён расплюшчыў вочы і зірнуў на сына. Яму зрабілася шкада яго. Жонка падышла да яго. Ён зірнуў на яе. Яна з адкрытым ротам і слязінкамі на носе і шчацэ, у роспачы пазірала на яго. Яму шкада стала яе.

«Так, я мучаю іх,— падумаў ён.— Ім шкада, але ім лепей будзе, калі я памру». Ён хацеў сказаць гэта, але не меў сілы вымавіць. «Зрэшты, навошта гаварыць, трэба зрабіць»,— падумаў ён. Ён паказаў жонцы вачмі на сына і сказаў:

— Выведзі... шкада... і цябе...— Ён хацеў сказаць яшчэ «прабач», але сказаў «прапусці», і, не маючы ўжо сілы паправіцца, махнуў рукою, ведаў, што зразумее той, каму трэба.

I раптам ён зразумеў, што тое, што мучыла яго і не выходзіла, што раптам усё выходзіць адразу, і з двух бакоў, з дзесяці бакоў, з усіх бакоў. Шкада іх, трэба зрабіць, каб ім не было балюча.

Пазбавіць іх і самому пазбавіцца ад гэтых пакут. «Як хораша і як проста,— падумаў ён,— А боль? — спытаў ён у сябе.— Яго куды? Ну, дзе ты, боль?»

Ён стаў прыслухоўвацца.

«Так, вось ён. Ну што ж, няхай боль».

«А смерць? Дзе яна?»

Ён шукаў свайго ранейшага прывычнага страху смерці і не знаходзіў яго. Дзе яна? Якая смерць? Страху ніякага не было, таму што і смерці не было.

Замест смерці было святло.

— Дык вось што! — раптам уголас вымавіў ён.— Якая радасць!

Для яго ўсё гэта адбылося ў адно імгненне, і значэнне гэтага імгнення ўжо не мянялася. Для прысутных жа агонія яго працягвалася яшчэ гадзіны дзве. У ягоных грудзях клекатала штосьці; знясіленае цела ягонае ўздрыгвала. Потым радзей і радзей стала клекатанне і храпенне.

— Канец! — сказаў хтосьці над ім.

Ён пачуў гэтыя словы і паўтарыў іх у сваёй душы. «Скончылася смерць,— сказаў ён сабе.— Яе няма болей».

Ён уцягнуў у сябе паветра, спыніўся на палове ўздыху, выпрастаўся і памёр.


Загрузка...