Жыццё горада, як і жыццё чалавека, можна ўявіць раманам — з сюжэтам, галоўнымі і другараднымі героямі, з гераічнымі, будзённымі і трагікамічнымі старонкамі. У XIX стагоддзі, пасля закрыцця Акадэміі і піярскага ліцэя, полацкі раман стаў правінцыйным. Нямала яго старонак мы ўжо перагарнулі ў папярэднім раздзеле, але багата і засталося.
Пачнём з гераічнай.
Існуе думка пра адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь іншы, а якраз беларусы на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Літвы-Беларусі Расіяй тройчы падымаліся, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі. Пра паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага мы казалі. Крываваю разораю пралёг праз нашу гісторыю і 1831 год.
У лютым у Оршы ў рукі таемнага агента, які праглядаў пошту, трапіў ліст надзвычайнай важнасці. Полацкі шляхціч-масон Пётра Рамановіч пісаў сваяку пра падрыхтоўку паўстання ў Беларусі і, у прыватнасці, пра існаванне папскай булы, што нібыта вызваляла католікаў ад прысягі цару. Рамановіча арыштавалі, але на допытах ён трымаўся мужна і імёнаў «своих сообщников в Белоруссии или в Санкт-Петербурге не открыл».
Нягледзячы на рэпрэсіі, прадухілідь паўстання царскія ўлады не змаглі.
У Прыдзвінні найбольш чынныя дзеянні інсургентаў разгарнуліся ў суседнім з Полацкам Дзісенскім павеце.
13 красавіка ў мястэчку Лужкі сабралася пяцьдесят шляхцічаў, якія прысягнулі змагацца за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У склад абранага кіраўніцтва ўвайшлі прадстаўнікі вядомых родаў былога Полацкага ваяводства: прызначаны начальнікам артылерыі Міхал Храпавіцкі, Антон і Язэп Корсакі, Алейзі Буйніцкі… Паўстанцкі камітэт заклікаў да зброі, і праз дзесяць дзён у Лужках стаяла тры тысячы гатовых да бою шляхцічаў і сялянаў. Гэты аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў Дзісну. Сілы былі, безумоўна, няроўныя, і інсургенты мусілі адступіць на Віленшчыну.
Якраз напярэдадні тых падзеяў улады і зачынілі ў Полацку піярскі ліцэй. Падбадзёраныя першымі поспехамі змагароў з царызмам, манахі марудзілі са складаннем вопісаў маёмасці і адмаўляліся прызначаць таргі. У паўстанне пайшло, паводле няпоўных звестак, блізу трох сотняў палачанаў. В. Вікенцьеў піша, што «только твердость и благоразумные решительные меры полковника Данилова, как коменданта города, держали население в повиновении и спокойствии». Тады ж у Полацку лютавала і халера, якая забрала жыцці 596 месцічаў.
У траўні 1831 года следства па справе паўстанцаў учыніў у мястэчку Глыбокае царскі сатрап Міхаіл Мураўёў. Пятнаццаць арыштаваных інсургентаў ён адправіў у Дынабургскую фартэцу і пагрозліва заявіў: «Кроме самых злобных мятежников и прочие помещики действовали с усердием, и хотя чувствовали нелепость своего предприятия, но не смели уже отстать, опасаясь мщения прочих».
«С усердием» дзейнічаў і арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання выпускнік Віленскага універсітэта, гісторык і публіцыст Міхал Балінскі, які прыйшоў на свет у маёнтку Цярэспаль Полацкага павета. (Пазней ён выдасць па-польску сваю трохтомавую «Гісторыю горада Вільні» і зойме пасаду віцэ-старшыні Віленскай археалагічнай камісіі.)
У грамадскіх колах Францыі, Вялікабрытаніі ды іншых заходніх краінаў існавала спачувальнае стаўленне да змагання паняволеных царызмам народаў за свае нацыянальныя правы. Еўрапейскі друк паведамляў пра жорсткія расправы з інсургентамі і іх сем’ямі. Пушкін адгукнуўся знакамітым вершам «Клеветникам России»:
О чём шумите вы, народные витии?
Зачем анафемой грозите вы России?
Что возмутило вас? волнение Литвы?
Оставьте: это спор славян между собою,
Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою…
Адметна, што гэтыя радкі, апрача ўсяго астатняга, сведчаць: абараняючы імперскія інтарэсы, Аляксандр Сяргеевіч не сумняваўся, што гістарычная Літва — славянская краіна.
Ва унісон з Пушкіным спяваў яшчэ адзін абаронца імперыі Фёдар Цютчаў, што бачыў місію Расіі ў тым, каб:
Славян родные поколенья
Под знамя русское собрать
И весть на подвиг просвещенья
Единомысленных, как рать.
Улады канфіскоўвалі маёнткі, пазбаўлялі паўстанцаў дваранскіх правоў (усяго ў Беларусі адабралі шляхецтва ў дзесяці тысяч чалавек), ліквідоўвалі навучальныя ўстановы. У 1832-м, адначасова з Віленскім універсітэтам, спыніла існаванне знакамітая піярская школа ў Лужках, заснаваная за сто гадоў да гэтага полацкім кашталянам Валяр’янам Жабам. Не спраўдзіліся планы пераўтварэння адчыненай у 1806 годзе Полацкай уніяцкай семінарыі ў духоўную акадэмію. На дзвярах семінарыі, дзе напярэдадні паўстання было блізу двухсот вучняў, з’явіліся замкі і пячаткі з расійскім арлом.
Мацнеў рэлігійны ўціск.
Падтрымка паўстання беларускім уніяцкім духавенствам, у тым ліку полацкімі манахамі-базылянамі, паскорыла знішчэнне Уніі. Базылянаў павыганялі з келляў проста ў белы свет. 3 кляштара знялі і адправілі ў расійскую сталіцу на будову Ісакіеўскага сабора медзяны дах. Потым колішні манаскі прытулак загарэўся. Пасля пажару ўлады пакінулі яго на руйнаванне прыродзе.
Магутная спаруда вытрымала да 1913 года, пакуль яе, як піша ў «Лабірынтах» Вацлаў Ластоўскі, «не прадалі нейкаму маскалю падрадчыку, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу».
Адначасова з двума полацкімі базылянскімі кляштарамі ўлады ліквідавалі яшчэ сорак. Імператар Мікалай I з гэтае нагоды заўважыў: «Слава Богу, вот и еще несколько неприятельских крепостей уничтожили».
У горадзе зачынілі таксама францысканскія (мужчынскі і жаночы) і бернардзінскі мужчынскі кляштары. Ад першага дасюль ацалеў двухпавярховы дом на вуліцы Леніна, у якім цяпер адзьдзел міліцыі. Заснаваны ў 1648 годзе францысканскі сабор бальшавікі ў 1930-я знеслі. Пра бернардзінскі кляштар, адчынены яшчэ ў дзіцячыя гады Францішка Скарыны, а ў 1758-м упрыгожаны барочным саборам, сёння нагадвае корпус псіхіятрычнай лякарні.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны і нейкі час пасля яе там знаходзілася турма НКВД, куды звозілі «бандытаў» і «нацыяналістаў» з Віцебскай вобласці. Там катавалі пастаўскую дзяўчынку Алесю Умпіровіч з «Саюза беларускіх патрыётаў», вінаватую ў тым, што намалявала «Пагоню» ды хацела вучыцца па-беларуску. Каб засудзіць на 25 гадоў гэтага было трохі замала, і чэкіст з дапамогаю гіпнозу здабыў у Алесі паказанні, што яна — амерыканская і англійская шпіёнка.
«Ворага народа» — селяніна з Бельчыцаў, якому перад гэтым тыдзень не давалі есці, следчы Сіманоўскі біў тут па твары свежым хлебным боханам. Беларускі пісьменнік Мікола Хведаровіч, таксама вязень сталінскага ГУЛАГа, успамінаў, што чэкісты з полацкай перасыльнай турмы карысталіся і такім метадам «выхавання»: ахвяру ставілі ў яму, якую залівалі чалавечымі экскрэментамі, чакаючы, пакуль жыжка дойдзе да ніжняй губы, каб яшчэ можна было вырваць прызнанне. Гэта называлася «зрабіць шакаладавым».
Пазней, калі ў старых мурах гаспадарылі ўжо медыкі і ім спатрэбілася цэгла, бабінец (пярэднюю частку) бернардзінскага храма разабралі, а скляпы-пахавальні пад ім разбурылі. Косці продкаў раскідалі па двары, проста пад нагамі ў хворых. Што і казаць, цудоўны сродак вынайшлі псіхіятры, каб вярнуць псіхічнае здароўе пацыентам.
Услед за францысканамі і бернардзінамі Полацк мусілі пакінуць і манахі-дамініканы. Іх мураваны касцёл, пабудаваны на цэнтральным пляцы замест спаленага расійскай артылерыяй у 1812-м драўлянага, доўга заставаўся ў горадзе адзіным каталіцкім храмам. Бальшавікі трываць такі непарадак не маглі і павесілі на дзвярах пудовы замок. Старыя палачане памятаюць, як на вуліцы валяліся трубы ад зламаных арганаў. Сам дамініканскі сабор загіне ў гады нацысцкае акупацыі. Гэта адзіны каштоўны помнік полацкай архітэктуры, знішчаны немцамі, на якіх спрабавалі спісаць свае злачынствы бальшавіцкія вандалы. У Венгрыі я аднойчы трапіў у царкву, купал якой быў размаляваны пад звон. Мне здалося, што, калі б такі храм быў у Полацку, здзейснілася б дзіва, і гэты «звон» зазваніў бы па цэрквах і касцёлах, па ўсіх архітэктурных шэдэўрах, знішчаных «немецко-фашистскими захватчиками» ў 1930-я, 1950-я і 1960-я гады.
Беларусь апынулася ў складзе эканамічна адсталай у параўнанні з еўрапейскімі краінамі Расіі, дзе рэформы праводзіліся са спазненнем і непаслядоўна. Наш народ не мог разлічваць на эканамічнае спрыянне, бо дзяржаўныя заказы, крэдытная і мытная палітыка, чыгуначныя тарыфы служылі найперш інтарэсам рускага насельніцтва. Апрача таго, разам з іншымі народамі імперыі беларусы сталіся ахвярамі ідэі стварэння расійскай нацыі. У межах гэтага утапічнага злачыннага праекта да 1871 года ў Беларусі трывала вайсковае становішча і да 1905-га існаваў рэжым асобага кіравання. Ажыццяўляліся нацыянальная дыскрымінацыя ў прадпрымальніцтве і татальная русіфікацыя ў гуманітарнай сферы.
Царскія ўлады планамерна вытоптвалі на нашай зямлі ўсё самабытнае, беларускае. Адразу пасля паўстання 1831 года ў Віцебскай і Магілёўскай губернях было скасаванае дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Цар зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собою в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу». На ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі расійскіх чыноўнікаў.
Прыдворны гісторык Устралаў у другім томе сваёй выдадзенай у 1839 годзе «Русской истории» для універсітэтаў выносіў прысуд нашаму старажытнаму пісьменству: «Белорусское наречие, господствовавшее в Литовском княжестве, представляло безобразную смесь слов и оборотов русских, польских и латинских». Асабліва «безобразной» у вачах царскага «вучонага» была лаціна, на якой некалькі стагоддзяў пісала і гаварыла ўся адукаваная Еўропа. (Каб канчаткова зняць праблему, у 1867-м цар-«вызваліцель» Аляксандр II забароніць ужываць беларускую мову ў друку.)
Літва-Беларусь рэзалюцыяй Мікалая I у 1840 годзе ператварылася ў «Северо-Западный край», які хацелі зрабіць зацішным, узорна-паказальным кутком імперыі. (Грунтуючыся на здзейсненым папярэднікамі, гэтую мару не без поспеху ажыццяўлялі бальшавікі.) Усё мусіла тут трымацца на трох кітах — «самодержавие, православие, народность» (вядома, расійская).
Насуперак гэтаму ў народзе мацнела пачуццё нацыянальнае годнасці. Сярод паўстанцаў 1863-га было ўжо шмат тых, хто ваяваў не за Рэч Паспалітую, а за Беларусь, будучыню якой яны бачылі ў дэмакратычнай дзяржаве, заснаванай на парламенцкім досведзе ЗША, Францыі ды іншых заходніх краінаў. Інсургенты мелі беларускую газету, у іх шэрагах змагаліся беларускія пісьменнікі. Гэта прагучала для ўладаў трывожным сігналам, і нацыянальны прыгнёт пасля задушэння трэцяга вызваленчага паўстання рэзка ўзмацніўся.
Велізарныя заслугі перад царскім тронам належаць тут Міхаілу Мураўёву. Яго імя ўсплывае не толькі ў спалучэнні з мянушкаю «вешальнік». Галоўны начальнік «Северо-Западного края», якога за крывавую дзейнасць на карысць імперыі праз год пасля смерці Каліноўскага цар уганараваў графскім тытулам, быў яшчэ і «будаўніком»: руйнуючы нашае дойлідства, панастаўляў на Полаччыне і па ўсёй Беларусі праваслаўных псеўдавізантыйскіх храмаў, якія народ празваў «мураўёўкамі». «Вешальнік» нястомна клапаціўся і пра асвету беларусаў. Гэта яму належаць сказаныя неўзабаве пасля паўстання Каліноўскага праграмныя словы: «Што на гэтай зямлі не зрабіў рускі штык, даробіць руская школа».
Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага дваранства, граф настаўляў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».
Іншаземцамі рабіліся тысячы сумленных і таленавітых сыноў Беларусі. Паўстанец 1831 года паэт прыдзвінскага краю Аляксандр Рыпінскі выдаваў свае беларускія і польскія творы, жывучы ў Парыжы і ў Лондане. У Аўстра-Венгрыі, Нямеччыне, Францыі і Егіпце пісаў вершы наш суайчыннік Граф Суліма з Белай Русі — Вайніслаў Савіч-Заблоцкі (1850–1893), які нярэдка падпісваўся псеўданімам Гаўрыла Полацкі. Яго пяро вывела ўсхваляванае прызнанне: «Дзвіна, Дунай маёй Айчыны, самая дарагая рэчка на свеце, табе я абавязаны рытмам маіх песняў!» А колькі беларусаў марылі вымыць твар дзвінскай вадою, снілі абрысы полацкіх сабораў у начлежках і багадзельнях Старога і Новага Свету?..
Падчас сустрэчы з начальнікам краю Мураўёвым патрыёты «русского дела» з унутраных губерняў імперыі захоплена прызнаваліся, што тут пачуваюць сябе расійцамі болей, чым дома. (Дзіва што, калі апроч безлічы іншых прывілеяў яны атрымлівалі яшчэ і 50-працэнтавую надбаўку «на содержание».) Трэба дадаць, што ва ўсе часы бацыламі вялікадзяржаўнага шавінізму былі заражаныя і расійскія дэмакраты. Някрасаў прысвяціў «вешальніку» оду, дзе ўслаўляў яго такімі словамі:
Бокал заздравный поднимая,
Еще раз выпить нам пора,
Здоровье миротворца края!
Так много ж лет ему. Ура!
У маладосці Міхаіл Мураўёў быў адным з пачынальнікаў руху дзекабрыстаў і стваральнікаў іх статута «Союза благоденствия», аднак потым адрокся ад сяброў і іх мараў. Ну а як глядзелі на Беларусь першыя расійскія рэвалюцыянеры, што няраз падарожнічалі па ёй, праветрывалі тут «гвардзейскі душок» на пятнаццацімесяцавых манеўрах пасля вядомага паўстання Сямёнаўскага палка? Па полацкіх вуліцах шпацыраваў Міхаіл Лунін, аўтар бліскучага афарызма: «У Расіі два праваднікі: язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга». У Полацку жыў прыяцель Пушкіна пісьменнік Аляксандр Бястужаў-Марлінскі, а ў Віцебску працаваў над праектам сваёй «Канстытуцыі» Мікіта Мураўёў.
Пра дзекабрыстаў напісана ў Беларусі болей, чым, напрыклад, пра паўстанцаў Касцюшкі. Напісана, зразумела, з нязменнай прыхільнасцю. У чытача сама сабою нараджаецца выснова, што слаўныя сыны Расіі — адначасова і нашы героі. Напэўна, яны хацелі беларусам свабоды і, калі б перамаглі… 3 такімі думкамі мы разгортваем «Русскую правду» Паўла Пестэля і даведваемся, што беларусы, аказваецца, не здольныя стварыць сваёй дзяржавы, а таму «должны отказаться от права особой народности». I наогул, на абшарах імперыі ўсе павінны быць рускімі і размаўляць па-руску, на «общепонятном». Назвы іншых народаў Пестэль прапаноўваў проста адмяніць. Полацк атрымоўваў шанц зноў стаць памежным горадам, разарваным паміж дзвюма дзяржавамі, бо землі за Дзвіною дзекабрысты меліся аддаць Польшчы.
Як бачым, народу заставалася разлічваць адно на ўласныя сілы. Яны яшчэ драмалі, але душа беларусаў жыла — у казках і песнях, у звычаях і ў мове, што чакала лепшых часоў.
Няхай наступнай старонкаю правінцыйнага рамана будзе, умоўна кажучы, этнаграфічная.
Эпіграфам да яе маглі б стаць словы пра беларускі нацыянальны характар з выдадзенага ў 1905 годзе IX тома «Полного географического описания нашего отечества»: «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя ее можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой».
Праўда, я абавязкова зазначыў бы, што «кроток» беларус толькі да той пары, пакуль яму стае цярпення, а потым ворагу лепей трымацца ад яго за рэчкай.
А што да полацкіх людзей — і ў мінулым, і ў нашым стагоддзі, — дык рызыкну дадаць яшчэ колькі штрыхоў. Па-мойму, палачане маюць большую, чым іншыя беларусы, схільнасць да іроніі і гумару, якая дзіўным чынам спалучаецца ў іх з балцкай стрыманасцю. (Каб пераканацца, схадзіце ў нядзелю хоць сабе і на сучасны полацкі рынак. Нядаўна мне давялося пачуць там такую, напрыклад, показку. Двое жлуктаў пытаюцца ў прахожага: «Скажы, шаноўны, вечар цяпер ці раніца?», а той ім: «Не ведаю, браточкі, не тутэйшы».)
Палачане любяць і ўмеюць смачна пад’есці і ўзяць з паважнай прычыны добрую чарку, але пры гэтым не напіваюцца да божае моцы.
Дарэчы, колькі словаў пра напоі — моцныя і не вельмі. Найбольш пашыраным з іх не толькі на Полаччыне, але і на ўсім абшары Беларусі да пачатку XX стагоддзя заставаўся хлебны квас. Продкі мелі да яго адно галоўнае патрабаванне — каб быў такі рэзкі і востры, што драў бы вочы. Найлепшым у Прыдзвінні, паводле сведчання этнографа М. Нікіфароўскага, лічылі квас насычанага чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Апрача хлебнага гатавалі квас з буракоў, бярозавіку, а таксама ягадныя квасы — калінавік, бруснічнік, журавіннік, рабінавік. Такія напоі зазвычай ашчаджалі на зіму. 3 адборнай антонаўкі выраблялі яблычны квас. Не саступаў яму смакавымі якасцямі прыгатаваны са спелых пладоў і грушавы. У полацкіх дамах нарыхтоўвалі кляновік. 3 сушаных яблыкаў і грушаў-дзічак варылі з цукрам, мёдам або сочывам цудоўныя ўзвары. Заможныя гаспадары пілі гарбату і каву, простыя ж сяляне заварвалі ліпавую квецень, мяту, святаяннік, чабор, маліннік. Існавала тэхналогія прыгатавання «кавы з жалудоў»: падсмажвалі да румянку ячмень, змешвалі яго з нарэзанымі морквай ды чырвонымі буракамі і разам са смолатымі жалудамі заварвалі кіпенем. Рэдзька, хрэн, мёд і соль служылі асноўнымі кампанентамі рытуальнага прыдзвінскага напою — хрэсьбіннага збіценю, які павівальная бабка падносіла шчасліваму бацьку дзіцяці.
I, вядома, піва, што на Полаччыне некалькі сем’яў супольна варылі ў вялізных катлах. Найсмачнейшым півам называлі «марцовае», якое пэўны час выстойвалася. Яно было цёмнае, густое, добра пенілася і магло б, відаць, скласці годную канкурэнцыю папулярным сучасным маркам.
3 2-й паловы XIX стагоддзя пачалі вырабляць гарэлку з бульбы. На заключным этапе яе зафарбоўвалі ў ружовы, блакітны, фіялетавы, зялёны колеры. У выніку настойвання гарэлкі на розных ягадах, каранях, зёлках атрымлівалі настойкі: малінаўку, аераўку, мятную. Полацкія гаспадыні славіліся сваімі наліўкамі, асабліва з вішняў і парэчак.
А яшчэ, гаворачы пра адметнасці полацкага светабачання, я адзначыў бы, што душа нашага чалавека здавён, з пракаветных паганскіх часоў надзвычай схільная да веры ў дзівосы, што цудоўна засведчыў сваім «Шляхцічам Завальнем» Ян Баршчэўскі. Ва ўступе ён піша: «Шмат паданняў кружыць у тым краі сярод простага люду… Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог — пан дзікіх пустэчаў. Каб чалавечы зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размытымі абліччамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з адной пушчы ў другую, бо прадбачыў дзе выбухне пажар.
Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простых людзей, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць азёрнае люстра, якое раскашуе ў месяцавым ззянні, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры.
Дрэвы ў лесе могуць пераходзіць з аднаго месца на другое і шумам сваіх галінаў размаўляюць паміж сабою. Апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і дзівы ў прыродзе: разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галінаў прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольствы панічоў, сведкамі чаго яны няраз былі…
Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі і лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, а потым зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў і ён мігціць, кружачыся вакол сваёй восі».
Жыхары Прыдзвіння верылі ў разрыў-траву, што разрывала замкі ды кайданы і расколвала ў касцоў косы-літоўкі, а таксама ў лятучае зелле, або траву-пералёт, якая блішчэла ў небе, нібы зорка, і магла выканаць любое чалавечае жаданне. Верылі, што ў ваколіцах Полацка блукаюць здані двух вялізных чорных сабак, што некалі належалі паганскаму асілку Бою з-пад цяперашняга Краснаполля, што на Расоншчыне. У сярэдзіне XIX стагоддзя яшчэ спраўлялі ў гонар гэтых таямнічых стварэнняў адмысловае свята. Гаспадар браў ласы кавалак, нахіляўся пад стол і тры разы клікаў: «Стаўры, Гаўры, гам, хадзіце к нам!» Было шмат сведкаў, што пасля гэтага ў хаце сапраўды на імгненне з’яўляліся два чорныя цені.
Маці і бабулі апавядалі дзецям пра трох каралёў: кашэчага — Варгіна, пеўневага — Будзіміра і мышынага — Паднора.
Малыя туліліся бліжэй, чуючы пра волатаў Дубіну, Пруда і Гарыню або пра шматаблічную нечысць, што ахоўвае закапаныя вакол Полацка скарбы. Мурашкі густа бегалі ў слухачоў па спіне, калі згадвалі вадзяніка, што жыў у Палаце па вірах і краў людзей: жанчыны рабіліся зеленакосымі русалкамі, а мужчыны самі ператвараліся ў вадзянікоў. Праўда, Бог не даваў нячысціку спакою: на зімовае свята Вадохрышча выганяў яго ў лазу і толькі ў жніўні, пасля Спаса, дазваляў зноў нырцануць у раку.
Убачыць у Прыдзвінні чорта сто гадоў таму было значна прасцей, чым сёння, — адно падпільнуй, як будзе каціцца па зямлі віхура (чортава вяселле), плюнь у яе тройчы і скажы: «Чорт, чорт, пакажы хвост!» Чэрці любілі музыку і сходкі, жаніліся між сабою, і ў іх нават нараджаліся дзеці.
Меліся надзейныя сродкі распазнавання ведзьмаў. Казалі, што дастаткова сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй аўсяны кісель — жур, як ведзьмы збягуцца на яго з усіх ваколіцаў. Быў іншы спосаб: схаваць на загавінах перад вялікім постам кавалак сыру і насіць да Вялікадня ў мяшэчку пад пахай. На велікоднай ютрані, як толькі святар абвесціць: «Хрыстос уваскрэс!» — трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмакі пачнуць слёзна прасіць у вас сыру.
У насельнікаў прыдзвінскага краю жыла вера ў варажбу і ў розныя магічныя дзеянні. Вось, напрыклад, не вельмі апетытны рэцэпт, «як закахаць у сябе любую жанчыну», выпісаны мною з даўнейшай зачытанай кнігі без пачатку і канца, якую знайшоў у Полацку ў старой прыватнай бібліятэцы: «Забіць чорнага ката, вырваць у яго вочы і ўкласці іх у яйкі ад чорнай курыцы — два вокі ў два яйкі. Пасля яйкі павінны адляжацца і пратухнуць пад кучай конскага гною. 3 кожнага яйка вылупіцца па д’ябляняці, і абодва будуць служыць, прыносячы гаспадару ўсе ўцехі, якія бываюць на свеце».
Ёсць звесткі пра цікавы супрацьпажарны сродак. Калі ў каго загараўся дом, дык у суседзяў, каб туды не перакінулася полымя, голая дзяўчына ці маладзіца аббягала з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча і кідала гарлач у агонь. Відаць, у цывілізаваным XIX стагоддзі гэты спосаб барацьбы з чырвоным пеўнем ужо адміраў, а калі і не — дык быў малаэфектыўны, бо ў 1837 годзе пажар знішчыў у Полацку трыста дамоў у 1848-м — усю цэнтральную частку горада.
Найбольшую папулярнасць мелі, бадай, гісторыі пра пярэваратняў-ваўкалакаў. У святочны дзень на кірмашы ці каля карчмы можна было пачуць аповед чалавека, якому самому давялося пабегаць у воўчай шкуры. Людзі, затаіўшы дыханне, слухалі, як небарака пасварыўся з суседкай-ведзьмаю і тая адплаціла яму страшнаю помстаю. Аднойчы ў дарозе цёмная сіла змусіла яго, маўляў распрэгчы каня і пралезці праз хамут. А як пралез — ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і тры леты бегаў адзінцом, пакуль не прынялі ў гайню. А самае страшнае: баяўся забыцца, што ён не звер, а чалавек. Таму кожнае раніцы мыўся, водзячы пысаю па роснай траве, а ўвесну, калі людзі аруць і сеюць, разграбаў лапамі зямлю. Так і жыў гаротнік, пакуль аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух не перахрысціў яго дванаццаць разоў пугаю, пасля чаго воўчая шкура і злезла.
Даруйце, што захапіўся. Але ж я — палачанін, а нас хлебам не кармі, а дай паслухаць нешта загадкавае ды вусцішнае.
Можа, каб засцерагчыся ад шматаблічнай нячыстай сілы, продкі часта давалі паселішчам і іх наваколлю чыстыя «святыя» найменні. Ёсць на Полаччыне Святыя ручаі, азёры Свяцец і Свяцінец, вёскі Свяціца і Свяцілішча.
У працяг размовы пра натуру жыхароў Прыдзвіння пазнаёмімся з тым, якімі ўбачыў іх у сярэдзіне XIX стагоддзя гісторык і этнограф генерал-маёр М. Без-Карніловіч: «Незнакомый с роскошью белорусец довольствуется малым: не скучает своею жизнью, ни трудами; от него все можно получить справедливостью, умеренностью, ласкою: верный и признательный за добро, не стерпит оказанной ему несправедливости. Мужчины — охотники курить табак; оба пола любят попировать на похоронах, свадьбах, крестинах. Потомки принявших христианство кривичей откровенны, суеверны, до сих пор сохранили одежду, язык и некоторые обычаи своих предков».
Беларускія святы і звычаі Полаччыны зачаравалі мастака I. Захарава. У сваёй кнізе «Путевые записки русского художника» (Санкт-Пецярбург, 1854) ён пісаў: «Надарылася мне быць на кірмашы ў Беларусі. На гэтыя святы з’язджаецца звычайна безліч народу, што танцуе да позняе ночы… Беларускія танцы разнастайныя і вельмі падобныя да неапалітанскай тарантэлы: такія самыя павароты, жвавасць і амаль тыя ж матывы музыкі. Пачынаюцца танцы так: дзве дзяўчыны, дамовіўшыся танцаваць, бяруцца за рукі і падыходзяць да дудара, што сядзіць улетку на прызбе каля карчмы, а ўзімку — у самой карчме. Кожная дзяўчына павінна заплаціць яму за танец капейку срэбрам або падараваць яйка, абаранак ці блін. Потым яны пачынаюць танцаваць — спярша проста адна перад адной, потым укругавую, зноў проста і завяршаюць танец вальсам; некаторыя скачуць з прыпевам і пстрыкаюць пальцамі. Ледзь паспее адна пара закончыць танец, як адразу з’яўляецца другая, і беднаму дудару ўвесь дзень не дадуць ні хвілінкі спакою».
Уражлівая натура мастака ўбачыла падабенства Полаччыны з Італіяй не толькі ў танцах, але і ў краявідах: «Дзівосны від адкрываўся на Полацк: сабор, манастыр і царква святой Сафіі — разам на схіле гары, а на беразе паўразбураныя яўрэйскія хаціны; на рацэ Дзвіне мільгацелі лодкі з ветразямі і без іх. Людзі ў розных уборах: рускія, яўрэі, яўрэйкі, беларускія сяляне… а ў дадатак да гэтай прывабнай карціны — сонца, што, заходзячы, асвятляе рэдзенькія аблачынкі такім спякотным каларытам, якога мне не даводзілася бачыць і ў Італіі. Бераг і будынкі былі зацененыя, адно вярхі люстраваліся ў вадзе, і паміж ценямі мільгалі ад хуткае плыні залацістыя струменьчыкі. Я не мог стрымацца, каб не замаляваць гэты краявід, апотым намаляваў карціну алейнымі фарбамі». Апавядаючы пра выдатнасці полацкага дойлідства, Захараў зазначаў: побач з імі «забываеш, што ты не ў сталіцы, а ў павятовым горадзе».
Дарэчы, захапленне падарожніка тутэйшымі храмамі было настолькі вялікае, што з-пад яго пяра выйшлі такія словы: «Мікалаеўскі сабор — вялізных памераў і надзвычай цікавай архітэктуры; потым — Сафійская царква, з архітэктурай такой лёгкай і вытанчанай, што нельга налюбавацца, дый не дзіўна: кажуць, нібыта дзве гэтыя царквы пабудаваны па малюнках Мікеланджэла».
Дадам да гэтых цытатаў і сказанае пазней, ужо ў 1912-м, выдатным расійскім пісьменнікам Іванам Буніным: «Гостил, между прочим, у A. С. Черемнова, в северной части Витебской губернии. Громадный лесной край, необычайно интересный в бытовом отношении. Мне довелоеь очень много ходить пешком, вступать в непосредственные отношения с местными крестьянами, присматриваться к ним, изучать их язык. У крестьян этой полосы, по-моему, в наиболее чистом виде сохранились неиспорченные черты славянской расы. В них видна порода. Да и живут они хорошо, далеко не в тех ужасных некультурных условиях, как наш мужик в средней России».
Пісьменнікава жонка, Вера Мурамцава, у лісце з таго самага беларускага маёнтка Клееўкі Себежскага павета пісала: «Имение очень благоустроенное, чувствуется, что хозяева культурные люди. Да и сами мужики чище, лица определеннее наших. Есть и особая поэзия этого края: в саду живет семейство аиста, коров сзывают рожком…»
Да болю шкада некаторых крывічанскіх звычаяў, жывых яшчэ на пачатку XX стагоддзя. Вось, скажам, імёны. Нас паспяхова прывучылі да, как бы мовіць, «агульнасаюзных». Цяпер становішча выпраўляецца, з’яўляюцца Янкі, Усяславы, Вітаўты, Адэлі, Францішкі, Міхаліны, ды па-ранейшаму набор імёнаў у школьным класе ў Полацку мала чым розніцца, напрыклад, з уладзівастоцкім.
Даўней імёны і ў гарадскіх, і ў сялянскіх беларускіх сем’ях давалі па святцах — царкоўнай кнізе, з пералікам усіх святых і іх дзён у каляндарным парадку. Прыйшоў на свет хлопчык у дзень апосталаў Пятра і Паўла — будзе Пятрусь ці Паўлюк, нарадзілася дзяўчынка на святую Ганну — наканавана ёй быць Ганусяй. Апрача таго, кожнае імя мела звычайна пяць формаў. Нататкі пра гэты звычай пакінуў знаўца нашае старасвеччыны Вацлаў Ластоўскі, радзіма якога — былы фальварак Калеснікаў пад Мёрамі.
Зусім малых дзяцей, што бегалі без порткаў у даўгіх кашулях, звалі пяшчотна: Анцік, Гаўрык, Петрык, Юрцік. Ды вось хлопчыку надзелі порткі, і ён з пестуна стаўся работнікам — пасвіць гусі і куры, скубе пёры, едзе з бацькам у лес ці на поле. Такіх памочнікаў называюць ужо больш самавіта: Антук, Гаўрук, Пятрук, Юрка. Калі хлапцы падрастуць і пачнуць хадзіць на вячоркі ды ігрышчы, Пятрук абавязкова ператворыцца ў Петруся, Юрка — у Юрася. Набяжыць час жаніцца, пераходзіць «з рабяцкага стану ды ў мужчынскую славу», і Пятрусь стане звацца Пятром. Палятуць гады «мужавання і баявання», неўпрыкмет падыдзе пара жаніць сына. Нявестка будзе зваць Пятра — Петрашом, Астапа — Асташом, Рыгора — Грынём. Вось некалькі такіх поўных імянных ланцужкоў Аляксандр: Вольцік, Валюк, Алесь, Алехна, Вольша. Уладзімір: Валодзік, Валодзька, Валодусь, Валадар, Валодша або Ладзік, Ладук, Ладысь, Ладамір, Ладша. Раман: Ромцік, Рамук, Рамась, Раман, Рамаш. Трохі меней формаў мелі жаночыя імёны: Наська, Настка, Настуля, Наста; Верця, Верка, Вяруся, Вера.
Хто захоча адрадзіць гэты звычай у сваёй сям’і, няхай знойдзе «Расійска-Крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага, а ў ім — «Крыўскі іменнік».
…У свой час, прааналізаваўшы творчасць полацкіх літаратараў я прапанаваў увесці паняцце «полацкі менталітэт». Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін падтрымаў гэтую ідэю, адгукнуўшыся на яе аднайменным вершам:
Ёсць полацкі менталітэт —
Ад Еўфрасінні, ад Скарыны,
Ад той абрынутай адрыны,
Дзе сон шукаў
Свой сонны след…
Ад Полацка пачаўся свет.
Пра небачолых кажам:
3 нашых!
Ёсць Беларусь,
А гэта значыць —
Ёсць полацкі менталітэт!
Пасля перагляду царскімі ўладамі дакументаў і масавага пазбаўлення шляхецкіх правоў дваранства на Полаччыне складала ўжо не такую, як за часамі Рэчы Паспалітай, але ўсё адно вельмі значную долю насельніцтва. Віцебскі генерал-губернатар у 1840 годзе дакладваў міністру ўнутраных справаў, што ў губерні налічваецца 5106 дваранаў, якія маюць сялянаў і маёнткі, 14 875 — з зямлёю і 5761 безмаёнткавец. «Высший круг дворянства вообще отличается тою образованностью, которая в некоторой степени уравнивает все просвещенные сословия Европы; дворянство среднего разряда также довольно образованно… Прямая искренняя приверженность к правительству и самостоятельные достоинства русского характера встречаются весьма редко и служат исключением; большая часть дворянства, будучи польского происхождения, сохраняет свою нацию и чуждается всего русского». Апошнія губернатаравы словы вымагаюць удакладнення. Мясцовую шляхту нельга называць польскаю: яна, хоць і гаварыла пераважна па-польску, была мясцовага паходжання, ніколі не захоплівала гэтае зямлі, а, наадварот, бараніла яе ад ворагаў, паўставала супроць акупантаў, добра ведала беларускую мову, фальклор і традыцыі народа.
Гэта былі вальналюбныя гасцінныя людзі, якія ўмелі ваяваць і любілі добрую застоліцу. Баюся, што не скажу пра шляхецкі стол лепей, чым Уладзімір Караткевіч у «Дзікім паляванні караля Стаха». У яго апісаннях няма хіба што такіх полацкіх (не толькі шляхецкіх) страваў, як вараная бульба з бруснічным варэннем і малочны суп з ляшчом, а таксама папулярнай на Полаччыне палёнкі — гарачага трунку з палёнай гарэлкі, журавінаў і мёду. Славіўся некалі і мёд-трайняк полацкіх езуітаў. Адзін з герояў «Шляхціча Завальні» з цёплым пачуццём згадвае айца Папэ, якому быў даручаны нагляд за вінным склепам. Там, у зацішным кутку кляштара, стаялі велізарныя дубовыя бочкі з выдатным старым мёдам, кухаль якога адразу вылечваў любую прастуду.
У маёнтку Крашуты па дарозе з Полацка на Невель мастак I. Захараў аглядаў «выдатную карцінную галерэю са шматлікімі арыгінальнымі палотнамі». Самым каштоўным у гэтым мастацкім зборы было выразанае з косці распяцце, якое, па словах гаспадара — палкоўніка A. I. К. (на жаль, падарожнік падае толькі ініцыялы), належала французскай імператрыцы Жазэфіне. Затым Захараў апісвае срэбны сервіз, на кожнай рэчы якога замест кляйма быў партрэт Напалеона. Гэтыя рарытэты палкоўнік вывез у 1814 годзе з Парыжа, дзе тады знаходзіліся расійскія войскі. Апрача галерэі A. I. К. ганарыўся «цудоўнай бібліятэкай».
У шляхецкіх дамах чыталі збольшага польскую літаратуру. Аматары прыгожага пісьменства выпісвалі з Пецярбурга і з Вільні штогоднікі «Незабудка» і «Рочнік літарацкі». У другім нумары «Рочніка» за 1844 год быў надрукаваны ўрывак з «Гісторыі ў легендзе» — рамана-жыццяпісу, прысвечанага святой Еўфрасінні. Ён належаў пяру Міхала Борха, уладальніка недалёкага ад Полацка маёнтка Прэлі Дынабургскага павета. Выбраны ў 1850-м маршалкам шляхты Віцебскай губерні, Борх займаўся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, перакладаў на французскую Адама Міцкевіча, выдаў у Вільні па-польску кнігу «Два словы пра Дзвіну».
Паўтары сотні падпісчыкаў меў у Прыдзвінні яшчэ адзін польскамоўны альманах сярэдзіны XIX стагоддзя «Рубон» (як мы памятаем, гэта старажытнае найменне Дзвіны), назва якога вызначала і кола аўтараў.
Першы нумар «Рубону» адкрываўся праграмным вершам «Дзвіна» фалькларыста і грамадскага дзеяча (а з 1880 года — віцебскага губернскага маршалка) Ігната Храпавіцкага, што павінен быў будзіць беларусаў:
У цемры схованая рэчка спачывала,
Цяпер глыбокія зноў замуціла хвалі:
Стары Рубон прачнуўся і зірнуў удалеч,
Азваўся, быццам бура громіста сказала:
«Мой дзень! Хто ж вас ад сну мярцвяцкага абудзіць?»
Чакаю — шмат чакаць — лятуць гады, стагоддзі,
Канец іспытам нашым так і не прыходзіць,
Ах! як жа безнадзейнасць мучыць тут і нудзіць.
Ля Віліі і Нёмна чутны бардаў спевы,
Над Віслаю паўсталі, расквітнелі сёлы,
А тут пустэча — цішыні глухой рассевы,
Як збеглі ад мяне гурты сыноў вясёлых. [25]
1843 годам датаваны напісаны Храпавіцкім у роднай вёсцы Каханавічы Дрысенскага павета нарыс «Погляд на паэзію беларускага народа», які таксама з’явіцца ў «Рубоне».
Старэйшы сучаснік аўтара «Дзвіны» Ян Аношка аддаваў перавагу іншаму метаду пашырэння ўласнай паэтычнай прадукцыі: замест публікацыі, чытаў яе ў прыдзвінскіх корчмах. Яго кнігу полацкія піяры выдадуць толькі пасля смерці паэта, у 1828-м, але немудрагелістыя шчырыя вершы Аношкі будуць згадвацца пры кухлях і чарках і ў часы «Рубону».
Адукаваная публіка добра ведала імёны Яна Чачота і Тамаша Зана, сяброў Адама Міцкевіча і таксама паэтаў-рамантыкаў што служыліў 1830-1840-я гады ў Лепелі.
У полацкіх дамах з’яўляліся першыя ластаўкі новай беларускай літаратуры: творы Яна Баршчэўскага, паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», вершы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча і Уіадзіслава Сыракомлі, адзін з якіх, «Добрыя весці», напісаны ў рэвалюцыйны для Еўропы 1848 год, гучаў так:
Заходзіць сонца пагодняга лета,
Вее вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер з далёкага света:
Добрыя ж весці да нас ты прынёс!
Там, на Захадзе, праліваюць кроў,
Б’юцца для славы, свабоды і чэсці
І робяць вольных людзей з мужыкоў.
Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песню «Хваліць цябе, Божа!»
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль [26].
Зямля ты наша, зямля ты святая,
Радзі нам збожжа ды судзі пажаць.
Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю
На магазын наша зерне браць!
Пісьменнік Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, родам з Дзісенскага павета, прыгадваў што ў 1868 годзе згуртавалася кола маладых шляхцічаў, якія, «даўшы кожны па сто рублёў та й болей», зафундавалі ў Пецярбургу «Крывіцкі Вязок». Суполка, паводле задумы яе заснавальнікаў мелася распрацоўваць беларускую мову ў якасці літаратурнай, выдаваць на ёй кніжкі, адчыняць беларускія школы, спрыяць развіццю беларускай навукі. «Сталі падгатаўляць мы беларускую слоўніцу, сабіраць песні чорна люда, капіць матэрыялы па гісторыі нашага руства. Я пісаць меў з Полацку…» Але ўлады хутка разгледзеліся, куды дзьме вецер: «Вязок» прыкрылі, а яго сродкі пусцілі на ўмацаванне ў «Северо-Западном крае» праваслаўя.
У апошняй чвэрці XIX стагоддзя ў маёнтку Ухвішча Лепельскага павета (цяпер гэта Полацкі раён) служыў аканомам беларускі паэт Фелікс Тапчэўскі, што пісаў пад псеўданімам Хвэлька з Рукшэнід. У змагарным 1863-м ён са зброяй у руках з’явіўся на зборны пункт паўстанцкага аддзела Отана Грабніцкага ў Бікульнічах, якія былі зусім блізка ад роднага паэтавага фальварка Будзішча. Уладам не ўдалося давесці ўдзелу Тапчэўскага ў барацьбе і яго вызвалілі з-пад арышту, пакінуўшы пад наглядам. Голас ліры Хвэлькі з Рукшэнід быў надзвычай блізкі да паэтыкі аўтара «Тараса на Парнасе», што дало некаторым літаратуразнаўцам падставы назваць Тапчэўскага стваральнікам гэтага шэдэўра, хоць апошнія даследаванні і не пацвярджаюць такой версіі. На месцы колішняга родавага гнязда Тапчэўскіх сёння вы пабачыце адно некалькі старых ліпаў. А вось паэтава магіла з помнікам захавалася ў вёсцы Глыбачка на Ушаччыне дасёння.
3 мястэчка Кублічы Лепельскага павета паходзіў пісьменнік-дэмакрат Арцём Вярыга-Дарэўскі — паўстанец 1863-га, сібірскі высланец, аўтар першага перакладу на беларускую мову паэмы Міцкевіча «Конрад Валенрод», уладальнік славутага «Альбому», дзе пакінулі запісы Упадзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор, Вінцэсь Каратынскі, Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Аляксандр Рыпінскі…
У маёнтку Іванаўшчына таго ж павета прыйшоў на свет кампазітар і збіральнік музычнага фальклору Антон Грыневіч. Жывучы ў Пецярбургу, ён уваходзіў у выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца», заснаваў уласнае выдавецтва, якое выдала блізу дзесяці беларускіх кніжак амаль трыццацітысячным агульным накладам. У 1925-м Антон Грыневіч вернецца з Вільні, дзе працягваў сваю кнігавыдавецкую справу, у Савецкую Беларусь, будзе сакратаром музычнай секцыі Інбелкульту і старшынёй песеннай камісіі, будзе запісваць на Полаччыне народны мелас. НКВД палічыць, што гэтага больш чым дастаткова для арышту ў 1933-м і расстрэлу ў 1937-м.
На працягу ўсяго мінулага стагоддзя і на пачатку нашага каля паловы, а часам і болей жыхароў Полацка і вакольных мястэчак складалі яўрэі. У 1855 годзе іх у горадзе было 66 працэнтаў, у 1891-м — 49. У сваіх «Исторических сведениях о примечательнейших местах в Белоруссии» М. Без-Карніловіч піша пра гэты народ: «Предприимчивы, любопытны, проницательны. С первого взгляда, с первых слов поймут, с кем имеют дело. Заранее рассчитывают барыши, какие может доставить предпринимаемая операция; исчислят расходы, и тогда только возьмутся за дело. В Белоруссии вся торговля в их руках. Винные откупы, почтовые станции, перевозы через реки содержат евреи; для них никакой труд не тяжел, если только от него предвидят для себя пользу. Евреи — народ, глубоко знающий нрав, склонности и привычки людей и умеющий пользоваться их слабостями. Избегают утомительных работ: между ними найдете много портных, сапожников, шапочников, стекольщиков, лудильщиков, жестянщиков, разносчиков, резчиков печатей, золотых и серебряных дел мастеров; редко встретите кузнеца, плотника, пильщика. В вере тверды до фанатизма, богомольны, единодушны, любят помогать своим, в особенности, когда те пострадают от пожара».
Па полацкіх вуліцах бегала з аднагодкамі яўрэйская дзяўчынка Марыя, якая ў 1891 годзе ў дзесяцігадовым веку пераедзе з бацькамі ў ЗША і здабудзе вядомасць як пісьменніца Мэры Энцін (Mary Antin). Яе творчасць яшчэ чакае сваіх даследчыкаў на радзіме. Дадзім мінімум звестак на пачатак працы: у 1899-м у Бостане выйшла першая кніжка М. Энцін «3 Полацка ў Бостан» («From Polotzk to Boston»), потым пабачыла свет «Зямля запаветная» («The Promised Land». Boston-New York, 1912), a праз два гады — «Тыя, што стукаюцца ў нашы брамы» («They who knock at our Gates»).
Другое з названых выданняў цалкам аўтабіяграфічнае. На яго фотаілюстрацыях можна ўбачыць жыхароў Полацка, гарадскія крамы, яўрэйскую школу-хедэр, зімовую Дзвіну. Да аб’ёмістай, амаль на чатыры сотні старонак, кнігі быў дададзены слоўнік-гласарый, адкуль амерыканскі чытач атрымліваў магчымасць даведацца пра шэраг беларускіх геаграфічных назваў, імёнаў і пабытовых рэчаў. Аўтарка лічыла, напрыклад, патрэбным патлумачыць, дзе знаходзяцца Віцебск і Вільня, што такое талакно і як у нашых мясцінах спажываюць гарэлку.
Полацк — радзіма опернага спевака і рэжысёра Аляксандра Альтшулера, вядомага пад сцэнічным псеўданімам Альтуці. У дваццаць тры гады ён дэбютуе ў маскоўскай Італьянскай оперы, стане спяваць разам з легендарным Леанідам Собінавым, у 1920-я зойме пасаду галоўнага рэжысёра Харкаўскага опернага тэатра.
Мястэчка Лужкі праславіць на ўвесь свет народжаны там у 1858 годзе Эліэзер Бен-Іягуда (Перэльман), дзякуючы якому яўрэі адродзяць іўрыт у якасці жывой размоўнай мовы, што станецца дзяржаўнай моваю Ізраіля.
Не абыдземся мы і без старонкі эканамічнай, а ў ёй без статыстыкі, хоць нехта са знакамітых палітыкаў і назваў гэтую навуку адным з відаў хлусні.
У 1861 годзе ў Полацку жыло 15 тысяч чалавек — трэцяе месца сярод павятовых гарадоў Беларусі. Слыннае некалі, а цяпер правінцыйнае места Полацкае мела 330 крамаў. Няхай лічба вас асабліва не ўражвае, бо 170 з іх разам з гаспадарамі падарожнічалі па вуліцах і былі звычайнымі лёгкімі шапікамі, з якіх прадавалі хлеб, муку, садавіну, цвікі і свечкі, мыла ды іншы дробны тавар. 3280 купцоў кожны пяты — у залежнасці ад капіталу — належаў да адной з трох гільдыяў. Яны і трымалі сапраўдныя крамы з прывазным таварам — суконнымі, ядвабнымі і баваўнянымі тканінамі, галантэрэяй і бакалеяй. Гільдыйныя купцы займаліся буйным гандлем з Рыгаю, пастаўляючы туды збожжа, сала, лён і льняное семя, пяньку і лес. Шумных і багатых кірмашоў, куды прыязджалі за сотні вёрст, Полацк ужо не ведаў. Іх замянілі штотыднёвыя базары па серадах, пятніцах і нядзелях з даволі сціплым абаротам каля пяцісот рублёў.
Рамеснікаў у гэты час налічвалася 421. Магу сказаць, каго было болей, каго меней: 151 шавец, 97 краўцоў, 25 хлебапёкаў, 22 цесляры, 20 муляраў і тынкоўшчыкаў, 16 разнікоў (мяснікоў), 11 сталяроў, па шэсць кавалёў і гарбароў. Зніклі шабельнікі, пішчальнікі, наогул усе збройнікі, з’явіліся гадзіншчыкі і фартэпіяннікі. Пачалася рэгістрацыя прадстаўніц найстаражытнейшай прафесіі. 1 жніўня 1889 года ў Полацку было на ўліку восем прастытутак, у губернскім Віцебску — дзеля параўнання: — 53.
Сярэднявечныя цэхі дажывалі свой век, на змену ім прыходзілі капіталістычныя прадпрыемствы.
На 1865 год статыстыка налічвае ў Полацку ўжо 18 «заводаў» — сем гарбарняў, тры піваварні і тры вапнярні, тытунёвая і свечкавая фабрыкі, цагельня, медаварня і бровар, што забяспечваў палачанаў і наваколле гарэлкаю. У наступным годзе горад убачыў першы паравоз: пачаўся рух на ўчастку Полацк - Дзвінск (цяперашні Даўгаўпілс) Рыжска-Арлоўскай чыгункі.
Галоўнаю працаўніцай пакуль што, аднак, заставалася Дзвіна. У тым самым 1865-м па ёй прайшло 13 300 плытоў. Кожны складаўся з дзвюх «лаваў» метраў па шэсцьдзесят уздоўж і на дзесяць з лішнім ушыркі. Дзесятка паўтара плытоў — гонка. Пры ёй абавязкова меўся асобны плыт з прыгожым стромістым дамком, падзеленым на дзве палавіны: у адной была печка — гатаваць ежу, у другой плылі прыказчыкі ці сам гаспадар. Добрым надвор’ем з Полацка да Рыгі гонка даходзіла за дзесяць дзён.
Уладкаваўшыся з вудаю дзе-небудзь паблізу святой Сафіі, вы не толькі пачулі б песні асначоў-плытагонаў, але і ўбачылі б на пустэльнай сёння Дзвіне жвавы рух самых разнастайных вадаплаўных сродкаў. Моста цераз раку яшчэ няма, таму паміж горадам і Задзвіннем ходзіць паром і снуюць рознакаліберныя чаўны. Ёмістыя лайбы вязуць вапну і камень. Стругамі сплаўляюць на Балтыйскае ўзбярэжжа клёпкі, абады і гонту. На карме завіхаецца стырнавы, побач з ім стаіць лоцман і яго памочнік, якога па-мясцоваму называюць «дзяцінам».
Напрыканцы XIX стагоддзя рака прывыкне да паравога флоту. 3 Віцебска да Дзвінска з заходам у Полацк пачнуць курсіраваць параходы «Гигант», «Атлет», «Надежда», «Герой», «Силач», «Борец» і «Друя». Гаспадарамі маршрута стануць спадары 3. Гіндзін i Рахмілевіч.
Што яшчэ? Простыя гараджане па-ранейшаму трымалі козаў, авечак, свіней і кароў. У панскіх хлявах побач з тутэйшымі маларослымі кароўкамі жавалі жуйку халмагоркі і галандкі, капалі капытамі зямлю тырольскія быкі. 3 прыгарадных вёсак масла адпраўлялі ажно ў Смаленск, Рыгу і Санкт-Пецярбург. На агародах нічога новага, апрача хіба бульбы, з часоў сярэднявечча не з’явілася.
Тагачасныя пчаляры збіралі з калоды ў год ад дзесяці да пятнаццаці фунтаў мёду і ад васьмі да дзесяці — воску. У багатых маёнтках апроч садоў былі аранжарэі, дзе, як піша М. Без-Карніловіч, выспявалі абрыкосы, персікі, вінаград, лімоны і апельсіны.
Уяўленне пра багацце тагачасных беларускіх садоў даюць сведчанні гісторыка Міколы Угашчыка, які ў сваёй кнізе «Была такая вёска» піша, што напрыканцы XIX стагоддзя ва ўраджайны год калёсы самых лепшых яблыкаў вагою пудоў на дваццаць каштавалі ў Менску пяць рублёў, гэта значыць, пуд ішоў за 25 капеек. Каб не везці тавар дахаты, гаспадар мог аддаць увесь воз і за два рублі. Столькі ж каштавалі і цэлыя калёсы вішняў.
Калі ўжо загаварылі пра кошты, дык пуд ячменю прадавалі тады за 70–80 капеек, кілаграм масла — за 45. Конь каштаваў ад 100 да 200 рублёў, жарабя — 25–30, карова — 35–40, цяля — 4–5. За зроблены ў Віцебскіх саматужных майстэрнях аднаконны плуг плацілі 3 рублі, за жняярку і малатарню — па 120.
Цяпер — пра паляванне, якое тады яшчэ не зусім ператварылася ў спорт.
Цяжка даць веры, але ў сярэдзіне XIX стагоддзя мядзведзяў у лясах вакол Полацка вадзілася столькі, што, калі за адну аблаву здабывалі меней трох касалапых, гэта лічылася няўдачаю. Вядома, што ў 1859 годзе Віцебская губерня адправіла Дзвіною ў Рыгу 215 пудоў ласіных шкураў i 15 пудоў рагоў. Мядзведжыя шкуры каштавалі ад 3 да 12 рублёў рысіныя — 2-5. Мы вось проста кажам: «мядзведзь», а тагачасныя полацкія паляўнічыя адрознівалі тры пароды: мурашніка, аўсяніка і сцярвятніка. Апрача традыцыйнага палявання, калі абкружалі асочаны бярлог, лясных гаспадароў лавілі сілом або жалезнымі пасткамі, што ставілі ў атворах борцяў. Прасунуўшы галаву да пчолаў мядзведзь ужо не мог выцягнуць яе назад. Існаваў і такі спосаб: на дне адмыслова выкапанай ямы пакідалі місу з разведзеным гарэлкаю мёдам. Прываблены пахам буры ласун адважна «браў чарку», пасля чаго соладка засынаў і рабіўся лёгкаю здабычай.
Але нярэдка здаралася, што нецікавая перспектыва апынуцца ў ролі здабычы выпадала самому паляўнічаму. На такія выпадкі ў лесе сям-там рабілі прымацаваныя да дрэва на вышыні чатырох-пяці метраў круглыя дашчаныя пляцоўкі, да якіх прыстаўляліся лескі. Ратуючыся ад звера, чалавек хуценька падымаўся на пляцоўку і ўсцягваў за сабой лесвіцу. Мядзведзь лёгка залазіў да ўзроўню пляцоўкі, але яе шырокія краі не дазвалялі касалапаму дапасці да крыўдзіцеля.
У Прыдзвінні вадзілася шмат ваўкоў. На іх палявалі звычайна ў другой палове лета. Звяроў прываблівалі голасам, тыя адгукаліся, а тым часам кола паляўнічых сціскалася. У гэтую пастку запускалі ганчакоў, якімі кіраваў конны сабакар. За дзень здабывалі да трох ваўчыных выпладкаў. Маладых драпежнікаў бралі, заганяючы сабакамі, жыўцом. Шкуры забітых звяроў фарбавалі і прадавалі як «беларускіх янотаў».
Знаёмы ўжо чытачу расійскі акадэмік Севяргін занатаваў на Полаччыне і іншы спосаб палявання на небяспечных драпежнікаў. У лясных нетрах капалі глыбокую яму, у сярэдзіну яе забівалі вялізны кол, чыя макаўка выступала над узроўнем зямлі. Яму маскавалі саломай і галлём, да якіх узімку дабаўляўся снег. Да кала прывязвалі качку або гуся, што, як вядома, не любяць сядзець ціха. Прываблены птушкаю воўк трапляў у яміну, прычым часам звяроў там набіралася штук па пяць. Севяргін лічыў што адтуль пайшла беларуская прымаўка: «I гусь цэлая, і воўк злоўлены». Аднак паквапіцца на прынаду мог і чалавек. Мастак I. Захараў пачуў пад Полацкам аповед пра тое, як у ваўчынай яме апынуўся добра падпіты дудар, якому таксама заманулася паласавацца гускай. Ноч небарака соладка праспаў на дне, а ўранні на яго грымнуўся велічэзны ваўчара. Музыка меў адзіную зброю — дуду, што нібыта і выратавала яго, бо воўк пад яе мелодыю выў і скакаў пакуль не падаспелі людзі.
Сёння чытаеш такія звесткі, быццам фантастычны раман.
Лясы і пушчы, дарэчы, хутка збяднелі пасля паўстання 1863 года, калі на загад расійскага ўрада пачалося высяканне запаведных абшараў, дзе маглі хавацца інсургенты.
Дзе паляванне, там і рыбалка. Гэтую старонку прысвячаю тым, хто, як некалі і сам аўтар, закідваў вуду ў Дзвіну і не зводзіў вачэй з патанка. Праўда, папярэджваю: чытаць лепей з валідолам…
На маім стале кніга Аляксея Сапунова «Река Западная Двина» (Віцебск, 1893). Чытаю, што «сомы нередки» і сярэдніх памераў дзвінскі сом важыць 3–3/4 пуда, ды ўспамінаю дохлага соміка (мо апошняга?) з адной галавы і хваста, які плыў дагары чэравам па каламутнай вадзе, калі ў 1990 годзе наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір» атруціла Дзвіну нейкай хімічнаю заразай да самай Рыгі.
Самоў нашы прадзеды лавілі сеткамі або вялікім кручком на моцным шнуры. Прынада — жывая і мёртвая рыба, кавалкі мяса і ўлюбёны саміны ласунак — пячонка. Трапіўшы на кручок, трохпудовая рыбіна вазіла рыбака з лодкай добры дзесятак вёрст уніз і ўверх па рацэ.
Самы XIX стагоддзя ўяўляюцца нечым накшталт акулаў: яны пачуваліся так упэўнена, што і самі былі не супраць злавіць чалавека. Газеты пісалі, як у 1820 годзе ў Краслаўцы сом схапіў дзяўчынку і адгрыз ёй руку. У 1884-м у раце Дрысе каля сутоку з Дзвіной купалася дваццацігадовая дзяўчына; як толькі яна адплыла на колькі сажняў рачны разбойнік пацягнуў яе за нагу на дно. Перапалоханую купальшчыцу ледзьве выратавалі.
Магчыма, гэткіх самоў лавіў у блаславёныя гады юнацтва ўраджэнец Дрысы Аляксандр Пальмбах (1897–1963), цюрколаг і адзін са стваральнікаў тувінскага пісьменства і першай граматыкі тувінскай мовы.
«Лещ, — піша А. Сапуноў — водится во множестве, достигая до 2 футов длины и до 18 фунтов весу». Гэтая рыба добра бралася на ракавую шыйку. (Паспрабуйце сёння здабыць таго рака!) У Дзвіне і ў яе прытоках жыравалі «шараспёры», або «жывасцёры» (жэрахі), што бывалі вагою да 20 фунтаў. Яны любілі паласавацца дробнаю рыбкай, якую, высока падскокваючы ўгору, глушылі сваім пругкім хвастом і пры гэтым так разганяліся, што нярэдка самі апыналіся на беразе. Шчупакі дасягалі пудовай вагі. Лавілі іх, апрача вядомых сённяшнім рыбакам снасцяў, шастамі з пятлёй на канцы.
Успамінаю, як напрыканцы 1960-х гадоў у піянерскім летніку пад Ветрынам мы з сябрамі яшчэ рыбалілі такім спосабам. Шчупакі трапляліся не пудовыя, а разоў у сто меншыя, ды ўсё адно гэта было непаўторна: залацісты жвір плыткаводдзя, зялёныя цені рыбінак на дне (яны заўсёды стаялі галавой у бок сонца), сіло з працягнутай паміж пазногцямі травіны, якое заводзіш з галавы пад шчэлепы…
Сапуноў апавядае, як гэтае хлапечае шчасце выглядала ў пазамінулым стагоддзі: «В полуденную летнюю пору, время щучьего сна, мальчики и подростки охотятся за щуками с петлей, которая представляет силок из конских волос на шесте или прочном удилище. Такая петля осторожно надевается на морду щуки и также осторожно доводится до жабер, при подъеме которых во время дыхания она быстро затягивается. В петлю попадает иногда довольно крупная щука, что составляет торжество юного рыболова».
Яшчэ адно дзіва той Дзвіны — ласосі. Каля Полацка яны сустракаліся даволі рэдка, але чым ніжэй па рацэ, тым часцей.
3-пад Рыгі іх прывозілі свежых, марынаваных і вэнджаных у ядлоўцавым дыме. У сярэднявеччы, паводле хронік, ласосяў у дзвінскіх нізавінах было гэтулькі, што, наймаючыся на службу, работнікі ў дамове з гаспадаром адмыслова абумоўлівалі, каб гэтаю рыбай іх болей двух разоў на тыдзень не кармілі.
Вугорычы ў XIX стагоддзі найлепей ловяцца перад Купаллем. Судакі «водятся в Двине в очень достаточном количестве» і дасягаюць шаснаццаці фунтаў, ментузы — дванаццаці, язі — васьмі. Акуні драбнаватыя, усяго фунты па трычатыры. У пераліку дзвінскіх рыбаў разам з печкурамі (па-полацку — курмялямі), верхаводкамі, плоткамі, краснапёркамі і джхірамі сустракаем ліноў, гусцяру, рыбца, сіга, гальца і яльца, стынку (снятка)…
Дазвольце на заканчэнне яшчэ колькі словаў пра рыбарскія прылады. Невады на вялікіх, накшталт Нешчарды, азёрах бывалі, калі верыць Сапунову, даўжынёю з вярсту. Папулярнасцю карысталіся восці — жалезны грабянец з пяццю-сямю вострымі зубамі на доўгім тонкім шосце, — якімі білі ўвесну шчупакоў і наогул буйную рыбу. На пачатку зімы, калі рэкі і азёры зацягваў тонкі празрысты лёд, рыбар даставаў куку — ніштаваты драўляны молат на сажнёвай цавейцы. Яго ўдарамі глушылі рыбу, што ў бязветранае надвор’е збіралася ля берага.
I зноў цытата: «Каждый порядочный полоцкий рыболов непременно имеет один или несколько шнуров, длина которых бывает от 10 до 30 сажней и более. По длине такого шнура, в расстоянии полутора аршин, прикрепляются на короткой привязи крючки. При забросе шнур или перегораживает реку, или растягивается по длине ее». На шнур лавілі і ў Палаце, якая тады мела шырыню ад шасці да дзесяці сажняў і глыбіню чатыры-восем футаў а ў паводку разлівалася месцамі на 350 сажняў (без чвэрці кіламетр), маючы да пятнаццаці футаў углыбкі.
Полацкія рыбакі былі перакананыя, што любое возера мае рыбінага цара. Рыбіна гэта ці нейкае іншае стварэнне — невядома, бо ніхто яго не бачыў. Па волі цара рыба велізарнымі чародамі па рэках або падземнымі воднымі шляхамі пераходзіць з аднаго возера ў другое. Шчасце таму, хто падпільнуе такое падарожжа: у яго невад зойдзе ўся чарада.
Як і цяперашнія вудалі, іх прадзеды верылі ў розныя прыкметы. Сетку яны браліся плесці толькі на маладзік. Выправу на рыбалку хавалі нават ад сямейнікаў — іначай нічога не зловіш. Спаткаўшы на дарозе жанчыну, паварочвалі дахаты. Любы самаробны кручок цанілі вышэй за крамны — рыжскі або англійскі. Дзень лічыўся страчаным, калі першым на вуду трапляўся джгір. Сустрэўшыся на беразе з канкурэнтамі, віталіся: «Поўны сеці!» Злы язык мог дадаць: «Жаб ды мышэй», і закіпала сварка, якая почасту канчалася бойкаю і купаннем непрыяцеля.
Вяртаемся з дзвінскіх берагоў у горад.
Ідуць 1860-я гады. Дамоў у Полацку трохі болей за тысячу. Цэнтральныя вуліцы забрукаваныя, увечары на іх загараюцца ліхтары. Ускраіны ўвесну і ўвосень патанаюць у гразі. У 1865 годзе адчыняецца першая гарадская лякарня на сорак ложкаў. Прыкладна столькі месцаў і ў полацкай багадзельні.
Горад, як і раней, пакутуе ад пажараў. Улетку 1862-га згарэла 150 будынкаў. Праз дзевяць гадоў палачанаў напаткала новая бяда. Загарэўся дом недалёка ад вайсковай гімназіі. Хутка гімназічныя карпусы акружала суцэльнае мора агню. Вецер пераносіў праз корпусны пляц вуглі і цэлыя галавешкі. Вартымі жалю выглядалі спробы вёдрамі цягаць ваду з Дзвіны. Каля полымя бездапаможна мітусіліся пажарнікі. Як высветлілася, іх абоз меў усяго дзесяць бочак. Адна толькі кадэцкая гімназія пацярпела на 23 тысячы рублёў.
Выгляд пажарышча і стан некалькіх сотняў пагарэльцаў змусілі гарадскія ўлады падумаць пра пампоўню і водаправод. Фармацэўты Фох і Ляховіч зрабілі дзеля гэтага аналіз дзвінскай вады. Яго вынікі: «…угольнокислые известь и магнезия, фосфорнокислая известь, железо в соединении с хлором, сернокислые известь и магнезия, глина, кремневая кислота в соединении, органические вещества; зловредных металлических примесей не оказалось». Падрыхтоўка да будаўніцтва водаправода разгортвалася такімі тэмпамі, што пачалася вайна з Турцыяй і ў дзяржавы не знайшлося неабходных грошай.
Пра магдэбургскае права палачане даўно забылі. 3 1875 года імі кіравала гарадская дума, якая, кажучы канцылярскай моваю, займалася пытаннямі добраўпарадкавання, народнай адукацыі і аховы здароўя. Думу выбіралі на чатыры гады жыхары, што плацілі гарадскія падаткі. Дэпутаты гэтага «гарсавета» называліся «гласнымі». Ім належала права выбіраць са свайго складу гарадскую ўправу і гарадскога галаву, які быў і думскім старшынёй. За гэтымі органамі ўважліва сачылі губернскае ў гарадскіх справах «присутствие» і губернатар. Ён мог прыпыняць пастановы, якія супярэчылі закону. Росквіт расійскае «дэмакратыі» прывёў да таго, што з 1893 года ў выбарах дазволена было ўдзельнічаць толькі гараджанам з нерухомай маёмасцю не меней чым на тысячу рублёў. Такіх у Полацку набраўся ўсяго адзін працэнт.
У дзейнасці «бацькоў горада», як і ва ўсе часы, хапала злоўжыванняў. У 1913-м з прычыны фальшавання вынікі выбараў у думу двойчы апратэстоўваліся. На пачатку таго стагоддзя залез у гарадскую скарбоўню абраны галавою буйны купец Шпакаў. Гісторыя выплыла на свет, і злодзей развітаўся з утульным крэслам.
Аддадзім царскім уладам належнае: такіх, як Шпакаў яны на іншае цёплае месца звычайна не ўладкоўвалі. На просьбу адстаўнога думскага старшыні пакінуць яго на пасадзе нават без грашовага ўтрымання міністэрства ўнутраных справаў наклала з’едліва-суровую рэзалюцыю: «Проворовавшийся городской голова нам не нужен, даже при согласии служить бесплатно».
Магчыма, сённяшнім полацкім ахоўнікам закона будзе цікава даведацца, што стагоддзе таму галоўная доля крымінальных і грамадзянскіх справаў у гарадскім і павятовым судах прыпадала на нявыплату падаткаў, адмаўленне ад штрафаў патраву панскіх палёў і недазволеныя рыбалку ды высечку лесу. Асуджаныя адбывалі пакаранне не толькі за турэмнымі кратамі, але і ў манастырах. Напрыклад, Акуліна Міхайлава, што атрымала «за блудную жизнь» сем гадоў з якіх адзін, паводле пастановы павятовага суда, мусіла бавіць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры — каючыся, ходзячы наўсе набажэнствы і завяршаючы кожнае 25 «коленопреклонениями».
Спіс полацкіх навучальных установаў, адчыненых царскімі ўладамі пасля разгрому акадэміі, піярскага ліцэя і кляштарных школ, недасведчанага чалавека можа і здзівіць. Аднак гэтыя ўстановы былі невялікія і адкрытыя не для ўсіх станаў. У сярэдзіне XX стагоддзя горад меў пяцікласную дваранскую вучэльню і платны «ўзорны» пансіён для шляхцянак. Тры дзесяткі дзяцей незаможных месцічаў хадзілі ў прыходскую вучэльню. Былі яшчэ павятовае вучылішча і дзве духоўныя навучальныя ўстановы — вучэльня і семінарыя, куды зазвычай ішлі сыны праваслаўных папоў, дыяканаў і псаломшчыкаў.
У параўнанні з пачаткам таго самага стагоддзя адукацыя ў Полацку, як і ва ўсёй Беларусі, упала да катастрафічна нізкага ўзроўню.
Паступова адчыняліся царкоўна-прыходскія школы, асобныя платныя школы для дзяўчынак і хлопчыкаў з забяспечаных сем’яў. Колькасць настаўнікаў і вучняў павялічвалася, не мяняўся толькі дух, заведзены Мураўёвым і мураўёўцамі, што абсалютна слушна лічылі: руская школа зробіць у Беларусі для заняволення народа болей за любую армію.
Нястомны «вешальнік», прэтэндуючы і на ролю асветніка, падаў імператару дакладную запіску: «Для утверждения русского владычества в Северо-Западном крае необходимо заместить все преподавательские места учителями из России. Обратить особенное внимание на правильное преподавание русской истории и в особенности истории западной России. Подтвердить окончательно о повсеместном введении русского языка…» Інструкцыя царскага міністэрства народнай асветы (мы, беларусы, маем усе падставы называць яго міністэрствам народнага зацямнення) літасціва дазваляла карыстацца ў школе «белорусским наречием» толькі ў тлумачэнні незразумелых дзецям расійскіх словаў.
Кожны вучань павінен быў атрымаць цвёрдае перакананне, што яго зямля заўсёды была і будзе расійскаю. Юных палачанаў умела вучылі пагарджаць сваёй мовай ды звычаямі. На Беларусь магутным русіфікатарскім валам абрынуўся 75-тысячны наклад прызначанай вучням «Книги для чтения на простонародном наречии». Яна складалася з расійскіх песняў ды гімнаў, з аповедаў пра маскоўскіх князёў і цароў. Беларусы прывыкалі мець за герояў і вызваліцеляў людзей, што пазбаўлялі іх радзіму незалежнасці, ператваралі яе ў калонію. Хто падлічыць, колькі талентаў загубіла гэткае «просвещение», на колькі дзесяцігоддзяў замарозіла інтэлектуальныя сілы нашага народа?
Больш грунтоўнай гаворкі заслугоўвае Полацкая настаўніцкая семінарыя, на адкрыцці якой у верасні 1872 года прысутнічаў міністр асветы граф Д. Талстой.
Такія ўстановы рыхтавалі выкладчыкаў народных пачатковых вучэльняў. Паступаць ва універсітэты і інстытуты выпускнікі семінарыі не маглі, бо не атрымлівалі агульнай сярэдняй адукацыі. Займаліся тут збольшага дзеці мяшчанаў і сялянаў Віцебскай губерні, якім ужо споўнілася шаснаццаць гадоў, прычым выключна праваслаўныя. Сродкаў на гэтую «кузню педагагічных кадраў» дзяржава адпускала мала. Частка семінарыстаў была сваякоштавая (вучылася за ўласныя грошы), частка атрымлівала стыпендыі ад губернскіх сялянскіх таварыстваў і полацкага царкоўнага брацтва. На адну гадавую сторублёвую стыпендыю раскашэлілася полацкае «благородное собрание».
Праграма навучання ў падрыхтоўчым і ў трох асноўных класах: закон Божы, педагогіка і асновы методыкі, расійская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, геаметрыя, расійская гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, гімнастыка. На музычных занятках семінарысты вучыліся спяваць па нотах, граць на скрыпцы і кіраваць хорам. На ўроках ручной працы асвойвалі пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў. Бібліятэка семінарыі на пачатку стагоддзя налічвала восем тысяч тамоў пры трох з нечым тысячах назваў кніг. Практыкумы на семінарскай метэаралагічнай станцыі падрыхтоўвалі выпускнікоў да самастойных метэаназіранняў у той мясцовасці, куды іх пасылалі народнымі настаўнікамі. Знаёмства з вопісамі навучальных кабінетаў і калекцый змушае з жалем згадаць разрабаваныя зборы Полацкай акадэміі.
У пераліку найважнейшых падзей у жыцці семінарыі знаходзім святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння імператара Аляксандра І, 25-годдзя кіравання цара-«освободителя» Аляксандра II, дня каранацыі цара-«миротворца» Аляксандра III, 50-годдзя «воссоединения» беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквой, 100-годдзя смерці Суворава… Дванаццаць тостаў я налічыў у апісанні «дружеского, в полном смысле педагогического обеда», прысвечанага 25-гадоваму юбілею навучальнай установы.
Прыкметная падзея прычынілася ў сакавіку рэвалюцыйнага 1907-га. Навучэнцы адмовіліся выконваць рэлігійныя абрады, а заадно і хадзіць на заняткі. Педагагічная рада зачыніла семінарыю, а ўсіх выхаванцаў абвясціла выключанымі.
Не, я далёкі ад таго, каб глядзець на Полацкую настаўніцкую семінарыю звысоку.
Першым яе дырэктарам быў фалькларыст, этнограф і гісторык Юльян Крачкоўскі. Выпускнік сталічнай духоўнай акадэміі, рэнегат-«обруситель» паводле сваіх поглядаў ён, тым не менш, зрабіў і сёе-тое вартае — напрыклад, пакінуў першую грунтоўную працу пра радзінны абрад беларусаў і традыцыйнае выхаванне дзіцяці. Трэці дырэктар Яўграф Смірноў выдаў курс гісторыі хрысціянскай царквы, што быў навучальным дапаможнікам для духоўных семінарый. Выкладчык закона Божага протаіерэй Міхаіл Дуброўскі даследаваў жыццё святой Еўфрасінні.
За першыя трыццаць гадоў існавання семінарыі (у 1900-м ёй надалі імя Якава Кульнева) пасведчанні народнага настаўніка атрымаў 521 юнак, а апошні з яе сарака чатырох выпускаў адбыўсяў 1918 годзе.
Полацкім семінарыстам быў паэт-«нашанівец» Янка Журба, да літаратурных заслугаў якога далучым і той факт, што менавіта ён пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова. (Удзячныя нашчадкі будуць так шанаваць паэтаву памяць, што ў 60-я гады мінулага стагоддзя нават імя на ўбогім помнічку з мармуровай крошкі на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках напішуць з памылкаю: «Янко».)
Семінарыю скончылі латышскі журналіст Юрыс Крэйц, рэдактар газеты «Витебские губернские ведомости», I. Пілін і даволі шмат будучых рэвалюцыянераў, адзін з якіх, К. Ніканёнак, у гады грамадзянскай вайны стаў старшынёй полацкага рэвалюцыйнага камітэта, а завяршыў кар’еру на пасадзе намесніка наркама асветы рэспублікі паволжскіх немцаў.
Яшчэ адна прыкметная асоба з ліку полацкіх семінарыстаў — Даніла Васілеўскі. Разам з таварышамі па навучанні ў 1909 годзе ён увайшоў у гурток «Вястун ведаў», які знаходзіўся пад уплывам ідэяў народніцтва. Даніла збіраў на Полаччыне фальклор, а паступіўшы ў Віцебскі настаўніцкі інстытут, стаў карэспандэнтам газеты «Наша Ніва». Сярод яго краязнаўчых працаў вылучаецца даследаванне «Лячэбніка» Ганны Шаранды, які быў настольнай кнігаю прыдзвінскіх знахараў і знахарак. Васілеўскі (пісаў ён і пад псеўданімамі А. Вітэнь, Д. Шчыры, М. Дабраведаўскі) лічыў «Лячэбнік» помнікам «чарадзейнай літаратуры» канца XVII - пачатку XVIII стагоддзя. Былы полацкі семінарыст займаўся гісторыяй кнігадрукавання ў Прыдзвінскім краі, вывучаў творчасць Яна Баршчэўскага. У савецкай краіне лёс людзей з такімі інтарэсамі звычайна сканчваўся трагічна. Дэкан Магілёўскага педінстытута Д. Васілеўскі ў 1936-м стаў вязнем ГУЛАГа і «перакваліфікаваўся» ў варкуцінскага буравіка…
Большасць звестак, што вы прачыталі, я адшукаў у кніжцы А. Сапунова «Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования» (Віцебск, 1902). Ці знойдзе сабе такога летапісца сённяшні Полацкі педагагічны каледж імя Скарыны і што лічыць пачаткам сваёй гісторыі адкрыццё семінарыі? Ці напіша хто-небудзь летапісы іншых полацкіх вучэльняў?
I яшчэ адна дэталь. У 1870-я гады Полацк ледзьве зноў не зрабіўся універсітэцкім горадам. Адчыніўшы настаўніцкую семінарыю, граф Д. Талстой «во всеподданнейшем отчете указал на желательность устройства в Полоцке университета для поднятия русского дела в Западном крае». Граф параўноўваў Полацк з захопленым немцамі Страсбургам, дзе тыя неадкладна адчынілі нямецкі універсітэт. Аляксандр II паставіў на прапанове рэзалюцыю «Да», а на словах пра тое, што альмаматэр магла б мясціцца ў будынку вайсковай гімназіі, напісаў: «Снестись с военным министром». Ваеннае ведамства запатрабавала 400 тысяч рублёў і ідэю пахавалі ў нетрах канцылярый.
Нагадаем, што царская сістэма адукацыі не дапускала беларускай мовы ні ў школьныя класы, ні ва універсітэцкія аўдыторыі. Для імперскіх «просветителей» заўсёды актуальней заставалася запіска куратара Віленскай альмаматэр Навасільцава, накіраваная цару яшчэ ў 1831 годзе: «…начиная с университета, вводить преподавание наук на языке русском, ибо разность в языках всегда питает взаимную недоверчивость. Филологическое исследование языка и даже его простое изучение пробуждают исторические воспоминания о некогда бывшей самостоятельности и независимости государства, а в сих источниках кроются семена беспрерывных мятежных усилий, а также чувств ненависти и зависти, что все, совокупляясь вместе, рождает злые умыслы…»
Нацыянальная дыскрымінацыя беларусаў, якая выклікала пратэсты ў Еўропе, стала прадметам абмеркавання на Усеславянскім з’ездзе прагрэсіўных студэнтаў, што адбыўся ў 1908 годзе ў Празе. У клопаце пра драматычны лёс культуры братняга славянскага народа дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю з наступных пунктаў:
1. Усеагульнае навучанне ў Беларусі павінна весціся на роднай мове.
2. У сярэдніх навучальных установах неабходна ўвесці вывучэнне беларускай мовы і гісторыі Беларусі.
3. У Вільні (тады менавіта яна была бясспрэчнаю сталіцай беларускага адраджэння) неабходна адчыніць беларускі універсітэт…
Трэці пункт рэзалюцыі, як нам добра вядома, не выкананы і сёння: нацыянальнага беларускага універсітэта ў краіне дагэтуль няма.
У дзяцінстве я часта ездзіў у грыбы пад полацкую вёску Захарнічы. Не памятаю, каб нехта з настаўнікаў — гісторыі ці малявання — казаў нам, што там пражыў большую частку свайго веку выбітны беларускі жывапісец Іван Хруцкі, аўтар бліскучых партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажаў і інтэр’ераў, параскіданых цяпер па мастацкіх музеях розных краінаў.
Нарадзіўшыся за два гады да напалеонаўскага паходу ў сям’і уніяцкага святара айца Фамы з Улы, Янка ў 1827-м скончыў факультэт вольных мастацтваў Полацкага піярскага ліцэя. Адтуль юнак накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе браў прыватныя ўрокі ў англічаніна Джорджа Доўва, стваральніка вядомай галерэі 1812 года ў Зімовым палацы.
Уніяцкае паходжанне, якое падкрэслівае беларускасць Хруцкага, вызначыла яго ментальнасць, калізіі лёсу і творчую індывідуальнасць.
У дваццаць шэсць гадоў — дыплом пра заканчэнне Акадэміі мастацтваў. Яшчэ праз тры, у 1839-м, у журнале акадэмічнай рады з’яўляецца запіс аб наданні Івану Хруцкаму звання акадэміка жывапісу. Зазначым, што прадстаўлены радзе нацюрморт меў з пункту гледжання сталічных мэтраў, адценне крамольнасці: у акадэміі заахвочвалі маляванне кветак і садавіны, беларускі ж мастак змясціў на палатне гародніну, грыбы і рыбу, а ў дадатак і сялянскі гладыш.
У тым самым 1839 годзе мастак пасля бацькавай смерці (стары не перажыў дратаванне Уніі) перавёз маці, двух братоў і трох сясцёр у Захарнічы. Непадалёку ад ляснога возера Шчалапок Хруцкі паводле ўласнага праекта забудаваў сядзібу і пасадзіў сад. (Калі гляджу на вінаград з яго нацюрмортаў, заўсёды думаю, што ён выспяваў у захарніцкай аранжарэі.) Па суседству стаяў маёнтак Навагуршчына, дзе гаспадарыў Ксаверы Бянбноўскі, былы капітан паўстанцкага войска Касцюшкі. На дванаццаць гадоў маладзейшая за мастака суседава дачка Ганна пайшла з ім пад вянец.
3 Захарнічаў Хруцкі выпраўляўся на выставы ў Пецярбург, а таксама ў Вільню і Коўна, дзе атрымліваў замовы на размалёўку храмаў. Апошнія тры дзесяцігоддзі яго жыцця яшчэ чакаюць даследчыка: пра іх амаль нічога невядома.
Мастак развітаўся з гэтым светам у 75 гадоў і знайшоў прыстанак на захарніцкіх могілках. Полацкія краязнаўцы браты Уладзімір і Сяргей Глушковы з дапамогаю праўнучкі Хруцкага, кіеўскай мастачкі Ядвігі Маціеўскай (яе дзяцінства прайшло ў Захарнічах) выявілі месца, дзе была разбураная за бальшавікамі магіла. Яны, здаецца, яшчэ не губляюць надзеі знайсці каменнае надмагілле і (разам з аўтарам гэтых радкоў) мараць, што некалі з Полацка можна будзе з’ездзіць у мемарыяльны музей-сядзібу водбліз возера, якое тутэйшыя сяляне, забыўшы яго афіцыйную назву, звычайна называюць Хруцкім.
Канчаецца стагодцзе, і на адвітанне з ім яшчэ крыху статыстыкі.
1891 год. У Полацку — 20 321 жыхар: 6989 праваслаўных, 204 «адзінаверцы» (стараабрадцы, якія падпарадкаваліся расійскаму Сіноду), 407 старавераў-«раскольнікаў», 1534 католікі, 299 лютэранаў 10 797 яўрэяў i 1 магаметанін. Будынкі: 366 мураваных і 1604 драўляных. Прадпрыемствы: мылаварня, пяць гарбарняў, тры ганчарні, два тытунёвыя заводзікі, па адным — з вытворчасцю запалак і сельтэрскай вады. Крамы: 238 каменных і 274 драўляных. Паліцэйскія будкі: дзве.
Паводле першага ўсерасійскага перапісу 1897 года, у горадзе жылі 20 751 чалавек. Полацкія жанчыны мелі пэўныя праблемы з замужжам: іх было 10 794 супроць 9957 прадстаўнікоў моцнага полу. 28 працэнтаў палачанаў працавалі ў прамысловасці, 4 працэнты займаліся сельскай гаспадаркай, 33,5 — гандлем. Падзёншчыкаў і людзей на прыватнай службе — 14,5 працэнта, чыноўнікаў, вайскоўцаў і духавенства — на чатыры болей.
I такая вось важная лічба. Дакументы перапісу сведчаць: сярод палачанаў ва ўзросце ад дзевяці да сарака чатырох гадоў пісьменныя складалі 39,6 працэнта. Мала гэта ці шмат? Сярэдні паказчык па беларускіх губернях быў 32,6, агульнаімперскі — 28. Адрасую гэтыя звесткі нейкаму В. Славіну, які ў 1991 годзе з блаславення рэдакцыйнага невука змясціў у наваполацкай гарадской газеце нататку «Что дал нам Ленин». Надрукаваная на месцы перадавога артыкула, яна беспардонна пудрыла чьітачу мазгі: «До 1917 г. в России было 28 процентов грамотных, в Белоруссии — в три раза меньше…» Зрэшты, што там невядомы нікому Славін, калі ў той самы час пра суцэльную непісьменнасць, адсталасць ды забітасць «дарэвалюцыйных» беларусаў з паталагічнаю асалодаю дзяўблі з розных трыбун першыя асобы рэспублікі.
Калі глядзець з сучаснасці, XIX стагоддзе скончылася ў Полацку досыць сімвалічна: у 1900-м туды, хаваючыся ад паліцыі, прыехаў і стаў на кватэру ў пасёлку гарбарнага завода адзін з падручных Леніна Іван Бабушкін. Пра тое, як ён прыкінуўся сталяром, як змайстраваў там зэдлік з «сакрэтам» і пашырыў пятнаццаць асобнікаў «Искры», нашыя гісторыкі і краязнаўцы панапісвалі столькі, што я адразу стаўлю кропку. Прапушчу і тэму «роста классового самосознания и организованности народных масс». Яна даследавана так грунтоўна, што зроблена адкрыццё пра бальшавіцкі характар полацкай філіі РСДРП у гады першай расійскай рэвалюцыі, хоць ніякіх бальшавіцкіх арганізацый тады ў Беларусі ўвогуле не было.
Надышоў 1905 год. На вуліцах Полацка пачаліся дэманстрацыі, залуналі чырвоныя сцягі, загучалі стрэлы. Схілім галовы, успомніўшы палачанаў, што загінулі 18 кастрычніка, назаўтра пасля абвяшчэння царскага маніфеста пра дэмакратычныя свабоды, калі паліцыя без папярэджання пачала страляць па мірным мітынгу на Верхнім рынку. Ушануем памяць забітых у вулічных баях 23 кастрычніка. Прыпынімся каля мемарыяльнай дошкі на праспекце Карла Маркса і падумаем пра тых, хто загінуў у перастрэлцы салдатаў і паліцыі з баевікамі, што заселі ў мэбляваных нумарах «Парыж» і «Залаты якар». Ахвярамі былі і адны, і другія.
3 іскры разгаралася полымя. Яно ператворыцца ў пажар, дзе згараць і задыхнуцца дзесяткі мільёнаў людзей.
Мала хто з жыхароў дзевятнаццатага стагоддзя прадбачыў што ўслед за ім надыдзе дваццатае…