“В повести А. Карпюка "Реквием" автором сделана попытка создания образа советского патриота-разведчика, действовавшего в годы Великой Отечественной войны в стане противника.
Не подвергая сомнению серьёзность замысла, автору, к сожалению, не удалось справиться с поставленной задачей. Образ Николая Будника как разведчика показан вне его практической деятельности и поэтому выглядит неправдоподобным, надуманным.
Занимаемое Будником у оккупантов положение полицейского, а затем офицера СД, не обеспечивало ему разведывательных возможностей, в связи с чем получение им информации политического и военного характера, как это показывает автор, выглядит неубедительно.
В искажённом виде представлены в повести образы чекистов — руководителей десантных групп Мишина, Максимова и Громова, которые наделены лишь отрицательными чертами.
Одновременно считали бы целесообразным обратить внимание на субъективное отображение в повести жизни деревни шестидесятых годов и др (стр. 90-92, 96-97, 105, 128, 144, 164, 210, 215, 220-232, 238-239, 274).
С учётом изложенного повесть А. Карпюка "Реквием" требует серьёзной доработки".
Прыехаў Карпюк. Успрыняў усё гэта дзесьці спакойна. У Маскве ў выдавецтве “Советский писатель" сітуацыя такая самая. Праўда, там да Камітэта бяспекі не дайшло. І як сказаў яму загадчык рэдакцыі, там дазваляюць пра разведчыкаў пісаць толькі Ю. Сямёнаву і Д. Гарчакову. “А Багамолаў?” — папытаў Карпюк. Адказ быў такога зместу: “Багамолаў тры гады хадзіў па інстанцыях. За яго хадзілі К. Сіманаў і А. Твардоўскі. У вас яны ёсць?” На гэтым усё скончылася.
Карпюк быў якраз з тых аўтараў, каго пэўныя службы ўважліва, пільна чыталі. Рабілі заўвагі, забаранялі друкаваць. Напэўна, іх свабодны дух добра адчувалі. Бо такога зместу, характару гісторыі з іх творамі здараліся і ў маскоўскіх выдавецтвах. Сувязь была наладжана выдатна.
Пісьменнікі гэта ўсё добра ведалі. Дзесьці ў той жа час была размова з В. Быкавым. Справа тычылася ўнясення ў выданне беларускае (кніга) правак, зробленых Галаўлітам СССР у рускім выданні аповесці “Знак бяды” (час. “Дружба народаў”). Аднёсся ён да ўсіх патрабаванняў цэнзуры даволі спакойна: маўляў, нармальнае становішча шлагбаўма — закрыты. Якіхсьці змен тут за час, як піша, не бачыць.
Было гэта летам. Размова зайшла пра адпачынак. Быкаў расказаў, што ні ў якіх санаторыях ці то дамах адпачываць (працаваць) не любіць. Там усё спраграмавана, няма адчування ўнутранай свабоды. Найлепш працуецца і адпачываецца дома. Тут рабі, што і калі хочаш, тут усё пад рукою, тут сам сабе гаспадар.
З вышыні пражытых гадоў, з улікам пражытага і перажытага, пэўна магу сцвярджаць сёння, што вось гэтая кантрольна-цэнзурная служба — самае непрыемнае і абразлівае ў выдавецкай дзейнасці. Асабліва ў той форме — часта грубай, непаважлівай, — у якой гэта рабілася. Заўвагі ўсе практычна рабіліся ў катэгарычнай і часта абвінаваўчай форме. Атмасфера часу, патрабаванне моманту вызначалі падыход да ідэйнага зместу твора. А мастацкі ж твор пішацца не толькі для гэтага дня, але і дзён будучых. І часта для дзён будучых яшчэ ў большай ступені, што час пацвердзіў.
У 1986 годзе Пімена Панчанку ўгаварылі-прымусілі ў вершы пра мову замяніць радкі:
“Дык чаму адусюль
Нашу родную мову скасілі?”
і
“Беларускія школы закрылі,
А гэта ж духоўны наш хлеб.” -
радкамі:
“Дык няўжо наша мова
Сёння страціла даўнюю сілу?”
і
“Мала школ беларускіх
Бяднее духоўны наш хлеб”.
Яны і гэтыя быццам нядрэнныя. Але тут як бы проста канстатацыя. А там быў крык болю. І якраз сёння ён асабліва надзённы, патрэбны.
Такое здарылася не з адным творам і не аднаго аўтара.
З прыкладаў галаўлітаўскіх заўваг і паправак добра відаць: пераважная большасць з іх непасрэдна звязана з пытаннем нацыянальным. Прайшлі гады. І сёння відавочна, якія вынікі дасягнуты ў гэтым напрамку.
Сумна прызнавацца, але, па сутнасці, усе гады маёй выдавецкай працы я не займаўся навукова-літаратуразнаўчымі пытаннямі. Так, час ад часу нешта пісаў. Але ўсё гэта мела прыватны характар: рэцэнзіі, уступныя артыкулы, інтэрв’ю (выдавецкія). Не зрабіў нават годнага завяршэння таго, што было зроблена раней. Што маю на ўвазе? Манаграфія “Традыцыі і сучаснасць” сваім зместам, праблематыкай, аналітычнасцю, фактычным матэрыялам “цягнула” на доктарскую дысертацыю. Заставалася напісаць аўтарэферат. Пра гэта неаднойчы мне нагадваў Міхась Мушынскі, які ў той час працаваў сакратаром вучонага Савета па абароне дысертацый. Але, але... не атрымалася. З прычын чыста суб’ектыўных. Пазней не раз шкадаваў аб гэтым. І шкадую.
Ну, але гэта ўсё справы і справы. А за гэтымі ж справамі — рознага характару, рознага зместу, — у гэтых справах — людзі: творцы, выканаўцы. Увогуле ўся мая выдавецкая праца - гэта праца з людзьмі: з рэдактарамі, аўтарамі. Пісьменнікі — людзі амбітныя. Інакш яны, напэўна, не былі б і пісьменнікамі. Бо творчасць — гэта ж найперш выяўленне сябе, свайго бачання і разумення свету, чалавека. А гэтае бачанне і разуменне заўсёды ў значнай ступені эмацыянальна абвостранае, дзесьці і катэгарычнае. У адных гэтая эмацыянальная абвостранасць, уласцівая творчасці, адпаведна выяўляецца і ў чалавечых паводзінах. У другіх увесь унутраны эмацыянальны запас выліваецца пераважна ў не заўсёды адэкватных чалавечых паводзінах. Звычайна гэта людзі рознага ўзросту, рознай адукацыі, рознага грамадскага становішча. Яны бегаюць па кабінетах, спрачаюцца, крычаць, пішуць лісты ў вышэйшыя інстанцыі, часта ў ЦК. Даводзіцца разбірацца, пісаць адказы, тлумачыць. І ўсё роўна яны заўсёды незадаволеныя, пакрыўджаныя.
Дарэчы, комплексам недаацэнкі, недаверу былі надзелены і некаторыя пісьменнікі заслужаныя, таленавітыя. То ім здавалася, што іх доўга не ўключаюць у план, то доўга рэдактар працуе з рукапісам, то выдавецтва затрымліваецца з разлікам... Пастаянна турбуюць супрацоўнікаў, выдавецтва. Часам даходзіла да смешнага. Пісьменнік вядомы, выдаецца часта, займае нядрэнную пасаду. І раптам ён ходзіць у бухгалтэрыю, просіць, ледзь не клянчыць грошы, бо ў хаце няма ні капейкі, сям’я галодная. Супрацоўнікі пасміхаліся, жартавалі. Было трохі няёмка за такіх аўтараў. Але што зробіш. Такое жыццё, такі чалавек.
І ўсё ж пераважная большасць пісьменнікаў у творчых стасунках з выдавецтвам паводзіла сябе годна. І што цікава (а хутчэй заканамерна) — былі гэта творцы значнага таленту, сумленныя ў сваёй творчасці. Дасюль цёпла помняцца Ян Скрыган, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Анатоль Вярцінскі, Анатоль Кудравец, Генрых Далідовіч, Алесь Жук. Я назваў тут толькі тых, з кім даводзілася не раз сустракацца, гутарыць, тых, хто не раз заходзіў у галоўную рэдакцыю і з кім свабодна можна было пагаварыць, тых, хто, здавалася, мне давяраў і каму я верыў. Гэтыя гутаркі, такія размовы, няхай сабе і не працяглыя, надавалі ўпэўненасці, здымалі ўнутраную напружанасць, скаванасць.
Багатыя знаёмствы з творчымі людзьмі — самымі рознымі, рознага таленту, рознага характару — для мяне адназначна засведчылі, што чалавек у сваёй глыбіннай псіхічнай і духоўнай сутнасці застаецца тым самым і ў жыцці, і ў творчасці.
Той жа Янка Брыль — вялікі жыццялюб, які ўсёй душой успрымаў навакольны свет, усё да драбніц, захапляўся прыгажосцю людзей, жывой прыроды. Пра гэта пісаў усхвалявана, тонка, вельмі шчыра. Душа была адкрытая і шчодрая.
З хваляваннем, душэўным цяплом заўсёды бяру ў рукі кнігі з яго дарчымі надпісамі. Яны не шматслоўныя, стрыманыя, але сардэчныя. Такіх кніг у мяне шмат. Ганаруся тым, што мне пашчасціла да яго кнігі, што была выдадзена ў серыі “Беларускі кнігазбор”, напісаць прадмову. Па просьбе аўтара. З прыемнасцю, хваляваннем перачытваю віншавальную паштоўку, якую я атрымаў у дзень майго 60-годдзя.
“Дарагі Серафім Антонавіч. У гэтыя Вашы дні і мне прыемна думаецца пра Ваша разумнае, таленавітае, па-сапраўднаму заклапочанае слова пра родную літаратуру, і мне прыгадваюцца сустрэчы з Вамі, спакойна, дзелавіта і прыязна мудрым беларусам, разам з якімі лягчэй верыць, што дабро ўсё-такі пераможа, як ні цяжка, асабліва сёння, верыць у гэта і змагацца, паслядоўна працаваць.
Віншую Вас і жадаю ўсяго добрага!
10.ІІІ.93. Я. Брыль”
Разумеючы ўсю юбілейную абумоўленасць гэтых слоў, усё ж не магу не прызнацца, што яны ў сённяшнія нярэдкія ўжо пахмурныя дні жыццёвага шляху неяк унутрана мацуюць, дазваляюць трошкі весялей думаць пра пражытае і перажытае.
Дарчы Брылёў надпіс да апошняй прыжыццёвай кнігі “Парастак” (2006): “Дарагому Серафіму Антонавічу на добры ўспамін. 9. VIII. 06”. Подпіс. Такога ж зместу дарчы надпіс і ў папярэдняй невялікай кніжачцы “Блакітны зніч”: “Дарагому Серафіму Андраюку на светлы сяброўскі ўспамін. 20. ІІ. 04”. Дарэчы, і адна, і другая кніга выйшлі дзякуючы ўвазе Хрысціны Лялько і выдавецтву “Про Хрысто”. Дарчыя надпісы: на ўспамін — як прадчуванне хуткага адыходу. Сёння, гэта год 2015, прызнаюся, мае ўспаміны пра гэтага чалавека, пра гэтага пісьменніка светлыя, самыя добрыя.
Васіль Быкаў нешматслоўны, стрыманы, увесь паглыблены ў сябе. У яго няма пустых слоў, прыгожых апісанняў. Асноўнае для яго — выявіць, спасцігнуць экзістэнцыйны сэнс і змест падзеі, з’явы, чалавечай асобы. Перадаць гэта ў слове.
Ян Скрыган выключна вытрыманы ў абыходжанні, проста шляхетны. Ніколі не падумаеш, што чалавек гэты прайшоў высылкі, рэжымныя калоніі. Слова яго простае, але эмацыянальна прыгожае. Яму верыш. З прыемнасцю чытаю дарчы надпіс, зроблены ім да збору твораў у двух тамах:
“Серафіму Андраюку.
Прызнаюся, што мне вельмі прыемна падпісваць гэты двухтомнік.
Вельмі сардэчна.
3. ІІІ. 85 Ян Скрыган"
Або да кнігі “Некалькі хвілін чужога жыцця”: “Серафіму Андраюку.
Сардэчна і ўдзячна.
20. 05. 80 Ян Скрыган”
Па-свойму прыгожа, шчыра.
Аляксей Карпюк. Эмацыянальна-узбуджаны, які нібы заўсёды стрымліваў напор унутранай энергіі. Упарты, настойлівы. Праўдзівы, шчыры, душэўна адкрыты. Смелы.
Іван Пташнікаў. Можа, як ніхто, закрыты ў жыцці штодзённым. Стрыманы ў выяўленні сваіх думак, пачуццяў. Недаверлівы ва ўзаемаадносінах з таварышамі, сябрамі. Пра сябе не любіў гаварыць. І не гаварыў. Не выпадкова ж, мусіць, мы нідзе не знойдзем яго творчай, ды і проста чалавечай аўтабіяграфіі. Не раз ён паўтараў: мая біяграфія ў маёй творчасці. У гэтым пераконваешся, прачытаўшы яго “Ненапісаную аповесць”. Пасля неяк па-іншаму глядзіш і на астатнюю творчасць. Сапраўды, у яго творчасці ўсё яго жыццё. Больш за тое: увесь яго свет. І свет гэты паглынуў і яго самога. Адчуванне такое, што тут ён усё сказаў у творах, усё да драбніц. І пра што больш гаварыць?..
Янка Сіпакоў. Здаецца, што за часы нялёгкага дзяцінства (бацькі загінулі ад рук фашыстаў) у душы яго накапілася столькі шчырасці, сардэчнасці, што эмоцыі проста пульсавалі, білі цераз край. Гэта і ў творчасці, і ва ўзаемаадносінах з таварышамі, з сябрамі. Усё вельмі добра відаць, адчуваецца і ў яго аўтографах. Іх у мяне шмат.
Вось адзін з самых сардэчных у 1-м томе Выбраных твораў у двух тамах. Тут ёсць і мая прадмова.
“Дарагому Серафіму Антонавічу Андраюку — шчыра, з удзячнасцю, па-сяброўску. Як радасна, мой дружа, адчуваць і Тваю падтрымку, і Твой локаць, і Тваё такое дарагое для мяне слова. Дзякуй за падораную радасць, і няхай Табе самому будзе заўсёды радасна ў жыцці! Сардэчна — Твой —
Янка Сіпакоў
21 кастрычніка 85 г.”
Ён такі і ў жыцці, і ў творчасці — Янка Сіпакоў. Быў і застаўся. І ўпэўнены — не толькі для мяне.
Больш цесныя і чалавечыя, і творчыя ўзаемаадносіны ў мяне былі з тымі некаторымі пісьменнікамі, хто працаваў у выдавецтве. Тут найперш хацелася б назваць Рыгора Барадуліна, Барыса Сачанку, Уладзіміра Арлова, Яўгена Лецку, Міколу Мятліцкага, Леаніда Дранько-Майсюка.
Барыс Сачанка ў выдавецтве працаваў у 1986-1993 гадах. То былі гады, пазначаныя атмасферай духоўнага ўздыму, нацыянальнага адраджэння. Гады знаёмства з літаратурнымі скарбамі іншых народаў, вяртання літаратуры беларускай эміграцыі. То былі гады, якія так адпавядалі літаратурна-грамадзянскай пазіцыі Сачанкі, давалі магчымасць поўна раскрыцца, рэалізавацца яму як кніжніку. То быў яго час. Зроблена ім у літаратуры і для літаратуры вельмі многа. Якраз у гэтыя гады падрыхтаваў і выдаў кнігу паэзіі беларускай эміграцыі “Туга па радзіме” (1992). Рыхтуе і выдае першы ў новым часе зборнік паэзіі Ларысы Геніюш “Белы сон” (1990). Ён жа, Сачанка, падрыхтаваў зборнік прозы Масея Сяднёва, вядомага паэта і празаіка беларускай эміграцыі. Зноў жа, дзякуючы яму, Сачанку, была арганізавана сустрэча з гэтым пісьменнікам у выдавецтве. Істотна, што гэтыя кнігі пісаліся, ствараліся для выдавецтва. Тут выдаваліся. Моцна ўплывалі на агульную атмасферу ў выдавецтве. Увогуле Сачанка ў гэтыя гады выключна актыўна жыў і працаваў. Усё гэта адбывалася на маіх вачах. Па многіх пытаннях ён раіўся са мною, я — з ім. Не было такога дня, каб не заходзіў да мяне - пагаварыць, параіцца, падзяліцца навінамі. Ён, так бы мовіць, ведаў усё і пра ўсіх. Актыўнасцю, энергіяй быў перапоўнены. То быў перыяд у яго творчым жыцці — грамадска-публіцыстычны. Зроблена ім у гэтыя нядоўгія гады нашага адраджэння шмат — і як чалавекам, грамадзянінам, і як пісьменнікам. Усё гэта я добра бачыў, адчуваў, быў далучаны да гэтага.
І сёння мне прыемна чытаць дарчы надпіс Масея Сяднёва на кнізе “Туга па Радзіме”: “Серафіму Антонавічу Андраюку, нашаму цудоўнаму адраджэнцу сардэчна М. Сяднёў. 22. 10. 92”.
Пра тое, што выдавецтва і я, як адзін з яго кіраўнікоў, спрыялі справе нацыянальнага адраджэння, сведчаць дарчыя надпісы да кніг, аўтографы і маладзейшых аўтараў.
Уладзімір Арлоў. Кніга “Рандэву на манеўрах”, 1992: “Шаноўнаму Серафіму Антонавічу Андраюку з удзячнасцю. Жыве Беларусь”.
Кніга зноў жа яго “Рэквіем для бензапілы”, 1998: “Шаноўнаму Серафіму Антонавічу Андраюку зь цьвёрдай вераю ў тое, што рэквіему па нас яны не дачакаюцца”.
А вось дарчы надпіс да першай кнігі паэзіі “Кроў на сумётах” (1989) аднаго з самых ваяўнічых маладых адраджэнцаў таго часу Сержука Сокалава-Воюша: “Шаноўнаму Серафіму Антонавічу Андраюку зь верай у адраджэньне бацькаўшчыны. 21 траўня 1990 г.
Жыве Беларусь”.
Шкада, што сёння гэтае прозвішча знікла з літаратурнага небасхілу.
У тыя гады нельга было ўявіць выдавецтва без Рыгора Барадуліна. Працаваў ён у выдавецтве з 1979 і аж да 1997 года. Спачатку рэдактарам, потым загадчыкам рэдакцыі. Рэдактар ён быў выдатны. Паэтычны тэкст некаторых маладых (ды і старэйшых) аўтараў правіў імгненна. Часам думалася, што тут ён можа лічыцца сааўтарам. Ды пра гэта ён і сам часам гаварыў. Шанаваў аўтараў таленавітых. Некаторых, праўда, і таленавітых, па тых ці іншых прычынах (найчасцей звязаных з іх грамадскімі і чыста чалавечымі паводзінамі), не прымаў зусім. Многім (у тым ліку і мне) гаварыў пра іх адкрыта. Якіхсьці стасункаў, размоў з імі пазбягаў. У вочы нікому нічога дрэннага не гаварыў. Людзей бачыў наскрозь. Усе іхнія і станоўчыя, і адмоўныя якасьці. Фальш улаўліваў адразу. Здзіўляе ягоная працавітасць, актыўнасць, пастаянна некуды ідзе, увесь час недзе выступае, з некім сустракаецца. І піша... Шмат піша.
Згадваецца, што ў першыя год-два пачатку 90-х гадоў творчасць яго, як тады мне падавалася, прыкметна змянілася. Паменшала іскрыстай жартаўлівасці, з’едлівай іранічнасці, досціпу і віртуознасці ў слове. Паэзія (не проста асобныя вершы) стала глыбінна-сумная, разумна-сур’ёзная. Уражанне было: паэт хоча сказаць па-сапраўднаму шчырае, глыбокае, сардэчнае слова пра сваё самае роднае, блізкае. Ад чытання ахоплівалі трывога, занепакоенасць. Неяк у размове я папытаў пра гэта. У адказ: дрэнна адчуваю. Сказана было шчыра.
Не захапляцца яго таленавітасцю, адчуваннем слова было нельга. Працаўнік ён быў вышэйшага класа. Мае адносіны былі самыя паважлівыя, шчырыя. Яго адносіны да мяне, так лічу я сёння і так здавалася тады, даволі па-чалавечы нармальныя. Такімі яны бачацца ў яго аўтографах. Яны арыгінальныя, далёкія ад якойсьці стандартнасці.
Зборнік “Амплітуда смеласці”: “Шаноўнапаважаны Серафім Антонавіч! Прыміце ад мяне гэтую кніжачку з даўнімі непахіснымі пачуццямі прыязні і павагі!.
Ваш Рыгор Барадулін. Мінск, 83”.
Кніга “Выбраных старонак лірыкі” “Трэба дома бываць часцей...”: “Дарагі Серафім Антонавіч! Працуючы ў Вас, зразумеў я выраз быць у Бога за пазухай.
Дзякуй Вам за ўсё!
Ваш Рыгор. Менск, 93.
І вось такое віншаванне атрымаў я 12.V.94 года:
"Вяльможнаму спадару Серафіму А. Андраюку
Ён зь людзей,
Якіх сьвянціла праца,
Ён з краёў вяльможных,
А ня з лужыны.
Працаўнік,
Дапытнік
І дарадца Андраюк
Заслужана заслужаны!
З удзячнасцю — Рыгор Барадулін".
Увогуле ў аўтографах выяўляліся і сам іх аўтар і яго адносіны да таго, каму аўтограф гэты быў адрасаваны. З часоў працы маёй у выдавецтве захаваліся сотні кніг з дарчымі надпісамі іх аўтараў. Яны (надпісы гэтыя) рознага характару, рознага зместу. Пераважную большасць чытаю з пачуццём удзячнасці за давер, за шчырасць.
Ну, вось хаця б гэты аўтограф Станіслава Шушкевіча да зборніка вершаў "Дарога ў залатую восень", выдадзены у серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі": "31 мая 1983. Дарагі Серафім Антонавіч! Няхай гэта маленькая жменька вершаў нагадае Вам аўтара, які прайшоў нямала дарог, але збярог у памяці і сэрцы сваю Радзіму. З павагай Станіслаў Шушкевіч".
Або гэты Алега Лойкі да кнігі "Янка Купала", выдадзенай у Маскве ў серыі ЖЗЛ: "Дарагому Серафіму Андраюку з сімпатыяй і братняй павагай, бо з гнязда мы з ім аднаго - з гнязда новага гісторыка - дарагога ўсім нам Юльяна Сяргеевіча. Шчыра Алег Лойка. 2 сакавіка 1983. Мінск".
Увогуле кнігі з дарчымі надпісамі - гэта пра мінулыя гады, дзесяцігоддзі, памяць, успамін. Возьмеш у рукі такую. Глянеш на тытульную старонку, прачытаеш напісанае - і думкі паплывуць у тыя ўжо замглёныя часам далёкія гады. Згадаецца пісьменнік, чалавек, нярэдка пэўныя гісторыі, звязаныя з кнігай. А гэтыя, такія кнігі, ой, як патрэбны мне на завяршальных вёрстах жыццёвай дарогі. Яны суцяшаюць: штосьці ж рабілася і нядрэннае для іншых, для справы кніжна-літаратурнай. Становіцца на свеце святлей.
Праца, праца, праца. Пішаш пра гэта, чытаеш, згадваеш, перажываеш. І здзіўляешся з самога сябе: што, у жыцці больш нічога не было? Але, мусіць, гэтая праца, такая праца, шмат патрабуе ад чалавека, шмат забірае і - адначасова - пакідае. Думаецца, пастаянныя кантакты з іншымі людзьмі на ўзроўні разумова-эмацыянальным пакідалі свой след, свой адбітак і ў памяці, і ў светаразуменні. Гэта засталося.
Але, але было ж і жыццё сямейнае, працоўнае, фізічнае, побытавае. Яно ішло сваім шляхам. Не заўсёды ад цябе залежным. Часта зусім не залежным ад тваёй працоўнай ці то грамадскай дзейнасці. Раслі, гадаваліся дзеці. Вучыліся ўвогуле нядрэнна. Ва ўсякім разе праблем для бацькоў ніякіх не стваралі. Пазней атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая Света закончыла факультэт архітэктуры ў Палітэхнічным інстытуце. Малодшая Алеся абрала сабе прафесію мадэльера: закончыла Тэатральна-мастацкі інстытут. Праз пэўны час павыходзілі замуж. Тут усё склалася добра. Праз пэўны час бацькам (адразу ж і дзядам) падарылі ўнукаў: Света - Івана, Алеся - Алёшу і Ваню. Якая гэта радасць для дзядоў. Унукі клопатаў і турботаў больш усё ж патрабуюць ад бацькоў, а не ад дзядоў. Зразумела, мы ніколі не адмаўлялі дзецям, калі ўзнікала якаясь патрэба паняньчыць, паглядзець унукаў.
Калі не было яшчэ кватэры, часта ездзілі ў свае Бербашы на Міршчыне. Звычайна то было летам. І нягледзячы на цеснату, скучанасць у хаце, усе гэтыя дні, праведзеныя ў вёсцы, пакідалі ў душы адчуванне святла, прастору, якойсьці душэўнай расслабленасці, лёгкасці. Незабыўныя былі паходы па ягады: спачатку - суніцы, маліны; пазней - чарніцы. А якой радасцю былі паходы па грыбы, гэта ўжо познім летам, восенню. Зразумела, што найперш гэта баравічкі, было нямала і краснагаловікаў. Самыя раннія - лісічкі. Якая гэта смаката - смажаныя з цыбулькай лісічкі. Ды яшчэ з маладой бульбачкай. Да самай позняй восенні шукалі зялёнкі. Гэтыя грыбочкі заставаліся на зіму. Увогуле, прыезд у вёску не быў пустым: запасаліся на зіму варэннем, грыбамі. Трошкі памагалі і бацькам.
Зімою нярэдка прыязджалі бацькі - пагасцяваць трохі. Заязджалі браты. Усё было як трэба. Як і павінна быць.
Дзесьці ў пачатку 80-х пісьменніцкай арганізацыі быў выдзелены добры кавалак зямлі ў раёне вёскі Малая Валоўшчына Мінскага раёна. Побач з ранейшым пісьменніцкім дачным пасёлкам (слова "лецішча" у той час я не помню, хаця само па сабе слова прыгожае). То ўжо было "Узор’е-2". Падумаўшы, параіўшыся ў сям’і, падаў і я заяву на участак зямлі. Заяў было шмат. І праўленне Саюза пісьменнікаў вырашыла задаволіць просьбы ўсіх, але выдзеліць зямельныя участкі меншыя - усяго па 4 соткі. Дазвалялася па 6.
Участак зямлі даводзілася разы тры мяняць. Былі свабодныя ці нехта адмаўляўся. На трэцім спыніліся - углавы, блізка каля лесу. Суседзямі былі Анатоль Вялюгін і Іван Пташнікаў. Суседзі добрыя. За ўвесь час нашага там пражывання ніякіх прэтэнзій ні ў нас да іх, ні ў іх да нас не помніцца.
Пачалося асваенне ўчасткаў, будаўніцтва. Праца па асваенні зямлі была цяжкая. Зямля ўся здзірванелая, шмат камення. Настойліва, мэтанакіравана давялося капаць, выбіраць каменне, вытрасаць пырнік. Стамляліся, бывала, страшэнна, але ж была ўнутраная радасць, задавальненне зробленым. Вынікі былі перад табою - рэальныя, адчувальныя. Усё рабілася, здаецца, не горш, чым у іншых, чым у суседзяў. З цягам часу з’явіліся градкі, пасаджаны былі дрэўцы, кветкі. Як сёння згадваецца, усе працавалі апантана, як бы з нейкім уздымам. Уяўлялася, што гэта абудзілася, вышла на волю іх адвечнае сялянскае - любоў да зямлі. Такое было амаль ва ўсіх. Неяк нечакана заўважылася, як акуратна рабіў усё на сваім участку сусед Іван Пташнікаў. Ён ледзь не "пад вяровачку" рабіў свае градкі. Нават жонка жартавала. А яму хацелася, каб ў яго ўсё было як найлепш. Гэта выразна бачылася. Увогуле, здавалася, што ва ўсіх было гэтае жаданне - рабіць найлепш.
Нярэдка можна было бачыць, як за нашымі ўчасткамі, дзе было запушчанае поле і дзе пасвілі кароў з суседняй вёскі, дзесьці пасля снядання некаторыя "новыя гаспадары" хадзілі з вёдрамі і збіралі каравякі. Занятак гэты быў настолькі распаўсюджаны, што нават вершы пра гэта з’явіліся:
Отливают росы серебром,
За кустами вскрикивают чибисы
Я иду с пластмассовым ведром
И стальной лопаткою на выпасы.
Я в работе лишь заря взойдёт -
Мне ли уповать на помощь Сороса!
Подбираю и парной помёт,
И уже прошитый острой порослью.
У дубов угрюмых на виду,
Принуждённый воровской эпохою,
Я ищу усердно, а найду - Низко наклоняюсь над лепёхою.
Как и в детстве, брать коровяки Мне с руки и на пороге старости Возле валунов, где родники,
Вдоль просёлка, у лозовой заросли.
Гэта радкі з верша Б. Спрынчана "На выпасах". Радкі і верш цалкам цытаваў у сваім заключэнні (адмоўным) на машынапіс кнігі вершаў Б. Спрынчана "На полях бытия" загадчык рэдакцыі Л. Дранько-Майсюк. Зразумела, тэкст гэты ўспрымаецца як самапародыя. Аднак жа ў аснове - жыццё рэальнае.
Прайшлі гады - і ўсё ў гэтым кутку Малой Валоўшчыны змянілася непазнавальна. Змянілася і на ўсёй дачнай дзялянцы, і на кожным участку. З’явіліся невялікія хлеўчыкі, дамы. У асобных дачнікаў немалыя, прыгожыя. Вызначыліся вуліцы. Мы на сваёй дзялянцы таксама працавалі заўзята. Зрабілі грады, пасадзілі дрэвы — яблыні, слівы, кусты парэчкі, маліны. Жонка захапілася кветкамі. Праз пару гадоў пабудавалі дом, маленькі хлеўчык. Дапамаглі сябры. Частку грошай пазычыў Сачанка Барыс, частку - Сіпакоў Янка. Узяў крэдыт невялікі ў банку. Разлічвацца давялося даўгавата. Вясна, лета, восень... То быў дачны перыяд. У пятніцу ехалі на сваё "Узор’е", у нядзелю вярталіся. У пераважнай большасці то былі дні і адпачынку і працы.
Працаваць даводзілася ўвогуле нямала. Але працавалася з ахвотай. Бо то была праца, ад якой заўсёды быў вынік. Больш ці менш хутка. А якія смачныя былі гурочкі, памідоры, цыбулька са сваёй градкі! А які пах і смак мелі ягады, якія ты сам вырошчваў, даглядаў, сам збіраў. Здавалася б, усё ж гэта было ў дзяцінстве ў маіх Грэдэлях, Бербашах. Так, было. Але ж не зусім тое. Тут гэтай гародніне, гэтым ягадам, пазней садавіне аддавалася цяпло, пяшчота душы тваёй, твайго сэрца. І яно, аплодненае сокамі зямлі і неба, узбагачанае імі, набывала асаблівую жыццёвую энергію і асаблівы той смак. Як сёння ўяўляецца, там, на дачы, праходзілі ў тыя часы самыя, напэўна, светлыя ў маім жыцці часіны. Зусім зблізку шумеў лес, ласкава свяціла сонца, неба сіняе і глыбокае. Нават больш глыбокае, чым тое ўяўлялася ў светлыя гады дзяцінства.
З суседзямі былі па-сапраўднаму добрыя суседскія адносіны. У жанчын таксама было нямала агульных інтарэсаў, гаспадарчых клопатаў. З Іванам Пташнікавым пастаянна абменьваліся рознага зместу навінамі, найперш з жыцця пісьменніцкага. Дзіўная рэч: здавалася, ён не надта з кім сутракаўся, мала хто з пісьменнікаў-дачнікаў прыходзіў да яго, сам не надта да каго хадзіў, а ведаў усяго надта многа. Дасведчаны быў ў літаратурным жыцці, ва ўзаемаадносінах прыватных у пісьменніцкім асяроддзі. Але гэта ні ў малой ступені не мела характару якогасьці абгавору ці то плётак. Пра творчасць сваю не любіў расказваць. Ды і не расказваў. Пра жыццё сваё таксама. Праўда, часам, як бы забыўшыся, мог ён сказаць штосьці са свайго мінулага жыцця, ці то жыцця бацькоў сваіх, роднай вёскі.
Я тады якраз пісаў крытычны нарыс (планаваная інстытуцкая праца) пра творчасць Івана Пташнікава. І вось гэтыя пастаянныя гутаркі ўсё больш пераконвалі мяне ў тым, у якой ступені (самай высокай) творчасць яго грунтуецца на жыццёвым вопыце яго жыцця, жыцця родных і блізкіх, яго роднага краю. У той працы, якая тады сталася кнігай "Чалавек на зямлі", аналізуючы раман "Мсціжы", яго выключную праўдзівасць у апісаннях прыроды і ў раскрыцці ўнутранага свету яго герояў, я прыводзіў два прыклады рэальнага жыцця, увасобленыя ў творы.
У рамане "Мсціжы" ёсць сцэна выключнай праўдзівасці і эмацыянальнай пранізлівасці. Гэта, дзе апісваецца, як Вялічка, галоўны герой рамана, вязе ў кузаве машыны з гарадской бальніцы памерлую жонку. Адбілася ў творчасці асабістае. Памерла ў Пташнікава маці. Яму давялося везці яе з гарадской бальніцы ў вёску. Усё перажытае тады, набалелае, перадуманае засталося ў сэрцы і памяці.
І яшчэ Пташнікаў расказваў, як у яго нарадзілася карціна ветру ва ўступе да гэтага ж рамана, якая вызначае агульны эмацыянальны лад твора і так адпавядае душэўнаму стану Вялічкі. А ўсё вельмі проста. Неяк позняй восенню пайшоў ён сустракаць сына са школы. Хлопчык затрымліваўся. Давялося чакаць. Была позняя восень. Усчаўся страшэнны вецер. Зрываў і нёс апошняе лісце. Вырываўся з вуліцы, з-за дамоў; аж свістаў і выў у агароджы. Была ў гэтым якаясьці непадуладная чалавеку сіла. З’явілася адчуванне як бы сваёй нязначнасці, бездапаможнасці. Гэта ўвасобілася ў творы.
Пра ўсё гэта я пісаў у сваёй кнізе. Пройдуць гады, з’явяцца пазнейшыя творы пісьменніка, у прыватнасці, "Ненапісаная аповесць". І стане яшчэ больш зразумела, у якой, самай высокай, ступені ўся творчасць сваёй падзейнай асновай, выразамі, апісаннямі побыту, пейзажнымі карцінамі непасрэдна звязана з яго біяграфіяй, біяграфіяй яго сям’і, лёсам яго вёскі. Не кажучы ўжо пра эмацыянальны лад, духоўнае напаўненне.
І вось добрыя, таварыскія, хутчэй сяброўскія ўзаемаадносіны, нагода бачыць яго ў жыцці бытавым, сямейным і добрае знаёмства з яго творчасцю прывялі мяне да цвёрдай высновы: які чалавек - такі пісьменнік. Ідэйны змест яго твораў, іх духоўная аснова, эмацыянальнае напаўненне, сюжэтна-кампазіцыйнае канструяванне - усё гэта ў першую чаргу, галоўным чынам, ён, пісьменнік, асоба. Жыццёвы матэрыял, героі, нават гістарычна рэальныя - гэта яго героі, ім убачаныя і пераствораныя, хутчэй створаныя. І чым паўней, глыбей асоба аўтара выяўлена ў творы, тым больш значны твор у плане эстэтычным.
У гэтым мяне глыбока пераконвае і творчасць такіх пісьменнікаў, як Іван Мележ, Янка Брыль, Ян Скрыган, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Рыгор Барадулін, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Анатоль Кудравец, Кастусь Цвірка. Іх творчасць я ведаў - ведаў, як яна развівалася; з некаторымі з іх сябраваў, таварышаваў, разам працаваў, з іншымі быў блізка знаёмы, не раз меў шчырыя, даверлівыя гутаркі, з цікавасцю назіраў за імі.
Другі наш памежны сусед на лецішчы быў Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін, выдатны паэт, сцэнарыст, адмысловы паэтычны рэдактар. Знаў сабе цану, трымаўся з годнасцю, але чалавек душэўны, адкрыты. Адносіны ў нас склаліся па-суседску шчырыя, добрыя. Здаралася, што нават часам чарку бралі. Гаварылі пра літаратуру, літаратурныя справы. Станоўча гаварыў пра Міколу Лупсякова, яго прозу: у яго фраза пісьменніка (для мяне яго думка было цікавая, бо тады я якраз пісаў пра Лупсякова). Расказвае Вялюгін: неяк той пытае ў яго, хто раней за ўсіх устае ўлетку. Вялюгін, зразумела ж, адказаў: жаваранак. Той: не, павук; да таго як пачынаюць прачынацца іншыя, ён ужо павуціну заснуе. Вялюгін выключна высокай думкі пра талент А. Куляшова, пра яго пісьменніцкую незалежную пазіцыю. Пра Кузьму Чорнага: прыкідваўся то мужычком, то местачкоўцам, але ўзроўнем інтэлекту, таленту пераўзыходзіў многіх іншых. Лічыў яго моцным раманістам. Апавяданні, меркаваў, слабыя. Захапляўся прынцыповасцю, мужнасцю Янкі Брыля. Увогуле яго ацэнкі літаратурных з’яў, фактаў, саміх пісьменнікаў былі арыгінальныя, свежыя.
Яго шанавалі, цанілі маладзейшыя за яго паэты. Пастаянна да яго хтосьці прыходзіў. Ды не проста так, а са сваімі творамі. Ён сапраўдны, паэтычны настаўнік. Частымі гасцямі ў яго былі Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі.
Адносіны не толькі ў мяне да яго як суседа былі добрыя, па-людску, але ён цёпла адносіўся і да мяне, і да маёй сям’і як суседзяў. Сведчаннем таму можа быць паштоўка з выявай вясновай Белавежы (там ён адпачываў), якую даслаў у дзень майго шасцідзесяцігоддзя:
"Дарагі Серафім Антонавіч!
Віншую са слаўным выхадам на рубеж сталасці.
60 - гэта станцыя без перапынку.
А наперадзе - здабыткі, здабыткі і паўсёдныя радасці,
Як вось гэта вясна ў Белавежы.
Шчасця Сыну Вясны!
Абдымаю, Анатоль Вялюгін.
5.03.1993 г."
Адначасова была невялічкая паштовачка з віншаваннем маім жанчынам: "Шчасця і любові Вам, Тамара Пятроўна і слаўныя дочкі Сына Вясны - Святлана і Алеся. А. Вялюгін".
Добрыя суседзі - добрыя, шчырыя ўзаемаадносіны. І сёння ўзгадваюцца гады жыцця на лецішчы як нейкі асаблівы перыяд, пласт жыцця. Светлы, сонечны, з удыханнем на поўныя грудзі заўсёды свежага паветра, заўсёды насычанага здаровым лясным водарам. У памяці праца ў выдавецтве і жыццё на лецішчы засталіся як бы кожнае само па сабе.
Але жыццё наогул, жыццё кожнага з нас ідзе сваім шляхам, непадуладным чалавечай волі, непрадказальным і невытлумачальным.
Захварэла, у хуткім часе памерла жонка Івана Пташнікава. Гэта моцна яго падкасіла. Захварэў, выразалі нырку. На лецішча амаль не прыязджаў. Дзеці зрэдку наведваліся. Потым зноў хвароба - інсульт. Зусім на вуліцу не выходзіць - дзеці лецішча прадалі маладой сям’і іх суседзяў. З імі ніякіх кантактаў: "Добры дзень" - "Здрасце".
Восенню 1994 года памёр Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін. Праз нейкі час і жонка яго. Прайшоў час і на іх лецішчы з’явіліся новыя гаспадары. Яны неяк адразу адгарадзіліся двухмятровай вышыні шыферным плотам. Таму ніякіх кантактаў асаблівых не было. Так, віталіся.
Трохі пазней даведаліся, што суседам нашым стаў вядомы артыст балета Юрый Траян.
Ды і мы самі пачалі прыязджаць сюды ўсё радзей і радзей. З’явіліся хваробы, працаваць асабліва нельга было. Прапаў імпэт, знікла цікавасць. Усё стала нейкім абыякавым. Дагляду не стала ніякага. Думаў нават прадаць. Але дочкі сказалі, што яны будуць ездзіць. Праўда, да гэтага часу (2015 год) пакуль нічога не відаць... Увогуле ж усе гады, звязаныя з лецішчам, згадваюцца светла, сонечна. Вакол шмат кветак, асабліва ружаў. Адчуваецца прастора, глыбіня нябёсаў, спакойны шум блізкага хвойнага лесу. Дыхаецца свабодна.
Напэўна, у кожным чалавечым жыцці сувязі, узаемадачыненні з бацькамі, братамі, сёстрамі, увогуле з роднымі, сваякамі адыгрываюць важную ролю. Ва ўсіх адносінах: у развіцці фізічным, духоўным, эмацыянальным. Духоўнае сталенне, душэўнае самапачуванне дзіцяці найперш абумоўлена ўмовамі сямейнага бытавання. Нармальнае пасталенне і сталенне ў гады юнацтва і ранняй маладосці зноў жа найбольш натуральна адбываецца ў сем’ях дружных, моцных, працавітых.
Я ўжо згадваў: сям’я ў нас, у маіх бацькоў, была вялікая. Пяцёра дзяцей - хлопцаў. Лёс склаўся па-рознаму. Самы меншы Пеця памёр у часы нямецкай акупацыі. Яшчэ ў Польшы - у Грэдэлях. Запаленне лёгкіх. Старэйшы Коля загінуў ад маланкі. Пас каровы. Навальніцы ў першыя пасляваенныя гады былі страшныя. Я іх баяўся вельмі. Брат сярэдні Грыша, на год маладзейшы за мяне, вырас у Бербашах. Тут жаніўся. Працаваў шафёрам. Часта заязджаў да нас у Мінск. У бацькоў быў галоўны памочнік. Відаць, самы любімы сынок. Пабудаваў дом, побач з халупай бацькоў. Нарадзіліся два сыны - Юрый і Андрэй. Сёння якраз яны, мае пляменнікі, з дзядзем Сімам падтрымліваюць сувязі - наведваюць, тэлефануюць. Іх бацька пакінуў іх рана. Памёр неяк нечакана, ды і неяк недарэчна ці што. Ехаў на машыне, вёз збожжа. Дзесьці за кіламетры два ад вёскі спыніўся. Пайшоў па патрэбе ў лес. Праз пэўны час жанчыны, якія ехалі з ім, занепакоіліся. Пайшлі шукаць. Ён быў мёртвы. Сувязь з Бербашамі, з маёй другой малой радзімай, аслабела. Хаця прыязджалі да нас і старэйшы брат, і бацькі. Бацькі часцей прыязджалі зімою: летам трэба было штосьці па гаспадарцы рабіць. Але час ішоў, проста імчаў. Незаўважна бацькі пастарэлі. Бацька неяк у апошнія свае гады махнуў на ўсё рукою. Аслабеў, больш ляжаў. Цікавасць да ўсяго, што навокал дзеецца, знікла. Час ад часу прасіў у маці, каб схадзіла ў суседнюю вёску ў магазін купіла пляшку віна. Маці, хоць і сама ўжо старая была, хоць увесь час сварылася з бацькам за гэтую выпіўку, збіралася і ішла. Купляла гэтае віно. Што зробіш - хворы. Шкода. Памёр бацька ў 1982 годзе, не дажыўшы да 80 гадоў аднаго года. Маці, пасля смерці бацькі, усё больш пачала слабець, губляць цікавасць да сваёй гаспадаркі. Нейкі час жыла ў сваіх Бербашах. Пачалі чапляцца розныя хваробы. Прыязджала да нас у Мінск. Праз нейкі час пагадзілася пераехаць да нас назусім. Жылося маці ў нас, як разумею сёння, не зусім хораша. То быў не той свет, у якім праляцелі яе немалыя папярэднія гады. У кватэры быццам усё нармальна: быў выдзелены асобны невялікі пакойчык. Якраз перад гэтым я атрымаў ад Саюза пісьменнікаў чатырохпакаёвую кватэру. Тут мне пашанцавала: былі то ці не апошнія кватэры, якія выдзяляў Саюз пісьменнікаў. Далей для творцаў слова наступяць іншыя, далёка не лепшыя часы. Сёння, як паглядзіш, ніхто не клапоціцца пра самога пісьменніка, а не толькі пра яго родных.
Праўда, як вядома, шчасце чалавека не вымяраецца пакойчыкам. Маці не адчувала вясковага прастору, далучанасці да навакольнай прыроды. Ні жадання, ні магчымасці штосьці рабіць не было. Адна ў хаце. Здароўе горшала і горшала. Праз нейкі час не магла ўжо хадзіць. Здарылася так, што памірала маці, калі дома быў я адзін. Божа! Дай ёй супакаенне на тым свеце. Памерла ў 1998 годзе, памерла на дзевяностым годзе жыцця. Пахавалі ў Бербашах. Магіла побач з магілаю бацькі. Радзімай усё ж лічылі, асабліва маці, Бельшчыну. Адбылося гэта - смерць і пахаванне маці - ужо ў паслявыдавецкія гады майго жыцця.
Вяртаючыся да папярэдніх гадоў жыцця, гадоў, звязаных з выдавецкай працай, хочацца колькі слоў сказаць і пра тое, як праходзіў час у дні адпачынкаў, якія ўзаемадачыненні панавалі ў пісьменніцкім асяроддзі, якая атмасфера была там. Знаходзячыся ў рамках Саюза, пісьменнікі Беларусі маглі адпачываць у санаторыях, дамах адпачынку творчага тыпу і за межамі рэспублікі. Чытаючы мемуары, дзённікавыя запісы, лісты літаратараў, чыё творчае жыццё праходзіла яшчэ ў ранейшыя гады, яшчэ тыя - савецкія, нельга не здзіўляцца, якія сацыяльна-бытавыя ўмовы для творчасці і адпачынку былі ў іх. Пісьменнік меў права і магчымасць адпачываць у дамах творчасці Крыма, Прыбалтыкі, Падмаскоўя, у сваіх беларускіх. Там панавала атмасфера шчырасці, творчага ўзаемаразумення, творчага ўздыму. Колькі выдатных твораў было напісана ў тых спрыяльных для душы ўмовах, колькі творчых задум выспелена і рэалізавана. Чытаеш асабістыя сведчанні творцаў пра іх творчыя светлыя часіны, пра тыя мясціны, дзе жыццё і творчасць мелі змест і сэнс, - і па-добраму зайздросціш, смуткуеш і шкадуеш. Ды ці толькі дамы творчасці, санаторыі, дамы адпачынку. Саюз пісьменнікаў меў сваю паліклініку. А Дом літаратара? Дзе ўсё гэта? Што там? Хто ведае... А Дом жа літаратара - гэта ж быў адзін з цэнтраў нацыянальнай культуры, нацыянальнага духоўнага жыцця. Там жа была багатая бібліятэка нацыянальнай літаратуры. Дзе яна? Няма такой сёння. А гэта ж было ў часы, калі мы яшчэ не мелі сваёй дзяржавы. Сёння мы яе маем, беларускую. На жаль, у сённяшняй нашай Рэспубліцы Беларусь менш той беларускасці, чым у той рэспубліцы, якая была ў складзе вялікай дзяржавы СССР. А ўвагі сёння да духоўнага развіцця нацыі, да развіцця беларускай культуры вельмі і вельмі мала. Такое адчуванне. Пэўнай палітычна-ідэалагічнай праграмы такога зместу няма. Пра яе не чуваць. І тут пануе рынак. Па сутнасці, той жа Дом літаратара стаў рынкавым аб’ектам. А былі ж часы, калі там пастаянна наладжваліся творчыя вечарыны, гучала мастацкае слова, гуртавалася пісьменніцкая грамада. Праходзіла тут нямала і пісьменніцкіх пленумаў, семінараў, сходаў, сустрэч. Арганізоўвалася, мацавалася пісьменніцкая грамада, якая ядналася інтарэсамі і клопатамі агульнымі для народа і дзяржавы. І гэта - не інтарэсы, клопаты прыватныя, нярэдка групавыя: яны таксама былі. То быў саюз менавіта беларускіх пісьменнікаў - па духу, па зместу і характару творчасці, па мове. Для нацыі, якая няўпэўнена ішла па шляху свайго ідэнтыфікавання, гэта было так неабходна. І сёння працэс гэты працягваецца, але носьбітамі, творцамі яго з’яўляюцца асобныя пісьменнікі. Найбольш маладыя. І яны ў сваім нацыянальным самаўсведамленні, самасцвярджэнні больш ідуць не ад жывой, зямной, народнай асновы, а ад высноў разумовых, сканструяваных, ажыццяўляемых лагічна. Але добра, што хоць так. Можа гэта і дасць належны вынік. Увогуле ж кожнаму часу сваё і час творыць сябе. Гэты і агульны, і асобны для кожнага народа.
Згадваючы сёння, сямнаццаць з паловай гадоў пасля, выдавецкі перыяд жыцця майго, не магу не звярнуць увагу і вось на які момант. Якраз у тыя гады, пазнейшыя ў гэты жыццёвы перыяд, я пачаў па-сапраўднаму адпачываць. У дамах творчасці, дамах адпачынку, санаторыі ў Юрмале. З жонкай, з дзецьмі, з унукамі. Адчуў, зразумеў, што такое сапраўдны адпачынак. Асабліва помняцца адпачынкі ў доме творчасці на Іслачы і ў Юрмале. Дом творчасці на Іслачы сваёй творчай атмасферай, насычанасцю беларускім духам, што так адпавядала сапраўднай, беларускай прыродзе. Тут лёгка дыхалася, дзесьці далёка адыходзілі і ўсе штодзённыя выдавецкія клопаты і турботы. Тут былі, як кажуць, усе свае людзі: пісьменнікі, таксама тыя, хто так ці інакш быў звязаны з літаратурай. Іх сем’і. Сустрэчы, гутаркі, размовы. Усё схіляла да шчырасці, даверлівасці. Свет уяўляўся больш прыгожым, гарманічным, людзі - добрымі. Станавілася зразумела, чаму многія пісьменнікі асабліва любілі працаваць у дамах творчасці.
Дзесьці ўжо ў апошнія гады выдавецкай працы давялося некалькі разоў адпачываць у санаторыі ў Юрмале. Ужо ўнукі былі. Адпачывалі з імі, з дзецьмі. Здзейснілася мая дзіцячая мара - я пабачыў, адчуў і пачуў мора. У параўнанні з нашым, беларускім, там усё іншае: сацыяльныя абставіны, прырода, само паветра, мора. І разам з тым неяк усё блізкае душы, роднае. Тут адчувальна набіраўся і сілы, і здароўя. Чароўная казка-мара дзяцінства тут стала явай. У ціхія, спакойныя сонечныя дні можна было доўга сядзець і глядзець, глядзець у бясконцую водную роўнядзь, слухаць закалыхваючае паплёскванне хваляў. Гэта ніколі і ніколькі не надакучала, не стамляла. Здавалася, мора тоіць у сабе якісьці невядомы дух пастаяннага фізічнага і псіхічнага абнаўлення.
Штосьці пагрозліва-таямнічае і чароўнае вылучала мора ў часы нячастых непагодлівых дзён. Ужо здалёк чуўся яго трывожны, унутраны пагрозлівы шум. Шум гэты, здавалася, быў бясконцы. Пры набліжэнні да берага ён узмацняўся, станавіўся больш злавесны, магутны. Хвалі вышынёй у некалькі метраў, са злосцю рашуча білі ў бераг, пляжную паласу зямлі і, нібы пабуркваючы, паціху адступалі назад. І так аднастайна, здавалася, бясконца. Адчуваўся няспынны рух часу, рух жыцця. Ён захопліваў цябе, як бы пераносіў у іншы свет. Рэальныя жыццёвыя клопаты і турботы станавіліся зусім нязначнымі, дробнымі. Праўда, на жаль, толькі на нейкі час. Жыццё рэальнае, штодзённае ад сябе не адпускала. Але тваё існаванне, бытаванне ў гэтым свеце станавілася больш спакойным, узважаным, больш светлым і прывабным.
Гады маёй выдавецкай працы адметныя для мяне значным пашырэннем разумення неабходнасці і значнасці прафесійнага, майго прафесійнага (у дадзеным выпадку выдавецкага) занятку, узбагачэннем ведання свету і людзей, пэўнымі зменамі ў светабачанні і светаразуменні. Выявілася, што веданне кніг - справа не толькі вузка мясцовага, нацыянальнага (хаця гэта ўсё ж галоўнае) прызначэння. Кніга ішла ў свет, яна несла вестку, веды пра наш край, народ наш іншым людзям, іншым краінам. Кожныя два гады працаваў Маскоўскі міжнародны кніжны кірмаш. Не адзін раз мне даводзілася быць адказным за наша выдавецтва. Падрыхтоўка да ярмаркі заўсёды вельмі адказная. Кірмаш быў і выставай. Кнігі для выставы адбіраліся самыя значныя, цікавыя ў мастацкім афармленні. Асобна разглядаліся, адбіраліся кнігі, прызначаныя для выдання за мяжой. Наша выдавецтва, здаецца, заўсёды займала першае месца па колькасці падпісаных кантрактаў на продаж нашых кніг. І тут абсалютна выключалася якоесьці сяброўства, прыяцельскія адносіны. Галоўнае - значнасць кнігі (твора) ў нацыя- нальнай ліатаратуры. Зразумела ж, падпісвалі мы пагадненні на выданне кніг замежных аўтараў на беларускай мове. То найчасцей былі пісьменнікі іншых рэспублік СССР, а таксама краін сацыялістычных.
Помніцца, у розныя гады падавалі заяўкі на выданне ў сваім перакладзе замежных пісьменнікаў вядомыя нашыя аўтары: Міхась Стральцоў - эстонскага празаіка Юрыя Тууліка, Алесь Разанаў - літоўскага паэта Эдуардаса Межалайціса, Рыгор Барадулін - рускіх паэтаў Андрэя Вазнясенскага, Ігара Шклярэўскага, Васіль Быкаў - знакаміты раман Уладзіміра Багамолава "У жніўні сорак чацвёртага..." Такія заяўкі часцей за ўсё ўлічваліся. Падчас кірмашу яны афармляліся юрыдычна.
Час на гэтым кірмашы пралятаў імкліва. Наведванне павільёнаў іншых краін, іншых выдавецтваў, найперш профільных, сустрэча з наведвальнікамі ў сваім павільёне, гутаркі і з выдаўцамі, і з навед- вальнікамі. Усё трымала ў пастаянным напружанні, узбуджала цікавасць выдавецкую, кніжную, ды і часта чалавечую. Здаралася так, што найчасцей даводзілася гутарыць з выдаўцамі з Польшчы і з Югаславіі. Нечакана адкрыў для сябе, што прадстаўнікі розных рэспублік той жа Югаславіі, не надта пранікнуты любоўю і павагай адзін да другога. Відаць было, што гэта не асабістае. Праглядаўся момант рэлігійна-этнічны. Пазнейшы развал Югаславіі ўжо паказаўся зусім не нечаканым.
Атрымалася неяк так, што ў апошнія савецкія гады мне давялося (проста пашчасціла) некалькі разоў бываць ў Польшчы. Не ведаю чаму, але і сёння вельмі многае, што звязана з гэтай краінай, неяк па-асабліваму цікавіць, выклікае нейкае хваляванне. Напэўна, дзесьці захавалася на генным узроўні. У канцы 80-х гадоў у нашага выдавецтва склаліся добрыя адносіны з Лодзінскім выдавецтвам. Быў я запрошаны ў Лодзь дырэктарам выдавецтва Яцэкам Загорскім. Наладжана была сустрэча з мясцовымі пісьменнікамі. Наведалі Жэлязову Волю, музей Ф. Шапэна, усклалі кветкі да помніка славутаму кампазітару. У горадзе па-добраму ўразілі адносіны палякаў да помнікаў, высокае, чыстае стаўленне да творцаў нацыянальнай культуры. У Кельцэ наведалі музей дзіцячых і юнацкіх гадоў С. Жэромскага. Было падпісана пагадненне аб абмене выданнямі, далейшым супрацоўніцтве. Аднак палітычныя змены і ў Польшчы, і ў Савецкім Саюзе ўсе нашы планы і задумы звялі на нішто. А мы рыхтавалі анталогію беларускай паэзіі.
Некалькі разоў даводзілася ўдзельнічаць у Варшаўскім кніжным кірмашы.
У 1956 годзе на Беласточчыне было ўтворана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ). У 1958 годзе з’явілася літаратурна-мастацкае аб’яднанне "Белавежа". У 1988 годзе аб’яднанне адзначала 30-годдзе дзейнасці. Адзначыла шырока, урачыста. Пашчасціла і мне прымаць удзел у гэтых урачыстасцях. Уражанні незабыўныя. Паехалі мы з Барысам Сачанкам. Дарэчы, хораша, цёпла расказаў ён пра гэтую нашую паездку ў нарысе "На зямлі беластоцкай". Паехалі спачатку ў Варшаву. Пасяліліся мы ў гасцініцы пры Доме літаратара. Апекаваўся намі Алесь Барскі, на той час старшыня праўлення БГКТ, загадчык кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, чалавек, які нямала зрабіў для таго, каб літаратура беларусаў Беласточчыны стала вядомая ў Беларусі. З ім мы наведалі кафедру, якую ён узначальваў, пабывалі ў Доме савецкай навукі і культуры, у тыя гады значным культурным цэнтры ў Варшаве. Пабывалі ў гасцях у Алеся дома. Тут панавала вельмі цёплая, сардэчная атмасфера, па-сапраўднаму хатняя. І Алесь і яго жонка Ніна сваёй адкрытасцю, шчырасцю выклікалі прыхільнасць, даверлівасць. Шмат было перагаворана, зведана. Алесь быў чалавек дасведчаны, шмат дзе пабываў у свеце, многае ведаў. Мяне ўразіла колькасць, разнастайнасць выданняў (кніг, часопісаў, газет) беларусаў дальняга замежжа. Штосьці і нам было падорана. Усё гэта ўзбуджала неяк, мацавала веру - жывем! Тут, у Варшаве, Алесь Барскі пазнаёміў нас з гасцямі са Злучаных Штатаў Амерыкі, якія таксама прыехалі на свята "Белавежы": то былі Мікола Заморскі - беларус, які пасля вайны апынуўся спачатку ў Германіі, потым у Амерыцы, і Томас Бэрд - прафесар, саветолаг, вывучаў гісторыю Беларусі. Гутаркі з імі ў Варшаве, потым у Беластоку - асабіста для мяне зусім новыя старонкі з жыцця беларускай эміграцыі - мінулае, сучаснае, побыт, перажыванні, думкі.
У Беласток цягніком ехалі разам. Там да нас далучыліся два навукоўцы з Беларусі - Аляксей Пяткевіч і Уладзімір Казбярук, які родам з Беласточчыны. Тут, у Беластоку, панаваў святочны ўздым, жыццё віравала. Была арганізавана сустрэча з беластаччанамі. З нагоды 30-годдзя "Белавежы" два дні праходзіла навуковая канферэнцыя. Выступалі і ўсе мы, прадстаўнікі Беларусі. Ашаламляльнае ўражанне пакінула святкаванне Купалля ў Белавежы. То было штосьці для мяне датуль, ды і пасля, нябачанае - чароўнае, таямнічае, іскрыстае, танцавальна-музычнае. І ўсё гэта было нашае, беларускае, беластоцкае.
Мне пашчасціла пабываць ў маіх родных Грэдэлях, сустрэцца з роднымі, са знаёмымі, трохі пагаварыць за чаркай. У вёсцы многае непазнавальна змянілася. Месца, дзе была наша сядзіба, было не пазнаць. Але адчуванне цеплыні, сонечнасці нагадала мне светлыя дні дзяцінства. І яно, гэтае і такое адчуванне, і па сённяшні дзень жыве ўва мне.
Не магу не згадаць і яшчэ адну старонку майго жыццёвага лёсу, звязаную з Польшчай, зямлёй, дзе я прыйшоў на гэты свет і адкуль пайшоў у шырокае жыццё. 28 мая - 7 чэрвеня 1991 года ў Кракаве праходзіў Сімпозіум па культурнай спадчыне дзяржаў - членаў СБСЕ. Удзел прымалі 34 краіны — усе краіны Еўропы, ЗША, Канада. У складзе дэлегацыі СССР былі прадстаўнікі Расіі, Украіны, Беларусі і Таджыкістана. Ад Беларусі ў склад дэлегацыі пашчасціла ўвайсці мне. У час працы Сімпозіума адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар нашага асветніка, першадрукара ўсходніх славян Францыска Скарыны, 500-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў мінулым годзе. На адкрыццё мемарыяльнай дошкі прыязджаў наш міністр замежных спраў - Краўчанка Пётр Кузьміч. Ён і выступаў на адкрыцці яе ў Ягелонскім універсітэце. Прысутнічалі дэлегаты Сімпозіума, беларусы з Беласточчыны, выкладчыкі і студэнты з універсітэта. Панавала атмасфера ўрачыстасці і шчырасці. Душу перапаўнялі гонар, хваляванне. Гучала роднае Скарынава беларускае слова. Гучала яно і на сустрэчы ў рэктара Анджэя Пельчара. Міністр карыстаўся беларускай мовай свабодна, натуральна. То была яго родная мова. Здарылася ў гісторыі так, што з Кракавам быў звязаны жыццёвы і творчы лёс не аднаго толькі Скарыны.
У Кракаве ў 1891 годзе быў выдадзены першы паэтычны зборнік пачынальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская", у прадмове да якога паэт заклікае (менавіта "заклікае", бо гэта і сёння гучыць надзённа): "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерці".
На кракаўскай зямлі ў 1920 годзе знайшоў апошні прытулак паэт і змагар за нацыянальнае адраджэнне Беларусі Алесь Гарун, чыя творчасць толькі ў тыя гады пачала прыходзіць да беларускага чытача.
Пра гэта гаварыў я ў сваім выступленні на Сімпозіуме. Ды не толькі. Галоўным было - агульная сітуацыя з нашай культурнай спадчынай. Здарылася так, што ў гісторыі народа цэлыя стагоддзі, дзесяцігоддзі пазначаны нацыянальным прыгнётам і падаўленнем, заняпадам нацыянальнага духоўнага, культурнага жыцця. Час ад часу (і адбывалася гэта не так рэдка) валы ваеннага нашэсця пракочваліся па нашай зямлі то з захаду на ўсход, то з усходу на захад, руйнуючы і спусташаючы і зямлю, і душы людзей. Кожны цягнуў народ наш на свой бок, разрываючы яго на часткі. Культурныя каштоўнасці аднымі вывозіліся на ўсход, другімі - на захад. Вывозіліся і там асядалі. Для свайго народа знікалі. Далей цытую: "Сённяшняе наша нацыянальнае адраджэнне - і свядомае, і стыхійнае, а то і проста інстынктыўнае. Ёсць імкненне, усвядомленае жаданне стварыць выразны нацыянальны вобраз на абломках з абломкаў. Для гэтага патрэбна глыбінная аснова і высокая мэта. Мэта ёсць. Аснова - гэта культурная спадчына ва ўсім сваім багацці і разнастайнасці. Нацыянальны арганізм патрабуе сёння духоўнага наталення якраз за кошт спадчыны. Яна ў нас ёсць. Але яна павінна быць даступна людзям, кожнаму чалавеку. Ён павінен хаця б ведаць пра ўсё багацце і разнастайнасць. Еўрапейская культура - гэта культура ўсіх яе нацыянальнасцяў. І нацыянальнае адраджэнне любога народу павінна стаць клопатам усёй суполкі еўрапейскіх народаў, адчуваць іх падтрымку".
Так думалася і бачылася тады. Прайшоў час. І сёння добра відаць, што сітуацыя ў краіне, калі і змянілася, то далёка не ў лепшы бок.
Але вернемся да Сімпозіума.
Як мне тады ўяўлялася, арганізацыя Сімпозіума была вышэй усялякіх пахвал. Дзелавітасць, арганізаванасць неяк натуральна спалучалася з уважлівасцю, добразычлівасцю гаспадароў. Дні стаялі цёплыя, пагодлівыя; было цёпла, але не горача. Дажджу за ўвесь час практычна не было. Горад цудоўны, дзесьці як бы таямнічы, засяроджаны ў сабе, але ўнутрана светлы, добры. Гараджане добразычлівыя, уважлівыя. Агульная атмасфера горада па-добраму неяк уплывала на тую атмасферу, у якой праходзіў Сімпозіум. На пасяджэннях (і пленарных, і дзвюх рабочых груп) спектр пытанняў, характар праблем, якія вылучаліся выступоўцамі, быў даволі шырокі і значны. Археалогія і архітэктура, жывапіс і скульптура, кнігі і архіўныя пісьмовыя матэрыялы, народная творчасць і мова, паркі і культурны ландшафт, культурная спадчына і сучасная экалагічная сітуацыя, культурная спадчына і тэхнічны прагрэс, захаванне і абарона культурнай спадчыны, абмен інфармацыяй, падрыхтоўка кадраў - пра ўсё гэта гаварылася і ў агульным плане і на падставе канкрэтных прыкладаў. Усё было цікава, хвалявала, бо ўсё гэта ў большасці выпадкаў мела непасрэднае дачыненне да нашай краіны.
Належная ўвага была аддадзена гэтаму маштабнаму мерапрыемству і ўладамі Польшчы, і іншых краін. Нямала было выступленняў міністраў, звязаных з культурай, выступалі прэм’ер-міністр Польшчы, віцэ-прэзідэнт ЗША Альберт Гор. Былі арганізаваны прыёмы на вышэйшым узроўні, экскурсіі. Наведалі Асвенцым. Гэта штосьці выключна жахлівае. Не верыцца, розум не прымае, сумленне не можа і катэгарычна не хоча дапусціць, што такое магчыма сярод людзей, што такое можа рабіць чалавек (а ці чалавек гэта?!) з чалавекам. Гэта штосьці д’ябальскае, прычым цывілізаванае д’ябальскае. Уражанне, хутчэй уздзеянне, усё тое, што там, у Асвенцыме, бачаць людзі, надоўга іх пазбаўляе весялосці, веры ў чалавека... Увогуле ўдзел у гэтым Сімпозіуме быў цікавы і карысны для мяне асабіста ў многіх адносінах. Я адчуў, зразумеў, як патрэбна ў такіх сітуацыях веданне замежных моў. Пабачыў, што самай вялікай увагай сярод іншых дэлегацый і дэлегатаў карысталіся дэлегацыі ЗША, Ватыкана і Ізраіля. Для мяне то было трохі нечакана. Але ж гэта было так. Адчуў, можа, больш, чым калі, як важна, проста неабходна, у пэўных умовах умець пераадолець унутраную скаванасць, прымусіць сябе адкінуць прэч адчуванне, быццам ты горшы ледзь не за ўсіх астатніх.
Прайшоў час. А час шмат чаго сцірае з нашай памяці. Згадваю найбольш актыўныя гады маёй працы, гады маіх найбольш шырокіх кантактаў з іншымі людзьмі, наведвання іншых мясцін. І часцей за ўсё згадваю падзеі, людзей, справы, звязаныя з краем майго нараджэння — Польшчай. І сёння гэта працягваецца. Такое, відаць, шчаслівае наканаванне лёсу.
Такімі вось помняцца мне мае выдавецкія гады працы і жыцця.
"Освобождён от занимаемой должности в связи с окончанием срока действия трудового договора" - такі запіс 31.12.1997 года быў зроблены ў маёй "Працоўнай кніжцы" інспектарам па кадрах на падставе Загада Дзяржаўнага камітэта па друку Рэспублікі Беларусь. Так завяршылася мая шматгадовая праца. На ноце казённай, абыякавай. Дзесьці і так то ўжо быў завяршальны момант скарачэння, а дакладней чысткі выдавецтва. Праведзенай новым кіраўніцтвам Дзяржкамітэта па друку і актыўна падрыманай дырэктарам "Мастацкай літаратуры". Усё тое было невыпадкова. Бо трохі пазней (ці то і адначасова) пачаліся скарачэнні і іншага характару: скарачэнні праз аб'яднанні - рэдакцый, выдавецтваў, інстытутаў акадэмічных. І найбольш гэта закранула сферу беларушчыны - мова, літаратура, выданне, даследаванне. Так было далучана да "Мастацкай літаратуры" выдавецтва "Юнацтва", аб'яднаны акадэмічныя інстытуты літаратуры і мовы. Напэўна, то было звязана з унутраным, так бы мовіць, духоўным умацаваннем беларускай дзяржаўнасці. Што ў гэтым плане атрымалася і атрымоўваецца - добра відаць. Цешыць, што ўсё ж ужо ў 2015 годзе акадэмічныя інстытуты мовы і літаратуры раздзяліліся і набылі ранейшы статус.
Трохі пазней (у 2003 г.) у гутарцы з карэспандэнтам часопіса "Крыніца" Яўгенам Хвалеем пра тагачасныя змены ў выдавецкай сістэме я разважаў так: "Справа ў тым, што зараз усе спасылаюцца на рыначныя ўмовы. Умовы то рыначныя, але справа (выдавецкая - С.А.) дзяржаўная. І выдавецтва дзяржаўнае. Таму і трэба па-дзяржаўнаму падыходзіць да развіцця нацыянальнай літаратуры... Мы ж рухаемся зараз назад, у даваенны, пасляваенны час, калі ў рэспубліцы было адно дзяржаўнае выдавецтва "Беларусь". Дзяржаўнае выдавецтва - справа не прыватная... І не часовая мэтазгоднасць павінна ўсё вызначаць".
Ну, але гэта была агульная хваля дзяржаўнага стаўлення да нацыянальнага пытання. На гэтай хвалі быў вынесены і я з выдавецтва - казённа, бесцырымонна. І на ўзроўні Дзяржкамітэта, і на ўзроўні выдавецтва. То быў стыль работы з кадрамі, што даволі паспяхова ўваходзіў у дзяржаўную практыку. Тым больш, што ў мінулым школа была выдатная, практыка багатая.
31 снежня 1997 года пайшоў я з выдавецтва канчаткова. І як супрацоўнік, ды і як аўтар, як выявілася праз гады. Усё быццам бы па закону: пенсійны ўзрост, кантрактнае пагадненне закончана. Але пайшоў абражаны, пакрыўджаны. І, здаецца, не тым, што пайшоў, а тым, як пайшоў. Столькі гадоў адпрацаваў - сумленна, аддана. Гэта не толькі я так лічу. Гэта адзначана кіраўніцтвам, дзяржавай, пра што я ўжо гаварыў раней. І што істотна: з боку пісьменніцкай грамадскасці, кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў выдавецтва заўсёды адчувала падтрымку, узаемаразуменне. Прычым з выдавецтва так быў адпраўлены не я адзін, так былі адпраўлены і іншыя супрацоўнікі. Тыя ж Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха... Тут ужо дзейнічала сістэма - сістэма адносін да кадраў, адносін наогул да чалавека.
Пачаўся новы, 1998 год. З'явілася, узнікла нейкае дзіўнае ўнутранае самаадчуванне. То адчуваў увесь час нейкую ўнутраную повязь са знешнім светам, сваю далучанасць да яго, нейкае сваё неабходнае месца ў ім.
І раптам усё перакрылася. Твой свет зменшыўся да свету сямейнага. Добра, што свет гэты быў здаровы, цэласны. І ён пашыраўся, узбагачаўся. Дочкі павыходзілі замуж. З'явіліся ўнукі - дзедава суцяшэнне і радасць. Старэйшая дачка і яе сям'я жылі ў сваёй кватэры. Меншая з намі. Маці мая зусім хворая была. Амаль зусім не ўставала. Малодшая дачка была цяжарная. Цяжарнасць праходзіла складана. Вось гэтая няпростая хатняя атмасфера забірала, па сутнасці, усю маю ўвагу, мае думкі і перажыванні.
На першым годзе майго паслявыдавецкага бытавання памерла маці. На 90-м годзе жыцця. У мяне на вачах: дома быў толькі я адзін. Паміраць не хацела, усёй істотай фізічна супраціўлялася. Бачыць усё гэта было жахліва. У маёй памяці - гэта самы балючы векапомны момант. Пахавалі маці ў нашых Бербашах, побач з бацькам. На доўгі час жыццё было парушана. У душы засталося, жыве пачуццё вінаватасці. Дзесьці не заўсёды была належная ўвага, душэўнае разуменне, шкадаванне. Праца, аднастайная мітуслівая штодзёншчына захоплівалі, падпарадкоўвалі чалавека поўнасцю. Але ўсё гэта - не апраўданне. Адчуванне віны засталося і сёння жыве ўва мне. Даруй, Госпадзі!
Бег часу не спыняўся. Жыццё агульнае ішло сваім шляхам. Яго адвечныя законы падпарадкоўвалі сабе, уцягвалі ў сваю плынь кожнага чалавека, любую жывую істоту. Ужо згадвалася - сям'я расла, пашыралася. Калі і раздзялялася, то ніяк не губляла сваіх цесных сямейных сувязяў. Яны і сёння, калі ўжо не адна, а тры ў нас сям'і, сувязі гэтыя, даволі, дзякуй Богу, цёплыя і цесныя. Тады ж склалася так, што мне давялося шмат займацца з унукамі, найперш з меншым, Алёшам. Пачалося яшчэ з калыскі. Ён прывык да мяне, гуляў ахвотна. Рэдка калі ўсчыняў дзеду скандалы. Няньчыўся з ім больш, чым у свой час з дачушкамі. Гэта, гульні з малым, догляд, давала мне сапраўдную радасць, унутранае задавальненне. Мае сумныя, хутчэй непрыемныя, успаміны, звязаныя з апошнімі гадамі выдавецкай працы, паступова адышлі ў мінулае. На доўгі час. Адышлі дзесьці далей праца, грамадска-літаратурныя справы, творчыя. Усё гэта выклікала алергічнае непрыманне. У такім нятворчым, далёкім ад жыцця грамадскага стане знаходзіўся я гады тры. Здзіўляюся, што так доўга. За ўвесь гэты час надрукаваў усяго некалькі артыкулаў. Не помню - шукаў я дзе працы ці не.
Аднак... 1 лістапада 2000 года па кантракце быў залічаны на адзін год на пасаду старшага навуковага супрацоўніка па аддзелу сучаснай беларускай літаратуры ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Кантракты, як звычайна зазначалася "па пагадненню бакоў", заключаліся і перазаключаліся кожны год, а то і па некалькі разоў на год. Апошняе звязана з тым, што дзесьці ўжо на пачатку 2006 года пачалося пераіменаванне-аб'яднанне (ці то наадварот - аб'яднанне-пераіменаванне) аддзелаў, інстытутаў. Закончыў працу ўжо ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Адпраўляў ужо новы дырэктар для Інстытута літаратуры, ранейшы для Інстытута мовы Лукашанец А.А. Ён займаўся навукова-кадравай "аптымізацыяй" інстытутаў. Было тое 31 снежня 2008 года. Як і пасля выдавецкіх гадоў, новая паласа майго жыццёвага лёсу зноў пачалася з чарговага новага года - 2009. Новы год, новы перыяд у тваім жыцці - унутрана ўсё гэта неяк супакойвала, арганізоўвала, настройвала на штосьці новае.
Вярнуўся я ў свой (так я яго адчуваў, усведамляў) Інстытут дзякуючы ўвазе, клопатам намесніка дырэктара, загадчыка аддзела сучаснай беларускай літаратуры Лаўшука Сцяпана Сцяпанавіча, доктара філалагічных навук, на сённяшні час - члена-карэспандэнта НАН Беларусі. З вяртаннем усё было не так і проста: трэба было шукаць адзінку навуковага супрацоўніка. Давялося выпрошваць у кіраўніцтве акадэмічным: у Інстытуце вакантных месцаў не было. Рабіў гэта намеснік дырэктара. Неабходнасць - праца над шматтомнай "Гісторыяй беларускай літаратуры ХХ ст."... Праўда, у сяго-таго ўзнікалі сумненні (і выказваліся яны вышэйшаму акадэмічнаму кіраўніцтву) наконт таго, ці зможа ён, гэта значыць я, на належным навуковым узроўні ўдзельнічаць у гэтай адказнай працы. Лаўшук С. С. узяў на сябе адказнасць за новага-старога супрацоўніка, паверыў у яго магчымасці, дамогся залічэння ў Інстытут, у свой аддзел. За што мая заўсёдная самая шчырая ўдзячнасць яму.
Увогуле Лаўшук і як кіраўнік аддзела, і як намеснік дырэктара (а яму часта даводзілася выконваць і абавязкі дырэктара) вылучаўся ўедлівасцю, працавітасцю, паважлівымі, душэўнымі адносінамі да супрацоўнікаў. Працавалася ў Інстытуце спакойна, ніхто цябе не тузаў.
Я быў адразу падключаны да напісання "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.". Стварэнне такой гісторыі было на той час асноўнай задачай навуковай дзейнасці Інстытута. Да напісання былі прыцягнуты супрацоўнікі некалькіх аддзелаў. Першы том з'явіўся у 2001 годзе. Прысвечаны ён быў літаратуры 1901-1920 гадоў. Другі том (літаратура 1921-1941 гадоў) быў надрукаваны ў 2002 годзе; трэці том (літаратура 1941-1965 гадоў) - у тым жа 2002 годзе.
Калі я вярнуўся ў Інстытут, ішла актыўная падрыхтоўка 4-га тома, першай яго кнігі (1966-1985). Даручана было адразу зрабіць агульны раздзел, прысвечаны прозе гэтых гадоў. Далі мне чарнавы варыянт гэтага раздзела, зроблены былым загадчыкам аддзела Дзюбайлам П.К. (памёр 24.1.1995 г.). Яго бачанне прозы не зусім супадала з маім. Я папрасіў дазволу самастойна зрабіць свой раздзел. Дазволілі. Асаблівых цяжкасцяў я тут не адчуў. Канкрэтны літаратурны матэрыял, проза пазначаных гадоў, быў мне знаёмы яшчэ з давыдавецкіх гадоў маёй працы ў Інстытуце. Праз гады ён неяк у маім разуменні скампанаваўся, вызначыўся ў сваіх агульных праявах і канкрэтных якасных ацэнках. Трэба было нешта абнавіць у памяці, праверыць на тагачаснае эмацыянальнае ўспрыманне. Працавалася з задавальненнем, без якогасьці ўнутранага прымусу. Прайшоў пэўны час у развіцці нацыянальнай літаратуры. Той жа прозы. Якіясьці агульныя мастацкія тэндэнцыі развіваліся далей, іншыя адышлі з часам.
Для гэтага ж тома і гэтай кнігі мною быў напісаны таксама раздзел, прысвечаны творчасці Івана Пташнікава. Пра яго творчасць яшчэ ў ранейшыя інстытуцкія часы была напісана манаграфія "Чалавек на зямлі". Выйшла ў 1988 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". То быў пісьменнік мой - па жыццёвай біяграфіі, успрыманні навакольнага свету; духоўны свет яго твораў быў мне блізкі ўнутрана. Свет, узноўлены, створаны ім, быў беларускі - у сваёй прыродзе, побыце, духоўным, эмацыянальным напаўненні, у сваёй цэласнасці і арганічнасці. Так лічыў я, калі пісаў кнігу.
Прайшоўшыя гады, новыя творы пісьменніка яшчэ больш узмацнілі такое разуменне яго творчасці. Такім чынам, новы мой прыход у Інстытут быў для мяне не дужа складаны, у нейкім сэнсэ ашчадны. І гэта было добра. Бо за той час, які быў аддадзены мною выдавецкай працы, у самім Інстытуце, у аддзеле, у самой навуковай атмасферы адбыліся нейкія змены. Інстытут структурна змяніўся - павялічылася колькасць аддзелаў. На жаль, было гэта не дужа доўга. Значныя змены адбыліся ў кадравай сістэме: колькасна пераважалі жанчыны. Маладыя, энергічныя, амбітныя. Але, можа, самае істотнае - гэта змены ў самым стылі выкладання - і вуснага, і асабліва пісьмовага навуковага матэрыялу: перанасычанасць новай, яшчэ як след не асвоенай тэрміналогіяй, складанасць сінтаксічных канструкцый, вольна-навуковы стыль пісьма. Неяк пры абмеркаванні адной планавай працы паспрабаваў сказаць пра гэта. Падтрымкі не знайшоў. Пазней зразумеў, што гэта стыль новай навуковай генерацыі. Хаця і сёння перакананы: гэты стыль запазычаны, ён не народжаны нашай тагачаснай літаратурнай практыкай - яе мастацкім узроўнем, філасофскім зместам, нацыянальнай адметнасцю.
Але вернемся да працы навукова-творчай. Як ужо зазначалася, 1 кніга 4-га тома "Гісторыі..." уключала ў сябе даследаванне нацыянальнай літаратуры 1966-1985 гадоў. Праўда, XX стагоддзе ў развіцці літаратуры гэтым перыядам не завяршалася. Якраз у канцы стагоддзя, у пераходныя гады ў новае стагоддзе літаратурны працэс быў асабліва актыўны, поўны мастацкіх пошукаў. У гэтым я пераканаўся, калі было даручана пісаць абагульняльны раздзел, прысвечаны прозе 1986-2000 гадоў. Пісаўся гэты раздзел, з аднаго боку, лёгка, цікава, з другога - патрабаваў творчых намаганняў, дадатковай працы. Творчы перыяд 1986-2000 гадоў быў багаты, поўны пошукаў новых жыццёвых тэм і ідэй, адкрыццяў новых пластоў рэчаіснасці гістарычнай і сучаснай, найперш раней забароненых, недаступных для даследаванняў. Менавіта ў гэтыя гады па-новаму заявіў пра сябе Васіль Быкаў, па-маладому натхнёна працавалі старэйшыя празаікі: Янка Брыль і Іван Шамякін; актыўна, адказна тварылі іх маладзейшыя таварышы па цэху: Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка, Іван Чыгрынаў... Увогуле, мне здаецца, што гэта быў перыяд у развіцці нацыянальнай літаратуры самы паспяховы - і на новыя творы, і на новыя імёны. Імёны, творы. Знаёмыя, новыя. Іх было багата. Яны былі розныя. Было пра каго і пра што пісаць. Усё гэта трэба было неяк аб'яднаць, упарадкаваць. І тут галоўным было жыццё, час, яго духоўная атмасфера. Якраз гэтым, жыццём і часам, у першую чаргу аб'ядноўваліся багатыя тагачасныя набыткі прозы. Найперш вылучаліся моманты змястоўныя, ідэйна-тэматычныя. Складаней, цяжэй было з момантамі духоўна-эмацыянальнымі і эстэтычнымі. Зноў жа ў гэтым напрамку вельмі пажадана, патрэбна было заўважыць, вылучыць і ў кожным творы (зразумела, значным), і ў кожнага творцы найперш нешта сваё, адметнае і разам з тым знайсці тое, што лучыць іх і з літаратурным нацыянальным працэсам, і з літаратурай гэтага часу. Такія задачы я перад сабою ставіў, так хацелася зрабіць гэты раздзел. Што атрымалася - меркаваць чытачу. Я асабіста зробленым не дужа задаволены.
Для гэтай жа кнігі (2-ой 4-га тома) пісаў я яшчэ раздзел пра творчасць Аляксея Карпюка. Гэты аўтар імпанаваў мне сваёй шчырасцю, адкрытасцю. Карпюк-чалавек вельмі непасрэдна адчуваўся ў сваёй творчасці. Раней мне даводзілася пра яго пісаць, таму цяпер праца над раздзелам не ўяўляла ніякіх цяжкасцяў. 2-ая кніга 4-га тома (а там былі змешчаны гэтыя мае раздзелы) выйшла ў свет у 2003 годзе.
У працэсе работы над "Гісторыяй..." выявілася, што шэраг імёнаў, важных для літаратуры XX стагоддзя, па тых ці іншых прычынах у гэтую "Гісторыю..." не трапіў. Варта тут нагадаць хоць бы прозвішчы Уладзіслава Галубка, Міколы Лупсякова, Алеся Савіцкага, Анатоля Дзялендзіка, Уладзіміра Паўлава, Генрыха Далідовіча, Вольгі Іпатавай, Ніны Мацяш. Не трапілі таксама некаторыя маладыя аўтары, якія ў канцы стагоддзя заявілі пра сябе даволі адчувальна. Як творцы, яны якраз у XX стагоддзі сфармаваліся.
Большасць такіх раздзелаў была напісана, абмеркавана, прынята. Было вырашана (і тут галоўная заслуга Лаўшука С.С.) падрыхтаваць і выдаць яшчэ адну - 3-ю кнігу 4-га тома. Справа з выданнем зацягнулася. І ўсё ж, нарэшце, у 2014 годзе кніга выйшла. Памер фантастычны - 87.3 улікова-выдавецкія аркушы. Мае раздзелы прысвечаны творчасці Міколы Лупсякова і Васіля Гігевіча. Лупсякоў - пісьменнік няроўны. Але ў яго лепшых творах уражвае нейкая сваеасаблівая чыстая і светлая, уласцівая толькі яго творчасці, любоў да прыроды і да чалавека. Пісаць пра яго даводзілася і раней. У творчасці Васіля Гігевіча досыць глыбока паказаны, даследаваны складаны працэс - сацыяльны, духоўна-псіхалагічны - пераходу чалавека са свету вясковага, вякамі асвоенага ім, у свет гарадскі - выключна рухомы, зменлівы.
І творчасць Лупсякова, і творчасць Гігевіча імпанавала мне, унутрана была зразумелая. Яна не патрабавала якіхсьці ўнутраных намаганняў. Хаця творчасць таго ж Гігевіча далёка не простая.
Ужо пасля таго, як я пайшоў з выдавецтва, мне некалькі разоў прапаноўвалі прачытаць па некалькі раздзелаў. То былі аўтары з вышэйшых навучальных устаноў. Чытаў іх уважліва, шчыра гаварыў пра тое, што мне не зусім падабалася. З гэтай прычыны быў уключаны ў рэдкалегію 3-яй кнігі 4-га тома. С.С. Лаўшуку я зноў жа шчыра ўдзячны (зразумела ж, не за тое, што ён уключыў мяне ў рэдкалегію) за тое, што ён у нейкі перыяд даў мне больш спакойна перажыць сваю навукова-літаратуразнаўчую незапатрабаванасць. Гэты том дае даволі поўную карціну нацыянальнай літаратуры канца стагоддзя. Тут прадстаўлена творчасць абодвух пісьменніцкіх саюзаў, і тых, хто апазіцыйна настроены да існуючага ладу, і адкрыта прыўладных. Асноўнае - яны творцы нацыянальнай літаратуры. Іх слова - слова мастацкае. Зразумела, гэта, па сутнасці, сучаснасць, жывы літаратурны працэс; нярэдка яго непасрэдныя ўдзельнікі, іх творы ацэньваюцца чыста эмацыянальна. І таму тут кожны можа сказаць, што вось гэтага не трэба было ўключаць (даваць яму асобны раздзел), а вось таго - абавязкова трэба. Напрыклад, мне не хапае асобных раздзелаў пра Уладзіміра Арлова, Васіля Якавенку, Эрнэста Ялугіна, Юрыя Станкевіча... Але, што ёсць, тое ёсць.
"Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя" - навуковы нацыянальны праект выключнай значнасці. То не проста гісторыя літаратуры. У ёй, з ёю сацыяльна-палітычная гісторыя краю, трагічна-драматычная духоўная гісторыя народа, пакутлівая гісторыя жыцця і выжывання (каб не ўмерці!) беларускага слова. Створана гэтая гісторыя (напісана, даследавана) лепшымі літаратуразнаўчымі навуковымі сіламі. І крыўдна, абуральна, што гэты, такі гісторыка-літаратуразнаўчы праект не знайшоў належнай дзяржаўнай ацэнкі.
Але што зробіш... Гісторыя і гэта ацэніць.
Для "Гісторыі..." мною было напісана шэсць раздзелаў: два абагульняльныя, прысвечаныя даследаванню прозы 1965-2000 гадоў, і чатыры - манаграфічнага характару, прысвечаныя жыццю і творчасці, як ужо зазначалася, Міколы Лупсякова, Аляксея Карпюка, Івана Пташнікава, Васіля Гігевіча.
Дарэчы, над раздзеламі падобнага характару даводзілася працаваць мне і ў давыдавецкія інстытуцкія гады. Так, для "Истории белорусской советской литературы" (1977 г.) мною былі напісаны раздзелы, прысвечаныя жыццю і творчасці Кандрата Крапівы і Івана Мележа. Пазней для вучэбнага дапаможніка вузаўскага прызначэння "Гісторыя беларускай савецкай літаратуры" (у 2-ух частках) былі напісаны манаграфічныя раздзелы пра таго ж Кандрата Крапіву і Васіля Быкава.
Апрача раздзелаў "Гісторыі...", у апошнія гады працы ў Інстытуце давялося ўдзельнічаць і ў напісанні калектыўнай працы, прысвечанай беларускай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну. У 2006 годзе з'явілася навуковая праца "Вытокі мужнасці спасцігаючы". Кніга складалася з пяці невялікіх навуковых прац, прысвечаных невычарпальнай тэме мінулай вайны ў літаратуры. Назва маёй працы - "Вялікая Айчынная вайна і мастацкі вопыт "філалагічнага пакалення"". Увага была засяроджана на дзвюх творчых праблемах: "Чалавек у трагічным свеце" і "Эпічнасць, народжаная трагічным жыццём". Гэтыя праблемы літаратуры пакалення дзяцей вайны для мяне мелі асаблівы сэнс. Яны мною асэнсоўваліся, вылучаліся дзесьці як мае асабістыя. То была літаратура, створаная пакаленнем, да якога адносіўся і я сам. Таму творы пісьменнікаў гэтага пакалення я ўспрымаў і ацэньваў не проста як літаратуразнаўца, а дзесьці як удзельнік іх падзей. Той драматычны свет, увасоблены ў іх тварах ужо ў другі час, то быў і мой свет. Духоўны, эмацыянальны. Ён не такі, як у творчасці тых, хто непасрэдна ваяваў на фронце ці ў партызанскім атрадзе, у падполлі. Тых жа Васіля Быкава, Янкі Брыля, Івана Мележа, тых жа Алеся Адамовіча, Аляксея Карпюка, Івана Навуменкі.
Па сутнасці, усё, што было ў гэтыя гады напісана ў Інстытуце (як планавыя заданні), перш, чым быць надрукаваным у калектыўнай якойсьці працы, папярэдне абавязкова павінна было пабачыць свет у перыядычным выданні. Так было таксама і ў давыдавецкія гады працы ў Інстытуце. Зразумела, што планавыя працы, звычайна, вялікія па памерах, асобнымі раздзеламі ці цалкам друкаваліся ў часопісах. Найчасцей то былі "Полымя", "Нёман", "Маладосць". Увогуле сувязь з перыядычнымі выданнямі была пастаянная. З тым жа часопісам "Роднае слова", з газетамі "Літаратура і Мастацтва", "Звязда", "Чырвоная змена"... Праца навуковая, тым больш звязаная з сучаснасцю, заўсёды патрабавала актыўнага ўспрымання сучаснага літаратурнага працэсу, яго бачання і разумення ў суаднесенасці з часам. Бо сувязі творчыя ў нацыянальнай літаратуры заўсёды былі цесна звязаны з жыццём грамадска-сацыяльным. І сама атмасфера часу, характар, змест літаратуры прымушалі выходзіць за рамкі абранай навуковай тэмы і праблемы, пэўныя факты і з'явы літаратурнага працэсу вылучаць, разглядаць асобна. Так з'яўляліся пазапланавыя артыкулы, рэцэнзіі. Асабліва ў давыдавецкія гады маёй працы ў Інстытуце. Тады я шмат пісаў рэцэнзій на асобныя творы, у тым ліку на творы маладых. Сёння цікава паглядзець, як тады ацэньвалася творчасць тых, хто рабіў толькі першыя крокі на творчай дарозе. Прайшло нямала часу. Пачаткоўцы сталі вядомымі пісьменнікамі, набылі шырокую вядомасць. Але ў сваіх тагачасных ацэнках іх твораў я не бачу ніякіх памылак, ніякіх праяў нядобразычлівасці, суб'ектывізму. Гэта прыемна адчуваць, усведамляць. У новыя гады навуковай працы і пазней рэцэнзій практычна я не пісаў. Праўда, было некалькі, але гэта хутчэй рэцэнзіі-артыкулы. І дзіўная рэч, усе яны прысвечаны, па сутнасці, адной тэме. Не магу сёння пэўна сказаць: быў гэта чыйсьці заказ-прапанова ці то мая ўнутраная патрэба. Хаця, зразумела, без другога моманту нічога не бывае..
У 2003 годзе ў часопісе "Полымя" (№ 12) быў надрукаваны мой артыкул "Гісторыя вернутай літаратуры. Думкі і меркаванні пра 2-і том "Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя. Гады:1921-1941".
27 красавіка 2009 года ў газеце "Літаратура і Мастацтва" - рэцэнзія-артыкул "Расстраляная... ды не памерлая", прысвечаны кнізе "Расстраляная літаратура" (Мінск, "Кнігазбор", 2008). Гэта была кніга, "у якой сабраны найбольш значныя творы 66 пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады ў 1920-1950 гадах". У 2005 годзе ў часопісе "Роднае слова" (№ 1) надрукаваны артыкул "Трагічныя старонкі сямейнай сагі". Пра аповесць Янкі Брыля, прысвечаную трагічнаму лёсу яго брата. 2007 год, часопіс "Полымя" (№ 10): артыкул "Біяграфія ў трагічным гістарычным кантэксце", прысвечаны творам (апавяданням) Івана Пташнікава другой паловы 90-х гадоў ("Францужанкі", "Тры пуды жыта", "Пагоня"). Творы гэтыя, розныя па сваім змесце, па жанравых асаблівасцях, адрозныя ў раскрыцці і выяўленні асобы аўтара і аб'ектыўнага жыццёвага матэрыялу, аб'яднаны сваёй асноўнай тэмай, пратэстна-выкрывальнай ідэйнай скіраванасцю, асабістай далучанасцю, да трагічнага жыццёвага матэрыялу часоў панавання культу асобы Сталіна. Артыкул (не рэцэнзія) "Яго дзённік - гэта ён" ("Полымя", 2015, № 1) - пра кнігу-дзённік Яна Скрыгана "Сэрцу горкая далячынь". Дзённік пісьменнік вёў у апошнія васямнаццаць гадоў свайго жыцця. Першы запіс зроблены 1.03.1974 года, апошні - 20.07.1992. Памёр пісьменнік 18 верасня 1992 года. У сваім артыкуле, сярод іншага, я пісаў: "Увогуле дзённік Скрыгана, як мне ўяўляецца, і вылучаецца сярод многіх іншых дзённікаў найперш тым, што ў ім выключна важнае, можа, нават вызначальнае месца займае мінулае аўтара. Прычым гэта не ўспамін, менш за ўсё ўспамін. Гэта яго, аўтарава, сучаснае жыццё, ён сучасны. А ў ім, у яго памяці, свядомасці, псіхіцы - мінулае. Яно яго не пакідае, яно - у ім. І якраз гэтае мінулае вызначае выключна драматычны, эмацыянальны лад твора".
Усе гэтыя артыкулы, непасрэдна звязаныя з аналізам, разглядам асобных кніг, твораў, унутрана лучацца агульнай для гісторыі нашай краіны, нашага народа праявай гісторыі. Гэта - бальшавіцка-сталінскі тэрор, як ён праявіўся ў нашай літаратуры. У 2-ім томе "Гісторыі..." - спробы аб'ектыўна паглядзець, што такое пакутліва-вынішчальныя 20-30-я гады ў гісторыі нашай літаратуры, у яе развіціі, які гэта правал. "Расстраляная літаратура" - жывыя прыклады таго духоўна-мастацкага багацця, што было ўжо, што загінула, тых вялікіх спадзяванняў і надзей, якім наканавана было здзейсніцца і якія згаслі, так і не разгарэўшыся па-сапраўднаму. Творы Янкі Брыля і Івана Пташнікава - сведчанні таго, як карная ўладная машына закранала ўсіх і ўсё, як адбілася ў жыцці і творчасці іх асабіста. Ян Скрыган, яго дзённік - непасрэдныя доказы таго, як выпадкова, абсурдна, жорстка дзейнічала дзяржаўная карная машына, як яна нявечыла, калечыла чалавечыя лёсы, які непазбыўна балючы след у душы чалавека ўсё гэта пакідала.
Гэта сёння (сакавік 2016 г.) так усё бачыцца, узаемазвязваецца. Тады ж кожны твор ацэньваўся сам па сабе. Была не проста цікавасць, было ўнутранае адчуванне абавязку выказаць свае адносіны да гэтых твораў, іх тагачасную патрэбу. А яны і сёння актуальныя. Асабліва калі паглядзець на пастаянныя публічныя спрэчкі пра ролю Сталіна ў гісторыі Расіі. Ды і Беларусі. Ухіл гэтых спрэчак - поўнае ўхваленне яго гістарычнай ролі.
І вось канкрэтныя прыклады дзейнасці гэтай асобы, што непасрэдна датычацца нашай нацыянальнай гісторыі. Знішчана нацыянальная літаратура - частка расстраляна, астатняя загнана ў кут. Пакалечаны творчыя лёсы тых, хто выжыў. Пакалечаны, разбураны сем'і, парушаны адвечны лад сваяцтва, сям'і, суседства. І гэта ў кожнай вёсцы, на кожнай вуліцы, у кожнай хаце. Раны, нанесеныя ў тыя часы, - гэта раны духоўныя, душэўныя, раны незагойныя. Для асобнага чалавека, для народа.
І ў інстытуцкія познія гады працы, і пасля (ужо ў гады сталапенсійныя), апрача артыкулаў, вышэй узгаданых, у перыядычных выданнях было надрукавана нямала і іншых літаратуразнаўча-крытычных матэрыялаў. Тут найперш хочацца сказаць пра артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Барыса Сачанкі, Янкі Сіпакова, Анатоля Кудраўца, Міколы Кусянкова. З асаблівым хваляваннем, светлымі ўспамінамі пісаў пра "Маю бібліятэку" Янкі Сіпакова. Усё (ці амаль усё), пра што ён пісаў, у многім знаёмае, блізкае духоўна. 30 сакавіка 2012 года я запісаў: "Чытаю "Маю бібліятэку" Янкі Сіпакова. Другую паліцу. Аўтографы. За кожным аўтографам бачыцца, адчуваецца яго аўтар. Як яго ўспрымае Сіпакоў. У той час. Тады. Узаемаадносіны з некаторымі з тых аўтараў з цягам часу, зразумела ж, памяняліся. Але бачыцца, адчуваецца толькі той настрой - настрой прыязнасці, дабрыні, захаплення. Увогуле Янка ўмеў радавацца жыццю, захапляцца прыгажосцю жыцця. У яго няма ні кроплі непрыязні, нянавісці, злосці да кагосьці. Дабрыня і прыгажосць - галоўнае для яго ў жыцці". Сіпакова ўжо не было ў жывых: памёр ён 10 сакавіка 2011 года. Памёр неяк нечакана. Бо ён ніколі асабліва не скардзіўся на якіясьці хваробы. Наадварот - заўсёды падбадзёрваў мяне: хадзі больш, дружа. Жыццёвы круг звузіўся яшчэ больш. Першы раз я адчуў такое пасля смерці Варлена Бечыка, пазней - Барыса Сачанкі. І вось - Янка Сіпакоў. То былі жывыя крыніцы, якія лучылі са светам. Знікаюць крыніцы - блякне, уціскаецца свет.
Пра некаторых аўтараў (І. Мележа, Я. Брыля, І. Пташнікава, Ул. Караткевіча, Б. Сачанку), чыя творчасць духоўна асабліва блізкая мне, эмацыянальна сугучная майму ўспрыманню свету і чалавека, даводзілася пісаць па некалькі разоў. Асабліва ў новым часе. Неабходнасць такіх зваротаў, па-першае, тоіцца ў ідэйна-мастацкай глыбіні іх творчасці, невычарпальнасці, па-другое - у часе. Праверка часам для літаратуры самая сур'ёзная і адказная. Менавіта гэтым я кіраваўся (ва ўсякім разе імкнуўся кіравацца), паўторна звяртаючыся да творчасці таго ці іншага аўтара. Не трэба забывацца і на тое, што час уплывае і на нас, у дадзеным выпадку і на мяне.
Добра згадваецца: пачатак новага стагоддзя ў інстытуцкім жыцці вылучаўся асаблівай актыўнасцю, літаратурна-навуковым ажыўленнем. Працавалася з задавальненнем. Былі не толькі планавыя заданні, падрыхтоўка раздзелаў для "Гісторыі...", іх варыянтаў для часопісных публікацый, але і шмат працы, непасрэдна як бы не звязанай з выкананнем навукова-даследчых заданняў. Не раз даводзілася выступаць з дакладамі на рознага ўзроўню навуковых канферэнцыях. Матэрыялы іх потым друкаваліся. Прымаў удзел у юбілейных вечарынах, прысвечаных жыццю і творчасці Івана Мележа, Барыса Сачанкі, Юльяна Сяргеевіча Пшыркова, майго настаўніка. Пазнаёміўся з тэлебачаннем, радыё: прымаў удзел у перадачах, прысвечаных адпаведна Івану Мележу і Івану Пташнікаву. А колькі даводзілася ўдзельнічаць у абмеркаванні планавых інстытуцкіх прац, дысертацый, рэцэнзаваць рознага характару матэрыялы, дасланыя збоку - падручнікі, дапаможнікі па беларускай літаратуры, праграмы. Усё гэта ніколькі не стамляла, не надакучала. Наадварот, рабіла жыццё больш актыўным, надавала яму запатрабаванасць. На жаль, было гэта да ўз'яднання інстытутаў.
У канцы XX стагоддзя склаліся былі добрыя адносіны з выдавецкім кніжным праектам "Беларускі кнігазбор", заснаваным у 1996 годзе. Яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком на працягу вось ужо двух дзесяцігоддзяў з'яўляецца Кастусь Цвірка. Менавіта дзякуючы яго клопатам і намаганням была ў Інстытуце літаратуры распрацавана серыя "Беларускі кнігазбор". Яе план-каталог складаўся з дзвюх частак: серыя першая - Мастацкая літаратура, серыя другая - Гісторыка-літаратурныя помнікі. У невялікім звароце да чытача, змешчаным у першым томе серыі (Ян Чачот. Выбраныя творы), зазначалася, што гэта "першая кніга залатой бібліятэкі Беларусі, унікальнага шматтомнага выдання ўсяго лепшага, усяго самага важнага, што было створана на беларускай зямлі з пачатку пісьменства і да нашых дзён". Прайшло два дзесяцігоддзі. З'явілася добрая сотня кніг гэтай серыі. І можна пэўна сцвярджаць, што гэта лепшы выдавецкі праект за ўсю гісторыю нацыянальнага кнігавыдання. І па адборы літаратурнага матэрыялу (тэкстаў), і па тэксталагічнай падрыхтоўцы. Шкада і крыўдна, што гэты праект, такі праект ажыццяўляецца і без дзяржаўнай увагі, і без належнай дзяржаўнай падтрымкі.
Помніцца, яшчэ ў выдавецкія гады Кастусь Цвірка заходзіў да мяне параіцца адносна праекта. Здзіўляла грунтоўнасць падрыхтоўкі, апантанасць гэтаю справаю.
З прыемнасцю я атрымаў першую кнігу выдання з дарчым надпісам галоўнага рэдактара праекта і ўкладальніка тома, аўтара прадмовы да яго і каментару: "Шаноўнаму Серафіму Андраюку - са шчырай падзякай за падтрымку ў выданні першай кнігі гэтай серыі. 16.10.1996. К. Цвірка". Праўда, зараз я не помню, у чым была тая падтрымка і ці была яна. Тады ж адразу я быў уключаны і ў рэдакцыйную раду выдання.
У 1999 годзе ўпершыню я прыняў непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні гэтага праекта. Мною была напісана прадмова да кнігі выбраных твораў Янкі Брыля "Запаветнае", што з'явілася ў гэтай серыі. Прыемна, што зроблена гэта было па прапанове самога аўтара. Том гэты ў мяне з дарчым надпісам Янкі Брыля: "Дарагі Серафім Антонавіч, вельмі прыемна яшчэ раз падзякаваць Вам і пажадаць усяго найлепшага. 8.12.99". Подпіс.
Пазней у розныя гады для гэтай серыі мною быў падрыхтаваны (укладанне, прадмова, каментар) яшчэ шэраг кніг: Іван Мележ. Выбраныя творы (2001); Кандрат Крапіва. Выбраныя творы (2008); Цішка Гартны. Выбраныя творы (2012); Аляксей Кулакоўскі. Выбраныя творы (2014); Мікола Лупсякоў. Выбраныя творы (2014).
Прызнаюся, што працаваў над гэтымі кнігамі я з задавальненнем. Творчасць усіх гэтых аўтараў, за выключэннем хіба што Цішкі Гартнага, была мне нядрэнна знаёмая. Не адзін раз пісаў пра іх. Відаць, асабліва грунтоўна мне давялося ў свой час знаёміцца з творчасцю Івана Мележа, пісаць пра яго творчасць. Але наступілі новыя часы, нямала чаго змянілася ў грамадска-сацыяльных умовах, у духоўнай атмасферы. У літаратурным жыцці запанавала нейкая няўстойлівасць, стракатасць у літаратурнай нацыянальнай атмасферы, разрэджанасць яе. І для мяне самога было цікава паглядзець, на сабе праверыць, як успрымаецца, чытаецца творчасць розных мінулых часоў на пачатку XXI стагоддзя, у новым часе. Тым больш, што было жаданне, патрэба паглядзець на творчасць пісьменніка, яго асобу ў вызначальных творчых і чыста чалавечых якасцях.
У Івана Мележа і Янкі Брыля, як і раней, уражвала нейкае светлае ўспрыманне свету. У кожнага сваё, па-мастацку адметнае. У лёсе і творчасці Цішкі Гартнага і Кандрата Крапівы адчуваецца моцная залежнасць ад свайго часу, уплыў, непасрэднае ўздзеянне часу. Асабліва моцна, непасрэдна адбіўся час на жыцці і творчасці Гартнага. Час нарадзіў, сфармаваў яго як асобу, творцу, час згубіў яго і як творцу, і як чалавека. Гэта так, такі быў час. Трагічны ў сваёй бурнай зменлівасці. Моцная залежнасць ад свайго часу бачыцца і ў творчасці Кандрата Крапівы. Бачыцца гэта ў тым, што многія творы гэтага таленавітага пісьменніка засталіся ў мінулым са сваім часам. Як яго сведкі. Хоць і таленавітыя. Аляксей Кулакоўскі моцны быў ва ўзнаўленні вясковага побыту свайго часу, вясковай стыхіі. Шкада, што ў пэўны час быў прыглушаны ў яго творчасці сатырычны струмень, арганічны для яго.
Не адразу трапіў у "Беларускі кнігазбор", дарэчы, як і ў "Гісторыю беларускай літаратуры XX ст.", Мікола Лупсякоў. Чалавек ён быў незвычайны. Заўзяты рыбак, нястомны вандроўнік. Мог знікаць з Мінска на месяц, на два. Затое заўсёды прывозіў новыя творы, якія, як пісаў Барыс Сачанка, "пахлі зямлёю, рачною вадою, усім разнатраўем нашых лугоў і палёў". Быў ён як пісьменнік няроўны. Але лепшыя яго творы пранізаны чыстай любоўю да чалавека і да роднай прыроды. За гэтую кнігу ў мяне радасць асаблівая. Бо то шчырае, светлае слова пра нашу прыроду і нашага чалавека.
Вось гэтыя кнігі "Беларускага кнігазбору", да з'яўлення якіх я меў пэўнае дачыненне, - асаблівая старонка ў маёй творчай працы. Яны, асабліва апошнія тры, зробленыя ў гады канчатковага выхаду на пенсію, неяк згладжвалі маю аднастайную штодзённасць. За гэта я шчыра ўдзячны Кастусю Цвірку. Адзін раз мне давялося займацца ўкладаннем кнігі і пісаць да яе прадмову - дзесьці як бы ствараць кнігу. То быў зборнік "Апавяданні пра Вялікую Айчынную" (1985 г.). І сёння, калі б давялося рабіць кнігу такога зместу і такога прызначэння, я, відаць, пакінуў бы ўсё без змен.
Прадмовы да тых ці іншых кніг даводзілася пісаць часцей. Нярэдка грунтоўныя, датычныя ўсёй творчасці пісьменніка. Тут бы назваў прадмовы да збораў твораў і выбраных твораў Аляксея Кулакоўскага, Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, Янкі Сіпакова, Анатоля Кудраўца. У ранейшыя гады, у ХХ стагоддзі, такія артыкулы ўключаліся ў мае асабістыя зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў. Іх з'явілася тры: "Вывяраючы жыццём" (1976 г.), "Жыць чалавекам" (1983 г.), "Пісьменнікі. Кнігі" (1997 г.). Працы манаграфічнага характару, якія выйшлі асобнымі кнігамі, я ўжо называў: "Жыццё. Літаратура. Героі" (1973 г.), "Традыцыі і сучаснасць" (1981 г.), "Чалавек на зямлі" (1988 г.).
Не ўсе навуковыя працы мае, як і іншых навукоўцаў, абавязкова выходзілі асобнымі кнігамі. Пашырана была практыка калектыўных даследаванняў. Пазней - калектыўных праблемных выданняў. Так, першая мая навуковая праца "Апавяданне пасляваеннага часу" было надрукавана ў кнізе "Беларуская савецкая проза. Апавяданне і нарыс" (1971 г.); праца, прысвечаная даследаванню стылю Івана Мележа ("Іван Мележ") і ўступны раздзел "Да пытання аб індывідуальным стылі пісьменніка" былі змешчаны ў кнізе "Стыль пісьменніка" (1974 г.). У кнізе "Беларуская літаратура. Дзень сённяшні" (1980 г.) надрукавана мая праца "Проза. Духоўны свет чалавека". У пачатку 2006 г. у калектыўнай працы "Вытокі мужнасці спасцігаючы" змешчаны і мой раздзел "Вялікая Айчынная вайна і мастацкі вопыт "філалагічнага пакалення"". I ўжо ў 2008 годзе ў калектыўнай працы "Сучасная літаратура. Каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку" - раздзел С.А. Андраюка "Творчы лёс і час".
I ў ранейшыя часы працы ў Інстытуце, і ў пазнейшыя, ужо паслявыдавецкія, нямала даводзілася друкавацца. Аглядныя артыкулы, артыкулы па якойсьці літаратурнай праблеме, прысвечаныя разгляду творчасці таго або іншага пісьменніка - іх было нямала. А колькі было надрукавана рэцэнзій на асобныя творы... Раней, яшчэ да выдавецкай працы, нямала даводзілася пісаць выдавецкіх рэцэнзій на рукапісы твораў. Пісаў шмат і для розных энцыклапедычных выданняў.
Згадваецца выпадак ужо з новых часоў. У 2005-2007 гадах выдавецтва "Беларуская навука" падрыхтавала і выпусціла ў трох тамах своеасаблівы энцыклапедычны навуковы зборнік, прысвечаны сучаснай (другая палова ХХ ст.) Беларусі. Тамы былі вялікія. Закраналіся (асвятляліся) розныя сферы жыцця рэспублікі. Час, пра які ішла гаворка ў гэтым салідным выданні, быў складаны, багаты на падзеі, факты самага рознага характару, зместу. Далёка не адназначныя. Мне было прапанавана зрабіць (напісаць) артыкул пра беларускую прозу гэтага перыяду. Былі ў мяне ўжо немалыя напрацоўкі, таму я згадзіўся. Артыкул мусіў быць абагульняльнага характару, дзе б выяўляліся, акрэсліваліся галоўныя тэндэнцыі літаратурнага працэсу акрэсленага часу, названы найбольш значныя творцы і творы ў гэтыя гады. Я так разумеў асноўную сваю задачу - так і зрабіў. Праз нейкі час узнікла патрэба ў складальнікаў і выдаўцоў выдаць трохтомнік на рускай мове. Артыкул быў перакладзены на рускую мову. Здадзены. На гэты раз складальнікі і выдаўцы гэтай вялікай працы артыкулы пра літаратуру (пра артыкулы іншага зместу нічога не магу сказаць) аддалі на рэцэнзію. Праз нейкі час пазнаёмілі з рэцэнзіяй. Яна непрыемна ўразіла. Не зместам, не ацэнкай артыкула па сутнасці яго. А тым, што раней называлася ідэйна-палітычнымі заўвагамі. Адразу ўзгадаліся старыя "добрыя" часы. I ў маім артыкуле, і ў артыкуле Любы Гарэлік, прысвечаным беларускай паэзіі гэтых гадоў, рэцэнзент убачыў праявы нацыяналізму. У чым - не гаварылася. Было абвінавачанне. Была прапанова аддаць належную ўвагу пісьменнікам рускамоўным. Хто аўтар рэцэнзіі, не сказалі. Так, даходзілі чуткі, што гэта адзін з членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Таго, якім кіраваў і кіруе Мікалай Чаргінец. Усё гэта можа падацца не такім ужо і сур'ёзным. Але маючы ў такіх абвінавачаннях вопыт папярэдніх гадоў, падумалася, што, калі нават у новых умовах такія абвінавачанні робяцца, то, ой не хутка дойдзем мы да Беларусі: сочаць пільна.
Ну, але то як бы адхіленне ў размове пра справы мае непасрэдна літаратурна-крытычныя. Быццам нямала пісаў, друкаваўся ў перыядычных выданнях. Нямала публікацый было не аднадзённага зместу. Артыкулы, прысвечаныя даследаванню беларускай прозы канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя, артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці многіх таленавітых пісьменнікаў - усё гэта, як мне падавалася тады, у час напісання (і сёння лічу так) - разлічана не толькі на разавае тагачаснае выкарыстанне. Так, то была патрэба таго часу. Дакладней, маё разуменне, адчуванне тагачаснае асобных твораў, творцаў. Актуальных на той час. Хаця, калі строга падыходзіць, то таленавітае заўсёды актуальнае. I якраз хацелася выявіць гэта ў творах.
Творы, творчасць пісьменніка я ацэньваў па іх эмацыянальным уражанні. А гэта найперш эмацыянальная насычанасць слова ў моўным кантэксце. Арганічнасць сэнсавая і эмацыянальная гучання фразы. I можа не так самой па сабе, як у самім тэксце. Зноў жа ўсё гэта істотна не само сабе, як у самім тэксце. Гэтыя моманты, элементы мастацкасці вылучаюцца пазней. Адразу ж ты чытаеш, каб адчуць і ўведаць. Наталіць прагу, уласцівую кожнаму чалавеку, прагу перажывання і пазнання. Бывае такое тады, калі трапляеш у якісьці новы для цябе свет, свет цэласны, арганічны ў сваіх праяўленнях, жывы. Ты ўваходзіш у гэты свет, прымаеш яго, пачынаеш у ім жыць.
Так я разумеў, адчуваў літаратуру. Так яна ўваходзіла ў мяне, станавілася неад'емнай часткай, выключна арганічнай, майго свету. Менавіта пра гэта я імкнуўся пісаць і пісаў, пра гэты свет сваёй душы, сфармаваны, народжаны шмат у чым мастацкай літаратурай, імкнуўся выказаць у сваіх артыкулах, даследаваннях. То была мая мэта крытыка, літаратуразнаўца. Што атрымлівалася і атрымалася, урэшце не мне судзіць. Хаця адчуванне таго, што напісана горш, што лепш, было. Магу адно сказаць, што за ўвесь час, як я пішу, я не помню якіхсьці адмоўных ацэнак зробленага мною. Былі якіясьці крытычныя закіды па нейкіх прыватных пытаннях, творах. Помніцца станоўчае. У свой час яно было з той ці іншай нагоды выказана Іванам Мележам, Міхасём Мушынскім, Дзмітрыем Бугаёвым, Юльянам Сяргеевічам Пшырковым, Міхасём Ярошам, Міхасём Тычынам, Яўгенам Лецкам, Таццянай Шамякінай, Аляксеем Рагулем, Яўгенам Гарадніцкім, Алесем Марціновічам, Веранікай Стральцовай... Праўда, быў выпадак, калі я атрымаў крытычныя заўвагі (а можа заўвагі нязгоды) з боку Алены Васілевіч. Датычылася гэта аповесці Янкі Сіпакова "Жанчына сярод мужчын". Ды і то да гэтага артыкула пра аповесць "Разбурэнне словам" быў прыкладзены як бы падзагаловак "Суб'ектыўныя заўвагі чытача".
Да чаго я ўсё гэта кажу?
Апошняя мая кніга літаратурна-крытычных артыкулаў выйшла ў 1997 годзе. У апошні год маёй выдавецкай працы. Пасля таго не было ніякіх асобных маіх выданняў: ні манаграфічных прац, ні зборнікаў. Былі кніжныя публікацыі ў "Гісторыі...", пра што згадвалася раней, а таксама ў калектыўных зборніках. Хаця ў перыядычных выданнях, найперш у часопісе "Полымя", друкаваўся пастаянна. І да гэтага часу друкуюся.
І вось пад канец першага дзесяцігоддзя ўжо новага веку ўзнікла жаданне выдаць лепшыя артыкулы асобнай кнігай. Кніга мне ўяўлялася цэласнай. Яна ўключала шаснаццаць артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці пісьменнікаў, пераважна празаікаў, розных творчых пакаленняў (Кандрат Крапіва, Янка Брыль, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Іван Пташнікаў, Анатоль Кудравец, Васіль Гігевіч і інш.), а таксама адзін артыкул абагульняльнага характару, прысвечаны прозе апошніх амаль сарака гадоў XX стагоддзя. Як мне ўяўлялася, кніга давала даволі цэласнае ўяўленне адносна літаратурнага працэсу (найперш, як ён выявіўся ў прозе) аднаго з самых складаных перыядаў нашай гісторыі. Артыкулы манаграфічна-нарыснага зместу насычаны канкрэтным жывым літаратурным матэрыялам, зроблены тэарытычныя высновы. У сваю чаргу артыкул абагульняльнага зместу як бы выяўляў месца і ролю асобнага пісьменніка, яго творчасці, твораў у агульным літаратурным працэсе таго часу.
Зразумела ж, рыхтаваў я рукапіс, папярэдне правёўшы перамовы з выдаўцамі. А калі дакладна, то меў я перамовы з галоўным рэдактарам роднай мне "Мастацкай літаратуры" Віктарам Шніпам. Быў атрыманы дазвол: прыносьце. Я аднёс рукапіс, аддаў галоўнаму рэдактару. Да дырэктара не заходзіў. Галоўнага рэдактара я ведаў лепш. Яго паэтычнае пасталенне ішло праз "Мастацкую літаратуру". Помню, было гэта, здаецца, дзесьці напачатку 80-х гадоў, зайшоў да мяне Рыгор Барадулін з маладым хлопцам. Падалося, юнаком. Быў той няўпэўнены якісьці, як бы баязлівы. Вочы неяк бегалі, быццам не было позірку ўстойлівага, пэўнага. Запомніўся. У пазнейшыя гады ў сваёй творчасці ўвесь час заўважаўся. Прызнаюся, яго прызначэнне на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва было для мяне нечаканым. Тым больш пры далёкім ад беларускай літаратуры дырэктары. Але працуе. I даўно ўжо працуе, пры другім дырэктары. А дырэктар - з выбраных.
Дык вось, рукапіс я аддаў галоўнаму рэдактару. Спадзеючыся, што ўсё будзе як трэба. Але, як кажуць, спадзяванка-цацанка... Не, спачатку ўсё ішло быццам нармальна.
Кніга была ўключана ў тэматычны план выданняў. Так мне было сказана. Прайшоў немалы час. Падумаў: зайду - пацікаўлюся. Тым больш, што ісці недалёка: выдавецтва за ракою. Пайшоў. У самім будынку, на паверсе, дзе выдавецтва роднае, усё як і ў ранейшыя часы, адчуваю трошкі хваляванне. Галоўны рэдактар быў на месцы. Заходжу. Шніп якісьці разгублена-незадаволены: мой прыход для яго непрыемны і нечаканы. Усё высветлілася амаль адразу. Не паспеў я папытаць, ці ўключана мая кніга ва ўдакладнены план выданняў на наступны год, як атрымаў адказ: выключана. Чаму? Маўляў, Мікалай Іванавіч загадаў.
Мікалай Іванавіч - гэта Чаргінец, старшыня прапрэзідэнцкага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Як усё роўна вядро памыяў смярдзючых на галаву вылілі. Больш ніякіх тлумачэнняў. Забраў я рукапіс і пайшоў. Выпытваць, што і як не стаў. Пайшоў пакрыўджаны, абражаны. І не так тым, што кнігу выключылі з удакладненага плана, як тым, як гэта было зроблена - па-хамску, бесцырымонна. Я працаваў у выдавецтве, доўга працаваў. Даводзілася вырашаць самыя розныя (у тым ліку і такога зместу) пытанні. І я не помню, каб іх вось так бесцырымонна мог вырашаць дырэктар выдавецтва, галоўны рэдактар ці тым больш хтосьці з кіраўнікаў Саюза пісьменнікаў. А былі яны тады заслужаныя, аўтарытэтныя. Існавалі рэцэнзенты, рэдкалегіі. З іх дапамогай вырашаліся такія пытанні. І тое было ў аблаяныя савецкія часы. Ды што зробіш... Даўно заўважана: якія часы - такія і норавы. А норавы зноў жа працуюць на часы.
Тое, што галоўны рэдактар сказаў вось так пра лёс кнігі, мяне не здзівіла: хлопец ён не надта смелы і рашучы. Недарэчным ўяўляецца іншае. "Мастацкая літаратура" - гэта ж не выдавецтва Саюза пісьменнікаў Беларусі, а выдавецтва, падначаленае Міністэрству інфармацыі. Ды што зробіш: недарэчна - яно ва ўсім недарэчна. Хаця, шчыра кажучы, упэўненасці, што кніга ў гэтым выдавецтве выйдзе, у мяне асаблівай не было. І вось чаму?
Раней, калі гадоў было менш, а здароўя больш, я пастаянна наведваў кніжныя выставы-кірмашы. Узгадваліся ранейшыя нягоршыя часы: Маскоўскія кніжныя выставы-кірмашы, Варшаўскія. Успаміны то былі добрыя, часам светлыя. Яшчэ было шмат знаёмых кнігавыдаўцоў, работнікаў кнігагандлю. Праўда, і тыя ўсё больш мяняліся, станавіліся заклапочаныя, мітуслівыя. Добра былі знаёмыя з ранейшых часоў і работнікі міністэрства, звязаныя непасрэдна з выдавецтвамі. Неяк між іншым ў размове з адной супрацоўніцай пацікавіўся адносна выдання кнігі артыкулаў. Пытанне было трохі нечаканае: у якім я саюзе (пісьменнікаў). Адказаў. Тлумачэнне даволі адназначнае: "Мастацкая літаратура" выдае творы (і плаціць за іх ганарар) толькі членаў аднаго саюза - саюза, якім кіруе М.І. Чаргінец. I гэта так. Улада плаціць тым, хто ёй аддана служыць. Менавіта ёй, а не народу, краіне. Гэта ў дзяржаве, якая прэзентуецца яе кіраўнікамі як дэмакратычная, еўрапейская. Таму, калі мне вярнулі рукапіс, то ў гэтым менш за ўсё быў вінаваты галоўны рэдактар. Сістэма спрацавала.
Рукапіс вярнулі. Але надзея выдаць кнігу ў мяне засталася, была яна звязана з асобай галоўнага рэдактара газеты "Звязда" Карлюкеіча Алеся Мікалаевіча. З ім таксама неяк сустрэліся і пагаварылі на кніжнай выставе. Было тое да таго, як мне вярнулі рукапіс з выдавецтва. Папытаў ён: можа ёсць што выдаваць. Я адказаў: трэба паглядзець. Дзесьці ў хуткім часе вярнулі рукапіс. Нейкі час перажываў. Потым пазваніў Карлюкевічу. Адказ быў: прыносьце. Было гэта да таго, калі рэдакцыя "Звязды" магла дазволіць сабе выданне кнігі вельмі рэдка. У хуткім часе пачалося аб'яднанне перыядычных выданняў. У канцы 2012 года была створана Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Выдавецкі дом "Звязда"". Я абрадаваўся. На жаль, "радуюся" і да гэтага часу. Прайшло на гэты час (сёння 20 сакавіка 2016 г.) больш за тры гады - "а воз и ныне там". За гэты час тэлефанаваў два разы. Усё абяцаюць. "Гісторыя" з выданнем цягнецца ўжо гадоў шэсць. Калі не больш. Нарэшце набраўся рашучасці - патэлефанаваў. Падумаў: трэба канчаць. Адказаў Карлюкевіч А.М. Голас стомлены. І не дзіва: столькі даводзіцца цягнуць - кіраўнік РВУ "Выдавецкі дом "Звязда"", дырэктар-галоўны рэдактар газеты "Звязда". А яшчэ ж удзел у Давыдзькавым "Клубе рэдактараў". А мілае сэрцу краязнаўства, на якое, мяркуючы па выданнях, сёння мода пайшла. Але, нягледзячы на адчуванне стомленасці-заклапочанасці, голас быў пэўны, рашучы. Маўляў, мы не "Мастацкая літаратура", не нашага профілю выданне. Дзесьці прамільгнула: заказу таксама няма. І ўсё: хаця рукапіс я аддаў па яго прапанове і яшчэ да ўтварэння "Выдавецкага дома "Звязда"". Узнікае пытанне і такога характару: дзеля чаго трэба было трымаць рукапіс больш трох гадоў? У мяне адказу няма. Штосьці падобнае да першай кнігі. Там, праўда, была пэўная актыўнасць. Тут жа гісторыя без гісторыі. Канал перакрыты - і ўсё. Звяртацца няма да каго, скардзіцца няма куды. Сістэма працуе зладжана. Не тыя часы. Ды і людзі... змяніліся.
І ўсё ж, шчыра скажу, не ўсё ўжо і так змрочна складваецца ў маім творчым, а гэта і жыццёвым, лёсе. Ёсць тут і светлая, чыстая палоска. І, як гэта ні дзіўна, звязана яна з маёй роднай Беласточчынай. Дакладна з альманахам (штогадовікам) "Тэрмапілы". А здарылася ўсё неяк можа і выпадкова. У 2005 годзе ў альманаху быў надрукаваны мой артыкул "З адчуваннем высокага неба", прысвечаны творчасці „белавежца” Міхася Андрасюка. І вось у канцы 2012 года даследчыца літаратуры, супрацоўніца Беластоцкага ўніверсітэта доктар філалагічных навук Галіна Тварановіч прапанавала мне напісаць да майго 80-годдзя ў "Тэрмапілы" штосьці аўтабіяграфічнае. Здаецца, не адразу, але я даў згоду. Меркаваў, напісаць не больш за аркуш. Але пачаў пісаць і задума мая парушылася. Успаміны захапілі мяне. Першы артыкул быў надрукаваны ў 17 нумары "Тэрмапілаў" за 2013 год. Працяг успамінаў друкаваўся ў 18 і 19 нумарах штогадовіка за 2014 і 2015 гады. I вось зараз заключны раздзел у № 20 "Тэрмапілаў". Узгадалася - перажылося ўсё маё жыццё: і тое добрае, што было ў ім, і не надта добрае. Але ўсё гэта маё: яно са мною і ўва мне.
Сёння самая шчырая сардэчная ўдзячнасць мая Галіне Тварановіч, якая натхніла на гэтыя ўспаміны, сачыла за іх напісаннем і публікацыяй; глыбокая ўдзячнасць спадару Яну Чыквіну, які палічыў магчымым надрукаваць успаміны ў "Тэрмапілах".
Згадваючы пражытае і перажытае, неяк само сабою заўважылася: з мінулага ў памяці застаецца больш адмоўнае, дрэннае, балючае, чым станоўчае, добрае, радаснае. Ва ўсякім разе, так у мяне. I тое, на жаль, што ішло ад мяне да іншых, і тое, асабліва, што прыйшло да мяне ад іншых. Тут падзеі, асобы, учынкі, уражанні. Жыццё само па сабе, як існаванне, дзеянне, як тварэнне, - гэта ўжо не проста штосьці станоўчае, гэта радасць для чалавека. Нармальны, арганічны яго свет - гэта жыццё ў сваёй сутнасці. I розныя станоўчыя моманты толькі актывізуюць, узбагачаюць жыццё - гэты натуральны працэс. Самой сутнасцю сваёй чалавек падрыхтаваны, наладжаны для больш спакойнага, роўнага ўспрымання ўсяго добрага, станоўчага. Адмоўнае, злоснае, цёмнае ўрываецца ў жыццё чалавека, парушае нармальную хаду яго. Усякае ж парушэнне заўсёды і ва ўсім пакідае прыкметны, адчувальны след. I надоўга.
Падумалася пра ўсё гэта ў сувязі з адной жыццёвай гісторыяй, якая здарылася з намі (са мной і, больш, з жонкай) у 1998 годзе. Жонка працавала ў адным салоне прыгажосці касметолагам. Перад гэтым закончыла, у Маскве, курсы па касметалогіі. Касметолаг была проста выдатны. Самыя складаныя працэдуры выконвала ў вышэйшай ступені прафесійна і, можа, галоўнае, з душою. Увогуле ўсё, што ні рабіла жонка, яна рабіла з душою. Сэрца было чулае, адкрытае для людзей: нялёгкі жыццёвы вопыт не злосць пакінуў у душы, не непрыязь да чалавека, не закрытасць, а шчырасць, адкрытасць, душэўную дабрыню. Асабіста я ўсё гэта бачыў, адчуваў, жыў гэтым. То было маё жыццёвае шчасце. Зразумела, усе лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасьці добра ведалі, адчувалі і пацыенты. Да Тамары Пятроўны заўсёды былі чэргі. Многія гадамі наведваліся, наведваліся на кватэру. Не з адной пацыенткай склаліся добрыя таварыскія, а то і сяброўскія, адносіны. Па праўдзе кажучы, і заробак тут быў прыстойны. Можа, упершыню жонка адчувала сябе больш-менш свабодна з грашыма.
Але... У жыцці нашым мы ніколі не можам пэўна прадбачыць, што нас чакае заўтра, хто і як нас здзівіць. Ды не проста здзівіць - ашаломіць.
Вось якая гісторыя здарылася. Я яшчэ працаваў у выдавецтве. Аднойчы з раніцы заходзяць у кабінет два маладыя мужчыны, цывільна апранутыя. Прапануюць паехаць з імі. Як пазней высветлілася, то былі супрацоўнікі Камітэта па арганізаванай злачыннасці МУС Рэспублікі Беларусь. Павезлі ў адно аддзяленне міліцыі г. Мінска. Па дарозе даведаўся, што жонка ўжо там. Гутарка (дакладней допыт) цягнуўся некалькі гадзін. Гутарка была непрыемная, мякка кажучы, не дужа тактоўная. Гутарылі яны ўдвух са мною. Адзін з іх нават працытаваў радкі Аркадзя Куляшова: "Цвёрда трымаўся юнак на дапросе..." Лагічна было б працягнуць яшчэ два радкі: тое было б больш праўдзіва.
А справа такая.
Адна жанчына, пацыентка жончына, вырашыла адкрыць цэнтр здароўя, з касметалагічным кабінетам. Абяцала жонку ўзяць касметолагам. Папрасіла пазычыць грошы: купіць памяшканне, правесці рамонт. Фірма свая ўжо была зарэгістравана. Жонка пазычыла - раз, потым другі... Былі дадзены распіскі, дзе былі пазначаны тэрміны вяртання доўгу. Але праходзіць тэрмін... Доўг не вяртаецца. Пацыентка-даўжніца знікае, на тэлефанаванні не адказвае.
А далей - выклік жонкі і мяне ў міліцыю. Ды не выклік, а прывоз. Патрабаванне да жонкі (асабліва) і да мяне: сказаць, хто пагражае жанчыне-даўжніцы і патрабуе аддаць даўгі. Жонку дапытвалі доўга. Пагражалі пасадзіць у бамжатнік, затрымаць на трое сутак. Потым нас адпусцілі: мяне раней, жонку пазней. Як адпусцілі... З намі паехалі тыя самыя падпалкоўнікі рабіць вобыск. Калі яшчэ былі ў аддзяленні міліцыі (кагосьці чакалі на ганку), выйшла з памяшкання і пераможна прайшла зладзюжка-даўжніца. Чаго яна там сядзела? Слухала наш допыт? Незразумела. Вобыск быў нядоўгі. Чаго шукалі - невядома. Запрасілі ў якасьці панятых двух суседзяў. Неяк сорамна гэта. Паехалі "шукальнікі". Жонцы стала дрэнна. Выклікалі хуткую. Пазней яшчэ выклікалі ў міліцыю. Пісаў я ў пракуратуру г. Мінска адносна правамернасці затрымання жонкі і мяне, адносна вобыску ў нашай кватэры, адносна праслухоўвання нашага хатняга тэлефона. Зразумела, адказ адзін і той жа: усё рабілася законна. Пазней мы даведаліся, што наша даўжніца пазычыла грошы і не аддавала яшчэ некалькім чалавекам. Тыя ўжо самі звярталіся ў следчыя органы. Дзесьці праз год выклікаў пракурор, той, які вёў справу раней. Я быў у яго. Ён паведаміў, што мы ўжо свабодныя ад іх нагляду. Папытаў у яго: ці цікавіліся яны наконт вяртання даўгоў іх падабароннай. Адказ быў: не. Вывад напрошваецца адзін: грошы можаш пазычаць - і не аддаваць. Нічога страшнага.
Гісторыя паскудная. Надоўга парушыла душэўны спакой. Прымусіла яшчэ раз задумацца аб тым, што з намі робіцца. Як так можа зрабіць чалавек, які лічыць сябе інтэлігентам: пазычаць грошы - і не аддаваць, што значыць - красці. Чаму праваахоўна-следчыя органы не разглядаюць справу з яе вытокаў: пазычыў грошы (ці што іншае) - аддай. I не будзе ніякіх ускладненняў. А так губляецца вера ў чалавека, парушаецца вера ў праўдзівасць свету людзей. Выносіць такія ўрокі пад старасць не дужа прыемна, балюча.
Увогуле пад старасць усё жыццё чалавека набывае іншы сэнс, іншы змест і характар. То ён увесь час жыў у сям'і, у працоўным калектыве, наогул у грамадзе. Жыў актыўна, мэтанакіравана. Жыў з унутрана актыўным адчуваннем знешняга свету - і далёкага адносна, і больш блізкага. Той свет патрабаваў ад яго дзейнасці - і знешняй (у самім тым свеце), і ўнутранай (думаць, перажываць). Але ідзе час - няспынна, наканавана. Чалавек старэе. Знешні свет - свет грамадскіх, сямейных, ды нават асабістых узаемаадносін - звужаецца, губляе сваю актыўнасць. Сам чалавек усё менш становіцца запатрабаваны навакольным светам, навакольным жыццём. Ды і свет гэты - грамадскі, бытавы, сямейны - усё ў меншых памерах адчувае запатрабаванасць чалавека. З'ява гэтая ўніверсальная - духоўная, сацыяльная, побытовая, сямейная, асабістая. Так чалавек прыходзіць у жыццё, так сыходзіць з яго. Застаючыся ў сусвеце. Як дух, як памяць. Вось гэтае звужэнне, змяншэнне ўзаемадзеяння са знешнім светам аслабляе чалавека - і фізічна, і духоўна.
Гэтыя, такія разважанні, як быццам абстрактныя, на самой справе народжаны рэальным жыццём рэальнага чалавека - жыццём асабістым, сямейна-побытовым. На схіле дзён яго. Надыходзіць час, калі чалавек, фізічна і духоўна, усё больш слабее. Яго ўзаемадзеянне з навакольным светам усё больш звужаецца, аслабляецца. І не ведае: дзе тут прычына, дзе вынік.
Зразумела адно: і вынік, і прычына ўсяго - нашыя хваробы, нямогласць. Жыве чалавек - радуецца жыццю. Працуе, гуляе, дзяцей гадуе, марыць пра добрае, светлае, імкнецца да яго. У яго свае жаданні, свае мэты. Да іх ён імкнецца, іх здзяйсняе. І зусім не ведае, што яго чакае сёння, заўтра, праз тыдзень. Наогул, што яго чакае. Надараецца такое, што не падлягае ніякаму тлумачэнню.
Увогуле хваробы прыходзяць з узростам. Старэе чалавек, слабее фізічна, зніжаецца супраціўляльнасць - і пачынаюць чапляцца да яго ўсялякія вірусы, ажываюць нямогласці розныя, якія раней у ім драмалі, прыціснутыя яго фізічнай і духоўнай энергіяй. Пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце, часамі даволі горкім.
Дзесьці ў хуткім часе пасля таго, як пачаў я працаваць галоўным рэдактарам выдавецтва, быў замацаваны за так званай лечкамісіяй. Тут былі пастаянныя медыцынскія агляды, аналізы. Пазней ужо менавіта тут давялося перажыць няпростыя часіны ў маім жыцці, шмат што пабачыць, уведаць. Дрэннага, часам вельмі, ад хвароб, добрага - ад людзей, тых, хто памагаў пераадольваць хваробы тыя, нягоды ўсякія, звязаныя з імі. А хваробаў тых, нягодаў самых розных пад старасць пачало набягаць усё больш і больш. У свой час давялося выдаляць мачавыя камяні. Ужо ў восемдзесят дзесьці гадоў зноў жа выдалялі апендыцыт. Гэтыя аперацыі прайшлі спакойна. Якіхсьці адхіленняў адмоўных і ў час аперацый, і ў час пасляаперацыйнай рэабілітацыі не было. Затое трэцяя аперацыя, якая адбылася ў часе дзесьці паміж дзвюма гэтымі, і яе наступствы, поўныя нечаканасці, болю, містыкі.
А было ўсё так. Знаходзячыся ў бальніцы, праходзіў я абследаванне. Рабілася гэта нярэдка. Таму ніякай трывогі ці то нават занепакоенасці я не адчуваў. Тым больш, што ўсе мае трывогі, звязаныя са здароўем, засяроджаны былі на сардэчна-сасудзістай сістэме. I раптам - як гром сярод яснага неба: анкалогія ныркі. Я быў проста ашаломлены. Доктар усё гаварыў голасам устрывожаным, сам узбуджаны. Загадаў ледзь не адразу ехаць у Бараўляны ў вядомы анкалагічны цэнтр - выразаць усё лішняе. Доктар патэлефанаваў жонцы, перадаў усё гэта. Страх ахапіў усіх, трывога.
Але куды дзенешся. Праз колькі дзён паехалі туды. Палата была на двух чалавек. Другі быў нехта з Украіны, платны. Умовы былі не надта. Прыбіральня агульная, дзесьці на калідоры. Праз пару дзён зрабілі аперацыю - выразалі кавалак ныркі. Дзякаваць Богу - незлаякасны. Усё, здавалася б, добра. Варта сказаць яшчэ вось пра які момант. У час падрыхтоўкі непасрэдна да аперацыі адзін з дактароў гаварыў са мной на добрай беларускай мове. Гэта дадало хоць трохі аптымізму. Кожны дзень прыязджала жонка, дзеці. Усё ішло да таго, каб выпісвацца. За гэтыя дзень-два ў палаце з'явіўся другі хворы. Першы пасля аперацыі ў той жа дзень выехаў: кожны дзень прадугледжваў немалыя грашовыя выдаткі. Новы хворы знешне быў якісьці незвычайны: у памяці адразу ж усплыў герой славутага рамана Віктора Гюго - Квазімода. Пазнаёміліся - дабрэйшай душы чалавек.