З часоў Шэксьпіра чалавецтву вядома, якая гэта выдатная справа — непарыўная повязь часоў, і як кепска, калі тая повязь ірвецца. Што тычыцца беларусаў, дык мы гэта пазналі на нашым шматвяковым гістарычным вопыце, дзясяткі гадоў мы жылі, адрэзаныя ад нашага мінулага, ад нашага досьведу, ад нашай гісторыі.
У тым ліку і нядаўняй — гісторыі мінулай вайны.
Зь цягам часу памяць пра яе актыўна замянялася на прапагандавыя схемы, а яе вялікая праўда — на карысьлівую праўдзівасьць таталітарнай партыі. Тыя, хто перанес на сваім гарбу крывавы цяжар вайны, ня надта схільныя памятаць сябе пакутнікамі — лацьвей пачувацца героямі на гарачых канях пад чырвонымі сьцягамі. Тым болей, што сэрвільная пасьляваенная гістарыяграфія, тлумы цынічных навукоўцаў не перастаюць пераконваць: ваша праўда — у вернасьці ідэалам! У вашым бесьсьмяротным гераізме.
Гераізме — так, але ж…
Але ж поруч з гераізмам было на вайне і інакшае. Годнае суседзіла з подлым, добрае — з кепскім. Як і ў самім жыцьці. Як і ў нашым сёньня, якое гэтак абрыдла большасьці. Большасьці, што апынулася ў дурнях і ня можа зразумець, па чыёй віне.
Па віне ўсё тых жа.
Хто рэвалюцыю робіць чужымі рукамі, хто вынішчае іншых, непадобных да сябе. Хто прывык жыць у абставінах лютай барацьбы — найперш са сваімі, бо сваіх лёгка перамагчы. Хто ў бой пасылае іншых, а сам застаецца камандаваць. I з гэтае нагоды пры ўсялякіх крывуляках лёсу мае барыш. У форме ўлады, прывілеяў ці, як цяпер, — даляровага рахунку ў банку.
Мы, беларусы, у гэтым сэнсе — асабліва цёмныя людзі. Дагэтуль мы не перастаем блытаць колеры, думаць, што брунатнае надта адрозьніваецца ад чырвонага. Быццам ня ведаем, што ў спэктры шмат іншых колераў, і ёсьць пэўная магчымасьць выбару. Найперш выбару свайго колеру — не чужога. Бо чужы ніколі ня стане нашым, ён ужо нейчы. Кімсьці прысвоены, камусьці належыць. А інстынкт прыватнай уласнасьці, як вядома, — магутны інстынкт, дадзены чалавеку ад Бога. Нікому з жывых істотаў Бог ня даў гэтага інстынкту, апроч чалавека. Людзі сьвету зразумелі гэта даўно, а мы толькі пачынаем разумець цяпер. Колькі ж мы нарабілі памылак на гістарычным шляху да таго разуменьня…
Дык, можа, хоць напрыканцы XX стагодзьдзя перастанем быць дурнямі. Убачым пра сябе праўду. Нават і непрывабную. Праўда ў гісторыі — функцыя адназначная, зь яе робяць урокі. З хлусьні ніякіх урокаў ня зробіш, апроч новай хлусьні.
У гэтай кнізе, як спадзяецца аўтар, — дробныя аскялёпкі нашай вялікай праўды, якія, можа, каму-небудзь спатрэбяцца. Для дабра, зразумела.
Калі тое здарыцца, дык аўтар будзе ўдзячны. Выдаўцам, аднадумцам і чытачам таксама.