ГІСТАРЫЧНЫЯ БІТВЫ I ДАТЫ

Бiтвa пад Оршай 8 верасня 1514 г.

Бітва еўрапейскага значэння

Адной з вялікіх бітваў ХVІ стагоддзя з'яўляецца бітва пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 г. паміж войскам Літоўскай-Беларускай дзяржавы, якім камандаваў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, і маскоўскім войскам, што налічвала амаль утрая больш воінаў, чым у войску Канстанціна Астрожскага. Перамогу атрымала войска нашай дзяржавы.

Значэнне Аршанскай бітвы мела вялікі ўплыў на ход гістарычных падзей ва Усходняй Еўропе. Перамога пад Оршай уратавала незалежнасць Літоўскага-Беларускага гаспадарства і таму займае пачэснае месца ў нашай гісторыі. Дзень 8 верасня стаўся Днём Беларускай Вайсковай Славы. Штогод патрыятычная грамадскасць Беларусі адзначае яго як адно з галоўных нацыянальных святаў.

3амоўчаная ў савецкі час бітва

Аднак доўгі час пра гэты дзень сваёй вайсковай славы беларусы не ведалі. У савецкі час у афіцыйных падручніках нічога пра Аршанскую бітву не пісалі, як і ўвагуле пра захопніцкую палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі. Яна не ўпісвалася ні ў афіцыйную гісторыю Расійскай імперыі, ні ў афіцыйную гісторыю СССР як нашчадка Расійскай імперыі. Не пісалі пра яе і ў гісторыі БССР як складовай часткі СССР (а значыць, і імперыі). Толькі асобныя расійскія гісторыкі (М. М. Карамзін, С. М. Салаўёў) ды расійская Ваенная энцыклапедыя ў 1914 г. згадвалі яе, бо аб'ектыўна не маглі абмінуць.

Польскія гісторыкі адносілі яе да польскай вайсковай гісторыі, перабольшвалі ўдзел польскіх вайсковых аддзелаў у ходзе бітвы. У 90-х гадах XX ст. летувіскія гісторыкі цалкам прыпісвалі яе летувісам, бо наша агульная дзяржава насіла назву Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, скарочана — Літоўскае. Наўмысна блытаючы пазнейшыя палітонім (назву грамадзян дзяржавы) і этнонім (назву нацыі, народнасці) летувіскія гісторыкі прыпісваюць жамойтам падзеі беларускай гісторыі. Нездарма, у школьных падручніках у Летуве фігуруе, напрыклад, Францішкас Скарына, «які пісаў свае кнігі на нацыянальнай мове» (зразумела, для летувіскіх гісторыкаў на летувіскай).

Узнаўленне гістарычнай памяці

Толькі пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі Дзень 8 верасня пачаў святкавацца беларускімі патрыётамі як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.

Менавіта 8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Менску беларусы-афіцэры прымалі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і аўтар гэтых радкоў. Захаваўся здымак Ул. Кармілкіна, які таксама прымаў прысягу як прапаршчык у адстаўцы.

8 верасня 1992 г. у «Народнай газеце» быў надрукаваны артыкул аўтара гэтых радкоў «Бітва пад Оршай». У той жа дзень ён быў надрукаваны на рускай мове ў газеце «Во славу Родины», органе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Як бачым, тады і афіцыйныя органы шукалі карані беларускай вайсковай гісторыі.

Тады ж, у 1992 г., у 6-м нумары часопіса «Спадчына» быў надрукаваны мой артыкул «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.». Паколькі наклад часопіса тады меў каля 9 тысяч асобнікаў, а часопіс выпісвалі шматлікія падпісчыкі, то пра бітву пад Оршай даведаліся многія беларусы не толькі з газет, а з часопіса, які захоўваецца больш старанна, чым газета, і можна да тэксту вяртацца, калі гэта патрэбна. Ад таго часу кожны год я друкаваў артыкулы пра Аршанскю бітву ў розных газетах.

Я добра памятаю, як Мікола Ермаловіч, прачытаўшы мой атыкул у часопісе, сказаў мне: «Мне цяпер няма неабходнасці вывучаць дакументы. Тут усё сказана». Ен і ўзяў за аснову гэты артыкул, калі ў сваёй апошняй працы «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (Менск, 2000) пісаў старонкі пра Аршанскую бітву. Ад часу маіх публікацый 1992 г. і пазнейшых гадоў Аршанская бітва 1514 г. стала ўсеагульнавядомай.

На аснове артыкула ў часопісе змешчаны мае артыкулы пра Аршанскую бітву ў 1 томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Менск, 1993, с. 187–188) і ў 1 томе «Беларускай Энцыклапедыі» (Менск, 1996, с. 537–538). Пры далейшай працы з крыніцамі я ўнёс удакладненні ў тэкст артыкула ў часопісе «Спадчына» (1992, № 6), і яны былі ўлічаны ў «Беларускай Энцыклапедыі».

У 1-м томе Энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» кіраўніцтва Беларускай Энцыклапедыі не ўсё гэта ўлічыла. Таму ў гэтым артыкуле я і хачу ўнесці дакладнасць і паўтарыць раней апублікаваныя мною лічбы. Справа датычыцца колькасці ўдзельнікаў бітвы з беларускага боку і прадстаўніцтва ў ёй польскіх аддзелаў. Пра гэта больш падрабязна будзе сказана ніжэй у тэксце гэтага артыкула.

За апошнія гады незалежнай Беларусі шмат ужо напісана пра вайсковую гісторыю Беларусі, у тым ліку, і пра дачыненні паміж Літоўскай-Беларускай дзяржавай і Маскоўскім Вялікім княствам. Адносіны паміж імі, паміж Расіяй і Беларуссю, былі рознымі — былі і мірныя гады, былі і жорсткія, знішчальныя войны.

Усё гэта ні інструкцыямі звыш, ні забаронамі, ні цэнзурай, ні фальсіфікацыяй з гісторыі ніхто не зможа выкрасліць.

Міжнародная сітуацыя ў пачатку ХVІ ст.

У канцы ХV - ХVІ стагоддзі адносіны паміж Маскоўскім Вялікім княствам і Вяліккім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім былі вельмі напружанымі. Ішла барацьба за землі — або пад панаваннем Масквы, або пад эгідай Вільні. Барацьба ішла тады з пераменным поспехам. Пра гэта трапна сказаў А. С. Пушкін (зразумела, з расійскага пункту гледжання):

Уж давно между собою

Враждуют племена,

Не раз клонились под грозою

То их, то наша сторона.

Улетку 1514 г. падчас чарговай вайны маскоўскім войскам (з-за здрады князя Міхаіла Львовіча Глінскага) удалося захапіць Смаленск. Здавалася, шлях у глыбіню ВКЛ для яе захопу маскоўскімі войскамі быў адкрыты. Пасля капітуляцыі Смаленска Вялікі князь маскоўскі Васіль III накіраваў далей у Літву-Беларусь 80-тысячную конніцу з баяраў і «людзей вайсковых» (дваранаў і дзяцей баярскіх). Простых воінаў было мала.

На чале гэтага войска стаялі галоўныя ваяводы — баярын Іван Андрэевіч Чаляднін і баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, продак князёў Галіцыных.

Каб папярэдзіць наступ вялікай маскоўскай арміі, Вялікі князь Літоўскі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Казіміравіч, унук Ягайлы, накіраваў насустрач маскоўскаму войску 30-тысячнае войска Літоўскай-Беларускай дзяржавы пад камандаваннем Гетмана Найвышэйшага, князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага — лепшага палкаводца нашай дзяржавы ў той час.

Звычайна, паводле польскай гістарыяграфіі, сцвярджаецца, што у войску К. Астрожскага было ажно 14 тысяч польскіх вершнікаў і 3 тысячы наёмнай польскай пяхоты, а войска Вялікага Княства Літоўскага мела 16 тысяч, аднак, спасылаючыся на кракаўскія архівы і далейшыя іх публікацыі (Акты Таміцкага, том 3-ці), расійскі гісторык М. К. Любаўскі ў кнізе «Літоўска-Рускі сейм» (Масква, 1900) адзначае, што земскае апалчэнне шляхты Вялікага Княства Літоускага збіралася вельмі марудна. Ні шляхта з Жамойціі, ні польскія жаўнеры да войска не паспелі далучыцца. А хто з жаўнераў падыйшоў, застаўся ў Берасці.

Жамойцкая шляхта ўвогуле намагалася бараніць свае межы з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, а ўкраінская шляхта, бараніла сваю тэрыторыю ад набегаў крымскіх татараў. I ў складзе войска К. Астрожскага, што сабралася ў Менску, дзе знаходзіўся сам Вялікі князь Жыгімонт, польскай конніцы і пяхоты было не больш як 4 тысячы. Гэтую лічбу называе польскі гісторык 3. Вайцяхоўскі, удакладняючы, што з польскіх аддзелаў конніцы была палова, а другая палова — польскія пехацінцы. Такім чынам, Канстанцін Астрожскі камандаваў у значнай ступені літоўскім-беларускім войскам, якое складалася з аддзелаў усіх паветаў з сучаснай тэрыторыі Беларусі .

У нашым біяграфічным нарысе пра К. І. Астрожскага («Славутыя імёны Бацькаўшчыны» Менск, 2003) таксама пададзены гэтыя лічбы.

У літоўскім-беларускім войску аддзеламі лёгкай конніцы (з лёгкім узбраеннем) камандаваў дасведчаны палкаводзец Юры Мікалаевіч Радзівіл, які пазней быў Гетманам Вялікім Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Асобныя аддзелы конніцы ўзначальваў Іван Сямёнавіч Сапега. На чале свайго апалчэння быў слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч. Польскімі аддзеламі камандавалі Войцах Сампалінскі і Януш Свярчоўскі.

Падрыхтоўка да Аршанскай бітвы

Вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Казіміравіч выехаў на тэатр ваенных дзеянняў каб каардынаваць дзейнасць войска Вялікага Княства Літоўскага і польскіх аддзелаў (паколькі быў адначасова і каралём польскім).

Месцам, дзе павінна было сабрацца агульнае войска, быў вызначаны Менск і яго ваколіцы. У канцы ліпеня 1514 г. Жыгімонт прыбыў у Менск. Як адзначае расійскі гісторык М. К. Любаўскі, тут быў праведзены агляд войска, і выявілася, што польскія аддзелы прыбывалі марудна, а большая частка іх жаўнераў засталася ў Берасці. Кароль накіраваў да іх асобны ліст, каб спяшаліся на вайну, а сам з войскам зрабіў пераход з Менска ў Барысаў, дзе зноў быў праведзены агляд войска і яго вопіс (перапіс). Паколькі вораг паспеў захапіць Смаленск і паглыбляўся на тэрыторыю ВКЛ, Жыгімонт паслаў насустрач маскоўскім войскам (80 тысяч чалавек) войска Вялікага Княства Літоўскага начале з Гетманам Найвышэйшым Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, якое налічвала 30 тысяч чалавек. Сам жа Вялікі князь застаўся ў Барысаве з войскам у 4 тысячы чалавек, галоўным чынам польскіх жаўнераў (па іншых звестках у яго заставалася 5 тысяч чалавек). Гэтыя лічбы — 80 тысяч чалавек у войску Вялікага Княства Маскоўскага і 30 тысяч чалавек у літоўскім-беларускім войску Канстанціна Астрожскага — прыводзяцца ў рускіх летапісах, звестках іншаземцаў, хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі XX ст.

Першы бой паміж перадавымі палкамі адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе цераз раку войска князя К. Астрожскага. Папярэдне ён правёў артылерыйскую стральбу з гармат і гакаўніц (пішчаляў), нанёсшы страты непрыяцелю. Гэтая бітва адбылася 27 жніўня 1514 года. Падчас бою некалькі маскоўскіх палкоў было разбіта. Непрыяцель страціў каля 1300 чалавек. На наступны дзень авангард арміі К. I. Астрожскага нанёс паражэнне маскоўскім войскам у баі над ракою Бобр і 1 верасня дасягнуў ракі Друць. Тут аддзелы Івана Багданавіча Сапегі нанеслі паражэнне тром маскоўскім палкам. Было забіта некалькі соцень воінаў, шмат узята ў палон.

Тады галоўны маскоўскі ваявода Іван Чаляднін, якому Вялікі князь Васіль III даручыў камандаванне ўсімі сіламі, адступіў са сваімі войскамі за Днепр і выбраў для наступнай, галоўнай бітвы, добрае месца на яго левым беразе. Тут паміж Оршай і Дуброўнай ля ракі Крапіўны на вялікім полі і размясціліся маскоўскія палкі — на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на рацэ Днепр ля вёскі Рукліна, пакінуўшы свабодную прастору для непрыяцеля ў лукавіне Дняпра на яго левым беразе. Менавіта тут І. А. Чаляднін планаваў даць генеральную бітву гэтай кампаніі, а можа і ўсёй вайны, разбіць меншага амаль утрая непрыяцеля, захапіць палонных і скончыць вайну перамогай.

Канстанцін Астрожскі таксама вырашыў даць тут бой, нягледзячы на свае параўнальна малыя сілы. Ён лічыў, што адной вярсты ад Дняпра дастаткова, каб разгарнуць свае сілы. Быў і псіхалагічны разлік для свайго войска — немагчымасць адступлення да бліжэйшых крутых берагоў Дняпра.

7 верасня 1514 г. войска Астрожскага наблізілася да Дняпра ў раёне Оршы. Гетман вырашыў не рызыкаваць, бо пераправу цераз раку пільнавалі конныя аддзелы ворага. Не жадаючы фарсіраваць раку пад стрэламі маскоўскіх лучнікаў, князь Астрожскі правёў тут дэманстратыўны манеўр, намагаючыся паказаць маскоўскім ваяводам, што пераправа літоўскага-беларускага войска адбудзецца менавіта тут. Таму Канстанцін Астрожскі пад заслонай сваіх жаўнераў пераправіў у гэтым месцы ўброд толькі некалькі тысяч коннікаў. Але маскоўскія ваяводы бяздзейнічалі, чакаючы, пакуль не падыйдзе да пераправы ўсё войска ВКЛ, каб потым адным вытам знішчыць яго цалкам. Увечары Астрожскі перасунуў па віцебскай дарозе ўсё сваё войска на поўнач ад Оршы і спыніўся на правым беразе Дняпра.

У ноч на 8 верасня Канстанцін Астрожскі загадаў пабудаваць цераз Днепр у гэтым месцы два пантонныя масты. Яны былі зроблены са шчыльна заканапачаных і звязаных паміж сабой пустых бочак. Для пераправы скарысталі таксама плыты і лодкі з суцэльным насцілам, каб колы гармат не грукалі. У балоцістых мясцінах ля ракі былі зроблены гаці з паваленых і звязаных дрэў. Конніца войска князя Астрожскага перапраўлялася цераз Днепр па вузенькім бродзе недалёка ад Аршанскай цвердзі, страціўшы пры гэтым толькі аднаго вершніка, які патануў. На працягу ночы па двух пантонных мастах была перапраўлена ўся пяхота і артылерыя войска Літоўскай-Беларускай дзяржавы ў раён вёскі Пашына, што знаходзілася ў лукавіне Дняпра.

Перад бітвай

Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрст ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 г., у дзень нараджэння Багародзіцы. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.і

У маскоўскім войску галоўным ваяводам быў Іван Андрэевіч Чаляднін, другім самастойным ваяводам — князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца. Чаляднін паставіў раніцай усё сваё войска ў баявы парадак у тры выцягнутыя лініі. На флангах конныя аддзелы, каб падчас бою яны зайшлі ў тыл ворагу. Наперадзе стаяў полк перадавой варты. У цэнтры маскоўскі вялікі полк, па фронце шырынёй 5 кіламетраў. На правым фланзе — полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком маскоўскага войска стаяў полк тылавой варты (рэзерва).

Усе маскоўскія палкі былі конныя, цяжкіх гармат войскі не мелі, бо вялікі князь Васіль III загадаў пакінуць іх у захопленых замках. Але, як сведчыць гісторык М. М. Карамзін, «агнястрэльны снарад» у маскоўскім войску быў.

Галоўны ваявода расцягнуў свае сілы таму, што яны амаль утрая перавышалі войска Канстанціна Астрожскага. Ён вырашыў акружыць супраціўніка, разбіць яго і скінуць рэшткі разбітых аддзелаў у Днепр. Таму маскоўскае войска расцягнулася па лініях і стварылася магчымасць прарваць іх. Адзіны сапраўдны кіраўнік у маскоўскім войску адсутнічаў, а кожны з двух галоўных ваяводаў камандаваў сваімі войскамі самастойна.

Гэта паўплывала на ход і вынікі бітвы пад Оршай. Адбілася на ходзе бітвы і тое, што ў маскоўцаў не было артылерыі. Да таго ж, яны, заспакоеныя сваёй колькаснай перавагай, былі ўпэўнены ў перамозе. Таму іх галоўныя ваяводы і ваяводы ніжэйшага рангу своечасова не заўважылі небяспекі, а калі яна выявілася падчас бітвы, то было ўжо позна.

Войска Канстанціна Астрожскага заняло баявыя пазіцыі па абодвух баках яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Днепр. Яны сталі паводле свайго старога баявога звычаю: наперадзе знаходзіліся два палкі літоўскай-беларускай конніцы Юрыя Радзівіла і польскай Януша Свярчоўскага. На правым і левым флангах стаялі па тры дапаможныя (рэзервовыя) палкі літоўскай-беларускай конніцы, якія складаліся з лёгка ўзброеных харугваў. На краі правага крыла К. Астрожскі размясціў ва ўкрыцці пад аховай лесу і паблізу ад берага Дняпра ўсе гарматы і частку пяхоты з рушніцамі (пішчалямі, самапаламі). Увогуле, войска гетмана Астрожскага было сцягнута ў моцныя і згрупаваныя аддзелы, гатовыя прабіць расцягнутыя лініі ворага.

Як сведчыць батальная карціна «Бітва пад Оршай» (намалявана каля 1520 г., знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве), К. І. Астрожскі быў апрануты ў баявое адзенне з шабляй у каштоўных похвах. Падчас бітвы літоўскае-беларускае войска выступала пад сцягам чырвонага колеру з срэбнай выявай Пагоні на адным баку і Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам на руках на другім. Побач з Гетманам Найвышэйшым неслі і другі сцяг, гетманскі, блакітнага колеру. 3 аднаго боку на ім была срэбная Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава. Асобныя паны мелі ў аддзелах (дружынах) свае ўласныя сцягі.

Так, на карціне ў руцэ аднаго з вершнікаў можна разгледзець чырвоны штандар з выявай герба Радзівілаў — трох паляўнічых ражкоў. У кожнага з літоўскіх-беларускіх вершнікаў, паводле той карціны, у руцэ была доўгая дзіда з белым сцяжком-вымпелам, уздоўж якога пасярэдзіне праходзіць адна вузкая чырвоная палоска, якая перакрыжоўваецца бліжэй да тронца другой чырвонай палоскай. Гэта прадвеснік нашага гістарычнага нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга.

Славутая Аршанская бітва

У пятніцу 8 верасня 1514 года «на Рожество Пресвятыя Богородіцы» а 9-й гадзіне раніцы войска князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага было ўжо пастаўлена ў баявых парадках на поле бітвы. Як тады было звычаем, перад бітвай святары з абодвух бакоў адслужылі малебень за перамогу.

Пры гэтым трэба нагадаць, што ў літоўскім-беларускім войску, таксама як і ў маскоўскім, за перамогу маліліся праваслаўныя святары і воіны[1]. Большасць у войску К. І. Астрожскага, як і ён сам, складалі праваслаўныя баяры-шляхта. У аддзелах яго войска малебень адслужылі і ксяндзы, бо ў войску было нямала і католікаў.

Пасля малітвы абодва крылы маскоўскай арміі крыху адышлі ад асноўнага войска, каб потым акружыць ворага з тылу. Галоўныя ж маскоўскія сілы засталіся ў баявых парадках у сярэдзіне поля, а некаторыя аддзелы нават прасунуліся наперад, каб выклікаць непрыяцеля на бой. Пасля гэтага перасоўвання на вольнай прасторы паміж літоўскім-беларускім і маскоўскім войскамі пачаліся «гарцы» — асобныя двубоі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх воінаў да бітвы.

З невялікай прамовай да сваіх рыцараў звярнуўся Канстанцін Астрожскі. Ён нагадаў пра слаўныя баявыя традыцыі продкаў, заклікаў быць мужнымі, абараняць ад ворага Бацькаўшчыну. Пасля прамовы Астрожскі загадаў конным палкам вольна рушыць наперад. Гэта маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння. Затрубілі трубы, ударылі бубны. Сцягі і прапарцы (сцяжкі) распусцілі да бою.

Атаку пачаў полк правай рукі маскоўскага войска на чале з князем Міхаілам Іванавічам Булгакавым-Голіцам. Асобныя аддзелы I. Чаляднін паслаў на флангі, каб адразу зайсці ў тыл ворагу. Адбіўшы першую атаку непрыяцеля, літоўскія-беларускія вершнікі, якія атрымалі падмацаванне, пачалі самі наступаць. Полк Сампалінскага, які складаўся з цяжкай кавалерыі, адпаведна ўзброенай і з моцнымі даспехамі, праскочыўшы галопам перад фронтам літоўскага-беларускага палка, што заняў пазіцыю ў цэнтры поля бітвы, нанёс ворагу выт па флангу. Польскія вершнікі з доўгімі дзідамі валілі з коней маскоўскіх воінаў. М. Стрыйкоўскі ў сваёй «Кроніцы» распавядае, што ў паветры свісталі стрэлы, чуўся звон шабель, гучалі стрэлы з агнястрэльнай зброі. Вершнікі набіралі тэмп, уразаліся ў шэрагі маскоўскага войска. Разгарэлася жорсткая бітва.

Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца таксама атрымаў падмацаванне і ўзнавіў шэрагі свайго фронту. Маскоўскія сілы на правым флангу пачалі другую атаку. Літоўскія-беларускія рыцары і польскія саюзнікі ўстаялі. Але нечакана яны расступіліся, і вораг апынуўся перад пяхотай. Пяхота, страляючы з рушніц (пішчаляў), збіла з коней шмат маскоўцаў. Шэрагі маскоўскага палка памяшаліся. У гэты момант Канстанцін Астрожскі звярнуўся да рыцараў: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!» (Для таго часу ён быў ужо стары. Яму было тады 54 гады). Ён казаў ім пра ўжо недалёкую перамогу і трыумф, пра тое, што непрыяцель ужо «млее». Заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі:

«Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля ўжо паблыталіся. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону».

Астрожскі заклікаў усіх ісці смела ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку на ворага з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ен напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці прамовы, перададзенай храністам, паказваюць, што яна была сказана па-беларуску. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на воінаў, і па яго закліку яны зноў рушылі ў атаку.

Зноў пачалася жорсткая бітва. Канстанцін Астрожскі, размахваючы гетманскай булавой, зноў вёў у атаку сваіх рыцараў. Яны збівалі ворага дзідамі і секлі мячамі. Урэшце маскоўская конніца Булгакава-Голіцы была зламана, разбіта і ў беспарадку кінулася наўцёкі. Літоўская-беларуская конніца і полк Сампалінскага ўварваліся ў другую лінію маскоўскага войска. Яны гналі рэшткі маскоўскага палка правай рукі і забівалі ўцекачоў, ужо няздольных весці бой.

Аднак Чаляднін не дапамог Булгакаву-Голіцы. Гэта тлумачыцца суперніцтвам паміж маскоўскімі галоўнымі ваяводамі і жаданнем кожнага з іх атрымаць перамогу самастойна, каб выслужыццца перад вялікім князем. Нават пасля разгрому войска, якім камандаваў Булгакаў-Голіца, у Чалядніна заставалася воінаў больш, чым у Канстанціна Астрожскага.

Яшчэ раней Іван Чаляднін накіраваў свой полк левай рукі у наступ на супрацьлеглае, правае крыло войска Канстанціна Астрожскага. Аднак гэты наступ быў не вельмі моцны і выконваўся нерашуча.

Гэта дало магчымасць літоўскай-беларускай лёгкай кавалерыі на працягу доўгага часу адбіваць атакі маскоўскага войска на гэтым флангу. Чаляднін чакаў, калі ў бой супраць правай рукі ўцягнуцца ўсе харугвы літоўскай-беларускай лёгкай конніцы, каб выцяць ім у тыл і адным моцным вытам разбіць іх.

Урэшце Івану Чалядніну здалося, што ён перамагае. У нейкі момант бітвы ён убачыў, што літоўская-беларуская конніца спыніла свае контратакі і па загаду Канстанціна Астрожскага пачала адступаць, а потым зусім кінулася ўцякаць. Тады Чаляднін, перакананы ў сваёй перамозе, кінуў у бой усе свае сілы. Аднак, у пэўны момант, недалёка ад лесу і кустоў у тыле літоўскага-беларускага войска, раптам па камандзе гетмана (ён падняў булаву, а за ім палкоўнікі паднялі свае шастапёры) конніца падзялілася на дзве часткі, якія хутка скочылі направа і налева. Уся бязладная маса маскоўскай конніцы аказалася перад гарматамі і пяхотай, што былі ў кустах на ўскраіне лесу і ўжо даўно падрыхтаваліся да аднаго моцнага залпу. Пярэднія і заднія рады маскоўскай конніцы былі расстраляны пасля першага залпу і далейшых стрэлаў гармат і рушніц. Яны панеслі вялікія страты ў людзях і конях.

Гэтая вайсковая хітрасць, якую Канстанцін Астрожскі прымяніў яшчэ ў бітве з крымскімі татарамі 28 красавіка 1512 года каля Вішняўца на Валыні, і стала пераломным момантам Аршанскай бітвы. Пасля расстрэлу гарматамі лавіны маскоўскага войска ў яго шэрагах пачалася паніка, і яно кінулася наўцёк. Цяпер ужо ўцякалі рэшткі абодвух флангаў маскоўскага войска.

Спачатку І. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх вершнікаў затрымацца. Аднак яго ўжо ніхто не слухаў.

Валынскі кароткі летапіс сведчыць, што Аршанская бітва працягвалася тры гадзіны.

Пасол германскага імператара да Васіля III барон Сігізмунд Герберштэйн, едучы ў Маскву, наведаў у Вільні ў 1517 годзе палонных І. А. Чалядніна і М. І. Булгакава-Голіцу і размаўляў з імі пра бітву пад Оршай. У сваіх запісках ён расказвае пра манеўр К. Астрожскага, што навёў непрыяцеля на гарматы, і пра разгром маскоўскага войска:

«Ліцвіны, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваны гарматы, накіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і паразілі іх заднія шэрагі, што выстраіліся ў рэзерве, але занадта скучаныя, унеслі замяшанне ў іх шэрагі і рассеялі. Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, бо яны лічылі, што ў небяспецы знаходзіцца першы шэраг, які б'ецца з ворагам, прыйшоўшы ў замяшанне і лічачы, што першыя шэрагі ўжо разбіты, яны кінуліся наўцёкі. Ліцвіны, разгарнуўшы і накіраваўшы ўсе свае сілы, пераследавалі іх, гналі і забівалі. Убачыўшы гэтыя ўцёкі, адступілі і абодва флангі маскавітаў. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне».

М. Стрыйкоўскі таксама прыводзіць жахлівыя сцэны гэтых уцёкаў. У паніцы маскоўскія коннікі ўцякалі ў лясы, балоты, кідаліся ў Днепр і танулі, а пераможцы гналі іх і забівалі. Параненыя крычалі ім: «Не сечи голову!», а цяжка параненыя: «Добей!» Кроў забітых была не толькі на палях, але і сцякала ў раку Крапіўну, вада якой стала крывавай. А. Гваньіні вобразна адзначыў, што рака Крапіўна паміж Оршай і Дуброўнай з-за вялікай колькасці трупаў замарудзіла свой бег. Шмат маскоўцаў падчас уцёкаў патанула ў рацэ. М. Бельскі, улічваючы пагоню за ўцекачамі, распавядае, што бітва цягнулася аж да заходу сонца. Вершнікі К. Астрожскага працягвалі пераследаванне ажно да васьмі літоўскіх міляў (на 60 кіламетраў). Адны з літоўскіх-беларускіх вершнікаў вярнуліся назад апоўначы, іншыя нават назаўтра. 3 сабою яны вялі вялікую колькасць палонных.

I расейскія гісторыкі гавораць тое ж самае пра заканчэнне Аршанскай бітвы. Так, М. М. Карамзін ў «Истории государства Российского» адзначыў:

«Ліцвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай»…

Вынікі Аршанскай бітвы

Страты бакоў у Аршанскай бітве ў летапісах і хроніках прыводзяцца прыкладна аднолькавыя. М. М. Карамзін і С. М. Салаўёў прыводзяць лічбу забітых воінаў у маскоўскім войску: 30 тысяч чалавек. Храністы М. Стрыйкоўскі, М. Бельскі і летапісы ўдакладняюць лічбу забітых на полі бою, і тых, хто загінуў ва ўцёках, — 40 тысяч чалавек. Страты маскоўскага войска палоннымі перавышалі 5 тысяч чалавек. У палон трапілі галоўныя ваяводы І. А. Чаляднін і М. І. Булгакаў-Голіца, 8 вярхоўных ваяводаў (што камандавалі аддзеламі па некалькі тысяч чалавек кожны), 37 начальнікаў ніжэйшага рангу, 2 тысячы дзяцей баярскіх (феадальная катэгорыя, блізкая да дваранаў) і больш за 2 тысячы іншых воінаў. 20 тысяч трафейных коней і палова вайсковага абозу былі перададзены пераможцам. Сярод трафеяў былі ўсе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Трыумф князя Канстанціна Астрожскага быў поўны.

Як сведчыць храніст М. Бельскі, страты войска пераможцаў былі невялікія. Загінулі толькі чатыры знатныя паны, а рыцараў каля пяцісот чалавек. Колькасць загінуўшых простага паходжання ён не прыводзіць. Затое, у гэтай бітве было шмат параненых. Раны ў большасці былі сечаныя, ад вытаў шабель.

На наступны дзень святкавалі перамогу. Быў адслужаны праваслаўны малебень у «чэсць святой Троіцы і на хвалу Госпада Бога» і каталіцкі малебень. Падчас урачыстага абеду, на які былі прыведзены палонныя ваяводы, Канстанцін Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Пазней, 3 снежня 1514 г., кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі і Рускі Жыгімон наладзіў у Вільні ўрачысты прыём у гонар гетмана Астрожскага і рыцараў-пераможцаў. Аб перамозе былі пасланыя каралеўскія граматы да манархаў Еўропы. Да некаторых з іх паслалі невялікія групы палонных. Палонныя ваяводы і дзеці баярскія былі разасланыя ў розныя замкі ў ВКЛ, а простыя воіны паселеныя ў вялікакняскіх і шляхецкіх маёнтках для выкарыстання на сельскагаспадарчых працах. I. Чаляднін і М. Булгакаў-Голіца знаходзіліся ў вязенні ў сталіцы Літоўскай-Беларускай дзяржавы Вільні. Дзесяткі гадоў заставаліся палонныя ў Вільні і іншых гарадах, цвердзях, гаспадарскіх дварах і воласцях Вялікага княства Літоўскага. Маскоўскі ўрад не цікавіўся сваімі палоннымі суайчыннікамі. Сам Вялікі князь Маскоўскі Васіль Іванавіч заявіў, што для яго «той, хто трапіў у палон, — мёртвы». Іван Андрэевіч Чаляднін памёр у Вільні праз некалькі гадоў. М. І. Булгакаў-Голіца і князь Іван Сямёнавіч Селяхоўскі вярнуліся на радзіму толькі ў 1552 г. падчас панавання цара Івана ІV. Булгакаў-Голіца памёр праз два гады манахам пад імем Іона.

Пасля Аршанскай бітвы Канстанцін Астрожскі зрабіў у Вільні багатую фундацыю (уклад) царкве Свята-Духаўскага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму перамогу. У памяць гэтай фундацыі была звонку прымацавана мармуровая дошка з надпісам па-беларуску аб фундацыі К. Астрожскага за дараваную яму Богам перамогу «над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнай царквы» Вялікім князем Маскоўскім. Каля 1520 г. невядомы мастак, хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы пад Оршай, намаляваў карціну, якая лічыцца першай у батальным жывапісе Усходняй Еўропы.

Хутка пра Аршанскую бітву стала вядома і ў Заходняй Еўропе. У другой палове 1514 г. быў выдадзены па-нямецку ў Нюрнбергу адмысловы лісток з апісаннем бітвы. У 1515 г. зноў было надрукавана ў Нюрнбергу апісанне Аршанскай бітвы.

Бітву пад Оршай занатавалі ўсе тагачасныя летапісы, у тым ліку маскоўскія і ноўгародскія, а тасама замежныя кронікі. Аршанская бітва 1514 года пакінула глыбокі след у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе была змешчана «Пахвала князю Астрожскаму» — сапраўдны літаратурны твор. 3 таго часу захавалася беларуская народная песня пра перамогу пад Оршай «Ой, у нядзельку параненька ўзышло сонца хмарненька…», якую цяпер спяваюць беларусія барды…

Бітва 8 верасня 1514 г. мела і дыпламатычныя наступствы. Германскі імператар Максіміліян I пасля бітвы разарваў саюз з Васілём III. Гэты саюз раней прадугледжваў падзел Польшчы і Літоўскай-Беларускай дзяржавы паміж Германскай імперыяй і Маскоўскім вялікім княствам. Аршанская бітва практычна замацавала ўсходнюю мяжу ВКЛ, якая існавала да канца ХVІІІ стагоддзя.

Бітва пад Оршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расіі. Як узор баявога майстэрства літоўскіх-беларускіх рыцараў, прыклад вайсковага таленту К. Астрожскага і вельмі ўдалай аперацыі яна прыведзена ў Расійскай ваеннай энцыклапедыі (1914 г.).

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. з'яўляецца славутай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Яна ўпісваецца ў агульны шэраг гераічных перамог войска ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў падчас існавання нашай самастойнай дзяржавы, калі літоўскае-беларускае войска адстойвала незалежнасць нашай краіны. Дата 8 верасня таму і з'яўляецца Днём Беларускай Вайсковай Славы.

Рыжская дамова пра падзел Беларусі

18 сакавіка 1921 г. у Рызе савецкай расійска-украінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай дэлегацыяй, з другога быў падпісаны мірны дагавор, якім фармальна спынялася савецка-польская вайна 1919–1920 гадоў. Быў зроблены без удзелу нават беларускай савецкай дэлегацыі БССР, падзел тэрыторыі нашай краіны, утварыліся Усходняя Беларусь (БССР) і Заходняя Беларусь (у складзе Польшчы), з'явіліся і такія назвы. Рыжская дамова 1921 г. шмат у чым вызначыла далейшы лёс беларускага народа, які быў гвалтоўна падзелены на часткі.

Беларусь і заканчэнне савецка-польскай вайны

Падчас наступу польскіх войскаў на пазіцыі Чырвонай Арміі ў Беларусі ў жніўні 1919 г. імі была занята тэрыторыя Літоўска-Беларускай ССР, штучнага марыянеткавага ў дачыненні да Масквы дзяржаўнага ўтварэння (якое, дарэчы, кіравалася кампартыяй бальшавікоў Літвы і Беларусі, што ўваходзіла як тэрытарыяльная арганізацыя у склад Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў). У склад ЛітБел, як яе скарочана называлі, уваходзіла толькі тэрыторыя Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў. Тэрыторыя Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі яшчэ 16 студзеня 1919 г. (праз 15 дзён пасля стварэння БССР) аддзелены ад БССР і ўключаны ў склад Расійскай савецкай федэрацыі (РСФСР). А ўжо 28 лютага 1919 г. па прапанове ЦК РКП(б) з Масквы Літоўская ССР і Беларуская ССР утварылі новую марыянеткавую, буферную дзяржаву — Літоўска-Беларускую ССР (ЛітБел.) са сталіцай у Вільні.

Калі ўлетку 1919 г. тэрыторыя ЛітБел была занятая польскімі войскамі, зноў па загаду з Масквы ЛітБел была скасавана без якога небудзь заканадаўчага акту. Урад РСФСР ад гэтага часу лічыў тэрыторыю Беларусі ўжо расійскай. Пра гэта сведчаць шматлікія штампы і пячаткі рэвалюцыйных камітэтаў (часовых органаў савецкай улады), створаных загадзя ў Смаленску пры штабе Заходняга фронту пры падрыхтоўцы наступу яго войскаў на Беларусь у 1920 г. На пячатках былі надпісы «Борисовский ревком Минской губернии РСФСР» ці «Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР».

Паколькі савецкі ўрад Расіі лічыў тэрыторыю Беларусі расійскаю (пра БССР ужо забыліся), то падчас мірных перамоў у Маскве з урадам Літоўскай дэмакратычнай рэспублікі ён фактычна гандляваў беларускай тэрыторыяй, як сваёй, каб перацягнуць Літву і яе армію (з дзвюх дывізій) на свой бок ды скіраваць яе супраць Польшчы. Урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2-м артыкуле мірнай дамовы вызначалася дзяржаўная мяжа «паміж Расіяй і Літвой», што ішла з Захаду ад Аўгустова, у 30 кіламетрах на поўдзень ад Гародні, якая перадавалася Літве. Потым па Нёмане да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка і Любчы, потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расійскам баку (пры гэтым мяжа ўстанаўлівалася ля ўскраін абодвух гарадоў з трох бакоў). Далей лінія мяжы ішла на поўнач. Вілейка, Новы Мядзел, Маркаўшчына і Друя заставаліся на расійскім баку, а на захад ад іх ужо была, паводле гэтай дамовы, літоўская тэрыторыя.

Пасля наступу Чырвонай Арміі на Заходнім фронце ў ліпені 1920 г. Беларусь была зноў занятая савецкімі вайскамі. У жніўні 1920 г. калі войскі Чырвонай Арміі былі разбіты пад Варшавай, у Менску пачаліся мірныя перамовы паміж савецкай расійскаукраінскай дэлегацыяй і польскай аб прыпыненні ваенных дзеянняў і падпісанні мірнага дагавору. Чырвоная Армія адступала. Але савецкая дэлегацыя, нягледзячы на гэта, патрабвала, каб усе тэрыторыі Украіны і Беларусі былі перададзены Савецкаму боку. 2 верасня 1920 г. перамовы былі спыненыя. Польскія войскі працягвалі наступ. Хоць 31 ліпеня 1920 г. была зноў абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, яе прадстаўнікі на перамовы савецкім бокам запрошаны не былі, каб можна было дамаўляцца аб міры за кошт беларускай тэрыторыі. Ды і новая БССР была ўтворана толькі на тэрыторыі 18 паветаў — Менскай і Гарадзенскай губерняў.

Пасля ўдала праведзенай аперацыі ля Нёмана польскія войскі ўзмацнілі тэмп свайго наступу на ўсход. Камандуючы Заходнім фронтам Чырвонай Арміі М. М. Тухачэўскі загадаў сваім арміям, што адступамі да 2 кастрычніка 1920 г. заняць лінію старых расійска-германскіх акопаў 1915-1918 гг. і затрымацца тут. Аднак гэтая задача не была выканана. Польскія войскі яшчэ больш узмацнілі тэмп наступу з мэтай заняць больш тэрыторыі да моманту заключэння перамір'я на перамовах у Рызе. Кіраўнік Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы маршал Ю. Пілсудскі загадаў заняць Вільню і стратэгічныя пазіцыі: пераправы праз Нёман паблізу ад Менска, тэрыторыю на ўсход ад важнай чыгуначнай лініі Вільня - Ліда - Баранавічы - Лунінец, а таксама стварыць шырокі «калідор» паміж савецкімі войскамі і Літвой, пачынаючы ад Маладэчна і на поўнач да Друі.

У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі падыходзілі ўжо да Маладэчна, Койданава, Слуцка, набліжаліся да Менска. 11 кастрычніка яны занялі Слуцк, а ўжо пасля падпісання перамір'я 15 кастрычніка адзін польскі батальён на два дні заняў нават і Менск.

Перамовы ў Рызе

Савецкі ўрад У. І. Ульянава-Леніна ў такіх абставінах вырашыў хутчэй заключыць у Рызе перамір'е і папярэдні мір, каб спыніць далейшы наступ польскіх войскаў. Перад бальшавікамі стаяла яшчэ праблема ліквідацыі групоўкі белага генерала П. П. Урангеля ў Крыме і на поўдні Украіны да пачатку зімы. Грамадзянскую вайну ў Расіі трэба было скончыць хутчэй, бо хваля сялянскіх паўстанняў супраць улады бальшавікоў і іх палітыкі «ваеннага камунізму» у дачыненні да сялянства ахапіла ўсю Расію ад Тамбоўскай губерні і да Сібіры ўключна У. І. Ленін у сваім заключным слове на нарадзе старшынь уездных, валасных і сельскіх выканаўчых камітэтаў Маскоўскай губерні 15 кастрычніка 1920 г. адзначыў:

«Становішча Савецкай рэспублікі надзвычай цяжкае, што нас і прымусіла спяшацца з мірам перад зімовай кампаніяй. Нас прымусіла спяшацца з мірам жаданне пазбегнуць зімовай кампаніі, разуменне таго, што лепш мець горшую граніцу, г. зн. атрымаць меншую тэрыторыю Беларусі і мець магчымасць меншую колькасць беларускіх сялян вырваць з-пад прыгнёту буржуазіі, чым падвергнуць новым цяжкасцям, новай зімовай кампаніі сялян Расіі. Вось прычыны».

Крыху раней, 21 верасня 1920 г. у сталіцы Латвіі Рызе мірныя перамовы аднавіліся, але зноў без прадстаўнікоў Савецкай Беларусі. Старшынём савецкай расійска-украінскай дэлегацыі быў А. Іофэ, сябрамі дэлегацыі — С. Кіраў. Дз. Мануільчык, Л. Абаленскі. Старшыня ваенна-рэвалючыйнага камітэту БССР А. Чарвякоў (тагачасны фармальны кіраўнік Беларускай савецкай дзяржавы) прыехаў у Рыгу, але А. Іофэ пасля кансультацыі з савецкім расійскім урадам Леніна нават не дапусціў яго да перагавораў, паведаміў яму, што ўвогуле ўся тэрыторыя БССР можа быць перададзена Польшчы, таму яму ў перагаворах не трэба ўдзельнічаць. А. Чарвякову было ласкава дазволена быць толькі экспертам савецкай дэлегацыі.

Польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесці польскія і савецкя войскі з тэрыторыі Беларусі (уключаючы Смаленшчыну, якая лічылася ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі і была ўключана ў склад БССР 1 студзеня 1919 г. пры яе абвяшчэнні). Польская дэлегацыя таксама прапанавала савецкай правесці на ўсёй тэрыторыі Беларусі рэферэндум (пры адсутнасці савецкіх войскаў) для самавызначэння беларускага народу. Аднак савецкая дэлегацыя ад такой прапановы адмовілася, бо ведала, што народ прагаласуе за незалежнасць. Расія не хацела страціць выгадны стратэгічны плацдарм на Захадзе ад тэрыторыі самой Расіі, пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.

Перад самым падпісаннем перамір'я і папярэдняга мірнага дагавору Савецкі ўрад лічыў, што можна саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (г. зн. былой Менскай губерні), з Барысавам, Ігуменам (Чэрвенем), Бабруйскам, і Мазыром на ўсходзе. За гэта савецкі бок прапанаваў польскаму аддаць частку тэрыторыі на Заходняй Украіне: там глебы лепшыя і ўраджай большы. А ў Расіі ў гэты час быў голад. Іофэ атрымаў дырэктыву ад ЦК РКП(б) па гэтаму «абмену» тэрыторыяй.

Паведаміўшы пра дырэктыву ЦК партыі бальшавікоў А. Чарвякову, А. Іофэ наўпрост заявіў яму, што з Польшчай заключае мір Расія, а не Беларусь. Чарвякоў змаўчаў. Так Беларуская ССР была прынесена ў ахвяру і магла б зусім не існаваць. (Нагадваем, што тагачасная Віцебская і Гомельская губерні былі ў складзе РСФСР).

Аднак польская дэлегацыя нечакана адмовілася ад такога «падарунка». Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі і ўплывовы палітык і сябра дэлегацыі Станіслаў Грабскі лічылі, што далучэнне да Польшчы тэрыторыі тагачаснай БССР з мяжой за Бярэзінай будзе для іх дзяржавы небяспечным: зашмат у ёй будзе беларускага насельніцтва і гэта створыць потым унутрыпалітычны крызіс, бо беларусы будуць змагацца за сваю незалежнасць. Такім чынам, хоць і маленькая, Беларуская ССР засталася.

Заключэнне перамір'я і папярэдняга міру

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе быў падпісаны «Дагавор аб перамір'і і прэлімінарных (папярэдніх — А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога».

Паводле папярэдняга мірнага дагавору Польшча прызнавала Беларускую ССР і Украінскую ССР, г. зн. згаджалася на падпарадкаванасць іх тэрыторыі бальшавікам у Крамлі. Паводле гэтай дамовы ў Рызе была вызначана ўсходняя дзяржаўная мяжа Польшчы з Украінай і Беларуссю.

У 1-м артыкуле дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. было запісана:

«Расія і Украіна адмаўляюцца ад усіх правоў і дамаганняў на землі, якія знаходзяцца на захад ад гэтай мяжы».

Трэба заўважыць, што савецкая дэлегацыя адмаўлялася ад беларускай тэрыторыі, а беларускіх дэлегацый ні ад урада БНР, ні ад урада БССР на перамовах не было. Таму кіраўніцтва БНР не пагадзілася з гэтым дагаворам, а кіраўніцтва БССР прыняло яго без усялякага пратэсту.

Лінія дзяржаўнай мяжы праходзіла па густа населеных раёнах Беларусі. Савецкія і польскія дэлегаты дзялілі тэрыторыю нават не зважаючы на сувязь вёсак паміж сабою. Здарыўся такі выпадак, што адзін з польскіх дэлегатаў звярнуўся да савецкіх з просьбай пакінуць адну з вёсак на польскім баку: «Там жыве мая любімая цешча». Савецкія дэлегаты паступілі «гуманна», аддаўшы разам з цешчай і ўсю вёску.

Да дагавора была прыкладзена карта. Аднак вырашальным пры вызначэнні дзяржаўнай мяжы быў тэкст дагавора.

Янка Купала крыху раней пісаў пра такі падзел тэрыторыі Беларусі паміж суседзямі ў вершы «Новы год» (30 снежня 1919 г.):

Ідзеш у край, які бязбожна

Жыўцом парэзалі на часці,

А брат проць брата стаў варожка

І памагае край раскрасьці.

Дзяржаўная мяжа паміж тагачаснай тэрыторыяй БССР (у складзе якой былі Барысаўскі, Менскі, Ігуменскі, Слуцкі, Мазырскі, і Бабруйскі паветы былой Менскай губерні) праходзіла на поўнач і захад ад Бягомля і далей на захад ад Плешчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага. Далей мяжа ішла ад вёскі Коласава (у Польшчы), потым на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Нясвіжа (у Польшчы) на Цімкавічы (на баку БССР) далей на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Клецка (у Польшчы) на Цімкавічы, далей на поўдзень да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад Філіпавічаў, далей найкарацейшым шляхам да ракі Лані ля вёскі Чудзін (у Польшчы), далей па рацэ Лань да яе ўпадзення ў раку Прыпяць, далей на поўдзень да Украіны.

Дадаткам да гэтае дамовы была дамова аб перамір'і паводле якой ваенныя дзеянні на фронце спыняліся праз 6 дзён ад моманту падпісання дагавора аб перамір'і і папярэдніх умовах міру, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Войскі абодвух бакоў заставаліся на пазіцыях, якія зоймуць да 19 кастрычніка. Але была неспрыяльная ўмова для Чырвонай Арміі:

«Расійска-украінскія войскі павінны знаходзіцца не бліжэй за 15 кіламетраў ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту».

Гэта значыць, што польскія войскі мелі права наступаць яшчэ 6 дзён, а пасля гэтага савецкія войскі павінны былі адступіць яшчэ на 15 кіламетраў.

Такім чынам, спачатку паміж абодвума франтамі (польскім і савецкім) вызначалася нейтральная ў вайсковых адносінах зона шырынёй 15 кіламетраў. На паўночным участку фронту ад раёну Нясвіжа да Заходняй Дзвіны польскія войскі павінны былі спыніцца на лініі дзяржаўнай мяжы, а савецкія адыйсці на 15 кіламетраў ад яе. А на поўдзень ад Нясвіжа польскія войскі пасля падпісання перамір'я наступалі яшчэ 6 дзён і спыняліся на лініі свайго найбольшага прасоўвання, а часткі Чырвонай Арміі адступалі ад іх яшчэ на 15 кіламетраў. Так прадухіляліся ваенныя сутычкі ў перыяд замірэння.

Фактычна гэтая ўмова давала перавагу польскім войскам, бо яны за 6 дадатковых дзён занялі значную тэрыторыю на поўдні БССР, чым маглі ўплываць на далейшы ход мірных перамоваў у Рызе.

Ужо пасля падпісання перамір'я польскія войскі наступалі далей. Так, на поўнач ад Радашковічаў у баях 13 і 14 кастрычніка польская кавалерыя захапіла 5 тысячаў палонных. 17 кастрычніка на поўначы Беларусі польскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу.

Прарваўшы фронт чырвоных, 15 кастрычніка 55-ты пяхотны полк 14-й польскай дывізіі на чале з падпалкоўнікам Густавам Пашкевічам захапіў Менск, нягледячы на тое. што горад знаходзіўся за 35-40 кіламетраў на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы.

Пры гэтым польскае камандаванне не дазваляла яму наступаць і праз два дні ён вымушаны быў пакінуць горад.

На паўднёвым участку Заходняга фронту Чырвоная Армія адступала з баямі па ўсіх кірунках. У некаторых месцах польскія войскі заглыбіліся да 70 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы. Яны занялі Тураў, Жыткавічы, былі ў Капцэвічах (на Пцічы), знаходзіліся ў 25 кіламетрах на ўсход ад Слуцка.

На поўнач ад Узды лінія фронту польскіх войскаў адыходзіла на поўдзень ад Шацка, на ўсход ад Амговічаў і Дарасіна, на Палессі — па лініі Камаровічы - Бобрык - Галубіца па Прыпяці і далей праз Махновічы на Ельск.

Адразу польскія войскі не адыходзілі, бо трэба было яшчэ ўзгадніць тэрміны іх адыходу за мяжу ў спецыяльнай Вайсковай камісіі з прадстаўнікоў абодвух бакоў.

Адыход польскіх войскаў затрымаліваўся. Гэта давала магчымасць розным палітычным сілам выкарыстаць няпэўную палітычную сітуацыю ў Беларусі і Расіі.

Адной з такіх акцыяў даволі хутка падрыхтаваных у кароткі перыяд пераходу ад вайны да міру быў паход беларускага генерала Станіслава Булак-Булаховіча ў лістападзе 1920 г. у Палессе для вызвалення Беларусі ад бальшавікоў. Другой акцыяй стаўся Слуцкі збройны чын у лістападзе — снежні 1920 года.

Далейшыя перамовы аб міры

Дагавор аб перамір'і і папярэдніх умовах міру ад 12 кастрычніка 1920 г. быў даволі хутка ратыфікаваны (зацверджаны) усімі бакамі. 21 кастрычніка — Украінскім цэнтральным выканаўчым камітэтам, 22 — Польскім соймам, 23 — Усерасійскім цэнтральным выканаўчым камітэтам і 27 кастрычніка — начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім. Пасля гэтага быў праведзены абмен ратыфікацыйнымі граматамі (2 лістапада 1920 г.), і дагавор уступіў у сілу.

Пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавору войскі абодвух бакоў мелі паступова адыходзіць кожнае на свой бок, за мяжу сваёй тэрыторыі і размяшчацца не бліжэй як за 15 кіламетраў па абодва бакі мяжы. Ад гэтага часу паабапал мяжы ўсталёўвалася нейтральная у вайсковых адносінах зона шырынёй 30 кіламетраў, якая (па 15 кіламетраў) адміністрацыйна кіравалася кожным бокам на саёй тэрыторыі. Перамір'е заключалася на 21 дзень, але кожны з бакоў меў права адмовіцца ад яго з папярэджаннем за 48 гадзінаў да канца тэрміну. Калі ж ніхто не адмаўляўся ад перамір'я, дык яно аўтаматычна працягвалася да ратыфікаыі канчатковага мірнага дагавору.

Становішча сапраўды было няясным. Міністр замежных спраў Польшчы князь Эўстафі Сапега пісаў у інструкцыі польскім дыпламатам за мяжой 10 кастрычніка 1920 г.:

«Мы не верым у трываласць бальшавіцкай сістэмы ў Расіі».

Разам з тым кіраўніцтва Польшчы спадзявалася на поспех белагвардзейскай арміі генерала Урангеля і таму не прэтэндавала на значнае перанясенне мяжы на ўсход. Міністр замежных спраў Э. Сапега у сваёй інструкцыі дыпламатам пісаў:

«… мы мелі магчымасць заняць Менск, Жытомір і Камянец, аднак не зрабілі гэтага, улічваючы інтарэсы будучай Расіі».

І польскае кіраўніцтва разглядала тэрыторыю Савецкай Беларусі, як і Савецкай Украіны, як тэрыторыю, падкантрольную Расіі, г. зн. рэальна ставілася да гэтага пытання.

Пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі абедзве дэлегацыі — савецкая і польская — 17 лістапада 1920 г. пачалі паседжанні мірнай канферэнцыі ў Рызе, польскай дэлегацыяй кіраваў Ян Домбскі, а яе сябрамі былі Станіслаў Каўзік, Эдвард Ляховіч, Генрык Страсбургер і Леан Васілеўскі. Савецкай дэлегацыяй кіраваў Адольф Іофэ, а яе сябрамі былі Якаў Ганецкі, Эмануіл Квірынг, Юрый Кацюбінскі і Леанід Абаленскі.

Перамовы праходзілі драматычна і быў момант, калі яны маглі скончыцца разрывам, але старшыні дэлегацый, каб пазбегнуць гэтага, спатыкаліся патаемна, размаўлялі паміж сабой па-нямецку і дасягнулі кампрамісу, які быў прыняты дэлегацыямі.

Абодва бакі ў нотах абвінавачвалі адзін аднаго ў зацягванні перагавораў, у парушэнні дасягнутай дамоўленасці.

У снежні 1920 - студзені 1921 г. асноўнае месца ў перамовах занялі пытанні фінансаў і эканомікі, вызначэння кошту польскай маёмасці ў Расіі, Украіне і Беларусі. Пазіцыя польскага боку падмацоўвалася і просьбамі часткі мясцовага насельніцтва аб далучэнні іх мясцовасцяў да Польшчы (заходняй часткі Лепельскага павету, часткі Менскага павету) паколькі ЦК РКП(б) на чале з Ул. Леніным патрабавала ад савецкай дэлегацыі хутчэй заключыць мір, 25 лютага 1921 г. народны камісар РСФСР Г. Чычэрын у тэлеграме на імя А. Іофэ даваў дазвол пайсці на некаторыя саступкі, бо «мы… жадаем міру з Польшчай як мага хутчэй». Было вырашана дадаткова перадаць Польшчы ў Палессі тэрыторыю плошчай у 12 тысяч квадратных кіламетраў.

Заключэнне Рыжскага міру

Урэшце 18 сакавіка 1921 г. у 10 гадзін 30 хвілін па мясцовым часе ў цэнтры Рыгі ў палацы «Чарнагаловых», у той самай вялікай зале, дзе 12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны дагавор аб перамір'і і папярэдніх умовах міру, адкрылася апошняе паседжанне мірнай каферэнцыі і быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, якім афіцыйна спыняліся савецка-польская вайна 1919 - 1920 г. Дагавор быў падпісаны дэлегацыямі Савецкай Расіі, Савецкай Украіны, і Польшчы. Расійская дэлегацыя падпісвала дагавор і за ўрад БССР.

Дагавор складаўся з прэамбулы, 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Ён быў складзены на польскай, рускай і украінскай мовах. Польшча афіцыйна прызнавала незалежнасць Беларусі і Украіны. Устанаўлівалася дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і гэтымі дзвюма савецкімі рэспублікамі. У 2-м артыкуле дагавора падрабязна вызначалася лінія мяжы, якая паўтарала лінію, ужо ўстаноўленую ў дагаворы аб папярэдніх умовах міру 12 кастрычніка 1920 г. На тэрыторыі Беларусі былі зроблены папраўкі на карысць Польшчы. 12 тысяч квадратных кіламетраў на Палессі на поўдзень ад Вызны і Старобіна паміж ракой Ланью і да рэк Морачы і Случы, перадаваліся дадаткова Польшчы. Да Польшчы адыходзіла і мястэчка Радашковічы. Аднак Чыгуначная станцыя заставалася на Савецкім баку.

Да дагавору была прыкладзена карта з вызначанай лініяй мяжы. Аднак у спрэчных пытаннях перавага аддавалася тэксту дагавору, а не карце. На мясцовасці лінію мяжы непасрэдна вызначала змешаная памежная каміся з польскіх і расійскіх прадстаўнікоў.

Савецкі ўрад у Маскве і польскі ўрад адмаўляліся ўзаемна ад тэрытарыяльных прэтэнзій адзін да адного. І сапраўды, савецкі ўрад да 1939 г. неаднойчы падкрэсліваў у дамовах, нотах і выступах, што ён не прэтэндуе на Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У той жа час ужо ў 1924 - 25 гг. Савецкі Саюз рыхтаваў і інспіраваў партызанскі рух у Заходняй Беларусі, перакідваючы з БССР партызанскія атрады ў Польшчу — ішоў экспарт рэвалюцыі.

Тэрыторыя Беларусі ў выніку Рыжскай дамовы 1921 г. была падзелена на дзве часткі. Для Расіі (а потым СССР) захавалася стратэгічная прастора, якая па ранейшаму прыкрывала кірунак на Маскву. Для Польшчы тэрыторыя Заходняй Беларусі сталася часткай прыфрантавой (з бальшавізмам) зоны, часткай «санітарнага кардону» для Еўропы.

Польшча, паводле дагавору, абавязвалася прадаставіць беларусам, украінцам і рускім правы, якія б забяспечвалі свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Аналагічныя правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, УССР і БССР. РСФСР вяртала Польшчы вайсковыя сцягі, захопленыя ў канцы ХVІІІ - першай поалове ХІХ ст., вярталіся і архівы (у гэтай камісіі быў прафесар У. І. Пічэта ― тагачасны рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта).

Сярод вернутых Польшчы архіваў былі і дакументы па гісторыі Беларусі.

Рыжскі мірны дагавор быў ратыфікаваны прэзідыюмам Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта 14 красавіка 1921 г., 17 красавіка — ЦВК Украінскай ССР, 16 красавіка — начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім на падставе дадзеных яму 15 красавіка польскім соймам паўнамоцтваў. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Менску 30 красавіка 1921 г., і дагавор уступіў у сілу.

Супраць гэтага ганебнага дагавору, які падзяліў Беларусь, выступілі прадстаўнікі інтэлігенцыі і палітычных сілаў БССР. Якубу Коласу прыпісваюць словы:

Далі шэсць паветаў.

Дзякуй і за гэта.

Каб задушыць хвалю пратэсту цэнтральнае бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі дало загад Надзвычайнай камісіі (ЧК) правесці рэпрэсіі супраць дзеячаў і актывістаў партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, саюзніцы бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы. У БССР было рэпрэсавана больш за 900 дзеячаў і актывістаў партыі беларускіх эсэраў, беларускай сацыялдэмакратычнай партыі і партыі сацыялістаў-федэралістаў.

25 сакавіка 1921 г. урад Беларускай Народнай Рэспублікі (за мяжой) прыняў зварот «Усяму культурнаму свету», у якой Рыжскі мірны дагавор характарызаваўся як ганебны. Урад БНР не прызнаў яго. Супраць Рыжскай дамовы выступілі дэлегаты першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (1921 г.), а таксама і другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне (1925 гг.). Беларускі народ, у адрозненне ад яго бальшавіцкага кіраўніцтва, не прызнаў гэты падзел Беларусі. Рыжскі мірны дагавор 1921 г. увайшоў у гісторыю як акт падзелу тэрыторыі Беларусі суседнімі дзяржавамі, як трагічная падзея ў гісторыі беларускага народа.

Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі

Пад час мірных перагавораў у сталіцы Латвіі Рызе паміж савецкай расійска-ўкраінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай, з другога, вызначаўся лёс Беларусі і савецка-польскай граніцы. Прапанова кіраўніка савецкай дэлегацыі А. А. Іофэ ўступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да р. Бярэзіны) за тэрытарыяльныя ўступкі на Украіне не была прынята польскім бокам, бо улады баяліся аб’яднання ўсіх беларусаў у складзе Польскай дзяржавы. У выніку перагавораў 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана не толькі перамір’е, але і дагавор аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Польшча прызнавала абедзве савецкія рэспублікі ― Украінскую і Беларускую (тэрыторыя якой тады заканчвалася за Барысавым і Бабруйскам). Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь прызнаваліся польскай тэрыторыяй. Да падпісання канчатковага міру ўстанаўлівалася нейтральная зона. Чырвоная Армія адыходзіла на адлегласць «не бліжэй 15 км ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту». Польскія войскі на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі граніцы, а на поўдзень — на лініі свайго найбольшага прасоўвання. Толькі пасля ратыфікацыі гэтага дагавора войскі абодвух бакоў павінны былі паступова адводзіцца за межы сваёй тэрыторыі і размяшчацца не бліжэй 15 км па абодвух баках граніцы. Ад гэтага часу ўстанаўлівалася нейтральная зона шырынёй 30 км.

Гэта азначала, што ў бліжэйшы час, пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі адыдуць за савецка-польскую мяжу з тэрыторыі Слуцкага павета. У выніку дагавора заходняя частка Слуцкага павета станавілася тэрыторыяй Польскай дзяржавы (Ляхавічы, Нясвіж, Клецк), а Капыль і Капыльская воласць — памежнай тэрыторыяй.

Слуцк і Слуцкі павет у перыяд так званай другой польскай акупацыі ў кастрычніку-лістападзе 1920 г. з’яўляліся месцам канцэнтрацыі 11-й і 16-й польскіх пяхотных дывізій. Тут жа ў кастрычніку 1920 г. фарміраваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміі беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Армія фарміравалася з беларускіх і рускіх палкоў.

У Слуцку і Слуцкім павеце моцныя пазіцыі займала партыя эсэраў, якая абапіралася на беларускае сялянства і пад час савецка-польскай вайны разам з партыяй бальшавікоў вяла партызанскую барацьбу супраць польскай акупацыі. Пасля абвяшчэння БССР у другі раз, 31 ліпеня 1920 г., партыя беларускіх эсэраў (як саюзнік Кампартыі Беларусі) заставалася легальнай, хаця бальшавікі ўладай з ёй не падзяліліся. Эсэры па-ранейшаму стаялі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, займалі антыпольскія пазіцыі, былі таксам праціўнікамі вайскова-палітычнага саюзу з Савецкай Расіяй або далучэння да Расіі. Рыхтуючыся да адыходу, польскія вайсковыя ўлады ў пачатку лістапада 1920 г. перадалі ўсю цывільную ўладу беларускім дзеячам.

Пасля заняцця Слуцка польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 г. у павятовым цэнтры ўзнавіў сваю дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны яшчэ ў 1918 г. У ім дзейнічалі дзве групоўкі: прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча, якія супрацоўнічалі з польскімі ўладамі, і беларускія эсэры, прыхільнікі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Эсэры прапанавалі склікаць з’езд Случчыны (у пераважнай большасці з сялянства), каб вырашыць пытанні ўлады. У валасцях павета, у тым ліку і на Капыльшчыне, былі створаны абраныя мясцовымі сялянамі на чале з эсэрамі Беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады. Парадак падтрымлівала народная міліцыя з жыхароў мястэчкаў і воласці, і снаваў і рэзерв народнай міліцыі з добраахвотнікаў. Адміністрацыю ў Слуцку і гаспадарчую дзейнасць узначальвалі мясцовыя беларускія дзеячы. За некалькі дзён замест войтаў у валасцях і солтысаў у вёсках былі дэмакратычна абраны Беларускія нацыянальныя камітэты як органы мясцовай улады.

14–15 ліпеня 1920 г. у Слуцку адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны (з’езд сялянства Случчыны) з дэлегатамі ад горада і 15 валасцей, у тым ліку і Капыльскай. З’езд праходзіў пад уплывам беларускіх эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і выбраў Беларускую Раду Случчыны з 17 сябраў у якасці выканаўчага і распарадчага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Паколькі з’езд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змагання, пасля яго закрыцця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Капыльскай, Цімкавіцкай, Грозаўскай, Быстрыцкай і іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.

Пры падтрымцы сялянства і гаражан Слуцкая рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, прызначыла камандаванне брыгадай, палкамі, займалася забеспячэннем войска зброяй і харчаваннем.

2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. У Грозаве добраахвотнікі, сялянскія хлопцы, збіраліся ў памешчыцкім доме, адтуль і пашлі на фронт. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў, а яны падзяляліся на роты. Камандзір палка — капітан Лука Семянюк (былы камандзір 1-га беларускага партызанскага атрада), намеснік камандзіра палка — капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў — капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. Пасля фарміравання (апроч рэзерву) у 2-м Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. Узбраеннем (вінтоўкі і некалькі кулямётаў) была забяспечана толькі чвэрць асабовага саставу; за кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка. У пачатку паўстання полк займаў фронт у 60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі фронту 1-га Слуцкага палка (лінія Грозаў — Капыль — Цімкавічы — Семежава) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі. Маючы дрэнныя разведвальныя звесткі, камандаванне Чырвонай Арміі спачатку прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за атрады генерала Булак-Балаховіча. Так, у аператыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 2 снежня 1920 г. гаварылася:

«У Слуцкім раёне ў 20 вярстах на паўночны захад (раён паміж Капылём і Грозавам. — А. Г.) і ў 25 вярстах на паўднёвы захад ад Слуцка (раён Вызны. — А. Г.) адбываюцца сутычкі з дробнымі вандроўнымі атрадамі балахоўцаў».

Баі вяліся ў раёне в. Быстрыца, ля мяст. Капыль і ў іншых населеных пунктах. У гэтых баях паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілай мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся у палон або пераходзілі са зброяй.

У баі ля мяст. Капыль жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Былі захоплены ў палон і сябры рэўкама, створанага савецкім камандаваннем. Пасля гэтага бою аддзелы 2-га Грозаўскага палка выцяснілі чырвоныя падраздзяленні з Цімкавічаў на ўсход.

Камандаванне 16-й арміі савецкіх войск вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 снежня савецкіх войск (8-й і 17-й стралковых дывізій) у нейтральную зону на тры дні, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Аднак камандаване Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войск. Баі вяліся зноў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. Польскія ваенныя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў. 9 снежня штаб Слуцкай брыгады прызнаў, што пасля баёў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны аддзелы паўстанцаў адступілі да мяжы і дзве роты адышлі на польскую тэрыторыю, дзе былі раззброены польскімі ўладамі.

Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў в. Грыцэвічы, у 2 км ад р. Лань, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая паводле папярэдняга мірнага дагавора адышла да Польшчы. Перагрупіраваўшыся, паўстанцы зноў перайшлі ў наступ. У ноч на 10 снежня яны занялі вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а потым в. Старынь. Жаўнеры брыгады зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня паўстанцы адбілі Семежава, дзе захапілі многа боепрыпасаў. Асаблівую адвагу выказалі жаўнеры 2-й роты 1-га Слуцкага палка на чале з паручнікам А. Курыловічам. Аднак савецкія падраздзяленні зноў адбілі ў паўстанцаў Семежава.

Э. Вайніловіч (фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску і ўладальнік маёнткаў Пузава і Савічы) у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г., ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за савю дэмаркацыйную лінію. Гэта было зроблена, каб даць магчымасць савецкім войскам разгарміць паўстанцаў. У наступных баях атрады паўстанцаў занялі Семежава, Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. У гэты ж дзень чырвонаармейцамі было адбіта мяст. Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі выціснуты да р. Морач. У той жа дзень іх выбілі з Семежава. Па ўзгадненні расійскай савецкай і польскай дэлегацый на мірных перагаворах у Рызе войскам Чырвонай Арміі дазвалялася праследаваць паўстанцаў і ў нейтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкай брыгады Вымушаны быў перадыслацыравацца ў в. Заастравечча (Клецкі раён) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся аддзелы паўстанцаў, якім было нанесена паражэнне. Рада Случчыны БНР прыняла рашэнне перайсці сваім вайсковым аддзелам раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за р. Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час. Камандаванне Чырвонай Арміі адзначала, што беларускія партызаны непакоілі савецкія вайсковыя адзінкі ў Слуцкім павеце ў студзені 1921 г., калі яшчэ вяліся канчатковыя перагаворы яб міры паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Камандаванне 16-й арміі адзначала сур’ёзны характар партызанскага руху, які «не лічыць сваю барацьбу супраць Савецкай Расіі скончанай» і намагаецца «стварэння незалежнай дэмакратычнай Беларускай Рэспублікі». Таму тут і пакінулі «найбольш вопытных кіраўнікоў, старых партызанаў і зброю». 17–24 лютага 1921 г. на гэтым участку нейтральнай зоны была праведзена сумесная акцыя «расійскіх і польскіх атрадаў, кожны ў складзе не больш 400 штыкоў (г. зн. пехацінцаў. — А. Г.) пры 4 кулямётах і 60 шабляў (г. зн. коннікаў. — А. Г.)». Аднак гэтая аперацыя не дала вынікаў. Партызаны, якіх падтрымлівала сялянства, выйшлі з-пад удару савецкіх і польскіх вайсковых аддзелаў, пра што сведчаць вайсковыя паведамленні. Нейтральная зона ў раёне Капыля была занята Чырвонай Арміяй да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы толькі пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. у Рызе канчатковага мірнага дагавора паміж РСФСР і Польшчай, у выніку якога тэрыторыя Беларусі была разрэзана амаль папалам. У 2-м артыкуле савецка-польскага мірнага дагавора 1921 г. так апісвалася лінія дзяржаўнай мяжы:

«…далей да сярэдзіны дарогі паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавічаў) пакідаючы вёскі Свярынава, Кутец, Луніна, Язвіны Паўночныя, Белікі, Язвін, Рымашы і Кукавічы (усе тры) на баку Беларусі, а на баку Польшчы вёскі Куль, Бучнае, Дзвянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны Паўночныя і Паўднёвыя, Султанаўшчына і Пляшэвічы; далей да сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава і Праходы), пакідаючы на баку Беларусі вёскі Раёўка, Савічы, Заракаўцы і Пузава, а на баку Польшчы вёскі Марусін, Смолічы Усходнія, Ляцешын і Праходы; далей да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад вёскі Філіпавічы Заходнія, пакідаючы вёску Цехава на баку Беларусі, а вёску Ёдчыцы на баку Польшчы…»

25 сакавіка 1921 г. было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16-й арміі прасунуліся да лініі мяжы.

Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Капыльскай і суседніх валасцей былі скончаны. На тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета ўсталявалася савецкая ўлада.

Дзень 23 лютага і гісторыя гэтага свята

Дзень 23 лютага афіцыйна з'яўляецца святам вайскоўцаў — Днём Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. Неафіцыйна лічыцца ўвогуле днём мужчынаў, бо неўзабаве адзначаецца Жаночы дзень. Мала хто (ці амаль ніхто) ведае, ад якога часу пачала адзначацца гэтая дата. Хаця большасць дарослага насельніцтва нашай краіны ведае, што гэта свята Савецкай Арміі, а раней Чырвонай Арміі. Якое ж яно мае дачыненне да Беларусі?

Ва ўсіх даведніках 70-х гадоў мінулага стагоддзя (Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, Савецкай Гістарычнай Энцыклапедыі, Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі) пра гэтую дату гаворыцца агульа і ў той жа час канкрэтна. Паўсюды адны і тыя ж словы:

«У азнаменаванне ўсеагульнай мабілізацыі рэвалюцыйных сіл, масавага ўздыму народа па абарону сацыялістычнай Айчыны, а таксама мужнага супраціўлення першых аддзелаў Чырвонай Арміі германскім захопнікам 23 лютага штогод адзначаецца як усенароднае свята Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту».

Пачала адзначацца гэтая дата з 1919 года. Спачатку святкаванне Дня Чырвонай Арміі было прызначана ў першую гадавіну дэкрэту Саўнаркому ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні на дабраахвотніцкай аснове Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ў Савецкай Расіі. Аднак святкаванне па нейкіх бюракратычных прычынах (пакуль мерапрыемства ўзгаднялася) аднеслі на люты 1919 г. і выбралі першую дату, якая трапілася пад руку: 23 лютага.

Спачатку самі бальшавіцкія кіраўнікі не ведалі, як адказаць, чаму менавіта гэты дзень яны звязваюць з народзінамі свайго войска. Напрыклад, вось што пісаў у сваім артыкуле «15 год Чырвонай Арміі» ў газеце «Правда» 5 сакавіка 1933 г. народны камісар па ваенных і марскіх справах СССР К. Я. Варашылаў:

«Дарэчы, прымеркаванне святкавання гадавіны РСЧА (Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі — А. Г.) да 23 лютага носіць даволі выпадковы і цяжка вытумачальны характар і не супадае з гістарычнымі датамі».

Клімент Варашылаў меў на ўвазе дату дэкрэта Савета Народных Камісараў Савецкай Расіі ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі на добрахвотнай аснове ўзамен старой расійскай арміі, якая да таго часу, хоць насіла назву «Рэвалюцыйная», але ўжо амаль цалкам развалілася з-за масавага маштабнага дэзерцірства з арміі, як на фронце, так і ў тыле.

Трэба таксама адзначыць, што адразу пасля дэкрэту ад 28 студзеня 1918 г. Чырвоная армія арганізавана не была. Знаходзілася мала ахвотнікаў запісвацца ў яе шэрагі, пра што сведчаць тэлеграмы з губерняў у Петраград. Так, у Ніжнім Ноўгарадзе пайшлі служыць у Чырвоную армію 174 чалавекі, у Іркуцку — 350, у Царыцыне — 375. З Іванава-Вазнясенска паведамлялі, што «арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе вяла», з Вязьмы — што «арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе марудна». Бальшавіцкія агітатары на вакзалах буйных гарадоў звярталіся да ўцекачоў з фронту: «Таварышы дэзерціры! Мы не павінны кідаць вінтоўку! Рэвалюцыя ў небяспецы!» Бывалі выпадкі, што пад выглядам дабраахвотнікаў у армію запісваліся звычайныя марадзёры і крымінальнікі, якія рабавалі насельніцтва. Так, у сакавіку 1918 г. у Маскве была сфармавана «армія Пятрова» з больш чым 2 тысячаў чалавек. Пад Палтавай гэтая армія «займалася толькі рабаваннем, чым настроіла супраць Савецкай улады ўсё насельніцтва», а пры першай жа сутычцы з нямецкімі і ўкраінскімі войскамі «армія Пятрова» ўцякла ў Варонеж, дзе працягвала рабаваць людзей. Прыйшлося новым воінскім часткам яе раззброіць, а бальшавіцкім уладам яе распусціць.

У лютым 1918 г. Чырвонай Арміі яшчэ не было. Фактычна Савецкі ўрад Ул. Леніна ў сваім распараджэнні меў асобныя аддзелы матросаў, чырвонагвардзейцаў-рабочых і невялікія рэшткі старой арміі.

Больш канкрэтна дата нараджэння Чырвонай Арміі была ўстаноўлена ў 1938 г., у разгар масавых рэпрэсій, падчас якіх была вынішчана большасць сапраўдных стваральнікаў савецкіх войскаў. Была прыдумана і прычына для святкавання дня 23 лютага. У «Кароткім курсе гісторыі ВКП(б)» (с. 207), які асабіста рэдагаваў І. Сталін, сцвярджалася, што дзень адпору савецкіх войск нямецкім войскам (падчас наступу немцаў з 18 лютага 1918 г. на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора) якраз прыпадае на 23 лютага 1918 г. — маўляў, менавіта тады маладая Чырвоная Армія нанесла паражэнні нямецкім войскам у баях пад Нарвай і Псковам. Паколькі кніга гэтая была адрэдагавана Сталіным, то яна стала абавязковай для вывучэння на палітінфармацыях і палітзанятках савецкімі грамадзянамі ва ўсіх установах і калгасах, так бы мовіць, падручнік па савецкай ідэалогіі.

Так узнік міф пра першыя перамогі Чырвонай Арміі, а святкаванне 23 лютага атрымала «навуковае» абгрунтаванне. Потым савецкія гісторыкі распісвалі гэтыя перамогі, а адзін з мастакоў нават атрымаў Сталінскую (з 1956 г. ― Дзяржаўную) прэмію за карціну пра разгром немцаў. Гэты міф пра 23 лютага надоўга і трывала ўвайшоў ва ўсведамленне пакаленняў савецкіх людзей. Такім чынам, была канчаткова замацавана дзяржаўнае вайсковае свята сталінскага гатунку. У Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (2-е выд.) у томе 35-м 1955 г., на с. 257–258 быў змешчаны артыкул. «Пскоўска-нарваўскія баі», дзе адзначалася, што гэта «першыя баі маладых частак Чырвонай Арміі, што фармаваліся, сумесна з аддзеламі Чырвонай гвардыі, рэвалюцыйных матросаў і салдатаў былой царскай арміі 18 лютага (4 сакавіка) 1918 г. у раёне Пскова і Нарвы супраць войскаў кайзераўскай Нямеччыны». Спасылкі ў гэтым артыкуле ёсць па артыкулы Ул. Леніна ў прэсе 1918 г. і на два сціплых зборнікі дакументаў і матэрыялаў, у якіх цмяна гаворыцца аб падзеях. Да таго, нямецкія войскі пачалі наступ на фронце апоўдні 18 лютага, і ў той жа дзень з-пад Рыгі да Нарвы і Пскова яшчэ не дайшлі.

Савецкія гісторыкі нават у 80-х гадах мінулага стагоддзя працягвалі распісваць ваенныя дзеянні, зразумела з перамогай Чырвонай Арміі. Праўда, у Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі (том 5, 1978, с. 493) у артыкуле «Нарва» гаворыцца:

«У лютым 1918 аддзелы Чырвонай Арміі пад Нарвай уступілі ў бой з кайзераўскім войскам».

А ў томе 6 (1978, с. 621) у артыкуле «Пскоў»:

«У лютым 1918 у пачатку Грамадзянскай вайны пад Псковам і Нарвай аддзелы маладой Чырвонай Арміі ўступілі ў бой з германскімі інтэрвентамі».

Нават у сучасных падручніках па гісторыі Расіі, што выдаюцца ў Маскве, захавалася фраза «Чырвоная Армія спыніла немцаў пад Псковам». Такім чынам, захоўвацца версія з «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» 1938 году.

Але ці былі ў лютым 1918 г. баі пад Нарвай і Псковам? Савецкі вайсковы гісторык М. Я. Какурын (1883–1936 гг.), былы палкоўнік царскай арміі, а потым камандуючы 3-й чырвонай арміяй (у кастрычніку-снежні 1920 г.) на Заходнім фронце і потым выкладчык Вайсковай акадэміі РСЧА, пазней рэпрэсаваны, у сваёй капітальнай працы «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1, 1925, перавыдадзенай ў 1990 г.) на с. 176 адзначае:

«… немцы 18 лютага 1918 г. перапынілі мірныя перагаворы і перайшлі ў наступ на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Наступаючы па тэрыторыю Вялікаросіі і Беларусі, немцы, нідзе не сустракаючы супраціўлення старой арміі, якая ўжо зусім разлажылася, лёгка дасягнулі лініі Нарва-Пскоў-Полацк-Орша-Магілёў.

Наступ германцаў прымусіў Савецкі ўрад падпісаць мір, і 3 сакавіка 1918 г. ён быў урэшце падпісаны».

Аднак у 1930 г. М. Я. Какурын быў арыштаваны, потым асуджаны і памёр у Яраслаўскім палітізалятары у 1936 г. (праз 20 гадоў рэабілітаваны), а кніга яго была забаронена, і чытачы пра яе доўгі час не ведалі, ажно да 1990 г., бо яна абвяргала версію савецкіх гісторыкаў пра грамадзянскую вайну.

Першым у савецкі час афіцыйную версію пра падзеі 23 лютага 1918 г. самі таго не жадаючы, паставіў пад сумнеў чалавек пабочны. У 1951 г. пісьменнік А. М. Сцяпанаў (1892–1965 г). лаўрэат Сталінскай прэміі за раман «Порт-Артур» у 1946 г. Працуючы над раманам «Сям'я Званаровых» пра далейшы лёс сваіх персанажаў, ён зацікавіўся абставінамі першых баёў Чырвонай Арміі і ўстанавіў бясспрэчны факт: 23 лютага 1918 г. баёў пад Нарвай і Псковам не адбывалася.

Як сведчыць генерал-маёр, прафесар С. Ф. Найда («Военно-исторический журнал», 1964, № 5) у сваім артыкуле «Чаму дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту святкуецца 23 лютага?», пісьменнік А. М. Сцяпанаў звярнуўся з лістом да Сталіна па гэтым пытанні. Сталін пераслаў ліст пісьменніка ў сакратарыят галоўнай рэдакцыі «Гісторыі грамадзянскай вайны ў СССР», які ўзначальваў С. Ф. Найда. Праверыўшы архіўныя дакументы і газеты за люты - сакавік 1918 г. С. Ф. Найда і яго супрацоўнікі падцвердзілі выснову А. Сцяпанава: сапраўды, пад Псковам і Нарвай ніякіх баёў не было.

Звернемся да яшчэ аднаго сведкі. Гэта генерал-лейтэнант царскай арміі, а потым генерал-лейтэнант Савецкай Арміі Міхаіл Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч (1870–1956 гг) «бальшавіцкі генерал», як яго ахарактарызаваў у сваіх мемуарах А. І. Дзянікін. Дарэчы, генерал А. І. Дзянікін меў рацыю. Генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў старэйшым братам вядомага бальшавіка Уладзіміра Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча (1871–1955 гг), блізкага супрацоўніка Леніна, кіраўніка спраў Саўнаркома РСФСР у 1917–1920 гг. У лістападзе 1917 г. генерал-лейтэнанта М. Д. Бонч-Бруевіча, адукаванага і дасведчанага вайскоўца, прызначылі начальнікам штаба савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандуючага прапаршчыка М. В. Крыленкі. Раней генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў галоўнакамануючым Паўночным фронтам. Стаўка М. В. Крыленкі знаходзілася у гэты час у Магілёве. Па загаду Ул. Леніна 19 лютага 1918 г. генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў выкліканы ў Петраград. Толькі вечарам 22 лютага 1918 г., праехаўшы цягніком дзве ночы і дзень, ён дабраўся да Смольнага на нараду да Леніна. Як успамінае М. Д. Бонч-Бруевіч («Вся власть Советам», М., Воениздат, 1964 г.) Ленін заявіў некалькім былым царскім генералам, што ў савецкага ўрада няма ніякіх войскаў для абароны Петраграда і што трэба іх фармаваць.

У той жа дзень, 22 лютага газеты апублікавалі прыняты напярэдадні дэкрэт Савета народных камісараў «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». У гэтым дакуменце нічога не гаварылася аб усеагульнай прымусовай мабілізацыі. Дэкрэт абавязваў «усе сілы і сродкі краіны» перадаць «на справу рэвалюцыйнай абароны».

М. Бонч-Бруевіч і яго супрацоўнікі ўжо 23 лютага стварылі выведгрупы, якія былі накіраваныя насустрач нямецкім войскам, што наступалі на Нарву і Пскоў і далей маглі пайсці на Петраград. У той жа дзень, 23 лютага 1918 г. у Петраградзе прайшлі мітынгі пад лозунгам «Абарона сацыялістычнай айчыны», фармаваліся аддзелы Чырвонай Арміі з дабраахвотнікаў. Аднак ніякіх баёў у гэты дзень не было, бо аддзелы Чырвонай Арміі яшчэ не былі сфармаваныя. Наадварот, як раз у гэты дзень германскае камандаванне аддало загад прыпыніць наступ (але пра гэта ў Петраградзе не ведалі). Узяцце Петраграда патрабавала б значных стратаў, а дагэтуль нямецкія войскі ішлі наперад трыумфальным маршам, часта ў цягніках, або ў аўтамабілях па шашы. Немцы без бою падыйшлі да Нарвы, але далей не пайшлі, высылаючы на ўсход ад Нарвы толькі выведвальныя кавалерыйскія раз'езды.

Пад Нарву М. Д. Бонч-Бруевіч накіраваў аддзел матросаў Балтыйскага флоту пад камандаваннем П. Я. Дыбенкі (былога старшыні Цэнтрабалту) з камісарам А. Р. Жалязняковым (тым самым, што быў начальнікам варты таўрычаскага палаца і сказаў дэпутатам пры разгоне Устаноўчага сходу: «Варта стамілася, пакіньце памяшканне!»).

Аддзел Дыбенкі, як сведчыць М. Д. Бонч-Бруевіч, адразу адступіў на бліжэйшую станцыю, як толькі матросы падышлі да Нарвы і ўбачылі ў полі нямецкі кавалерыйскі раз'езд — дзесятак коннікаў. Як піша М. Д. Бонч-Бруевіч:

«Замест барацьбы з немцамі разбэшчаныя матросы заняліся бочкай са спіртам, якую здабылі па дарозе».

Так скончылася «баявая аперацыя» пад Нарвай. Камандзіра і камісара аддзелу ваенна-рэвалюцыйны трыбунал прыгаварыў да расстрэлу, аднак, улічваючы іх рэвалюцыйныя заслугі, замяніў пакараннем адпраўкай на фронт. Аддзел матросаў быў расфармаваны. Такой была сапраўдная «перамога» пад Нарвай.

У Пскове, паводле звестак, змешчаных у «Правде», 22 лютага 1918 г., прайшоў мітынг пскоўскай залогі. «З вялікім уздымам» яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю даць рашучы адпор нямецкім захопнікам. Аднак вечарам 24 лютага 1918 г.

«Пскоў быў заняты невялікімі сіламі немцаў. Горад удалося б адстаяць, калі б быў аказаны супраціў. На жаль, салдаты ў першы момант паддаліся паніцы і не прынялі ніякіх крокаў да адпору».

Так паведамляла бальшавіцкая газета. Нямецкая матацыклетная рота панесла страты ў 4 чалавекі (аўтамабіль наехаў на міну). Салдаты палка, што стаяў у Пскове разбегліся, і полк спыніў сваё існаванне. Такой была другая «перамога», на гэты раз «пад Псковам».

Такім чынам, свята Чырвонай (потым Савецкай) Арміі, а цяпер Узброеных сілаў Расіі мае міфічныя падставы прыдуманых перамог, у 30–80-я гады распрапагандаваных савец-кімі гісторыкамі і камуністычнай прапагандай.


Што тычыцца Беларусі, дык тут 23 лютага 1918 г. тым больш ніякіх гераічных падзей не адбывалася. Гэтая дата не мае аніякага дачынення да беларускай вайсковай гісторыі. На тэрыторыі Беларусі, дзе знаходзіўся фронт па лініі Дзвінск - возера Нарач - Смаргонь - Крэва - Карэлічы - Баранавічы - Пінск, як толькі салдаты «Расійскай рэвалюцыйнай арміі» (афіцыйная назва старой арміі) даведаліся аб ультыматыме германскага камандавання ад 16 лютага 1918 г., што нямецкія войскі пачнуць наступ, кінуліся наўцёк перад наступаючымі нямецкімі войскамі, рабуючы па дарозе панскія маёнткі. Пра гэта ёсць мноства сведчанняў, напрыклад, мемуары фундатара Чырвонага Касцёла ў Менску Э. Вайніловіча.

21 лютага 1918 г. у 3 гадзіны дня першы нямецкі цягнік прыбыў у Менск. 25 лютага немцы занялі Барысаў. Гэтым падзеям папярэднічалі ўцёкі з Менска ў Смаленск бальшавіцкага кіраўніцтва Заходняй вобласці і Заходняга фронту на чале з А. Мясніковым. Тут таксама можна прывесці дакументальныя сведчанні: Напрыклад, газета «Известия» ў нумары ад 26 (13) лютага 1918 г. (№ 34) прыводзіла звесткі з Менска ад 19 лютага з абласнога Савета народных камісараў (са спазненнем):

«На экстранным паседжанні Савета Народных Камісараў было пастаноўлена эвакуяваць абласны Савет» і «ў 4 гадзіны дня Савета ўжо не было».

Ніякіх баёў з нямецкімі войскамі ў Беларусі не было. Хто мог, уцякаў ад немцаў.

Мы бачым, што дата 23 лютага 1918 г. да Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення ўвогуле не мае.

Аднак воляю лёсу менавіта на гэты дзень прыпадае яшчэ адна дата — прычым таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай. 23 лютага 1944 г. паводле загада генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга пачала стварацца Беларуская Краёвая Абарона (БКА) — вайсковае фармаванне для барацьбы супраць бальшавізму.

Зразумела, кожны вырашае сам, што адзначаць 23 лютага — ці чарговую гадавіну стварэння БКА, ці памяць пра міфічныя перамогі Чырвонай Арміі Савецкай Расіі, ці неафіцыйнае «свята мужчынаў» (ёсць лішняя нагода падняць чарку і закусіць скваркай). Аднак варта было б узгадаць яшчэ адну падзею, якая, насамрэч, больш за ўсе іншыя нагадвае аб нашай вайсковай славе.

Падчас уздыму адраджэнскага руху ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўпершыню была адзначана сапраўды гераічная старонка нашай айчыннай гісторыі — гадавіна Аршанскай бітвы, калі 30-тысячнае войска К. Астрожскага цалкам разграміла 80-тысячную армію Маскоўскага вялікага княства. Адбылося гэта 8 верасня 1514 г. Вось чаму менавіта 8 верасня і адзначаецца беларускімі патрыётамі як наша нацыянальнае вайсковае свята — Дзень беларускай вайсковай славы.

Загрузка...