Было іхнае сьвята, і яны з кветкамі і сьцягамі ішлі да скамянелага правадыра. Іграў аркестар. Блішчэлі трубы, ад дажджу блішчэў граніт помніка, гарадзкое навакольле адбівалася ў мокрым асфальце. Усе былі бяз кепак ці капелюшоў — сівыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позіркі на старэчых тварах. Адзін нес невялічкі вазончык бягоняў, які ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вісела клюка. Сярод іншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскіх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за іншымі да пастамэнту, няспрытна сагнуўся і паставіў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьціўся.
— Глядзі, Барсук! — амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вінцэсь. — Жывы, ты глядзі…
Так, гэта быў Барсук, жывы і быццам здаровы, якога Ляксей зь Вінцэсем памяталі яшчэ з ваенных гадоў, як жылі ў тым гарадку, дзе пражыў вайну і гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвішчам ці мянушкай Барсук.
— I, здаецца, усё ранейшы, — не сунімаўся Вінцэсь.
Дзіўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё ці натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставіны. Такія, як у гэтым выпадку з Барсуком.
Ён зьявіўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя дні вайны з Заходняй Беларусі ўперамешку з войскам рынуліся і шмат якія з цывільных. Адныя ехалі на вайсковых машынах, іншыя на фурманках, а болей ішло пехатой — з клункамі, валізкамі, дзецьмі. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзін. Усе ягоныя сямейнікі недзе прапалі, і ён прыпыніўся, чакаючы іх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так і асеў на ўсе гады акупацыі. Жыў у старой бабкі ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, і ўсё чакаў, казалі, сваіх — жонку і двух дзяцей. Ды ішоў час, а сямейнікі Барсука не аб'яўляліся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды і хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны — які набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкі хлопец Валера, які, як тое некаторыя ўведалі, меў справу зь лесам, і то прападаў на тыдзень-другі, то цішком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзіць трафэйны гадзіньнік, у якім, як аказалася, неяк разьбіраўся Барсук.
Аднойчы гэты Валера заявіўся не адзін, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнікаў. У іх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткі. Так, звычайныя карткі рацыянаванага продажу крупаў, мукі, солі, якія выдаваліся службоўцам нямецкіх установаў, і якія наладзілі падрабляць у лесе. Ці, можа, у якой гарадзкой друкарні? Значыцца — фальшывыя карткі. Вядома, для такой апэрацыі апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нінку ці цётку Ганулю, але ж, мабыць, іх было шкада. I ён вечарком з напарнікам насыпаўся да Барсука.
Якраз у той тыдзень Барсук сядзеў бяз працы і бяз хлеба, даядаў апошні чыгунок бульбы, што зарабіў за рамонт коміна ў суседзяў; солі ў яго не было даўно. А тут раптам двое лясных гасьцей, партызанаў, гэтак сардэчна пытаюцца: як жывеш? Спачуваюць і шчодра надзяляюць карткамі. На, схадзі ў лаўку, атавар, нам прынясеш і сабе возьмеш. Нам што-нішто, галоўнае — цыгарэты, астатняе возьмеш сабе. Мы людзі ня сквапныя, мы савецкія партызаны…
Барсук ня мог паверыць — такая раскоша! I такія слаўныя хлопцы — гэтак сардэчна пашкадавалі адзінокага дахадзягу-інваліда! На тым тыдні на рынку паліцаі адабралі ў яго здатныя боты, якія хацеў памяняць на хлеб. Ды яшчэ далі высьпятка ў зад. Гэтыя ж во — задарма даюць карткі: маргарын, соль, мука…
Ён ня йшоў — ляцеў з тымі карткамі ў краму, дзе атрымаў усё, што належала. Гэтак жа шыбаваў дадому, дзе трохі засмуціўся, бо хлопцы чамусь яго не дачакаліся. Яны прыйшлі толькі ўначы, распыталі, як і што. I яшчэ далі картак, якія дужа тады падтрымалі згаладнелага Барсука.
Пасьля вайны Барсук некалькі разоў спатыкаў у гарадку пасталелага Валеру, і кожны раз цалаваў ягоныя рукі: такі слаўны быў той партызан. Гэтак уважыў старога! Асабліва, калі даў Барсуку даведку, быццам той — сувязны партызанскага атрада асобага назначэньня «Граніт». Менавіта тая даведка дала яму сілы жыць пасьля страты сям'і. Праўда, неўзабаве ён выйшаў на пэнсію з быткамбінату, дзе рабіў на розных работах, і нават выбіўся ў майстры. Цяпер жа ён дужа перажываў распад СССР. Асабліва як дазнаўся, што Валера вялікі начальнік, робіць не ў Беларусі і наўрад ці прыедзе на рэвалюцыйнае сьвята. I ўсё з прычыны кардонаў, мытняў, разрыву эканамічных сувязяў. Валеру тут яшчэ памяталі з вайны, і найчасьцей успамінаў яго зь цеплынёй у старэчым позірку дзевяностагадовы Барсук. Ужо ён быў упэўнены, што Валера ня здрадзіў вялікай справе Маркса-Энгельса-Леніна. Ды і Сталіна таксама. I Барсук не хацеў здраджваць, бо здрада — заўжды кепска. Як пазванілі з савету вэтэранаў, каб прыйшоў на ўскладаньне кветак да помніка правадыру, ён і прыйшоў. Прынес свой апошні вазончык зь бягонямі, бо трэба ж было ўважыць і правадыра, і змагароў за ягоную справу, і Валеру, і таго сяржанта, якія некалі гэтак уважылі адзінокага, пагарджанага нямога.
Зрэшты, пасьля вайны тая гісторыя з Барсуком стала вядомая многім.
Праўда, пра яе ня ведаў адзін толькі Барсук. Ці варта было яму пра тое расказваць? Ці ён паверыць?
Можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка. Тым болей, што цяпер можна ўжо перахрысьціцца — адкрыта, і нават з замілаваньнем…