Васіль Быкаў Сьцяна

Народная кніга

Кніга народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава «Сьцяна» складаецца з празаічных твораў апошніх гадоў.

Беларуская гісторыя XX стагодзьдзя стварыла нямала сытуацыяў, калі характары розных людзей па-рознаму выяўляліся на мяжы жыцьця і сьмерці. Слуцкае антыбальшавіцкае паўстаньне, Курапаты, другая сусьветная вайна, «хрушчоўская» адліга, перасьлед апанэнтаў з боку КГБ у застойныя часы… Адпаведна рознымі былі й паводзіны міжвольных удзельнікаў гэтай гісторыі, ад якіх, па вялікім рахунку, не залежала нічога. Яны, фатальна абложаныя таталітарнай сыстэмай, маглі толькі захаваць або не захаваць сваю чалавечую годнасьць. Але ніякім чынам яны не маглі паўплываць на свой прадвызначаны статус — ахвяраў чырвонага або брунатнага малоха, які працяў кожнага зь іх наскрозь — іхны розум і іхную кроў.

Васіль Быкаў у новай кнізе прозы паказвае, наколькі немагчыма, але наколькі важна на самых фатальных этапах гісторыі захоўваць чалавечнасьць, прыстойнасьць, годнасьць. Псыхалягічныя сытуацыі ў крытычных абставінах становяцца напружанымі сюжэтамі, а дакладныя характарыстыкі самых розных чалавечых тыпаў змушаюць чытача ўвесь час адчуваць сваю прысутнасьць сярод быкаўскіх пэрсанажаў і рабіць уласны маральны выбар.

Кніга «Сьцяна» рыхтавалася да выхаду ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура», але сёньняшні палітычны рэжым спыніў гэтую працу. Пасьля неаднаразовых прапановаў нашых чытачоў і з ласкавае згоды аўтара кніга «Сьцяна» выходзіць у незалежным выдавецтве «Наша Ніва». Гэты праект, ажыцьцёлены з ініцыятывы і за сродкі грамадзянаў Беларусі, мы назвалі «Народная Кніга».

Мы далёкія ад думкі, што беларускае слова можа існаваць толькі за дзяржаўныя датацыі, і мяркуем, што паміж творамі народнага пісьменьніка, як, зрэшты, і іншых таленавітых літаратараў, з аднаго боку, і чытачом — з другога, ня мусяць паўставаць непераадольныя бар'еры. Кнігі лепшых беларускіх літаратараў будуць выходзіць у такім аб'ёме і датуль, колькі і дакуль у гэтых кніг будзе чытачоў. Мы ня ставім на мэце знайсьці спонсараў або зрабіць прыгожы жэст дабрачыннасьці. Мы імкнемся, насуперак афіцыйнай палітыцы русіфікацыі, сьцьвердзіць, што беларускія кнігі мусяць выходзіць за грошы і дзеля патрэбаў беларускага грамадзтва. Разам з тым, мы спадзяемся на кансалідацыйны эфэкт Народнае Кнігі, якая мусіць умацаваць нашае грамадзтва і дадаць яму сілы духу.

Загрузка...