Да ўрачыстага сходу ў гонар 75-й гадавіны абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1993 года
Шаноўная грамада!
Мы сабраліся, каб адзначыць 75-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. I дазвольце мне перш за ўсё сказаць вам: "Са святам, дарагія людзі! З вялікім нацыянальным святам!.." На працягу многіх дзесяцігоддзяў гэта несумненна выдатная ў гісторыі нашага народа падзея падвяргалася безагаворачна негатыўнай ацэнцы, па сутнасці, рэзка і груба адмаўлялася як нібыта антынародная, варожая карэнным інтарэсам працоўных Беларусі. Адмаўленне гэтае тлумачылася ў першую чаргу артадаксальна класавай і вялікадзяржаўнай імперскай пазіцыяй крамлёўскага ўраду, які навязваў свой погляд і гуманітарыям-навукоўцам і шырокім колам грамадскасці ў якасці абавязковага. Якое б то ні было адступленне ад афіцыйнага погляду не дапускалася, фактычна, пытанне лічылася недыскусійным. У выніку — грамадская думка знаходзілася ў аблудзе, праўдзівая гісторыя БНР ад народа хавалася. Шкода ад гэтага грамадству чынілася вялікая, як і заўсёды, калі праўда топчацца, а хлусня перамагае. Што ж, нашы адносіны да сваёй уласнай гісторыі, наша здольнасць чарніць і закрэсліваць яе — ужо даўно набылі ў свеце сумную, ганебную для нас, вядомасць. Тое, чым трэба ганарыцца, — мы прыніжаем і аплёўваем. Тое, што павінна аб' ядноўваць і гуртаваць нацыю, — у нас працуе на адчужэнне і канфрантацыю. Нават такія трагедыі, як Хатынь. Нават такія векапомныя даты, як дзень абвяшчэння БНР.
I ўсё ж — час ідзе наперад і робіць сваю справу. Беларусь стала незалежнай дзяржавай і ў якасці такой прызнана амаль усім светам. Паявілася магчымасць глянуць на Акт 25-га сакавіка 1918 года непрадузята, аб'ектыўна, вачыма людзей, якім дарагая праўда аб станаўленні сваёй уласнай дзяржавы, якой бы складанай і заблытанай, якой бы горкай і драматычнай гэтая праўда ні была. Сёння трэба надта ж не хацець прызнаць гэту праўду, а галоўнае — надта ж не хацець прызнаць новую гістарычную рэальнасць, новую незалежную дзяржаву на палітычнай карце Еўропы, — каб не бачыць бясспрэчна прагрэсіўны сэнс таго, што было здзейснена ў сакавіку 1918-га на Беларусі.
Утварэнне БНР было лёсавызначальным момантам у адраджэнні беларускай нацыянальнай ідэі, у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. I калі мы, грамадзяне Беларусі, з пачуццём годнасці і гордасці вітаем сёння сваю вольную незалежную Дзяржаву, дык жа мусім разумець і помніць, што гэтае радасці напэўнае не прыйшлося б нам зведаць, калі б не той далёкі пачатак, калі б не тая першая вяха на доўгім і пакутным шляху да перамогі справядлівасці. Ясней чым ясна, што без абвяшчэння незалежнае Беларускае Народнае Рэспублікі не магла б узнікнуць БССР. Ведаючы, якія былі адносіны да беларускай ідэі з боку Мяснікова, Кнорына, Ландэра і іншых кіраўнікоў бальшавіцкай дыктатуры на Беларусі, можна быць пэўнымі, што пра самастойную Беларускую Дзяржаву — хай сабе і савецкую і сацыялістычную — і гаворкі б у Крамлі не было. У сітуацыі ж, калі паявілася і была прызнана некаторымі дзяржавамі БНР, не даць вышэйшага дазволу на ўтварэнне БССР было немагчыма.
Хоць БССР як дзяржава і была моцна абмежаваная ў паўнамоцтвах, тым не менш — ідэя дзяржаўнасці, так бы мовіць, цеплілася, трымалася як душа ў целе, і рэспубліка нават была прынята ў ААН, нават стала членам-заснавальнікам гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі. Што і казаць: гэтая акалічнасць нам добра памагла цяпер, на новым этапе нашага адраджэння, калі яе вялікасць гісторыя яшчэ раз дала нам шанц — канешне ж, апошні раз, апошні шанц — уваскрэснуць і навекі заняць "свой пачэсны пасад між народамі". Будзем жа паслядоўнымі: калі мы вітаем сённяшнюю Рэспубліку Беларусь — дык аддадзім належнае БНР і тым людзям, якія ў неверагодна складаных умовах яе ўтварылі, аддадзім належнае іх палітычнай і дзяржаўнай мудрасці, іх геніяльнаму адчуванню гістарычнага моманту і прарочай празарлівасці. На жаль, быць удзячнымі сваім вялікім папярэднікам мы не ўмеем, усё яшчэ не навучыліся. Да гэтага часу, да сённяшняга дня паўтараюцца старыя і пл ятуцца новыя брудныя плёткі і пра БНР і пра яе творцаў. Пры гэтым даходзіць да нечуванага цынізму, калі ў гэту марную і звышняўдзячную справу ўцягваецца імя Янкі Купалы, калі пад брутальную паклёпніцкую пісаніну падвёрстваюцца чыстыя і светлыя радкі вялікага паэта. Удумацца толькі: Янку Купалу, буйнейшага ідэолага і сцяганосца беларускага нацыянальнага адраджэння, Купалу, які будзіў і клікаў усю Беларусь "на вялікі сход" і дарыў першым беларускім жаўнерам свае натхнёныя "ваяцкія" песні, сённяшнія мяснікоўцьі і кнорынцы цытуюць у сваіх чорных падваротных лістках як свайго паплечніка ў барацьбе супроць незалежнай Беларусі! Як быццам у іх шэрагах не хапае вартых гэтай "высакароднай" справы сучасных "талентаў"!
Стваральнікі БНР не былі выразнікамі класавых інтарэсаў беларускай буржуазіі, памешчыкаў і капіталістаў. Бо і самі яны, за нязначным выняткам, былі дзецьмі му жыцкай вёскі, дробнай шляхты, рабочых ускраін горада, рамеснікаў і чыгуначнікаў, прыгнечанай нацыянальнай інтэлігенцыі. Лёс амаль кожнага з іх склаўся далей трагічна — і тых, хто ў сярэдзіне 20-х паверыў у БССР як у здабытую нарэшце Бацькаўшчыну, і тых, хто такога даверу да сталінскіх апрычнікаў на Беларусі не выказаў. Лёсы іх, паўтараю, — адна з самых трагічных старонак нашай гісторыі. Старонак, аб'ектыўнае даследаванне якіх яшчэ толькі пачынаецца.
Галоўнае пытанне, якое стал а вадападзел ам у белару скай гісторыяграфіі 20-га стагоддзя, — было ці не было ўтварэнне БНР выяўленнем волі беларускага народа? Сёння на гэта пытанне можна адказаць зусім адназначна: было! Бясспрэчна, было! БНР, яе праграма і яе ўрад зарадзіліся ў нетрах УсебеларускагаЗ'езду, наякісабралісязвыш 1800дэлегатаў з усіх. этнічных куточкаў Беларусі. Не купка адшчапенцаў і здраднікаў беларускага народа, як дагэтуль лемантуюць нашы "дабразычліўцы", а без мала 2000 сыноў і дачок Бацькаўшчыны, пераважна ў салдацкіх шынялях і сялянскіх світках, шчырыя ў сваёй любові да Беларусі і самаахвярныя, — з адзіным наказам: ажыццявіць нарэшце адвечную запаветную мару беларускага народа — стварыць сваю дзяржаву, каб "людзьмі звацца". Гэта быў незвычайны парыў разбуджанага народнага духу, — такі парыў, якога пасля ўжо не было ніколі. Знаць, багаславёная зямля наша, калі так хутка, амаль імгненна, азваліся на покліч жыцця і часу тысячы яе шчырых рупліўцаў, заступнікаў і абаронцаў. Амаль усе яны пазней былі пакараны, загублены ці асуджаны на пакуты, а ўся "віна" іх перад гісторыяй Беларусі ў тым, што яны мацней чым іншыя любілі Бацькаўшчыну, глыбей разумелі яе трагічны лёс, ясней і лепш бачылі яе шляхі да запаветнай будучыні. Гэта былі людзі, якія і пасля, пазней, і на страшнай галгофе душы, услед за сваім паэтам, маглі горкавыдыхнуць: "Мне сняццасны абБеларусі". Тое, чаго ніколі не маглі і не могуць сказаць мяснікоўцы і кнорынцы.
Адсюль і розніца ў падыходах да ўзнікнення Беларускай дзяржавы. Ці мы яе створым самі і так як хочам, адпаведна нашым уласным ідэалам, ці атрымаем яе з нейчых рук гатовую і такую, з такою доляй свабоды і незалежнасці, наколькі хопіць спагады і шчодрасці панам-дабрадзеям. Ідэя БНР не была навязана зверху або інспірыравана аднекуль збоку, з пазамежжа. Яна была прадыктавана самім ходам народнага жыцця-быцця як гістарычная непазбежнасць. I яна вынікл а, яна паўстала, яна, калі хочаце, выбухнула з той магмы гневу і крыўды, якая з цягам стагодцзяў збіралася і кіпела і бурна клекатала ў неабсяжнай і бяздоннай душы народнай. Яна, гэтая ідэя, адбылася, здзейснілася як неадменны гістарычны факт. Таму адмаўляць яе або перакрэсліваць яе значэнне — проста неразумна, відочная недарэчнасць. Так, ідэя БНР рэалізавалася ў прасторы гістарычнага часу не поўнасцю, у тых варунках яна і не магла рэалізавацца ва ўсёй сваёй велічнай задуме. I аднак жа значэнне яе ў жыццёвым лёсе беларускага народа — велізарнейшае і непераходнае, урокі яе і сягоння, я сказаў бы — асабліва сягоння, і жыватворныя і дарагія. Дарагія і ў самым простым сэнсе слова — яны надта дорага каштавалі нашаму народу, яны аплочаны пакутамі і жыццём тысяч і тысяч лепшых грамадзян Айчыны. Пры гэтым хацеў бы падкрэсліць наступнае. Калі людзі за ідэю ідуць на вялікія пакуты, на катаргу, у канцлагер і на расстрэл, на смерць — дык мусіць жа гэта ідэя нечага варта! I калі гэту ідэю так стараліся, а яШчэ і сёння стараюцца задушыць — значыць, яе баяцца, значыць, яна для' 'ворагаў беларушчыны'' страшная! I калі гэту ідэю столькі кляймілі, абражалі, заганялі ў падполле — а сэрцы людскія цягнуцца да яе ўсё больш і больш, і пры гэтым усё болын распростваюцца і дужэюць і акрыляюцца, — значыць, яна і добрая, і справядлівая, і несмяротная. А ўкладваецца ўсяго ў два звычайныя словы: жыве Беларусь!
Ніл Гілевіч