Талісман, ты мяне беражы,
Беражы, талісман, беражы,
I на самым крутым віражы
Затрымай на апошняй мяжы.
Я так веру ў цябе, талісман!
Я цалую цябе, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы
I мацней да жыцця прывяжы.
На зямлі, дзе радзіўся і рос,
Дзе паверыў аднойчы ў свой лёс,
Не аддай у бязвер'е і зман,
— Ты адзіны мой бог, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы,
Беражы і яшчэ паслужы:
На развілку дарог у глушы,
Дзе бялее рушнік на крыжы, —
Пераймі ад кашчавай ганца —
Каб я песню дапеў да канца
25.XІ.93.
Сябры мае!
Браты і пабрацімы!
Я ўспамінаю вас усіх дабром.
Калі ж прыедзеце ў мой край гасцінны?
Калі мяне запросіце ў свой дом?
Чаго чакаем?
Покуль нас зусім
Не перасвараць злыдні-звадыяшы?
Чаму ж як непрытомныя маўчым?
Дзе нашы розумы і сэрцы нашы?
Ці ж для таго,
Каб жыць раздрай-разборам,
Віталі мы свабоду ў добры час?..
Не ведаю, як вам,
А мне — дык сорам,
Што я не бачу і не чую вас.
27.XІ.93
Вы ўсё — аб дэмакратыі?
А дзе яна? Ну дзе яна?
Што песня не за кратамі —
Ад свету не аддзелена?
Не ходзіць падканвойнаю?
I не вісіць на почапцы?
Што можа птушкай вольнаю
Ляцець, куды захочацца?
Чаму ж, стуліўшы крылачкі,
Знямоглая, аціхлая,
Пад шэлест нейчай выручкі
Яна ледзь чутна ціўкае?
I ўжо жыццю не радая,
Глядзіць на свет калекаю...
А вы — пра дэмакратыю!..
А вы — пра волю нейкую!..
27.XІ.93
Ты кпіш з маіх пакут?
З маёй бяды вялікай —
Маёй і многіх? Што ж!
Пасмейся! Пахіхікай!
Цябе не мог працяць
Разрыўны боль пякучы.
Ты маску зняў — і ўсё:
I ўсе твае пакуты!..
5.XІІ.93
Кветкі маміны — вяргіні:
Аж бел-чырвана ў двары!
Ці не гэтым дарагімі
Сталі мне вы з той пары?
Пэўна, горкі, пэўна, кепскі
Быў бы лёс мой, каб не вы.
Кветкі мамінай нявесткі.
Сімвал святасці жывы.
12.ХІІ.93
Люся Шульман, мой сябрук-равеснік
Ты быў першы ў нашай Слабадзе,
Хто... Я помню, як узбоч ад весніц
Ты ляжаў на жухлай лебядзе;
Як цямрэлі ў роспачы слабодцы:
"Ну за што? I што тут трэба ім?..''
Ты быў першы... Па квітках забойцы
Я тым летам мусіў быць другім.
Ці анёл мой кулю перастрэціў?
Ці сцярог мяне мой зорны знак?..
Брат мой Люся, ў дзевяноста трэцім
Ты прысніўся мне не проста так.
12.XII.93
Вярнуўшыся з прагаліны лясной,
Дзе сонечна было, нібы вясной,
I сосны жоўтыя тым сонцам мыліся,
I гурбы снежныя наўсцяж іскрыліся,
I хмаркі белыя, ну не інакш,
Як з пашаноўнай думаю аб ім,
Усё ў абмін плылі, усё ў абмін,
Не засланілі сонца і на міг, —
Я гэта бачыў па вачах дзяўчат,
Вясёлых лыжніц, позіркі якіх
Такім святлом яснелі, што й цяпер,
Вярнуўшыся ў свой пасмурны пакой,
Я жмуруся — як быццам мне няўсцерп
Ад зыркасці, і цяжкаю рукой
Міжброўе заціскаю. I маўчу.
Хто я ў святле тым? — зразумець хачу.
12.XІІ.1993
У слаўным горадзе Францыска,
Дзе я святкую свята Слова, —
Твае вытокі і калыска,
Твой лёс, пачаты звыш сурова.
Вось тут ты, гордая ад роду,
На плынь Дзвіны штодня глядзела,
I аб адным снавала крозу,
I аднаго ў жыцці хацела:
Каб родны край быў вечна вольны,
Не знаў палону, ганьбы рабства;
Каб твой народ, пракляўшы войны,
У мужных сэрцах песціў брацтва.
I час настаў: з імглы далёкай
Нам зорыць дзей тваіх пачатак!..
Таму так молада, так лёгка
I я хаджу тут, твой нашчадак.
У слаўным горадзе Францыска
Шапчу: "Жыве і не загіне!.."
I ўдзячна кланяюся нізка
Табе, прасветлая княгіня.
13.XІІ.1993
Я да сляпой не клічу помсты,
Ды калі ўсё ж наступіць час —
I выбух грымне векапомны, —
Я шкадаваць не буду вас —
Вас, павукі, у кім апошні
Праменьчык людскасці пагас.
14.XІІ.93
(Штрых да біяграфіі)
Зноў стужку памяці кручу —
Гляджу сваё маленства.
Як страшна хлеба я хачу!
Калі яго наемся?
Ці на двары стаіць паўдзён,
Ці раніца, ці вечар —
Чаму я так яму жадзён?
Чаму галодны вечна?
Вось адвячоркам на грудку,
Дзе жніўны дух гарачы,
Сястра мне сунула ў руку
Малюсенькі акрайчык.
Хоць пахнуў паранкай праснак
I быў зямліста-шэры —
Я і дагэтуль помню смак
Сіроцкай той вячэры...
Вось у дзічы, пад купай лоз,
Ляжу цішком, як мёртвы.
А цётка — о, шчаслівы лёс! —
Дае мне хрушчык з морквы.
I я па трошачку зусім
Адкусваю з-пад пальца —
Каб як мага даўжэй мне з ім,
Даўжэй з ім не расетацца...
Куды ні гкнуся ў памяць тых
Далёкіх дзён мінулых —
Усё адзін і той жа штрых,
Адзін і той малюнак.
З ім да сівых дажыў гадоў.
А ў старасці пачэснай —
Здаецца... скора буду зноў
Жадзён скарынцы чэрствай.
23.ХІІ.93
Пракляўшы рынак безгаловы,
Я ўспамінаю з болем наш —
Былы, мясцовы, местачковы,
Багаславёны фэст-кірмаш.
О, колькі ён збіраў народу!
I пачуваўся кожны там —
Нібы прыйшоў па ўзнагароду
Ці ўзнагародзіць хоча сам.
Усё там сведчыла пра свята,
Усё высокі брала строй.
Там кожны меў Хрыста за брата,
А Багародзіцу — сястрой.
Там кожны быў другому рады,
Як свату сват, як кум куме.
А прыніжэння ці няпраўды
Там не магло быць і на ўме.
Сам Бог там чаркаю налітай
Вітаў усіх і меціў знак.
"Ну не прадам — бяды вялікай!
Ну не куплю — пабуду так!.."
Усякі торг любоў вянчала.
Жыццё свяцілася ўваччу.
А што за мова там гучала!
Якую там я мову чуў!..
Не, гэта быў зусім не гандаль,
Не продаж-купля душ праз торг.
Была свабоды прапаганда.
Быў выхад сэрца на прастор.
25.ХІІ.93
За ўсе свае памылкі і грахі
Перад людзьмі і Богам,
За тое, што, нібы сляпы-глухі,
З анёлам блытаў погань, —
Кускамі сэрца кожны дзень плачу.
Чаго ж, панок, кіслішся?
Падазраеш, што збегчы я хачу?
Не ўсё сплачу — баішся?
Дарэмна! Мог бы ўжо і ведаць-знаць,
Што я не з дэзерціраў
I ад жыцця не кінуся ўцякаць:
Сплачу да кроплі шчыра.
25.ХІІ.93
Які ўжо год цынічны зброд
Спраўляе шабаш на экранах,
У храмах тлуміць, як у крамах,
Каб звесці корань наш на звод.
Які ні высвечу канал,
Любой парою, дзень-адодні —
Крыўлякі, выхапні, падонкі
Крычаць: "Канай, мужык, канай!"
Каб без душы, без крыл, без сіл
Я задыхнуўся ў гэтай багне
I не пачуў, як гром бабахне —
Той, што на ўвесь на небасхіл.
30.ХІІ.93
н. г.
Ёсць усё ў нас —
I нават на здраду прычыны.
Ёсць за ўсё апраўданне —
За ганьбу, за здзек...
А яшчэ —
Ёсць, на шчасце,
Такія жанчыны,
Без якіх Беларусь
Не ўваскрэсла б вавек.
2.I.94
"Сыпце радасць ім поўнаю жменяй!" —
Гэты кліч я ўспрымаю праз боль,
Бо дзіцячага смеху ўсё меней,
А дзіцячага суму ўсё больш.
Суму тых, што падобны на Бога,
Калі ўсмешкай адорваюць свет...
Для каго ты патрэбна, свабода,
Калі мы не ўратуем іх смех?
2.І.94
Так карупцыйна-мафіёзна
У нас ідзе грабеж-разбой —
Што мушу ў рэйку біць трывожна:
Ратуйце, людзі, выбар свой!
Ці вы яшчэ не зразумелі,
Хто час наважыў асядлаць?
Якія выпаўзні усселі
На горб мазольны — кроў смактаць?
Ці не відно ў цісках пагарды,
Куды, змяніўшы колер фраз,
Змяніўшы цэшкі і кукарды,
Вядуць пярэваратні нас?
Ці, звыкшы несці крыж пакутны,
Мы так і будзем жыць-цярпець,
Пакуль наш дух, калісь магутны,
Не перастане нават тлець?
Дык не маўчыце ж!
Станьце грозна
Жывой сцяной, у поўны рост, —
I рушце ўсе, пакуль не позна,
За вольны край, за новы лёс!
14.І.94
Суд над ім учынілі,
I ў тым паядынку няроўным
Ён ад іх бараніўся як мог
Словам праведным родным.
Мовай маці-зямлі
Ён прабіцца хацеў у іх сэрцы,
Ды яго зразумець не маглі,
Бо былі... іншаземцы:
Ні адзін, хто яго
Вінаваціў у цяжкай крамоле,
Ані слова ў судзе
Мовай гэтай зямлі не прамовіў!
26.I.94
Ну, вось і зноў засведчылі
Сваё нераўнадушша
Мае сябры-даследчыкі:
Узрушыў я іх дужа.
Спярша адзін прымерыўся
I ў гонг ударыў раптам: "Гэй, гэй!
Паэт зняверыўся
I здрадзіў дэмакратам!"
Пасля другі — прыслухаўся
I першага паглыбіў:
"Крывой дарогай рухаўся
— Таму і ў песні схібіў!.."
Бадай вас качкі, хлопчыкі!
Усё жыццё на крэслах
Мазоліце вы копчыкі,
Капаючыся ў тэкстах.
I ўсё мой грэх знаходзіце
— Як вось і гэтым разам...
Сябры! Не мне вы шкодзіце.
Шчыруйце, добрым часам!
Прыгнуты горкай ношаю,
Я вам усё дарую —
I ўсю лухту найноўшую,
I ўсю лухту старую.
I дзякуй вам, што ў пространі
Скупой на смех эпохі
Мяне сягоння проста вы
Павесялілі трохі.
13.ІІ.94
Сыны і дочкі матухны-зямлі!
Вы бачыце, як сатанеюць тыя,
Што ў нашых душах так і не змаглі
Усмерціць мовы зернеткі жывыя?
I ад таго, што сёння на сяўбе
Мы марым пра жніво, пра песень копы, —
Ажно равуць, выходзячы з сябе,
Гвалтаўнікі яе і далакопы.
Ім мала ёй адмовіць у правах,
Ёй — чыстай, зіхаткой, як сонца ў росах.
Ім трэба ўнізіць, збэсціць, апляваць,
Паздзекавацца ў самы розны спосаб.
Што ж! Дзіўнага нічога тут няма:
Яны прывыклі мець на гэта права.
Ім гэта можна! Хіба ж задарма
Шануе, цэніць, любіць іх "дзяржава"?
Ім можна ўсё! — Упэўнены яны.
I нават мову камяніць астрожна.
А нам што можна, дочкі і сыны?
Ці думаеце вы: а нам што можна?
Ці ў нас усіх правоў, што шапку зняць
I подлы страх адкашляць перад п'яўкай:
"Панок, дазвольце мне паначаваць
У роднай хатачцы маёй, пад лаўкай".
19.ІІ.94
На чым ад роду ў род
Праз доўгі-доўгі час
Трымаўся наш народ?
Вы — маеце адказ?
Не, не на трох кітах.
Не на слупах сямі.
Народ наш у вяках
Трымаўся на сям'і.
На святасці яе
Няпісаных зарук.
На тым, што не дае
Парушыць вечны круг.
Што не дае сынам
Па-над сумленнем стаць —
Старых бацькоў, як хлам,
У дом убогіх здаць.
Што ад дзіцячых сэрц
Адводзіць блуд і гвалт,
Пагрозу страціць сэнс
I абярнуцца ў малп.
Сям'і распад, сям'і —
Прычына нашых бед.
А ён настаў, калі
Перакуліўся свет
Калі на дол, да ног,
Лягло святло нябёс —
I наш над намі Бог
Пакрыўдзіўся да слёз.
"Душу, — узняў Ён перст,
Зваліўшы на зямлю,
Вы зрынулі найперш
I ўгробілі сям'ю.
Вось і кажу вам я:
За годам сыдзе год —
I гэтак, як сям'я,
Разваліцца народ.
Спадуць у пыл і прах,
Пад нейчы феерверк,
I ваш дзяржаўны сцяг,
I ваш дзяржаўны герб".
20.11.94
Прысніўся ты гэткі — як помню
З апошняга лета твайго:
Ідзеш, учарнелы ад болю,
З мальбою да свету ўсяго.
Такі ў цябе змучаны выгляд
Што болю і я не стрымаў.
Ён — крыкам скрозь сэрца, навылет:
Завошта нас Бог пакараў?
Няўжо Ён не мог запабегчы
Хваробы падступнай удар
Каб браў ты і сёння на плечы
Народнага лёсу цяжар?
Належачы родным нябёсам,
Ты бачыш, што робіцца ў нас?
Няйначай як страцілі розум
Нязваныя пастыры мас.
Належачы роднаму долу,
Ты чуеш, як нетры дрыжаць?
Стратэгі і творцы расколу
Задумалі буру пажаць.
З табою, хто лета па леце
Трымаў нашу веру, як сцяг,
У гэтым растурзаным свеце
Смялей бы глядзеў я ў прасцяг.
Сярод халуёў недалужных,
Сярод пашлякоў і сквалыг,
З табою, надзейным і мужным,
Быў меншы б трывогі ўскалых.
Пра гэта сказаць я рвануўся
Табе, ды як водзіцца ў снах,
Ты толькі балюча ўсміхнуўся —
I знік у натоўпе няўзнак.
Не, не бяда, што, як калісьці,
Я не патраплю ўжо, відаць,
На веснавую хвалю выйсці
I па-юнацку свет вітаць.
Мне і таго зусім даволі,
Што верыць сыну родны край,
Што на бацькоўскім плодным полі
I я не лішні аратай.
I што магу за вольным плугам
Гукнуць, змахнуўшы пот з ілба:
Жывей, сябры! Не падаць духам!
Багаты плён нас дасць сяўба!
20.V.94
Пагорак. Лагчына. Кусты.
Кураслеп. Рачулка і мосцік.
Дарога. Усё, што калісьці,
Прыйшоўшы на свет,
У спадчыну ўзяў ён ад Бога.
Ад бацькі і маці.
Ад добрых людзей.
Усё, з чым адроду радніўся,
У чым раствараўся душою
Штодзень
I ўрэшце зусім растварыўся.
Хаджу па наўколлі,
Дзе ён сіратой
Хадзіў, заварожаны спевам —
То моладзі ў лузе,
Вяснянай парой,
То жнеяк — у жыце даспелым.
Гляджу, узіраюся...
Толькі — дарма!
Пагорак застаўся, не знеслі.
А духу паэта — не чую.
Няма!
Ні ў полі.
Ні ў долі.
Ні ў песні.
Усё, чым калісьці н сэрца гаіў
Ад скрухі, ад лёсу разгадак —
Усё абяздушыў,
Усё амярцвіў
I вытравіў мудры нашчадак.
21.V.94
У сорак трэцім выжылі,
Ад ран крывёй сцякаючы,
У сорак шостым выжылі,
Плуг на сабе цягаючы,
А праз паўвека, старцамі
У сытых хлеба просячы,
Надзею выжыць страцілі
Ад крыўды і ад роспачы.
22.V.94
Родная, мілая, любая!
Свет заімгліўся журбой.
Непагадзь страшная, лютая
Нас не мінула з табой.
З яснае пэўнасці выбіла.
Згасла вясёлка-дуга.
Вочы праменныя выпіла
Чорная скруха-туга.
Мілая, любая, родная!
Як ты далёка была!
Як, непрытульна-халодная,
Вечнасць марудна плыла!
Днямі пустьшна-вятрьістьімі
Стыла ў самоце душа,
Покуль, як лодка да прыстані,
Радасць да сэрца ішла.
Любая, родная, мілая!
Зноў я адчуў, што жыву.
Ясніцца далеч імглівая.
Свет разганяе журбу.
Холад далоняў не выстудзіў.
Сівер не выдзьмуў цяпла.
Д'ябал у Бога не высудзіў
Тое, што ты мне дала.
22.V.94