2

У полі было куды халадней, чым у лесе. Насустрач дзьмуў пругкі, не моцны, але даволі марозлівы вецер, ад яго болем заходзіліся азызлыя без рукавіц рукі — як Сотнікаў ні хаваў іх то ў кішэні, то ў рукавах, то за пазухай — усё роўна мерзлі. Памарозіцца было надта проста, асабліва твар, ды і рукі; за ногі ён быў спакайнейшы — ногі на хадзе грэліся. Праўда, на правай адняліся, не чуваць сталі два пальцы, але яны адымаліся заўжды ад сцюжы і звычайна балелі ў цяпле. Тым не менш на холадзе ныла ўсё яго прастуджанае цела, якое сёння пачало яшчэ і ліхаманіць.

Добра хаця, што снег у полі быў цвёрды або неглыбокі — яны ішлі амаль скрозь па версе, толькі мясцінамі правальваліся то адной, то другой нагой, ламаючы зацвярдзелую ад марозу скарынку. Кіравалі па быльняжку па-над узмежкам — з касагору ўніз. Ззаду са змроку валакліся два шнуркі іхніх слядоў. У полі было відней, чым у лесе, шэры прывідны змрок расхінаўся шырэй, наўкола ў доле трымцелі на ветры змёрзлыя калівы быльнягу, тамсям чарнелі адзінокія палявыя дрэўцы. Праз чвэрць гадзіны наперадзе, мусіць у лагчынцы, зашарэла нейкае кустоўе — лаза ці які хмызняк па-над рачулкай.

Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска: пачынала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася — знікала ў памяці, і тады на кароткі час ён забываўся, дзе ён і куды ідзе. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды ён проста не верыў, што можа захварэць. Яшчэ чаго не хапала на вайне — хварэць! Ніхто ў іх не хварэў так, каб вызвалялі ад заданняў, ды яшчэ такіх простых, як гэта. Кашлялі, прастуджваліся многія, але прастуда не лічылася за сур'ёзную хваробу. І калі там, ля кастра на балоце, камандзір назваў яго прозвішча, ён быў гатовы, а калі даведаўся, што па харч, дык аж узрадаваўся, бо быў, як і ўсе, згаладнелы, хацеў пад'есці, да таго ж — вабіла магчымасць пагрэцца якую гадзіну ў хатнім цяпле.

Ды во, пагрэўся.

У лесе было лепш, а тут, на ветры, ён адчуў сябе зусім блага і аж спалохаўся, што можа ўпасці, так кружылася ў галаве; ад слабасці заносіла ў бакі. Рыбак наперадзе рупна шастаў ботамі ў снезе; увесь час ён нецярпліва імкнуўся наперад, і Сотнікаў адставаў. У грудзях яго рабілася горача, спіна між лапатак макрэла ад сцюдзёнага поту, і ён думаў — хаця б абысціся без запалення лёгкіх.

— Ну, як ты?

Рыбак прыпыніўся, прычакаў яго, і ад гэтай кароценькай увагі і пытання, на якое неабавязкова было і адказваць, у Сотнікава на момант пацяплела ў душы. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што, калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Нават і Рыбака, на якога, здаецца, можна было спадзявацца. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, яны неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Мусіць, таму разам трапілі і на гэта заданне.

— Вось цераз нізінку пратопаем, а там за ляском вёска. Недалёка ўжо, — зноў падбадзёрыў Рыбак, стоячы да яго бокам, — чакаў, каб пайсці поплеч.

Сотнікаў дагнаў яго, і яны разам пайшлі па схіле ўніз. Снег тут стаў рыхлейшы, чым на бугры, ногі часцей бухалі, ламалі цвёрды пласт; маладзічок цяпер блішчаў за іх спінамі. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Рыбак зблізку неяк уважліва паглядзеў на сябра.

— У арміі кім быў? Мабыць, не радавым, га?

— Не, не радавым. Камбатам.

— У пяхоце?

— У артылерыі.

— Мусіць, мала хадзіў? А я, брат, у пяхоце ўсю дарогу топаю.

— І далёка пратопаў? — запытаў Сотнікаў, успамінаючы сваё адступленне на ўсход.

Але Рыбак зразумеў гэта інакш.

— Ды во, як бачыш. Ад старшыны да радавога дайшоў. А ты, мабыць, кадравы?

— Не, не кадравы. Да трыццаць дзевятага настаўнікам рабіў.

— Інстытут скончыў?

— Настаўніцкі. Двухгадовы.

— А я вось пяць класаў. І то хоць бы…

Ён не дагаварыў — раптам праваліўся абедзвюма нагамі, нягучна вылаяўся, узяў трохі ўбок. Тут пачынаўся хмызнячок, лазняк, снег стаў рыхлы і амаль ужо не трымаў наверсе; пад нагамі, здаецца, было балота. Сотнікаў нерашуча спыніўся, не знаючы, куды ступіць.

— А ты за мной. Па маіх слядах трымай. Тут нямнога ўжо, — сказаў зводдаль Рыбак і, ямчэй паддаўшы на плячы вінтоўку, даволі рашуча зашыбаваў праз хмызняк, разграбаючы ботамі снег.

Сотнікаў пахіснуўся, не трапіўшы ў ягоны след, але таксама палез у кустоўе.

Некалькі хвілін яны прадзіраліся так у хмызняку; збоч са снегу тырчала сухое трысцё, якое ціха і нудна шархацела на ветры. Неўпрыкмет перайшлі замёрзлую, засыпаную снегам рачулку і зноў пайшлі поплавам, грузнучы нагамі ў рыхлым глыбокім снезе. Сотнікава апаноўвала санліва-знямоглая абыякавасць да ўсяго на свеце. Толькі намаганнем волі ён прымушаў сябе ісці, не спыніцца і не ўпасці — у вушах са звонам гудзела — ад ветру ці, можа, ад стомы.

Урэшце яны выбраліся з кустоўя, але наперадзе іх чакаў пагорак, і на яго шырокім некрутым схіле Сотнікаву стала і зусім кепска: млелі ногі. Добра, што снег тут памялеў, а сям-там яго і зусім не было, пад падэшвамі мулялі пыльныя цёмныя плешыны. Рыбак далёка выскачыў наперад і доўга шыбаваў па касагоры, мусіць, каб выбрацца на хрыбціну пагорка і агледзецца. Але, яшчэ не ўзабраўшыся на яго, ён спыніўся. Сотнікаў падумаў, што той нешта ўбачыў — мусіць, недалёка ўжо была вёска. Снегавы пагорак, над якім вісела прысмужанае зорнае неба, крута задзіраўся ўгору і знікаў у туманным змроку. Ззаду ж шырока разлеглася шэрая роўнядзь поплаву — з кустоўем, нейкімі невыразнымі плямамі, няпэўнымі ў змроку расплывістымі ценямі, а яшчэ далей, амаль не праглядваючыся, цьмеў дзесьці лес, з якога яны ішлі. Ён быў далёка, той лес, а наўкола стыла на марозе чыстае поле — калі што, тут падмогі ніадкуль не будзе.

Рыбак усё чакаў, і Сотнікаў з гарачнаю задышлівасцю дашкандыбаў да яго, ужо не пільнуючыся следу, — ступаў абы-куды, толькі б не ўпасці. І тады, падышоўшы, згледзеў: Рыбак стаяў на дарозе.

Яны не сказалі адзін аднаму нічога, толькі ўслухаліся, паўзіраліся і памалу пайшлі ўгору — адзін па правай, а другі па левай каляіне. Дарога, напэўна, вяла ў вёску, значыць — яшчэ можа пашчасціць дапнуцца да яе, не зваліцца ў хадзе, думаў Сотнікаў, і тады ўжо будзе відаць, як і што рабіць далей.

Неўзабаве яны выйшлі на вяршыню пагорка. Наўкола мроіўся начны прывідны прастор: шэрань, снег, суцемак з мноствам няўлоўных пераходаў, паўценяў і плямаў, і нідзе не было ні агеньчыка, ні руху — змоўкла, замерла, стаілася зямля. І не дай бог у такі час напаткаць тут людзей — людзі не прынясуць ім удачы, не тых людзей можна цяпер чакаць на дарозе.

— Ціха!

Рыбак ступіў і спыніўся, звыкла рыпнула і сціхла пад яго ботамі, знерухомеў і Сотнікаў. Аднекуль з таго боку, куды ішла дарога, данёсся крык, абрывак нейкага голасу — вырваўся ў марозную ноч і прапаў. Яны ўгледзеліся ў прыцемак — недалёка наперадзе, крышку ў лагчынцы, пэўна, была вёска — паласа чагось нагрувашчанага мякка шарэла ў снегавым змроку. Але нічога пэўнага там нельга было ўбачыць, як нельга было зразумець, ці то быў крык, ці, можа, ім здалося. Наўкола свістаў-шархацеў па снежным полі вецер, ноч ляжала нямая, як сон. І раптам куды ўжо выразней да іх даляцеў чалавечы выкрык-каманда ці, можа, лаянка, а потым, бурачы ўсе сумненні, удалечыні бахнуў і рэхам раскаціўся па полі стрэл.

Рыбак на поўныя грудзі выдыхнуў, а Сотнікаў, мусіць, таму, што нейкі час таксама перацінаў дыханне, пачаў глуха кашляць.

Хвіліну яго неадчэпна біў кашаль, як ён ні зацінаў яго ў грудзях, услухоўваючыся, ці не пачуюцца стрэлы яшчэ. Праўда, і без таго было ўжо зразумела, чый гэта стрэл, — хто ж яшчэ, апроч немцаў і іх прыслужнікаў, мог па такім часе страляць у вёсцы?

Стрэлаў, аднак, больш не было, разы два данеслася па ветры нешта падобнае на голас — размова ці вокліч, не разабраць, — і Рыбак вылаяўся:

— Стараюцца, сволачы. Для вялікай Германіі.

Яны яшчэ пастаялі трохі, услухоўваючыся ў ветраную ціш, занепакоеныя пытаннем: што рабіць далей, куды падацца? Рыбак усё ўзіраўся туды, дзе ў змроку знікала дарога, а Сотнікаў адвярнуўся ад ветру і дробненька ціха калаціўся: яго біла дрыжака.

— Значыць, туды не паткнуцца, — рашыў Рыбак і патаптаўся на рыпучым снезе. — Як ты, нічога? Мо давай лагчынкай пройдзем? Тут недзе за кустамі павінна быць яшчэ вёсачка.

— Давай, — знарок абыякава цепнуў плячом Сотнікаў. Яму сапраўды было ўсё роўна, абы толькі не стаяць на марозлівым ветры і мець у надзеі хоць які-небудзь агеньчык, які б свяціў наперадзе. Пачуцці яго тупелі, засцілаліся прывіднай смугой, па-ранейшаму кружылася ў галаве. Усе яго намаганні ішлі на тое, каб не спаткнуцца, не ўпасці, бо тады ён наўрад ці падняўся б.

Яны збочылі з дарогі і пайшлі па снегавым цаліку туды, дзе шырокім лапікам цьмеў уночы хмызняк. Снег на касагорыне спярша быў неглыбокі, па костачкі, але чым далей, тым большаў, асабліва ў лагчынцы. Праўда, лагчынка выдалася нешырокая, яны хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Сотнікаў тут ішоў упершыню, нічога не ведаў і спадзяваўся на Рыбака, які тутэйшыя месцы аблазіў яшчэ ўвосень, без следу, калі іхні атрад толькі збіраў свае сілы ў Гнілым балоце. Пачаўшы з невялікай дыверсіі на дарозе, гэты атрад потым перайшоў да больш рызыкоўных спраў — узарваў мост на Іслянцы, спаліў ільнозавод у мястэчку, але пасля забойства нейкага важнага чыноўніка з Германіі немцы раз'юшыліся. У канцы лістапада тры роты жандараў абкружылі Гнілое балота і пачалі аблаву, з якой яны ледзьве вырваліся тады ў суседні Баркоўскі лес.

Сотнікаў у той час быў далёка адсюль і наўрад ці думаў пра партызан — ён лічыў сваім абавязкам прабіцца да фронту. Дванаццаць сутак ён прабіраўся з-пад Слоніма ад рэчкі Шчары з невялічкаю групкай хлопцаў-артылерыстаў, што ўцалелі з усяго некалі магутнага артылерыйскага палка. Але на Бярэзіне ў часе пераправы яны ледзь не ўсе былі расстраляны з засады, а хто ўцалеў або не пайшоў на дно, апынуўся ў палоне ў немцаў.

То былі харошыя хлопцы, яго выхаванцы: наводчыкі Токараў і Галаўня, узводны малады лейтэнант Конкін, ягоны старшы на батарэі, з якім яны цэлы год на выдатна выконвалі ўсе батарэйныя стрэльбы. Менавіта гэтаму Конкіну ён абавязаны палавінай свайго даваеннага поспеху і найперш значком «За выдатную артылерыйскую стральбу» — прадметам яго сціплага гонару. Так, харошая была батарэя, колькі падзяк ад начальства вісела на яе стэндзе ў ленінскім пакоі — за агнявое майстэрства, за розныя іншыя поспехі ў баявой падрыхтоўцы.

А на вайне ўсё склалася інакш. Сталася так, што ў іх распараджэнні асталося некалькі лічаных секунд, і найбольшую карысць прынеслі тыя, хто не разгубіўся, спрытней управіўся зарадзіць, хто проста аказаўся дужэйшы…

Рыбак даволі ўпэўнена крочыў наперадзе, трымаючыся бліжэй да лесу. Снег тут быў неглыбокі, растаптаныя буркі Сотнікава, што нядаўна дасталіся яму ад забітага партызана з мясцовых, роўна шорхалі па снегавой замеці. Добра яшчэ — цяпер ім трэба было ісці ўніз, вецер заходзіў з плячэй, месячык цьмяна свяціў у небасхіле. Па-ранейшаму было дужа марозліва і сцюдзёна, ажно сцялася, здранцвела ўсё ўсярэдзіне. Здаецца, ніколі ў жыцці Сотнікаў так не пакутаваў ад сцюжы, як у гэтую ноч. Ад стомы і аднастайнага шорхання ног у голаў яго лезла мешаніна выпадковых вобразаў, напаўзабытых твараў, нават асобныя сцэны-прывіды мільгалі ўваччу, і ён ужо не мог вызначыць — былі гэта ўспаміны ці здані. Магчыма таксама, што гэта ўзнаўлялася перажытае ім, яго былое, якое цяпер здавалася прывідам, так яно было мала падобнае на звыклае, рэальнае жыццё.

Найгоршае для Сотнікава было ў тым, што гэта быў яго першы і яго апошні франтавы бой, да якога камбат рыхтаваўся, мабыць, з таго першага дня, калі яго прызвалі на службу. Паслухмяная яму, чакала ягоных каманд грозная тэхніка, былі снарады, напагатове ехалі натрэніраваныя за шмат месяцаў гарматныя разлікі, наперадзе рухалася баявая ахова — усё, як і належыць паводле баявых статутаў… Тое ўспаміналася цяпер Сотнікаву, як страшны прывідны сон, і хоць і пасля на яго долю выпала нямала цяжкіх баёў, той першы яму немагчыма забыць ніколі.

…Яны былі ў руху чацвёрты дзень.

Чацвёрты дзень даўжэзная калона артпалка кідалася па лясных дарогах то на паўднёвы захад, то на поўдзень, адзін раз яе нават павярнулі ледзь не ў тыл, на поўнач. Трактары сваім несціханым ровам аглушалі наваколле, ад перагрэву кіпела вада ў радыятарах, пыл і пот сляпілі вочы байцоў. З самага ранку дацямна над імі вісела нямецкая авіяцыя, «юнкерсы» бясконца сыпалі на іх фугасныя бомбы, усё было закідана пяском, смярдзюча гарэлі цягачы, цэлыя аб'язджалі іх — калона не спыняла руху. Байцы са станін і трактароў бязладна лупілі ўгору з вінтовак, але карысці ад тае стральбы было мала. Яны нават не прымушалі самалёты падняцца вышэй, і тыя насіліся над дарогай, ледзь не кранаючы верхавіны прысадаў. Сотнікаў сядзеў на галаўным трактары і як збавення, як самага вялікага шчасця чакаў каманды збочыць з гэтай праклятай дарогі, развярнуцца і з ячэйкай кіравання выйсці насустрач немцам. Тады ўжо ён бы абрушыў на іхнія галовы такое, чаго ім і не снілася. Але не было каманды спыніцца, полк усё ехаў і ехаў, і кожныя дзве гадзіны над ім разгружаліся нахабныя «юнкерсы», ад якіх уся гэта наземная агнявая магутнасць была безабаронная.

Так настала апошняя ноч іхняга крывулістага блукання па заходнебеларускіх дарогах.

Полк быў ужо далёка не той, што ўпачатку, некалькі разлікаў загінула, у яго батарэі амаль прамым пападаннем пакарэжыла і скінула з дарожнага насыпу гармату. Праўда, тры аставаліся спраўныя, хіба што з падзёўбанымі шчытамі, з пасечанай гусмацікай колаў, з безліччу асколачных адмецін на ствалах і станінах. У другой гаўбіцы пацёк прабіты накатнік. Чацвёра забітых батарэйцы вязлі ў прычэпе на скрынках снарадаў, сямёра параненых адправілі ў тыл. Зрэшты, гэта былі не найбольшыя страты — іншым батарэям дасталася горш. Палкавая калона пакарацела ледзь не напалавіну, некалькі цэлых гармат асталося на дарозе: былі пашкоджаны трактары. Цяпер амаль усю ноч ехалі на ўсход, і гэта было кепскай прыкметай: камандзіры са штаба пагаворвалі пра акружэнне, яно і сапраўды падобна было на тое. Байцы не спалі чацвёра сутак, некаторыя, седзячы на станінах, крыху прыдрамалі пад ранак — ноч была самай спакойнай парой, калі б не гэтая няпэўнасць у абставінах, якая чорнаю плахай вісела над кожным. Перад світаннем ненадоўга спыніліся ў нейкай вёсачцы, насустрач ішлі пехацінцы; непадалёк, відаць было ўначы, запаленае авіяцыяй, нешта гарэла яркім, на паўнеба, полымем — пяхота казала, станцыя. Ніхто не тлумачыў нічога, але людзям неяк само сабой перадалося, што зусім блізка немцы. Неўзабаве камандзір палка маёр Парахневіч павярнуў калону на бакавую, абсаджаную вербамі дарогу. Паехалі кудысь на поўдзень. Ноччу было спакойней без авіяцыі, затое яны былі сляпыя і глухія — за ровам трактароў нічога не было чуваць, а ў летняй цемры не шмат што ўбачыш. На самым світанні Сотнікаў, не ўтрымаўшыся, трохі задрамаў на сядзенні, як раптам штось здорава грымнула на ўзбочыне. Ён тут жа прахапіўся, «Камсамолец» праваліўся правай гусеніцай, камбата абдало зямлёй і гарачаю хваляй выбуху. І тут пачалося.

Якраз світала, за вербамі добра сінеў край неба і шарэла аўсянае поле, а аднекуль спераду, з галавы калоны, іх пачалі расстрэльваць танкі. Не паспеў ён саскочыць з трактара, як побач загарэўся цягач трэцяй батарэі, намёртва села ў варонку гаўбіца. Праз перуны выбухаў ён скамандаваў развярнуцца ўправа і ўлева, але не так проста было вывернуцца з цяжкімі гарматамі на вузкай дарозе. Другі разлік вёртка кінуўся з дарогі ў авёс і тут жа атрымаў два снарады ў бок, гармата завалілася, задраўшы ўгору кола. Ранак асвяціўся полымем, прысады заслаў саляравы дым — танкі расстрэльвалі полк на дарозе.

Гэта было найгоршае, што магло здарыцца з імі: уся іх агнявая сіла прападала нявыкарыстанай. Зразумеўшы, што ім адведзены толькі секунды, Сотнікаў з байцамі як-колечы развярнуў апошнюю ўцалелую гармату проста на бруку і, не ўпёршы станін, ледзьве паспеўшы садраць чахол са ствала, паслаў цяжкі снарад у бок ворага. Спярша нельга было і згледзець, дзе тыя танкі; галаўныя ў калоне машыны гарэлі, уцалелыя байцы беглі назад, дым і пакарэжаныя трактары на дарозе не давалі прыцэліцца. Але неўзабаве між вербаў ён убачыў першы нямецкі танк, які пёр за канавай і, збочыўшы ствол гарматы, гахаў і гахаў стрэламі наўскасяк па калоне. Сотнікаў адштурхнуў наводчыка (гармата была ўжо зараджана), дрыготкімі рукамі давярнуў таўшчэзны гаўбічны ствол і ўрэшце злавіў гэтае яшчэ цьмянае ўранку страшыдла на перакрыжаванне панарамы.

Стрэл яго грымнуў, як удар грому, гармата здорава аддала назад, балюча ўдарыла панарамай у скулу, у доле з-пад незамацаваных сашнікоў пырснуў сноп іскраў ад бруку, адна станіна ўрэзалася сашніком у броўку канавы, другая асталася на дарозе. Праз пыл, узняты стрэлам, ён яшчэ не паспеў што згледзець, але пачуў, як радасна закрычаў наводчык, і зразумеў, што папаў. Ён тут жа зноў кінуўся да панарамы — амаль закрываючы сабой усё яе шкло, за дарогай сунуўся другі танк; камбат скіраваў гаўбічны ствол яму проста ў лоб — так блізка той здаваўся ў оптыцы, — крыкнуў: «Агонь!» Замковы зрэагаваў у час, стрэл зноў аглушыў, але гэты раз ён паспеў адхінуцца і за пылам ад стрэлу ўбачыў — тое, што за секунду да таго было танкам, хруснула, нібы шкарлупіна ад яйка, і ад нутранога магутнага выбуху буйнымі часткамі разляцелася ў бакі. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі.

Неспадзявана іх ахапіў азарт баявой удачы. Ужо не зважаючы на страты, на забітых і параненых, што сплывалі крывёй на запыленым бруку, на агонь, што жор іхнюю тэхніку, на град куль адтуль, з танкаў, некалькі ўцалелых на дарозе гармат пачалі біць цяжкімі снарадамі па танках. Тым часам развіднела. Ужо стала відаць, куды цэліцца, некалькі пажараў джагалі агнём за дарогай — нямецкія машыны гарэлі.

Сотнікаў выпусціў дзесятак снарадаў і разнёс дашчэнту яшчэ два танкі. Але нейкае падсвядомае, надта абвостранае небяспекай адчуванне падказвала яму, што ўдача канчаецца, што адпушчаныя яму лёсам ці выпадкам секунды выкарыстаны цалкам, што наступныя другі ці трэці снарады адтуль будуць яго. Наперадзе жывых ужо, мабыць, не асталося нікога, апошнім прыплёўся адтуль і паваліўся, абліваючы крывёй станіну, камандзір палка, побач у канаве бахалі з карабінаў некалькі байцоў — цэлілі ў танкавыя шчыліны. Ля снарадных скрынак уткнуўся галавой у зямлю зараджаючы Золатаў, ззаду цэлы астаўся адзін толькі правільны Губайдулін; камбат крыкнуў яму зараджаць, але той, ці аглушаны, ці надта спалоханы, толькі ціснуўся спіной да станіны і невідушча глядзеў на яго. Тады Сотнікаў кінуўся да скрынкі са снарадамі сам, але яшчэ не дапоўз да яе, як ззаду ашалела грымнула. Ён тыцнуўся тварам у зямлю, дол рэзка падскочыў, дарога і зямля сталі дыбам, на некалькі доўгіх секунд чорнае покрыва заслала ад яго свет. Ён задыхнуўся ад пылу і зямлі, якой забіла яму нос і рот; адчуўшы краёчкам свядомасці, што жывы, тут жа тузануўся з долу і пад градам земляное трухі, якая абрынула зверху, вертануўся да панарамы. Але яго гаўбіца ўжо скасабочылася на краі глыбокай рытвіны, ствол вывернула ўбок, смуродна гарэла гумовае кола. І ён зразумеў, што гэта — усё. Ён не ведаў яшчэ, ці сам цэлы, ён толькі адчуваў, што аглух, выбухі ў ягоных вушах адгарадзіла шчыльнай сцяной, іншыя гукі ўсе разам зніклі, у галаве шыпела і гуло. З носа ішла кроў, ён размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. На ветры хутка мільгалі рваныя чорныя космы дыму ад ахопленага полымем трактара, тлуста смярдзела саляркай і трацілам ад выбухаў, побач тлела гімнасцёрка на плячы ўжо нежывога камандзіра палка. Збянтэжаны нечаканасцю, збіты з панталыку разгромам, Сотнікаў хвіліну нібы не разумеў, што адбылося, не мог паверыць, што гэта не сон. Трываючы дым, які еў вочы, ён толькі глядзеў, як ішлі па той бок нямецкія танкі, ужо добра відаць былі на іхніх бартах лічбы і чорна-белыя, выбітыя па трафарэту крыжы. Свайго жыцця яму было не шкада, ён толькі не ведаў, што рабіць далей. І тады нехта тузануў яго за рукаў. Ён павярнуў голаў і ўбачыў запэцканы сажай і крывёй твар Конкіна, які нешта крычаў яму і паказваў рукой у тыл, дзе, прыгнуўшыся, перабягалі байцы.

Па канаве яны пабеглі за ўсімі.

Загрузка...