То былі гады, калі я ўваходзіў у гэты новы для мяне свет - свет літаратурна-навуковы, літаратурна-крытычны. Асвойваў яго, асвойваўся ў ім. У Інстытуце панавала атмасфера творчая, таварыская, атмасфера ўзаемаразумення і ўзаемапавагі, творчай патрабавальнасці і памяркоўнасці. Дырэктар Інстытута літаратуры Васіль Васільевіч Барысенка, маючы вопыт няпростых у літаратурным жыцці папярэдніх гадоў, не дапускаў ніякіх унутраных звадак, усяляк імкнуўся прыглушыць тыя адмоўныя сігналы, што час ад часу даходзілі звонку. Навукоўцы старэйшага пакалення Адамовіч А.М., Івашын В.У., Перкін Н.С., Пшыркоў Ю.С., маладзейшыя, але ўжо даволі вядомыя ў навуковых і літаратурных колах Бугаёў Д.Я., Дзюбайла П.К., Грынчык М.М., Каваленка В.А., Кісялёў Г.В., Коршунаў А.Ф., Мальдзіс А.І., Мушынскі М.І., Яскевіч А. С. і яшчэ маладзейшыя, тыя, хто толькі ступіў на сцежку даследчыка роднай літаратуры, былі аб’яднаны агульнымі клопатамі, выкананнем агульных задач, па сутнасці, заўсёды знаходзілі ўзаемаразуменне і пэўную згоду пры вырашэнні самых складаных пытанняў, звязаных з гісторыяй роднай літаратуры, па-добраму таварышавалі, некаторыя сябравалі.
Усё гэта былі людзі розныя, даследчыкі рознага характару, розных навуковых схільнасцяў. Няўрымслівы, дзесьці трохі крыклівы, аж да краёў перапоўнены палемічнасцю Дзмітрый Бугаёў. Віктар Каваленка, увесь завостраны на ўспрыманне новых тэарэтычных і гісторыка-літаратурных ідэй, якія імкнуўся вывяраць нашай літаратурай, у сваю чаргу саму нашу літаратуру ацэньваючы з пункту гледжання гэтых ідэй. Апантаны шукальнік і адкрывальнік у гісторыі скарбаў беларускага слова Адам Мальдзіс. Уніклівы, уедлівы даследчык мастацкага тэксту, канкрэтнага твора і творчасці асобнага пісьменніка Міхась Мушынскі. Натхнёны вынаходца ў літаратуры новых духоўных і эстэтычных ідэй Алесь Яскевіч...
Зусім зразумела, што ў такім калектыве, у такой творчай атмасферы і працаваць хацелася, і працавалася добра. Праца захапляла. Можна нават сказаць: я жыў працай.
Зразумела, што такое захапленне працай, непаразуменні з першай кнігай адцягвалі ўвагу ад клопатаў і турботаў хатніх, сямейных. Усе яны ўзваліліся на плечы маёй Тамары. А больш дакладна: яна сама іх узваліла акуратна на свае нямоцныя плечы ды і на галаву сваю. Можа, толькі сёння належна разумееш, як ёй было нялёгка. Наогул нам, але жонцы асабліва. Найбольш не варта забываць пра справы грашовыя. Былі яны няпростыя і нялёгкія. Аспірант, нейкі час беспрацоўны, бібліятэкар, малодшы навуковы супрацоўнік - гэта цэлых 6 гадоў. Стыпендыя і заробкі мізэрныя. Жонка, па сутнасці, увесь час працавала на паўтары стаўкі. Але і тут заробкі былі не надта багатыя. Памагалі, як маглі, бацькі - мае і бацька Тамары. Дачушка расла - гадавалася ў асноўным у дзіцячых садках. На канікулах - у вёсцы: на Міршчыне ці то (радзей) ва Урупінску на рацэ Хапёр. Разам і мы. Сонца, цяпло, чыстая рачная вада - усё гэта сцірала сляды жыццёвых непрыемнасцяў, напаўняла верай, упэўненасцю. А для дачушкі наогул такі адпачынак быў святам. Для мяне адпачынак на радзіме жонкі таксама, па сутнасці, быў святам. Усё тут было іншае, адрознае ад нашага - беларускага. Многа сонца, усё напоўнена яго святлом і цяплом, адчуванне прасторы і высокага неба. Галасы гучаць неяк звонка. Пах пшаніцы, прывялай травы, пах ад сагрэтага сонца, а не ад прайшоўшага дажджу, як гэта ў нас. Часцей адпачывалі на маёй Міршчыне.
У Мір прыязджалі звычайна ўжо вечарам. Ніякіх аўтобусаў у вёску не было. Падарожных машын таксама. Даводзілася ісці пешшу. І гэта было не выключэнне. То была звычайная з’ява. Клункі на плечы - і ў паход. За горадам дзіця спрабавала хныкаць. Тады я пачынаў якуюсьці маршавую песню, жонка і дзіця падхоплівалі - і пайшлі. Яшчэ сёння старэйшая дачка згадвае, як здорава мы вышагвалі пад маршавую песню.
Мы шли под грохот канонады,
Мы смерти смотрели в лицо...
Час пралятаў незаўважна, стомленасці - ніякой.
У саміх Бербашах усё было блізкае, роднае. У хаце было цесна, горача. Спалі ў хляве на сене ці то на саломе. Побач бясконца жавала карова. Часам узбураліся пацукі (а іх было нямала), насіліся вакол, пішчалі, вочы ў іх гарэлі пранізліва. Бывала, што яны нас проста выганялі. Дні праходзілі ў паходах - па ягады, па грыбы.
Увогуле ж адпачынак у вёсцы, на прыродзе, надаваў сіл - і фізічных, і душэўных, мацаваў упэўненасць. У душы надоўга заставалася адчуванне бясконцасці, прыгажосці і разнастайнасці навакольнага свету. Адступалі далёка, у нейкія часіны зусім знікалі, усякія хатнія, бытавыя клопаты і турботы. А яны ж прысутнічалі пастаянна, нікуды не знікалі. І не дробныя.
Немалы час жылі на прыватных кватэрах - спачатку на адной, потым - на другой. Пакойчыкі былі і там, і там невялічкія - 7-8 м2. Сёння цяжка ўявіць, як мы там траіх размяшчаліся. Успамінаць пра ўсё гэта не надта хочацца, бо ўспаміны гэтыя заўсёды з лёгкім прысмакам гаркаты. І ўсё ж, пры ўсім пры тым, і ў тым хатнім жыцці, дакладней, жыцці на прыватнай кватэры, не ўсё было толькі дрэннае. Былі і засталіся ў памяці да сённяшніх дзён моманты светлыя, прыемныя, якія змяншаюць агульны негатыўны малюнак сямейнага жыцця на прыватнай кватэры.
Год ці два жылі на адной кватэры. Праз нейкі час вымушаны былі шукаць новае месца жыхарства. Знайшлі ў Сельгаспасёлку на завулку Меліярацыйным. Зноў жа ў драўляным доме. Сям’я гаспадароў была нямалая - гаспадар, гаспадыня, двое дзяцей-сыночкаў і бабуля, маці гаспадара. Гаспадары былі дзесьці нашага ўзросту. Гаспадара звалі Міхаіл, гаспадыню Люба.
Прозвішча іх - Праневіч. Прозвішча і імёны гаспадароў помняцца і сёння: нішто добрае не забываецца. Адносіны ў іх да нас былі ўважлівыя і паважлівыя, добразычлівыя. Пад канец нашага кватаравання яны сталі па-сапраўднаму сяброўскія. І ўжо пазней, калі займелі сваю кватэру, мы не раз гасцявалі ў іх, яны ў нас. Але. Як бы то ні было добра, па-людску, жыццё на кватэры ёсць жыццё кватаранта, а не гаспадара. Ды і зацягнулася ўсё гэта дзесьці на гады чатыры.
Час ішоў. Ужо пасля таго, як залічылі на працу, пачаў я хадзіць, як кажуць, па начальству, прасіць, каб выдзелілі пакойчык у інтэрнаце для маласямейных. Праз пэўны час выдзелілі. Пакойчык невялікі - здаецца, 9м2. У блоку было 4 пакойчыкі, агульная кухня, прыбіральня. У адным пакоі жыў стары халасцяк, у астатніх сямейныя. Людзі розныя. Нейкіх асаблівых спрэчак, тым больш сварак не было. Жыццё па прынцыпе суіснавання. Дзяўчынка наша ўжо хадзіла ў школу. І я, і жонка працавалі блізка. Увогуле ж жыццё інтэрнацкае было нейкае шэрае, бясколернае. Жыў кожны сам па сабе. Не было ні сяброўстваў, ні спрэчак. Халасцяк наш час ад часу выпіваў патроху. Але паводзіны яго ніяк не парушалі аднастайнасці нашага бытавання. Умовы ўмовамі, а час бяжыць. Жыццё не стаіць на месцы. Мы з жонкай з хваляваннем пачалі чакаць другое дзіця. З хваляваннем, бо з першым ніякага хвалявання, здаецца, не было.
Нарадзілася яшчэ адна дачушка. Назвалі Алесяй, першая - Света. У гэты час мы ўжо перасяліліся ў трохі большы пакойчык (13м2), у другім блоку. Атмасфера тут панавала цяплейшая. Больш агульных размоў было на кухні. Склаліся добрыя, шчырыя адносіны з адной сям’ёй, у якой таксама было яшчэ малое дзіцё . То была сям’я Шылкоў (Шылко Лявон, Шылко Тамара). Ён працаваў на заводзе інжынерам, яна старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце генетыкі. Асабліва яна была жанчына гаваркая, галасістая. Яе гучны смех чуўся даволі часта. І пазней, калі і яны, і мы атрымалі ўжо кватэры, адносіны шчырага сяброўства захоўваліся доўга. У асноўным ішло гэта па жаночай лініі. Нярэдка збіраліся, бралі чарку, спявалі, танцавалі. Добрыя, шчырыя адносіны ва ўмовах жыцця інтэрнацкага склаліся і з сям’ёй Чамярыцкіх (Вячаслаў і Марына). Доўгі час захоўваліся і пасля інтэрната. Увогуле, як згадваецца, нягледзячы на пэўныя цяжкасці і нязручнасці, мы ўсё ж стараліся жыць неяк актыўна. Наведвалі тэатр (Оперны, Купалаўскі), музеі, выставы розныя, вечары ў Доме літаратара, канцэрты прыезджых артыстаў. Дзеці нашыя, як гляджу сёння, жывуць ва ўсіх адносінах лепш, але ў тэатр амаль не ходзяць, музеі якіясьці не наведваюць, на тыя ці іншыя сустрэчы з людзьмі мастацтва не надта імкнуцца. Вядома, сёння ёсць добры тэлевізар, ёсць камп’ютар, інтэрнэт. Усё гэта так. Аднак жа ўсё гэта не тое. Унутрана сённяшні чалавек імкнецца жыць як мага спакайней. Маўляў, раздражальнікаў хапае знешніх, навошта яшчэ самому ствараць іх.
Ну, але вернемся ў тыя гады. У інтэрнат для маласямейных. Спачатку ўсё было лепш, чым на пры- ватнай кватэры. Не было такой скаванасці, унутранай напружанасці, пэўнай заціснутасці. Ты валодаў такімі ж правамі, як і іншыя. То было напачатку. Паступова ўсё гэта стала страшэнна надаядаць, раздражняць. І чым далей, тым больш. Нельга сказаць, што я спакойна сядзеў і чакаў. Зусім не. Хадзіў, як кажуць, па інстанцыях. Выпрошваў, выкленчваў. Нават да віцэ-прэзідэнта Кандрата Крапівы трапіў. Параілі знаёмыя. Сказалі, што хтосьці іхні знаёмы пагаворыць з ім на гэты конт. Я пайшоў. Зайшоў у кабінет. Кабінет здаўся вялікім, халодным. Сам Кандрат Кандратавіч - нейкім далёкім, халодным. Хвалюючыся, збіваючыся, я расказаў пра свае жыллёвыя клопаты. Крапіва выслухаў усё, не задаў ніводнага пытання. Потым запытаў: “А як жа іншыя?” Пытанне прагучала так, было сказана такім тонам, што ніякіх далейшых размоў не магло быць. Я пайшоў - страшэнна расчараваны, расстроены. І не так тым, што было сказана, як тым, як было сказана, як адбылася наша гаворка, калі можна лічыць яе гаворкай. Засталося нейкае неўразуменне, крыўда. Я не ўбачыў, не адчуў звычайнай увагі да чалавека, не кажучы ўжо пра чуласць.
Спадзяюся, што ў тым, што пазней пісаў пра Кандрата Крапіву, гэта не адбілася. Ва ўсякім разе ніякіх заўваг адносна неаб’ектыўнасці ў ацэнцы творчасці пісьменніка ніхто ні разу мне не рабіў. А пісаў пра яго не адзін раз: манаграфічны раздзел у акадэмічнай гісторыі беларускай савецкай літаратуры (на рускай мове), раздзел такога ж зместу ў вузаўскім дапаможніку, нарэшце, укладанне кнігі “Выбраныя творы”, што выйшла ў “Беларускім кнігазборы”, прадмова да яе, каментар.
Прыватна-кватэрнае і інтэрнацкае жыццё ў Мінску працягвалася, напэўна, не менш дзесяці гадоў. Калі не больш. Сёння як падумаеш: жах! А тады жыццё ішло пераважна спакойна, як у іншых. І вось гэтае “як у іншых”, “як іншыя” як бы заспакойвала, засцерагала ад якіхсьці небяспечных перажыванняў. Такое было тагачаснае жыццё. Тады яно ўяўлялася амаль нармальным. Ды і праца. Яна была галоўным у тым жыцці. А ў гэтае навукова-літаратурнае жыццё я ўваходзіў усё больш шырока, грунтоўна.
Справа ў тым, што ў пачатку 70-х гадоў і ў другой палове мне даручана было рабіць агляды прозы. Адпаведна - за 1970, 1971, 1976, 1977 гады. Праца гэтая была вельмі жывая, яна актыўна ўцягвала ў тагачасны літаратурны працэс. Агляды ўсе, адпаведна за кожны год, абмяркоўваліся на пасяджэннях секцыі крытыкі, пазней друкаваліся ў часопісе “Полымя”. Тым самым больш шырока пачаў уваходзіць і ў тагачасны літаратурны працэс, і ў тагачаснае літаратурнае жыццё. Кола знаёмстваў на гэтай глебе таксама павялічвалася. Зразумела, з’явіліся і нядобразычліўцы, хаця адкрыта свае адмоўныя адносіны амаль не выяўлялі. Убачыцца гэта пры розных тайных галасаваннях ці то ў якіх, як кажуць, закулісных гульнях. А іх будзе дастаткова. Ды што зробіш: такое жыццё. А такім яно бывае заўсёды і з усімі.
Праца над аглядамі дазволіла мне (а дзесьці і прымусіла) свабодна адчуваць сябе ў тагачаснай літаратуры. Больш за тое, прымусіла так ці інакш суадносіць тагачасныя творы многіх празаікаў з усёй іх творчасцю. Ды не толькі, але і паглядзець на гэтую творчасць і ў гістарычным, і ў сучасным літаратурным працэсе. Выступленні ж з агляднымі дакладамі прымусілі мяне больш смела адчуваць сябе ў пісьменніцкай грамадзе. Значна пашырылася кола знаёмстваў. Менавіта ў гэтыя гады склаліся вельмі шчырыя сяброўскія адносіны з Барысам Сачанкам, Янкам Сіпаковым, Іванам Пташнікавым. Мне падабалася іх творчасць. У кожнага з іх я адчуваў нешта блізкае сабе ва ўспрыняцці навакольнага свету, у адчуванні часу, які мы ўжо перажылі і ў якім жылі, агульнае ў разуменні чалавека. Яны былі розныя і як пісьменнікі, і як людзі. Сачанка актыўны, таварыскі, прабіўны. У яго было нямала сяброў, дом у яго быў гасцінны, ён заўсёды быў гатовы дапамагчы чалавеку, выручыць яго ў хвіліну складаную, цяжкую. І рабіў гэта не аднаму і не адзін раз. Сіпакоў трохі іншы. Ён больш спакойны, некалькі як бы сцішаны або нясмелы. Так ва ўсякім разе часам падавалася. Яго вылучала выключная шчырасць, добразычлівасць, адкрытасць, хаця (часам мне здавалася) дзесьці ў глыбыні хаваўся і пэўны недавер, які мог крыху выявіцца пасля добрай чаркі. У любым становішчы да канца ён не раскрываўся. У мяне заставалася такое адчуванне. Барыс з Янкам цесна сябравалі яшчэ са студэнцкіх гадоў. У іх сяброўства было, так бы мовіць, поўнае. Яны былі адкрытыя ва ўсім. Мне гэта стала вядома значна пазней. Маё сяброўства з імі абодвума грунтавалася на агульнасці літаратурных інтарэсаў, а таксама на нашай вялікай любові да кнігі. Пра сваю любоў да кнігі, адданасць і вернасць ёй хораша напісаў Янка Сіпакоў у сваёй кнізе-эсэ “Мая бібліятэка”. Там пра ўсё ёсць: і пра кнігі, і пра іх аўтараў, і пра ўзаемаадносіны аўтара з тымі, чые кнігі ў яго былі з аўтографамі, і пра вельмі часта няпростае набыццё гэтых кніг. Больш багатая колькасна і на выданні рэдкія і рэдкіх аўтараў была бібліятэка ў Барыса Сачанкі. Не раз даводзілася бываць у яго, гасцяваць і бачыць гэтае багаццё, браць у рукі яго. Моманты выключнага душэўнага перажывання і хвалявання. Пра кнігу Барыс мог гаварыць бясконца - пра яе аўтара, пра яе месца ў літаратуры і, асабліва, яе месца ў яго бібліятэчных скарбах, пра тое, як яе ўдалося набыць. То былі цэлыя займальныя, часам з момантамі дэтэктыву гісторыі.
Вось гэтая любоў да кнігі, прага кнігі, набыццё кнігі і зблізіла нас, аб’яднала. Кожны тыдзень, а бывала і некалькі разоў на тыдзень, мы сустракаліся з клопатам пра кнігу. Два разы на тыдзень прывозілі з кніжнай базы ў кнігарні новыя кнігі. Мы зналі, у якія дні. Пільнавалі. Наведвалі кнігарні, з загадчыкамі якіх у нас былі добрыя таварыскія адносіны. Не раз патрэбныя кнігі яны нам пакідалі. Былі ў нас сувязі і з кніжнай базай - з дзяўчатамі-таваразнаўцамі, а таксама з загадчыкам Лапцёнкам Уладзімірам Ільічом. Лапцёнак любіў кнігу, ведаў яе, адчуваў, каму яна па-сапраўднаму патрэбна, дапамагаў набыць. Зусім не выпадкова пасля выхаду на пенсію ён са сваімі блізкімі заняўся выдавецкай дзейнасцю. Час ад часу мы наведваліся на кніжную базу, нагадвалі загадчыку і яго жаночай камандзе пра сябе. Нярэдка ездзіў з намі таксама Анатоль Вярцінскі. Такое працягвалася гады. Праўда, трэба шчыра прызнацца, што часам вось гэты працэс набыцця кнігі быў больш цікавы, захапляльны, чым пазнейшае знаёмства з гэтай кнігай. Увогуле ж жыццё для кнігі, жыццё з кнігай было для кожнага з нас сапраўднай радасцю ў тым жыцці, асабліва ў жыцці духоўным. Кніга мацавала нашыя ўзаемаадносіны, уносіла ў іх прамень святла. Сяброўства наша працягвалася да апошніх дзён сяброў маіх. Барыс Сачанка памёр 05.07.1995 года, Янка Сіпакоў - 10.03.2011 года.
З Іванам Пташнікавым таварыскія ўзаемаадносіны склаліся яшчэ са студэнцкіх гадоў. Заняткі ў нас праходзілі на адным паверсе ў біялагічным корпусе тагачаснага Белдзяржуніверсітэта. Ён вучыўся на журфаку, я на філфаку, на беларускім аддзяленні. Любілі займацца ў кабінеце марксізма-ленінізма, загадваў якім дабрэйшай душы чалавек Аляксей Фаміч, колішні сакратар прыёмнай камісіі. Першы свой твор, аповесь “Чачык” надрукаваў Пташнікаў у апошні год вучобы. Зразумела, паступіўшы ў аспірантуру, потым працуючы ў сектары савецкай літаратуры, даследуючы сучасную прозу, я ўважліва чытаў усё, што ім стваралася. Творы яго мне падабаліся. Яны імпанавалі мне глыбокім спасціжэннем сутнасці чалавека, яго ўнутранага свету, цудоўнымі карцінамі прыроды, нязменнай любоўю да роднага кутка зямлі, высокай здольнасцю выяўляць у жыцці, у чалавеку высокі драматызм. Пісаў пра яго я шмат. Пазней ужо выйшла манаграфія, прысвечаная яго творчасці, - “Чалавек на зямлі”. А ўжо праз колькі часу на пісьменніцкім лецішчы “Узгор’е-2” мы з ім сталі суседзямі. І вось гэтае суседства дазволіла мне бліжэй пазнаць Пташнікава як чалавека, а таксама якіясьці моманты яго творчасці. Чалавек ён увесь у сабе, скрытны, не надта гаваркі; пра сябе, сваё жыццё не любіць расказваць. І не расказвае. Не дарэмна ж, відаць, у чатырох кнігах пісьменніцкіх аўтабіяграфій яго аўтабіяграфіі няма. У час асваення зямлі на лецішчы Пташнікаў паказаў сябе сапраўдным гаспадаром - дбайным, акуратным. Градкі ён ледзь не лінейкай вымяраў. Не раз падумалася, ці не выяўляецца гэта па-свойму і ў творчасці, у творах: сюжэтна-кампазіцыйная іх зладжанасць, абмежаванне кола дзейных асоб, выключная засяроджанасць на чалавеку і яго бліжэйшым, як бы непасрэдна асабістым свеце, моцная эмацыянальная насычанась слова, адсутнасць усялякай публіцыстычнасці. Сёння Іван Мікалаевіч хворы, на вуліцу не выходзіць, не піша. Але і цяпер час ад часу тэлефануе, хвілін колькі пагаворым пра здароўе, пра знаёмых, пра нейкія падзеі...
Добрыя, сяброўскія ўзаемаадносіны з гэтымі людзьмі - І. Пташнікавым, Б. Сачанкам, Я. Сіпаковым - спрыялі больш пэўнаму, устойліваму адчуванню сябе ў пісьменніцкім асяроддзі.
Фармальна, юрыдычна я ўжо тады быў у гэтым асяроддзі. У канцы 1972 года, а менавіта 25 снежня атрымаў членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, зацверджаны подпісам Георгія Маркава, сакратара Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР і Максіма Танка, старшыні Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР.
Усё адбылося не адразу. 16 кастрычніка 1970 года у сваім дзённіку (кн. “Радкі і жыццё”) крытык Варлен Бечык запісвае: “У Саюзе было абмеркаванне творчасці маладых крытыкаў Андраюка, Бечыка і Жураўлёва. Цяжкі груз пахвал... Рады за сябе і за хлопцаў. Хаця пра ўсіх нас - з відавочнымі перабольшаннямі”. Звычайна, на такіх абмеркаваннях выказваліся прапановы аб прыёме ў Саюз пісьменнікаў. Напэўна, такія прапановы былі і тут. Але і тут, як і з кнігай, не атрымалася як трэба. Прымалі на пасяджэнні прэзідыума. Усё ішло быццам нармальна, крытыкі асаблівай не было. Галасаванне тайнае. Не прайшоў. Зразумела, быў засмучаны. Дамоў пайшоў адзін, пешшу. Хто-ніхто супакойваў: усё гэта яшчэ водгукі гісторыі з кнігай. На плошчы Якуба Коласа сустрэў Рыгора Бярозкіна. Блізка з ім мы, як кажуць, не сустракаліся. Быў я крытык не з тых, якіх ён асабліва шанаваў: яму не падабалася мова маіх пісанняў. Але тут ён спыніў, папытаў, што і як, настойліва запрасіў да сябе: жыў ён блізка. Зайшлі да яго, чарку выпілі, шчыра пагаварылі. У яго якраз тады выйшла кніга пра Максіма Багдановіча на рускай мове. Прэзентаваў гэтую кнігу. Мяне парадаваў і ўзбадзёрыў дарчы надпіс наступнага зместу: не гаруй, дружа, усё праходзіць, праўда застаецца. На працы тое, што не быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, было ўспрынята спакойна: не першая такая гісторыя.
Праходзіць нейкі час. Зноў запрашаюць на прэзідыум, зноў збіраюцца прымаць - паўторна. Крыўда мая яшчэ не прайшла - не пайшоў. Дзесьці на наступны дзень нечакана патэлефанаваў Васіль Вітка. Чаго вы не прыйшлі на прэзідыум? Кіньце крыўдаваць. Усё будзе добра. Усё гэта было вельмі прыемна чуць. Тым больш ад Віткі, чалавека, усімі паважанага. І сустрэча з Бярозкіным, і тэлефанаванне Віткі былі зусім нечаканыя для мяне. Тым больш каштоўныя. Праз якійсьці месяц зноў запрасілі на прэзідыум. На гэты раз прынялі: толькі нехта адзін прагаласаваў супраць. Вядомая рэч, пасля мусіла быць чарка. Яна і была. Добра запомнілася, быў там і Васіль Быкаў. Жыў ён тады яшчэ ў Гродна. Высветлілася, што ён нідзе ў гасцёўні не пасяліўся: начаваць няма куды ісці. Я прапанаваў пайсці да мяне: на той час я ўжо атрымаў трохпакаёвую кватэру. Быкаў згадзіўся. Дзеці ўжо спалі. Жонка прыгатавала каву ці то чай, нейкую закусь. Узялі яшчэ па чарцы. Усё было шчыра, сардэчна. Спаў Быкаў на складным крэсле ў зале. Нейкі час размаўлялі з ім на кухні. Сказаў ён тады мне, што прыязджаў да яго ў Гродна Салжаніцын. Гэта засталося нават ў п’янай галаве. Астатняе мала што засталося ў памяці. Раніцай прачнуўся - яго ўжо няма. Жонка кажа, што ўстаў рана - паспяшаўся на цягнік.
Той жа Варлен Бечык у сваім дзённіку чацвёртага студзеня 1973 года запіша: “У Андраюка пасля прыёму ў Саюз быў Быкаў. Вялікі гонар. Божа, колькі трэба зрабіць, каб вось так пагаварыць з ім па шчырасці”. У мяне, скажу шчыра, было больш спакойнае ўспрыманне гэтай падзеі. З Быкавым адносіны сталі больш цёплыя. Пры сустрэчах ён заўсёда пытаў: як “жоначка”? Так цёпла ён называў. Помніцца, былі мы запрошаны і на юбілейны вечар у кафэ Дома літаратараў. Прыйшоў я адзін. Васіль Уладзіміравіч папытаў, чаму няма “жоначкі”. У той час адносіны да Быкава, успрыманне яго былі яшчэ спакойныя, без лішняй долі захаплення. Як і ён сам па сваёй натуры.
Сваё жыццё, сваім шляхам працякала і непасрэдна ў самім нашым акадэмічным інстытуце. Не заўсёды спакойна і роўна. Апрача непасрэдна навуковага занятку, людзі таварышавалі, займаліся грамадскімі справамі. У мяне ў канцы аспірантуры склаліся добрыя таварыскія адносіны з Міколам Прашковічам. Мы ў адны гады вучыліся на філфаку. Праўда, чатыры гады ён вучыўся на рускім аддзяленні, на пятым курсе перайшоў на беларускае. У аспірантуру паступіў на два гады раней за мяне. Пакуль я стаў малодшым навуковым супрацоўнікам, ён ужо на гэтай пасадзе адчуваў сябе даволі ўстойліва. Праз пэўны час стаў старшым навуковым супрацоўнікам. Быў ён хлопец добры, сяброўскі. Жыў у інтэрнаце. У яго часта збіраліся, бралі чарку. Вялі спрэчкі, вострыя размовы, асабліва па нацыянальным пытанні. Быў ён знаёмы з Л. Геніюш, таварышаваў з У. Караткевічам, А. Мальдзісам, з мастакамі, навукоўцамі, былі добрыя сувязі з украінскімі нацыянальна настроенымі людзьмі. Неяк збіраў грошы на дапамогу камусьці з украінскіх сяброў, што сядзеў у турме. У тыя гады, калі адпаведныя службы працавалі асабліва старанна, сачылі за ўсімі і за кожным, хто думаў не так, як гэта трэба было, наіўна было думаць, што ў гэтай кампаніі не з’явіцца чалавек з адпаведным заданнем. Напэўна, ён і быў. І, відаць, нядрэнна рабіў сваю справу. Праз нейкі час сярод нацыянальна настроеных людзей запанавала як бы нейкая трывога. Пачалі даходзіць чуткі, што не аднаго ўжо выклікалі ў КДБ. Папаўзлі ціхія размовы, што там Мікола ўсё расказаў, усё і пра ўсіх. Нехта сказаў, што і маё прозвішча там згадвалі. Гэта ўсё не дадавала настрою. Аднойчы праходзіў агульнаакадэмічны партыйны сход. Іван Якаўлевіч Навуменка (на гэты час дырэктар Інстытута) вяртаўся са сходу. Я быў у калідоры. Устрывожаны, падышоў да мяне. “Вас таксама ўпаміналі. Трэба адмежавацца”. Што значыла “адмежавацца”? Ад каго? Калі? Як? - я сабе не ўяўляў ды і нічога не рабіў. Пасялілася ў душы нейкая трывога. Трывога адчувалася і ў калектыве. Для некаторых нацыянальна настроеных хлопцаў закончылася дрэнна: пяць чалавек - М. Прашковіч, А. Каўрус, В. Рабкевіч, М. Чарняўскі, С. Міско - былі адхілены ад працы. Сцяпана Міско блізка я не ведаў. Астатніх хлопцаў ведаў добра. І Валянцін Рабкевіч, і Алесь Каўрус, і Міхась Чарняўскі былі здольныя, таленавітыя навукоўцы, сумленныя таварышы. Не заўважаў, каб хтосьці з іх праяўляў асаблівую прыхільнасць да чаркі. Былі яны, вядомая рэч, і сапраўднымі патрыётамі, любілі ўсё сваё, беларускае. Але не больш таго: ніякай непрыязні да іншага народа, людзей іншай нацыянальнасці ні ў кога з іх не было. Усё гэта выклікала неўразуменне, прыглушала не проста творчую, а жыццёвую энергію, скоўвала рух думкі, зашорвала. І ці трэба сёння здзіўляцца драматычнай сітуацыі з беларускай мовай, наогул з беларускасцю на Беларусі?!
У тыя ж гады ўсё гэта не надта, мякка кажучы, спрыяла навуковай, ды і літаратурнай (мабыць, тут і найбольш) дзейнасці. Цэнзура, адпаведныя ідэалагічныя аддзелы розных дзяржаўна-партыйных структур пільна сачылі за ўсім тым, што было звязана так ці інакш з ідэалогіяй. Усе навуковыя працы ў Інстытуце абмяркоўваліся на розных узроўнях. Пры выданні кнігі былі не толькі выдавецкія, але і свае пільныя, звычайна, навуковыя рэдактары. Ды і кожны аўтар знаходзіўся ў пэўным унутраным напружанні, хацеў таго ці нават не хацеў, але ўсё ён рабіў цяпер, адчуваючы грамадскі клімат часу, яго атмасферу.
Але ж дзіўная рэч: якраз у тыя гады, 60-70-я, былі створаны лепшыя творы ў нашай літаратуры - “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” Івана Мележа, “Птушкі і гнёзды” Янкі Брыля, “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Сотнікаў” Васіля Быкава, “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” Уладзіміра Караткевіча, “Тартак”, “Мсціжы” Івана Пташнікава, “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві” Івана Чыгрынава, “Апошнія і першыя”, “Чужое неба” Барыса Сачанкі, аповесці і апавяданні Вячаслава Адамчыка, Анатоля Кудраўца, Міхася Стральцова.
Тады ж з’явілася ўнікальная кніга Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”. Я ўзгадваю тут у асноўным кнігі прозы, бо прозай я займаўся. Але вялікі ўздым быў і ў паэзіі. Магчыма, нават больш яркі.
Чаму так адбывалася? За ваенныя, пасляваенныя часы ў грамадстве, у кожным чалавеку накапілася творчай энергіі, якая патрабавала выхаду. Тыя выключныя ўспаміны мінулых нядаўніх гадоў, неверагодныя ўражанні перапаўнялі чалавека, як бы самі вырываліся з яго. Гэтымі памкненнямі, адчуваннямі была пранізана ўся атмасфера тагачаснага жыцця. Адліга ў грамадстве дала магчымасць гэтай творчай, духоўнай энергіі вырвацца на паверхню са сховаў чалавечай душы і памяці. Пазнейшыя ўсялякія афіцыйныя забароны, абмежаванні, перашкоды дзесьці ўжо не маглі спыніць гэты напор чалавечай энергіі, што імкнулася да жыцця, у жыццё. Для творцы цяпер істотна не проста расказаць пра якуюсьці з’яву, падзею, назваць той ці іншы факт. Ён ішоў у глыбіню, даследаваў вытокі, выяўляў сувязі. А гэта ў сваю чаргу нараджала новыя ідэі, вылучала новыя праблемы, тым самым паглыбляючы і ўзбуйняючы само мастацкае спасціжэнне гісторыі і сучаснасці, свету і чалавека. Так сёння бачыцца тагачаснае літаратурнае жыццё, так разумеецца. Ды і тады не ўсё ўспрымалася як належнае. Пачуццё, унутранае адчуванне несправядлівасці, многае ў жыцці наогул, у літаратурным свеце генетычна не прымала. Разам з тым многае цярпелася, з чымсьці, непрымальным унутрана, даводзілася мірыцца, асцярожнічаць.
Пройдуць гады. І не малыя. Цяпер, ужо пасля васьмідзесяці, згадваючы тагачаснае жыццё, галоўным чынам жыццё сярод людзей, у свеце літаратуры, я не бачу за сабою якіхсьці ганебных, шкодных для іншых учынкаў. З’яўляецца часам шкадаванне, што дзесьці быў часам няўважлівы, просталінейны, душэўна глухаваты. Урэшце, усе мы не бязгрэшныя. Жыццё так нас выхоўвала, вясковае, аднаасобнае, з верай у Бога і бояззю граху. І гэта засталося да сёння.
Тады ж усё ішло сваім ладам і парадкам і ў літаратуры, і ў нашым Інстытуце. У 1973 годзе дырэктарам Інстытута літаратуры стаў Навуменка Іван Якаўлевіч, вядомы пісьменнік, доктар філалагічных навук, прафесар. Барысенка В.В. пайшоў на пенсію. Як вядома, кожны новы кіраўнік, заняўшы пасаду, імкнецца штосьці змяніць, палепшыць. Тым самым і сябе паказаць. Само сабою зразумела, што пры назначэнні на новую пасаду кожны абавязкова атрымліваў пэўныя пажаданні, рэкамендацыі, указанні, якія трэба было выконваць. Пры ранейшым кіраўніцтве было даволі свабодна - і ў плане дысцыпліны, і ў плане творчым. Новы кіраўнік быў больш малады, больш эмацыянальны як пісьменнік. Гэта таксама неяк адбілася - у павышанай прыхільнасці ў адносінах да адных і ў большай прыдзірлівасці, прынцыповасці - да другіх. Больш строгай стала дысцыпліна. Больш строгі падыход ў плане ідэалагічным стаў пры абмеркаванні навуковых прац на вучоных саветах, адпаведна і ў аддзелах. Але ў нашым аддзеле (ці сектары, як тады называлі) і так дысцыпліна была строгая, а ўвага да ўсялякіх разважанняў, выказванняў была самая пільная. Тут наш Павел Кузьміч быў першы. Нярэдка за тое ці іншае засмучаўся, але злосці не трымаў. У душы, здаецца, быў ён чалавек добры. І працавалася нам з ім нядрэнна.
Займаўся наш аддзел, як вядома, савецкай літаратурай. Я ўжо гаварыў, што працаваў напачатку над апавяданнем першага пасляваеннага дзесяцігоддзя, над стылем Мележа, над аглядамі прозы 1970 і 1971 гадоў. Тут я адчуваў сябе досыць свабодна. Ведаў нядрэнна і тагачасную рускую прозу, прозу іншых рэспублік Саюза. Пісаў рэцэнзіі, артыкулы. Не раз даводзілася выступаць з агляднымі дакладамі. Пра адно такое выступленне хочацца ўзгадаць, хаця, кажучы па-праўдзе, не дужа прыемна гэта. Але што зробіш - было, і помніцца. Дзесьці восенню 1973 года ў нашым Саюзе пісьменнікаў праходзіў усесаюзны сімпозіум перакладчыкаў беларускай літаратуры. Даклад па сучаснай беларускай паэзіі рабіў супрацоўнік нашага аддзела паэт Мікола Арочка, па прозе - я. Зрабілі даклады, прынялі іх нядрэнна, нас у перапынку віншавалі. І раптам... Анатоль Грачанікаў, сакратар нашага Саюза пісьменнікаў (ён курыраваў паэзію) запрашае зайсці да яго ў кабінет. Заходзім. Там сядзіць Марцалеў С.В., загадчык аддзела культуры нашага ЦК. Грачанікаў адразу ж выйшаў. Марцалеў гаворыць: “Слухаў я ваш даклад”. Я быў у трохі прыўзнятым настроі (мусіць, думаў, што хваліць будуць) і ў адказ пытаю: “І што?” “Дрэнна!” - быў адказ. Далей тлумачэнне: зноў у вас супрацьпастаўленне першага пасляваеннага дзесяцігоддзя і другога, хваліце творы недасканалыя ў ідэйных адносінах, многія таленавітыя, ідэйна вывераныя раманы і аповесці замоўчваеце. І далей галоўнае, што выказаў таварыш адказны за культуру ў рэспубліцы: “Мы вас білі, але білі дубчыкам, шкадуючы” (словы запомніліся), цяпер будзем біць па-іншаму, раз вы крытыкі не прымаеце (перадаю тут сэнс). Выйшаў я сам не свой. Мне ж ужо амаль 40 гадоў, а прабралі як хлапчука. Брыдка было, сорамна. Расказаў толькі Алесю Адамовічу пад настрой. У Інстытуце ніякіх адмоўных вынікаў гэтай “размовы” не адчуў. Праўда, у выдавецтве, не ведаю па гэтай прычыне ці не, але была перанесена на год пазней кніга маіх крытычных артыкулаў “Вывяраючы жыццём”. Цяпер мне стала зразумела, па чыёй рэкамендацыі быў рассыпаны набор маёй першай кнігі.
Прайшлі гады, дзесяцігоддзі. Але і сёння я да канца не разумею, якія ідэйна-палітычныя памылкі былі ў маём дакладзе. Дарэчы, як і ў першай кнізе. Пісаў і пішу так, як я адчуваю, разумею той ці іншый твор, творчасць пэўнага пісьменніка, адпаведны перыяд літаратурнага працэсу. Хвалявалі мяне ў літаратуры найперш праблемы праўдзівасці і духоўнасці, чалавечнасці. Праўдзівасці не ў сэнсе поўнай адпаведнасці падзейнага зместу мастацкага твора рэальным падзеям і фактам. А праўдзівасці мастацкага ўвасаблення, праўдзівасці слова, праўдзівасці, якая першую праверку вытрымлівае на ўзроўні эмацыянальным: захапіў твор, усхваляваў, прымусіў думаць, перажываць. Чалавечнасць - не як замілаванасць, суцэльнае захапленне чалавекам, яго ідэалізацыя. А зноў жа, чалавечнасць - як паказ, паўнакроўнае ўзнаўленне чалавечай асобы, багата надзеленай духоўна, з Богам у душы. Адна з тэм маіх так і называлася “Духоўны свет чалавека”. Ды і ў маіх асноўных даследчых тэмах “Іван Пташнікаў” і “Традыцыі і сучаснасць” гэтыя праблемы, а можа, хутчэй праблема, былі галоўныя.
Творчасць Івана Пташнікава была мне ўнутрана блізкай. Той свет, які ён узнаўляў, які ствараў - прырода, лес, неба, хмары, вецер - то быў наш свет, беларускі, свет паэтычны, прыгожы, драматычны. Тыя вобразы, якія стварыў пісьменнік у сваіх раманах, аповесцях, апавяданнях, - гэта вобразы сапраўдных карэнных беларусаў. Людзей, якія нясуць у сябе беларускі свет, ім створаны. Свет і чалавек арганічна паяднаны, іх нельга ўявіць адно без аднаго. Свет, у якім жывуць героі Пташнікова, не замкнёны сам у сабе, не ізаляваны ад свету вялікага. Ён неад’емная частка гэтага свету. Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі. Хтосьці з прадстаўнікоў будучых пакаленняў, што будуць жыць на гэтай зямлі, захоча ўведаць, якой у яе натуральным стане, выглядзе была зямля гэтая і якія людзі жылі на ёй. Ён, безумоўна, найперш звернецца да літаратуры як мастацтва слова. Бо якраз літаратура найбольш арганічна і цэласна, этнічна і сацыяльна поўна падае яго, паказвае. Гэта гучыць у самім слове. І я лічу, што ў найбольшай ступені гэта, наша жыццё і нашага чалавека, можна ўбачыць у “Новай зямлі” Якуба Коласа, раманах Кузьмы Чорнага, “Палескай хроніцы” Івана Мележа, творчасці Івана Пташнікава, Анатоля Кудраўца.
Даследуючы тагачасную прозу, гаворачы пра яе высокія дасягненні і набыткі, падкрэсліваючы яе высокія ідэйна-мастацкія дасягненні, нельга было не паглядзець на ўсё гэта гістарычна - не на голым жа месцы ўсё раптам узнікла. Давялося звярнуць больш пільную ўвагу на літаратурны працэс у яго гістарычным мастацкім руху. Дзе аснова тагачасных поспехаў? Дзе выток? Так з’явілася, выспела задума працы “Традыцыі і сучаснасць”. Працаваў я над гэтай тэмай тры гады. Ускладаў я на яе пэўныя надзеі: меркаваў, на яе аснове абараню доктарскую дысертацыю. Аднак. жыццё рухаецца праз нечаканасці. Ва ўсякім разе ў мяне так.
У другой палове сямідзесятых адчуліся якіясьці змены ў жыцці і працы нашага Інстытута. Сама атмасфера змянілася. Стала неяк цішэй, спакайней. Менш узнікала калідорных абмеркаванняў, спрэчак. Адыходзілі ветэраны, старэйшыя супрацоўнікі нашай навуковай установы. У 1976 годзе памёр удумлівы даследчык літаратуры Навум Саламонавіч Перкін. Пад канец 1980 года не стала майго настаўніка, добрай душы чалавека, сапраўднага беларуса Юльяна Сяргеевіча Пшыркова. Страта адчувальная: ні параіцца, ні параду папытаць у чалавека багатага жыццёвага вопыту, чалавека, якому верыш. У аддзеле ўжо працавалі выдатны крытык Варлен Бечык і трохі маладзейшы даследчык драматургіі Сцяпан Лаўшук, на сённяшні дзень доктар навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сядзелі мы ў адным кабінеце. Склаліся ў нас увогуле даверлівыя таварыскія адносіны. Нямала было перагаворана, абмеркавана, пакрытыкавана. З Лаўшуком мы былі вучні аднаго настаўніка: кіраўніком яго дысертацыі быў Ю.С. Пшыркоў. Хлопец ён памяркоўны, разважлівы, не балбатун, трохі жартаўлівы, сур’ёзны, працавіты. Па-сапраўднаму адносіўся да сваёй прыналежнасці да партыі камуністаў. У хуткім часе ён стаў сакратаром інстытуцкай партыйнай арганізацыі. Дык вось, як сакратар пачаў ён прапаноўваць і нам, сваім таварышам па кабінеце, падумаць наконт уступлення ў шэрагі камуністычнай партыі. Якіясьці асаблівыя думкі ці адчуванні з гэтай нагоды ў памяці не засталіся. Прыемна было, што адну з рэкамендацый даў былы наш дырэктар Барысенка В.В. Якіхсьці змен у працы ў гэтай сувязі я не адчуў, хаця з’явілася унутрана адчуванне большай адказнасці за працу, за паводзіны. Галоўнае, чаму я пра гэтую падзею згадваю, гэта тое, што яна паўплывала на мой далейшы працоўны, творчы - не скажу, лёс. Пра гэта трохі пазней.
Кватэру з сям’ёю атрымаў па сённяшняй вуліцы Сурганава. У буйнапанэльным доме, на трэцім паверсе. Паміж вуліцай Куйбышава і Максіма Багдановіча (тады Максіма Горкага) знаходзіліся тры аднатыпныя дамы. Мы пасяліліся ў сярэднім. Тады раён толькі асвойваўся. Па другі бок вуліцы Сурганава пачынаўся так званы Сельгаспасёлак. Прыватныя дамы, садкі, агароды. Адчуванне прасторы, неабжытасці. Сёння ўсё змянілася. Калі раней гэтыя тры дамы, калі глядзець на іх з вуліцы Сурганава, рабілі ўражанне, то сёння іх за збудаваннямі больш сучаснымі проста нельга заўважыць. Яны як бы прыглушаны гэтымі сучаснымі будынкамі. А тады глянеш у акно - адчуванне прасторы, паветра. Перад акном маладая бярозка. Дзіўна, як яна захавалася. Увогуле радаваліся: тры пакоі - гэта не адзін у інтэрнаце для маласямейных.
Пачалі абжывацца, купляць нешта і для кухні, і для спальні, і для залы. Цягнулася гэта доўга: купляць асабліва дык і не было за што. Але ж трэба было. І паціху тое-сёе набывалася. Для мяне асаблівая радасць была, калі купілі кніжную секцыю. Цяпер мае кнігі, маё галоўнае багацце ладна размясцілася на паліцах. Можна было любавацца імі, пры неабходнасці адразу ж узяць - паглядзець, пачытаць. Зараз, маючы кватэру, было ўжо зручней запрасіць і прыняць кагосьці з родных: было хоць спаць дзе пакласці. Раней мы да іх пастаянна ездзілі. Ну а цяпер і яны маглі ўжо прыязджаць. І прыязджалі. Прыязджалі мае бацька і маці, браты, прыязджалі жончыны бацька і сястра.
Непадалёку ад нас атрымалі кватэру суседзі па інтэрнаце Шылкі. Часта сустракаліся. То мы да іх у госці, то яны да нас. Ішло нармальнае жыццё. Сёння ў маіх дзяцей гэтага няма. Ды і ў нас паступова ўсё гэта знікла. Выраслі дзеці, мы пастарэлі; змяніліся зацікаўленасці, пабольшала турботаў.
Раслі дзеці, вучыліся. Вучыліся нядрэнна і адна дачка, і другая. Клопатаў у бацькоў павялічвалася. Расходаў таксама. З’явілася нейкае невыразнае адчуванне-чаканне змены. І яна адбылася. У 1981 годзе я пайшоў на новую работу - галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Але гэта зноў жа яшчэ адна новая старонка ў маім жыццёвым лёсе.
ІІІ
Такім чынам, 7 красавіка 1981 года я быў вызвалены ад пасады старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, а на наступны дзень, гэта значыць 8 красавіка 1981 года, быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Папрацаваў я на гэтай пасадзе аж да 27 лістапада 1992 года. Назусім развітаўся з выдавецтвам 31 снежня 1997 года. Як бачна, выдавецкай працы было аддадзена больш за 16 гадоў. Былі то гады няпростыя для краіны, няпростыя і ў жыцці людзей яе. Няпростыя і для выдавецтва як адзінкі, непасрэдна звязанай з жыццём палітычным, духоўным. Усё гэта адчувалася, перажывалася, па-свойму ўлічвалася. Адбівалася ў жыцці асабістым.
Чалавек я па сваёй натуры не дужа кампанейскі, зусім не гаваркі. Увогуле “хутаранец”, як дзесьці ў свой час сказаў быў Піліп Пестрак. І ў гады дзяцінства, і ва ўсе школьныя гады, у вялікай ступені і ў студэнцкія галоўным маім сябрам была кніга. Кнізе я давяраў самыя патаемныя свае думкі і жаданні, у ёй шукаў адказы на самыя глыбокія асабістыя пытанні жыцця. Хвіліны шчырай радасці, высокага духоўнага ўздыму і душэўнага захаплення, як і нярэдкія моманты суму, тугі, нявер’я найперш былі звязаныя з кнігай. Самую вялікую частку часу забірала ў мяне кніга, а калі быць больш дакладным - аддаваўся ёй з задавальненнем. З кнігі ішла вера ў жыццё, у чалавека, у справядлівасць свету, вера ў тое, што праўда заўсёды перамагае. Яна вучыла бачыць, адчуваць прыгажосць таго свету, у якім ты жыў: лес, поле, луг, рэчка... Кніга была крыніцай веры, сілы, спачування, зразумення - ва ўсялякім разе для мяне. Так мне сёння ўяўляецца. Яна стварыла духоўную аснову майго жыцця, адносін да жыцця, аснову разумення самога жыцця. Вядомая рэч, потым, ды і тады жыццё дасць не адзін урок зместу адваротнага таму, які спавядае кніга - сваёй ідэйнай скіраванасцю, духоўным зместам, эмацыянальным напаўненнем. І ўсё ж сёння, не крывячы душой, я магу сцвярджаць, што аснова гэтая вытрывала выпрабаванне жыццём і часам.
Дык вось, да распачатай у выдавецтве працы кніга была маёй спадарожніцай нязменнай, была галоўнай крыніцай духоўнага сілкавання. Зразумела, то была кніга мастацкай літаратуры, кніга сапраўдная, кніга з вялікай літары. Гэтую, такую кнігу я ўвесь час чытаў, вывучаў яе, расказваў пра яе вучням. Даследаваў яе, пісаў пра яе. Тут жа, у выдавецтве, узаемадачыненні з кнігай мелі зусім іншы характар.
Тут у пэўным сэнсе трэба было ўжо працаваць над кнігай - і над тэкстам (творам), і над кнігай. Твор перад тым, як стаць кнігай, праходзіў ацэнку, апрабацыю, афармленне. Тут ужо да стварэння кнігі прычыняліся рэцэнзенты, рэдактары, карэктары, а таксама мастакі, тэхрэды. Выдавецкая праца над кнігай (а кнігі тут былі самыя розныя) дзесьці зніжала градус агульнага захаплення ёю.
Яшчэ. Не варта забываць пра прысутнасць, непасрэдны ўдзел аўтара ў з’яўленні пэўнай кнігі. І вельмі часта адносіны да аўтара ў немалой ступені вызначалі характар успрымання кнігі. Неяк незаўважна пачало зніжацца яе абагаўленне. Больш цвярозымі сталі адносіны да яе. Сама рэальнасць стварэння кнігі нярэдка прыцямняла пазнейшае ўражанне ад яе.
Так сёння бачыцца. Тады ж гэты працэс больш цвярозых адносін да кнігі амаль не заўважаўся, не адчуваўся. Трэба было увесь час працаваць. Клопаты, турботы выдавецкія былі пастаянныя. У сэнсе адчування, разумення кнігі яны шмат давалі, але і нямала - як потым усвядоміцца - забіралі.
Больш за трыццаць гадоў прайшло з часу, калі я далучыўся да выдавецкай працы, дзейнасці, шаснаццаць гадоў з хвосцікам - як развітаўся. Але і да гэтага часу не магу даць вычарпальны адказ на пытанне, чаму я пайшоў на працу ў выдавецтва. У Інстытуце справы складваліся зусім нядрэнна. Вось-вось павінна была выйсці манаграфія “Традыцыі і сучаснасць”. На яе аснове я змог бы праз нейкі час абараніць доктарскую дысертацыю. Чаго яшчэ трэба?.. Але ж не: узяў і пайшоў. Дакладней - перавялі, даў згоду на перавод. Несумненна, “вінаватыя” тут сябры, найперш адзін з іх - Барыс Сачанка. У той час у яго былі добрыя таварыскія адносіны з Антановічам І. І., загадчыкам аддзела культуры ў ЦК КПБ. Была магчымасць абмяркоўваць (а Барыс Іванавіч любіў пагаварыць) якіясьці пытанні літаратурнага жыцця, выказваць нейкія свае прапановы, меркаванні. Думаю, што ў адносінах да мяне якраз так і было. Бо гутарку ў ЦК адносна прызначэння на гэтую адказную пасаду праводзіў менавіта Антановіч І. І., а не загадчык аддзела прапаганды ЦК Паўлаў С. Я. Былі, відаць, і іншыя, прычыны. Жыццё ў Інстытуце ў творчым плане станавілася нейкім шэра-аднастайным, не ўзбуджала творчай энергіі. Ці не па гэтай жа прычыне неўзабаве і Бечык пайшоў з Інстытута. Думаецца, што дзесьці на ўзроўні падсвядомым паўплывала на маё рашэнне пайсці на працу ў выдавецтва, працу, зусім для мяне невядомую, гісторыя з выданнем маёй першай кнігі.
І я пайшоў. Да гэтага сустрэўся з дырэктарам выдавецтва Дубянецкім Міхалам Фёдаравічам. Уражанне засталося самае найлепшае. Здарыўся ў гэтыя дні і вось які яшчэ выпадак. Неяк вечарам без усялякага папярэджання раптам завітаў на кватэру чалавек немаладога ўзросту, вайсковай выпраўкі. Высвятляецца - намеснік дырэктара выдавецтва па вытворчасці. Маўляў, вырашыў пазнаёміцца з новым супрацоўнікам. Пасядзелі, пагаварылі, здаецца, і па чарцы ўзялі. Без ніякіх нечаканых пытанняў з яго боку. А ў мяне пытанне засталося: чаму?
Пачалася праца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Пачалося для мяне зусім новае жыццё. Сходы, пасяджэнні, абмеркаванні, лятучкі, сустрэчы, гутаркі... Па сутнасці, увесь час сярод людзей, з людзьмі. Па-першае, гэта супрацоўнікі выдавецтва, найперш яго рэдактарская каманда. Па-другое, аўтары - пісьменнікі і тыя, хто хацеў стаць пісьменнікам. З такімі найчасцей даводзілася мець размовы. Уся гэтая праца была вельмі далёкай ад ранейшай. Там дамінавала стабільнасць. Звычайна не менш года даводзілася займацца адной праблемай, вырашаць пытанні, цесна звязаныя паміж сабою, скіраваныя да аднаго цэнтра. Усё ў канчатковым выніку ішло на паглыбленне ведання, на пашырэнне падыходу да яго, узбуйненне маштабу бачання. Тут жа, у выдавецтве, пытанні ўзнікалі ледзь не кожны дзень, пытанні ў пераважнай большасці сваёй практычнага характару. Пытанні, якія патрабавалі менавіта хуткага практычнага вырашэння. Засяроджвацца асабліва на якіхсьці праблемах літаратуразнаўчага характару ніяк не выходзіла. Выдавецкае жыццё трымала ў пастаянным напружанні. І не толькі рэдактара, і не толькі рэдактарскі калектыў, але і ўсе выдавецкія службы.
За той час, як я працаваў у выдавецтве, яго кіраўніцтва мянялася некалькі разоў. Найбольш запомніўся, найбольш застаўся ў памяці першы дырэктар, з якім я пачаў працаваць, - Дубянецкі Міхал Фёдаравіч. Выдатна ведаў выдавецкую справу, беларускую літаратуру, любіў кнігу, успрымаў яе як жывую істоту. Шанаваў творцаў кнігі - зразумела, найперш пісьменнікаў, але і выдаўцоў. Чалавек сардэчны, таварыскі. Умеў арганізаваць калектыў, клапаціўся пра яго, абараняў яго інтарэсы. Гэта быў сапраўдны беларус, беларуская кніга - галоўны яго клопат. Я вельмі быў рады, што пачынаць працу ў выдавецтве пашчасціла пад яго кіраўніцтвам. Ды, па праўдзе кажучы, кіраўніцтва ў строгім сэнсе гэтага слова і не было. Былі парады, падказкі, пажаданні, таварыскія прафесіянальныя гутаркі. Супрацоўнікі выдавецтва паважалі Міхала Фёдаравіча, любілі. Моцна перажывалі, калі па стану здароўя ў 1986 годзе ён вымушаны быў пайсці на пенсію. У нейкай разгубленасці, няпэўнасці быў і я. Толькі пачаў адчуваць задавальненне ў выдавецкай справе, паглыбіліся шчырыя, даверлівыя ўзаемадачыненні з дырэктарам, нараджаліся новыя выдавецкія планы, задумы.
Новым дырэктарам стаў Бутэвіч Анатоль Іванавіч. Пазней у адным артыкуле ён напіша: “Мой дырэктарскі час у “Мастацкай літаратуры” быў не надта працяглы. Прыйшоў у выдавецтва ў красавіку 1986 года з пасады інструктара сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. А ўжо ў студзені наступнага мусіў вярнуцца назад у аддзел культуры, на гэты раз загадчыкам сектара”. Новы дырэктар, малады, энергічны ўнёс нейкі новы струмень у жыццё выдавецтва. У хуткім часе ён набыў павагу і шанаванне калектыву. Клапаціўся і пра справы выдавецкія, і пра людзей. Быў у яго моцны зарад беларускасці, нейкі зямны, гістарычны. Выявіўся ён з поўнай сілай у пазнейшыя гады ў яго творчасці. У нас з ім на той час склаліся даверлівыя працоўныя і чалавечыя ўзаемаадносіны. Захаваліся яны і адчуваліся мною, асабліва ў пазнейшыя гады (1990-1996), калі Бутэвіч займаў галоўную кіруючую пасаду ў галіне кнігадрукавання. Былі то гады пераломныя ў жыцці краіны, адпаведна і ў нашай сферы - сферы культуры, друку. Тут не раз я адчуваў яго добрую падтрымку, за што шчыра ўдзячны і па сённяшні дзень. Ну, але ўсё гэта будзе потым. Дарэчы, добрыя адносіны да сябе я адчуваў і збоку ранейшага старшыні Камітэта па друку Дзяльца Міхала Іванавіча - паважлівыя, добразычлівыя. У першыя часы маёй выдавецкай працы было гэта так неабходна.
У пачатку 1987 года дырэктарам “Мастацкай літаратуры” быў прызначаны Грышановіч Валерый Мікалаевіч. Прыйшоў ён, як і яго папярэднік на гэтай пасадзе, з ЦК. Там была галоўная школа ідэалагічных кадраў. Пасля таго, як Бутэвіч пайшоў на новую пасаду, справа з прызначэннем новага дырэктара трохі зацягнулася. І вось аднойчы пад канец дня - званок тэлефона. Бяру трубку. Звоніць старшыня камітэта: вырашана прызначыць мяне дырэктарам выдавецтва. Загадана перагаварыць з Кусянковым М. С., маім намеснікам, адносна прызначэння яго галоўным рэдактарам. Таго ўжо не было ў выдавецтве. Пайшоў я дадому нейкі трывожна ўзбуджаны. На наступны дзень, не паспеў я прыйсці на працу, званок. Зноў старшыня. “З Кусянковым гаварылі?” - “Не.” - “Пакуль і не трэба”. Праз некалькі гадзін пайшла па калідоры чутка: прызначаны новы дырэктар.
Сваім менталітэтам новы дырэктар быў трохі іншы, чым яго папярэднікі. Гэта быў тыповы тагачасны выхаванец камсамола - энергічны, дзейны да мітуслівасці, гаварлівы. Кіраваць яму выпала не ў лепшы час. Перабудова, прыватызацыя, узмацненне ролі калектыву. У першыя гады ўсё ішло быццам нядрэнна. Але чым далей, тым больш яго і яго намесніка ахоплівала прага рэарганізацыі выдавецтва, ледзь не прыватызацыі яго. Дайшло да таго, што быў скліканы прафсаюзны сход і дырэктару, па сутнасці, адзінагалосна быў выказаны недавер. Пасля гэтага я быў спачатку прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара, а дзесьці праз месяц рашэннем калегіі Міністэрства інфармацыі зацверджаны на гэтай пасадзе. Было гэта ў канцы 1992 года. Працаваў да ліпеня 1996. Тады ж быў вызвалены ад займаемай пасады па ўласным жаданні (і па настойлівай просьбе Міністэрства інфармацыі) у сувязі з выхадам на пенсію.
Адразу ж па працоўным пагадненні быў залічаны на так знаёмую мне пасаду галоўнага рэдактара. Пазней пагадненне на некалькі месяцаў было працягнута. Але ў канцы 1997-га ў сувязі з заканчэннем кантракту быў вызвалены з займаемай пасады канчаткова. Дырэктарам выдавецтва у гэты час стаў Марчук Георгій Васільевіч, чалавек энергічны, амбітны, самаўпэўнены. Праўда, як мне здаецца, не ў самы лепшы час. З прыходам новага старшыні ў Камітэт па друку пачалося актыўнае рэфармаванне выдавецкай сістэмы. Каб уявіць сабе, як гэта ўсё адбывалася, паглядзім адзін дакумент, які далі мне ў камітэце. Падаю поўнасцю:
Председателю государственного комитета Республики Беларусь по печати Заметалину В. Г.
Издательство "Мастацкая літаратура" согласно решению коллегии от 24 декабря 1996 года и устных указаний вышестоящего руководства из управления разрабатывает план сокращения сотрудников издательства на протяжении 1997 года, согласно законодательству Республики Беларусь и статусу издательства. За время моей работы (7 месяцев) были уволены по окончанию контракта заведующий редакцией Бородулин Р. И., ведущий редактор Сёмуха В. С., инженер производственного отдела Зинкевич Г. И., техпред Соколовская М. М, редактор Т. Зарицкая, редактор И. Кочеткова. На полставки переведены художественный редактор Малышева Е. М., специалист компьютерного набора Е. И. Санжаревская. В первом этапе сокращения 1997 года прошу Вас перевести библиотеку, которую содержит с огромным трудом на своём балансе наше издательство на баланс другого издательства, которое может себе позволить оплачивать сотрудников библиотеки и плату за аренду. Старший библиотекарь Драко Л. Г., старший библиотекарь Авсиевич З. А. (окончание контракта 1 июня 1997 года), библиотекарь Тишук Т. И. О плане второго этапа сокращения будет вам сообщено дополнительно.
Директор издательства Г. В. Марчук.
Пісьмо датавана 26. 03. 97 года.
У другі этап скарачэння трапіў і я. Як відаць, за гады працы ў выдавецтве давялося працаваць з рознымі кіраўнікамі. На шчасце, у адным і тым жа працоўным калектыве, найперш і галоўным чынам рэдактарскім. Рэдактарскі калектыў быў літаратурна моцны, прафесійна падрыхтаваны, прынцыповы і адначасова тактоўны ва ўзаемаадносінах з аўтарам. Працавалі рэдактарамі і паэты, і празаікі, і крытыкі, і перакладчыкі. За ўсе гады маёй працы ў выдавецтве тут, так бы мовіць, рэдактарскую службу праходзілі дзесьці трыццаць, калі не больш, пісьменнікаў. Яны, у большасці сваёй, добра адчувалі мастацкае слова, бачылі той ці іншы твор, выдатна ведалі мову. Калі я толькі прыйшоў у выдавецтва, там ужо працавалі такія майстры сваёй справы, як Рыгор Барадулін, Вера Палтаран, Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў, Генадзь Шупенька. Крыху пазней прыдуць Уладзімір Арлоў, Барыс Сачанка, Варлен Бечык, Яўген Лецка. Менавіта ў гэтыя гады ў “Мастацкай літаратуры” пачыналі свой рэдактарскі шлях Леанід Дранько-Майсюк, Мікола Мятліцкі, Вадзім Спрынчан.
Варлен Бечык займаў у выдавецтве пасаду намесніка галоўнага рэдактара. Прыйшоў ён сюды дзесьці адразу пасля мяне. Асноўная дзялянка, за якую ён адказваў, была паэзія. А тут было ўсяго, выключна строгі кантроль з боку вышэйшых інстанцый. Працаваў Бечык адказна, патрабавальна, немітусліва. У размове з самымі рознымі аўтарамі ён умеў знайсці належны тон - спакойны, разважлівы. І сярод рэдакцыйнага калектыву выдавецтва, і сярод аўтараў карыстаўся ён нязменнай павагай і пастаянным даверам. Для мяне асабіста працаваць з такім намеснікам (хутчэй чалавекам) было і надзейна, і прыемна. Ведалі мы адзін аднаго, як ужо згадвалася, і раней. Тут жа, у выдавецтве, нашы ўзаемаадносіны, агульныя па працы, па нашай прафесійнай дзейнасці сталі больш даверлівыя і шчырыя ў непасрэдна чалавечым плане. Нярэдка мы падоўгу гутарылі на самыя розныя тэмы. Бечык жыў вельмі актыўным духоўным і эмацыянальным жыццём. Яго ўсё непасрэдна закранала — палітычнае, грамадскае жыццё, праца, прырода, літаратура (і не толькі беларуская). Да ўсяго ў яго былі свае адносіны. З’явілася поўная ўпэўненасць, што ўсё тое, пра што ён гаворыць, пра што мы разважаем, спрачаемся — усё гэта шчыра, адкрыта, праўдзіва.
Пройдуць гады. У 1993 годзе выйдзе яго кніга дзённікавых запісаў “Радкі і жыццё”. І вось там, у запісе, пазначаным 21. 7. 1985 годам, чытаю: “Што цешыць, што сагравае душу ў пустым бязладдзі і тлуме - гэта ўзаемапаразуменне з Серафімам Андраюком. Імпануе ўсё: і яго бездакорная сумленнасць, і прынцыповасць, і адданасць справе, і творчая, і адміністрацыйная таленавітасць. Адчуваю ў ім не проста аднадумца - сапраўднага друга. Наогул тут, у выдавецтве, адчуваю прыязнасць многіх - і не горшых - людзей”.
Прачытаў з прыемнасцю. І не толькі таму, што словы цешаць самалюбства. Хоць ёсць і гэта: усе мы не бязгрэшныя. Ён давяраў, верыў мне. Як сёння мне ўяўляецца, каманда выдавецтва - Дубянецкі М. Ф, Бечык В. Л., Андраюк С. А. - была не самая горшая на той час. Але ў жыцці найчасцей здараецца так: нішто добрае не працягваецца доўга.
13 лістапада 1985 года Варлен Бечык дачасна памёр. У пачатку наступнага года пайшоў з выдавецтва Міхал Дубянецкі.
Намеснікам галоўнага рэдактара стаў паэт, празаік Мікола Кусянкоў. Чалавек прафесійна падрыхтаваны, дысцыплінаваны, адказны, быў ён унутрана замкнёны, недужа ініцыятыўны (у гэтым сэнсе, відаць, больш, чым я). Часам гэта выяўлялася.
Як бачна, кіраўнікі выдавецтва за час маёй у ім працы мяняліся неаднойчы, мяняліся рэдактары. Галоўнае - жыццё мянялася. Мяняліся адносіны дзяржавы да выдавецкай справы, людзей — да кніг: ад абагаўлення яе да залічэння ў звычайны прадукт вытворчасці. І вось, азірнуўшыся на тыя немалыя мае выдавецкія гады, узгадваючы тое, што тады адбывалася, — добрае і дрэннае, перачытваючы свае шматлікія інтэрв’ю, якія даводзілася даваць розным газетам, найперш штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, я мушу ўпэўнена сцвярджаць, што мае адносіны да выдавецкай справы, маё стаўленне да кнігі засталося, па сутнасці, нязменным.
Працаваць у выдавецтва прыйшоў я дзесьці на дзесятым годзе яго працы. Была ўжо сфармавана сістэма яго дзейнасці, вызначана яго структура, выпрацаваны пэўныя прынцыпы ўзаемадачыненняў выдавецтва з аўтарамі. Вядома, час уносіў свае змены ва ўсё, але аснова засталася нязменнай. Мэта заставалася адна і тая - выдаць кнігу вартую і выдаць на належным узроўні. І тут, можа, самае галоўнае было - узаемадачыненні з аўтарам. Рукапіс паступаў у выдавецтва. Прызначаўся рэдактар, які знаёміўся з рукапісам і даваў сваё заключэнне. Калі рукапіс ацэньваўся станоўча, яго аддавалі на знешнюю рэцэнзію. Рэцэнзаваліся, па сутнасці, усе рукапісы. Асабліва новых твораў і новых аўтараў. Прозвішча рэцэнзента пазней давалася ў кнізе. З падрыхтаваным рэдактарам і выпраўленым, калі была ў гэтым неабходнасць, рукапісам знаёміўся загадчык рэдакцыі, ухваляў і перадаваў у галоўную рэдакцыю. Там даваўся канчатковы дазвол на выхад кнігі. Кагосьці з аўтараў такая ўвага магла раздражняць, а для многіх гэта было добрай школай літаратурнага і моўнага майстэрства.
Не трэба забываць і пра істотны момант больш агульназначнага зместу, звязаны з кнігай наогул — як з’явай культуры, духоўнага жыцця грамадства. Захоўваўся адпаведны ўзровень зместу і мастацкасці кнігі. У цяперашні час патрэба такога стаўлення да друкавання кнігі асабліва адчувальная. Кніг выходзіць многа, вельмі многа. Часам аднаго малавядомага ці зусім невядомага аўтара тры-чатыры кнігі ў год. Найчасцей гэта кнігі ў мастацкім сэнсе бездапаможныя. І што? Адзін возьме, прачытае — і адкіне: ці варта чытаць гэтыя кнігі наогул? Другі прачытае - яму спадабаецца. Нічога іншага яму больш і не патрэбна. Агульны ўзровень кнігі мастацкай літаратуры паніжаецца, цікавасць чытача да кнігі змяншаецца. Раней кніга была справай дзяржаўнай, сёння ж стала пераважна прыватнаю. Гэта як галоўны прынцып. У апошнія гады кніг выходзіць намнога больш, чым раней. Разам з тым іх агульны ідэйна-мастацкі ўзровень намнога ніжэйшы.
Жыве і да сёння адчуванне - у тыя часы чытач не проста чакаў, купляў і чытаў кнігу. Зусім не. Была патрэбная кніга пэўнага аўтара. Напрыклад, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна... Пералік можна працягваць яшчэ і яшчэ. Рукапісы такіх аўтараў у выдавецтве не затрымліваліся. Дзе сёння такія аўтары? Пра каго шмат пішуць? Чыімі творамі захапляюцца?
Узнікае адразу ж пытанне: дык што - у гэтым вінаватыя толькі выдавецтвы? Зразумела ж, што не. Якая літаратура - такая і кніга. І наогул: якое жыццё, такая і літаратура. Усё быццам і так. Але ж заслуг выдавецтваў у нізкай якасці сённяшняй кнігі ніяк нельга адмаўляць. І яшчэ істотны момант. Усе праекты тэматычных планаў выдавецтва заўсёды абмяркоўваліся ў Саюзе пісьменнікаў на пасяджэнні прэзідыума.
Напэўна, дзесьці я ўжо захапляўся ўсхваленнем тых часоў, тых выдавецкіх спраў і тых кніг. Яно так - хаця было шмат і такога, пра што зусім не хацелася б узгадваць. Пра гэта пазней. У дадзеным жа выпадку варта проста звярнуць увагу на выдавецкую працу з рукапісам новай кнігі. А гэта была праца асноўная. Найперш праца з аўтарам. Тут былі свае складанасці: аўтар быў розны. Адзін спакойны, разважлівы, умеў слухаць слова рэдактара, пры неабходнасці ўлічваць яго. Іншы быў самаўпэўнены, амбітны, мог слухаць толькі самога сябе. З ім трэба было працаваць.
Праца такога зместу і характару ўласціва была рэдакцыям, як іх называлі, арыгінальнай літаратуры - прозы, паэзіі, крытыкі. У гэтых рэдакцыях ішло не проста рэдагаванне, а вялася праца больш шырокага характару. Тут рыхтаваліся і выдаваліся штогадовыя альманахі: “Дзень паэзіі”, “Сучаснік” (публіцыстыка), “Вобраз” (крытыка і літаратуразнаўства). Для маладых аўтараў былі заснаваны серыі: “Першая кніга паэта”, “Першая кніга прозы”.
Ва ўсе гады працы ў выдавецтве адным з самых галоўных клопатаў нашых было павелічэнне колькасці выданняў. Пісьменніцкая суполка расла, вярталася творчасць рэпрэсаваных у даваенныя гады, больш шырока адкрывалася багатая спадчына. Усё гэта выданні на беларускай мове.
У 1982 годзе “Мастацкая літаратура” адзначыла першае дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці. Дырэктар выдавецтва М. Ф. Дубянецкі ў сваім дакладзе на святочным сходзе, што праходзіў у Доме літаратара, з гонарам казаў: “За дзесяць гадоў выпушчана больш чым дзве тысячы назваў кніг. Агульны тыраж выданняў склаў каля 80 мільёнаў экзэмпляраў”.
Пройдзе яшчэ дзесяць гадоў. І вось у інтэрв’ю газеце “Літаратура і Мастацтва” я, як галоўны рэдактар, называю лічбы: “За 1972-1991 гады выпушчана нашым выдавецтвам 3639 назваў кніг і брашур, з іх на беларускай мове - 2758, г.зн 75,7 працэнта, па тыражы адпаведна 158,1 мільёнаў экзэмпляраў і на беларускай мове 41,4, што складае 26,2 працэнты. На той час пік колькасці выданняў прыпаў на 1988 - 173, з іх на беларускай мове 131, тыражом 1246 тысяч”. Ёсць яшчэ лічбы некалькіх пазнейшых гадоў. 1992 - усяго кніг 177, на беларускай мове - 143; 1993: 155 - 133; 1995: 91 - 73. Далей дзяржаўнае выдавецтва нацыянальнай, а гэта значыць беларускамоўнай, літаратуры кніг выпускае ўсё менш і менш. Самыя багатыя, самыя паспяховыя ў выдавецкай працы былі апошнія 80-я і першыя 90-я - гады сапраўднага нацыянальнага абуджэння, багатыя і колькасна, і якасна. Сярэдзіна і другая палова 90-х - час для “Мастацкай літаратуры” не самы лепшы. Падтрымка дзяржавы (датацыі) зменшылася ў разы. Тыражы зменшыліся зноў жа ў разы. Кніжны рынак захліснула кніга нізкапробная. Бібліятэкі намнога знізілі заказы на нашу кнігу.
У 1994 годзе ў адным інтэрв’ю ў “Настаўніцкай газеце” давялося мне, тады дырэктару, казаць такія горкія словы: “На сучасны момант дзяржава асаблівых падстаў для аптымізму не дае, а без яе падтрымкі нашай беларускай кнізе не выжыць. А паслухаеш сёння нашых кіраўнікоў, нават самага высокага рангу, дык галоўны клопат сёння, каб выжыць. Гэта, канечне, так, але ці патрэбна гаварыць адно і тое ж, а то пачынаем прывыкаць, што галоўнае ў тым, каб выжыць, неяк існаваць. Але ж гэта не мэта чалавека. Чалавек усё ж павінен жыць, а не існаваць. І тут без духоўнага адраджэння не абыдзешся. Калі кіраўнікі нашы пераканаюцца, што не хлебам адзіным жыве чалавек, толькі тады можна будзе гаварыць пра перспектыву нашага кнігавыдання. Калі ж застанецца ўсё як цяпер - адно выжыць і пра нацыянальнае адраджэнне ні слова, дык нас чакае не лепшая доля. Супакойвае хіба ўсведамленне таго, што ў гэтым жыцці ўсё (ці шмат) праходзіць, кніга ж застаецца на вякі”.
Гаварылася гэта тады, калі было добрае веданне кніжнай справы знутры, калі была змена часоў, калі толькі пачыналася наша сучасная дзяржава. Прайшлі гады. Адносіны дзяржавы да кнігі ніколькі не змяніліся.
Але вернемся ў тыя ранейшыя часы. Звернута ўвага на павелічэнне колькасці назваў кніг. Так, яна найперш была абумоўлена ростам пісьменніцкай арганізацыі. Але не толькі. Быў попыт на беларускую кнігу наогул. У выдавецкіх планах заўсёды адводзілася немалое месца перавыданням, выданню збораў твораў. Існавала як бы няпісанае правіла: да кожнай юбілейнай даты кожны таленавіты аўтар ажыццяўляў паўторнае выданне (у адным ці двух тамах, а то і ў трох). Абавязкова была прадмова. Узгадваюцца, напрыклад, выбраныя творы ў трох тамах (1992-1993) Янкі Брыля, зноў жа ў трох тамах Барыса Сачанкі (1993-1995), выбраныя творы ў двух тамах Яна Скрыгана (1985), Анатоля Кудраўца (1987), Янкі Сіпакова (1995, 1997). Да двух гэтых выданняў (Сачанкі і Кудраўца) я пісаў прадмовы.
Маю ўвагу асабліва прыкоўвала - і як выдаўца, і як літаратуразнаўца - выданне збораў твораў. З гадоў маёй працы ў выдавецтве выразна вылучаюцца зборы твораў Івана Мележа ў дзесяці тамах (1979-1985), Максіма Гарэцкага ў чатырох тамах (1984-1986). У 1990 годзе ў такім самым афармленні выйшаў дадатковы том “Творы”, поўны збор твораў у дзевяці тамах (9 том у 2-х кнігах) Янкі Купалы, падрыхтаваны ў Інстытуце літаратуры (1995-2003), Максіма Зарэцкага ў чатырох тамах (1989-1992), Цішкі Гартнага ў чатырох тамах, выйшла тры (1987-1988), Васіля Быкава ў шасці тамах (1992-1996), Івана Пташнікава ў чатырох тамах з маёй прадмовай (1990-1992), Уладзіміра Караткевіча ў васьмі тамах, восьмы том у 2 кнігах (1987-1991), у 1996 годзе выйшлі першыя тамы збораў твораў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, адпаведна ў пяці і шасці тамах.
Як чытачу і як выдаўцу, мне найбольш блізкія выданні з навукова-масавым ухілам. Як, напрыклад, Гарэцкага, Мележа, Караткевіча. Яны ахопліваюць усе больш значныя і вартыя ўвагі творы пісьменніка, каментар іх сціслы і змястоўны. Звычайна планы выданняў збораў твораў і выбраных твораў мелі перспектыўны характар. Складаліся на пяць (здаецца) гадоў. Зацвярджаліся, як і штогадовыя тэматычныя планы, у Маскве. Парушэнне іх не прымалася. І ўсё ж іх не так парушэнні, як пэўныя змены, дапаўненні даводзілася рабіць. Пры падрыхтоўцы і выданні збораў твораў Караткевіча выявілася, што васьмі тамоў мала, каб змясціць усё больш значнае, адкрытае на той час. Давялося весці розныя перамовы. Тут актыўную дапамогу аказваў Рыгор Барадулін. Праз пэўны час былі выяўлены новыя творы, тыя, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Падрыхтаваў гэты том даследчык творчасці Караткевіча Анатоль Верабей, рэдактарам стаў Рыгор Барадулін. Кніга выйшла ў тым жа афармленні (толькі колер іншы), з той жа рэдакцыйнай калегіяй, з тым жа карэктарам падрыхтоўкі тэксту. Том выйшаў у 1996 годзе. Па сутнасці, атрымалася дзесяцітомнае выданне твораў пісьменніка. Выданне па рэдакцыйнай падрыхтоўцы, па зместу, па афармленні (кожны том уключаў сшытак фотаздымкаў пісьменніка) выдатнае, у практыцы выдавецтва адно з лепшых.
Узніклі ўскладненні з выданнем збору твораў В. Быкава і М. Гарэцкага. Пра Быкава праўдзіва расказаў усё ў сваіх успамінах М. Ф. Дубянецкі. Яму тая гісторыя нямала каштавала, хоць ён і перамог. Справа ішла пра друкаванне аповесці “Мёртвым не баліць” у чацвёртым томе збору твораў. Дубянецкаму давялося тэлефанаваць у ЦК КПСС М. В. Зімяніну. Пры выданні збору твораў М. Гарэцкага таксама адбылася гісторыя з чацвёртым томам. Там упершыню друкавалася “Камароўская хроніка”. У Галаўліце ўзнік цэлы шэраг заўваг, прапаноў аб скарачэнні мясцін ідэалагічнага характару, як яны лічылі. На сённяшні дзень усё гэта проста смешна. Ну, напрыклад: с. 174 “сяляне не за рэвалюцыю...”; с. 35 “але выхоўвалі іх у семінарыі ў рускім, патрыятычным духу і, мусіць, не было ў Міхалкі беларускай адраджэнскай свядомасці”; с. 133 “Іван Фаміч быў юдафоб. Казаў: "Евреи со мной считаются. Они имеют список, какие газеты я читаю"; с. 161 "з беларусаў тут выпісваў “Вольную Беларусь” Войцік". І мноства іншых мясцін па ідэйных меркаваннях трэба было апусціць. Збор твораў да выдання рыхтаваўся ў Інстытуце літаратуры. Рэдактарам тома, адказным за яго падрыхтоўку да выдання быў Адамовіч А. М. Была і рэдкалегія выдання. І вось яна вырашыла пазмагацца за захаванне падрыхтаванага тэксту. Быў складзены ліст (аж на 7 машынапісных старонках), дзе доказна даводзілася немэтазгоднасць гэтых скарачэнняў. Падпісаліся члены рэдкалегіі А. М. Адамовіч, Д. Я. Бугаёў, Г. М. Гарэцкая, В. А. Каваленка, М. І. Мушынскі, Б. І. Сачанка. Ліст быў адрасаваны кіраўніцтву выдавецтва: мы ж выдаем. У гэтыя ж дні неяк заходзіць дачка Гарэцкага Галіна Максімаўна. Звяртаецца: “Серафім Антонавіч, не будзеце крыўдаваць, калі я па гэтай справе схаджу да Антановіча І. І., загадчыка аддзела культуры ЦК?”. Якія тут могуць быць крыўды: гэта вельмі добра. Яна схадзіла. Дзесьці адразу званок з ЦК, запрашаюць зайсці. Я ўзяў пісьмо і пайшоў. Антановіч сустрэў прыветліва, пагаварылі, я выказаў свае адносіны. Ён папрасіў пакінуць ліст членаў рэдкалегіі, паабяцаў разабрацца.
Праходзіць тыдзень, другі. Я чакаю, што патэлефануюць. Але нічога не чуваць. Тэлефаную сам. Дазваляюць зайсці. Пайшоў. На гэты раз сустрэча была чыста афіцыйная. Размовы па сутнасці не было. Уручыў мне некалькі паперак, ад рукі напісаных: маўляў, там усё, што трэба. Вярнуўся ў выдавецтва. Прачытаў. Даю ў поўным аб’ёме.
5.04. 85
К беседе с т. Антоновичем И. И.
О романе М. Горецкого "Камароўская хроніка"
Что надо иметь в виду:
1. На роман, хоть он ещё не опубликован, давались развёрнутые положительные рецензии о том, что это классическое произведение белорусской литературы.
· Алесь Адамович “Браму скарбаў сваіх адчыняю...” Издат. БГУ 1980.
· Алесь Адамович "Класік беларускай літаратуры", вступительная статья в 1 томе собрания произведений М. Гарэцкага, изд. "Мастацкая літаратура", 1984 г.
2. Негативные положения. Там, где речь идёт о политической стороне событий. Где повествуется о революции, об отношении к ней крестьян, о красноармейцах в годы гражданской войны, о крестьянах послевоенной деревни (Дневники, заметки Прохора, Маринки, Лаврика, Кузьмы) даются негативные описания.
Стр. 180, 205, 212, 217, 248, 388, 393.
В рукописи сделаны карандашом пометки, что следует опустить. Согласиться.
Их следует дополнить:
· На стр. 176 — "сяляне не за рэвалюцыю"
· На стр. 180 "Вось яно, жыццё, ни сказак о нём не расскажут, ни песен о нём не споют".
· На стр. 248 снять Ластоўскага
· На стр. 260 "узнаць ідыёвыя падмуркі беларускага рэнесансу". Правомерность выражения "Национальное возражд.". "Культурн." (слова незразумелае — С. А.)
· На стр. 338 - аб становішчы ў вёсцы “Дзядзьку Яхіма забралі - дзесяць гадоў”, “Дзядзьку Рамана засудзілі, здаецца, на пяць”, “Брата Грышку вычысцілі з інстытута” і гд.
Только отрицательное. Думается, что вопросы, затрагивающие работу ГПУ (ВЧК), если они будут опущены редакцией, следует по ним издательству проконсультироваться в Комитете Госбезопасности у т. Русака".
Чые гэта былі заўвагі і рэкамендацыі, не вядома: подпісу не было. Мы ж іх атрымалі ад аддзела культуры ЦК КПБ. Так тады працавала цэнзура, такія былі ідэалагічныя патрабаванні. Але больш пра гэта крыху пазней.
Збор твораў Максіма Гарэцкага рыхтаваўся ў Інстытуце літаратуры, рыхтаваўся не ў самыя лепшыя гады. Не ўсё яшчэ, як відаць, можна было друкаваць: не толькі нейкія ўрыўкі тэксту, але і цэлыя творы. Ды справа ў тым, што спадчына Гарэцкага была адшукана, выяўлена, тэксталагічна падрыхтавана. І як толькі стала магчыма, змянілася грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне, яны былі выдадзены. У 1990 годзе ў тым жа афармленні, з той жа рэдкалегіяй, навукова-тэксталагічна падрыхтаваны, як і тамы збору твораў, выходзіць том дадатковы - “Творы”. У 1984 годзе ў палепшаным выданні з’явілася кніга “Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы”, падрыхтаваная адказнымі даследчыкамі літаратуры А. С. Лісам і І. У. Саламевічам. Дарэчы, гэтую кнігу я атрымаў ад Галіны Гарэцкай з дарчым подпісам наступнага зместу: “Дарагому Серафіму Антонавічу Андраюку з найвялікшай удзячнасцю і пажаданнем усяго самага светлага і радаснага ў жыцці і творчай працы 21. 8. 84 г.” І ўжо ў 1992 годзе выдавецтва наша ў серыі “Спадчына” выпусціла вядомую “Гісторыю беларускай літаратуры” Максіма Гарэцкага, зноў жа падрыхтаваную навукова. Пастаянную ўвагу, клопат да выдання твораў Максіма Гарэцкага праяўляла дачка пісьменніка Галіна Гарэцкая. Такіх душэўных, дбайных адносін да зробленага, створанага бацькам, за час маёй працы ў выдавецтве (ды не толькі) я не сустракаў.
Выдадзеныя творы Гарэцкага ў гэтыя пераломныя для краіны гады паказалі, засведчылі, якім духоўным багаццем валодае наша гісторыя, асобы якога маштабу тварылі гэтае багацце.
Неяк на днях, чытаючы “Литературную газету”, у прыватнасці, артыкул, прысвечаны Уладзіміру Салаухіну, зачапіўся за яго разважанні з кнігі “Капля росы”. Як ён разумее аўтабіяграфію: “Чтобы её написать, нужно рассказать о людях, с которыми пришлось повстречаться в течение жизни. Автобиография состоит не из описания самого себя, а из описания всего, что ты увидел и полюбил на земле".
А то ўжо пачаў я думаць: пішу ўсё пра выданне кніг, пра самі кнігі, іх аўтараў. Але ж да ўсяго гэтага я маю самыя непасрэдныя адносіны, чым займаюся, што люблю, урэшце, што ўнутрана таксама маё. Без чаго ў той час я сябе не бачу.
Увесь час маёй выдавецкай працы, асабліва ў канцы 80-х - пачатку 90-х, маім галоўным клопатам было выданне літаратурнай спадчыны.
Сам час патрабаваў моцнай нацыянальнай духоўнай асновы. Жыццё патрабавала, чалавек. Гэтую патрэбу выдавецтва разумела, адчувала. Мне асабіста не раз даводзілася гаварыць, пісаць пра неабходнасць, надзённасць самай пільнай увагі да нашай нацыянальнай спадчыны: яе выдання, вывучэння, даследавання.
У 1993 годзе ў кастрычніку ў інтэрв’ю ў газеце “Літаратура і мастацтва” мне не ў першы раз давялося гаварыць пра выдавецкую дзейнасць, пра кнігу. Дазволю сабе сябе працытаваць. Бо сітуацыя, па сутнасці, мала змянілася.
Такім чынам, тады было сказана і надрукавана: “Гаварыць сёння пра перспектыву выдавецкай дзейнасці вельмі рызыкоўна, бо галоўны ж лозунг часу - выжыць. А пры такім псіхалагічным і духоўным стане - пра якую перспектыву ў кнігавыданні можна гаварыць. Адчуванне такое: улезлі мы, рэспубліка, у дрыгву і топчамся на месцы. Дрыгва зацягвае ўсё больш. А топчамся таму, што не ведаем, куды нам ісці. То кінемся на ўсход, то на захад.
Але і ў гэтых умовах кнігу трэба выпускаць. Кнігу нацыянальную, кнігу, якая б працавала на нацыянальнае адраджэнне, на сцвярджэнне беларускай духоўнай суверэннасці. Хто такую кнігу будзе выпускаць? Нацыянальна свядомыя інтэлігенты? Яны занадта бедныя і непрактычныя. Яны на сённяшні дзень занадта захоплены эйфарыяй мітынгавання і слоўных баталій. Яны вельмі неспасрэдна, даверліва ўспрынялі біблейскі афарызм: спачатку было слова. Яно, магчыма, і так. Але якое слова? Слова выпакутаванае, выбалелае, слова агнёвае. Сёння ж пануе слова блудлівае.
Далей хто? Выдавецтвы прыватныя? Але вопыт некалькіх гадоў паказаў, што іх у пераважнай боль- шасці цікавяць грошы і толькі грошы.
Застаецца, як і раней, дзяржава. Дзяржава, якая хоча быць беларускай. Бо без нацыянальнага ўсведамлення, усведамлення і адчування сваёй незалежнасці, самастойнасці ніколі мы не выберамся з дрыгвы. Такога ўсведамлення ў нас сёння, па сутнасці, няма: дзесяцігоддзі, стагоддзі ўсё нацыянальнае вытраўлялася, вынішчалася.
Кніга, мастацкая літаратура і мастацтва не толькі выяўлялі нацыянальную адметнасць, своеасаблівасць беларуса, але і рабілі пэўныя крокі - часта нясмела, стыхійна - на шляху да самасцвярджэння. Менавіта яна ў большай ступені нясе ў сабе нацыянальную энергію. Энергія гэта разлічана на вякі. Таму клопат пра кнігу павінен стаць першаступенным клопатам нашае дзяржавы".
Так меркавалася, планавалася, жадалася тады, гаварылася ў той час, калі наша краіна толькі што стала на шлях незалежнасці, самасцвярджэння. Прайшлі гады, нават дзесяцігоддзі, але і сёння паўтарыў бы ўсё тое, што гаварылася тады, за выключэннем, хіба што, занадта катэгарычнага абзаца пра недзяржаўныя выдавецтвы. Бо час з усёй пераканаўчасцю засведчыў, што справу нацыянальнага адраджэння, нацыянальнага самасцвярджэння праз кнігу і дзякуючы кнізе сёння ажыццяўляе на самым высокім узроўні “Беларускі кнігазбор”. Праект гэты, аўтарам і нязменным галоўным рэдактарам якога з’яўляецца паэт, празаік, літаратуразнаўца Кастусь Цвірка, заснаваны быў у 1996 годзе. Праект унікальны па падборы аўтараў, рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы, ідэйна-змястоўнай накіраванасці. Даўно заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі і найбольшай падтрымкі з боку дзяржавы. Аднак...
Вернемся да “Мастацкай літаратуры”. У той час, у духоўнай сітуацыі, у тым становішчы нашай мовы трэба было не проста выдаваць беларускую кнігу, а імкнуцца выяўляць карані беларускасці, выяўляць, пашыраць яе прастору, абсягі. Выдавецтва ўсяляк імкнулася гэта рабіць. Найгалоўнае і найпершае — гэта выданне збораў твораў і твораў спадчыны, класікі. Пра зборы твораў Купалы, Гарэцкага, Мележа, Караткевіча, Гартнага, Зарэцкага гаварылася. Грунтоўнай навукова-тэксталагічнай падрыхтоўкай вылучаліся такія выданні, як “Творы” Язэпа Дылы (1981), “Творы” Уладзіслава Галубка (1983), “Творы” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1984), “Творы” Францішка Багушэвіча (1991), “Творы” Лукаша Калюгі (1992), “Творы” Андрэя Мрыя (1993).”Творы” Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча па ўзаемнай дамоўленасці рыхтаваў даследчык Язэп Янушкевіч. Праца яго была ацэнена вельмі станоўча. Я асабіста быў задаволены яго адказнасцю і грунтоўнасцю ім зробленага. І сёння скажу шчыра, мне прыемна чытаць дарэчы надпіс на кнізе Ф. Багушэвіча: “Серафіму Антонавічу Андраюку, — па-ранейшаму майму хроснаму бацьку ў літаратуры, з сыноўняй удзячнасцю за давер і трохі радуючыся, што не падмануў Вашых надзей
Укладальнік Язэп Янушкевіч.
7 траўня 1994 г. думаючы пра гэткае самае “выйсце ў людзі” Кастуся Каліноўскага”.
Дарэчы, і адно, і другое выданне выйшлі як палепшаныя — багата ілюстраваныя фотаздымкамі, у супервокладцы.
Выходзіла і шмат іншых выданняў спадчыны як ХІХ, так і ХХ стагоддзя, асабліва тых, хто быў рэпрэсаваны ў 30-я гады. У пераважнай большасці творы спадчыны аказаліся сугучныя новаму часу. З мэтай даць чытачу адчуць дух таго часу, убачыць зрокава колер кнігі таго часу было асвоена факсімільнае выданне самых яркіх кніг мінулага. Так былі пераствораны знакамітыя першыя кнігі Я. Купалы “Жалейка”, Я. Коласа “Песні-жальбы”, М. Багдановіча “Вянок”, А. Гаруна “Матчын дар”, М. Танка “На этапах”, К. Буйло “Курганная кветка”, К. Сваяка “Мая ліра”, Л. Геніюш “На чабары настоены”... Гэтыя кнігі ўспрымаліся з асаблівым нейкім хваляваннем. Іх хацелася адразу чытаць. Яны дыхалі тым часам, гучалі творы іх трохі нязвыкла і захапляльна-завабліва.
Зноў жа з мэтай прывабіць чытача да беларускай кнігі выдавецтва выпускала так званыя “кнігі-малюткі”. Гэта ўсё былі палепшаныя выданні: “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, “Вянок” Максіма Багдановіча, “Вершы” Цёткі, “Байкі” Кандрата Крапівы, “Пробліскі” Янкі Брыля, “Святлынь” Ніла Гілевіча.
Нельга не звярнуць увагу на выданні палепшанага тыпу ў выдатным мастацкім афармленні. Вось кнігі, якія ў мяне перад вачыма: Янка Купала “Вершы і паэмы” (мастак Міхаіл Басалыга); Якуб Колас “Выбранае” (мастак Георгій Паплаўскі). Гэтыя аднатомнікі рыхтаваліся да стогадовага юбілею народных паэтаў. Яшчэ: Адам Міцкевіч “Пан Тадэвуш” (мастак Васіль Шаранговіч, пераклад Язэпа Семяжона); “Найвышэйшая песня Саламонава” (мастак Арлен Кашкурэвіч, пераклад Васіля Сёмухі)... Было нямала і іншых выданняў падобнага кшалту. У тэматычных планах на кожны год планаваліся два-тры палепшаныя выданні.
Праблема моўнага нацыянальнага самасцвярджэння вымагала не толькі актыўнага звароту ў мінулае (у пошуках каранёў беларускасці), але і больш шырокага погляду на сучаснасць (у выяўленні шырокіх сведчанняў жыццёвасці беларускасці). Апошняе выяўлялася і рэалізоўвалася ў самых розных напрамках. Найперш гэта пераклады замежнай літаратуры - з самых розных моў. Так вывяраліся самыя высокія якасці беларускага слова, яго здольнасці і магчымасці ў перадачы розных узроўняў моўнай культуры, ва ўзнаўленні самых розных сфер чалавечага жыцця і самых розных народаў. У свой час была ў выдавецтве створана серыя “Скарбы сусветнай літаратуры”. У гэтай серыі выйшлі творы Апулея і Лонга, Буніна і Купрына, Гётэ, Вазава, Гогаля, Т. Мана, Мерымэ, Хемінгуэя, Шаўчэнкі, Шэкспіра... Усе творы перакладаліся з арыгіналу. Да гэтай выдавецкай акцыі была падключана немалая кагорта перакладчыцкіх сіл, у тым ліку маладых. Яны, перакладчыкі “скарбаў” творча сталелі, удасканальвалі майстэрства, узбагачалі беларускую мову. Далучыць нашага чытача да скарбаў сусветнай літаратуры праз родную мову — то была задача выключнага культурнага, духоўнага значэння.
У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, на хвалі агульнанацыянальнага ўздыму, выдавецтва абавязана было звярнуць увагу і на беларускае слова, якое гучала за межамі Беларусі. Бо яно сведчыла, што слова, народжанае зямлёй гэтай, насычанае яе сокамі, жыве і ў іншых умовах, жыве, пакуль жывы яго носьбіт. Якраз у гэтыя гады наш чытач змог пазнаёміцца з творамі на беларускай мове пісьменнікаў з Беласточчыны — Алеся Барскага, Яна Чыквіна, Сакрата Яновіча, Віктара Шведа, Васіля Петручука. Выйшла ўнікальная кніга аўтара з Ленінграда М. Нікалаева “Палата кнігапісная” (пра беларускую рукапісную кнігу, выданне ў выдатным мастацкім афармленні). Але, напэўна, галоўнае ў гэтай выдавецкай задуме — выданне твораў, напісаных на беларускай мове, — зварот да творчасці тых беларусаў, што жылі ў эміграцыі. Тых, хто воляю лёсу апынуўся далека за межамі бацькаўшчыны і змог захаваць любоў да роднай зямлі, роднай беларускай мовы. У справе азнаямлення беларускага чытача з літаратурай эміграцыі выключная роля належыць Барысу Сачанку. Пабыўшы ў складзе беларускай дэлегацыі на адной сесіі Генеральнай асамблеі ААН, ён змог пазнаёміцца з беларускай эміграцыяй. Пранікся цікавасцю. І потым, калі толькі стала магчыма, ён пачаў знаёміць беларускага чытача з творчасцю эміграцыі. У 1992 годзе “Мастацкая літаратура” выпусціла вялікі памерам (33,3 выдавецка-уліковых аркушы) том паэзіі беларускай эміграцыі “Туга па радзіме”, накладам у 5000 асобнікаў. Вельмі аб’ёмна была прадстаўлена паэзія Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Міхася Кавыля, Уладзіміра Клішэвіча... Усяго ж прадстаўлены творы 15 паэтаў. Укладанне, прадмова і біяграфічныя даведкі Б. Сачанкі. Яшчэ да таго, у 1990 годзе, у кнізе “Сняцца сны аб Беларусі...” была надрукавана праца “Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні” і дадатак да яе “У працяг размовы”. У 1994 годзе з’яўляецца яшчэ адна кніга, прысвечаная беларускай эміграцыі, — “На суд гісторыі”. Зноў жа укладанне, прадмова і звесткі пра аўтараў Барыса Сачанкі. Змест яе складаюць артыкулы мемуарнага зместу вядомых людзей мастацтва з беларускай эміграцыі, а таксама гутаркі з некаторымі з іх. У пэўным сэнсе якраз Барыса Сачанку можна лічыць адкрывальнікам беларускага літаратурнага замежжа. Дзякуючы яго клопатам прыйшла потым да нас проза і эсэістыка Масея Сяднёва, наладжаны сустрэчы з ім у выдавецтве. Пазней былі сустрэчы з Янкам Запруднікам, Кастусём Акулам. Вынікам чаго сталася тое, што ў 1994 годзе з’явіліся знакавыя для выдавецтва кнігі ў серыі “Галасы беларускага замежжа”: раман (шмат у чым аўтабіяграфічны) Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі” і трэці выпуск гісторыка-публіцыстычнага зборніка “З гісторыяй на Вы“. Ідэя зборніка - Уладзіміра Арлова, які працаваў у выдавецтве і актыўна праводзіў адраджэнскую лінію. Ён быў укладальнікам першых двух выпускаў. Мэтаю было - даследаванне, высвятленне “белых плямаў” беларускай гісторыі, літаратуры, духоўнага і палітычнага жыцця. Укладанне трэцяга выпуску зборніка было зроблена Янкам Запруднікам, яго ж уводнае слова. Зборнік складаюць артыкулы літаратараў, гісторыкаў, публіцыстаў беларускага замежжа. Пазначаны раздзелы: “Бацькаўшчына здалёк”, “Постаці”, “Будучыня ў мінуўшчыне”. Гэтыя артыкулы, дакументы неслі ў сабе думкі, меркаванні не заўсёды звыклыя для нас, часам нечаканыя. У адных гэта выклікала цікавасць, духоўны інтарэс, іншых раздражняла, абурала.
Дарэчы, зборнікі ”З гісторыяй на Вы“ былі адным з выданняў галоўнай выдавецкай лініі гадоў адраджэння. Важна было даць чытачу багацейшы тэкставы матэрыял (самі мастацкія творы), малавядомы, а то і зусім невядомы. Матэрыял мінулых гадоў (спадчына) і сучасны. І не толькі. Раней увесь гэты матэрыял (творчасць, творы) падаваўся ў негатыўным асвятленні: не сам па сабе, а пераважна праз яго падачу і ацэнку. Цяпер жа (тады на пачатку 90-х) з’явіліся канкрэтныя мастацкія творы, раней або зусім невя- домыя, або вядомыя па нейкіх пераказах. Ды і змяніліся крытэрыі ацэнкі мастацкага твора, асабліва ідэйна-грамадскага зместу. З гэтай мэтай выходзілі і іншыя зборнікі — свае амаль у кожнай рэдакцыі. Большасць з іх мелі змест гісторыка-літаратурны. Некалькі выпускаў мелі зборнікі “Шляхам гадоў” і “Скарыніч”. Іх аўтары - даследчыкі розных часоў. І не толькі беларускія, але і некаторыя ўкраінскія, рускія. Прыцягваліся маладыя аўтары. Так, напрыклад, падрыхтоўка і складанне штогадовага зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў за 1990 год было даручана пазней шырокавядомаму публіцысту і крытыку Сяргею Дубаўцу.
Выданне спадчыны, выданне твораў беларускай эміграцыі патрабавала шмат працы, высілкаў. Новыя творы прозы, паэзіі прыходзілі самі. Толькі друкуй. Іх будуць прыносіць яшчэ і яшчэ. Тут жа трэба было шукаць, рыхтаваць, арганізоўваць, абмяркоўваць, прабіваць, абараняць. У выданні спадчыны і літаратуры беларускага замежжа мой асабісты ўдзел — і як галоўнага рэдактара, і як дырэктара - самы непасрэдны. Тым больш, што ўвага да такой літаратуры, да гэтай кнігі зверху была самая пільная. І ў гады адраджэння.
Узгадваецца гісторыя з выданнем кнігі Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі”. Здарылася так, што Акула прыязджаў у Мінск. Было гэта летам 1992 года. Адбылася сустрэча з ім у выдавецтве. Я ў той час быў у адпачынку. І якраз пасля той сустрэчы пачаліся размовы пра выданне чагосьці з яго твораў, тым больш, што ў гэтыя гады выданне кніг літаратараў беларускага замежжа ўхвалялася і падтрымлівалася. Спыніліся на “Змагарных дарогах”, маючы на ўвазе найперш багатую фактычную аснову твора. У тэматычны план 1994 года кніга не трапіла. Была ўключана ва ўдакладнены план, які зацвярджаецца ў канцы года. План быў зацверджаны. Падрыхтоўкай кнігі займаўся У. Арлоў. Кніга выйшла з друку ў самым канцы 1994 года. Мела поспех. Як паведамлялася ў газеце “Наша ніва” (1995, № 4), кніга Акулы па колькасці прададзеных асобнікаў у мінскіх кнігарнях аказалася на 2-ой пазіцыі.
Але, але... Якраз з гэтай кнігай звязана цэлая гісторыя ў жыцці выдавецтва. Дзесьці ў тыя дні прэзідэнт А. Р. Лукашэнка наведаў майстэрню народнага мастака БССР Міхаіла Савіцкага. І вось там раптам яго сын папытаў, чаму і як выходзяць у нас такія кнігі, як кніга К. Акулы. Патлумачыў, што гэта за кніга. Адказ быў: разбярэмся. Усё гэта я сам глядзеў па тэлевізары.
Адразу як бы не надаў асаблівай увагі. Але назаўтра, прыйшоўшы ў выдавецтва, адразу адчуў трывогу. Патэлефанавалі з Камітэта па друку (а мо тады ўжо было міністэрства) - А. І. Бутэвіч. Зайшоў да яго. Ён папярэдзіў, што трэба чакаць праверак, адмяніў рашэнне аб датацыі гэтага выдання, папрасіў не хвалявацца асабліва. Пазней, у самым канцы 1995 года, у сувязі з іншымі падзеямі (пра іх крыху пазней), у інтэрв’ю газеце “Літаратура і Мастацтва” пра ўсё гэта я гаварыў так: “Згадаем гісторыю з кнігай Кастуся Акулы, разборам займалася служба кантролю Адміністрацыі прэзідэнта. Недзе з паўгода высвятлялі, што і да чаго... Нам былі вынесены нават пэўныя спагнанні. Я разумею: можна той ці іншы твор ацэньваць па-рознаму. Але сёння падобныя адносіны да эміграцыі - проста дзіўныя. Тым больш для краіны, якая імкнецца і хоча быць краінай еўрапейскай. Сёй-той ніяк не можа супакоіцца, яму ўсё хочацца ваяваць, весці класавую барацьбу...” І далей: “Гэты класава-сацыяльны сіндром, прытым афрыканскага тыпу, ніяк не да гонару нашай дзяржаве. Еўрапейскія краіны - тая ж Іспанія, тая ж Германія, тая ж Польшча - даўно на ўсім гэтым паставілі кропку. Нельга цэлыя пакаленні выхоўваць на нянавісці, калі мы хочам лічыць сябе цывілізаванымі людзьмі. Чаго толькі ні выдаюць сёння з эмігранцкай літаратуры нашыя суседзі! Гляньма хоць на нашага “старэйшага брата”, на якога мы так любім арыентавацца. У Расіі ж, па сутнасці, ці не ўся эміграцыйная літаратура выдадзена. Праўда, сёй-той можа запярэчыць: маўляў, там творчая эміграцыя ў асноўным першай хвалі, тых, хто ў пераважнай большасці сваёй выехаў за мяжу адразу пасля кастрычніцкіх падзей ці ў грамадзянскую вайну. Запярэчу і я - не зусім так. А іх антысавецкая дзейнасць у пазнейшыя гады? У гады Вялікай Айчыннай вайны? Возьмем хаця б такога зацятага ворага савецкай улады, які ваяваў супраць Савецкага Саюза і ў гады мінулай вайны і якога, узяўшы ў палон, павесілі, генерала Пятра Краснова. Ён, да ўсяго, і вядомы пісьменнік! Дык вось: ягоныя кнігі ў Расіі выдаюцца і перавыдаюцца. Чаму ж, у такім разе, мы не можам прымірыцца?! Тым больш, што беларуская эміграцыя ні ў чым падобным, як Красноў, не замешана. Яе дачыненні да той барацьбы, што вялася ў гады вайны, зусім не такія. Ды і пры выданні мастацкай літаратуры трэба ўсё ж улічваць галоўнае - момант эстэтычны. Праходзіць час, хто кім быў пры розных падзеях - забываецца, застаюцца творы. Сёння самы час збіраць нашы мастакоўскія скарбы.”
Трэба зазначыць, гутарка гэтая адбылася ў сувязі з іншымі абставінамі. 4 лістапада 1995 года ў газеце “Советская Белоруссия” з’явіўся артыкул супрацоўніка выдавецтва, члена Саюза пісьменнікаў Ганада Чарказяна пад назвай ""Адраджэнне" на практике: издательство "Мастацкая літаратура" серьёзно болеет, а это не добавляет здоровья белорусской книге”. Ужо сама назва і газета, дзе быў надрукаваны артыкул, адназначна сведчаць пра яго змест і мэту. Артыкул меў значны рэзананс. І вось Алесь Марціновіч амаль адразу прапанаваў у сувязі з гэтым пагутарыць. Я згадзіўся. І сёння ўдзячны яму за гэта. Зразумела ж, першае пытанне было звязана з гэтым артыкулам. І вось што адказаў я ў той час:
“Скажу шчыра: суб’ектыўна некаторыя прычыны ў аўтара гэтага артыкула былі, ён быў паніжаны ў пасадзе, але тое, што напісана, вынесена на чытацкі суд, настолькі неадэкватна прычынам, што ўсё гэта цяжка зразумець. Хіба толькі, калі прычыну пашукаць у паўднёвым тэмпераменце, у нейкай асаблівай чалавечай зацятасці? Ды, зрэшты, гэта па першым уражанні. Калі ж да ўсяго паставіцца больш уважліва, дык высвятляецца, што справа не толькі ў канкрэтным аўтары, які пра ўсё гэта напісаў. Бо ўсе мы, асабліва тыя, хто звязаны з друкам, добра ведаем, што пісаць можна што заўгодна, але гэта ніяк не значыць, што яно абавязкова будзе надрукавана. У дадзеным жа выпадку, як відаць, рэдакцыя ахвотна ўзяла гэты матэрыял. Больш таго, паставіла яго на першую паласу. Вы працуеце ў газеце, ведаеце, якія матэрыялы і з якой мэтай выносяцца на першую паласу. Ёсць і другі момант, які прымушае задумацца. Выклікае недаўменне: няўжо і аўтар, і газета, і яе галоўны рэдактар лічаць, што ім сама больш “баліць” за беларускую кнігу, і яны найбольш заклапочаны за яе лёс, а астатнія газеты, астатнія рэдактары ды і беларускія пісьменнікі, уся пісьменніцкая суполка, выдавецтвы не задумваюцца над складаным становішчам кнігавыдання? Не задумваюцца, бо ім гэта менш “баліць”?
Адказ увогуле, бадай, не толькі ў сённяшнім дні, не толькі адштурхоўваючыся ад гэтай канкрэтнай і непрыемнай сітуацыі. На працягу дзесяцігоддзяў і стагоддзяў нас вучылі іншыя: што пісаць, што друкаваць, што выдаваць, што чытаць, на якой мове гаварыць. Прыкладаў тут больш, чым патрэбна. І яны, як высвятляецца, сяму-таму прыгадваюцца толькі пры адной нагодзе - самому пачаць іншых вучыць усяму гэтаму. Так што, хутчэй за ўсё, аўтар выконваў нечы сацыяльны заказ.
І яшчэ адзін момант, на які таксама нельга не звярнуць увагу. У такім тоне, у такім стылі, з такімі абвінавачваннямі пісалі толькі ў сумнавядомыя трыццатыя гады. І раптам падобнае “ўсплывае” сёння. Гэта ўжо не проста здзіўляе”.
Такая была мая рэакцыя на той артыкул тады. Рэакцыя як кіраўніка, як чалавека засталася пры мне. Прайшлі гады. Адносіны мае да той публікацыі засталіся тыя самыя - паскудная справа. Публікацыя тая мела немалы рэзананс у выдавецкіх і пісьменніцкіх колах. Адразу ж недзе ў першыя дні пасля публікацыі былі тэлефонныя званкі са словамі абурэння і падтрымкі. Тэлефанавалі, як зараз згадваецца, сябры І. Пташнікаў і Я. Сіпакоў, таксама Г. Бураўкін, І. Чыгрынаў, Г. Далідовіч, А. Дракахруст, Э. Скобелеў... У выдавецтве абураліся У. Арлоў, В. Сёмуха. Дзесьці тады ж сказалі сваё слова яны ў газеце “Звязда”. Было, як ужо згадвалася, арганізавана інтэрв’ю са мной Алесем Марціновічам у газеце “Літаратура і Мастацтва”. Да гэтага ў той жа газеце ў рубрыцы “Кола дзён” была інфармацыя пра тую публікацыю з негатыўнай ацэнкай. Дзесьці ў тыя ж дні прайшлі на гэтую тэму перадачы на радыё і тэлебачанні, куды былі ўключаны гутаркі са мною. Перадачы і інтэрв’ю былі арганізаваны былымі супрацоўніцамі выдавецтва Вольгай Куртаніч і Святланай Кароль (Расянчук). Колькі прайшло часу, але і сёння цёпла згадваецца кожнае слова падтрымкі, сказанае ў той час.
Было б, як найменш, наіўна лічыць, што артыкул гэты атрымаў у выдавецкім калектыве адзінадушнае асуджэнне. Былі тыя, хто аднёсся да гэтага абыякава, былі і тыя, хто пагаджаўся з тым, што было сказана ў артыкуле. Апошняе бачылася ў настроі асобных супрацоўнікаў, таксама ў тым, што асобныя супрацоўнікі якраз у гэтыя дні ў выдавецтве не паказваліся.
Гэта, так бы мовіць, грамадскі рэзананс на публікацыю артыкула. Афіцыйная рэакцыя была некалькі іншая. Патэлефанаваў кіраўнік нашага міністэрства Бутэвіч Анатоль Іванавіч, “павіншаваў” з добрымі кадрамі. Сказаў, што будзе праведзена комплексная праверка выдавецтва. Праўда, агаварыўся, што гэта не ў сувязі з артыкулам, хаця ўсё тут зразумела. Пазней неяк запрасіў зайсці. Супакоіў. Папрасіў спакойна працаваць. Камісія працавала доўга. Правяралася ўсё. Натуральна, што было выяўлена нямала недахопаў, слабых месцаў. Урэшце: для чаго ж праверкі робяцца?! 22 снежня 1995 года адбылася калегія Міністэрства культуры і друку. Асноўнае пытанне: “Аб рабоце выдавецтва “Мастацкая літаратура” ва ўмовах пераходу да рыначных адносін”. Рашэнне калегіі было адносна памяркоўным. Першы пункт (асноўны) рашэння калегіі гучаў так: “Прызнаць работу выдавецтва “Мастацкая літаратура” (А. С. Андраюк) па планаванні і выпуску друкаванай прадукцыі недастатковай”. У праекце, падпісаным першым намеснікам міністра Нічыпаровічам С. А., ім жа і падрыхтаваным, была прапанова работу прызнаць “нездавальняючай”. Упэўнены: змякчэнне ацэнкі адбылося не без удзелу міністра. Былі ў пастанове і яшчэ 6 пунктаў, якія ахоплівалі ўсе бакі выдавецкай дзейнасці.
Як праходзіла абмеркаванне нашага пытання на калегіі, хто выступаў, што гаварыў, зусім нічога не помню. Столькі да гэтага было ўсяго адмоўнага, непрыемнага, што ўжо мала што належным чынам успрымалася і заставалася ў памяці. І адна праверка выдавецтва, і другая, абмеркаванне дзейнасці выдавецтва на калегіі не надавалі аптымізму, не надавалі творчай энергіі ні выдавецкаму калектыву, а тым больш мне. Ды і ў самой культурна-друкарскай сістэме пачаліся істотныя змены, мэтазгоднасць якіх часта проста нельга вытлумачыць і зразумець. Міністэрства было расфарміравана. Зноў з’явіўся камітэт па друку. Старшынёй яго стаў нехта Бельскі У. П. Ужо не помню, адкуль ён прыйшоў. У камітэце таксама пачалося кадравае абнаўленне. Начальнікам упраўлення выдавецкай дзейнасці быў прызначаны нехта Жарыкаў В. І. Якраз ён стаў галоўным тут - бесцырымонны, чужы беларускай кнізе, маладасведчаны.
Зразумела, пасля дзвюх праверак за адзін год (няхай сабе нічога злачыннага і не выявілі), пасля пертурбацый і кадравых перастановак у кіраўніцтве друку жыццё выдавецтва стала якімсьці нервова-напружаным. Я, як дырэктар, спрабаваў яшчэ ў сваіх выступленнях у друку гаварыць пра неабходнасць дзяржаўнай падтрымкі для беларускай кнігі. Але. Але ўсё гэта было дарэмна. У новыя часы, пры новых уладах, пачала няўхільна зніжацца дзяржаўная ўвага да беларускай кнігі, належная яе падтрымка з боку дзяржавы. Запанаваў рынак. То была сітуацыя, агульная для большасці былых рэспублік СССР. Вось што сёння гаворыць шырока вядомы паэт Алжас Сулейменаў пра кніжную справу ў Казахстане: “Вся система распространения и книгопечатания разрушилась, издательства стали частными, рассчитывающими на уличные прилавки и быструю прибыль. Подорожала и книга. Обнищал читатель. Отдав книгу во власть рынка — её погубили. Настоящую литературу обессилили, а взамен пришёл ширпотреб". ("Литературная газета", 2015, № 1-2).
Тое самае і ў нас. Хіба што з папраўкай на асабліва драматычны лёс кнігі беларускамоўнай. Вось дадзеныя на гэты конт за 2014 год Нацыянальнай кніжнай палаты: “Больш за ўсё кніг у Беларусі выдаецца на рускай мове — каля 85 працэнтаў. Беларускамоўныя кнігі штогод займаюць нішу ў 10-12 працэнтаў. Усяго ж летась было выпушчана 1160 назваў кніг на беларускай мове сукупным тыражом 3,6 мільёна асобнікаў.
Цікава, што летась выдадзена 799 кніг з мастацкімі творамі беларускіх аўтараў, але сярод іх 500 выданняў на рускай мове і толькі 294 — па-беларуску (“Літаратура і Мастацтва” 2015, № 3)”.
Тут таксама паведамляецца: “Сукупны тыраж мінулага года. 31,2 мільёна асобнікаў.” У працэнтных адносінах беларускамоўная кніга складае дзесьці 8,6 працэнта. Дык гэта выпуск кніг. А продаж?.. Там жа, упэўнены, большая палова кніг, асабліва мастацкай літаратуры — гэта кнігі, выпушчаныя выдавецтвамі Расіі. Цяжка дакладна сказаць, які працэнт складае ў продажы кніга на беларускай мове. Добра, калі працэнты 3.
А ўсё ж, што звязана з рынкавым лёсам кнігі, якраз і пачыналася тады — у сярэдзіне 90-х. І добра помніцца. І добра бачацца вынікі сённяшнія.
Пасля праверак, калегіі, кадравых змен у вышэйшых кіруючых органах друку жыццё ў выдавецтве пачалося нейкае няпэўнае, няўстойлівае. Засталося адчуванне плёскання ў нейкай бруднай вадзе. Здавалася б, чаму? Адна і тая ж справа, адны і тыя ж людзі. Час, знешнія абставіны мяняюць усё - справу, мэты, чалавека. Не кожны можа ў новых умовах застацца самім сабою, а хто-ніхто якраз у новых умовах становіцца сам сабою, раскрываецца ў сваёй сапраўднай сутнасці. Чалавек - ён розны. Прыгожы, высокі ў сваіх марах і памкненнях, шчыры, адкрыты ва ўзаемаадносінах з іншымі, добры, сумленны. І ён жа, чалавек - злосны, крывадушны, помслівы, эгаістычны, дробны ў сваіх памкненнях і дзеях. Тут, у выдавецтве, давялося ўсё гэта ўбачыць, адчуць. Апошняе асабліва ў апошнія гады выдавецкай працы.
22 ліпеня 1996 года я быў вызвалены ад дырэктарскай пасады па ўласным жаданні ў сувязі з выхадам на пенсію. На наступны дзень, 23 ліпеня 1996 года, назначаны па тэрміноваму працоўнаму пагадненню на пасаду галоўнага рэдактара тэрмінам на адзін год. І, нарэшце, 31 снежня 1997 года быў вызвалены ад займаемай пасады ў сувязі з завяршэннем тэрміну працоўнага пагаднення.
8.04.1981 - 31.12.1997 - гады і дні маёй працы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Немалы кавалак жыцця, працы. Працы зусім не той, што была ў Інстытуце літаратуры. Там жыў, працаваў сам для сябе, сам на сябе. Усё, што ты зрабіў, было тваё. Ішло пастаяннае ўнутранае накапленне ведаў, пачуццяў, узбагачэнне твайго ўнутранага свету. Пашыраліся і паглыбляліся твае веды пра чалавека, навакольны свет. Адбывалася ўсё больш глыбокае і ўстойлівае ўгрунтаванне цябе ў жыццё, у навакольны свет. Унутрана ты пастаянна як бы багацеў, узбуйняўся.
У выдавецкай працы, дзейнасці ўсё зусім не так. Тут ты мала застаешся сам-насам. Па сутнасці, увесь час сутыкаешся з рознымі справамі, кантактуеш з рознымі людзьмі. Не хапае часу засяродзіцца, падумаць, прааналізаваць. Час бяжыць, час і цябе гоніць. Усе вынікі працы — не твае. Яны — вынік працы, клопату, турботаў многіх. Дзесьці твой унёсак большы, дзесьці — меншы. Штосьці застаецца ў памяці, у сэрцы, штосьці нават не закранае. Дзейнасць сама па сабе багатая, але не глыбокая.
Выдавецтва ўвогуле ўвесь час працавала нядрэнна. Былі пастаянныя прэміі, граматы. Спад дзейнасці выдавецтва ў 2-ой палове 90-х гадоў меў агульнадзяржаўную эканамічную і сацыяльна-культурную аснову. Сёння нярэдка прыходзіць думка, што дзесьці ў гэты час, відаць, трэба было кінуць мне гэтую выдавецкую справу. Тым больш, што дырэктарства - гэта зусім не маё. І разам з тым якраз у гэтыя гады “Мастацкая літаратура” актыўна пачала асвойваць літаратуру беларускага замежжа, актыўна пашыраць прастору нацыянальнай літаратуры. Значна актывізавалася праца па прапагандзе нашай кнігі. Тут варта згадаць хаця б такія мерапрыемствы, як паездка на Гомельшчыну групы пісьменнікаў і выдаўцоў з кнігай “Прайсці праз зону” (кніга пра Чарнобыльскую катастрофу) або, з мэтай наладжвання прапаганды беларускай кнігі, актыўнае ўзаемадзеянне з кіраўніцтвам культуры Глыбоччыны, з актывам на гэтай ніве. У 1994 годзе мне было нададзена званне Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, у 1983 узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР; узнагароджваўся значкамі “Выдатнік друку”, “Ударник одиннадцатой пятилетки", рознымі граматамі, падзякамі.
Таму, я так думаю, так хочацца думаць, калі ў другой палове 90-х нейкія істотныя аспекты дзейнасці выдавецтва (залішняя, як лічылася, увага да літаратуры беларускага замежжа, захапленне нацыянальнай літаратурнай спадчынай пры пэўным зніжэнні фінансава-эканамічных паказчыкаў) сталі недаспадобы кіруючым колам, узяць проста скараціць дырэктара было не зусім лагічна. Зроблена гэта было больш-менш прыстойна.
Гаворачы пра апошнія гады працы ў выдавецтве, пра той непрыемны асадак, які пакінулі яны ў душы і памяці, нельга думаць, што ў ранейшыя гады, асабліва савецкія, усё і заўсёды было ўжо надта добра.
Возьмем хаця б галаўліт — цэнзуру. Ніводзін рукапіс не мог трапіць у друк, не прайшоўшы праз галаўліт. Галоўная ўвага была скіравана на выяўленне рэдактарскіх памылак, недаглядаў ідэйна-палітычнага зместу. Усё гэта з галаўліта ішло ў ЦК у аддзел прапаганды. Звычайна ў пачатку кожнага года выклікалі ў аддзел прапаганды дырэктараў і галоўных рэдактараў усіх выдавецтваў і адбываўся разбор памылак (так лічылася) за мінулы год. Такіх памылак было няшмат. У нас звычайна 2-3: і рэдактары, і загадчыкі рэдакцый пры рэдагаванні былі пільнымі. Дарэчы, як і галоўная рэдакцыя. Але ўсё прадбачыць і ўсё ўбачыць не заўсёды бывала проста. На нейкія рэчы рэдактары і цэнзары глядзелі па-рознаму, з рознай мерай пільнасці. Так здарылася з нашым выдавецтвам у 1984 годзе, калі заўваг было асабліва многа. Каб зразумець сутнасць заўваг, гэтых карэктываў, дазволю сабе цалкам прывесці тэкст даведкі Галаўліта, што была даслана ў аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КП Беларусі:
“О замечаниях политическо-идеологического характера, высказанных Главлитом БССР по содержанию произведений, представленных на контроль издательством “Мастацкая літаратура” в 1984 году.
В порядке информации сообщаем, что за 1984 год Главным управлением высказано 13 замечаний по идейному содержанию художественных произведений, подготовленных к печати издательством “Мастацкая літаратура” (в 1983 г. — 8). По замечаниям редакциями издательства книги пересматривались, в них вносились правки, отдельные произведения снимались полностью. Ниже приводятся названия книг и характер некоторых замечаний.
1. Сборник стихов Н. Кислика "Разные годы".
Внимание редакции обращено на стихотворение "За бортом", в котором звучала безысходность и отсутствие всякой надежды на нормальную человеческую жизнь для инвалидов Великой Отечественной войны. Вернувшись домой, они, якобы, остались за бортом жизни и никому теперь не нужны. Редакцией принято решение опустить последние строки стихотворения.
В этом же сборнике "Извлечение из хроники филологического факультета за 1945-1950 гг." опущен следующий текст:
Характерность в многообразье морд:
тот явный сукин сын; а этот - гордый лорд;
вот Санчо, а вот тот - идальго;
один безвестный,
на другом медалька,
тот белоснежен,
тот, как ночка черен,
один мятежен,
а другой покорен,
тот всклоченный, а этот - в завитках.
И все на поводках.
Живописуя собачью выставку, автор переносит свои наблюдения на людей, и они ему представляются такими же, как и собаки на выставке: "все на поводках".
2. Повесть В. Быкова "Знак беды"
Опущена драматическая сцена с описанием подробностей раскулачивания ни в чём не повинных людей.
Кроме того, внимание издательства обращено на обложку повести: мёртвый жаворонок на земле, которую так долго ждали и, наконец, в 30-е годы получили от Советской власти герои повести — Степанида и Петрок. Мёртвый жаворонок, который призван как бы символизировать нелёгкую жизнь и все беды, обрушившиеся на эту семью в последние годы.
Рисунок этот издательством с обложки был снят и заменен другим.
3. Сборник статей "Максим Горецкий".
Сняты сведения, характеризующие пьесу Я. Купалы "Тутэйшыя", как одно из лучших произведений, появившихся в белорусской литературе после Великой Октябрьской социалистической революции. Такая характеристика не соответствует партийной оценке, данной этому произведению.
Пьеса, после её появления в 1922 году, больше нигде не печаталась, в том числе и в собрания сочинений Я. Купалы не включалась.
4. А. Нёманский, сборник "Произведения"
Снят следующий текст: "В кабинете Смолковского районного исполкома с левого боку на стене был прикреплен портрет, чей неизвестно: может, Либкнехта, может К. Маркса или Зиновьева. Разобрать было трудно, так как мухи его так загадили... что никто не узнал, что это за портрет, без специального расследования".
5. Д. Бичель-Загнетова, сборник стихов "Загастинец"
Обращено внимание редакции на содержание стихотворения "Ходыки", в котором автор сетует на каких-то злопыхателей, мешающих ей отображать правду жизни, на "службиста — робота с мешком инструкций, стоящего перед поэтом и затемняющего свет его стихов".
Редакцией стихотворение поправлено, убраны ненужные акценты.
6. А. Карпюк, книга "Современный конфликт".
В повести "Фронтовой дневник" и "Загадка" содержится ряд негативных моментов:
· О якобы имевшем место массовом мародёрстве солдат Советской Армии на территории Германии;
· О массовом пьянстве советских солдат: "обвешенного флягами со шнапсом пьяного сержанта немцы вели под руки". так подана картина конвоирования сдавшихся в плен немцев;
· О проявлении недоверия к нему, автору, так как он "западник" и был в немецком концлагере;
· О советских законах, которые можно толковать, как угодно: "бывшему тюремному надзирателю времен Пилсудского назначили пенсию, а вот матери погибшего партизана пенсию выдать никак не могут. "
Таких замечаний сделано на 17 страницах книги. Редакция с ними согласилась и внесла правки.
7. И. Мележ, собрание сочинений в 10 томах, т. 10.
Не разрешены к печати отдельные места из текста одного из писем И. Мележа о проведении выборов руководящих органов на 4-м съезде Саюза писателей БССР, в которых выражалось сугубо субъективное мнение автора о том, что писателям "нечего было выбирать, всё заранее было определено, а выборы эти - лишь постыдная комедия".
8. Сборник "Далягляды"
Из сборника полностью снята статья А. Мальдиса "В Англии про Белоруссию". В ней популяризировались английские издания и лица, содействующие ныне деятельности белорусских националистов за рубежом, А. Макмилин, А. Ричардсон и др. Без каких-либо политических оценок приводилось имя белорусского буржуазного националиста-изменника Родины А. Надсона (Бучко), сотрудничавшего в годы Великой Отечественной войны с немецко-фашистскими оккупантами. Из содержания статьи следовало, что эти антисоветчики являются чуть ли не лучшими друзьями белорусского народа.
9. Сборник стихов Н. Малявки "Дар".
Внимание редакции обращено на ущербное содержание стихотворения "Улица бескоровная". В нем подчёркивается упадок белорусской советской деревни исельского хозяйства вообще: в деревне остались "одни пенсионеры, считай — без рук, считай — без ног", которые не в состоянии заниматься не только общественным трудом, но и вести своё личное хозяйство. Поэтому у них "мышами пахнут риги, сараи остыли без коров.", "там прячут торф, прячут дрова и слёзы", и приходится крестьянам "ехать в город за молоком, сметаной и сыром".
Стихотворение редакцией снято из сборника.
10. Сборник стихов А. Глобуса "Груд"
Невозможно определить смысл и назначение большинства стихотворений, в них смакуются авторские, непонятно чем вызванные душевные переживания (стихи "Пустыня", "Сцяна", "Антон", "Валацуга", "Браты" и др.)
К примеру стихотворение:
Чаму наўскос
Ляціць душа?
Чаму наўпрост
І на пагост
Імчыць шаша? Сцяна стаіць. Душа баліць.
Ляціць душа - Гудзе шаша. Стаіць сцяна. Дзвярэй няма. Мая душа У сцяну ўвайшла, Як чортаў нож.
“Браты”
На гары валуны гудуць. Хмары шэрая каламуць Зверху падае на зару, Абдымае, хавае гару. Пад гарою гарыць агонь.
Сцяна
Праз агонь скача чорны конь.
На кані тым сядзіць салдат.
Пад гарою ляжыць яго брат.
Кліча коннік: — Мой брат, устань!
Будзем разам змагацца са злом,
Бласлаўлёны мой меч дабром!
Узнялася чырвоная здань.
Застагнала рудая зямля.
Брату брат крыкнуў:
— Зло — гэта ж я!
11. Д. Бугаёў “Чалавечнасць” (літаратурная крытыка)
Книга возвращена издательству на доработку. В ряде статей книги излагаются суждения ошибочного и сомнительного характера.
В основном, это касается вопросов оценки советской действительности 30-50-х годов, в том числе литературы и критики, коллективизации и борьбы с националистами, классового подхода в диалектике национального и социального, акцентирования внимания на ошибках того периода в целом и по отношению к отдельным лицам, в частности.
Так, в отношении писателя М. Горецкого неоднократно подчёркивается, что писатель "некогда насильственно вырван из нашей литературной истории", "продолжительное время не только научное, но и художественное наследие Горецкого было практически недоступно для широкого круга".
Большое место в книге отведено разбору повести В. Быкова "Знак беды" и рассуждению о судьбах белорусского крестьянства, о последствиях коллективизации. Автором настойчиво подчёркивается, что повесть имеет "скрытый подтекст, условно символический аспект". "Припомним Галгофу, — пишет Д. Бугаёв, — как название поля Богатьков, и крест на той Галгофе как знак беды человеческой и синоним жизненных мучений героев. Да и другие знаки беды (мёртвый жаворонок, признаки запущенности на хуторе) имеют свой выразительный символический подтекст".
Много места в книге посвящено защите (непонятно от кого) старой деревни, как носителя "духовного, марального, человеческого опыта", который собирался "именно в материке крестьянства".
В книге ведётся полемика с анонимными оппонентами, якобы мешающими разрабатывать "пласты истории", а на деле приводящими к дискредитации "национальных традиций".
12. П. Лисицын, сборник рассказов и повесть "Трое разных"
Сборник целиком возвращён издательству на повторное рассмотрение. Высказаны соображения, что в повести "Рокада", составляющей основу сборника, и в рассказе "Пассажир узкоколейки" выведены ущербные герои, трусливые командиры и такие же рядовые, попрошайка-инвалид. Сборник в таком виде вряд ли целесообразно публиковать к 48-летию победы советского народа в Великой Отечественной войне.
Начальник Главлита БССР А. А. Маркевич"
Ксеракопія гэтага дакумента была даслана ў выдавецтва з камітэта па друку з наступнай рэзалюцыяй старшыні Дзяльца М. І.: "Замечания Главлита необходимо обсудить в коллективе, наметить меры, исключающие подобные ошибки в дальнейшем.
О принятых мерах доложить Госкомиздату".
Абмяркоўвалі, пісалі рэдактары тлумачальныя запіскі, дасылалі “тлумачэнні” ў камітэт па друку. Сёння ўсё гэта згадваецца як нейкі недарэчны сон, настолькі ўсе гэтыя заўвагі абсурдныя, як бы нерэальныя. Але... Усё гэта было. І самае істотнае, запамінальнае — гэта абмеркаванне гэтых заўваг у ЦК, у аддзеле прапаганды. Абмеркаванне праходзіла чамусьці вечарам. Толькі аднаго нашага выдавецтва. Запрошаны былі дырэктар і галоўны рэдактар. Прымалі ўдзел у абмеркаванні чалавек 5 з кіраўніцтва аддзела — старшыня, намеснікі. Асноўным дакладчыкам была жанчына — здаецца, першы намеснік старшыні. Выступленне было жорсткае, абвінавачванняў нямала. Выступалі іншыя, старшыня аддзела Паўлаў С. Я. Іх выступленні былі больш ашчадныя ў адносінах да нас. Давялося і нам нешта гаварыць у адказ. Дубянецкі М. Ф., дырэктар, энергічна ўсё аспрэчваў. Я штосьці прызнаваў, абяцаў у далейшым улічыць. Выйшлі з цэкоўскага будынку пабітыя. Быў невялікі марозік, зорна. Міхал Фёдаравіч удыхнуў на ўсе грудзі марознае паветра і кажа: “Во, браце. Каб гэта было ў 30-я гады, тут бы нас ужо чакаў "варанок". Так вось тады пачувалася”.
Варлен Бечык запіша ў тыя дні ў сваім дзённіку: “Выклік у аддзел прапаганды - дырэктара і галоўнага рэдактара. Кружышся, жылы рвеш, а яшчэ і лаюць, прытым моцна. Ды і пагражаюць. У пачатку наступнага года мяркуецца калегія па нашаму выдавецтву” (Варлен Бечык, Радкі і жыццё. 1993. С. 270).
Сёння ўсё гэта ўяўляецца нейкім недарэчным, нават дзікаватым. Але што было — тое было. Увагай выдавецтва не было абдзелена. І не толькі з боку ўстаноў ідэалагічнага парадку. Мы, выдавецтва, знаходзіліся пад пастаянным наглядам адпаведных службаў органаў бяспекі. Нярэдка наведваўся ў выдавецтва наша куратар, чалавек малады, шустры, гаваркі. Бывалі выпадкі, што якісьці рукапіс не паспяваў з’явіцца ў рэдакцыі, а яны ўжо прыходзілі да дырэктара ці то ў галоўную рэдакцыю і патрабавалі яго чытаць. Водгук давалі аператыўна. Часцей — адмоўны: ведалі, каго чытаць. Выпадковае не чыталі.
Згадваецца гісторыя з адной з кніг Аляксея Карпюка. То было дзесьці на самым пачатку маёй працы ў выдавецтве. Карпюк прынёс рукапіс кнігі, дзе былі дзве аповесці — “Рэквіем” і “Партрэт”. Чыталі ў Камітэце дзяржбяспекі. Прачыталі там хутка. Праз нейкі час атрымалі адтуль паперу за подпісам намесніка старшыні Камітэта бяспекі наступнага зместу: