Частка другая. Я ведаю — я памёр


1.

Дызель-цягнік, што замяняў у гэтых мясцінах электрычку, як звычайна перад выходнымі, быў перапоўнены. Дачнікі, якіх Славік неўзлюбіў з-за таго, што яны свой сорам пакідалі дома і лічылі, што, выпраўляючыся на лецішча, можна апрануць усё самае горшае, вынашанае і непрыдатнае, ехалі недалёка. Кіламетраў праз сорак ад горада выветрываўся нават іхні пах цвілі і старызны ў вагоне. З незнаёмых, нязвыклых твараў заставаліся толькі рыбакі ды паляўнічыя, што дабіраліся ў ягоны край, багаты рыбай і дзічынай. І, як заўсёды на выходныя, з горада дамоў ехала шмат нядаўніх вяскоўцаў. Яны па-зямляцку збіраліся ў купкі і скарачалі трохгадзінную дарогу гульнёю ў карты.

Колькі ён папаездзіў у гэтым цягнічку, што, як казалі, спыняўся каля кожнага слупа і цягнуўся марудна-стомлена, нібы стары, знясілены працай конік. Як вывучыў ён гэтую дарогу за чатыры гады вучобы ў інстытуце. Якой знаёма-абрыдлай і разам жадана-сваёй была яна яму...

Хлопцы і дзяўчаты гулялі ў карты, у «дурня», гуляў і Славік таксама, калі да яго падсеў Андрэй — хлопец з суседняй вёскі, які хадзіў у іхнюю школу ў дзявяты-дзясяты класы, быў камсоргам, скончыў школу на год раней за Славіка, вучыўся таксама ў Мінску і, здаецца, сёлета, так-так, сёлета, скончыў свой журфак.

Ага, Андрэй... Гэта быў Андрэй... Ён звярнуўся да Славіка ці проста спытаў нешта? Спытаў. Так, спытаў, весела і нязмушана:

– Ты дзе цяпер? Здаецца ж, таксама адвучыўся ўжо...

– Ды тут, адкуль еду, — у Гомелі.

– Ха! І я ў Гомелі. Па размеркаванні. Дзіўнаваты я скажу табе, гарадок...

– Гэта табе пасля сталіцы так здаецца. А ўвогуле — нічога горад.

– Ну, месцамі і сапраўды нічога… Парк, цэнтр… — пагадзіўся і раптам спытаў: — Ты адзін прыехаў? Сяброў завёў?

Славік сумеўся:

– Не…

– Не? Тады прыходзь да нас. Мы ў рэдакцыі збіраемся. У нас свой гурток. Думаю, й табе будзе цікава.

«Гурток» збіраўся кожную сераду. Знаёмым Славіку быў тут толькі Андрэй, але ён якраз і кіраваў усім. Прыйшло чалавек дзесяць хлопцаў і дзяўчат. Што адразу здзівіла яго: усе размаўлялі выключна пабеларуску. Андрэй прадставіў яго як свайго земляка і сябра. Назваў... Калі думкі Славіка зноў даходзілі да імя, галава ягоная пачынала балець недзе ўнутры, а там, дзе ён намацаў рубец, што застаўся ад, пэўна, глыбокай раны, пачынала нібыта звінець — з-з-з-з… І звон гэты балючы перакрываў словы, і ён нічога не мог пачуць, толькі абхопліваў галаву рукамі…

Што было на тым гуртку? Першае пасяджэнне яму запомнілася тады добра, бо яго захапілі і ўзрушылі новыя знаёмцы. Ён увогуле цікавіўся гісторыяй, быў гэта ягоны, можна сказаць, любімы прадмет у школе. І калі б не спорт, то хутчэй за ўсё паступаў бы на гістфак. Школьныя падручнікі ў наступны клас ім звычайна прывозілі з раённай кнігарні напрыканцы траўня, у апошнія дні перад канікуламі. Цікаўнасць перамагала, і ён за тры летнія месяцы прачытваў увесь падручнік гісторыі наперад...

Хлопец Янка... Ага, дарэчы, імёны ва ўсіх гурткоўцаў былі наўмысна беларускія ці збеларушчаныя: Сяржук, Вінцэсь, Алесь… І Андрэй тут быў Андрусём… Дык вось, Янка прачытаў лекцыю пра невядомыя старонкі гісторыі Гомеля, распачаўшы яе ад радзіміцкага князя па прозвішчы Воўчы Хвост, які разбіў на Сажы палянаў... Сказаў, што хоць афіцыйна Гомель і старэй за Маскву, на самай справе ўзрост горада яшчэ значна большы, прынамсі, як мінімум, гадоў на дзвесце–трыста. Гэта пацвярджаюць і раскопкі, якія яны разам з выкладчыкам-археолагам робяць на гарадзішчы ля ручая Гомій, што і даў назву гораду, у парку каля кінатэатра імя Ісачанкі. Расказаў і пра тыя «цёмныя» гады з трынаццатага па васямнаццатае стагоддзе, пра якія нічога невядома, быццам гісторыя старажытнага места пачалася толькі з прыходам сюды расейцаў, а Вялікага Княства Літоўскага тут і блізка не было.

Потым лекцыю прачытаў мастак Сяржук, за ім Алесь... Увогуле ўсё выглядала б звычайнай краязнаўчай суполкай, калі б не нейкая ўрачыстасць і таямнічасць ці, дакладней, таямнічая ўрачыстасць, з якою гаварылі пра простыя, здавалася б, рэчы гурткоўцы. Нібыта за тым, што яны сабраліся, стаіць нешта большае, нібыта яны якіясьці змоўцы, «дзекабрысты» ці «падпольшчыкі».

Што стаяла за гэтай таямнічасцю і своеасаблівым «масонствам», ён зразумеў, калі яны з Андрусём вярталіся дамоў.

– Ты ведаеш, якія ў беларусаў сапраўдныя сцяг і герб? — спытаў Андрусь.

– Што значыць сапраўдныя? Сцяг у нас чырвоназялёны з арнаментам. Адметны, ні на чый не падобны, мне падабаецца… Мы былі ў будатрадзе, у Сібіры, дзе жыло шмат землякоў-беларусаў, дык, калі ад’язджалі, калі развітваліся, мужчыны знялі наш выцвілы сцяг, які вісеў над лагерам, цалавалі і плакалі, прасілі пакінуць ім на памяць…

– Цікава… Яны, як і ты, відаць, іншых сімвалаў і не ведалі. Вось ты кажаш, у Сібіры. А адкуль там узяліся беларусы?

– Не ведаю. Мусіць, на камсамольскую будоўлю некалі прыехалі — завербаваліся.

– Ты ўпэўнены?

Славік паціснуў плячыма.

– А пра ГУЛАГ, пра раскулачванні ў 30-я гады, пра ссылкі ў Сібір, у тым ліку і за вернасць гістарычнаму, сапраўднаму сцягу ды БНР, не чуў?

– Што такое БНР?

– Беларуская Народная Рэспубліка, ведаеш пра такую?

– Не…

– О, як у нас усё запушчана, — нязлосна пажартаваў Андрусь, — доўга расказваць… Калі я кажу «сапраўдныя сімвалы», гэта азначае — гістарычныя, а не прыдуманыя, намаляваныя і навязаныя нам камуністамі пасля Другой сусветнай вайны, бо да вайны ў савецкіх рэспублік сцягоў не было. І пад гэтым чырвона-зялёным сцягам за Беларусь ніхто ніколі не ваяваў, што б там ні казалі ветэраны і як бы ні плакалі землякі…

– Ну не ведаю я іншага сцяга. І што?

– Глядзі, — і Андрусь дастаў з кішэні два значыкі. На адным чаргаваліся тры палоскі: белая, чырвоная і белая, а на другім быў коннік з тарчай і мячом, узнятым над галавою. — Пад такім сцягам змагаліся слуцкія паўстанцы з бальшавікамі, а гэтаму гербу, які называецца «Пагоня», сямсот гадоў. Пад ім нашыя продкі перамаглі крыжакоў у 1410 годзе пад Грунвальдам, маскалёў пад Оршай у 1514-м. Чуў пра такое? Не… Ну як жа, зразумела: мы па адных падручніках вучыліся. Я спецыяльна паглядзеў іх цяпер. Там ёсць пра «лядовае пабоішча», як Аляксандр Неўскі нібыта патапіў пяцьсот псоў-рыцараў, а пра бітву народаў, дзе беларусы з палякамі ды летувісамі разбілі больш за трыццаць тысячаў тэўтонцаў, — ні слова. Але нам пра гэта не гаварылі, нам казалі, што нашая гісторыя пачалася з 1917-га года, з Кастрычніцкай рэвалюцыі... Нібыта да таго Беларусь была лапцюжнай і мужыцкай… А ў нас вялікая гісторыя, і Беларусь павінна стаць незалежнай краінай, а не нейкай там рэспублікай у складзе СССР. Э, ды ты яшчэ шмат чаго даведаешся, калі з намі будзеш. Мы не проста так збіраемся. Мы будзем змагацца за Беларусь, за незалежную Беларусь. Нават калі давядзецца, то і са зброяй у руках...

«Са зброяй» — гэта было занадта смела сказана. Чаму раптам панесла Андруся на такую шчырасць пасля першай сустрэчы, Славік так і не зразумеў. Але менавіта гэтыя словы і зачапілі яго. Спачатку спалохалі, агаломшылі. Як гэта змагацца? З кім змагацца? Навошта… За што? І тут згадаўся яму іншы даклад, пачуты на тым пасяджэнні. Даклад Алеся пра тое, як на працягу двухсот гадоў знішчалася, забаранялася, выкаранялася акупантамі беларуская мова. І што цяпер у Беларусі няма ніводнае беларускамоўнае ВНУ (і праўда, падумаў ён тады, — няма), радыё і тэлебачанне, газеты — спрэс расейскамоўныя, і калі далей так пойдзе, дык заўтра мова народа — немалога, еўрапейскага — памрэ, і нашая найпершая задача ўсяляк зберагаць і адстойваць сваю мову, паўсюль і заўсёды размаўляць на ёй, як бы цяжка ні было, як бы нам ні забаранялі і не здзекаваліся з нас розныя прыхадні. Алесь прачытаў напрыканцы словы нейкага паэта, здаецца, аварца Расула Гамзатава, які напісаў: «Калі мне скажуць, што заўтра памрэ мая мова, дык я гатовы памерці сёння…» Неяк так... І вось за гэта, за сваю мову, за сваю гісторыю, «за сваю ідэнтычнасць», сказаў Алесь, і змагалася большасць народаў свету супраць розных каланізатараў. Будзем змагацца і мы. «Буду і я, — паддаўшыся агульнаму настрою, падумаў тады Славік, — змагацца за сваю мову, культуру, гісторыю, за незалежнасць…» А цяпер, паслухаўшы Андруся, дадаў: за свой сцяг і герб — пад сваім сцягам і гербам… і, калі трэба, нават са зброяй у руках…

Прыняў гэта неяк адразу і без вялікіх сумненняў. Відаць, так яно і бывае, толькі так і не інакш: альбо адразу, альбо ніколі…

Ім пашанцавала: Гарбачоў пачаў ужо сваю «перабудову». Тады само паветра было насычанае жаданнем і чаканнем зменаў. «Партыя, дай паруліць!» — гучала нібы ад камсамола, а на самай справе ад усёй моладзі, што пасля «пяцігодкі пахаванняў» састарэлых маразматыкаў з Палітбюро ЦК КПСС зразумела: так далей жыць нельга. Маладым хацелася нешта рабіць, хацелася пераменаў, і дзеля гэтага яны гуртаваліся, стваралі нефармальныя аб’яднанні. Што і як змяніць, за што змагацца, можа, яшчэ да канца не было зразумела і акрэслена. Але сам дух змагання за свабоду і права самім выбіраць, як жыць, ужо лунаў над краінай…

– А чаму ты літоўцаў назваў летувісамі? — спытаў ён у Андруся.

– Таму што яны самі сябе так называюць… Бо сапраўдныя літоўцы — гэта мы. І так, а не беларусамі, нас называлі аж да дзевятнаццатага стагоддзя, а яны — жамойты, жмудзь, аўкштайты… І Вялікае Княства Літоўскае — нашая дзяржава, дзе дзяржаўнай мовай была беларуская. І Статут ВКЛ — першы ў свеце звод законаў, фактычна Канстытуцыя, напісаны на нашай мове. І Скарына... Эх, калі б наш народ ведаў сваю гісторыю хоць бы так, як ведаюць летувісы, калі б быў не такім забітым… Прабач, гэта доўгая размова… Спадзяюся, табе ў нас спадабалася і ты будзеш прыходзіць у гурток, на нашыя лекцыі па гісторыі.

– Прыйду. Сапраўды цікава. А ты мне такія вось значыкі дастанеш?

– Знайду.

Развіталіся яны словамі: «Жыве Беларусь!». Ён ішоў дамоў і згадаў, што менавіта гэтыя словы ён бачыў раней, надрапаныя ў адной гомельскай тэлефоннай будцы, але тады і не здагадваўся яшчэ, што яны азначаюць, як і не ведаў тое, што напісалі іх тыя самыя гурткоўцы-«падпольшчыкі», хаваючыся ад міліцыянтаў.

Гэта яшчэ не было змаганне, але гэта быў ужо супраціў, які незаўважна набіраў сілу і тут, у краі, дзе, здавалася б, усё нацыянальна-патрыятычнае было вынішчанае аж да пятага калена… Таму і не дзіўна, што да той сустрэчы з Андрэем Славік не задумваўся нават: дзе жыве, як жыве… Калі і цікавіла яго гісторыя, дык хутчэй Старажытнай Грэцыі і Рыма, а не зямлі, што была пад нагамі. Амерыканскі фільм «Спартак» быў любімым фільмам, з рускай гісторыі ведаў былінных багатыроў, Пятра Першага ды Аляксандра Неўскага, а з беларускай — нічога, хіба подзвігі партызанаў у вайну — Колі Гойшыка, Валі Коціка ды Марата Казея, чыё імя насіў іх піянерскі атрад: які ўжо там Грунвальд... Вучыўся, займаўся спортам і нават задумацца не мог, што гісторыя — вось яна: побач, вакол. Жыў, як усе, як набяжыць, у нейкіх дурных клопатах, і не было часу спыніцца і агледзецца, каб задумацца: хто я і адкуль?

Таму, можа, і перавярнула ўсё ў ім гэтае пасяджэнне і размова з Андрэем-Андрусём: як маланкай шандарахнула. Але не аглушыла, а асвятліла шлях наперад, паказала сэнс жыцця, мэту, якую ён якраз і шукаў у гэтыя дні ў новым, чужым горадзе.


2.

Тым часам начамі Славіку пачала сніцца яна — дзяўчына, з якой ён некалі сябраваў, якую… кахаў.

Але найчасцей тая дзяўчына снілася яму так, быццам яна з ім тут, у інтэрнаце, а не ў тым горадзе, у Гомелі, дзе яны гулялі па вуліцах, размаўлялі пра нешта неістотнае… Ён разумеў нават у сне-мроіве, што яна не можа быць побач з ім, але нічога не мог зрабіць. Прачнуўшыся, ён думаў, што яна з таго, ранейшага ягонага жыцця, а не з гэтага, бо тут такой не было дакладна. Але калі яна яму снілася і паўтаралася ў снах, то ён стаў лічыць яе рэальнай асобай.

Аднойчы ў сне ён пачуў яе імя: Люда. Пачуў ці яно проста ўсплыло побач з ейным вобразам, але менавіта так ён і пачаў называць яе ў сваіх думках. Паступова звестак пра Люду — прыгаданых і вылушчаных са сноў — рабілася ўсё болей. Ён ужо ведаў, што яна студэнтка ўніверсітэта. Але нешта турбуе яго ў сувязі з гэтым… Ён разумеў: прайшло тры гады, і наўрад ці яна цяпер у Гомелі. Пэўна, з’ехала адтуль. Ну, вядома, прайшлі гады і яна адвучылася. Але куды яна з’ехала? Дзе яна можа быць? У якім іншым горадзе? Ці мо вёсцы? Гэтага пакуль ён згадаць ніяк не мог. У ягоных вушах гучаў ейны голас, у вачах стаяла мілая постаць хударлявай дзяўчынкі з дробнымі, тонкімі рысамі твару, маленькім вострым носікам і светла-жытнёвымі валасамі…

Здаецца, ён адчуваў яе рукі ў сваіх руках, яе галаву на сваім плячы, пах яе валасоў… Вусны ягоныя шукалі і краналіся ейных вуснаў і шапталі «каханая»… Яна была такой блізкай і такой… недасягальнай.

Ён не ведаў, а таму бясконца сумняваўся, ці ёсць яна, Люда, недзе на белым свеце ўвогуле, ці яна не прыдумка ягоная, навеяная… Таняй альбо яшчэ якой дзяўчынай. Калі яна ёсць, дык дзе яна цяпер? Ці памятае яго, ці згадвае? А можа, і яму не варта ўспамінаць яе, бо, падобна, каханне іхняе тады неяк раптоўна абарвалася, і можна лічыць, што яны рассталіся назаўсёды… Магчыма, яны пасварыліся, раз’ехаліся ў розныя гарады і забыліся адно пра аднога.

Дзе яна ўсе гэтыя гады? Што з ёю, хто з ёю? Так, яна магла за гэты час выйсці замуж, нарадзіць дзетак... Жыве цяпер сваім жыццём, сваімі клопатамі і турботамі… Бывала, дзяўчаты і з войска хлопцаў не чакалі — нейкія там адмераныя і пэўныя два гады, а тут столькі часу прайшло, і дзе ён — ці жывы — невядома… Дык ці трэба пра яе згадваць і толькі раніць сябе? І ці трэба шукаць яе?

Трэба… Яму трэба, каб прыгадаць самога сябе. Трэба хоць бы таму, што гэтыя ўспаміны ці не найлепшыя з ягонага мінулага — светлыя і шчасныя...


3.

І ён прыгадваў далей ды патроху парадкаваў успаміны, расстаўляў мэблю ў сваім пакойчыку, як вучыў яго Станіслаў Сцяпанавіч…

Увосень пасяджэнні «Талакі», а яны так, па мінскім прыкладзе, назвалі сваю суполку, сталі больш люднымі. Вярнуліся з вакацыяў студэнты. Ага, менавіта тады, там, на адным з пасяджэнняў, ён і вылучыў для сябе дзяўчыну — тую самую Люду. Яна сарамліва трымалася збоку, але тое, што адбывалася, казалася тут, ёй, безумоўна, было цікава. Была яна першакурсніцай філфака мясцовага ўніверсітэта, спрабавала пісаць вершы. Зрэшты, у гэтай суполцы амаль усе былі людзі творчыя — мастакі, паэты, празаікі, гісторыкі... Адзін ён выглядаў «белай варонай» — спартоўцам, хай сабе і з цікавасцю да гісторыі. Ён назіраў за імі такімі рознымі (мітуслівымі і гарачымі, якія бойка адстойвалі свае думкі і перакананні; маўклівымі і зануранымі ў сябе, што за вечар не прамаўлялі ні слова). Усе яны былі шчырымі і сумленнымі. Як і іх памкненні. Ва ўсіх іх быў адзін клопат: пра родную мову ды культуру. Назіраў і думаў: а як быць з тым, пра што казаў Андрусь у першы вечар? Як жа вы будзеце змагацца за Беларусь? Вершамі? Карцінамі? Дык гэта смешна... Зборам подпісаў бацькоў дзеля стварэння беларускамоўнага класа ў заводскім раёне горада, як рабілі гэтым летам? Ну, сабралі трыццаць подпісаў з неймавернымі высілкамі, а дырэктар школы перад першай «лінейкай» за некалькі хвілінаў усіх бацькоў «разагітаваў». І толькі шасцёра не адмовіліся ад сваіх подпісаў — і ўсе не беларусы, а тыя, што некалі прыехалі на камсамольскую будоўлю «Гомсельмаш» і засталіся ў горадзе. Але дзеля шасці вучняў клас адчыняць не сталі.

Ну а стварылі б той клас — што змянілася б?

Тут ён падзяляў думку Андруся, які выказаўся пажурналісцку вобразна, супакоіў іншых, каб моцна не перажывалі за няўдачу: што такое адзін клас на паўмільённы горад — дзясятак васількоў у бязмежным калгасным полі… хатні акварыум з дэкаратыўнымі рыбкамі пасярод мора-акіяна, населенага акуламі… Так, пагаджаўся ён, беларусізацыю школаў пачынаць трэба не знізу, а зверху, з галавы. Альбо хоць бы адначасова. Адтуль і адсюль. А для гэтага трэба мець сваю ўладу. Каб не прасіць і нават не патрабаваць, а рабіць паступова і мэтанакіравана. І так, каб гэта быў не прымус, а палітыка, якая трымаецца на ўласным прыкладзе. Загаворыць па-беларуску ўрад, загаворыць і народ. Так было ў іншых краях, так будзе і ў беларусаў. Ад іўрыту засталася адна кніга, габрэі па розных краінах размаўлялі на ідыш, але з’явілася свая дзяржава і адрадзілася з нічога мова, адноўленая, дарэчы, выхадцам з Беларусі… Па-свойму, але падобна было і ў чэхаў, і ў нарвегаў, дзе напачатку дваццатага стагоддзя родная мова жыла толькі ў далёкіх вёсках ці на забытых астравах… Значыць, аснова — улада. Ці можна атрымаць яе ў нашых умовах? Ці мажліва гэта? Зразумела, нічога немагчымага няма: бальшавікі змаглі, кубінцы, побач з Амерыкай, здалелі… Усе вялікія імперыі распадаліся ў рэшце рэшт. Не вечная і савецкая. Але без змагання нішто само ў рукі не ўпадзе. І трэба разумець гэта, не забываць досведу папярэднікаў. У тым, што пазмагацца за сваё давядзецца, Славік не сумняваўся. І варта быць да гэтага гатовым, каб, калі надыдзе такі момант, не разгубіцца і не страціць шанец…

Так, Славіка пачаў цікавіць іншы супраціў. Яго зацікавілі баскі, ірландцы. Слова «змагацца» ён разумеў менавіта так, як яго разумелі ірландскія ці хоць бы ўкраінскія патрыёты. І як беларускія ў дваццатых гадах… Першай пра гэта ён сказаў Людзе. Восень стаяла цёплая — залатая, і яны зрабілі звычкай гуляць вечарамі па горадзе, па ягоных старых драўляных — дарэвалюцыйных, габрэйскіх — вуліцах. Былі гэтыя мясціны адметнымі і, пэўна, адзінымі такімі на Беларусі. Захаваліся яны амаль у цэнтры горада, трохі наводшыбе, каля рэчкі, але займалі даволі вялікую плошчу. Тут некалі жыў мясцовы «сярэдні клас». Сустракаліся дамкі проста музейныя: аздобленыя драўлянымі карункамі-ліштвамі, з каванымі металічнымі ўпрыгожваннямі. Цуды, што невядома як перажылі войны ды пажары, якія не раз пракочваліся па гэтай зямлі. Яны хадзілі па вузкіх вулках, на якіх месцамі захавалася брукаванка, і радавалі сябе шчаслівымі адкрыццямі-знаходкамі будынкаў мінулага стагоддзя: то дома купца, то, відочна, звычайнага гомельскага багатага габрэя, а то хутчэй нейкага чыгуначніка — інжынера ці майстра... Яны блукалі, забываючы, у якім стагоддзі жывуць, размаўлялі пра ўсё і ні пра што, ім было добра разам.

– Баскі, — паўтарыла Люда, — кажуць, у нас ва ўніверсітэце быў такі гурт «Баскі». Там гралі хлопцы, якія пісалі песні і спявалі па-беларуску. Адзін з іхніх сяброў чапляў пры дзвярах дыскатэкі беларускі сцяг — чырвона-зялёны — і прымушаў усіх перад уваходам цалаваць яго... Хлопцы ўжо скончылі вучобу, але такая вось легенда пра іх засталася — мне адразу распавялі яе, як толькі паступіла...

– Я ведаю гэтых хлопцаў. Заспеў некаторых тут. Але цяпер усе яны па вёсках. Па розных вёсках.

Настаўнічаюць. А хто і ў войску. Забрылі служыць, каб абламаць… «Баскамі» яны назваліся невыпадкова. Ёсць такі народ у Іспаніі, які змагаецца за сваю незалежнасць.

Часам і сапраўды тыя хлопцы з «Баскаў» прыязджалі на пасяджэнні гуртка, хоць жыццё і раскідала іх па ўсёй вобласці, сувязі між сабой яны не гублялі. Тым больш, што справа іх не знікла марна — з’явілася вось цэлая суполка аднадумцаў... Той, пра каго казала Люда, што прымушаў пры ўваходзе на дыскатэку цалаваць сцяг, працаваў у веткаўскай раённай газеце карэспандэнтам, пісаў неблагія вершы і бачыў у тым сваю будучыню. Ён у «Басках» не граў і не спяваў. Увогуле, «Баскі» — была хітрая абрэвіятура з першых літараў прозвішчаў хлопцаў, удзельнікаў гурта. «Б» цяпер быў у войску, «А» настаўнічаў у Рэчыцкім раёне, «С» — у Веткаўскім, а «К» — у Жлобінскім… Славік працягваў сустракацца з хлопцамі і дзяўчатамі з «Талакі», але яшчэ слаба і абсалютна няпэўна ўяўляў, што сам будзе рабіць далей і як. Бо разумеў, што вершаў складаць не стане — не яго гэта, што пойдзе крыху іншым шляхам, чымсьці ўсе гэтыя «пісакі». Аднак яму падабалася быць сярод іх. Асабліва цікава было, калі з выступамі прыязджалі пісьменнікі з Мінска, Полацка, барды з Оршы, Гародні. Яны чыталі свае творы, спявалі песні, проста гутарылі. Адзін з мінскіх хлопцаў запомніўся яму найболей, бо казаў не толькі пра вялікую забытую беларускую гісторыю, не менш значную культуру, як і ўсе, а пра тое, што ў сапраўднага беларуса павінна быць усё прыгожа: калі ты размаўляеш па-беларуску, ты павінен быць ва ўсім прыкладам для іншых — у паводзінах, у маральнасці, у інтэлекце, у адзенні… «Тым больш у адзенні, — падкрэсліваў ён, — до вясковасці! У нас прывыклі — раз ты размаўляеш па-беларуску, значыць ты «калхознік», да таго ж апрануты неахайна, абы-як. Не і яшчэ раз не!.. Калі я размаўляю па-беларуску, я суперінтэлігент. Ва ўсім. І прыклад іншым, як трэба сябе паводзіць, як выглядаць…»

Тая сустрэча адбылася ў тым самым знакамітым гарадскім парку, дзе яны сабраліся ўпершыню пасля таго, як іх выгналі з рэдакцыі. Ён выйшаў з парку ў горад разам з Людай, ішоў і разважаў над гэтымі словамі мінскага госця, калі раптам трохі паперадзе спынілася міліцэйская машына, з яе выскачылі двое ў шэрай форме і накіраваліся подбегам да іх. «Вашы дакументы!» — голасна выгукнуў адзін і казырнуў.

«А ў чым справа?» «Вы падобны да злачынца, якога мы шукаем…» «Калі ласка, вось дакумент», — сказаў ён, а сам падумаў, як добра, што прыхапіў з сабой пасведчанне з працы. Міліцыянт разгарнуў чырвоную кніжыцу, угледзеўся ў фотакартку. «Калі хочаце, давайце пройдзем да будынка, дзе я працую, ён тут побач… Там пацвердзяць маю асобу». «Не трэба…», — адказаў міліцыянт, нешта запісаў сабе і, не спытаўшы дакументаў у сяброўкі, развітаўся: «Да пабачэння!» — і пабег да машыны. «Не хачу я больш з вамі бачыцца», — буркнуў Славік яму ўслед, але гэты выпадак прымусіў яго задумацца, што невыпадкова пыталі дакументы міліцыянты. Відаць, за імі ўжо сачылі і проста высвятлялі, удакладнялі для нечага ці некага, хто ён.

Разгадка прыйшла неўзабаве.


4.

Пераход з рускай на беларускую мову даўся Славіку лёгка. Усё ж скончыў ён вясковую школу і да дзясятага класа ўвогуле вучыўся па беларускіх падручніках. Праўда, настаўнікі ў іх школе ўжо з пятага класа выкладалі толькі па-руску. Пачалося ўсё з новага дырэктара школы — матэматыка, якога за рускія тэрміны так і празвалі «тождество» — надта нязвыклым беларускаму вуху падалося гэтае слова, больш прывычна і куды прасцей было па-нашаму: «тоеснасць». То была змена пакаленняў у іхняй школе: старыя настаўнікі пайшлі на пенсію, а таму разам з дырэктарам прыехалі яшчэ чацвёра маладых, якія пачалі выкладаць большасць школьных прадметаў па-руску, і школа ператварылася ў рускамоўную. Усё адбылося як бы само сабой і абсалютна лагічна: настаўнікі ж у сваіх інстытутах вучыліся па-руску... Ніхто не абураўся, а ён сам перад дзясятым класам, калі ўсвядоміў, што будзе паступаць вучыцца ў інстытут, дзе ўсё таксама выкладаецца па-руску, спецыяльна з’ездзіў у райцэнтр і купіў сабе падручнікі на рускай мове.

Славік быў выдатнікам, амаль выдатнікам, і яшчэ — займаўся спортам. Настаўнік фізкультуры — самбіст — арганізаваў у школе барцоўскі гурток. Славік і там быў лепшым, стаў чэмпіёнам вобласці, прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў і выканаў норму кандыдата ў майстры спорту. А таму пытанне, куды паступаць вучыцца, для яго вырашылася адразу: вядома, у інстытут фізкультуры. Так і настаўнік раіў. Для вясковага хлопца з небагатай сям’і гэта было не горшым варыянтам.

Паступіў без праблемаў. І там вучыўся выдатна. Праўда, асаблівымі спартыўнымі поспехамі не вылучаўся. На другім курсе стаў майстрам спорту і далей не пайшоў. Зразумеў: гэта не ягонае. Тым болей, «спорт высокіх дасягненняў» трымаўся на анаболіках, на спецыяльных леках, карацей. Калі, каб яму «ісці» далей, ехаць на чэмпіянат СССР, паўстала неабходнасць «калоцца» з мэтай нарасціць «мышачную масу», ён катэгарычна ад гэтага адмовіўся. І цалкам пераключыўся на навуку, хай і спартыўную.

Інстытут скончыў з чырвоным дыпломам, але на кафедры барацьбы застацца не ўдалося: не было вакансіяў. Месца вызвалялася толькі гады праз тры, і загадчык кафедры паабяцаў, што яно будзе абавязкова ягоным. «Пакуль, — сказаў, — едзь у вобласць, папрацуй, набярыся вопыту, а праз год вяртайся да нас у аспірантуру, а там і на кафедру...» На размеркаванні, са сваім чырвоным дыпломам, ён ішоў першым з курса, а таму месца выбраў сабе не самае горшае: усё ж другі па велічыні горад Беларусі, праца інструктарам у абласным упраўленні спартыўнага таварыства «Спартак», а не ў нейкай вёсцы настаўнікам фізкультуры.

Цяжэй пакуль было з бацькамі, якія не разумелі яго. Хоць вёска і была беларускамоўнай, яны, выправіўшы сына ў горад, думалі, што там ён «чалавекам стане». Напачатку не маглі нарадавацца. А потым, калі па сканчэнні пачаў прыязджаць і размаўляць з імі не па-руску, як было ўжо і цешыла іх, і нават не павясковаму, а па-беларуску — на літаратурнай мове…

– Ты што, здурнеў, сынок? — сказаў яму бацька, які працаваў калгасным брыгадзірам, цягнуўся да начальства, да мясцовай «інтэлігенцыі» і таму сам на людзях стараўся размаўляць нібыта па-руску, хоць толькі «да» і «нет» у яго і атрымлівалася амаль без акцэнту. Амаль… — Ніхто ж у горадзе так не гамоніць. Усе смяяцца з цябе будуць. «Калхознікам» за вочы зваць…

А калі ён пачаў казаць бацьку, што беларусы маюць вялікую гісторыю і трэба ганарыцца сваёй мовай і культурай, той адразу яго абсек:

– А вось у палітыку, сынок, не лезь…

– Якая тут палітыка, — пасміхнуўся ён, — гэта ж мова…

– Знаю, якая... Табе не казалі. А матчын дзядзька, твой дзед стрыечны, яшчэ перад вайной паехаў у Мінск, вучыўся там, вершы пісаў па-беларуску, прыязджаў сюды, пра гісторыю нам, малым, расказваў, кніжкі з вершамі чытаў і загрымеў у Сібір… Не знаем, дзе і костачкі яго ляжаць… Вораг, сказалі, нацдэм… Перапужаліся ўсе тады — страшкае слова… Цяпер будзе тое самае. Я камуніст і знаю, што кажу. Партыя зноў можа пайсці на хітрасць. Дазволіць выявіцца ворагам і — пад нож іх… Таму кідай сваю мову, калі жыць хочаш.

Мачыха маўчала, але відаць было, што яна цалкам на баку бацькі. А ён падумаў: дзед, аказваецца, паэтам быў… І рэпрэсаваны ў трыццатыя… Дык вось адкуль у мяне цяга да беларушчыны… Гены, як-ніяк… Трэба пацікавіцца ім, вершы пашукаць у бібліятэцы і пачытаць…

А потым пачаліся праблемы і на працы: літаральна праз некалькі месяцаў сустрэч у «Талацэ» Славіка выклікаў да сябе начальнік упраўлення. Яго таксама здзіўляла тое, што ў Славікавай мове цэлыя фразы пачалі гучаць па-беларуску, хоць той стараўся размаўляць на працы па-руску. Выклікаў і разгублена сказаў:

– Табой зацікавіліся там...

Дзе там — тлумачыць не трэба было: пра ўсё казала інтанацыя, з якой гэта вымаўлялася, і паднятыя ўверх бровы.


5.

Цікаўнасць тая была невыпадковай. Яны з хлопцамі даўно заўважылі, што нехта фіксуе ўсе іхнія размовы. Пра гэта казаў Андрусь, якога зацягаў рэдактар газеты да сябе ў кабінет на гутаркі. Прычым назаўтра ранкам рэдактар перадаваў іх вячэрнюю гамонку на гуртку з такімі падрабязнасцямі, што Андруся ажно жах браў. Зразумела, ніякай крамолы яны там не гаварылі, былі чыста гістарычна-этнаграфічныя даклады і спрэчкі. Але ўжо адно тое, што размаўлялі яны толькі па-беларуску, не магло не выклікаць падазрэння і цікавасці пэўных службаў. Пра тое, што за імі сочаць, казаў і Сяржук, якому Славік верыў, як сабе. Сержука, дарэчы, першым выклікалі «туды». Што ў яго за гутарка была, не ведае ніхто, але па тым, як потым трымаўся Сяржук, адчувалася, што ён выкруціўся… І вось на табе — зацікавіліся ім. Начальнік сказаў, што паведаміў гэта яму па сакрэце ягоны сябар «адтуль», з якім яны разам гулялі ў футбол за «Гомсельмаш», а цяпер ходзяць па суботах у лазню. «Глядзі, — сказаў начальнік, — ты хлопец разумны, перспектыўны, не сапсуй сабе кар’еру. І калі паклічуць, успрымі тое, што будзе адбывацца, вельмі сур’ёзна. Там не жартуюць...».

Славіка выклікалі на «прыём» літаральна праз тры дні пасля гэтай размовы. У шэры дом каля старога парку ён ішоў з трывожным хваляваннем. Як да зубнога ўрача. Праігнараваць «запрашэнне» не мог, хоць ісці зусім не хацелася.

У невялікім і не дужа ўтульным кабінеце сустрэў яго мужчына гадоў пад сорак. У цывільным касцюме, без гальштука, з расшпіленым верхнім гузікам кашулі, выглядаў ён даволі простым чалавекам — сваім дзядзькам, а не нейкім там суперагентам. Калі Славік увайшоў, ён адразу пстрыкнуў выключальнікам і запаліў святло, хоць у пакоі і без таго было светла, бо на вуліцы — сонечна. З першых словаў чалавек, які назваўся Паўлам Мікалаевічам, даў зразумець Славіку, што ведае пра яго калі не ўсё, дык вельмі шмат. Чым агаломшыў, хоць Славік і быў нібыта гатовым да гэтага. Усё ведаў Павел Мікалаевіч і пра іхнія, як ён сказаў, «пасядзелкі».

– Малады чалавек, — павучальна прамовіў Павел Мікалаевіч, — я не разумею, навошта вам гэтыя гульні ў Беларусь. У вас усё так нармальна складваецца па жыцці. Я ведаю, вы з няпростай сям’і, дзяцінства вашае было цяжкім, а паглядзіце, з кім вы звязаліся. Вы ведаеце, хто бацька Сержука? Не? Дык папытайце ў яго, пацікаўцеся. Ён генерал. Міліцыі! А ў Віктара, ці як там яго па-вашаму, Вінцэся, намеснік міністра, у Івана, ці як там — Янкі, у гаркаме партыі працуе, трэці сакратар... Па ідэалогіі, дарэчы… Вядома, ім можна і павыпендрывацца — таткі, калі што, прыкрыюць. А хто абароніць вас? Яны вам яшчэ не прапаноўвалі са зброяй у руках бараніць Беларусь ад акупантаўмаскалёў? Што, прапаноўвалі ўжо?

Павел Мікалаевіч запытальна ўзіраўся яму ў вочы і маўчаў. Трэба было нешта казаць.

– Не, — выціснуў ён з сябе.

– Дык прапануюць. Не сумнявайцеся. І што вам за гэта будзе, вы ведаеце? — Павел Мікалаевіч зноў пільна ўгледзеўся ў яго. — Літаратуру добра ў школе вучылі? Някрасава? «Чахотка і Сібір»…

Ён маўчаў. Шчыра сказаць — трохі разгубіўся. Ад новай інфармацыі, што пачуў ад гэтага чалавека, ад таго, што і сапраўды задумаўся пра свой лёс. А той ціснуў далей:

– Скажу вам, што ўсё адбываецца пад нашым кантролем. Думаеце, мы дадзім падняць галаву тут гэтай швалі, як у Прыбалтыцы? Франты, панімаеш, задумалі… не ўдасца! А калі і ўдасца, дык пад нашым шчыльным кіраўніцтвам. Лабусы ніколі не былі нам братамі, яны заўсёды былі ворагамі славянаў. Дык няхай пацешацца пакуль свабодай. А ў нас — прысячэм гэтыя гульні на корані. І жорстка. Не сумнявайцеся.

Славік маўчаў.

– Мы тут параіліся, — працягваў Павел Мікалаевіч, які, пэўна, адчуў у ім слабіну, — і вырашылі прапанаваць вам супрацоўніцтва. Я ведаю, вы хочаце пераехаць у Мінск, у аспірантуру. Што ж, варта. Абароніце кандыдацкую. Мы вам дапаможам. Вы хлопец талковы. У Мінску будзеце працягваць займацца сваёй любімай справай, у тым ліку і гісторыяй, калі вам гэта так падабаецца. Хадзіць на розныя пасяджэнні — там таксама «суполак» хапае. Вы ж ведаеце многіх хлопцаў, што называюць сябе «свядомымі беларусамі», якія адсюль туды пераехалі. Але пакуль папрацуеце тут. Час ад часу будзеце сустракацца з нашым чалавекам ды сёе-тое расказваць. І ўсё... Мы дамовімся, як, дзе і калі. Вы не сумнявайцеся — ніхто пра гэта не даведаецца… Ніколі. Гарантую.

Павел Мікалаевіч увесь час назіраў за ім і са свайго вопыту здагадваўся: гэты адмовіцца, не пагодзіцца. Славік, вядома, быў разгублены, але трымаўся даволі ўпэўнена. Павел Мікалаевіч бачыў, што ўгаварыць падобраму яго не ўдаецца, і змяніў тон на больш грубы:

– Калі вы думаеце, што мы не ведаем, чым вы там займаецеся, пра што гаворыце, дык вы памыляецеся. У нас усюды ёсць вушы. Вы ўсе ў нас пад каўпаком! Мы дазваляем вам гэта рабіць, каб выявіць патэнцыйных ворагаў і трымаць пад кантролем. Я хачу вас выцягнуць з той яміны, у якую вы патрапілі па ўласнай недасведчанасці, паддаўшыся ўгаворам аднаго сябра — вы разумееце, каго я маю на ўвазе… Я ведаю — вы наш, вы спартсмен, вам няма чаго рабіць з тымі адшчапенцамі-нацыяналістамі, якія мо толькі і думаюць, як зганьбіць, аклевятаць краіну, напісаць нейкую херню ды эміграваць на захад.

Славік маўчаў, сядзеў, апусціўшы галаву, і думаў: значыць, дакладна і да нас дабраліся… Бацька меў рацыю… Тое, што ў гэтай краіне ўсё адсочваецца, ён не проста здагадваўся, ён быў перакананы ў тым. Але каб настолькі… І галоўнае, цяпер, калі нібыта дазволілі дыхаць лягчэй, вальней, калі пачалася пе-ра-бу-дова і, як грыбы пасля даджджу, пачалі расці розныя нефармальныя аб’яднанні… Аказваецца, служба не дрэмле, усё пад яе кантролем… І ў «Талацэ», сярод, здавалася б, сваіх, невыпадковых хлопцаў і дзяўчат, ужо ёсць «стукачы». І мала ім іх, яны яшчэ і мяне хочуць завербаваць… Не, ні за што! Бо шыла ў мяшку не ўтоіш і рана ці позна яно вытыркнецца, і пра гэта стане вядома, як бы ні абяцалі таямніцу... Як я тады ў вочы хлопцам пагляджу? А калі і не даведаецца ніхто, усё роўна — «сексотам» быць не хачу!

Павел Мікалаевіч убачыў, што Славік сядзіць агаломшаны, і вырашыў даціснуць:

– Вы ж яшчэ не служылі ў арміі, так? У інстытуце ваеннай кафедры не было. Дык вось… Увосень будзе чарговы набор у Афганістан. Не хацелася б рэкамендаваць нашым сябрам забраць вас на службу, прынамсі, звярнуць увагу на тое, што вы яшчэ не служылі... — Зрабіў паўзу і працягнуў: — Я не настойваю, каб вы менавіта сёння прынялі рашэнне. Падумайце... Пазваніце мне на працягу тыдня па гэтым нумары, — дастаў з шуфляды і падаў падрыхтаваны аркушык з напісанымі на ім лічбамі.

Вось гэта і было памылкай «вярбоўшчыка». Калі б ён не даў магчымасці падумаць, хто ведае, як яно было б: мог бы і даціснуць Славіка, узяць подпіс, тым больш напалохаўшы войскам. Але, калі быў дадзены час узважыць, на гэтым усё і скончылася. Ужо з шэрага будынка Славік выходзіў з цвёрдай перакананасцю: лепш, калі давядзецца, пойдзе ў Афган, на вайну, чым стане «стукачом».

Афганістан Славіка не страшыў. Некалі, у школе, у дзясятым класе, ён, акрылены патрыятызмам, нават думаў падаць заяву ў ваенкамат і не паступаць вучыцца, а пайсці добраахвотнікам выконваць «інтэрнацыянальны абавязак», змагацца за вызваленне афганскага народа ад ярма капіталістаў. Тады, дзякуй Богу, хапіла розуму не зрабіць гэта. Але цяпер, калі яго ставяць перад выбарам, то… на супрацоўніцтва ён не пойдзе. У любым выпадку — не… Лепей ужо войска.


6.

Так, «Талаку» ўрэшце выгналі з рэдакцыі: нядоўга цярпелі. Каб захаваць суполку, трэба было шукаць мажлівасць недзе збірацца. Колькі разоў пасядзеліпагаманілі на кватэры ў Сержука. Пакуль ён не заспеў у сябе «водаправодчыкаў». Сталася тое выпадкова. Аднойчы Сяржук выйшаў з дому раней, але на тралейбусным прыпынку згадаў раптам, што забыў узяць з сабой абяцаную камусьці кнігу. Вярнуўся, адчыніў кватэру, а там у ванным пакоі калупаюцца нейкія невядомыя людзі ў добрых цывільных касцюмах.

«Хто вы такія? Што тут робіце?» «Мы водаправодчыкі…» — мужчыны відавочна не чакалі, што гаспадар кватэры вернецца і заспее іх... «Хто вас выклікаў? Як вы патрапілі ў кватэру?» «Мы з ЖЭСа, нас ЖЭС паслаў зрабіць…» — і, не дагаварыўшы што, хуценька рэціраваліся, ледзь не забыўшы свой чамаданчык. Той, што вяртаўся па яго, сказаў Сержуку на парозе шэптам: «Прабач, хлопец…»

Было зразумела, што за «водаправодчыкі» прыходзілі. Таму пасля гэтага пачалі збірацца, пакуль цёпла, у парку... Прагульвацца па ім, размаўляючы. Праўда, тут ужо было не да лекцый па гісторыі. Сыходзіліся, каб проста пабачыцца і не страціць сувязь. Урэшце згадалі пра моду на маладзёжныя нефармальныя арганізацыі, што кацілася па краіне. Вырашылі афіцыйна зарэгістравацца ў гаркаме камсамола як суполка, што цікавіцца краязнаўствам і мінулым сваёй зямлі. Спрацавала. Больш за тое, з’явілася надзея, што з дапамогай камсамола ўдасца «выбіць» памяшканне. Што і зрабілі.

Але выдзелілі ім — Андрусь дабіўся, які якраз і адказваў за асвятленне камсамольскага жыцця і нефармальных аб’яднанняў у газеце, — падвал у адным з дамоў на паралельнай цэнтральнай вуліцы. Іншага месца ў вялізным горадзе ім не знайшлося. Падвал да таго ж лічыўся бамбасховішчам, і ў яго вялі цяжкія жалезныя, даўно не фарбаваныя іржавыя дзверы, якія расчыніліся са страшным скрыпам і натугай. Бетонная лесвіца нырала глыбока ўніз і выводзіла ў змрочныя сутарэнні. Адзіная лямпачка пад нізкай бетоннай столлю ўсё доўгае памяшканне не асвятляла — толькі пачатак яго. Далей была цемра, і здавалася, што скляпенні бамбасховішча не маюць канца… Першае, што яны ўбачылі ў кволым святле самотнай лямпачкі, — гару зваленай старой пашарпанай мэблі.

– Гэта з кватэры аднаго крымінальніка, — патлумачыў начальнік ЖЭСа, які прывёў іх у падвал. — Ён цяпер зноў сядзіць недзе на Віцебшчыне і сюды больш не вернецца: з дома яго выселілі… Можаце карыстацца, калі вам што спатрэбіцца.

Брыдка было, асабліва таму, што ўсё тоўстым слоем пакрывалі пыл і бруд, але хлопцы разгрэблі грудок мэблі, выцягнулі даволі прыстойны круглы стол, канапу, некалькі крэслаў... Якраз пад лямпачкай зладзілі нейкі ўтулак. Астатнюю мэблю аднеслі ў далёкі цёмны кут.

Селі адпачыць — у бамбасховішчы да ўсяго было душна і сыра — Славік ажно ўспацеў, цягаючы мэблю. Панавала лёгкая ўзбуджанасць: нарэшце займелі нешта сваё — адсюль не пагоняць…

– Мы тут як першыя хрысціяне, — сказаў Андрусь, — яны некалі таксама сустракаліся і маліліся ў пячорах, у катакомбах… А сёння ледзь не палова свету прымае іх веру і Бога… Няўжо ў нас не атрымаецца нешта змяніць хоць бы тут, у нашым маленькім краі?


7.

І ўсё ж найчасцей начамі сніліся-мроіліся Славіку не сябры, не бацькі, не праца і не «вярбоўшчыкі», а Люда. Каханне іхняе, пачаўшыся бойка, перарастаць у нешта іншае, большае ці меншае, не спяшалася. Было яно цнатлівым і доўга далей пацалункаў на развітанне не йшло. І гэта іх не палохала.

Увогуле яму з жанчынамі, ці, дакладней, дзяўчатамі, не шанцавала па жыцці. У школе ён ледзь не з першага класа кахаў адну дзяўчынку. Выбраў, як на свой густ, найпрыгажэйшую. А яна і сапраўды была найлепшаю і падабалася надта многім. Настолькі многім, каб не заўважаць яго. Ён захварэў на яе, цэлымі ўрокамі крадком пазіраў у бок парты, за якой сядзела яна, і не мог вочы адвесці, забываючы пра ўсё і не заўважаючы іншых. Але аднойчы на кар’ерах ля цагельні, дзе яны купаліся, ён убачыў, як суседскі хлопец, што толькі прыйшоў з войска, ціскаў на траве ягоную Светку, а меншыя дзеці стаялі вакол і назіралі, як ён залазіць ёй то ў трусы, то пад станік… Потым, увечары, ідучы разам у клуб, той самы сусед са смакам расказваў яму, як водзіць пасля кіно Светку ў закінутую клуню наводшыбе, і хваліўся, якая яна гарачая і ненасытная… Сэрца Славікава разрывалася на часткі ад болю, хацелася плакаць і… біцца, мясіць гэтага хлопца нагамі, качаць яго па зямлі за тое, што ён спляжыў ягоную мару. А Светка… Светка яму і потым падабалася, можа, яшчэ і больш, і нянавісці да яе ў яго не было. Была нібыта пагарда ад таго, што ён нешта пра яе ведае такое, пра што сама яна не здагадваецца.

Не дужа шэнціла яму на ўзаемную «любоў» і на ягоным курсе ў інстытуце. Яму падабалася адна дзяўчына з гімнастак, якую ён вылучыў для сябе яшчэ на «бульбе». І без ніякай надзеі сох па ёй усе чатыры гады вучобы, хоць і чуў пра яе гулі з іншымі хлопцамі, з трэнерамі на зборах, і гатовы быў дараваць нават два спароны, што зрабіла яна на другім і трэцім курсах… Але — не лёс...

Гэта якраз па ёй і сумаваў ён тады, калі ўпершыню прыехаў у Гомель і, не стрываўшы самоты, што раптам апанавала ім у гатэлі, пайшоў у парк.

А цноту сваю Славік страціў на трэцім курсе, калі прымусілі яго паехаць працаваць, ці, як казалі, «на практыку», у піянерскі лагер фізруком. Начальніца лагера неяк пасля сумеснай вечарыны, якую яна разам з важатымі зладзіла ці не дзеля таго, каб падпаіць яго, адзінага, калі не лічыць старога ветэрана — загадчыка гаспадаркі Іванавіча, мужчыну ў той лагернай змене. П’янага, яна зацягнула Славіка да сябе ў пакой, у ложак, дзе і прачнуўся ён ранкам голы побач з жоўтай гарой — начальніца была з такіх, пра якіх Іванавіч жартаваў: плясні па жываце — да раніцы дрыжэць будзе... Цэлы дзень не ведаў ён, куды падзецца. Яму здавалася, што ўсе дазналіся пра ягоную «прыгоду» і таму гэтак хітра на яго паглядваюць. Нават дзеці са старэйшых атрадаў, а не тое што дзяўчаты-піянерважатыя. А Іванавіч дык і наогул пры кожнай «выпадковай» сустрэчы па-змоўніцку падміргвае яму…

Славік не хацеў сабе прызнавацца, але сёе-тое з той ночы памятаў, яно яму спадабалася і вабіла... Пад канец змены ён перакаштаваў-перакуштаў амаль усіх дзяўчат-піянерважатых, якія лёгка ішлі да яго, як да свайго. Яны былі з іншага інстытута — педагагічнага, і, пэўна, спадзяваліся, што раз’едуцца і ўсё забудзецца. Так яно ўрэшце і сталася. Начальніца лагера напачатку хацела быць у Славіка адною, а потым змірылася і на развітанне, на сканчэнне змены, нават прэмію выпісала — без крыўдаў.

Цяпер ён не шукаў спецыяльна «гэтага», і таму з Людай яму было проста добра. Як, здаецца, і ёй з ім. Акрамя пацалункаў — у шчочку, нібыта жартам: «пакуль-пакуль…», яны нічога больш сабе не дазвалялі. Можа таму, што пакідалі «гэта» на потым, абсалютна ўпэўненыя ў тым, што будуць разам нягледзячы ні на што.

Але хто мог прадбачыць, што ў іх жыцці здарыцца… непрадбачанае.


8.

У бамбасховішчы яны зразумелі, што хопіць замыкацца ў саміх сабе, трэба неяк выходзіць на людзі.

– Раз мы талака, дык трэба і ладзіць талокі, — сказаў Сяржук. — Якраз набліжаецца чарговы камуністычны суботнік, дык ці не з’ездзіць нам у Ветку? Там, ведаю, распачалі рэканструкцыю мясцовага музея — вельмі цікавага, дарэчы, у ім ёсць старадрукі шаснаццатага-сямнаццатага стагоддзяў, шмат абразоў… Варта пабачыць гэта ўсё, а заадно і дапамагчы ў рамонце…

Ветка — гарадок стараверскі, у ім і ваколіцах сапраўды захавалася шмат рарытэтаў — старадаўніх кніг і абразоў, выкупляць якія ў бабулек за капейкі ды перапраўляць за валюту на захад даўно ездзілі масквічы з ленінградцамі. Не цікавіла нічога толькі беларускіх навукоўцаў. Але сярод веткаўцаў знайшоўся чалавек, які не пабаяўся рызыкнуць і пачаў збіраць спадчыну старавераў, — Фёдар Шкляраў. Дакладней, не збіраць, а ратаваць ад знішчэння. Бо камуністы ў змаганні з рэлігіяй сотнямі адбіралі ў вернікаў старадрукі і абразы, звозілі ў райцэнтр і палілі імі грубкі — ацяплялі так зімою свае кабінеты ў райкаме і райвыканкаме... А Шкляраў, калі надышла чарговая адліга, якую назвалі перабудовай, скарыстаў момант і на аснове свайго таемнага збору стварыў унікальны музей. Спачатку хатні, а цяпер вось пад яго выдзелілі асобны будынак.

Дырэктар музея, якому ўжо сказалі, што прыехала з Гомеля нейкая моладзь, якая гаворыць па-беларуску і хоча працаваць бясплатна на рамонце дома, сустрэў іх на парозе, гаворачы сам сабе пад нос, але каб і яны пачулі:

– Гаварят па-беларускі… Ну і пускай… Абы сабак па уліцы не ганялі…

«Талакоўцам» гэта спадабалася, бо то была ці не першая станоўчая рэакцыя на іх беларускасць. Хай і грубаватая. Часцей ім даводзілася сустракацца з іншым — з неразуменнем і адкрытай пагардай. Бо чыстая, літаратурная мова даўно не гучала тут, а можа, і не гучала ніколі. Зрэшты, як і руская. Размаўлялі ў большасці на так званай «трасянцы» спакон веку. Асабліва ў гэтых мясцінах — на памежжы з Расіяй. Хоць якраз тут, побач з вернікамі-кансерватарамі, і захавалася найбольш беларускага дахрысціянскага фальклору на мове, паганскіх святаў і… ручнікоў, посцілак ды іншых тканых вырабаў з найцікавымі ўзорамі, што таксама былі сабраныя ў музей Шкляравым.

Праца была простай: падай-прынясі, падмяцівыкінь… Але і яна была дужа патрэбнай, бо рамонт будынка былога веткаўскага купца ў самым цэнтры горада на плошчы, што, як і маскоўская, мела назву Красная, рабілі самі музейныя супрацоўнікі на чале з майстрам на ўсе рукі, цесляром, сталяром, разьбяром па дрэве, мастаком — дырэктарам. І любая дапамога была тут не лішняю. За гарбатай пасля працы ў цесным музейным пакойчыку Андрусь прапанаваў прыязджаць сюды на кожныя выходныя. Пагадзіліся адразу — вельмі ж сімпатычнымі падаліся ім і музей, і ягоны дырэктар з супрацоўнікамі.

Між талокамі яны па-ранейшаму па некалькі разоў на тыдзень збіраліся ў сваім падвале, слухалі лекцыі па гісторыі, спявалі песні. Ізноў гэта нагадала Славіку нейкае сектанцтва. Бо развіцця не было. Так, ён любіў гісторыю. Так, ён любіў беларускія песні. Асабліва народныя. Тыя, што спявалі ў іхняй вёсцы на вяселлях, хрэсьбінах, увогуле на святах аж да «акцябскіх». Але не тыя, што спявалі «талакоўцы». Асабліва неўзлюбіў тую, што гучала найчасцей, са словамі:

«Сабралася бедна басота…» Пэўна, усё ж быў у яго розум задужа канкрэтны. Ну якая басота? «Цвет» інтэлігенцыі сабраўся — дзеткі бацькоў з высокімі пасадамі, усе з закончанай вышэйшай адукацыяй ці студэнты ВНУ… Ну не бачыў ён за гэтым тонкага жарту, пакеплівання з саміх сябе. Наступаюць на тыя ж самыя граблі, думаў ён: шляхетны Янка Купала з

«нашаніўскай» камандай сядзелі ў віленскіх кавярнях за філіжанкамі кавы і складалі вершы пра «дурных» ды «цёмных» лапцюжных мужыкоў для… дурных ды цёмных лапцюжных мужыкоў, як яны, відаць, лічылі… І тут праз семдзесят гадоў зноў — «басота»… А яшчэ расказваюць пра «найбагацейшую» гісторыю.

Але не гэта галоўнае. Ён разумеў, што калі не будзе нейкага руху наперад, то гэтыя «пасядзелкі» большасці чальцоў хутка надакучаць, і яны разбрыдуцца. А развіццём ідэі магло быць толькі канкрэтнае змаганне, тое, пра што шапнуў яму Андрусь пасля першай сустрэчы ў рэдакцыі і што спадабалася яму найбольш: рэальная барацьба за незалежнасць. Толькі гэтым можна было б зацікавіць, заінтрыгаваць, толькі ў гэтым быў той самы патрэбны патэнцыял, перспектыва, бо экстрым ды рэальная небяспека заўсёды больш вабілі пэўную частку моладзі, чым розныя «спеўкі» ды лекцыі…


9.

Той чалавек у цывільным больш Славіка да сябе не выклікаў. Мажліва, хапала «стукачоў» і без яго, мажліва, чакаў, што Славік сам прыбяжыць, мажліва, зразумеў, што Славік супрацоўнічаць не будзе. А хутчэй за ўсё — трэба ж было кагосьці з «дысідэнтаў» пакінуць «на развод», каб было за кім сачыць і, адпаведна, не дарэмна хлеб есці. Так думаў Славік, згадваючы тую не надта прыемную для яго размову і радуючыся, што не чапаюць больш, не клічуць да сябе. А што сочаць… дык няхай — асцярожней буду.

Пранесла?.. Не, аднак... Пра яго не забыліся. І недзе на пачатку восені, як толькі аб’явілі новы прызыў у войска, яму прыйшла позва ў ваенкамат.

Усё было б добра, калі б не сустрэчы з Людай. Адслужыў бы — не праблема. Але ён баяўся яе страціць. Яна то студэнтка, другі курс, ёй яшчэ вучыцца ды вучыцца, але ж за паўтара года войска ці мала што можа адбыцца…

У той дзень яны пайшлі прагуляцца па ваколіцах Гомеля, якія ён тым часам палюбіў нават больш, чым сам горад…

Палюбіў крынічку пад былым крутым берагам Сожа, за Домам культуры інвалідаў па зроку, куды па ваду хадзілі толькі абраныя: тыя, каму адкрылася чысціня яе, ці тыя, хто проста не ленаваўся прайсці сотню метраў па горадзе, а потым спусціцца з высокае стромы ўніз, да яе празрыстае вадзіцы, бо не хацеў піць з крана вадкасць, што пахла хлоркай ды іржой усіх трубаў, праз якія прайшла...

Палюбіў блукаць з Людай між ярка-зялёных лазовых кустоў па бела-жоўтым сыпучым пяску, што быў некалі дном рэчкі, якая змяніла рэчышча; палюбіў і сам Сож — шырока-прыгожы тут, поўна-выпуклы, калі глядзець з берага, ад вады, ціхі і ласкавы ля ног і хуткаплынны пасярэдзіне…

Палюбіў напаўразбураную царкву, якая, казалі, была пабудаваная некалі па праекце знакамітага архітэктара Растрэлі. Яна стаяла пры вёсцы з файнай назвай Валатава на ўзвышшы ля старога рэчышча Сожа, і на рэштках яе сценаў любілі трэніравацца мясцовыя альпіністы. Калі яны з Людай упершыню прыйшлі сюды, ён быў уражаны іржавымі крукамі, што ўпіліся ў цела царквы: яно падалося яму жывым, і ў Славіка ажно забалела ўсярэдзіне яе болем, нібыта гэтыя крукі забівалі ў яго самога, і то не іржа была, а кроў...

Іх вабіла гэтая царква, і часта, вандруючы па ваколіцах горада, яны і не заўважалі, як зноў і зноў ногі прыводзілі іх да яе. Менавіта каля царквы, назаўтра пасля атрымання позвы, ён і сказаў Людзе:

– Ведаеш, мяне бяруць у войска. Учора прынеслі позву... — Памаўчаў, гледзячы, што яна адкажа на гэта, і спытаў: — Будзеш мяне чакаць?

Люда страсянула галавой: не можа таго быць… Яна, відавочна, не была гатовая да такой навіны. Але зразумела, што ён не жартуе, і таму праз кароткі одум з сумам адказала адным словам:

– Буду…

– Ну, ты так адразу, не падумаўшы, сказала. А мне служыць мінімум паўтара года… Гэта ж немалы тэрмін… Прыкінь: амаль дзясятая частка твайго жыцця…

– Ну і што… Не ведаю, што ты хочаш гэтым сказаць. Але мне яшчэ вучыцца больш за тры… амаль чатыры гады. Дык што тыя паўтара года... Праляцяць незаўважна… Вось каб была я на пятым курсе, тады, магчыма…

– Што магчыма?

– Ды нічога. Проста ў нас у суседнім блоку ў інтэрнаце пяцікурсніцы жывуць. Размеркаванне папярэдняе ў іх прайшло — усім у вясковыя школы... А яны так да горада прывыклі. Цяпер з глуздоў з’язджаюць, вар’яцеюць, каб застацца ў Гомелі.

– Так ужо і вар’яцеюць…

– Ага... З-за адной з іх нядаўна хлопца-гамяльчаніна выключылі з універсітэта. Ён сказаў, што ў Афганістане служыў, і «коркі» нейкія падробленыя паказаў, што медалём узнагароджаны. Мо пахваліцца перад ёй хацеў, цану сабе набіць… А яна даведалася, што хлопец паступіў пасля школы і нідзе служыць не мог. Калі яе кінуў, у камітэт камсамола напісала, што ён ганьбіць сваім учынкам памяць тых, хто аддае інтэрнацыянальны доўг і свае жыцці ў Афганістане. Усе думалі, што пасмяюцца з яе, дурніцы, а там наладзілі разборкі і хлопца выключылі з камсамола. А потым, аўтаматам, і з універсітэта.

– Во як сур’ёзна ў вас, якія жарсці!.. А мяне і сапраўды ў Афганістан паслаць могуць. А там страляюць і забіваюць…

– Не кажы так. Усё будзе добра. У цябе ж вышэйшая адукацыя. І ты адзін у бацькоў… Цябе не пашлюць на вайну… Але… Але я ў любым выпадку цябе чакаць буду. І пісаць. Часта-часта.

Гучала шчыра і пераканаўча. Толькі — што можа быць пераканаўчым і тым болей даўгавечным у гэтым узросце?.. Адно Славік зразумеў яшчэ вастрэй: яму сапраўды не хочацца губляць гэтую мілую дзяўчынку, і з часам яна і сапраўды можа стаць яму цудоўнай сяброўкай-жонкай. У размове яны незаўважна для сябе ўвайшлі ў царкву, і толькі цяпер ён заўважыў, што стаяць пасярод яе, перад тым месцам, дзе павінен быць алтар.

І ён сказаў, гледзячы ў высокае неба над галавой:

– А давай вось тут, перад вачыма Бога, якому нішто не замінае бачыць нас: ні сцены, ні столь, — сімвалічна заручымся: паабяцаем адно адному, што б з намі ні здарылася…

Славік замоўк, засумняваўся: навошта ён гэта кажа? Але Люда падышла да яго, стала поруч, узяла за руку і ўгледзелася ў «алтар»…

– Паабяцаем што?..

– …Быць разам… назаўжды… і нішто ніколі нас не разлучыць…

І яны пакляліся ў вечнай вернасці, перашкодай якой не стане… нават… Пра гэта яны і думаць тады не хацелі…


10.

Напачатку была «вучэбка», якая пакінула яму адзін успамін. Славіка прыпуталі ў прыбіральні, каля ўмывальнікаў, тры сяржанты, аднаму з якіх ён адмовіўся чысціць боты. Яны ведалі, што ён

«вучоны» — мае па сканчэнні інстытута вышэйшую адукацыю. І гэта яшчэ болей злавала іх. Але яны і не здагадваліся, што ён самбіст... І з той прыбіральні выпаўзалі на чатырох, крапаючы крывёй з разбітых насоў і губ на вечна мокрую падлогу.

Словам, пасля гэтага яго не толькі не чапалі, а нават набіваліся ў сябры. Андрусь, спачуваючы яму, казаў на развітанне, што ніколі і ні за што не пайшоў бы служыць, бо не хоча, не ўмее і не здольны прымусіць сябе выконваць бязглуздыя загады, кшталту: капаць адсюль і да абеду альбо фарбаваць лісце па восені ў зялёны колер. Бязглуздых загадаў і сапраўды хапала ў «вучэбцы», як і начальнікаў-ботаў, але ён стараўся на іх не зважаць.

Атрымаў лычкі малодшага сяржанта, ужо ведаючы, што пойдзе служыць у Афган. Зрэшты, ён у гэтым ніколькі не сумняваўся, яшчэ ў ваенкамаце прыгадаўшы тую гутарку з чалавекам з «органаў». Тым больш і «вучэбка» месцілася на самым поўдні СССР, паблізу афганскай мяжы — у Туркменіі.

І ўсё ж ён не думаў, што будзе гэтак цяжка. Полк іхні ў баях не ўдзельнічаў, стаяў у тыле. Але што значыць «у тыле» на чужой, варожай тэрыторыі? Абстаноўка ўсё роўна была баявой, і раз на некалькі дзён нехта з салдатаў прападаў без вестак, альбо некага знаходзілі прыстрэленым ці з перарэзаным горлам. Гінулі і знікалі хлопцы ў асноўным па сваім глупстве, пагнаўшыся за «прыгодамі» на сваю галаву, ці, як гучала ад камандзіраў пасля чарговага выпадку — «на сваю жопу». Ведалі яны пра гэтыя знікненні і тым не менш лезлі ў недалёкі кішлак па нейкую выпіўку, а сёй-той і па наркотыкі, на якія паспеў «падсесці» тут.

А ўвогуле «шураві-інтэрнацыяналісты» паводзілі сябе з мясцовымі бесцырымонна і нахабна: не як сябры-вызваліцелі, а як заваёўнікі-гаспадары. Асабліва афіцэры і прапаршчыкі. Кожны хацеў нешта ўрваць, каб дамоў прыехаць не з пустымі рукамі.

Славік не паддаўся гэтаму памкненню, але частку грошай, што выдаваліся як нібыта заробак, вымушаны быў здаваць у агульны кацёл — на дэмбель. Каб і самому, звольніўшыся, атрымаць нейкую капейку, за якую ў бліжэйшым кішлаку можна было купіць недаступную ў Саюзе мару маладзёнаў — да прыкладу, японскі магнітафон «Шарп».

З першых дзён ён пачаў весці дзённік. Пісаў пабеларуску. Ніхто не разумеў, што ён там крэмзае, ды і асабліва не цікавіліся. Але аднойчы дзённік ягоны патрапіў у рукі землячку — лейтэнанту-асабісту. Той пачытаў і пераклаў запісы камандзіру палка. Дзённік знішчылі, спалілі перад строем, а ён атрымаў дзесяць сутак гаўптвахты — «губы». За антысавецкія, неінтэрнацыяналісцкія настроі, за ачарненне імя савецкага воіна… А папросту — за праўду, якую фіксаваць, запісваць нельга было. Шкада, вядома, дзённіка, але яму яшчэ пашанцавала, бо за гэта маглі адправіць і ў штрафны батальён…

То быў яму ўрок на ўсё астатняе жыццё: будзь асцярожным і душу сваю не раскрывай ні перад кім, ні перад чым — нават перад чыстым аркушам паперы. Асабліва паперы, бо што напісана пяром, тое… ужо дакумент супраць цябе.

І, падобна, памяць пра той выпадак жыла ў ім дагэтуль. Жыла ў ім дагэтуль…

Намінальна ён лічыўся ў разведроце. Але сядзелі яны ў гарнізоне і нікуды не выходзілі. Да пары да часу. Калі да дэмбелю заставалася літаральна сто лічаных дзён, раптам распачаліся буйныя баі на поўдні, каля Пакістана. Там «духі» акружылі горад Кандагар, бамбардавалі яго, білі з артылерыі, і трэба было дапамагчы сваім выстаяць і адбіцца. Вось тады ён і ўбачыў вайну зблізку, убачыў смерць сяброў — зазірнула старая з касой і яму ў вочы.

На верталётах іх кінулі на адну з вышыняў прыкрываць праход войскаў па дарозе. Трое сутак у страшэнную спякоту ўдзень і невыносную халадэчу ўночы яны сядзелі на голым узгорку за грудкамі сабраных абломкаў скалаў і камянёў і ўжо трохі разняволіліся, супакоіліся ды зусім не чакалі нападу.

«Духі» ссунуліся на іх з навакольных гор пад раніцу чацвёртых сутак. Добра, што адзін з вартавых паспеў перад смерцю націснуць курок і даць чаргу ў неба. Інакш перарэзалі б іх, сонных, тады ўсіх, як авечак… І давялося Славіку страляць па іншых людзях, якія яму асабіста не былі ворагамі, але лёс паставіў іх па розныя бакі адной жыццёвай дарогі і сказаў, што ўсім месца на ёй не хопіць… Можа, якраз тады і награшыў ён, за што і расплочваецца цяпер... Але што яму было рабіць: па ім стралялі, і ён страляў у адказ. Выконваў не інтэрнацыянальны абавязак, а бараніў сваё жыццё — такое крохкае, аказваецца, кволае, як у немаўляці. Прычым стараўся страляць прыцэльна, бо ад гэтага залежалі яшчэ і жыцці ягоных сяброў… Пакуль падышла дапамога, з іхняе роты засталося менш за палову. І большасць з жывых — параненыя, пакалечаныя, а ў яго, як ні дзіўна, ні драпіны. Толькі плячо сіняе ад аддачы прыклада кулямёта. У баі не заўважалася, а пасля смылела доўга.

Але бой той потым часта бачыўся яму ў кашмарных снах, і кожны раз не паспяваў ён на выручку сябру Сёму, зямелю з-пад Віцебска, і кожны раз прачынаўся ў халодным поце і пераконваў сябе: жывы Сямён, застаўся жывым… усё добра, я ж паспеў... І сапраўды, так і было: ён злаўчыўся тады ў апошні момант павярнуць рулю свайго кулямёта на «духа», які выскачыў з-за скалы проста на Сямёна. І цяпер ужо стаяў у вачах той «дух», які, падаючы, так глыбока зазірнуў у яго…

Ён быў не адзіным, каго давялося Славіку забіць тым ранкам. Але запаў у душу менавіта ён. Мо таму, што быў бачаны зблізку, што паспеў паглядзець яму ў вочы... І перад ім адчуваў Славік сваю непапраўную віну, якая з гадамі не праходзіла. А праз яго і да ўсіх іншых забітых і пакалечаных на той чужой вайне. Ні ў чым не былі вінаватыя тыя людзі — чыесьці браты і сыны... Аднак... Аднак — чаму жыццё такое жорсткае? Чаму людзі такія жорсткія?.. Што ім трэба ў чужых краях? Навошта яны пасылаюць сваіх дзяцей на смерць: ваяваць і забіваць тых, хто прагне аднаго — жыць па сваіх законах і быць свабодным?

Адказу на гэтыя пытанні не меў ён і цяпер.

На шчасце, паколькі ён меў вышэйшую адукацыю, служыць яму было, у адрозненне ад іншых, не два гады, а паўтара. Бо яшчэ паўгода ў той «мясарубцы» ён бы не вытрымаў: ці псіхіка здала б, ці не выжыў бы...

Так, адслужыўшы, ён вярнуўся ў Гомель. Сам горад застаўся ранейшым, але жыццё ў краіне памянялася кардынальна, непазнавальна. Перабудова набрала ход, асабліва ў газетах. Першы тыдзень ён абклаўся старымі выданнямі і не мог начытацца — насыціцца праўдай… Праўдай пра ўсё: пра мінулае, пра ГУЛАГ і сталінізм, пра вайну і партыйных бонзаў, але толькі не пра Афган…


11.

Валодзька-афганец служыў пад Кабулам. Пра тое, як страціў ногі, ён згадваць не любіў. На ўсе пытанні ў яго была адгаворка, якую ці сам ён прыдумаў, ці нехта навучыў так казаць. «Легенда» была спрошчанай і нібыта пазычанай з кіно: няроўны бой, выбух гранаты ля ног і — медсанбат. Не раўнуючы, як у тым фільме, хай і не пра вайну: пакаўзнуўся, упаў, адкрыты пералом, гіпс… Славік, ведаючы афганскія рэаліі, Валодзьку не паверыў: якая граната ля ног? Усё можа быць, вядома, але… Стаў перапытваць.

І Валодзька здаўся ды распавёў праўду, як афганец афганцу, папрасіўшы нікому не казаць. Усё было, як для Афгана, больш проста і звычайна: збег з часці ў самаволку і, літаральна за сотню метраў ад яе, падарваўся на міне…

– Ёлкі-палкі, — раздражнёна кінуў Валодзька сваё любімае выслоўе, — табе не збрэшаш… А мне дык усе тут вераць.

Шчырасць гэтая была адказам на Славікаву адкрытасць. Бо сам Славік перад тым сказаў яму, што згадаў сёе-тое са свайго жыцця. Прынамсі, што таксама служыў у Афгане. Прычым назваў некалькі момантаў, па якіх «інтэрнацыяналісты» бясспрэчна пазнавалі і прызнавалі сваіх. І гэта іх яшчэ больш зблізіла. Славік нарэшце знайшоў чалавека, якому можна было паспрабаваць даверыцца, раскрыць душу, з якім можна было параіцца. У пэўных межах, зразумела, пра якія Славік не забываў. Валодзька аказаўся не такім і дурным, як прыкідваўся, розум у яго быў не засмечаны, і ён мог дапамагчы Славіку адкінуць некаторыя ўспаміны і звярнуць увагу на тыя, што яму падаліся неістотнымі.

Згадкі пра Люду і Гомель Валодзька вылучыў сярод іншых. Хоць яны зачэпак не давалі, бо Славік не мог ведаць, дзе цяпер тая дзяўчына. Аднак яны маглі вывесці на ягоных бацькоў, якія, зразумела ж, не мянялі месца жыхарства. А Славік з Людай перад ягоным сыходам у войска разам з’ездзілі да іх у вёску, дзе бацькі наладзілі нешта кшталту «провадаў», бо так прынята… Толькі як і куды яны тады ехалі, Славік пакуль прыгадаць не мог. Ніякіх назваў у ягонай галаве не ўсплывала, як і ў згадках пра Андрэя. Пэўна, яны былі настолькі звычайнымі і знаёмымі яму, што проста сцерліся, у адрозненне ад Гомеля ды Мінска. Як і прозвішча бацькоў, а значыць, і ягонае.

Валодзька перастаўляў каня з с6 на е5 і, хітра, як кот, прымружваючыся, мурлыкаў Славіку:

– Вось каб ты шпокнуў там у бацькоў на сене сваю

Люду, тады б ты ўсё помніў…

– Чаму шпокнуў і чаму на сене?

– Сена пахкае, а пахі найлепей захоўваюць памяць пра мінулае. Цяпер бы панюхаў скошанай травы і ўспомніў, як цябе завуць і з якой ты вёскі.

Валодзькавы словы пра пахі Славіку запомніліся. Ён стаў зважаць на гэта. Але колькі тых пахаў было цяпер вакол яго? Прынамсі, вырашыў ён, у папярэднім сваім жыцці ніколі не ляжаў у бальніцы, бо бальнічныя пахі, якія панавалі ў інтэрнаце, і смурод, што ішоў ад хворых, яму ні пра што не нагадвалі. А пахі ў двары — кветак, дрэваў, травы — былі настолькі агульнымі, што таксама нічога новага яму не казалі. А вось пах самагону, якім дыхнуў на яго аднойчы Сцяпан, рэзка ўдарыў яму ў галаву, і ён нібыта пачуў злосны вокрык мачыхі на п’янага бацьку: «Клішун сраны, ты дзе гэта так набраўся, адыдзі ад малога, поскудзь!» — бо бацька тым часам нахіліўся над ім і хацеў пацалаваць… Ён адчуў, як колецца бацькава няголенае колькі дзён шчацінне, і нават страсянуў галавой… Так, Клішун — гэта была вулічная мянушка бацькі, які хадзіў трохі нага за нагу чапляючы і шоргаючы. Даволі рэдкая мянушка, і яна магла чымсьці яму дапамагчы. Ад клічкі да прозвішча шлях доўгі, аднак…

Аднак — гэта хоць нешта.

Успамін пра Люду — а Славік хацеў верыць, што гэта ўспамін, а не прыдумка, і сны пра Таню — а ён зразумеў ужо, што гэта сны, а не рэальнасць, абудзілі яго імкненне да жанчын. Ён не думаў пра тое, што ён бачыў на калідорах і ў палатах. Ён проста прагнуў ласкі, гульні, якая пераходзіць у каханне і доўгую-доўгую асалоду, а не ў механічныя рухі, працу ды пот. «Я пяць разоў запар магу…» — чуў ён, як хваліўся адзін дэбіл. «А я сем…» — перабіваў яго другі. Ну і што? Ды хоць сто, думаў Славік, справа ж не ў тым... Але тэма гэтая пачала яго ўсё больш і больш непакоіць. І толькі адзін чалавек, толькі адна дзяўчына ва ўсім гэтым вялізным доме магла зняць гэтае ягонае хваляванне. Так-так… вядома ж, толькі Таня. Якая па-ранейшаму сімпатызавала яму. Таму ейныя дзяжурствы паступова ператвараліся для Славіка ў святы.

Калі ўсе на пятым паверсе клаліся спаць, калі аб’яўляўся «адбой» і палаты замыкаліся на ноч, Славік прыходзіў да Тані, і яны падоўгу размаўлялі, здавалася б, ні пра што. Бо гутаркі гэтыя былі своеасаблівай любоўнай гульнёй маладых людзей, прыемнай ім абаім. Ён не кранаўся Тані, сядзеў насупраць, усім сваім целам адчуваючы яе блізкае калена. І яму дастаткова было таго, што яна побач. Яны размаўлялі, і ціхія галасы іх, спачатку жорсткія і калюча-вострыя, паступова і незаўважна для іх саміх размякалі і плавіліся, рабіліся лагоднымі і плаўнымі, быццам яны гладзілі і лашчылі адно аднога. Пра што яны гаварылі? Цяжка пераказаць. Сэнс быў неістотны. Але кожнае слова было, прынамсі, так ім здавалася, на сваім месцы і не парушала гармоніі іхняга ўзаемства, якое не пераходзіла межы дазволенага.

Потым, калі Славік сыходзіў ад Тані, бывала і пад ранак, ён, лежачы ў ложку, думаў: «А што робіць цяпер Таня? Што думае, застаўшыся адна, яна? Няўжо і ёй іхнія адносіны нагадваюць… з’яву, якая называецца…» Ён нават у думках не хацеў ужываць тое слова, але іншага не ведаў: «ананізм». І ці не пара з гэтым канчаць?

Першы крок, магчыма, і незаўважна для сябе, кіруючыся нечым падсвядомым, зрабіла Таня, якая падчас вясёлай размовы, смеючыся, нібыта незнарок узяла ягоную руку. І ён учапіўся ў яе маленькую, з тонкімі-тонкімі пальцамі, гарачую далоньку і не адпусціў, прыціснуў да сябе. А яна, не вырываючыся, у радасным смеху дакранулася да яго пляча сваімі грудзьмі — укалола іх пругкай вастрынёю… Славік пацягнуў Таню да сябе, пасадзіў на калені, і вусны самі знайшлі вусны…


12.

Гомель прыняў Славіка, можна сказаць, ветліва. Асабліва старыя сябры і знаёмыя. Героем яго ніхто не лічыў, але павагі дадалося: усё ж пабыў на сапраўднай вайне. У краіне за гэты час адбыліся сякія-такія змены. Дэмакратызацыя, якая, пісалі, адрознівалася ад дэмакратыі гэтаксама, як каналізацыя ад канала з чыстай вадой, ахапіла краіну. Так, але ўсё ж гэта былі пробліскі свабоды. А ў параўнанні з нядаўнім мінулым і не пробліскі нават, а сапраўдная вольніца — адліга… «Талака» разраслася. І стала даволі вядомым нефармальным моладзевым аб’яднаннем.

Люда была ўжо на трэцім курсе. За час ягонай службы яна ніколькі не змянілася. Не пасталела нават. Засталася тым жа горкім дзіцём. Быццам час для яе спыніўся.

Іх вандроўкі па ваколіцах да царквы, да крынічкі, да Сожа аднавіліся.

– А з кім ты хадзіла тут, пакуль мяне не было?

– Ні з кім… Не хадзіла я сюды. Не магла. Бо тут кожны куст пра цябе нагадваў бы. А тым больш — царква…

– Дзякуй… Ты сама не ўяўляеш, як гэта важна ў войску, што цябе нехта чакае. Твае лісты для мяне, прабач за высокія словы, былі вось гэтай жыватворнай крынічкай…

Люда не распытвала Славіка пра Афганістан, і ён быў удзячны ёй за гэта. І яшчэ больш уразумеў, што яна менавіта той чалавек, які яму неабходны побач. Але, хоць Людзе трэба было вучыцца яшчэ два гады, заставацца ў Гомелі ён не хацеў. Тры гады ссылкі «маладога спецыяліста» заканчваліся, і ён вырашыў ехаць у Мінск, паступаць у аспірантуру. Добра, што так атрымалася: дэмабілізаваўся ён у траўні, і дзеля гэтага не губляўся год. Летам ён падвучыў нямецкую мову, каб здаць іспыт, і паехаў. З Людай яны вырашылі, што варта пачакаць, пакуль яна скончыць універсітэт, а ён крыху асвоіцца ў Мінску. Потым яна прыедзе да яго, і яны возьмуць шлюб...

Гэта здавалася ім разумным.

Да таго ж, з Гомеля выганяў Славіка і Чарнобыль, які здарыўся яшчэ перад ягонай выпраўкай у войска. Тады ён ішоў служыць, зусім не ведаючы праўды пра тое, якая жудасная катастрофа насамрэч адбылася: спачатку Гомель поўніўся рознымі чуткамі. Аднак святкаванне Першамаю прайшло як звычайна — спякотным поўднем калоны дэманстрантаў пад чырвонымі сцягамі і з піянерамі наперадзе прамаршыравалі паўз трыбуну з помнікам Леніну. Да дня Перамогі горад не выселілі, хоць да таго часу пра аварыю ў недалёкім Чарнобылі ўжо ведалі і размовы пра тое былі. А потым, калі адпала пагроза новага выбуху на атамнай станцыі, усе і ўвогуле супакоіліся: раз’ехаліся капаць грады на лецішчах, у вёсках, садзіць бульбу. Уцягнуліся ў працу, маўляў, якая там радыяцыя: не пячэ, не коле… У партыйным друку пісалі хіба пра герояў-пажарнікаў, якія цаною жыццяў уратавалі ўсіх ад большай бяды. Пра небяспеку радыяцыі, якая нікуды не знікла, пра тое, як берагчы сябе ад яе, што можна есці, піць, а што не — ні слова. І для Славіка лета тады таксама праляцела ў дробных клопатах, а ўвосень яго загрэблі...

У газетах у войску ён чытаў сёе-тое пра высяленне ды перасяленне, але не думаў, што гэта набыло тут, на Гомельшчыне, такія маштабы. Больш за палову вобласці засыпала цэзіем, стронцыем ды іншай радыяцыйнай халерай з табліцы Мендзялеева. Сам Гомель неяк абышло краем, але ўжо ў той самай Ветцы — усяго за нейкіх дваццаць кіламетраў — дазіметры зашкальвалі, і жыць там было немагчыма. Пагаворвалі пра высяленне ўсяго гарадка, а музейныя рэчы, каштоўнейшыя старадрукі ды абразы, хацелі перавезці ў Гомель ці Мінск.

Вядома, і ў сталіцы было неспакойна, але там у яго магла б быць любімая праца… Палітычнае жыццё ў Мінску кіпела, шмат сяброў, у тым ліку і Андрусь з Сержуком, перабраліся туды, і ён падумаў, што, мажліва, цяпер будзе таксама больш патрэбным менавіта там.


13.

Чым болей Славік назіраў жыццё ў інтэрнаце, тым яскравей яно нагадвала яму дзяржаву ў мініяцюры. За гэтымі кратамі ў выглядзе ўзыходзячага сонца ўсё было не так міла і спакойна, як магло падацца збоку. Кіраваў усім галоўны ўрач, ён жа па сумяшчальніцтве дырэктар — Станіслаў Сцяпанавіч. Славіку не хацелася называць яго дыктатарам, дэспатам альбо нават самадурам, бо з ім ён быў у меру добрым і мяккім. Але з іншымі, у тым ліку і з персаналам інтэрната — жорсткім і ўладарным. Магчыма, інакш тут, на краі свету, у гэтай Богам забытай вёсачцы, удалечыні ад усялякага начальства — нельга было. Гаспадарка немалая, і без цвёрдай рукі яна даўно б развалілася, рассыпалася ў часы ўсесаюзнага бязладдзя ды безуладдзя. Разам з тым менавіта на гэтай жорсткасці і боязі трымаліся і квітнелі беспакаранасць ды несправядлівасць. Станіслаў Сцяпанавіч стварыў своеасаблівую вертыкаль сваёй улады і трымаў пад кантролем усё, з верху да нізу. Было ў яго чынавенства — персанал: намеснікі, загадчыкі аддзяленняў, урачы, медсёстры… Быў «народ» — хворыя ды старыя. Быў і свой спецназ — санітары, гатовыя ў любы момант прыдушыць любое незадавальненне. Была і апазіцыя, якая тое незадавальненне зрэдку выказвала — хоць бы тым, што задавала пытанні ды казала пра тое, што галадуха ў інтэрнаце, што вопратка знасілася… Была і свая турма — карцар для асабліва буйных і самых незадаволеных нечым…

Сістэма страху дзейнічала спраўна. І бездакорна. Персанал трымаўся працы, баяўся, каб Станіслаў Сцяпанавіч не звольніў, бо куды ж пойдзеш тады ў вёсцы? У калгас?.. Але ў інтэрнаце хоць нейкая стабільнасць, усё ж праца дзяржаўная, пад’есці можна на кухні, і заробак своечасова выплацяць. Не тое што ў калгасе, дзе нават трактарысты і даяркі гарбеюць за капейкі, і тыя калі аддаюць, дык вялікае свята... І «кантынгент» таксама быў амаль пастаянным. Асабліва нікога ў інтэрнаце не лячылі, тым больш не «выпісвалі». Тут жылі і паміралі. Так, для большасці хворых і састарэлых выхад адсюль быў адзін — на «зялёныя». Гэтак насельнікі называлі могілкі пры недалёкім лесе…

Пазней Славік даведаўся, пры ўсёй сваёй любові і павазе да галоўнага ўрача, што ў інтэрнаце яго не проста не любяць, а ненавідзяць, і за вочы называюць па скарочаных ініцыялах — «эсэс»… Ведаў пра гэта, відаць, і сам Станіслаў Сцяпанавіч, бо не аднойчы потым чуў ад яго Славік: лепш няхай ненавідзяць, але баяцца, чым бардак тут разводзяць.

Між іншым, бардак у прамым сэнсе разводзіў у інтэрнаце і сам Станіслаў Сцяпанавіч. Зрэшты, дзіўна было б, калі б ён не змог скарыстаць сваё становішча. Бо, па вялікім рахунку, ён быў тут не проста гаспадар — ён быў цар і бог. І не толькі Славік хадзіў у ягоных улюбёнцах. Было ў яго і некалькі маладых дзяўчатак, якіх Станіслаў Сцяпанавіч час ад часу «прымаў» у сваім кабінеце. Праз некалькі месяцаў, відаць, нападпітку, бо атрыманы на інтэрнат спірт ён трымаў у сябе, Станіслаў Сцяпанавіч нават прапанаваў адну з іх Славіку. Той катэгарычна адмовіўся.

– Як урач кажу табе — не пярэч мне: лепшага лячэння, чым тэрапія маладой дзяўчынай, чалавецтва яшчэ не вынайшла, — сказаў Станіслаў Сцяпанавіч, — я табе раю скарыстацца: хутчэй на папраўку пойдзеш… І яшчэ не тое ўспомніш… — падміргнуў. — А яна — дэбілка, усё роўна нічога не разумее…

«Ага, не разумее… — падумаў Славік. — Вы ж не такі наіўны… Яна якраз добра разумее, бо з усіх інстынктаў гэты самы жывучы… І тое, што яе топча менавіта галоўурач, а не нейкі там прыдурак ці нават санітар, у сваім асяроддзі скарыстоўвае напоўніцу…» Ён не раз чуў, як «алігафрэнкі» хваліліся сваёй сувяззю са Станіславам Сцяпанавічам — гэта іх узвышала ў вачах іншых і абараняла. «Я эсесю ськажу», — шапялявіла бяззубая Галька, калі ёй пад халат лез Убю, і той адступаў. Проста Славік раней не даваў таму веры: навошта тое Станіславу Сцяпанавічу? Ды і — няўжо яму не брыдка?.. Не мог і Станіслаў Сцяпанавіч не ведаць пра пахвальбу. Але і ён, пэўна, скарыўся сваім невынішчальным інстынктам і пляваў на ўсё, што пра яго маглі гаварыць. Бо разумеў: размовы гэтыя ўсё роўна пойдуць, нават калі будзе ён свяцей за святога. Бо жыць у такім куратніку і не скарыстаць мажлівасці паласавацца… Ніхто яго не зразумеў бы, і ніхто ў рэшце рэшт, нават манах з манахаў — праз год, праз два, праз дзесяць — не ўстояў бы, не змог захаваць сваю «чысціню» тут, сярод блуду і спакусаў… А ён доўга трымаўся. І «здаўся» не так даўно — гадоў пяць таму, калі зразумеў, што баяцца яму ў такой глухамані пры суцэльным бязладдзі ў краіне няма чаго: далей гэтай вёскі не пашлюць; калі падумаў раптам: яшчэ пару гадоў, і ён шкадаваць будзе, што не пакарыстаўся вольніцай… Адважыўся адзін раз і далей ужо спыніцца не змог — рассмакаваў… Спачатку яшчэ ацверажаў яго абавязак перад жонкай, а потым супакоіў сябе, што дзяцей у іх усё роўна няма, — і аддаўся волі лёсу… Таму і раіў цяпер Славіку не стрымлівацца. Да таго ж, відаць, пакуль нічога не ведаў пра стасункі, якія завязаліся ў таго з Таняй…

Але пасля гэтай «шчырасці» Славік зірнуў на Станіслава Сцяпанавіча па-іншаму. І зразумеў, што ў гэтым сяміпавярховіку пасярод лясной, далёкай ад цывілізацыі, вёскі самы няшчасны не прыкаваны да ложка алігафрэн, якога ўсе завуць Залатаром, бо ходзіць ён пад сябе і есць сваё дзярмо, калі санітаркі не пачуюць смурод і не паспеюць вымыць, і не Сонька-мамулька, якую… э, ды што там казаць — ніхто з ўсіх тутэйшых хворых-калек, інвалідаў не такі няшчасны, як галоўны ўрач Станіслаў Сцяпанавіч, які добраахвотна сядзіць за гэтымі кратамі ў выглядзе ўзыходзячага сонца ўжо дваццаць пяць гадоў…


Загрузка...