Рыбак абышоў мысок хмызняку і спыніўся. У прыцьмелай шэрасці начной прасторы на касагорыне відаць сталі крайнія будыніны вёсачкі. Як яна выглядае адсюль, Рыбак ужо забыўся: у пачатку восені яны праходзілі непадалёк па дарозе, але ў самую вёску не завіталі. Зрэшты, тое цяпер было няважна — важней было вызначыць, ці ціха там у гэтую ноч, каб не напароцца на немцаў або паліцаяў.
Стоячы на краі хмызу, ён хвіліну ўглядаўся-ўслухоўваўся, ды нічога падазронага быццам не было чуваць. Даляцела некалькі няпэўных уночы гукаў, па-ранейшаму пругка і настойліва дзьмуў вецер, ціха пасвістваў побач у мёрзлым галлі, пахла дымам — недзе, мусіць, палілі. Тым часам падышоў Сотнікаў і таксама спыніўся, услухаўся.
— Ну, што?
— Здаецца, ціха. Пайшлі памалу.
Вядома, было б карацей скіраваць да крайняй у гэтай вёсцы хаціны, што вунь стаяла, уросшы па самую страху ў снег, з прыстаўленым да яе жардзём, — там пачыналася вуліца. Але менавіта таму Рыбак і прамінуў крайнюю — калі што, ля яе заўжды рызыкуеш напароцца на непрыемнасць; у канцы вуліцы звычайна канчае свой маршрут вартаўнік ці патруль, наладжваюць засаду паліцаі. І ён узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Там, за растрэсканым вуглом пунькі ці тока з прадранай страхой, яшчэ пастаяў, паслухаў і з аглядкаю падаўся на прыгуменне. Наўсцяж ад гумна было рукой падаць да нізенькай і нейкай адзінокай пры хлеўчуку хацінкі; на снезе да яе нават аказалася цвёрдая сцежка; ён зрабіў па ёй са два крокі і тут жа саступіў убок — дужа рыпела пад ботамі. За ім таксама саступіў Сотнікаў, і яны абапал сцежкі пайшлі па снезе да хаты.
У той час да іх слыху даляцеў стук — хтось нібыта сек дровы, але рабіў гэта неяк вяла, нібы знясілеўшы ці з роздумам. Рыбак трошкі парадаваўся: калі сякуць дровы, то, мусіць, у вёсцы чужых няма. Да таго ж — не трэба стукаць, прасіцца ў хату: што трэба, можна разведаць у дрывасека. Праўда, ён тут жа падумаў, што неасцярожнасцю можна здаля напалохаць чалавека, тады ты яго ўжо не выцягнеш з хаты. Маючы гэта ў думках, ён як мага цішэй абышоў хляўчук, перажаргнуў кінутыя ў снезе жардзіны, паціху выйшаў з-за вугла на падворак.
У полі на снезе было святлей і відаць далей, а тут, у цемнаватым мроіве двара, ён не адразу зразумеў, што перад ім на дрывотні жанчына. Цяпер яна ўжо не секла, а нешта калупалася там, ціха і зласнавата мармычучы сама сабе. Пачуўшы іх крокі, жанчына страпянулася, кінула сякеру і аж войкнула.
— Ціха, мамаша!
Яна стаяла зусім разгубленая перад ім — нізенькая стараватая кабеціна ў хустцы — і не магла вымавіць слова. Рыбак асцярожліва зірнуў на дзверы ў хату, тыя былі зачынены, болей на двары быццам не было нікога. Зрэшты, ён не надта і баяўся і азіраў наваколле дзеля пэўнасці. Ён ужо зразумеў, што ў гэтай вёсцы спакойна; паліцаі, мабыць, заселі за самагонку, а немцы наўрад ці тут паяўляліся.
— Ах, Божухна, напалохалася я. Ай, Госпадзі…
— Ладна, будзе хрысціцца. Паліцаяў у вёсцы многа?
— А няма паліцыянтаў. Быў адзін, ды ў мястэчка перабраўся.
— Так. — Рыбак прайшоўся па панадворку, выглянуў з-за рога. — Вёска як завецца?
— Лясіны. Лясіны вёска, — поўная ўвагі і яшчэ не апамятаўшыся ад утрапення, казала цётка. Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое яна, відаць, марна старалася рассекчы папалам.
Рыбак адразу прыкінуў, што зусім няблага было б тут і атаварыцца: падыход — выхад харошыя, на дарозе гумно, лясок, яны някепска прыкрываюць ад чужога вока. Цікава толькі, чым можна пажывіцца на гэтай сядзібе?
— Хто яшчэ дома ёсць?
— Дык адна ж я, — хуценька сказала цётка.
— І больш нікога?
— Анягож. Адна і жыву, — жалліва сказала кабета, усё надта пільна сочачы за яго рухамі — сілілася адгадаць таемную мэту начнога з'яўлення гасцей.
Рыбака, аднак, гэта мала цікавіла і мала кранала — і яе жалобна-жаласлівы тон і тое, што яна адна. Ён ужо ведаў гэты вяскова-жаночы звычай — разжаліць яго было цяжка. Ён вывучаў абставіны на падворку — убачыў расчыненыя вароты ў хляўчук і зазірнуў у яго глухі, поўны гнойнага паху змрок.
— Што, пуста?
— Пуста, анягож, — з набалеласцю пацвердзіла кабета, не адыходзячы ад сякеры. — Забралі ўсё чыста.
— Хто забраў?
— Ведама ж хто. Як у чырвонаармейскай мацеры. Каб ім падавіцца.
Калі жанчына кляне — значыць, можна паверыць. Рыбак ціха крэкнуў: напаў, ды не на тое, прыйдзецца шукаць дзе яшчэ. Вядома, мусіць, можна б сёе-тое знайсці і ў гэтай бедалагі (курыцу там ці парася), але не да ніткі ж абіраць яе, і без таго ўжо абрабаваную немцамі.
Сотнікаў, ссутуліўшыся, маркотна чакаў пад сцяной, а Рыбак павярнуўся да цёткі.
— Што, рассеч не можаш?
Жанчына ўраз здагадалася, што ён паможа, і, узрадаваўшыся мужчынскай сіле, скінула з сябе насцярожаную панурасць.
— Ды во, каб яго трасца, забіла — не выдзеру. Звечара б'юся — ні туды ні сюды.
— Ану, дай!
Рыбак закінуў за спіну карабін і аберуч узяўся за гладкае сухое тапарышча. Хэкнуўшы, хлёстка выцяў палена аб калоду, пасля яшчэ. Біў трапна, з прыемнасцю і знаёмым спрытам, адчуваючы сілу ў руках і звыклую з юнацкае пары хватку, калі во гэтаксама зімовымі вечарамі сек з бацькам ці адзін дровы. Пілаваць не любіў, а сеч заўжды быў гатовы з прыемнасцю, выяўляючы ўсю сваю зухаватасць у гэтай спрадвечнай мужчынскай працы.
На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Ён пашчапаў яшчэ і палавінкі і паклаў тапор.
— От дзякуй, сынок! Хай табе Бог дае здароўечка, — лагодна дзякавала цётка.
— Дзякуем не аддзелаешся, маць. Харчы якія-небудзь маеш?
— Харчы? Якія ж харчы? Бульбачка ёсць. Дробненькая, праўда. Калі што — заходзьце, звару заціркі.
— Гэта што! Нам з сабой трэба. Скацініну якую.
— Га! Каб жа яна была.
— А там хто жыве? — Рыбак паказаў рукой цераз гарод, дзе за плотам бялела снежная страха суседняй будыніны. Здаецца, там палілі ў печы — вецер гнаў на падворак пах дыму.
— А там Пётра Качан. Ён старастам цяпер тут, — прастадушна паведаміла цётка.
— Тутэйшы стараста? Ты чуеш? — звярнуўся Рыбак да таварыша, які цярпліва стаяў пад сцяной.
— Анягож, паставілі старастам.
— Нягоднік, га?
— Не сказаць каб. Свой жа чалавек.
Рыбак, секунду разважыўшы, рашыў:
— Ладна, пайшлі да старасты. Ужо ён багацейшы, напэўна.
Яны не сталі шукаць сцежкі, проста падлезлі пад жардзіну ў плоце, перайшлі гарод і, азірнуўшы стары паркан, праз дзірку ў ім вылезлі на старастаў падворак.
Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі — хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах — пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных — нарэзаных і пашчапаных — дроў.
Калі яны яшчэ ішлі цераз гарод, Рыбак сваім спрактыкаваным вокам убачыў, што ў хаце гарыць святло — з верхніх шыб замёрзлых акенцаў цьмяна выбіваўся агеньчык газнічкі. Тым лепш, падумаў Рыбак і ціхенька ступіў на рыпучы ганак.
Ён не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла і проста: павярнуў закрутку, і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Пакінуўшы іх так, ён прайшоў у цёмныя сенцы, поўныя знаёмых і паўзабытых сялянскіх пахаў, асцярожна павёў рукой па сцяне. Пальцы натрапілі на нейкую злубянелую ад сцюжы адзежыну, потым на планку ў дзвярах. Намацаўшы сцюдзёную, напечаную марозам завесіну, ён зразумеў размяшчэнне дзвярэй і лёгка знайшоў аднолькавую ва ўсіх вёсках кавальскую штуковіну — клямку. І гэтыя дзверы былі не зашчэплены. Ён пераступіў высакаваты парог, перадаючы клямку ў зледзянелыя рукі Сотнікава.
На перакуленай сярод стала місцы міргала газнічка, агеньчык яе тужліва закалаціўся ад марознага паветра. Стараваты, з каротка пастрыжанай сівой барадой чалавек, які, аблёгшы на стол, сядзеў за газнічкай у накінутым на плечы кажушку, узняў голаў. На яго старэчым, хоць і даволі яшчэ цвёрдым, твары коратка бліснуў сцюдзёны позірк, які адзін толькі і сведчыў пра тое, што ён убачыў захожых. Тут жа, аднак, вочы яго і патухлі пад асаджанымі на іх бровамі.
— Добры вечар у хату, — са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак.
Вядома, можна б і без гэтых вітанак з нямецкім прыслужнікам, але Рыбак хацеў развеяць напружанасць першай сустрэчы. Стары, аднак, не адказаў і не ўстаў з-за стала, толькі паглядзеў на іх з быццам нават нездаволенасцю на сівым твары.
Ззаду ўсё валіў холад — Сотнікаў няўмела бразгаў дзвярыма, якія не зачыняліся. Рыбак вярнуўся і са звыклым стукам зачыніў дзверы. Гаспадар нарэшце выпрастаўся за сталом, не мяняючы, аднак, спакойнага выразу твару, — нібы ён і не здагадваўся, хто гэта, такія познія госці.
— Ты будзеш стараста? — афіцыйна запытаў Рыбак, валюхаста тупаючы ад дзвярэй да стала. У намёрзлых трафейных ботах было трохі коўзка, і ён стрымліваў свой крок на падлозе.
Стары загарнуў таўшчэзную кніжку, якую перад тым, мабыць, чытаў ля газнічкі.
— Стараста, ну, — сказаў ён роўным, без ценю пагарды або ліслівасці голасам.
У той час у запеччы штось шаснула, тупнула, і з-за шырмачкі, папраўляючы на галаве хусцінку, з'явілася не надта старая, бялявая з твару і, відаць па ўсім, рухавая кабета — мусіць, гаспадыня гэтае хаты. Рыбак зняў з пляча і прыставіў да ботаў вінтоўку.
— Ведаеш, хто мы?
Стараста паварушыўся за сталом, нацягнуў на плечы кажух.
— Здагадваюся. Але калі па гарэлку, дык няма. Усю забралі.
Рыбак усмешыста зірнуў на Сотнікава: стары смоўж, ці не прымае ён іх за паліцаяў? Зрэшты, так, можа, і лепей: справа, што прывяла іх сюды, гонару партызанам не прыбавіць. Захоўваючы, аднак, спакойную самавітасць, Рыбак сказаў:
— Што ж, абыдземся без гарэлкі.
Стараста памаўчаў, нібы штось згадваючы, і пасунуў на край міску з газнічкай. На хаце стала відней.
— Калі так, сядайце.
— Ага, сядайце, сядайце, дзеткі, — узрадавалася запрашэнню гаспадара кабета. Яна ўхапіла ад стала ўслон і пасунула яго бліжай да грубкі, у якой, відаць было, дагаралі дровы. — Во тут цяплей будзе, мусіць жа, намерзліся. Мароз такі…
— Можна і сесці, — пагадзіўся Рыбак, але сам не сеў, кіўнуў Сотнікаву: — Сядай, грэйся.
Сотнікаў адразу апусціўся на ўслон і прыпёрся спіной да пашкрэбанага боку грубкі. Вінтоўку трымаў у руках, нібы апіраўся на яе, пілотку на галаве нават не паправіў — як была глыбока насунута на памарожаныя вушы, так і асталася. Рыбаку рабілася ўсё цяплей, ён расшпіліў на два гузікі свой кажушок і піхнуў з лоба шапку. Гаспадар меў незалежны, нібы нават абыякавы выгляд, а яго кабета, склаўшы на жываце рукі, насцярожана і трапятка сачыла за кожным іх рухам. «Баіцца», — падумаў Рыбак. Ён пратупаў сюды-туды па хаце, нібы незнарок зазірнуў у цёмны запечак і спыніўся ля чырвонай фанернай шафы, якая загароджвала ложак.
Гаспадыня зважліва саступіла ўбок.
— Там нікога, дзетка, нікога.
— Што, адны жывяце?
— Адны. Во з дзедам так і капцім свет, — тужліва адказала кабета. І раптам — не прапанавала, амаль запрасіла: — Можа б, вы паелі чаго? Можа ж, галодныя, га? Пэўне ж, са сцюжы, без гарачага…
Рыбак унутрана ўсміхнуўся і пацёр рукі.
— Можа, і з'ямо. Як ты думаеш? — знарок разважліва, бы з неахвотай звярнуўся ён да Сотнікава. — Падмацуемся, калі пані старасціха частуе.
— Во і добра. Я зараз! — узрадавалася кабета. — Капустачка, пэўна, цёплая яшчэ. І гэта… Можа, бульбачкі зварыць?
— Не, варыць не трэба. Няма калі, — рашуча вырашыў Рыбак і скоса, назіркам паглядзеў на старасту, які, аблёгшыся на стол, нерухома сядзеў у куце.
Над ім цьмелі пад ручнікамі тры старасвецкія абразы. Рыбак пратупаў ботамі да прасценка і спыніўся перад вялікаю зашклёнай рамай з фатаграфіямі. Ён знарок не пазіраў на старасту, але адчуваў, што той таксама спадцішка сочыць за ім.
— Значыць, немцам служыш?
— Прыходзіцца, — уздыхнуў стары. — Што ж зробіш?
— І многа плоцяць?
Пытанне было знарок з'едлівае, але і на яго гэты дзед адказаў роўна і з годнасцю:
— Не пытаўся і знаць не хачу. Сваім абыдуся.
«Ганарлівы, аднак, — падумаў Рыбак. — З характарам».
У бярозавай раме на сцяне сярод паўтузіна розных фота ён выглядзеў маладога, чымсь падобнага да гэтага дзеда, хлопца ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі ў пятліцах і трыма значкамі на грудзях. Было ў яго поглядзе нешта грунтоўна-спаважнае, упэўненае і ў той жа час па-маладому наіўнае.
— Хто гэта? Сын, можа?
— Сын, сын, Толік наш, — ласкава пацвердзіла гаспадыня. Цераз плячо Рыбака яна таксама зазірнула на фота, трымаючы ў руках міску.
— А цяпер дзе ён? Не ў паліцыі часам?
Стараста падняў насуплены твар.
— Не ўсе ж, як некаторыя. На фронце, во дзе.
Старасціха паставіла на стол міску з капустай і загаманіла:
— Ай, Божачка, як пайшоў у трыццаць дзевятым, дык і ўсё. Ад самага лета ні слыху ні дыху. Хоць бы ведаць, ці жывы хаця.
— Так, так, — сказаў Рыбак, не адгукваючыся на яе жаллівае прычытанне, якога ён даволі наслухаўся ад пачатку вайны. Цяпер яго займала другое. Счакаўшы, калі яна выгаварыцца, ён важка заўважыў старому: — Апазорыў ты сына!
— Анягож! — з жарам падхапіла ад печы кабета. — І я ж тое гавару яму дзень пры начы. Апазорыў і сына, і ўсіх чыста.
Гэта было трохі нечакана, тым болей што старасціха гаварыла быццам бы са шчыраю набалеласцю ў голасе. Рыбаку здалося тады, што дзед гэты — проста недарэка нейкі. Але толькі ён падумаў так, як твар старога нядобра нахмурыўся і ўвесь ён рэзка павярнуўся да гаспадыні.
— Годзе! Не твая справа!
Кабета адразу ж змоўкла, нібы папярхнулася на паўслове, а дзед з важнасцю падняў дакорлівы позірк на Рыбака.
— А ён мяне не апазорыў? Немцу аддаў. Гэта не пазор?
— Так выйшла: вайна. Не яго тут віна.
— А чыя? Мая, можа? — прыдзірліва, без ценю боязі дапытваўся стары і аб'явіў: — Ваша віна. Маладзейшых.
— Да-а, — няпэўна сказаў Рыбак, прыпыняючы не надта прыемную і не дужа простую размову, якой, ведаў, па цяперашнім часе не было канца.
Гаспадыня тым часам хуценька разаслала кароценькі, на паўстала, настольнік, паставіла міску з капустай, скаромны пах ад якой уладна прыглушыў усе яго іншыя пачуцці, яшчэ больш абвастрыўшы голад. Вельмі хацелася есці, і ён рашыў пакуль што адкласці падрахунак яго не надта прыемных адносін з гаспадаром.
— Сядайце ж, падсілкуйцеся трошкі. Во хлебца вам, — з ліслівай гасціннасцю запрасіла гаспадыня.
Рыбак, не знімаючы шапкі, піхнуўся за стол.
— Давай паямо, — сказаў ён да Сотнікава.
Той пакруціў галавой:
— Еш. Я не буду.
Рыбак уважліва паглядзеў на таварыша, які ўвесь згорбіўся на ўслоне і, пакашліваючы, калаціўся — мабыць, ад дрыжыкаў.
Гаспадыня, пэўне, мала што разумеючы ў яго стане, здзівілася:
— Чаму ж гэта? Мо грэбуеце нашым? Можа, яшчэ чаго хочаце?
— Не, дзякуй. Нічога не трэба, — рашуча сказаў Сотнікаў і сашчапіў у рукавах рукі.
Гаспадыня занепакоілася:
— Божачка, можа, я не дагадзіла чым? Дык даруйце… Я ж не хацела…
Рыбак добра ўмясціўся на лаве, трымаючы між каленяў карабін, узяў лыжку, лусту счарсцвелага, з кменавым пахам хлеба і не заўважыў, як у поўным маўчанні выеў усю вялікую гліняную міску. Стараста нязрушна сядзеў у куце, гаспадыня стаяла збоч ад стала са шчырай гатоўнасцю дагадзіць госцю.
— Так, хлебушка я прыбяру. Гэта на яго долю, — сказаў Рыбак.
Гаспадыня ахвотна згадзілася:
— Бярыце, бярыце, дзеткі.
Стараста нечага моўчкі чакаў — якога слова ці, нарэшце, гаворкі пра справу. Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі.
Засоўваючы акраец за пазуху, Рыбак кіўнуў з неадабрэннем:
— Кніжачкі пачытваеш?
— А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць.
— Савецкая ці нямецкая?
— Біблія.
— Цікава. Ану? Ніколі не бачыў Бібліі, — крыху пасунуўшыся за сталом, Рыбак пакруціў у руках кнігу, адгарнуў вокладку. Аднак ён тут жа адчуў, што не трэба было рабіць гэтага — выяўляць нейкую сваю недасведчанасць хай сабе і ў другараднай справе.
— Не лішне б і пачытаць, — прабурчаў стараста.
Рыбак рашуча загарнуў кнігу.
— То наша справа. Не табе вучыць. Ты немцам служыш, стала быць — нам вораг, — сказаў Рыбак з таемным задавальненнем ад таго, што знайшоў прычыну пазбегнуць удзячнасці і перайсці на болей адпаведны абставінам тон. Ён вылез з-за стала на сярэдзіну хаты, паправіў на кажушку трохі тугаватую цяпер дзягу. Менавіта гэты паваротак у размове даваў яму падставу перайсці да справы, хоць гэты пераход і патрабаваў яшчэ некаторай псіхалагічнай падрыхтоўкі.
— Ты вораг. А з ворагам у нас — ведаеш, які разгавор?
— Сматра каму вораг, — нібы не адчуваючы кепскага, ціха, але цвёрда пярэчыў стары.
— Сваім. Рускім.
— Сваім я не вораг.
Нязрушная ўпартасць старасты пачынала злаваць Рыбака. Не хапала яшчэ даказваць гэтаму паслугачу, чаму ён — хоча таго ці не — вораг Савецкай дзяржаве. Весці з ім такую размову Рыбак не меў намеру, ён толькі падумаў, што, можа, той мае які невядомы ў сваю карысць довад, і болей правакуючы, чым усур'ёз, запытаў:
— Што, можа, сілай прымусілі? Проці волі?
— Не, чаму сілай? — падумаўшы, сказаў гаспадар.
— Значыць, сам?
— Як сказаць? Пахожа, сам.
«Тады ўсё зразумела, — падумаў Рыбак, — няма чаго і гаварыць». Ён ужо выразна адчуў злосць да гэтага чалавека, на спрэчку з якім ён бавіў патрэбны ім час, тады як і без таго з самага пачатку ўсё было зразумела.
— Так! Пайшлі!
Ускінуўшы рукі, да Рыбака кінулася старасціха.
— Ой, сыночак, куды ж ты? Не трэба, пашкадуй дурнога! Стары ён, па дурноце сваёй…
Стары, аднак, не прымусіў паўтараць загад і няспешліва падняўся за сталом. Быў ён зусім ссівелы і, не зважаючы, што ў гадах, вялікі і мажны — як устаў, загарадзіў сабой увесь покуць з абразамі.
— Сціхні! — загадаў ён жонцы. — Ну!
Відаць, старасціха прывыкла слухацца — хліпнула і адразу ж падалася за шырмачку. Стараста ашчадна, бы баючыся што зрушыць, надзеў у рукавы кажух і вылез з-за стала.
— Вашая воля. Біце! Не вы, дык другія. Вунь, паглядзіце, — ён коратка кіўнуў на прасценак, — ставілі, стралялі ўжо.
Рыбак міжвольна зірнуў, куды паказаў дзед, — сапраўды ў белай сцяне ля акна чарнела некалькі дзірак, падобна — ад куль.
— Хто страляў?
Гаспадар, гатовы да ўсяго, нерухома стаяў на сярэдзіне хаты, падцяўшы сівыя пашчэнкі.
— А такія… Гарэлкі трэбавалі.
Рыбак унутрана паморшчыўся: ён не хацеў на кагось быць падобным. Свае намеры лічыў справядлівымі, але, згледзеўшы нечыя, падобныя да сваіх, бачыў свае ўжо ў трошкі інакшым святле. І не падобна было, каб стараста яго ашукваў, — такім тонам не хлусяць. Ціхенька пахліпваючы, з-за шырмачкі выглядвала старасціха. На ўслоне, згорбіўшыся, кашляў Сотнікаў, але ён не ўмешваўся ў яго справу з гаспадаром — здаецца, бедалагу рабілася не да таго.
— Так. Карова ёсць?
— Ёсць. Пакуль што, — без усякай цікавасці да новага павароту гаворкі адказаў стараста.
Старасціха перастала хліпаць, затаіла дыханне. Рыбак трохі разважаў: вядома, карову надта добра было б прыгнаць у атрад, але, мабыць, адсюль будзе далекавата; можна не паспець да ранку.
— Так, пайшлі!
Ён закінуў за плячо вінтоўку, стараста пакорліва надзеў знятую з цвіка шапку і моўчкі піхнуў рукой дзверы.
Рыбак, кіруючы за ім, кіўнуў Сотнікаву:
— Ты пачакай.