Частка першая

1...


Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым наносным пяску і цячэ гэтая невялікая рэчка. Толькі на паваротах яна падмывае то адзін, то другі абрыў, вымываючы з зямлі тоўстыя карэнні, а часам і цэлыя счарнелыя ствалы дубоў.

Некалі тут стаяў лес. Стаяў ён, відаць, не вельмі даўно, бо і цяпер яшчэ на правым беразе захавалася некалькі магутных дубоў. Нібы асілкі, зняўшы шапкі, глядзяць яны ў прастор, упарта не жадаючы скарыцца старасці. Цёмнакарычневыя, нібы абпаленыя агнём лісты сіратліва трапечуцца на іх да самай вясны, покуль не надыходзіць час ім саступіць сваё месца новым, маладым. На левым, больш высокім, беразе ад лесу засталася толькі адна сухаверхая сасна. Яна стаяла ў калгасным двары, якраз насупраць канюшні, таму некалі шурпаты камель яе так быў выцерты жывёлай, што блішчэў, як наглянцаваны.

Гэты бераг быў пясчаны, і пясок з абрыву спаўзаў у рэчку, засыпаў яе. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей.

А ніжэй маста, адразу-ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг, і берагі рэчкі тут нізкія, балоцістыя, улетку яны так зарастаюць травой, што і зблізку не відаць вады.

Луг цягнецца — як кінуць вокам, ажно да цёмнай паласы лесу, што віднеецца за якіх кілометраў пятнаццаць, падпіраючы там небасхіл. З двух бакоў лугу па ўзгоркі падымаюцца вёскі.

З лугавога боку каля маста быў шырокі плёс.

Максім саскочыў з воза і спыніўся на мосце. Азірнуўся вакол. Палічыў дубы. Да вайны іх было восемнаццаць. Засталося толькі сем.

«Так, на ўсім вайна пакінула свае сляды».

Яму чамусьці раптам захацелася праверыць трываласць лёду на плёсе. Ён адбіў кавалачак мёрзлай зямлі, падышоў да парэнчаў. Але, убачыўшы ў лёдзе некалькі свежых прабоін, шыбнуў свой камяк убок. У палонках ледзь прыкметна калыхалася чорная вада. Толькі адзін камяк не прабіў лёду, мабыць, не з вялікай сілай быў кінуты. З-пад яго ва ўсе бакі, як павуцінне, разыходзіліся белыя трэшчынкі. «Як знаёма ўсё», — Максім адчуў нейкую прыемную цеплыню ў грудзях.

Так, усё вельмі знаёмае, але — дзіўнае пачуццё! — у той-жа час і нейкае не такое, якім было шэсць год назад. Напрыклад, вуліца ў роднай вёсцы здалася вузейшай, рэчка таксама, і адлегласць ад вёскі да яе нібы скарацілася.

Максім, абапёршыся на парэнчы, угледзеўся ў лёд і ўбачыў там сваё адлюстраванне. Было яно цьмянае, невыразнае і калыхалася.

— Але-е, нямала вады сплыло, — прамовіў ён уголас і рушыў за канём. — Но-о, ты! Парожні воз цягнуць не хочаш!

Конік, што быў спыніўся за мастом, чакаючы гаспадара, павольна рушыў далей. Затарахцелі, забрынчэлі пабітыя калёсы, падскокваючы на мёрзлых грудах. Максім ішоў узбоч, весела махаючы пугай.

— Але-ж і грэбелька!.. Няўжо цяжка было адрамантаваць? Як толькі яны ўвосень прабіраліся тут?

Недалёка ад маста — доўгая сажалка. У Максімавай памяці захавалася многа прыгод, звязаных з ёю. Гэта з даўніх часоў было любімае месца дзяцей, асабліва ў такую пару, бо замярзала яна раней, чым рэчка. І цяпер Максім пачуў звонкі дзіцячы смех і ўбачыў, як за кустамі мільгаюць заячыя шапкі.

Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў.

Хлапчукі, убачыўшы яго, з'ехаліся адзін да аднаго і спыніліся, аб нечым зашапталіся. Ім стала крыху дзіўна: толькі ўчора Лескавец прыехаў дамоў, яшчэ і на вуліцы ні разу не паказаўся, не даў паглядзець на сябе і ўжо едзе ў лес.

— Што, трымае, хлопцы? — весела гукнуў ім Максім.

— Угу! Моцны ўжо! — азваліся яны.

Ён уподбег дагнаў каня, ускочыў на воз, ляснуў пугай.

— Но-о! Варушыся!

Конь ірвануў і раптам... выскачыў з аглобляў, нацягнуўшы лейцы, якія былі закручаны за драбіну. Церазсядзельнік перавярнуў сядзёлку.

Ззаду грымнуў выбух смеху, ды такі моцны, што, здалося, праваліўся лёд.

— Тпр-ру! Чорт! Смяротнік! — злосна прасіпеў Максім і, адчуваючы, як загараюцца вушы, твар, хутка саскочыў з воза і пачаў аглядаць, што здарылася.

«Стары пень! Не мог даць лепшай збруі. Праз такі хамут слон пралезе, не толькі што гэтая кусюлька. Ну, ну, стой смірна! А то я хутка... Што-ж тут зрабіць з такім хамутом?»

Яго злосныя думкі перапынілі хлапчукі. Яны нечакана з'явіліся перад ім. Чырвоныя твары іх былі сур'ёзныя, паважныя, нібы гэта зусім і не яны толькі што так гучна смяяліся.

— Мо дапамагчы, дзядзька? — ціха спытаў адзін з іх, але Максім убачыў, як ён хітравата падміргнуў сваім сябрам. Лескавец па абліччу пазнаў хлапчука і таксама з хітрасцю спытаў:

— Ты часам не Міхайлы Прымака сын?

— Яго. А што?

— То-та, бачу я — хітры, як бацька.

— А вы гужы перакруціце, яны доўгія, — сур'ёзна параіў другі.

Максім скарыстаў параду і хутка перапрог каня.

Але пакрыўджаны хлопчык рашыў адплаціць яму і, зрабіўшы выгляд, што не звяртае больш на Максіма ніякай увагі, пачаў весела расказваць сябрам:

— А то тут улетку было здарэнне... Адзін начальнік, каторы з раённых, ехаў, дык у яго конь таксама распрогся, за вярбу зачапіў, бо-ж гаспадар храпака задаваў. Дык вось хадзіў ён, хадзіў вакол таго каня... А мы з Сцёпкам гусей пасвілі, у кустах ляжалі. Бачым гэта мы, і я здагадаўся: не можа чалавек запрэгчы. Потым ён нас угледзеў і ідзе да нас... Я і кажу Сцёпку: скажам, што мы таксама не ўмеем запрагаць...

Максіму падабаўся хлопец, і ён, сядаючы на воз, весела засмяяўся.

Хвойнік быў кілометры за два ад рэчкі. Ён цягнуўся доўгай паласой па высокім узгорку і быў не намнога маладзейшы за Максіма. Лескавец помніў, як яго садзілі, каб затрымаць наступ пяску на ўрадлівыя палі, што ляжалі каля рэчкі, пад дубамі. За якіх год пяць хвойнік перарос «Максіма і яго аднагодкаў. А перад вайной гэта быў ужо добры калгасны лясок — любімае месца дзяцей. Ды і старэйшыя часта адпачывалі ў святочныя дні на ўзлеску, дзе побач з хвоямі параслі кучаравыя бярозкі. Паветра ў хвойніку ў летнія дні было духмянае і густое.

Восеньскімі раніцамі хвойнік напаўняўся вясёлым гоманам і галёканнем дзяцей. І колькі-б іх там не было — і з Лядцаў і з Дабрадзееўкі — усе праз гадзіну-другую выходзілі з поўнымі кошыкамі чырвоных рыжыкаў і слізкіх маслюкоў. А яшчэ ў хвойніку зграбалі ігліцу, якую клалі на подсціл, каб больш было гною, і накрывалі капцы бульбы.

Максім з радасным хваляваннем пад'язджаў да хвойніку. Нават і пра выпадак ля маста забыўся. Але на ўзлеску ён разгублена спыніў каня. Хвойніку амаль што не было. З боку вёскі цягнулася вузкая паласа нізкарослых, каржакаватых хвой, якія здалёк і стваралі ўражанне, што лясок стаіць някранутым. У сапраўднасці за імі, паабапал дарогі, ляжала вялікае ляда, заваленае сухім галлём. Большасць пнёў ужо счарнела, аблупілася кара на іх, некаторыя былі абколаты. Але нямала пнёў блішчэла жаўтлявымі лысінамі — дрэвы былі спілаваны зусім нядаўна.

Сіратліва стаялі адзінокія хвоі — альбо вельмі тонкія, альбо нізкарослыя і сукаватыя, якія не былі прыгодны для будоўлі, а на дровы — іх цяжка калоць.

У Максіма сціснулася сэрца ад жалю і крыўды.

«Столькі лесу... Такое багацце... І так марна папсавалі... Навошта?..»

Ён доўга стаяў нерухома, аглядаючы ляда. Не падымалася рука ссекчы тут яшчэ хоць адно дрэўца. Хацелася павярнуць каня і ехаць назад, у вёску. Але што скажуць аднавяскоўцы? Ды і маці паабяцаў абавязкова адрамантаваць і ўцяпліць хляўчук для цялушкі. І ён пасля нядоўгага роздуму знайшоў, урэшце, маральнае апраўданне:

«Што зробіш?.. Вайна. І не такія багацці згінулі. А людзям трэба будавацца... Выберу, якім усёадно росту не будзе. Ды, нарэшце, адзін я вялікай парубкі не зраблю».

І ён паехаў далёка на край, пад Голае балота. Хвойнік тут быў пазнейшай пасадкі, а таму амаль някрануты. Сасонкі былі гнуткія і высокія. Максіму якраз і дарэчы былі такія жардзіны. Ён скінуў шынель, адпусціў рамень па гімнасцёрцы і, закурыўшы, пачаў выбіраць дрэўца. Доўга ён кружыў па хвойніку, задраўшы галаву і смокчучы люльку, якая пыхкала лёгкімі клубамі шызага дыму. Шмат разоў ён спыняўся каля сасонак, што былі ніжэйшыя ад іншых, гладзіў рукою кару, абламваў сухія сучкі, спрабаваў на вялікі палец лязо сякеры... Але ў гэты міг зноў да сэрца прыліваў жаль, і Максім ішоў далей.

Урэшце яму стала сорамна за ўласную мяккасць. Тады ён замахнуў з-за пляча сякерай, ахнуў і з сілаю апусціў яе на камель маладой хвойкі, якая аказалася ў гэты момант перад ім. Сякера больш чым на палову ляза ўвайшла ў дрэва. Сасонка спалохана ўздрыганулася, абцярушыла на плечы Максіму сухія ігліцы, галінкі. Ён секануў у другі раз на вяршок вышэй і адкалоў тоўстую трэску. Бліснула белая рана. І тады зноў з'явілася тое самае пачуццё, якое ўзнікла, як толькі ён убачыў ляда. Максім падняў трэску, хвіліну патрымаў яе ў руцэ, паднёс да твару. Адчуў знаёмы горкі пах застыўшай смалы. Але ад гэтага мацней успыхнула злосць на самога сябе. «Ці такое не шкадавалі!» — і яшчэ двума ўзмахамі сякеры паваліў сасонку, пачаў абцярэбліваць. Спыніў яго вясёлы вокліч, што раптам прагучэў над самым вухам:

— Эге! Пазнаю бацькаву хватку!

Максім ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці і хутка павярнуўся з узнятай сякерай. Перад ім стаяў старшыня калгаса Амяльян Дзянісавіч Шаройка — чалавек год пяцідзесяці пяці, з паголенай барадой і кароткімі акуратна падстрыжанымі вусамі. Ва ўсёй постаці яго, не гледзячы на гады, была нейкая асаблівая дзябёласць.

Шаройка быў у новай ватоўцы, у баранняй шапцы, з бярданкай за плячыма.

— Ваюеш?.. Ну, здароў, здароў, брат, здароў, — ён падаў руку, потым зняў шапку, абняў Максіма і тройчы пацалаваў у шчаку. — Значыцца, зусім... Даўно пара, даўно, даўно. Трэба мірнае жыццё будаваць...

Максім усміхнуўся з яго прывычкі паўтараць адно і тое-ж слова; можа праз гэта яму і вясковая мянушка была Амелька Тройца.

— Прабач, што ўчора на чарку не прышоў. Позна прыехаў з раёна... Пасля чарговай галавамойкі.

Яны селі на паваленую сасну, не змаўляючыся, выцягнулі табакеркі: Шаройка — дзюралюмініевую, уласнай работы, Максім — трафейную, японскую, з чырвонага дрэва, інкруставаную.

Шаройка ўзяў Максімаву табакерку ў рукі, задаволена цмокнуў губамі.

— Але, гэта рэч... Рэч... Нічога не скажаш, рэч... А люльку не люблю... Смярдзіць. Куры мой, з уласнага гароду, першагатунковы. Адвык? Але-е, брат, цяжка прывыкаць будзе...

— Да чаго? — спытаў Максім.

— Як да чаго? Да ўсяго... Сякерай вось, напрыклад, махаць, у зямлянцы жыць...

Максіма пакрыўдзілі гэтыя словы.

— Я не з харомаў прышоў у зямлянку. Пяць год у зямлянках жыў. Ды, урэшце, зямлянка — з'ява часовая. Будзем і мы ў хаце. А вось вам, Амяльян Дзянісавіч, варта было-б пра гэта і памаўчаць. Вам павінна быць сорамна, што сям'я загінуўшага партызана, маці двух афіцэраў Совецкай Арміі дагэтуль жыве ў зямлянцы.

— Так, так! — Шаройка глядзеў у расчырванелы Максімаў твар і весела ўсміхаўся. — Пазнаю характар Антона Захаравіча. Бацька твой, бывала, яшчэ і не прывітаецца, а пачынае ўжо крытыкаваць. Што-ж, крытыка і самакрытыка — галоўнае ў нашым жыцці. Мяне крытыкай не пакрыўдзіш. Я люблю яе, люблю, брат. Толькі ты дарма гарачышся, Максім Антонавіч. Маці тваю ў крыўду не давалі. Каму-каму, а ёй першая дапамога была. Ды толькі, скажу табе, гордая яна старая. Спытай у яе, папрасіла яна хоць раз чаго-небудзь. А паспрабуй ёй прапанаваць — пакрыўдзіцца, гэта я, брат, пераканаўся. Далібог пакрыўдзіцца...

Цёплыя словы пра маці ўлашчылі Максіма, і ён ужо спакойна, нібы жартуючы, сказаў:

— А вы і рады былі гэтаму.

Шаройка адчуў гэтую раптоўную змену і, прапусціўшы заўвагу міма вушэй, зрабіў другі заход:

— Зноў-жа, сам ведаеш, якая там ні дапамога, — але такі цяжар, як хата, адной старой жанчыне не па сіле. Сынклета Лукічна гэта добра разумела. Іншая справа цяпер, калі гаспадар — такі асілак. Тут і дапамагчы радасна. Я ўжо думаў сёння. У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь твой лес быў дома. А там і брыгаду перакінем. Грамадой, брат, гэта хутка...

Максім падзякаваў.

— Няма за што дзякаваць. Святы абавязак наш. А крытыкаваць — крытыкуй. Свежаму чалавеку яно відней усе нашы промахі. Крытыкуй, брат, крытыкуй... Толькі дзякуй скажу за гэта.

Максім паглядзеў на каня, які стаяў воддаль і падбіраў рэшткі кінутага сена.

— Скажаце ці не — справа ваша. А крытыкаваць ёсць за што... Вось... Ці бачылі вы, гаспадар, гэтага каня? За такія адносіны да яго я не ведаю, што зрабіў-бы... Далібог-жа... Вы прабачце, але-ж...

Твар старшыні на момант пацямнеў, знікла весялосць у вачах. Пальцы рукі праскакалі па рамню бярданкі, якую ён трымаў перад сабой, заціснуўшы між кален. Потым ён прыхінуўся шчакой да ствала і хвіліну памаўчаў.

— Та-ак, канешне... Не ведаючы, яно ўсё здаецца... А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны... Іх, можа, палова такіх. Такія коні ў другім месцы даўно ўжо богу душу аддалі. А ў мяне за два гады, слава богу, толькі трое...

Максім перапыніў яго:

— А вы збрую бачылі на ім? Ад такой збруі любы конь ногі выцягне. Вы паглядзіце толькі.

Але Шаройка не скрануўся з месца, толькі нервова шчоўкнуў пальцам па рулі бярданкі. Уздыхнуў.

— Але-е-е, брат. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх.

Максім зразумеў, што старшыня пакрыўдзіўся і, употай усміхаючыся, падумаў: «Вось яна твая любоў да крытыкі». Але адказаў больш лагодна:

— Справа ў тым, Амяльян Дзянісавіч, што крыўдна мне стала за свой калгас і за вас... Вы-ж стары, спрактыкаваны гаспадар. І раптам — на табе! Другі дзень жыву дома і толькі чую: Лазавенка ды Лазавенка. А хто такі Лазавенка? Мой аднагодак. Васька-Крук. Адкуль-жа ў яго гэты вопыт? А, гавораць, яшчэ які год назад «Воля» была адсталым калгасам.

У вачах Шаройкі зноў заскакалі іскры смеху. Ён павярнуўся да Максіма, паклаў далонь яму на плячо.

— Людзі гавораць... А ты сам паглядзі. Людзі, брат, чужое заўсёды хваляць. У чужых руках... ведаеш прымаўку? Вось што... Але я суседа ганіць не буду. Проста скажу — малайчына Васіль... Гаспадарскі хлопец... Настойлівы... Ён часам і па стале можа стукнуць так, што і чарнільніца перакуліцца...

— Ён — па стале? — недаверліва здзівіўся Максім.

— А што ты думаеш? Не дарма-ж гавораць, ціхая вада грэблі рве... І рве... Рве, брат. А галоўнае, скажу табе, дапамога. Да яго і МТС і ўвесь раён. І ён там, як дома. А я? Я там пасынак. Беспартыйны. Шчыра табе кажу, даўно ўжо прашу, каб замянілі якім-небудзь героем з дэмабілізаваных — вось, як Васіль, ці ты вось, прыкладна...

— Ну-у! Я старшынёй быць не думаю.

— Канешне, з тваёй адукацыяй — і ў гной... Цяпер такіх, як ты, на любую пасаду — толькі давай.

Яны доўга яшчэ гутарылі даволі ўжо мірна. Толькі пад канец Максім не стрымаўся зноў.

— Вось яшчэ за хвойнік варта было-б камусьці галаву намыліць, — сказаў ён.

Шаройка ўсміхнуўся.

— Галоўныя віноўнікі пакараны... Немцы пачалі яго секчы. Дарогу праз балота масцілі. А нас — няшчасце прымусіла. Ведаеш-жа, нас вызвалілі перад самай зімой... І ўсё згарэла... З нечага трэба-ж было хоць якія там зямлянкі зляпіць. Ну, і секлі ўсе.

— А зараз? Глядзіце, колькі свежых пнеўі

— Зараз — канешне... Але...

— Ніякіх але, Амяльян Дзянісавіч. Парубку трэба забараніць і караць... Як да вайны... Помніце?

Твар старшыні расплыўся ад гарэзлівай ухмылкі.

— Што-ж, тады першага парубшчыка я злавіў...

Максіма гэтыя словы ашпарылі, нібы вар, ён ураз змяніўся з твару. Кроў хлынула ў галаву, застукала ў скронях.

Шаройка, відаць, зразумеў, што моцна закрануў яго за жывое, і хутка падняўся, працягнуў руку.

— Загаманіліся мы з табой. Працуй, а то хляўчук зусім заваліцца, покуль ты прывязеш рамонту. Але, дарэчы... Кажаш, не дапамагалі... А цялушачка? Глядзі, праз месяц-другі — свая карова, сваё малачко...

Максім нічога не адказаў, бо не дайшоў да сэнсу гэтых слоў — іншымі думкамі была занята галава.

— Ну, бывай... Я за балота, на азімыя падзіўлюся, — і Шаройка хутка закрочыў паміж дрэў, шырокаплечы, касалапы, як мядзведзь...

Максім стаяў і глядзеў яму ўслед, ажно покуль постаць яго не схавалася ў нізіне, за маладым бярэзнікам. Тады Максім перавёў позірк на паваленае дрэўца. Яно ляжала танюсенькае, бездапаможнае, вартае жалю. У парубшчыка сціснулася сэрца. А тут яшчэ ў гэты момант, як на злосць, над самай галавой застракатала сарока, быццам зарагатала з яго чалавечых турбот і хваляванняў. Гэта канчаткова сапсавала яму настрой. Ён схапіў сякеру і шпарка рушыў да каня.


2...


Дамоў ён прывёз сухое ламачча ды трэскі, якія наскалваў з старых пнёў.

— А чаму-ж ты на хляўчук нічога не прывёз, сынок? — спытала маці, выгнаўшы дапамагчы яму скінуць з воза.

— Проста не мог, мама, — рука не паднялася. Там-жа нічога не засталося. Столькі высеклі!

Яна павярнулася і пяшчотна паглядзела на сына.

— І добра зрабіў. Я за гэты хвойнік так аднойчы палаялася з Амелькам, што ён і цяпер баіцца сустракацца са мной. Чужыя сякуць, а яму і справы няма. Што яму калгаснае дабро? Яму толькі сваё ўласнае і рупіць... Бач, якім парканам абгарадзіўся. Сабак цэлую зграю развёў...

Словы маці неяк ураз змылі ўвесь той непрыемны асадак на душы, што застаўся ад паездкі ў сасоннік.

Абедалі на скрыні, абабітай іржавай бляхай. Гэтая скрыня з лепшым набыткам больш двух год прастаяла ў зямлі.

Маці заслала яе чыстым вышываным абрусам. Нарэзала гару хлеба. На драўляны прамаслены кружок паставіла патэльню з яечняй. Потым аднекуль з-пад ложка дастала вялікую бутэль чарнічнай настойкі.

— Ды колькі іх там у цябе? — здзівіўся Максім.

Маці задаволена ўсміхнулася.

— Гэтая больш года чакала цябе. Леташняя яшчэ. Так настаялася ўжо, што проста чысты спірт... А колькі тае гарэлкі я ліла...

Ён выпіў шклянку і апетытна закусваў. Маці сядзела насупраць, падпёршы шчаку далоняй, і не зводзіла з сына вачэй.

— Еж, еж, сынок. А то худы ты нейкі.

— А ты, мама?

— Ды ты не глядзі на мяне! Дзе гэта ты бачыў, каб гаспадыня галодная была! Як гатавала, дык насмакавалася.

Калі Максім выпіў другую шклянку і расказаў аб сваёй сустрэчы з старшынёй і аб тым, што ў нядзелю лес на хату будзе ляжаць перад зямлянкай, маці ў адказ раптам ціха паведаміла:

— А я Машу сёння бачыла. На вуліцы спаткала.

Яна не прызналася, што хадзіла да яе знарок.

Максім насцярожыўся: за два дні маці ні разу не ўспамянула пра Машу, а тут так нечакана і, як здалося яму, недарэчы, загаварыла пра яе.

— Яна, бедная, ажно засаромілася. То, бывала, штодня заходзіла да мяне, а то — і слоў не знайшла... Ты схадзіў-бы, Максімка, да іх, праведаў-бы...

— Схаджу, схаджу, мама. Не ўсё-ж адразу, — ён хацеў хутчэй скончыць гэтую размову. Але маці не сунімалася.

— Яна-ж так чакала цябе!

— Так ужо і чакала? — жартаўліва ўсумніўся ён.

— Што ты, Максімка, бог з табой! Можа табе якія злыя языкі што нагаварылі? Не вер, нікому не вер. Маці павер. Маша не дзеўка, а золата. Дай божа мне мець такую нявестку. Яна-ж і так была для мяне, як дачка тая. Ды і не веру я, што ёсць у нас людзі, якія сказалі-б пра яе дрэннае слова. Гэта-ж такая сям'я! Сіраты, а як жывуць! Гэта-ж яны засталіся адны яшчэ перад вайной, як маці іх памерла. Саша і Пеця тады яшчэ малыя былі. Пры немцах яны ціха так жылі, непрыкметна. Тыя і ўвагі не звярталі — што возьмеш з сіратаў! Перабіваліся яны бедныя з бульбяніка на квас. Хлеб і той, можа, рэдка бачылі. А як прышлі нашы, іх — і Машу і Аляксандру — медалямі партызанскімі ўзнагародзілі. Усё сяло дзівілася... Ніхто-ж і не здагадваўся, што яны ўвесь час сувязнымі былі. А цяпер Саша вучыцца ў дзесятым класе. А Машу і ў сельсовет запрашалі і ў раёне нейкую добрую пасаду давалі — яна-ж восем класаў скончыла, — дык не-ж, не пайшла... У калгасе працуе. Я аднойчы нават паспрачалася з ёй з-за гэтага. А яна мне кажа: вось, цётачка, як стане наш калгас такі, як да вайны, тады я вучыцца паеду, а цяпер трэба працаваць. І як працавала! І арала, і касіла, і з цеслярамі рабіла. І вайну вяла з Амелькам. Мужчыны так не крытыкавалі яго, як яна. Звяно арганізавала. Вясной лён сеялі, а цяпер рэкордны ўчастак жыта пасеялі. Дакажу, кажа, што і мы не горшыя за людзей. Вось якая яна! А ты кажаш, Максімка...

Максім моўчкі, з цікавасцю выслухаў маці. Яна абудзіла ў ім добрыя пачуцці. Усхвалявана і радасна забілася сэрца. Маша! Сапраўды, чаму ён адцягвае сустрэчу?

Улетку саракавога года, калі ён ад'язджаў у марскі тэхнікум, яны, шчаслівыя і тады крыху яшчэ наіўныя, пакляліся ў жнівеньскую ноч, што будуць штодня пісаць лісты і чакаць адзін аднаго хоць дзесяць год. І яны выканалі сваю клятву. Праўда, пасля вызвалення пісалі яны ўжо не так часта, і пісьмы былі больш стрыманыя, сур'ёзныя. Можа гэта таму, што і самі яны выраслі, пасталелі. А можа час рабіў сваё — астывалі пачуцці. Але, калі Максім ехаў дамоў, то ўсю доўгую дарогу з Далёкага Усхода да Беларусі думаў пра Машу з ранейшай цеплынёй і пяшчотнасцю. А вось прыехаў — і чамусьці зноў не асабліва карціць хутчэй сустрэцца з ёю.

«Хопіць яшчэ часу», — спакойна разважыў ён у першы вечар.

Але пасля слоў маці яму зрабілася сорамна за сваю абыякавасць.

«Сёння-ж увечары схаджу», — падумаў ён, наліўшы трэцюю чарку. Маці паднялася, адышла і пачала корпацца ў печы, такой маленькай і нізенькай, што, каб заглянуць у яе, трэба было стаць на гліняную падлогу каленямі. Выцягнуўшы чыгунок і ўзяўшы яго фартухом, яна вярнулася назад.

— Так што, сынок, не крыўдзі Машы. Да яе колькі жаніхоў сваталася. І настаўнік, і Васіль... Васіль, кажуць, і цяпер яшчэ сохне па ёй. Усім адмовіла. Цябе аднаго чакала...

«Зноў Васіль... Усюды Васіль», — з крыўдай і. адначасова з зайздрасцю падумаў Максім.

Маша пісала яму аб гэтым сватаўстве. Тады ён не звярнуў увагі і адпісаўся вясёлым, бяскрыўдным жартам. Але зараз нейкае незразумелае раўнівае пачуццё заварушылася ў глыбіні душы.

Пасля абеду змораны, ап'янелы Максім лёг адпачываць і моцна заснуў. Прачнуўся ён позна ўвечары і нікуды не пайшоў — напісаў пару лістоў франтавым сябрам і зноў лёг спаць.

Раніцою Максіму стала ніякавата ад таго, што за два дні ён нікуды не схадзіў, не ўбачыўся ні з адным сябрам.

«Прыехаў і сяджу, як мядзведзь у бярлозе. Трэба сёння-ж усіх наведаць. А ў першую чаргу — схадзіць у Дабрадзееўку, у сельсовет, і ўбачыць гэтага свайго старога дружбака Васіля. Пазнаёміцца з сакратаром... Трэба-ж неяк і на ўлік брацца ўжо...»

Дарэчы быў дзень Сталінскай Канстытуцыі. Святочны дзень. Самы раз рабіць візіты. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца.

І раптам у люстэрку ён убачыў, што маці, якая сядзела на нізенькім услончыку перад печчу і пякла бліны, непрыкметна выцірае фартухом вочы. Ён хутка павярнуўся.

— Ты плачаш, мама? Чаго?

Яна паглядзела на яго затуманенымі вачыма, паспрабавала ўсміхнуцца праз слёзы.

— Нічога, сынок. Бацьку ўспомніла. Як ён любіў гэты дзень! Гэта-ж у яго было самае вялікае свята. Ні адно, здаецца, свята ён не святкаваў з такой радасцю. Аж маладзейшым рабіўся, — яна хвіліну памаўчала, схіліўшы галаву, потым схамянулася, выхапіла з печы падгарэлы блін і загаварыла зноў: — У гэты дзень ён і дома апошні раз быў. Прышоў змораны, брудны, але вясёлы такі. Баклажку спірту прынёс. Вельмі шкадаваў, што бліноў нельга было напекчы. Да рання прасядзелі мы з ім у цёмнай хаце. Ён мне аб Сталінградзе ўсё расказваў, цябе і Аляксея ўспаміналі. А на развітанне сказаў: — Ну, кажа, з табой, Сыля, адсвяткаваў, пайду цяпер з хлопцамі адсвяткую... А праз тыдзень... — маці ўсхліпнула.

Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Ён сцёр далоняй са шчакі мыла, падышоў і пяшчотна абняў маці.

— Не плач, мама, — а сам рукавом змахнуў слязу...


3...


Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам і жартамі дамагліся, каб ён паставіў па сто грамаў. Прышлося затрымацца. Потым падышлі новыя людзі і ўжо частавалі яго. Зразумеўшы, што гэтаму не будзе канца ў такі дзень, ён непрыкметна вышаў з крамы і шпарка пайшоў у напрамку Дабрадзееўкі, баючыся, што яшчэ хто-небудзь затрымае і, чаго добрага, зацягне ў хату. На вуліцы з ім віталіся дарослыя і дзеці. Ён ветліва адказваў, хоць многіх з моладзі не пазнаваў.

Ён быў ужо ў канцы вуліцы, як раптам сустрэўся з Машай.

Здарылася гэта вельмі неспадзявана для абаіх. Маша вышла з завулка, які між двух новых хат вёў на калгасны двор. У руцэ яе былі вілы. Апранута яна была ў стары залатаны кажушок, на нагах — буркі з бахіламі, на галаве — шэрая вязаная хустка.

Ад нечаканасці дзяўчына ажно адхіснулася назад. Твар яе спачатку пабялеў, потым заліўся чырванню.

Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы яе.

«Пастарэла», — і яму чамусьці стала шкада яе, захацелася прытуліць, прыласкаць.

Першая загаварыла Маша. Спытала:

— Ты-ы?.. — нібы не паверыла ўласным вачам.

Максім хутка падышоў, працягнуў руку.

— Я. Не пазнаеш?

Яна спачатку разгублена глянула на сваю далонь, выцерла яе аб кажушок, потым шчасліва засмяялася і моцна сціснула яго руку.

— З прыездам, Максім.

— Дзякую. Аднак... давай-жа хоць пацалуемся.

— Што ты! Глядзяць.

Сапраўды, аглянуўшыся, Максім убачыў, што ў бліжніх хатах у кожным акне да шыб прыліплі твары. Людзі з цікавасцю назіралі за іх крыху незвычайнай сустрэчай. Гэта збянтэжыла абодвух. Маша сарамліва апусціла вочы. Максім таксама некаторы час не мог знайсці патрэбных слоў, каб пачаць гаворку.

— Ты што... працавала? Сёння-ж свята.

— А мы ўжо скончылі. Невялічкая работка была... Рыхтуемся да вясны.

— Цяпер — да вясны?

— Але... А ты куды? — яна ясным, шчаслівым позіркам глянула яму ў твар.

— У Дабрадзееўку схаджу. Дамоўлюся наконт партыйнага ўліку.

Маша зноў апусціла вочы, прыдушыла ўздых, што ледзь-ледзь не вырваўся з грудзей, з лёгкім дакорам сказала:

— А калі-ж гэта мы сустрэнемся? Калі прыехаў і вачэй не паказваеш.

Ён моцна сціснуў яе шурпатую ад працы руку.

— Прыду, Машок, прыду...

— Калі?

— Сёння абавязкова.

У яе вачах зноў бліснула радасць.

— Значыцца, чакаць?

— Чакай.

— Ну, добра. Ідзі. Не будзем развітвацца. — Яна пяшчотна правяла рукой па яго грудзях, лёгенька адштурхнула. А адышоўшы некалькі крокаў, павярнулася і яшчэ раз напомніла: — Глядзі-ж, Максім...

Алеся чытала, калі Маша зайшла ў хату.

Яна стаяла на ўслоне на каленях, схіліўшыся над сталом, і рогам касынкі выцірала слёзы.

— Зноў, Алеся! Ну і дурніца! Хіба-ж так можна? Над кожнай кніжкай плакаць — слёз нахопіць.

Дзяўчына закрылася далоняй і, не адказваючы, чытала далей. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы, яна, урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы, паглядзела на сястру, з вачэй яе пырснулі іскрыстыя праменні захаплення. Маша скінула кажушок, развязала хустку і села каля Алесі, абняла яе за плечы, якія ўсё яшчэ ўздрыгвалі, але невядома — ці ад плачу, ці ўжо ад смеху.

— Дзіўная ты! Што гэта?

— «Тры сястры» Чэхава. Чытала?

— Чытала. Але, помніцца, не плакала. Шкада іх, але... Я толькі яскравей адчувала сваё шчасце...

— Вось... Шкада... Якое ў іх было жыццё, Машанька! Страшна. Глядзі, які смутак у словах Ірыны, калі яна паўтарае: «У Маскву! У Маскву! У Маскву!» А гэтыя вось заключныя словы, што Ольга гаворыць. Слухай, Машанька,—і Алеся пачала чытаць. Прачытаўшы, яна заплюшчыла вочы, шэптам паўтарыла апошнія словы і раптам імкліва абняла Машу.

— Як мне хочацца з такой-жа сілай напісаць пра наша жыццё. Каб з кожнага слова пырскала радасць, шчасце. Каб людзі чыталі — і ў іх вырасталі крыллі.

— А ты паспрабуй.

Алеся паківала галавой і сур'ёзна адказала:

— Не-е... Не здолею. Ты-ж ведаеш, якія бездапаможныя мае вершы.

— Не бядуй. Калі-небудзь напішаш. Я веру ў твой талент. Аднак... Я цябе слухала. Цяпер ты мяне паслухай. Ведаеш, каго я толькі што сустрэла?

— Максіма?! — радасна ўсклікнула Алеся.

— Максіма.

— І што?

— Сёння да нас у госці прыдзе.

— Вой! А ў нас... Ці добра ў нас?— і яны пачалі прыдзірліва аглядаць кожную рэч у хаце.

Хата была новая. Мінулым летам яе збудавалі за дзяржаўны кошт. Пагабляваныя таўстыя бярвенні яшчэ былі жоўтыя і пахлі смалой. На вуліцу хата глядзела трыма шырокімі вокнамі. Праўда, у самой хаце яшчэ кідаліся ў вочы недаробкі: у перагародцы, што аддзяляла кухню, не было дзвярэй, другая перагародка, у чыстай палавіне, толькі была пачата — да бэлькі на столі і да падлогі былі прыбіты брускі. Але хата ўжо была па-гаспадарску абжыта: у ёй было чыста і ўтульна. Усюды пахадзілі руплівыя дзявочыя рукі. На вокнах — марлевыя фіранкі. Стол засланы чысценькім вышываным абрусам. Над крайнімі ад кута вокнамі — партрэты Леніна і Сталіна ў простых, але прыгожых рамках, па-мастацку зробленых з пруцікаў маладых бярозак. Над сталом, у покуце, — палічка для кніжак; над ёю —' адрыўны каляндар.

Скончыўшы агляд, Алеся спытала:

— Ну, як? Сорамна не будзе?

— Думаю, не будзе.

— А цяпер падумаем, чым будзем частаваць гасця.

— Частаваць?

— Але-ж... Чаго ты здзіўляешся?

Маша як-бы збянтэжылася, ціха сказала:

— А можа няварта, Алеся? Што ён — здалёк?.. Толькі гаворкі будзе...

— Вось табе і раз! Хай пагавораць! А хто не ведае, што мы чакалі яго, як самага блізкага чалавека. І раптам за шэсць год чалавек першы раз зойдзе, як дарагі госць, а мы... Не, не!.. Калі ласка, і не гавары нічога. Хочаш — сама сустракай. А я так не магу.

Апошнія словы яе скарылі Машу.

«Гэта і добра, што мы пасядзім разам, і я прыгледжуся да яго, прывыкну», — падумала яна.

— Ну, добра... А сапраўды, чым-жа частаваць?

— Не гаруй, Маша! — супакоіла яе Алеся.—Знойдзем. Лічы. Поўлітэрку Зіна на карандаш дасць. Значыць, галоўнае будзе... Далей... Грыбы салёныя ў нас — пальчыкі абліжа, памідоры таксама. Гуркі ёсць, хлеб і бульба ёсць... А вось сала... Сала няма.

— Сала няма, — паўтарыла Маша і ўздыхнула.

— Глупства. Пазычым.

— Зноў — пазычым. Як ты лёгка пазычаеш!

— Машанька, мілая! А чаго нам сароміцца? Не пройдзе і года, як мы будзем самыя багатыя людзі. Вось як вырасціш па сто пудоў з гектара... А ты вырасціш—я веру ў гэта так, як, можа, не верыш ты сама. Вырасціш!

— На дзесяці гектарах? — Маша ўздыхнула.

— А ты хацела-б адразу на пяцістах?

— Каб разбагацець усім...

— Пакінь! Давай лепей падумаем, у каго пазычыць. Добра было-б у цёткі Сылі.

Маша засмяялася.

Нішто сабе! Яго-ж салам яго і частаваць будзем.

Але Алеся і не ўсміхнулася.

— Чакай... Гэта-ж я толькі разважаю... Вядома, адпадае... У Шаройкі? Ну яго к чорту, яшчэ адмовіць, прагнюка такі. Ён-жа ключы ад кубла з сабой носіць, нават жонцы не давярае... У Клаўдзі? Добра? Значыцца рашылі! Я пайшла.

Яна хутка апранулася і вышла.

Маша колькі хвілін сядзела ў глыбокім роздуме. Потым узяла са стала маленькае люстэрка, паглядзелася і злёгку кранула пальцам ледзь прыкметныя маршчынкі каля вачэй. Уздыхнула.

«Дваццаць пяць год! Шэсць год чакала! Шэсць год! А вось гэтыя два дні былі самыя цяжкія. Чаму ён не прышоў адразу?» — і зноў цень задумення лёг на яе твары. Але праз момант яна схамянулася, пайшла да печы, дастала цёплую ваду і памылася. Пасля апранула святочнае плацце, запляла валасы ў дзве тоўстыя касы і села каля стала. Дастала з шуфляды яго пісьмы, знайшла апошняе і пачала ўдумліва чытаць. І так чытала, покуль не вярнулася Алеся. Маша ўзрадавалася і адразу-ж пачала выказваць свае думкі.

— А ведаеш, Алеся, я вельмі рада, што яго дэмабілізавалі. Не ведаю, як ён... Здаецца, ён крыху інакш думае... Але я рада... Помніш ён пісаў, што, калі яго пакінуць у арміі, я павінна рыхтавацца ехаць туды... Прызнаюся, тады мне зрабілася страшнавата. Не паехаць я не магла — ты разумееш... А паехаць... А вы як?

— Ну, мы як-небудзь пражылі-б...

— А ўсё-ж... Ды і я! Што-б я рабіла там, на Далёкім Усходзе, у ваенным гарадку? Вядома, я працавала-б, я знайшла-б работу. Але я люблю зямлю, мне хочацца працаваць на ёй...

Алеся вышла на кухню і, напяваючы, завіхалася там. Маша хвіліну пасядзела адна, задумліва пазіраючы ў акно, потым вышла да сястры — хацелася гаварыць.

— Ведаеш, пра што я думала зараз? Буду ўгаварваць Максіма, каб і ён застаўся ў калгасе. Навошта нам высокія пасады? Вунь — Васіль...

Алеся не адказала і заспявала:

Ля-я-цяць ву-у-ткі,

Ля-я-цяць ву-уу-ткі

І-і два гу-усі-і...


4...


«Пастарэла, — думаў Максім, вышаўшы з вёскі ў поле. — У такім адзенні яна на звычайную вясковую бабу падобна».

Але яму тут-жа стала сорамна за такую думку.

«Глупства гэта. Пры чым тут адзенне? Не ў гэтым справа! Яна-ж столькі перанесла. І цяпер... У свята і то — адпачынку няма... Калі яшчэ тая вясна, а яна ўжо гной рыхтуе... Упартая», — і ён адчуў гордасць за яе. Яму хацелася неяк узняць, апаэтызаваць Машу, калі, можа, і не так, як ён рабіў гэта ў першы год пасля развітання, то хаця-б вярнуць сабе тую радасную ўсхваляванасць, якую ён адчуваў яшчэ ў дарозе, думаючы пра яе. Чаму ўсё гэта знікла? Чаму ён неяк астыў, прыехаўшы дамоў? Зямлянка прыдавіла ці што?

Ён схапіўся за гэтую думку, як за ратавальны круг.

«А ўсё магчыма. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Ды і не юнак я ўжо. Спачатку вось трэба падумаць, як з гэтай праклятай зямлянкі хутчэй выбрацца, а потым ужо... Ды і наогул трэба абсталявацца, сябе да ладу прывесці — з работай уладзіць і ўсё іншае...»

Заспакоіўшы сябе, Максім закрочыў шпарчэй, глытаючы студзёны вецер. У паветры было па-зімоваму добра: бадзёры мароз, парывісты вецер, які час-ад-часу заносіў аднекуль здалёк пару-другую сняжынак — першых вестуноў і разведчыкаў зімы. Калі яны падалі на руку, на твар, здавалася: яшчэ хвіліна — і разарвецца хмара, сыпане белым пухам, і закружыцца ён у дзіўным карагодзе, пакрываючы зямлю мяккаю, пушыстаю коўдрай. Але вецер сціхаў, сняжынкі больш не ляцелі, і на палях нерухома ляжала позняя восень, шэрая, аднастайная. Толькі з аднаго боку, у далечыні, зелянеў клін азіміны, а з другога, за рэчкай, — цямнела сіняя паласа хвойніку — таго самага, у якім Максім быў учора. Ды ў лузе, што пачынаўся недалёка адгэтуль, паміж тоўстымі і нізкімі стагамі, бліскала на звівах маладым лёдам рэчка.

Ад Лядцаў да Дабрадзееўкі каля чатырох кілометраў, калі лічыць ад цэнтра да цэнтра, ад крамы да крамы, як гаварылі вяскоўцы, а калі ад ускраін, то вядома, менш.

Максім і не заўважыў, як прайшоў гэтыя кілометры. Думак хапіла на ўсю дарогу.

Толькі ў садзе на момант яго зноў апанавала тое-ж пачуццё, што напярэдадні ў лесе. Сад быў скалечаны не менш, чым хвойнік. Але праз хвіліну ён суцешыўся, убачыўшы, як руплівая рука чалавека ўмела залечвае раны на дрэвах і на зямлі. Усе старыя дрэвы, якія ўцалелі, былі старанна дагледжаны: абрэзаны сухія галінкі, ствалы абмазаны глінай і абкручаны саломай. Была зроблена падсадка. Кожнае маладое дрэўца абгароджана, каб зімою не папсавалі зайцы.

Максім успомніў сад свайго калгаса, які ён убачыў яшчэ ў той дзень, калі прыехаў, і падумаў, зноў з пачуццём зайздрасці:

«Але... адразу адчуваецца гаспадарская рука... Відаць, недарэмна яго хваляць... Што-ж, пабачым...»

Будынак сельсовета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Да вайны ў ім змяшчаўся ветэрынарны пункт, а таму і быў ён збудаваны наводшыбе. У вайну з усіх грамадскіх будынкаў уцалеў толькі гэты. А таму адразу пасля вызвалення ў ім асталявалася і школа, якая працавала ў той час у тры змены, і сельсовет, і праўленне калгаса. Цяпер застаўся толькі сельсовет, ды ў прыбудове — малаказлівачны пункт.

Максім не спадзяваўся застаць у сельсовеце ў такі дзень каго-небудзь, аднак рашыў заглянуць. Нядрэнна пабачыць усё да таго, як сустрэнешся з мясцовымі кіраўнікамі. Глядзі — у гутарцы і зможаш выказаць якую-небудзь свежую, арыгінальную думку, да якой самі яны, абжыўшыся і звыкшыся, і не маглі дайсці. Ён любіў бліснуць такімі думкамі.

Але, наблізіўшыся да сельсовета, ён убачыў праз акно людзей і пачуў гучную гаворку. Адчуваючы, што хвалюецца, ён ненатуральна хутка і шумна зайшоў у памяшканне. Адчыніў адны дзверы, другія... І спачатку ўбачыў толькі чалавека, які стаяў тварам да дзвярэй, збоку ад стала. Чалавек гаварыў і спыніўся на поўслове. Позіркі іх сустрэліся. Незнаёмаму было год пяцьдзесят. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з густой шапкай сівых валасоў і з вельмі густымі, сівымі брывамі. Гэтыя бровы неяк адразу кідаліся ў вочы, яны надавалі верхняй частцы твару суровы выраз. Але ніжэй гэты выраз змякчалі вусы. Звычайныя абвіслыя, яны былі не сівыя, як валасы і бровы, а рудыя, абкураныя. І вочы ў яго былі добрыя: светлыя, разумныя.

Максім здагадаўся: доктар, і спытаў па-ваеннаму коратка і гучна:

— Дазвольце?

— Калі ласка.

Ён пераступіў парог і тады адразу ўбачыў знаёмых. Яны амаль усе падняліся яму насустрач.

— Лескавец!

— Максім!

— Ах, чорт! Які бравы!

— Адны вусы чаго варты! Казак!

Першы яго абняў сваёй адзінай рукой Міхаіл Прымак — той самы, з сынам якога ён меў сустрэчу на грэблі. Потым паціснулі руку старшыня сельсовета Байкоў, дабрадзеевец дзядзька Міхей Вячэра, надзвычай высокі чалавек з лысай галавой і з хітрай усмешкай у вачах, Максімаў аднавясковец Пятро Мурашка, яшчэ адзін малады хлопец з знаёмым абліччам, але прозвішча якога Максім не мог успомніць, і падумаў: «Моладзь вырасла»...

Апошнім падняўся Васіль Лазавенка. Ён таксама толькі падаў руку, хоць Максім быў паімкнуўся абняцца. Але затое руку Васіль ціснуў моцна, доўга і, гледзячы ў вочы, радасна ўсміхаўся.

— Даўно пара, брат, даўно.

Максім убачыў пад расшпіленым шынялём яго ордэнскія калодкі і адразу спрактыкаваным вокам палічыў:

«Два Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, дзве Звязды і медалі. Але... Шанцавала...»

Васіль схамянуўся і павярнуўся да чалавека, які ўсё яшчэ стаяў каля стала.

— Знаёмцеся. Наш сакратар партыйнай арганізацыі Ігнат Андрэевіч Ладынін.

Потым з-за стала падняўся чалавек з постаццю цяжкаатлета і шрамам на ілбе. Але рука яго была, як у жанчыны, малая і мяккая.

— Мяцельскі.

— Дырэктар школы, — дадаў Васіль.

Калі, нарэшце, усе прывіталіся і пазнаёміліся, Ладьшін пастукаў алоўкам па стале.

— Таварышы, аб усім іншым пасля. Працягнем наш сход,— ён звярнуўся да Максіма. — У нас партыйны сход. Вы член партыі, таварыш Лескавец?

Максім палез у кішэню за партбілетам.

— Так. Нашага палку прыбывае. Што-ж... Добра. Будзем працаваць... — прыветліва ўсміхнуўся Ладынін. — Дык вось. Аб выкананні пастановы партыі і ўрада аб ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі. Я гаварыў ужо: дрэнна ў нас з гэтым. Не давялі мы, як мае быць, справу да канца. Парушэнняў у нас яшчэ нямала ў кожным калгасе, нават і ў «Волі». Але асабліва іх многа ў «Партызане». Шаройка, напрыклад, думае, што гэта — часовая кампанія, адшуміць і сціхне. Ды і з прысутных тут хто-ні-хто, відаць, такой-жа думкі, — Ладынін кінуў кароткі позірк на Байкова. Старшыня сельсовета перасмыкнуў левай шчакой, падняў галаву і нервова пацёр аб калена кантужаную руку, потым пачаў спешліва скручваць цыгарку. — Людзі гэтыя глыбока памыляюцца. Пастанова гэта — праграма нашага пасляваеннага ўздыму. Трэба зразумець, таварышы, добра сабе ўсвядоміць, што мы пачалі вялікую бітву за поўны дастатак. Цяпер гэта той-жа фронт, той-жа пярэдні край. Помніце, што сказаў Сталін у сваім выступленні перад выбаршчыкамі?..

Максім слухаў і ўпотай вывучаў твары комуністаў.

Яны сядзелі моўчкі, нерухома, слухалі ўдумліва. Толькі Вячэра, зацягваючыся папяроскай, махаў далоняй перад тварам, разганяючы дым.

«Восем чалавек... на ўвесь сельсовет, на тры калгасы... Малавата... У дывізіёне ў нас больш ста было», — падумаў Максім.

Ладынін гаварыў аб тым, што павінна зрабіць партыйная арганізацыя, каб за зіму ўмацаваць калгасы.

— Наша задача дапамагчы кожнаму калгасу скласці перспектыўны план развіцця гаспадаркі — такі, які мы склалі ў «Волі». Людзі павінны ведаць, за што ім трэба змагацца, як яны будуць жыць цераз год, цераз два, у канцы пяцігодкі. Складаючы такія планы, трэба смялей браць курс на механізацыю і электрыфікацыю. Без гэтага мы не здолеем падняць ураджайнасць і развіць жывёлагадоўлю. Правільна гаварыў Лазавенка — машыны дзяржава дасць, успомніце пяцігадовы план... І таму проста немагчыма зразумець заяву, што нам яшчэ рана думаць аб такой раскошы, як электрастанцыя, калі ў нас яшчэ сорак сямей у зямлянках жывуць... А па чыёй віне, Сяргей Іванавіч, яны жывуць у зямлянках, дазвольце у вас спытаць?..

Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй, з размаху кінуў недакурак у куток.

— Што вы ўвесь час тыркаеце на Байкова?!

— А таму, што Байкоў выступіў супраць прапановы Лазавенкі...

— Бо Байкоў не жадае пасля адказваць за вашы фантазіі. У вашага Лазавенкі галава закружылася, — у старшыні сельсовета нервова задзёргалася павека на левым воку. Ён для чагосьці адчыніў дзверы ў суседні пакой, заглянуў туды і злосна ляпнуў імі.

Ладынін спакойна чакаў, ледзь прыкметна ўсміхаючыся. Прымак і Лазавенка іранічна пераміргваліся. Гэта не спадабалася Максіму. «Што яны наваліліся на яго?»

Яму было шкада Байкова. Ён ужо ведаў яго цяжкую партызанскую біяграфію — расказвала маці. Зімой сорак другога года фашысты расстралялі яго сям'ю. У роспачы ён павёў атрад на нейкую неабдуманую аперацыю, супраць правядзення якой падпольны райком пратэставаў. Ён не паслухаўся. Атрад панёс цяжкія страты. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Атрад прыняў Антон Лескавец, бацька Максіма. Тады Байкоў паспрабаваў заліць сваё гора самагонкай і атрымаў яшчэ адну вымову, з апошнім папярэджаннем. Гэта ўтаймавала яго. Пасля, камандуючы групай падрыўнікоў, ён заваяваў легендарную славу, атрымаў два ордэны. Але ў часе апошняй блакады быў цяжка паранены, вывезены на самалёце ў совецкі тыл і больш года ляжаў у шпіталі, недзе на Урале.

... «Навошта цяпер крыўдзіць такога чалавека?» — падумаў Максім і рашыў, пры выпадку, выступіць у яго абарону.

— А мы зараз разбярэмся, Сяргей Іванавіч, у каго тут галава кружыцца, — сказаў Ладынін і, яшчэ раз пералічыўшы задачы, што стаяць перад партарганізацыяй, скончыў свой даклад.

Выступалі ўсе, акрамя Мурашкі. Цішыня, якая панавала ў часе выступлення Ладыніна, была паламана, нібы лёд на рэчцы. Гаварылі горача, спрачаліся, кідалі адзін аднаму пытанні, заўвагі, падказвалі, пра што сказаць яшчэ. Відаць, пытанне ўсіх хвалявала. Асабліва многа гаварылі аб справах у «Партызане» і ўсе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса.

Крытыкавалі Байкова. Ён маўчаў, панурыўшы галаву.

— На паседжаннях сельвыканкома, на сесіях мы прынялі нямала добрых пастаноў, а як яны выконваюцца — гэта старшыню сельсовета мала турбуе. Ён вельмі многа ходзіць па калгасах, залішне многа, а вынікаў ад гэтага нешта малавата, — гаварыў Вячэра.

Байкоў нервова кудлачыў рукой валасы і маўчаў, хоць па ўсім было відаць, што крытыку ён успрымае хваравіта і з шмат чым не згаджаецца.

Максім выступіў таксама. Расказаў пра свой калгас. Пасля заступіўся за Байкова.

— Мне, чалавеку новаму, з боку здаецца, што некаторыя таварышы маюць тэндэнцыю памылкі ўсёй арганізацыі ўзвальваць на аднаго чалавека.

Байкоў падняў галаву і, акрылены падтрымкай, загаварыў:

— У нас гэта могуць. Я аб гэтым даўно гаварыў...

— Няпраўда, Сяргей Іванавіч! — перапыніў яго Ладынін. — Мы ўмеем прызнаваць свае агульныя памылкі. Але на сваіх сходах... давайце дамовімся, таварышы, яшчэ раз, мы будзем крытыкаваць не наогул, а канкрэтна, называючы дакладны адрас. Ад гэтага будзе больш карысці. І давайце адкінем усе крыўды. Мы павінны ставіцца да крытыкі па-большэвіцку.

... Пасля разбіралі справу Мурашкі.

Прайшло чатыры месяцы, як ён вярнуўся з арміі. Але за ўвесь гэты час ён і не падумаў аб рабоце, не зарабіў у калгасе ніводнага працадня. Хадзіў, гуляў, «выбіраў нявесту». «Жанюся — тады адразу за ўсё адпрацую», — гаварыў ён, калі яму часам хто рабіў напамінак пра работу.

Ладынін дакладваў пра паводзіны Мурашкі з абурэннем. Максім бачыў, як доктар адразу перамяніўся: густыя бровы яго сышліся, утварыўшы адну лінію, маршчыны на ілбе сталі глыбейшыя.

— ...У такі адказны час, калі наша маленькая, але, я скажу, дружная, працавітая арганізацыя напружвае ўсе сілы, адзін з членаў яе спакойна прахалоджваецца. Ганьба і сорам! Мы гаворым аб умацаванні дысцыпліны ў калгасах, а таварыш Мурашка развальвае яе. Усе гультаі на вас пальцамі тыркаюць. Вунь, бачыце, комуніст, і той не вельмі кідаецца да калгаснай работы, а што нам... Да мяне жанчыны прыходзяць скардзіцца на вас. Не было вас, яны працавалі, выбіваліся з сіл, каб мы ў арміі ні ў чым не адчувалі патрэбы; вярнуліся вы, і зноў яны вымушаны вас карміць. Сорам.

— Я чужога хлеба не ем!..

— Не, выходзіць, што ясі...

Максім падумаў:

«Але, стары — той... Пападзіся такому ў рукі — у рог сагне».

Мурашка паспрабаваў апраўдацца, пачаў гаварыць жартаўліва, з адмоўкамі.

— ...Няўжо за пяць год я не маю права якіх тры месяцы адпачыць?

«Па сутнасці, ён мае рацыю,— зноў падумаў Максім. — Няўжо і я не маю права адпачыць? Няўжо на другі-ж дзень трэба запрагацца ў работу?»

Але на пытанне Мурашкі адказаў Прымак.

— Не маеш! — злосна выгукнуў ён і падняўся, выхапіўшы з кішэні пусты рукаў. — Я вось які прышоў, са шпіталю, і на другі-ж тыдзень пайшоў у МТС. А ты — здаровы, як бык, са шчок кроў пырсне скора, і рашыў поўгода адпачынку сабе даць... Сароміўся-б у вочы людзям глядзець! За якія сродкі ты п'еш? Скажы сходу! Накраў у арміі, калі за старшыну быў? А-а? Выключыць яго, каб не ганьбіў вялікае званне...

Мурашка, які пачынаў гаварыць спакойна, з усмешкай, відаць, мяркуючы, што справа абмяжуецца таварыскай размовай накшталт тых, якія вёў з ім ужо не раз і Ладынін, — раптам пабялеў і паімкнуўся да Прымака.

— Ты... мне... Ты дакажы свае словы... — голас яго дрыжэў.

Падняўся Вячэра, адагнаўшы далонямі ад твару дым.

— Міхал Аляксеевіч троху пагарачыўся, але я разумею яго... Я сам не мог без абурэння глядзець на такія паводзіны члена партыі і даўно патрабаваў вынесці пытанне на сход.

У Лескаўца знікла жаданне выступаць у абарону свайго аднавяскоўца. Мурашку крытыкавалі бязлітасна: як гавораць — «не пакідалі жывога месца». Асабліва моцна крытыкаваў Лазавенка, хоць гаварыў ён спакойна, стрымана, толькі пачырванелы твар выдаваў яго абурэнне.

Мурашка маўчаў, баючыся глянуць комуністам у вочы. Ён то рабіўся бялейшы за сцяну, то шыя яго пунцавела, на скронях надзьмуліся вены і было відаць, як пульсіруе жылка.

Усе, хто. выступаў пасля Прымака, прапанавалі даць яму вымову. Мурашка папрасіў слова.

— Таварышы, даруйце. Заўтра-ж іду на работу... І буду працаваць так... Ну, адным словам, так, як належыць комуністу. На любы ўчастак хай мяне ставяць — нідзе не падвяду...


5...


З сельсовета ішлі ўчатырох: Максім, Ладынін, Лазавенка і Прымак. Другія разышліся крыху раней, а Байкоў застаўся пачытаць газеты.

Цяпер самалюбства Максіма было задаволена: усе гутарылі толькі з ім, звярталіся да яго.

— Вось так і ваюем, Максім Антонавіч. Час гарачы, цікавы, работы — непачаты край, а людзей мала. Кожнаму новаму чалавеку рады і таму балюча, калі вось такія, як Мурашка, з'яўляюцца ў нашых радах, — гаварыў па дарозе Ладынін.

Яны мінулі сад, вышлі на шлях.

Доктар прапанаваў:

— Зойдзем да мяне, пасядзім, пагутарым.

Лазавенка паспрабаваў адмовіцца, але Прымак адразу згадзіўся.

Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі, каля саду. Тут, паабапал шляху з прысадамі старых ясакараў і ліп, да вайны размяшчаліся ўсе грамадскія будоўлі: сельсовет, больніца, школа, клуб, сельмаг. Цяпер-жа покуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак. Гэтыя два будынкі былі цагляныя, а таму пажар не знішчыў іх цалкам. Далей пачыналася вёска. Роўная вуліца збягала з узгорку, на самай вяршыні якога стаяла школа, да рэчкі, што падковай абгінала вёску.

Максім крытычным позіркам акінуў хаты. Магчыма, зусім не жадаючы гэтага, ён пачаў прыдзірліва адносіцца да ўсяго, што было звязана з імем Васіля.

«Што-ж, хаты, як хаты», — заключыў ён, хоць і сам адчуваў, што крывіць душой. Хаты былі новыя, вялікія, амаль усе — з трыма вокнамі на вуліцу.

Іх сустрэла жонка Ладыніна — Ірына Аркадзеўна, жанчына поўная і прыветлівая. Маючы пяцьдзесят год, яна не страціла прываблівай прыгажосці свайго твару, белага, асветленага цёплымі промнямі добрых блакітных вачэй. Не гледзячы на сваю паўнату, рухалася яна жвава і неяк мякка, бясшумна.

Доктар займаў два невялічкія пакоі. У першым стаяў стол, шафа, канапа і на ўсю сцяну, ад падлогі да столі, паліцы з кнігамі. Максім здзівіўся, убачыўшы гэтулькі кніг, ён ведаў, што пасля акупацыі кнігі былі найвялікшай каштоўнасцю і сабраць нават невялікую бібліятэку было нялёгкай справай.

Максіма папрасілі расказаць пра Маньчжурыю і Карэю, якія яму пашанцавала вызваляць.

Ён расказваў доўга і падрабязна аб прыродзе тых краін, аб звычаях, аб страшэннай галечы абрабаваных японскімі захопнікамі народаў. Відаць, расказ захапіў слухачоў, а іх увага і цікаўнасць у сваю чаргу натхняла Максіма. Ён нават пачаў ужо крыху любавацца самім сабой, сваім уменнем так расказваць. Нават Прымак, які і сам за вайну пабачыў нямала, пахваліў:

— Ты, брат, расказваеш, нібы пісьменнік...

І, мабыць, доўга яшчэ ён разказваў-бы...

Але раптам у калідоры застукалі — нехта шпарка бег, моцна грукаючы ботамі аб падлогу. І вось дзверы насцеж — і ў пакой уляцела дзяўчына.

Максім аслупянеў ад здзіўлення: так уразіла яго прыгажосць незнаёмкі.

Яна была ў белай пуховай шапцы і сінім лыжным касцюме, які па грудзі быў мокры і абмерзлы. У руках трымала бліскучыя канькі.

Ірына Аркадзеўна пляснула далонямі:

— Правалілася!

Дзяўчына звонка засмяялася, падарыла гасцям ясны, прыветлівы позірк і, кінуўшы канькі за грубку, знікла ў суседнім пакоі.

У Максіма дрогнула сэрца. Ён ажно глыбока ўздыхнуў, нібы перад гэтым доўга стрымліваў дыханне. Ладынін зірнуў на яго, каротка растлумачыў:

— Дачка, — і пачаў расказваць таксама пра Маньчжурыю, аб якой калісьці чытаў. Але Максім не слухаў яго. Ён слухаў іншае — прыглушаны вясёлы смех і шэпт за дзвярыма. Ён увесь быў у палоне позірку, які яна пакінула тут, у гэтым пакоі, і смеху, які гучэў там. Ні разу яшчэ жаночая прыгажосць не ўражвала яго так моцна. Ён паспрабаваў нават супакоіць сябе:

«А можа — нічога асаблівага? Проста ў такім незвычайным выглядзе, расчырванелая мільганула перад вачыма, і мне здалося, — сапраўды, ён не ўправіўся запомніць яе твар і не імог яго ўявіць. — Супакойся, брат... Пачакай — пабачым...»

З-за дзвярэй пачуўся голас Ірыны Аркадзеўны:

— Ігнась, прынясі, калі ласка, спірт.

— Тата! Не трэба! Глупства! Я нават не прамокла.

Аднак Ладынін хутка падняўся і пайшоў у амбулаторыю, якая знаходзілася ў другой палавіне дома праз калідор. Прымак падмануў Максіму і Васілю.

— Што аслупянелі, халасцёж? Вось яна — дзявочая пекната! Мне вашы-б гады!

Лазавенка іранічна ўсміхнуўся.

— Чулі мы пра цябе ў нашы гады.

— Ну, зноў, відаць, брахні наслухаўся..-

— Ды не! Гавораць, што не ты сватаў, а цябе сваталі...

Прымак зарагатаў.

— Гэта цесць, халера на яго, такую хлусню распускае. Д'ябал стары!

Максім і гэтую жартаўлівую гаворку пачуў так сабе, між іншым.

Нарэшце дзяўчына вышла, і ён зноў на момант застыў ад захаплення. Яго заваражылі яе вочы — вялікія, мяккія, нібы зацягнутыя блакітнай смугой, — і яе вусны, ружовыя, прыпухлыя. Прыгожыя былі і яе крыху рудаватыя валасы. А модная, вішнёвага колеру, крэпдэшынавая сукенка, цесна аблягаючы гнуткі стан, рабіла яе яшчэ больш прыгожай. Максіму яна чамусьці нагадала рабіну, што стаяла некалі перад акном бацькавай хаты — таксама высокая, стройная, абвешаная буйнымі гронкамі ружовых ягад. Асабліва чароўнай была яна вераснёвымі раніцамі, калі толькі што ўзыходзіла сонца, пырскала ў вокны хаты праменнямі і аблівала рабіну чырвоным святлом.

Дзяўчына спачатку сказала ўсім:

— Дзень добры,— потым пачала проста па-сяброўску паціскаць рукі. Першаму — Васілю. Максім адзначыў гэта і падумаў: «Вось чаму ён тут сядзіць цэлы дзень».

Максіму яна сказала:

— Ліда.

Ён назваў сябе.

Яна варухнула брывамі.

— Вось які вы!

Ён здзівіўся: скуль яна ведае пра яго? Але не знайшоў, што сказаць, ды і не ўправіўся — Васіль спытаў яе:

— Дзе гэта вы, Ліда, нырнулі?

— Ды на гэтым вашым Голым балоце.

— А вы ажно туды забраліся?

— А дзе-ж больш пакатацца! Там — такі прастор! А, прызнаюся, я моцна такі спалохалася. Добра, што мелка і хлопцы хутка выцягнулі, — і яна пачала расказваць, як яна правалілася, як выцягвалі яе вучні, і як яна потым бегла два кілометры — «так бегла, што ўсе адсталі».

Максім не зводзіў з дзяўчыны вачэй. І голас у яе быў нейкі асаблівы, меладычны.

Калі іх запрасілі абедаць, Максіму пашанцавала сесці за стол побач з Лідай. Выбраўшы зручны момант, ён ціха спытаў у яе:

— Вы сказалі: «Вось вы які!». Дазвольце даведацца — які?

Яна паглядзела на яго, падумала і адказала без усмешкі:

— Прыгожы.

— Хачу папярэдзіць вас, што я не люблю кампліментаў. Я салдат, — сказаў ён.

— Тады не набівайцеся на іх

Ён змоўк, падумаўшы:

«У дачкі язычок бацькаў. За словам у кішэню не лазіць».

Час у Ладыніных праляцеў непрыкметна. Сцямнела. Калі Васіль і Максім вышлі, цемра хмарнай асенняй ночы пасля яркаасветленага пакоя асляпіла іх. Ажно зялёныя іскры пасыпаліся перад вачыма. Потым засталася адна суцэльная чарната, быццам у глыбокай яме.

Яны моўчкі пастаялі на ганку, каб звыкнуцца з цемрай.

У вышыні, над галовамі, аднастайна, сумна шумелі старыя голыя ліпы і таполі, якіх не крануў пажар. Усе таполі (Максім прыкмеціў гэта яшчэ ўдзень) былі ўжо сухаверхія. І вось там, у мёртвых вершалінах, вецер не шумеў, а тонка і жалобна свістаў. А дзесьці ў другім канцы вёскі ўпарта і злосна крычала нечым пакрыўджаная авечка.

— Бэ-э-э...

Першым сышоў з ганка Максім, але адразу-ж наскочыў на груду нейкай цэглы, ледзь не ўпаў, моцна выцяў калена. Лаянка сама сарвалася з вуснаў.

— Давай руку, бо тут без прывычкі ногі паламаць можна.

Васіль знайшоў у цемры руку Максіма і шпарка пайшоў разам з ім па вузкай сцежцы, што вяла ад ганка на гасцінец.

— Але... Сцежкі-дарожкі ў дом гэты знаёмыя табе, — іранічна заўважыў Максім. Васіль здагадаўся, што ён мае на ўвазе, але зрабіў выгляд, што не разумее, і наіўна спытаў:

— А чаму яны павінны быць незнаёмымі? — і хвіліну памаўчаўшы дадаў: — Я іх вытаптаў, калі дом аднаўлялі. Я многа, брат, тут сцежак пратаптаў. За вайну ўсё было зарасло.

У Максіма знікла жаданне кпіць з яго, якое было з'явілася яшчэ за сталом у доктара. Васіль абяззбройваў яго сваім спакоем і разважлівасцю.

Хвіліну яны ішлі моўчкі, датыкаючыся адзін аднаго локцямі. Авечка ўрэшце змоўкла, ліпы засталіся ззаду. Было ціха.

Максім раптам папрасіў:

— Не сакрэт — раскажы пра свае планы на будучае. Асабістыя.

Васіль адказаў не адразу.

— Рыхтуюся быць старшынёй калгаса.

— Я сур'ёзна пытаюся.

— А я сур'ёзна адказваю. Добрым старшынёй добрага калгаса. Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы поўнасцю электрыфікуюцца, механізуюцца, стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Кіраваць такім калгасам абы-хто не здолее. Да гэтага трэба падрыхтавацца, як належыць. Вунь дырэктар невялічкага раённага цагельнага заводзіка — тэхнік, ільназавода — інжынер. Іх вучылі, рыхтавалі. Дык ці не пара нам і старшынь рыхтаваць? Вось я і рыхтуюся... Буду завочна вучыцца.

— Але-е, — задумліва працягнуў Максім. — А цябе раптам возьмуць і не выберуць?

— Значыцца быў дрэнным старшынёй. Але гэта разважанне слабых. Роўназначнае таму, каб, напрыклад, студэнт падумаў: «А раптам, для мяне нахопіць месца?», і кінуў вучыцца, спалохаўшыся гэтай думкі.

— Аднак ты самаўпэўнены.

Васіль нічога на гэта не адказаў — памаўчаў хвіліну, потым спытаў:

— Ну, а ты з чаго рашыў пачаць?

— Я? З жаніцьбы.

— Разумна, — засмяяўся Васіль.

Ішлі па вуліцы. З хат праз вокны падала святло, а таму было тут святлей, чым па гасцінцы. Доўгія палосы з адбіткам рам наўкось перасякалі вуліцу, перакрыжоўваліся пасярэдзіне. Адны з іх былі святлейшыя, другія — цямнейшыя: дзе-нідзе яшчэ гарэлі не лямпы, а газоўкі, зробленыя з гільзаў дробнакаліберных снарадаў. У адной хаце такая «капцілка» чамусьці стаяла на акне і добра была відаць з вуліцы.

Васіль на момант прыпыніўся супраць яе, потым звярнуўся да сябра:

— Хутка «міргалкі» гэтыя электрасвятлом заменім...

Максім свіснуў:

— Фантазія Ладыніна. Табе не здаецца, што ён занадта многа гаворыць. Я люблю людзей, якія менш гавораць, а больш робяць...

— Ладынін якраз з ліку такіх людзей. У цябе дрэнная прывычка меркаваць аб людзях з першага пагляду.

У голасе Васіля пачулася крыўда за свайго партыйнага кіраўніка.

— Ладынін дваццаць год у партыі. Дай божа нам з табой пражыць такое жыццё...

— Я сказаў табе, як сябру, сваё першае ўражанне. Пажывем — пабачым...

— А я ўжо бачу... Мне куды лягчэй стала працаваць, калі ён прыехаў. А прайшло ўсяго якіх тры месяцы. Ты кажаш — многа гаворыць. А я думаю, што добраму большэвіку ўменне добра гаварыць нідзе і ніколі не шкодзіла. Вялікая справа — умець данесці да народа большэвіцкую праўду. Я вось адчуваю, што ў мяне гэта, можа, самае слабае месца. Часам так хочацца ад душы пагутарыць з людзьмі, а пачнеш і скамечыш, не ўмееш сказаць усяго, што адчуваеш і думаеш. А ты кажаш...

— Я маўчу і слухаю, — жартаўліва адказаў Максім.

Спыніліся перад вялікай хатай, што глядзела на вуліцу трыма вокнамі, два з якіх былі ярка асветлены, у трэцяе святло даходзіла аднекуль здалёк.

— А вось і мой дом. Сам не знайшоў-бы ўжо, праўда?

Максім вышаў з паласы святла, падняў галаву, пачаўшы чамусьці агляд зверху. Бялеў зусім новенькі франтон; гонтавы дах быў ужо крыху цямнейшы, але таксама яшчэ досыць выразна вырысоўваўся на фоне чорнага неба. Хата была зрублена з тоўстых, чыста пагабляваных бярвенняў. У Максіма зноў у глыбіні душы варухнулася зайздрасць. Злуючыся за гэта на сябе, ён сказаў:

— Але, і ўначы відно, што хата старшыні калгаса.

Васіль не стрываў.

— У нас поўвёскі такіх хат — зласліва адказаў ён.— А цябе я не разумею. Усё ты ставіш пад сумненне, з усіх кпіш. Ведаеш, скептыцызм не да твару...

— Ну, ну, ты пачаў ужо... І пажартаваць нельга.

У вялікім пакоі, куды яны зайшлі, стаялі два новыя сталы, накрытыя чырвонай матэрыяй, і вялікая шафа. Яшчэ не атынкаваныя сцены былі акуратна, з густам, абклеены плакатамі, дыяграмамі, табліцамі. Віселі ў новых рамках партрэты членаў Палітбюро. На адным стале, што быў прысунуты ў самы кут, стаяў радыёпрыёмнік.

— Вось тут покуль што і наша калгасная канцылярыя і наш клуб. Зайдзі ў звычайны дзень — тут штовечар поўна народа, — Васіль уключыў прыёмнік, пакой запоўніла далёкая музыка. — А вунь у тым пакоі жыве старшыня, — ён адчыніў дзверы ў бакоўку. — Тут мой і кабінет. Старыя — праз калідор, у другой палавіне...


6...


З пятага па сёмы клас Васіль і Максім вучыліся разам, з года ў год сядзелі на адной парце, сябравалі. Часам, праўда, і сварыліся, а то і зусім насы адзін аднаму разбівалі, але дзіцячая дружба іх ад гэтага толькі мацнела. На выпускным вечары яны ўпотайкі, схаваўшыся ў садзе, выпілі чацвяртушку гарэлкі, ап'янелі і кляліся, што будуць сябрамі на ўсё жыццё. У гэты-ж вечар, вяртаючыся з школы, Максім сілком вырваў Машу з гурту дзяўчат, затрымаў, каб усе адышлі, і заікаючыся ад хвалявання і бянтэжанасці, сказаў, што кахае яе, толькі адну яе, і паімкнуўся пацалаваць. Яна спалохалася, адпіхнула яго ад сябе, вырвалася і, дагнаўшы дзяўчат, гучна крыкнула:

— Дзевачкі! Максім п'яны!

Ён пачуў гэта і ад вялікай абразы, крыўды і сораму адстаў ад усіх, лёг у разору і праляжаў да рання. А потым амаль год не мог глядзець Машы ў вочы — сароміўся.

Пасля сямігодкі Васіль паехаў у сельскагаспадарчы тэхнікум, некуды за Жлобін. Максім пачаў хадзіць у восьмы клас. І вельмі хутка яны забылі на сваю клятву ў школьным садзе — інтарэсы іх і жыццёвыя дарогі разышліся. Нешта лісты па два напісалі адзін аднаму — і на гэтым усё, нават і на канікулах сустракаліся так сабе, між іншым, як і з усімі іншымі былымі аднакласнікамі.

Але ў тое лета, калі Максім скончыў дзевяць класаў і падаў заяву ў ваенна-марское вучылішча, дзе вучыўся яго старэйшы брат Аляксей, яны пасяоравалі зноў і пасябравалі пры некалькі дзіўных абставінах. Неяк пасля аднаго вечара, на »кім Максім не прысутнічаў, хлопцы перадалі яму, што «студэнцік гэты... Вася Лазавенка» ўвесь вечар круціўся каля Машы, ды такім красамоўным быў, што проста ўсе дзівіліся. У Максіма ўспыхнула новае незнаёмае пачуццё. Дзён праз колькі ён спаткаў Васіля і проста сказаў яму:

— Ты вось што... не вельмі круціся каля нашых дзяўчат, а то я магу паказаць, дзе ракі зімуюць. Падумаеш, студэнт! Бачылі мы такіх студэнтаў.

Васіль здзівіўся і пачаў даводзіць, што гэта неразумна і дзіка, што такі ўчынак не да твару комсамольцу.

Максім груба перапыніў яго:

— Ты мне філасофію не разводзь. Я ведаю яе не горш за цябе.

Тады Васіль здзіўлена паглядзеў на яго і сур'ёзна спытаў:

— Пачакай, ды ты што, кахаеш Машу?

— А табе якая справа?

— Вось дзівак! То ты адразу-б і сказаў так. А то лаяцца пачаў... Я, брат, ніколі не дазволю сабе адбіваць дзяўчыну ад сябра.

З гэтага пачалося іх другое, юнацкае сяброўства. І перапісваліся яны пасля гэтага акуратна.

Васіль проста з тэхнікума (ён канчаў у тое лета трэці курс) пайшоў у знішчальны батальён. Абараняў Жлобін, Гомель, адступіў з Чырвонай Арміяй, стаўшы байцом-пехацінцам. Ён прайшоў праз усю вайну. Вырас з радавога да капітана, камандзіра роты. Тройчы быў ранены, атрымаў дзевяць узнагарод.

Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жаданню бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. З тэхнікума, з першага курса, ён трапіў у супрацьтанкавую артылерыю.

Пасля першага-ж бою, у якім батарэя панесла вялікія страты, камандзір прызначыў яго за старшыну, і ён ажно два гады мусіў займацца гаспадарчымі справамі. Старшына ён быў вынаходлівы: усё мог здабыць, усё атрымаць і даставіць раней за другіх, абвесці «вакол пальца» любых інтэндантаў. Яму падабалася, што на пярэднім краі, у батарэі і нават у дывізіёне, да яго з павагай адносіліся не толькі салдаты, але і афіцэры. З многімі з іх, вышэйшымі за сябе па званню, ён быў за «панібрата»: дастаўляў ім лішнія сто грамаў, лепшыя папяросы, якія звычайна прызначаліся для самага высокага армейскага начальства, лепшую бялізну. Калі ў яго часам хто пытаў, адкуль у яго, маладога хлопца, такая «гаспадарская жылка», ён з гонарам адказваў: «Ад бацькі перадалася. Мой бацька быў лепшы старшыня калгаса».

Але, не гледзячы на ўсё гэта, ён, як і многія армейскія старшыны, праклінаў сваю пасаду і рваўся ў бой, пад агонь, да гармат.

Ён зайздросціў, калі яго сябры, сержанты, малодшыя лейтэнанты рабіліся героямі, атрымлівалі ўзнагароды. Яго-ж за ўвесь час узнагародзілі толькі двума медалямі.

На трэцім годзе вайны Лескаўца паслалі ў ваеннае вучылішча. Курсантам ён быў недысцыплінаваным — атрымаў не адно спагнанне. Але пасля камандзір узвода з яго быў смелы. За першы-ж бой у Прусіі ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны. Неўзабаве яму прысвоілі званне старшага лейтэнанта. У вайне з Японіяй ён ужо камандаваў батарэяй і атрымаў яшчэ адзін ордэн. Яму шанцавала: кулі міналі яго, за ўсю вайну толькі аднойчы яго лёгка кантузіла.

— У сарочцы ты нарадзіўся, Лескавец, — жартавалі франтавыя сябры.

Ён намерваўся пажыццёва застацца ў арміі, і таму нечаканы загад аб адлічэнні яго ў запас здзівіў і пакрыўдзіў яго: няўжо камандаванне лічыць яго слабым афіцэрам?

Лазавенка дэмабілізаваўся ўлетку сорак пятага года са шпіталю. У той час яшчэ амаль палова Дабрадзееўкі жыла ў зямлянках, хоць многія ўжо мелі зрубы. А на калгасным полі быў нізкі ўраджай. Нехапіла нават засыпаць насенныя фонды. Кіравала калгасам добрасумленная, але хваравітая жанчына — Наталля Сядая; у партызанскім атрадзе ў час блакады ў яе загінулі муж і двое дзяцей. У райком, куды дні праз тры пасля прыезду Васіль прышоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі:

— А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў.

Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек, які сядзеў у кабінеце сакратара райкома. Васіль даведаўся, што гэта старшыня райвыканкома Нікалай Лявонавіч Бялоў.

— Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў.

Васіль разгубіўся ад нечаканасці.

— Чаму адразу так высока?

— Браток ты мой, кадры, кадры! — выгукнуў Бялоў.— А ты-ж трохі не аграном, афіцэр, герой... Выцягнеш, не бойся. Дапаможам.

— Дай чалавеку падумаць, — перапыніў старшыню сакратар райкома Макушэнка Пракоп Пракопавіч, і звярнуўся да Васіля: — Падумайце, маючы на ўвазе гэтую прапанову.

Дома Васіль расказаў аб усім бацьку.

Шасцідзесяцігадовы Міна Лазавенка задумліва пачухаў патыліцу і сказаў:

— А чаго табе, сыне, лезці туды? Ты-б лепей вось узяўся за свой калгас, ды падняў-бы яго, на ногі паставіў. А туды яшчэ паспееш.

Прапанова бацькі і здзівіла і ўзрадавала яго. Здзівіла, бо ён не чакаў пачуць яе ад банькі: стары ганарыўся, што сын — афіцэр, герой і, здавалася Васілю, павінен быў заганарыцца, што яму адразу прапануюць такія высокія пасады. А вышла наадварот.

Васілёва жаданне пайсці старшынёй такога адсталага калгаса спадабалася райкому. Толькі Бялоў сустрэў гэта не зусім прыхільна.

Васілю было цяжка вырашыць — з чаго пачаць. Задач было многа, усе яны былі цесна звязаны адна з адной і ўсе іх належала неадкладна і ўмела рашыць, каб узняць калгасную гаспадарку, забяспечыць багаты працадзень. Васіль успомніў ленінскае вучэнне аб ланцугу і галоўным звяне. Але самае цяжкае знайсці яго, гэтае звяно, за якое належыць ухапіцца, каб выцягнуць увесь ланцуг.

Была восень, і ён паставіў на першае месца адбудову вёскі, каб да вясны вывесці калгаснікаў з зямлянак у светлыя і прасторныя хаты. І вельмі можа быць, што іменна гэта і забяспечыла яму далейшы поспех.

Ён працаваў ціха, без шуму, без лаянкі, ніколі не рашаў унутрыкалгасныя пытанні самадумна — заўсёды склікаў праўленне, агульныя сходы. Гэта неяк адразу актывізавала людзей, з'єднала іх, зацікавіла справамі калгаса. Калгаснікі, як і да вайны, пачалі радавацца кожнаму поспеху і балюча перажываць кожную няўдачу. Упартасць старшыні, яго спакойная настойлівасць і бязлітаснасць да гультаёў натхнялі іх. Ён дамогся, што чатырох гультаёў выключылі з калгаса. Потым абурыўся супраць дзейнасці ўпраўляючага банкам, які прымушаў людзей, жадаючых атрымаць дзяржаўны крэдыт на пабудову дома, прыходзіць да яго па пяць — дзесяць разоў. Рабіў ён гэта, каб атрымаць хабар. Бялоў, не разабраўшыся як след, узяў упраўляючага пад сваю абарону. Справа дайшла да абкома. Упраўляючага знялі з работы і выключылі з партыі, а Бялову запісалі вымову.

Васіль абвясціў у калгасе ўдарны месячнік, мабілізаваў людзей і за месяц нарыхтаваў патрэбную для адбудовы колькасць лесаматэрыялу. Але як яго перавезці больш чым за дваццаць кілометраў? Коні, якія меліся ў калгасе, былі заняты на сельскагаспадарчых работах. Галоўным чынам на нарыхтоўцы ўгнаенняў. Сарваць такую работу было нельга — ад гэтага залежаў будучы ўраджай. Ды і коней трэба было шкадаваць — не перагружаць да сяўбы.

Васіль паехаў у абласны цэнтр і два дні хадзіў па ўстановах — спрабаваў купіць машыну. Дарэмна. У той час яе нялёгка было набыць. На трэці дзень ён рушыў да сакратара абкома і проста папрасіў:

— Дапамажыце.

Сакратар ацаніў настойлівасць маладога кіраўніка. Дапамог. Паклікаў дырэктара лесапільнага завода, які, дарэчы, аказаўся ў абкоме, і прапанаваў яму ўзяць шэфства над калгасам.

Дырэктар згадзіўся, здавалася, з энтузіязмам.

— Усё зраблю, Павел Сцяпанавіч.

А па дарозе на завод нездаволена бурчэў:

— Багадзельня ў мяне ці што? Свой завод яшчэ ў руінах. Хто цягне — на таго і кладуць.

Лазавенка паглядзеў на яго скоса, усміхнуўся.

— Што для вас, Лаўрэн Карнеевіч, дзве машыны з дванаццаці?

— Дзве? — дырэктар ажно падскочыў. — І не думайце, і не спадзявайцеся. Адну.

— Пяцьдзесят сем'яў у зямлі, Лаўрэн Карнеевіч. Паслухайце толькі, як жывуць людзі...

— Сам ведаю! — адрэзаў той, аднак машыны даў.

Васіль так арганізаваў работу гэтых машын," што за

поўмесяца яны вывезлі лес на ўсе пяцьдзесят дамоў. І яшчэ на грамадскія будынкі навазілі. У раёне здзіўлена круцілі галовамі. Дырэктар завода не паверыў і прыехаў з парторгам паглядзець сам. Васіль скарыстаў гэты прыезд. Хутка сабраў калгаснікаў. Яны падзякавалі гасцям за машыны і папрасілі мацаваць дружбу. А канкрэтнай просьбай было — дапамагчы ім напілаваць дошак. На развітанне дырэктар з ласкавым дакорам сказаў:

— Ну і хітры ты чалавек, Васіль Мінавіч.

Праз месяц з дапамогай шэфаў Васіль набыў для калгаса трохтонку. Машына яшчэ больш акрыліла калгаснікаў, бо цану ёй добра ведалі — да вайны іх было ў калгасе ажно дзве.

Адначасова ішла падрыхтоўка да сяўбы. Усю зіму Васіль паўтараў агратэхніку. Не выпускаў з калгаса ўчастковага агранома. Ён рашыў адразу-ж узяцца за аднаўленне травапольнага севазвароту.

Дзяржава дала насенную пазыку.

За трактар давялося пазмагацца. Дырэктар МТС Крыловіч стаў на дыбкі.

— У цябе лепшыя ў раёне коні, валы.

Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Дырэктару сказаў:

— Не хочаш, каб былі непрыемнасці, забяспеч мяне ўсім неабходным. Не забывай на перадплужнікі, лушчыльнік, культыватар.

— Не забуду. Але пагляджу, як ты будзеш разлічвацца са мной.

— А я і не думаю разлічвацца з табой. Разлічымся з дзяржавай.

Яго заслухалі на бюро райкома і паставілі калгас у прыклад астатнім.

Вясной ён прапанаваў калгаснікам мерапрыемствы, якія павінны былі хутка ўзняць эканоміку калгаса: пасеяць вялікі гарод — у два-тры разы большы, чым сеяўся да вайны, адваяваць у балота 50 гектараў асушаных, але за вайну забалочаных, тарфянікаў. Сход быў бурны. Скептыкаў набралася больш, чым Васіль меркаваў.

Але супраць выступалі, галоўным чынам, гультаі, якія ведалі, што і гарод і асабліва веснавая асушка патрабуюць надзвычай напружанай працы. І сапраўды, працаваць давялося так, як, магчыма, многія не працавалі за ўсё сваё жыццё.

Але праца такая не згінула марна: вынікі былі большыя, чым нават чакалі. Гарод і добра дагледжаны сад далі багаты ўраджай. Усё лета вазілі гуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак.

У калгасную касу паступіла каля поўмільёна рублёў і амаль усе іх, па пастанове агульнага сходу, адлічылі ў непадзельны фонд — на будаўніцтва, на пашырэнне гаспадаркі.

...— Жывём яшчэ небагата, як бачыш, — гаварыў Васіль сябру, калі яны ішлі ў школу, дзе меўся адбыцца вечар, прысвечаны дню Сталінскай Канстытуцыі. — Але, галоўнае,— людзі вераць, што хутка будзем жыць, як мае быць... А гэта вялікая сіла, такая вера. Людзі ў нас цудоўныя. З такімі людзьмі можна горы зрушыць... Адным словам, пажывеш — пабачыш...


7...


— А ўсё-ж гэта свінства, якому і назвы няма. — Алеся злосна адкінула ад сябе падручнік па трыганаметрыі. — Пераварваць не магу гэтую нудную трыганаметрыю. Косінус, сінус, тангенс, катангенс... Надта ён задаецца...

Маша, якая сядзела з другога боку століка і таксама чытала, падняла галаву, і невясёлая ўсмешка на кароткі момант асвятліла яе твар.

— Хто? Тангенс?

Алеся спачатку не зразумела, потым, зразумеўшы, абурылася:

— Не прыкідвайся, калі ласка. Я-ж бачу. Ты добрую гадзіну глядзіш у адну старонку.

Маша глянула ў кнігу і пачырванела, пераканаўшыся, што гэта сапраўды так.

— Максім твой, вось хто! Разгубіў ён, відаць, там, на сопках Маньчжурыі, усё сваё сумленне.

— Алеся!

— Што Алеся? Мне балюча, крыўдна. Гэта абражае мяне! Так рыхтаваліся, так чакалі!

Маша стрымала ўздых, прыкусіла губу і паківала галавой.

— Ты вельмі сурова асуджаеш яго. Трэба-ж зразумець. Там столькі сяброў, родзічаў, і ўсіх ён не бачыў шэсць год. Адзін, другі пакліча... І паспрабуй пасля ад іх вырвацца, асабліва, калі ўсе вып'юць... Трэба-ж разумець...

— Не суцяшай ты сябе, калі ласка... Не люблю я гэтай твае пакорлівасці. Каму трэба твая знешняя спакойнасць? Я-ж добра ведаю, што ў цябе на душы. Чалавек павінен умець не толькі стрымліваць свае пачуцці. Ён павінен умець і абурацца, пратэставаць, лаяцца, калі гэта трэба. Я вось не магу маўчаць! І я з ім яшчэ пагутару!

— Ну, ну! Пачала... Дазволь ужо мне самой з ім пагутарыць.

— Убачыш — і зноў раскіснеш.

— Вось ты як думаеш пра мяне, — пакрыўдзілася Маша.

— Пра цябе я добра думаю, а вось пра яго...

Пакінь, Алеся, — нездаволена зморшчылася Маша.

— Кінула.

Алеся зноў разгарнула падручнік, хутка прагартала некалькі старонак, потым хвілін на пяць паглыбілася ў адну з іх і раптам ціха заспявала:

— Косінус — сінус — сінус... І катангенс — тангенс — тангенс...

Маша папрасіла:

— Ды хопіць табе. Якая кепская прывычка — спяваць усё, што трапіць на язык.

— Я гукі люблю. Ты паслухай, якая тут алітэрацыя. Кос-с-сінус-с-сінус... Сыплецца. І раптам ка-тан-генс,— яна па-дзіцячаму радасна і весела засмяялася. — А ты кінь свайго Вільямса — гэта не для сённешняга вечара. Давай лепей вершы чытаць — і тут-жа ўздыхнула. — Як я зайздрошчу табе, што ты з такой цікавасцю можаш чытаць Вільямса, Лысенку. А для мяне проста пакуты — хімію ці вось гэтую трыганаметрыю вучыць.

Алеся выцягнула аднекуль з-пад стала томік любімага паэта, разгарнула наўгад, прачытала:

Хачу неспакойнаю хмарай грымець, Маланкамі ўвесь апавіты...

Задумліва паўтарыла, падняўшы вочы, смакуючы кожны гук.

— Якую ўладу мае чалавек над словам: так проста, звычайна і словы звычайныя. Чаму я не магу папісаць так? Я-ж адчуваю гэта розумам, сэрцам.

Алеся чытала доўга, нястомна.

Не сустрэліся ні разу мы з табою за вайну, А твае лісты з маімі стрэчу мелі не адну.

Маша паднялася.

— Я выйду. У мяне галава баліць.

Сястра правяла яе засмучаным позіркам і, калі яна вышла, цяжка ўздыхнула.

На двары — цёмна і ціха. Толькі вецер даносіць шум недалёкага хвойніку. Вецер — марозны, калючы.

Галава сапраўды балела. Проста гарэла ўсё. Гэта ад таго, што яна так напружана доўга думала. Ёй хацелася апраўдаць Максіма, каб супакоіцца і самой. Але апраўданняў, акрамя таго, якое яна выказала сястры, не было «Тры дні, як дома, і не мог зайсці. Чаму? Чым растлумачыць? А так пісаў... Здаецца аб усім ужо дамовіліся. Нічога не было няяснага. Шэсць год чакала, шэсць год жыла аднымі надзеямі, верыла, кахала ўсім сэрцам... Састарылася, — яна горка ўсміхнулася. — А цяпер што-ж, Максім Антонавіч, можа, трэба пачынаць спачатку?»

Маша жахнулася гэтай думкі і сурова дакарыла сябе:

«Дурніца!.. Усялякае глупства надумаеш. Прыдзе — не дзе дзенецца... Загуляў хлопец. Няхай пагуляе, пакуль халасты», — і ёй зрабілася весялей ад гэтай жартаўлівай думкі.

Яна пайшла на гарод. Вочы звыкніся з цемрай і адрознілі яблыні ў канцы саду — іх толькі некалькі ўцалела ад пажару. Яна падышла да адной, ласкава пагладзіла халодную, шурпатую кару і рушыла далей. Зноў завалодалі трывожныя думкі.

«А можа яму хто нагаварыў на мяне? Ёсць-жа злыя языкі...»

Непрыкметна яна вышла на поплаў. Пад нагамі зазвінеў тонкі лядок. Маша схамянулася, спалохана азірнулася па баках і хутка пайшла назад.

Каля хаты яна сустрэла брата: ён вяртаўся з Дабрадзееўкі, з вечара.

Пятру ішоў пятнаццаты год, але быў ён рослы і дужы. Вайна перашкодзіла хлопцу вучыцца. Пасля вызвалення ён палічыў сябе пераросткам і адмовіўся пайсці ў пяты клас. Цяпер вучыўся ў вячэрняй школе і працаваў у калгасе, зарабляў за год больш працадзён, чым нават Маша. Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Яны разам увайшлі ў хату.

Алеся ляжала на ложку, пад коўдрай, і чытала, прымацаваўшы лямпу над галавой. Угледзеўшы брата, яна хітравата прыжмурылася.

— Нішто сабе, малады чалавек. Гадзіна ночы. Відаць, Галачка затрымала? Маленькая, а такая дасціпная, саладуха гэтая...

Пятро пачырванеў.

— Зноў пачынаеш. Я на вечары быў, з хлопцамі. Які вечар быў! Чаму вы не прышлі? Доктар цікава даклад зрабіў. Вось гаворыць, дык гаворыць! Пастаноўка была. Ліда доктарава песні спявала. А пасля — танцы... Косця Бульбешка на новым баяне іграе. Эх, баян! Ну, брат ты мой, і танцы былі! — хлопец захапіўся і наіўна расказваў аб усім. — Да сёмага поту танцавалі. Нават старая Гарбыліха пусцілася... Але лепш за ўсіх танцавалі Максім наш і Ліда доктарава. Яны ўвесь вечар разам танцавалі... Каб вы бачылі!..

Злосны крык Алесі перапыніў яго.

— Ну і дурань ты! — і ў расказчыка паляцела падушка.

Здзіўлены Пятро злавіў яе на ляту і застыў з ёю, не разумеючы, чым абурыў сястру. Разгублена павярнуўся да Машы. Старэйшая сястра стаяла моўчкі, прыціснуўшыся спіною да печы. Твар яе быў бледны, пальцы рук нервова церабілі махры хусткі. Але Пятро нічога гэтага не бачыў і дакорліва сказаў ёй:

— Вось, дзівуйся. Я гаварыў табе, што яна хутка звар'яцее. Хай больш пачытае кніг!

Маша ласкава, па-мацярынску ўсміхнулася:

— Не звяртай на яе ўвагі. Вячэрай. Яна задачы не рашыла.


8...


Ужо гэтыя першыя сустрэчы адразу акрылілі Максіма. Знікла тое адчуванне неасэнсаванай трывогі, якая часам з'яўлялася ў дарозе, калі ён думаў аб сваёй новай, цывільнай дзейнасці. Цяпер-жа здавалася, што ён ужо досыць паспяхова пачаў яе, гэтую дзейнасць. І ад гэтага было лёгка і светла на душы. Ён нават у думках пагразіў Васілю:

«Нічога, браце, як-небудзь і мы не адстанем. Таксама не лыкам шытыя. І тут не пуста», — ён пастукаў пальцам сябе па ілбе.

У тую ноч ён доўга не мог заснуць. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых, з якімі ён сустрэўся за дзень, успаміналіся размовы.

Але часцей за ўсё з'яўляліся два вобразы — двух дзяўчын. Адна — у старым кажушку, з віламі, з запэцканымі рукамі; непрыкметна выцірае руку аб кажух і збянтэжана ўсміхаецца: «Глядзі-ж, Максім...» Другая — у сінім лыжным касцюме, расчырванелая; яе звонкі, жыццерадасны смех напаўняе пакой, і ўсё навокал звініць ад гэтага смеху. З вачэй праменяцца жартлівыя іскры. «Вось вы які!» «Які?» «Прыгожы...»

І, заснуўшы, ён усё яшчэ бачыў яе, гэтую другую.

Назаўтра ён пайшоў у госці да сястры, якая была замужам у суседняй вёсцы.

А дзён праз колькі, ідучы раніцою ў раённы цэнтр, ён спаткаўся з Алесяй. Дзяўчына з пацёртым цыратавым партфелем, напакаваным кнігамі, бегла ў школу і дагнала яго.

— Няўжо Саша? — здзівіўся ён. — Яна ці не яна?

Алеся нават не ўсміхнулася ў адказ, сур'ёзна прывіталася.

— Дзень добры. Максім Антонавіч.

— Значыцца, яна. Аднак, якой ты стала прыгажуняй! Ай-я-яй! Якое хараство! Ведаеш, у цябе і закахацца не грэх. Далібог. Мабыць, усе твае аднакласнікі сохнуць па табе. Добрыя хлопцы ёсць? — ён падміргнуў ёй, яна адвяла позірк убок. — Ну, ты не чырваней. Я ў твае гады таксама чырванеў... Аднак, вось табе наглядны прыклад дыялектыкі... Вучыш дыялектыку? Колькасць, гады, перайшла ў якасць — у прыгажосць. Тьгж была такая рудая, кірпатая, — ён задраў пальцам свой нос, зморшчыўся.— Я помню, як ты гароды вытаптвала... Але... што ты такая сур'ёзная? Паважная, як акадэмік... Аб чым задумалася?

— Я — аб чым? Таксама аб дыялектыцы. Аказваецца, не ўсё цячэ і змяняецца. Вось ты, напрыклад, які быў ёлуп, такі і цяпер...

Максім на момант сапраўды ажно аслупянеў.

— Што-о?

— Тое самае... Вунь паляцела! — яна засмяялася і шпарка пайшла наперад.

— Гэта цябе ў дзесяцігодцы так навучылі? Так?

Яна павярнулася, гучна адказала:

— Уяві, што так!

— Я вось зайду у школу, раскажу, як ты з дарослымі... Чорт вазьмі!.. Комсамолка!

— Зайдзі, зайдзі, буду вельмі рада!

Калі яна адышла на значную адлегласць, ён раптам адчуў, што ў яго спацеў лоб, хоць проста ў твар дзьмуў калючы халодны вецер...

«Які быў... Ах, чартоўка... Ёлуп... Пачакай-жа... Аднак, што гэта азначае? Маша як сустрэла, якімі вачыма глядзела. «Глядзі-ж Максім...» А гэтая! Чакай-жа», — ён пагражаў, аднак сустракацца з ёй у другі раз у яго не было ніякага жадання.

У райкоме яго папрасілі зайсці да першага сакратара. Максім крыху ведаў гэтага чалавека. Да вайны Макушэнка быў дырэктарам суседняй сямігодкі і часам заглядваў у дабрадзееўскую школу — на «дзень дырэктара» ці прадстаўніком на экзамены. У вайну Пракоп Пракопавіч партызаніў: спачатку быў камандзірам атрада, які ён арганізаваў у першыя-ж дні акупацыі, пасля — камісарам брыгады.

У кабінеце сакратара Максім убачыў Васіля. Той сядзеў каля акна, насупраць стала, і сустрэў яго хітрай усмешкай чалавека, які адчуваў сябе тут, як дома.

Макушэнка падняўся з-за стала, накульгваючы, зрабіў пару крокаў насустрач Максіму, моцна паціснуў руку і, не выпускаючы яе, спытаў:

— Значыцца, сын Антона Захаравіча? Сын майго добрага друга... Та-ак...

Хвіліну яны разглядалі адзін аднаго. У сакратара быў сухі, чыста выгалены твар з шрамам на правай шчацэ; блізарукі позірк блакітных вачэй. Апрануты быў Макушэнка ў старанна выпрасаваны чорны гарнітур; такі-ж чорны гальштук быў завязаны ўмела і прыгожа. І Максім падумаў, што прафесіянальнае, настаўніцкае, трымаецца ў Макушэнкі вельмі моцна.

Ён запрасіў Максіма сесці і сеў сам, насупраць, за сталом.

— Значыцца, да мірнай працы? До-обра!.. Сёння трэці афіцэр бярэцца на ўлік. У гэтым, скажу вам, вялікі палітычны сэнс. Упэўненасць наша, сіла, — Макушэнка паклаў далонь на газеты, што акуратна былі складзены на краі стала. — Я вось чытаў толькі што... Не падабаецца ім прапанова аб усеагульным скарачэнні ўзбраенняў. Кіслыя ў іх фізіяноміі пасля прамовы Молатава. І становішча незайздроснае: не могуць пакуль што яшчэ катэгарычна сказаць «не» — баяцца, вельмі свежы яшчэ ў народаў успаміны аб перажытым, ну, а сказаць «так» — значыцца, пасля выкрыць сябе... Чыталі? Дыскусію пачалі аб правілах аднагалоснасці.

— Не падабаецца ім права вета, — адгукнуўся Васіль. — Ім хочацца самім усё вырашаць. А так, што не пачнуць — абавязкова праваляцца.

Сакратар падняў галаву, у вачах прамянілася ўсмешка. Максім падумаў, што Макушзнку, пэўна, шчыра любілі дзеці: вучні любяць настаўнікаў, у якіх так прыветліва і весела смяюцца вочы.

Максіму хацелася таксама сказаць што-небудзь аб палітыцы, але ён дні тры ўжо не чытаў газет і таму баяўся сказаць неўпапад.

Вопытны настаўнік, Макушэнка, відаць, разгадаў жаданне Лескаўца і хутка і неяк зусім непрыкметна змяніў тэму — пачаў распытваць, дзе служыў, ваяваў. Тут Максім адразу апынуўся на вышыні: аб тым, што бачыў, ён умеў расказаць.

— Люблю паслухаць і пачытаць аб далёкіх краях. Географ, — усміхнуўся ён.

Максім адзначыў у ім яшчэ адну прыемную якасць — уменне выслухаць чалавека да канца.

— Ну, а дома як сустрэлі? — спытаў сакратар, калі Лескавец скончыў расказваць. — Зруб пачалі рабіць?

— Зруб? — Максім здзівіўся..— Матэрыял яшчэ ў лесе, таварыш сакратар.

Твар Макушэнкі адразу перамяніўся — гнеўна пачырванеў, пацямнелі вочы. Сашчапіўшы пальцы, ён нервова пацёр далонямі, дакорліва паглядзеў на Лазавенку.

— Та-ак... А на бюро Шаройка далажыў, што ўвесь лес перавезены і рубіць пачалі... Не схлусіць — не дыхне. Ну, і чалавек! А ты, Васіль Мінавіч, што глядзеў? Член райкома.

Васіль падняўся.

— Я прапаноўваў Шаройку машыну, на сельвыканкоме гаварыў...

— Мала гаварыць, Лазавенка, асабліва з Шаройкам.

Падняўшыся, Макушэнка абышоў вакол доўгага стала, што быў прыстаўлены да пісьмовага, утвараючы з ім літару «Т», І спыніўся перад Максімам.

— Ну, добра, прыехаў... На ўлік возьмем. Дом дапаможам збудаваць... А далей што? Думаў?

— Не, яшчэ не думаў, — прызнаўся Максім.

— Варта было падумаць ужо.

Сакратар абышоў стол з другога боку, вярнуўся на сваё месца і пачаў корпацца ў шуфлядзе стала.

Васіль адышоў і сеў у куток на дыване. Адтуль зноў усміхнуўся Максіму. Макулінка падняў галаву.

— Даўно член партыі? Год? Так, моладзь... Але добрая моладзь, залатая...

Ён знайшоў нейкую паперку, уважліва прачытаў і раптам зноў падняў на Максіма вочы, напоўненыя жывой цікаўнасцю.

— Значыцца, не думаў яшчэ аб рабоце? Так... А як думаеш, старшынёй калгаса здолеў-бы?

— Я? — здзіўлена спытаў Максім.

— Ты. Бацька твой шэсць год быў старшынёй. Вось і прадоўжыў-бы пачатае ім...

— Не рыхтаваў сябе для такой дзейнасці.

— А ты на сябра свайго зірні, вось ён перад табой. Таксама, здаецца, не рыхтаваў сябе...

Максім усміхнуўся.

— Гэта ён вам сказаў, што не рыхтаваў? А я чуў ад яго іншае.

— Рыхтуюся зараз, Пракоп Пракопавіч, — весела адгукнуўся Васіль.

— Правільна... На практычнай рабоце... Найлепшая вучоба, — зазначыў сакратар.

— Падрыхтаванаму — лёгка рыхтавацца, — не згаджаўся Максім.

— Ты — аб тэхнікуме? За вайну, брат, усё забыў. Але вучуся—успамінаю. Адным словам, давай, Максім... Разам будзем працаваць, дапамагаць адзін аднаму.

— Мяне калгаснікі не выберуць, гаспадарыць не ўмею.

— Нічога, навучышся.

— Сапраўды, падумай, таварыш Лескавец. Паглядзі, узваж, — па-сяброўску проста параіў сакратар. — Вядома, работа нялёгкая, але пачэсная. Набудзеш вопыт, потым на вучобу пашлём. Падвучышся.

Выйнаўшы ад сакратара, яны зайшлі ў чайную.

У пярэднім вялікім пакоі было цесна і накурана, усе столікі былі заняты. Васіль правёў Максіма ў бакоўку. Там стаялі толькі два сталы, засланыя чыстымі сурвэткамі, і не было ніводнай душы.

— Гэта што?.. Зал для начальства? — Максім спытаў насмешліва, панура. Наогул ён быў маўклівы, задумлівы. Васіль, наадварот, быў радасна ўзбуджаны і не пакідаў угаворваць сябра:

— Слухай, згаджайся. Толькі ў свой калгас, замест Шаройкі. Цябе там выберуць пад апладысменты. І тады мы з табой маглі-б размахнуцца... Каб ты ведаў, якія ў мяне планы! Мы сёння з Пракопам Пракопавічам па тэлефону з Мінскам гаварылі... Наконт электрастанцыі, каб крэдыт далі... Ды і наогул, я табе скажу, у нас ёсць дзе размахнуцца па-сапраўднаму... І гароды, і сады, і жывёлагадоўля. Лугоў вунь колькі... Адным словам, я табе раю...

— Што-ж, памяркую, — з абыякавым выглядам адказаў Максім, а сам падумаў: «Але не спадзявайся, што я да цябе буду потым з паклонамі хадзіць... «Мы з табой...» Мы і без цябе чаго-небудзь ды варты».


9...


Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Гаспадарка ў яго была невялікая — серадняцкая, — але ўзорная. Адзін конь, але такі, што слава аб ім ішла далёка. Дзве «галанкі» выклікалі зайздрасць усіх гаспадынь у наваколлі. І хата — адна з лепшых: пад бляшаным дахам, на тры пакоі, з добрымі гаспадарчымі прыбудовамі. Але толькі ў сваёй вёсцы ведалі, чаго ўсё гэта каштавала і самаму Амяльяну і яго жонцы Ганне. Дзень і ноч спіны не разгіналі. На паласе начавалі ў жніво, у гумне абедалі ў часе малацьбы. Быў нават выпадак, што Ганна ў полі нарадзіла.

Цяжка было Амяльяну Дзянісавічу развітвацца з такой гаспадаркай. Ажно пачарнеў увесь, покуль ішла калектывізацыя. І ўсё адцягваў на далей. Усё прыслухоўваўся і прыглядаўся. Да таго часу цягнуў і слухаў, пакуль не пачуў, што Антон Лескавец падкулачнікам яго на калгасным сходзе назваў.

А праз гады два-тры ўжо на кожным вяселлі, на кожных хрэсбінах, за кожнай выпіўкай людзі чулі ад Шаройкі:

— Не памыляецца той, хто не жыве. Але... Хто не жыве. Жывы чалавек заўсёды памыляецца. Вось возьмем мяне... У калгас не хацеў ісці, баяўся... Ці-ж не дурань 6i.iv? Падумайце толькі... Кажане, тады многія не разумелі? Яно так, вядома... Але-ж былі людзі, што разумелі і паперад усё бачылі... Бачылі, што без калгаса не будзе нам жыцця. Марнелі-б кожны на сваёй палосцы, ды кулакоў расцілі-б...

Няўрымслівы, гарачы Антон Лескавец часта не стрымліваўся і гаварыў яму ў вочы:

— А з цябе першага кулак вырас-бы...

Шаройка баяўся з ім спрачацца, ніколі не выдаваў сваёй крыўды і заўсёды згаджаўся...

А што ты думаеш, Антон Захаравіч, усё магло быць. Ён, калгас, і характар чалавечы ламае, псіхалогію, як гавораць вучоныя, перарабляе. І я вось адчуваю, што зусім другім чалавекам зрабіўся. Зусім, брат, перамяніўся.

А потым паступова і Лескавец забыў пра яго «зацяжное» ўступленне ў калгас, перастаў папракаць. І зноў Шаройка набыў славу лепшага гаспадара, ужо калгаснага. Чатыры гады перад вайной ён быў брыгадзірам, і брыгада яго заўсёды была першай. Гэтага не мог не цаніць старшыня калгаса Антон Лескавец. Праўда, і ва ўласным доме ў Амяльяна Дзянісавіча парадак быў не горшы. Але хто цяпер мог папракнуць яго гэтым? У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Не адзін ён такі ў вёсцы! І аб сям'і яго ніхто дрэннага слова не мог сказаць. Працавітая і шчырая была сям'я. Усе дзёці паспяхова канчалі школу і ўсе чацвёра адзін за адным выязджалі на вучобу ў горад. А ад гэтага яшчэ больш вырастаў аўтарытэт бацькі.

... Загад аб эвакуацыі жывёлы Лескавец прывёз уначы. Па дарозе з раённага цэнтра дамоў старшыня абдумваў план эвакуацыі. Назначыў пагоншчыкаў. Кандыдатуру адказнага за ўвесь калгасны статак узгадніў яшчэ ў райкоме. Таму, не заехаўшы нават дамоў, ён накіраваўся да Шаройкі.

Амяльян Дзянісавіч спаў на вышках, на сене, апрануты і з бярданкай, як і многія другія калгаснікі ў тыя дні, калі ў наваколлі ўжо лавілі варожых парашутыстаў. Дачка паклікала яго. Ён злез, як заўсёды, не спяшаючыся, пры святле месяца абабраў з суконнай паддзёўкі сена, санліва прывітаўся, прапанаваў закурыць. Лескавец адмовіўся — не было часу — і адразу-ж, нават не прысеўшы, пачаў гаварыць аб справе.

— Цябе назначаем адказным. Чалавек ты разумны, гаспадарлівы. І райком падтрымаў...

Шаройка адказаў не як звычайна, — падумаўшы, разважыўшы, а адразу, нават не даўшы Лескаўцу скончыць:

— Не, дзякую, таварыш старшыня. У мяне свая гаспадарка, дзеці. Ды і чалавек я, — ён пашукаў апраўдальнага слова, — стары, слабы...

Антон Лескавец ажно задыхнуўся ад раптоўнага прыліву злосці і крыўды за сваю памылку. Ён павольна нахіліўся да Шаройкі і доўга маўчаў, потым працягла выдыхнуў яму ў твар:

— Су-укін сын! — і больш нічога не сказаўшы, павярнуўся і шпарка вышаў з прасторнага, абнесенага высокім парканам Шаройкінага двара.

Адказным за статак ён паслаў сваю старэйшую дачку Кацярыну.

Шаройка застаўся ў вёсцы.

Восень і зіму ён пражыў без прыгод, параўнаўча спакойна, калі наогул можна гаварыць аб нейкім спакоі ў той страшны час. Гаспадарыў на сваім надзеле, дапамагаў жанчынам, і яны рады былі, што ў вёсцы застаўся хоць адзін сапраўдны гаспадар-мужчына, чулы і добры чалавек. Але нечакана, калі ён ужо зусім супакоіўся і пачаў забываць на сваю актыўную дзейнасць у калгасе, гітлераўцы прапанавалі яму стаць старастам, ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Ён перапалохаўся і даў згоду на ўсё, што ад яго патрабавалі. Змардаваны, схудалы, збіты, вярнуўся ён у вёску і пабыў старастам адзін тыдзень, покуль крыху падужэў, А потым знік — уцёк у лес, адаслаўшы дочак у дальнюю вёску, да родзічаў, і пакінуўшы ў хаце адну старую Ганну. Партызан знайшоў ён тыдні праз два і вельмі здзівіўся і нават крыху спалохаўся, убачыўшы камандзірам атрада Антона Лескаўца. (У вёсцы ўсе гаварылі, што ён эвакуіраваўся разам з райкомаўскімі работнікамі.)

Шаройка расказаў аб усім шчыра, успомніў і статак, прызнаў сваю віну і пакаяўся. Лескавец выслухаў і сказаў, як заўсёды гаварыў у жыцці, шчыра і проста ў вочы:

— Цёмны ты чалавек, Шаройка. Не веру я цяпер табе.

Але ў атрадзе пакінуў — пры гаспадарчым узводзе. Толькі паставіў суровую ўмову: адлучыцца куды-небудзь хоць на адну гадзіну самавольна — будзе лічыцца здраднікам. Шаройку падабаліся яго абавязкі: — ціха, бяспечна, і галодным ніколі не бываеш, не тое, што ў баявых узводах, — і ён выконваў іх вельмі добрасумленна, так добрасумленна, што ў асцярожнага Лескаўца падазрэнні не слабелі, а раслі. Але хутка Антон Лескавец гераічна загінуў, а Шаройка пасля аднаго цяжкага бою, калі брыгада панесла вялікія страты, застаўся пры штабе брыгады намеснікам начальніка па забеспячэнню.

Безумоўна, што пасля вызвалення, калі ў вёсцы не было амаль ніводнага дарослага мужчыны, лепшай, чым Шаройка, кандыдатуры на старшыню калгаса знайсці было нельга. Жанчыны выбралі яго. Цяжкія былі тыя гады. З усёй вёскі нейкім цудам уцалела толькі трынаццаць хат і па нейкаму дзіўнаму супадзенню ў адноўлены калгас сабралі трынаццаць скалечаных коней. «Чортава дзюжына» гаварылі людзі прымхлівыя.

Шаройка ўзяўся за працу з аганьком. Не быў-бы лепшы гаспадар! Калгас з дапамогай дзяржавы станавіўся на ногі. Часам па асобных кампаніях выходзіў на першае месца ў раёне і ніколі не быў на апошнім, займаючы ўвогуле «залатую сярэдзіну», як любіў гаварыць Шаройка. Але хутчэй за калгасную расла асабістая гаспадарка старшыні. Яму шанцавала: у яго сям'і нікога не забілі, не скалечылі. Два сыны яго служылі ў арміі і даслужыліся: адзін — да капітана, другі, малодшы, да лейтэнанта, абодва мелі ўзнагароды. Дзве дачкі адразу-ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Трэба-ж было стварыць ім умовы! І «добры гаспадар» не спаў у шапку. Хату сабе збудаваў амаль што першы ў вёсцы, лепшую за тую, што згарэла. Узяў цялушку з таго парадзелага статка, якое Кацярына Лескавец вярнула з усходу. Што-ж, людзі спачатку не крыўдзіліся, не папракалі: сам партызан, сыны — героі. Але хутка Шаройка купіў другую карову і засеяў прысядзібны ўчастак на жонку сына, якая прыехала аднекуль з Урала і ніякага дачынення да калгаса не мела. І чым далей, тым больш людзі пазнавалі ў ім таго Шаройку, якога яны ведалі гадоў семнаццаць назад, да калектывізацыі. У чалавека адраджалася старое, што, здавалася, даўно ўжо адышло ў нябыт.

Максім не вярнуўся з раённага центра разам з Лазавенкам. Там, у чайной, сустрэлі яны старога дружбака, які працаваў дырэктарам школы ў аддаленым сельсовеце. Максім паехаў да яго і загуляў.

У нядзелю на досвітку Шаройка забег да Сынклеты.

— Што? Максіма Антонавіча няма яшчэ? Ай-я-яй! Вось загуляў хлопец! Але-ж няхай пагуляе. Заслужыў. А мы сёння нядзельнік арганізавалі. Лес вам вывезем. Усё цягло мабілізавалі, машыну ў «Волі» пазычылі.

Сынклета Лукічна так здзівілася, што нават не падзякавала, толькі сказала:

— Гавораць людзі — раскралі яго там, лес наш.

— Э-э, лес мы знойдзем, дарагая Сынклета Лукічна, знойдзем... знойдзем!..

Ён сам абходзіў прызначаных людзей, ветліва запрашаючы ўдзельнічаць у нядзельніку. Ахвотнікаў ехаць набралася больш, чым трэба было. Але Шаройка не прамінуў і хаты Кацубаў. Зайшоў ён, як ніколі жвава, вясёла пацёр рукі.

— Маразіць, а сняжку няма. Добрай раніцы ў хату. Аляксандра Паўлаўна ўсё чытае, усё чытае...

Алеся падазрона насцярожылася, упершыню пачуўшы такі паважны зварот да сябе. Шаройка сеў каля стала, агледзеў хату, пахістаў кульгавы стол.

— Што гэта ты, Маша, добрага стала не закажаш? У такой хаце і такі стол. Пара абжывацца, пара, пара... Л то на такім стале і пісаць няёмка.

Алеся здзівілася яшчэ больш.

Маша, якая поркалася каля грубкі, схавала ўсмешку, Яна зразумела, чаму старшыня зрабіўся такі добры і лагодны.

Ён толькі прысеў на край услона і адразу-ж падняўся.

— Я да вас на хвіліначку. Не жадаеш, Маша, за лесам Антонісе з'ездзіць?— Ён знарок не назваў імя Максіма.

— Пецька паедзе, — адказала Алеся.

— А-а!

— Ён даўно пайшоў ужо.

— А я штось не прыкмеціў яго на двары, і думаю, дай зайду. А то Маша яшчэ пакрыўдзіцца, — ён хітра прыжмурыўся. — Ну, добра, я пайшоў. Паснедаю — і ў лес таксама.

Калі ён выгнаў, Маша засмяялася.

Ты чаго? — спытала здзіўленая Алеся, адарваўшыся ад кнігі.

— Вясёлае ў нас жыццё пачалося.

Яна і сама добра не ведала прычыны, што выклікала смех! Проста чамусьці адразу стала на душы лёгка і радасна і захацелася пасмяяцца. Бывае часам такое!

— Не разумею, — паціснула плячыма Алеся. — Асабіста мяне ён абурыў. Я ледзь вытрымала, каб не ляпнуць яму: не сунь носа не ў сваё проса.

— Хопіць, што ты Максіму ляпнула. Дурніца! Дараваць табе не магу гэтага. Як я цяпер сустрэнуся з ім?

— Хай будзе чалавекам, а не...

— Ну... Ты сабе лепей дай параду не сунуць носа ў чужыя справы.


10...


Яшчэ здалёк, з канца вуліцы, Максім убачыў каля сваёй зямлянкі коней і людзей.

«Што такое?» — здзівіўся і нават на момант устрывожыўся ён. Але, падышоўшы бліжэй, убачыў, як людзі скатваюць у штабель бярвенні, і ўсё зразумеў. Шаройка выканаў сваё абяцанне.

«Вось гэта па-мойму: сказаў — зрабіў. Як-жа гэта я забыў?» — яму стала няёмка, што пакуль ён гуляў, людзі працавалі на яго.

Абапал зямлянкі ляжалі штабялі сухога сасновага бярвення. Да аднаго яшчэ пад'язджалі фурманкі, мітусіліся людзі.

Максіма сустрэлі шумна, вясёла.

— Здароў, Максім Антонавіч. Прымай работу!

— Глядзі, колькі наварочалі, пакуль ты гуляў!

— Ну, Максім, з цябе, брат, магарыч!

— Ён і не сніў, мабыць, што яго хата сёння дома будзе.

— Тут не хата, а добрых дзве з усімі прыбудовамі.

— Калгас!

— Аднаму на поўгода хапіла-б вазіць.

— Амяльян Дзянісавіч пастараўся!.. Ён калі захоча, з-пад зямлі...

— Вось іменна, калі захоча, — ціха азваўся нехта за спіною ў Максіма.

— Ну, хлопцы, узялі апошнія!

Максім скінуў шынель, узяў самы цяжкі дубовы кол, падхапіў ім камель тоўстага бервяна.

— А ну вазьмі, хлопцы! Так-так! Узялі! Узялі! — гучна камандаваў Іван Мурашка, і Максім дзівіўся, адкуль столькі спрыту ў гэтага хлопца.

— Яшчэ раз! — грымеў бас Андрэя Грыбача.

— Ды разок! —спяваў тонкі хлапечы голас.

— Гоп!

— Пайшла!

— Ляжы, мілка, пакуль цесляры не патурбуюць.

Бярвенні былі сухія, звонкія. Ударыш — увесь штабель гудзіць, нібы далёкі звон. Пахлі яны смалой, лясной прэласцю, ігліцай, што прымерзла да вуглаватых камлёў з белымі елачкамі падсочкі.

Максім ап'янеў ад работы. Ён крычаў разам з усімі, камандаваў па-гаспадарску смела і гучна, перабягаў з месца на месца. Пад руку трапіўся кол з маладой сасонкі, толькі што ссечанай у лесе, кара на ім аблузалася, і Максім запэцкаў рукі і гімнасцёрку ў ліпучую смалу. Але затое, як пахла яна, гэтая свежая смала! Жывым лесам. Сапраўды можна ап'янець, як п'янееш вясной, у маладым хвойніку, калі ён абсыпай жоўтай квеценню.

Хутка рос другі штабель. Разгружалі апошнія фурманкі.

Сынклета Лукічна тупала вакол, з ціхай мацярынскай радасцю і гонарам глядзела, як спрытна працуе сын і адначасова баялася за яго: яшчэ надарвецца. Бач, як хапае! Адзін калоду падымае. Трэба папярэдзіць, каб не надта натужваўся.

Потым яна ўспомніла аб другім і спалохана пляснула далонямі.

«Божачка мой! Людзей-жа пачаставаць трэба. А я і не падумала. Не вялікі цяжар пачаставаць. Слава богу, ёсць чым. Але дзе?»

Убачыўшы, што Максім на момант адарваўся ад работы, каб выцерці пот, яна падбегла да яго, паклікала ўбок.

— Максімка, людзей-жа пачаставаць трэба. Цалюткі дзень па марозе стылі...

— Безумоўна, мама.

— А дзе, сынок? У зямлянцы — колькі змесціш? У каго параіш? Можа ў Машы? Хата ў іх цяпер, што клуб той...

Максім ссунуў на лоб шапку, закрыўшы казырком вочы, і задумліва пачухаў патыліцу.

— Ну, што ты выдумала! У Машы. Чорт ведае, што падумаюць...

І тут, нібы з зямлі перад імі з'явіўся Шаройка — вынырнуў аднекуль з-за зямлянкі, з гароду.

— А-а, і сам гаспадар дома! Здарова, Максім Антонавіч. Што задумаўся?

Максім моцна сціснуў руку старшыні.

— Добры дзень, Амяльян Дзянісавіч. Ад усяго салдацкага сэрца дзякую вам.

— Ну, што ты! Абавязак, брат. Я сваё слова моцна трымаю.

— А задумацца вось маці прымусіла. Дзе людзей пачаставаць?

— І-і-і... Гэта ўжо дарэмна! Які можа быць пачастунак! Гэта ў вас ад Антона Захаравіча. Бацька быў хлебасол на ўвесь раён. А табе раю пачаставаць усіх нас на наваселлі і на вяселлі. Там дарэчы будзе.

Максім паглядзеў на маці. Яна ўздыхнула.

— Але-ж так прынята... Такі звычай...

— Яшчэ што скажыце, Сынклета Лукічна! Цяпер колькі мы гэтых дамоў перавазілі — штодня п'яныя былі-б... Справа іншая, што вось Максімаў прыезд не адсвяткавалі. Гэта так. Але за тое, што ён тры дні недзе гуляў — яму спагнанне. Сёння святкуем у мяне. Не, не, не! І слухаць не хачу. Што-ж у аддзяку пакрыўдзіць мяне хочаш? Глядзі, брат...


11...


Дом Шаройкі быў збудаваны па тыповаму праекту, які быў дасланы ў калгас. Але ўнутры Шаройка спланаваў яго па-свойму.

У другой палове, праз калідор, — прасторная светлая кухня. Пярэдняя — разбіта на пакоі: прадаўгаватую залу з трыма вокнамі і дзве маленькія бакоўкі — спальні. У зале усё зіхацела чысцінёй. Нядаўна пабеленыя сцены, старанна вымытая жоўтая падлога, новая мэбля, крыху нязграбная, цяжкая, але зробленая навечна — уся дубовая. На сценах — партрэты і без ладу наклееныя плакаты: «Адбудуем родную вёску» і «Усе, як адзін, падпішамся на пазыку». На стале, засланым абрусам з адмысловымі ўзорамі, роўнымі слупкамі ляжалі кнігі, вучнёўскія сшыткі, стаяў адкрыты патэфон: ад бліскучай галоўкі яго на чорнай крышцы адлюстроўваўся зайчык. Усё гэта Максім ахапіў адным позіркам, з парога, і чамусьці іменна гэта і запомнілася найбольш яскрава.

Ён прышоў адзін. Маці наогул адмаўлялася ісці, а потым паабяцала падыйсці пазней.

Агледзеўшы хату, Максім пажартаваў тымі-ж словамі, якія абурылі Васіля Лазавенку:

— Але, адразу відаць, што хата старшыні.

Гаспадар і госці засмяяліся.

— Амяльян Дзянісавіч — чалавек гаспадарлівы, — сказала Мар'я Ахрэмчык, кума Шаройкі.

— У цябе, Максім Антонавіч, будзе не горшая, — Шаройка сеў побач, разгладзіў вусы, — Цяпер куранёў не будуюць. Народ наперад глядзіць, каб хата як хата была. Каб праз якую пяцігодку, другую і электрычнасць не сорамна было правесці.

— Ого, кум, махнуў! — усклікнуў брыгадзір Лукаш Бірыла. — Дабрадзееўцы вунь праз год мараць...

— Марыць можна!

Лукаш не адступаў.

— А што ты думаеш? Праз год не праз год, а праз два — глядзі і зробяць. Размах у іх — о-го-го. Ды і тэмпы цяпер не тыя. Помніш, калі ў дваццаць другім пажар у нас трыццаць хат выкаціў, усю аднавочку... Колькі будаваліся? Тры гады. Бо кожны сам сабе поркаўся. А цяпер, лічы, што дабрадзееўцы за год усю вёску нанава пабудавалі. Ды хаты якія! Харомы!.. Сіла, брат... Калгас!

— Та-ак, сіла вялікая, — многазначна працягнуў Максім і скасавурыўся на Шаройку. Няёмка было, прышоўшы ў госці, крытыкаваць гаспадара, хоць і карцела сказаць і аб тых дванаццаці сем'ях, якія ўсё яшчэ жылі ў зямлянцы, і аб конях, і аб хамутах, ды і сад не прамінуць, параўнаць з садам у «Волі». Але іменна таму, што ўсё прасілася на параўнанне з «Воляй», ён змаўчаў.

Пра што ні гаварылі — усё так ці інакш датычыла спраў у калгасе. Максім заўважыў, што Лукаш Бірыла ўвесь час намагаецца ў замаскаванай форме — намёкамі, жартамі — укалоць гаспадара.

— Вы тут паціфончык, паціфончык... Што-небудзь вясёленькае, — мітусіўся Шаройка. — А я на кухню — баб падганю.

— Глядзі, каб цябе бабы не падагналі, — адразу-ж адгукнуўся Лукаш і хітра падміргнуў Максіму.

Лескавец падышоў да стала, пачаў заводзіць патэфон і раптам спыніўся. Адчыніліся дзверы адной бакоўкі, і адтуль вышла дзіўная жанчына. Модная, высокая прычоска, падпёртая бліскучымі шпількамі, напудраны твар, яркавішнёвыя губы і дарагая аксамітавая сукенка — усё гэта, здалося, адразу-ж гучна крыкнула: «А вось і я! Глядзіце, якая я!»

Максім не адразу пазнаў у жанчыне старэйшую дачку Шаройкі, сваю аднагодку, з якой некалі таксама вучыўся. А калі пазнаў, ледзь-ледзь не зарагатаў.

«Ну і пудзіла! Толькі ў каноплі — вераб'ёў пужаць».

Яна кінула ў пакой кароткі позірк і, нібы нікога больш не ўбачыўшы, падышла да яго, паважна працягнула руку.

— З прыездам, Максім Антонавіч.

Ён далікатна паціснуў яе мяккую руку.

— Дзякую, Паліна Амяльянаўна. А я вас ледзь пазнаў. Быць вам багатай.

— А хіба зараз я бедная? Ды і наогул я лічу, што нам пара і слова гэтае выкінуць з нашага лексікона. Бе-е-днасць! — пагардліва працягнула яна. — Архаізм!

— О, безумоўна! — узнёсла ўсклікнуў Максім, а сам падумаў: «Ну, здаецца, давучылася да ручкі».

У гэты момант з кухні прынеслі сталы з закускамі. Смачна запахла смажанінай. Над горамі мяса ў гліняных місках падняліся слупы пары. Асобна на важкай патэльні прынеслі цалюткага парася, бліскучага ад тлушчу, з жоўтай, патрэсканай на спіне, скуркай. Нават з хвосцікам хрэну ў ашчэраных зубах.

— Уга! — з захапленнем і здзіўленнем чмокнуў Бірыла і старанна выцер далоняй вусы.

Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы, хлеб, перастаўляў на стале талеркі з закуссю з аднаго месца на другое і раз-по-разу пазіраў на ходзікі, нібы чакаў кагосьці вельмі важнага. Максім так і падумаў, што чакаюць галоўнага госця, для якога ўсё гэта і рыхтавалася. Гэтая думка крыху закранула яго гонар: Шаройка-ж гаварыў, што будуць святкаваць іменна яго прыезд, значыцца ён — галоўны госць. Але раптам гаспадар спыніўся пасярод хаты, развёў рукамі, нахіліў галаву і запрасіў:

— Прашу да стала, дарагія госці. Пачнём. Больш чакаць няма каго.

Тады Максім задаволена аглядзеў прысутных. Гасцей было нямнога — чалавек дзесяць, І ўсе такія, якіх ён яшчэ шэсць год назад клікаў дзядзькамі і цёткамі. Крайняй ад парога на нізенькім зэдліку сядзела Сынклета Лукічна. Яна была ў шаўковай хустцы, якую сын прывёз ёй у падарунак з Маньчжурыі; ружовасць хусткі ценем лягла на твар, і ён здаваўся памаладзелым.

Максім падняўся і падышоў да маці, каб сесці за сталом побач з ёю. Але Шаройка спыніў яго.

— Не, не, не!.. Віноўніку — ганаровае месца. Вось сюды, — ён паказаў на покут.

Максім усміхнуўся і паклікаў маці.

— А то, як у песні, усе па пары, усе па пары...

— А ваша дзе пара? — гучна і, здалося яму, нават злосна, спытала Паліна. — Дзе Маша? Мы вас чакалі з Машай.

— Та-ак, Машы няма? — Шаройка разгублена аглянуўся, нібы Маша была і раптам нечакана правалілася скрозь падлогу. — Э-э, Максім Антонавіч, што-ж гэта вы!

А я думала, што ў вас ужо ўсё аформлена. Завочна, як кажуць. Гэта-ж усё сяло гаварыла, што ты Машу забіраў туды... Ды вось, слава богу, сам прыехаў, — праспявала сваім густым басам Бірыліха.

— Маша — дзяўчына хоць куды. Першая работніца ў калгасе, — задумліва і сур'ёзна сказаў Бірыла.

Максім стаяў і разгублена азіраўся на гасцей.

Ён бачыў, што прысутныя здзіўлены, што Машы няма, і зусім сур'ёзна патрабуюць, каб ён запрасіў яе. Але як гэта зрабіць, калі ён ні разу яшчэ не быў у яе, жывучы другі тыдзень дома. І ў дадатак — гэтая чартоўка Алеся, яе нечаканы наскок...

Ён адчуваў, як яму робіцца горача, а ў душы расце злосць на гэтую фанабэрыстую малпу Паліну. Але раптам ён сустрэў позірк маці і падумаў:

«Яны добра дружаць, за дачку ўжо лічыць... Вось і няхай разаб'е гэты лёд...»

— Мама, ідзі запрасі яе. Ад майго імя. Ну, і само сабой зразумела, ад імя гаспадароў.

Сынклета Лукічна паімкнулася была нешта сказаць, але сумелася і моўчкі накіравалася да дзвярэй, неяк адразу згорбіўшыся, пастарэўшы. Ды ніхто гэтага не заўважыў. Хто іх ведае, якія ў іх адносіны! Відаць, такія ўжо, што і маці можна паслаць запрасіць дзяўчыну. Ды к таму-ж усе добра ведалі пра шчырую дружбу Сынклеты Лукічны з будучай нявесткай.


12...


Сынклета Лукічна вышла з хаты ў густую цемру вуліцы і, аглянуўшыся, нібы баючыся, што нехта падслухае яе, цяжка ўздыхнула. Пругкі марозны вецер ударыў у твар. І можа ад яго, ад ветру, заслязіліся вочы, на момант захлынула дыханне. Яна пастаяла крыху, змахнула слязу і пайшла павольней на аганёк у хаце Кацубаў. Упершыню ішла яна туды з такой неахвотай, з такім цяжарам на душы.

Сынклета Лукічна ведала, што Маша адмовіцца ад запрашэння і больш таго — абавязкова пакрыўдзіцца, абразіцца і, можа нават, на яе: як яна, старая дурніца, адважылася прыйсці з такім запрашэннем? Але-ж не выканаць даручэнне сына адразу-ж пасля яго звароту маці таксама не магла. Што тады падумае пра яе Максім?

Сынклета Лукічна ўздыхнула яшчэ раз.

«Сынок, сынок! Ці-ж ты не разумееш, што так рабіць нельга? Абразіш ты дзяўчыну».

Яна падышла да хаты і заглянула праз акно — ці дома Маша? Хай-бы не было яе дома — было-б лягчэй, не давялося-б ні гаварыць з ёю, ні хлусіць сыну. А ці-ж яна магла яму схлусіць?

Але Маша была дома. Яна хадзіла па хаце, хутаючыся ў цёплую хустку і гаварыла нешта энергічна, узрушана, гучна, бо і праз двайныя шыбы голас яе далятаў на вуліцу. За сталом сядзела Алеся.

Сынклета Лукічна адышла ўбок, каб, барані божа, не пачуць, пра што яны размаўляюць. Ні разу ў жыцці яна не падслухоўвала чужыя размовы.

Яна ўзышла на ганак з разьбянымі слупкамі-калонкамі і з лавачкамі па баках. Прысела і сядзела доўга. Каб яна ведала, што ў гэты момант у хаце гаварылі пра яе сына, яна, пэўна, так і не адважылася-б зайсці.

А ў хаце сапраўды гаварылі пра Максіма. Удзень да Машы прыбегла работніца фермы комсамолка Гаша Лескавец, стрыечная сястра Максіма, са скаргай. Раніцою Шаройка прышоў на ферму і забраў чацвёра гусей і лепшае парася. Сказаў, што ўсё гэта — для частавання героя.

Нізенькая таўстая Гаша качалася па пакоі, як футбольны мяч, і абурана страчыла, нібы з кулямёта:

— Што-ж гэта такое атрымліваецца? Тыдзень без года, як выпіла пастанова, столькі гаварылі аб ёй, столькі гаварылі і ўсё забылі ўжо, усё па-старому. Зноў Шаройка расцягвае калгаснае дабро. Мне не шкада гусей. Гусей многа, іх усёадно плануем прадаваць. Вось і хай заплацяць па рыначнай цане. А парасё? Толькі завялі свінаферму, першы прыплод... Мы гэтых адзінаццаць парасят на руках насілі, як дзяцей. І раптам — на табе! Ды самае лепшае! Самае прыгажэйшае! Героя частаваць! — перакрыўляла яна Шаройку. — Скажы, калі ласка, які герой! Пару медаляў павесіў і герой! Ды лопне ён і герой, калі столькі з'есці! Гаша раптам зразумела, што нагаварыла лішняе, успомніла, кім з'яўляецца для Машы Максім, і кінулася да яе, абняла: — Ты даруй мне, Машанька. Я, дурная, нагаварыла, чаго і не трэба! Але-ж нельга так! Скажы ты ім. Максіму скажы. Хіба яму гэта трэба! Хіба ён такі чалавек? Ды і цётка Сыля супраць гэтага будзе. Скажы, каб ён забараніў гэта рабіць, адмовіўся ад такога вечара. Хай Шаройку будзе сорамна. Мы яго тады яшчэ раз на чыстую ваду выведзем. А так — толькі размовы будуць і для Максіма будзе непрыемна...

Цяжка было ў Машы на сэрцы гэтыя апошнія дні, калі прыехаў Максім. Дрэнна яна адчувала сябе перад людзямі. Становішча яе было надзвычай крыўднае, абразлівае. Людзі думаюць адно, пра вяселле ўся вёска гаворыць, а на самай справе — нейкае непрыемнае непаразуменне. І раптам, нібы ў насмешку, такая прапанова. Маша, спакойная, разважлівая Маша, не стрымалася. Яна груба адхіліла ад сябе сяброўку і сурова сказала ёй:

— Ты яму — стрыечная сястра, ты ідзі і скажы.

Гаша была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Яна заўсёды была рада выпадку палаяцца.

— Ага, вось як!— злосна і, здавалася, радасна крыкнула яна. — Гаварыць аб парушэннях статута ты добра гаворыш, а як да справы — дык у кусты. А-а? Жаніха баішся закрануць? Харошанькай хочаш быць? Добра-ж, я — пагавару, дзе трэба. Я да доктара схаджу! — крыкнула яна і, моцна ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла з хаты.

Тады толькі Маша зразумела, што зрабіла памылку. Яна хацела вярнуць Гашу, але той і след прастыў.

Алеся апетытна сёрбала суп і з-пад ілба назірала за сястрой, якая ўсё гэта расказвала. Алеся час-ад-часу ўсміхалася, але неяк дзіўна — аднымі вуснамі, а вочы былі сур'ёзныя і задумлівыя. Маша прыкмеціла адну з такіх яе ўсмешак і спынілася, уражаная:

— Ты смяешся?

— Вельмі-ж па-мядзведжаму ўжо ў гэты раз Шаройка залез у калгаснае дабро. Грубая работа. Раней ён рабіў гэта чысцей.

— А цяпер яму няма чаго хітрыць. Ён ведае, што старшынёй яму засталося быць нядоўга і, відаць, пранюхаў, што Максім думае працаваць, калі не ў калгасе, то ў раёне. Вось і падлізваецца. І дом — у адзін дзень, і сустрэча, як сапраўднаму герою. Апраўдацца яму лёгка будзе. У каго хопіць сумлення сказаць што-небудзь супраць сына Антона Лескаўца? Я ўжо ўяўляю, як Шаройка будзе апраўдвацца перад сходам, — Маша стала насупраць Алесі, разгладзіла ўяўляемыя вусы, абаперлася кулакамі аб стол, надзьмула шчокі.— Хто такі Максім Лескавец? Сын Антона Захаравіча Лескаўца, які шэсць год быў старшынёй нашага калгаса, які... І пайшло, і пайшло...

Яны абодве засмяяліся.

Маша адышла, прытулілася плячыма да гарачай грубкі.

— Але самае крыўднае, што Максім ідзе на яго вудачкі... Крыўдна і прыкра...

Алеся перакуліла міску і выліла рэшткі супу ў лыжку, як гэта робяць дзеці, калі страва ім прышлася да спадобы.

— Ах, смачны суп... А гэта таму, што ён дурны, твой Максім.

— Мой?!.

— А чый-жа?! І табе трэба неадкладна сустрэцца з ім і ўправіць яму мазгі. Што гэта за такая далікатнасць? Два тыдні жывуць на адной вуліцы і не могуць сустрэцца. Ды я яго-б ужо сем разоў сустрэла.

Маша задумалася. Сапраўды чаму ёй самой не сустрэцца і не пагутарыць? Хіба пасля сямігадовай дружбы, пасля тых пісем, якія яны пісалі адзін аднаму, яна не мае права на гэта?

У дзверы пастукалі.

Сёстры многазначна пераглянуліся, і Алеся шпарка пабегла адчыняць.

Зайшла Сынклета Лукічна. Маша збянтэжылася і пасля прывітання доўга маўчала, не ведаючы, аб чым начніц, гаворку, пра што спытаць, як трымаць сябе. Да гэтага яны сустракаліся так проста і шчыра, па некалькі разоў на дні хадзілі адна да адной. А цяпер... было прыкметна, што і Сынклета Лукічна адчувае сябе ніякавата, хвалюецца і таксама не ведае, як пачаць гаворку. Яна села каля стала, узяла ў рукі кнігу, заглянула ў другую, разгорнутую, заўважыла:

— Адразу відаць, каму што рупіць. У Машы — «Агранамія», у Сашы — вершы... — і зноў змоўкла.

Размову пачала Алеся і пачала, як кажуць, з лабавой атакі.

— А мы думалі — Максім, — нібы зусім абыякава, гартаючы кнігу, сказала яна.

— А мне вы ўжо і не рады? — паспрабавала пажартаваць Сынклета Лукічна, узрадаваная, што размова пачалася ў патрэбным ёй кірунку.

— Што вы, цётка Сыля! — прамовіла Маша, нездаволена глянуўшы на сястру.

— А я па даручэнню сына.

— А ён ужо дома? — хітра спытала Алеся, хоць добра ведала, што ён вярнуўся.

— У Шаройкі. Вечар там. Частуюць яго. І вось ён паслаў мяне, каб я цябе, Машанька, запрасіла... Там усе патр...

— Што-о? — Маша не дала ёй скончыць.

Яна працягнула гэтае слова ціха, здзіўлена, і Сынклета Лукічна спалохана змоўкла.

Маша адарвалася ад грубкі разам з гэтым працяглым «што-о...», хвіліну пастаяла нерухома і, раптам, адчуўшы нейкую дзіўную слабасць, села на ложак. У першы момант у грудзях зрабілася холадна, а потым усё нутро заліла балючая гарачыня. У скроні застукала кроў. Яна сашчапіла пальцы і моцна прыціснула далоні да грудзей. І можа ад гэтага стала цяжка дыхаць.

У адзін момант яна ўспомніла, як некалькі дзён назад уяўляла яго прыезд, сваю першую сустрэчу з ім.

— Максім прыехаў! — прынясе ў хату радасную вестку якая-небудзь дасціпная, цікаўная суседка ці не менш цікаўная дзяўчынка. (Так яно і здарылася потым.) Безумоўна, ён спачатку зойдзе да маці. Але праз поўгадзіны, ну, хай праз гадзіну, ён абавязкова прыдзе да яе, вось сюды, у гэтую новую светлую хату, якую збудавала ім дзяржава. Яна будзе адна, апранутая для сустрэчы па-святочнаму. (Яна жадала, каб у гэты момант нікога не было ў хаце, ні Пятра, ні Алесі.) Яна знарок стане спіною да дзвярэй, будзе глядзець у акно, або ў кнігу, нібы яна нічога не ведае, нікога не чакае і не бачыць яго. Ён ціха пакліча:

— Маша!

Яна павернецца.

— Максім!

Яны пойдуць адзін аднаму насустрач павольна, але яна не стрымаецца, яна кінецца і імкліва абдыме яго. Пасля яна будзе глядзець яму ў вочы — які ён стаў, — гладзіць яго шчокі, жартаўліва кратаць вусы.

— Максім!

Магчыма, што яна заплача. Хіба сорамна ў такі момант заплакаць? Яна-ж шэсць год чакала яго.

Чакала...

Маша схамянулася і ўспомніла другое: як яна, апранутая па-святочнаму, чакала яго ў дзень прыезду, і як яны з Алесяй рыхтаваліся да яго прыходу. Сорам, абраза і крыўда напоўнілі яе сэрца.

І вось, нарэшце, ён успомніў пра яе. Не, яму напомнілі... І... прыслаў маці запрасіць... Куды? На вечар... да Шаройкі... Маша падняла галаву, сустрэла нецярплівыя позіркі Сынклеты Лукічны і Алесі і зразумела, што яна занадта доўга маўчыць, што ад яе чакаюць адказу. Яна паднялася, наблізілася да стала і, хаваючы хваляванне, ціха, але выразна сказала:

— Скажыце вашаму сыну, што ён... — яна пашукала патрэбнага слова, не знайшла і, махнуўшы рукой, адвярнулася да акна.

Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Потым вінавата сказала:

— Машанька, родная. Хіба-ж я... — і таксама не скончыла — праслязілася.

Маша схамянулася і хутка падышла да старой.

— Не трэба, цётка Сыля... Даруйце мне,— і ў самой на расніцах заблішчэлі слёзы.


13...


Замест снегу, якога чакалі з своеасаблівай сялянскай тугою, заходні вецер прыгнаў дождж. Ён пайшоў нечакана, пад раніцу, калі яшчэ не адлёг мароз. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай.

Маша занепакоілася: абліваха можа пашкодзіць пасевы азімых. Яна прагартала кніжкі сваёй небагатай сельскагаспадарчай бібліятэчкі, але нічога аб гэтай бядзе не знайшла. Трэба распытаць у старых. Праўда, пасля таго, як яна па-сур'ёзнаму стала цікавіцца агранаміяй, яна пераканалася, як часта практычныя веды старых мудрацоў, накшталт Шаройкі, разыходзяцца з навукай. Аднак і ў практыкаў ёсць вельмі многа карыснага. Маша не грэбавала іх парадамі, нават завяла асобны сшытак і запісвала іх, а пасля параўноўвала з тым, што вычытвала ў кнігах і рабіла пэўныя вывады.

Але сёння ёй не хацелася ісці ў канцылярыю, дзе звычайна ў непагоду збіраліся калгаснікі. Яна баялася сустрэцца з Максімам. Як некалькі дзён назад яна прагнула гэтай сустрэчы, так цяпер не хацела. Яна саромілася прызнацца сабе, што баіцца. Не, не, яна не баялася! Гэта было нейкае іншае пачуццё, больш складанае і, можа, таму больш пакутлівае. Нельга сказаць, што ёй было вельмі балюча. Хутчэй — было сорамна перад людзьмі. Што цяпер будуць гаварыць аб іх адносінах? Каго будуць абвінавачваць — яго ці яе?

Аднак турботы за пасевы заглушылі ўсе іншыя пачуцці. Такі ўжо ў яе характар. За калгаснае заўжды душа балела, кожную страту ў калгаснай гаспадарцы перажывала, як сваю асабістую. І праз гэта — як часта і непрымірыма спрачалася, лаялася з Шаройкам! Яна ведала, што за гэта Амелька амаль ненавідзіць яе, хоць вонкі нянавісць яго ніколі не вырываецца: заўжды ветлівы, спакойны, слухае ўважліва, часта згаджаецца, нават раіцца. Маша ніколі не плаціла яму такім-жа пачуццём. Наадварот, яна адчувала да яго нейкую своеасаблівую павагу і часта абараняла ад незаслужаных абвінавачванняў.

У канцылярыі сапраўды было многалюдна. Мужчыны, відаць, расказвалі анекдоты, якія не прызначаліся для жаночай паловы, бо адразу змоўклі. Яе паважалі: не кожны і мужчына столькі робіць, як яна, і не кожны так дбае аб калгасе. Але да яе непакою за пасевы азімых аднесліся з бяскрыўднай сялянскай іроніяй. Шаройка заўважыў настрой большасці і таксама скептычна ўхмыльнуўся, ашчэрыўшы здаровыя, белыя, як у дзяўчыны, зубы.

— Я, Паўлаўна, гляджу на цябе і ўсё здзіўляюся. У каго ты ўдалася? І бацька твой і маці былі такія спакойныя людзі. За ўсё жыццё нікому вады не замуцілі. Вось Антон Лескавец, дык той і спаў, а людзей турбаваў... А таму, калі Максім — у бацьку, то гэта зразумела...

Маша, не жадаючы, каб пачалі гаварыць пра Максіма, перапыніла старшыню:

— Вы. Амяльян Дзянісавіч, заўжды адказваеце зусім не тое, аб чым у вас пытаюць.

— А-а, ты аб жыце? Нічога яму не стане. Першы раз хіба? І пры дзядах нашых і пры бацьках...

— Вось і дрэнна, што мы па дзедаўскіх законах жывем. Дзяды збіралі па дваццаць пудоў з дзесяціны — і рады былі. А цяпер вунь нашы суседзі па сто збіраюць.

Шаройка зразумеў, якіх суседзяў яна мае на ўвазе, і, нездаволена перасмыкнуўшы вусамі, адказаў:

— Па сто не па сто, але і ў нас не па дваццаць... А які

год быў! Што ты хацела ў такі год?

— Засуха, — каротка выдыхнуў нехта з калгаснікаў.

— Засуха ў нас — гэта яшчэ нішто, а вось вайна што нарабіла.

— Адным словам, не адразу Масква будавалася.

— Паўлаўна, запрасі ты лепей нас на вяселле, а то потым у спешцы забудзеш.

Маша ўспыхнула і адразу пакінула Шаройку, павярнулася да калгаснікаў.

— Паклічу ўсіх, нікога не забуду.

— А пачырванела дзеўка,— заўважыў Лукаш Бірыла.

Яна адчула, што шчокі загарэліся яшчэ мацней.

Маша, не ўздумай толькі з свае хаты ў зямлянку ісці. Мы для цябе будавалі.

— Ты яго ў прымакі бяры.

— Пойдзе ён! Гэты чорт — у бацьку.

Людзі разважалі сур'ёзна, без лішніх жартаў, і Машы ўдалося схаваць сваю збянтэжанасць. Але размова зноў балюча паласнула па сэрцы, і яно заныла, зашчымела. З канцылярыі Маша рушыла праз гароды ў поле — не магла стрымацца, каб не паглядзець па азімыя.

За гародамі — адразу малады хвойнік.

Хрусцела пад нагамі ледзяная корка. Панура абвіслі да самай зямлі абледзянелыя галінкі хвоек. Дыхаў лёгкі ветрык — і ўвесь лясок жаласліва звінеў, раняючы долу вясёлкавыя сасулькі. Яны разбіваліся, зямля пад хвоямі была пакрыта дробнымі пацеркамі лёду, але не празрыстага ўжо, а белага.

За хвойнікам — адзін з азімых кліноў калгаса. У канцы яго, на мяжы з зямлёй «Волі», — насенны ўчастак, на якім Маша з групай комсамольцаў узялася вырасціць стодваццаціпудовы ўраджай.

Столькі сіл яна аддала гэтаму ўчастку! Шаройка падтрымліваў толькі на словах, прыгожа распісваючы яе задуму на сходах ды на нарадах у раёне. А калі да справы дайшло, дык ён усё не мог ніяк перакінуць з другога кліна трактар, даць радковую сеялку. Амаль апошнім засеяла звяно свой участак. І ўсё-такі, не гледзячы на гэта, усходы пайшлі дружныя, вясёлыя, перагналі ўсе суседнія, дзе жыта было пасеяна па-старому, без мінеральных угнаенняў, без дадатковай апрацоўкі. Але нядоўга Маша радавалася сваім участкам. Пазнаёмілася з Вільямсам, з планамі Васіля па асваенню травапольнага севазвароту ў «Волі» і задумалася. Трыста гектараў сее іх калгас зерневых, а яе ўчастак — дзесяць. Не, гэта не тое, што трэба, каб падняць усю гаспадарку, даць дастаткова хлеба дзяржаве, зрабіць заможнымі калгаснікаў. Тут трэба іншае — тое, што робіць Васіль. Але для гэтага трэба, каб не Шаройка кіраваў калгасам...

Маша выпіла з хвойніку.

Усходы паляглі, прыліплі да зямлі, прымерзлі. Куды знікла тая густая, вабіўшая вока, рунь, якая пушыстым зялёным дываном засцілала зямлю ўсю восень!

У Машы ажно пахаладзела пад сэрцам. Яна нахілілася, растапіла далоняй ледзяную корку, расправіла пальцамі некалькі кволых жытнёвых сцяблінак.

Схамянуў яе трэск у хвойніку. Праз момант адтуль, нагнуўшыся, вылез Васіль Лазавенка са стрэльбай. Прывітаў яе добрай, сяброўскай усмешкай.

— Турбуешся, гаспадыня? Пазнавата. Цяпер ужо відно, што за дзень растане. Бачыш, вецер павярнуў. А я на досвітку выбег і людзей паслаў разбіваць корку. Хлопцы мае ўжо і прыладу вынайшлі, каб рабіць гэтую работу коннай цягай.

Маша пайшла яму насустрач, першая падала руку.

— Што-ж гэта ты на заняткі не з'яўляешся? Учора новы аграном прыехаў. Разумны хлопец. Малады, але... Ты нешта перастала хадзіць на заняткі. Двойчы ўжо не была...

— Усё часу не было неяк...

— А-а, разумею, — прамовіў ён.

Яны не прыкмячалі, што ціха ішлі паўз хвойнік у напрамку лугу-

— Калі вяселле?

Машу паласнула гэта, нібы нажом: «Зноў вяселле»... Аднак яна ўпотайкі зірнула на яго: пытае ён сур'ёзна ці жартам? Васіль задумліва глядзеў некуды ўдалеч, кусаючы губу. Гэта сведчыла, што ён не толькі не мае намеру жартаваць, а нават усхваляваны. І яна коратка адказала:

— Хутка.

— Люблю вяселлі. Толькі каб вяселле было, як мае быць... Не люблю, калі гэта робіцца — абы адбыць... Такая ўрачыстасць бывае раз у жыцці і помніцца павінна ўсё жыццё. Мая старая і зараз расказвае аб сваім вяселлі — заслухаешся. — Ён паглядзеў на дзяўчыну і ўсміхнуўся.

Маша слухала яго са здзіўленнем, ніколі раней яна не чула ад яго гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, не па гадах сур'ёзным, сумным у жыцці.

— Асабліва прыемнае — на тройцы, з шамкамі, з гармонікам, з песнямі... Ззаду віхрыцца снег... Дыханне захоплівае. Адчуванне такое, нібы ляціш наперагонкі з уласным шчасцем. У народзе шлюб адвеку быў вялікім святам... Запросіце — лепшую тройку прыганю.

— Прызнаюся, не ведала, што ты такі паэт, — усміхнулася Маша. — Як Алеся мая!

Васіль крыху збянтэжыўся і, мабыць, каб захаваць гэта, пачаў закурваць.

Прыкурыў, расцёр згарэўшую запалку, абцёр пальцы аб ватоўку і прадоўжыў сваю думку:

— Вяселле і радзіны яшчэ... Мяне, напрыклад, заўжды абурала, калі нараджэнне чалавека праходзіць непрыкметна. Гэта-ж падзея!..

Маша здзіўлялася ўсё больш і больш...

«Колькі год сябруем, і я не ведала, што ён такі... дзіўны...»

— Калі ў мяне народзіцца першае дзіця, я такі пір закачу...

Ён з усмешкай паглядзеў на Машу, відаць, чакаючы, што яна адкажа на гэта жартам. Але Маша нават не ўсміхнулася, і гэта зноў-такі збянтэжыла яго.

Хвіліну цягнулася нялоўкая цішыня. Ён растлумачыў яе па-свойму.

— Ты даруй за тое недарэчнае сватаўство... Павер, я тут ні пры чым. Гэта задумала маці... Неразумна, праўда? Безумоўна, неразумна... Але з нашага боку таксама дзіка... Няўжо мы, дарослыя людзі, сябры, не маглі пагаварыць па-даросламу?

Ён раптам прыпыніўся, павярнуўся да Машы і ціха прамовіў:

— Хоць, уласна кажучы, якая карысць з гэтага была-б? — і пайшоў далей, на хаду адламаў ад хвоі сухую галінку, пачаў церушыць яе пальцамі. — Але ведаеш, мне ўсё-такі даўно хацелася пагаварыць з табой так вось... па-сяброўску... Ведаеш... Як гэта прасцей сказаць табе? Ну-у, — ён на момант сумеўся, кінуў галінку наперад і адначасова з узмахам рукі сказаў: — Усё-такі я кахаў цябе...

— Кахаў?! — Маша паўтарыла гэтае слова так, што нельга было зразумець, спытала яна ці пацвердзіла.

— Але... І пачуццё гэтае даўняе. Я зразумеў яго яшчэ на фронце. Ведаеш, калі ляжыш у зямлянцы ці ў акопе... Мокра часам, холадна, час цягнецца мар-рудна... І пачынаеш успамінаць што-небудзь самае радаснае, такое, ведаеш, светлае з мірнага жыцця... І мне часцей за ўсё ўспаміналася ты. Ці ў шпіталі... Гэта страшна — ляжаць, прыкаваным к ложку. Ліха ведае, якія думкі лезуць у галаву! Але я ўспамінаў цябе, і было лягчэй. Я думаў пра цябе гадзінамі і забываўся на ўсё. Я таму і пісьмо табе напісаў у той-жа дзень, як прачытаў, што нашы вёскі вызвалены. Дзякую, што адказвала... Атрымліваў іх, твае пісьмы, і цяплей рабілася на душы.

— А Насця? — з хітрай дзявочай цікаўнасцю спытала Маша. — Яна пісала табе часцей.

Васіль уздыхнуў.

— Не магу маніць ні сабе, ні тым больш ёй. Не ляжыць душа. Шкада мне яе... Яна шчырая, праўда, занадта ўпартая... Ды гэта, магчыма, і добра... Я ёй шчыра сказаў. Пакрыўдзілася. Поўгода не размаўляе... Уся аддалася рабоце... Нават гуляць перастала хадзіць.

Яны дайшлі ў канец хвойніку. Далей у балоцістай нізіне рос алешнік. За ім пачынаўся луг, бліскала звілістая істужка рэчкі.

— Загаварыліся мы з табой, Маша. Бывай, я да стагоў. Гавораць, вашы каровы наведваюцца. У пятніцу заняткі. Прыдзеш?

— Абавязкова.

Ён шпарка пайшоў праз алешнік, а яна доўга стаяла і глядзела яму ўслед. Праўда, думала яна не аб ім. Яна зноў падумала пра свае адносіны з Максімам, і на гэты раз яны ўявіліся зусім не такімі ўжо складанымі.


14...


Гэта было звычайнай з'явай у яго рабоце: паклічуць да аднаго хворага, а лячыць даводзіцца некалькіх. А часам і няма каго лячыць, а ўсёадно з другой вёскі да цямна не вырвешся. Бо ён заходзіў у хату не толькі, як урач. Пагутарыць з людзьмі, расказаць ім і даведацца ад іх аб жыцці, думках і настроях — усё гэта было неадрыўнай часткай яго ўрачэбнай дзейнасці. Ён ведаў, што часам чалавека лечаць не адны лекі, а і добрае, цёплае слова і нават справядлівы дакор.

Ладынін толькі што скончыў выслухваць хворую дзяўчынку, як на парог — жанчына.

— Я да вас, таварыш доктар. Штось старой маёй нездаровіцца, на спіну скардзіцца... Можа-б вы зайшлі паглядзелі? Калі ласка...

«Ну, пачынаецца... Зноў на ўвесь дзень», — а на душы добра, радасна ад прадчування карыснай работы і сустрэч з новымі людзьмі.

У старой — нічога асаблівага, магчыма, што недзе крыху прастудзілася, таму і баліць спіна.

Але Ладынін не спяшаўся адыходзіць. Сядзеў каля стала, пісаў рэцэпт, употай азіраў гаспадыню і хату. Гаспадыня — маладая, дужая жанчына. А ў хаце не прыбрана: падлога брудная, рэчы раскіданы. А доктар усё жыццё змагаўся за ўзорную чысціню ў сялянскіх хатах, у дварах і на вуліцах.

— У вас сям'я вялікая?

— Дачка. У трэці клас ходзіць.

— Нішто дзяўчынка. Піонерка? Так, так...

— А што, доктар?

— Ды вось гляджу, што брудна ў вас.

Густая чырвань заліла твар жанчыны. Але адказала яна дзёрзка і злосна:

— А каму яна трэба гэтая чысціня? Быў муж, дык ззяла ўсё навокал, а цяпер... — у вачах удавы заблішчэлі слёзы. — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху, а праца мая ад цёмнага да цёмнага, на ферме...

Ладынін адразу памякчэў; была ў доктара адзіная слабасць — добрасумленнаму працаўніку многае мог дараваць. Голас яго стаў па-бацькоўску ласкавы, спакойны.

— Але... як вас? Давайце знаёміцца, калі так...

— Клаўдзя Хацкевіч.

— Па бацьку?

— Кузьмова.

— Дык вось, Клаўдзя Кузьмічна, у роспач кідаюцца толькі слабыя. А вы, я думаю, не з слабых. Ці можна вам забываць галоўнае — у вас такая дачка! Яе трэба расціць, вучыць, вывесці ў людзі, зрабіць сапраўдным чалавекам. А вы перад ёй бруд апраўдваеце, перад вучаніцай... Ды навесці парадак у хаце — гэта-ж просты абавязак такой дзяўчынкі. Я сёння-ж зайду ў школу і перад усім класам пасаромлю вашу дачку.

— Ой, што вы, доктар! — маці шчыра спалохалася і папрасіла: — Не рабіце гэтага. Далібог-жа, больш не будзе... Хоць знарок заходзьце.

— І зайду, я чалавек неспакойны, знаёмых не люблю прамінаць.

Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму.

— Ну, а на ферме як справы?

Клаўдзя махнула прасцірадлам; яна, ні на хвіліну не спыняючы размовы, спрытна прыбірала ў хаце: заслала на стол абрус, падмяла каля грубкі трэскі, прывяла ў належны парадак падушкі на ложку.

— Раней мы гаварылі: не горш, як у людзей... А цяпер нават і Шаройка наш так не адказвае... Бо ў людзей лепш. Я вось неяк пабыла на ферме ў «Волі», дык ажно душа зайшлася. Хораша так усюды, чыста...

— Чыста? — доктар нібы здзівіўся.

Яна зразумела яго хітрасць і пачырванела.

— Нібы вы не былі там? Я-ж ведаю, не адзін раз заходзілі... Вядома — чыста. Няма чаго душою крывіць. Што бачыла, тое і кажу.

— А ў вас вусім дрэнна?

— Не сказаць, што зусім, але-ж можна, каб было лепей.

— Дык ад каго гэта залежыць? Ад вас-жа саміх.

— Ад тых, што на ферме працуюць?.. Можа і ад нас, Але я так думаю, што больш ад кіраўнікоў.

— Ад якіх кіраўнікоў?

— Ад розных. І ад вас у тым ліку.

Клаўдзя ў сваю чаргу хітра прыжмурылася.

Такі нечаканы адказ здзівіў Ладыніна, хоць ён ужо здагадваўся, аб чым яна скажа далей. Прыкінуўся крыху абураным, крыху здзіўленым.

— Непарадкі на вашай ферме залежаць ад мяне? Цікава.

— Не на адной ферме, ва ўсім калгасе. Вы парторг у сельсовеце, так? А колькі разоў вы былі ў нас на калгасным сходзе? Пару разоў даклады зрабілі. А на ферму пі разу не заглянулі.

— Я кароў не лячу. — Ладынін знарок падліваў масла ў агонь, бо яму падабалася гэтая рашучая і смелая жанчына.

— Вы людзей лечыце. Дык лячыце ад усіх хвароб. І галоўнае, усіх аднолькава. А то ў вас так атрымліваецца: дзе густа, дзе пуста. Калі «Воля» ў перадавіках, дык ім усё, а мы адстаючыя, дык нам — дулю пад нос. Там і сельсовет, там і школа, туды і дапамога, туды і кіно, а ў нас што? А потым параўноўваюць, крытыкуюць...

Ладынін сагнаў з твару ўсмешку. Разважанні такія ён чуў не раз і часцей за ўсё ад Шаройкі і, хоць прызнаваў, што доля праўды ў гэтым ёсць, аднак адносіўся да гэтай тэорыі «сынкоў і пасынкаў» насцярожана, ведаючы, як часта такой тэорыяй прыкрываюць сваю ўласную бяздзейнасць.

А яна, расчырванелая, з закасанымі рукавамі, азірала хату — дзе яшчэ што трэба прыбраць — і прадаўжала:

— У людзей агітатары працуюць, асабліва цяпер перад выбарамі. А тут разумнага слова не пачуеш. Прызначылі нам агітатара Дзядкова. Вы-ж самі прызначалі... А што ён робіць, цікавіліся вы? Ён і носа ні разу не паказаў.

— Трэба ён табе, гэты агітатар! Ты сама добрая агітатарцы, — упершыню за ўсю размову адгукнулася з печы старая. — Чалавеку, можа, часу няма, а ты... гаранку варыш...

— Не ваша справа, мама! Маўчыце! — рашуча загадала Клаўдзя.

Ладынін нездаволена адзначыў:

«Але-е, суровая жанчынка».

Аднак развітаўся ён з ёй з пачуццём задавальнення. Жанчына зацікавіла яго. Такія людзі заўжды помняцца доўга... Але з усяго Ладынін адзначыў самае галоўнае, што падабалася яму ў жанчыне: гарачае яе жаданне, каб іх калгас быў не горшым за другія, каб і яны дасягнулі таго, што суседзі, а то і зусім перагналі іх. Яна верыла, што зрабіць гэта можна.

«Трэба толькі падхапіць, распаліць, правільна накіраваць гэтае жаданне. Трэба мне часцей наведвацца да іх».

Ён ішоў па вуліцы вёскі, а перад ім, нейкім цудам абагнаўшы яго. з хаты ў хату ляцела вестка, што доктар робіць падворны абход — правярае чысціню. Жанчыны паспешліва прыбіралі ў хатах, у сенцах, у дварах.

Гэтая мітусня не схавалася ад вока Ігната Андрэевіча, бо не ўпершыню ён бачыў яе. Ён не меў намеру рабіць абход, але цяпер нельга было не зайсці хоць у поўдзесятак хат. Людзі сустракалі з шчырай ветлівасцю. Дзед Яўмен Кацуба спыніў на вуліцы, сам еапрасіў да сябе.

— Штось ты, таварыш сакратар, двойчы мінаеш маю хату. Зайдзі, будзь ласкаў.

— Нездаровіцца каму, дзед, у сям'і?

— Ды не, у сям'і, слава богу, усе здаровыя. Проста так... Хочацца мне з добрым чалавекам чарку выпіць.

Сказаў шчыра і проста. Ладынін усміхнуўся:

— Не праміну. Але скончыўшы работу. У мяне парадак такі: скончыў дзела — гуляй смела.

— Мой парадак! — ухваліў дзед.

Ладынін пазбягаў такіх пачастункаў. Вядома, пераважная большасць людзей запрашае ад шчырага сэрца. Аднак ёсць і такія (асабліва тут, у Лядцах), што робяць гэта з благім намерам: каб выманіць такую даведку, за якую можна было-б схавацца ад калгаснай работы ці атрымаць палёгку ў падатках. Былі ўжо такія выпадкі ў яго нядоўгай пасляваеннай практыцы. А таму Ладынін надзвычай асцярожна прымаў запрашэнні. Бо вельмі-ж няёмка, прыкра, абразліва робіцца самому, калі пачынаеш разумець, што чалавек запрасіў з карыслівай мэтай. Доктар нават ад запрашэнняў Шаройкі адмаўляўся. Хітры чалавек! Такому пакладзі пальцы ў рот — у міг адкусіць. Вось і зараз ён нечакана, павольнай гаспадарскай хадою вышаў з завулка. Убачыў — і не пайшоў насустрач, а пачакаў, пакуль падыйдзе Ладынін. Прывітаўся з абыякавасцю занятага чалавека. Але ў Ладыніна нарадзілася падазронасць, што Шаройка сустрэў яго зусім невыпадкова.

— Лечыце? — спытаў ён, каб з чаго-небудзь пачаць размову. У руках у яго — ужо капшук з самасадам, і ён, не чакаючы адказу, адразу-ж прапанаваў: — Закурвайце.

Ладынін адарваў ладны кавалак газеты і, скручваючы цыгарку, адказаў на пытанне:

— Лячу, — і, успомніўшы словы Клаўдзі, дадаў: — Адразу ад усіх хвароб...

— Гм... цікава. І даўно ў нас?

— Гадзін з адзінаццаці.

Шаройка падняў крысо ватоўкі, выцягнуў стары кішанёвы гадзіннік-цыбуліну, шчоўкнуў крышкай.

— Што-ж, пара абедаць. Зойдзем, можа, да мяне?

— Не, дзякую. Я меў намер заглянуць на вашу ферму, пацікавіцца, як вы выканалі рашэнне сельвыканкома.

— А-а, — многазначна працягнуў Шаройка. — Калі ласка. Дарэчы, мы стаім каля хаты загадчыка фермы. Хвіліначку, я паклічу...

Ён зайшоў у двор, хоць можна было паклікаць з вуліцы.

Ладынін усміхнуўся:

«Дзіцячая хітрасць... Дагаворацца ў адно слова хлусіць».

Яны не спяшаліся выходзіць. Ладыніну стала няёмка стаяць на вуліцы і чакаць, і ён, стрымліваючы абурэнне, пайшоў у напрамку фермы адзін.

«Трэба гэтага паважанага гаспадара запрасіць на адкрыты сход і так прапясочыць, каб зразумеў, што такое сапраўдная крытыка», — ён ведаў, што Шаройка заўсёды згаджаецца з любой крытыкай, але пасля ўсёадно робіць па-свойму.

Яго дагнаў адзін загадчык фермы, Карней Лескавец. (У Лядцах амаль палова вёскі — Лескаўцы.) Плячысты, ладны мужчына, з буйнымі, правільнымі, нават прыгожымі, але нейкімі застыглымі рысамі твару, з кучаравымі валасамі, якія выбіваліся з-пад шапкі і закрывалі шырокі лоб. Апрануты ён быў па-летняму: картуз, лёгкі плашч-дажджавік, вузкаваты ў плячах, расшпілены, пад ім — непадпяраваная гімнасцёрка.

— А дзе старшыня? — спытаў Ладынін.

— Там, — адказаў Карней, неазначальна махнуўшы рукой назад.

— Дзе там? Сюды ён збіраецца прыйсці?

— Не ведаю.

Гэтае «не ведаю» ўзарвала Ладыніна. Ён рэдка злаваўся, але тут не вытрываў. Так глянуў і так панізіў голас амаль да шэпту, што загадчык фермы адразу перамяніўся: застыглыя рысы твару ўмомант набылі жывую рухавасць.

— Ідзіце і скажыце, што я не маю намеру гуляць у ката і мыш... А вам раю ў другі раз не хлусіць... Чорт ведае, што такое!

Яны дагналі Ладыніна надзвычай хутка. Шаройка ажно расчырванеўся і задыхаўся. Цяпер з-пад пракураных вусоў яго лезла ўгору і збіралася каля вачэй у дробныя змаршчакі ліслівая ўсмешка.

— Прабачце, таварыш Ладынін, бабы затрымалі. Адной — тое, другой — другое. Хвіліны супакою няма. З цёмнага да цёмнага, як вавёрка ў коле, круцішся...

Ладынін у адказ спытаў:

— Вы ў машынах разбіраецеся, Шаройка?

— У машынах? — здзівіўся ён і насцярожыўся. — На заводах не працаваў, але ў сваіх машынах — у малатарні, у сеялцы, ды і ў камбайне троху, нават у трактары... Без гэтага цяпер нельга...

— Дык вось ёсць такі тэрмін: «халасты ход».

— А-а, — зразумеўшы, працягнуў Шаройка. — Ёсць, ёсць такі ход і ў людзей. Ёсць... Што-ж, старасць... Я даўно ўжо гаварыў. Адстаў, састарыўся, жыццё пераганяе. Новыя людзі выраслі...

У гэты момант яны праходзілі каля зямлянак. Як знарок, каб кідацца ў вочы, палова з усіх наяўных у вёсцы зямлянак, знаходзілася ў адным месцы, адна каля адной: чатыры з аднаго боку вуліцы, пятая насупраць іх, з другога, журботна глядзела на сябровак адзіным вокам-шкелцам, якое ледзь-ледзь узвышалася над зямлёю. А побач стаялі добрыя новыя хаты — ажно светла рабілася ад жоўтых смалістых бярвенняў, ад шырокіх вокнаў.

У Ладыніна кожны раз сціскалася сэрца, калі ён праходзіў каля гэтых зямлянак.

Не многа яшчэ разоў яму давялося быць у Лядцах за тры месяцы работы (хапала спраў па абсталяванню пункта, па наладжванню амбулаторнай работы і інш.), але і за гэты кароткі тэрмін ён ужо не аднойчы наведваў кожную з дванаццаці зямлянак, добра ведаў людзей, якія жылі ў іх. І цяпер, ідучы міма, не. стрымаўся:

— Скажыце, Шаройка, у вас спакойна на сэрцы, калі вы праходзіце вось тут?

— Балючае месца, таварыш Ладынін, правільна. Але ўсяго адразу...

— У першую чаргу павінна быць балюча за людзей, — сярдзіта перапыніў Ладынін. — А ў вас гэтага не відно. Дзе бярвенне, якое вы абяцалі на сельвыканкоме?..

— Дарога...

— Што дарога?

— Чакаем саннай дарогі...

— А калі яе не будзе яшчэ месяц-два?..

— Ну, што вы!.. Вось-вось ляжа...

— Дарога-дарога... Змаглі-ж вы за адзін дзень перавезці лес Лескаўца... Чаму не робіцца гэта для другіх?..

— Зробім...

— А вы ведаеце, як у нас называюць людзей, якія не выконваюць свае абяцанні?

— Чуў.

У хлявах на ферме былі ўсё тыя-ж непаладкі, аб якіх дзён дзесяць назад гаварылі на паседжанні сельвыканкома. Нават не была адрамантавана страха ў цялятніку, не былі заменены гнілыя страпілы, якія пад цяжарам снегу на страсе маглі абваліцца. Ладынін помніў, што іменна аб гэтай страсе з абурэннем гаварыў старшыня сельсовета. Цяпер, убачыўшы яе, Ладынін абурыўся сам:

— А гэта што, таксама дарога перашкодзіла?

— Гэта страха дзесяць год стаяць будзе і чорт яе не возьме! — Шаройка першы раз адказаў са злосцю.

Ладынін здзіўлена паглядзеў на яго. Але не паспеў нічога сказаць, як Клаўдзя, нібы з зямлі, неспадзявана апынулася перад імі.

— Я сёння абвалю яе, каб вочы не мазоліла. У цялятнік боязна зайсці. Таго і глядзі, што прыдушыць. Дагаспадарыліся, — яна з такой дзіўнай іроніяй праспявала апошняе слова, што Шаройка ажно збялеў. Ладынін усміхнуўся: «Малайчына! Вось яна якая!» — і, успомніўшы яе папрок, сказаў Шаройку:

— Слухайце, таварыш Шаройка, давайце склікаем сёння агульны сход. Пагутарым з людзьмі аб выбарах, ды і аб гаспадарчых справах слова скажам.

Старшыня калгаса згадзіўся з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем.


15...


Сход скончыўся далёка за поўнач.

Аднак, не гледзячы на такі позні час, мужчыны не спяшаліся разыходзіцца: абкружылі стол і доўга гутарылі, засыпалі Ладыніна пытаннямі. У людзей абудзілася прагная цікавасць да ўсяго: да міжнароднай палітыкі, да выбараў, да Пастановы аб ліквідацыі парушэнняў Статута, да перспектыўнага плана калгаса «Волі», аб якім расказваў Ладынін.

Задаволены Ігнат Андрэевіч адказваў адразу ўсім. Ён таксама не спяшаўся пакідаць школы, дзе праходзіў сход, хоць балела галава, гудзела ад напружання, ад табачнага дыму.

У баку ад людзей стаяў Шаройка. Абпальваў вусны і пальцы аб недакурак, зацягваўся нервова, прагна. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Ускудлачыліся сівыя пасмы валасоў. Брыгадзір Бірыла аб нечым пытаўся ў яго — ён дрэнна чуў і разумеў.

Упершыню яму так дасталася. Не думаў ён, што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. І хто? Усе маўчуны загаварылі, якія ніколі раней і рота не разяўлялі. «Сіла», — з зайздрасцю думаў ён, гледзячы на Ладыніна.

Спачатку ішло ўсё, як мае быць. На сход збіраліся добрых тры гадзіны: прызначылі ў сем, а пачалі а палове адзінаццатай.

Шаройка сядзеў каля Ладыніна і, зноў набыўшы сваю незалежнасць, паважнасць, бясконца, але стрымана на гаварыў, умела выстаўляючы сваю гаспадарчую спрактыкаванасць. Скардзіўся на людзей:

— Вось, калі ласка, таварыш Ладынін. І так кожны раз. Колькі крыві папсуеш, покуль сход склічаш. Пасіўнасць, — і ў душы радаваўся, заўважаючы, што Ладынін нервуецца, злуе.

І сход пачаўся, як заўсёды. Доўга і туманна гаварыў аб працоўнай дысцыпліне сам Шаройка. Пасля выступілі штатныя прамоўцы: брыгадзір, рахункавод, загадчык фермы. Да іх далучыўся яшчэ адзін прамоўца — Максім Лескавец, які гаварыў добрых хвілін сорак, а канкрэтнага нічога не сказаў. А больш, як ні прасіў старшыня сходу, — ніхто ні слова. Тады зусім неяк непрыкметна кіраваць сходам узяўся сам Ладынін.

— Што-ж, таварышы, так больш ніхто нічога і не мае сказаць? А вось цікава, таварыш Шаройка, заатэхнік карову вам вярнуў?

Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах.

— Хоць гэта і не мае дачынення да дысцыпліны, але я скажу, — падняўся Шаройка.

Ладынін перапыніў яго:

— Не! Гэта мае непасрэднае дачыненне!

Шаройка адказаў, што заатэхнік згадзіўся заплаціць

за карову грашыма.

— Ведаем мы гэтую плату! Хай верне карову! Нам ферма трэба! — адгукнулася адразу некалькі жанчын. І пад гэты-ж шумок — з задніх радоў:

— А старшыня думае вярнуць калгасную карову?

Шаройка не пачуў гэтага — пачаў тлумачыць нешта зусім іншае. Ладынін зноў перапыніў і паўтарыў пытанне:

— Народ пытае, таварыш Шаройка, а калі вы вернеце карову?

Шаройка ўтаропіў на яго цяжкі позірк.

— Народ?

— Так, народ.

— Якую карову?

— А гэта вам лепш ведаць.

— Я не браў ніякай каровы.

— А лысая? — зноў гукнулі аднекуль з-за грубкі.

— Мне яе далі.

— Хто?

— Райзо.

— З калгаснага статка, які вярнуўся з усходу? У мяне і зараз яшчэ ногі не загаіліся, — злосна скавала Клаўдзя Хацкевіч, якая сядзела ў першым радзе.

Ладынін з ухвалаю кіўнуў ёй галавой.

З Клаўдзі і пачалося. Яна выступіла першая і гаварыла так, што калгаснікі не раз перапынялі яе апладысментамі, крыкамі.

Усё ўспомнілі, усё ўзважылі і падлічылі. Не прамінулі і апошняга — парсюка і гусей, якія Шаройка ўзяў на пачастунак Лескаўцу. Максім згараў ад сораму. Паспрабаваў выступіць — сустрэлі смехам.

Ён раззлаваўся, хацеў было перакрычаць смех і галёканне. Але Ладынін сурова бліснуў з-пад калматых брывей вачыма:

— Сядзь і маўчы!

Хто-ні-хто з ліку тых, у каго былі асабістыя рахункі з Шаройкам, нагаварыў лішняе, беспадстаўнае. У такіх выпадках Шаройка чырванеў так, што, здавалася, вось-вось з яго поўных шчок пырсне кроў, і неяк абыякава-расцягнута падтакваў:

— Та-ак, та-ак...

Выступіла Маша. Яна смела адмяла ад Шаройкі ўсе лішнія абвінавачванні, гаварыла нават аб яго станоўчых якасцях, здавалася, апраўдвала, але ў той-жа час прывяла мноства дадатковых фактаў парушэння Статута і зрабіла гэта, у супрацьлегласць папярэднім выступаючым, спакойна, разважліва, пераканаўча. Патрабавала, каб яшчэ раз былі правераны памеры сядзіб. Яе слухалі без адзінага выкрыку, без смеху, без пытанняў з месца. Яна ўроўнаважыла пачуцці людзей, у якіх балела душа за калгас.

Ладыніну не ўсё спадабалася ў яе выступленні, асабліва яе халаднаватая разважлівасць. Але ўвогуле ён высока ацаніў яе ўменне гаварыць так проста і пераканаўча (не ўсе гэтым валодаюць) і нават здзівіўся ўвазе, з якой барадачы слухалі яе, дзяўчыну.

Сам ён гаварыў мала, хвілін дзесяць, але затое прачытаў вельмі дакладную пастанову, якую пісаў, слухаючы выступленні. Не да густу была гэта канкрэтная пастанова Шаройку: моцна біла яна па яго ўласнай гаспадарцы, жорсткі рахунак прад'яўляў яму сход.

Ён не апраўдваўся. Толькі папрасіў, каб яго тут-жа вызвалілі ад абавязку старшыні.

— Не апраўдаў... Адстаю... Пастарэў... Што-ж, — разгублена развёў ён рукамі.

Ладынін крыху баяўся, што сход неадкладна задаволіць яго просьбу. Ён ведаў пра размову Макушэнкі з Лескаўцом, але аб згодзе Максіма нічога не ведаў. Выбары маглі-б прайсці стыхійна. А ў такіх выпадках нярэдка бываюць памылкі. Але яму не давялося стрымліваць сход...

— Не спяшайся! — сказаў стары з сярэдняй лаўкі Шаройку. — Хутка справаздачны будзе... Там і дамовімся канчаткова. А сёння позна. Пара спаць...

— А покуль што вярні ў калгас усё, што ў пастанове запісана, — весела выгукнула Клаўдзя.

— Вы начаваць будзеце, ці каня запрэгчы? — ветліва спытаў Шаройка ў Ладыніна, калі людзі, нарэшце, пачалі разыходзіцца і ў класе засталося толькі некалькі чалавек.

— Дзякую. Я пешшу пайду.

— Пазнавата. Цёмна.

— Вы пераначавалі-б, Ігнат Андрэевіч, — прапанавала Маша.

— Не, не... Галава трашчыць, — ён сціснуў пальцамі скроні, зморшчыўся. — Не прагуляюся — не засну.

— Мы правядзем вас да хвойніку, — сказаў Максім.— Пойдзеш, Маша?

«Застацца з ім, адзін на адзін? І так нечакана, непадрыхтавана. Але што падумае Ігнат Андрэевіч, калі адмоўлюся?»

Па вёсцы ішлі моўчкі.

Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Ногі слізгалі па ім, нібы па рассыпанай грэчцы, і трашчаў ён пад ботамі гэтак-жа, як грэчка. Адзін за адным згасалі агеньчыкі ў вокнах: людзі паспешліва лажыліся, бо недалёка было да світання. У адным акне ўжо весела гулялі, распісваючы шыбы пунцовымі ўзорамі, языкі полымя — палілася ў печы.

— Ранняя гаспадыня, — заўважыў Максім і зноў прапанаваў, хоць былі ўжо на краі вёскі. — Пераначавалі-б...

Ладынін з шумам удыхнуў у сябе паветра.

— Добра. Ураз праветрыла. — І адразу-ж, як толькі мінулі апошнюю хату, спытаў: — Максім Антонавіч, ты хоць памылкі свае разумееш?

— Памылкі? — ён здзівіўся, што непрыемнае слова гэтае Ладынін паставіў у множным ліку. — Не, не разумею я сваю памылку, — падкрэсліў ён адзіночны лік. — Наогул штось проста недарэчнае. Адкуль я мог ведаць, чыё гэта парася ці гусі, д'ябал іх ведае... Мяне запрасілі... Сусед, блізкі чалавек, старшыня калгаса... Існуюць-жа нормы этыкі, таварыш Ладынін... Не мог-жа я прыйсці і спытаць: а чыё гэта ў вас парася, ці не з калгаснай фермы? Дзіка,— ён засмяяўся штучным, сілком выціснутым с сябе, смехам.

— Гэта цяжка зразумець. Мне Маша да сходу расказала — я сам нічога не зразумеў. Цяпер толькі прасвятляецца. Ды я ў цябе не аб гэтым пытаю. Тут у цябе памылкі покуль што няма, хоць можа быць. Я пра сённешняе пытаю...

— А што сёння?

— Ты не ведаеш?.. Вось гэта і самае страшнае. А сёння ты без павагі да людзей паставіўся... Каб ты паважаў народ, як гэта патрабуецца ад комуніста, не мог-бы ты выступіць з такой прамовай. Згадзіся — суцэльная пустата. Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Такая абстрактная, беспрадметная агітацыя нам непатрэбна... Карысці ад яе не будзе...

— Ну, ведаеце... — паспрабаваў запярэчыць з ноткамі абурэння Максім.

Але Ладынін не даў яму дагаварыць.

— А выкрык? Гэта ўжо зусім... Крычаць на сходзе?.. П'яным трэба быць — не менш... За такія справы, ведаеш...

— Што-ж, прыцягвайце да партыйнай адказнасці, — Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе.

— Не гарачыся, — спакойна адказаў Ладынін. — Я проста на правах старэйшага раблю табе заўвагі. І калі ты разумееш гэта інакш — яшчэ адну памылку робіш,— і тут-жа, у адзін момант, не даўшы Максіму нічога адказаць, звярнуўся да Машы і ні то жартам, ні то сур'ёзна спытаў: — А ты, Марыя Паўлаўна, з якой рады брала Шаройку пад абарону?

Машы стала радасна ад такога папроку, бо ад вымовы, якую Ладынін рабіў Максіму, і яна сябе адчувала ніякавата. Яна прыкрыла шарсцяной пальчаткай усмешку, хоць ніхто-б яе ў цемры і так не ўбачыў, і адказала:

— Але-ж, калі перагнулі... Я не люблю, калі пачынаюць гаварыць няпраўду...

— А ў мяне такое ўражанне, што ўсё-ткі мала мы яго крытыкавалі...

— Нішто сабе мала, — засмяялася Маша.

Максім ішоў моўчкі.

Мінулі хвойнік. Узышлі на ўзгорак, з якога ўдзень, як на далоні, відаць Дабрадзееўку. Цяпер-жа з таго боку, у цемры ночы, ім сумотна міргнуў адзінокі агеньчык.

— Відаць, мне запалілі маяк. Чакаюць... Ну, бывайце... Дзякую, сябры, — шчыра развітаўся Ладынін, моцна паціснуўшы ім рукі.

Ідучы назад, доўга маўчалі. Максім соп, нібы нёс вялікі цяжар. У яго, відаць, быў насмарк. Гэта смяшыла Машу: «Злосць высвіствае»...

Не хаваючыся, яна ўглядалася з боку ў яго твар, хоць у цемры нічога ўбачыць было нельга. З сэрца яе зваліўся камень, які яна насіла з дня яго прыезду. Не было і пачуцця разгубленасці (а яна баялася, што яно з'явіцца пры сустрэчы). Усё раптам стала на сваё месца і хацелася засмяяцца голасна, звыкла, на ўсё начное поле. Але яна стрымала сваё жаданне і голасам блізкага чалавека жартаўліва спытала:

— Што ты сапеш, як мех кавальскі?

Ён адказаў не адразу.

— Засапеш, — і пасля доўгай паузы: — ад такой сустрэчы...

— Ад якой?

— Ад такой... Рваўся, на крыллях ляцеў, а тут... замест пышак — шышкі...

— А ты адны пышкі адразу хацеў? Іх трэба зарабіць.

— А я што, не зарабіў? — крыкнуў ён і ўдарыў далонямі па грудзях, па шынялю, пад якім зазвінелі ордэны і медалі. — Я крывёй сваёй...

— За гэта табе павага і любоў...

— Ад каго?

— Ад народа.

— Ад народа!.. Гэта я без цябе ведаю... І ты мне маралі не чытай... На сябе спачатку паглядзі. Я табою шэсць год жыў... А ты?.. Як ты сустрэла мяне?.. Два тыдні на вочы не паказвалася. А з другім па хвойніку туляешся...

Маша аслупянела ад здзіўлення і нечаканасці, спынілася пасярод дарогі. Ён зрабіў два крокі, покуль заўважыў, што яна адстала, і таксама спыніўся, павярнуўся да яе.

Абраза, крыўда, роспач, здавалася, вырваліся з сэрца, прычынілі пякучы боль і гарачым, салёным камяком захраснула ў горле. Маша задыхнулася. Яна ступіла да яго, нібы хіснулася, працягнула руку і схапіла пальцамі за гузік шыняля.

— Ты-ы...

Хацелася крыкнуць у адказ такое-ж абразлівае, але камяк у горле яшчэ больш распухаў.

— Ты-ы...

Максім зразумеў, што са злосці нагаварыў лішняе.

— Чакай, Маша...

І раптам халоднай хваляй усё адхлынула назад, і яна зусім спакойна сказала:

— Я, калі чакала цябе, думала — ты такі... незвычайны... як-быў... разумны. А ты... ты проста... дурань... Эх ты! — і, адступаючы, незнарок рванула за гузік, ён лёгка адарваўся, лязгнуўся аб лядок дарогі.

Яна шпарка пайшла наперад.

— Маша!..

Яна пайшла яшчэ шпарчэй.

— Маша! Будзеш каяцца!

Яна пабегла.

Спынілася на ганку роднага дома. Прыціснулася ілбом да дзвярэй; настылы ад марозу востры прабой урэзаўся ў скронь. Яна не адчувала гэтага. Упершыню за шмат год выплакала ўсё, што накіпела на сэрцы.


16...


Тымчасам Ігнат Андрэевіч прышоў дамоў. Агеньчык сапраўды гарэў у яго пакоі. Ён ціха пашкрабаў у шыбу; пачакаў — маўчаць. Пастукаў гучней у адно акно, потым — у другое і зразумеў, што Ірыны Аркадзеўны няма дома. Яна звычайна ў любы час ночы адчыняла яшчэ да таго, як ён пастукае, — чула і пазнавала крокі. Давялося добра пагрукаць, покуль дабудзіўся Ліды.

— Ну, і зайздрошчу я твайму сну, Лідуша, — сказаў ласкава Ігнат Андрэевіч, зайшоўшы ў пакой.

Дачка засмяялася, хутаючыся ў халат, і па-дзіцячаму, кулачком, праціраючы заспаныя вочы.

— Дзе мама?

— А ты яе не бачыў? У Лядцах.

— Даўно?

— А першай гадзіне паехала... Яна абяцала знайсці цябе і добра прабраць... Гэта-ж проста немагчыма, тата!.. З раніцы да раніцы! У твае гады, з тваім здароўем.

— У мае гады з маім здароўем можна ўсё, Лідуша. Старыя — цягавітыя, — ён заціснуў у далоні яе галаву з ускудлачанымі валасамі, пацалаваў у лоб. — Ідзі ты спаць, покуль сон не прайшоў. Я сам знайду перакусіць...

Было пяць гадзін зімовай ночы.

А ў сем гадзін яго разбудзіў настойлівы, трывожны стук у шыбу. Па звычцы Ігнат Андрэевіч нават не спытаў, хто гэта. І толькі ўпусціўшы чалавека ў пакой, пачаў запальваць лямпу.. Высокі малады мужчына з энергічным тварам і разумнымі светлымі вачыма збянтэжана камечыў у руках шапку, чакаючы, покуль доктар звернецца да яго першы. Ладынін успомніў, што ўдзень сустракаў яго ў Лядцах, аднак спытаў:

— Здалёк?

Чалавек далікатна ўсміхнуўся, яўна падумаўшы:

«Разумею, доктар, ваша неспакойнае жыццё, але... што зробіш...».

— Ад Ірыны Аркадзеўны. Просіць вас...

— Што там у яе?

Мужчына паціснуў плячыма.

— Не магу сказаць... Прасіла захапіць усё неабходнае. Шукаў вас у Лядцах, думаў вы заначавалі...

— А што неабходнае? Што неабходнае? Не магла напісаць,—доктар, як і кожны чалавек, якога толькі што паднялі з цёплай пасцелі, меў не зусім добры настрой і таму бурчэў.

Узяўшы лямпу, накіраваўся ў амбулаторыю.

— Бачыце, я лічу, справа ў тым, што жонка мая перанесла ленінградскую блакаду, — сказаў чалавек, ідучы за ім па цёмным калідоры. — Сэрца.

— А-а! — у Ігната Андрэевіча ўраз знікла санлівасць, дрэнны настрой, галаўны боль. — З гэтага-б вы, друг мой, і пачыналі. На кані?

— Але! Як-жа інакш!

Ён сабраўся літаральна за тры хвіліны і па-маладому, ускочыўшы на воз, сказаў незнаёмцу:

— Ганіце хутчэй.

У таго спалохана ёкнула сэрца, і ён, едучы міма школы разбудзіў бестурботна спаўшага Мяцельскага грамавым «Но-о-о!..».

Роды былі цяжкія. За ўсю сваю дваццацігадовую акушэрскую работу Ірына Аркадзеўна не помніла другога такога выпадку і ні разу яшчэ так не хвалявалася. У першую чаргу яе ўразіла тое, што парадзіха не крычала. Пакусала да крыві вусны, пальцы рук, але не вымавіла ніводнага слова. Ірына Аркадзеўна спалохана прасіла: — Крычыце, родная мая, крычыце. Нельга маўчаць. Раіса глядзела на яе непрытомным позіркам і ківала галавой. У яе было слабае сэрца, але надзвычай моцная воля. Яна двойчы была паранена ў час блакады і ні разу не войкнула пад нажом хірурга і закрычаць цяпер лічыла ганьбай. У нейкі крытычны момант у яе пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімума.

Ірына Аркадзеўна не на жарт перапалохалася. А тут яшчэ — нязвыклая, жудасная цішыня. Ні разу яшчэ пры родах не было такой цішыні. Маці парадзіхі без аднаго слова, без аднаго ўздыху, спрытна выконвала усё, што ёй загадвалі. У кухні няспынна, аднатонна рыпела ўсё адна і тая-ж масніца — хадзіў муж. Чуваць было, як недзе на печы мурлыкаў кот. А ў шыбу стукала галінка бярозы, нібы прасілася ў хату.

Крычаць парадзіху прымусіў Ігнат Андрэевіч; ён верыў старому акушэрскаму правілу: больш крыку — мацнейшыя патугі. Наогул яго прыезд адразу ажывіў хату, напоўніў мітуснёй, крыкам, жывым чаканнем радасці.

Калі на свет з'явілася добрая дзяўчынка, выклікаўшая слёзы замілавання ў бабулі і ў бацькі, Ладынін пажартаваў:

— Шанцуе табе, бабка Ірына, чацвёртыя роды ты тут прымаеш — і чацвёртая дзяўчынка.

— Слава богу, — адгукнулася маці Раісы. — Кажуць людзі, гэта добрая прыкмета...

Мыючы рукі, Ігнат Андрэевіч зноў адчуў страшэнную зморанасць. Зноў разбалелася галава. Выпіўшы чарку з шчаслівым бацькам, ён адчуў, што можа заснуць за сталом. Па сутнасці, ён спаў з расплюшчанымі вачыма, бо не чуў, што расказваў Сакавітаў. Голас яго далятаў аднекуль здалёк, цурчэў, булькатаў ручаём, наганяючы сон.

Але раптам Ладынін устрапянуўся, падняў галаву і пільна паглядзеў на Сакавітава.

— Чакайце, як вы сказалі?

Той здзівіўся і незразумеў, што менавіта з таго, што ён гаварыў, раптам зацікавіла ўрача. Здаецца, ён нічога такога не сказаў.

— Хто вы па прафесіі?

Сакавітаў здзівіўся яшчэ больш: добрых дзесяць мінут гаварыў ён пра сваю прафесію.

— Інжынер-гідратэхнік, — больш прымітыўна пачаў тлумачыць ён, — па гідразбудаваннях... Вядома, плаціну Днепрагэса я не будаваў. Але перад вайной працаваў, нядоўга, праўда, на Ніве-два. Ведаеце? Ля Кандалакшы. У вайну, вядома, больш разбураць давялося, чым будаваць. Але пасля перамогі наша сапёрная часць збудавала ў Германіі пару добрых плацін. Для немцаў, дапамагалі ім...

— Слухайце, вы даўно ў нас? — Ладынін ажно нахіліўся да яго, нібы збіраўся сказаць нешта вельмі таямнічае.

— Тыдзень. Сваякоў наведаць прыехаў.

— І за гэты час не паказаліся на людзі? Не зайшлі? Слухайце... прабачце, як ваша імя... Сяргей Паўлавіч? Дарагі, Сяргей Паўлавіч, загляніце на гадзінку як-небудзь неўзабаве. Вельмі патрэбна ваша парада і дапамога.


17...


У марозны і ветраны дзень Сакавітаў, Ладынін і Лазавенка ішлі па берагу замёрзлай Гразліўкі.

Сакавітаў быў у доўгім скураным паліто, у паляўнічых ботах, з кійком у руках. Высокі, спрытны, ён смела скакаў цераз іржавыя лугавыя раўчакі, лёд на якіх трашчаў і ламаўся. Васіль у лёгкай ватоўцы, са стрэльбай ні на крок не адставаў ад яго. Ладынін з цяжкасцю паспяваў за імі.

Яны доўга стаялі на грэблі, каля маста, потым прайшліся ўніз ад Дабрадзееўкі, вярнуліся назад. Спыніўшыся зноў на грэблі, закурылі.

— Пабудаваць, вядома, можна і тут, — Сакавітаў паказаў пад ногі. — Блізка, зручна і прыгожа: за садам — электрастанцыя, возера. Але гэта ўляціць у капеечку, як кажуць. Земляных работ тут — астранамічная лічба кубаметраў. Ды ў дадатак яшчэ ўвесь гэты ваш лужок апыніцца пад вадой, сотня гектараў сенажаці...

Лазавенка нахмурыўся.

— А ўсё-ж, колькі тут работы? Можна падлічыць, напрыклад, у чалавекаднях?

— Паспрабуем. Але здаецца мне — аднаму калгасу гэта будзе не па сіле.

— Вы нашу сілу не мералі.

— Уяўляю.

— Ну, а двум-тром калгасам? — спытаў раптам Ладынін.

— Двум-тром? Тады няма патрэбы будаваць тут. Ёсць на рэчцы месца, дзе, здаецца, сама прырода знарок стварыла ўсе ўмовы для будаўніцтва гідрастанцыі.

Ладынін і Лазавенка адначасова спыталі позіркамі.

— Каля Лядцаў. Асабліва зручная мясціна насупраць іх калгаснага двара. Там будаўніцтва яе будзе ў тры разы танней.

— Ідэя! А, Васіль? — узрадавана спытаў Ладынін. Але Лазавенка не падтрымаў яго захаплення.

— Значыцца, наша станцыя ў «Партызане», за чатыры кілометры?

— Чаму «ваша»? — здзівіўся Ладынін. — Агульная, міжкалгасная... «Волі», «Партызана», «Зоркі». Можам нават украінцам прапанаваць...

— Ну, гэта, Ігнат Андрэевіч, прыгожая палітыка... А як ажыццявіць... з такімі суседзямі?.. Не веру я...

Ладынін здзіўлена агледзеў яго з галавы да ног, нібы ўбачыў упершыню.

— Не пазнаю цябе... Адкуль яны ў цябе, такія прыватніцкія настроі? Ці не ты марыў аб механізаваным буйным калгасе?

Сакавітаў стаяў, глядзеў на іх і моўчкі ўсміхаўся.

— Улічыце, што магутнасць такой станцыі адразу пакрые выдаткі на яе, — заўважыў ён.

Васіль прыкурыў новую папяроску ад свайго недакурка, зацягнуўся дымам.

— Не чакаў, не чакаў ад цябе, — прадаўжаў нездаволена Ладынін. — Сам ты гаварыў аб дапамозе суседзям, аб агульным росце. І раптам... Які ў табе індывідуаліст яшчэ сядзіць!

Васіль раптам усміхнуўся, шырока, прыветліва.

— Ніякага індывідуаліста няма, Ігнат Андрэевіч. Пойдзем, будзем глядзець. Але ведайце, у «Партызане» будуць супраць — я ўпэўнены.

— Нічога не робіцца само сабой, паважаны Васіль Мінавіч. Усё павінна быць падрыхтавана.

Яны пайшлі да Лядцаў і хадзілі там цэлы дзень. Падняліся кілометраў на дзесяць уверх па рацэ, на украінскую тэрыторыю, агледзелі берагі, затокі, пойму, прасякалі ў колькі месцах лёд — мералі глыбіню.

Ладынін здзіўляўся нястомнасці Сакавітава. Той, чым далей ішоў, тым больш жвавым і вясёлым рабіўся: лёгка прасякаў палонкі; насвістваючы вясёлыя мелодыі, скакаў па мёрзлых купінах, расказваў анекдоты.

Ладынін, улучыўшы момант, калі яны крыху адсталі, паказаў Васілю на інжынера:

— Вось каго прываражыць-бы нам. Гэты хутка збудаваўшы ўсё, што трэба.

— Мне здаецца, што ён ускладняе, — адказаў Васіль. — Я ўвесь час уяўляў, што ўсё гэта значна прасцей.

— Памылкова ўяўляў.

Доктар так натаміўся за гэты дзень, што ледзь дабрыў дадому, хоць чалавек ён быў не з ліку слабых і непрывычных да хадзьбы. Ён не верыў Сакавітаву, што той не стаміўся. Але інжынер даказаў гэта: увечары прышоў з Лядцаў у Дабрадзееўку, да Ладыніных, — пагуляць у шахматы.

Ёсць сем'і, якія валодаюць зайздроснай сілай прыцягваць да сябе людзей. З года ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў іх суседзі, сябры, вядуць бясконцыя гутаркі на ўсе тэмы жыцця.

Кватэра Ладыніна заўсёды была такім своеасаблівым клубам, дзверы яе былі адчынены для ўсіх. Але натуральна, што збіралася галоўным чынам вясковая інтэлігенцыя.

Вечары пачыналіся заўсёды амаль аднолькава, канчаліся па-рознаму.

У пачатку Ігнат Андрэевіч і Мяцельскі садзіліся гуляць у шахматы. Дырэктар школы, спакойны чалавек, з постаццю асілка і тварам дзяўчыны — пяшчотным, чырвонашчокім, гуляў моўчкі. Ладынін, абдумваючы ход, не насвістваў, а неяк дзіўна выдыхаў матывы народных песень. У гэты час іншыя крыху сумавалі. Васіль звычайна чытаў. Байкоў і Ірына Аркадзеўна расказвалі адзін аднаму пра розных дзівакаватых, незвычайных людзей, з якімі ім давялося ў жыцці сустрэцца.

Ліда і жонка Мяцельскага — Ніна Аляксееўна, маленькая, ціхая жанчына, падобная на прыгожую ляльку, зачыняліся ў спальні і пад акампанемент гітары развучвалі новыя песні. Ад Ніны Аляксееўны часам цяжка было пачуць слова, усе пачуцці яна вельмі красамоўна выказвала сваімі чаруючымі ўсмешкамі. Але спявала яна цудоўна. У апошні час да іх стаў далучацца Максім Лескавец, які пачаў наведвацца да доктара ўсё часцей і часцей. Ладыніны звычайна запрашалі піць чай, і тады пачыналася самая вясёлая частка вечара: спрэчкі, вясёлыя расказы, жарты, часам — калектыўныя спевы.

Сакавітаў у першы-ж такі вечар заваяваў агульную ўвагу. У шахматы ён абыграў абодвух «дабрадзееўскіх чэмпіёнаў» — Ладыніна і Мяцельскага. Пасля цудоўна чытаў напамяць Маякоўскага.

Ліда, ведаючы, што ад Васіля і бацькі нялёгка будзе выведаць усяго, пачала распытваць у яго пра гідрастанцыю. Сяргей Паўлавіч з ахвотай расказаў, дзе лепей будаваць, якія патрэбны будуць сілы, як будзе планавацца і выкарыстоўвацца энергія кожным калгасам.

Ліда здзівілася, што ні бацька, ні Лазавенка не перашкаджаюць яму, а нават самі задаюць пытанні.

Сакавітаў захапіўся.

— Цераз год-паўтара вы не пазнаеце свае калгасы. Вы недастаткова ўяўляеце сілу электрычнасці. У горадзе ўся работа, якую яна выконвае, за выключэннем асвятлення і трамвая, захавана ад нашага вока. Тут-жа ўсё будзе на вачах.

І раптам яго спыніў уздых і сумны голас:

— «Мечты, мечты, где ваша сладость!»

Байкоў сядзеў каля грубкі, прытуліўшыся да яе спіной, доўга слухаў і нарэшце не вытрымаў.

— Голас вялікага скептыка Байкова! — без усмешкі пажартаваў Ладынін.

— Не скептыка, а рэаліста, — старшыня сельсовета пацёр кантужаную руку. — Вы, Ігнат Андрэевіч, не ведаеце гаспадарчага становішча калгасаў. Вы мераеце па «Волі»... Дык хай «Воля» і будуе... Спачатку трэба паставіць калгасы на ногі...

Супраць яго абурыліся Ліда і Мяцельскі.

— А па-вашаму электрастанцыя зваліць іх з ног?

— Электрастанцыі не падаюць з неба. Яе трэба пабудаваць, а для гэтага трэба...

— Пад вашым кіраўніцтвам яе не пабудуюць ніколі.

— Вам лёгка глядзець збоку, ды разважаць, — Байкоў пакінуў сваё месца каля грубкі і нервова хадзіў па пакоі, размахваючы здаровай рукой.

Сакавітаў спакойна заўважыў:

— Калі жыць, пазіраючы назад, вы, магчыма, маеце рацыю, але калі глядзець наперад... у комунізм... то, ці не лепей ставіць калгасы на ногі такім шляхам?..

— Вы забылі, Сяргей Іванавіч, што гаварыў Ленін. Успомніце, — параіў Мяцельскі.

Лазавенка маўчаў і, магчыма, іменна гэтая акалічнасць патушыла спрэчку. Ігнат Андрэевіч непрыкметна накіраваў размову ў другое, агульнае рэчышча — аб комунізме, аб шляхах і поступах да гэтага светлага заўтра. Нагаварылі многа. Ліда, як звычайна, гарачылася. Мяцельскі спакойна адбіваў усе яе наскокі. Сакавітаў падтрымліваў то аднаго, то другога, бо сцвярджалі яны адну і тую-ж сутнасць, толькі што ў рознай форме.

Лазавенка ўвесь вечар быў маўклівы, задуменны і гэта дало падставу Ніне Аляксееўне, якая і сама не надта многа сказала, спытаць у яго:

— Скажыце, Лазавенка, чаму вы такі маўклівы?

Васіль крыху здзіўлена паглядзеў на яе і сур'ёзна адказаў:

— Закахаўся.

— А-а!.. У яе?— маленькая жанчына позіркам паказала на Ліду.

— Не.

— Не-е?.. Дурань! Яна — песня. У яе нават я закахана.

Пытанне аб электрастанцыі абмеркавалі на партыйным сходзе. Рашэнне было покуль што кароткае: усім комуністам, усяму актыву весці агітацыю за яе будаўніцтва. Трэба было, каб ідэя электрыфікацыі завалодала калгаснікамі ўсіх калгасаў сельсовета.

Пасля партсхода правялі нараду агітатараў. Сакавітаў зрабіў даклад: проста і цікава расказаў пра выгоды электрыфікацыі.

— Ну, а цяпер трэба бліжэй да практычнай справы, — сказаў Ладынін пасля нарады.

Ён, Лазавенка і Сакавітаў сядзелі ў сельсовеце, курылі.

— Так, так, — неадкладна, — падтрымаў інжынер.

Ладынін і Лазавенка пераглянуліся, нібы змоўшчыкі:

— Сяргей Паўлавіч, вазьміцеся давесці справу да канца, — нечакана прапанаваў Васіль.

— Я? — Сакавітаў здзівіўся, петым засмяяўся. — Значыцца, кось, кось, а потым за грыву. Хітруны вы! — і сур'ёзна: — Не, дарагія таварышы. Мяне чакае родны Ленінград. Мне там ужо і месца падрыхтавана. Цікавая работа.

— Добра, Сяргей Паўлавіч, — згадзіўся Ладынін. — Да канца — гэта Васіль залішне хапіў. Дапамажыце паставіць справу на ногі, як гаворыць Байкоў. Вы — спецыяліст, аўтарытэт...

Сакавітаў задумаўся.

Ладынін і Лазавенка моўчкі глядзелі на яго. Маўчанне цягнулася доўга. Нарэшце інжынер падняўся.

— Што з вамі зробіш? У Мінск з'езджу, дапамагу аформіць праект і ўсё іншае...

Васіль таксама падняўся і паціснуў яму руку.

— Калі зможаце паехаць?

— А хоць — заўтра.


18...


Адвячоркам, пасля работы, ідучы дамоў, мужчыны заходзілі ў краму. Невялікая будынінка гэтая стаяла ў самым цэнтры, на рагу двух вуліц вёскі, якія тут пачыналіся і ішлі пад простым кутом адна да адной. Але не толькі адным гэтым вызначалася цэнтральнае месца крамы, але, можа, у большай меры, суседствам школы, сельсовета і-вольніцы. Крама стаяла па самым узгорку. Ад яе былі добра відаць вуліцы, стрэхі Лядцаў, сіняя паласа лесу, а лепш за ўсё — звілістая істужка рэчкі, луг, зарэчныя балоты, невялічкі бярозавы гаёк, сіратлівыя купкі альховых кустоў, шлях з тэлефоннымі слупамі і далей, за балотам, на пясчаных узгорках, — хвойнікі. Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было як на далоні.

Заходзілі з сякерамі, з віламі — хто чым рабіў удзень, з тым і ішоў. Другія ішлі проста з дому, пагутарыць з людзьмі, паслухаць і жарты, і сур'ёзныя размовы. Садзіліся на бочках, на скрынях, на кучах пустых мяшкоў, а смялейшыя на прылаўках; там было не зусім бяспечна: часам за непрыстойны жарт можна атрымаць лінейкай па спіне. Што цягнула сюды людзей — тлумачылі па-рознаму. Жонкі, напрыклад, бачылі толькі адну прычыну: крамшчыцай працавала маладая ўдава, прыгажуня Соня Гальчук, чырвонашчокая, з тонкімі брывямі і чорнымі, як у цыганкі, вачыма, баявая і вясёлая. Усе жанчыны былі ў змове супраць яе, але паасобку кожная, прыходзячы ў краму, адносілася з хітрай павагай: верылі ў яе цудадзейную сілу прываражыць любога мужчыну.

Брыгадзір Міхей Вячэра, славуты сваёй начытанасцю, асабліва геаграфічнымі ведамі, растлумачыў Ладыніну прычыну гэтага так:

— Традыцыя гэта, Ігнат Андрэевіч. Перад вайной у такую пару мы штодня сыходзіліся ў сельмазе. Бо штодня што-небудзь новае прывозілі. І штодня добрая палова калгаснікаў што-небудзь куплялі. Сумуюць людзі па таварах, таварыш Ладынін. Ідзеш і думаеш: а раптам Гольдзін прывёз што-небудзь. Як-жа тут прамінеш?

Ладыніну падабалася такое тлумачэнне, ён і сам стаў зазіраць сюды, асабліва, калі народа збіралася пабольш (яму гэта было відаць з акна), ён браў свежыя газеты і неўпрыкметкі пераводзіў размову на іншыя тэмы. Без яго пра сур'ёзныя справы звычайна тут не гаварылі, а проста расказвалі незвычайныя здарэнні і розныя прыгоды, якія ўсе добра ведалі, аднак слухалі з цікавасцю, жартавалі з Соняй, бяскрыўдна кпілі адзін з аднаго, а галоўным чынам — з хлопцаў-халасцякоў.

— Дзядзька Міхей, раскажы, як паліцай Лупейка без штаноў уцякаў.

І адразу смех:

— Хо-хо-хо-о-о...

— Ну, што тут расказваць. Усе ведаюць.

— Ды раскажы...

Міхей Адамавіч, не спяшаючыся закурваў, хітравата ўсміхаўся і пачынаў:

— Расказ кароткі... Данеслі нам хлопцы, што ў немцаў на нашым маслазаводзе да ліха масла ды яек сабралася. Прышоў я да Макушэнкі. Дазволь, гавару. Пракоп Пракопавіч... Давай, кажа, толькі асцярожна, і, калі можна, захапі крыху яек і масла. Запрэглі мы па пары коней лепшых, расселіся на дзве фурманкі ў форме паліцаяў ды без супынкі ад лесу да Дабрадзееўкі гадзіны за дзве і прыскакалі. Ну, вядома, адразу ў школу, дзе паліцаі. Дваіх на месцы захапілі... А гэты, сабачы сын, Лупейка, відаць, па патрэбах за хлявом сядзеў. Пачуў стрэлы — і дай бог ногі, па гародах — на паплавы. Дабег да рэчкі, і тут ад страху яго кацялок пусты і зварыў, што, не скінуўшы штаноў, рэчку перайсці нельга.

— Хо-о-охо... Ха-ха-а-а, — раскаціста грымеў смех.

— Скінуў ён штаны... А нам падказалі людзі. Мы спачатку не ўбачылі яго... Хлопцы мае наўздагон з кулямёта чаргу. Кінуў ён штаны на гэтым беразе, а сам на той... Эх, як пайшоў ён, браткі мае, нібы воўк той загнаны. На любым рысаку не дагнаў-бы. Так на поўным ходзе і ўкаціў без штаноў у Каменку... Там гарнізон нямецкі стаяў... А дзень быў святочны, цёплы. Справа ў жніўні была. На вуліцы поўна жанчын, дзяўчат. Вы спытайце ў бабкі Грачыхі з Каменкі, як яна спалохалася, убачыўшы яго. Хрысціцца пачала: свят, свят...

Брат крамшчыцы Грышка Лазавенка ад смеху скаціўся за прылавак Соня пачаставала яго лінейкай, дапоўніўшы прычыну для смеху.

— Грышкава каманда брала потым гэтыя штаны ў палон, — засмяялася Соня.

Семнаццацігадовы Грышка, які лічыў сябе ўжо зусім дарослым чалавекам, ледзь не кінуўся на сястру з кулакамі.

— Чакай, Міхей! Канец гэтай аперацыі дакажа дзядзька Сямён. Сямён Лявонавіч, давай, брат, наперад.

Сямён — кульгавы, глухаваты чалавек год пяцідзесяці. У моладасці ён гадоў дваццаць пасвіў статак, а ў калгасе быў пастаянным конюхам. Чалавек ён — маўклівы, стрыманы, і гаварыў больш з коньмі, чым з людзьмі. Пачуўшы, што ад яго патрабуюць, ён збянтэжана адступіў да дзвярэй.

— Ну што ось гэта вы, хлопцы? — распяваючы кожнае слова, працягнуў ён. — Найшлі ось з чаго смяяцца.

— Давай, давай, Сямён...

Ён махнуў рукой і вышаў з крамы.

Тады расказваць пачала Соня, стрымліваючы смех.

— Гэта-ж яго паліцаі сілком прымусілі працаваць на маслабойцы. Дроў падвезці, напілаваць, накалоць. Ці там адвезці што. Ну, партызаны і засталі яго ў час налёту там. Спатрэбілася ім на штось вяроўка, адзін з іх і загадаў: «Дзед, давай вяроўку! Ды хутчэй, сімулянт кульгавы... Бач, раз'еўся на людскім масле»... Хлопец быў чужы, не ведаў... Сямён наш і пакульгаў. Дахаты яму ісці далёка, а на вуліцы поўна баб. Ён — да іх... «Бабачкі, дайце вяроўку хутчэй», — а ў самога губы дрыжаць, і твар, як палатно... «Нашто табе вяроўка?» — пытаемся мы, я таксама стаяла там. «Вешаць будуць мяне...» Тут яго Акуліна пачула, ды ўголас. А за ёю і ўсе мы... «За што, дзядзька Сямён? Што ты зрабіў? Мы ўсе пойдзем Міхея за цябе прасіць»... А ён як мацюкнецца, век ад яго такога не чулі, як закрычыць... «Цыц, чортавы бабы! За тое, што я, ось, сукін сын, на фашыстаў раблю... Ось за што!»

— І прынёс, браткі, ён мне вяроўку, — дапоўніў Міхей. — Мы ўжо ад'язджалі, каля саду дагнаў. «На, гаворыць, вешай, Міхей». «Што?» — пытаюся. «Мяне». Узлаваўся я. Што ён, думаю, за бандытаў нас лічыць, ці звар'яцеў стары?.. Пайшоў, крычу, к чорту, а то перавешу па спіне пугаўём, не пагляджу і на старасць...

— Але пасля як ні прымушалі яго зноў ісці на маслабойню... білі паліцаі і ў камендатуру цягалі — не пайшоў. Нават на рамонт дарогі ні разу за ўсю акупацыю не вышаў, хоць і даставалася яму за гэта...

Часцей за ўсё апавядальнікам выступаў сам старшыня сельпо Гольдзін. Гэты маленькі вяртлявы чалавек, з пратэзам вока, нейкім цудам упраўляўся пабыць усюды. Хай на працягу адной гадзіны ў вёсцы будзе пяць здарэнняў, але пасля акажацца, што ён усюды быў сведкай. Ды не толькі ў вёсцы, але і ва ўсім раёне не было таго здарэння, пра якое-б ён не ведаў.

Расказваў ён усё адны і тыя-ж партызанскія анекдоты — аб фашыстах, аб Гітлеры, аб Еве Браўн, але кожны раз дадаваў да іх нешта сваё, новае, і вось гэта «сваё» і было самым цікавым і смешным.

Калгаснікі любілі гэтага вясёлага чалавека, але з яго гандлёвай дзейнасці кпілі штодня.

— Сяргей, дай Гольдзіну закурыць, а то, бачыш, вушы ў старшыні сельпо папухлі.

— Гэта значыцца, што ў мяне няма чаго закурыць? Дрэнна вы ведаеце Хаіма Гольдзіна. Не было яшчэ тае хвіліны, каб я быў без папярос. Я і ў партызанах...

— Што там было — мы ведаем... А вось зараз у тваіх кішэнях пуста, — хітрыў Міхей.

Гольдзін выхопліваў з кірзавай сумкі, з якой ніколі не разлучаўся, пачку «Казбека».

— Калі ласка... У кішэнях няма, але ў сумцы заўжды.

Да папярос цягнуліся мазолістыя пальцы, і каробка ўмомант пусцела.

— Бач, для сябе ты знаходзіш, а для пайшчыкаў...

— Гольдзін, ты ў Сямёна самасад закупі. На год гандляваць хопіць. Адразу план выканаеш...

— Ты-б хоць гэты цуда-хамут замяніў другім... А то ён ужо вочы ўсім намазоліў...

— Атрох з Выселкаў, падпіўшы, браўся нашу краму ў сажалку зацягнуць...

— А ён можа...

— Глядзі, Гольдзін...

— Смейцеся, смейцеся... Праз месяц такі зруб прывязу — пальчыкі абліжаце...

— Доўга ты яго рубіш...

— Ды ад зруба да крамы з тваімі тэмпамі, што ад Сямёна да Уліты.

Адзін толькі чалавек ніколі не прысутнічаў на гэтых сходках, пазбягаў нават заходзіць у такі час у краму, — Васіль Лазавенка. Ён не аднойчы абурана гаварыў Ладыніну і Гольдзіну:

— Што за дурная прывычка збірацца ў краме і мянташыць языкі. Лепей-бы каля гаспадаркі што зрабілі...

Ладынін хаваў у вусы ўсмешку і маўчаў. Гольдзін, як заўсёды, згаджаўся:

— Я таксама думаю так, Васіль Мінавіч.

Васіль злаваўся.

— Ну, і двудушны ты чалавек, Гольдзін. Ты-ж там — першы завадатар... Вось забяру калгасную будыніну, гандлюй тады — дзе хочаш...

— Не дазволяць, — мякка заўважаў Гольдзін, пакорліва схіляючы галаву...

— Хто?

— Калгаснікі...

Васіль зайшоў у краму ў самы разгар жывой і цікавай гутаркі. Брыгадзір трактарнай брыгады Міхайла Прымак расказваў цікавыя моманты з часоў калектывізацыі.

Васіль купіў карабок запалак, закурыў, неяк непрыкметна для сябе сеў на вагі і пачаў слухаць, скупа ўсміхаючыся. Але Ладынін раптам прыкмеціў дзіўную змену ў настроі слухачоў: яны ўраз страцілі цікаўнасць, пачалі гаварыць аб іншым, купляць розныя дробязі ў Соні і неўпрыкметак па адным пакідаць краму. І калі амаль нікога не засталося, прастадушны і шчыры Прымак засмяяўся.

— Сілё-он!.. Ні слова не сказаў і ўсіх разагнаў. У цябе, Вася, як у суровага свёкра...

Ладынін нахмурыўся.

З крамы вышлі разам. Па гасцінцу пайшлі ўніз, паўз школу і больніцу да рэчкі.

У апошні час яны прагульваліся тут удвух часта — вельмі зручнае месца для задушэўных, шчырых размоў. Цяпер-жа доўга ішлі моўчкі.

Зноў у паветры кружыліся рэдкія сухія сняжынкі, пушыстымі цёплымі зоркамі садзіліся на рукі і ўмомант раставалі. Неба захутала суцэльная нерухомая хмара. Здавалася, што ў паветра нехапае сілы зрушыць яе.

— Што гэта ты людзей разагнаў? — спытаў урэшце Ладынін.

— Я? Я слова не вымавіў.

— А людзі разышліся.

— Значыцца, пара было разнесціся.

— Ды не. Праз цябе.

— Што-ж, спалохаліся мяне ці што? Збіраюцца-ж ў маёй хаце штовечар і, здаецца, ніхто не баіцца.

— Тут ведалі, што ты супраць гэтых збораў.

— І правільна.

— Па-першае, я не лічу гэта правільным. Каму якая справа, дзе людзі збіраюцца пагутарыць, пажартаваць? Але самае галоўнае, што мяне хвалюе: чаму разышліся? Прысутнічаю я, стары чалавек, урач — і нічога. А з табою-ж звычайна ўсе калгаснікі на «ты»... І раптам, твая маўклівая прысутнасць прымушае іх, нібы вучняў, разбегчыся. Што гэта: найвялікшая павага ці што іншае? Вось над чым я задумаўся.

Васіль іранічна ўсміхнуўся.

Ладынін хвіліну ішоў моўчкі. Яны абышлі лужыну з пабітым белым лёдам і, не згаварваючыся, звярнулі з гасцінца на вузкую дарожку, што паўз сад вяла ў поле.

— Ты не ўсміхайся. Гэта вельмі сур'ёзна. Я назіраў у апошні час за табой, і ў мяне з'яўлялася думка аб тых добрых кіраўніках, якія, ап'янелыя ад поспехаў, ад павагі да іх, раптам пачынаюць адрывацца ад людзей, станавіцца над імі і кіраваць з большай вышыні, чым ім належыць.

— Не бойцеся, Ігнат Андрэевіч, я такім кіраўніком не буду.

— Прыемная ўпэўненасць. Але давай будзем самакрытычнымі. Скажу шчыра: мне не зусім падабаецца празмерная настойлівасць тваіх выступленняў на сходах — што-б людзі ні гаварылі, а ты сваё... А нарады, якія ты даеш брыгадзірам? Яны робяцца падобнымі на ваенныя загады...

Васіль адчуў, як моцна застукала сэрца, гарачай хваляй хлынула да твара кроў. Словы Ігната Андрэевіча спалохалі яго. Увесь час яго толькі хвалілі, ставілі ў прыклад. І раптам такі папрок ад чалавека, якога ён вельмі любіў і паважаў, якому нельга не верыць.

Ладынін пачакаў пярэчанняў з боку Васіля і, не дачакаўшыся, зразумеў, што ўразіў яго надзвычай моцна.

— Ты прабач... я проста папярэджваю. Чалавек ты з розумам цвярозым, самакрытычным і ўсё зразумееш. Прасачы за сабой... Усе прызнаюць, што твая сіла ў шчыльнай сувязі з калектывам. Але я пачынаю баяцца, што гэтая сувязь у цябе можа стаць аднабокай. Ты калектыву звычайна стараешся паднесці ўсё ў гатовым выглядзе... У гэтым таксама ёсць небяспека... Падумай...

Васіль задумаўся. Не, і зараз ён не мог не паверыць гэтаму спрактыкаванаму чалавеку, старому большэвіку! Без падстаў ён не мог так гаварыць. Аднак прыняць усё, што ён сказаў, было цяжка. Васіль адчуваў, што яму давядзецца нямала падумаць, каб разабрацца ва ўсім гэтым...

— Я чаму пра гэта?.. Вось гаворым аб агітацыі за электрастанцыю, аб перадвыбарчай... Наогул аб агітацыі. І ты разумееш, што мы з табой абавязаны быць першымі агітатарамі. Мы павінны ўмець агітаваць не толькі на сходах, але ўсюды — у краме, на дварэ, у хаце... А калі ад нас будуць разбягацца людзі... што атрымаецца?

Ладынін хвіліну памаўчаў, потым прапанаваў:

— Ведаеш што? Вазьмі на сябе кіраўніцтва агітацыйнай групай у Дабрадзееўцы?

— Я? А Мяцельскі?

— Мяцельскага, яго жонку і Ліду я перакінуў у Лядцы. Там, брат, непачаты край.

— Цяжка мне будзе, Ігнат Андрэевіч!

— Нялёгка. Але затое карысна і для справы і для цябе. Будзеш і ты шукаць людзей, а то ты палюбіў, каб толькі цябе шукалі.


19...


Васіль ведаў: карысці калгасу будзе нямнога, калі агранамію будзе вывучаць адзін ён. Каб падняць гаспадарку, павысіць ураджайнасць, трэба ўзброіць ведамі для пачатку хаця-б сваіх бліжэйшых памочнікаў: брыгадзіраў, звеннявых, загадчыка фермы, членаў праўлення. Таму, як толькі закончыліся палявыя работы, ён узяўся за арганізацыю такой вучобы. Сваю школу ён назваў сціпла: агранамічны гурток. Але сваіх памочнікаў ён абавязаў рэгулярна наведваць заняткі гэтага гуртка. Спачатку гэта выклікала маўклівае супраціўленне з боку асобных актывістаў. Нехта нават тайком паскардзіўся ў раён, абвінаваціўшы старшыню ў насаджэнні ваеннай дысцыпліны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Дапамагла яму ў гэтым раённая газета. Рэдактар яе Прыпецень пабыў на адных занятках і распісаў добры пачын дабрадзееўцаў на цэлую паласу сваёй газеты. Потым прышоў на дапамогу Ладынін. Ігнат Андрэевіч параіў пашырыць праграму і сам пачаў чытаць слухачам лекцыі па статуту сельскагаспадарчай арцелі, па міжнароднай палітыцы і аб вопыце перадавікоў калгаснай гаспадаркі. Сціплы гурток ператварыўся ў сапраўдную агранамічную школу. Слава аб ім прайшла па раёну. Старшыня калгаса «Перамога», з суседняга сельсовета, Дзяргай, сам часта прыязджаў на заняткі і рашэннем праўлення абавязаў двух сваіх брыгадзіраў рэгулярна наведваць іх. З «Зоркі» прыходзілі дзве сястры Дудко, Ліза і Вера, хоць старшыня іх, Піліп Раднік, адносіўся да вучобы скептычна. З «Партызана» заняткі наведвалі чатыры дзяўчыны на чале з Машай Кацуба. Людзей набралася больш, чым Васіль спачатку меркаваў, А добрага спецыяліста-агранома не было. Покуль што ён спраўляўся сам. Але ўсё часцей і часцей слухачы пачалі задаваць такія пытанні, на якія яму, не звярнуўшыся да літаратуры, адказаць было цяжка. Спроба дамовіцца з участковым аграномам нічога не дала. Аграном быў стары практык, але чалавек без аўтарытэта, у калгасах яго не любілі за яго паводзіны ў часе акупацыі. Таму, як толькі Васіль даведаўся, што да іх назначаецца новы ўчастковы аграном, адразу-ж паехаў у раён і сустрэўся з ім.

Павел Паўлавіч Шышкоў — амаль аднагодак Лазавенкі. На вайну ён пайшоў з другога курса сельскагаспадарчага інстытута. Страціўшы на вайне левую руку, ён вярнуўся назад у інстытут і скончыў яго.

Яны спадабаліся адзін аднаму з першага знаёмства, і Васілю без асаблівай цяжкасці ўдалося сагітаваць Шышкова пасяліцца ў яго калгасе. Кватэры яму ён не стаў шукаць, а пасяліў у сваім доме ў той-жа бакоўцы, дзе стаяў і яго ложак.

За тры дні яны сталі сябрамі і ведалі адзін аб адным больш, чым, напрыклад, ведалі аб Васілю людзі, якія пражылі разам з ім амаль усё жыццё. Размовы іх у гэтыя першыя дні зацягваліся да пяці-шасці гадзін раніцы. Толькі пачуўшы рыпенне калодзежнага жураўля, яны схамяналіся і, дакараючы адзін аднаго, лажыліся спаць.

... Слухачоў набралася многа. Больш чым на любых папярэдніх занятках. Прышлі нават тыя, што раней ніколі не прысутнічалі. Асабліва многа было дзяўчат. Васіль разумеў: многіх прыцягнула сюды простая дзявочая цікаўнасць — пабачыць зблізу і паслухаць маладога агранома. «Толькі пра хлопцаў і думаюць», — але ў душы быў рад такой мнагалюднай аўдыторыі. Здзівіла яго ў той вечар нечаканае сяброўства Машы і Насці: яны сядзелі побач і мірна гутарылі. Ды і не аднаго яго гэта здзівіла. Ён бачыў, як шэпчуцца дзяўчаты, кідаючы на іх насмешлівыя позіркі.

Ён разумеў, чым выклікана змена ў адносінах Насці да Машы, і злаваўся.

«Дурніца, зноў, відаць, спадзяецца! Ліха ведае, што за дзяўчына!»

... Дзіўныя адносіны былі паміж імі. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсовет. Гібкая, з чорнымі брывямі на белым, з тонкімі пяшчотнымі рысамі твары, з рудаватай, але прыгожай доўгай касой, — яна закружыла галаву не аднаму хлопцу. Яшчэ калі ёй было ўсяго шаснаццаць год, і яна толькі што скончыла сямігодку, да яе сватаўся настаўнік. Пасля вызвалення ў Дабрадзееўцы доўгі час стаяў на адпачынку артылерыйскі полк. Дык амаль усе маладыя афіцэры былі закаханы ў яе. А адзін маёр сватаўся па ўсіх правілах, да бацькоў прыходзіў. Насця смяялася, жартавала, не аднаму паабяцала чакаць. Але, калі полк выехаў, і яе пачалі засыпаць лістамі, яна не адказала ні на адзін ліст. А раптам сама першая пачала пісаць Васілю Лазавенку, які ў той час ляжаў у шпіталі. Яна была гады на чатыры маладзей за яго, і да вайны яны, мабыць, ні разу нават не пагутарылі па сур'ёзнаму. Хіба так калі, выпадкова, ён перакідваўся словамі з вясёлай дзяўчынкай. Таму перапіска гэтая здзівіла яе сябровак. Толькі старыя жанчыны ўхвалілі яе.

— Насцю не правядзеш. Кавалеры гэтыя былі, ды і няма іх. А гэта — свой чалавек.

Два гады янэ бамбардыравала здзіўленага Васіля супярэчлівымі лістамі: то жартаўлівымі, то пяшчотнымі, то дакорлівымі, — «са слязою». Ён адказваў стрымана. А прыехаўшы і пачуўшы, што ўсе, у тым ліку і бацькі іх, лічаць яго Насціным жаніхом, шчыра сказаў ёй: «— Не магу крывіць душой, Насця. Не знайшлося ў маім сэрцы месца для цябе і не веру я, што ў цябе гэта сур'ёзна. У цябе проста нейкая забава, а не каханне.

Страшэнна абразіла Насцю гэтае прызнанне.

Пасля гэтага яна нават унікала сустрэч з ім адзін на адзін. А спаткаўшы Машу, праз зубы выцадзіла:

— Ненавіжу цябе ўсёй сваёй душой. Ты стаіш у мяне на дарозе.

Яе адносіны да Машы змяніліся з прыездам Максіма.

... Аграном расказваў пра значэнне севазвароту. Гэтую тэму не раз кранаў і Васіль. Але розніца пам:ж іх лекцыямі была відавочная. Павел Паўлавіч пачаў, праўда, крыху здалёк, але падвёў да галоўнага ўдала, умела. Гаварыў ён проста, цікава, з шматлікімі прыкладамі і нават жартамі. І ўся яго постаць, уся манера трымацца выяўляла ў ім здольнага дакладчыка і педагога. Ён спакойна хадзіў каля стала, то набліжаючыся да пярэдняга раду слухачоў, то адыходзячы да сцяны, на якой вісеў схематычны план зямель аднаго з калгасаў, у якім севазвароты былі ўжо асвоены. У руцэ — запэцканая чарнілам лінейка. Ён зрэдку ўзмахваў ёю, лёгка стукаў па халяве бота, ці, раптам павярнуўшыся, праводзіў лінейкай па плану. Потым, не скончыўшы сказа, звярнуўся да слухачоў, з маўклівым запытаннем: — А як па-вашаму? Так паступова ён ператвараў лекцыю ў жывую гутарку, уцягваючы ў яе амаль усіх слухачоў. І сам захапіўся: яго бледны твар расчырванеўся, вочы загарэліся.

Васіль і зайздросціў Шышкову за ўменне так добра, дакладна расказваць і ў думках дакараў за тое, што ён яўна крыху пазіруе.

На сцяне замест плана чужога калгаса з'явіўся план зямель «Волі». Сінімі лініямі былі паказаны межы палёў дзевяціпольнага севазвароту.

— Тое, што вы зрабілі ў гэтую восень, дапаможа калгасу без асаблівых цяжкасцей асвоіць севазварот,— Шышкоў гаварыў і канцом лінейкі абводзіў палі ў самым далёкім кутку плана.

Нехта з старых прамовіў.

— Воўчае поле.

Так называлася гэтае ўрочышча — ладны кавалак зямлі, гектараў восемдзесят. Было да яго ад вёскі добрых кілометры чатыры, а магчыма што і з гакам, як гаварылі старыя. З незапомных часоў далі людзі гэтаму полю такую назву. Большасць яго да калгаса пуставала, бо ў Дабрадзееўцы не было недахопу ў зямлі. Пасля арганізацыі калгаса яго засявалі, але з неахвотай, наперад ведаючы, што ўраджай на ім будзе нізкі. Толькі ў апошнія гады перад вайной, калі ў калгасе па сур'ёзнаму заняліся севазваротамі, на яго пачалі глядзець, як на ўсе іншыя палі. У той год, калі пачалася вайна, увесь гэты кавалак зямлі быў засеян шматгадовымі травамі. Безумоўна, у час фашысцкай акупацыі ніхто з сялян і не падумаў сеяць у такой далечы, бо і каля самай вёскі зямля пуставала. У першыя гады пасля вызвалення ў калгасе таксама нехапала сілы падняць гэты далёкі заляжалы дзірван.

З гэтага травянога поля Лазавенка і рашыў пачаць навуковае земляробства. Ён дамовіўся з МТС узараць гэтае поле ўвосень з перадплужнікамі. МТС лічылася адной з перадавых у вобласці. Не гледзячы на недахоп трактараў, яна ўжо два гады ўзапар перавыконвала план работ, але араць гэтыя восемдзесят гектараў з перадплужнікамі дырэктар згадзіўся толькі пасля сур'ёзнай размовы ў райкоме. Ён нібы адчуваў, што гэты дзірван стане для станцыі і асабіста для яго пробным каменем.

Араць пачалі ў прысутнасці брыгадзіра трактарнай брыгады і Васіля. Усё ішло добра, але як толькі Васіль адышоў, схаваўся ў хвойніку, перадплужнікі набылі выгляд сродкаў супроцьпаветранай абароны. Васілю пра ўсё расказаў пастух.

Ніколі і нішто не абурыла Лазавенку так, як гэтае ашуканства. Брыгадзіра, свайго школьнага сябра, аднавяскоўца і нават родзіча Фёдара Лазавенку ён патрабаваў аддаць пад суд. Суда той унікнуў, але з работы былі зволены і ён і трактарыст. Дырэктара МТС Крыловіча слухалі на бюро абкома і запісалі вымову. Цяпер узаранае поле ляжала чорным, хвалістым застыглым возерам, чакала вясны.

... Шышкоў гаварыў аб ролі брыгад у асваенні севазвароту. і раптам Насця перапыніла яго. Яна спытала грубавата з яўным выклікам:

— Што гэта ў вас, брыгада ды брыгада? А звяно дзе?

Шышкоў схамянуўся ад нечаканага запытання і ад праніклівага насмешлівага позірку яе прыгожых вачэй.

— Звяно? Якое звяно?

— Якое! — яна засмяялася, пераможна агледзеўшы дзяўчат. — Наша звяно.

— Ах, ва-аша! — жартаўліва працягнуў ён. — Што-ж вы прапануеце? Замацаваць за вашымі звеннямі палі ў севазвароце?

— Я ў вас пытаюся, а не прапаную, — усмешка знікла з яе твару, яна нахмурылася. — Вы — аграном.

— Дык вось, як аграном, скажу вам па шчырасці: саматужніцтва, з якім працуюць зараз звенні, не толькі не дапаможа, але будзе перашкаджаць нам асвоіць травапольны севазварот.

— Вось як!

Насця паднялася, на шчоках у яе з'явіліся непрыгожыя пунцаватыя плямы.

— Значыцца, вы супраць звенняў?

Шышкоў таксама адчуў, што чырванее. Ён ведаў, што пасля ранення ў яго незаўсёды хапала сілы заціснуць у кулак свае нервы, і насцярожыўся, прыслухоўваючыся да штуршкоў пульса на шыі. Але напружанасць раптам знікла. Ён збянтэжыўся пад яе позіркам.

— Я ведаю, куды вы гнеце. Я чула вашу размову раней. Толькі не выйдзе ў вас нічога! Звяна свайго я вам не дам чапаць. А настаўнікаў такіх мне не трэба!

Яна сарвала вялікую шарсцяную хустку з пляча, накінула на галаву, махнуўшы ёй так, што хліпнула лямпа, і дэманстратыўна вышла.

— Не дзеўка, а агонь, — заўважыў хтосьці са старых.

— Яна? — спытаў Шышкоў, калі ў час перапынку яны з Васілём зайшлі ў бакоўку.

— Яна.

Аграном засмяяўся.

— Здзіўляюся, як ты вытрымаў націск такой дзяўчыны. Ведаеш, адны вочы чаго варты! Глянула — нібы аўтаматнай чаргой прашыла.

За перагародкай смяялася, шумела моладзь, працаваў прыёмнік, заглушаючы размову гучнай музыкай.

— Будуць табе вочы! Яна цяпер такі тарарам падыме! Дзе яна магла падслухаць нашу размову?

— І ты спалохаўся?

— Я не з ліку палахлівых... Але, сапраўды, не перагнуць-бы нам з табой. Мне здаецца, рана яшчэ падымаць гэтае пытанне.

— А мы яго не будзем падымаць. Яго падыме жыццё.


20...


Аднойчы ў час заняткаў разгулялася завіруха. Вецер завыў у коміне, застукаў акяніцамі, па шыбах пасыпаўся сухі снег.

Заняткі скончылі раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. У хаце хутка апусцела. З моладзі адна Маша, не спяшаючыся, задумліва хуталася ў хустку, разглядаючы на сцяне новы агранамічны плакат. У гэты вечар яна была чамусьці адна. Васіль падышоў да яе, спытаў:

— Ты адна?

— Як бачыш. Алёна хворая, у Рашы карова павінна цяліцца на ферме. Да Дуні жаніх прыехаў.

Васілю не спадабалася, што прыезд жаніха Маша лічыць прычынай, каб не наведваць заняткі, але ён ветліва змаўчаў. Аглянуўшыся на Шышкова, ён ціха прапанаваў:

— Чакай. Я правяду цябе.

Сумная ўсмешка — такая, што кранула Васіля за сэрца, скрывіла яе вусны. Але адказала яна ціха, мякка, ласкава:

— Не трэба, Вася. Я сама, — і дакранулася да яго рукі.

— Не, не! Што ты!

На вуліцы, каля палісаднікаў, ужо ляжалі касыя сумёты. Ісці было цяжка, і яны, покуль ішлі па вуліцы, маўчалі. Але ў полі дарогі не перамятала, снег нясло ўздоўж няспыннай сыпучай плынню і нямаведама, дзе ён затрымліваўся. Не шумелі, а, здавалася, гудзелі, трывожна, жалобна, ад бязлітасных удараў ветру старыя сухаверхія бярозавыя прысады.

Яны пайшлі побач, не кранаючыся адзін аднаго. Васіль сказаў, каб пачаць размову:

— Дарэмна вы адразу не наладзілі снегазатрымання. Бачыш, колькі вільгаці зносіць.

Маша не адказала і ўздыхнула.

Праз некалькі крокаў ён спытаў:

— Як табе падабаецца аграном?

— Нічога. Толькі, здаецца мне, крыху задаецца.

— Ну, што ты! Рысуецца, справа іншая. Але гэта ад маладосці. А так — хлопец разумны.

— А што ён на звенні нападае?

— Не падабаецца яму арганізацыя работы нашых звенняў. Гаворыць, пры такім саматужніцтве ні травапольны севазварот нельга асвоіць, ні, як належыць, механізаваць палявыя работы.

— А ты як думаеш?

— Ведаеш, шмат у яго разважаннях слушнага.

Маша зноў змаўчала. Гэта насцярожыла Васіля, і ён зусім неспадзявана для яе раптам спытаў:

— Слухай, Маша, што за недарэчнасць у вас з Максімам?

Маша ажно ўздрыганула ад нечаканасці. Даўно хацелася ёй расказаць пра свае душэўныя пакуты чалавеку сур'ёзнаму, разумнаму, які зразумеў-бы ўсё з поўслова і не паспачуваў-бы — не! — больш за ўсё яна баялася слязлівага спачування, — а сказаў-бы што-небудзь простае і бадзёрае, магчыма, даў-бы добрую, разумную параду. Дагэтуль яна гаварыла пра свае пачуцці толькі з Алесяй. Але малодшая сястра адносілася да яе перажыванняў па-юнацку легкадумна: то абуралася і сыпала на галаву Максі ма праклёны (а Машы было прыкра і балюча слухаць, што яго лаюць), то раптам гаварыла:

— Плюнь ты на яго. Ці мала добрых людзей? Свет клінам на ім сышоўся, ці што?

Плюнь! Лёгка параіць гэта другому! А калі яна, нават і пасля таго, як ён абразіў яе, сэрцам адчувае, што не можа не кахаць яго. Як складана ўсё ў жыцці!

Таму, як толькі Васіль спытаў, яна адразу падумала: «Вось каму... Ён адзін зразумее», — і лёгка і проста пачала расказваць.

Васіль слухаў моўчкі... Толькі, калі яна расказала, як Максім груба абразіў яе, ціха вылаяўся:

— Дур-рань.

Калі ён хваляваўся, то пачынаў прыкметна картавіць.

— Ты разумееш, як гэта цяжка страціць веру ў чалавека. Для мяне ён заўсёды быў самым добрым, разумным, чулым. Я ведала, што ён гарачы, нястрыманы. Але, можа, за гэта я і пакахала яго. І цяпер... Я не ведаю, як думаць пра яго цяпер, — яна памаўчала, потым шчыра прызналася: — А наогул цяжка, Вася. Проста на сэрцы гарыць. Шэсць год... Шэсць год я жыла марамі аб простым чалавечым шчасці — аб сям'і. Яшчэ зусім нядаўна, помню, марыла... — відаць, на нейкі кароткі момант забыўшыся, яна шчасліва засмяялася. — Бачыш, якія крамольныя думкі былі ў сакратара комсамольскай арганізацыі.

Яна засаромілася: як гэта яна ні з таго, ні з сяго выказала яму ўсё тое, што хавала нават ад Алесі?

Васіль доўга маўчаў, і Маша з незразумелай баязлівасцю чакала, што ён скажа.

— Ведаеш што?.. Я пагавару з ім.

— Ты? — яна падумала. — Не трэба, Вася. Што ён зноў падумае пасля гэтага?

— Ну, калі ён сапраўды страціў усю сумленнасць, тады, вядома... Я пагавару з ім, як комуніст з комуністам...

Ісці назад было цяжка.

Снег залепліваў вочы. Дарога, якая зусім нядаўна здавалася роўнай і цвёрдай — хоць каціся па ёй, цяпер была ўся ў касых сумётах. Ногі коўзаліся па сухім спрасаваным снезе.

Васіль насунуў вушанку на вочы і ішоў, гледзячы пад ногі. Ён думаў пра Машу і адчуваў, як у душы расце злосць на Максіма. Ён не заўважаў, што досыць гучна лаецца, падмацоўваючы словы энергічнымі жэстамі рук.

— Певень фанабэрысты! Адрасціў вусы, як паўлін хвост (яму яшчэ пры першай сустрэчы не спадабаліся Максімавы вусы), а ў галаве пуста. Завошта абражаеш дзяўчыну, вар'ят ты гэткі? Ты яе падэшвы не варты. Думаеш, усе такія, як ты. Чакай, я пагавару з табой...

Я дабяруся... І ў імя нашай дружбы... будучай, калі ты станеш чалавекам... я табе ўпраўлю мазгі так...

Раптам яму здалося, што ён збіўся з дарогі, ён хутка падняў галаву і ад нечаканасці ажно адхіснуўся. Літаральна за крок перад ім стаяў чалавек. Васіль яшчэ больш здзівіўся, калі пазнаў Максіма. Той нахіліўся да яго, заглянуў у твар і засмяяўся страшна, непрыемным смехам.

— А-а, шчаслівы закаханы! Правёў? Што-ж начаваць не застаўся?

Васілю здалося, што нехта схапіў яго за горла, ёгі глытануў марознае паветра так, што кроў застукала ў скроні.

Голас Максіма з насмешлівага стаў злосным:

— Свіння ты, а не друг.

Пасля гэтых яго слоў у Васіля неяк адразу адлягло ад сэрца.

— А ты — дурань.

— Вы — разумнікі тут, маць вашу... Прарокі дамарошчаныя! — і, лаючыся, ён абмінуў Васіля і шпарка пайшоў сваёй дарогай. Дарэмна Васіль спрабаваў яго спыніць.

— Максім! Пачакай... Давай пагаворым сур'ёзна.

Праз хвіліну цемра і завіруха праглынулі яго постаць.

«Як недарэчна атрымалася. Сапраўды, зноў мае падставы падумаць ліха ведае што. Галоўнае — пра Машу. Трэба заўтра-ж сустрэцца і ўсё растлумачыць. Аднак які певень! Вось яны якія жывучыя, перажыткі...»

А «пакрыўджаны», «абражаны» Максім у гэты момант ішоў і насвістваў вясёлы матыў. Уся яго лаянка, абурэнне былі нічым іншым, як кароткай успышкай і нават крыху пазёрствам. Праўда, у грудзях варушылася лянівая рэўнасць, закранутае самалюбства. Але зверху над усім гэтым былі прыемныя ўспаміны аб вечары, які ён правёў у доктара.


21...


У гарачыя летнія дні, калі, часам, цяжка выкраіць час пачытаць газету, Лазавенка часта думаў: зімой возьме месяц адпачынку, даручыўшы кіраўніцтва намесніку, зачыніцца і будзе па-сур'ёзнаму займацца вучобай, будзе чытаць дзень і ноч, каб за месяц прачытаць столькі, колькі належыць прачытаць за год.

Вучобай ён заняўся сапраўды сур'ёзна. А з намеру ўзяць адпачынак сам жартаваў: работы і зімою было не менш, чым улетку.

Ішло будаўніцтва. Будавалі адразу некалькі хат, свіран і клуб. Яшчэ часам на небасхіле можна было адшукаць зорку, над хатамі толькі што пачыналі падымацца ў марозную сінь неба слупы дыму, а ўжо ва ўсіх канцах Дабрадзееўкі стукалі, нібы дзятлы, сякеры, звінелі пілы. На прытаптаны снег ляцелі жоўтыя трэскі. Гаспадыні выходзілі і збіралі іх на падпалку.

Васіль абходзіў будоўлі. Пад нагамі рыпеў снег. Звінелі галасы вучняў. Дзеці ніколі не праміналі вялікага няскончанага зруба, які нагадваў літару Г. У чатырох яго аддзяленнях, перагароджаных капітальнымі сценамі, вельмі зручна было гуляць у схованкі.

Васіль глядзеў і ўсміхаўся.

«Для іх клуб ужо існуе».

Ён сам часцей, чым другія, наведваў гэтую вялікую будоўлю, якая ў апошні час стаяла мёртвай — нехапала цесляроў, хоць ён і паставіў на будаўніцтва кожнага, хто толькі быў здатны трымаць сякеру.

Па Васілёвай ініцыятыве клуб пачалі, як народную будоўлю. Арганізоўвалі нядзельнікі. На першыя — вышлі комсамольцы, моладзь, потым паступова ўцягнуліся ўсе: паважныя гаспадары, якія ў пачатку аднесліся да гэтай задумы з насмешкай, жанчыны, настаўнікі. Усё ішло добра, покуль трэба было выконваць агульныя работы, якія не патрабавалі рук майстра, — секчы і вывозіць лес, адпушчаны дзяржавай, падрыхтаваць пляцоўку, выкапаць катлаван для падмурка, прывезці цэглу і гліну. Але калі дайшлі да галоўнага — зрубіць і аддзелам, вось тут і выявілася, што нестае сіл. Нельга было спыніць будаўніцтва дамоў для калгаснікаў, памяшканняў для жывёлы. Аднак і клуб ніяк нельга было аднесці да ліку другарадных збудаванняў — Васіль гэта добра разумеў. Клуб патрэбны быў не толькі адной «Волі»; у цэнтры сельсовета ён быў патрэбны ўсім чатыром калгасам. Таму Васіль цераз сельвыканком зрабіў спробу папрасіць дапамогі ў суседзяў. Піліп Раднік, «хітры мужычок», як яго называлі, многазначна ўсміхаўся і заўсёды абяцаў:

— Падтрымліваю душой і сэрцам. Але, братка Васіль Мінавіч, трэба падумаць. Трэба параіцца з членамі праўлення. Справа сур'ёзная.

Васіль злаваўся, ведаючы, што гэты самы Раднік, які выстаўляе сябе такім абаронцам прынцыпу калгаснай дэмакратыі, часам па два месяцы не склікае праўлення і калгасам кіруе, як дырэктар.

Шаройка адказваў больш шчыра:

— Нашым людзям у ваш клуб хадзіць не з рукі, дорага абутак будзе каштаваць.

Васіль штодзень падоўгу прастойваў перад няскончаным зрубам. Дзе ўзяць сродкі, каб наняць цесляроў? Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што ідэя хутчэй скончыць клуб не мела падтрымкі ў членаў праўлення. Яны не прынялі прапанову Ладыніна ўзяць крэдыт.

— Не будзем браць, Ігнат Андрэевіч, — адразу запярэчыў Міхей Вячэра. — І так, дзякуй дзяржаве, усю вёску ў крэдыт адбудавалі. А я так думаю, што дзяржава — не бяздонная бочка. Ды і нам... Браць яно, ведаеце, лягчэй, чым аддаваць.

— Не па сваёй сіле пачалі. Не разлічылі, — каротка, як заўсёды, уставіў брыгадзір будаўнічай брыгады Іван Гоман. — Гэтакую махіну на такенькі калгас! Можна было-б і пачакаць.

Васіль узлаваўся. Яго проста абуралі размовы аб тым, што клуб не па калгасу вялікі і дарагі, што на першы выпадак хапіла-б якой-небудзь звычайнай прасторнай хаты.

— Праз якія два-тры гады ён малы будзе, не толькі што... І самі вы будзеце прасіць будаваць большы, бо сорамна перад суседзямі стане. Будзем будаваць!

Члены праўлення ўжо добра ведалі свайго старшыню, яго настойлівасць, і супраціўленне іх было пасіўнае. Але іменна гэтая пасіўнасць і абурала Васіля. Няхай-бы лепш яны спрачаліся, даказвалі, як гэта яны часта рабілі, калі размова ішла пра гаспадарчыя пабудовы.

Недалёка ад клуба, насупраць урачэбнага пункта, хутка вырастала новая будыніна. Старшыня сельпо Гольдзін нарэшце выканаў сваё абяцанне пайшчыкам: прывёз гатовы зруб пад сельмаг. На пабудове яго працавала сталая брыгада цесляроў райспажыўсаюза.

Васіль з зайздрасцю паглядаў на гэтую ладную — шэсць чалавек! — групу добрых майстроў. Эх, яму-б зараз такую брыгаду! У яго ўжо не раз мільгала «крамольная» думка — сагітаваць Гольдзіна і брыгадзіра адарвацца дзён на пяць ад сельмага і папрацаваць у калгасе — падагнаць канцы. Ён ведаў: у раёне за гэта не пагладзяць па галаве ні яго, ні Гольдзіна. Ну, і няхай! Але затое, як было-б добра да дня выбараў скончыць усе тры хаты, у якіх яшчэ да маразоў зрабілі печы, і ўсяліць людзей.

Каля сельмага Васіль штораніцы сустракаў Гольдзіна. Той мітусіўся сярод рабочых, спрабаваў што-колечы дапамагчы ім, але, відаць, больш перашкаджаў. Убачыўшы Васіля, ён здалёк шумна вітаўся і ішоў насустрач з нязменным пытаннем-воклічам:

— Будуем, Васіль Мінавіч?

— Хто будуе, а хто глядзіць, — хмура адказваў Васіль, у якога, калі ён глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой.

Гольдзін разумеў пачуцці старшыні калгаса і няшчыра ўздыхнуў, хоць душа яго ў гэты момант спявала. Каб ён не так баяўся Васіля, ён пэўна сказаў-бы: «А ці даўно быў той час, Васіль Мінавіч, калі ты штодзень смяяўся над маімі тэмпамі?» Але ён вельмі паважаў гэтага надзвычай сур'ёзнага маладога чалавека (Васіль быў год на пятнаццаць маладзейшы за Гольдзіна). І яму ўвесь час хацелася рабіць старшыні калгаса толькі прыемнае.

Аднойчы, калі Васіль ад магазіна рушыў на калгасны двор, дзе будаваўся прыёмнік-цялятнік, Гольдзін дагнаў яго:

— Слухай, Васіль, што я табе скажу? Скончым магазін — перакінем брыгаду на клуб. Толькі, каб гэта было шыта-крыта. Не дай божа даведаецца мой начальнік!..

Васіль не стрымаў усмешкі.

— А калі гэта будзе? Праз год?

— Даю адсекчы галаву — праз месяц.

Многа спраў у старшыні калгаса. А зімні дзень кароткі.

Будоўлі трэба наведаць з самай раніцы яшчэ і таму, што цесляры маюць прывычку выходзіць на работу са спазненнем. А прыдзеш туды, у хату ці ў цялятнік, дзе прыемна пахне смольнай стружкай, на збудаваным пасярод цагляным падмурку гарыць агонь, і з'яўляецца звычайнае чалавечае жаданне: пасядзець, пакурыць, пагутарыць. Але дома ўжо чакаюць брыгадзіры — трэба даваць нарад. Добра, што канцылярыя ў яго доме: маці не выпусціць, покуль не паснедаеш.

А там — пабыць у кузні, у свірне, дзе сартыруюць насенне, праверыць, як брыгадзіры падрыхтавалі брыгаду ў лес, наведацца ў поле, паглядзець, як выконваюцца ўказанні агранома аб пабудове снегазатрымальных загарожаў.

У полі — холадна. Вецер усходні, калючы. Пазёмка. Рухаецца ўся снежная роўнядзь, цячэ, нібы ўспененая рака. Але шум, які ўтвараецца гэтай няспыннай плынню сухога снегу, своеасаблівы: ледзь чутны, музычны.

Васіль звярнуў з бальшака і пайшоў наўпрасцяк. Снег быў неглыбокі, няроўны, ляжаў грабеністымі дзюнамі. Сляды хутка запаўняліся снежным пылам.

«Мала снегу, мала», — думаў Васіль.

Ён падышоў да маладога бярэзніку. Тут снегу значна больш. У глыбіні ляску зусім зацішна. Толькі звіняць наскрозь прамерзлыя, застыглыя галінкі бяроз.

Ісці было цяжкавата, горача. Але якраз у гэтым і была асалода такой прагулкі. Лёгка ўзнікалі нечаканыя, добрыя думкі, трапныя гаспадарчыя рашэнні. А часам з'яўлялася жаданне заспяваць, але не вядомую песню, а сваю, якая расказвала адразу аб усім: аб бязмежжы снягоў, аб гэтых беленькіх маладых бярозках, аб слядах, якія раптоўна трапіліся на вочы, аб сваім настроі, можа, нават аб сваім каханні...

Добра і памарыць аднаму ў полі. Аб будучым. Аб сваім і будучым калгаса, аб будучым усёй краіны. Такія мары немагчыма адарваць адна ад адной.

Ён цвёрда ўпэўнены: недалёка той час, калі комунізм стане явай. Васіль не раз задумваўся над тым, як гэта будзе праходзіць у іх калгасе.

«У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго-б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў укругавую. Потым з года ў год павышаць, каб да канца пяцігодкі — па дваццаць... Адначасова заняцца трэба фермамі».

Ён успомніў словы Сталіна, якія перад гэтым чытаў, рыхтуючыся да заняткаў:

«Будучая сельскагаспадарчая комуна ўзнікне тады, калі на палях і ў фермах арцелі будзе дастатак зерня, жывёлы, птушкі, гародніны і ўсялякіх іншых прадуктаў, калі пры арцелях завядуцпа механізаваныя пральні, сучасныя кухні — сталоўкі, хлебазаводы...».

«Вось так, па гэтаму плану. Вядома, усё гэта патрабуе вялікага будаўніцтва. За электрастанцыяй — радыёвузел, потым элеватар, электрыфікаваныя канюшні і кароўнікі. На полі — поўная механізацыя. Каб не адзін трактар фырчэў, а цэлая трактарная брыгада працавала, камбайны... — і раптам уся гэта радасная гармонія думак парушаецца пытаннем, якое разам з іншымі пытаннямі (аб звеннях, аб рабочай сіле) узнікае не ўпершыню: — На чатырохстах гектарах ворыўнай зямлі?».

Так, зямлі мала. Паспрабуй на такім кавалку — увядзі ўсе навуковыя севазвароты, выкарыстай усе навейшыя машыны. І людзей мала, каб усё гэта адразу падняць. Будзе не раз яшчэ, як з клубам тым. Але, працы хопіць, адпачываць не прыдаецца...

Васіль раптам спыніўся. Кроў ударыла ў твар. Парубка. Сляды, якія ён заўважыў яшчэ даўно і палічыў за сляды паляўнічага, пачалі пятляць. Далей — у трох месцах вытаптаны снег. І больш нічога. Злодзей сабраў і схаваў нават абцярушаныя галінкі. Але Васіль адразу знайшоў замаскаваны пянёк пад кучкаю снегу, змешанага з пілавіннем.

Каму і на што спатрэбіліся гэтыя тры маладыя бярозкі?

Васіль гучна вылаяўся.

— Знайду — дзесятаму закажа, як секчы.

Столькі ён паваяваў з парубшчыкамі калгаснага лесу. «Ну, ад мяне ты не схаваешся. Прыструню Дончыка — ён цябе з-пад зямлі выкапае», — Іван Дончык быў калгасным лесніком.

За бярэзнікам — адразу поле, пад цёплай коўдрай снегу — пасеў азімага жыта, з якім звязаны лепшыя надзеі на ўраджай будучага года. Але далей ад бярэзніку, на ўзгорку, зямля амаль голая, вятры здзьмуваюць снег у гаёк і на паплавы. Яшчэ да таго, як лягла зіма. Васіль хадзіў тут з Шышковым, і яны распрацавалі сістэму загарожы для снегазатрымання.

І раптам ён убачыў: усе гэтыя загарожы з лазовых плятнёў, з жэрдак і сасновага голля, якое спецыяльна прывезлі з лясніцтва, пастаўлены не там, дзе ім належала стаяць, а ў нізіне, каля самага бярэзніку, дзе снег добра затрымліваўся і без гэтага.

Крыху воддаль працавала група моладзі, пераважна — дзяўчаты. Яны цягнулі загарадзь далей, на ўзгорак. Двое юнакоў на конях падвозілі ім матэрыял. Моладзь працавала хутка, дружна, але шумна: смяяліся, штурхалі адзін аднаго на галлё, у снег.

Васіль не ведаў, каго брыгадзір паслаў сюды. Цяпер, пазнаўшы, адразу зразумеў, у чым справа. Працавала ўсё звяно Насці. Сама яна ў чырвоным кажушку, у белай хустцы здалёк вылучалася сярод дзяўчат і сваёй постаццю і сваёй жвавасцю і спрытам у рабоце.

«Пачакай, чортава лялька!» — ён адчуваў, як расце яго злосць, стукае ў грудзі, у скроні, шукаючы выхаду.

Дзяўчаты ўбачылі яго і прыпынілі работу.

Васіль чуў, як адна з іх, нібы спалохаўшыся, выгукнула:

— Насця! Старшыня!

Звеннявая сустрэла яго неазначальнай усмешкай. Але ў позірку яе быў яўны выклік: пачынай, але ведай, што я за словам у кішэню не палезу. Шчокі яе, абпаленыя марозам, былі чырвоныя, пагрубеўшыя, а лоб — белы-белы, і пад ім яскрава вырысоўваліся нахмураныя чорныя бровы.

— Што гэта такое? — спытаў Васіль яшчэ на хаду, кіўнуўшы галавой назад.

— Добрыя людзі спачатку вітаюцца, Васіль Мінавіч, — Насця пераможна аглянулася на сябровак. Яны маўчалі, з цікавасцю чакаючы паядынку паміж імі.

— Я пытаю, што гэта такое? — ён не прыкмеціў, як павысіў голас.

— Ты сам не бачыш, што гэта такое? — і яе голас задрыжэў таксама.

— Вам брыгадзір расказаў?..

— Расказаў.

— Дык якога чорта!..

Наперад высунулася нізенькая, рудая курносая дзяўчына — Наташа Гоман.

— Вы не лайцеся, таварыш старшыня. А то мы таксама ўмеем лаяцца.

Яна заўсёды, як верны ардынарац, была пры Насці і засланяла яе сабою ад усіх нападаў. Васіль не любіў яе за гэта.

— Вы спачатку разбярыцеся. Там — участак нашага звяна. Мы далі слова на абласной нарадзе. А гэта вам не абы што...

— Значыцца, па-вашаму, на ваш участак трэба ўсё? А на астатняе калгаснае поле...

— Аб астатнім хай другія думаюць! Людзей у калгасе многа.

Новая хваля абурэння захлынула Васіля. Вось яно — тое, аб чым гаварыў Шышкоў: адраджэнне нейкіх своеасаблівых уласніцкіх настрояў. Васіль больш не мог стрымліваць сябе і пачаў абурана крычаць, наступаючы на спалоханую дзяўчыну:

— Хто гэта другія, ты мне скажы? Хрысціна Раднікова ці што? А можа Іван Манах?

Пры напамінку аб прыдуркаватым, фанатычна-рэлігійным аднаасобніку ў таго-сяго бліснулі маладыя жартаўлівыя ўсмешкі. Але большасць дзяўчат глядзелі на Наташу зласліва. Заўважыўшы гэтыя позіркі, Васіль пачаў астываць. Разгубленая Наташа глядзела на Насцю, просячы яе дапамогі. Але тая не зводзіла вачэй з старшыні, у куточках яе вуснаў застыла незразумелая ўсмешка — нібы яна думала аб нечым сваім, запаветным і зусім не чула таго, што ён гаворыць. Потым раптам устрапянулася.

— Хто? Другія звенні. Чаму ты не арганізоўваеш больш звенні? Хочаш заціснуць звеннявую работу? Агранома свайго недапечанага слухаешся? Вышэй за ўсіх узляцець хочаш? Глядзі, галаву зламаєш.

Наіўная пагроза гэтая канчаткова супакоіла Васіля, нават развесяліла. Не адказваючы Насці, ён звярнуўся да ўсіх.

— Вось што, гаварыць будзем увечары на праўленні. Усіх запрашаю. А зараз — за работу. Усё перарабіць, як я пакажу. Без налічэння працадзён за пераробку. Так, так! — рашуча пацвердзіў ён, прыкмеціўшы, як пры апошніх яго словах хто-ні-хто заварушыўся. — Адказным за работу назначаю, — ён абвёў доўгім позіркам групу моладзі і спыніўся на курносым хлапцу ў ватоўцы, падпяразанай флоцкім рамнём, — цябе, Федзя.

Ад Васілёвага позірку не схавалася, як пабялела Насця, як гнеўна раздзьмуліся яе ноздры.

Ён павярнуўся і закрочыў назад, у бок бярэзніку, дзе густа зелянелі загарадзі з сасновых лапак. За ім рушыла ўсё звяно. Толькі звеннявая і яе верны ардынарац засталіся стаяць на месцы, у кругу вытаптанага снегу.

Калі яны ўжо адышлі на значную адлегласць, Насця злосна крыкнула:

— Эй ты, дырэктар! Дойдзеш да лядцоўскага поля, не забудзь на ўчастак сваёй зазнобы!

Больш трапнага, каб дапячы яму, яна, відаць, прыдумаць не магла.

Васіль нават не аглянуўся.

І гэта канчаткова вывела Насцю з стану роўнавагі. Яна зразумела недарэчнасць свайго становішча і, не ведаючы, на кім спагнаць злосць, спагнала яе на Наташы.

— А ты чаго стаіш? Чаго ты стаіш, як пень сярод поля? — яна адчувала, што словы гэтыя больш датычацца яе самой і яшчэ больш злавалася. — Чаго ты, цягаешся за мной як хвост? Ідзі з імі! Ідзі!

Наташа паглядзела на яе спачатку здзіўлена, потым — са злосцю, крутанула галавой і рашуча сказала:

— Ну, і пайду, — і засмяялася: — Камандзір без войска!

Яна пайшла і працавала разам з усімі да вечара, толькі старалася не сустракацца позіркамі са старшынёй.

А Насця кружным шляхам, па паплавах, па глыбокім снезе, ішла да вёскі, кусала хустку і плакала, як дзяўчынка, — наўзрыд.

Васіль амаль да вечара працаваў з моладдзю. Кіраваў, паказваў, дзе і як найлепей паставіць загарадзі, каб больш снегу затрымалася на полі, і сам насіў галлё, жэрдкі. Працавалі дружна, з запалам. Аб тым, што здарылася, не гаварылі. Але старшыня цвёрда намерыўся сур'ёзна пагаварыць пра гэта на паседжанні праўлення, скарыстаць гэты выпадак, каб яшчэ раз ударыць па парушальніках дысцыпліны.


22...


Насця паскардзілася на Васіля ў райвыканкоме, і Бялоў, які ўвесь час падтрымліваў яе, як лепшую звеннявую, сам прыехаў, каб «управіць мазгі» «дабрадзееўскім палітыкам», як ён называў Ладыніна і Лазавенку. На абодвух ён даўно ўжо «вастрыў зуб».

Старшыня райвыканкома ў першую чаргу заехаў у сельсовет.

Байкоў толькі што вярнуўся з свайго чарговага паходу па калгасах, натаміўся і ў душным, цесным кабінеціку сваім драмаў над разгорнутымі на стале газетамі.

Разбудзіў яго раскацісты, нібы гром, голас Бялова ў суседнім пакоі.

— Малюеш? Давай-давай. Бацьку свайго прапішы яшчэ разок. Ён зноў хаваўся ад мяне, — гаварыў старшыня райвыканкома Косці Радніку, загадчыку хаты-чытальні, сыну старшыні калгаса «Зорка».

Байкоў падхапіўся, прыгладзіў далонямі валасы, працёр вочы, навёў парадак на стале.

— А-а! Улада дома, дзякуй богу! — выгукнуў Бялоў, адчыніўшы дзверы ў кабінет. — Што ты ззяеш, як імяніннік?

Байкоў сумеўся і пацёр сваю кантужаную руку.

— Толькі што прышоў з «Зоркі», Мікалай Лявонавіч.

— А я ў цябе не пытаю, адкуль ты прышоў. Лепей скажы, як лес возіш?

— Возім.

— Возім, а ён стаіць на месцы, халера на яго. Бачыў зводку? Ніжэй залатой сярэдзіна спусціўся. Вось табе і — возім! Колькі сёння ў лесе? Не шукай у паперах, па вачах бачу — не ведаеш. А яшчэ — возім! На райвыканкоме будзем слухаць. Сорамна, Байкоў! Ты — стары работнік. А разляпіўся... Не ведаеш, што пад носам у цябе робіцца. Што ў цябе тут Лазавенка куралесіць? Паразганяў звенні, павыганяў лепшых звеннявых.

— Лазавенка — звенні? — у Байкова ад здзіўлення акругліліся вочы.

— Ага. не ведаеш! — радасна выгукнуў Бялоў і адарваўся ад грубкі. — Вось ён, твой стыль работы. З Раднікам штодзень у схованкі гуляеш, а ў «Волю» — заглянуць баішся. Слова Лазавенку не можаш сказаць. Мне, брат, даўно гаварылі, што ты іх баішся, як агню, Лазавенку і гэтага доктара вашага медыцынскіх навук. Саромся! Стары работнік.

У апошнім яго папроку была доля праўды, Байкоў гэта адчуваў. Сапраўды, ён амаль ніколі не заглядваў да Лазавенкі, не правяраў яго работы, не дапамагаў парадамі, як рабіў гэта ў адносінах да другіх старшынь. І не таму, што калгас быў перадавы не толькі ў сельсавеце, але і ў раёне. Хутчэй таму, што адчуваў: Лазавенка перарос яго, Лазавенка ўмее кіраваць гаспадаркай так, як ён, Байкоў, не сумеў-бы, хоць і працаваў да вайны доўгі час старшынёй калгаса. Сапраўды, ён нібы баіцца, яго часам палохае размах Лазавенкі. А раптам што-небудзь у яго атрымаецца не так? У каго тады спытаюць? У яго, у старшыні сельсовета, у першую чаргу. Дык лепей няхай яны самі, без яго.

Байкоў уміг падумаў пра ўсё гэта, і, як-бы жадаючы паказаць, што нялёгка яму працаваць з такімі людзьмі, уздыхнуў:

— Вучоныя...

Старшыня райвыканкома, крута павярнуўшы размову, зноў-жа накінуўся на яго:

— Вучоныя!.. Вучоныя таму, што вучацца. А мы з табой разложым газеты і дрэмлем над імі. А ў кнігу заглянуць — нас за вушы не прыцягнеш. Вось падгонім лесанарыхтоўкі, сам праверу, як старшыні сельсоветаў вучацца.

Ён падышоў да акна, пастукаў пальцам у раму і раптам зусім нечакана спытаў:

— А што, бачыў, якога жарабка мне Сільчанка падарыў?

— Падарыў? — усумніўся Байкоў і задаволены тым, што Бялову нарэшце надакучыла «чытаць мараль», паспешліва падышоў і стаў поплеч, любуючыся жарабком.

— За дванаццаць тысяч, каб яму добра ікнулася. Стары друг, а ні капейкі не ўступіў.

— Добры конь, — пахваліў Байкоў.

— Што — добры? Ды ты такога каня яшчэ не бачыў. Ты выйдзі — паглядзі. Ідзем, ідзем!

Яны вышлі ў суседні пакой, дзе Косця Раднік размалёўваў насценную газету і, не адрываючыся ад работы, расказваў сакратару сельсовета Галі Бандарчук, што такое каханне, у яго, Косцевым, разуменні. Галя размову такую разумела па-свойму і прыкметна чырванела. Гэтая яе чырвань не схавалася ад дапытлівага вока Бялова.

— Што, у любоў гуляеце, покуль начальства справамі займаецца?

Галя ўспыхнула ружай. Косця, каб схаваць сваю збянтэжанасць, сам перайшоў у атаку.

— Таварыш старшыня райвыканкома, даўно хацеў да вас звярнуцца. Чаму Байкоў не дае грошай на папаўненне бібліятэкі? У мінулым годзе не выкарысталі па бюджэту і ў гэтым...

Байкоў кінуў на свайго падначаленага знішчальны позірк.

«Яшчэ і ты, каб на цябе ліха! Без цябе мала турбот!»

— Чаму не даеш? — спытаў Бялоў.

Старшыня сельсовета збянтэжана развёў рукамі.

— Заўтра-ж дай грошы — і ніякіх размоў. Зразумеў? А што ў цябе дзяжурных ніколі няма? Давай пашлі каго-небудзь за Лазавенкам і Ладыніным.

На двары ён доўга хваліў жарабка, распісваючы яго якасці, пяшчотна гладзіў яго, стукаў па крыжы, прымушаў Байкова паглядзець на яго з усіх бакоў.

Потым гэтак-жа нечакана, як аб кані, ён спытаў:

— Скажы, Апанас Моўчан дома?

— А дзе яму быць у такі час!

— Ідзем — яблыкамі пачастуе. Стары гэта — той. Дастане такіх, нібы толькі з яблыні. У яго ёсць асаблівы сакрэт іх захавання. Да вайны, помню, у красавіку частаваў свежымі яблыкамі. І нават у першы год пасля вызвалення, калі ў нас з табой было па кукішу ў кішэні, у яго — калі ласка, яблычкі і мядок. Сёння ўспомніў і — разумееш? — усю дарогу адчуваў пах свежых яблык. Ажно ў ноздрах казытала...

Для Байкова гэта было навіной, ён ніколі не цікавіўся, у каго што ёсць, і пах яблык і мёду яму ніколі не казытаў ноздры. А гэтага старога Маўчана ён, чалавек просты з адкрытай душой, не любіў за хітрасць.

Ішлі цераз сад.

Церушыў рэдкі сняжок. Пушыстыя сняжынкі павольна, нібы танулі, спускаліся на зямлю, на дахі, на заінеўшыя дрэвы. Паветра, здавалася, заледзянела. Ад кожнага, нават далёкага, гуку яно звінела, нібы метал, па якому ўдарылі. А гукаў было многа. У вёсцы, наперабой, стукалі сякеры, шоргала прадоўжная піла. За садам чуліся дзіцячыя галасы, смех. Паміж дрэў было відаць, як там, над сажалкай, бераг якой, што ад поля, быў высокі, абрывісты — у паветра ўзляталі постаці хлопцаў. Бялоў убачыў і здзіўлена спыніўся.

— Што за чартаўшчына?

— Гэта настаўніца, дачка Ладыніна, лыжны трамплін зрабіла і навучае школьнікаў...

— Хм, проста цікава паглядзець і на трамплін і на настаўніцу. Мне расказвалі пра яе. Што за яна такая? Назад будзем ісці — абавязкова зойдзем.

А праз момант ён ужо гаварыў аб другім, захапіўшыся выглядам саду.

— Вучыся гаспадарыць, Байкоў, — паказаў ён на абмазаныя і абвязаныя маладыя дрэўцы.

Цесляры на рыштаваннях клуба яшчэ больш узрадавалі яго.

— Усё-такі будуе! Ах, малайчына! За адно будаўніцтва дарую яму ўсё, хоць насаліў ён мне і нямала. Мне-б такога загадчыка аддзела калгаснага будаўніцтва. А то ў мяне нейкі цюхай-махай. Ты чым дапамагаеш яму будаваць клуб?

Байкоў паціснуў плячыма.

— Усім, Нікалай Лявонавіч, арганізаваць, напрыклад...

— Арганізаваць!.. Арганізаваць ён і без цябе ўмее. Ты яму грашыма дапамажы. Давай уключы ў бюджэт тысяч трыццаць на хату-чытальню.

— Ды вы-ж сказалі.

— Што я сказаў?.. Забудзь тое, што я некалі сказаў. Сорам нам будзе на ўсю рэспубліку, калі мы не дапаможам такой справе. Зразумеў? Вось так і дзейнічай!

Яны падышлі да клуба.

— Здарова, арлы!

— Добрага здаровечка, Нікалай Лявонавіч!

Старшыню райвыканкома ведаў кожны чалавек у раёне, стары і малы: ён яшчэ да вайны гады чатыры працаваў тут. Яго любілі. Любілі за весялосць, за прастату, за гаспадарлівае вока. З кожным ён мог пагаварыць на любую тэму, да ўсіх ставіўся аднолькава проста — заглядваў на вяселлі і радзіны. Ён і палаяць мог неяк асабліва, моцна, прачула, але без абразы, і пахваліць — умела, проста і шчыра.

У адзін міг, не гледзячы на свае дзевяноста кілаграмаў, ён узлез на рыштаванні, паціснуў цеслярам рукі. Пагаварыў з імі аб іх справе, аб зімовых прыкметах, па якіх людзі прадказваюць ураджай. Гэта яго была любімая тэма з самага пачатку зімы. Яго радавала, што ў кожнай вёсцы раёна амаль усе старыя мудрацы зычылі добры ўраджай. Такіх ён слухаў з прыемнасцю. Калі-ж сярод іх трапляўся скептык, ён яго тут-жа перапыняў:

— Дажыў ты, бацька, да сівай барады, а жывеш нейкімі дзікімі забабонамі. Глупства ўсё гэтыя твае прыкметы! У навуку трэба верыць... Папрасі ўнука, каб ён табе Вільямса ці Лысенку пачытаў. Адразу на вярсту паразумнееш.

Ад клуба ён перайшоў да сельмага, адтуль — у бліжэйшы з дамоў, дзе стукалі сякеры. У доме, які быў мала што няскончаны, горача палілася часовая печ, зробленая з жалезнай бочкі; трубы былі выведзены ў акно. Цесляры насцілалі падлогу, пячнік клаў печ. Прыемна пахла сухой сасной і сырой глінай. Каля печніка завіхалася радасна ўсхваляваная гаспадыня, Хадора Дабрадзей. Яна прыкметна разгубілася, калі зайшоў Бялоў, і не ведала, куды падзець запэцканыя ў гліну рукі.

— Калі ўсяляешся, гаспадыня? — спытаў Бялоў.

— Думка — да выбараў, Нікалай Лявонавіч.

— Разумная думка. На наваселле, канешне, з радасці забудзеш паклікаць?

— Што вы, Нікалай Лявонавіч! Каго-каго, а вас — у першую чаргу.

— Чаму мяне? Старая, а падхалімнічаеш. Нябось, раней за ўсіх — Лазавенку.

— Яго, як сына, а вас, як бацьку.

— Хітрая. Недарэмна табе такую хароміну адгрохалі.

З хаты Бялоў накіраваўся на калгасны двор.

Ён даўно забыў і на свайго жарабка і на яблыкі. Цяпер яго больш за ўсё цікавілі саманныя кароўнікі, канюшні, жалабкі для вады ад новай студні ў канюшню.

— Малайчына! Няма да чаго прычапіцца. Але за звенні ўсёадно не дарую. Шкада. Добры гаспадар, а з заскокамі.

Каля свірна яны сустрэлі Васіля.

— Ага, на лаўца і звер бяжыць.

Байкоў напомніў, што іх чакае Ладынін, і яны ўсе разам вярнуліся ў сельсовет.

Бялоў сеў за стол, на старшынскае месца, моцна абапёрся рукамі.

— Што-ж гэта вы, чалавека ў Мінск паслалі, а я не ведаю?..

— Я дамаўляўся з вамі, Нікалай Лявонавіч. У Макушэнкі ў кабінеце, — адказаў Васіль.

— Я ведаю... Але чалавека я павінен быў паглядзець, ці не? А то ваш Сакавіты там шуму нарабіў, а я не ведаю, што за ён, нават прозвішча забыў. Вы дзе іх адкапваеце такіх?

— А якога шуму?

— Учора, да намесніка старшыні Совета Міністраў дайшоў, той званіў мне ў яго прысутнасці.

— Ну, і што? — зацікавіўся Васіль.

— А нічога. Будзем будаваць гідрастанцыю. Справа сур'ёзная, гонар для ўсяго раёна, але на асаблівую матэрыяльную дапамогу не спадзявайцеся. Поўная вам дэмакратыя і незалежнасць. З суседзямі дамаўляйцеся самі. Толькі не рабіце заскокаў, не перагінайце, — ён падняўся і раптам у адзін момант ператварыўся ў суровага начальніка, нават голас яго стаў іншы: — Што вы тут накуралесілі са звеннямі? Палітыкі дамарошчаныя!

Ладынін і Лазавенка пераглянуліся; доктар схаваў у вусны ўсмешку, Васіль зрабіў выгляд, што нічога не разумее.

— А што такое, Нікалай Лявонавіч?

— Ты мне прастаком не прыкідвайся. Са звяном Рэгінай?

— А-а... Нічога асаблівага... Сямейная размова...

Бялоў стаў каля дзвярэй, загарадзіўшы іх сваёй магутнай постаццю. У Васіля заіскрыўся ў вачах смех.

— Сямейная! Глядзіце... Я палохаць не люблю. Аднак скажу шчыра: за такую размову па галаве не пагладзім. Так і ведайце.

— Вы спачатку, таварыш Бялоў, разбярыцеся, у чым справа, — спакойна заўважыў Ладынін.

— Я разабраўся. Дзяўчына прышла да мяне са слязамі.

— Не ўсякім слязам трэба верыць, — уставіў Васіль...

— Вось-вось... Настрой ваш адразу вылазіць вонкі. Сапраўды трэба разабрацца, ад каго гэта выходзяць такія старыя навінкі. Антызвеннявыя настроі мне граміць не ўпершыню. Але ў вас ён самы небяспечны. У перадавым калгасе, які мы ставілі ў прыклад па арганізацыі звеннявой работы, і раптам — старшыня адхіляе ад работы лепшую звеннявую. Ты разумееш, што ты робіш? — звярнуўся ён да Васіля. — На цябе глядзіць увесь раён. А ты...

—А я буду ламаць і крышыць усё, што мне перашкаджае падымаць усю гаспадарку. Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук, — як ён ні намагаўся, але яму не ўдалося захаваць спакой; ён узлаваўся. — Яе звяно вылезла з рамак брыгады і, мабыць, вылезе з калгаса, ператворыцца ў самастойную арганізацыю. Звяно дае рэкордны ўраджай, а ў калгасе сярэдні ўраджай — сем цэнтнераў з гектара. Мне такія звенні непатрэбны!

Бялоў выслухаў яго да канца, стоячы каля дзвярэй. Адказ Васіля выклікаў у яго супярэчлівыя пачуцці: абурэнне кіраўніка і адначасова нейкае своеасаблівае захапленне смеласцю і рашучасцю старшыні калгаса. Відаць, перамагло апошняе пачуццё, бо ён падумаў: «Ах, чорт адчаянцы! Недарэмна ты столькі ордэнаў нахапаў...» — і, вярнуўшыся да стала, лагодна сказаў:

— Добра. Я разбяруся.


23...


Зіма нібы злавала на сваё спазненне.

Разгуляліся завірухі, ганялі хмары снегу па полі, па гародах, намяталі такія сумёты на вуліцах, у дварах, што раніцой было цяжка адчыніць дзверы і каліткі.

«У такія дні толькі на печы ляжаць», — гаварылі старыя, і хто-ні-хто намагаўся здзейсніць гэтую прымаўку. Але Лазавенка і Ладынін нікому не давалі адлежвацца. Працы хапала на ўсіх і ў гэтыя непагодлівыя зімовыя дні.

Набліжаліся выбары. Ужо быў вылучан кандыдат у дэпутаты — сакратар райкома Пракоп Пракопавіч Макушэнка. Кандыдатуру былога партызанскага камісара, партыйнага кіраўніка аднадушна падтрымалі ўсе працоўныя раёна.

Два разы ў тыдзень Мяцельскі, яго жонка і Ліда павінны былі ісці ў Лядцы, на свае агітацыйныя ўчасткі. Ладынін не хацеў прызнаваць ніякія прычыны ўважлівымі, з-за якіх-бы зрываліся чарговыя гутаркі.

Часам Мяцельскі прасіў:

— Ігнат Андрэевіч, нос высунуць нельга. Куды ў такое надвор'е?

— На вайне, як на вайне, дарагі Рыгор Усцінавіч, — адказваў доктар словамі самога Мяцельскага. — У нас з вамі — пярэдні край.

Ліда ішла ў Лядцы з вялікім задавальненнем. Яна любіла сваю работу агітатара не менш, чым і работу ў школе. А невялічкая прагулка ад Дабрадзееўкі да Лядцаў і назад была для яе вялікай прыемнасцю. Яна прывучыла Мяцельскіх хадзіць на лыжах і вяла іх звычайна кружной дарогай, цераз паплавы, бярэзнік і поле.

Мяцельскі ішоў і бурчэў:

— Вы нас замучыце, Лідзія Ігнатаўна. Вы мне канчаткова сапсавалі жонку. Прывучылі да канькоў, да лыж. Гэта — жанчыну, якая да трыццаці год ні разу не станавілася на канькі і якая праз пяць...

— Грыша! — не давала яму скончыць Ніна Аляксееўна і радасна смяялася. Муж глядзеў на яе, расчырванелую, прыгожую, і таксама радаваўся. А Ліда ў душы зайздросціла іх шчасцю.

«Слаўныя якія яны...»

— Ніначка, які ён у цябе буркала. Вечна бурчыць. Я з такім мужам і дня не пражыла-б. Загадай яму змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. — Яна вырывалася наперад і так ляцела, што вецер свістаў у вушах, а Мяцельскія заставаліся далёка ззаду. Каля вёскі яна іх чакала і на адным і тым-жа месцы выслухоўвала просьбы Ніны Аляксееўны.

— Ліда, мілая, давай сёння сабяром усіх у адну хату, з твайго і майго ўчастка. А то ў мяне сёння так галава баліць...

Быў-бы гэта хто другі, Ліда нізашто не выканала-б такой просьбы, а Ніне даравала ўсё: яе наіўную хітрасць, яе сарамлівасць і дзіцячую бянтэжлівасць перад дарослымі.

Мяцельскія любілі яе гэтак-жа шчыра, як і яна іх.

Наогул яе любілі ўсе: вучні, настаўнікі, калгаснікі. Асабліва вучні. Любілі за прастату, за тое, што яна, здавалася ім, ведала ўсё на свеце і свае лекцыі па геаграфіі і батаніцы ператварала ў нейкія дзіўныя казкі, у цікавейшыя падарожжы. Яна не ўяўляла, што такое дрэнная дысцыпліна на лекцыях. На яе лекцыях вучні сядзелі стаіўшы дыханне. Яна смяялася над жахам некаторых настаўнікаў, які апанаваў іх, калі яны першы раз убачылі, як яна, выкладчыца геаграфіі, катаецца з сваімі вучнямі на каньках, бегае навыперадкі. Яна прынесла ў школу многа новага, свежага, цікавага, ажывіла пазакласную работу. Перапіска з уральскімі піонерамі, гурткі, экскурсіі, спаборніцтвы, турніры — усё гэта з'явілася ў школе па яе ініцыятыве.

Два толькі чалавекі не любілі яе: выкладчыца рускай мовы Шаройка і фізрук школы Патрубейка. Не любілі за крытыку. Фанабэрыстай, самалюбівай Паліне Шаройка Ліда з першага дня пачала папраўляць вымаўленне рускіх слоў. Шаройка маўчала, але ад злосці ажно сохла і скончыла тым, што папрасіла пераводу ў другую школу, адмовіўшыся ўказаць прычыны.

Ліберальны Мяцельскі не раз прасіў Ліду:

— Лідзія Ігнатаўна, злітуйцеся вы над ёю. Вы яе ў труну ўгоніце.

— Не магу, не магу. Ад яе пісьменнасці залежыць пісьменнасць вучняў. Хай вучыцца, а то, гавораць, за сем год яна не прачытала ніводнай сур'ёзнай кніжкі.

Мешкаваты, непаваротлівы Патрубейка ўсю фізічную падрыхтоўку зводзіў да таго, што вучыў дзяцей хадзіць і бегаць.

Ліда да слёз смяялася.

— Фёдар Кандратавіч, ды яны ўмеюць бегаць лепш за вас. Вы хоць-бы самі прабеглі. Хоць для вас карысць была-б.

Ён злаваўся, але намагаўся палепшыць свае ўрокі.

Ліда не сунімалася:

— Фёдар Кандратавіч, ды вы-ж народжаны бягун! Як вы сёння бегалі! Ай-яй. Але прашу вас: у наступны раз рабіце гэта далей ад школы. Вы мне ледзь не сарвалі ўрока, усе вучні палезлі глядзець у вокны, як вы бегаеце. Гэта-ж такая навіна!

Патрубейка бегаў па настаўніцкай, перакульваў крэслы, скідваў са сталоў сшыткі, кнігі, крычаў:

— Вам, Лідзія Ігнатаўна, відаць, мала сваіх гадзін. Бярыце мае, я вам уступаю. Бярыце і бегайце, і скачыце і хадзіце хоць на галаве. Звальняйце мяне, Рыгор Усцінавіч, зараз-жа. Я больш не працую.

Але праз пяць хвілін ён на ўсё забываўся і пачынаў гаварыць ёй кампліменты. Але, урэшце, узлаваўся і ён надоўга.

Была ў школе «тэхнічка», бабка Уляна. Працавала яна ў школе год трыццаць. У сорак першым годзе, калі прышлі фашысты, бабка схавала амаль усе дарагое школьнае абсталяванне. Цяпер яна ўсё гэта адкопвала, знаходзіла і амаль штодня што-небудзь прыносіла ў школу: адзін дзень — глобус, другі дзень — пачарнелыя карты, потым — цэленькі мікраскоп, электрамашыну і шмат іншага. І вось аднойчы яна прынесла дзве пары добрых баксёрскіх пальчатак. Магчыма, што яны былі і не школьныя, бо старыя настаўнікі не помнілі, каб хто бачыў іх у школьным спартыўным зале да вайны. Але бабка Уляна ўсеадно прынесла іх у школу. Нават мікраскоп выклікаў меншую сенсацыю, як гэтыя пальчаткі! У настаўніцкай яны пераходзілі з рук у рукі, іх разглядалі, як нейкае дзіва. Нарэшце адна пара іх дайшла да Ліды. Яна адразу надзела іх на рукі. І як на злосць, другая пара ў гэты момант аказалася на руках Патрубейкі.

Ліда пажартавала:

— Сустрэнемся, Фёдар Кандратавіч?

Ён падняў свае важкія кулакі і жартаўліва рушыў на яе, выклікаючы смех настаўнікаў. Яна зрабіла крок яму насустрач, і раптам... у два разы цяжэйшы за яе мужчына, нібы мяч, адляцеў назад, спатыкнуўся аб табурэт і з усяго размаху пляснуўся на падлогу.

Настаўнікі перапалохаліся, а больш за ўсіх сама Ліда. А ў Шаройкі ўпершыню вырваўся істэрычны крык:

— Вось яна да чаго даводзіць, ваша мяккацеласць, Рыгор Усцінавіч!

Безумоўна, яна, не хто іншы, напісала ананімнае пісьмо ў РайАНА і напісала так, што ў загадчыка, які законна лічыў Дабрадзееўскую школу адной з лепшых і калектыў настаўнікаў самым моцным і дружным, уздыбіліся валасы. Ён паказаў пісьмо Макушэнку, і яны ўдвух прыехалі ў школу. Сакратар райкома заехаў да Ладыніна і, высветліўшы, у чым справа, весела пасмяяўся.

З дарослымі Ліда ўмела гаварыць гэтак-жа проста, як і з дзецьмі. У яе гутарках была тая непасрэднасць, дзякуючы якой расказчык у першыя-ж хвіліны завалодвае ўвагай слухачоў. Праўда, была ў яе адна дзіўная асаблівасць, якую спачатку не разумеў нават Ігнат Андрэевіч, — ідучы да людзей, яна часта не ведала, пра што будзе гутарыць.

— Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала яна напады бацькі, калі ў таго часам з'яўляўся намер праверыць план яе чарговай гутаркі.

І сапраўды, яна ніколі не навязвала сваім слухачам тэмы. Спачатку гаварылі яны. Яна толькі ўмела, заўвагамі, пытаннямі, накіроўвала гэтую агульную размову і слухала, што цікавіць іх і што хвалюе. Пачыналася гаворка аб міжнародных справах — яна непрыкметна ўключалася ў размову і праз некалькі хвілін завалодвала агульнай увагай. Хвалявалі людзей непарадкі ў іх калгасе — яна тут-жа пачынала гутарку аб Статуце сельгасарцелі, аб працоўнай дысцыпліне. Разгаварыліся жанчыны аб дзецях-сіратах — яна расказала аб вялікім клопаце Савецкай дзяржавы, Сталіна аб дзецях і тут-жа прапаноўвала жанчынам арганізаваць паездку жаночай дэлегацыі ў дзіцячы дом, дзе выхоўваліся дзеці-сіраты.

А часцей яна чытала сваім слухачам апавяданні, вершы, паэмы. Чытаць яна ўмела так, што прымушала жанчын смяяцца, плакаць, радавацца разам з героямі.

Агітавала яна не толькі словамі, але і справамі, чула адносячыся да кожнага чалавека. Быў на яе ўчастку ў Дабрадзееўцы інвалід Айчыннай вайны Раман Дабрадзей. Чалавек гэты мог хадзіць на мыліцах, але яму цяжка было сядзець і ён перажываў сваё калецтва, як страшную трагедыю.

Першы раз ён сустрэў Ліду даволі няветліва. Насмешліва аглядзеў яе, маленькую, прыгожую, у ладна падагнанай беласнежнай куртцы з пясцовых скурак і спытаў:

— Агітаваць прышла, паненка?

Гэтае недарэчнае «паненка» непрыемна кальнула дзяўчыну, абразіла, але яна ветліва адказала:

— Пагаварыць прышла.

— Пагаварыць? Ну, што-ж, давай пагаворым. Толькі гаварыць буду я, а ты паслухай.

Ён доўга расказваў пра свае ваенныя прыгоды, нудна скардзіўся на сваё калецтва, на тое, што яго забываюць. Пачаў лаяць урачоў раённай вольніцы, старшыню сельсовета. Ліда цярпліва слухала, толькі зрэдку задаючы для праяснення кароткія пытанні. Яе ўважлівасць, відаць, кранула і абяззброіла яго. Ён раптам змоўк і здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну. Тады загаварыла яна.

— Добры вы чалавек, Раман Іванавіч. Мужны чалавек, калі верыць вашым расказам, а не верыць нельга, бо іх пацвярджаюць вашы баявыя ўзнагароды. Але вось слухала я вас і думала, як гэта здарылася, што такі мужны чалавек так апусціўся, стаў такім ныцікам?..

— Ну, ну! — пагражаюча папярэдзіў ён, крануўшы рукой мыліцу.

Ліда і брывом не павяла.

— ... І ніякага апраўдання вам не знайсці. Вы не адзін аддалі сваё здароўе за радзіму, за шчасце вашых дзяцей... Мільёны людзей жыццё аддалі... А колькі такіх, як вы? А ёсць і ў больш цяжкім становішчы. Але вельмі мала бачыла я такіх маладушных.

— Слухай, ты...

— Я вас слухала. Паслухайце мяне... Хто вас пакрыўдзіў, чаго вам нехапае? Вы хаця-б падумалі, што ў вас трое дзяцей, трое вучняў совецкай школы. Мы іх выхоўваем цвёрдымі, мужнымі, выхоўваем на франтавым гераізме іх бацькі, а вы сваім ныццём разбураеце ўсё гэта. Які вы прыклад паказваеце ім? А ў што вы ператвараеце жыццё сваёй жонкі? Яна чатыры гады вас чакала, расціла дзяцей. Вы ведаеце, як яна жыла гэтыя гады?

— Я ведаю, ты мне не расказвай...

— Цяпер яна працуе дзень і ноч, каб зрабіць жыццё багатым, прыгожым, светлым, каб і вы, Раман Іванавіч, не ведалі турбот, спакойна лячыліся, каб дзеці вашы вучыліся... А адкуль тая прыгажосць і светласць жыцця будзе, калі вы ўвесь час так скуголіце?..

Ён ляжаў на ложку, ніцма, і ўсё ніжэй і ніжэй схіляў галаву, усё часцей дыхаў.

Ліда скончыла гаварыць гэтак-жа нечакана, як і пачала, пабаяўшыся, што занадта расхвалюе яго. Доўга стаяла цішыня. Нарэшце ён падняў галаву і пад вусамі ў яго схавалася ўсмешка.

— Ну, і піла вы, Ігнатаўна.

Яна ўсміхнулася яму ў адказ і зусім іншым голасам спытала:

— Раман Іванавіч, вы чыталі кнігу «Як гартавалася сталь»?

— Я чытаў яе, калі вы, Ігнатаўна, яшчэ пешшу пад стол хадзілі.

— А мы давайце прачытаем яшчэ раз. Я прачытаю вам яе.

Яна прышла ўвечары, калі ўся яго сям'я была ў зборы, і пачала чытаць. Чытала гадзіны тры пры такой цішыні, што, калі рабіла паузы, то было чуваць, як недзе ў запечку звінела ажыўшая муха.

Скончыла чытаць — кнігу забрала з сабой. У першы вечар Дабрадзей не прамовіў ні слова, нават не развітаўся, калі яна выходзіла. На другі вечар ён папрасіў:

— Ігнатаўна, а ці нельга кніжачку пакінуць у нас?

— Заўтра — калі ласка, і другія магу прынесці, — ёй хацелася аб самым галоўным і хвалюючым прачытаць самой.

На чацверты вечар яна скончыла чытаць.

Жонка Рамана і двое старэйшых дзяцей усе гэтыя тры апошнія гадзіны чытання плакалі і смяяліся адначасова. Сам Раман маўчаў, але калі Ліда пачала развітвацца, працягнуў руку, і, моцна паціснуўшы, стрымана сказаў:

— Вы маглі-б, Ігнатаўна, склікаць людзей на гутаркі ў мяне. І кніжачак, калі можна... вось такіх...

Праз некалькі дзён у вёску прыехала кіноперасоўка. Карціну паказвалі ў вестыбюлі школы. Людзей было поўна. Ідучы з кіно, Ліда сказала бацьку:

— Тата, ёсць добрая ідэя. Для інвалідаў і ўсіх тых, хто не змог прыйсці, заўтра ўдзень пракруціць карціну ў хаце Рамана Дабрадзея.

... Ліда прышла да Дабрадзея, калі паказвалі ўжо апошнюю частку. Скончылі, сарвалі коўдру з акна, і яна ўбачыла, што Раман Іванавіч, гэты, здавалася, чэрствы чалавек, выцірае слёзы. Яна хацела была непрыкметна выйсці, але ён убачыў, спыніў, папрасіў падыйсці і абодвума рукамі сціснуў яе маленькую руку.

— Ну, Ігнатаўна, колькі жыць буду — не забуду... Вялікае вам дзякуй.

... У Лядцах яна таксама хутка заваявала агульную любоў, асабліва сярод жанчын.

Але раптам здарылася нешта незразумелае і нечаканае: амаль усе сталыя жанчыны, нібы змовіўшыся, перасталі хадзіць на яе гутаркі.

Ліда разгубілася, нават спалохалася. Бацьку яна аб гэтым не адважылася расказаць і сама настойліва і ўпарта шукала прычыну. За які тыдзень нават маці заўважыла, што яна пачала худзець.

— Што з табой, Ліда? У цябе неспакойна на душы?

— Нічога, мама.

А на душы, сапраўды, было вельмі неспакойна. «Што здарылася? У чым я памылілася?»

Яна проста пакутвала і сама адчувала, што губляе свой імпэт, сваё натхненне, што гутаркі яе робяцца вялымі і нецікавымі. Ужо не толькі жанчыны, але і мужчыны пачалі пазяхаць у час гутаркі, а хто сядзеў бліжэй да дзвярэй, часта непрыкметна выходзіў. Ад гэтага яна яшчэ больш гублялася.

Нарэшце прычына выявілася. Аб ёй здагадалася спрактыкаваная ў мудрых жыццёвых з'явах Ніна Аляксееўна. Неяк яна правяла гутарку самастойна. Пасля, ідучы дамоў, употайкі ад мужа, паведаміла:

— Здаецца, Лідачка, я здагадалася, у чым тут справа. Максім!.. Вінаваты ва ўсім Максім... Жанчыны ўпэўнены, што з-за цябе ён пакінуў Машу, што ты прываражыла яго і, вядома, абураны. Машу любяць, шкадуюць. Яна — сірата і чалавек самых найлепшых душэўных якасцей...

Ліда была страшэнна ўражана. Яна спынілася сярод заснежанага поля і, цяжка дыхаючы, доўга глядзела на сяброўку, хоць у густым змроку вечара бачыла адну яе белую хустку.

— Не можа быць, — урэшце прашаптала яна.

— Чаму не можа? А я ўпэўнена, што гэта так.

— Але-ж гэта... гэта проста дзікасць нейкая...

— Нічога дзікага няма, Лідачка. Ёсць ад чаго абурацца.

— Не, не!.. Ну, добра, хай так... Але-ж пры чым тут я? Я ніводным словам, ніводным рухам...

— А яны бачаць іншае. Ты часта прыходзіш у Лядцы... Кожны раз ён сустракае нас, ты весела размаўляеш з ім, жартуеш...

— Што-ж мне рабіць цяпер? Не хадзіць? Папрасіць бацьку, каб вызваліў. Не-не! Ні слова бацьку! Буду хадзіць, покуль не дакажу, што яны памыляюцца.

Сапраўды, Лідзе цяжка было зразумець, што не ўзлюбілі яе лядцаўскія жанчыны іменна праз гэта. Але цяпер яна раптам успомніла адзін выпадак, адну размову — і ўсё зрабілася верагодным.

Неяк скончыўшы гутарку, яна вышла ў двор і раптам пачула ззаду ўедлівы жаночы голас:

— Бач, беленькая, як кошачка. Такая любога прыварожыць.

Тады яна не надала гэтаму ніякага значэння, толькі ўсміхнулася. А цяпер... Яна абурылася, узлавалася. Узлавалася на жанчын, на бацьку, што паслаў яе сюды, на Ніну Аляксееўну, на сваю пясцовую футру, якую вырашыла ўжо ніколі не апранаць, і больш за ўсё, вядома, — на Лескаўца. Яна распытала пра адносіны Максіма і Машы, і страшэнна абурылася, калі даведалася пра яго ўчынак, балюча перажывала Машына гора.

«Пачакай-жа, я з табой пагутару!» — пагразіла яна Максіму.

Магчымасць пагутарыць з'явілася неўзабаве.

Ліда была адна дома. Сядзела на канапе, падкурчыўшы пад сябе ногі і накрыўшы іх усё той-жа пясцовай футрай. Вечарэла. Згушчаўся змрок. Ужо цяжка было чытаць, і яна адлажыла кнігу ўбок, задумалася. Думкі перапыніў стук у дзверы. Ёй вельмі не хацелася, каб хто прышоў да яе. Хацелася пабыць адной, пасядзець у цемры, не запальваючы лямпы, падумаць, памарыць. У іх доме такая магчымасць выпадае не часта.

«Можа не адгукацца? А раптам да бацькі? Хворы?»

Зайшоў Максім Лескавец.

«Ага, ты!» — ёй здалося, што яна са злой радасцю крыкнула гэтыя словы, хоць у сапраўднасці толькі падумала.

Злосць на яго, якая за колькі дзён была патухла, зноў успыхнула.

— Добры вечар, Ліда Ігнатаўна.

— Добры вечар, Максім Антонавіч.

Здавалася, усё, як мае быць. Але ён адразу адчуў нешта нядобрае і насцярожыўся: яна не сказала звычайнага «распранайцеся» і «сядайце», яна нават не паварухнулася— так і засталася сядзець у кутку канапы цёплым камочкам. Як яму раптам захацелася сесці побач, узяць яе рукі, прыгарнуць яе, маленькую. Але...

— Кніжку вашу прынёс, Ліда Ігнатаўна. Дазвольце паглядзець і выбраць другую.

Ён падышоў да кніжных паліц, наўздагад сунуў кніжку на адну з іх. З другой паліцы гэтак-жа наўздагад выцягнуў другую кніжку і не меў рашучасці падыйсці да акна і прачытаць яе назву.

— Вось дарэчы, што вы прышлі, — сказала Ліда пасля хвіліны маўчання, — я сядзела і думала пра вас.

— Пра мяне? — няшчыра здзівіўся Максім. — А мне, грэшнаму, здавалася, што ніхто ў свеце не думае пра мяне,— ён хацеў быў сесці на свайго любімага канька, які не раз вывозіў яго, — звесці ўсё да жарту. Не вышла. Ліда не адказала, а пасля кароткай паузы спытала такім голасам, што ён уздрыгнуў пры першым-жа слове:

— Слухайце, Лескавец, вы сур'ёзна закахаліся ў мяне?

Каб на галаву яму нечакана вылілі вядро вады, вось тут, у гасцях у доктара, гэта, мусіць, здзівіла-б і збянтэжыла яго менш, чым такое запытанне. Здаецца, ніколі ў жыцці ён не трапляў яшчэ ў больш цяжкае становішча. Куды знікла яго красамоўнасць, знаходлівасць! Ён стаяў і міргаў вачыма.

— Гавораць, што з-за мяне вы пакінулі дзяўчыну, якая шэсць год вас чакала? Шэсць год! Страшна падумаць!..

— Ліда Ігнатаўна...

— Шэсць год!.. Вы падумалі?..

— Ліда...

— І пасля гэтага вы рашылі, што цяпер вам, як таму рамантычнаму Дон-Жуану, кінуцца на шыю ўсе дзяўчаты... Якая нахабная, якая тупая самаўпэўненасць! Вы думалі... — не скончыўшы спакойна пачатага сказа, яна раптам адным рыўком спусціла ногі з канапы (футра звалілася на падлогу) і амаль крыкнула: — Вы думалі, што і я кінуся ў вашы абдымкі? А я — бачыць вас не хачу!.. І раю вам: радзей трапляйцеся мне на вочы! Геро-ой!

Ён нейкі момант пастаяў моўчкі, аглушаны ўсім тым, што пачуў. Потым шыбануў кніжку на стол, злосным рухам насунуў шапку на вочы.

— Ну, што-ж... — і, не развітаўшыся, вышаў. А Ліда ледзь стрымалася, каб не свіснуць яму ўздагон, па-хлапечаму гучна, задзірыста.


24...


Магчыма, што гэта быў самы моцны ўдар з усіх, якія Максім калі-небудзь атрымліваў, і трапіў ён у самае балючае месца. Пасля гэтага прыкрага выпадку з Лідай ён страціў сваю душэўную роўнавагу.

«Не дзяўчына, а ведзьма», — лаяў ён Ліду і ў той-жа час адчуваў, што захапленне ёй не толькі не змяншаецца, а нават расце. Аднак, ад гэтага не было лягчэй, «на сэрцы шкрэблі кошкі». А тут яшчэ дзён праз колькі яму добра такі дасталася на партыйным сходзе за тое, што ён не наведвае палітзаняткі і не вучыцца самастойна.

Максім узлаваўся.

Ды што гэта, на самай справе? Чаго яны хочуць ад яго? Аднаму не падабаецца, што ён зрабіў, другому — што сказаў... Ды што ён хлапчук ім, вучань, якога трэба школіць на кожным кроку? Ён — афіцэр, кавалер двух ордэнаў. «А ўсё з-за яго, — ён упэўніў сябе, што арганізатарам усёй гэтай змовы супраць яго з'яўляецца не хто іншы, як Васіль. — А яшчэ друг... Чакай-жа... прыдзе час — я табе прыпомню ўсё гэта... Перадавы чалавек, комуніст, а з-за дзяўчыны гатоў з'есці таварыша... Эх вы... Кіну ўсё да д'ябла і паеду... З маімі заслугамі, з маёй галавой і рукамі — усюды сустрэнуць з абдымкамі, з дарагой душой... А вы тут... Навучыцеся спачатку людзей цаніць...»

Але крыху пазней ён задумаўся над сваімі паводзінамі. Асабліва моцна ўстрывожыўся ён, калі зразумеў, што і маці асуджае яго ўчынкі, яго стаўленне да Машы.

Другая падзея прымусіла яго яшчэ больш сур'ёзна зірнуць на самога сябе, перагледзець свае погляды, жаданні, уяўленні.

На надзвычай мнагалюдным калгасным сходзе абмяркоўвалі пытанне: каму даць выдзеленыя райвыканкомам дамы, якія павінны былі быць збудаваны за кошт дзяржавы. Пытанне гэтае было не першым, перад ім адбылася сустрэча выбаршчыкаў з сваім кандыдатам.

Пасля нядоўгай прамовы сакратара райкома, многа было сказана простых, але гарачых, ад шчырага сэрца, слоў удзячнасці роднай партыі, таварышу Сталіну. Час ужо быў позні. Аднак людзі, відаць, не маглі стрымаць сваіх пачуццяў і перад тым, як перайсці да практычнага вырашэння гэтага, другога, пытання, пачалі гаварыць зноў.

Шаройка здзіўляўся актыўнасці сваіх калгаснікаў. Не дзіва, калі выступіў Бірыла, Клаўдзя Хацкевіч, Маша Кацуба. Але-ж пачалі гаварыць тыя, хто, можа, за ўсё сваё жыццё ні разу не падняўся на сходзе, хіба толькі выкрыкваў асобныя рэплікі адкуль-небудзь з-за печкі.

Раптам папрасіў слова дзед Яўмен Лескавец, бацька двух загінуўшых на фронце сыноў. Ён падняўся, высокі, белы, як снег, абапёрся на бярозавы кій.

— Што мне сказаць вам, дзеці? — спытаў і абвёў усіх позіркам. — А сказаць хочацца. Вялікае гора мы перажылі. Ой, вялікае... Многа я бачыў за свае семдзесят год. Але такога не бачыў. Каюся я сёння перад вамі. Паглядзеў я тады на галавешкі, што засталіся ад нашых хатак, і думка мая стала чорная. Сем разоў гарэў я на сваім вяку, сем разоў будаваўся. Па-рознаму будаваўся. Было, што і тры гады будаваў сваю хатку на тры сляпыя акны і за два збудоўвалі. Не схлушу, было, што і за год, калі сыны мае, як тыя дубы. — Дзед на момант змоўк; недзе ў зале ўсхліпнула жанчына. — А тут глядзеў і думаў: ой, не скора мы вылезем з зямлі! Можа і захварэў ад гора. Поўгода пралежаў у дачкі ў Рэчыцы. Прышоў дамоў — а ўнукі ў новую хату ўбіраюцца. Поўвёскі зрубаў стаіць, а ў Дабрадзееўцы, скажу вам, цуды ўбачыў. І даўся я дзіву: адкуль у людзей такая сіла? Думаў, думаў і зразумеў. Не самі будаваліся мае ўнукі, як некалі будаваўся я, адзін-на-адзін з сваім горам... Не адны будавалі сваю хату сіраты Паўла Кацубы... Уся вялікая наша маці-Расія совецкая 'памагала нам, бацька наш Сталін паклапаціўся пра нас, дзяцей сваіх... Вось таму дазвольце мне сёння ад усіх вас пакланіцца нашаму партыйнаму дэпутату..,

Дзед пакланіўся. Макушэнка падняўся і заапладыраваў. Нібы сотні галубіных крылаў з размаху ўдарылі ў нізкую столь класнага пакоя. Максіма апанавала нейкая незвычайная радасць, стала светла на душы пасля дзедавых слоў.

Гаварылі другія. Цёпла гаварылі, усхвалявана.

Нарэшце, пачалі вырашаць — каму-ж пабудаваць дамы. Амаль хорам сход выгукнуў тры прозвішчы: Павел Сарока, Ганна Акуліч, Іван Канцавы.

Макушэнка задаволена кіўнуў Ладыніну. На нарадзе партыйнай групы, на якую былі запрошаны Маша і Шаройка, дамовіліся, якія кандыдатуры варта падтрымаць ім, актыву, комуністам. Калгаснікі назвалі іх, і гэта радавала партыйных кіраўнікоў.

Ганна Акуліч стаяла ў калідоры (усе ў класе не змяшчаліся), лузгала семячкі, якія прывезла з сваёй чарговай паездкі на Украіну, частавала жанчын. Пачуўшы сваё прозвішча, уздрыгнула: прывыкла, што па сходах яе заўсёды лаялі.

— Хату табе даюць, Ганна, — сказала суседка.

Ганна не паверыла сваім вушам і спалохалася яшчэ больш, але невядомая сіла пацягнула яе наперад. Цесна было, але людзі давалі ёй дарогу. Так яна вышла на сярэдзіну, да партаў, за якімі сядзелі пераважна мужчыны — і апынулася тварам у твар з прэзідыумам. Сэрца ў жанчыны так стукала, што ёй здавалася — удары яго чуваць усім, і яна засунула за кажушок руку і прыціснула яе да грудзей.

За сталом прэзідыума падняўся Шарошка, уталопіў на яе позірк. І ёй захацелася зноў схавацца за спіны людзей. Але яна толькі апусціла вочы.

— Таварышы калгаснікі! — пачаў Шаройка. — Я прапаную яшчэ адну кандыдатуру, на якую вы чамусьці забылі. А забываць на такіх людзей наша партыя, наш Совецкі ўрад не дае нам права. Наша вялікая памылка і ў першую чаргу мая, я на ўвесь голас кажу аб гэтым, што мы да гэтага часу не збудавалі дом гэтай сям'і. Што гэта за сям'я? Сям'я Антона Лескаўца. Вось бачыце, мы апускаем вочы, адчуваючы сваю віну перад Сынклетай Лукічнай. Бо хто для нас Антон Лескавец? Шэсць год ён кіраваў нашым калгасам, зрабіў яго лепшым у вобласці. А прышлі ворагі на нашу зямлю — ён першы з вёскі ўзяўся за зброю, стаў мужным партызанскім камандзірам пад кіраўніцтвам нашага дарагога таварыша кандыдата ў дэпутаты Пракопа Пракопавіча.

Макушэнка паморшчыўся.

«Эх, душонка падхалімская! Па нарадзе слова не сказаў, а вынес усё на сход».

Сакратару было непрыемна. Можа, нікога ён не любіў так горача, як Антона, і нічыю смерць не перажываў так цяжка. Безумоўна, сям'я яго варта самага чулага клопату. Але справядлівасць патрабуе, каб дамы пабудаваць многасямейнаму інваліду Сароку і дзецям Акуліч. Сакратар баяўся, што яго выступленне супраць прапановы Шаройкі пакрыўдзіць Сынклету Лукічну. Ці зможа яна зразумець яго правільна? У глыбіні душы закіпала злосць на Шаройку.

«Даўно мог-бы калгасам збудаваць. Колькі разоў я гаварыў табе? А ты падводзіў мяне, нягоднік... А зараз табе выгадна паказаць сябе добрым».

Шаройка працягваў, упершыся кулакамі ў стол:

— Два сыны яго — афіцэры, героі, усю вайну са зброяй у руках баранілі нашу дарагую Радзіму, вызвалілі нас ад супастата. Вунь паглядзіце — усе грудзі ў ордэнах.

Максім сядзеў за першай партай, побач з ім — маці. Быў ён у шынялі і ніякіх ордэнаў не было відаць, але маці глянула на яго грудзі.

— Не павінны мы забываць і таго, што дачка Антона Лескаўца ратавала калгасны статак, пагнаўшы яго на ўсход...

— Які ты не захацеў гнаць! — выгукнула Клаўдзя.

Шаройка нават не глянуў у яе бок. Маша пастукала алоўкам аб графін — яна вяла сход.

— І раптам мы забываем такую сям'ю... і называем каго?.. Чалавека, якога на мінулым сходзе мы хацелі выключыць з калгаса...

— Ты хацеў, ды мы не захацелі! — зноў не стрымалася Клаўдзя.

Шаройка павярнуўся да Машы.

— Таварыш старшыня, навядзіце, калі ласка, парадак.

Яго просьба чамусьці выклікала агульны смех.

Шаройка павысіў голас.

— Гультайку, спекулянтку... якая мае сорак працадзён за год.

— А ў сына сто сорак! А хлопцу — пятнаццаць год!— выгукнуў нехта ад дзвярэй.

— З-за сына яна і ў калгасе ўтрымалася. Адным словам, я даю адвод... А сход хай вырашае, толькі, таварышы калгаснікі, падумаць трэба і даць гэтую, я сказаў-бы высокую ўзнагароду таму, хто сапраўды яе заслугоўвае.

Звычайна сварлівая, неўгамонная Ганна маўчала, і толькі, калі Шаройка скончыў, не сказала, а прашаптала:

— Амелька, родненькі, далібог дзень і ноч буду працаваць. На хатку збірала я, таму і ездзіла.

Яе словы паласнулі Макушэнку па сэрцы. Ён злосна скамечыў аркуш паперы, на якім рабіў нататкі.

«Эх, і дам я табе зараз, гора-кіраўнік ты няшчасны», — падумаў ён пра Шаройку.

— Хто жадае выступіць яшчэ? — паўтарала пытанне Маша. Людзі маўчалі, нібы вінаватыя; мужчыны, якія ведалі, што за імі рашаючае слова, не падымалі галоў.

Хітрая і ўедлівая Параска Корж прапанавала:

— Скажы ты, Машачка.

Маша адчула, што чырванее.

Маўчанне зацягнулася. Макушэнка намерыўся было ўжо ўзяць слова, але раптам паднялася Сынклета Лукічна.

— Добра гаварыў Амяльян Дзянісавіч аб маім нябожчыку Антону Пятровічу, аб маіх сынах і дачцы. Дзякуй яму за гэта. Але несправядлівую прапанову ён вынес, як і шмат што старшыня наш робіць несправядліва. Жыла я адна, не спяшалася з хатай, ды і Шаройка тады забываў на мяне. Цяпер прыехаў сын, слава богу, здаровы, не ранены, не скалечаны. Хутка другі прыедзе, калі не зусім, то ў водпуск, ёсць у нас грошы, не буду таіць, і сілы, а ў Ганны — куча дзяцей, ім вучыцца трэба...

Макушэнка не стрымаўся, выгукнуў:

— Малайчына, Лукічна! — і заапладыраваў. Яго дружна падтрымалі ўсе, акрамя Шаройкі. Ды Максім пачаў плёскаць са спазненнем. Ніхто не заўважыў, як ён пачырванеў, змяніўся з твару. Калі выступаў Шаройка, ён падумаў:

«Але, было-б дарэчы атрымаць домік... А чаму не? Заслужана», — і ў душы падзякаваў Шаройку.

Нечаканае выступленне маці нанесла яму моцны ўдар.

«Чаму гэта зрабіў не я? Я павінен быў зрабіць гэта. Няўжо маці больш свядомы чалавек, чым я?» — гэта быў першы сапраўды крытычны погляд на самаго сябе.

З таго вечара ён адкінуў думку аб тым, каб некуды паехаць, пашукаць цяплейшага месца. Не, цяпер яму хацелася працаваць тут, дома, разам з Ладыніным, з Васілём, давесці ім, што ён варты значна большага, чым яны зараз думаюць аб ім.


25...


Нахадзіўшыся па марозе, Васіль пасля абеду прылёг, не распранаючыся, закурыў. За перагародкай было ціха. Толькі зрэдку шалясцела папера ды шчоўкалі лічыльнікі — рахункавод Карней Карнеевіч рыхтаваў гадавую справаздачу.

На вуліцы гулялі дзеці — каталіся на каньках, на лыжах. Раптам яны ўсе разам аб нечым закрычалі і гурбой прабеглі міма акна, але разабрацца, аб чым яны крычаць, было нельга.

Зарыпелі дзверы — нехта спешліва ўбег, задыхаўшыся. І адразу-ж за перагародку прасунулася галава ў шапцы, паднятыя, але незавязаныя вушы якой віселі, як два крылы. Суседскі хлапчук на ўвесь голас крыкнуў:

— Дзядзька Васіль! Цуда прывезлі! — і знік яшчэ больш нечакана, чым з'явіўся.

Васіль апрануўся, як некалі па трывозе. Вышаў. На сярэдзіне вёскі, пад узгоркам, схіл якога пачынаўся якраз каля хаты старшыні, стаяў гусенічны трактар і за ім узвышаўся невялікі лакамабіль. Вакол ужо сабраўся ладны натоўп дзяцей і дарослых.

У Васіля радасна забілася сэрца.

«Нарэшце!»

Ад натоўпу насустрач яму ішоў чалавек у скураным паліто, са стрэльбай — парторг лесакамбіната Палякоў. Убачыў Васіля — здалёк заўсміхаўся, замахаў рукой. Падышоў бліжэй — сказаў:

— Прымай, старшыня.

... Васіль разумеў, што для ажыццяўлення поўнай механізацыі і электрыфікацыі ўсёй гаспадаркі — трэба пэўная база.

І ён з першых-жа дзён свайго прабывання на пасадзе старшыні пачаў набываць машыны. Купіў малатарню,, дзве сеялкі, аўтамашыну. Цяжка яшчэ было ў той год. з машынамі, неймаверных намаганняў каштавала пакупка кожнай з іх. Але Васіль ездзіў у абласны цэнтр, у Мінск, стукаўся ўсюды, патрабаваў, прасіў — і дамагаўся свайго. У адным месцы яму прапанавалі цыркулярку— купіў і яе. А калі прывёз дамоў, то сустрэў досыць моцную апазіцыю з боку членаў праўлення і калгаснікаў:

— А рухаць чым будзем яе? Упяклі грошы для таго, каб іржавела на складзе.

Рухаць? Аб гэтым Васіль і думаў, калі купляў і малатарню, і цыркулярку, і дамаўляўся аб іншых машынах. Улетку, калі нарыхтоўвалі торф на ўгнаенне і на паліва для калгаснікаў, Васіль прапанаваў нарыхтаваць тысячу тон для патрэб калгаса. Сход адказаў абураным гулам, як не адказваў яшчэ ніколі. Людзі працавалі з выключнай напружанасцю — дзень і ноч. У суседніх калгасах і паловы не рабілі таго, што рабілі ў «Волі». Васіль гэта ведаў, разумеў. Слабая дысцыпліна ў суседзяў была яму папярок горла, бо нямала яшчэ знаходзілася такіх, якія ў цяжкую часіну ківалі на гэтых суседзяў.

— Вунь людзі не душацца так, а жывуць, слава богу, не горш за нас.

Васіля злавалі такія размовы. На сельвыканкоме, на партыйных сходах, на нарадах у раёне ён заўжды выступаў з самай бязлітаснай крытыкай і Шаройкі і Радэка. Іменна за гэта «спакойныя суседзі» і не ўзлюбілі яго.

Торф гэты з'явіўся пробным каменем. Усіх спалохала лічба, названая старшынёй. Нават Міхай Вячэра, першы Васілёў памочнік, актывіст, выступіў супраць.

— Навошта нам столькі торфу таго, Мінавіч?

— Саліць будзем! — кідалі з задніх радоў жартаўнікі.

— На працадні будзем раздаваць.

— Не, гандляваць будзем! А што вы думалі — добрая камерцыя!

Васіль перачакаў, покуль усе накрычаліся ўволю. Спакойна адказаў:

— Зразумейце, калі мы па-сур'ёзнаму думаем будавацца, узнімаць гаспадарку, нам трэба тэрмінова набыць рухавік... лакамабіль... Гэта адзін наш ратунак, покуль збудуем электрастанцыю... Без яго, без сваёй цыркуляркі — руху нам уперад не будзе.

І торф нарыхтавалі, ён ляжаў вялізнымі штабялямі на балоце, пры ім нават асобнага вартаўніка трымалі, бо суседзі не сароміліся цішком «пазычаць» яго.

Але набыць лакамабіль аказалася нялёгкай справай. У Магілёве іх яшчэ не выраблялі, завод толькі аднаўляўся, а тыя, што ўцалелі ў вайну, цаніліся на вагу золата. Васіля нават спрабавалі адгаварыць ад гэтай задумы:

— Кінь ты... Зразумей, нарэшце, і тое, што лакамабіль — устарэлая тэхніка. Ім некалі яшчэ кулакі карысталіся, каб пабольш крыві з сялян высмактаць...

— Няхай сабе ўстарэлая, а нам яна будзе вельмі дарэчы, гэтая тэхніка. Акрамя работы, ён выканае ў нас яшчэ ролю прапагандыста, — адказваў Лазавенка.— Чаму ты здзіўляешся? Гэта будзе першая чарга нашай электрастанцыі. Паставім дынама-машыну, дадзім святло. На ферму, у хаты. Глядзіш — і загарыцца яно ў душах, у свядомасці людзей. А для такога будаўніцтва людзей трэба падрыхтаваць, паказаць ім карысць яго...

Васіль доўга шукаў хоць які-небудзь старэнькі лакамабіль і, нарэшце, знайшоў. Падказаў адзін добры чалавек — ляснік.

Быў да вайны ў суседнім лясніцтве добры пасёлак, дзе жылі рабочыя і служачыя і знаходзілася кантора эксплаатацыйнага ўчастка. У вайну пасёлак гэты, у якім паспрабаваў быў размясціцца нямецкі гарнізон, партызаны спалілі. Вось тут, у руінах аднаго мураванага будынка, знайшоўся лакамабіль. Будынак быў узарваны, але сцены яго, відаць, тады ўцалелі, толькі столь і дах абваліліся і засыпалі машыннае аддзяленне. Лакамабіль ляжаў на баку, пагнуты і скалечаны. Але, што было дзіўна, на рабочых частках яго і нават на катле, знутры і на паверхні, захаваўся тоўсты пласт засохлага масла, якое не дало іржы з'есці метал. Пасля вайны нехта па-гаспадарску навёў тут парадак: расчысціў і збудаваў над машынай паветку. Аказалася — гэта справа рук ляснічага Зяновіча. Ён расказаў, што лакамабіль узрываў яго цесць, стары механік, аб якім гаварылі, што рухавік свой ён любіць больш, чым жонку. Відаць, гэтая любоў да машыны і загубіла яго: стары загінуў у часе выбуху. Абставіны — невядомы, але, калі ўлічыць, як ён перад гэтым дагледзеў машыну, можна аб многім здагадацца.

Нікому нічога не сказаўшы, Васіль паехаў да ляснічага. Зяновіч махнуў рукой:

— Ужо, брат, глядзелі не раз. Дарэмна. Стары ўсё-такі не разлічыў, відаць: пагнула машыну.

Але аб тым, каб прадаць, і слухаць не захацеў, як ні ўгаварваў яго Васіль.

— Ну, добра, — нарэшце сказаў ён. — Бярыце. У арэнду за тое, што адрамантуеце. Цераз год — паўтара, калі вам будзе непатрэбны, вярніце.

Тады Васіль звярнуўся да шэфаў. Дырэктар і парторг завода ведалі, як доўга і настойліва ён шукаў лакамабіль і дапамаглі яму адрамантаваць машыну. Рамантавалася яна доўга. Васіль у гэты час будаваў памяшканне. Будаўніцтва «сілавой», як празвалі калгаснікі гэ тую новую нескладаную будоўлю, ні ў каго не выклікала нараканняў — не так, як торф. Людзі будавалі з радасцю, бо разумелі, што ў гаспадарцы кожная будыніна спатрэбіцца. Хіба толькі зрэдку нязлосна бурчэў Іван Гоман:

— Курачка яшчэ ў кубле і яйка яшчэ тое — дзе яно, а ён і ўдзень і ўночы спакою не дае, нібы ў Гомана дзесяць рук. Хацеў-бы я ўбачыць, каб ён гадоў дзесяць пабыў у нас за старшыню, от-жа што-б ён тады прыдумаў будаваць... Можа, завод ужо які, ці што...

Сашка Лазавенка, насмешнік і задзіра, сур'ёзна здзіўляўся.

— Гэ, дзядзька Іван, а хіба ты не чуў? Яны-ж з доктарам надумалі ў нас збудаваць атамны завод. Начамі сядзяць, выдумляюць. Ну, і жытуха, я вам скажу, тады будзе!.. Пакладзеш які кілограм гэтай самай энергіі сярод вуліцы і такую цеплыню яна будзе прамяніць, што куды тому сонцу... І зімы не будзе. У Лядцах — зіма, а ў нас — грушы цвітуць, бабы мандарыны сеюць... У адных трусіках усе ходзяць і загараюць...

Брыгада рагатала, Гоман круціў галавой.

— Але-ж і язык у цябе!.. Каб ты сякерай так цясаў, як ім...

А ў Васіля была новая турбота: набыць дынамамашыну. Зноў ён ездзіў, пісаў, пасылаў рахункавода, прасіў і патрабаваў. Галоўная цяжкасць цяпер была ў тым, што нехапала сродкаў — усе іх з'ядала будаўніцтва.


26...


Дырэктар Крыловіч, галоўны механік Чурыла і галоўны аграном Маслоўская (яна-ж сакратар партыйнай арганізацыі) праглядалі план работы МТС. Яны праглядалі яго ўжо не першы раз. Заўтра плап павінен быць у райкоме, а неўзабаве будзе вынесен на абмеркаванне Совета МТС.

Нямала за сваё жыццё Крыловіч паскладаў такіх планаў, але ні над адным з іх ён не сядзеў так доўга, так удумліва, і ні адзін з ранейшых не меў столькі варыянтаў. Не вельмі складаная рэч — план, быў час, калі дырэктар лічыў яго простай фармальнасцю. Быў, але больш не будзе. Крыловіч гэта разумеў добра. Пара пакінуць ківаць на тое, што трактары старыя, зношаныя і мала іх, а трактарысты маладыя, нявопытныя. Вунь якіх дзесяць прыгажуноў прыслалі! І трактарысты пакрыху збіраюцца даваенныя. Ён усведамляў свае памылкі, згаджаўся з крытыкай. Але крыўда за вымову, якую ён атрымаў з-за Лазавенкі, усё яшчэ варушылася ў глыбіні душы. Чорт ведае з-за чаго чалавек падняў такую бучу! З-за перадплужнікаў. Другім калгасам не было магчымасці абы як узараць, а яму давай перадплужнікі. А ці не вельмі тлуста будзе, паважаны таварыш старшыня? Чым ты лепшы за другіх? А галоўнае — ён пачынае яшчэ вучыць Крыловіча. Ды ты яшчэ без штаноў бегаў, калі Крыловіч ведаў карысць перадплужнікаў... Ну, добра, хай нават Крыловіч не дагледзеў, сапраўды не дагледзеў. Мог-жа ты прыйсці да мяне і пагутарыць, як чалавек з чалавекам? А то адразу — у райком, у абласную газету, у абком. Не, яўны кар'ерыст, выскачка! Бачылі такіх: любой цаной у героі вылезці хочуць!

Крыловіч стаяў перад картай раёна, што вісела на сцяне, каля акна. Хацеў быў паглядзець землі зусім другога калгаса, а ўбачыў «Волю» і забыўся на ўсё, у галаву палезлі гэтыя непрыемныя думкі.

Франц Ульянавіч, вы зноў брыгаду Прымака перавялі? З якой рады? — раптам спытала Маслоўская; яна сядзела каля стала і праглядала план.

Крыловіч хутка павярнуўся. У механіка Чурылы, які спакойна сядзеў каля грубкі — грэў спіну — і смактаў патухшую люльку, у маршчынах пад вачыма зайграла ўсмешка.

— Не забывайце, што Лазавенка зноў шум падыме.

— Лазавенка! Лазавенка! — Крыловіч са злосцю перасунуў нагой зэдлік. — Нагнаў вам страху гэты Лазавенка. Гарлахват ваш Лазавенка! Выскачка...

— Ну, гэта вы дарэмна... Мне не зразумела ваша злосць... Лазавенка — лепшы старшыня...

— А калі ён лепшы, то хопіць яму і Махоткі, хай на дзядзьку не спадзяецца, а сваё цягло лепей выкарыстоўвае. Прымак хай падымае калгасы адсталыя.

— Гнілая тэорыя, Франц Ульянавіч. Вы забылі, што Прымак прасіўся ў Дабрадзееўку.

— Ведаю я, чаму ён просіцца туды. Каб быць і дома і замужам. Свае людзі, свае чэрці...

— Ва ўсім вы бачыце толькі дрэннае. Проста непрыемна. Няма нічога благога, што Прымак будзе працаваць у сваім сельсовеце. Наадварот. Больш ведае землі, больш зацікаўлены ва ўздыме ўраджайнасці. А галоўнае — іх дамоўленасць з Лазавенкам, іх своеасаблівы дагавор.

— З якога гэта часу старшыні пачалі дамаўляцца з брыгадзірамі за спіной у дырэктара МТС? — Крыловіч згроб у адну кучу паперы, што былі раскіданы па ўсім стале і з размаху кінуў іх у скрынку. Ён, відаць, хацеў сказаць гэтым: усё, гаварыць нам больш няма аб чым, ад свайго рашэння я не адступлюся.

Але Маслоўская не здавалася. Гэтая пажылая, ужо з сівымі пасмамі валасоў на скронях, жанчына заўжды спакойна і ўпарта даводзіла і справу, і размову да канца. Яна ўздыхнула.

— Што-ж, давядзецца мне зноў выступаць на бюро супраць вас.

Крыловіч застыў на месцы, утаропіў на яе позірк і цяжка задыхаў. Твар яго прыкметна чырванеў, а шыя сінела — на ёй уздзьмуваліся вены.

— Ну, ведаеце, Алёна Астапаўна, — выдыхнуў нарэшце ён, — я вам скажу... Працаваць, дык давайце працаваць дружна...

Невядома, чым скончылася-б іх размова пры адзіным маўклівым сведку, каб раптам у пакой не ўваліўся Лазавенка.

Ён быў у кажуху, у валёнках, з марозу — халодны, чырвонашчокі, вясёлы.

Крыловіч ажно разгубіўся ад нечаканасці: пачаў даставаць з скрынкі паперы і класці назад на стол. Маслоўская засмяялася.

— Але-ж і лёгкі ты на ўспамін, Васіль Мінавіч!

Васіль прывітаўся і, кінуўшы позірк на стол, спытаў:

— Плануем?

Чурыла, прадчуваючы цікавую размову, дастаў бензінку і пачаў распальваць люльку, акружаючы сябе воблакам шызага дыму. Механік сам ніколі ні з кім не спрачаўся, але паслухаць, як спрачаюцца другія, — было яго слабасцю.

Размову спачатку вялі Васіль і Маслоўская — звычайную размову знаёмых людзей у першыя хвіліны сустрэчы: аб надвор'і, аб рабоце, аб навінах. Крыловіч дэманстратыўна ўглыбіўся ў паперы і не прымаў у ёй ніякага ўдзелу. Васіль з усмешкай кіўнуў Маслоўскай і, кашлянуўшы, даволі дыпламатычна пачаў:

— Франц Ульянавіч, я да цябе з нізкім паклонам і вялікай просьбай ад усіх калгаснікаў «Волі».

Крыловіч падняў галаву і, прыплюснуўшы адно вока, нацэліўся на Васіля, у позірку яго была насцярожанасць: не падклаў-бы ты, друг, яшчэ якую-небудзь свінню.

— Вядома мне, што ў МТС ёсць запасная дынамамашына. Пазыч яе калгасу на два-тры месяцы...

Крыловіч раптам адкінуўся на спінку крэсла і прыглушана зарагатаў.

— Ага, прышла каза да воза, — ён задаволена пацёр сваю бліскучую лысіну. — Прышла, прышла...

Васіль здзіўлена паціснуў плячыма.

— Прычым тут каза і воз, Франц Ульянавіч. Здаецца калгас не заракаўся звяртацца за дапамогай у машынна-трактарную станцыю? — ён знарок назваў МТС поўнасцю, каб падкрэсліць, што звяртаецца ён з просьбай не асабіста да яго, Крыловіча, а ў дзярлкаўную ўстанову, галоўны абавязак якой — дапамагаць калгасам.

— Ды навошта табе дынамамашына? Ці не збудаваў ты там ужо свой Днепрагэс?— дырэктар усё яшчэ смяяўся, праўда, ужо бязгучна: смяяліся толькі яго маленькія вочкі і густыя зморшчыны пад імі.

На жартаўлівае пытанне яго Васіль адказаў сур'ёзна:

— Не. Толькі пачынаем будаваць. Вядома, не Днепрагэс, але звычайную калгасную гідрастанцыю... А цяпер покуль што маем лакамабіль...

— У вас — лакамабіль?—спытаў Чурыла, выцягнуўшы з рота люльку. — Дзе вы яго ўзялі?

— Добрыя людзі пазычылі. А другія — дапамаглі адрамантаваць.

— Пазычылі? — недаверліва спытаў Крыловіч і раптам ўзлаваўся, стукнуў далоняй па стале. — Ну, то яны добрыя людзі... А Крыловіч — паганы. І дынамамашыну я табе не дам. Самім трэба.

Чурыла спакойна выцягнуў з рота люльку.

— Самім вядома, покуль што не трэба.

Крыловіч бліснуў у яго бок гнеўным позіркам.

— Вы, чорт вазьмі, усе лепей за дырэктара ведаеце, што трэба, а што не трэба. Сядайце тады на маё месца і кіруйце!..

Чурыла закрыўся ад яго густым воблакам табачнага дыму; люлька яго пыхкала, як паравоз, і сіпела.

— Значыцца, не дасі? — спытаў Васіль.

— Не дам!

— Ну што-ж, «іду на вы», — Васіль энергічным рухам насунуў глыбей на галаву шапку. — Так і запішам: дырэктар МТС, комуніст Крыловіч ухіляецца ад... і так далей... — сказана гэта было з хітрасцю: ён добра ведаў слабае месца Крыловіча. Сапраўды, той пасля гэтых слоў ажно падскочыў.

— Ад чаго ўхіляецца? Ад чаго?

— Ад усяго.

— Ад чаго ўсяго?.. Ты мне не пагражай?.. Што трэба я табе даю, а гэта — маёмасць МТС.

— Не забудзь, Лазавенка, — сказала Маслоўская, — і аб тым, што з-за нейкіх асабістых рахункаў Крыловіч адмаўляецца паслаць да вас брыгаду Прымака...

— Улічым і гэта, — і Васіль, не развітаўшыся (бо ведаў, што яшчэ вернецца), хутка вышаў з цеснага, пракуранага кабінета.

У райкоме яму не ўдалося адразу трапіць да Макушэнкі, той быў заняты з прадстаўніком абкома. Васіль схадзіў па справах у райза, у банк, потым зноў вярнуўся ў райком.

— А вас Крыловіч шукаў, — паведаміла яму машыністка.

Васіль усміхнуўся і пачаў чакаць. Хвілін праз колькі ў прыёмную ўвайшоў Крыловіч.

— Чакаеш? Гарыш нецярпеннем зноў змяшаць Крыловіча з граззю? А вось табе, — ён употайкі, каб не ўбачыла дзяўчына, паказаў Лазавенку з кішэні фігу.

Васіль засмяяўся.

— Ідзём, аформлю табе дынамамашыну. Чорт з табой! Не думай толькі, што Крыловіч — жыла, кансерватар і ўсё іншае...

«Малайчына», — з удзячнасцю падумаў Васіль аб Маслоўская добра ведаючы, што раптоўны паварот Крыловіча — яе заслуга.

Сапраўды, пасля таго, як ён вышаў, паміж дырэктарам МТС і галоўным аграномам адбылася бурная размова. А размовы такія паміж імі заўсёды прыносілі плённыя вынікі, бо, не гледзячы на гэтыя частыя сутычкі, яны адносіліся адзін да аднаго з павагай, цанілі адзін аднаго ў рабоце.

— Якія вы гарачыя ўсе сталі, нервовыя! А што з вас будзе, калі вы маіх год дажывеце? — бурчэў Крыловіч, калі яны вышлі з райкома на вуліцу і па сцежцы наўпрасцяк, праз гароды, рушылі да МТС, будынкі якой чарнелі каля чыгункі.

— У тваіх гадах мы будзем зусім спакойныя, — адказаў Васіль.

— Спакойныя! Дажывеш — пабачыш...

— Дажывем і ўбачым... Тады не будзе прычыны за грудзі брацца.

— А-а, — зразумеўшы, згадзіўся Крыловіч і ў голасе яго з'явіліся ноткі смутку. — Вы, чэрці, дажывеце, вядома... А Крыловіча і добрым словам не ўспамянеце, а ён пачаў змагацца за комунізм, калі вас яшчэ на свеце не было.

— Нічога, Франц Ульянавіч, дажывеш і ты...

— Дажывеш з вамі... Штодзень прымушаеце хвалявацца, не адзін, дык другі. Чуеш, адышка якая?..

— А ты не хвалюйся.

— Ну, нічога, я і хвалюючыся да комунізма дажыву.

Яны дайшлі да МТС. Крыловіч таямніча падміргнуў Лазавенку.

— А цяпер ідзем, я табе нешта пакажу.

У доўгім драўляным гаражы, што быў прыбудаваны да цаглянай майстэрні, стаялі, як салдаты на парадзе — пад адну лінію, дзесяць новенькіх гусенічных трактараў. Здавалася, што яны яшчэ пахлі свежай фарбай і неастыўшым металам. У поўзмроку гаража блішчэлі іх стальныя гусеніцы.

Васіль доўга не мог адарваць позірку ад гэтай магутнай тэхнікі. Крыловіч з боку назіраў за ім і радасна ўсміхаўся, задаволены эфектам.

— Бачыў? Толькі ўчора атрымалі. Цяпер і за севазвароты ёсць з чым узяцца. Можаш радавацца: адзін з гэтых прыгажуноў будзе ў тваім калгасе. Задаволены? То-та... І не думай аб Крыловічу так блага, як ты думаў дагэтуль...

«Сілавая» задыміла. Дымок гэты быў відаць здалёк.

І ў першыя дні ў Лядцах і Радніках можна было часта назіраць такую з'яву: сустрэнуцца два калгаснікі на вуліцы, прывітаюцца і абавязкова паглядзяць у бок Дабрадзееўкі.

— Дыміць? — спытае адзін.

— Дыміць, — адкажа другі.

— Але, дыміць. І добра, брат, дыміць.

— А ўчора ўвечары бачыў?

— Бачыў. Ад Пракопавага гумна відно.

— Мой Мішка ўжо і верш напісаў «Зарава над Дабрадзееўкай». Зарава! Ха! Вунь куды махнуў!..

Будынак «сілавой» нізкі, прыплюснуты, з боку нагадваў баржу. Ад яго размашыста крочылі да школы і далей па вуліцы на калгасны двор невысокія белыя слупы. Здавалася, што гэта — дужыя хлопцы, і цягнуць яны за тоўстыя кашлатыя канаты — заінеўшыя драты — гэтую баржу некуды ўгору, на грэбень белай хвалі.

Святло далі ў першую чаргу на калгасны двор, у школу, у медпункт і на будоўлі. Нястача дроту, ізалятараў і нават лямпачак не давала магчымасці выкарыстаць на асвятленне ўсе дваццаць кіловат, што давала гэтая з выгляду зусім маленькая дынамка. Васіль прыняў адразу прапанову Ліды Ладынінай даць святло ў хаты інвалідаў. Ад вулічных ліхтароў ён адмовіўся катэгарычна:

— Нам карысць трэба, работа, а не ілюмінацыя. У нас і так ніхто не блудзіць.

Таму ўсіх вельмі здзівіла, калі манцёр пачаў шчодра вешаць лямпачкі вакол няскончанага зруба пад клуб.

Васіль растлумачыў сваю задуму на паседжанні праўлення.

— Дзень зімовы кароткі і цесляры працуюць не больш пяці-шасці гадзін. А чаму-б ім не працаваць дзесяць гадзін? Працавалі-ж улетку.

Іван Гоман абурыўся.

— Дня табе мала. А потым і ночы стане мала. Чым надточыш тады? Не будзем працаваць! За дзень намахаешся — рук падняць не можаш...

Васіль ураз астудзіў гэтага вяртлявага чалавека.

— Не будзеш — не трэба. Паставім за брыгадзіра другога і будзем працаваць без цябе.

Уступіць месца брыгадзіра Гоман не мог ні пры якіх абставінах і таму адразу-ж даў «задні ход» пад рогат цесляроў і стрыманыя ўсмешкі членаў праўлення.

Да «сілавой» з боку прыбудавалі паветку, і пад ёй зазвінела цыркулярка — то каротка, радасна, на высокім тоне, то прыглушана, доўга, жаласліва — нібы скардзілася, што ёй цяжка пілаваць такое вялізнае бервяно.

На лакамабіль і цыркулярку прыязджалі паглядзець старшыні суседніх калгасаў. «Выпадкова, едучы ў лес», заглянуў у калгас і Свірыд Зязюля — старшыня самага вялікага і багатага калгаса ў раёне. Дагэтуль Зязюля, сустракаючыся ў раёне, вітаўся з Васілём ледзь прыкметным кіўком галавы і толькі адзін раз, у кабінеце Макушэнкі, падаў руку. Ён агледзеў усё з выглядам рэвізора, усюды зрабіў заўвагі і даў гаспадарчыя парады, частку з якіх Васіль пасля скарыстаў. Аб усім ён гаварыў нібы між іншым і нават крыху скептычна, але Васіль бачыў, што ў душы стары (Зязюля меў год шэсцьдзесят) чаму-ні-чаму зайздросціць. Васіль запрасіў яго паабедаць, паставіў поўлітэрку, хоць у думках папракаў сябе за тое, што ўпершыню робіць гэта не па шчырасці, а з разлікам: «Такі сябра заўсёды спатрэбіцца, у яго насенне гатунковае можна выменяць, ды і насенне траў ёсць».

Зязюля, даведаўшыся ў гутарцы, колькі праўленне «Волі» пастанавіла браць з суседніх калгасаў і чужых калгаснікаў за распілоўку бярвенняў, здзівіўся і дакарыў Васіля:

— Дурань ты, брат ты мой! У два разы даражэй — не было-б дорага. На гэтым цяпер, ведаеш, як зарабіць можна?!

Васіля ажно перасмыкнула ад гэтых яго слоў. «На нястачы людзей?» — ледзь не спытаў ён злосна, аднак стрымаўся, падумаў: «Вунь ты які гаспадар! А цябе хваляць... Не, не паеду я да цябе за насеннем, знайду без цябе... А паглядзець на гаспадарку прыеду абавязкова, хоць ты, старавер барадаты, і не запрашаеш»...


27...


Пагаварыць з Максімам па-шчырасці Васілю не ўдавалася; той пасля нечаканай сустрэчы ў полі ўпарта пазбягаў спаткання адзін-на-адзін.

Васіль намерыўся было пагаварыць аб усім гэтым на партыйным сходзе, дзе павінна была абмяркоўвацца кандыдатура будучага старшыні «Партызана». Але Ладынін, з якім ён параіўся перад сходам, адгаварыў яго ад гэтай задумы.

— Справа, Мінавіч, вельмі складаная, у ёй трэба, як мае быць, разабрацца, а не проста так — з наскоку. Да таго-ж улічы, што народ наш да разгляду такіх спраў не падрыхтаваны; баюся, каб не растлумачылі гэта па-свойму: лаянка паміж двума супернікамі. І пачаў яе ты... Нядобра атрымаецца, асабліва на такім сходзе. Я разбяруся ў гэтым сам і пагавару спачатку з ім адзін. Ты скажы другое: як думаеш, справіцца? Макушэнка даўно папярэдзіў: прыглядзецца, праверыць, абмеркаваць.

— Прыглядаўся і я, Ігнат Андрэевіч, але добра не разабраўся, хоць ён і сябра мой з маленства. За адзін яго ўчынак у адносінах да Машы я з яго тры скуры спусціў-бы, каб да сівых валасоў помніў. Хочацца ўсыпаць яму і за фанабэрыю яго дурную, за самалюбства. Але ў той-жа час сілы і энергіі ў яго хапае. Каб толькі накіраваць гэтую энергію ў патрэбным кірунку, то ён горы звярнуў-бы.

— Што-ж, давай паспрабуем накіроўваць. Я думаю, у нас сілы таксама хопіць: не такія характары ламалі і выкоўвалі новыя. Трэба толькі штодзённы, неаслабны кантроль і разумная, таварыская крытыка. Значыцца, падтрымаем?

— Што-ж, у добры час.

У Лядцах рэкамендацыю партыйнага сходу большасць калгаснікаў сустрэла з прыемнасцю.

— Дай божа, каб кіраваў так, як бацька яго. А што малады, дык гэта нічога. Лазавенка таксама малады, а Шаройка вунь стары, а карысці з яго, як з таго казла...

Толькі ў сям'і Кацубаў вестка гэтая выклікала спрэчкі. Пеця быў гарой за Максіма: афіцэр, ордэнаносец, «такі гультаям паблажкі не дасць». Алеся была супраць:

— Нічога з яго не выйдзе. Не ў бацьку пайшоў.

Маша слухала і маўчала, у самой яе думка аб яго абранні была супярэчлівая: і хацелася, каб за старшыню быў ён — а раптам гэта зробіць яго сапраўдным чалавекам!— а яна жадала яму толькі найлепшага. І была трывога за калгас — а калі ён не здолее падняць яго, калі звіхнецца?

Сход пачаўся спакойна. Справаздачу Шаройкі выслухалі моўчкі і крытыкавалі яго ўжо спакойна, стрымана — у мінулым часе. Дарэмна Ладынін і Байкоў намагаліся разварушыць сход.

Гэтак-жа спакойна прайшлі і выбары старшыні. Калгаснікі самі назвалі Лескаўца. Толькі калі пачалі абмяркоўваць кандыдатуру будучага старшыні, ад дзвярэй малады, задзірысты голас спытаў:

— А каня ён умее запрэгчы?

Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Хваля яго не закранула пярэдніх радоў. Наперадзе засмяялася адна Алеся Кацуба,— засмяялася звонка, весела. Яна сядзела за асобным столікам, у кутку: яе і другога дзесяцікласніка, Паўла Лескаўца, папрасілі весці пратакол. Максіма гэты яе смех непрыемна кальнуў, ён прыкметна пачырванеў, скоса зірнуўшы на яе.

Больш жвавасці ўнесла заўвага Клаўдзі Хацкевіч.

— Скажы, жаніцца ты думаеш? — сур'ёзна спытала яна Максіма. — А то за бабамі будзеш бегаць, а на калгасныя справы забудзеш. Я вашага брата ведаю!

Тут ужо засмяяліся ўсе, маладыя і старыя. Пасыпаліся жарты.

— Ого, яна ведае нашага брата!

— Бяры, Клаўдзя, лейцы ў рукі: будзь за сваццю.

— А як-жа, цікава ёй за сваццю быць! Яна ў нявесты цэліць!

Максім заўважыў, што і Маша смяецца разам з усімі,— спакойна, нават не пачырванеўшы.

Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Машу. Ладынін радаваўся за яе, назіраючы, з якой аднадушнасцю і павагай за яе галасавалі. Адначасова ён здзівіўся колькасці галасоў за Шаройку: мала чаго нехапіла, каб і ён зноў трапіў у праўленне.

«Моцныя-ж, браце, у цябе корані, — падумаў Ігнат Андрэевіч. —Давядзецца карчаваць».

У сувязі з тым, што брыгадзіра Лукаша Бірылу выбралі за намесніка старшыні, а інвалід Сяргей Кацуба сам папрасіўся, каб яго вызвалілі ад гэтай пасады, бо яму цяжка хадзіць, узнікла пытанне аб новых брыгадзірах. Усе разумелі, што лягчэй яго вырашыць тут, на агульным сходзе, а не на паседжанні праўлення. Але і для сходу гэта аказалася досыць-такі нялёгкай задачай.

Адзін — адмаўляўся сам, выстаўляючы ўважлівыя прычыны, другі — выклікаў моцныя пярэчанні сходу.

Ладынін кіўнуў Машы.

— Вазьміцеся вы, Марыя Паўлаўна.

Жанчыны, нібы чакалі гэтага сігналу, — адразу падтрымалі:

— Правільна!

— Лепшага брыгадзіра не знайсці!

— За ёй мы ўсе — хоць у ваду і ў агонь!

— Расступіся, мужчыны, — дарогу жанчыне!

— Хопіць вам камандаваць! Цяпер мы вамі пакамандуем!

Як заўсёды, без жартаў не абыходзіліся.

Ад «паважных гаспадароў» выступіў калгасны каваль Сцяпан Прымак.

— Мы ўсе паважаем Машу. Ніхто, канешне, не можа сказаць супраць яе і слова, а хай хто паспрабуе — я таму язык на кавадла і трыццаціфунтовым молатам... Ведай, лайдак, што гаварыць. Але Маша — чалавек мяккі, з усімі ласкавая, далікатная, а народ у нас цяжкаваты. Ў нас — не тое, што ў Дабрадзееўцы. У нас другога покуль добра па галаве не дзеўбанеш, дык ён не паварушыцца...

— А першага цябе!

— Чыя кароўка мычала-б, а твая маўчала-б!..

— Святы Сцяпан заступнік!

Каваль махнуў на жанчын рукой:

— Ат!.. Хіба вас перакрычыш, калі ў вас глоткі, як той мех у маёй кузні!..

Ладынін зноў звярнуўся да Машы:

— А як думае сама Марыя Паўлаўна?

Маша паднялася, павярнулася тварам да калгаснікаў. Жанчыны весела заківалі ёй галовамі: згаджайся. Яна пашукала дзяўчат свайго звяна: што скажуць яны? З дзяўчат яна нікога не знайшла, а раптам убачыла Васіля. Старшыня «Волі» сядзеў каля сцяны, сярод мужчын. Позіркі іх на момант сустрэліся. Ён ледзь прыкметна ўсміхнуўся, кіўнуў галавой. Машы здалося, што ён сказаў: згаджайся. І гэта вырашыла. Прыкметна пачырванеўшы ад хвалявання, яна адказала:

— Я — як народ... Толькі каб у сваёй брыгадзе...

Калі пачалі назначаць другога брыгадзіра, выступіў

Шаройка. Усім кінулася ў вочы, як ён згорбіўся, пастарэў і стаў ніжэйшы ростам. І голас яго змяніўся.

— Таварышы калгаснікі! Здорава вы мяне пабілі. Што-ж, правільна білі, я крытыку заўсёды слухаў... Няздатны, значыцца, быў я на старшыню, адстаў, пастарэў. Але мне хочацца, — ён павысіў голас, падняў галаву і глянуў на людзей, — мне хочацца паправіць сваю памылку. Пяць год я быў брыгадзірам да вайны. Хто скажа, што я тады дрэнна працаваў? Дык чаму-ж выдумаеце, што я цяпер горш буду працаваць?.. Я лічу, што брыгадзірам я спраўлюся. Сіл сваіх не пашкадую!.. Паверце майму слову...

Выступленне яго зрабіла ўражанне: ніхто не пажартаваў і ніхто не выступаў супраць. У Ладыніна ўражайце гэтае было раздвоенае: прыемна, што чалавек сам просіць работу — цяжкую работу, але непрыемна, што чалавек гэты — Шаройка; штосьці няшчырае было ў яго словах, асабліва ў апошніх — узнёслых: «Сіл сваіх не пашкадую!..»

«Чаму-ж ты шкадаваў іх, калі старшынёй быў?»— так і хацелася спытаць. — Больш дбаў аб уласнай гаспадарцы, чым аб грамадскай?» Ладынін цвёрда намерыўся выступіць супраць. Але, папярэдзіўшы яго, выступіў Максім. Старшыня калгаса падтрымаў просьбу Шаройкі.

Ладынін ажно крактануў ад прыкрасці.

«Ах!.. Прываражыў цябе гэты Шаройка... Не хочацца мне ў першы-ж дзень ударыць па твайму аўтарытэту. Што-ж, няхай пабудзе Шаройка... Паглядзім, што з гэтага атрымаецца...»

Час быў позні. Даўно ўжо ішла другая палова ночы. У нізкім класным пакоі нехапала паветра, хоць дзверы ў халодны калідор не зачыняліся ні на хвіліну. Лямпы, што віселі пад столлю, хліпалі, капцелі. Пачала задыхацца і лямпа на стале прэзідыума. Ладынін колькі разоў прасіў калгаснікаў не курыць, але просьбы яго былі дарэмныя (ён і сам гэта разумеў): праседзець усю ноч не курыўшы — было-б звыш сіл. Едкім дымам самасаду прапахла ўсё: валасы і вопратка людзей, парты і сцены.

Людзі не разыходзіліся. З прэзідыума здавалася нават, што іх стала больш. Заднія, хто стаяў у калідоры, праціснуліся наперад, занялі два крокі прасторы паміж сталом і першымі партамі, якія дагэтуль пуставалі. А некаторыя з маладых хлопцаў зайшлі і за стол прэзідыума і селі там на падлогу. Адзін з іх, за спіной у Ладыніна, прываліўся да сцяны і заснуў.

Калгаснікаў не менш, чым выбары старшыні і праўлення, цікавіла другое пытанне, якое выносілася на сход па просьбе старшыні «Волі» Васіля Лазавенкі.

Яму першаму і было дадзена слова.

— Аб чым буду я гаварыць — вы ведаеце з парадку дня. Але пытанне такое для калгаснікаў «Партызана» неспадзяванае, гэта я ведаю. Неспадзяванае яно таму, што ваш былы старшыня і слухаць не хацеў, каб выносіць гэтае пытанне на сход.

— Я і зараз буду супраць! — рашуча заявіў Шаройка. — Нежыццёвая справа! Не-э!..

Васіль зрабіў кароткую паузу і адказаў, павысіўшы голас:

— Не, хлусіш, Амяльян Дзянісавіч! Справа, якая падказана самім жыццём, не можа быць нежыццёвай. Справа вельмі жыццёвая! Калгаснікі «Волі» адзінадушна пастанавілі: не адкладваючы, як кажуць, справы на доўгі час, пачаць будаваць гідраэлектрастанцыю на нашай Гразліўцы. Мы склалі праект. Па ім, так дазваляе рэчка, станцыю можна будаваць толькі вось тут, — Васіль махнуў рукой на акно, — каля вашага калгаснага двара.

— Ага, таму ты і прышоў да нас! — выгукнуў нехта з дымнага змроку.

— Не, не таму я прышоў да вас! Заўтра я пайду да раднікаўцаў і, магчыма, нават і да нашага украінскага суседа — да гайнаўцаў.

— Ого, махнуў! За мяжу! Размах у цябе, Мінавіч, большэвіцкі! — голас добры, у ім — захапленне і радасць.

— Я прышоў таму, што сілаю некалькіх калгасаў мы збудуем станцыю значна хутчэй. Я падлічыў — за год, не больш. А гэта значыць, што мы хутчэй уздымем нашы гаспадаркі. Бо электрастанцыя — гэта не толькі святло ў хатах, на ферме, гэта — малацьба, млын, цыркулярка, нарыхтоўка кармоў... Адным словам — усё... Я звяртаюся да вас і таму, што было-б проста неразумна будаваць такую гідрастанцыю, якая задавальняла-б патрэбы толькі аднаго невялікага калгаса. Неразумна і невыгодна. Мы павінны збудаваць станцыю з добрым запасам магутнасці...

Васіль бачыў, як Шаройка нешта шаптаў свайму суседу, былому загадчыку фермы Карнею і той адразу-ж запытаўся:

— Скажы, Лазавенка, а хто гаспадаром будзе такой электрастанцыі?

Васіль ажно сумеўся ад такога недарэчнага пытання; ён паціснуў плячыма.

— Калгасы.

— Які калгас? Ваш? А мы ў вас пайшчыкамі будзем? Так?

— Усе калгасы будуць мець аднолькавае права...

— Ты добры гаспадар, Лазавенка, і ведаеш, што, дзе многа нянек, там дзіця заўсёды мурзатае.

Людзі весела варухнуліся ў дымным поўзмроку пакоя, але ніхто не засмяяўся.

Ладыніна здзіўляла гэтая напружаная маўклівасць калгаснікаў. Па ўсім відаць, цікавасць да будаўніцтва ў людзей выключная. Але чаму такая пасіўнасць у абмеркаванні? Ён успомніў, як перад сходам Ліда гаварыла Лазавенку:

— Ды вас на руках будуць насіць пасля вашай прапановы.

«Шкада, што не ўзялі яе, няхай-бы пабачыла, як нас носяць», — з усмешкай падумай Ладынін. — Але жарты жартамі, а пара разбіць гэты лёд».

Прадаўжаў гаварыць Карней:

— ...станцыя, значыцца, будзе на нашых гародах, вада залье нашу зямлю, той лужок, дзе кожная наша баба градку пад капусту мае... А гаспадаром яе будзе добры сусед... І мы павінны ісці да яго і кланяцца за кожны гэты самы кіловат энергіі...

— Глупства! — абурыўся Васіль.

— Не, не глупства! Мы так не жадаем! Давайце мы самі будзем будаваць яе, гэтую станцыю. А вас пайшчыкамі запрашаем...

— Калі ласка, — згадзіўся Васіль. — Толькі будаўніцтва пачынаць неадкладна...

Слова папрасіў Шаройка.

— Справа не ў тым, хто будзе гаспадаром, а хто пайшчыкам. Уся справа ў тым, ці зможам мы зараз з нашымі сіламі пачаць такое будаўніцтва? Не можам! Бо калгас наш яшчэ не дарос да такой будоўлі. Для гэтага трэба грошы, а ў нас іх — кот наплакаў. Мы не маем нават сродкаў, каб набыць малатарню, новыя плугі, не гаворачы ўжо аб аўтамашыне, якая нам патрэбна вось так, — ён правёў далоняй па шыі,— да зарэзу... А колькі ў нас сямей у зямлянках...

Ладынін не стрымаўся і іранічна -заўважыў:

— Добра, калі Шаройка пачынае крытыкаваць Шаройку.

Прыціхшая зала заварушылася, весела зашумела.

— Цікава, як вы думаеце, чаму ў «Волі» ўсё гэта ёсць?

Шаройка нібы і не пачуў рэплікі і пытання Ладыніна.

Аднак аб беднасці свайго калгаса больш не сказаў ні слова.

— Каб пачаць такое будаўніцтва, трэба спачатку падвесці пад яго базу добрую, а не проста так сабе... Паважаны Васіль Мінавіч, мабыць, забыў на свой клуб, які ён пачаў будаваць. Пачаць пачаў, а скончыць — сіл нехапае. Дык гэта клуб!.. А гэта гідрастанцыя! Адным словам, хай мяне не зразумеюць так, што я супраць электрастанцыі! Не! Я ўсёй душой. Але, як кажуць, рад-бы ў рай, ды грахі не пушчаюць...

Людзі зноў засмяяліся. Шаройка злосна аглянуўся і сеў, выцершы рукавом ватоўкі пот з ілба.

Васіль выступіў зноў:

— Таварышы! Дзяржава дае нам крэдыт. Нарэшце, усе першапачатковыя грашовыя затраты «Воля» бярэ на сябе. Ад вас патрабуюцца, галоўным чынам, рабочыя рукі...

Сход маўчаў — чакаў чарговага прамоўцы.

Пасля гаварылі Сакавітаў і Ладынін. Інжынер гаварыў каротка. Выступленне сакратара міжволі зацягнулася. Вельмі хацелася давесці людзям тую велізарную карысць, якую дасць ім электрычнасць. Але, скончыўшы гаварыць, ён зразумеў, што аднаго такога сходу мала, каб ідэя будаўніцтва гідрастанцыі завалодала калгаснікамі «Партызана» так, як яна завалодала людзьмі ў «Волі». Акрамя ўсяго іншага, трэба пераканаць людзей, што ў іх хопіць сіл на такое будаўніцтва. Не цяжка сабраць большасць галасоў і прыняць пастанову: моладзь падтрымае. Але якую адказнасць будзе потым адчуваць увесь калектыў і кожны чалавек паасобку? Як будзе ажыццяўляцца гэтая пастанова?

Цікава, што скажа Лескавец? Слова старшыні многа значыць.

Ладынін нецярпліва пазіраў на яго. Максім не спяшаўся. Гэтая яго празмерная паважнасць не падабалася Ладыніну. Для бурнага калгаснага сходу яна была зусім недарэчы. Паназіраўшы за Лескаўцом больш, Ладынін ужо цвёрда ведаў, што ён скажа. І не памыліўся.

— Я думаю, што прыняць канкрэтнае рашэнне сёння, як таго дамагаецца таварыш Лазавенка, мы не можам. Нам трэба ўзважыць нашы сілы і магчымасці, падумаць, што і як, абмеркаваць... Такія справы не вырашаюцца адным узмахам... Вось так...

Ён гаварыў доўга, абгрунтоўваючы сваю прапанову, хоць гэта было зусім непатрэбна. Адразу стала відаць, што большасць згодна з ім.

Васіль Лазавенка быў злосны. На Лескаўца, на Ладыніна, па сябе. З-за сходу ён сарваў агранамічныя заняткі. Прасядзеў у табачным чадзе ўсю ноч. А вынікаў — ніякіх. Яго не магла задаволіць цягучая, як гума, кампрамісная пастанова: перанесці пытанне аб гідрастанцыі на наступны сход. А калі ён будзе наступны сход? А трэба неадкладна пачаць нарыхтоўку і вывазку лесу, каб да вясны матэрыял ляжаў на месцы будоўлі. Аднаму калгасу гэтага не падняць. Непрыемна было ўспамінаць настрой, з якім ішоў на сход. Ён, праўда, не думаў, як Ліда, што іх пачнуць на руках насіць, але ў душы спадзяваўся, што прапанова будзе сустрэта з радасцю. Таму ён не ўтрымаўся і пасля сходу сказаў Максіму:

— Няважна ты пачынаеш сваю дзейнасць. Доўга, відаць, яшчэ калгасам будзе кіраваць Шаройка, а не ты.

Максім успыліў.

— Я бачу — табе хочацца кіраваць нашым калгасам. Ды не толькі нашым. Ты не супраць і украінскага суседа прыхапіць... Дзеяч сусветнага маштаба!..

— Глупства!

— Глупства? Я ведаю, чаго ты хочаш, — кіраваць калгасам-гігантам... Я памятаю, што ты аднойчы казаў... Забыў?

— Не, не забыў.

— Табе, відаць, і гідрастанцыя для гэтага патрэбна. Каб хоць ускосна... Гігантаман!

— Дурань ты, браце, пасля гэтага! — Васіль адвярнуўся, даючы зразумець, што ён не жадае больш і гаварыць.

Максім не на жарты абурыўся.

— Таварыш Ладынін! Я патрабую разабраць нашы адносіны на партыйным сходзе. Я не першы раз чую ад яго падобную абразу. А з-за чаго?..

— Пакіньце, Лескавец! Што вы, як пеўні... Сорамна — змораным голасам адказаў Ладынін. — Падумайце лепш добра аб яго прапанове. Сур'ёзна, па-партыйнаму, выкінуўшы з галавы ўсю лухту, якую вы зараз пачалі верзці...

Васіль, не развітаўшыся, вышаў на вуліцу і там чакаў Ладыніна і Байкова.

Была адліга. Са стрэх падалі буйныя кроплі. Дарога была цёмная і слізкая.

— Я — злосны, як піліпаўскі воўк, — сказаў Васіль, калі яны, нарэшце, закрочылі насустрач моцнаму заходняму ветру, што прынёс адлігу. — На душы такі нагар. Ну, чорт з ім! Не хочуць — не трэба. Пабудуем без іх!

Ладынін сціснуў локаць яго рукі.

— Не гарачыся, Мінавіч. Будаваць будзем разам. Я табе скажу: сённешні сход прынёс больш карысці, чым той, на якім адразу прынялі-б тваю прапанову. На поўмесяца хопіць размоў і самых гарачых спрэчак. А мы павінны ў гэты час не драмаць. Галоўнае: пераканаць, што ў іх хопіць сіл і паказаць, адкуль узяць гэтыя сілы і сродкі.

Байкоў ішоў крыху ззаду і маўчаў. Сход зрабіў пераварот і ў яго душы: знік яго скептычны настрой, цяпер і ён быў за электрастанцыю.


28...


Машы выпала дзяжурыць апошнія гадзіны. Усё падрыхтаваўшы, члены камісіі разышліся адпачыць якіх пару гадзін перад, магчыма, больш, чым сутачнай напружанай і адказнай работай. Маша засталася адна. Пачаўся той дзень, дата якога макамі гарэла на шматлікіх плакатах па ўсёй краіне. Пачалося свята. Маша адчувала яго сэрцам. З часу звароту Максіма ў яе ні разу яшчэ не было такога светлага радаснага настрою; ён завалодаў усёй яе істотай, напоўніў кіпучай энергіяй, якую яна не ведала, куды падзець.

Нячутна ступаючы мяккімі валёнкамі, яна вышла з настаўніцкай у цёмны вестыбюль, па чарзе абышла класы. Усюды палілася ў грубках. Весела трашчалі сухія дровы. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Гэтыя дзіўныя снапы святла трапяталіся, нібы жывыя.

Грубкі дыхалі гарачынёй. Густое паветра пахла елкай.

«Ап'янець можна ад такога водыру», — шчасліва падумала Маша.

У адным класе дзверцы грубкі былі адчынены зусім, і гарачае полымя дагараючых дроў аддавала пакою ўсё сваё чырвонае, трапяткое святло. Па баках, каля дзвярэй і каля вокнаў, быў мяккі поўзмрок, а супрацьлеглая сцяна была ярка асветлена. На сцяне — вялікі плакат: Сталін у поўны рост, за ім — у празрыстай дымцы — вежы Крэмля, блакіт неба. Маша доўга не магла адарваць вачэй. Ружаваты водсвет полымя калыхаўся і па колеру нагадваў ранішні золак, калі толькі што ўзыходзіць сонца, і над роснымі палямі трымціць, калышацца вось такое-ж ружова-празрыстае мроіва. Машы на момант здалося, што Сталін са сваёй шчырай бацькоўскай усмешкай ідзе проста да яе. І ёй вельмі захацелася прывітаць яго і падзякаваць яму за ўсё, што ён зрабіў для народа і асабіста для яе, для іх сям'і.

Убачыўшы, што з аднаго боку плакат адклеіўся ад сцяны, яна падышла і пяшчотна прыгладзіла яго. З яловых галінак, што зялёным вянком аздаблялі плакат, пасыпаліся на падлогу маленькія іголачкі.

«Так хутка высахлі! — здзівілася Маша. — Трэба свежых»...

Яна вышла ў калідор, дзе, ведала, засталіся яловыя лапкі, прынесла іх у клас і доўга і любоўна ўпрыгожвала дарагі партрэт.

Потым ёй захацелася ўсё агледзець яшчэ раз, усё праверыць, хоць гэтым цэлы вечар займалася камісія. Яна ўключыла святло. Ярка ўспыхнулі лямпачкі. Гледзячы на іх, па-дзіцячаму прыжмурыўшыся, яна з удзячнасцю думала пра Васіля.

Працуючы, яна спявала, ціха, часам без слоў — адну жыццерадасную мелодыю, і, прыслухоўваючыся да ўласнага голасу, не пазнавала яго.

Пасля таго, як яна канчаткова пераканалася, што ўсё на сваім месцы, усё, як належыць падрыхтавана, ёй раптам захацелася выйсці, адыйсціся да сельмага і з узгорку паглядзець на залітую святлом школу. Але покуль яна апраналася, лямпачкі пачалі цьмець і праз хвіліну патухлі. Электрастанцыя спыніла работу.

«Хаця-б ён не праспаў», — падумала Маша аб механіку, хоць добра ведала, што аб гэтым паклапоціцца Васіль.

Яна падышла да акна. З глыбіні марознага неба прыветліва міргалі зоркі. На снезе цераз усю дарогу, ажно да саду ляжаў доўгі цень ад школы: дзесьці над заснежанымі гародамі ўзыходзіў месяц.

Машы ўспомніўся запіс у Алесіным дзённіку (учора ён выпадкова трапіў ёй у рукі):

«У чым паэзія нашага жыцця?»

Яна не прачытала адказ — пасаромелася, хоць ёй вельмі хацелася гэта зрабіць.

Цяпер захацелася адказаць самой.

Толькі яшчэ дзе-ні-дзе ў вёсцы замільгалі праз замёрзлыя шыбы агеньчыкі. Ні ў адной хаце яшчэ акно са двара не запылала чырванню ад полымя ў печы. Не пахла дымам, не рыпеў снег пад нагамі. Нават маўчалі яшчэ спрадвечныя будзільнікі — пеўні. Панавала цішыня. І раптам яе парушыла гучнае рыпенне дзвярэй. На ганку з'явілася Алеся ў кажушку, захутаная ў белую вязаную хустку. Яна весела скочыла з ганка на снег, і ён запішчэў, засмяяўся, зазвінеў пад яе нагамі на ўсю вёску.

Дзяўчына ажно спынілася на момант. Потым махнула рукой, засмяялася і пабегла па вуліцы. Каля такога-ж новага дома, у якім ужо гарэла святло, яна спынілася, хвіліну пачакала, пазіраючы на вокны.

Мароз залазіў пад кажушок, кусаў за шчокі; зліпаліся ноздры, цяжка было дыхаць. Але цела напаўнялася бадзёрасцю. Хацелася сарвацца з месца і бегчы, бегчы ўперад, у поле, насустрач наступаючаму дню, насустрач святу. А тут мусіш чакаць. Алеся ўзлавалася, яе дзявочая гордасць запратэставала: чаму павінна чакаць яна, а не ён?

— Ну, і дам! — яна пастукала кулаком аб кулак і вельмі павольна, нібы вартавы, рушыла назад. Адышлася крокаў за пяцьдзесят, павярнулася.

Супакоілі яе зоркі. Раптам адна з іх пакінула сваіх сябровак і паляцела ў бездань, начарціўшы на небе свой шлях доўгай агністай лініяй, за ёю — другая... Гэта — нібы разведчыкі, бо за імі неўзабаве цэлы рой зорак сарваўся, быццам з нябачаных галін і агнявымі пырскамі ўпаў недзе за сасоннікам. Алеся ні разу за сваё жыццё не бачыла такой прыгожай з'явы, і зоркі прываражылі яе, яна не зводзіла з іх вачэй, нібы чакала, што зараз усе яны сарвуцца з сваіх месц і закружаць у іскрыстым карагодзе.

Стрэлілі дзверы. Загаласіў снег. З двара таго дома, каля якога яна чакала, вышаў юнак. Убачыў яе — весела выгукнуў:

— Добрай раніцы, Алеся!

— Сануля! — адказала яна. — Я поўгадзіны чакаю цябе.

— Поўгадзіны?! — ён паўтарыў гэта такім радасным голасам, што яна тут-жа ў душы даравала яму тыя пяць хвілін, якія ён прымусіў яе чакаць.

— Пайшлі хутчэй! Якое я зараз бачыла дзіва! У хвойнік упаў цэлы рой зорак.

— У хвойнік! Рой зорак! — іранічна прамовіў Павел. — І чаму дзіва? Звычайная з'ява: метэоры...

Яна перапыніла.

— Паўлік, дарагі,-хоць у імя свята пазбаў ты мяне ад сваіх вучоных астранамічна-матэматычных разважанняў

— А ты мяне — ад сваіх вершаў.

— Адразу відзён сухар: у такі дзень — без вершаў!.. Хіба можна!

— Чытай чужыя, толькі не свае.

Яна засмяялася.

Вышлі ў поле. Незнарок, ад душэўнай прастаты і шчырасці, узяліся за рукі. І снег пад іх нагамі не галасіў ужо, а спяваў. А збоку, з вышыні на іх глядзеў стары, шчарбаты месяц і, вядома, зайздросціў іх маладосці, іх шчасцю.

Алеся спытала:

— Слухай, Паша, як ты думаеш, у чым паэзія нашага жыцця?

Да яе пытанняў, заўжды нечаканых і дзіўных, Павел адносіўся насцярожана, бо яна не аднойчы ўжо ставіла яго, выдатніка, «школьнага Ньютона» ў нялоўкае становішча. Можа таму, ён адказаў жартам:

— Для мяне — у рашэнні алгебраічных задач.

— Я сур'ёзна пытаю.

Ён падумаў.

— Для нас з табою зараз у тым, што мы падняліся ў чатыры гадзіны раніцы і, бязмежна шчаслівыя, радасныя, як дзеці, бяжым па марозу, па звонкаму снегу на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць першы раз у сваім жыцці...

Ён сказаў усё гэта з аднаго выдыху, нібы прадэкламаваў вершаваную страфу. Алеся засмяялася:

— О-о! Ды ты амаль паэт! — і пасля кароткай паўзы дадала:

— Шкада толькі, што ты не бяжыш, а цягнешся, як чарапаха, хоць на буксір цябе бяры. Чаму ты ўвесь час запавольваеш хаду? Давай прабяжым!

Але ён, сумеўшыся раптам, не адгукнуўся на яе прапанову.

— Будзеш лаяць?

— А што? — насцярожылася яна.

— Мушу сказаць табе, што мой неспакойны дзед вышаў раней за нас.

Алеся спынілася і так бліснула на яго вачыма, што ў яго, хоць ён і не мог убачыць іх выразу, ёкнула сэрца.

— Эх ты, формула алгебраічная! — і яна рашуча загадала: — Дагнаць і перагнаць!

— Няёмка, Алеся.

— Саромішся? Як-жа: дзед убачыць цябе з Кацубавай Сашай, якую твая шаноўная маці не надта паважае за яе характар! Кавалер саламяны! Можаш ісці, як хочаш. Я сама...

Ён змаўчаў і мусіў падпарадкавацца яе жаданню. Як заўсёды. У яго ніколі не знаходзілася рашучасці пярэчыць ёй. Уздыхнуўшы, ён прыгадаў словы, якія аднойчы сказала маці:

«Што гэта яна, Паўлік, верх над табою бярэ, Кацубіха гэтая? У каго толькі яна ўдалася ў іх? Маша — залаты чалавек, а гэта — вярціхвостка нейкая».

Эх, мама, мама! Нічога ты не ведаеш. Ды і ніхто не ведае. І яна, Алеся, мусіць, лічыць яго проста добрым, шчырым сябрам — аднакласнікам, які заўсёды прыходзіць ёй па дапамогу, нават не спыняецца і перад тым, каб на кантрольных па алгебры ці стэрэаметрыі паслаць ёй шпаргалку. А каб яна толькі ведала, чаго гэта каштуе яму, сакратару школьнай комсамольскай арганізацыі, ворагу ўсіх шпаргалак!

Дзед Яўмен пачуў галасы, па бадзёраму звону крокаў здагадаўся, што даганяюць яго маладыя і, зразумеўшы, што яму не пераспаборнічаць іх, падрыхтаваўся да абароны свайго права на пяршынства.

— Добрай раніцы, дзядуля, — ласкава прывіталася Алеся, калі ямы неўзабаве нагналі старога. Павел сарамліва хаваўся за яе спіной.

— Да раніцы яшчэ, унучка, ой-ёй колькі.

Ён спыніўся, загарадзіўшы дарогу, каб пазнаць іх. Пазнаў і здзівіўся.

— Э-э, ды тут свае, а я быў спужаўся. Думаю, калі трапяцца якія... абгоняць дзеда і дзякуй не скажуць.

— Не хітруйце, дзядуля. Усёадно ваша пяршынства загадала вам памянуць яго добрым словам, — і Алеся, саступіўшы з вузкай зімовай дарогі, рашуча абышла яго.

Дзед абурыўся.

— Будзеш ты шкадаваць пасля, калі парвеш са мной дружбу. На парог дома тады не з'яўляйся. На пушачны выстрал не падпушчу...

Алеся зарагатала.

— Не бойцеся, дзядуля. Мы пойдзем хутчэй, але першы бюлетэнь пакідаем вам. Чэснае комсамольскае.

— Во! Гэта голас! А дражніцца са старымі непрыгожа камсамолцы, — ласкава дакараў ён дзяўчыну.

Тады і Павел смела абмінуў дзеда і са спакойным сумленнем, задаволены, рушыў за сваёй вясёлай спадарожніцай.

Першым з членаў камісіі прышоў Лазавенка. Маша за колькі хвілін да яго прыходу, адчуўшы зморанасць, прылегла на канапе і задрамала. Васіль зайшоў бясшумна, убачыў яе сонную і спыніўся каля дзвярэй, не зводзячы з яе ласкавага позірку... Маша адчула яго, гэты позірк, і расплюшчыла вочы.

— Ты, Васіль?..

У вестыбюль школы зайшлі першыя выбаршчыкі.

Вартаўнік Сямён пачаў з імі гаворку.

— Огось, якія вы раннія. Не дарма кажуць: маладыя, ды раннія.

Васіль выглянуў у дзверы, паглядзеў, хто прышоў, неазначальна працягнуў:

— Але-е... А старшыні яшчэ няма? Добра спіцца з жонкай...

— Вася! Што з табою? — Машу непрыемна ўразіла яго грубасць.

Ён усміхнуўся, шчыра, даверліва:

— Зайздрошчу, Маша. Прыгожа жывуць Мяцельскія. Я часта бываю ў іх, назіраю. Нельга не пазайздросціць. Сына чакаюць... Чаму ты думаеш, што я не здолеў-бы жыць так прыгожа?..

— Я думаю? Дзівак ты, Вася...

Яна сама не прыкмячала таго новага, што з'явілася ў яе адносінах да Васіля.

Адна Ніна Аляксееўна ўсё бачыла, усё разумела і па сакрэту перадавала Лідзе.

Васіль моцна пастукаў указкай у сцяну, за якой была кватэра дырэктара школы.

Адтуль пачуўся адказны стук і глухое «іду-у!»

Неўзабаве прышоў Мяцельскі, Ліда Ладыніна і амаль адначасова — усе іншыя члены камісіі. З імі прышоў Ігнат Андрэевіч. Крыху пазней — старшыня сельсовета Байкоў. А ў вестыбюлі ўжо гудзелі дзесяткі галасоў, рассыпаўся малады смех. Нехта паспрабаваў ужо лады на гармоніку, але яго, мусіць, спынілі: пачакай, хлопча, рана яшчэ.

Асабліва стала шумна пасля таго, як электрастанцыя дала святло. Ладынін сказаў камісіі некалькі цёплых слоў. Мяцельскі з неўласцівай яму маруднасцю, суха і сумнавата праверыў, як члены камісіі засвоілі свае абавязкі. Усе, у каго толькі меліся гадзіннікі, раз-по-разу пазіралі на іх. А ў каго не было сваіх, тыя глядзелі на ходзікі, што рытмічна адстуквалі хвіліны на сцяне настаўніцкай.

Нарэшце, камісія ў поўным сваім складзе рушыла ў класы, да сталоў і кабін. У вестыбюлі яе прыветліва сустрэлі выбаршчыкі, якіх набралася ўжо добрая сотня.

— Давайце, пачынайце хутчэй! — прапанаваў малады голас, уласніку якога, відаць, вельмі хацелася хутчэй выкарыстаць сваё вялікае права, магчыма, упершыню.

Мяцельскі перакуліў урну, паказаў членам камісіі і пасля гэтага старанна засяргучыў яе.

— Ну, цяпер усе па сваіх месцах! — скамандаваў ён.

Ліда, як сакратар камісіі, першая залезла за стол.

З аднаго боку ад яе сеў Косця Раднік, а Машы давялося сесці з другога, плячо ў плячо. Рукі іх адначасова працягнуліся за спісамі, і яны паглядзелі адна на адну. Ліда раптам аберуч узяла Машыну руку і моцна-моцна паціснула.

— Харошая вы мая!

Маша зазірнула ў глыбіню яе прыгожых вачэй, і гарачая радасць заліла ёй грудзі: колькі яна ўбачыла ў іх шчырасці, дабраты, сяброўства!

Ігнат Андрэевіч уключыў у настаўніцкай прыёмнік. Школу запоўнілі ўрачыстыя гукі Гімна Савецкага Саюза.

Мяцельскі, схамянуўшыся, шырока адчыніў дзверы класа.

— Таварышы выбаршчыкі! Дазвольце павіншаваць вас з днём выбараў. Прашу прыступіць да падачы галасоў.


Загрузка...