Усё ішло быццам нармальна. Праўда, паняцце "нармальна" несла ў сябе іншы змест. Ішла размова, што і выпісвацца ўжо трэба. Ды раптам... Было тое ў пятніцу. Прыязджалі жонка з дачкою. Пасля абеда паехалі. Я сабраўся выйсці з палаты. Падняўся з ложка... Далей нічога не помню... Апрытомнеў на нейкай медыцынскай калясцы. Вакол чалавек шэсць дактароў, сясцёр... Нейкая нярвознасць, мітусня. У роце нейкая трубка... Чую: хтосьці пытае: ну, што там? Адказ: балота. Гэтае слова засела ў памяці назаўсёды. Потым доўга ехалі на гэтай калясцы ў нейкім тунэлі. Апынуўся ў рэанімацыі. Вялікі пакой, хутчэй зала. Хворыя, мо чалавек дзесяць, ляжаць паўкругам на падлозе. Пасярэдзіне паўкруга ўзвышаецца стол. За ім сядзяць медыцынскія работнікі гэтага цэнтра. Нагадвала ўсё гэта якісьці высокі суд. Праляжаў я там дзесьці гадзін дванаццаць. Падціскалі хворыя пасляаперацыйныя.
Вярнуўся ў палату. Даведаўся, што адбылося са мною. Страціў прытомнасць, абсунуўся на падлогу. Сусед па палаце выклікаў дзяжурнага доктара. Той - астатніх. Добра, што яшчэ супрацоўнікі адпаведных службаў не пайшлі дамоў. Тут мне пашчасціла. Дыягназ таго, што здарылася са мною - страўнікавае кровазліццё. На глебе нярвовага стрэсу.
У той час, калі са мною здарылася гэтае няшчасце, жонка з дачкою ехалі з Бараўлянаў у Мінск. I вось недзе пасярэдзіне дарогі жонка занервавалася. Узніклі ў яе нейкія пытанні адносна майго самаадчування. Патэлефанавала. Ёй сказалі, што я ў рэанімацыі. Вярнуліся назад. Зразумела, у рэанімацыю іх ніхто не пусціў. Сказалі, што ўсё ўжо нармальна. Паехалі дамоў. Тамара Пятроўна ўся ў маўчанні, перапоўненая пера- жываннямі. Пазней расказала і мне, і дачцы такое. Зайшла ў кватэру, стала на калені перад абразом. Малілася за маё здароўе. Прасіла: Госпадзі, вазьмі мяне, але дай яму жыццё і здароўе. Калі расказвала пра гэта, мне хацелася плакаць. Словы заселі ў памяці. Дзесьці ў душы, у свядомасці з'явілася трывога. Засталася надоўга, назаўсёды. Жыве і дагэтуль.
А склалася ў жыцці так, што дзесьці з пачатку новага стагоддзя (а можа, і раней) галоўным хворым у нашай сям'і быў я. То сардэчны прыступ, то гіпертанічны крыз, то сардэчны рытм збіўся... Хуткая дапамога, бальніца... Жонцы, здавалася, няма калі і няма як займацца сваімі, як кажуць, болькамі. Ды і яе праца - касметалогія - ёй вельмі падабалася. Дзеці жылі ўжо самастойна. Іх сямейнае жыццё пачалося і ішло намнога лепш, чым то ў нас некалі. У гэтым сэнсе ў нас ніякіх турботаў не было.
Але ж гады бяруць (што забіраюць, што даюць) сваё. I гэта найчасцей ужо ўсё нашае, асабістае - ці то добрае, ці то дрэннае. Жончына праца патрабавала добрага зроку. Рознага роду акуляры павелічальныя дапамагалі слаба. Вырашылі рабіць аперацыю - замяніць хрусталік. Замянілі. Аперацыя прайшла нармальна. Праходзіць пэўны час - зрок не паляпшаецца. Пачынаюцца болі галавы. Нас ахоплівае трывога, страх. Тамара Пятроўна кладзецца ў бальніцу пры Кардыялагічным цэнтры. Вынікі абследавання для нас былі страшныя - выяўлена пухліна галаўнога мозгу. Неабходна была аперацыя. Зрабілі яе ў хуткім часе ў бальніцы адпаведнага профілю. Вынікі аперацыі былі несуцяшальныя: пухліна аказалася злаякасная, выдаліць яе ўсю не змаглі. Праз нейкі час выпісалі з бальніцы. Дактары нас нічым не суцяшалі. Пэўнасці ніякай не было. Спачатку ўсё ішло быццам спакойна. Далей усё пачало пагаршацца. Страшныя прыступы галаўнога болю, страта прытомнасці. Але і ў такім стане жонка пастаянна гаварыла пра сваё жаданне хутчэй вярнуцца да сваёй справы. Была ў яе вялікая прага жыць. Да апошняга не думала і не хецела паміраць. Памерла 14 кастрычніка а 12 гадзіне. Адышла ціха, паступова губляючы дыханне. То было неяк незразумела, вусцішна. Адыходзіць родны табе чалавек адсюль, ад цябе. I ты нічога не можаш зрабіць, неяк дапамагчы. Пакутліва сядзіш і маўчыш. Добра, што была са мною ў гэты час і наогул ва ўсе гэтыя цяжкія дні старэйшая дачка Света. Меншая сядзела з унукам, якому не было яшчэ і года.
Прайшло амаль чатыры гады з таго балючага часу, як адышла ў іншы свет мая Тамара Пятроўна. Праходзяць гады, з аднаго боку, быццам хутка, з другога - нудна-цягуча. Бо гады без якіхсьці прыкметных падзей, гады жыццёвай аднастайнасці. І, напэўна, самае страшнае - гады чалавечай адзіноты. Жыў чалавек у працоўным калектыве, у творчым асяроддзі, у сям'і. Было пастаяннае ўзаемадзеянне, асабістыя дачыненні рознага зместу і храктару. Усё гэта жывіла і ўнутраны свет, штурхала да дзеяння, да працы.
І раптам усё гэта знікае, усё парушана. Што рабіць? Дзеля чаго рабіць? У імя чаго рабіць штосьці? Ды і жыць?.. Сэнсы, матывы, мэты твайго існавання і бытавання - высокія, значныя ды і самыя непасрэдныя, штодзённыя - знікаюць, размываюцца, страчваюць сваю прыцягальную, жыццедайную сілу. Свядомасцю, розумам імкнешся, намагаешся пераадолець такі стан. Штосьці часам і ўдаецца. Але ўсё гэта ўжо не тое. Няма паўнаты, натуральнасці. Асабліва моцна, балюча адчувалася адразу пасля смерці жонкі. Шмат думаецца, як бы нанова перажываецца - душэўна, эмацыянальна. І найбольш сямейнае, асабістае. Асобнае з пачуццём вінаватасці, шкадавання.
З часу адыходу жонкі ў свет іншы, лепшы, не пакідае думка аб дачаснасці адыходу, вымаленасці яго ў час знаходжання майго ў Бараўлянах. А малілася жонка шчыра, аддана: яна па-сапраўднаму верыла ў Бога.
Тут хочацца, ды нават не проста хочацца, а ёсць нейкая ўнутраная патрэба яшчэ звярнуцца да балюча-помных дзён майго знаходжання ў Бараўлянах. Сёння мясціна гэтая ўяўляецца як бы ямай. Ды не проста гэта яма, гэта як бы іншы свет. Ён у тумане. Туман прасветлены сонечным святлом. Але святло гэтае якоесьці нерухомае, цяжкае. Усё тое, што там было, гэта як бы ў іншым жыцці. Ды і было гэта як бы са мною, але быў я другі: я - не я. У сне ці то ў паўзабыцці перада мною раскручвалася кіналента, кадры якой усе запоўнены якімісьці нерэальнымі пачварнымі істотамі, жахліва злоснымі. Разам з тым па начах дзесьці побач за сцяною адбываліся нейкія гулянкі, шматлюдныя, з музыкай, песнямі. Выразна чуліся галасы, вылучалася мелодыя. Было гэта побач, але нябачнае, за сценамі.
Я разумею, што гэта выклікана лекамі. Але адкуль усплываюць фігуры, незнаёмыя абліччы людзей, незнаёмая музыка, прычым не якаясьці стыхійная, а меладычна суладная... Лячыўся ж я і ў іншых шпіталях, не адзін раз быў і ў рэанімацыі. Але нічога нават блізкага я не перажываў. Увогуле Бараўляны для мяне засталіся назаўсёды месцам містычным. I можа не так страшным, як невытлумачальным у сваіх праявах, у сваёй атмасферы.
Усе гэтыя жыццёвыя падзеі, здарэнні, асабліва тыя, што адбыліся ў пачатку гэтага стагоддзя, і, відаць, найперш тыя, што звязаны з хваробамі, смерцю жонкі, жывуць у апошнія гады ў маёй памяці, у маёй душы пастаянна. Асабліва ў часы адзіноты, калі застаешся толькі сам з сабою. А гэта, па сутнасці, пастаянны мой унутраны стан.
Зразумела ж, я не забыты, не закінуты. Барані Бог! Дзеці часта прыязджаюць, па некалькі разоў тэлефануюць за дзень. Дачушкі мае - і Света, і Алеся - добрыя, уважлівыя, сардэчныя. Усе ў мамачку сваю. Увагу, клопат, душэўнае цяпло я адчуваў і адчуваю сёння. Света ўжо доўгі час жыве ў Маскве. Але ў цяжкія часіны хваробы і смерці маці, у мае няпростыя шпітальныя дні яна тут, разам са мною. Падзяляе боль, гора і клопат. Так і меншая - Алеся. Жыве яна ў Мінску, можна сказаць побач. Гэта я адчуваю ўвесь час. Яна, у параўнанні з сястрою, больш эмацыянальная, непасрэдна адкрытая, нярэдка ўпартая ў адстойванні свайго. Для мяне яна сёння, можна сказаць, галоўная падтрымка. У часы маіх сардэчных прыступаў (а яны ў мяне здараюцца найчасцей глыбокай ноччу), калі мяне ахоплівае панічны страх, перш, чым выклікаць хуткую дапамогу, я тэлефаную Алесі. Яна адразу прыязджае. Прыносіць супакаенне, і найчасцей хуткую не выклікаем. Часта наведваецца. Прывозіць што-небудзь смачненькае, уласна ёю прыгатаванае, гародніну, фрукты, ягады. Пасядзіць, пагаворыць сардэчна. І я на нейкі час атрымаў жыццёвую падзарадку. Сярэдні ўнук Алёша прыязджае да дзеда на кожныя выхадныя. Старэйшы Ваня, які жыве ў Маскве, калі прыязджае ў Мінск, пасяляецца на ўвесь час зноў жа ў дзеда. У апошні час часта прыязджае з бацькамі самы малодшы ўнучак - Ванечка. Агульная наша радасць. Але то бываюць гадзіны, дні - разам са сваімі роднымі. А тыдні, месяцы, ды і гады ўжо - самота. На вуліцу выходжу ўсё менш: ногі баляць, спіна. Так, сходзіш, зусім паціху, у ларку купіш што паесці. Ды і ўсё. Праўда, бывае, па дарозе зойдзеш у скверык ля ўкраінскага пасольства, пасядзіш якой паўгадзіны. Там магутныя дрэвы, дастаткова лавачак, помнік прыгожы Тарасу Шаўчэнку, чыста, дагледжана. Там адпачываюць-гуляюць жанчыны - па дзве, па тры. Мужчын чамусьці няма - старых. Часам толькі з'яўляюцца адзін-два бамжоўскага выгляду, абавязкова з пляшкай. А ўвогуле тут ціха, спакойна, неяк лёгка дыхаецца. Раней часцей, цяпер рэдка, хадзіў на Свіслач. Карміў качак, галубоў, чаек. Зараз, на жаль, гляжу на Свіслач больш праз акно: добра, што вокны выходзяць на раку.
Дзіўныя, парадаксальныя рэчы творацца ў жыццёвым лёсе чалавека. Пачынаючы з пераезду нашай сям'і ў 1945 годзе ў Беларусь і да таго, як я атрымаў кватэру, ужо працуючы ў Iнстытуце літаратуры, мне давялося жыць у цеснаце. I гэта больш за 20 гадоў. Спачатку гэта вялікая сям'я ў старой аднапакаёвай хатцы, дзе ўсё разам - і кухня, і спальня, пазней - інтэрнат аспіранцкі, пакойчыкі ў прыватных дамах, інтэрнат для маласямейных. Пастаяннае адчуванне ціску - фізічнага, духоўнага. Думаецца, што якраз гэта ў немалой ступені паўплывала на маю заціснутасць унутраную, няўпэўненасць. Сёння мне ўжо за восемдзесят. Кватэра двухузроўневая, плошча немалая. I ты - адзін. Адчуванне - не надта.
У кватэры - паліцы кніг, ранейшых самых шчырых задуменных шматгадовых маіх сяброў. Але, зноў жа, прайшоў час, прайшлі гады, шмат што ў жыцці наогул, як і ў маім асабістым, змянілася. Рытм жыцця не той. Усё кудысьці спяшаецца, бяжыць. Сэнсы чалавечага жыцця, бытавання зрушыліся, здрабнелі. Маштабы, узроўні маральных ацэнак панізіліся. I чалавек, мастак, у многім апынуўся бездапаможным ў імклівай кліпавай плыні жыцця. Якуюсьці падзею і чалавека ў ёй нельга ўважліва разглядзець, апісаць, задумацца. Знайсці гармонію ці нават звычайную зладжанасць у сённяшнім свеце вельмі цяжка. Усё гэта захоплівае, падпарадкоўвае чалавека. Чалавек гэта моцна адчувае, хаця, відаць, не заўсёды ўсведамляе. Мусіць, шматгадовая праца дзесьці прыглушыла абагаўленне кнігі, пакланенне ёй. I ідзе гэта ад непасрэднага ведання многіх аўтараў, іх паводзін. Хаця я добра разумею, асабліва пасля выдавецтва, што пісьменнік-чалавек і яго творчасць далёка не адно і тое ж. У творчасці, у яе лепшых праявах, ён згустак духоўнай энергіі, мары, імкнення да лепшага, прыгожага. Ён фармуе, ладзіць сваё жыццё, устанаўлівае свой лад і парадак у адпаведнасці са сваім разуменнем добрага, праўдзівага і прыгожага. У жыцці ж звычайным чалавек не заўсёды ўнутрана змабілізаваны, падуладны знешнім павевам рознага характару, рознай сілы. Нярэдка вось гэты рэальны, штодзённы, побытовы свет перамагае ў творцы яго свет ідэальны, мару, прыніжае іх. Сапраўдны поспех бывае тады, калі ў творчасці пісьменнік здолее побыт, жыццё рэальнае ўвасобіць у свет, створаны, пабудаваны паводле законаў гармоніі і дабрыні. У іх індывідуальна-непаўторным ўвасабленні. Такое бывае тады, калі мастацкі вобраз свету, тварэнне яго ў катэгорыях мастацкіх, сілкуецца асабістым аўтаравым светам рэальным, грунтуецца на глебе жыцця навакольнага.
I калі сучаснасць уся бурліць, напоўнена духоўна агрэсіўнасцю, пранізана канфліктнасцю, то ці можна тварыць цэласны, гарманічны мастацкі свет. Хіба што вынайшаўшы якіясьці новыя эстэтычныя правілы і законы, якіх пакуль няма. Ды, можа, і шукаць не трэба. Ёсць адвечныя законы чалавечага быцця, духоўнага спасціжэння яго, законы спасціжэння навакольнага свету і сусвету, іх мастацкага ўвасаблення. Увасаблення ў адпаведнасці з сучаснымі ведамі, уяўленнямі і сучасным разуменнем вышэйшай сутнасці самога чалавека.
У апошні час чытаю Біблію. Не першы раз ужо. Усё больш і больш адчуваю, разумею, што менавіта Біблія - гэта Кніга Кніг. Сваім духоўным напаўненнем, сваёй скіраванасцю на сцвярджэнне вышэйшых законаў чалавечага быцця ў свеце, насычанасцю, багаццем падзей рознага зместу і сэнсу, разнастайнасцю канфліктных сітуацый, уласцівых самой прыродзе чалавека, што раскрываецца ў яго стасунках з людзьмі іншымі, у яго існаванні ў сусвеце. Здзіўляе арганічная суаднесенасць канкрэтных жывых герояў, месца дзеяння і вышэйшай духоўнай напоўненасці.
Даруй мне, Божа, гэтыя разважанні пра матэрыі вышэйшыя. Але што зробіш: так я сёння адчуваю, так разумею. Рэальнае жаццё, тое, якім (у якім) жывеш, само не надае, проста не дае, аптымізму. Містыка дзесьці выратоўвае. А містыка, дарэчы, у чымсьці вы- значальным таксама рэальная. Праўда, рэальнасць гэтая ў блізкім рэальным плане ў асноўным невытлума- чальная, хаця яе праявы, з'явы сустракаюцца ў жыцці чалавека пастаянна. Ды і без містыкі жыццё ўвогуле было б нецікавае, нерухомае.
А жыццё ідзе сваім шляхам. І калі чалавек адрываецца ад зямлі, ён губляе сваю прыродную, генетычную адметнасць, сваё жыццетворнае прызначэнне.
Але хопіць. Загаварыўся пра рэчы абстрактныя. А свет непасрэдны - жывы, канкрэтны.
Сярэдзіна мая, 2016 год. Сяджу за сталом. За акном цвітуць каштаны. За імі далей - Старажоўская вуліца. Па ёй увесь час туды-сюды імчаць машыны. За дарогай Свіслач. Тут, ля Палаца спорту, яна шырокая, дагледжаная. Перад Свіслаччу, управа за дарогаю, зелянее прыгожы бярозавы гаёк. Вырас ён проста ў мяне на вачах. Перад самым акном шырокая пешаходная дарожка. Тут пастаянна, з раніцы і да гадзін дваццаці, ідуць людзі. Паціху старыя, з кіёчкамі. З гучнымі размовамі, імкліва пралятае моладзь. Часта даволі і неяк светла праязджаюць дзіцячыя каляскі. Іх суправаджаюць і ахоўваюць маладыя мамы. Нярэдка, што асабліва прыемна, і таты. Увогуле і на гэтым узроўні жыццё ідзе сваім адвечным шляхам.
Пабачана шмат. Перажыта таксама. Шмат што згадваецца сёння, пра многае думаецца. Магу зараз пэўна сцвярджаць, што маё жыццё прыватнае цалкам падуладнае жыццю агульнаму. I ў падзеях, і ў думках-перажываннях. Агульная плынь жыцця грамадскага, народнага несла мяне. Дарэчы, як і іншых. Так я жыў, так думаў. Быццам самастойна, але ў агульнай плыні. I маё плаванне даволі сціплае. Ды і адкуль яму быць нясціпламу. Плывец з мяне быў не надта - і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Асвойваў плаванне ў вясковай сажалцы ды ў невялікай рачулцы Міранцы. Плаваць у вялікай вадзе не асмельваўся: ведаў, адчуваў сваю непадрыхтаванасць.
Сёння глядзіш за акно - бачыш нерухомую амаль Свіслач, бярозавы гаёк за дарогаю, цвіценне каштанаў... Думкі ж плывуць і плывуць у сонечную, але дзесьці як бы трохі затуманеную далячынь мінулага. Мінулае ў гэтыя мае гады ўзгадваецца, праплывае ў памяці карцінамі, эпізодамі цёпла-сонечнымі, паэтычнымі. Так бачыцца душою найбольш часта, асабліва поўна тое мінулае, калі быў я асабліва блізкі з прыродай, жыў у еднасці з вялікім і такім блізкім навакольным светам прыроды. То быў свет адвечны, натуральны, і ты адчуваў сябе ў ім арганічнай часцінкай. Такой паўнаты адчування свету, яго арганічнасці горад, хаця б у нейкія моманты, не пакінуў, не дае і сёння. I што яшчэ істотна - свет прыроды, свет арганічны духоўна, эмацыянальна сілкуе чалавека. Свет гарадскі, свет тэхналагічны трымае яго ў пастаянным унутраным напружанні, у затоенай трывожнасці. Успаміны жыцця ў гэтым свеце, а гэта самыя працяглыя, пазбаўлены паэтычнасці, святла. Гэтыя ўспаміны якіясьці пераважна шэрыя. Канечне, былі і тут падзеі, гісторыі, факты светлыя, прыгожыя. Але, на жаль, паглынуты, раствораны ў шэрай атмасферы мітуслівага гарадскога жыцця. Такое ўспрыманне гарадскога жыцця, дакладней, свайго жыцця ва ўмовах гарадскіх, напэўна абумоўлена ў значнай ступені ўзроўнем і характарам агульнага жыцця краю.
А ўзровень гэты і характар, шчыра кажучы, не радуюць. І ў агульным плане, і асабіста. Па-першае (і галоўнае), няма вызначальнай дзяржаўнай ідэі. Ідэі сваёй - адметнай, нацыянальнай. Якая б прымушала краіну рухацца наперад, а не таптацца на месцы. Пра беларускасць нашай дзяржавы гаварыць цяжка. Па сутнасці, яе амаль няма. Ва ўсякім разе, у духоўным жыцці краіны, напрыклад, я не адчуваю.
А што матэрыяльны ўзровень жыцця ў краіне паляпшаецца? Я не сказаў бы. Асабліва калі супастаўляю рост пенсій за апошнія гады і рост цэн на прадукты, на лекі... Тут ужо не таптанне на месцы, а ўсё горш і горш. А яшчэ пастаянныя размовы ў прэсе, на тэлебачанні пра пенсіянераў - павышэнне пенсійнага ўзросту, павелічэнне іх колькасці ў краіне... Часамі за ўсім гэтым як бы чуецца незадаволенасць гэтымі пенсіянерамі...
Так думаецца, так адчуваецца на схіле дня 30 мая 2016 года, на схіле дзён маіх.
Суцяшае: заўтра будзе новы дзень.
Бібліяграфія асноўных прац Серафіма Андраюка
КНІГІ
1. Современный белорусский роман (1954 - 1965): Автореферат диссертации... кандидата филологич. наук. Минск, 1966.
2. Жыццё. Літаратура. Героі. Мінск, 1973.
3. Вывяраючы жыццём: (Крытычныя артыкулы). Мінск, 1976.
4. Традыцыі і сучаснасць. Мінск, 1981.
5. Жыць чалавекам. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск, 1983.
6. Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці Івана Пташнікава. Мінск, 1988.
7. А жыццё - вышэй за ўсё: Выбранае. Мінск, 1992.
8. Пісьменнікі. Кнігі: Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мінск, 1997.
АРТЫКУЛЫ
1960
1. Каму верыць?: Пісьмо ў рэдакцыю// ЛіМ. 27 снежня.
1961
2. У хрэстаматыю - творы хрэстаматыйныя: Пісьмо ў рэдакцыю // ЛіМ. 1 верасня.
1964
3. Неабходнае адзінства// ЛіМ. 4 верасня.
1965
4. Адысея Алеся Кучынскага: (Рэц. Карпюк А. Пушчанская адысея)// Маладосць. № 10.
5. Паглыбленне ў характары: (Рэц.: Пташнікаў І. Лонва)// Маладосць. № 12.
6. Канфлікт і характары// Народная асвета. № 12.
1966
7. Праблемы і характары ў рамане: (На матэрыяле рамана І. Ша- мякіна "Сэрца на далоні")// Весці АН БССР. Серыя грамад. навук № 1.
8. Не забываць пра творчую індывідуальнасць// Полымя. № 4.
9. /Новае і знаёмае: (Рэц.: Кулакоўскі А. Першае чаканне)// Полымя. № 10.
10. Шукаць галоўнае ў сучаснасці//ЛіМ. 6 мая.
11. Сражающееся прошлое// Совет. Белоруссия. 20 апреля.
12. Своеобразие романиста// Совет. Белоруссия. 19 июля.
13. "На пороге будущего".// Совет. Белоруссия. 18 октября.
1967
14. Сваёй дарогай: (Рэц.: Сачанка Б. Пакуль не развіднела)// Маладосць. № 1.
15. Беларуская проза апошніх гадоў// Народная асвета. № 4.
16. Штодзённы людскі клопат: (Рэц.: Лупсякоў. На берагах Дняпра)// Полымя. № 5.
17. Паэзія моцнага гучання: (Рэц.: Вярцінскі А. Тры цішыні)// Звязда. 15 кастрычніка.
18. Зоркі можна бачыць і ўдзень: (Рэц.: Місько П. Калодзеж)// ЛіМ. 13 чэрвеня.
19. Знаёмства з цікавымі людзьмі: (Рэц.:Чарнышэвіч А.. Новы дом)// Звязда. 8 верасня.
1968
20. Талент шчыры, чалавечны// Прадмова: Брыль Я. Адзін дзень.
21. Панарама часу - панарама літаратуры: (Рэц.: Анталогія беларускага апавядання)// Полымя. № 4.
22. Факт, дакумент і праўда жыцця// Полымя. № 10.
23. Сувязь з часам: (Рэц.: Гусак С. Аляксей Кулакоўскі)// Маладосць. № 8.
24. У нагу з жыццём// Полымя. № 12.
25. Шлях у пяцьдзесят год (Рэц.: Лынькоў М. Летапіс эпохі)// Полымя. № 12.
26. Мэта пошуку - чалавек (Рэц.: Чыгрынаў I. Самы шчаслівы чалавек)// Звязда. 25 лютага.
27. Чэрпаючы з жыццёвай плыні (Рэц.: Лупсякоў М. Выбраныя творы)//ЛіМ. 27 жніўня.
28. Пасляваенная беларуская проза (У дапамогу настаўніку)// Настаўніцкая газета. 2 сакавіка.
1969
29. Люди чуткого сердца// Дружба народов. № 6.
30. Трагедыя і слава: (Рэц.: Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім.)// Маладосць. № 11.
31. Памяць вайны: (Рэц.: Арабей Л. Сярод ночы)// Звязда. 20 красавіка.
32. Даследуецца шлях пісьменніка: (Рэц.: Куляшоў Ф. Іван Мележ: Літаратурная біяграфія)// ЛіМ. 17 студзеня.
33. Слухаць пульс часу// ЛіМ. 18 красавіка.
1970
34. "Вначале было слово": (Рец.: Шкраба Р. Літаратура і мова)// Вопросы литературы. № 11.
35. Абгрунтоўваючы творчыя пазіцыі: (Рэц.: Бугаёў Д. Шмат- граннасць)// Полымя. № 11.
36. Кругі жыцця: (Рэц.: Скрыган Я. Кругі)// Звязда. 21 мая.
37. З жыццёвых вытокаў: чытаючы маладую прозу//ЛіМ. 17 лютага.
38. Актыўная пазіцыя сучасніка: (Рэц.: Лобан М. Парадок Устронь.)// ЛіМ. 5 чэрвеня.
1971
39. Апавяданне пасляваеннага часу// Беларуская проза: Апавя- данне і нарыс.
40. Як само жыццё: Нататкі пра стыль "Палескай хронікі"// Маладосць. № 2.
41. Хлеб и люди: (Рец.: Осипенко А. Обжитый угол: Повести)// Неман. № 1.
42. Пора возмужания: (Заметки о герое современной белорусской прозы// Неман. № 10.
43. На рамантычнай хвалі: (Рэц.: Караткевіч У. Чазенія)// Полымя. № 3.
44. Глыбокае пранікненне ў жыццё// Звязда.1 ліпеня.
45. Апавяданне: магчымасці, сённяшні стан// ЛіМ. 24 верасня.
1972
46. Вялікае святло жыццесцвярджэння// Маладосць. № 11.
47. Арыгінальнасць мастака//. № 3.
48. Вялікая праўда жыцця// Звязда. 29 сакавіка.
49. Творчы неспакой даследчыка// Звязда. 31 кастрычніка.
1973
50. Літаратура 1926-1932гг.// Гісторыя БССР. У 5 т. Т. 3.
51. Чалавек на зямлі// На стрыжні часу.
52. Увага да чалавека: (Рэц.: Жук А. Асеннія халады)// Маладосць. № 9.
1974
53. Да пытання аб індывідуальным стылі пісьменніка; Іван Мележ// Стыль пісьменніка.
54. Вернасць зямлі// Маладосць. № 10.
55. Пра галоўнае// ЛіМ. 4 кастрычніка.
1975
56. Истинно народный: Штрихи к портрету... Кондрата Крапивы// Неман. № 8.
57. Па-маладому і стала: (Рэц.: Далідовіч Г. Дажджы над вёскай)// Полымя. № 3.
58. Пафас даследчай думкі: (Рэц.: Пшыркоў Ю. Эпас рэвалюцыі)// Звязда. 28 жніўня.
59. Сын зямлі сваёй// Вячэрні Мінск. 23 мая.
60. Смерть ради жизни: (Рэц.: Пташников И. Найдорф.)// Сельская газета. 23 августа.
61. Красота человечности// Сельская газета. 16 ноября.
1976
62. Пашыраюцца далягляды: (Рэц.: Далягляды. 1975)// Маладосць. № 2.
63. Свой погляд: (Рэц.: Юрэвіч У. Погляд.)// Полымя. № 1.
64. Падстава для спадзяванняў: (Рэц.: Калодзежны Л. Аўсяны звон)// Полымя. № 3.
65. Сваё і чужое неба: (Рэц.: Сачанка Б. Чужое неба)// Звязда. 9 красавіка.
66. Талент сапраўды народны// Звязда. 5 мая.
67. Чалавек перамагае: (Рэц.: Быкаў В. Яго батальён)// ЛіМ. 12 сакавіка.
68. Клопаты мастака-патрыёта// ЛіМ. 26 лістапада.
69. Становление таланта: (Рэц.: Жук А. Паляванне на старых азёрах)// Сельская газета. 19 мая.
1977
70. Кондрат Крапива; Иван Мележ// История белорусской советской литературы.
71. Когда было начало: ( Рец.: Бровка П. Вместе с комиссаром)// Дружба народов. № 11.
72. Духоўны свет героя: ( Рэц.: Гігевіч В. Спелыя яблыні)// Вячэрні Мінск. 14 студзеня.
73. Шчодры талент// Вячэрні Мінск. 4 жніўня.
74. Талент сапраўды народны. Звязда. 5 мая.
75. Далучаны да сучаснасці// ЛіМ. 18 сакавіка.
76. Жыць чалавекам сярод людзей: Творчы партрэт// ЛіМ. 9 снежня.
1978
77. "Перад сумленнем і перад гісторыяй..."// Прадмова: Быкаў В. Аповесці і апавяданні.
78. Далучаны да сучаснасці: Раман 1976 года// Укладанне, артыкул: На стрыжні часу.
79. Клопаты і здабыткі: Маладая проза, год 1977// Маладосць. № 4.
80. Вывяраючы жыццём// Полымя. № 8.
81. Даследаванне творчай індывідуальнасці: (Рэц.: Бугаёў Д. Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць Івана Мележа)// Полымя. № 10.
82. Мгновения жизни: ( Рец.: Василевич А. Одно мгновенье)// Неман. № 10.
83. Адданасць роднай зямлі: ( Рэц.: Пташнікаў I. Найдорф)// ЛіМ. 10 лістапада.
1979
84. С думой о современности: Обзор произведений белорусских прозаиков// В мире книг. № 9.
85. Плён пошуку: ( Рэц.: Сачанка Б. Ваўчыца з Чортавай Ямы)// Звязда. 25 сакавіка.
86. Далучанасць да гісторыі народа// Звязда. 14 лістапада.
87. "Самім сабою быць...". ( Рэц.: Брыль Я. Трохі пра вечнае)// ЛіМ. 9 лютага.
88. Куды ідзе апавяданне// ЛіМ. 18 мая.
1980
89. Проза: Духоўны свет чалавека// Беларуская літаратура: Дзень сённяшні.
90. Чалавек абжывае зямлю// Прадмова: Пташнікаў I. Выбр.творы. У 2 т. Т.1.
91. Человек в мире обстоятельств// Неман. № 3.
92. Жыві як трэба: (Рэц.: Сіпакоў Я. Ці так жывеш?)// ЛіМ. 28 сакавіка.
93. Быць карысным людзям// ЛіМ. 11 красавіка.
94. Працяг мастацкай творчасці: (Рэц.: Вярцінскі А. Высокае неба ідэала)// ЛіМ. 4 верасня.
95. Чалавек - гэта цэлы свет// Звязда. 24 чэрвеня.
1981
96. Кандрат Крапіва// Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. ч.1.
97. Пошук дае плён// Прадмова: Сачанка Б. Выбр. творы. У 2 т. Т.1.
98. Сям'я, вёска, народ: Штрыхі да партрэта// Маладосць. № 6.
99. Дарога ў вялікае жыццё// Полымя. № 2.
100. Чалавек у свеце// Полымя. № 6.
101. Шеметы живут: (Рец.: Лобан М. Шеметы)// Неман. № 10.
102. Заўсёды з народам: (Да 85-годдзя з дня нараджэння... Кандрата Крапівы)// Звязда. 5 сакавіка.
103. Героя притягательная сила// Лит. газ. 8 апреля.
1982
104. Васіль Быкаў//Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Ч.ІІ.
105. Человек в мире и мир человека// Неман. № 11.
106. Глыбокае карэнне: Па старонках выбр. твораў. А. Карпюка //ЛіМ. 5 лютага.
107. Верность земле отцов//Сов. Бел. 5 октября.
1983
108. Боль памяці//Прадмова: Сачанка Б. Апошнія і першыя.
109. Вернасць праўдзе жыцця// Беларусь. № 12.
110. Служыць праўдзе і чалавеку// ЛіМ. 4 лістапада.
111. Утверждая красоту жизни//Сов. Бел. 5 октября.
1984
112. Штодзённы пісьменнікаў клопат//Прадмова: Кулакоўскі А. Выбр. творы: У 2 т. Т.1.
113. Мужнасць праўды//Полымя. № 6.
1985
114. Даверлівы талент//Прадмова: Сіпакоў Я. Выбр. творы: У 2 т. Т.1.
115. Памяць і боль//Прадмова, укладанне: Апавяданне пра Вялі- кую Айчынную.
116. Высокае служэнне літаратуры: Яну Скрыгану-80//Беларусь. № 11.
117. Памяць і боль//Полымя. № 5.
1986
118. На зялёнай дарозе жыцця//Звязда. 1 студзеня.
119. Вытокі лёсу// Звязда. 15 мая.
1987
120. На зялёнай дарозе жыцця//Прадмова: Кудравец А. Выбр. творы. У 2 т. Т.1.
1988
121. Слова простае, шчырае//Прадмова: Кулакоўскі А.Тры зоркі. "Вёска - маці наша..."//Полымя. № 3.
1989
122. Свой у свеце літаратуры//Прадмова: Бечык В. Выбранае: Літ.-крытыч. артыкулы.
123. О прозе Ивана Пташникава//Предисловие: Пташников И. Тартак. Мстижи.
124. Высокай красе адданы//Маладосць. № 6.
125. Зрелость не бывает беспамятной //Коммунист Белорусси. № 3.
1990
126. Чалавек абжывае зямлю//Прадмова: Пташнікаў I. Збор твораў: У 4 т. Т.1.
1991
127. Слово простое, искреннее//Предисловие: Кулаковский А. Повести и рассказы.
128. Единое поле культуры: (Симпоз. по культ. наследию государств-чл.СБСЕ)//Сов.Белоруссия. 25 июля.
129. Шлях у бясконцасць жыцця//ЛіМ. 8 лютага.
1992
130. В творческом поиске//Предисловие: Саченко Б. Зелёное дерево.
131. Сучасны-беларускі-народны...: (Да 75-годдзя Янкі Брыля)// ЛіМ. 31 ліпеня.
132. Жыццё і праўда//ЛіМ. 2 кастрычніка.
1993
133. I лёс пакалення//Прадмова: Сачанка Б. Выбр.творы: У 3 т. Т1.
134. Талент неспакойны, чулы//Роднае слова. № 12.
1997
135. Творы, адкрытыя ў жыццё// Прадмова: Пташнікаў І. Тартак.
1998
136. І шлях ідзе ў бясконцасць//Прадмова: Брыль Я. Ты мой найлепшы друг.
137. Годнасць (У. Дамашэвіч)//Крыніца. № 8.
138. З пакалення дзяцей вайны (Б. Сачанка)//Крыніца. № 10.
1999
139. Думаючы пра вечнае, бачыць штодзённае//Прадмова:
Брыль Я. Запаветнае: Выбр.творы ("Беларускі кнігазбор").
140. Очарован высокой красою: К 60-летию Варлена Бечика// Неман. № 8
141. Любоў да прыроды і людзей: Жыццёвы і творчы шлях Міколы Лупсякова// Роднае слова. № 3.
2000
142. А боль жыве: Новыя апавяданні Івана Пташнікава// Беларусь. № 6.
143. "Быў. Ёсць. Буду"//ЛіМ. 24 лістапада.
2001
144. Дарога ў вялікае жыццё// Прадмова, укладанне, каментар: Мележ І. Выбраныя творы ("Беларускі кнігазбор").
145. Талент глыбока беларускі//Полымя. № 2.
146. Суладна з жыццём: Беларуская проза на шляху перамен// Полымя. № 12.
147. Сфармаваны атмасферай часу//Крыніца. № 11-12.
2002
148. Літаратура перыяду 1966-1985 гадоў: Проза: Іван Пташні- каў//Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Кн.1.
149. Ад роднай зямлі//Полымя. № 9-10.
150. Юльян Пшыркоў-вучоны, настаўнік//Роднае слова. № 10.
151. Літаратура перыяду 1986-2000 гадоў: Проза; Аляксей Карпюк//Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т 4. Кн.2.
152. На пераломе//Полымя. № 1.
153. Старонкі лёсу і тврчасці//Полымя. № 6.
154. Гісторыя вернутай літаратуры//Полымя. № 12.
155. Літаратура на мяжы стагоддзяў//Роднае слова. № 2.
2004
156. На разломе вясковага і гарадскога грунту//Полымя. № 2.
157. Натхненне і праца: Навуковыя далягляды Алеся Яскевіча// Роднае слова. № 6.
158. Проза другой паловы ХХ стагоддзя//Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т.18.
159. Каб жыла гістарычная памяць//ЛіМ.12 лістапада.
160. С верой в человека: Сегодня-80 лет со дня рождения Василя Быкова//Во славу Родины.19 июня.
2005
161. Вялікая Айчынная вайна і мастацкі вопыт"філалагічнага пакалення"//Полымя. № 10.
162. Историей призванный: К 75-летию В. Короткевича.// Неман.№ 12.
163. З адчуваннем высокага неба//Тэрмапілы. № 9.
164. Трагічныя старонкі сямейнай сагі: Аповесць "Муштук і папка" Янкі Брыля//Роднае слова. № 1.
165. У пошуку жыццёвых крыніц і мастацкіх арыенціраў// Актуальныя праблемы сучаснага літаратурнага працэсу: Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. (Мінск,31 мая 2004 года).
166. Духовная необходимость истории//Белорусская военная газета. 26 ноября.
2006
167. Вялікая Айчынная вайна і мастацкі вопыт "філалагічнага пакалення"// Вытокі мужнасці спасцігаючы.168. Мастацкі свет як выяўленне жыццёвага вопыту//Сучасны літаратурны працэс: пісьменнік і жыццё. Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канференцыі (Мінск,11 мая 2006 года).
169. Эпічнасць, народжаная трагічным вопытам жыцця//Полы- мя. № 4.
170. З высокай верай//Полымя. № 5.
171. Служэнне роднаму слову: Літаратурная крытыка - лёс Уладзіміра Юрэвіча//Роднае слова. № 6.
2007
172. Современная белорусская литература. Проза//Современная Беларусь. В 3 т. Т.3.
173. Мікола Лупсякоў//Полымя. № 3.
174. Нацыянальны вобраз свету і чалавека//Полымя. № 6.
175. Біяграфія ў трагічным гістарычным кантэксце.//Полымя. № 10.
176. Маці і дзеці: Вобраз маці ў творчасці Янкі Брыля//Роднае слова. № 8.
177. Свет да болю блізкі//Шлях па прамой часу (Беласток).
2008
178. Талент шматгранны, самабытны//Прадмова, укладанне, каментар: Кандрат Крапіва. Выбраныя творы "Беларускі кнігазбор".
179. Творчы лёс і час//Сучасная літаратура: Каардынаты ідэйна-мастацкага пошуку.
180. Прыгожае і трагічнае ў звычайным//Прадмова: Іван Мележ. Людзі на балоце.
181. Покліч душы і часу//Полымя. № 4.
182. Творчасць і біяграфія//Роднае слова. № 3.
2009
183. Жыццё і творчасць//Прадмова: Іван Пташнікаў.Пагоня.
184. Творчасць як працяг біяграфіі//Полымя. № 4.
185. Біяграфія творцы ў кантэксце часу//Полымя. № 6.
186. Его судьба и время//Неман. № 4.
187. Расстраляная...ды не памерлая/ЛіМ.24 красавіка.
188. Урок жыццяі творчасці//ЛіМ. 16 кастрычніка.
2010
189. Свая дзялянка ў жыцці і ў літаратуры//Полымя. № 2.
190. Зямля Івана Мележа//Полымя. № 8.
191. Напісанае-перажытае//ЛіМ. 9 красавіка.
2011
192. Слова шчырае, палкае//Полымя. № 6.
193. Драматызм і прыгажосць беларускай душы ў творчасці Анатоля Кудраўца//Роднае слова. № 1.
194. Вайною народжаны: Роздум над творчасцю Барыса Сачанкі//Роднае слова. № 5.
2012
195. Яго трагічны лёс//Прадмова, укладанне, каментар: Цішка Гартны. Выбраныя творы, " Беларускі кнігазбор".
196. Яго трагічны лёс//Полымя. № 4.
197. Прадыктавана жыццём, праверана часам//Полымя.№ 10.
198. Зробленае - нам пакінутае//ЛіМ. 26 кастрычніка.
2013
199. Старонкі//Тэрмапілы. № 17. Беласток.
200. Янка Сіпакоў і яго "Мая бібліятэка"//Полымя.№ 8, 9.
201. Талент шчыры, слова простае//Полымя. № 12.
202. Плён найвышейшай якасці//ЛіМ. 5 ліпеня.
2014
203. Мікола Лупсякоў; Васіль Гігевіч//Псторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Т. 4. Кн. 3.
204. Талент шчыры, слова простае//Прадмова, укладанне, каментар: Аляксей Кулакоўскі. Выбраныя творы, "Беларускі кнігазбор".
205. Любоў да прыроды і людзей//Прадмова, укладанне, камен- тар: Мікола Лупсякоў. Выбраныя творы, "Беларускі кнігазбор".
206. Новыя старонкі//Тэрмапілы. № 18. Беласток.
207. Служэнне роднай літаратуры//Полымя. № 1.
208. Яго радкі - яго жыццё//Полымя. № 6.
2015
209. Зробленае - нам пакінутае//Дарыў святло сваёй душы людзям і Айчыне: Успаміны пра Юльяна Сяргевіча Пшыркова.
210. Мае выдавецкія гады//Тэрмапілы. № 19. Беласток.
211. Яго дзённік - гэта ён//Полымя. № 1.
212. Вайна: беларускі свет//Полымя. № 5.
213. Пакліканы часам, гісторыяй//Полымя. № 11.
2016
214. Жыццё. Літаратура. Чытач// Полымя. № 1.
215. Яго лёс - літаратура// Полымя. № 5.
216. Старонкі на захадзе сонца, “Тэрмапілы” № 20, Беласток.