На Чорных лядах

Называецца — даваяваліся!..

Тое, што яны даваяваліся дарэшты, да астатняй магчымасьці, камандзір зразумеў не цяпер і ня ўчора, як іх прыціснулі да ракі і секлі ў кустоўі з кулямётаў, а яны толькі агрызаліся рэдкімі вінтовачнымі стрэламі. I нават ня тыдзень таму, як змардаваныя, галодныя, невялічкаю групай, рэштаю батальёна туляліся па лесе, ня ведаючы, куды паткнуцца, дзе раздабыць правіянту, табакі, пару начных гадзін адпачыць у спакоі. Іхную трагічную нявыкрутку камандзір выразна адчуў ужо на пачатку вясны, як стала зразумела, што гэты раён абкладзены з усіх бакоў — ва ўсіх блізкіх і далёкіх вёсках, на хутарах і фальварках поўна чырвонаармейцаў, якія браліся за іх нясьпешна, абачліва, грунтоўна. Тыдзень таму іх выкурылі з наседжанага хваёвага грудка ля балота, не далі перайсьці рэчку ў суседні раён, яны ледзьве адарваліся ад цэлага палка чырвоных. Увесь дзень учора бахала-трахацела на тым баку лесу, сьпярша гучна тахкалі стрэлы, гайдалі лясное рэха кулямётныя чэргі, а пасьля, пад вечар, усё неяк неўпрыцям сьціхла. Мяркуючы па ўсім, прыйшлі кранты і на групу Ўлашчыка, якая спрабавала атабарыцца ў тым баку лесу. Значыцца, і там не было паратунку, як не было яго тут, каля Морачы, як не было ў гэтых лясах, у акрузе — па ўсёй Беларусі. Яшчэ ўзімку, седзячы ў засьнежаных лесавых нетрах, яны спадзяваліся ператрываць халады, дачакацца вясны, калі, можа, яшчэ ім пашчасьціць. Ды не пашчасьціла. Па цяплу, па зялёнай траве і тым стала лацьвей, і тыя актывізаваліся, згрупаваліся, абкружылі і пачалі паляваньне па ўсіх правілах палявой навукі — бы на ваўкоў. Во тады й стала зразумела, што іхныя дні палічаныя, ня сёньня, дык заўтра яны ўсе палягуць.

Ад самае раніцы яны аслабела валакліся па лесе, кожны стараўся ня дужа адстаць ад пярэдняга, а ўсе разам — ад камандзіра, які то хістка сігаў наперадзе, то спыняўся сярод хваін, слухаў, азіраўся. Азіраючыся, ён паварочваўся ўсім целам, бо ня мог паварушыць галавой на збалелай, абвязанай брудным ручніком шыі. Параненая яшчэ на пачатку зімы шыя не гаілася, гніла, рудая жыжа цякла зь яе па грудзях, на жывот, павязка заўжды была мокрая. Навокал пакуль што было ціха і глуха ў гэтым глухім кутку лесу, толькі хваёвы шум слаўся ўгары, мерна гайдаліся хвойныя вершаліны; часам ціха патрэсквала сухое гольле пад нагамі тых, хто ззаду аслабела дабрыдаў да пярэдніх. Тады, па чарзе спыняючыся ля камандзіра, усе слухалі, азіраліся, бы штось выглядваючы па баках. Яны не размаўлялі цяпер, ды й даўно ўжо не размаўлялі паміж сабой, бо ўсё было перагаворана, вядома; спрачацца не было пра што. Есьці таксама ў іх не было нічога, не было чаго закурыць. З боезапасу засталося ўсяго па два-тры патроны на вінтоўку ды шэсьць патронаў у барабане камандзіравага нагана. Гэта і ўсё. Адбівацца ў іх не было чым.

Але добра яшчэ, калі ўсіх пераб'юць. А калі каго возьмуць параненым, непрытомным, павязуць у горад ды пачнуць вызнаваць, чый, каму якая радня, хто бацькі, жанкі, дзеці? Тады што? Не, яны даўно ўжо ведалі, што пагібель — не найгоршае з усяго, што нарыхтаваў ім іхны паўстанцкі лёс. Горш, калі яны, гінучы, пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасьці, распачалі ўсё тое. Нават забітымі яны ня знойдуць паратунку ад бальшавікоў. Як той Аксяневіч з Курбыкам, што асталіся ля ракі. Забітых іх павезьлі ў горад — на апазнаньне. Тры дні іхныя целы ляжалі на фурманцы ля штаба, куды па чарзе ганялі гараджанаў, вяскоўцаў, і нехта іх апазнаў. Апазнаў на гора бацькам і родзічам, якім той жа начы павязалі за сьпінаю рукі й павезьлі. Куды — хто ведае. Таму яны наважыліся. Доўга не абмяркоўвалі, камандзір сказаў, і ўсе пагадзіліся, выйсьця ў іх не было. Зброю — вінтоўкі і наган — пакінуць з сабой, а паперы, якія дакумэнты раніцай сабралі да купы і спалілі ў ядлоўцы. I засталіся без імёнаў і прозьвішчаў, бяз роду-племя — восем абадраных, згаладнелых, аброслых бародамі валацуг, што вырашылі сёньня канчаць…

Рабіць тое трэба было як найхутчэй, пакуль тыя з начы, здаецца, згубілі іх сьлед у гэтым лесе, і яны адарваліся ад даганятых, неяк заблыталі на балацявіне сьляды і выйшлі ў ціхі лесавы край. Хоць тая цішыня магла быць здрадлівай, кожную хвіліну яны рызыкавалі наскочыць на бальшавіцкі ланцуг ці засаду. Зноў жа доўга брысьці ім не выпадала, камандзір ведаў, што тут недзе павінны пачацца Чорныя ляды, а далей, можа, вярсты праз тры, баравы хвойнік скончыцца, пачнецца лугавы прасьцяг з дарогай — там ужо, напэўна, іх чакаюць. Ну, але пакуль што, здаецца, ім далі нейкі перадых, у лесавой глушы нідзе не было чутна ні голасу, ні крыку, ні стрэлу. Толькі б нагледзець здатнае месца, якую баравінку, пагорачак. Але ў гэтым раўнінна-забалочаным краі нідзе ніякай баравінкі — спрэс дрымучыя лясныя нетры, бярозы ды сосны, імшарыны, пясчаны, парослы ядлоўцам дол. I яны валакліся, аж покуль наперадзе не паказаўся прагал, зьверху шэра засьвяцілася хмарнае неба, у доле непадалёк відаць стала нагрувашчаньне карчоў, звалочаных сюды зь недарасьцярэбленых лядаў. Мясьціна, вядома, ня самая лепшая, падумаў камандзір, але ўжо якая ёсьць. Брысьці далей было зусім рызыкова.

Ён стаў, паазіраўся. Адразу ж за ім спыніўся і запытальна зірнуў на яго той, што ішоў сьледам — мажны, хоць і малады яшчэ чалавек са сьвятлява аброслымі шчэцьцю пашчэнкамі, апрануты, як і камандзір, у доўгі, са скарэлым крысьсем шынэлак.

— Што, тут, камандзір?

— Тут.

— Можа б далей?

— Не, далей нельга, Мяцельскі. Можам ня ўправіцца. Адна ж рыдлёўка.

Самотны цень мільгануў і прапаў у сьветлых вачах Мяцельскага — той быў камандзіраў памочнік і цяпер без загаду зразумеў найпершую задачу.

— Казак, давай! — стрымана гукнуў ён таго, хто валокся трэцім у гэтым разбрыдным страі. То быў нізенькага росту, нявідны паставай чалавечак у шэрай паддзёўцы са стрэльбай на рамяні і кароткай, засунутай за дзягу рыдлёўкай. Болей рыдлёўкі ў іх не было ні ў кога. На хадзе вымаючы яе з-за сьпіны, Казак падышоў да начальнікаў і спыніўся.

— Ну што? Капай!

Бяз роспыту і лішніх словаў Казак пачаў раскопваць мяккую імшарыну, пад якой апынуўся сьветлы, амаль белы баравы жвір. Казак быў чалавек паслухмяны, ніколі не пярэчыў начальству, што скажуць, тое і зробіць. Да таго ж зусім негаваркі, болей маўчаў, і ніхто ніколі ня ведаў, што яго найболей турбуе. Нават ці турбуе наогул. А мабыць, турбавала, як во цяпер, калі ён дужа хацеў курыць. Есьці хацеў таксама, але голад для яго быў пачуцьцём звыклым, ён нямала нагаладаўся за жыцьцё, але каб не курыць?.. Без табакі ён доўга ня мог, ён тады проста маўкліва марнеў, і на абвялым, у рэдкім валасьсі твары яго была невымоўная пакута.

Іншыя, пакрысе падыходзячы да гэтай мясьціны, спыняліся, моўчкі, з насьцярогаю пазіралі ў раскапаны дол, чакалі. Мабыць, усе ўсё разумелі, тлумачыць нікому не было патрэбы. Мяккі, парослы беламошнікам жвір ляцеў з Казаковай рыдлёўкі пад іхныя ногі — на старыя змакрэлыя боты, разьлезлыя аўстрыйскія гамашы і нават лапці з аборамі, як на нагах у Дзеда — дужа чорнабародага, з чорнымі густымі брывамі шарагоўца. Не страсаючы абсыпаных жвірам лапцей, той адышоўся наводдаль і апусьціўся на дол. Галава яго неяк сама сабою ўгнулася, унурыўся позірк, вусны заварушыліся, нібы творачы сьвятую малітву. А можа, і не малітву, можа, ён проста штось гаварыў сабе ці людзям. Разабрацца ў тым, аднак, не было каму, кожны імкнуўся засяродзіцца ў сабе, хіба проч Кажухара. Гэты меў такое прозьвішча, бо некалі шыў кажухі, у адным зь якіх, мабыць, быў і цяпер — несамавітай, счарнелай ад вільгаці апратцы з аблезлым каўняром. За пазухай перад сабой ён ашчадна трымаў правую, тоўста абкручаную нейкай анучай руку. Тыдзень таму на шашы яе добра-такі лупанула бальшавіцкая куля, і цяпер Кажухар дужа пакутаваў. Са скрыўленым ад болю, даўно ня голеным тварам ён патупаў каля людзей ды сеў побач зь Дзедам.

— Ну во, братка, як яно ўсё атрымалася…

Яму відавочна хацелася пагутарыць, пабедаваць, каб хоць як заглушыць боль у руцэ, але Дзед не адказаў — таму, мабыць, балела сваё.

«Атрымалася!» — паўтарыў у думках Ігар Забела, што ачмурана стаў насупраць. Трэба б неяк падбадзёрыць сябе, але ў яго проста не знаходзілася для таго словаў. Вусны яго на момант здрадліва скрывіліся, вочы гатовыя былі пакрыцца сьлязьмі. Неяк, аднак, ён намогся, асіліў нечаканую слабасьць, цьвярдзей сашчапіў голыя юначыя пашчэнкі і адвярнуўся.

Неўзабаве да выразна азначанай у імшаніку яміны падышлі й астатнія; хто стаяў адвярнуўшыся, хто апанурана пазіраў на ўвішнага Казака ці сабе пад ногі. Аўстрыяка нядоўга пастаяў сярод іншых ды, забіраючы паўколам навакол, памалу пайшоў па лесе. Каб стрымаць раптоўную немач, ён пачаў пазіраць угору, між хваёвых вершалін, што ціха і мерна пагойдваліся над голым яшчэ, бязьлісьцевым вецьцем бяроз. Недзе там, у глыбіні неба, плылі й плылі шэрыя веснавыя аблокі, што несьлі кудысь веснавыя дажджы — на азіміну, пад ярыну, на родныя палі й гоні. Яму ж, Аўстрыяку, ужо ня прыйдзецца выйсьці на поле, натрудзіць далоні аб ручкі плуга, удыхнуць хмельны пах ворнай зямлі. А так хацелася… Тое карцела ўвесь час, сьнілася па начах. Як тры гады гібеў у пацуковых акопах той мікалаеўскай, як галадаў у бараку аўстрыйскага палону. Затым як уцякаў дамоў, прабіраючыся начамі праз чужыя палі й пералескі.

Камандзір, крокі на тры адступіўшы ад ямы, як заўжды, з засяроджана стрыманым выглядам думаў сваю неадчэпную думу пра гэтых людзей. Цяпер ім патрэбна была якая гадзіна спакою, каб не пашкодзілі тыя. Праўда, пакуль было ціха, але ён ня меў ніякай гарантыі, што цішыня задоўжыцца і дасьць магчымасьць зрабіць задуманае.

Вядома, усё тое было жахліва, не па-чалавечы і не па-боску, напэўна, але што ж ім рабіць? Увесь гэты жах утварыўся ня зь іхнай волі — д'ябал ці лёс падвялі іх менавіта да такога выніку. Іншага не выпадала. Іншы быў яшчэ больш жахлівы, з двух жахаў яны выбралі найменшы. Каб толькі давесьці ўсё да канца, а там… А там хай жыве Беларусь! Бязь іх.

Напрыканцы ўсяго надта карцела абвінаваціць іншых, тых, каго цяпер тут не было. Але камандзір адчуваў, што ня трэба вінаваціць — ні зачыншчыкаў, ні кіраўнікоў. Рабілі ўсе, як умелі, хоць умельства таго й бракавала. I ў кіраўнікоў зьезду, і ў камісара Жаўрыда. Але ўсе — ад шчырага сэрца, дзеля карысьці народа. А што да камандзіраў палкоў, дык тыя (можа, за выключэньнем аднаго здрадніка) і зусім паводзілі сябе па-геройску, шчыравалі, не шкадуючы ўласных жыцьцяў. Ды марна, нічога не пайшло на карысьць. Усё на згубу. Як заўжды, маса засталася ўбаку, не падтрымала іх Беларусь. А супраць, не памарудзіўшы, выступіла сіла, якую яны, здаецца, не ўлічылі. А галоўнае, змарнавалі самы дарагі час — на размовы-перамовы, узгадненьні, паразуменьні. На дэмакратыю. А тыя не перамаўлялі, тыя знай білі. Цяпер вось расплачвацца. Як заўжды на вайне, галоўная плата — кроў, і плоціць той, хто найменш вінаваты. Як яны тут — былы камандзір роты ды гэтыя дзядзькі-шарагоўцы. А яшчэ хлопчык… Камандзір колькі ні думаў, ніяк ня мог пагадзіцца з пагібельлю Валодзькі. I ня ведаў, што можна прыдумаць, як схітрыць, каб неяк зьберагчы ягонае жыцьцё. Аднаго з усіх. Якія цьвёрда рашылі, калі тое — дык усім разам. Без выключэньня. Бо выключэньне знайшлося б не для аднаго. А ім трэба было не пакінуць сьлядоў. Яно, мусіць, і правільна, і маральна. Ды во гэты падлетак, ён блытаў усе іх лягічныя меркаваньні і пратэставаў супраць пагібелі. Ці, можа, гэта ў ім самім бунтавала яго даўняе вучыцельскае мінулае, — хто знае.

Аднекуль здаля, з хвойніку, пачулася трывожнае сарочае сакатаньне, пасьля яно стала бліжэй, да яго далучылася новае — збоку. Камандзір незадаволена ўгледзеўся ў высокае гольле хвояў, і Валодзька тады згледзеў сарок. Дзьве іх зьляцеліся разам і, пераскокваючы ў голым суччы бярэзін, сакаталі і сакаталі, трывожачы людзей. Валодзька падхапіў з долу ламачыну, падбег да іх бліжэй і шпурлянуў яе ўгору. Але сарокі толькі пераляцелі на іншыя дрэвы. Хлопец вярнуўся да ямы.

— Ня бегай, Валодзька, — ціха сказаў да яго камандзір.

— Раскрычаліся на ўвесь лес.

— Хай крычаць…

Можа, і праўда, хай крычаць, цяпер ужо ўсё адно, абы толькі не паказаліся тыя. Валодзька ўгледзеўся ў лесавыя нетры — быццам нікога нідзе не было, значыць, гэта сарокі — на іх.

Тым часам Казак накапаў ужо ладныя кучы жвіру з абодвух бакоў і сам паглыбіўся ў яміну амаль да каленяў. Здаецца, ён няблага ўгрэўся, аж спатнеў пад нізка насунутай на лоб аблавушкай. I як чарговы раз выпрастаўся, каб шапку сьпіхнуць на патыліцу, у яму скочыў Валодзька.

— Дай я…

Безь вялікай ахвоты Казак аддаў хлопцу кароткі тронак рыдлёўкі, якую Валодзька з імпэтам увагнаў у жвір.

Як Казак толькі пачынаў капаць, Валодзька быў побач, і яго біла дрыжака, нейкая нутраная ліхаманка, хоць ён і не адчуваў сьцюжы. Увогуле ў той дзень не было халодна. Мусіць, каб як саўладаць з сабой, ён прагнуў хоць якога дзеяньня, імкнуўся чымсьці заняць сябе. Тыя дні, як і ўсе, ён быў галодны, ушчэнт змораны, мінулае ночы заснуў усяго на гадзіну — сядзеў у дазоры. Але цяпер немаведама адкуль у яго ўзяліся сілы, ён капаў, бы машына — хутка й напорыста, кідаў і кідаў у бакі зямлю, не паднімаючы галавы і стараючыся ні пра што ня думаць.

Думкі, аднак, самі лезьлі ў галаву, і самыя неадчэпныя зь іх былі пра сябе. Не хацелася паміраць Валодзьку Сулашчыку, хацелася жыць. Ды, мусіць, не выпадала. Як не выпадала жыць ягонаму бацьку, шмат каму з шарагоўцаў ды камандзіраў іхнай Слуцкай брыгады. Некаторыя, можа, і ўберагуцца, думаў Валодзька, асабліва па той бок польскай мяжы, але ня ўсе. Валодзька ўжо чуў, што камандзіраў ды кіраўнікоў паўстаньня палякі выдалі бальшавікам, некаторых парасстралялі ў Слуцку, іншых сем'ямі вывезьлі немаведама куды на ўсход. Пэўна, вывезьлі й ягоную старэйшую сястру Сашу зь дзяўчынкай — ведама, за такога бацьку, брата ды падпаручніка-мужа, што адышоў за Лань, па галоўцы бальшавікі не пагладзяць. Было дужа трывожна і клопатна і за сябе, і за іншых — родных і блізкіх, якім ён нічым памагчы ня мог. Хіба апроч свае сьмерці.

У гэтай невялічкай прымоўклай групе вайскоўцаў нутраная ліхаманка біла не аднаго Валодзьку Сулашчыка, бадай, усе яны ледзьве стрымлівалі нэрвовую дрыжаку. Але, можа, самы нецярплівы зь іх быў Аўстрыяка. Здаля абышоўшы яму, ён толькі аднойчы зіркнуў на Валодзьку і падумаў, што капаюць яны надта марудна. Так можна і не пасьпець, і дачакацца горшага. Але ў яго ўжо не ставала сілы трываць. Ён угаворваў сябе: хутка ўжо скончыцца, усё супакоіцца назаўсёды. Але спакою ад таго не прыбаўлялася, рабілася ўсё нясьцерпней. Хоць у думках ён і казаў сабе: ну, чаго шкадаваць? Жыцьця? Дык якое гэта жыцьцё? Гэта пекла, боскае пакараньне, а не жыцьцё. Дома, у недалёкай адсюль вёсцы наўрад ці чакае яго нялюбая, чужая жонка з чатырма чужымі дзяцьмі, маючы зямлю, яна прыдбае і новага мужа. Родны брат застанецца адзіным гаспадаром на бедным надзеле, і ніхто яму болей ня будзе пагражаць дзяльбой. Хіба паплача крыху і супакоіцца ў звыклых клопатах пра дзяцей ды гаспадарку ягоная сястрыца. Усе як-небудзь пражывуць і безь яго, — як жылі безь яго дагэтуль. Калі ён не пашкодзіць. А можа, і надта пашкодзіць, калі бальшавікі дазнаюцца, як ён ліха біў іх пад Мазыром. Удалыя справы былі там у войску Булак-Балаховіча, хвацкі камандзір, ня тое, што гэтыя… Гэтыя болей наконт палітыкі, усё пра Беларусь… Тое няможна, гэта не дазваляецца. А генэрал даваў волю і паваяваць, і пагуляць. Калі як выпадала. Праўда, Аўстрыяку выпала ня шмат — хіба ён да таго імкнуўся? Ён імкнуўся да міру, хацеў зямлі, ды не збылося. Як прыйшоў з вайны на свой бядняцкі надзел, усё ў яго пайшло прахам. На тым бацькоўскім надзеле ня дужа дбайна гаспадарыў старэйшы брат Казімір з трыма сынамі, якія й далі яму гэтае прозьвішча — Аўстрыяка. Сьпярша браты хацелі падзяліць гаспадарку і зямлю, але што б у іх атрымалася з тых чатырох дзесяцін бацькоўскай зямлі? Мусіць, нічога здатнага, і Аўстрыяка адступіўся. Дужа яму не хацелася, але мусіў прыстаць прымаком да аўдавелай Аўдохі, што жыла пры бальшаку на водшыбе ад вёскі. Зямлі яна мела трохі болей, чым ягоны брат, мужык не прыйшоў з вайны — памёр недзе ў Сібіры ад тыфусу. У хаце па земляной падлозе ў яе бегала чацьвёра малых дзяцей, а галоўнае — дужа непрывабная была тая Аўдоха, не ляжала да яе салдацкае сэрца Аўстрыякі. Ды мусіў. Ажаніўся і стаў прывыкаць да іншага, не халасьцяцкага жыцьця. Пасеяў азіміну, упершыню адчуўшы сябе гаспадаром, прывёў да ладу гумно і назапасіў дрэва на дошкі для падлогі. Увосень малацілі, для ўпраўкі наняўшы памагатага зь вёскі. Ураджай выдаўся неблагі, зернем засыпалі ўсе карабы ў Аўдоцінай варыўні. I тады неяк раньнім восеньскім адвячоркам у хату завіталі трое. Ён не зьдзівіўся: сядзіба была пры дарозе, на падворак часьцяком забягалі людзі — то напіцца вады, то пагрэцца, перакурыць. Але гэтыя завіталі не перакурыць, — нядоўга патупаўшы па хаце, уручылі яму абавязацельства на продразьвёрстку, сказалі, каб празь пяць дзён здаў дваццаць пудоў збожжа на патрэбу Чырвонай Арміі. Ён злосна пасварыўся зь імі, сказаў: скульля вам, во ў мяне дзеці, іх карміць трэба, а Чырвоная Армія хай пасее і сажне, а не рабуе сялян. Тады, можа, праз тыдзень, якраз у нядзелю, як яны з Аўдоцьцяй сабраліся на кірмаш купляць парасят, з бальшака на сядзібу насыпаўся атрад чырвонаармейцаў. За дзесяць хвілін яны выграблі з варыўні ўсю збажыну, чамусьці далі яму расьпісацца і паехалі ў горад. А ён, не распрэгшы каня, сеў на прызбу ды й прасядзеў да паўдня. Было чаго столькі пакутаваць на вайне ды ў палоне, ісьці ў гэтыя прымакі, ірваць кішкі на запушчанай гаспадарцы, каб апынуцца на зіму жабраком. I што гэта за ўлада настала, як зь ёю жыць? Ён так імкнуўся дадому, на сваю Беларусь, а тут аказалася горш, чым на вайне, у палоне, там хоць быў вораг, там прымушалі рабіць, нават каралі сьмерцю. Але там кармілі. А чым тут ён накорміць гэтых дзяцей?

Як зрабілі мітынг у Семежаве, ён прыбег дадому, дастаў з падстрэшша ў гумне польскі карабін і запісаўся ў паўстанцкі полк. Што-што, а ваяваць ён яшчэ не адвучыўся і думаў, што толькі так цяпер і можна чагось дамагчыся.

У панылым задуменьні Аўстрыяка далекавата адышоўся ад астатніх, пасьля таропка вярнуўся, але яма ўсё была не гатовая. Угнуўшы шырокую сьпіну, там размашыста шпурляў рыдлёўкай Мяцельскі; стоячы збоч, цярпліва чакаў камандзір.

— Ну, ці хутка вы? — са скрухай вырвалася ў Аўстрыякі.

— Пасьпееш, — нядобразычліва буркнуў зь ямы Мяцельскі.

Аўстрыяка паныла адышоўся — пасьпееш! Ім трэба як найглыбей. Быццам тое было важна для яго — як глыбока ён будзе ляжаць у зямлі ці нават застанецца дзе незакапаны ў кустах. Мёртваму, мусіць, адзін чорт. Але гэты доўгі клопат з магілай выцягваў у Аўстрыякі ўсе жылы, ён ужо ледзьве трываў. Добра яшчэ, калі не наладзяць багамольле, — думаў ён. — Дзед ці Кажухар часам ня прэч былі памаліцца. А камандзір можа яшчэ й завесьці прамову-казань пра бацькаўшчыну, што таксама ня мёд. Не любіў Аўстрыяка марудзіць ні ў якой справе, ня той меў характар. А зрэшты, якога д'ябла яму зараз марудзіць? Каго цяпер яму трэба слухаць? Ужо цяпер ён сам сабе гаспадар, тым больш, што ў карабіне ў яго засталіся тры патроны. Яму ж хопіць і аднаго.

Падумаўшы так, ён адкінуў крысьсе свайго шызага, з двума радамі гузікаў аўстрыйскага шыняля, сеў на шорсткі белы імшанік і сьцягнуў з адной нагі бот. Брудная сапрэлая ануча сама раскруцілася на ступні, ён даслаў патрон у патроньнік і вялікім пальцам нагі намацаў спускавую скабу. Каб не разбурыць раптоўны намер, нават не зірнуў у той бок, дзе былі астатнія, рашуча ціскануў на спуск.

Ягоны зьнянацкавы стрэл змусіў усіх скалануцца. Крутнуўшыся ад ямы, мусіць, адразу зразумеў усё камандзір.

— Не дачакаўся! — сказаў ён, і відавочны боль мільгануў на ягоным схуднелым твары. — Забела і ты, — кіўнуў ён Казаку. — Давайце яго сюды.

Ня дужа, аднак, рашуча двое шарагоўцаў падышлі да нерухомага, скорчанага на баку Аўстрыякі, з разьбітай пашчэнкі якога лілася кроў — на цёмны, зашмальцаваны каўнер шыняля, на плячо, густа капала ў мох. Неяк няўмела яны падхапілі Аўстрыяку за рукі, пацягнулі нагамі па доле да ямы. Казак перад тым хацеў узяць карабін, ды Забела нецярпліва гыркнуў: «начорта табе», і той кінуў зброю на дол.

Яма ўсё яшчэ не была гатовая, мусіць, сапраўды трэба было яе паглыбіць на аршын ці болей. Пасьля нядоўгага перапынку, выкліканага Аўстрыякавым стрэлам, Мяцельскі зноў налёг на рыдлёўку. Яму таксама трываць было трудна, не ставала сілы чакаць, карцела скончыць усё як найхутчэй. Тое, што Аўстрыяка апярэдзіў усіх, яму не спадабалася — які разумны! Не стрываў. Добра яшчэ, калі ягоны стрэл не пачулі тыя, што недзе засталіся ззаду. А калі ўчулі? Вельмі нават проста яны тут могуць ня справіцца са сваёй задумай ды трапяць у іншую пастку. Яшчэ страшнейшую.

Але Мяцельскі ўжо ведаў, што жывым яму трапляць у бальшавіцкія лапы нельга, аднойчы ён ужо быў у тых лапах. I хоць тады левыя эсэры былі ў хаўрусе з бальшавікамі, да яго прычапіліся, быццам ён абурыўся на мітынгу за тое, што бальшавікі разагналі Усебеларускі кангрэс, на які выбіралі дэлегатаў усе — і армія, і сяляне, і работнікі. Вылучалі, абмяркоўвалі, галасавалі. Мяцельскі быў такі рады, што ад іхнае роты прайшоў ягоны сябра прапаршчык Каўшовіч, за якога Мяцельскі месяц драў горла на мітынгах. Ледзьве ня ўсім палком яны праводзілі прапаршчыка на станцыю ў Маладэчне, паціскалі руку, давалі наказы. Пасьля сталі чакаць. Але неўзабаве, замест дэлегата-прапаршчыка, прыйшла вестка, што кангрэс разагнаны бальшавікамі, а Каўшовіч толькі праз тыдзень ледзьве дабраўся зь Менску — бяз шашкі, дакумэнтаў і без мандата. Усё адабралі бальшавікі. Такога старэйшы унтэр-афіцэр Мяцельскі стрываць ня мог і з двума сябрукамі далучыўся да партыі эсэраў. Зноў разам з Каўшовічам яны ледзьве не штодня выступалі на салдацкіх мітынгах. Прапаршчык дык стараўся гаварыць складна, па-інтэлігенцку, а Мяцельскі звыклым салдацкім мацюгом «мяцеліў» і сваіх палкавых бальшавікоў, і іхнага начальніка Мясьнікова, якога называў ня йначай як крывавым мясьніком. Зімой яго ўзяла чразвычайка, пасадзіла ў сьмярдзючае складзкое сутарэньне, дзе напачатку ён добра выспаўся і думаў, што, мабыць, хутка выпусьцяць. Але ня выпусьцілі, а дні праз тры павялі наверх, да нейкага мізэрнага чарнявага камісарчыка. Той хвілін пяць вывучаў нейкія паперы, дзе, мабыць, было напісана пра ягоныя выразы наконт «крывавага мясьніка», а пасьля запытаўся, ці казаў ён тое. На гэта Мяцельскі зь невінаватым выглядам перапытаў: «А што — няпраўда?» Ён бы мог лёгка даказаць праўдзівасьць уласных словаў, але замест таго, каб слухаць арыштанта, камісарчык ускочыў з-за стала і замахнуўся ботам, цаляючы яму паміж ног. Мяцельскі лёгка перахапіў той бот, трошкі тузануў, і камісарчык бразнуўся патыліцай на падлогу. Ён толькі ўсьміхнуўся з слабасільнага небаракі, ды рана, відаць, усьміхнуўся. У пакой уварвалася іх цэлая зграя, яны «мяцелілі» яго ў куце, пасьля на падлозе, у яго не засталося жывога месца на целе, і ён тры дні не паднімаўся з гнілой саломы ў сваім сутарэньні. А як паднялі на чарговы допыт, у тым пакоі ўжо сядзеў іншы — мажны, таўставаты чалавек у вайсковай гімнасьцёрцы, ён усьмешыста, быццам нават спачувальна сустрэў арыштанта, папытаўся прозьвішча і, макнуўшы ў чарніліцу ручку, выразным почыркам вывеў на паперыне «расстрелять». Чамусьці яго не расстралялі адразу, некалькі дзён ён пакутаваў у сутарэньні, а затым у Менск увайшлі немцы. Варта з тае чразвычайкі паўцякала, дзьверы расчыніліся, і Мяцельскі, трымаючыся за сьцены, выйшаў на вуліцу. «Не! — сказаў ён сабе. — З гэтымі людзьмі ня жыць. Не дадуць». Паўгода затым ён сядзеў нахлебнікам у гараджанкі-сястры, крыху рабіў на бровары, быў за вучня ў габрая-шаўца, пілаваў з татарынам дровы для менчукоў. Як выбухнула гэтае паўстаньне за незалежнасьць, падаўся ў Слуцак, затым у Семежава, уступіў у Грозаўскі полк. Шкада, ім не пашэнціла ў сьнежні, не пашэнціла асобнаму батальёну ў партызанцы пасьля паўстаньня. Сілы былі ня тыя, і бальшавікі іх разграмілі адзін раз, затым другі і трэці. Увесну вайсковае шчасьце канчаткова здрадзіла паўстанцам, пазбавіла іх магчымасьці жыць.

Кажухар зь Дзедам тым часам сядзелі наводдаль і ціха гутарылі. Зрэшты, болей мовіў пра сваё Кажухар, якому, не перастаючы, балела рука. Пасьля раненьня перавязаць яе не было чым, тады абкруцілі па локаць нейкай зрэбнай анучай, якая адразу набрыняла крывёй, затым зьверху скарэла, і Кажухар болей не адважыўся яе садраць. Дый навошта ўжо зьдзіраць, хутка павінна было ўсё скончыцца — і боль, і ўсё астатняе. Люляючы цяпер гэтае балючае за пазухай вальлё, паранены мерна пагойдваўся ад болю і празь сьлёзы ціха жаліўся Дзеду:

— Ну завошта такая доля, скажы? Хіба я… Проціў Бога, ці што? Ці супраць людзей? Каб хоць як-небудзь жыць, дык нельга.

— Гэ, чаго захацеў! — зласнавата перапыніў яго Дзед. — Жыць!

— Ну. Жыць і то нельга.

— Было. Аджылі. А цяпер ляжам.

— Ляжам? Божа мой, Божа…

Кажухар, аднак, ня дужа бедаваў, што ляжа, спакутаваны ад болю, ён прагнуў аднаго — скончыць свае пакуты. Хаця б і ў магіле. Усё роўна жыцьцё спляжанае дарэшты. Некалі марыў набыць зямлю, каб зажыць на сваёй гаспадарцы, і нібы вол, ад зары да зары шыў кажухі, зьбіраў грошы. Абшыў кажухамі, лічы, такі горад, як Слуцак, а ягоная праца абярнулася торбай керанак, на паўпуда солі. Добра, што сын Уладзя, не глядзі што малады, а ўдаўся разумнейшым за бацьку, не падманіўся на ягонае рамяство, пайшоў у горад служыць. Можа, чаго й даслужыцца, асабліва калі выб'ецца ў якое начальства ды паладзіць з бальшавікамі. Бацька во не паладзіў, за тое яму такая расплата.

Ад болю ды роспачы Кажухар і стагнаў, і круціўся ў доле. Вочы яго змакрэлі, і ён ужо не саромеўся тае макраты, не выціраў іх. А Дзед побач бы й не прыкмячаў таго, сядзеў, унурыўшыся нерухомым позіркам у дол, і моўчкі, пакутна перажываў нядаўняе мінулае, яшчэ да паўстаньня, калі ён быў дома і пасварыўся з жонкай. Брыдка пасварыўся, хоць і было за што. Жонка ў каторы раз зрабіла ня так, але ж… Гэтая жаласьлівая кабета заўжды кагось шкадавала — то дзяцей, то суседак, ды асабліва каго-небудзь з радні. Хто бяднейшы. А бяднейшым з усіх быў яе малодшы брат Сёмка, мнагадзетны і негаспадарлівы селянін, які звычайна зь Вялікадня сядзеў без кавалка хлеба. У Дзеда ў сьвіронку была прыхаваная тарбінка грэчкі, меўся па вясьне засеяць лапік ля сажалкі — ня ўсё ж душыцца бульбай ды крупнікам. Але во жонка, як яго не было дома, добра-такі адсыпала з тае тарбіны брату — бач, згаладнелі дзеці. Згаладнеюць, ведама, бо трэба працаваць, дбаць пра дзяцей ды гаспадарку, а не лайдачыць паўгода на печы. I вось аддала пуд грэчкі, быццам самой непатрэбна. Дзеда гэта абурыла, проста ўзарвала, і ён даў добрага штурхаля жонцы, тая ўпала, загаласіла, а ён выскачыў на падворак, у самога аж трэсьліся рукі. Якраз трэба было зьбірацца ў полк на фармоўку, ён забег дадому за сякім-такім харчам, ды так і пайшоў улегцы, пад жончын плач. Спакваля, аднак, падабрэў, мінулася злосьць, і не шкада стала той грэчкі, а паскуднае пачуцьцё засталося, не міналася, нават расло з часам, і цяпер выбухнула, заглушыўшы ўсё іншае — ну трэба было? Гары яна гарам і грэчка, і ягоная ашчаднасьць. Ён гатовы быў аддаць усё, абы толькі засталася згода, дабрыня ды шкадаваньне адно аднаго. Бо чым цяпер жонка будзе памятаць яго? Тым грубым, злым штурхалём, ад якога паляцела ў кут?

Кепска, горка і балюча было на душы ў Дзеда. Калі б ня іх гэты канец, можа б, яшчэ і павініўся, і паладзіў з жонкай. Увогуле, яна была не злапомная, даравала рознае, ня першы раз. Але ўжо не павінісься — усё панясеш з сабой. На той сьвет. I ўсё праз гэтае іх жыцьцё, спрадвечную сялянскую галоту, якая душыла вяскоўцаў, не давала па-людзку жыць і нават па-людзку памерці.

— Божа міласэрны, маці-царыца нябесная, — са сьлязьмі шаптаў побач Кажухар. — Не пакінь нас, не адвярніся хоць у гэты астатні час…

— Успомніў! — зноў зласнавата буркнуў Дзед. — Як прыпячэ, тады ўспамінаем. Раней помніць трэба было.

— Ды ці я калі забываўся? Я заўжды помніў, маліўся…

— А цяпер маліся, не маліся — адзін канец.

— Ай, Божачка ты мой, Божачка! — ледзьве не екатаў Кажухар, усё люляючы руку. Так было яму балюча — і ад рукі, і на сэрцы, і хацелася спагады хоць бы ад таго, хто апынуўся тады бліжэй за іншых. Ды чалавек той, відаць, не прывык спачуваць. Зноў жа марна было цяпер спачуваць каму-небудзь — усе яны апынуліся ў аднолькавым гаротным стане і мелі аднолькавыя падставы для спачуваньня. Ад каго толькі? Хіба ад госпада Бога.

Мяцельскі капаў апантана, але, мусіць, трэба было глыбей, хоць няроўныя, абрушаныя берагі дасягалі яму пад пахі. Ды ён пачаў стамляцца, і камандзір, які прыкмячаў усё, кінуў Забелу:

— Давай, падмяні.

Нядаўні гімназіст Ігар Забела зь яўнаю неахвотай улез у яму, пераняў з рук Мяцельскага цёплы ад натруджаных далоняў тронак рыдлёўкі. Неяк так сталася, што ён хутка перажыў сваё напружаньне; стрэл, а затым і скрываўленая галава Аўстрыякі вярнулі яго да самотнай рэальнасьці, якая абяцала неўзабаве паставіць вялікую кропку на ўсім. Усьвядоміўшы тое, Ігар адчуў рэзкі інстынктыўны пратэст — як было добраахвотна класьціся ў зямлю ў свае няпоўныя дзевятнаццаць гадоў? Але няўмольная сіла абставін, якая ўсе апошнія гады люта ўладарыла над людзкімі лёсамі, гнула ягоную волю ў дугу, заўсёды дамагаючыся свайго. Рэдка калі тыя абставіны выяўлялі паслабку, давалі зрабіць, як сам хочаш. Дзіўна, але тады, у той самы рашучы вечар, калі ён мог бы зрабіць інакш, ён інакш не зрабіў. Праз боязь, страх і трывогу ён зрабіў так, як вымагаў ад яго сяброўскі абавязак, па-свойму зразуметае высакародзтва. Ён не адмовіў Алегу Блажэвічу, ён пайшоў зь ім. Ранічкай, як маці яшчэ спала, таропка сабраў свой небагаты набытак — пару бялізны, башлык, пачак папярос, Лёльчына фота і шаснуў праз чорны ход на зборны пункт у гімназію. Сярод пракуранай людзкой гаманы не адразу знайшоў свойго старэйшага сябра Блажэвіча, які, паціскаючы яму руку, каротка кінуў: «Малайчына, умееш трымаць слова гонару» і запісаў у сваё аддзяленьне. Тады, можа, першы і адзіны раз Ігар ціха паганарыўся ў душы за сваё высакародзтва, што намогся і стрымаў слова. Што, калі спатрэбілася, можа на справе абараніць незалежнасьць народнай рэспублікі, пра якую сказана столькі прыгожых і рашучых словаў. Ці ён думаў тады, што праз колькі тыдняў будзе выцягваць скрываўленае цела Блажэвіча з засьнежанага поля пад Семежавам — цяжкапаранены ўранку, той да вечара сьцякаў крывёй пад бальшавіцкім агнём, увесь дзень да яго нельга было падабрацца. Ігару ў тых баях наогул пашчасьціла, можа, пашчасьціла і пазьней, ніводная бальшавіцкая куля яго не зачапіла. Мусіць бы, куды лепш было яму легчы разам з Блажэвічам, прынамсі, не спазнаў бы таго, што давялося спазнаць затым і што ня дай Бог спазнаць нікому. I ня толькі іхны жахлівы паўстанцкі лёс, але і трохі іншае. Яшчэ да таго, як спаліць усе дакумэнты, неяк лежачы надвячоркам у кустоўі, ён спаліў Лёльчына фота, як дазнаўся ад людзей, што яго сьветлае, незямное каханьне стала жонкаю чырвонага слуцкага ваенкома. Ён узьненавідзеў яе за здраду, без агіды ня мог сабе ўявіць, як яна цалуецца там са сьмярдзючым бальшавіцкім камісарам, не разумеў, чаму яна стала не такой, як была раней, — чужой, нават варожай. Але неяк памалу тая яго нелюбоў выпетрылася, Лёлька рабілася для яго ўсё больш абыякавай, і ён болей думаў пра маму, дужа дакараў сябе за ўсё тое, што прычыніў ёй сваім гэтым свавольствам. А найбольш ён шкадаваў сябе, сваё кароткае жыцьцё. Жыцьцё, канечне, не ўдалося, чаго было за яго трымацца, чаго шкадаваць? Але ўсё роўна было шкада, хацелася жыць хоць як-небудзь, хай у той іх калатнечы. Ды было неяк. Неяк, бо ён дужа любіў сваю маму, што ўжо страціла на мінулай вайне ягонага айчыма, штабс-капітана Левандоўскага, любіў-шкадаваў меншага браціка Паўліка. Як ім будзе жыць пры такім іх сынку і братку?

Забела капаў ня так каб і ўвішна. Глыбіня стала, мусіць, такой, якой і патрэбна было, кідаць жвір ён намагаўся высока, ды глыжы ўсё скочваліся зь берагоў у яму — ужо не ставала сілы кідаць вышэй і далей. Зноў жа падмяніць яго, мусіць, не засталося нікога, пэўна, усе ўжо адбылі сваю чаргу. Апроч, вядома, параненых Кажухара і камандзіра. Значыць, яму і давяршаць гэтую невясёлую справу.

Камандзір ня мог скрануць шыяй, павярнуць галавы, але ён дбаў усё рабіць як належыць і кожную справу даводзіць да канца. Гэта было ягоным правілам са студэнцкай маладосьці, як вучыўся ў сэмінарыі, затым выкладаў у гімназіі, а таксама ў вайну, калі, стаўшы прапаршчыкам, камандаваў паўротай у інгерманлядзкім палку. I калі ў яго што-нішто не атрымлівалася, не знаходзіла завяршэньня, дык часьцей не зь ягонай віны — з прычыны ўмяшаньня вышэйшых камандзіраў ці зьбегу зьменлівых абставін. Як з гэтым іх партызанствам. Калі б ён быў на месцы камандзіра батальёна, дык шмат што, асабліва спачатку, рабіў бы інакш, ня лез бы на злом галавы супраць пэўнай сілы, і, можа б, тады яны не дайшлі да гэтае ямы як да нейкай містычнай расплаты за ўсё ранейшае. Ці да апошняй кропкі ў тупіку, куды іх загнаў неміласэрны паўстанцкі лёс.

Цярпліва чакаючы, калі нарэшце будзе гатовая гэтая яма-магіла, камандзір міжволі і ў каторы раз перабіраў у памяці падзеі апошніх тыдняў-месяцаў іх барацьбы, каб усё ж хоць перад канцом зразумець нейкі таямнічы сэнс іхнага трагічнага фіналу. Але, мусіць, усё ўжо было перабрана ў памяці. Натуральна, камандзір разумеў, што прысуд ім быў вынесены даўно, гэты зыход быў відавочны, як толькі яны кінулі выклік страшнай сіле і сталі са зброяй у шарэнгу. Выклік быў дзёрзкі і рашучы, а сілы ўсё ж малыя, і менавіта гэтая акалічнасьць вырашыла ўсё астатняе. Але і як было іначай? Народ чакаў, а кіраўнікі адзін перад адным імкнуліся выступіць. Верныя рыцары рашучай фразы, яны сьпярша ап'янілі тых, хто іх слухаў на ўсіх тых шматлюдных мітынгах, а затым неўпрыцям і самі паверылі ў свае прыгожыя словы. Калі ж і самі сталі нявольнікамі ўласных хмельных прамоваў, тады ўжо нічога нельга было ні спыніць, ні перайначыць. Яны былі змушаныя, за імі пайшлі іншыя, — найперш, хто мала разумеў, але надта верыў. А то ішлі з пачуцьця абавязку, раптоўна народжанага гонару і таму не маглі не пайсьці. Калі не цяпер, дык калі ж? Хіба што ніколі. Але ніколі — было страшна, страшней за пагібель, бо было банкруцтвам усяе сьвятой, шматгадовае справы. Так, ён таксама нямала сумняваўся ў хуткім посьпеху паўстаньня, яшчэ больш было ў яго недаверу да колькі-небудзь удалага партызанства іхнага асобнага батальёна. Але ішоў, бо для яго заставалася пэўным: тое трэба было колісь зрабіць, раней ці пазьней. Без таго, бязь іхнае галаваломнае адвагі, ахвяр і крыві ўся іх нацыянальная справа, бы невылечны сухотнік, асуджаная на вялы, задоўжаны скон. Цяпер на скон ня будзе асуджана. Зерне кінута, па вясьне ўгрэецца глеба, будуць усходы. Колькі б зіма ні доўжылася, настане вясна. Яны ж угнояць глебу, мусіць, такое іх гістарычнае прызначэньне, так трэба. Для вольнай радзімы і для гісторыі.

Так суцяшаў сябе камандзір, а гарката няўдачы душыла яго, сьціскала прастрэленую шыю, цяжка было дыхаць — на хадзе і тут, па-над ямай таксама. I тады ён успомніў даўні, звыклы зь юнацтва твар другога асуджанага, што калісьці стаяў не над ямай — пад вісельняй, і яго вешчыя словы да каханай Марыські. Да Беларусі. Ніколі яна ня будзе ні вольнаю, ні шчасьліваю, пакуль ня скіне з душы прыгон маскаля. Апынуцца паміж Расеяй і Польшчай — усё роўна што паміж кувалдай і молатам, які б'е мэтадычна, магутна, бязьлітасна. Нішто не стрывае тых жахлівых удараў. Пакуль б'е молат і рэжа галовы серп. Гэта ж трэба такое прыдумаць — молат і серп, серп і молат…

Сарокі ў гольлі сакаталі ўсё болей, бы прадчуваючы тое страшнае, што тут неўзабаве адбудзецца. Іх ужо ніхто не адганяў, не палохаў, і яны бязладна паначапляліся на бярозах, спраўлялі свае птушыныя хаўтуры. Зводдаль ад іх зьявіліся са тры вароны. Тыя сядзелі спакайней, толькі зьдзіўлена пазіралі ўніз, але маўчалі. Людзям жа было не да іх. Людзі апекаваліся ўласным клопатам.

Можа, самы спакойны, ціхманы і з выгляду нават абыякавы да ўсяго ў гэтай грамадцы быў Казак, шараговы стралец, патомны парабак слуцкіх фальваркаў. Галоўным правілам яго ў жыцьці было: як усе. Як усе паводзіў сябе ён, калі рабіў у пана Пясецкага: рабіць дык рабіць, есьці дык есьці, спаць дык спаць — як усе. I на паўстаньне пайшоў таму, што пайшлі парабкоўцы з маёнтка — усе шасьцёра. Калі б яны пайшлі да бальшавікоў, мусіць, да бальшавікоў пайшоў бы і Казак. Але вызначыў выпадак ці, можа, адзін парабак, які па вясьне паявіўся ў іхным маёнтку. Ён не казаў, дзе рабіў да таго, але ў маёнтку быў прыстаўлены памагатым да цесьляра, рамантаваў інвэнтар. Гэта быў дужа гаваркі чалавек. Сьпярша хлопцы ня дужа верылі, казалі: балбоча. Але неўзабаве ўслухаліся і сьцямілі, што балбоча ня так сабе, нешта ўсё ж ведае. А і сапраўды, ведаў ён шмат што і шмат дзе пабываў за свае яшчэ маладыя гады, нават у Піцеры і ў Рызе. Казаў, што па перакананьнях ён сацыяліст-эсэр і што толькі тады па-людзку зажывуць працоўныя людзі, як падзеляць панскую зямлю. Але перш чым падзяліць, зямлю трэба было адваяваць у паноў — палякаў ды расейцаў, Беларусь павінна стаць незалежнай, як Польшча ці Нямеччына, мець свой урад і свой парлямэнт. Сьпярша гэта здалося дзіўнаватым — беларускі парлямэнт! Але пасьля, як у Менску сабралі кангрэс, хлопцы і праўда паверылі эсэру, бо нешта там адбывалася падобнае на яго прадказаньні. Як загарэлася гэтая калатнеча ў Слуцку, ён і сагітаваў усіх ехаць туды. Казак доўга не вагаўся, прыкінуў: ваяваць за Беларусь мо ня будзе трудней, чым штодня ішачыць у панскім маёнтку. Зноў жа, адгаворваць яго не было каму, шкадаваць таксама. Уранку яны запрэглі панскую фуру і ўсе шасьцёра пакацілі шашою ў Слуцак. Начальнікі і каторыя разумнейшыя з шарагоўцаў казалі: да зімы пераможам, вернемся і зажывём сваёй беларускай сям'ёй, па справядлівасьці, без маскалёў і палякаў. Ведама ж, жыць сваёю сям'ёй, па справядлівасьці ды ў згодзе, хто не схацеў бы? Асабліва яшчэ, калі надзеляць зямлёй. Казак быў ня супраць. Абы ўдалося. На жаль, не ўдалося. Ня толькі сваёй сямейкай, але й наогул жыць. Ды што ж… Казак не разумнейшы за іншых і, канечне, не шчасьлівейшы. Калі во камандзір, былы афіцэр і вучыцель, кажа, што іначай нельга, значыцца, і праўда нельга. Значыць, нявыкрутка, і таго, што яны ўдумалі, мусіць, не абысьці. Прыйдзецца паміраць. Але як усе, так і Казак. Вось калі б закурыць толькі. Перад сьмерцю…

Закурыць, аднак, не было ні ў кога, і Казак патупаў, патупаў каля кучы жвіру ды стаў чакаць свайго часу.

Нарэшце адчуўшы, што хопіць, Забела збольшага параўняў дол у яме, памераў крокамі. Атрымалася восем крокаў удоўжкі, мабыць, хопіць на ўсіх.

— Фініта ля камэдыя! — знарок бадзёрым голасам гукнуў ён і кінуў угору рыдлёўку.

— Ладна, годзе, — глуха азваўся камандзір і паклікаў астатніх. — Усе — сюды!

Калі яны неяк нясьмела, бы баючыся, узьлязалі на жвір, бліжай да ямы, камандзір ціха спытаўся:

— Хто першы?

— Першы ўжо ёсьць, — сказаў Мяцельскі. — Во Аўстрыяка.

— Давай яго сюды.

Разварочваючы ботамі рыхлую кучу, Мяцельскі рашуча падвалок распластанае цела Аўстрыякі да ямы, уніз галавой падаў яго Забелу. Той, ледзьве сам утрымаўшыся на нагах, пераняў небараку, сьцягнуў з краю ямы і неяк выпрастаў яго ў доле. Рукі Аўстрыякі трэба было пакласьці на грудзях, але тыя ніяк не хацелі складвацца і тырчэлі скорчанымі пальцамі ўгору.

Тым часам да ямы падышлі Дзед з Кажухаром; трошкі зводдаль боязна-ваўкавата прыткнуўся непрыкметны Казак. Валодзька ўвесь час быў побач з камандзірам. Ён змарнеў з твару, прыціх, здаецца, баяўся вымавіць слова. Мяцельскі высока стаяў на кучы жвіру.

— Дык як будзем? Па адным ці ўсе разам?

— Па адным, — ціха мовіў камандзір. — З нагана.

— У яме. Каб меней грукату.

Мабыць, усе ўсё зразумелі і сьціхлі, нават ня дыхалі. Камандзір абвёў усіх чужым напружаным позіркам і адчуў, што трэба нешта сказаць на разьвітаньне. Ці на суцяшэньне. I ён сказаў:

— Што ж, спадары… Нам не ўдалося, можа, удасца іншым. Яны нас успомняць. Усё ж мы не за сябе, не за сваё, якога ў нас не было. Мы — за Беларусь. Нашу няшчасную старонку. Прымі, Божа, твае ахвяры…

Яны ўсе стаялі і маўчалі. Яны чакалі. I камандзір, зглытнуўшы даўкі камяк у набалелым горле, раптам сказаў са знарочыстай строгасьцю:

— Хто першы?

Выдалася кароценькая пакутная паўза, пасьля якой Мяцельскі кінуў са злосным адчаем:

— Ат, маць тваю… Давай я…

Зноў абрушваючы жвір, рашуча скочыў у яму.

— Давайце рэвальвэр!

Камандзір расшпіліў на баку кабуру, выняў наган. Мяцельскі ўхапіў яго зьнізу, рухава выцягся побач з застыглым ужо Аўстрыякам.

— Жыве Беларусь!

— Жыве, — нечакана слабым голасам азваўся камандзір, і глухі рэвальвэрны стрэл у яме перапыніў ягоны водгук. Дзьве сарокі з бліжняй бярозы спуджана пераляцелі на дрэвы далей. А на зямлі зноў настала пакутная паўза, усе стаялі моўчкі, баючыся зазірнуць у яму.

— Ну, хто далей? Ты, Зубко? — няпэўна павярнуўся камандзір у бок Дзеда. Той сігануў цераз жвір і спыніўся.

— А ружжо?

— З ружжом, братка, — мякка сказаў камандзір.

Тады Дзед неяк грузна зваліўся ў яму, і яны зноў зьнерухомелі, чакаючы. Чакаць, аднак, давялося нядоўга, стрэл каротка гукнуў і сьціх.

— Ну? — зноў павярнуўся камандзір да астатніх. Засталося іх тут пяцёра. — Ты? — запытальна кіўнуў ён да Кажухара.

— Ды я… Калі адважуся. Калі што, дык прыстралі, камандзір. Калі што…

I няспрытна ўсеўшы на бераг ямы, Кажухар ціха споўз туды. Яны зноў прыціхлі. Чакаць давялося даўжэй, чым тыя разы, мусіць, Кажухару ня дужа ўпраўна было з адною рукой. Нарэшце-такі ў яме лопнула тугім стрэлам. Камандзір падышоў, зазірнуў туды, пастаяў крыху, углядаючыся ўніз, ды зноў павярнуўся да астатніх.

— Так. Забела!

— Я! — з гатоўнасьцю адгукнуўся Ігар і, не раздумваючы, лёгка скочыў уніз. — Я зараз. Тут толькі трэба паправіць, — пачулася зь ямы.

Яны не глядзелі, што ён там папраўляе. Міжволі мярцьвеючы ў страхавітым напружаньні, яны чакалі стрэлу. У барабане нагана яшчэ заставалася тры патроны. Але ж тут іх стаяла чацьвёра… Гэтае адкрыцьцё сьпярша зьбянтэжыла камандзіра, а затым раптам узрадавала. Здаецца, яно давала нейкае выйсьце ў няпростай сытуацыі, пра якую ён цяпер напружана думаў.

Калі, як заўжды, боязна вычакаўшы стрэлу, яны азірнуліся, дык Казак адчуў, што настала яго чарга. Без напамінку або загаду ён разам са стрэльбай лёгка шаснуў у яму, дзе праз кароткі час трэснуў рэвальвэрны стрэл. На край ямы ступіў амаль зьмярцьвелы Валодзька.

— Сулашчык! — гукнуў да яго камандзір. — Пастой…

Валодзька спыніўся, ледзьве ўтрымаўшыся на беражку ямы. Ён нават не зірнуў туды, штосьці новае адчуўшы ў голасе камандзіра.

— Табе, Сулашчык, заданьне: закапаць, зараўняць. Каб сьледу не асталося. I — жыві!

— Я?

— Ты, а хто ж. Жыві. За нас, за бацьку. Дай я цябе абдыму.

Няспрытна, адною рукой камандзір нямоцна абняў Валодзьку. Трохі памарудзіў і таксама, густа абрушваючы жвір зь берагоў, зваліўся ў яму. Валодзька застаўся стаяць — прыгаломшаны, разгублены, працяты адным пытаньнем: як гэта — жыві? Адзін? За ўсіх? Але як яму жыць бязь іх? Ці магчыма гэта наогул? Тое было незразумела, і ён стаяў, агалошаны, аднак, раптоўнай надзеяй, што будзе жыць. Яна, тая надзея, заглушыла ўсе ранейшыя памкненьні, разбудзіла новыя пачуцьці. У душу лінула сьвятло, і ён ажно скалануўся ад неспадзеўкі, калі зь ямы пачуўся апошні стрэл. Гэта быў стрэл камандзіра. Валодзька заставаўся жыць.

Пасьля ён закопваў яму-магілу і плакаў. Ужо можна было ня стрымліваць сьлёз, саромецца тут не было каго. У яму ён не зірнуў ні разу, ён гроб і гроб рыдлёўкаю рыхлы жвір зь берагоў і думаў, што здатная будзе магіла, сухая, калі б такая дасталася бацьку. Крыўдна было да сьлёз, але бацьку ён закапаў на прырэчнай балацявіне, у тарфяніку. Выкапаць глыбока там не было як, падступала балотная вада, дый часу надарылася якая гадзіна. Такі вось лёс чалавека, якога Валодзька любіў усё жыцьцё, жыць зь якім усё жыцьцё марыў. Ды жыць не давялося. Здаецца, болей за ўсё бацька любіў Беларусь, і за гэтую сваю любоў дзевяць гадоў прагібеў на нарымскай катарзе, нажыў там сухоты. За той час бязбацькавічам падрос у Клецку Валодзька. Доўгія гады марыў, як дачакаецца і сустрэне з катаргі свайго сацыяліста-бацьку, як яны затым будуць заўсёды разам. I праўда, дачакаўся. Ды разам давялося пабыць нямнога, бацьку зноў паклікала Беларусь. Ідучы на фармаваньне палка, той нізашто не схацеў браць з сабой пятнаццацігадовага сына, казаў: рана, хай чакае яго зь перамогай пад бел-чырвона-белым штандарам. Валодзька і праўда застаўся дома, у іх слуцкім дамку, дзе яны другі год кватаравалі ў пані Хаванскай. Ды дома Валодзька доўга ня ўседзеў, асабліва калі дазнаўся, што ягоны катаржнік-бацька стаў камандзірам роты, у якую набірае шарагоўцаў. Маці яго тры гады таму як памерла, дома гаспадарыла старэйшая Валодзькава сястра Саша, якая сама рвалася ў войска, дзе апынуўся яе падпаручнік муж, але ў яе была маленькая дачушка Леначка, і Валодзька наважыўся. Аднойчы ў марозьлівы восеньскі адвячорак ён нечакана паявіўся ў Грозаве, адшукаў у штабной хаце бацьку, і ў таго ўжо не хапіла рашучасьці прагнаць яго з батальёна. Над Мораччу зазімкам яны прыкрывалі з групай адыход батальёна, і бацька, перабягаючы, атрымаў тры кулі ў грудзі. Доўга, марудна канаў на руках у счарнелага ад гора сына. Валодзька ледзьве пасьпеў закапаць яго ў балацявіне, калі ўжо бальшавіцкія ланцугі шарылі ў прырэчным кустоўі — шукалі параненых.

Капаў Валодзька нядоўга, з усяе сілы гроб і гроб жвір, раўняў, раскідваў яго ў бакі, каб меней было прыкметна, што тут нехта поркаўся. Стаміўся страшэнна, але спакваля пачаў спакайнець. Перад тым усё баяўся ня справіцца, не пасьпець скончыць сваю сумную справу. Усё азіраўся, баючыся, што між хвояў паявяцца тыя. Але, здаецца, пасьпеў. Уся зброя — наган і вінтоўкі — засталіся ў яме, у яго была толькі рыдлёўка, якую трэба было закінуць куды далей. Каб не знайшлі.

Мабыць, ужо надвячоркам з той рыдлёўкай у руцэ ён і пабрыў па лесе. За ім, пералятаючы з дрэва на дрэва, сакатала і сакатала, бы гналася, зграя сарок, і ён ня ведаў, як ад іх адчапіцца.

Ён ішоў і ішоў, сам ня ведаючы, куды — абы прэч з гэтых жудасных Чорных лядаў…

Загрузка...