V ст. н. э. ― На тэрыторыі сучаснага Полацка ўжо жывуць людзі.
862 ― Першыя летапісныя звесткі пра Полацк.
865 ― Полацк ваюе з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам.
907, 911, 941, 944 ― Полацкія дружыны ўдзельнічаюць у паходах на Царгорад (Канстанцінопаль).
2-я палова X ст. ― У Полацку княжыць Рагвалод. Узнікненне Полацкай дзяржавы.
Каля 980 ― «Крывавае вяселле» Уладзіміра з Рагнедай. Забойства Рагвалода і двух яго сыноў.
Каля 988 ― Замах Рагнеды на Уладзіміра. Высылка яе з княжычам Ізяславам на радзіму.
992 ― Заснаванне Полацкай епархіі.
1000 ― Cмерць княгіні Рагнеды, у манастве Анастасіі.
1001 ― Смерць полацкага князя Ізяслава.
1003 - 1044 ― Княжанне Брачыслава Ізяславіча. Аднаўленне незалежнасці Полацкага княства.
1021 ― Паход князя Брачыслава на Ноўгарад і бітва на рацэ Судоме.
1029 ― Нарадзіўся князь Усяслаў Брачыславіч Чарадзей.
1044 - 1101 ― Княжанне Ўсяслава Чарадзея.
Паміж 1044 - 1066 ― Будаўніцтва Сафійскага сабора.
1066 ― Паход князя Ўсяслава на Ноўгарад.
3 сакавіка 1067 ― Бітва на Нямізе.
Ліпень 1067 ― Паланенне князя Ўсяслава з сынамі пад Оршай.
Верасень 1068 ― Кіяне вызваляюць Усяслава Чарадзея з вязніцы і абвяшчаюць яго вялікім князем кіеускім.
Сакавік 1069 ― Усяслаў вяртаецца ў Полацк.
1078 ― Перамога палачанаў над войскам Уладзіміра Манамаха.
14 красавіка 1101 ― Памёр князь Усяслаў Чарадзей.
Каля 1104 ― Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая.
1129 ― Высылка полацкіх князёў у Візантыю.
1132 ― Палачане выганяюць кіеўскага стаўленіка і садзяць на княжы пасад Васільку з роду Рагвалодавічаў.
1151 ― Полацкае веча высылае князя Рагвалода-Васіля і прызнае Расціслава Глебавіча.
Паміж 1152 - 1161 ― Дойлід Іаан і арцель полацкіх майстроў за 30 тыдняў будуюць царкву Спаса (Спаса-Еўфрасіннеўскую).
1157 ― Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, выходзіць замуж за караля Даніі Вальдэмара I.
1158 ― Выгнанне палачанамі князя Расціслава і вяртанне Рагвалода-Васіля.
1161 ― Ювелір Лазар Богша стварае крыж Еўфрасінні Полацкай.
1167 ― Паломніцтва ігуменні Еўфрасінні ў Святыя Мясціны і яе смерць у Ерусаліме.
1186 - 1216 ― Княжанне вялікага князя полацкага Валодшы і яго барацьба з крыжакамі.
1187 ― Перанясенне мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай з Ерусаліма ў Кіева-Пячорскую лаўру.
1239 ― Вянчанне полацкай князёўны Параскевы з Аляксандрам Яраславічам (Аляксандрам Неўскім).
1240 ― Удзел полацкай дружыны ў бітве са шведамі на Няве.
1242 ― Ваяры з Полацкай зямлі ўдзельнічаюць у разгроме нямецкіх рыцараў на Чудскім возеры.
1260 ― Палачане разам з продкамі літоўцаў, латышоў і эстонцаў разбілі крыжакоў каля возера Дурбэ.
1262 ― Веча запрашае ў Полацк князя Таўцівіла.
1307 ― Полацкая зямля ўваходзіць у Вялікае Княства Літоўскае.
1325 - 1399 ― Андрэй Альгердавіч, апошні полацкі князь.
1333, 1366, 1375, 1382, 1386 ― Паходы рыцараў Інфлянцкага (Лівонскага) ордэна на Полацкую зямлю.
1362 ― Войска вялікага князя Альгерда разграміла татараў у бітве на Сіняй Вадзе.
1380 ― Князь Андрэй Полацкі камандуе правым флангам войска ў Кулікоўскай бітве.
15 ліпеня 1410 ― Полацкі полк на чале з Іванам Нямірам бярэ ўдзел у Грунвальдскай бітве.
1422 ― Полацкія ваяры ідуць у Чэхію на дапамогу гусітам.
7 кастрычніка 1498 ― Горад атрымлівае прывілей на магдэбургскае права.
Каля 1490 - пасля 1551 ― Жыццё і дзейнасць Францішка Скарыны.
1504 ― Утварэнне Полацкага ваяводства.
1512 ― Скарына атрымлівае ў Падуанскім універсітэце навуковую ступень доктара медыцыны.
1513, 1515, 1518, 1519 ― Напады маскоўскіх войскаў на Полацк.
8 верасня 1514 ― Перамога над маскавітамі пад Оршай.
6 жніўня 1517 ― У Празе выходзіць «Псалтыр», першая беларуская друкаваная кніга.
1517 - 1519 ― Францішак Скарына выдае ў Празе на зразумелай народу мове 23 кнігі Бібліі.
Люты 1563 ― Полацк захоплены войскам Івана Жахлівага. Знішчэнне і вывад у палон полацкага жыхарства.
Люты 1564 ― Найвышэйшы гетман літоўскі Мікалай Радзівіл разграміў маскавітаў на рацэ Уле.
1569 ― Унія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.
Жнівень 1579 ― Войскі Сцяпана Батуры вызваляюць Полацк ад маскавітаў.
1581 ― Адкрыццё Полацкага езуіцкага калегіума.
1585 ― У Полацку створаны тэатр.
1588 ― Прыняты III Статут Вялікага Княства Літоўскага, які дзейнічаў у Прыдзвінні да 1831 года.
1596 ― Берасцейская царкоўная унія.
1623 ― Забойства полацкага уніяцкага арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча.
1629 - 1680 ― Жыццё і дзейнасць Сімяона Полацкага.
1633 ― Маскавіты захапілі і спалілі Полацк.
1654 - 1667 ― Горад захоплены царскім войскам. Вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай, у гады якой загінуў кожны другі жыхар Беларусі. На тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці засталося каля 20 адсоткаў насельніцтва.
Кастрычнік 1661 ― Разгром маскоўскага войска князя Хаванскага пад Кушлікамі.
1684 - 1762 ― Жыццё і дзейнасць полацкага уніяцкага арцыбіскупа Фларыяна Грабніцкага.
Чэрвень 1705 ― Пётр I з прыдворнымі забівае ў Сафійскім саборы уніяцкіх святароў.
Травень 1710 ― Перад адыходам з горада царскае войска ўзрывае храм святой Сафіі.
1738 - 1750 ― Адбудова уніяцкага Сафійскага сабора.
1738 - 1745 ― Будаўніцтва ў Полацку мураванага каталіцкага сабора святога Стэфана.
1740 - 1805 ― Жыццё і дзейнасць Габрыэля Грубэра.
1761 - 1779 ― Пабудова праваслаўнага Богаяўленскага сабора.
1772 ― Першы падзел Рэчы Паспалітай. Правабярэжная частка Полацка і Полацкага ваяводства захопленая Расійскай імперыяй.
1776 ― Утварэнне Полацкай губерніі.
1780 ― Полацк робіцца сталіцаю забароненага рымскім папам ордэна езуітаў.
Травень 1780 ― Візіт у Полацк імператрыцы Кацярыны II.
1787 ― У Полацкім езуіцкім калегіуме адчыненыя музей і карцінная галерэя.
1787 - 1820 ― Дзейнасць полацкага выдавецтва, дзе выйшла болей за паўтысячы кніг на дзесяці мовах.
1793 ― Другі падзел Рэчы Паспалітай. Расія захапіла левабярэжную частку Полацкага ваяводства.
1794 ― Паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам.
1794(?) - 1851 ― Жыццё і дзейнасць Яна Баршчэўскага.
1806 ― Адчыненая Полацкая уніяцкая духоўная семінарыя.
1810 - 1885 ― Жыццё і дзейнасць мастака Івана Хруцкага.
10 чэрвеня 1812 ― Адкрыццё Полацкай акадэміі, якая мела правы універсітэта.
Ліпень 1812 ― Полацк занялі войскі французскага маршала Удзіно.
7 - 8 кастрычніка 1812 ― Штурм і ўзяцце горада расійскімі войскамі генерала Вітгенштэйна.
1818 - 1820 ― Выходзіў ілюстраваны літаратурна-навуковы часопіс «Месячнік Полацкі».
1820 ― Царскі ўказ пра закрыццё Полацкай акадэміі.
1822 - 1830 ― Дзейнасць Полацкага піярскага ліцэя.
1823 ― Паліцыя раскрыла ў піярскім ліцэі падпольную арганізацыю.
1830 - 1831 ― Нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Беларусі, Літве і Польшчы.
1835 ― Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса.
1839 ― Царкоўны сабор у Полацку прымае акт аб ліквідацыі Уніі.
1840 ― Забарона ўжываць назву «Беларусь» у афіцыйных дакументах.
1850 ― У Полацку адкрыты помнік воінам 1812 года.
1863 ― Паўстанне Кастуся Каліноўскага.
1866 ― Праз горад прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка.
1872 ― Адкрыццё Полацкай настаўніцкай семінарыі.
1875 ― Выбары першай гарадской думы.
Кастрычнік 1905 ― Агульная забастоўка, маніфестацыі і баі на полацкіх вуліцах.
1906 ― У горадзе адчынены першы кінатэатр.
Красавік - травень 1910 ― Вяртанне з Кіева ў Полацк мошчаў найпадобнейшай Еўфрасінні.
Верасень 1910 ― Гастролі ў Полацку першага прафесійнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.
1912 ― Адчынілася гарадская публічная бібліятэка.
1913 ― Дала ток першая полацкая электрастанцыя.
1915 ― У горадзе з’явіўся першы аўтамабіль. Адкрыццё ў Полацку беларускай кнігарні.
5 чэрвеня (23 траўня ст. ст.) ― Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай, нябеснай апякункі горада і ўсёй Беларускай зямлі.