СЕРАФІМ АНДРАЮК


СТАРОНКІ НА ЗАХАДЗЕ СОНЦА


Кнігі і жыццё


Беларускай прозе, якая (зусім не будзе перабольшаннем сказаць пра гэта) дасягнула ў ХХ стагоддзі сусветнага ўзроўню, несумненна, пашанцавала і ў тым, што яе лепшыя творы пастаянна знаходзяцца ў полі зроку такога сур’ёзнага, уважлівага, абазнанага і грунтоўнага даследчыка, крытыка, як Серафім Андраюк. Так, яго галоўная ўвага сканцэнтравана на прозе, пры тым пераважна на яе сучасным стане. У гэтым, у адданасці аднаму напрамку даследчыцка-аналітычнай, літаратурна-крытычнай дзейнасці, пэўнай сферы літаратурнай творчасці, выяўляецца характар вучонага, пастаянства яго навуковых інтарэсаў. Проза для яго з’яўляецца найбольш жыццеўмяшчальным, сэнсаваёмістым, універсальным відам літаратурнай творчасці, здольным сказаць вялікую праўду пра чалавека.

У гісторыі беларускай крытыкі, думаецца, класічным узорам назаўсёды застануцца андраюкоўскія агляды прозы сямідзясятых гадоў. Яны сапраўды класічныя па ступені пранікнення аўтара ў абставіны літаратурнага працэсу, раскрыцця мастацкай адметнасці кожнай больш або менш прыкметнай з’явы, скіраванасці на выяўленне заканамернасцей развіцця прозы на пэўным этапе, яе найбольш характэрных адзнак.

Гэтыя агляды, падрабязныя і грунтоўныя, як і ўсё, што робіць С. Андраюк, з’яўляюцца яскравым прыкладам практычнага ўвасаблення аўтарскіх канцэпцый і падыходаў, якімі кіруецца крытык. Для іх характэрна плённая спалучанасць аналітычнага разгляду значнага літаратурнага матэрыялу з тэарэтычнымі развагамі, з роздумам над прыродай слоўнага мастацтва.

У працах С. Андраюка ўвогуле заўсёды вельмі на­туральна паядноўваюцца прыкметы ўсіх асноўных галін літаратуразнаўства: гісторыі літаратуры, тэорыі літаратуры і літаратурнай крытыкі. У такім сінтэтызме - своеасаблівасць творчай манеры даследчыка, стылю яго выкладу, характару яго мыслення. Можна з упэўненасцю сказаць, што С. Андраюк адносіцца да тых даследчыкаў, для якіх галоўнае - вызначэнне агульных заканамернасцей развіцця літаратуры, асноватворных уласцівасцей гэтага віду мастацтва. У гэтым напрамку ім зроблена нямала.

У артыкуле “Роздум у дарозе” С. Андраюк вельмі дакладна і выразна ахарактарызаваў першаснае патрабаванне самараскрыцця пісьменніка як чалавека і мастака: “Мы часта і небеспадстаўна гаворым, - піша ён, - пра вернасць мастака рэчаіснасці, забываючы, што вернасць гэтая - перш за ўсё вернасць мастака самому сабе. Бо навакольны свет наогул, жыццё наогул без яго асабістага непаўторнага бачання і асэнсавання - для літаратуры толькі сыры матэрыял” (вылучана мной - Я. Г.).

На гэтую думку выдатнага навукоўца і крытыка варта звярнуць асаблівую ўвагу, паколькі за ёю прадуманая і цэласная канцэпцыя літаратуразнаўчага даследавання. У адпаведнасці з ёю С. Андраюк вылучае ў якасці аднаго з найважнейшых аспектаў літаратурнай творчасці праблему аўтарскага бачання, аўтарскіх адносін да рэчаіснасці і мастацтва.

Без выразна выяўленай мастакоўскай і грамадзянскай пазіцыі аўтара, яго ўласнага бачання жыццёвых праблем, непасрэднага суперажывання ўсяму таму, што становіцца прадметам яго ўвагі і вобразнага ўвасаблення, сапраўды наўрад ці магчыма дасягнуць хоць колькі-небудзь значных поспехаў у мастацтве. С. Андраюк заўсёды памятае аб тым, што літаратура - гэта найперш адзін з відаў мастацтва, што гэта творчасць, у якой істотнейшае значэнне мае раскрыццё ўнутранага свету творцы, яго мастацкіх здольнасцей, таленту.

Важкім укладам у беларускае тэарэтычнае літаратуразнаўства з’яўляюцца працы С. Андраюка, змешчаныя ў калектыўнай манаграфіі “Стыль пісьменніка” (1974): раздзел “Іван Мележ” і асабліва ўступны артыкул да ўсяго выдання - “Да пытання аб індывідуальным стылі пісьменніка”, у якім выкладаюцца канцэптуальныя палажэнні тэорыі літаратурнага стылю. У беларускай літаратуразнаўчай навуцы другой паловы ХХ стагоддзя гэта адна з першых і самых грунтоўных распрацовак праблемы стылю.

Сцвярджаючы непарыўную сувязь літаратуры з жыццём як першасную ўмову творчасці, С. Андраюк падкрэслівае, што сувязь гэта не можа мець фармальны характар, яна павінна грунтавацца на выяўленні асабістых адносін аўтара да выяўленага ім у творы, на раскрыцці ў творы чалавечай і мастакоўскай сутнасці аўтара.

З уласцівай яму грунтоўнасцю, шырынёй ахопу ўсіх аспектаў праблемы С. Андраюк вызначае самыя істотныя і характэрныя ўласцівасці стылю, падкрэсліваючы ў пер­шую чаргу яго сістэмны характар. Сістэмнасць гэта, на думку даследчыка, валодае якасцямі, якія можна супаставіць з аналагічнымі ў арганічным свеце. Жыццёвая праўдзівасць і адпаведнасць, “праўда часу, гісторыі, характараў” суадносіцца з праўдай мастацтва, уключна да “праўды моўнай і кампазіцыйнай структуры, тону і інтанацыі”. Гэта надзвычай важны момант, які хочацца асабліва вылучыць - тое, што С. Андраюк звязвае праўдзівасць літаратурнага твора не толькі з яго адпаведнасцю прадмету ўвасаблення, але і з тым, наколькі адпавядае сам твор высокім меркам мастацтва.

Суадносячы аўтарскі светапогляд і жыццёвы вопыт з катэгорыямі паэтыкі і стылю, С. Андраюк пазначаў тым самым адзін з перспектыўных напрамкаў літаратуразнаўчых даследаванняў. Сапраўды, як пацвярджаюць гэта сучасная мастацкая практыка і яе літаратурна-крытычны аналіз, светапогляд аўтара ў большасці выпадкаў выяўляецца ў літаратурных творах не наўпрост, у выглядзе выказваемых непасрэдна сентэнцый, а апасродкавана, праз формы і спосабы арганізацыі мастацкага цэлага.

Такі даследчы метад у літаратуразнаўстве, які ўлічвае самую цесную, сінтэтычную паяднанасць змястоўных і фармальных бакоў творчага працэсу, можа прынесці ў сучасных умовах, несумненна, значна больш карысці, чым тыя падыходы, якія ігнаруюць гэта адзінства. У прыватнасці, ён супрацьстаіць тэндэнцыі разглядаць свет літаратурнага твора ў адрыве ад асобы аўтара, яго жыццёвага вопыту і кругагляду. “Убачыць за літаратурай пісьменніка” - гэта абвяшчаемая С. Андраюком мэта хоць і пераклікаецца з пастулатамі біяграфічнага метаду, аднак жа скіравана не да мінулага літаратуразнаўчай навукі, а ў дзень сённяшні і заўтрашні.

На думку С. Андраюка, свет літаратурнага твора паўстае ў сваёй стылявой шматфарбнасці, мастацкай непаўторнасці тады, калі адбываецца плённае ўзаемадзеянне, “узаемапранікненне аб’ектыўнай рэальнасці і суб’екта”. Менавіта тады, калі “прабіваецца на паверхню” непаўторная “пячаць індывідуальнасці” аўтара, выяўляецца яго канцэпцыя жыцця, тады твор набывае шматзначнасць і глыбіню.

Індывідуальны стыль залежыць ад “выражэння аўтарскага "я"”, ад наяўнасці “цэласнага, адзінага ў сабе рэальнага мастацкага свету”. Усе гэтыя паняцці цесна пераплецены між сабой, іх сувязь не проста канстатуецца, а доказна пацвярджаецца, выяўляецца С. Андраюком на прыкладзе грунтоўнага разгляду творчасці Івана Мележа. У раздзеле, прысвечаным Мележу і змешчаным у той жа кнізе “Стыль пісьменніка”, аўтар бліскуча прымяніў на практыцы распрацаваныя самім тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы і падыходы.

С. Андраюк падмячае, акрэслівае, мабыць, самую істотнейшую рысу мележаўскага таленту - здольнасць пісьменніка адчуць сваіх герояў знутры, увайсці ў іх свет, убачыць яго іх вачыма. “Палеская хроніка” І. Мележа - гэта якраз той выпадак, калі “аб’ектыўны матэрыял рэчаіснасці і аўтар, яго думкі і пачуцці натуральна зліліся ў адно”. Гэтаму ў вялікай ступені садзейнічала тое, што жыццёвы матэрыял, увасоблены ў гэтых раманах, быў блізкім аўтару, здаўна знаёмым, глыбока спазнаным ім з пары маленства. “Мележ піша пра тое, - як адзначае даследчык, - што стала ўспамінам душы, памяццю сэрца”.

Менавіта душэўнай, экзістэнцыйнай набліжанасцю аўтара да ўвасобленай у “Палескай хроніцы” рэальнасці, а разам з тым і новым узроўнем мастацкай праўдзівасці, псіхалагічнай пераканаўчасці, гэтыя мележаўскія раманы вылучаюцца з усёй папярэдняй творчасці пісьменніка. С. Андраюк добра паказвае гэта, прасочваючы станаўленне індывідуальнага стылю Мележа, пачынаючы ад першых яго апавяданняў.

Разглядаючы ўсю папярэднюю творчасць І. Мележа, у тым ліку раман “Мінскі напрамак”, як “пошукі арыгінальнага стылю”, спробы знайсці сябе, подступы да чагосьці значна большага, С. Андраюк сцвярджае, што якраз “у раманах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” стыль пісьменніка канчаткова акрэсліўся, праявіўся як мастацкая рэальнасць”. “У ранейшых творах, - на думку С. Андраюка, - пры ўсіх іх больш ці менш значных вартасцях не заўсёды можна было ўбачыць закончанасць і ўзаемаабумоўленасць розных элементаў мастацкага цэлага”.

У раманах “Палескай хронікі” стыль у вышэй адзначаным сэнсе праявіўся якраз у поўнай меры. Ён настолькі магутны, прасякнуты жыццёвымі токамі, напоўнены энергіяй тварэння, што С. Андраюк, схільны звычайна да аналітычна-ўзважанага, строгага выкладу сваіх думак, не ўтрымліваецца ад таго, каб не прыбегнуць у дадзеным выпадку да метафары. Жыццёвая плынь, выяўленая ў стылі мележаўскіх раманаў, уяўляецца даследчыку паўнаводнай ракой. “Жыццё, як шырокая павольная плынь, уліваецца ў раман, цячэ спакойна і павольна, захопліваючы ўсё большы прасцяг, не губляючы сваёй глыбіні і мнагаводнасці”.

Гэтай плыні падпарадкоўваецца ўсё ў мележаўскіх творах - ад ідэйных падагульненняў да сюжэтна-кампазіцыйных і рытміка-інтанацыйных суадносін. Таксама ўсебакова і шматзначна, як і паняцце стылю, разглядаецца С. Андраюком паняцце рытму. У працах сучасных літаратуразнаўцаў-тэарэтыкаў гэта, дарэчы, адна з самых важнейшых катэгорый, якой вызначаецца спецыфіка мастацкай творчасці.

Характарам рытмічнай арганізацыі тэксту, усіх яго састаўных элементаў, абумоўліваецца, на думку С. Андраюка, мастацкая своеасаблівасць “Палескай хронікі”. “Рытм, інтанацыя, тон адыгрываюць вялікую ролю ў стварэнні пластычнага эмацыянальнага малюнка жыцця, знешняга і ўнутранага, у раскрыцці псіхалогіі. Яны пранізваюць усю моўную тканіну, асабліва выразна, калі аўтар глядзіць на падзеі вачыма таго або іншага героя. Тады рытм - гэта не столькі рытм падзеі, колькі рытм унутранага жыцця герояў”.

Пашыраючы ўплыў рытму і інтанацыі на сферу псіхалогіі, С. Андраюк у яшчэ большай ступені збліжае аб’ектыўнае і суб’ектыўнае, агульнае і індывідуальнае, знешняе і ўнутранае ў творчым працэсе. “Жыццёвы рытм галоўных персанажаў”, рытм “псіхалагічны” прадстае ўвасабленнем самых глыбінных і запаветных памкненняў і адчуванняў чалавека. Разам з тым “рытм вобразаў” нязменна звязаны ў яго з моўнай плынню, са спляценнем і ўзаемапранікненнем “галасоў” персанажаў, спалучэннем аўтарскага бачання з кругаглядам герояў.

Каб паказаць індывідуальную адметнасць “жыццёвага рытму” герояў “Палескай хронікі”, С. Андраюк зноў звяртаецца да аналогіі - параўнання руху характару з плынню ракі (метафара гэта паяўляецца ў даследаванні нездарма, вельмі ж яна дапасоўваецца да мележаўскага творчага метаду). Даследчык супастаўляе аўтарскія характарыстыкі-апісанні - Васіля і Ганны, іх характараў, паводзін і адчуванняў - як выявы дзвюх непадобных адна на адну сваім норавам рачных плыней.

Вось якім паўстае ва ўяўленні даследчыка, выяўляючыся ў руху, характар Васіля: гэта “рух глыбокай багністай ракі, якая ў сваёй бездані нясе многа нечаканага, невядомага нават ёй самой”. Па-іншаму бачыцца плынь жыцця Ганны, рух яе характару - “гэта плынь ракі на больш высокім месцы. Гэта рака бяжыць сярод алешын, робіць шмат паваротаў, дзе шуміць, падмывае карэнне, дзе глыбока, спакойна цячэ па забалочаных мясцінах. Яна больш светлая, больш паэтычная, жывая”.

Гэта сапраўды той рэдкі выпадак, калі С. Андраюк дзеля аналітычнага пранікнення ў сутнасць характараў герояў пісьменніка карыстаецца метафарычнай мовай. І тут, мабыць, па сіле выяўленчасці ён не саступае самому аўтару.

Кранаючыся праблем моўнага афармлення мележаўскага стылю, С. Андраюк, па сутнасці, адным з першых звярнуўся да распрацоўкі нараталагічнага напрамку даследаванняў у беларускім літаратуразнаўстве. Пры характарыстыцы апавядальнай манеры І. Мележа, на думку даследчыка, важна ўлічваць усю шматстайнасць узаемадачыненняў паміж аўтарам і героямі, якія ў моўным увасабленні прымаюць формы “унутранага маналога, няўласна-простай мовы, аўтарскай характарыстыкі”.

С. Андраюк звярнуў увагу на такую асаблівасць моўнай структуры мележаўскай “Палескай хронікі”, як “шматгалоссе” аповяду. Гэта ўласцівасць эпічнай, раманнай паэтыкі перш за ўсё і найбольш выразна выявілася якраз у І. Мележа. Беларускі празаік, як адзначае С. Ан­драюк, працягваў талстоўскую традыцыю шматгалосага апавядання. Услед за вялікім рускім пісьменнікам І. Мележ паказаў выяўленчыя магчымасці глыбокага пранікнення аўтарскага аналітычнага позірку ў свядомасць і падсвядомыя адчуванні героя.

Праз моўнае “двухгалоссе”, якое становіцца аб’ектам уважлівага аналізу даследчыка, перадаецца ў творах І. Мележа складаная гама пачуццяў, выяўляецца ўнутраны свет чалавека ў яго суверэннасці, асабовай пэўнасці. С. Андраюк падрабязна прасочвае, якім чынам адбываецца ўзаемадзеянне “галасоў” у мастацкай структуры рамана, як суадносяцца, накладваючыся часткова адна на адну, моўныя плыні аўтара і героя.

Унутраны маналог героя і няўласна-простая мова, у якой увасабляецца “двухгалосае” адзінства свету аўтара і героя, з’яўляюцца важнейшымі спосабамі мастацкага выражэння ў позняй прозе І. Мележа. Пісьменнік дасягае ў сваіх “палескіх” раманах высокай ступені майстэрства ў выяўленні праўды жыцця, раскрываючы сацыяльную і псіхалагічную прыроду характараў праз моўную адметнасць іх светаўспрымання. “Часта дыстанцыя (у мове) паміж аўтарам і героем знікае, - піша С. Андраюк, - гучыць нібы адзін голас героя: галоўнае - даць непасрэдна голас жыццю”. Голас героя, голас аўтара, голас самога жыцця - усё гэта зліваецца ў “Палескай хроніцы” ў мастацкім сугалоссі.

Робячы ў працах пра І. Мележа і іншых беларускіх празаікаў важкія тэарэтычныя абагульненні, прымяняючы інавацыйныя падыходы ў даследаванні, С. Андраюк разам з тым заўсёды скіраваны і на падрабязны, нават скру­пулёзны, аналіз мастацкай тканіны літаратурнага твора.

Назіранні С. Андраюка над праявамі паэтыкі і стылю пісьменнікаў вызначаюцца трапнасцю, імкненнем звязаць у канцэптуальнае адзінства фармальныя і змястоўныя бакі творчага працэсу.

Так, напрыклад, выдатна падмечана даследчыкам роля эпітэта ў мастацкім свеце мележаўскіх раманаў, якая не зводзіцца толькі да дэкаратыўна-аздабляльнай, а з’яўляецца адным з істотных выяўленняў мастацкага светабачання аўтара. Да ліку важнейшых назіранняў над структурнымі асаблівасцямі раманаў трэба аднесці такую адзначаную С. Андраюком заканамернасць, як паступовае пашырэнне мастацкай прасторы разам з ускладненнем праблематыкі.

Да найбольш грунтоўных прац С. Андраюка як гісторыка літаратуры варта аднесці яго кнігу пра творчасць Івана Пташнікава - “Чалавек на зямлі” (1988). Аўтар манаграфіі імкнецца заглыбіцца ў мастацкі свет гэтага самабытнага празаіка, выявіць яго істотнейшыя рысы, сутнасць яго творчай манеры. І зноў жа на першым плане знаходзіцца тое важнейшае, што ляжыць у аснове рэалістычна арыентаванага тыпу літаратурнай творчасці - сувязь пісьменніка з непасрэднай рэальнасцю, з жыццём.

“Піша ён, - гаворыць аўтар пра І. Пташнікава, - выключна пра тое, што знаходзілася і знаходзіцца ў часавым і прасторавым абсягу яго асабістага вопыту”. Гэту схільнасць перадаваць непасрэдныя адчуванні ад судакранання з рэчаіснасцю С. Андраюк лічыць вызначальнай рысай пісьменніцкага таленту І. Пташнікава. Гэтым перш за ўсё, мабыць, і прыцягвае да сябе даследчыка творчасць аднаго з самых выдатных сучасных празаікаў.

Падрабязна, разгорнута выяўляецца ў манаграфіі мастацкі свет майстра беларускай прозы, паказваюцца этапы стаўлення яго таленту. Не адразу, як заўважае С. Андраюк, пісьменнік знайшоў сваю ўласную манеру аповяду, хоць прыкметы яскравага мастацкага дару былі вызразна адчувальнымі ад самага пачатку. Патрэбен быў даволі кардынальны зрух у вызначэнні аўтарскай пазіцыі ў адносінах да жыцця і мастацтва. Раздзел, у якім разглядаюцца гэтыя вызначальныя змены ў мастацкім светапоглядзе пісьменніка, названы паказальна - “На пераломе”.

С. Андраюк вельмі выразна і дакладна фармулюе сутнасць творчага метаду І. Пташнікава, які на поўную моц выявіўся ў яго творах новага перыяду. “У творах гэтага празаіка, - падкрэслівае С. Андраюк, - нішто не ляжыць на паверхні”. І працягвае далей: “Аўтарава пазіцыя, яго стаўленне да жыцця і чалавека, ідэя твора не дэкларуецца ні самім аўтарам, ні яго героямі...” Але гэта ніякім чынам не сведчыць пра іх адсутнасць наогул, “яны нібы ўвайшлі, растварыўшыся, ва ўсю эмацыянальную атмасферу твораў, іх маральна-этычнае напаўненне, абумовілі манеру апавядання, гучанне, рытм і тон фразы; яны ва ўсім тым, што неад’емна ўваходзіць у тое арганічнае багатае адзінства, назва якому - мастацкі свет пісьменніка”.

З глыбокім пранікненнем у змястоўныя глыбіні мастацкай формы, у асаблівасці паэтыкі І. Пташнікава разглядае аўтар манаграфіі гэты адметны індывідуальны мастацкі свет, у якім, на яго думку, “у самай малой клетачцы... адчуваецца, прысутнічае гістарычны час, ёсць натуральны выхад у вялікае жыццё”.

С. Андраюк ўмее вельмі чуйна ўлоўліваць, фіксаваць у сваіх працах гэту прысутнасць гістарычнага часу, дыханне “вялікага жыцця”. Гэтаму, відаць, садзейнічае тое, што і сам ён заўсёды настроены на ўспрыманне літаратурных з’яў у кантэксце гістарычнага часу, у іх цеснай сувязі з жыццём чалавека і грамадства.

Пільная ўвага да творчасці І. Пташнікава і іншых пісьменнікаў таго ж пакалення, якіх назвалі калісьці “філалагічным пакаленнем”, абумоўлена яшчэ і тым, што і сам Серафім Антонавіч Андраюк належыць да яго. Гэтае пакаленне яшчэ называецца пакаленнем “дзяцей вайны”. Апошнюю акалічнасць С. Андраюк нязменна пакрэслівае, пішучы пра сваіх равеснікаў. У адным з артыкулаў (“Полымя”, 2011, № 6), ствараючы творчы партрэт Б. Сачанкі, ён якраз дае напачатку агульную характарыстыку гэтаму пакаленню, якому столькі прыйшлося спазнаць у жыцці, аднак жа суджана было і ўвасобіць усё перажытае ў высокамастацкіх творах.


***

З 2013 года ў беластоцкім часопісе “Тэрмапілы” пачалі штогод з’яўляцца новыя старонкі ўспамінаў Серафіма Андраюка. Яны так і называюцца аўтарам - “старонкі” (быццам старонка за старонкай перагортваецца няспешна жыццё). Аўтабіяграфічная проза выбітнага літаратуразнаўцы і крытыка адкрывае магчымасці новага погляду на яго як на асобу і творцу. Для С. Андраюка як даследчыка роднай літаратуры на першым месцы заўсёды знаходзіцца чалавек - герой твораў, сам пісьменнік, яго чытач. Чалавек, жыццё - гэтыя асноватворныя паняцці заўсёды ў цэнтры ўвагі ў працах С. Андраюка, аб гэтым сведчаць і назвы яго кніг. Навізна сітуацыі ў выпадку з “тэрмапілаўскімі” аўтабіяграфічнымі публікацыямі заключаецца ў тым, што тут жыццё выяўлена не чыёсьці старонняе, не вымышленага героя, а сваё ўласнае. І чалавек, які выступае на пярэдні план, робіцца ў нейкім сэнсе літаратурным персанажам - гэта ён сам, Серафім Антонавіч Андраюк.

Успаміны напісаны аўтарам грунтоўна, паслядоўна, з жаданнем не абмінуць самага істотнага, сказаць пра ўсё, што запала ў сэрца. Першая частка прысвечана самым раннім гадам жыцця, успамінам дзяцінства, якое прыпала на суровы ваенны час, гадам школьным і студэнцкім.

Часавы абсяг захоплены наогул шырокі. Выкладзена ж гэта ўсё даволі сцісла, на невялікай плошчы. Наступныя часткі прысвечаны адпаведна розным перыядам жыцця і працоўнай дзейнасці - вучобе ў аспірантуры і працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук, затым быў час працы на адказных пасадах галоўнага рэдактара і пазней дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”, і яшчэ заход па другому кругу, вяртанне ў родны Інстытут літаратуры - гэта ўжо пасля завяршэння выдавецкай дзейнасці.

Чытаючы згадкі аўтара пра вайну, што захавала дзіцячая памяць, усведамляеш з усёй пэўнасцю, што С. Андраюк належыць да таго ж пакалення, што і яго равеснікі-пісьменнікі, якія свой горкі дзіцячы вопыт ваеннага і пасляваеннага часу ўвасобілі ў мастацкіх творах. Нездарма крытык з такой увагай і прыхільнасцю заўсёды піша пра прадстаўнікоў свайго пакалення. З некаторымі яго звязвала шматгадовае сяброўства - Б. Сачанка, Я. Сіпакоў, І. Пташнікаў...

Ёсць адна адметнасць у біяграфіі С. Андраюка, якая вылучае яго з шэрагу равеснікаў. Гэта тое, што сям’і яго давялося пераязджаць з роднай вёскі Градалі на Беласточчыне, якая адыйшла пасля вайны да Польскай рэспублікі, на іншае месца жыхарства ў Беларусі. С. Андраюк апісвае падрабязна драматычны пераезд, сумненні род­ных, цяжкасці з выбарам канчатковага прыстанішча. Безумоўна, гэта была нялёгкая справа. Адарвацца ад звыклага асяроддзя, пакінуць назаўжды абжытыя здаўна мясціны. Катэгарычна супраць пераезду, як згадвае аўтар, была маці. Такім чынам, у С. Андраюка апынуліся як бы дзве малыя радзімы. Аднак, магчыма, гэтыя абставіны ў выніку садзейнічалі таму, што ўзраслі якраз любоў і адданасць да вялікай Радзімы, той, у якой спалучаюцца, зліваюцца ўсе вытокі.

Яшчэ пра адну любоў нельга не згадаць, пішучы пра С. Андраюка. Пра любоў да кніг, якая спадарожнічае яму ўсё жыццё. Менавіта гэта любоў і прадвызначыла ў канчатковым выніку прафесійны шлях даследчыка літаратуры, выдаўца. У свой час вырашыўшы даволі радыкальна змяніць свае заняткі, перайшоўшы з акадэмічнага даследчага інстытута ў найбуйнейшае беларускае выдавецтва, якое займаецца выданнем мастацкай літаратуры, Серафім Антонавіч не здрадзіў сваёй любові. Хутчэй, наадварот, яна якраз і прывяла яго на новае месца працы, на новую пасаду. Тут, у выдавецтве, быў наглядна адчувальны працэс стварэння кнігі, яе матэрыялізацыі, набыцця ёю выразных індывідуальных прыкмет.

Азіраючыся на пражытыя гады, С. Андраюк з пэўным шкадаваннем піша пра пакінутую ім у свой час пасаду навукоўца, пра недаведзеную да канца справу з абаронай доктарскай дысертацыі. Мабыць, сапраўды на ніве літаратуразнаўчай навукі, літаратурнай крытыкі таленавітым даследчыкам было б зроблена значна больш, калі б ён застаўся працаваць на ранейшым месцы. Аўтар успамінаў сам адзначае, што новая праца кардынальным чынам адрознівалася ад ранейшай і вымагала вялікіх высілкаў. Аднак, у дадзеным выпадку нам бачыцца выяўленне хутчэй за ўсё аб’ектыўнай заканамернасці. Сам час вымагаў, каб да складанай выдавецкай працы далучыўся такі неабыякавы да кнігі чалавек, як Серафім Антонавіч Андраюк. У тым, што ў 1980-я - 1990-я гады выдавецтва “Мастацкая літаратура” значна актывізавала выданне літаратурнай спадчыны, твораў рэпрэсаваных аўтараў, эмігранцкай літаратуры, несумненная заслуга С. Андраюка.

Зрэшты, С. Андраюк і ў выдавецкі перыяд сваёй дзейнасці, і пазней - да цяперашняга часу ўключна, не пакідаў і не пакідае літаратуразнаўчай і літаратурна-крытычнай працы. Таму што гэта ўсё-такі асноўнае для яго, лёсавызначальнае.

Успаміны С. Андраюка напісаны шчыра, праўдзіва. Аўтар не пазбягае вострых момантаў, не абыходзіць эпізодаў, якія пакінулі ў душы не самыя лепшыя пачуцці. Праўдзівасць, адказнасць, сканцэнтраванасць на сутнасным, галоўным - гэтыя якасці выяўляюцца напоўніцу ў літаратуразнаўчых працах С. Андраюка. Яны ж вызначаюць і характар яго аўтабіяграфічнай прозы.


Яўген Гарадніцкі


І


Надышоў той час, той перыяд у тваім лёсе, калі ты жывеш у асноўным мінулым, а можа ў мінулым. Там ты жывеш сярод людзей, у пастаянным знешнім і ўнутраным кантакце з навакольным светам. Ён, свет той, твой. Бяры яго, шукай у ім сваё, душы патрэбнае. Асабліва ў дзяцінстве, у гады юнацкія. Сучаснасць жа ўжо, па сутнасці, не твая; дзень сённяшні не твой. Ты ім ужо дзесьці мала адпавядаеш. Грамадска-сацыяльныя сувязі, сяброўскія, таварыскія усё слабеюць і слабеюць. Будучыня?.. Не трэба быць наіўным.

А мінулае пастаянна як бы перажываецца нанова і па-новаму. Яно ўжо падаецца праверанае часам, у кантэксце асабістага лёсу, у плыні жыцця народа. Усё другараднае, нязначнае і неістотнае на тваёй жыццёвай дарозе, у тваім лёсе адмятаецца, знікае. Ты яго не помніш, яго не было. Мінулае часам, гадамі праверана і ачышчана. Найперш гэта датычыцца памяці эмацыянальнай, пачуццёвай. Бо гэтая памяць твая, асабістая, першасная. У аснове яе, у самым пачатку эмацыянальнае ўражанне, хваляванне, узрушэнне. Пазней яна можа пашырацца, паглыбляцца за кошт памяці іншых, памяці агульнанароднай, гістарычнай. Але гэта ўжо пазней, потым. А адразу, спачатку - тваё ўласнае, асабістае. Яно найбольш жывое, адчувальнае. Якраз гэтае мінулае найчасцей усплывае ў памяці, хвалюе. Здалёк, вельмі здалёк кліча, гукае.

Ранняе-ранняе дзяцінства. Я ляжу на пасцелі: толькі што прачнуўся. У акно свеціць асабліва яркае сонца. Сонечна. Цёпла, радасна. Як бы плаваеш у гэтай сонечнасці. Уставаць не хочацца. Ды ніхто і не патрабуе.

Яшчэ ўспамін з тых часоў. Вясна. За дарогай, насупраць хаты наш луг. Месцамі яшчэ блішчыць вада. Але паўсюль ужо цвіце лотаць. Шмат сонца. Жоўта-зялёная прыгажосць.

І яшчэ адзін успамін шчымліва ўсплывае ў памяці. Зноў жа ўспамін веснавы. Перад хатай каля хлява на захад - агромністая вярба. Поўна птушак - галкі, шпакі, вераб’і, сарокі, нават совы. Раніцай вярба ўся асветлена сонцам, птушкі пяюць, шчабечуць. Проста як бы боскае дрэва.

Гэта некалькі эмацыянальных яркіх малюнкаў, светлых і шчаслівых, самага ранняга дзяцінства, якія дзесьці вызначылі адносіны да жыцця, яго ўнутранае ўспрыманне.

Жыццё ж рэальнае ў сям’і было, здаецца, не такое ўжо сонечнае, ружовае. Зямлі, разам з пашай, сенажаццю, было не так і мала - дзесьці каля пятнаццаці гектараў. Конь быў, каровы, авечкі, свінні, куры. Нармальная серадняцкая гаспадарка. Зямлю трэба было апрацоўваць, гаспадарку даглядаць. Працаваць даводзілася рана, шмат і ўсім. Сям’я была немалая - пяць сыноў у бацькоў было. Рана навучыліся баранаваць, касіць, жаць, малаціць, каровы і авечкі пасвіць. Што цікава: на рэлігійныя святы і ў нядзелю ніхто ніколі не працаваў, нягледзячы ні на што. У той жа час на полі ніколі нічога не заставалася не ўбранага. Працавалі, што называецца, ад цямна да цямна. Было гэта, скажам шчыра, не надта прыемна. Мала калі хацелася з самой раніцы кароў выганяць: такі салодкі ранішні сон быў. А як спіна балела, калі даводзілася жаць сярпом... І ўсё тое было не якоесьці выключэнне. Так трэба было, так жылі ўсе ў вёсцы.

Бацькі - бацька Антон Мацвеевіч і маці Ганна Фёдараўна (дзявочае прозвішча Кадлубоўская) - у працы пярэдыху не мелі. Асабліва маці: трэба ж было дзяцей дагледзець, управіцца па гаспадарцы, бегчы на поле. Але што істотна: не было якойсьці забітасці, змардаванасці. Бацька амаль кожную нядзелю хадзіў у царкву: ён спяваў у царкоўным хоры. Спяваў добра. Часам браў мяне, і я сядзеў наверсе, там, дзе быў хор, і слухаў, слухаў. І не дакучала мне гэта. Бацька нядрэнна ўмеў чытаць. Зімовымі ці познеасеннімі вечарамі, прыходзілі суседзі, і ён чытаў уголас "Біблію". Слухалі ўважліва, абмяркоўвалі. Сваёй Бібліі не было, на нейкі час яе пазычалі ў таго, хто яе меў. Маці ледзь-ледзь умела чытаць, па складах, як кажуць. Але ў хаце было "Евангелле", і нярэдка яго можна было бачыць у руках маці. Была ўся яна засяроджаная і, штосьці шэпчучы, шавяліла губамі. Я не помню, каб маці хоць калі не рабіла што-небудзь, не завіхалася на двары ці ў хаце. Рэдкія былі гадзіны, калі ў святочны дзень жанчыны збіраліся дзе-небудзь на лавачцы пагаварыць, пасмяяцца. Але было тое. Восенню позняй і зімой жанчыны пралі кудзелю - лён, воўну. Збіраліся яны (дзве-тры) у чыёйсьці хаце і пралі, спявалі, расказвалі якіясьці гісторыі. Нярэдка сядзелі доўга - да гадзін дванаццаці.

З суседзямі жылі мірна, дружна. Суседская бабуля, якую мы называлі Банадычыха, была для нас як родная. Яна гуляла з намі, няньчыла меншых братоў. Часам прыходзіла і наша бабуля, бацькава маці (яна жыла з малодшым сынам у другім канцы вёскі), прыносіла гасцінчыкі. Мы, дзеці, былі шчаслівыя. У маці бацькоў не было ўжо. І яна заўсёды адчувала сябе дзесьці абдзеленай лёсам. Але асабліва сумаваць, журыцца не было калі: клопатаў гаспадарчых звыш меры, калі можна тут гаварыць пра якую меру. Ды і дзеткі-хлапчукі не давалі асабліва, як сёння кажуць, расслабляцца. Было жыццё як жыццё. Якіхсьці цёмных, змрочных мясцін у маёй памяці не пакінула. Былі, зразумела ж, у вялікай сям’і, асабліва сярод дзяцей, нейкія непаразуменні. Мы, хлопчыкі, не раз мелі жаданне і паваяваць адзін з адным. Маці часам не магла саўладаць. Клікала бацьку. Той прыходзіў з вуліцы, ужо трымаючы рамень у руках, лаючыся. Мы, як тыя мышы пад венік, зашываліся ў кут пад ложак.

Успамін пра той час, тыя гады застаўся светлы, добры. То было жыццё ў нейкай асаблівай еднасці з прыродай, з навакольным светам. Усё гэта фарміравала наш пачатковы эмацыянальны ды, напэўна, і духоўны свет.

Асобная старонка ў маім дзяцінстве звязана з вераснем 1939 года. Усё, што рабілася пазней, пакінула ў памяці адбітак нейкай святочнасці і ўзбуджанасці. Спачатку з’явіліся нямецкія войскі. Немцы былі тады нейкія мірныя, нават добрыя: дзяцей частавалі шака- ладкамі, цукеркамі. Якогасьці пераследу, арыштаў не было. Дарослыя расказвалі, што ў адной суседняй вёсцы забілі настаўніка. Потым прыйшлі савецкія войскі.

Ніякіх баёў не было. Мяжа паміж Германіяй і СССР устанавілася па рацэ Буг, за нейкіх сорак кіламетраў на захад ад нашай вёскі. У вёсцы ўвесь час былі вайскоўцы. У нас у хаце таксама жыў афіцэр з жонкай. Першыя дні новай улады запомніліся нейкай агульнай узбуджанасцю, частымі сходамі. Раскулачвання ці нейкага пераследу ў нашай вёсцы не было. Праўда, у суседняй вёсцы, зноў жа расказвалі, раскулачылі аднаго ўладальніка невялікага маёнтка. У гэтыя гады пайшоў я ў школу, у першы клас, хоць было мне толькі шэсць гадоў. Жаданне хадзіць у школу было вялікае. Я проста бег туды. Што характэрна: якраз у тыя гады жыццё народнае, жыццё грамадскае, падзеі агульназначнага зместу хоць у малой ступені закранулі свядомасць, пакінулі нейкі свой эмацыянальны адбітак. Праўда, якісьці ён няпэўны, невыразны, расплывісты. Засталося адчуванне нейкай узрушанасці ранейшага ладу і парадку.

Вайна ўсё перавярнула. Ужо ў першыя дні мы яе адчулі: на захадзе чуліся стрэлы гармат і выбухі снарадаў, над вёскай праляталі нямецкія самалёты. Каля чыгункі скінулі некалькі бомбаў. Запомнілася, ноччу ехалі абозы з людзьмі, крыкі, плакалі дзеці. Адчуванне нечага страшнага, невытлумачальна жахлівага. Ваенных дзеянняў ніякіх не было. На станцыі, яна была зусім недалёка ад вёскі, засталіся два пакінутыя таварныя эшалоны з прадуктамі харчавання, адзеннем. Тыя, хто пакідаў эшалоны, перадалі насельніцтву, жыхарам суседніх вёсак, каб яны разбіралі ўсё, нічога не пакідалі ворагу. Праз якія паўдня вагоны былі ачышчаны.

Праўда, калі прыйшлі немцы, было загадана ўсё вярнуць, здаць новым уладам. Хадзілі па хатах, шукалі, дзе што схавана. У гэты час немцаў, па сутнасці, не бачылі. Ва ўсякім разе я не помню. Пачала ўсталёўвацца новая ўлада. Людзі працавалі на сваёй зямлі. Глядзелі свае гаспадаркі. Плацілі падаткі. Помніцца, яны былі немалыя. Мужчын адразу не чапалі. Пазней, калі ва ўсходніх раёнах з’явіліся партызанскія атрады, пачаліся "чыгуначныя войны", мужчын пачалі па начах пасылаць сцерагчы чыгунку. Ніякіх здарэнняў асаблівых у памяці не захавалася. Праўда, была адна гісторыя ў нашай сям’і. Вяртаецца аднойчы раніцай бацька з таго дзяжурства і не пазнаць яго. Ледзь ідзе, твар увесь у сіняках. Аказваецца, ён заснуў. І якраз натрапілі немцы-абходчыкі. Даўгавата давялося залечваць тыя раны.

Адкрылі школу. Пачалі вучыцца. Запомніўся настаўнік, асабліва яго беларуская мова — выразная, сакавітая. Справа ў тым, што мова, хутчэй гаворка, у нашых мясцінах была своеасаблівая... Да прыкладу: батько, маты, ходыты, робыты, што ты гаворыш? Побач, дэ тыя овэчкі... Так і ва ўсіх суседніх вёсках. Насельніцтва ў асноўным было праваслаўнае. У нашай вёсцы, дзе было не менш сотні хат, быў толькі адзін паляк, каталік.

Але вернемся да школы. Займацца там доўга не прыйшлося. З’явілася кароста. Школу закрылі. Ды так і потым не адкрылі. Зразумела, у сям’і, дома было што рабіць. У вольныя хвіліны, асеннімі ці то зімнімі вечарамі, дзеці пачалі іграць у карты. Гэта было як насланнё нейкае. Сварыліся, часамі і біліся. Са мною ў гэтай сувязі здарылася адна гісторыя, якая добра запомнілася. Неяк у суседзяў я, нікому нічога не кажучы, ціхенька ўзяў калоду картаў, па простаму ўкраў, і прынёс дадому. Відаць, пахваліўся, бо бацька моцна палаяў мяне і загадаў адразу несці назад і аддаць. Зараз не помню, што там і як было далей. Але гэта быў урок, можна сказаць, на ўсё наступнае жыццё.

Была ў гэтыя гады і светлая шчаслівая часіна, якая, не дай Бог, скончылася трагічна. З’явіўся ў нас брацік. Роды адбываліся дома. Прымала іх, здаецца, суседняя бабуля Банадычыха. Мы сядзелі ў суседнім пакоі ціха, у якімсьці баязлівым чаканні. Усё ўяўлялася нейкім таямнічым. Крык дзіцяці абудзіў нас ад здранцвення. У далейшым клопаты вакол дзіцяці неяк адводзілі ад усяго, што рабілася навокал. Я вельмі любіў браціка, увесь час, калі той ужо падрос трохі, няньчыўся з ім. Ён таксама палюбіў мяне, ахвотна са мною гуляў. І як жа гэта было нечакана і балюча, калі Пеця (так звалі браціка) раптам захварэў (запаленне лёгкіх) і праз вельмі хуткі час памёр. Было яму дзесьці два гадочкі. Было вельмі шкада, крыўдна і балюча. Я доўга з маці хадзіў потым на могілкі. Сумаваў, гараваў.

Гэтая сямейная гісторыя, наколькі светлая, настолькі змрочна-трагічная, дзесьці трохі адхіліла нас ад падзей агульных, звязаных з вайною.

Па-сапраўднаму вайна дала сябе адчуць пры адступленні немцаў. Спачатку ўсё было досыць спакойна. Немцы адступалі без усякага супраціўлення. Салдацкая газета пісала, што савецкі салдат дайшоў да Буга (былая мяжа з фашысцкай Германіяй), напіўся вады з яго і сказаў: "Здравствуй, родной Буг". Раптам прарваліся нямецкія танкі, захапілі вёску. Стаялі каля гумнаў, хлявоў. Часта некуды выязджалі. Пачалі лётаць савецкія самалёты, бамбіць, страляць. Мы ўцяклі на станцыю, хаваліся ў мураваным склепе. Там нас было нямала. Потым перабраліся ў акопы да сваякоў маці. Акопы былі спецыяльна выкапаны для сховаў. Больш тыдня захоўвалася такая сітуацыя: гарматныя стрэлы, налёты самалётаў. Асабліва страшныя, жахлівыя былі бамбёжкі. Гук самалёта, які пікіраваў, заганяў проста ў зямлю. Ды чалавек неяк прывык да ўсяго. Мы ўжо пачалі вызначаць па гуку снарада, які ляцеў, дзе ён мог упасці: свішча - паляціць далей, як бы шуршыць - можа разарвацца блізка. Імгненна хаваліся. Зноў жа танкі неяк раптоўна адышлі.

Мы вярнуліся ў вёску, дамоў. Хата, хлеў, гумно ці як мы называлі клуня, засталіся цэлыя. Але ўсюды бачны былі сляды куль, снарадаў. Пад нашай вярбою стаяла разбітая машына, далей - яшчэ адна. То тут, то там валяліся раскіданыя снарады, міны. Пазней не аднаго яны пакінулі калекай. Адчуванне было, што ўсё неяк як бы пасвятлела, стала лягчэй дыхаць. Збожжа пераспела, жыта палегла. Уразіла маё дзіцячае ўяўленне знойдзеная ў жыце адарваная кісць рукі. Доўга гэтае месца хацелася абыходзіць. У нас быў прыгожы малады конь. Яго забралі савецкія салдаты, пакінулі старую нямоглую кабылку. З ёю трэба было ўбіраць збожжа, рабіць усе асеннія работы. Але ўсё гэта ішло як звычайнае, мала заўважалася.

Нешта нязвычнае, новае пачалося позняй восенню ці то ўжо зімою. Прыехала аднойчы начальства, напэўна, з Бельска. Ехалі верхам на конях. Адзін быў невялікі ў скураной тужурцы. Як даведаўся ў тыя ж дні, гэта быў партызанскі камісар Зімянін, пазней вядомы партыйны дзеяч рэспубліканскага і саюзнага маштабу. Сабралі вялікі сход. Зімянін выступіў з палкай прамовай. Сказаў, што гэтыя землі зноў вяртаюцца Польшчы ў адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі. Заклікаў беларусаў ехаць у СССР. Расхваліў, якое там будзе выдатнае жыццё, зямлі хопіць, паноў не будзе. Узбудзіўся народ. Спрэчкі, абмеркаванні, роздумы. Бацька ўзгарэўся ехаць, сыны ўсе таксама, каб ехаць. Новы свет, падарожжа. Маці - супраць: свая хата добрая, гаспадарка людская. Толькі што пахавалі дзіця. Чаго там шукаць. Але бацька быў адданы прыхільнік савецкага ладу жыцця. Як жа не ехаць. Не дапамаглі слёзы маці, яе ўгаворы, просьбы. І зразумела ж, дзеці. Яны ўсе за тое, каб ехаць. Пачалі рыхтавацца. Тым больш, што агітатары не забывалі свае абавязкі. З намі збіраліся ехаць, у адзін і той жа час, пяць ці шэсць сем’яў. Прычым, яны не бедныя. Чаму паехалі? Відаць, у кожнага былі нейкія свае матывы і прычыны.

Вось адзін з недалёкіх суседзяў. Дбайны гаспадар. Меў сваю дагледжаную сажалку, дзе рыба плавала. Усё ў яго было акуратнае, выверанае; панаваў, ну проста ідэальны для нашых мясцін, парадак. У час першай сусветнай вайны ён трапіў у палон і нейкі час прабыў у Нямеччыне. І пры любой нагодзе хваліў нямецкі лад і парадак. "Не тое, што тая кабылка", - гэта ў адрас усходняга суседа. Прыйшлі немцы. За нейкую правіну ён трапіў да іх у рукі, пратрымалі яго некалькі дзён. Пасля гэтага чалавек зусім змяніўся. І як толькі прапанавалі, ужо пасля вайны, ён адным з першых запісаўся ехаць.

Пачалі рыхтавацца. Пачаліся зборы. З сабою можна было браць (і бралі) усё: коней, каровы, авечкі... Адзенне, абутак, сталы, крэслы, шкафчыкі... Па сутнасці, забіралі ўсю сваю гаспадарку - плугі, бароны, вазы, сані, косы, граблі, цапы малаціць, прасніцы.

Помніцца, занялі два вагоны ў таварным цягніку. У адным - жывёла і корм для яе. У другім - сям’я, ежа, адзенне, абутак, усе гаспадарчыя прыналежнасці. У гэтым жа вагоне была печка жалезная: ехалі ранняй вясною, холад яшчэ даваў знаць пра сябе.

Развітанне, ад’езд - нічога з гэтага не помніцца. З дарогі нейкія моманты захаваліся ў памяці. Дарога была далёкая: ехалі ў Сумскую вобласць. Так вырашылі калектыўна: зямля там добрая. Паехалі. Па дарозе ўсюды было спалена, разбурана. Рэдка дзе захаваліся будынкі на станцыях або цэлыя вёскі. Уразіў страшэнна выпадак на станцыі Бярдзічаў. Звычайна стаялі доўга. Дзеці, ды і дарослыя, выбягалі з вагонаў па сваіх патрэбах. Ніякіх туалетаў ці чагосьці падобнага ў вагонах не было. Дык вось выскачыў я з вагона. Бачу побач акопны роў: ніхто іх пакуль не засыпаў. Ускочыў я туды - і жахнуўся. Чалавечы труп - лахманы адзення, косці рук і ног, чэрап. Выскачыў я адтуль як ашпараны. Забыўся нават, чаго заскочыў у той акоп. Прайшло ўжо амаль семдзясят гадоў, а ўсё гэта бачыцца выразна і страшна.

Як гэта ні дзіўна, але помніцца яшчэ адзін момант з той доўгай і доўгай дарогі. Звычайна бацька ехаў у тым вагоне, дзе была жывёла. Аднойчы я туды напрасіўся. Прыйшоў нехта з суседняга вагона. Дарога доўгая, ехаць сумна. І вось на адной станцыі яны вымянялі на нешта бутэльку самагонкі з буракоў. Напэўна, і я папрасіў паспытаць. Налілі крыху. Я глытнуў і мяне тут жа ледзь не званітавала. Такой гадасці ва ўсе наступныя гады я не глытнуў ні разу. Хаця, шчыра скажу, гэта ад чаркі не адвадзіла. Доўгія гады даводзілася час ад часу браць яе. Часам і лішнюю, значна больш. І сёння, калі нешта з таго ўспомніш, бывае вельмі сорамна. Але што зробіш: былое не вернеш.

Вернемся да нашага, так бы мовіць, падарожжа. Прыехалі ў Сумскую вобласць. Не помню, у сам горад Сумы ці то ў раён які. Голае поле, нідзе ні дрэўца. Як усхадзіліся жанчыны, за імі - мужчыны. Тут не застанемся. Некалькі дзён мітынгавалі. Упаўнаважаны, які суправаджаў цягнік, угаворваў, пагражаў. Нічога не дзейнічала. Тут не будзем заставацца. Вязіце нас у Беларусь. Нехта ўзгадаў, што ў свой час ён быў у мястэчку Шацілкі (сённяшні Светлагорск) Магілёўскай вобласці, і там добрыя мясціны. Павезлі нас туды. Праўда, адна ці дзве сям’і засталіся ў Сумскай вобласці. Прыехалі ў Шацілкі: жах. Усё разбурана. Ніводнага цэлага будынка не было. Недалёка падбіты самалёт ляжаў. Надвор’е даждлівае. Змрочна. Мясцовых людзей і відаць не было. І зноў жанчыны залямантавалі, за- плакалі. Мужчыны таксама заўпарціліся. Упаўнаважаны пачаў пагражаць. Не помню ўжо, колькі часу цягнуліся гэтыя спрэчкі. Урэшце вырашылі ехаць у Баранавіцкую вобласць. Маўляў, там, калі што, дык і пешшу можна будзе пайсці дадому.

Прыехалі на станцыю Гарадзея. Тут паведамілі, што ўсіх расселяць у Мірскім раёне. Так амаль усіх і рассялілі па розных вёсках. Нашу сям’ю прывезлі ў невяліую вёсачку, былы шляхецкі засценак, Бербашы. Асобнай хаты свабоднай не было. Яны былі ўсе заняты пагарэльцамі з вёсак суседніх, партызанскіх. Трэба сказаць, што засценак быў раней увесь польска-каталіцкі. Многія да таго часу выехалі ў Польшчу, некаторыя пазней. Засталося дзве ці тры сям’і. Пасялілі нас у старой, крытай саломаю хаце. Хата была на два канцы. У адным жылі двое ўжо старых Бербашаў, гаспадароў, у другім пасяліліся мы. Можна ўявіць, як гэта было, пакінуўшы новую хату ў некалькі пакояў. Абяцалі, калі хто выедзе, даць другую хату. Але абяцанка - цацанка. Так у гэтай хаце мы і жылі ўвесь час. Праўда, праз некалькі гадоў гаспадары выехалі ў Польшчу. Нам дастаўся і другі канец хаты.

Пачалося, па сутнасці, новае жыццё на новым месцы. У параўнанні з тым, як мы жылі ў Польшчы, гэта было вельмі і вельмі дрэнна. Уявіце сабе: шэсць чалавек у адным пакоі. На сядзібе ўсё чужое. Хлеў і гумно ў суседняй гаспадарцы. Страшна падумаць, як было нам, асабліва бацькам, а найперш ціхай нешматслоўнай маці, ва ўсё гэта ўжывацца. Але той шлях, які мы праехалі, пакуль прыехалі ў гэтыя Бербашы, паказаў нам, нашым бацькам, такое, што страшней, здаецца, і прыдумаць нельга. Разбураныя, спаленыя вёскі, ніводнай цэлай станцыі, падбітыя танкі, машыны, пустыя палі. Вакол толькі нямоглыя старыя, жанчыны, дзеці. Але нікуды не дзенешся.

У суседняй вёсцы Прылукі (там быў сельскі савет) таксама пасялілася дзве сям’і. Спачатку кожныя святы сустракаліся - то яны да нас у госці прыходзілі, то мы да іх. Гэта давала нейкае адчуванне нармальнага жыцця, душэўнага супакаення. Гэтак пакуль ужываліся ў новыя абставіны, прывыкалі да новых умоў. Але ў хуткім часе адна сям’я нашых землякоў з суседніх Прылукаў выехала дзесьці ў Рыгу, другая, таксама, як і мы, Андраюкі, выехала ў Альберцін (каля Слоніма). Засталіся мы адны. Але за гэты час мы ўжо неяк прызвычаіліся да новага жыцця. Пазней крыху прыехала яшчэ дзве сям’і з Польшчы ў нашы (ужо нашы) Бербашы. Пачалося звычайнае вясковае жыццё. Але яно заўсёды так бывае: не знаеш, адкуль чакаць бяды і калі яна прыходзіць.

Тады, у пасляваенныя гады, помніцца, летам былі частыя і страшныя навальніцы, з моцнымі грымотамі, маланкамі, ліўнямі. Аднойчы дзесьці ў абед усчалася такая навальніца. Праўда, былі мы ўсе ў хаце. Не было толькі самага меншага брата Колі, ён пасвіў каровы. Маці была ў страшнай трывозе, месца сабе не знаходзіла ў хаце. Бацька стараўся супакоіць. Дарэмна. Яшчэ не сціх дождж, як у двор зайшлі каровы. Але пастушка не было. Маці, не дачакаўшыся, пакуль канчаткова сціхне дождж, выскачыла з хаты і пабегла за вёску. Мы таксама выскачылі на вуліцу. Зусім скора пачуўся страшэнны плач, маленне. Мы ўсе кінуліся туды. Убачылі - на дарозе ляжаў наш хлопчык, нерухомы. Забіты маланкай. Чаму? Ад чаго? Для ўсіх нас было вялікае гора, асабліва для маці. Яно яе страшна падкасіла. Жыццё на доўгі час страціла для яе свой сэнс і хоць якую радасць.

Выбіты быў з каляіны і я. У гэты час ужо вучыўся ў школе ў Міры. Да гэтага ж адзін год вучыўся ў пачатковай школе ў нашай вёсцы. Вучняў было мала. Вучыліся па два класы: 1 і 3, 2 і 4. Было два настаўнікі. У тыя галодныя, цяжкія гады пытанне ўкамплектаванасці класаў і школ не ўзнікала. Трэба было вучыць. У 3 класе, у які я прыйшоў, нас было тры вучні. Прайшло паўгода: дваіх перавялі ў 2 клас, мяне - у 4. Пасля заканчэння здаў экзамен і ў пяты клас пайшоў у Мірскую сярэднюю школу. Школа была драўляная, размяшчалася на ўсход ад замкавых валоў. Вучыліся ў дзве змены. У школу хадзілі пешшу - кіламетраў было з сем. Хадзілі ў любое надвор’е. Зімой выходзілі яшчэ цёмначы. Часта даводзілася ісці аднаму. Па дарозе былі відаць збоку толькі дзве хутарскія сядзібы. Аднаму было страшна. Але што зробіш: трэба было вучыцца. Па лясах яшчэ бадзяліся бандыты, было шмат ваўкоў. Ды, дзякуй Богу, нічога гэтага мне не давялося спаткаць. Вучыўся ахвотна. Асабліва падабалася руская літаратура. Настаўніца была ў нас выдатная (яна ж і дырэктар школы) - Марыя Паўлаўна Багамазава. Пазней ёй было нададзена ганаровае званне Заслужаная настаўніца БССР, узнагароджана ордэнам Леніна.. Яна была спакойная, вытрыманая, голасу не павышала. Расказвала цікава, даходліва, з унутраным хваляваннем. Слухалі яе ўважліва, стараліся добра рыхтаваць урокі. Заахвочвала да чытання. Помню, з якім хваляваннем чытаў я том са Збору твораў А. С. Пушкіна (яго паэмы), які настаўніца дала мне. Чытанне гэтай кнігі было сапраўдным святам. Яна яшчэ больш заахвоціла маё імкненне да чытання. Якраз у гэтыя гады з’явілася ў мяне нейкая сапраўдная прага да чытання. Кніг было мала і ў школьнай, і ў раённай бібліятэцы. Перачытаў я іх шмат. Вучоба з цягам часу стала справай звычайнай, штодзённай. Поспехі былі нядрэнныя - адзнакі ў асноўным 4 і 5. Усё больш пачынаў як бы прывыкаць да навакольнага свету, уваходзіць у гэты свет, пазнаваць яго. Часта перабіраліся праз вал, заходзілі ў замак. Ён быў увесь разбураны. Даху на вежах не было, вакон таксама. Знайшлі там прыстанішча 2 ці 3 сям’і, у каго згарэлі хаты. Лесвіц не было: высока падняцца нельга было. Расказвалі, што ў вайну ў замку немцы трымалі яўрэяў - было гета. Недалёка ад школы на ўсход, ля самай дарогі (гасцінца) на Стоўбцы знаходзілася вялікая яма, дзе былі пахаваны расстраляныя фашыстамі яўрэі. З даўніх часоў Мір быў вядомы як адзін з культурных і рэлігійных цэнтраў яўрэяў у гэтым рэгіёне. У гістарычных даведніках паведамляецца, што, напрыклад, у 1886 гозе тут было 7 сінагог. Зноў жа гістарычныя даведнікі сведчаць, што пад канец XVIII - пачатак ХІХ стагоддзя ў Міры было 76 крамаў. А крамы былі ў асноўным у руках яўрэяў. Была свая школа. Былі ў горадзе могілкі праваслаўныя, каталіцкія, яўрэйскія і татарскія. У тыя гады па плошчы, здавалася, яны былі дзесьці аднолькавых памераў. Этнічна, рэлігійна, напэўна, шмат у чым і побытава жылі вернікі па-рознаму, захоўваючы свае традыцыі і законы. Найбольш адносілася гэта да яўрэяў і татараў. Зноў жа, у ранейшыя гады была тут і мячэць. У той час, калі я вучыўся ў Міры, а гэта былі 1946-1952 гады, працавала Троіцкая царква, якая была заснавана яшчэ ў XVI стагоддзі. Мікалаеўскі касцёл, пабудаваны таксама ў XVI стагоддзі, быў напаўразбураны і прыстасаваны да нейкіх гаспадарчых патрэб. Недалёка ад замку ў парку знаходзілася высокая капліца - пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, пабудаваная недзе ў 1911 годзе. Яна ўражвала выдатным, вялікім вобразам Ісуса Хрыста. Здзіўляў парк. Здаецца, жылі мы ў лесе, розныя дрэвы бачылі. Але тут сустракаліся зусім нам не вядомыя. Усё гэта - і замак, і царква, і касцёл, і капліца, і пейзажны парк - узбуджала наша ўяўленне, абуджала фантазію, выклікала якуюсьці ўнутранную трывогу. Штурхала да роздуму, не пакідала месца для абыякавасці.

Як ужо зазначалася, калі згадваліся клады, Мір быў населены людзьмі рознай этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. Акрамя беларусаў было шмат яўрэяў, палякаў, татар, рускіх. Але, што характэрна: нацыянальныя ці то рэлігійныя адметнасці ў школе зусім не адчуваліся. Ды ў той час пра якіясьці рэлігійныя прыхільнасці асабліва ніхто не выказваўся. Мы, як прыехалі ў Бербашы, нейкі час хадзілі ў царкву ў Мір - бацька зноў спяваў у царкоўным хоры, маці ў святочныя дні абавязкова наведвала царкоўную службу. Мы, дзеці, хадзілі на ўсяночную. Аднойчы на Вялікдзень у царкве людзей было шмат, мяне так заціснулі, што я аж заплакаў. Дзесьці пасля гэтага больш і не стаў хадзіць. Тым больш, што пачаліся піянеры, камсамол. Усе сталі атэістамі...

У вёсцы ішло сваё жыццё. І, відаць, больш, чым дзе, адчувалася грубая, бесцырымонная атэізацыя. Асабліва духоўнага, маральнага ўзроўню. Атмасфера ў грамадстве стала як бы разрэджанай, з нейкімі праваламі. У чалавека парушылася ў значнай ступені ва ўзаемаадносінах з іншымі "тармазная сістэма". "Барані Бог!", "Памілуй, Божа!", "Не баішся ты Бога", "Не гняві Бога", "З Богам", "Не грашы", "Бог усё бачыць" - у жыцці чалавека, у сям’і, у грамадстве то былі моцныя абярэгі. Яны стрымлівалі ад маральнага падзення, ад уседазволенасці, дапамагалі годна трымацца ў свеце. Здарылася, што чалавеку як бы перасталі напамінаць, як яму паводзіць сябе ў свеце, у грамадзе, з іншымі людзьмі. Такія з’явы, як зладзейства, хамства, распуста, непавага да старэйшых, хлусня, грубасць, не сустракалі асаблівых перашкод, адчувалі пэўную вольніцу.

Вёска, у якой мы пасяліліся, была неаднародная. Карэнных жыхароў у канцы 40-х, было ўсяго мо дзесяць сем’яў. І тыя ў большасці жылі на хутарах.

Асноўныя насельнікі былі партызанскія сем’і, чые сядзібы былі спалены ў час нямецкай акупацыі. Жылі ў пустых хатах жанчыны з Расіі: яны прыехалі на заробкі. Працавалі і ў Бербашах, і ў суседніх вёсках. У нашай сям’і было зямлі, відаць, не менш, чым у Польшчы, дзесьці таксама каля 15 гектараў. Але зямля была горшая, менш урадлівая, параскіданая па розных месцах. Працаваць даводзілася шмат і ўсім. Засталося адчуванне, што працавалася неяк нудна. Не было таго ўнутранага задавальнення, той радасці, што раней. Жылося напачатку ў плане матэрыяльным быццам і нядрэнна: на два гады нас вызвалілі ад усялякіх падаткаў. Як ужо адзначалася, бацька быў трохі пісьменны. Нейкі час быў як бы старастам у вёсцы. З раёна нярэдка прыязджала начальства. Запомніліся падпіскі на пазыку дзяржаве. Дзяржава ўзамен давала аблігацыі. Лічылася, што ўсё гэта робіцца добраахвотна. На самай справе зараней вызначалі, каму колькі трэба аддаць, прапаноўвалі і патрабавалі. Спачатку мясцовае насельніцтва, потым раённае: пакуль чалавек не аддасць належную суму грошай.

Запомніўся выпадак. Адзін карэнны жыхар вёскі, хутаранец, ніяк не хацеў плаціць выдзеленую яму суму, падпісацца на яе. І вось аднойчы прыязджае з раёна начальнік КДБ. Запрашаюць хутаранца. Усё гэта адбывалася ў нашай хаце. Угаворвалі яго, пагражалі, трымалі дзесьці да гадзін дзвюх ночы. Мне, малому, шкада было глядзець на ўсё гэта, слухаць. І не адпусцілі, пакуль чалавек не падпісаўся. То была добраахвотная падпіска на пазыку.

Не прайшло пасля вайны некалькі гадоў, як паўсюль пачалася арганізацыя калгасаў. У нашай вёсцы ў 1948 годзе, дзесьці пад восень, быў створаны першы ў наваколлі калгас імя Ракасоўскага. Працавалі ўсёй сям’ёй, працавалі дружна, зладжана. Я ўжо хадзіў касіць, жаць, грэбці сена, у копы складаць. Паступова калгасы пачалі ўсё больш аб’ядноўвацца. Парушылася зладжанасць у працы, у жыцці наогул. Усё больш пагаршаліся адносіны да зямлі, да вынікаў працы; ат, гэта не маё - калгаснае. Працаваць пачалі ўсё горш. Касіць ездзілі за Нёман: там былі галоўныя калгасныя сенажаці. Дык вось, раней туды ездзілі з начлегам. Касіць пачыналі з усходам сонца - з расою. Днём адпачывалі. Сонца схілялася на захад - зноў касіць. Было ў такой працы нейкае ўнутранае задавальненне. Хаця стамляліся добра-такі. Ды побач быў Нёман: акунешся колькі разоў - і стома знялася. Усё гэта было ў вольны час ад школы - пераважна на летніх канікулах.

Галоўнае ж было - вучоба. Вучыўся я нядрэнна, і бацькі асабліва не прымушалі працаваць: вучыся, сынок. Спачатку вучыўся ў драўлянай школе каля замка. Гэта была беларуская школа. Суседства замка, капліцы, парка, возера падсвядома неяк стваралі адчуванне невядомай даўніны, таямнічасці.

Праз некалькі гадоў, як я пачаў вучыцца ў Міры, там была пабудавана яшчэ адна сярэдняя школа. Ужо руская, цагляная, у цэнтры горада. Мяне чамусьці перавялі ў тую школу, не пытаючыся згоды. Клас (вучні) быў новы, настаўнікі таксама. Як помніцца, вучыцца ў асноўным давялося на другую змену. Дарога ў школу і са школы была іншая, больш людная. Дзесьці пасярэдзіне шляху збоку была вёска, на рацэ Міранцы знаходзіўся вадзяны млын, які, бывала, і працаваў тады-сяды. Праўда, лесу тут было больш. І лес быў большы, гусцейшы. У асеннія даждлівыя вечары па лясной дарожцы ледзь прабіраўся: цемра страшэнная. Ні над галавою, ні наперадзе ніякага прасвету. Нагамі адчуваеш сцежку, выцягнутай правай рукою засцерагаешся ад галін. Унутраная напружанасць, здаецца, дасягае вышэйшай ступені. Цемра нібы ўваходзіць у цябе.

І вось пазней, праз гады, дзесяцігоддзі, чытаючы і перачытваючы творы пісьменнікаў свайго пакалення, а таксама іх папярэднікаў, асабліва творы празаічныя, бачыш, яшчэ раз упэўніваешся, што не маглі яны не ствараць такіх яркіх, такіх выразных карцін прыроды. Прырода з дзяцінства ўвайшла ў іх, стала іх сутнасцю - псіхічнай, духоўнай. Іх жыццё, іх паводзіны, учынкі шмат у чым прадыктаваны былі навакольным светам прыроды. Іх характары, іх светапогляд народжаны былі прыродай родных з дзяцінства мясцін. Яны частка гэтай прыроды, арганічная частка.

У гэтым сэнсе мне ўяўляецца, што беларуская мова ў сваім гучанні, у сваёй танальнасці, мелодыцы магла быць народжана беларускай зямлёй, беларускай пры- родай - азёрна-лясной, балотнай, поўнай вільгаці, сакавітасці. Таму я на ўсе сто працэнтаў упэўнены, што літаратура любога народа, яе сутнасць, яе мастацкае аблічча найперш, галоўным чынам вызначаюцца мовай. Беларуская літаратура - беларускай мовай. Гэта - пры натуральным, арганічным яе нараджэнні і развіцці.

Вернемся ў школу. Пераход у яе ні на чым не адбіўся. Не было ніякіх асаблівых цяжкасцей і скла- данасцей. Пачалася звычайная вучоба. Быў я ў ліку добрых вучняў - па паспяховасці, ды і па паводзінах. Запомнілася дзесьці толькі адно парушэнне дысцыпліны. На перапынку курылі на вуліцы ў туалеце. Раптам з’явіўся класны кіраўнік нашага класа. Я не паспеў кінуць папіросу. І ён павёў мяне ў настаўніцкую. Але нічога - паўшчувалі, пасаромелі. Абышлося.

У гэтай школе, як і ў ранейшай беларускай, любімым прадметам у мяне зноў жа была руская літаратура. І тут выдатная была настаўніца - Антаніна Васільеўна Лапіцкая. Невысокага росту. Акуратная, сабраная. Здаецца, яна ніколі не павышала голасу, але дысцыпліна была выдатная. Яе слухалі. Яна расказвала стрымана, але пранікнёна, нешматслоўна, але прыгожа і па сутнасці. Мне падабалася настаўніца і яе ўрокі. Стараўся вучыцца добра. Тут я захапіўся кнігай яшчэ больш, чым раней. Чытаў шмат. Свет кнігі для мяне быў галоўны, самы важны. Асабліва кнігі пры- годніцкай, фантастычнай. Увесь быў паглынуты кнігай. Узрост быў не такі ўжо і дзіцячы. А дзіцячая кніга "праглыналася" з нейкай асаблівай цікавасцю. Помняцца і сёння "Рыжык" А. Свірскага, "Палескія ра- бінзоны", "Амок" Янкі Маўра, "Цімур і яго каманда", "Лёс барабаншчыка" А. Гайдара, "Прыгоды Тома Сойера" і "Прыгоды Гелькберы Фіна" Марка Твэна, "Коннік без галавы" Майн Рыда, "Шпіён" Ф. Купера, "Таямнічы востраў", "Дзеці капітана Гранта", "Пятнаццацігадовы капітан" Жуля Верна, "Рабінзон Круза" Д. Дэфо, "Падарожжа Гулівера" Д. Свіфта, "Чалавек-амфібія" А. Бяляева... Якраз гэтыя кнігі абуджалі фантазію, клікалі ў далёкія моры-акіяны. Доўгія гады жыла ўва мне мара (вядома ж, нікому не вядомая) стаць мараком. І якое ж было расчараванне, калі пры медыцынскім аглядзе ў ваенкамаце выявілі нейкія непарадкі ў сэрцы. Супакойвалі кнігі, вучоба, праца.

Праграмная літаратура і руская, і беларуская таксама чыталася. З сур’ёзнай - не дэтэктываў і не фантастыкі - літаратуры ўзрушылі тады, пакінулі след у сэрцы і ў памяці паэмы і аповесць "Капітанская дачка" А. С. Пушкіна, паэмы і раман "Герой нашага часу" М. Ю. Лермантава, рамантычныя аповесці М. В. Гогаля, "Анна Карэніна" і "Хаджы Мурат" Л. М. Талстога, "Абрыў" І. А. Ганчарова, з савецкай - аповесці "Дзяцінства", "У людзях", "Мае ўніверсітэты" і апавяданні М. Горкага, раманы "Маладая гвардыя" А. Фадзеева і "Як гартавалася сталь" М. Астроўскага. У іх была страсць, прага жыцця, напорыстасць. Пашчасціла, ужо не помню, як гэта здарылася, у 9-м класе прачытаць "Ціхі Дон" М. Шолахава. Агромністы аднатомнік. Чытаў, што называецца, не адрываючыся. Доўгі час знаходзіўся пад уражаннем ад прачытанага. Адчуваўся незвычайны агромністы свет, выключна жывы, прыгожы і трагічны. Магу шчыра сказаць, што для мяне і сёння гэта адзін з самых лепшых твораў сусветнай літаратуры. У ім шмат сонечнасці, адчуванне бясконцасці жыцця. Ва ўсе пазнейшыя гады я баяўся чытаць яшчэ раз гэты раман. Баяўся згубіць для сябе, можа, самы дарагі літаратурны ўспамін, расчаравацца ў магутнасці мастацкага слова.

Мяне здзіўляюць спробы некаторых "знаўцаў" савецкай літаратуры, якія зноў і зноў спрабуюць даказаць, што раман гэты не Шолахаў напісаў. Дзіўна, што ў якасці аргументаў вылучаюцца пэўныя моманты, звязаныя са зместам, жыццёвым матэрыялам. А зусім нічога не гаворыцца пра арганічнасць, натуральнасць, цэласнасць раманнага свету, пра яго духоўную, эмацыянальную напоўненасць, пра само слова, яго гучанне, мелодыку. Урэшце нічога не гаворыцца, як гэты твор суадносіцца з усёй творчасцю пісьменніка ў плане арганічнасці, падобнасці, можа, дзесьці і адзінства мастацкага свету, адзінства стылю. Адказ больш, чым відавочны. Твор напісаны адным чалавекам, адной рукой.

Кнігі, творы беларускіх пісьменнікаў у тыя гады у маім пазашкольным і школьным чытанні ў параўнанні з кнігамі, творамі рускай ці то замежнай літаратуры займалі меншае месца. Ды іх і ў бібліятэках было няшмат. І ўсё ж "Курган", "Бандароўна", "Паўлінка" Янкі Купалы, "Новая зямля", "Сымон-музыка", "У палескай глушы", "У глыбі Палесся" Якуба Коласа, "Трэцяе пакаленне" Кузьмы Чорнага, "Салавей" Змітрака Бядулі, "Міколка-паравоз", апавяданні Міхася Лынькова дзесьці аказаліся больш блізкія розуму і сэрцу. Яны як бы вярталі ў таямнічае, невядомае мінулае, адкрывалі прыгажосць роднага краю і нашай прыроды, паказвалі праўдзіва і паэтычна жыццё, якім ты сам жыў, жылі вакол цябе людзі. Яны хвалявалі душу. Узбагачалі цябе, прымушалі быць дабрэйшым і больш уважлівым да ўсяго свайго.

Дзесьці ў старэйшых класах пачаў купляць кнігі. Кнігарні тады ў Міры не было. Што-нішто часам з’яўлялася ў газетным кіёску. Помніцца, што адной з першых кніг, набытых асабіста, былі "Апавяданні паляўнічага" І. С. Тургенева. Зрабіла нейкае светлае ўражанне. У кнізе моцна адчувалася прыгажосць - жыцця, людзей, прыроды, мовы. Дзесьці тады набыў "Нёманскія казакі" Янкі Брыля. У нарысах і апавяданнях расказвалася пра тое, што адбывалася ў гэтых мясцінах. Мясціны, па сутнасці, усе былі на слыху.

Прываблівалі аўтарава шчырасць, сардэчнасць, душэўнасць інтанацыі. Напэўна, з тых канца 40 - пачатку 50-х гадоў Янка Брыль стаў для мяне і як для чытача, і як літаратуразнаўцы любімым пісьменнікам.

Са школьнага жыцця добра запомніліся яшчэ вось якія падзеі. У старшых класах настаўнікам па біялогіі быў нехта Якаў Ізральевіч. Тыповы яўрэй — шчыры, даверлівы, дружны з вучнямі. Дык вось ён арганізаваў у школе драматычны гурток. Я ў ім прымаў самы актыўны ўдзел. Выступалі не толькі ў школе, але і ў раённым Доме культуры. Пастаноўкі былі рознага зместу - ваенныя, з калгаснага жыцця, камічныя. Давялося мне выконваць ролю Івана Нікіфаравіча ў спектаклі, калі можна так лічыць, па аповесці М. В. Гогаля “Аповесць пра тое, як пасварыліся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам". Усплывае ў памяці, што адчуваў сябе я ў гэтай ролі даволі ўнутрана свабодна. Дзеці потым на вуліцы клікалі: "Іван Нікіфаравіч". Ад усяго гэтага застаўся прыемны для душы ўспамін.

Гэта быў нейкі адпачынак ад вучобы. А ўвогуле да вучобы мы адносіліся сур’ёзна. Помню, вельмі многія тады марылі вырвацца з калгаса. І гэта было мэтай вучобы. Пра сябе я такога не магу сказаць. Ды і ў сям’і не было такой мэты ў сувязі з маёй вучобай. Трэба было вучыцца - і вучыўся. Не будзем забываць на тое, што ў школе дзеці вайны былі, па сутнасці, пераросткі. Я, напрыклад, закончыў сярэднюю школу ў дзевятнаццаць гадоў. Гэтае пакаленне добра ведала рэальнае жыццё, ведала, што такое гора, бяда. Не баялася асаблівых цяжкасцей, ведала, як іх пераадольваць. І рабіла гэта, умела працаваць. Яно пазбягала сварак і боек, хаця ўмела браць чарку і брала. Разам з тым была ў ім нейкая нясмеласць, унутраная нейкая скаванасць, нерашучасць. Усё гэта, асабліва моманты апошнія, я адчуваў у сябе. Адчуваў, ды і сёння, напэўна, адчуваю.

Вучыўся нядрэнна: і па, так бы мовіць, навуках гуманітарных, і па дакладных. Да душы найбліжэй была літаратура. Але чамусьці лічылася, што гэта навука не мужчынская. Запомнілася, што на выпускным вечары выкладчыца рускай мовы і літаратуры, у якой я быў адным з лепшых вучняў, і тая раіла паступаць ці то ў політэхнічны інстытут, ці то на фізіка-матэматычны факультэт універсітэта. Бацькі тут мала што маглі парадзіць. Былі яны далёкія ад гэтага. Праўда, маці не раз гаварыла: вучыся за доктара. Але гэта было не маё.

Здаў выпускныя экзамены. Здаў нядрэнна. У атэстаце толькі дзве 4 - па беларускай мове і геаметрыі. Уручылі дыпломы - і авалодала нейкае дзіўнае адчуванне. Нібы апынуўся ў нейкай пустаце - не трэба нікуды рухацца. Ды і не ведаеш куды.

Але доўга не чакалі. Сабралася нас чалавека 4 і паехалі ў Мінск. Усе мы разышліся ў розных напрамках - у розныя ВНУ. Я пайшоў здаваць дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (тады) імя У. І. Леніна на філалагічны факультэт, аддзяленне рускай мовы і літаратуры. Так у заяве напісаў. Але сакратар прыёмнай камісіі пачаў угаворваць мяне, каб паступаў я на беларускае аддзяленне: маўляў, гэта вам бліжэй, конкурс меншы... І я заяву перапісаў. Набор на беларускае аддзяленне ў той год быў самы малы - 25 чалавек. Да гэтага года, а быў гэта 1952 год, і пасля набіралі 50 чалавек і больш. Пачалася падрыхтоўка - настойлівая, упартая.

Прыехалі здаваць экзамены. Пасялілі мяне ў спартыўнай зале ў будынку хімкорпуса. Было там нас не менш 20 чалавек. Спалі на падлозе. Матрацы нейкія былі. Усе былі паглынуты экзаменамі. Здаваў нармальна, толькі па гісторыі трохі "паплаваў". Прымаў Абэцэдарскі Л. С., выкладчык строгі аж занадта. Паставіў 4. Астатнія былі пяцёркі. Паступіў. Праўда, радаснага нейкага ўздыму не адчуваў. Была трывога, было чаканне: а як там пойдзе? Што чакае?

У такім чаканні прайшлі дні да першага верасня. Справы хатнія адышлі неяк на другі план. Бацькі хадзілі на працу, зараблялі працадні. Адчуванне было, што той хоць які энтузіязм у рабоце, які адчуваўся напачатку, знік. Паныласць нейкая як бы ахапіла ўсіх. Рабілі - інакш нельга. Былі і выдатныя працаўнікі. Але.

Хадзіў і я ў калгас на працу і ў часы школьных, і ў часы студэнцкіх канікул. Касіў, зграбаў сена, памагаў вазіць, тое ж і са збожжам. У пазнейшыя гады быў пастаянным грузчыкам зерня, якое здавалі дзяржаве. Ой, якая была гэта нялёгкая работа: мяшкі былі вялікія - пад 100 і больш кілаграмаў, ніякай механізацыі на складах не мелася. Мяшкі гэтыя трэба было цягаць на горы зерня па збітых з дошак лесвіцах. Рукі адвальваліся, ногі дрыжэлі і падгіналіся. Але што зробіш? Трэба. Гэтае разуменне-адчуванне ўвайшло, здаецца, не толькі ў галаву, а ва ўвесь арганізм, у кроў. І вось, калі згадваеш калгаснае жыццё, то што найперш бачыцца? Сенакос калгасны, які быў, як зазначалася, за Нёманам. Раней у час касавіцы там будавалі шалашы, начавалі на месцы працы. Яшчэ сонца не ўзыходзіла, пачыналі касіць. Касілі ў нейкім бадзёрым, жывым настроі. Прайшлі гады. Касцоў ужо на машыне возяць. Ніхто не начуе, ніхто не косіць з расою. Выязджаюць позна, па дарозе спыняюцца каля сельскай лаўкі. Купляюць, што выпіць. Пачынаюць касіць дзесьці каля адзінаццатай гадзіны. Самая гарачыня. Ніякага імпэту. Абы хоць як зрабіць. А можа, я тады ўжо далёка адышоў ад калгаснага жыцця, і ўсё гэта так успрымалася і так помніцца...

Прыйшоў верасень - і я ўжо ў Мінску. Далі месца ў інтэрнаце, на Нямізе. У пакойчыку было нас пяць ці шэсць чалавек. Хлопцы ўсе свае - з нашага беларускага аддзялення. Пазней былі іншыя інтэрнаты - па вуліцы Свярдлова, на Бабруйскай. Усюды ў пакоі было чалавек 4-5. Асноўная наша група не мянялася з першага да пятага курса. Ніякіх канфліктных сітуацый не было. Усе хлопцы вясковыя, сціплыя, дзесьці закамплексаваныя. Без ніякіх там прэтэнзій. Жылі ўсе, па сутнасці, на стыпендыю. Трохі што прывозілі з дому. Нейкую капейчыну часам давалі бацькі: працавалі ж яны на працадні, а не на рублі. Снеданне - чай з батонам. Абед - студэнцкая сталоўка. Калі жылі на Нямізе, то бегалі ў сталоўку, якая знаходзілася насупраць нашага інтэрната праз вуліцу. Набылі невялікія каструлькі і ў абед бегалі туды - куплялі першае: боршч ці суп. Там ужо ведалі нас: давалі нам ужо большую порцыю - паўтара, а то і два чарпакі. Хлеб быў свой. Вось і ўвесь абед. Быў нейкі перыяд, што ўзяліся па чарзе на абед варыць супы, баршчы, капусту. Гэта была ідэя студэнта рускага аддзялення Пісарэнкі Івана, былога вайсковага старшыны. Стыпендыі ўвесь час не хапала. Пастаянна ў канцы месяца даводзілася пазычаць. А пазычаць не было асабліва ў каго. Бывала, на шчасце, не так часта, што перад стыпендыяй даводзілася абыходзіцца толькі чаем з хлебам за ўвесь дзень. Было нас некалькі такіх, што час ад часу пачалі чарку браць. А яе без грошай ніхто не даваў. Спрабавалі зарабляць: хадзілі некалькі разоў на таварную станцыю разгружаць вагоны, працавалі на "халадзільніку". Але істотна гэта на грашовыя справы, скажу шчыра, не ўплывала.

А тут яшчэ кнігі. Я ўжо гаварыў, што яшчэ ў школе пачаў купляць кнігі. Але ў тым жа Міры не было асабліва дзе, ды і асабліва што купляць. Зусім не тое ў Мінску. Тут і кнігарні, тут і кнігі. Божа мой, якое гэта было шчасце набыць жаданую кнігу! Узбуджала, хвалявала сама кніга. Яшчэ да яе чытання. Рукі трымцелі, калі браў яе, адкрываў першыя старонкі. Але колькі было перажыванняў, хваляванняў, пакуль удавалася дастаць гэтую кнігу. Гэта не тое, што цяпер, напачатку трэцяга тысячагоддзя, калі кніг поўна ўсюды і не надта хто іх бярэ. А то - гады 60-я, 70-я ды і 80-я часткова - быў час Кнігі. Кніга была знакам нейкай як бы выключнасці, далучанасці да ліку своеасаблівых асветнікаў, пазнакай культурнасці. За кнігай стаялі чэргі. Асабліва за падпіснымі выданнямі. Помню, была падпіска на шасцітомнік Майн Рыда. А прыгоды, рамантыка, фантастыка - гэта было маё любімае чытанне. Чаму? Растлумачыць не магу. Магчыма, тыя кнігі на нейкі час адрывалі ад аднастайнай шэрай штодзённасці. Магчыма, натура мая, увогуле пасіўная, замкнёная моцна ў сабе, знаходзіла ў гэтай, у такой кнізе хоць якое ўзбуджэнне, ажыўленне, якісьці выхад. Дык вось, за падпіскай на Майн Рыда прастаяў на двары дома, дзе знаходзілася кнігарня "Падпісныя выданні", да поўначы. Але падпісаўся. Праўда, не ўсе змаглі падпісацца. Не менш складанымі ў тыя часы былі падпіскі на зборы твораў Ф. Шылера ў 7 тамах, Дж. Лондана ў 5 тамах (потым быў яшчэ дадатковы шосты). Не менш складана было даставаць (не купляць) і асобныя творы тых ці іншых пісьменнікаў.

Праўда, усё гэта (беганне за кнігамі, шуканне кніг) не надта перашкаджала асноўнай справе - вучобе. Можа, і зусім не перашкаджала. Бо ўсё гэта ішло па шляху спасціжэння вялікага свету літаратуры, унутранай далучанасці да яго. Якраз адсюль вырастала, унутрана ўмацоўвалася адчуванне, разуменне: літаратура - гэта маё.

Ужо зазначалася: група ў нас была 25 ці 26 чалавек. Закончылі 25. Але што цікава: з іх 8 хлопцаў, а спачатку было 9. У той час як на рускім аддзяленні з 50 чалавек мужчын было 4 ці 5. Група наша была працавітая, пераважна з вяскоўцаў. Працаваць прывыклі, нейкіх асаблівых амбіцый ці то прэтэнзій лішніх ні ў кога не было. Заняткі наведвалі, лекцыі пісалі. Стыпендыі, здаецца, усе і ўвесь час атрымлівалі. Куратарам у нас была дабрэйшай душы чалавек Вольга Васільеўна Казлова, дачка славутага партызанскага камандзіра, Героя Савецкага Саюза, на той час Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Калі я шмат гадоў пазней абараняў кандыдацкую дысертацыю, яна выступала другім апанентам. Былі цікавыя выкладчыкі. Запомніліся добра па беларускай літаратуры - М. Р. Ларчанка, Ю. С. Пшыркоў, пазней І. Я. Навуменка; па беларускай мове - М. І. Жыркевіч, М. А. Жыдовіч; уводзіны ў літаратуразнаўства і тэорыя літаратуры - І. В. Гутараў; замежная літаратура - Д. Е. Фактаровіч, Н. І. Лапідус. Кожны з іх быў па-свойму адметны, арыгінальны і як выкладчык, і як чалавек. Напрыклад, калі выкладчыкі беларускай літаратуры ў сваёй знешнасці, паводзінах, у падачы матэрыялу, размове былі стопрацэнтнымі беларусамі, то замежнікі і ў чытанні лекцый, і ў тым, як трымаліся за кафедрай, у гутарках, здавалася, былі народжаны, створаны ў іншых умовах, іншымі ўмовамі. Мы іх лекцыі любілі: яны былі змястоўныя, напоўненыя фактамі, ідэямі, унутрана лагічнымі і завершанымі. Лекцыі ж беларусаў былі для нас больш сваімі, блізкімі нашаму жыццю, душэўнымі. Лекцыі Гутарава на першым курсе былі якіясьці вельмі раскаваныя, з вялікай доляй гумару, са значнай доляй гутарковасці. Паслухаць гэтыя лекцыі прыходзілі студэнты з іншых факультэтаў. Праўда, што ўжо на 5-м курсе пры чытанні тэорыі літаратуры такая манера падачы матэрыялу, па сутнасці, не ўспрымалася. Па-першае, сам матэрыял быў ужо больш грунтоўны, больш змястоўны, па-другое, студэнт ужо быў не той, веды не тыя, адносіны і да жыцця, і да літаратуры таксама ўжо былі не тыя.

Дзесьці ўжо на апошніх курсах (4-5) з’явіліся новыя, маладыя выкладчыкі літаратуры - Іван Якаўлевіч Навуменка і Алег Антонавіч Лойка. Мне асабіста больш давялося сутыкацца з Навуменкам. У нас ён вёў спецсемінар. А можа, спецкурс?.. Не помніцца ўжо. Адно магу сказаць упэўнена: мяне асабіста якраз гэты малады пісьменнік і вучоны найбольш навучыў разумець, адчуваць мастацкую літаратуру. У канцы навучання менавіта Навуменка быў кіраўніком маёй дыпломнай. Тэма: "Апавяданні Янкі Брыля". Абараніў, дарэчы, на выдатна. Больш за тое, кіраўнік даў пачытаць работу Брылю. Той, па словах Навуменкі, работу пахваліў. Праўда, мова работы яму не зусім спадабалася.

Ну, але гэта ўсё будзе значна пазней.

А адразу пачалося звычайнае студэнцкае жыццё: лекцыі, семінары, залікі, экзамены. І гэтак круг за кру­гам. Пасля лекцый, заняткаў сядзелі ў асноўным у чытальных залах - профільных, агульнай універсітэцкай. Шмат прадметаў было, так бы мовіць, непрофільных ці то мала профільных. Мяркуючы па назвах прадметаў: агульнае мовазнаўства, славянская мова, старажытнаруская мова, гісторыя беларускай мовы, дыялекталогія - тэарэтычная мовазнаўчая аснова давалася грунтоўная, шырокая. Аднак, улічваючы тое, што практычна ўсе выпускнікі ішлі працаваць у школы, вельмі мала з таго мела практычнае прымяненне. Ведання ж сучаснай мовы - і рускай, і беларускай (правапісу, арфаэпіі, арфаграфіі, сінтаксісу) - адчувальна не хапала. Многае даводзілася вучыць нанова. Але гэта зноў жа потым.

Уваходзіў у студэнцкае жыццё паступова. Па прыродзе сваёй і па ранейшым жыцці неяк прывык да адзіноты. Адзінота дзесьці стала маёй натурай. Кніга - вось мой найбольшы сябра, была тады, з’яўляецца і цяпер. Сёння - гэта найперш кніга рэлігійнага зместу, рэлігійна-хрысціянскага характару. Каштоўнасць кнігі ўжо тады вызначалася найперш яе эмацыянальным уздзеяннем, адбіткам, які яна пакідала не так у памяці, як у сэрцы. Адбітак гэты мог зыходзіць і ад сюжэту, канфлікту. А тая кніга, якую трэба было чытаць, паглынаць, толькі кніга праграмная, абавязковая, была такая неабдымная, такая разнастайная. Яна ўзбагачала, узбуйняла, уводзіла ў гісторыю, дзесьці нават у вялізны сусвет жыццё рэальнае, тое, чым жыў ты сёння, чым жылі людзі вакол цябе, чым было тваё жыццё мінулае.

Якім велічным, якім далучаным да жыцця вышэйшага, боскага, якім цэласным, завершаным у сваёй сутнасці, адшліфаваным часам боскай воляю выглядаў час, выяўляўся чалавек і свет у антычнай кнізе, антычнай літаратуры. Ён быў у сваёй сутнасці, у сваіх вызначальных рысах як бы высечаны з граніту, "изваянный", кажучы па-руску.

А кніга, літаратура часоў Адраджэння?! Яна захоплівала, проста агаломшвала багаццем чалавечага жыцця, бязмежнасцю, неабмежаванасцю яго праяўленняў, яркасцю выяўленняў чалавечай натуры, яе самых глыбінных і інтымных праяўленняў.

ХІХ стагоддзе. Рэалізм. Літаратура імкнецца паказаць жыццё ва ўсіх яго праявах, чалавека ва ўсіх яго праяўленнях. Ставіць за мэту спасцігнуць законы грамадскія. Ідзе паглыбленне ва ўнутраны свет чалавека, у яго сацыяльную сутнасць. Прырода, навакольны свет шырока ўваходзяць у літаратуру, становіцца істотным, змястоўна-эстэтычным кампанентам. Усё гэта бачылася ў кнізе, уваходзіла з кнігай у нашу свядомасць і падсвядомасць. Пакідала больш ці менш значны след. Кожная практычна пакідала ў яе чытача, у нас, свой след. Спачатку былі гэта сляды кожны сам па сабе, кожны паасобку. Паступова, дзякуючы вывучэнню гісторыі развіцця літаратур розных народаў, гэтыя сляды кніг ператварыліся ў дарожкі, потым у шляхі руху мастацкага слова — як слова боскай ісціны. Вытокі яго, па сутнасці, невядомыя і заканчэння не відаць.

Сапраўды:

"На пачатку было Слова, і Слова было з Богам, і Слова было Бог. Яно было на пачатку з Богам. Усё цераз Яго сталася, і без Яго нічога не было стаўшыся, што сталася" (Евангелле паводле св. Яана).

Сёння так думаецца. Тады ж былі вельмі далёкія подступы да такога разумення. Адчуванне дзесьці ўзнікала толькі. Лекцыі па літаратуры. Пастаянныя размовы пра літаратуру. Само мастацкае слова. Усім гэтым быў напоўнены апошні паверх біялагічнага корпуса. Тут праходзілі заняткі ўсіх аддзяленняў філфака. І варта згадаць, што гэта быў перыяд вучобы ўсіх тых, каго потым назавуць філалагічным пакаленнем, пакаленнем шасцідзясятнікаў, пакаленнем дзяцей вайны. Якраз у тыя гады (1952-1957), хто раней, а хто пазней вучыліся вядомыя, а то і славутыя пісьменнікі, навукоўцы: Адамчык Вячаслаў, Арочка Мікола, Барадулін Рыгор, Бураўкін Генадзь, Бечык Варлен, Блатун Сымон, Вярцінскі Анатоль, Гілевіч Ніл, Гаўрылкін Леанід, Зуёнак Васіль, Карамазаў Віктар, Кляўко Генадзь, Карызна Уладзімір, Клышка Анатоль, Ліс Арсен, Мальдзіс Адам, Місько Павел, Мушынскі Міхась, Нікіфаровіч Ванкарэм, Нядзведскі Уладзіслаў, Пташнікаў Іван, Рагуля Аляксей, Рыбак Алесь, Саламевіч Янка, Сачанка Барыс, Свірка Юрась, Сімановіч Давід, Сіпакоў Янка, Станюта Аляксандр, Стральцоў Міхась, Цвірка Кастусь, Чыгрынаў Іван...

Названы тыя, чыя творчасць, жыццёвы лёс нядрэнна асабіста знаёмыя, блізкія. Цэлая літаратура. Здаецца, што ні да таго, ні пасля філфак, напэўна, не ведаў такой колькасці творчых асоб, аб’яднаных агульнасцю жыццёвага лёсу, прагай творчасці. То было пакаленне дзяцей вайны, пакаленне, пазбаўленае сонечных дзён дзяцінства і юнацтва, пакаленне няздзейсненых мар, надзей, памкненняў. І вось гэтая неспатоленая прага светлых памкненняў, прыгажосці, душэўнай дабрыні знаходзіла сваю крыніцу ў кнізе, у мастацкім слове. Сваё адчуванне паўнаты жыцця, захапленне навакольным светам, як і боль пражытага і перажытага, зноў жа выяўлялі ў родным слове, слове, якое яны неслі ў сабе. Прага выказацца, сказаць сваё была выключная. Большасць з тых, хто названы вышэй, ужо ў час вучобы актыўна друкаваліся ў газетах і часопісах абласных і рэспубліканскіх, не кажучы ўжо пра насценны друк. Помніцца, І. Чыгрынаў у факультэцкай насценнай газеце друкаваў паэму з працягам. Дзе тая паэма? Невядома. У год заканчэння ўніверсітэта выдалі свае першыя кнігі Р. Барадулін і Б. Сачанка, у часопісе "Полымя" надрукаваў першую аповесць "Чачык" І. Пташнікаў. З нашага аддзялення ў тыя часы ніхто асабліва сябе ў мастацкім слове не праявіў, калі не лічыць Міхася Шушкевіча, які якраз у тыя гады напісаў верш, які ў хуткім часе стаў усенародна вядомы як песня Ю. Семянякі "Ты мне вясною прыснілася". На жаль, дзесьці на першых курсах захварэў, і творчасці больш не чуваць. А такі хлопец - чысты, светлы, рамантычны. Значна пазней таленавіта праявілі сябе Аляксей Рагуля (літаратуразнаўца, культуролаг), Святлана Кліменценка (журналіст), Міхась Пратасевіч (музейны работнік), Клара Ідэльсон (Кузняцова, тэатразнаўца). У нашай групе пачынаў вучобу (пазней за адзін год скончыў два курсы) вядомы выдавец, мовазнаўца-лексікограф, аўтар шматтомнага слоўніка назваў населеных пунктаў Беларусі па абласцях Яўген Рапановіч. Менавіта ў тыя ўжо далёкія гады склаліся добрыя таварыскія (можна сказаць, і сяброўскія) адносіны з Рагулем (усе пяць гадоў жылі ў адным пакоі), Пташнікавым. З ім два разы разам былі на вайсковых зборах. І сёння ён прыгадвае, як аднойчы ў час пераходу палкоўнік Мухаеў загадаў яму забраць у мяне і несці якісьці вайсковы досыць нялёгкі прыбор - маўляў, як мацнейшаму. Я, праўда, нічога такога не помню.

А ўвогуле мноства знаёмстваў, добрых таварыскіх адносін дазволіла мне, калі я праз пяць гадоў паступіў у аспірантуру, лягчэй неяк увайсці ў гэтае нязвыклае асяроддзе - літаратурны свет. За гэты час многія ўжо добра прыжыліся ў гэтым свеце, актыўна ў ім дзейнічалі, у чымсьці вызначалі яго характар. У час вучобы ва ўніверсітэце на працягу ўсіх гадоў удзельнічаў у хоры. Цудоўны быў кіраўнік - Ілья Яфімавіч Кліонскі. Проста абагаўляў хор. Здаецца, ён больш нічога і не бачыў, як толькі хор. Шмат выступалі на розных вечарах. Ездзілі ў Вільнюскі ўніверсітэт, а ў 1957 годзе прымалі ўдзел і выступалі на Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве.

Так вось і ішло студэнцкае жыццё, працягвалася студэнцкая вучоба. На зімнія і летнія канікулы ездзіў у свае Бербашы. Кожны раз абавязкова цягнуў добрую звязку кніг. З Міра заўсёды пешшу. Лічыў, эгаіст, што, апрача кніг, больш нікому нічога не трэба. Якія тут гасцінцы?! Галоўнае кнігі. У час канікул пастаянна наведваўся ў Мір, у гарадскі Дом культуры. Прыходзіў звычайна позна, пасля поўначы. Аднойчы, было гэта зімою, вяртаўся з Міра. Позна. У нармальным настроі, не было ніякага ўнутранага ўздыму. Пераходзіў мост праз Міранку. З аднаго боку дарогі быў вадзяны млын. З другога возера. Шырокае, не засыпанае снегам, але пакрытае лёдам. Мяне нібы штосьці штурханула. Я спыніўся. Глянуў на лёд. Месяц быў поўны. Стаяў над самым лёдам. Ад яго да лёду спускаліся промні-дарожкі, бліскучыя, розных колераў. Нібы радуга, але святлей і весялей. Нельга было адарвацца ад гэтай прыгажосці. Больш за тое, і лёд, і гэтыя промні-дарожкі, здаецца, выпраменьвалі якуюсьці боскую музыку незямнога гучання. Я доўга стаяў зачараваны. Ішоў дамоў як сам не свой. Нічога падобнага ні да гэтага, ні пасля мне не даводзілася ні чуць, ні бачыць, ні перажываць. На доўгі час адбылося як бы ўнутранае ачышчэнне. Што гэта было? Для мяне было і сёння ёсць штосьці незямное, боскае, што сведчыць пра вышэйшую гармонію ў нашым свеце.

Але вучоба закончылася. У 1957 годзе вясною абараніў дыпломную, здаў дзяржаўныя экзамены. Накіраванне атрымаў у Старадарожскі раён. Што гэта? Дзе гэта? Накіраваны туды быў я адзін. Як што там будзе - ніякага ўяўлення. Пабачым. З гэтым адчуваннем паехаў дадому - у свае Бербашы.

На жыццёвай дарозе, напэўна, кожнага з нас бываюць сустрэчы з людзьмі, якія неяк міжвольна моцна паўплываюць на ваш лёс. Для мяне такой была сустрэча з Юльянам Сяргеевічам Пшырковым.

Неяк ужо у час дзяржаўных экзаменаў падышоў ён да нас - гэта былі Аляксей Рагуля, Леанід Яроцкі і я. Пагаварылі трохі. Ён і кажа, маўляў, хлопцы, там доўга не заседжвайцеся. Пару гадоў адпрацуеце і прыязджайце сюды вучыцца далей. Навуцы патрэбны здольныя, працавітыя хлопцы. Ніякага набору ў аспірантуру на філфаку па беларускайй літаратуры ў той год не было. Сам Юльян Сяргеевіч у той час працаваў ужо ў Інстытуце літаратуры АН БССР. Загадваў сетарам дакастрычніцкай літаратуры. Туды ён нас і запрашаў. Тады, здаецца, ніхто з нас не надаў гэтаму ніякага значэння. Але пройдзе час.

Паехаў на канікулы ўвесь нейкі разгублена-задуменны, поўны суцэльнай невядомасці. Не помню: хадзіў у калгас на працу ці не, хутчэй - не. Прайшло лета. У канцы жніўня паехаў у свае (цяпер ужо) Старыя Дарогі. У райана накіравалі ў Крываносаўскую сярэднюю школу. Было гэта ад Старых Дарог не менш за 20 кіламетраў. Тут ужо, можна лічыць, пачыналася Палессе - балоты.

У школе паступова ўсё ўладкавалася. Жыў на кватэры ў сям’і маладых палешукоў. Разам з выкладчыкам матэматыкі. Тут мы і карміліся. Нідзе ніякай сталоўкі паблізу не было. Школа знаходзілася далекавата ад хаты, дзе мы кватаравалі. Восенню ці вясной не прайсці - гразь страшэнная. Абыходзілі недзе гародамі. Электрасвятла на вуліцах не помню. Са школы ідзём вечарам. Жах. Гэта было горш і страшней, чым калісьці з Міра ў Бербашы.

Гадзін на поўную стаўку не хапала. Даводзілася працаваць у самых розных класах: ад 5-га да 10-га. Выкладаць і рускую, і беларускую мовы. Але гадзін да нормы ўсё адно не набіралася. Вёў урок спеваў. Пазней нават кіраваў школьным хорам. Выступалі не толькі ў школе.

Пачалося звычайнае жыццё школьнага настаўніка. Што адчувалася адразу, дык гэта (тут трэба шчыра прызнацца) слабая мая, як настаўніка, практычная падрыхтоўка. Усё элементарнае (правапіс, знакі прыпынку) давялося не проста згадваць, засвойваць нанова. Практычна больш грунтоўна. Даводзілася перажываць і хвіліны непрыемныя.

Дзеці чыталі мала. Школьная бібліятэка была даволі сціплая. Паступова неяк удалося выпрасіць у дырэкцыі выпісаць некалькі тоўстых літаратурных часопісаў: "Новый мир", "Юность", "Полымя".

Настаўніцкі калектыў быў працавіты, сумленны, адданы сваёй працы. За ўсе 5 гадоў я сёння не магу прыгадаць якіхсьці сур’ёзных звадак, непаразуменняў. Працавалі самааддана. Дадатковыя заняткі па матэматыцы, па рускай мове - то было не выключэнне, а, хутчэй, правіла. Даводзілася школе супрацоўнічаць і з калгасам, адміністрацыяй. Бывала, што вучні старэйшых класаў дапамагалі капаць бульбу. Настаўнікі пастаянна ўдзельнічалі ў розных агітацыйна-прапагандысцкіх мерапрыемствах, чыталі лекцыі. Усё гэта рабілася строга ў межах афіцыйна дазволенага. Якіясьці адхіленні былі недапушчальныя. Ды яны, па праўдзе кажучы, і ў галаву нікому не прыходзілі. Такім было звычайнае тагачаснае школьнае жыццё. Якіхсьці значных больш-менш школьных пробліскаў у памяці не захавалася. У самога настаўніка паступова выхоўвалася самастойнасць, упэўненасць у сабе, паціху знікала скаванасць, няўпэўненасць.

Разам з тым штодзённасць аднастайная, фармальнаабавязковы характар працы, адсутнасць выхадаў у іншыя сферы дзесьці прытуплялі вастрыню ўспрыняцця жыцця, свету, скоўвалі ўнутраную актыўнасць. Садзейнічала гэтаму, вядома ж, у нейкай ступені ўсюдыісная чарка. Ды не проста чарка, а чарка славутай старадарожскай самагонкі. Што ж. Было трохі і такое.

Уразіла мова тых мясцін. І можа, не так яе лексіка, як своеасаблівы інтанацыйны лад, мелодыка яе. Сёння згадваеш мінулае - а гэта адбываецца пастаянна - і нібы чуеш і мову ранняга дзяцінства (мову Грэдэлёў), і мову юнацтва (мову Бербашоў), і мову гадоў настаўніцтва (мову Крываносаў). Але дзіўная рэч, зусім не чую мовы гадоў універсітэцкай маладосці. А тут жа яна гучала пастаянна. Больш, чым дзе. Тут іншыя і прыродныя, і цывілізацыйныя ўмовы: пастаянны рух, бесперапынныя змены. Змены, так падаецца, дэканструктыўнага характару.

Мовы Беласточчыны, Міршчыны, Старадарожчыны - усё гэта мова адна, беларуская, але са сваім гучаннем, дзесьці і са сваёй змястоўнай асновай. Цяпер вось згадваеш мінулае, пачынаеш уяўляць той свет і бачыш, адчуваеш, чуеш, нарэшце разумееш, што ў гэтых мясцінах, у гэтым краі, сярод гэтай прыроды можа натуральна гучаць, арганічна жыць толькі такая, толькі гэтая мова. Яна народжана, створана гэтай зямлёй, гэтай прыродай - яе людзьмі. Сёння гэты свет, такі свет скрозь, па сутнасці, рушыцца. Для мовы, нацыянальнай мовы, небяспека відавочная, можа, нават галоўная.

У нашай літаратуры, найперш у прозе, асабліва гарманічна, глыбока адзінства свайго кутка, яго прыроды, людзей і яго мовы (і як мовы герояў, і як мовы аўтара) выяўлена, увасоблена ў творчасці Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Івана Мележа (у яго "Палескай хроніцы"), Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка. У паэзіі - Максім Танк, Ларыса Геніюш. У гэтым сэнсе Старадарожчына, як і Глушчына, Любаншчына, яшчэ ў чаканні свайго летапісца і мовапісца.

Для мяне асабіста Старадарожчына стала месцам незабыўным, светлым, важным ва ўсім маім наступным жыцці. Якраз тут я спаткаў, сустрэў тую, якая прынесла мне сапраўднае шчасце на доўгія гады майго жыцця. Сапраўды, гэта нейкая містыка: яна, васемнаццацігадовая дзяўчынка з берагоў Хапра, з славутага горада Урупінска, і я, дзесьці з Польшчы, старэйшы за яе на 8 гадоў, сустрэліся на ўскрайку Палесся, каб аб’яднацца назаўсёды. Яна, Тамара Клінава, рана засталася без маці. Бацька служыў у міліцыі, увесь час у раз’ездах. Была старэйшая сястра. У 14 гадоў паступіла ў Барысаўскае медвучылішча, якое ўзначальвала якаясьці яе сваячка. Закончыла вучылішча, яе накіравалі ў гэтыя ж, што і мяне, Старыя Дарогі. Адтуль накіравалі зноў жа ў тыя ж Крываносы ўзначальваць медыцынскі пункт. Там працавала яшчэ адна медсястра і санітарка. У сферу абслугоўвання ўваходзілі дзве вялікія вёскі. Хворых было шмат. Выклікалі і днём, і ноччу. Па самых розных прычынах. З якімі толькі захворваннямі не давялося сустракацца і разбірацца. Прыйшлося нават роды прымаць. Яна ішла на ўсё: адказнасць была вышэй за боязь. Вяскоўцы ну проста ўсе яе палюбілі. Звярталіся пастаянна.

Мы зблізіліся не адразу. Але паступова пачалі сустракацца. І ўсё. Мяне запаланіла яе шчырасць, душэўная адкрытасць, дабрыня, яе жыццерадаснасць, яе юная абаяльнасць. І вось 24 кастрычніка 1959 года пайшлі мы ў сельсавет і там, як кажуць, юрыдычна замацавалі нашу сувязь. Не было ні рэстарана, ні картэжу машын, ні шматлікіх гасцей. Знешне было, на жаль, усё звычайна. Радасць, узнёсласць, душэўнасць, сонечнасць. Яны былі ў нас, з намі.

Пачалося новае жыццё. Як сёння, з вышыні столькіх пражытых гадоў, падумаеш: Божа ж мой, якім нялёгкім было яно! Але дзіўная рэч: у сэрцы, у памяці засталося, па сутнасці, толькі светлае, прыемнае, добрае. Сапраўды, відаць, усё ў нас, у нашым лёсе вызначае жыццё ўнутранае, жыццё душы.

Жылі на кватэры ў сярэдніх гадоў сям’і Машукоў. Гаспадары былі добрыя, уважлівыя. Не засталося ніводнага цёмнага ўспаміну. Нарадзілася дзіця. Мы на той час ужо пераехалі жыць у Палажэвічы. Тут быў сельскі савет, працаваў спіртзавод, была бальніца, дзіцячыя яслі, садок. Жонка стала працаваць у бальніцы. Жылі спачатку зноў жа на кватэры ў пажылых Казябаў. Прыемныя людзі, добрыя, сардэчныя. Потым нам неяк удалося выпрасіць маленькую аднапакаёвачку ў доме, які належыў спіртзаводу. Самы памятны ўспамін тут - пацукі. Летам спіртзавод не працаваў, есці не было чаго, і яны дружна шукалі пажыву ў суседніх дамах. Не было ад іх ніякага паратунку. Адчуў, убачыў, што такое пацучыны позірк, які проста абязбройваў цябе. У школу ў Крываносы (гэта кіламетраў 5-6) ездзіў на ровары, хадзіў пешшу. Жыццё як бы ўвайшло хоць у нейкую каляіну. З’явіліся новыя знаёмствы, завязваліся сяброўскія адносіны. Тут спрыяла асабліва жончына адкрытасць, сардэчнасць у адносінах да людзей. Некаторыя сяброўскія сувязі захаваліся па сённяшні дзень.

Але запрашэнне Юльяна Сяргеевіча не-не ды згадвалася. Прымушала думаць, не давала супакоіцца. Не помню ўжо, на першым годзе настаўніцтва ці мо на другім быў у Мінску. Зноў жа не помню, па якой прычыне зайшоў у Інстытут да Юльяна Сяргеевіча. Было ў яго сектары вакантнае месца малодшага супрацоўніка. Пайшлі з ім да дырэктара В. В. Барысенкі. Пагаварылі. Без прапіскі мінскай не магло быць ніякіх размоў. Дамовіліся з маім настаўнікам, што буду рыхтавацца да паступлення ў аспірантуру.

На жаль, не заўсёды ўсё робіцца так, як ты хочаш і мяркуеш. Зімою выклікаюць у ваенкамат і загадваюць рыхтавацца ў час летніх канікул ісці на вайсковыя зборы. Усё. Я кінуў і думаць пра аспірантуру. Прайшло лета. Ні на якія зборы ніхто не выклікаў, але ж і пра аспірантуру я кінуў думаць.

І вось позняй восенню атрымліваю я ад Ю. С. Пшыркова ліст. Ліст не захаваўся. Але дакладна запомніліся словы: "Не думаў, што ў нашай моладзі такі халопскі дух". Яны закранулі за жывое. Напісаў адказ. Патлумачыў, чаму так здарылася. Зазначыў штосьці такога зместу: адносна халопскага духу пастараюся даказаць, што гэта не так.

Здавалася б, сямейнае жыццё, дзіця нарадзілася - якая тут аспірантура?! Але ж нешта ўнутры турбавала, чагосьці хацелася. Жонка праніклася маімі гэтымі турботамі таксама. Заахвочвала, падштурхоўвала. Стварала ўмовы. У 1960 і 1961 адаслаў два лісты, звязаныя з выкладаннем літаратуры ў школе, у газету "Літаратура і мастацтва" - "Каму верыць?" і "У хрэстаматыю - творы хрэстаматыйныя". На апошні атрымаў ухвальны невялікі ліст ад Ф. М. Янкоўскага, вядомага, паважанага мовазнаўцы. І вось дзесьці ў канцы 1961 года я наважыўся паступаць у аспірантуру. У пачатку 1962 у "Маладосці" была надрукавана аповесць В. Быкава "Трэцяя ракета". Я напісаў па ёй рэферат. Паслаў у Інстытут літаратуры. Чытаў яго Бугаёў Дз. Я. Ухваліў. Пачалася падрыхтоўка да экзаменаў. Жонка стварыла ўсе ўмовы. Інстытут набіраў 2 адзінкі. Заяў было 4: У. В. Гніламёдаў, В. А. Чамярыцкі, А. А. Майсейчык і я. Экзамены здалі паспяхова ўсе. Адразу залічылі Гніламёдава і Чамярыцкага. Праз нейкі месяц дадаткова далі яшчэ адну адзінку і залічылі мяне. А пад канец года і Майсейчыка.

Пачалася новая старонка жыццёвага лёсу.


ІІ


22.11.1962 года быў вызвалены ад працы настаўніка ў сувязі з паступленнем ў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР па спецыяльнасці “Гісторыя беларускай літаратуры”. Так пазначана пад №№ 2 і 3 у маёй “Працоўнай кніжцы”. Як паглядзіш сёння: позна ўсё гэта пачалося. Але што зробіш: такі быў час, такое жыццё. Гады вайны як бы дзесьці запаволілі рух і развіццё пакалення. Хаця, з другога боку, духоўнае і жыццёвае пасталенне было паскорана. Так сёння здаецца.

Пачалося новае жыццё. Новыя абставіны, новыя людзі, новыя мэты. Быццам студэнтцкае, але больш самастойнае, мэтанакіраванае. Гэта - з аднаго боку. З другога - унутрана нейкае няўстойлівае, журботнае. Была праца, асноўны занятак. Але ж была ўжо сям’я - жонка, дачушка. Яны жылі ўва мне, са мною. Ды яны былі фізічна далёка ад мяне - у нашых Палажэвічах. На Старадарожчыне.

Жыў пэўны час у аспіранцкім інтэрнаце. Адначасова шукаў у прыватных драўляных дамах пакойчык для сям’і. Было не дужа проста: дзіця яшчэ малое. Аднак праз нейкі час такі пакойчык знайшоўся па вуліцы Арлоўскай. У хуткім часе пераехала ў Мінск і жонка з дзіцем. Дачушку ўладкавалі ў дзіцячы садок. Жонка таксама там пачала працаваць. Зразумела ж, я з інтэрната пайшоў. Сямейна-дамашняе (хоць і ў чужым доме) жыццё пачало паціху быццам усталёўвацца, прымала як бы нейкі рытм.

Аспіранцкае жыццё, вучоба ўсё больш набывалі свой акрэслены характар. Была вызначана тэма дысертацыі - “Сучасны беларускі раман”. Кіраўніком стаў, вядома ж, Ю.С. Пшыркоў. Ужо адразу ні пра якую творчую работу над дысертацыяй і размовы не магло быць. Спачатку трэба было здаць аспіранцкія экзамены - па спецыяльнасці, г. зн. па беларускай літаратуры, па марксісцка-ленінскай філасофіі і па замежнай мове. Звычайна ўсё гэта рабілася за год, рэдка калі за два: найчасцей гэта было звязана з замежнай мовай. Так здарылася ў мяне. Першыя два экзамены здаў я паспяхова. А вось з замежнай мовай атрымалася ўсё неяк вельмі недарэчна. У школе вывучаў нямецкую мову, ва ўніверсітэце - французскую. Вядома ж, веды былі даволі слабенькія і па адной, і па другой. У аспірантуры вырашыў займацца французскай. Спачатку ўсё ішло быццам як трэба: заняткі, пераклады, здача знакаў. Усё - як і ў іншых з нашай групы. Праз нейкі час ўсё сапсавалася. І тут, напэўна, не толькі была віна асабістая. Бо ўся група выглядала не лепшым чынам. Ва ўсякім разе так нас падавала наша выкладчыца. Абыходзілася яна з намі як са шкадлівымі сямі-васьмікласнікамі. У мяне дайшло да таго, што я ўжо хацеў кідаць аспірантуру. Але куды ты дзенешся?..

Дапамог Юльян Сяргеевіч, мой настаўнік і кіраўнік. Ён меў гаворку з загадчыкам кафедры замежных моў. Пасля гэтага ўсё пайшло больш-менш нармальна і закончылася паспяховай здачай экзамена.

Можа і не варта было б пра гэта гаварыць. Але ўнутрана для мяне гэта быў выпадак, які ў душы пакінуў гаркату пэўнай прыніжанасці, знявагі, нейкай як бы разгубленасці. Згадваць пра гэта заўсёды непрыемна. Але ж згадваецца. І не толькі мною, але і некаторымі з тых, хто разам быў у групе. Разам з тым, гэта быў урок - урок адмоўны - адносін да іншых, да чалавека.

Усе гэтыя экзамены, найперш па замежнай мове, забралі у мяне, па сутнасці, два гады з трох аспіранцкага часу. Заставаўся адзін год. За гэты год трэба было зрабіць дысертацыю. Нельга сказаць, што дагэтуль я не займаўся дысертацыяй. Чытаў мастацкую літаратуру, тэарэтычную, кнігі па гісторыі літаратуры нацыянальнай, рускай, замежнай. З апошніх, што тады можна было. Былі пэўныя накіды, занатоўкі, блукалі думкі, не заўсёды яшчэ, праўда, дастаткова выразныя, лагічна ўзаемазвязаныя. Аснова фактычная была. І не бедная. Як на факты, ідэі гісторыка-тэарэтычнага зместу, так і на факты непасрэдна літаратурна-мастацкія - творчасць пісьменнікаў, творы. Зараз трэба было выпрацаваць нейкую сістэму, якая б гэты багаты, складаны матэрыял аб’ядноўвала, узаемазвязвала, падпарадкавала галоўнай думцы - ідэі, садзейнічала яе абгрунтаванню і выказванню. Матэрыял літаратурны, багаты, даваў шырокую магчымасць для абагульненняў, для больш-менш значных высноў тэарэтычнага характару. Упарта, настойліва я і займаўся гэтым апошні аспіранцкі год. Усе дні (ды і вечары) праседжваў у Ленінскай (як тады яе называлі) бібліятэцы, у беларускай зале.

Жонка ўсё гэта мужна цярпела. Ды не проста цярпела, а ўсяляк спрыяла, дапамагала, падбадзёрвала, сілкавала сваёй энэргіяй. А энэргіі ў яе казацкай натуры хапала. Усе хатнія і сямейныя клопаты ўзяла на свае плечы. І мужна, цярпліва, проста выдатна з імі спраўлялася. Пры такіх адносінах, пры такім стаўленні да маёй працы, майго занятку я проста не мог не працаваць упарта, самааддана.

Праца дала вынік. Дысертацыю я зрабіў. Дарэчы, як і іншыя мае калегі. Аспіранцкі тэрмін закончыўся. Тры гады як праляцелі.

Здавалася б, усё выдатна. Трэба было б толькі радавацца. Але ў жыцці так бывае рэдка. Ва ўсякім разе ў маім. Заўсёды падсцерагаюць нейкія непрыемнасці - калі не ў галоўным, дык абавязкова ў чымсьці другарадным. Праўда, на гэты раз усё было якраз не другараднага зместу.

Закончыць аспірантуру то я закончыў. Дысертацыю зрабіў. А што далей?.. Кіраўніцтва Інстытута быццам і не супраць пакінуць на працу, ды няма вакантнага месца. Трэба пачакаць. Колькі?.. Ніхто не можа нічога сказаць. Ды і прапаноў ніякіх ніадкуль не было. Амаль два месяцы я не меў ніякай працы. У сярэдзіне студзеня быў залічаны на пасаду бібліятэкара інстытуцкай бібліятэкі. Працаваў на гэтай пасадзе каля чатырох месяцаў. Хаця якое там “працаваў”! Займаўся сваімі справамі - рыхтаваўся да абароны дысертацыі: пісаў аўтарэферат, артыкулы дысертацыйнай тэматыкі.

І якраз у гэтыя часы працоўнай неўладкаванасці, няўстойлівасці і няпэўнасці па-сапраўднаму бацькоўскую падтрымку адчуваў я з боку майго кіраўніка Юльяна Сяргеевіча Пшыркова. Як кіраўнік ён быў выдатны, адметны. Адметны, можа, не так сваімі якасцямі вучонага, як чалавека. Ён, як кіраўнік, не навязваў сваіх ідэй, сваіх ацэнак творчасці ці твораў асобнага пісьменніка, не імкнуўся спяшацца за асвятленнем якіхсьці на той час актуальных грамадска-літаратурных пытанняў. Юльян Сяргеевіч заўсёды імкнуўся найперш зразумець свайго вучня-суразмоўцу, штосьці ўдакладніць, праясніць, часам засцерагчы. І ўсё гэта тактоўна, спакойна, добразычліва. Яго аспіранты заўсёды былі ў полі яго зроку. Не заставаліся па-за яго ўвагай і тады, калі ўжо выходзілі і на самастойную творчую дарогу. Было ў гэтым штосьці па-бацькоўску прыгожае і добрае.

Дык вось, што датычыцца майго тагачаснага падвешанага жыццёвага і навуковага становішча, то менавіта Юльян Сяргеевіч, мой настаўнік, найбольш прымушаў мяне працаваць, не паддавацца часовым нягодам: усё праходзіць. Так і здарылася. У маі 1966 года я быў нарэшце залічаны на пасаду малодшага супрацоўніка ў сектары беларускай савецкай літаратуры. Загадваў сектарам доктар філалагічных навук Івашын Васіль Уладзіміравіч. Вылучала яго моцная партыйная загартоўка, уважлівыя адносіны да напісанага яго супрацоўнікам, спакойнае стаўленне да дысцыпліны. Увогуле працаваць у сектары было нядрэнна.

Ужо да гэтага, у час майго бібліятэкарства, я ўвайшоў у творчы калектыў; ён прыняў мяне. Ва ўсякім разе, так мне здавалася тады, так уяўляецца і сёння. Пасада малодшага навуковага супрацоўніка фармальна, па сутнасці, усё гэта замацоўвала. Жыццёва і творча я адчуў сябе больш пэўна, устойліва, дзесьці такім, як і іншыя.

У хуткім часе пасля залічэння на пасаду ма­лодшага навуковага супрацоўніка, а менавіта 2 ліпеня 1966 года на аб’яднаным савеце Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР адбылася абарона маёй кандыдацкай дысертацыі “Сучасны беларускі раман (1954-1965)”. Дыплом быў зацверджаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй у Маскве толькі ў студзені наступнага года. Такая тады была практыка.

Чалавек я ўнутраны, увесь час у сумненнях, дзесьці няўпэўнены ў сваіх сілах і магчымасцях. Таму і паспяховая абарона, і атрыманне дыплома нямала пасадзейнічалі маёй жыццёвай устойлівасці, большай творчай смеласці і пэўнасці. Тым больш, што ў гэты час я ўжо друкаваўся ў галоўных перыядычных літаратурных выданнях - “Полымя”, “Маладосць”, “Літаратура і мастацтва”.

Якраз у гэты час (канец 60-ых - пачатак 70-ых) пісаў я шмат - пра самых розных аўтараў, на самыя розныя тэмы. Пісаў так, як я разумеў, як я адчуваў. Імкнуўся пісаць сумленна. Увогуле жыццё той вёскі, у якой я рос, гадаваўся, мела, як глядзіш сёння, моцныя маральныя асновы. Чалавек, хоць сацыяльна-эканамічна лічыўся аднаасобнікам, жыў усё ж сярод людзей, адкрыта. Пра якісьці жалезны ці то бетонны глухі плот і думаць ніхто не мог. І не таму, што гэта ў тыя часы каштавала страшэнна дорага. Гэта было непрыгожа, не па-людску. Жыццё чалавека, ён сам былі адкрытыя для іншых, як і іншыя для яго. Усё дрэннае, няшчырае, хлуслівае, жорсткае ў характары чалавека, у яго паводзінах заўважалася хутка. Зразумела, атрымлівала належную ацэнку. Нічога нельга было надоўга схаваць, затаіць. Правілы ўзаемаадносін паміж людзьмі, правілы паводзін асобнага чалавека дыктаваліся гісторыяй, мелі аснову больш духоўную, чым юрыдычную. Не толькі страх пакарання, але і чалавечая сумленнасць мелі тут першаступеннае значэнне.

І вось гэтая “вясковасць” - і ў станоўчым сэнсе, і ў адмоўным (лішнія нясмеласць, асцярожлівасць, няўпэўненасць) - захавалася ўва мне і да сённяшніх дзён. І прысутнічала ўсё маё свядомае жыццё. Ды, мабыць, і несвядомае. Натуральна, усё гэта ў той ці іншай ступені не магло не адчувацца і ў тым, што я пісаў. Так я лічыў - так і пісаў. Гэта ніякім чынам не значыць, што ўжо занадта крытычна я ставіўся да творчасці або твора таго ці іншага пісьменніка. Зусім не. Пісаў так, як я разумеў, як адчуваў. Ды што зробіш, мала калі, здавалася б, не такія ўжо істотныя крытычныя заўвагі ўспрымаюцца, як сёння кажуць, адэкватна. Праўда, не адразу мне давялося гэта адчуць і зразумець.

Ды на ўсё свой час.

Звычайна ўсе дысертацыйныя работы - што да абароны, што пасля - выдавалі, асобнымі кніжкамі. Дысертацыі акадэмічных супрацоўнікаў друкаваліся ў выдавецтве “Навука і тэхніка”. Я ж, паколькі ўжо пачаў пастаянна друкавацца ў літаратурных часопісах, кнігу вырашыў выдаць у адпаведным выдавецтве - “Бела­русь”. Па рэдакцыі мастацкай літаратуры. Чаму, адкуль такое жаданне з’явілася і прыйшло рашэнне, сёння не магу сказаць. Напэўна, параіў нехта са знаёмых пісьменнікаў.

Падрыхтаваў рукапіс, аднёс у выдавецтва. Рукапіс прынялі, уключылі ў план выданняў. Праз пэўны час паведамілі: прыйшла першая карэктура, трэба вычытаць. Пайшоў у рэдакцыю. Загадчык рэдакцыі Хведар Жычка аддаў карэктуру, пахваліў кнігу. Акрылены, я хутка вычытаў карэктуру, аднёс у выдавецтва. Чакаю...

Далей - “Гісторыя”, пра якую ў тыя часы даволі поўна і дакладна расказаў Іван Мележ, тады адзін з сакаратароў Саюза пісьменнікаў. На Пленуме СП БССР, які адбыўся 16 лютага 1972 года, у сваім дакладзе “Развагі пра нашу крытыку” Мележ гаварыў так:

“За час маёй працы ў Саюзе пісьменнікаў, можа, не было больш недарэчнай гісторыі, чым тая, што адбылася з Серафімам Андраюком.

Серафім Андраюк - малады крытык - падрыхтаваў першую сціплую памерам кніжку крытыкі. Там былі і горшыя, і лепшыя старонкі, былі там выразы, думкі, якія належала ўдакладніць, паправіць. Пры падрыхтоўцы малады крытык многае і паправіў.

Кніга пайшла ў набор, набралі, аўтар прачытаў, падпісаў. І тут загарэлася. Пры чытанні набранага тэксту раптам убачылі “нявідныя раней” у рукапісе заганы. Кнігу затрымалі. Паставілі перад аўтарам новыя патрабаванні, узніклі спрэчкі паміж аўтарам і выдавецтвам. Узнік канфлікт. Аўтар звярнуўся ў наш Саюз пісьменнікаў з просьбай дапамагчы. Я сустрэўся з загадчыкам рэдакцыі Х. Жычкам, папрасіў расказаць, чаму затрымана кніга. Галоўнае ў тым, што сказаў Х. Жычка, зводзілася да трох пунктаў: Андраюк выказвае “устарэлыя погляды”, “ён не тых хваліць” і нават - запомнілася - выказаў: у аўтара “не нашы погляды”. (Было яшчэ супрацьпастаўленне літаратуры першага і другога пасляваенных дзесяцігоддзяў. - С.А.). Я папрасіў даць вёрстку, прачытаў і адразу скажу, што, хоць кнігу там-сям і варта было яшчэ падрэдагаваць, ніякіх “не нашых”, не савецкіх, поглядаў не ўбачыў. Кніга, вядома, наша, савецкая. (Дарэчы, як можна так лёгка кідацца падобнымі абвінавачаннямі!). Што да абвінавачання: Андраюк “не таго хваліць”, то тут было над чым падумаць - Андраюк хваліў М. Лобана, А. Чарнышэвіча, Я. Брыля, В. Быкава, У. Караткевіча, І. Пташнікава, І. Мележа і некаторых іншых. Хваліў і некаторых другіх, хваліў і крытыкаваў. Чаму гэта не тыя, пра каго трэба пісаць? Ва ўсёй гэтай гісторыі належала ўсебакова разабрацца, пачуць калектыўную думку пісьменнікаў, і мы рашылі абмеркаваць кнігу на секцыі крытыкі. На сходзе секцыі выступілі вядучыя крытыкі і празаікі, якія выказалі нямала і заўваг (дарэчы, зусім іншых, чым у рэдакцыі) і аднагалосна сышліся на думцы, што кніга вартая таго, каб яе выдалі. Пратакол (на дваццаці старонках) быў пасланы ў выдавецтва “Беларусь”. Там прачыталі яго і - раскідалі набор кнігі Андраюка!

“Гісторыя” - выключная і, як кажуць, павучальная. Яна ярка паказвае, які “такт” праяўляюць некаторыя нашы таварышы ў рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва да крытыкі, асабліва маладой. Яна паказвае таксама, як ставяцца там да калектыўнай думкі членаў нашага Саюза пісьменнікаў і разам з тым - да думкі некаторых яго выбраных кіраўнікоў.

З гэтай “гісторыі” стала зразумела, што справа тут не ў высокіх матэрыях, а ў тым, што малады крытык кагосьці непрадбачліва не пахваліў, кагосьці недахваліў. А хтосьці і рашыў палічыцца за даўнія “грахі” Андраюка, за яго ранейшую крытыку. І стала вядома, што справа тут не ў думцы аднаго Х. Жычкі, а ў настроях некаторых пакрыўджаных крытыкам.

І кнігу “зарэзалі”, наперакор рашэнню секцыі крытыкі, наперакор шырокай калектыўнай думцы. Паказалі непавагу да многіх пісьменнікаў” (Іван Ме­леж. Жыццёвыя клопаты. Мінск, 1975. С.502-504).

Да гэтага варта дадаць наступнае, пра што расказвае крытык Аляксей Гардзіцкі ў сваіх нататках мемуарнага зместу (“Полымя”, 1994, № 2). У той час ён працаваў у Камітэце па друку. Згадвае, што прыйшоў да іх ліст за подпісам Івана Мележа з хадайнічаннем аб выданні маёй кнігі. Да ліста дадаваўся пратакол пасяджэння секцыі крытыкі, дзе ўсе, па сутнасці, выступоўцы ацэньвалі кнігу станоўча. Гардзіцкаму было даручана прачытаць карэктуру кнігі і выказаць сваю думку. Ацэнка была станоўчая.

Праз нейкі час Гардзіцкі і намеснік старшыні камітэта Барушка Анатоль Фаміч былі запрошаны ў ЦК партыі да Уладзіміра Гніламёдава, які ў аддзеле куль­туры курыраваў мастацкую літаратуру. Быў запрошаны загадчык рэдакцыі Хв. Жычка, а таксама і аўтар, г.зн. я. Выступілі я, потым Гардзіцкі, Барушка. Усё ішло добра. Гніламёдаў ужо робіць пэўныя станоўчыя высновы. Ды раптам Жычка сказаў, што ўчора дырэктар выдавецтва быў у сакратара ЦК Пілатовіча і вырашана: кнігу не выдаваць. На пытанне Гніламёдава: чаму? - Жычка растлумачыў: “Дух не наш”. Нямая сцэна. І тут Барушка, які толькі што ацэньваў станоўча, загаварыў (цытаты Гардзіцкага): “Так-так, дух не той, дух не той, - спахапіўся Барушка і пачаў паляпваць Андраюка па плячы, нібыта ён даўно яго ведае і яны, маўляў, адзін аднаго разумеюць”.

Гніламёдаў толькі і сказаў: “Пасяджэнне пераносіцца!”

Заключныя развагі Гардзіцкага: “Цяпер я разу­мею: нас проста хацелі падставіць як пешак, зрабіць вінаватымі ў гэтай гульні. Ды яшчэ: мы праходзілі своеасаблівую школу, паводля якой, як выявілася, эстэтычны густ неабавязковы, галоўнае - валодаць нюхам, адчуваць, чым дыхаюць там, наверсе, і тады даволі проста вызначаецца гэты самы дух кніжкі”.

Кніга гэтая ўсё ж выйшла. Праз Інстытут літаратуры ў выдавецтве “Навука і тэхніка” у 1973 годзе. Навуковым рэдактарам быў П. К. Дзюбайла, рэдактар пільны, патрабавальны. Уважліва чытаў і выдавецкі рэдактар. Кніга працярпела і пэўныя скарачэнні. І пазней, і сёння чытаць яе не хочацца.

Зразумела, што на гэты раз кніга выйшла з дазволу ЦК. Пра гэта гаворыць і Гардзіцкі, згадвае пра гэта і У. Гніламёдаў у сваім рамане-дзённіку “Сем гадоў у ЦК”: за дазволам выдаць маю кнігу звяртаўся дырэктар Інстытута літаратуры Барысенка В. В.

Вядомая рэч, уся гэтая гісторыя нямала, як кажуць, патрапала мне нерваў, пахіснула, паставіла пад сумніў маю веру ў справядлівасць, у вышэйшую пісьменніцкую справядлівасць. Адначасова ўвяла мяне ў больш шырокае кола пісьменнікаў, пашырыла маю вядомасць сярод іх.

Асабіста для мяне добра і тое, што пасля гэтага я адчуў прыязныя адносіны да сябе старэйшых пісьменнікаў (І. Мележа, Я. Брыля, А. Кулакоўскага, В. Быкава, А. Карпюка), сваіх аднагодкаў. На маім становішчы ў Інстытуце гэтая гісторыя быццам ніяк не адбілася. Ва ўсякім разе сёння нічога благога ў гэтай сувязі не згадваецца. Да гэтага часу я ўжо як трэба ўключыўся і ў навукова-даследчыцкую працу, а не толькі крытычную.

Планавыя даследчыя тэмы былі розныя. Першая была прысвечана беларускаму апавяданню першага пасляваеннага дзесяцігоддзя. Працавалася звычайна, без асаблівага захаплення. Наступная калектыўная тэма была прысвечана даследаванню індывідуальнага стылю лепшых паэтаў і празаікаў таго часу. Мне трэба было даследаваць стыль Івана Мележа. Тэма ўдзячная. Узяўся за яе выкананне з задавальненнем. Праўда, да гэтага ўзнікла неабходнасць напісаць артыкул тэарэтычнага характару: даць сваё разуменне індывідуальнага стылю пісьменніка. Праца захапіла, працаваў з вялікім задавальненнем. З аднаго боку, трэба было перачытаць, асэнсаваць агромністы і няпросты тэарэтычны матэрыял, дзесьці вызначыць, акрэсліць сваё разуменне індывідуальнага стылю. З другога - убачыць, хутчэй - адчуць, усю адметнасць, глыбіню, арганічнасць, паэтычнасць індывідуальнага стылю Івана Мележа, якім ён выявіўся ў яго “Палескай хроніцы”.

У яго раманах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” надзвычай моцна адчувалася арганічнае адзінства аўтара і свету, які ён узнаўляе, чалавека (яго герояў) і абставін (свету прыроды, ладу жыцця, сямейна-бытавых узаемаадносін), асабліва адзінства ўзноўленага свету і слова. У нашай літаратуры, мне здаецца, цяжка знайсці твор, пасля чытання якога засталося б уражанне, што пра гэтых людзей, пра гэты свет можна толькі так гаварыць, пісаць, такім словам, у такім тоне, рытме. Выключная праўдзівасць і арганічнасць узноўленага, створанага наноў свету. Таму зусім зразумела, што ўся папярэдняя творчасць Івана Мележа (за выключэннем некалькіх апавяданняў), асабліва ж раман “Мінскі напрамак”, даволі слаба суадносіліся ў плане стылю з раманамі “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. Пра гэта, гаворачы пра выпрацоўку, станаўленне індывідуальнага стылю, мне і давялося таксама гаварыць.

У прыватнасці сцвярджалася і такое: “У раманах “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” стыль пісьменніка канчаткова акрэсліўся, праявіўся як мастацкая рэальнасць. Папярэдняя творчасць - гэта толькі пошукі арыгінальнага стылю, пошукі сябе. У ранейшых творах пры ўсіх іх больш ці менш значных вартасцях не заўсёды можна было ўбачыць закончанасць і ўзаемаабумоўленасць розных элементаў мастацкага цэлага. То жыццёвы матэрыял неяк рэзка выпіраў сваімі знешнімі абрысамі, то аўтарская думка праходзіла яркай стужкай па паверхні, падпарадкоўваючы сабе матэрыял, то багаты матэрыял жыцця неяк рассыпаўся, існаваў сам па сабе ў шматлікіх яго праяўленнях, нярэдка ў знешніх, выпадковых сувязях. Недастаткова адчувалася аўтарская перажытасць, асабістая далучанасць да падзей і характараў”. Магчыма, дзесьці гэта было рэзкавата, часам, просталінейна. Хаця пры абмеркаванні гэтай працы і ў сектары, і на вучоным савеце ніякіх заўваг крытычных у гэтым плане не было.

Але здарылася наступная гісторыя, згадаваць якую не дужа прыемна. Пасля ўсіх перыпетый, звязаных з маёй першай кнігай, у мяне з Іванам Мележам наладзіліся добрыя, прыязныя адносіны. Я адчуваў яго ўвагу. Ён знаў, што я пра яго пішу. Машынапісны тэкст папрасіў пачытаць. Я аднёс яму. Праз нейкі час Іван Паўлавіч запрашае да сябе. Ішоў я з трывогай, з унутраным неспакоем. Гутарка была, скажам прама, не дужа сардэчная. Адчувалася, што Мележ стрымлівае сябе. Пахваліў усё, што сказана было пра раманы “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”. Спадабалася ўсё, ніякіх заўваг не было. Затое ўсё тое, што было напісана пра творчась да гэтых раманаў, асабліва пра раман “Мінскі напрамак”, ім практычна не прымалася зусім. Расказваў, што такое ў яго творчым лёсе гэты раман, як ён над ім працаваў, колькі аддаў часу, здароўя, чаго ён яму каштаваў. Гаварыў доўга. Я маўчаў. Ды і што я мог яму, у такім настроі, гаварыць. Злосці ў яго не было, было раздражненне і крыўда. Можна ўявіць, з якім настроем вяртаўся я пасля гэтай сустрэчы. Трэба сказаць шчыра, што якойсьці прыкметнай змены ў адносінах да мяне нашага тады ўжо класіка я не адчуваў пазней. Так, калі ў 1975 годзе выйшла яго кніга артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю “Жыццёвыя клопаты”, я атрымаў асобнік з дарчым надпісам аўтара: “Серафіму Андраюку - мае крытычныя клопаты, па-сяброўску Іван Мележ. 23.10.1975”.

Праходзіць час. Чытаю ў кнізе крытыка Дзмітрыя Бугаёва “Служэнне Беларусі”(2003) артыкул “Некалькі згадак пра Івана Мележа”, пазначаны 2001 годам. У гэтым артыкуле Бугаёў згадвае пра адну даволі запамінальную для яго сустрэчу з Іванам Мележам. Сярод іншага тут піша: “Шмат гаварылася пры той сустрэчы пра Серафіма Андраюка”. Чаму? Бугаёў расказвае. Цытуе вышэй прыведзеныя словы мае пра творчасць да “Палескай хронікі”. У прынцыпе я і сёння не адмаўляюся ад гэтай ацэнкі. Але выказана яна, напэўна, была рэзка. У той час хацелася быць прынцыповым у адносінах да ўсіх. Сёння разумееш - і ўважлівым, чулым. Бо згадваецца такое (або хтосьці згадвае) - і ўзнікае нейкая няёмкасць, шкадаванне.

То былі першыя вынікі і турботы, радасці і засмучэнні на ніве, так бы мовіць, творчай працы. Яны далі магчымасць у поўнай меры адчуць тую няпростую атмасферу, у якой я апынуўся. Праўда, гэта менш за ўсё была атмасфера творчая. Хутчэй грамадска-побытавая, якая панавала не так у жыцці навуковага творчага калектыву, як у жыцці літаратурным. Ды гэта зразумела. Пісьменнікі - людзі эмацыянальныя, з абвостраным успрыманнем навакольнага свету, рэальнага жыцця, з рэзкай рэакцыяй. Умовы грамадска-палітычныя надавалі гэтай рэакцыі характар ідэалагічны. І гэта было самае непрыемнае і небяспечнае.

Загрузка...