5

Яны ішлі моўчкі па ранейшых сваіх слядах — цераз прыгуменне, уздоўж плота, выйшлі на касагорыну ля хмызняку. У вёсцы ўсё было ціха, нідзе з вокнаў не выбівалася ні плямкі святла, па-начному сонна шарэлі ў прыцемку заснежаныя стрэхі, сцены, платы, дрэвы ў садках. Рыбак хутка крочыў наперадзе, несучы на плячах авечку — адкінутая галава яе з белаю лысінкай на лобе мёртва целяпалася на яго плячы. Час, мабыць, мінаў за поўнач — маладзічок узлез у самую высь неба і ціха бліскаў там, па-ранейшаму завалочаны святлявым мроівам. Зоркі наўкола яго іскрыліся ярчэй, чым увечары, гучней рыпеў снег пад нагамі — у самую сілу ўбіраўся мароз. Рыбак шкадаваў крыху, што надта забавіліся ў старасты, але хоць недарма, адпачылі, абагрэліся, а галоўнае — вярталіся не з пустымі рукамі. Авечка, вядома, не вялікі наедак на дваццаць сем чалавек, але пакуль што голад спатоліць. Хоць і далекавата, ды ўсё ж расстараліся, цяпер трэба паспець да ранку.

Ён спорна крочыў з ношай, не надта ўжо і асцерагаючыся ў начным полі на знаёмай дарозе. Каб не Сотнікаў, якога нельга было кідаць аднаго, ён бы апынуўся і далей. Мабыць, упершыню за сённяшні дзень у Рыбака варухнулася кароценькая незадаволенасць хворым напарнікам, але што зробіш: ці яго ў тым віна. Праўда, міжволі падумалася, што ўрэшце мог бы дзе расстарацца і якую цяплейшую адзежыну, і тады, можа, быў бы здаровы і цяпер вось памог бы яшчэ і валачы гэтую авечку. Спярша дык яна здалася зусім нецяжкой, але неяк даволі хутка стала грузнуць на карку, галава яго пакутна падварочвалася, дрэнна было глядзець наперад. Тады Рыбак пачаў злёгку пасоўваць авечку на плячах: пакуль адно несла, другое адпачывала — так было зручней. На хадзе ён добра ўгрэўся ў цёплым кажушку, нядаўна яшчэ зусім новым, фарбаваным у чорнае, які няблага паслужыў яму ў гэтую сцюжу. Без кажушка ён, мабыць, прапаў бы. А так і лёгка і сугрэўна, і надзець і прыкрыцца дзе на начлезе; дзякуй дзядзьку Ахрэму — не пашкадаваў, аддаў. Хоць, вядома, у Ахрэма былі свае на тое прычыны, і галоўная з іх, безумоўна, датычыла Зосі, якая — гэта ён ведаў пэўна — сэрцам надта ўжо прыкіпела да яго. Але што ж… Хіба каб не вайна. Зрэшты, каб не вайна, дзе б ён спаткаў тую Зосю? Якім чынам старшына стралковае роты Рыбак мог апынуцца ў той Карчоўцы — маленькай глухаватай вёсцы пры лесе? Мабыць, і не завітаў бы ніколі, хіба што праехаў бы калі па бальшаку на асенніх манеўрах, і толькі. А тут быў змушаны. Уначы прыстыргікаў з параненай нагой, тоўста абкручанай скрываўленай нацельнай сарочкай, папрасіўся ў хату — баяўся: удзень пачнуць ездзіць немцы і хутка падбяруць яго, аднаногага. Толькі развіднела, яны і сапраўды пачалі гойсаць на матацыклах і конна па ўчарашнім полі бою, заваленым трупамі, ды ён у той час ужо быў прыхаваны ў пуньцы пад кучай гарохавін. Ахрэм і Зоська пільнавалі яго ўдзень і ўночы і — збераглі. А пасля наўкруг стала ціха, прыйшла і асталявалася новая ўлада, не стала нават чутно артылерыйскага гулу ўначы: было надта тужліва. Здавалася, усё ранейшае, дзеля чаго ён жыў і стараўся, чаго дасягнуў сваёй рупнасцю, назаўжды рухнула. Дужа горка яму было ў той час, і тады адзінай уцехай у яго патайным вясковым жыцці стала пульхненькая ласкавая Зоська. Ды ненадоўга.

Здароўя ў яго не бракавала, малака і смятаны было даволі, рана на назе за месяц як-колечы ўгаілася, праўда, трошкі напамінала аб сабе на хадзе, але нічога. Між ласкі і маладых уцех у гасціннай Ахрэмавай хаце ён усё больш пачаў думаць аб тым, як быць далей. Тады аб'явіліся дружкі, такія ж, як ён, акружэнцы — хто выздаравелы ад ран, хто проста аклемаўшыся на хутарах і ў вёсках ад першага страху акружэння, — пачалі сходзіцца, дасталі прыхаваную зброю. Вырашылі: трэба падавацца ў лес, нягожа былым вайскоўцам туляцца па сялянскіх закутках, ля добрасардэчных маладзіц, нераспісаных, нявенчаных ваенных жонак. І пайшлі. Сумнае і нечакана балючае было яго развітанне ў Карчоўцы. Праўда, ён не стаў, як некаторыя, таіцца ці — яшчэ горш — уцякаць, сказаў усё, як было, і надзіва — яго зразумелі, не скрыўдавалі і не адгаворвалі. Зоська, праўда, заплакала, а дзядзька Ахрэм сказаў толькі: «Раз нада, дык нада. Ведама, дзела ваеннае». І ён і цётка Гануля сабралі яго, як роднага сына, і выправілі. Рыбак паабяцаў даваць знаць пра сябе, наведвацца пры выпадку. Яно раз і наведаўся ў канцы восені, а пасля стала нельга, а галоўнае — не цягнула; мусіць, адвык, ці што. А можа, не было таго, што прыварожвае назаўжды, а так — з'явілася, перабыло і прапала. І ён не шкадаваў аб тым, сабой быў давольны — не ашукваў, не лгаў, добра ці не — усё зрабіў па шчырасці і адкрыта. Хай людзі мяркуюць, як знаюць, ягонае ж сумленне перад Зоськаю было амаль чыстае.

Ён страх не любіў чыніць людзям зло — знарок ці ненаўмысле крыўдзіць, не трываў, калі на яго крыўдавалі. У арміі, праўда, цяжка было абысціся без гэтага, трэба было — спаганяў, але стараўся, каб тое выглядала па-добраму, дзеля карысці службы, а не дзеля якога асабістага інтарэсу. І яшчэ стараўся абыходзіцца без выпадаў злосці. Цяпер злы, дапяты хваробай Сотнікаў папракнуў яго старастам, што пусціў, не пакараўшы, але Рыбаку стала агідна караць — чорт з ім, хай жыве. Вядома, да ворага трэба адносіцца без усякае літасці, але тут сталася так, што ўжо надта па-сялянску знаёмым здаўся яму гэты Пётра. Калі што, хай яго пакараюць другія. У хаце, пакуль спрачаліся, ён нават і меў нейкі намер правучыць старасту, але пасля, у хляўку, калі разам узяліся лавіць авечку, гэтае жаданне паступова знікла. У хляве мірна, звычайна пахла сенам, гноем, жывёлай. Авечкі спуджана кідаліся з кутка ў куток, гэтую ж, з белай плямкай на лобе, стары падлаўчыўся схапіць за шэрсць, і тады Рыбак спрытна ашчаперыў яе за шыю, адчуўшы на момант нейкую паўзабытую, ледзь не дзіцячую радасць здабычы. Пасля, пакуль трымаў, а Пётра рэзаў ёй горла і авечка білася на саломе, па якой цёк ручаёк парнай крыві, у ягонае пачуццё шыбанула незабыўнае з маленства ўражанне страхавітае радасці, калі гэтаксама ў канцы восені бацька рэзаў адну ці аж дзве авечкі і ён, падлетак, памагаў яму. Усё было тое самае: і пахі ў хляўку, і кіданне ў смяртэльным, нібы ўсвядомленым, адчаі жывёліны, і парнасць цёплай крыві на марозе. Тады ён, праўда, баяўся глядзець на такое, затыкаў вушы, каб не чуць перадсмяротнага бляяння звыклых ад ягнячае пары авечак, кожную з якіх ён ведаў ва ўсіх драбніцах іхняга выгляду і характару. Цяпер жа, аднак, таго страху не было і звання, астаўся адзін успамін.

Поле, на якое ён павярнуў ад хмызняку, аказалася нечакана даўгім і шырокім, і яны ішлі, мабыць, з гадзіну, бухаючы нагамі ў снезе. Рыбак не ведаў пэўна, ды ўсё ж адчуваў, што недзе ўпоперак таго, куды яны ідуць, павінна быць дарога, тая самая, якою яны нядаўна ішлі сюды, пасля пачнецца схіл да поплаву. Але мінаў час, яны адмералі вярсты дзве, а дарогі ўсё не было, і ён пачаў меркаваць, ці не перайшлі яны дзе яе, не заўважыўшы. Тады яны маглі збіцца з кірунку, не ў час павярнуць улева, у лагчыну. Кепска, што гэтую мясцовасць ён ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Праўда, тады планавалася ісці трохі ў іншы бок.

Рыбак спыніўся, азірнуўся на Сотнікава, які зноў далекавата адстаў і знямогла гробся ў суцемку. На месяц угары насунулася нейкая імгла, ноч пацямнела, удалечыні зусім нічога не было відаць. Ён скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Праз хвіліну не надта ўпэўненым крокам да яго дашкандыбаў Сотнікаў.

— Ты ўжо як-небудзь. Знаеш, я не памочнік.

— Ладна, куды табе, — адсопваючыся, сказаў Рыбак і перавёў размову на іншае: — Не прымеціў, мы правільна ідзём?

Сотнікаў, цяжка дыхаючы, паглядзеў у ноч.

— Мабыць, правільна. Там лес.

— А дарога?

— Тут недзе і дарога. Калі не павярнула куды.

Абодва моўчкі паўзіраліся ў змрочнае снегавое сутонне, і тады зусім неспадзявана ў шумлівым павеве ветру іх напружаны слых злавіў нейкі няпэўны гук. То быў голас — самы звычайны дарожны вокрык на каня: «Нэ-э»… У наступнае імгненне стаў чуцен і ціхенькі ўдалечы тупат капытоў — яны абодва ўраз павярнулі твары пад вецер і не так убачылі, як угадалі далёка ў прыцемках ледзьве прыкметны рух. Рыбак спярша ледзь не збянтэжыўся — здалося, даганяюць, але неўзабаве зразумеў, што гэта не наўздагон, а хутчэй наперарэз, мабыць, па той самай дарозе, якую яны шукалі. Непрыемна адчуўшы, як закалацілася ў грудзях сэрца, ён узяў карабін, хуценька закінуў яго за плячо. Але тут жа аўтаматычным, амаль падсвядомым адчуваннем сцяміў, што небяспека кіруе міма, толькі ці дастаткова далёка ад іх, каб не згледзець уночы, вызначыць таго не мог. І ён, прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Поле ішло на пагорак, ім трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі.

— Давай, давай! Бягом! — гукнуў ён да Сотнікава, прыбаўляючы кроку. Ногі яго адразу падужэлі, цела, як заўжды ў хвіліну небяспекі, набыло лёгкасць і спрыт. І раптам ён згледзеў за пяць крокаў ад сябе дарогу — раз'езджаныя яе каляіны кіравалі ім наўкось. Цяпер ужо стала зразумела, што гэта тая самая дарога, па якой ехалі; ён зірнуў убок і выразна ўбачыў наводдалі цемнаватыя рухавыя плямы, чутно было ціхае бразганне чагось з вупражы; сані хуценька набліжаліся. Рыбак, нібы замініраваную паласу, з зацятым страхам перабег тую праклятую дарогу, так неспадзявана і не ў час выніклую перад імі, і тут жа выразна адчуў, што зрабіў няўдала. Мусіць, лепей было б падацца назад, па другі бок, ды ўжо было позна пра тое думаць. Раскопваючы ботамі снег, ён шпарыў на пагорачак і думаў, што, пэўна, вось-вось іх клікнуць. Яшчэ не дабегшы да вяршыні, за якой пачынаўся спуск, ён зноў азірнуўся. Сані выразна сталі відаць на дарозе, іх было двое — другія амаль ушчыльную шыбавалі за першымі. Але седакоў пакуль яшчэ нельга было згледзець, крыку таксама не было чутно, і ён з маленькай, надта жаданай надзеяй падумаў, што, можа, гэта сяляне. Калі не крыкнуць, дык пэўна сяляне — мусіць, з нейкай прычыны запазніліся ўначы, — тады дарма ўвесь гэты ягоны спалох. Трохі ўсцешаны нечаканай надзеяй, ён ажно спакойней разы два выдыхнуў і на бягу павярнуўся да Сотнікава. Той, як на злосць, хістка тупаў наводдалек, нібы ўжо не могучы прабегчы якіх сотню крокаў, што заставаліся яшчэ да вяршыні пагорка.

І тады начную ціш скалануў пагрозлівы вокліч:

— Гэ-эй! Ану, стой!

Адно першае катэгарычна-патрабавальнае «гэй!» дало зразумець, з кім яны маюць справу. Раптам апаўшы духам, Рыбак з новым імпэтам сігануў па снезе. Яму заставалася зусім ужо трошкі, каб схавацца за пакатай спіной пагорка, далей, здаецца, пачынаўся спуск — там бы яны ўжо ўцяклі. Але менавіта ў той час сані спыніліся, некалькі галасоў хрыпла і сіпата закрычалі ім наўздагон:

— Стой! Стой, страляць будзем! Стой!!

Стала ўсё проста і да душэўнага болю пэўна. Не пакідаючы ні рэшты сумнення, разанула думка: «Папаліся!» Рыбак зморана шпарыў па шырокай спіне пагорка, пакутна цямячы, што галоўнае цяпер — адбегчыся як мага далей. Мусіць, на конях даганяць не будуць, а страляць — хай страляюць: уначы не дужа пацэліш. Авечку, якая так недарэчы ляжала на плячах, ён, аднак, не кідаў — яшчэ меў надзею: авось абыдзецца, як-небудзь прарвуцца.

Неўзабаве ён пераваліў пагорак і шырока зашыбаў па схіле ўніз. Ногі спраўна неслі яго, ажно баяўся, каб не ўпасці з авечкай. Карабін за спіной важка боўтаў, стукаючы ў сцягно, ціхенька лязгалі ў кішэнях патроны. Яшчэ здалёку ён прыкмеціў наперадзе нешта расплывіста-цёмнае, мабыць, зноў хмызняк, і кіраваў да яго. Крыкі ззаду на нейкі час сціхлі, стрэлаў пакуль не было. Мусіць, яны з Сотнікавым ужо схаваліся з вачэй тых, што ў санях.

Але вось крок яго зноў запаволіўся: паглыбеў снег — гэта ён збег па схіле ў лагчыну і, ахоплены новай трывогай, спыніўся. Сотнікаў адстаў так далёка, што Рыбак ажно спалохаўся: здалося, той зусім не спяшаўся, не бег, а ледзьве валокся ў змроку. Але Рыбак нічым не мог яму пасабіць, апроч хіба як апантана імкнуцца наперад. Цяпер яму як мага хутчэй трэ было дабегчы да таго кустоўя, што ўжо быццам непадалёк чарнела наперадзе.

— Стой! Падлы бандыцкія, стой!! — зноў паляцелі наўздагон пагрозлівыя, з лаянкай воклічы.

Значыць, усё ж даганяюць. Не азіраючыся — няўклюдна было вывернуцца з авечкай, — Рыбак вызначыў па крыку, што тыя ўжо на пагорку і, мабыць, убачылі іх. Надта невыгоднае аказалася іх становішча, асабліва Сотнікава, якому да хмызняку яшчэ бегчы ды бегчы. Але што ж… Як заўжды пры найбольшай пагрозе, кожны дбаў пра сябе, беручы свой лёс ва ўласныя рукі. Што ж да Рыбака, дык каторы ўжо раз за вайну яго ратавалі ногі. Праўда, магчымасці іх былі малыя — да крыўднага абмежаваныя магчымасці дзвюх чалавечых ног. І тым не менш менавіта яны, а не што іншае абяцалі яму паратунак.

Хмызняк, аказваецца, быў далей, чым здалося ўначы. Рыбак яшчэ не дабег да яго, калі ззаду забахалі стрэлы. Стралкі, аднак, былі болей чымся няважныя, ён, не азіраючыся, зразумеў гэта па тым, як напятай струной прайшла над ім куля. Надта высока прайшла — гэта ён зразумеў пэўна. І ён прымусіў сябе пад тымі кулямі дабегчы да хмызу. Мусіць, тут было нейкае лугавое балотца — па снегавой роўнядзі блытаўся голлем алешнік, рыхлы снег пад нагамі бугрыўся купінамі. Рыбак упаў між куп'я, зваліў з пляча авечку. Пэўна, трэба было бегчы далей, але ў яго ўжо не асталося сілы. Ззаду ваўсю ішла перастрэлка, і ён зразумеў, што гэта Сотнікаў стрымлівае іх. Спярша ён ажно парадаваўся: значыць, адарваўся. З карабінам у руках ён на каленях вывернуўся назад, прыўзняўся над грыўкай дробненькага хмызняку і здалёку ўбачыў напарніка. Недзе пад самым пагоркам той варушыўся ў снезе, але адсюль, праз шэры прыцемак ночы, нельга было зразумець, ці ён бег, ці, можа, стаяў на адным месцы. Пасля трох-чатырох стрэлаў з пагорка адзін бахаў бліжэй — то быў стрэл Сотнікава, які, вядома, затрымліваў іх. Але ўсё ж наўрад ці разумна было ў ягоным становішчы пачынаць перастрэлку з паліцыяй, падумаў Рыбак. Мусіць, трэба б як найхутчэй уцякаць, адрывацца. Гэты хмызняк на дарозе — проста іх шчасце, ён бы даў магчымасць заблытаць свой след і ўцячы. Ды Сотнікаў нібы не разумеў таго — здаецца, залёг і ані не варушыцца нават. Калі б не яго стрэлы, дык можна б падумаць, што ён нежывы.

А калі ён паранены?

Ад гэтае думкі-здагадкі Рыбаку стала зусім ніякавата — то было вышэй за яго магчымасці. Паліцаі зверху, з пагорка, мусіць, добра бачаць адзінокага чалавека на снезе і мала што пакуль не бягуць да яго — яны, безумоўна, застрэляць яго з вінтовак. Калі ён, Рыбак, кінецца на дапамогу, заб'юць абодвух — гэта ж так проста. Як бывала ў фінскую, калі праклятыя снайперы з дрэў набівалі па чатыры-пяць чалавек за хвіліну, і ўсё тым жа самым прымітыўным спосабам: да першага падстрэленага на выручку кідаўся сусед па ланцугу і тут жа клаўся з прастрэленым нутром побач, потым да іх поўз наступны. І кожны з гэтых наступных напэўна ведаў, што яго чакае там, але не мог стрымаць сябе, чуючы, як гэтак блізка стогне-канае таварыш.

Значыць, калі яшчэ можна, трэба ўцякаць. Сотнікава ўжо не ўратуеш, а самому загінуць вельмі проста. Рашыўшы так, Рыбак хуценька закінуў за спіну карабін, рашучым намаганнем узваліў на плячо авечку і, спатыкаючыся ў снезе, прыпусціў краем балотца.

Мусіць, ён далёка ўжо адбег ад таго месца і зноў здорава замарыўся. Стрэлы ззаду на нейкі час быццам сціхлі, і ён, услухоўваючыся ў цішыню, з цьмянай палёгкай падумаў, што там усё скончана. Але праз хвіліну яны пачуліся зноў. Бахнула разы тры, адна куля з віскам прайшла над балотам. Значыць, Сотнікаў яшчэ жывы. І менавіта гэтыя стрэлы азваліся ў Рыбаку новай трывогай, панішчыўшы кволую радасць ад таго, што сам уратаваўся. Яны напаміналі і страхавітаю горыччу варушылі разгарачанае яго пачуццё. Авечка ўсё цяжэла, часам яе скалянелы цяжар здаваўся чужым і апрыклым, і ён валок яе, думаючы зусім аб іншым.

Праз хвіліну наперадзе паказаўся неглыбокі равок, можа, бераг рачулкі. Пэўна трэба было перайсці на той яго бок, Рыбак сунуўся з берага, але паслізнуўся — ноша яго звалілася на ўзгорак, а ён на спіне ссунуўся ўніз. Войкнуўшы, ускочыў, на руках і каленях выбраўся з раўка і раптам выразна адчуў, што рабіў не так. Як было столькі сілы выдаткоўваць на гэту праклятую авечку, калі там аставаўся таварыш? Ён яшчэ жыў і напамінаў аб сабе стрэламі, а Рыбак, па сутнасці, кідаў яго ворагам. Відочная недарэчнасць ранейшага намеру стала такая выразная, што Рыбак вылаяўся і збянтэжана сеў на ўзгорку. Якраз у той час за хмызняком грымнуў яшчэ адзін стрэл, і болей стрэлаў з пагорка ўжо не было. «Можа, там што перайначылася?» — падумаў Рыбак. Настала няпэўная паўза, яна, аднак, падштурхнула Рыбака, і ён ускочыў.

Стараючыся не разважаць болей, ён хуткім крокам кінуўся па сваім следзе назад.

Загрузка...