2 АФРЫКОЗЫ АЛЬБО ЗАБІ МАМАНТА


Д3ІКУНСТВА — ПРЭЧ!

Бумбамлітаўскі перыяд... Неандэртальскі перыяд. Літаратурнае дзяцінства. Многа выступаў. Вось і шаманскі выступ з мётламі ў 1995 годзе. Я грукаю ў складны тазік. Потым зімой 2000 года я і Ілля Сін гэты сімвал Бум-Бам-Літа закапалі. У поўным сакрэце ад усіх. Каб не знайшлі... Спакой змярцвелым бумбамлітаўкам! Пяшчоты чарвёў! Ша! Душыць гадзіну трэба ў зародку. Здаецца, нешта падобнае сказаў спадар Пуцін. А тады, у 1995 годзе, я грукаў у бляшанае дно тазіка і раздаваў народу свае друкапісы «Клёкатамус» і «Афрыканскія матывы». Менавіта ў гэты перыяд фармаваўся геній Змія Віша. Я ішоў да вечнага.

МАНІФЕСТНЫЯ КУПЛЕТЫ*


ТАМУ САМЫЯ ЛЕПШЫЯ

АЛЕ СУСВЕТНА-АФРЫКОЗНЫЯ


На струхлелым чэрапе ўсіх мастацкіх накірункаў жыве і дыхае мурын Афрыканізм!

Няздзейсненыя памылковыя папярэднікі Афрыканізму — дадаізм, імажынізм, сімвалізм, абстракцыянізм, кубізм, лучызм, футурызм, транслагізм, паранаідалізм, шызарэалізм і шэраг іншых псеўдапрадракальнікаў.

Афрыкозныя творы — самыя моцныя кракадзілы на прасторах сусвету!

Афрыканізм — у пэўнай ступені балотная з'ява, у якой булькочуць крывыя крывавыя рукі і вострыя шаблі.

Давайце пабудуем Афрыканічныя гарады — і мы патрапім у самыя прыгожыя мастацкія нетры!

Афрыканізм — у нейкай ступені балетная з'ява з барадаўчатымі вусякамі.

Афрыканізм — гэта свайго роду стадыя натхнення, якая зазірае ў рот чалавека.

Сякера, гармата і вера ў паэта-Афрыканіста — звычайная зброя супраць іншадумцаў.

Афрыканізм любіць красавіцкую і вераснёўскую гарбату, што падобная да крыві, якая бурчыць па артэрыях сённяшняга часу.

Афрыканізм можа быць шыкоўнай галерай або смачнай галетай для самазабойцы.

Сэрца сапраўднага Афрыканіста не спявае і не грукае, яно вурчыць, як сонны бегемот.

Сэрца найсапраўднага Афрыканолага пускае алкагольныя і наркатычныя бурбалкі, якія служаць для стварэння самых прыгожых мастацкіх твораў!

Шыя Афрыканіста мае шчыт супраць сякеры ворага.

Афрыканізм трэба падаваць хворым на вялікіх чырвоных талерках.

Да гэтых куплетаў далучылі свае зялёныя пляўкі маладыя афрыканісты Павел Гаспадыніч і Лёлік Вушкін.

АРФА-АФРЫКАЛМАТАЯ



ліфтабарваўся!

ліфт абарваўся!

крык вібрыраваў выбрываў прастору дома

я на локцяк запаўзу ў порысты склеп бомбай

выплыла з турмы гумовая вобла

цяпер у Польшчы мяне ўзгадае голас

ён прамуркае сотні паласатых кіламетраў да Менска

праз мармуровыя шпалы

ён прастукае мячыкам па жабрацкіх хатках

там далей ёсць вентыляцыйная шахта

там далей мілая шахматная лесвіца

я на свабодзе!

мае ногі авіяцыйныя

мае рукі выкручваюць цынк

я паўзу на захад

дзякаваць Богу ёсць лаз

чырвань марляй вакол пахода

я як нейкі самалётны снегаход

я трошкі ўпрыгожаны холадам

пёркі бліскаюць золатам

а зубы як молаты з Каларада

я ўжо выпіў атраманту літр

дня цябе сонца паэзіі школаў

і ўжо высмактаў цыгарэту праз фільтр

у руках маіх віяланчэлі канфлікт

а на суседняй фатэлі фуры сядзіць муза

у гэтай дзяўчыны раптам мурын нарадзіўся

мы быццам цалаваліся

я цела яе пілаваў а потым выпіваў валідол

вектары гарэлі антэнамі

якія заміналі майму заірскаму сэрцу

якое я паліраваў бруском маралі

падалі падалі падалі падалі

падла

2000



АМБРОФКУСЫ АЭРАПЛАННЫЯ АФРЫКОЗНЫЯ

прымусілі вусатыя Сталіны

іх сляпых сівых байцоў роты смяротнікаў

верыць у тыя слівовыя сцягі

на якія я зазвычай

стаўлю стаўбун-бубен

з белым аўстрыйскім віном

і мальтыйскім селядцом

ад якіх мне робіцца дрэнна

тады падаюць каменьчыкі

з Ціхага акіяна і просяцца

у акварыум

да аднавокай камбалы

і трохвокай воблы

якіх я кармлю глюкозай

Вы абавязаны зразумець

маю маніякальнасць

у гэтым увесь пральны парашок

смак Дзе няма мяне

ёсць толькі газета

з маім запечаным сопушным фотаздымкам

ар грум фрунтрум з гэтых слоў

і пачалося вялікае падарожжа

у краіну цудаў сэрца загіне

вырасце кувалда валёнкавая

пярчонкавая

Я не буду яе грызці а праглыну

мне напляваць

хутка паміраць

роўна праз 1000 год

таму і не толькі

за хоўткай я хаваю жукоў

што размаўляюць на мове вятроў

і азбуцы Морзэ мордай

сябе клічу і ўхваляю

за сваю непаўторную тупасць

апранаюся як правадыр пралетарыяту

зрэдку індзеец ці індыец

заўсёды камсамолец

з панкаўскім білетам

гадам гадамі

мой сябра сядзіць у танку

бо падарожнічаць лепш гэтак

магчыма від транспарту

вусічнага вылузаўся з кукалкі

какаінавага ідыятызму

футурызму постмадэрнізму

поі-дэрнізм

дэрматыт

вочы

вочы

вочы вы

пахмурнелі пакрыліся лакам

пухам і пярхою

і глазурай мазутам

і фактурай сталі

для карціны факт

цяпер выцягну парабэлум

і застрэлю астральную лямпачку

няхай свеціць мне паходня

заціснутая рукамі маёй каханай

якая стаіць у бірузовым кабінеце

і даўно змуміфікаваная

для лепшага жыцця

фікусы кактусы шматкусы

крокусы сідарукасы мускусы

клопусы тараканусы біфштэкусы

я лячу як аэраплан

гудзю грымю рыкю

зараз халера ясная нарэшце

нараджу нешта падобнае

на гарбатнік

нап'юся гарбаты

і з'ем шакаладку

зразумейце хваробу

не жадаю выходзіць на памост

там тарарам

таму заўтра вазьму гіру

і падару бацьку

няхай займаецца спортам

я яго люблю маму таксама

а шханку хачу

таму на хвілінку

спыніце гадзіннікі маторы

у лес пайду закрычу

дрэннымі беларускімі словамі

балкампёсамі рознымі аблаю дрэвы

таму алес штопар

зямля вогнішча і вада

22.02.1998



АФРЫКОЗА ПРА ЗАХВОРВАННЕ НА ВАЙНУ СУСВЕТНУЮ 102-Ю

1.

Замярзаў я пад крыкамі гарматаў

3 похваў выцягваў пэндзлевы нож

I выразаў ім на соснах хатапхаў

гэтак у вайну я тварыў

вясной

калі месяц іскрыўся бравадна ад пылу дажджу промні пражэктараў размаўлялі

на мове Кру

Ды я няньчыў дзяўчынку

па імені Танк

і ў зубах маіх

грымелі сталёвыя пломбы

ад зайздрасці паміралі фашысты

але мне было пофігу

Я толькі раздражняўся

захутваўся ў драп колеру фініка

і піў з гарбастай пляшкі ром

этыкетка абвяшчала нямецкі марш

і было б няблага кусаць фарш нейкага звера

2.

Спіны кітоў накшталт лопасцяў

выломвалі з вады хвалі

жорсткасці Нараджалі

Падлодкі губатыя зубатыя

цокаліся аб камяні

уцякаючы ад калючых мінаў

гэтак некалі мы паядалі міндаль

у перапынах між выбухаў

і енкаў квадратных самалётаў

потым снілі самавітых баб

хацелі вельмі

апраналі іх у фартэпіянны шоўк

і барабанныя каралі

сядзелі сядзелі каля мора

у акопах

шкрэблі на твары

прыгожыя падобныя на сашчэпкі шнары

Былі мужчынамі

3.

Не

Не быў я героем краіны

я любіў забіваць толькі глянцавых камароў

прыкладам сваім баявым

не заахвочваў

а добра кагосьці даставаў

Мае думкі амаль пацыфіста

я не любіў афіцэраў

яны празвалі мяне люцыферам дабра

I таму я крывіўся

уключаў патаемна бра

калі аб'яўлялі сімфонна атаку

Я марыў аб леце

Бо з залацістага неба

будуць падаць сонечныя ананасы

жыў адным словам

гномам

4.

Нам было хранова

але хрэну да мяса не давалі

паасобку зрэдку мы

рабіліся каралямі

насілі кароны са скальпаў ворага

ваявалі

ботамі мясілі кару зямлі

песня наша вынырвала праз кратэры горла

і нябачнай рыдлёўкай утыркалася ў небастык

мы былі садаводамі

садыстамі

асабліва на святы святыя

некаторыя з нас гінулі

тады малітву мы

чыталі штыком у рот фашыста

і супакойваліся калі

абдымаліся з сіропным пахам

мёртвай кашы

і бралі ўзгорак за ўзгоркам

Рушылі да перамогі

5.

Вось я ляжаў абаранкам пад бярозай

быў я раздзёрты геаграфічна і ў

кветках пунсовых афрыканічных

Вакол кулі гулі чмялямі

феерычна каскі бонгамі грукаліся

каля дзота

Там гад вясёлы

Гэта ён мяне піф-паф

А потым яго маразматычнага

расстраляюць Зробяць цудоўнае сітца

дня цэйтноцкай гарбаты

Гэткі шлях рагаты

спіральны небяспечны Чарговасць

фатальная Вось вам будзе

фота франтальнае Калі

адпачну і моц гайкамі закручу

Буду салдацікам алавяным

1999


АФРЫКОЗА ПРА КАМІСАРАЎ

1.

у гэтым горадзе трэба прыбраць трупы

на іх ляжаць кружэлкі з жаўлакамі і глухія

рупары

натхнёныя маноклі камісараў свецяцца

рыбай

на жалезных парэнчах выбіты літары

зноў пракляццем таўраваныя

давайце піць каньяк бо з'едзем з глузду

рэбры нашыя прымярзаюць да кашуляў

вецер вайны дзьме на твары кулямі

вуліцы Значыць будзем героямі-муміямі

ўсе як адзін загінем у траншэях

2.

тут я стаю ў кірзавых ботах

у шапцы-вушанцы з цэшкай

дзе коршак аднавокі з язурыкам-шабляй

але

пад крыламі ліры няма гарматы

там толькі вершаваныя гранаты

як сумна

таму не стойце пад дажджом

спадары можна падхапіць

запаленне лёгкіх

я на пластыр кладу лекі

побач з віном келіх

3.

але што за красавіцкі дзень?

але што за павуцінне паміж халупамі

можа на локцях сядзіць хмара?

сярод рамонкаў і пяску сцяг на раме

вось яна мастака мара

паласкалася Не было мыла

і парашку Вады

толькі

1999



СУРКІ НЕ РАЗУМЕЮЦЬ

ПАДАЮЦЬ 3 НЕБА

БО ВОСЕНЬ

я ўсміхаўся

грымеў глухім голасам

у слоік складваў настрой-ласось

і жаваў нейкую гадасць

што вельмі нагадвала засохлую радасць

і адчуваў набліжэнне трагедыі

што валялася трафарэтамі на тратуарах

калі мой рот раптам парваўся

на дзве паловы яблыка

а рукі вывіхнуліся ў спіраль

якая выявіла партрэт каханай

я ляжаў суткамі Незабудкай

занядбаны і скурчаны

і я зразумеў што розум крэйда

я жаваў суркоў сыркі і сушкі

нарэшце на кухні цюкнулі ў рондаль-гонг

Паветра прынесла да мяне труну-трактар

у ёй ляжалі скурчаныя трактарныя казюркі

няшчасныя цудоўныя жучкі

яны бліскалі серабрыстымі плямкамі

і вусікамі Лапкі нагадвалі

зламаныя шпількі і сашчэпкі

Я адразу ператварыўся ў чэрап-чарадзея

выгіны майго тулава

магічныя туман і лава

гэты новы стан падобны на славу

і я здолеў дацягнуцца

да кавы якая ўжо

дымілася браткамі

побач тырчэлі крыштальнай чысціні арэшкі

і са шклопадобнай скарынкай кавалкі

запечанага шэрага хлеба

Эўрыка! Гэта - рак-корак

Няма нічога прасцей за хатнюю

кухню і паэтычныя канаты

што аплятаюць прастору ценяў

вакол і разрываюць яе па

перыметры метрамі

словам манжэты мініяцюрнага метро

і магма і магічныя вятры

гэта ўсё не мара

мая сурковая хібара

Жучкі Жучкі Жучкі

Вы Вы Вы і толькі Вы

Я падышоў да балкона

дапіў сваю каву

з'еў сухога бульдога

і зваліўся

жуком

у неба

Лета 1999



Загрузка...