ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

1...


Маша сасніла, што яна праспала статак, што пад акном мычыць Лыска — кліча гаспадыню. Адплюшчыўшы вочы, яна прыслухалася: сапраўды, па вуліцы ішлі каровы. Крычаў пастух:

— Красуля! Каб на цябе ваўкі! Мо-оця! Выганяй-яй! Праспала?

«Праспала», — спалохана падумала Маша, але, успомніўшы дзе яна, супакоілася. Не трэба ёй спяшацца, каб падаіць і выгнаць Лыску. Пасля вяселля яна можа паспаць пазней, чым звычайна, тым больш, што ляглі яны ўжо амаль на світанні.

Але супакаення гэтага хапіла ненадоўга. Рупіла даведацца, як там дома. «Алеся, безумоўна, таксама праспала. Гэта-ж такая соня. Добра, што я папрасіла Клаўдзю, каб дагледзела. Аднак уставаць усёадно пара. Пакуль дайду да Лядцаў — і брыгада збярэцца, пара будзе нарад раздаваць», — яна глянула на ходзікі, што манатонна цікалі на сцяне, і асцярожна, каб не разбудзіць Васіля, паднялася, на цыпачках прайшла да акна, дзе на ўслоне ляжала плацце. Узяла яго і ўсміхнулася: прыадзецца бегчы да Лядцаў у вясельным убранні.

«Хіба папрасіць Галю, каб схадзіла і прынесла?».

Яны начавалі ў хаце Васілёвай сястры, удавы, бо ў Васіля да самай раніцы прадаўжалася гулянка, і шмат хто з гасцей так і застаўся там, за сталамі, а хто-ні-хто, магчыма, і пад сталом.

Але Ганны не было: ні яна, ні яе дзесяцігадовая дачка не начавалі дома, відаць, прыладзіліся недзе ў суседзяў. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Спынілася перад невялікім люстэркам, што вісела на сцяне паміж шматлікіх фатаграфій у адмысловых рамках, пачала прычэсвацца.

Яна не бачыла, што Васіль прачнуўся таксама і ўпотайкі назіраў за ёй.

Машы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Бацька Васіля, чалавек крыху ганарысты і дзівакаваты, хацеў паказаць, што жэніцца не абы хто, а старшыня лепшага ў раёне калгаса.

На лепшых конях, са званкамі на дугах, апавітых рознакаляровымі істужкамі і кветкамі, вязлі яе, Машу, з Лядцаў. Па патрабаванню маці маладых пасадзілі на покуце на кажух. Весела жартуючы, Васіль ахвотна выконваў дзівацтвы старых. А Машы было прыкра. Яна ўспомніла, як бянтэжылася і не ведала, куды схаваць вочы і рукі ад цікаўных позіркаў. А позіркаў гэтых было безліч, бо людзей было поўна — і ў хаце, і на вуліцы, — пад адчыненымі вокнамі.

Быў нават момант, калі Машы хацелася заплакаць. Асабліва цяжка стала, калі яна пакідала родную хату і ўбачыла, як употайкі выцірала слёзы Алеся. А Пеця выпіў у пачатку шклянку гарэлкі і некуды сышоў і больш не паказваўся ўвесь дзень. Маша шкадавала яго.

Адчула яна сябе лепей, калі на вяселле прышлі Ладыніны, Мяцельскія, Байкоў. Яны прынеслі простую, непасрэдную весялосць, добрыя, шчырыя жарты. Ніна Аляксееўна прышла са сваім маленькім. Тулячы яго да грудзей і насцярожана, недаверліва пазіраючы на людзей, што мітусіліся вакол, — каб не штурхнулі выпадкам,— яна шчасліва ўсміхалася.

Машу не пакідала думка: ці прыдзе на вяселле Максім? Васіль ездзіў знарок, каб запрасіць яго. Ён паабяцаў быць. Аднак не прышоў. Не прышла і Сынклета Лукічна.

«А можа і добра, што не было іх... Нішто не нагадвала мне пра мінулае...»

Па прывычцы яна спляла валасы ў касу, але, успомніўшы пра стары народны звычай, раздзяліла касу на дзве і ўлажыла іх на галаве валікам. Нахілілася, каб узяць чаравікі і выйсці. Але ў гэты момант Васіль паклікаў яе:

— Маша!

Яна ўздрыгнула ад нечаканасці і хутка павярнулася.

— Ты куды? Ужо ўцякаеш ад мужа? Рана.

Яна на момант сумелася, потым адказала, таксама жартам:

— А ты думаеш, што бясконца будзе прадаўжацца вяселле?

— Але я і не за тое, каб яно было такім кароткім, — з твару яго знікла ўсмешка, ён прыпадняўся, абапершыся на локаць, пранікліва паглядзеў на жонку. — Давай, Маша, разам памяркуем, ці трэба ён, гэты твой подзвіг? Сапраўды... Амаль да раніцы было вяселле. Яшчэ ніхто з гасцей, мабыць, не прачнуўся, а маладая ў вясельным плацці бяжыць на работу... А ці такая ўжо ў гэтым пільная патрэба? Гэта толькі ў кнігах часам апісваюць, што з-за працы няма часу героям ні адпачыць, ні жаніцца, пі паабедаць добра. Я вось нядаўна чытаў у аднаго пісьменніка... Вярнуўся ў яго герой з арміі і ў першы-ж вечар пайшоў на калгасны сход. А прышоўшы позна ўначы са сходу, зірнуў на жонку, якая спала на ложку, і лёг сам на ўслончыку, падлажыўшы па-франтавому шынельку пад галаву...

— Выдумаў, — засмяялася Маша.

— Не я — пісьменнік... Смешна, праўда? Сур'ёзна, Маша, я думаю, што нічога не здарыцца, калі ты не пойдзеш сёння. Управяцца без цябе. Там-жа такія людзі... Дуня, напрыклад...

— Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Сёння на Зарэчны луг трэба ехаць. А то раптам раздажджыцца...

— І ты маеш намер паехаць таксама. Я ведаю цябе... А ў хаце яшчэ поўна гасцей. Прачнуцца, пачнуць пахмяляцца, а маладой няма. Што скажуць мне? Уяві...

Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго галаву; пальцы яе патанулі ў яго ўскудлачаных валасах.

— Добра, Вася, я разумею.

Ён прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў, патрымаў у абдымках, слухаючы частыя ўдары яе сэрца. Потым, закінуўшы за галаву рукі, доўга ляжаў моўчкі, задуменна ўставіўшы позірк у адну кропку на столі.

Маша назірала за выразам яго твару.

— Пра што ты думаеш, Вася?

— Пра тваю работу. Разумееш, гэта ўсё не так проста, як мы меркавалі... Я думаю пра маці... З хлебам-соллю сустрэла яна нявестку і ўпэўнена, што ты назаўсёды прыехала ў дом, як гэта вядзецца адвечна. І раптам... Паспрабуй цяпер, пераканай яе, старую, дакажы, што ты там, у чужым, як яна скажа, калгасе больш патрэбна, чым у сваім...

Маша паднялася, падышла да акна, доўга глядзела на вуліцу. Хаты на другім баку былі зверху да вокнаў заліты сонечным святлом. Дзе-ні-дзе над комінамі ўздымаўся празрысты дымок. Каля калодзежа стаялі жанчыны з поўнымі вёдрамі і ніяк не маглі разысціся — усё гутарылі і гутарылі, кідаючы позіркі на Ганніну хату. Маша зразумела, што гаворка ідзе пра яе і адступіла ад акна, села на ўслончык каля стала, быццам прышла ў госці, павярнулася да мужа.

— Вася, а ты-ж абяцаў пагаварыць з маці раней. Не падабаюцца мне твае словы... Марылі, марылі мы з табой, планы розныя складалі, а калі да справы дайшло... дык, як часта гэта бывае, да вяселля — рулявыя мары, абяцанкі... А пасля — муж пачынае глядзець на жонку, як Шаройка на сваю сядзібу.

Твар Васіля заліўся чырванню. Маша не заўважала гэтага.

— Ты ведаеш, Вася... Не для сваёй карысці я застаюся ў «Партызане». Я слова дала, і я хачу стрымаць яго... не толькі перад адным табой...

Васіль цяжка ўздыхнуў.

— Ты крыўдзіш мяне, Маша. Ды хіба я супраць таго, каб ты працавала там... Я ўвесь час дапамагаю «Партызану». Адна ты ведаеш маю мару... І я ўпэўнены, што прыдзе час, калі гаспадаркі нашы аб'еднаюцца ў адну. Я гаварыў толькі пра маці. Цяжка ёй будзе зразумець... Ды і не адной маці...

— Зразумеюць, Вася, дарэмна ты думаеш так, — у Машы знікла трывожнае пачуццё, якое з'явілася было пасля яго слоў. Не дамовіцца, не зразумець адзін аднаго ў першы дзень, значыцца, не разумець адзін аднаго праз усё жыццё, значыцца, і не бачыць яго, таго жыцця, пра якое яны марылі перад вяселлем.

Не, Васіль добра разумее яе, і яна таксама разумее яго... Маша супакоілася.

У наступную раніцу яны прачнуліся адначасова ўжо ў сваёй хаце. Разам вышлі мыцца. Маці з дайніцай у руках сустрэла іх на ганку, ласкава папракнула сына:

— Звык падымацца ні свет, ні зара, і жонцы не даеш паспаць. Ты спала-б яшчэ, Машанька. Куды табе спяшацца?

Васіль пажартаваў:

— Хай не звыкае доўга спаць. Разлянуецца.

— А няўжо-ж па табе мусяць усе раўняцца?

Маці хацела абмінуць іх і пайсці ў хату, каб працадзіць малако, але Васіль прыпыніў яе.

— Слухай, мама... Да восені Маша застанецца брыгадзірам у «Партызане», і ты павінна зразумець... Так трэба для справы!

Кацярына паглядзела на нявестку і ўздыхнула.

— Што-ж, калі трэба, дык трэба... У вас, маладых, усё не так, як нам, старым, хочацца. Але вам відней, вы — цяпер гаспадары. Пачакай-жа, Машанька, я снеданне згатую.

Маша адразу адчула нешта накшталт расчаравання: не чакала яна, што свякруха так хутка ўсё зразумее і так проста пагадзіцца з тым, што нявестка будзе брыгадзірам у чужым калгасе і, безумоўна, не зможа быць добрай памочніцай ёй у хатніх справах.

Але ўслед за гэтым першым пачуццём хлынула цёплая хваля ўдзячнасці да гэтай шчырай жанчыны. Маша не ведала, як выказаць ёй гэтае пачуццё і таму толькі ціха сказала, сарамліва апусціўшы вочы:

— Дзякую, мама.

Але Кацярына зразумела яе словы па-свойму.

— Няма за што дзякаваць. Не ў чужых. Не ўздумай мне без снеданняў уцякаць. Мыйся і бяжы на грады, гуркоў выберы.

Стала радасна і светла на душы ад гэтай кароткай размовы, ад такога простага даручэння. Мыючыся, Маша смяялася, пырскалася вадой. Потым з вялікім задавальненнем хадзіла па росных градах, шукала гуркоў, выбірала самыя лепшыя — зялёныя, свежыя, халодныя ад расы — і адчувала сябе дзяўчынкай, як некалі ў маленстве, калі маці вось таксама пасылала яе на гарод.

Самыя прыемныя гэта хвіліны ў чалавека — калі ўспамінаецца дзяцінства! Але толькі хвіліны, бо ніколі пачуццё гэтае не застаецца надоўга. Міг — і ўсё знікае, рассыпаецца пад ударамі будзённых клопатаў, складаных перажыванняў, якія праз усё жыццё апаноўваюць дарослага чалавека. Так здарылася і ў Машы. Вярнулася яна ў хату, і Васіль, зусім не жадаючы гэтага, сапсаваў яе ўзнёслы настрой. Смеючыся, ён расказаў пра размову з маці.

Падаючы на стол, старая наіўна спытала ў сына:

— А як-жа ў Машы з працаднямі будзе, сынок?

Васіль засмяяўся.

— Ты, мама, відаць, хочаш, каб працадні ёй у нашым калгасе налічвалі?

— Ды ўжо-ж! Не параўнаць наш працадзень з іхнім!

Маша прыкметна змянілася з твару, хоць і намагалася не выдаць свайго хвалявання.

Васіль зразумеў, што яму няварта было расказваць аб гэтай размове.

— Не звяртай, Маша, увагі на такія дробязі! Хіба ты не ведаеш старых? Ім заўсёды хочацца, каб у іх уласных засеках і скрынях было як мага больш. Ці варта крыўдзіцца?

— Я не крыўджуся... Маці правільна думае... Мне проста балюча, што аб калгасе такая благая слава... А ты як-бы падтрымліваеш яе. Не разумею я цябе. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём... Пачакай, прыдзе час, калі мы перагонім вас...

Але ідучы да Лядцаў і аглядаючы па дарозе пасевы, Маша пераконвалася, што ўсё-ткі вынікі іх працы значна горшыя, і ўсё больш адчувала яна гонар за Васіля, упершыню гладзела на пасевы «Волі», як на свае.

Да калгаснага двара яна падыходзіла з нейкім дзіўным пачуццём баязлівасці. Яна не ведала, што адкажа, калі Максім выступіць супраць яе жадання застацца брыгадзірам. Ёй вельмі не хацелася ў такі дзень зноў лаяцца з ім.

Брыгада яе была амаль у поўным зборы; мужчыны і жанчыны, чакаючы нарадаў на двары, абмяркоўвалі падзеі мінулага дня, моладзь — мінулага вечара.

Дзяўчаты сустрэлі Машу прыветлівым шумам, хлопцы — цікаўнымі позіркамі, мужчыны — жартаўлівымі недамоўкамі. Маша прывіталася, прыкметна чырванеючы. Не адразу ўбачыла яна сярод мужчын Максіма, ён сядзеў на возе, курыў, нервова зацягваючыся дымам, і глядзеў на яе інакш, чым усе іншыя, усё было ў яго позірку: і любаванне ёю, і цікаўнасць, і захаваная рэўнасць.

Прывітаўся ён амаль апошні, калі ўбачыў, што Маша заўважыла яго.

— Добры дзень, маладуха. А я думаў, што ты і дарогу забудзеш да нас. Праўда, дзяўчаты твае ледзь не адлупцавалі мяне за гэта.

Маша, падрыхтаваўшы сябе да горшага, адказала афіцыйна, суха:

— Я, як працавала ў брыгадзе, таварыш Лескавец, так і маю намер працаваць.

— Правільна, Маша!

— Хвала нашаму брыгадзіру!

— Што, старшыня, не казалі табе?

Маша чакала, што Максім або проста абурыцца і скажа, што такі брыгадзір яму не патрэбны, або (гэтага яна чакала больш) пачне кпіць, насміхацца. Але ён саскочыў з воза, выбіў аб халяву бота люльку, старанна расцёр попел нагой і таксама суха адказаў:

— Працуй. Замяніць цябе сапраўды няма кім. Асабліва ў такі час... перад уборкай. Я сам кіраваў тваёй брыгадай, покуль ты замуж выходзіла.

Гэта ён сказаў здзекліва. Яна не была на працы ўсяго тры дні. Маша ўспыхнула. Але не змагла нічога адказаць, бо гаварыў Максім.

Ён не проста загадваў, ён камандаваў сурова, рашуча:

— Мужчын і дзяўчат — на луг, у першую чаргу... Жанчын на праполку бульбы! Я паеду на сенакос. Ты застанешся за мяне. Бірыла захварэў...

Маша хацела было заявіць, што яна таксама паедзе на луг. Аднак, глянуўшы на яго, зноў не адважылася. Ні разу ён не гаварыў яшчэ такім голасам і ніколі твар яго не быў такім суровым.


2...


Атрад прабіраўся цераз балота.. Направа і налева, здавалася, без канца і краю, рассцілаўся роўны прастор рудой балотнай травы.

Балота было бязлеснае — без хмызнякоў і паасобных кустоў, дзе-ні-дзе толькі на невялічкіх выспах віднеліся нізкарослыя, кволыя сасонкі, пераважна сухаверхія, нібы вогненны вецер абпаліў іх верхавіны. Толькі ў тым напрамку, куды ішоў гэты незвычайны атрад, узвышалася цёмнаеіняя сцяна вялікага лесу.

А атрад сапраўды быў незвычайны. Ішлі не геолагі, не даследчыкі недраў роднай зямлі, ішлі людзі ўсіх прафесій: геолагі і лётчыкі, інжынеры і батанікі, аграномы і паэты... Будучыя. Ішлі піонеры.

Першыя крочылі хлапчукі: то спрытна скакалі з купіны на купіну, то з цяжкасцю перасоўвалі ногі ў густой ліпучай дрыгве, часам глыбока правальваючыся. Дарогу пракладалі Валодзя Прымак і Косця Гоман; яны ішлі побач, плячо ў плячо, трымаючы ў руках доўгія палкі, якімі мацалі балотнае дно, каб часам не ўскочыць дзе-небудзь у «чортава вока». Дарэмныя былі намаганні сяброў, што ішлі следам, змяніць іх. Яны ўпарта не жадалі ўступіць каму-небудзь чэсць правесці атрад цераз гэтае непраходнае балота.

Ва ўсіх хлапчукоў за плячыма былі прыладжаны дарожныя мяшкі. І хоць паход набліжаўся да канца, мяшкі не былі больш пустымі, чым у першы дзень, калі яны

адыходзілі ад роднай школы. За час паходу яны напоўніліся рознастайнымі цікавымі рэчамі, сярод якіх былі самымі каштоўнымі два паедзеныя іржой аўтаматы і сатлелая сумка з патронамі.

За хлапчукамі ішлі дзяўчаткі. Іх было менш, але расцягнуліся яны значна даўжэйшым ланцужком, чым хлопцы, якія літаральна «наступалі на пяты» адзін аднаму. Апошнімі ішлі кіраўнікі атрада — Ліда Ладыніна і Алеся Кацуба.

Ідэя паходу і арганізацыя яго цалкам належала Лідзе. Яшчэ з зімы рыхтавала яна вучняў да гэтага цікавага падарожжа па вобласці. Не раз давялося ёй паспрачацца з загадчыкам райана, каб атрымаць патрэбныя сродкі.

З атрадам павінен быў ісці фізрук школы Патрубейка, але ў апошні дзень ён нечакана захварэў. Ліда добра ведала прычыну яго хваробы: яму вельмі не хацелася адыходзіць з дому ў такі час, калі хапала спраў каля сваёй гаспадаркі, а самае страшнае для яго было ісці ў далёкую дарогу пад яе, Лідзіным, кіраўніцтвам. Замест яго Ліда запрасіла Алесю. Яны здружыліся на вяселлі. Дагэтуль Алеся — вучаніца — не адважвалася прапанаваць свайго сяброўства настаўніцы, хоць даўно марыла аб такім збліжэнні; даўно Ліда падабалася ёй.

Але цяпер, калі яна вытрымала экзамен на атэстат сталасці, то адчула сябе зусім сталым чалавекам і пасмялела. Лідзе таксама спадабалася новая сяброўка — вясёлая, цікаўная, разумная. У іх характарах было многа агульнага.

...Няшчадна пякло сонца. Нерухома вісела густое, душнае і смуроднае ад балотных выпарэнняў паветра. Ісці было цяжка. Алеся расчырванелася, вочы яе гарэлі; яна перарывіста дыхала.

— Што з табой, Алеся? — спытала Ліда, якая ішла роўна, лёгка, нават не пацеючы.

— Успомніла — і расхвалявалася. Брр... Ажно дзіўна зараз, як я прайшла тады. Вады было-о!.. Месцамі — па грудзі... І вада халодная, халодная... — Алеся ўздрыгнула. — І цяпер холадна робіцца, як успомню.

— Цераз год тут будзе торфзавод... Ты пра ўсё раскажы дзецям.

— Не ведаю, ці здолею... Цікава, што засталося ад лагера? Вернемся — трэба будзе дзядзьку Міхею расказаць, што мы тут былі.

Набліжаліся да лесу. Ужо добра можна было ўбачыць паасобныя дрэвы: сосны і магутныя дубы, што стаялі на самым узлеску.

— Ого-о-го! Хло-опцы! Рэ-эчка-а-а!—даляцеў здалёк радасны голас Валодзі Прымака.

Ланцуг адразу заварушыўся: хлапчукі пабеглі, спатыкаючыся на купіны, падаючы.

Пярэднія ўжо скідалі мяшкі, сцягвалі з сябе кашулі і кідаліся некуды ўніз.

— Ужо купаюцца, — занепакоілася Ліда. — Неглыбока?

— Не. Цяпер неглыбока. А тады вартавыя перавезлі мяне на нейкім бервяне.

— Аднак, спацелыя — і адразу ў ваду! А ўсё гэты Прымак! — Ліда пайшла так шпарка, што Алеся ледзь паспявала за ёй. Але покуль яны наблізіліся да рэчкі, усе хлопцы ўжо плёскаліся ў вадзе, весела пырскаючыся і крэкчучы ад задавальнення. Дзяўчаткі сядзелі на высокім сухім беразе, у засені дубоў, цярпліва чакаючы дазволу настаўніцы.

Ліда і Алеся адышліся ўбок і, знайшоўшы глыбейшае месца, таксама пачалі распранацца.

— Нічога не бачаць твае даследчыкі, — крыху расчаравана сказала Алеся і паказала на адным з дубоў незвычайнае гняздо з жэрдак, накрытых паіржавелай бляхай, — цэлы будан. — Назіральны пункт. Бачыш?

Калі ўсе добра выкупаліся ў сцюдзёнай вадзе лясной рэчкі, Ліда пастроіла атрад і павяла ў глыб лесу. З цяжкасцю пралезлі яны праз зараснік арэхавых кустоў і спыніліся на невялічкай паляне.

Піонеры радасна закрычалі:

— Лагер!

— Партызанскі лагер, Ліда Ігнатаўна!

Дзеці былі ў захапленні ад такога адкрыцця, ім здавалася, што натрапілі яны на лагер выпадкова.

Ліда загадала ім. сесці і паслухаць, што ім раскажуць. Хлопцы выканалі яе загад без асаблівага жадання, ім карцела хутчэй агледзець лагер, рэшткі .зямлянак, пашукаць зброі.

— Дзеці! Не думайце, што мы ішлі цераз балота без усялякай мэты і выпадкова прышлі ў гэты лагер. Не, я не выпадкова прапанавала вам гэты цяжкі маршрут. Справа ў тым, што пяць год назад цераз гэтае балота прайшла адна дзяўчынка, партызанская сувязная, якой у той час было якраз столькі год, колькі зараз шмат каму з вас. Прайшла яна цераз балота вясной, калі яно лічылася непраходным і калі вада была ледзяная...

Вучні павярнулі галовы ў бок Алесі, здагадаўшыся, хто тая дзяўчынка. Алеся збянтэжылася.

— Правільна, дзеці, гэта была Аляксандра Паўлаўна. Зараз яна аб усім раскажа вам сама.

Хлапчукі забылі на сваё жаданне, зацікаўленыя гераічным учынкам знаёмага чалавека.

Алеся расказала, як вясной сорак трэцяга года ім, сувязным — Машы і ёй, перадалі украінскія партызаны, што гітлераўцы рыхтуюць карную экспедыцыю. Маша была хворая, і вестку гэтую панесла ў атрад Алеся. Падышла, як звычайна, з боку лесу і натрапіла на немцаў; яны занялі ўсе подступы, усе дарогі. Тады дзяўчынка, не доўга думаючы, абышла гэтае вялікае балота і рушыла праз яго, па глыбокай ледзяной вадзе.

Расказвала яна проста, цікава і сціпла. Апавядаючы далей пра блакаду, пра тое, як выходзілі з яе атрады, як пераносілі цераз балота раненых, Алеся павяла піонераў па лагеры, паказвала рэшткі зямлянак, тлумачыла, дзе што размяшчалася: штаб, шпіталь, кухня, майстэрня па вырабу мін. Некаторыя зямлянкі добра захаваліся, асабліва тыя, сцены і столь якіх былі зроблены з бярвенняў; ад другіх засталіся толькі заваленыя ямы. У былы склад боепрыпасаў дзеці змаглі зайсці, і хлапчукі папоўнілі свае знаходкі гільзамі, паіржавелым аўтаматным дыскам і цынкавымі скрыначкамі ад патронаў.

Але самай цікавай знаходкай была гармата, што стаяла на краі лагера, каля рэчкі. Праўда, акрамя ствала і колаў, ад яе больш нічога не засталося, але ўсёадно хлапчукі ад яе былі ў захапленні.

Пасля, калі Ліда абвясціла працяглы прывал і піонеры з радасцю пачалі раскладваць вакол штабной зямлянкі кастры і варыць абед, уяўляючы сябе сапраўднымі партызанамі, — Алеся доўга яшчэ сама блукала па лагеры. На брустверы акопа, у траншэях раслі маладыя бярозкі і асіны; дрэўцы прагна цягнуліся да сонца. Алеся паказала іх Лідзе.

— Вось яна, сіла жыцця... Пройдзе яшчэ колькі год, і цяжка будзе пазнаць, што тут жылі людзі, якія аддавалі ўсё дзеля перамогі, дзеля шчасця народнага... Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Жывым помнікам...

Алеся стаяла, прытуліўшыся да старога дуба, як-бы прыкутая да яго, і глядзела на Ліду дзіўнымі вачыма. Потым, адарваўшыся ад дуба, нахіліўшыся, яна ціха спытала:

— Скажы, у цябе бывае так, калі адчуваеш, а расказаць аб гэтым не можаш?

Ліда падышла, ласкава абняла яе.

— Бывае.

— Праўда? — узрадавалася Алеся. — А Маша не верыла мне, даказвала, што ўсялякае пачуццё можна выказаць словамі, толькі не ўсе іх ведаюць... Глупства! Няўжо і я і ты не ведаем усіх слоў?

Ліда засмяялася.

— Мы з табой яшчэ шмат чаго не ведаем. Пойдзем, Алеся, абедаць.

Адпачыўшы, атрад рушыў далей. Кілометры тры ішлі па зарослых партызанскіх сцежках, праз някрануты гушчар. Вышлі да хаты лесніка і адтуль па праторанай лясной дарозе з шырокімі і глыбокімі аўтамабільнымі каляінамі накіраваліся да помніка партызанам, што загінулі ў баях у гэтым лесе.

Помнік — высокі цэментавы абеліск — стаяў на ўскраіне старога бору, недалёка ад вёскі Клёны, якая праз увесь час акупацыі была партызанскай. Магутныя сосны-прыгажуні шумелі над помнікам, быццам расказвалі героям, якія назаўсёды заснулі, пра тое, што робіцца навокал. А высокім соснам далёка відаць прасторы роднай зямлі!

Піонеры, наблізіўшыся да помніка, прачыталі на мрамарнай пліце прозвішчы партызан. Першым было выбіта прозвішча чалавека, якога ўсе дзеці ведалі і помнілі:

ЛЕСКАВЕЦ АНТОН ЗАХАРАВІЧ

Дзяўчынкі пайшлі ў поле, збіралі ў разорах, на краі пасеваў кветкі і плялі вянкі, каб палажыць іх на магілу партызан. Хлопцы, якія, здавалася, раптам на шмат год пасталелі, — сталі паважныя і сур'ёзныя, — пачалі рамантаваць агароджу вакол помніка. Яны больш не шумелі, не смяяліся, нават перамаўляліся амаль шэптам.

Ліда і Алеся стаялі каля агароджы. Алеся доўга не зводзіла позірку з помніка, і прыкметны смутак стаіўся ў яе карых вачах.

— Цудоўны чалавек быў Антон Лескавец. З вялікім сэрцам. Шчыры чалавек... Помню, як ён узрадаваўся, калі я першы раз прышла ў лагер. Ажно слязу змахнуў, a потым засмяяўся. «Дык гэта ты, кажа, тая самая малодшая Кацубіха, якую я летась зачыняў у свірне?» Быў гакі выпадак. Злавіў ён нас, траіх дзяўчынак, у калгасным садзе і зачыніў у свірне. Пагразіў, што і начаваць будзем там, з пацукамі. Каця Акуліч, помню, плача, а я смяюся і прыпеўкі спяваю. Хутка ён прышоў і доўга, як дарослым, расказваў нам, што такое калгасная маёмасць і як яе трэба шанаваць...

Алеся задуменна памаўчала і раптам спытала:

— Скажы, чаму дзеці часам бываюць не падобныя да бацькоў?

Ліда адразу зразумела, каго яна мае на ўвазе і адказала такім-жа нечаканым пытаннем:

— Значыцца, па-твойму, Максім дрэнны чалавек?

— Не ведаю. Але не люблю я яго, Ліда.

— За Машу?

— Не. Не за Машу, — але за што — не сказала.

Ліда таксама змаўчала, не стала больш распытваць.

Яны павярнуліся і пайшлі паўз лес. Але не прайшлі і сотні крокаў, як насустрач ім з маладога бярэзніку выехаў коннік. Убачыўшы іх, ён рыўком нацягнуў павады, ажно конь рвануўся ўбок. У той-жа момант і яны пазналі яго: Максім! Ліда зірнула на Алесю, але тая глядзела ўперад, на твары яе не было і цені здзіўлення, нібы яна даўно ўжо ведала аб тым, што Максім абавязкова з'явіцца тут.

— Лёгкі на ўспамін, — сказала Алеся спакойна, нават абыякава.

Конь хвіліну нецярпліва тупаў на месцы, быццам коннік раздумваў, ехаць яму ўперад ці вяртацца назад.

Яшчэ здалёк Максім спытаў:

— Што вы робіце тут? — пытанне прагучэла сурова і недарэчна, недарэчна таму, што ён не мог не бачыць, з якой мэтай прышлі яны на гэта ўзлессе.

— Добры дзень, Максім Антонавіч, — у адказ весела і жартаўліва прывіталася Ліда. — А нас цікавіць, як трапілі сюды вы?

Максім саскочыў з каня і пайшоў насустрач ім.

Алеся тузанула сяброўку за руку. Ліда аглянулася, сустрэла яе позірк і толькі ў гэты момант ўсё зразумела і ёй стала сорамна за сваю нездагадлівасць.

— Пойдзем, Ліда, а то дзяўчаткі нашы могуць заблудзіцца дзе-небудзь, — сказала Алеся.

— Але, — схамянулася Ліда. — Вы прабачце нам, Максім Антонавіч. Пачакайце нас тут хвіліначку.

Яны адышлі ў лес.

— Шкада, што мы сустрэліся. Няхай-бы адзін, без сведкаў, пабыў на магіле бацькі, падумаў... Можа, у галаве пасвятлела-б...

Ліда абняла сяброўку.

— Алеся, мілая, не трэба быць такой суровай.

Дзяўчына памаўчала, падумала і пакорліва згадзілася:

— Не трэба... Ведаеш, я многа даравала яму ў гэтую хвіліну, як убачыла яго тут. Я сама часта хаджу на магілу маці. Бацькі я не помню... Пастаю, часам паплачу... А пасля, як адыйду, на душы светла так робіцца і так хочацца жыць... І хочацца зрабіць як мага больш Для людзей, пражыць жыццё з карысцю... Помніш, як у Астроўскага?.. Жыццё — яно даецца толькі адзін раз, і пражыць яго трэба так... Помніш, безумоўна.

Максім моўчкі правёў дзяўчат позіркам. Ён узлаваўся і разгубіўся ад гэтай неспадзяванай сустрэчы. Яшчэ больш стала ніякавата, калі зразумеў, чаму яны так шпарка пайшлі ад яго, — здагадаліся пра ягоны намер.

Так, ён хацеў пабыць на магіле бацькі адзін, без сведкаў. Праўда, ён наведваў магілу раней: адразу пасля звароту з арміі прыязджаў разам з маці і старэйшай сястрой. Але каб пабыць аднаму — такое жаданне з'явілася ўпершыню, і з'явілася яно вельмі нечакана.

Брыгады калгаса канчалі ўборку сена на лузе каля ракі, кілометраў за пяць адгэтуль. Зграбалі апошнія пакосы, кідалі апошнія стагі. Раптам наляцела хмарка, шуганула кароткім дажджом, і сапсавала не толькі працу, але і настрой старшыні. Сенаўборка зацягвалася, і Максім, як ніколі раней, перажываў гэтае адставанне ад іншых калгасаў, ад «Волі». А тут яшчэ гэты дождж... Заўсёды ляціць не туды, дзе просяць, а туды, дзе косяць...

Ён ляжаў у будане сам-на-сам са сваімі думкамі. Каля стога гутарылі мужчыны, успаміналі сенакос мінулых гадоў. Максім прыслухаўся і пачуў голас дзеда Яўмена:

— Нябожчык Антон от-жа мастак быў кідаць стагі.

Дзеду адказаў другі калгаснік:

— А на якую працу ён не мастак быў?

Словы гэтыя пра бацьку цёплай прыемнай хваляй захлынулі ўсе іншыя пачуцці. Ён успомніў, што магіла бацькі недалёка, і як-бы адчуў сябе вінаватым, што даўно не наведваўся да яе.

Ён ехаў праз лес. Ніколі яшчэ так сур'ёзна з такой глыбінёй ён не задумваўся над усімі, якія ён толькі ведаў, падзеямі бацькавага жыцця. Нялёгкае жыццё пражыў Антон Лескавец, але прыгожае, вялікае — заўсёды ў барацьбе. Максім падумаў пра гэта і раптам успомніў, як маці аднойчы сказала: «Лёгка табе жылося, Максім. Гадаваўся ты ў шчаслівыя гады, быў малодшы ў сям'і, усе цябе песцілі...»

Тады ён хацеў адказаць маці: «А вайна, фронт?..» Але змаўчаў, бо ўспомніў словы другога чалавека — Васіля Лазавенкі, які яшчэ пры першай сустрэчы, слухаючы яго расказы пра фронт, сказаў: «Лёгка ты праваяваў».

Тады яму здалося, што Васіль мае на ўвазе адно — раненні, і таму ён без крыўды адказаў: «Але, шанцавала».

Цяпер ён зноў успомніў словы маці і словы сябра і задумаўся над імі. «Лёгка пражыў, значыцца, слаба ведаю жыццё, людзей, самога сябе. А жыццё, яно не простае і нялёгкае, як часам здаецца... Не!»

Цяжкі гэта быў роздум над сваімі паводзінамі, учынкамі. Але паступова думкі яго святлелі. Ён зразумеў, што ўвесь гэты самааналіз, які пачаўся, калі ён прыехаў з бюро райкома і даведаўся пра замужаства Машы, ідзе на карысць. Многа ён перадумаў за гэтыя некалькі дзён. І цяпер адчуваў, што прыкметна перамяніўся. Перамяніліся яго погляды на жыццё, на людзей, нават адносіны да іх. Зніклі грубаватая нястрыманасць, самалюбная ўпартасць. Ён менш стаў лаяцца, «распякаць» брыгадзіраў, калгаснікаў. Стаў больш спакойны і ўроўнаважаны. Усё гэта ён заўважаў сам і нават спачатку спрабаваў супраціўляцца гэтай перамене, самалюбна жадаючы застацца такім, якім быў. Але цяпер, едучы да магілы бацькі, ён усё перадумаў, усё асэнсаваў па-новаму і ўзрадаваўся гэтым пераменам у сваім характары і ў сваіх паводзінах.

З жалобнымі, але. светлымі пачуццямі набліжаўся ён да знаёмага абеліска. І раптам гэтая сустрэча...

... Максім аглянуўся і ўбачыў вучняў. Хлапчукі стаялі крыху воддаль і не зводзілі з яго вачэй. Але дзеці не выклікалі ў яго таго нездавальнення нечаканай сустрэчай, якое выклікалі Алеся і Ліда. Ён прывітаўся з хлапчукамі і, узяўшы ў аднаго маленькую сякерку, прыбіў штакеціны на агароджы вакол помніка. Потым, адышоўшы ўбок, сеў на пень, закурыў, чамусьці ўпершыню не люльку, а папяросу, і сядзеў доўга, нахіліўшы галаву. Цыгарка стлела ў яго пальцах. Ніхто не перашкаджаў яго думкам...

Ён схамянуўся, пачуўшы галасы Ліды і Алесі. Яны вышлі з лесу, за імі, невядома адкуль, высыпалі вучні, абкружылі каня.

— Чым дарэмна хадзіць — пайшлі-б дапамаглі сагрэбці сена. Заўтра скончым і паедзем разам, — хмура сказаў Максім, адразу-ж, як толькі яны наблізіліся да яго.

— Ходзім мы не дарэмна, Максім Антонавіч, а дапамагчы — калі ласка, дапаможам з радасцю... — адказала Ліда і звярнулася да вучняў:

— Праўда, рэбяты?

Яны адказалі дружна і гучна, як салдаты:

— Праў-да!


3...


Ніколі ў жыцці Ліда не працавала з такой ахвотай, як у гэты раз, хоць да фізічнай працы бацька прывучыў яе з маленства. І ніколі раней праца не прыносіла ёй столькі задавальнення і радасці. Яна п'янела ад водыру сухога сена, у вушах яе звінела ад стракатання конікаў, ад дзявочага смеху, а сэрца напаўнялася незразумелым, неасэнсаваным, але прыемным пачуццём.

Яна працавала каля стога. Дзяўчаты падносілі на насілках копы, якія стаялі недалёка, больш далёкія падцягвалі коньмі. Ліда саграбала і падавала на стог расцярушанае сена. Зляжалыя копы падаваў Максім. Ён пракалваў капу амаль наскрозь віламі, лёгка, адным рыўком, падымаў яе ўгору, яшчэ лягчэй кідаў на стог, весела выгукваючы:

— О-оп! Прымай, дзед!

Працаваў ён таксама незвычайна — рытмічна, прыгожа, з натхненнем. Ліда мімаволі любавалася яго спрытнасцю, сілай і радавалася, што ён умее так працаваць. У зялёнай майцы, з загарэлымі тварам і рукамі, што блішчэлі ад поту, з ускудлачанымі валасамі, зацярушанымі сенам, ён здаваўся ёй прыгажэйшым, чым ў найлепшым сваім гарнітуры.

На стозе стаяў ва ўсім белым, як здань, дзед Яўмен Лескавец. Стары спрытна прымаў граблямі сена, роўнамерна раскладваў навокал сябе па краях стога, які хутка рос, узнімаўся ў неба. Спачатку дзед падбадзёрваў падавальшчыкаў:

— Так, так, дзеці! Спрытней давайце! Ах, люблю!.. Люблю такую работку!

Але хутка запратэставаў:

— Максіме, сыне, не бяры на пуп. Надарвешся, вужака, і мяне, старога, замучаеш.

Тады і Ліда сказала яму знарок сурова:

— Вы, Лескавец, відаць, выхваляецеся сваёй сілай. Пакіньце! Каму гэта трэба!

Ён на момант застыў з паднятымі віламі, не зводзячы з яе вачэй; пасля, апускаючы вілы, пакрыўджана і расчаравана выдыхнуў:

— Эх, Ліда Ігнатаўна!.. — і набраў сена яшчэ больш — ажно шыя налілася крывёю, калі падымаў.

— Табе, дзед, са стога відней, чым нам, што вунь за ракой хмары збіраюцца. Да вечара трэба скончыць.

Іх стог быў крайні, у рагу паміж ракой і лесам; у сене траплялася многа скошаных дубовых парасткаў. На поўдзень лес — алешнік і дубняк — усё далей і далей адыходзіў ад ракі і паміж імі рассцілаўся прастор заліўнога лугу. Дзе-ні-дзе на ім стаялі вартавымі адзінокія дубы, раскінуўшы густое галлё. У лагчынах і па берагах вузкага і доўгага «старыка», што пераразаў луг, раслі густыя лазнякі, чарэмха і крушына. Над імі ўзвышаліся стагі рознай формы і памеру — пузатыя і нізкія, з вострымі вяршынямі і прыплюснутыя, з бярозавымі і дубовымі вопаўзнямі. Стагоў было безліч, яны рассыпаліся на лузе, быццам войска, і адыходзілі ўдалеч на многа кілометраў, як вокам кінуць, падпіраючы там небасхіл. На бліжэйшых ад «старыка» стагах паважна стаялі буслы, сачылі за буслянятамі, што ўнізе, на маладой атаве, вучыліся паляваць на жаб.

Там-сям мільгалі белыя постаці людзей. Больш за ўсё іх было пад лесам, на сенажаці «Партызана», дзе адначасова кідалі некалькі стагоў.

Але ўсе другія стагі раслі павольней, чым стог, каля якога працавалі Максім і Ліда. Дзед Яўмен стаяў ужо даволі высока, быццам бусел той, і пачынаў завершваць. Лідзе не было больш чаго рабіць каля стога — яе вілы не даставалі на такую вышыню і яна пайшла падграбаць сена на сцежках, па якіх насілі і цягалі копы.

Пасля работы купаліся. Жанчыны — за лазняком, дзе невялічкі ручэй, упадаючы ў раку, нанёс пяску і каля берага было мелка. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду.

Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. На беразе закрычалі дзяўчаты:

— Лідзія Ігнатаўна!

— Лі-і-да-а!

— Там вір! Назад!

— Плыві назад! Занясе! Ліда! — настойліва гукала Алеся.

Сапраўды, на сярэдзіне яна адчула, што плынь, непрыкметная каля берагу, даволі хутка адносіць яе ад лазняку. Ёй на момант зрабілася страшна, успомніліся расказы аб сударгах у вадзе, аб вірах. Але яна хутка перамагла страх і, даручыўшыся плыні, лягла на спіну, каб адпачыць.

Угары было яснае вячэрняе неба, толькі на захадзе віднелася чарада ружовых хмарак. Яна загледзелася на гэтыя хмаркі і зусім забылася, што пад ёй глыбіня, што яна адна пасярод ракі, далёка ад людзей. Але раптам ззаду пачуліся ўсплёскі вады. Ліда прыпадняла галаву і ўбачыла плыўца, які хутка даганяў яе. Павярнуўшыся, яна пазнала Максіма. Ён хутка набліжаўся, імкліва выкідваючы наперад рукі, але не пырскаючы, толькі дзьмуў на ваду, нібы яна была гарачая. Плыў ён так-жа лёгка і прыгожа, як і працаваў. Параўняўшыся з ёй, ён нерухома распластаўся на вадзе і, здавалася, не варушыў ніводным мускулам.

— Ты — што, у Чорнае мора захацела? Плыві да берага!

Лідзе не падабалася, што ён упершыню звярнуўся да яе на «ты», і яна, нічога не адказаўшы, паплыла далей.

— Ліда! — паклікаў Максім.

Яна не адгукнулася. Цяпер ёй не было страшна, калі побач быў такі плывец, і хацелася заплыць як мага далей, даказаць яму, што плавае яна не горш за яго. Гэта быў своеасаблівы, дзіцячы і смешны, але моцны задор, які штурхае чалавека на самыя незвычайныя ўчынкі, часам гераічныя, а часам недарэчныя і нікому не патрэбныя.

Яна зусім не адчувала стомы. Але плынь сама паднесла іх да берага ў тым месцы, дзе рака рабіла паварот. Тут быў сапраўдны вір, вада закружыла іх і паўз бераг пацягнула назад. Ліда першая выбралася на круты абрыў. Следам за ёй вылез Максім. Мокры купальнік шчыльна абцягваў яе прыгожую постаць.

— Лескавец! Адвярніцеся і бяжыце ўперадзе. Ну! — яна ўзлавалася і ступіла да абрыву. — Я зноў мушу лезці ў ваду. Бяжыце!

Ён нехаця павярнуўся і пакрочыў па пясчанай сцежцы над абрывам.

З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі, абышоўшы бокам белы туман над «старыком». На беразе, каля дубоў, дзе размяшчаліся калгаснікі, гарэлі агні... За ракой у вёсцы мычэлі каровы, гагаталі гусі, і цягнула адтуль смачным дымком. Над дарогай, што вяла з вёскі ў далёкі лес, за якім зайшло сонца, вісела паласа пылу, відаць, прайшлі машыны ці статак.

З таго берага крычалі хлопцы, якія пераплылі туды, відаць, шукаючы іх.

— Ма-аксі-і-ім!

Крык удараўся аб лес і ляцеў назад працяглым рэхам:

— і-і-ім!

Максім рупарам склаў далоні і адказаў надзвычай гучна:

— О-го-га!

Ліда дагнала яго.

— Не аглядайцеся, Лескавец. Бяжыце бягом! Холадна.

Наперадзе пачуліся галасы. Ліда пазнала голас

Алесі і зразумела, што дзяўчаты таксама ішлі іх шукаць. Максім звярнуў са сцежкі і пабег па пожні па-за стагамі і кустамі.

Павячэраўшы, Ліда і Алеся селі на беразе пад дубамі, воддаль ад агнёў, вакол якіх яшчэ весела шумелі хлопцы і дзяўчаты — жартавалі, штурхаліся, спявалі. Яны доўга сядзелі моўчкі, зачараваныя прыгажосцю вечара. З ракі на іх глядзелі зоркі, міргалі, калыхаліся. Унізе пад нагамі лашчылася да берага вада, шуршэў пясок. А над галавой ледзь чутна шамацела лісце дубоў. Ветру не было, але з-за ракі плыло цёплае духмянае паветра, прымешваючы да водыру сухога сена ледзь улоўны, але вельмі знаёмы водыр палёў і больш моцны пах вады, рыбы і ілу. За ракою свяціліся цьмяныя агеньчыкі вёскі, у якой паступова сціхаў вячэрні гоман.

На лузе гарэлі вялікія агні, у чырвоным святле іх мітусіліся дзівосныя постаці людзей. Лёталі кажаны, порскалі коні. Недзе ў «старыку» кракалі качкі.

— Якое хараство! Цішыня... Гукі... Цемра... Агні, — Алеся вымаўляла словы з вялікімі паўзамі і амаль шэптам, нават нейкім таямнічым шэптам.

Ліда не адказвала, ёй не хацелася гаварыць, не хацелася словамі парушаць той незвычайнай урачыстасці, якая напаўняла прыроду і пачуцці.

— У такі вечар, над такой ракою, па-мойму, кожны — паэт. Але хараство гэтае можна толькі адчуць і ўбачыць, напісаць і расказаць аб ім... — яна, відаць, хацела сказаць «нельга», але перадумала і пасля працяглага маўчання з жалем прамовіла: — напэўна, можна, — і ўздыхнула, а праз момант смачна пазяхнула.

Ліда ціхенька засмяялася.

— Чаго ты?

— Калі-небудзь ты будзеш паэтэсай.

— Чаму?

— Адчуваць так прыгажосць могуць толькі паэты.

Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала.

Каля агнёў весела і гучна зарагаталі. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Ліда глядзела на зоркі ў вадзе і ўспамінала падзеі дня. Чаму яна згадзілася на Максімаву прапанову працаваць каля аднаго стога? Навошта плыла з ім побач і пасля разам бегла па беразе ў адным мокрым купальніку? Ад гэтых успамінаў зрабілася прыкра і сорамна.

Яна ўздрыгнула, калі Алеся раптам спытала:

— Скажы, ты змагла-б пакахаць такога чалавека, як Лескавец?

Ёй здалося, што яна сама задала сабе такое нечаканае і хітрае пытанне, а таму спалохалася.

— Чаму ты пра гэта пытаеш?

— Ён дамагаецца твайго кахання.

— Аднаго гэтага, Алеся, мала, ты ведаеш...

— Таму я пытаюся.

— Я думаю, што ніхто нікому не можа сказаць наперад, зможа ён ці не зможа пакахаць таго ці іншага чалавека. Ты, Алеся, не ўяўляеш, што такое каханне. — Ліда памаўчала, потым, нахіліўшыся да сяброўкі, шэптам сказала: — Я пакахала аднойчы... Калі-небудзь пазней я раскажу табе пра сваё каханне... А цяпер давай памаўчым, памарым кожны пра сваё. Такая ноч!

Яны зноў доўга сядзелі моўчкі. Потым Алеся зноў пазяхнула і, пацягнуўшыся, хутка паднялася.

— Пойдзем спаць, Ліда. Сёння добра папрацавалі.

— Ты ідзі, а я пасяджу яшчэ крыху. Мне не хочацца спаць.

Толькі Алеся адышла — з боку зашуршэла пад крокамі пасохлая трава і пясок.

— Дазвольце?

Максім апусціўся на месца, дзе хвіліну назад сядзела Алеся. Ліда маўчала. Ад гэтага ўпартага маўчання яму было ніякавата, як некалі зімой перад той прыкрай размовай, успаміны аб якой былі самымі непрыемнымі з усіх успамінаў яго жыцця. Ён збянтэжана кашлянуў раз, другі... Нарэшце, яна павярнулася да яго і суха спытала:

— Прызнайцеся шчыра, Лескавец, вы чакалі, покуль пойдзе Алеся?

— Чаму вы, Лідзія Ігнатаўна, заўсёды так блага думаеце пра мяне? — спытаў ён спакойна, нават жартаўліва.

— Вось бачыце, вы не можаце нават сказаць шчыра

Ён узлаваўся.

— Адкуль я мог ведаць, пойдзе яна, ваша Алеся, ці засне ў вас на прыполе?

Сапраўды, ён не мог ведаць і не мог спадзявацца, што Алеся пойдзе спаць адна, а яна, Ліда, застанецца на беразе. Ліда зразумела, што ён гаворыць шчыра, і даравала яму яго няпрошанае з'яўленне.

На рацэ нарастаў шум парахода; спачатку ён быў далёкі і невыразны, але цяпер заглушваў усе іншыя гукі ночы. Параход нечакана вынырнуў з-за павароткі, ярка асветлены. Агні яго ілюмінатараў пераліваліся ў вадзе і, здавалася, што пад вадой плыве нейкі казачны шматпавярховы карабель, значна большы за надводны, сапраўдны. Параход, абмінаючы буй, праплыў зусім

блізка ад берага, так блізка, што на палубе былі відаць людзі, чуўся іх смех.

Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шум парахода ўжо сціхаў, схаваліся яго агні, а рака ўсё яшчэ не магла супакоіцца.

Упершыню Максім адчуваў сябе так кепска ў прысутнасці дзяўчыны: збянтэжыўся і разгубіўся, як хлапчук, не мог знайсці і двух слоў, каб як-небудзь пачаць размову — абы толькі так недарэчна не маўчаць.

Раптоўна з глыбіні начной цішы ўзнялася і пераляцела раку дружная дзявочая песня — старая песня аб каханні, аб дзявочым смутку па каханым, які з'ехаў і «няма яго дый не будзе».

Спявалі недзе ў дальнім канцы вёскі. Спявалі зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас. Ён падымаўся вышэй за ўсіх, цягнуў за сабой увесь хор, напаўняючы наваколле трапяткім срэбным звонам. Здавалася, ляцеў ён не з зямлі, а з зорнага неба, быццам спеў незвычайна галасістага жаўранка, які вісеў, трапятаўся ў паветры, ад чаго і голас яго дрыжэў і пераліваўся. Песня была знаёмая, але слоў Максім не помніў. Ён прыслухаўся і сказаў:

— Цудоўна спявае!

Ведаючы, што Ліда вялікая аматарка спеваў, ён спадзяваўся, што з гэтага пачнецца іх размова, скончыцца пакутлівае маўчанне.

Ліда нібы не чула яго слоў і раптам заспявала сама, ціха, напоўголаса, але выразна вымаўляючы словы:

Расла, расла дзяўчынэнька,

Расла-падрастала.

Ждала, ждала казачэньку,

Дай плакаці стала.

Максім насцярожыўся, уражаны глыбокім смуткам, што загучэў у яе голасе, калі яна праспявала апошнія словы. Голас яе задрыжэў, нібы песня гэтая была пра яе самую:

Плачце, вочы, плачце, кары,

Така ваша доля...

І яму здалося, што яна сапраўды заплакала. Ён ціха паклікаў:

— Ліда.

Яна не адгукнулася, прадаўжала спяваць, але ўжо без слоў, адну мелодыю, і нельга было зразумець, ці яна не ведае канца песні, ці словы пра тое, што маці абрала другога, не падабаліся ёй.

Змоўкла песня за ракой — змоўкла і Ліда.

Максім паклікаў яе зноў:

— Лідзія Ігнатаўна!

Яна хутка павярнулася.

— Слухайце, Лескавец, вы прабачце, але мне не спалася, і я чула вашу размову з бацькам.

— А-а, — разгублена працягнуў ён.

— Скажыце, вы сапраўды кахалі яе?

Максім адказаў не адразу.

— Кахаў.

— Дык чаму-ж так атрымалася?

— Не ведаю.

— Не ведаеце? Бедненькі... Усім вядома, аднаму яму не вядома. А зараз?..

— Што зараз? — голас яго стаў халодным і грубым.

— Кахаеце вы Машу?

Ён коратка хмыкнуў.

— Зараз для мяне застаўся адзін успамін...

— Так хутка?

Максім не адказаў. Ліда пачакала яго адказу і, не дачакаўшыся, іншым, хітра-ласкавым, голасам спытала:

— Што вы хацелі сказаць мне, Максім Антонавіч?

Але яго ўжо нельга было злавіць на слове. Ён надзвычай добра ведаў яе характар і яшчэ лепш помніў яе водпаведзь, якую яна дала за Машу зімой, а таму адказаў з іроніяй:

— Што ў вас цудоўны голас і вам больш падышла-б прафесія актрысы, чым настаўніцы.

— Дзякую, — Ліда паднялася. — Пара спаць. Добрай ночы, — і пайшла ў той бок, дзе ў цемры яшчэ тлела чырвонае вугалле вогнішча.

Максім застаўся сядзець на беразе.


4...


На паседжанні праўлення павінен быў абмяркоўвацца план уборкі ўраджаю, і Машы захацелася паслухаць, як будзе вырашацца гэтае вельмі адказнае пытанне ў лепшым калгасе, каб пераняць вопыт і перанесці яго ў сваю брыгаду, у свой калгас.

Паседжанне было многалюднае, як наогул усе паседжанні і сходы ў «Волі». Людзі запоўнілі прасторнае памяшканне новай калгаснай канцылярыі, яшчэ не скончанай, з незашклёнымі рамамі, без дзвярэй у будучы кабінет старшыні, з дзіркамі ў столі і падлозе, дзе павінны стаць грубкі.

Да пачатку паседжання, покуль Лазавенка, Ладынін і Шышкоў пра нешта раіліся, нахіліўшыся над сталом, было шумна; так бывае заўсёды, калі збіраецца многа людзей, якія з'еднаны агульнай працай, агульнымі інтарэсамі, і ведаюць да драбніц штодзённае жыццё адзін аднаго.

Але як толькі Васіль падняўся з алоўкам у руцэ, адразу ўсталявалася цішыня. Маша з гонарам за яго падумала, што ў іх калгасе Лескаўцу заўсёды даводзіцца пакрычаць, каб супакоіць людзей у пачатку сходу. Яна мімаволі залюбавалася мужам. Ён гаварыў спакойна і, відаць, знарок, нягучна — так, што тыя, хто стаяў каля дзвярэй, напружана выцягвалі шыі. Аднак ніхто не крыкнуў «гучней», як гэта звычайна бывае, калі ў прамоўцы нехапае голасу. Усе слухалі моўчкі. Голас Васіля паступова мацнеў, старыя адымалі далоні ад вушэй, ён прачытаў план падрыхтоўкі, зацверджаны на адным з мінулых паседжанняў, месяцы два назад, і каротка расказаў аб яго выкананні — аб рамонце конных жняярак, аб будаўніцтве крытых такоў, аб машынах МТС, якія будуць працаваць на ўборцы.

— Ураджай мы вырасцілі, таварышы, нядрэнны.

— Добры ўраджай, што там казаць! — перапыніў яго брыгадзір Вячэра. Васіль, азірнуўшыся на Ладыніна, усміхнуўся, кінуў Вячэры:

— У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству.

Той у адказ засмяяўся, бо ведаў, чые гэта словы: іх сказаў аднойчы на закрытым партсходзе самому Лазавенку Ігнат Андрэевіч.

— Да добрага ўраджаю нам яшчэ далёка, таварышы.

— Далёка? Бач ты!.. А тое ты ведаеш, што бацькам нашым і не сніўся такі ўраджай, — абурыўся Міна Лазавенка. — Ты скажы, што не заўсёды год такі ўдаецца.

— Не перашкаджай, бацька... Вашым бацькам не сніўся, а нашы ўбачаць яшчэ не такі. І пры тым вырошчваць мы яго будзем у любы год. Але ўраджай наш гэтага года можа стаць у маштабе нашага раёна сапраўды добрым... — Васіль зрабіў паузу, аглядаючы калгаснікаў,— пасля таго, калі мы збярэм яго своечасова і без страт. Высокі ўраджай дабываеце не толькі добрай сяўбой, угнаеннямі, доглядам, але і добрай уборкай. Таварыш Сталін гаворыць, што ўборка — справа сезонная, убраў своечасова, — выйграў, спазніўся — прайграў. Слоў гэтых мы ні на адну хвіліну не павінны забываць. Ні на хвіліну, таварыш Гоман, — паўтарыў Васіль і павярнуўся да брыгадзіра будаўнічай брыгады. Той усхапіўся з месца, як абвараны.

— Зноў за Гомана! Усюды Гоман!

— Шум і гоман! — выгукнуў ад дзвярэй нейкі малады жартаўнік.

Выбухнуў рогат.

Васіль пастукаў па стале алоўкам.

— Адным словам, калі за два дні не будзе скончана будаўніцтва тока ў трэцяй брыгадзе, сапраўды будзе шум і гоман, паважаны Іван Іванавіч. Не забывай на папярэджанне, якое мы табе зрабілі...

— Дай яшчэ адзін дзянёк, Васіль Мінавіч, — выціраючы рукавом лысіну, плаксіва папрасіў Гоман.

Ад дзвярэй зноў пакаціўся дружны смех.

Пасля выступлення старшыні, рабілі справаздачы брыгадзіры.

Маша адразу-ж насцярожылася, як толькі пачаў гаварыць Міхей Вячэра. Усё, што ён гаварыў аб падрыхтоўцы брыгады да ўборкі, вельмі мала было падобна да тае справаздачы, якую рыхтавала яна для свайго праўлення.

Вячэра па сутнасці рабіў даклад. Пачаў ён з таго, што ахарактарызаваў брыгадны масіў цалкам, а затым і кожны ўчастак і культуру паасобку.

Усё ў яго было дакладна і навукова вызначана і падлічана. Не заглядваючы ў блакнот, ён называў лічбы ўраджайнасці і ш разу не ўжыў слова «прыкладна», нібы ўраджай гэты ўжо ляжаў у свірне, а не стаяў на полі. Ён упэўнена называў дні, калі можна будзе пачаць жаць жыта на Выгарах, ячмень на тарфяніках, пшаніцу — за сасоннікам. У адпаведнасці з гэтым у яго быў складзены план уборкі, у якім было ўсё разлічана да драбніц: затрата працадзён на кожную культуру і на кожны рабочы працэс, неабходная колькасць людзей, коней, жняярак, нават сярпоў, кос і грабляў.

Былы партызанскі камандзір расказваў пра ўборку, як пра наступленне, план якога складзены з улікам здольнасці кожнай баявой адзінкі, кожнага чалавека і машыны. Усё ў гэтым плане было прадугледжана — усялякая нечаканасць і выпадковасць.

Слухалі Вячэру ўважліва. Маша нават раўніва падумала, што больш уважліва, чым Васіля. Брыгадзір трэцяй брыгады Арцём Гарадзец, малады хлопец, з хваравітым тварам, нешта хуценька выпраўляў у сваім таўстым сшытку, шпарка перагортваючы старонкі. Ён слюніў хімічны аловак і на яго вуснах усё больш і больш расплывалася фіялетавая пляма. Машы таксама захацелася запісаць галоўнае з плана Вячэры, каб заўтра-ж па гэтых нататках скласці такі-ж план па сваёй брыгадзе. Яна дастала з кішэні маленькую запісную кніжку але, убачыўшы, што некалькі чалавек з незразумелымі ўсмешкамі пазіраюць на яе, засаромілася — пакруціла кніжачку ў руцэ — непрыкметна схавала яе ў рукаў.

«Няхай не палічаць, што я прышла вучыцца, — падумала яна, але тут-жа дакарыла сябе за гэтую думку: — А чаму і не павучыцца?»

Вячэра крытыкаваў будаўнікоў за недаробкі на таку, каваля — за рамонт конных жняярак, высоўваў патрабаванні да праўлення, прасіў дапамагчы людзьмі.

— Усё тут, — ён пастукаў пальцамі па вокладцы блакнота, — зроблена, так сказаць, з запасам магутнасцей, а вось разлік людзей — з максімальнай нагрузкай на кожнага чалавека. І калі што якое, захварэе, чалавек ці яшчэ што, і машына мая можа пачаць даваць перабоі, — звярнуўся ён да Васіля.

Выступілі са сваімі планамі і іншыя брыгадзіры.

Машы здавалася, што планы брыгадзіраў — беззаганныя, што пра іх нічога больш нельга сказаць, як толькі пахваліць, і таму яна здзівілася, калі іх пачалі крытыкаваць, выпраўляць.

Выступалі члены праўлення, калгаснікі, Байкоў. Тут-жа ўсё ўдакладнялі, рабілі пераразлікі, больш разумна расстаўлялі людзей і цягло.

З узгодненых брыгадных планаў нараджаўся агульнакалгасны план.

Васіль падводзіў вынікі.

— Планы мы склалі добрыя. Галоўнае цяпер — выканаць іх, а гэта цалкам залежыць ад нас саміх. Уборка — справа сезонная, а таму мы павінны мабілізаваць усю нашу рабочую сілу. Павінен працаваць кожны чалавек, хто жыве ў нас...

— Пабачым! — скептычна прагучэў сярод цішыні голас Наташы Гоман.

Васіль кінуў у яе бок здзіўлены позірк, не разумеючы яе рэплікі.

— Арганізуем вучняў і студэнтаў... Справу гэтую ўзяла на сябе Лідзія Ігнатаўна. Наша вясковая інтэлігенцыя дапаможа жывёлагадоўчай брыгадзе па прыфермскім участку... Нарэшце я згодзен на які тыдзень, не больш, таварышы, адарваць будаўнікоў...

— З гідрастанцыі?

— З гідрастанцыі таксама.

— На ўсю ўборачную трэба, Васіль Мінавіч.

— А то зноў адны мы будзем рабіць, бо кампаньёны нашы, безумоўна, сарвуць сваіх людзей...

— Справа праўлення, таварышы, але я буду супраць таго, каб зрываць брыгаду з гідрастанцыі на ўвесь час уборкі,—запярэчыў Васіль. — Добра, каб мы змаглі-б не чапаць іх зусім... Ну, калі такая справа, то ў самы гарачы час — на тыдзень... Не больш!.. Звяно па бураках Рэгінай будзе працаваць у трэцяй брыгадзе ў Крыніцах. Сядая са сваім звяном стане на вывазку збожжапаставак. Ганаровае заданне табе, Наталля Нікалаеўна!.. У самы кароткі тэрмін мы павінны разлічыцца з дзяржавай...

Васіль хацеў быў перайсці ўжо да абмеркавання іншых спраў, як нечакана паднялася Насця Рагіна.

— Дазвольце мне, — яна энергічным рухам паправіла сваю квяцістую хусцінку і сказала цвёрда, выдзяляючы кожнае слова:

— Маё звяно на ўборку не пойдзе!

Каб раптам загаварыў нямы Цімох, што прысутнічаў тут, то гэта, мабыць, здзівіла-б калгаснікаў менш, чым такая заява.

Усе павярнулі да яе галовы і разглядвалі так, нібы яна толькі што звалілася з неба. Насця пачырванела, разгубілася і села.

Калгаснікі загудзелі, хто — абурана, хто — насмешліва.

— Выказалася!

— Генерал дзявочага войска!

— Што ты схавалася? Гавары, выкладвай, што гэта за звяно ў цябе такое?

— Як буракі твае палоць, дык усім калгасам хадзілі.

— Я вас не прасіла! — яна зноў паднялася, ужо бледная, з ліхаманкавым бляскам у вачах.

— Мы цябе таксама не просім! Можа пакланіцца ў ножкі вам загадаеце, Анастасся Іванаўна? Яна не пойдзе! Бач ты яе! — абурыўся Міхей Вячэра.

— Не пайду! Няхай раней жонка старшыні пойдзе...

Людзі адразу сціхлі і павярнуліся ад яе да стала, за

якім стаяў Васіль Лазавенка, спакойна ўсміхаючыся. Хто-ні-хто затрымаў позірк на Машы, і яна адчула, што ёй раптам зрабілася душна.

— Жонка старшыні працуе, — заўважыў нехта.

— Дзе? Не бачым мы яе працы! — закрычала Наташа Гоман.

— Калі гэта было, каб выпіла калгасніца замуж і працавала не там, дзе муж, — пачуўся ад дзвярэй голас сталай жанчыны.

Але Наташа не давала гаварыць ні прыхільнікам сваім, ні ворагам.

— Добрая работа! Муж кожную раніцу на кані падвозіць, вечарам прывозіць, як пані тую...

— Выйдзі і ты за старшыню! Табе зайздросна?

Выбухнуў смех. Жартаўнікам і зубаскалам выпала магчымасць паказаць свой талент.

— А ты ведаеш, хто за каго замуж выходзіў? Можа ён за яе?

— Ведаем мы гэтыя хітрыкі. Выгадна быць адразу ў двух калгасах!.. Двух кароў даіць...

Словы гэтыя агнём апяклі сэрца Машы, зрабілася крыўдна да слёз.

Яна глядзела на Васіля, чаму ён так спакойна і весела ўсміхаецца. Няўжо такі паклёп не кранае яго, не абражае?

Калі Наташа, нарэшце, сціхла, ён гарэзліва спытаў:

— Ну? Хто яшчэ жадае? Толькі давайце па парадку.

Умомант усталявалася такая цішыня, што стала чуваць, як б'юцца аб лямпачку матылі.

Падняўся Іван Рагін, бацька Насці, сурова паглядзеў на дачку.

— Усё, што настракаталі тут гэтыя сарокі, — глупства, канешне... І ты прабач, Васіль Мінавіч, і ты, Маша... Але тут справа такая... што чуў я такія размовы і ад старэйшых, асабліва ад жанчын... Не разумеюць яны, чаму жонка твая, Васіль Мінавіч, працуе не ў сваім калгасе... Хіба нам самім не трэба такая работніца? Ці ў «Партызане» без яе ніяк не абыйдуцца? — ён аглянуўся, нібы шукаючы падтрымкі, і сеў.

Васіль павярнуўся да жонкі.

— Растлумач, Маша...

Але Ладынін перапыніў яго.

— Чакай. Я растлумачу, — ён падняўся, як заўсёды, крыху залішне хутка, але потым зрабіў працяглую паўзу, адышоў ад стала ўбок, праніклівым позіркам агледзеў людзей. — Я разумею вас... Закранута ваша самалюбства. Як гэта так: знайшоўся чалавек, які не пажадаў пайсці ў ваш, лепшы, калгас, а застаўся ў горшым. Але каму-ні-каму яшчэ цяжка зразумець гэта. Цяжка таму, што жывуць яны яшчэ па старой прымаўцы: рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе ляпей. Не, таварышы, перадавы совецкі чалавек не шукае, дзе ляпей, а будуе яго, гэтае лепшае, там, дзе не ўсё яшчэ добра, змагаецца за лепшае жыццё не для сябе аднаго... Таварышы, відаць, забылі, што Марыя Паўлаўна — комуністка, і зрабіла яна, як належыць комуністу, засталася там, дзе яна, сапраўды, больш патрэбна. Партыйная арганізацыя ўхваляе яе рашэнне.

Старэйшыя сцвярджальна заківалі галовамі: разумеем, моў, дарагі Ігнат Андрэевіч.

Нехта выгукнуў:

— Правільна! Малайчына, Маша!

Насціна каманда маўчала. На іх насмешліва пазіралі, пачыналі кпіць. Наташа злосна агрызалася.

— Гэта — тлумачэнне тым, хто сапраўды не разумеў... Але я не паверу, што гэтага не разумелі нашы дзяўчаты... А таму выкрыкі іх, прызнаюся, шчыра здзівілі мяне. Мне сорамна за Рагіну, я лічыў яе сур'ёзным чалавекам...


5...


Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы.

Пасля таго цяжкага вечара, калі ён даведаўся пра яе замужаства, і пэсля размовы з Ладыніным, ён неяк адразу супакоіўся, шчыра зычыў ёй шчасця, не адчуваў ні рэўнасці, ні злосці на Васіля. Праўда, баючыся насмешак, шкадуючы сваё самалюбства, ён не пайшоў на вяселле, а знарок паехаў у той. дзень у госці да сястры. Нават да Машынага жадання застацца брыгадзірам ён спачатку аднёсся абыякава.

Але так прадаўжалася нядоўга.

Раптам балюча і трывожна заныла сэрца. Здарылася гэта пасля размовы з Лідай на лузе. Дзіўна раздваіліся яго пачуцці, дзіўна, незразумела і пакутліва: ён хацеў жыць думкамі, марамі аб Лідзе, а думалася пра Машу. Думкі гэтыя няспынна распальваліся размовамі, падзеямі жыцця. Некалькі разоў ён бачыў, як Васіль сустракае Машу пасля работы, як яны, абняўшыся, ідуць цераз поле, весела размаўляюць, смяюцца, і яму рабілася яшчэ больш балюча. Зноў успыхнула пачуццё рэўнасці.

Аднойчы ён пачуў размову жанчын:

— Маша ажно расквітнела. Люба паглядзець на маладзіцу!

Ён прыгледзеўся і сам заўважыў, што сапраўды Маша папрыгажэла, здаецца, нават памаладзела. Ён узлаваўся і вырашыў выжыць яе з калгаса, каб не бачыць, не сустракацца штодзень: можа тады ён хутчэй забыўся-б на яе. Але як зняць яе з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў.

Сустрэўшыся неяк з Машай у полі, адзін-на-адзін, ён спытаў:

— Няўжо ты не разумееш, што нам цяжка працаваць разам?

— Цяжка? — з іроніяй спытала яна, і ён вінавата панурыў галаву. — А мне здаецца, што стала лягчэй. Было цяжка... Але я разумею цябе... Дык вось што... Супакойся і ведай: нікуды я з калгаса не пайду. А паспрабуеш выжыць — скажу Ладыніну, і табе прыдзецца даваць тлумачэнне на партсходзе...

Пагроза такая крыху ўтаймавала яго. Маша працавала добра. Магчыма, нават лепш, чым да замужаства: стала яшчэ больш актыўнай, настойлівай, смела папраўляла яго, старшыню, умешвалася ў работу іншых брыгад, і брыгадзіры слухаліся яе.

Пакутлівыя і абразлівыя пачуцці яго да Машы зніклі нечакана пасля адной размовы, аднаго выпадку, які адбыўся з ім неўзабаве.

Шаройка пасля таго, як яго знялі з брыгадзіраў, стаіўся, прыціх, нават на вуліцы рэдка паказваўся. На патрабаванне Машы ісці на калгасную працу ён прынёс спраўку ад урача раённай больніцы аб тым, што ў яго сардэчная хвароба, і фізічна працаваць яму нельга. Між іншым, спраўка гэтая страшэнна абурыла Ладыніна. На чарговай нарадзе ў райздраве Ігнат Андрэевіч, выступаючы, сказаў урачу, які яе выдаў:

— Я не сумняваюся, Злотнікаў, ды і калгаснікі пра гэта гавораць, што даведачны моцна падмазана шаройкавым маслам. Глядзіце, каб масла; гэтае бруднымі плямамі не выступіла на вашым белым халаце. Скажу шчыра, калі мне ўдасца даказаць ваш брудны ўчынак юрыдычна, размова наша прадоўжыцца ў іншым месцы. Помніце гэта.

Злотнікаў крычаў, кляўся, пагражаў, што ён за абразу прыцягне Ладыніна да судовай адказнасці, але замест гэтага, праз тыдзень перавёўся ў другі раён.

...Шаройка вышаў на працу дакладна на другі дзень пасля таго, як даведаўся, што Маша выходзіць замуж за Лазавенку. Сустракаючы калгаснікаў, амаль кожнаму тлумачыў:

— Думалі Шаройка абібок які. Шаройка ніколі не быў і не будзе ў баку ад калгаса. Адчуў сябе крыху лепш — і вось, бачыце, адразу пацягнула на працу. І дакажу, што Шаройка не развучыўся працаваць. Не, не развучыўся... Не ра-азвучы-ыўся, я табе скажу...

Людзі хавалі ўсмешкі, употайкі хітра падміргваючы адзін аднаму. Сапраўды, Шаройка ўзяўся за работу, як належыць: на касьбе штодзень выконваў па дзве нормы, выклікаў на спаборніцтва маладых.

Максім задаволена жартаваў, ківаючы на яго:

— Аказваецца, што і Шаройку можна перавыхаваць, — і хоць не было ў яго ранейшай павагі да лепшага гаспадара ў вёсцы, але часам ён зноў раіўся з ім, тым больш, што цяпер ён нічога не адважваўся рабіць сам, без парад з боку.

Шаройка лісліва дагаджаў старшыні і настойліва запрашаў яго да сябе. Максім цвёрда вырашыў не паддавацца ні на якія ўгаворы і не заходзіць. Некалькі разоў ён адмовіўся, але аднойчы позна ўвечары Шаройка спаткаў яго каля свайго дома і зацягнуў амаль сілком.

— Не крыўдзі старога, Максім Антонавіч. Справы справамі, а стары друг, як гэта кажуць... На адну хвіліначку... Пасядзім, пагутарым...

У Максіма быў дрэнны настрой, ён зноў бачыў, як ішлі цераз сад Васіль і Маша, і яму не хацелася ісці дамоў, дзе брат штовечар уцягваў яго ў складаныя філасофскія спрэчкі. Хацелася пасядзець ціха, спакойна.

У хаце нікога не было. Шаройка, запрасіўшы госця сесці, адразу падаў яму пісьмо.

— Пачытай, Максім Антонавіч. Ад сынка, ад Федзі. Шэсць лістоў накаціў, як паэт. Званне яму павысілі. Маёр! — ён радасна выгукнуў апошняе слова, выбег на кухню і ўжо за дзвярыма яшчэ раз паўтарыў:— Маёр!

Максім не прачытаў і адной старонкі, як з бакоўкі паважна выплыла Паліна, крыху заспаная ўжо, у прыгожым шоўкавым халаце японскага ўзору, з высокай, яўна паспешліва зробленай прычоскай. Яна ветліва і быццам сарамліва прывіталася і села насупраць на канапе.

— Прабач мне, Максім, што я так сустракаю гасця.

Ад яе пахла нейкімі моднымі духамі, У Максіма ад гэтых пахаў закружылася ў галаве і чамусьці зноў успомнілася Маша, уявілася, як абнімае яе і цалуе Васіль.

Крысо халата адвярнулася і агаліла прыгожае белае калена і карункі сарочкі. Максім зразумеў, што Паліна зрабіла гэта знарок, і ўзлаваўся, адчуў сябе зняважаным. Злосць мацнела, калі яна пачала гаварыць, то гарэзліва іграючы вачыма, то з сумнымі ўздыхамі. Ён ненавідзеў гэтае крыўлянне. І яе ненавідзеў з таго часу, калі пераканаўся, што папрок маці справядлівы. Сапраўды, Шаройка даўно марыў, каб жаніць яго на дачцы, і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках, хоць і настаўніца ты... Была-б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Але тады Паліна марыла пра вялікае, шчырае каханне — такое, як у раманах, ды і Машу яна паважала, не дазваляла сумленне перашкодзіць яе шчасцю. Але цяпер, калі Маша замужам... Цяпер можна паспрабаваць прываражыць яго... Здараецца, што каханне прыходзіць пазней, пасля збліжэння...

...Максім не вытрымаў — падняўся і дэманстратыўна адышоў да акна, павярнуўся да яе спіной.

«Нахабная дурніца!.. На д'ябла ты мне здалася! За каго ты мяне лічыш, свіння ты гэткая?»

Шаройка ўскочыў у пакой з вялікай патэльняй у руках, на якой злосна сіпела і бурболіла яешня.

— Прашу да стала, Максім Антонавіч. Возьмем па маленькай...

— Дзякую. Я не п'ю, — адказаў Максім, павярнуўшыся ад акна.

Шаройка глянуў на дачку, убачыў яе збянтэжаны твар і ажно засіпеў, але кінуўся да Максіма, лісліва абняў за плечы.

— Не, не, брат Максім, з маёй хаты так не выходзяць. Не пушчу! На парозе лягу!..

Паліна непрыкметна нырнула ў бакоўку. Яны селі за стол, забыўшыся пра яе. Разгаварыліся пра калгасныя справы, і Максім супакоіўся: размова была цікавая.

Гутарылі пра ўраджай, пра ўборку, да пачатку якой

заставаліся лічаныя дні. Але раптам Максім насцярожыўся зноў: Шаройка пачаў даваць знаёмыя парады.

— Але-е, ураджай мы вырасцілі. Нядрэнны ўраджай. Лета добрае. Залатое лета. Дзякуй богу, будзем з хлебам... Толькі, Максім Антонавіч, паслухай мяне, старога вераб'я... Не вельмі ты кідайся на гэтыя эмтээсаўскія машыны. Гавораць, ты лаяўся ў раёне, што камбайна не далі. Навошта ён табе? У нас сіл хапае... Калі нехапае іх — справа іншая... Я, браток, калі кіраваў, глядзеў уперад. Глядзеў, браток, глядзеў... Сёння ў цябе больш конікаў, чым у праслаўленай «Волі». А гэта сіла пры жняярачках. Сярпок таксама не аджыў яшчэ сваё...

Максім палажыў на стол відэлец, выпраміўся, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў.

— Гнілыя твае парады, Амелька.

Шаройка ўздрыгнуў, быццам яго выцялі па спіне, уціснуў галаву ў плечы, крыва ўсміхнуўся.

— А-а? Гнілыя, кажаш? Што-ж, бывае... Бывае, браток, бывае. Відаць, сам пачынаю гніць.

— Відаць, пачынаеш.

Усмешка знікла з Шаройкавага твару, ён спахмурнеў прыкусіў губу, вочы яго загарэліся злоснымі агеньчыкамі. Чалавек сябелюбівы, ён быў помслівы і ніколі не дараваў крыўды.

А Максім, адчуўшы сваю сілу і перавагу, загарэўся жаданнем як мага больш нагаварыць яму непрыемнасцей.

— Але, гніеш, Амелька, — ён пацягнуў носам. — Смуроднае паветра вакол цябе.

— Эх, Максім, Максім, не твае гэта словы. Чужыя словы, — Шаройка цяжка ўздыхнуў, быццам яму вельмі шкада было Максіма. — Ды я не крыўджуся. Не крыўджуся, браток. Маладосць!.. Вып'ем? Не бойся, не смуродная, з магазіна...

— Вып'ю. Апошнюю... За тое, каб больш з табой ніколі не піць.

— Не плюй, кажуць, у стары калодзеж...

— З гнілога калодзежа не п'юць, Шаройка.

Гаспадар змоўк, зразумеўшы, што госця нічым улашчыць нельга. Са страхам убачыў ён перад сабой не Максіма, а яго бацьку — толькі Антон Лескавец гаварыў яму ў вочы такія пякучыя, як крапіва, страшныя словы.

Хуценька разліўшы гарэлку, ён падняў чарку, але Максім выпіў не чокнуўшыся.

Шаройка нахіліўся і спытаў лагодным голасам:

— Даўно хацеў спытаць у цябе... Кацубіха так увесь час і будзе ў нас?

— А табе — што? Не падабаецца?

— Мне? Мне — усёадно. — Шаройка адкусіў палавіну маласольнага гурка, гучна захрумстаў і, праглынуўшы, раптам загаварыў зусім іншым голасам — злосна, ажно засіпеў: — А наогул не падабаецца. Не! Бо не я загніваю, не я. Дарэмна ты паклёпнічаеш! У мяне душа баліць за калгас больш, чым, можа, у цябе. І бачу я больш. А цябе асляпілі. Ідзі паслухай, што людзі гавораць. Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Ну, а Кацубіха — значыцца Лазавенка. Вось яно як павярнулася! Хе-хе.

Максім спакойна падняўся, падышоў да акна, зняў з цвіка шапку, ударыў яе аб руку, каб выбіць пыл.

Шаройка таксама падняўся.

— Так людзі гавораць, Максім Антонавіч...

Лескавец ступіў да яго і выдыхнуў у твар:

— Так гаворыць толькі адзін сукін сын! — і хутка выгнаў, ляпнуўшы дзвярыма.

На вуліцы ён спыніўся, аглянуўся на вокны Шаройкавай хаты і засмяяўся. На душы было лёгка і светла, нібы ён раптам змыў увесь накіп. З гэтага вечара змяніліся яго адносіны да Машы, да Васіля. Апрача таго, знікла яго няўпэўненасць у сябе, у свае сілы і здольнасць кіраваць калгасам, якая з'явілася адзін час і якая была занепакоіла Ладыніна.


6...


Алеся паехала ў Маскву здаваць экзамены ва універсітэт. Пецю праўленне адкамандыравала на курсы трактарыстаў і камбайнераў. Дом апусцеў, і Маша мусіла перабрацца ў Лядцы, каб прыгледзець за гаспадаркай, яе трэба было зберагчы для Пеці.

У першы вечар, правёўшы ўсхваляваную Алесю на станцыю, яна доўга хадзіла па прасторнай хаце, па двары, на гародзе і не ведала, за што ўзяцца. Зрабілася сумна. Яна з нецярплівасцю чакала Васіля. Ён прышоў, калі ўжо сцямнела, як заўсёды, узбуджаны, радасны. Моцна абняў яе, пацалаваў.

— Вось і разляцелася наша сям'я, — нявесела ўсміхнулася Маша. — Усе адразу.

— Сумна? — зразумеў яе Васіль.

— Сумна і радасна, Вася. Перад імі — такое жыццё!

— А перад намі?

— І перад намі, — яна ласкава прытулілася да яго.

— Ну, ідзем вячэраць. Вясёлае і ў нас з табой жыццё. Начаваць будзем у Лядцах, абедаць — у Дабрадзееўцы. Насця зноў тарарам падыме, што п'ем малачко ад двух кароў. Дзівачка!

Маша лёгка ўздыхнула.

— Табе смешна. А мяне гэта так тады ўразіла, што я і цяпер яшчэ супакоіцца не магу. Крыўдна, што не разумеюць людзі. У наш час... Нашы равеснікі...

— Нічога, Маша. Не рабі ты з глупства палітыкі. У яе былі свае прычыны, толькі яна нічога больш разумнага не магла прыдумаць. А так пры ўсіх яе дзівацтвах яна слаўная дзяўчына. Не рэўнуеш? Я веру, што яна будзе першай гераіняй у нас.

Вокны былі адчынены, і ў пакой глядзелася цёмнымі цьмянымі зоркамі душная ноч. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў, — геранямі і ружамі, што раслі ў палісадніку.

Яны сядзелі за сталом насупраць адзін аднаго, стомленыя за дзень, але шчаслівыя, задаволеныя тым, што засталіся, нарэшце, адны. Не спяшаючыся, вячэралі, ціха размаўлялі. Ім хацелася прасядзець так як мага даўжэй. Час ляцеў непрыкметна. Даўно ўжо сціхла вёска, і нават не было чуваць галасоў моладзі.

— Усе спяць. Пара і нам, Маша. Заўтра мне трэба падняцца гадзін у чатыры, — Васіль накруціў будзільнік, каб не праспаць. — Трэба выйсці на жніво як можна раней, каб да абеду снапы падсохлі, а ў другой палавіне дня пусціць малатарню. А наогул прамахнуліся мы з гэтымі Расцярэбамі. Дараваць не магу сабе. Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі-б камбайн, жняяркі...

— Не ўсё адразу, Вася. Які ты прагны! Ніхто не ведаў, што там паспее раней...

— Вось гэта і дрэнна, Маша, што мы мала яшчэ ведаем. Павінны былі ведаць.

— Мы ў Глінішчы сеялі пазней, а паспела там раней. Вось табе і законы!

Маша паслала пасцель, ужо зачыніла вокны, калі раптам у дзверы пастукалі.

— Хто гэта так позна, — здзівіўся Васіль.

Маша пайшла адчыняць.

Зайшлі Лескавец і Міхайла Прымак.

Максім з дзіўнай цікавасцю, паспешліва і прагна, аглядаў хату. Потым, мабыць, адчуўшы недарэчнасць сваёй цікавасці, ён прыкметна збянтэжыўся і папрасіў прабачэння.

— Позна мы патурбавалі вас.

Міхайла Прымак залез за стол без запрашэння і ўсеўся, як дома. Гаспадароў гэта не здзівіла; яны ведалі, што толькі за сталом ён мог скруціць цыгарку адной рукой. Сапраўды, ён адразу выцягнуў капшук з махоркай, газету і даволі спрытна і хутка скруціў вялікую цыгарку. Васіль падаў яму запалку.

— Абасобіліся вы, хітрунцы, як на дачы. Во, Максім, пазайздросць каб ты спух ад злосці, калі не хацеў жаніцца... Жывуць, як графы ў сваёй загароднай віле. Усе ўмовы, каб штогод па дзіцяці, а то і па двое...

Маша абурылася:

— Пасароміўся-б, Міхайла! Ужо галава вунь сівая, а ты... чаўпеш нямаведама што.

Прымак не сунімаўся.

— У мяне душа маладая, Маша... Чакай... А чаму ты крычыш на мяне? Ты мне поўлітэрку павінна ставіць кожны раз, калі я зайду. Без мяне вы, ліхадзеі, яшчэ пяць год не пажаніліся-б. Скажыце дзякуй...

Васіль засмяяўся.

— Але і мастак ты хлусіць, Міша! Чужыя заслугі сабе прыпісваеш.

— Хо! Сказаў! А якая твая заслуга? Дурная справа, гаварыў мой бацька, няхітрая. Заслуга! Пачакай крыху... ты заслужыш... Як пачне цябе гэтая пілка штодзень пілаваць, дык ты ад усіх заслуг адмовішся... А яна, можа, брат. Культурна гэтак, з прыціскам, толькі тырса пасыплецца...

Васіль любіў гэтага чалавека, які жартаваў няспынна, у любых абставінах.

Машы хацелася сур'ёзна ўзлавацца на яго, але злосці не было. Аднак яна сярдзіта хмурылася.

Яна назірала за Максімам і бачыла, што яму непрыемна слухаць такія жарты, праўда, ён таксама ўсміхаўся, але ўсмешка была нейкая кіслая, робленая. Нарэшце, Максім не вытрымаў і сказаў сур'ёзна і патрабавальна:

— Давай аб справе, Аляксеевіч. Людзям спаць пара.

Прымак павярнуўся да яго з надзьмутымі шчакамі, пільна паглядзеў у вочы, потым шумна выпусціў з рота вялізны клуб дыму.

— Аб справе? Ну што-ж, давай аб справе...

Відаць, Максім чакаў, што гаварыць будзе Прымак, але брыгадзір падсунуў да сябе газету і пахіліўся над ёй.

Тады Максім павярнуўся да Лазавенкі:

— Слухай, Васіль, ты пачынаеш жаць на Расцярэбах... Камбайн там не пойдзе. А ў мяне гатова ў Глінішчы. Дай мне на першыя два дні камбайн.

Васіль паціснуў плячыма.

— Вы мяне здзіўляеце, хлопцы. Сядзіць, можна сказаць, непасрэдны гаспадар камбайна — брыгадзір МТС, а ты да мяне з такой просьбай... Я маю дачыненне да камбайна такое-ж, як і ты.

Прымак падняў ад газеты галаву і пагразіў яму кулаком.

— Вася, не прыкідвайся дзіцёнкам. Ты добра ведаеш, чаму мы прышлі да цябе. Самавольна я перакінуць не магу... Крыловіч у Мінску... Я гаварыў па тэлефону з Маслоўская яна падтрымлівае... Але толькі ўзгадніўшы з табой... Без тваёй згоды на гэта ніхто не адважваецца. Камбайн па графіку павінен працаваць у «Волі», убраць твой багаты ўраджай. І, калі перакінуць без тваёй згоды, і раптам што якое, ты-ж загрызеш тады любога. Да абкома дойдзеш.

Васіль падняўся і задуменна прайшоўся па пакоі, Маша ўсхвалявана пазірала за ім. Што ён вырашыць? Што адкажа?

Безумоўна, ёй хацелася, каб камбайн папрацаваў у іх калгасе. Тады яны здолелі-б утрымацца ў ліку перадавых. Але яна разумела, што гэта можа даць магчымасць «Партызану» першаму пачаць здачу збожжа, атрымаць першы квіток. Пры ўсёй адданасці свайму калгасу яна не жадала такога пяршынства, бо гэта было-б, па яе разуменню, несправядліва. Такі гонар павінен належаць таму, хто заваяваў яго сваёй працай. Усе гавораць, што «Воля» павінна заняць у гэтым годзе першае месца ў раёне. Дык няхай будзе першай ва ўсім!

«Ці разумее гэта Вася? Ці думае аб гэтым?»

Ніколі яшчэ Маша не была ў такім недарэчным становішчы: за каго падаць ёй голас, за які калгас, калі абодва яны сталі блізкія ёй?

Васіль спыніўся перад Прымаком.

— А калі што якое, як ты кажаш?

— Што? Паломка? Ну, што ты! Новая машына. Сам ні на крок не адыйду. Мне не верыш?

— Глядзі! Сарвеш хоць адзін дзень уборкі — не трапляй на вочы.

— Го-о! Што, я не ведаю твайго характару!

Максім падняўся і працягнуў Васілю руку, моцна паціснуў.

— Дзякую, Вася.

— Участак падрыхтуеш?

— У тры гадзіны касцы выйдуць. Маша, дасі з тваёй брыгады чалавек трох... Трэба было-б сказаць ім зараз.

— Я скажу.

Развітваючыся, Максім яшчэ раз акінуў позіркам пакой. На твары яго адбілася складанае пачуццё. Адна Маша заўважыла гэта.

Васіль, правёўшы гасцей, стаяў пасярод хаты і задаволена ўсміхаўся. Маша падышла, заглянула яму ў вочы, быццам жадаючы адгадаць, пра што ён думае.

— Ты падумаў, што мы можам першыя пачаць здачу збожжа?

— Падумаў. Калі ласка, буду рад за вас.

— Вось як! — здзівілася яна. — Калі ты ўпэўнены, што нам не ўдасца перагнаць цябе, дык я сама вазьмуся за гэта і дакажу.

Ён засмяяўся.

— Давай, давай, Маша! Дапраўды, буду рады, — ён абняў яе і сказаў сур'ёзна: — Сёння я гатоў уступіць вам любое пяршынства. Ведаеш, мне радасна, што ён прышоў з такой мірнай і разумнай просьбай. Мне здаецца, што гэта пачатак нашай новай дружбы.


7...


Дзень быў спякотны і ветраны. Хвалявалася жытнёвае мора. Хвалі набягалі адна на адну, разбіваліся ў нізіне, каля старой ігрушы, адступалі назад на ўзгорак, на нейкі момант нібы заміралі на адным месцы. Разам з хвалямі рухаліся па полі колеры, адценні. Нахілялася збажына, лалшўся колас на колас — цямнеў колер, на ўзгорку рабіўся цёмнавасковы, з шэрым адценнем, у нізіне — жоўта-зялёны: там азіміна яшчэ не зусім паспела. Прабягала хваля — выпрамлялася жыта, і колер яго адразу зменьваўся, набываў натуральныя вясёлыя летнія фарбы.

Максім, Ігнат Андрэевіч і Ліда вышлі па пясчанай дарожцы з сасонніку і спыніліся на ўзлессі, зачараваныя бяскрайнім прасторам высокага і густога жыта. Вецер гнаў з сасонніку гарачы водыр смалы і змешваў яго з хмельным пахам паспелай збажыны.

Яны наблізіліся да самага жыта, яно згіналася і ласкава шуршэла, нібы прасіла: «Ш-ж-жніце, ш-ш-ж-жніце!..» А над жытам шумелі маладыя сосны.

Ад зялёнай паласы ярыны, што віднелася далёка справа, паўз сасоннік хутка бег цень хмаркі. Цень дабег да іх, хмарка на момант закрыла сонца, і ўраз пацямнелі фарбы, мацней шугануў вецер. Але за тое там, дзе цені не было, поле зрабілася яшчэ больш яркім, залатым.

Вецер даносіў з-за ўзгорку гудзенне трактара. Ладынін скінуў шапку, выцер хустачкай успацелы лоб, прагна ўдыхнуў пах жыта і сказаў, углядаючыся ўдалеч:

— У такую пару мне чамусьці заўсёды ўспамінаецца дзяцінства... Дзіўна, праўда? Дзяцінства, якое было ледзь не поўстагоддзя назад. Чаму іменна дзяцінства — не разумею. Але хораша гэта. Маладзееш неяк душой, забываешся на ўзрост. Хочацца прабегчы па разоры паміж жытам, праехаць верхам на кані...

Ліда сарвала некалькі каласоў і, абцерушыўшы іх, веяла зерне: перасыпала з далоні на далонь, дзьмухала.

— Дык можа давай наперагонкі, тата? — пажартавала яна.

У адказ Ігнат Андрэевіч уздыхнуў, але без жалю, хутчэй — ад захаплення навакольнай красою, бо тут-жа ўсхвалявана сказаў:

— Вось дзе сапраўдная паэзія! Я пазаўчора хадзіў з гэтым, з упаўнаважаным, і здзіўляўся. Малады чалавек, а такі... чыноўнік. Нічога яго не хвалюе, не радуе. Ніякага адчування прыгожага. У «Волі» ў жыце — а якое там жыта! люба глядзець! — толькі і ўбачыў два сляды — тыдзень назад пара коней прабегла... «Дрэнна вартуеце!» І ўзрадаваўся, што знайшоў за што прычапіцца. Адным толькі і занята галава чалавека, як-бы адшукаць больш недахопаў, памылак, відаць, каб паказаць начальству, які ён старанны працаўнік. Дзіву даешся, якія яны жывучыя, гэтыя тыпы... Як думаеце, пры комунізме будуць такія экземпляры?

— У музеях, — засмяялася Ліда.

Максім стаяў збоку і глядзеў не на жыта (жыта гэтае ён бачыў штодзень), а на Ліду. Яна была сёння, як назнарок, асабліва прыгожай. І апранута была незвычайна: сукенка светлабэзавага колеру з вышытымі на рукавах і падоле васількамі і арнаментам надзвычай пасавала да яе.

Максіму вельмі хацелася застацца з ёй адзін-на-адзін. Яму здавалася, што цяпер, вызваліўшыся ад сваіх супярэчлівых пачуццяў, ён мае права сказаць ёй усё, чаго не мог сказаць раней, усё растлумачыць. Безумоўна, яна павінна зразумець яго. Гэтае бязлюднае месца, вецер, сонца, жыта і шумлівыя сосны як-бы надалі яму смеласці і рашучасці. Ён нават узлаваўся на Ігната Андрэевіча.

«Абавязкова і яму трэба ісці глядзець работу камбайна... Неспакойны які! За дзень абходзіць пешшу больш, чым я аб'язджаю на кані. Няхай-бы мы пайшлі самі...»

Апанаваны сваімі думкамі, Максім не дайшоў да сэнсу ўсяго, пра што гаварыў Ладынін. Але апошнія словы, адказ і смех Ліды насцярожылі яго: а ці не мае часам Ладынін на ўвазе і такія «экземпляры», як ён, Лескавец? У апошні час ён заўсёды насцярожваўся, калі ў яго прысутнасці пачыналі гаварыць аб перажытках.

— А заўваж, тата, амаль няма васількоў.

Яны пайшлі па дарожцы, што вяла цераз жыта.

— Але... Амаль няма. Знікае васілёк, як пустазелле.

— Толькі ў вас на плацці засталіся, Ліда, — пажартаваў Максім. — І ўпрыгожваюць яго цудоўна!

Ліда сказала:

— Калі ласка, старшыня калгаса — прыхільнік васількоў.

— Тых, якія не ў жыце.

Трактар за ўзгоркам набліжаўся. Цяпер ужо добра было чуваць, што там не толькі трактар, да яго прыглушанага гудзення далучаўся роўны гул і стракатанне камбайна «Сталінец-6». Неўзабаве з-за ўзгорку выплылі труба, пасля — верхняя частка камбайна, постаці двух чалавек на мастку і, нарэшце, — нізкі, запылены «ХТЗ».

Камбайн, як карабель, праплыў па ўзгорку, павярнуўся і пайшоў назад.

Ліда, Ігнат Андрэевіч і Максім з вяршыні ўзгорку глядзелі яму ўслед. Перад імі рассцілаўся шырокі іржэўнік, на ім роўнымі радамі ляжалі кучкі залатой на сонцы саломы і шэрыя, меншыя грудкі мякіны. На другім канцы іржэўніку наўпрасцяк ехалі да камбайна тры бястаркі. У адной з іх стаяў малады хлопец і круціў над канём лейцамі, але конь, відаць, быў не надта рухавы і рэагаваў на гэта даволі спакойна: павольна махаў хвастом, адганяючы аваднёў.

Збоку, за паласой жыта, працавала жняярка-самаскідка. Граблі яе раз-по-разу ўзляталі ў паветра, бліскалі нейкай металічнай часткай. За жняяркай бялелі хусткі вязальшчыц.

— Малайцы! — стрымана пахваліў Ладынін, акінуўшы вокам зжатую плошчу. — Добры пачатак.

Максіму стала прыемна ад гэтай пахвалы, і ён задорна і крыху самаўпэўнена спытаў:

— Выходзіць, мы таксама ўмеем працаваць, Ігнат Андрэевіч?

— А хто сказаў, што вы не ўмееце?

— Вам, Лескавец, відаць, хочацца, каб асабіста вас пахвалілі, — Ліда сказала гэта як-бы між іншым, нават не павярнуўшыся да яго.

Але словы яе пакрыўдзілі Максіма. А чаму, урэшце, і не пахваліць яго? Ды і не пахвала яму дорага, а ласкавае, цёплае слова чалавека, якога ён любіць і паважае. Але ён нічога не сказаў і хутка пайшоў насустрач агрэгату, які развярнуўся і зноў набліжаўся да іх.

Параўняўшыся з камбайнам, Максім спрытна ўскочыў на ўсходцы, падняўся на масток, на якім стаяла камбайнерцы Вольга, малодшая дачка Міхея Вячэры.

Ладынін адчуў, што Максім зноў пакрыўдзіўся і лагодна дакарыў дачку:

— Нельга так, Лідуша. Часам чалавека карысна і пахваліць.

Ліда зморшчылася.

— Рысы дзіцячай псіхалогіі, тата, захоўваюцца ў людзей вельмі надоўга, у некаторых да старасці. Але тое, што прыемна ў дзіцяці, прыкра заўважаць у дарослага.

Яна пабегла да камбайна. Бацька паківаў галавой: нават ён не заўсёды разумеў словы і ўчынкі дачкі, часта яны былі нечаканыя, супярэчлівыя, дзіўныя.

Ліда таксама на хаду паднялася на прыступкі, прывіталася з Вольгай, аглянулася на жытнёвае мора, па якім каціліся зялёна-залатыя хвалі. Вецер рваў касынку з яе плячэй, жартаваў з сукенкай, Ліда прыціснула яе каленямі да парэнчаў.

— Злазьце, Лескавец, я хачу паездзіць, павучыцца.

Максім паслухмяна спусціўся, яны размінуліся на ўсходцах, дакрануўшыся адзін да аднаго. Саскочыўшы на зямлю, ён доўга не мог адвесці вачэй ад прыгожай постаці дзяўчыны ў бэзавай сукенцы на мастку камбайна, які аддаляўся ад яго, плыў паўз сцяну жыта на ўзгорак. Ігнат Андрэевіч употайкі назіраў за ім і ўпершыню ў ім нешта трывожна варухнулася ў сэрцы. Ніколі ён не ўмешваўся ў інтымныя справы сваіх дзяцей, цвёрда ўпэўнены, што, выхаваныя ім дзеці яго ва ўсіх выпадках жыцця будуць паводзіць сябе разумна. Ён не памыліўся ў адносінах сына і таму яшчэ больш спакойны быў за сваю любіміцу-дачку.

Але яе адносіны да Максіма чамусьці ўстрывожылі яго. Ліда была нейкая загадкавая, незразумелая ў гэтых адносінах.

Ладынін з Максімам наблізіліся да месца запраўкі агрэгата. Каля дарогі, пад старой бярозай, стаяў воз з бочкамі, каля яго была напята плашч-палатка, прымацаваная адным канцом да драбін воза, другім — да бярозы і жардзіны, уторкнутай у зямлю.

З-пад палаткі вылез Міхайла Прымак, на выгляд змораны, з пачырванелымі вачыма, але з вясёлымі іскрамі ў іх.

Быў ён у майцы, запылены, блішчэлі адны белыя зубы. Сустрэў іх жартаўлівым выгукам:

— Ліха з два з-за начальства паспіш! Ні спякота на вас не дзейнічае, нічога. Цэлую ноч не спаў і ўсю раніцу на агрэгаце прастаяў, покуль аб'ездзілі. Думаў адхапіць якую сотню хвілін. Дзе там! Поўгадзіны назад Крыловіч прыляцеў... Відаць, добра яму там, у Мінску, накруцілі, што проста з поезда ў брыгады паімчаўся. Чырвоны, злосны... Безумоўна, адразу на мяне... Чаму камбайн працуе не ў «Волі»? А я таксама злосны сёння. А што, па-вашаму, лепш, каб я стаяў? Першыя ў раёне, кажу, вышлі ў поле, гэта цаніць трэба! Схапіліся. Самавольнічаеце, крычыць. Праяўляю ініцыятыву, адказваю. Бачу, узлаваўся ён не на жарт. Я ад абароны ў наступ перайшоў. Кажу, сам Лазавенка прапанаваў перакінуць камбайн у «Партызан», бо ў яго паспела толькі па Расцярэбах. Чалавек, кажу, свядомы, з дзяржаўным розумам, не аб славе сваёй думае, не тое, што іншыя, на ўсё глядзяць толькі са сваёй званіцы. Астыў мой начальнік, мацюкнуўся, махнуў рукой і паехаў. За ім — Чурыла, як заўсёды, ніводнага слова не прамовіў, толькі люлькай надыміў на ўсё поле і цяпер яшчэ смярдзіць тытунём.

Максіму, хоць ён і пагадзіўся ўжо з агульнай думкай, што Лазавенка — найлепшы гаспадар, не спадабаліся апошнія словы. Прапанова аб тым, каб камбайн перакінуць у «Партызан», — яго, Прымака. Дык навошта і тут узвышаць Лазавенку?

Прымак прымасціўся каля воза і скручваў цыгарку. Ладынін назіраў за камбайнам, які спыніўся недалёка ад дарогі і разгружаў бункер. У скрынку бястаркі ліўся залаты струмень зерня.

— Гэты Чурыла толькі адзін раз разгаварыўся, калі я яго пакрытыкаваў на сходзе. Не любіць крытыкі, як Лескавец наш, — адвярнуўшыся, брыгадзір схаваў хітрую ўсмешку.

Максім не стрываў, нязлосна, але смачна вылаяўся:

— Пайшоў ты... Крытык!.. Крытыкуй сваіх трактарыстаў.

— Я і да цябе дабяруся. Калі ты казаў, што гаручае будзе? — Прымак дастаў з кішэні гадзіннік, паказаў Максіму. — Калі ласка. Няхай стане агрэгат з-за гаручага, — я з цябе ўсе струны выцягну...

— Будзе табе гаручае, — Максім падышоў і крануў на возе бочку, яна была пустая.

— Праверыў? — усміхнуўся Прымак.

— Зараз прывязуць, — Максім паглядзеў на дарогу і заспяшаўся.

— Ну, лезь, Міша, дасыпай сваіх сто хвілін. Работка ў цябе — не бі ляжачага.

Ідучы назад, затрымаліся каля вязальшчыц. Адна дзяўчына працавала без хусткі, з непакрытай галавой, і Ігнат Андрэевіч пачаў расказваць аб небяспецы сонечнага ўдару. Вязальшчыцы спынілі работу і ўважліва слухалі. Максім нецярпліва азіраўся, шукаў прычыны, каб перапыніць гутарку. І калі, нарэшце, яны пайшлі далей, сказаў не без іроніі:

— Мы не кабінетныя інтэлігенты. Мы з маленства прывыклі на сонцы пячыся, і я, колькі жыву, не помню сонечнага ўдару.

Ігнат Андрэевіч абурыўся:

— Глупства гародзіш! «Мы не інтэлігенты». А я па-твойму кабінетны інтэлігент? Ці толькі з Марса зваліўся? Дазволь мне думаць, што такія рэчы я ведаю лепей за цябе. За дваццаць пяць гадоў работы я пераканаўся, што гэта такое — папрацаваць дзень на такім вось сонцапёку з адкрытай галавой, ды яшчэ нагнуўшыся. Заўтра гэтая дзяўчынка страціла-б напалову працаздольнасць, або зусім не вышла-б на працу, пакутвала-б ад галаўнога болю. Аб здароўі чалавека трэба думаць не тады, калі ён хварэе. І нам з табой, комуністам, асабліва недаравальна забываць сталінскія словы аб людзях. Я даўно рыхтую сур'ёзную размову на партсходзе аб санітарных умовах працы нашых людзей. І, прабач, тут ужо дастанецца і табе, і Лазавенку, і Гольдзіну. Нельга так... Нельга забывацца пра чалавека ні на адну хвіліну. Бо які сэнс тады ўсёй нашай працы?


8...


Каля калгаснага саду ўзвышалася доўгая павець — крыты ток. Вакол яго было падрыхтавана некалькі адкрытых пляцовак, залітых глінай — для сушкі збожжа. Максім здалёк убачыў аўтамашыну, што стаяла каля тока, людзей і, аглянуўшыся на Ладыніна, закрочыў так шпарка, што Ладыгін ледзь паспяваў за ім.

— Што здарылася, Антонавіч?

— Не выехалі! Да гэтага часу! Калі ласка, таварыш Ладынін! Вось і паспрабуй выйсці ў перадавыя з такімі людзьмі. Я ведаю, чаму яна марудзіць... Кацуба... — і тут-жа паправіўся: — Лазавенка...

На двух пляцоўках пластамі было насыпана жыта. Маша з групай дзяўчат са сваёй брыгады пералапачвалі яго: падкідалі ўгору, і зерні падалі залатым дажджом.

Маша здалёк убачыла Максіма, усё зразумела, насцяролшлася, але паводзіла сябе спакойна — абаперлася на лапату і чакала. Цяжка дыхаючы, Максім спыніўся воддаль, нібы баяўся падыйсці бліжэй.

— Чаму не павезлі? — спытаў ён, працэджваючы словы праз зубы.

Маша прывіталася з Ладыніным і яму-ж адказала:

— Не прымуць. Сырое.

Ігнат Андрэевіч зачэрпнуў жменю зярнят, перасыпаў з далоні на далоню, узяў адно зерне на зубы.

Максім падскочыў бліжэй, таксама схапіў жменю зярнят.

— Хто сказаў, што сырое?

— Я кажу. Не першы год здаю.

— У цябе — што? Лабараторыя ў кішэні? Скажы проста, па-партыйнаму: табе не хочацца, каб мы першымі былі... Скажы... Я-ж разумею цябе, мяне ты не перахітрыш, — ён паківаў галавой, голас яго быў роўны, здавалася, нават спакойны, але здзеклівы і напружаны — вось-вось сарвецца да крыку. І, відаць, сапраўды ён закрычаў-бы і нагаварыў нямаведама чаго, каб Ладынін не перапыніў яго.

— Ідзі, калі ласка, Максім Антонавіч, сюды, я скажу табе пару цёплых слоў, — нечакана і як-бы жартам запрасіў яго Ігнат Андрэевіч, адыходзячы ўбок. А калі яны адышлі за машыну і засталіся адзін-на-адзін, сурова сказаў: — Калі ты, неўгамонная твая душа, яшчэ хоць раз кінеш Машы вось такі папрок, буду гаварыць з табой інакш. Як не сорамна! Калі ты, нарэшце, навучышся разумець людзей?

— Пагарачыўся, — нечакана вінавата прызнаўся Максім.

— Пагарачыўся. Глядзі-ж!

Ладынін развітаўся і пайшоў у вёску да хворых. Максім хадзіў навокал тока, маўклівы, пануры, прыдзірліва ўсё аглядаў, потым пайшоў да свірна, што стаяў у садзе. Калі праз некалькі хвілін ён вярнуўся назад, дзяўчаты паспешліва насыпалі зярно ў мяшкі і грузілі на машыну.

— Я павязу, — спакойна сказала яму Маша.— Але калі не прымуць — наракай на сябе.

Збожжа не прынялі. На складзе «Заготзярно» жартавалі:

— Хацелі першыя. Дарэмна вы спяшаліся, ужо чатыры калгасы здалі.

Але сярод гэтых чатырох не было «Волі», і гэта ўразіла Машу больш, чым тое, што іх зярно не прынялі.

Яна пакінула дзяўчат дасушваць жыта на складзе, хоць у яе было злоснае жаданне прывезці яго назад — Лескаўцу. Перамагла гаспадарлівая разважлівасць. З цяжкім пачуццём вярталася яна дамоў. Яна разумела недарэчнасць сваіх перажыванняў: неабавязкова ва ўсім «Воля» павінна быць першай! Ды, урэшце, і сам Васіль казаў:

— Важна не тое, хто першы здасць нейкую тону. У сто разоў важней першаму здаць апошнюю тону.

Але ўсёадно Машы было крыўдна. «Чаму яны марудзяць? Што ў іх здарылася? Дарэмна ён аддаў камбайн».

І раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач іх машыне тры грузавікі, напоўненыя мяшкамі. Над першым трапятаўся чырвоны сцяг. Яна пазнала машыну «Волі» і ў кабіне ўбачыла мужа. Шафёр звярнуў убок, даючы дарогу. Маша штурхнула яго.

— Не спыняйся!

Шафёр кінуў на яе здзіўлены позірк, рвануў машыну. Васіль таксама пазнаў яе, замахаў рукой, спыніў свой грузавік.

Яна чула, як Васіль крыкнуў «Маша!» і, аглянуўшыся, убачыла, што ён стаіць на дарозе і здзіўлена глядзіць услед. Тады яна зразумела, што Васілю будзе няёмка перад сваімі людзьмі, перад дзяўчатамі, якія, безумоўна, пазналі яе, і ўзлавалася на сябе, хацелася заплакаць ад роспачы.

«Як дзяўчынка... Сорам... Дабрадзееўцы нямаведама што падумаюць. Чаму я не спынілася?» Яна не разумела свайго ўчынку. Не разумела, чаму ёй стала сорамна сустрэцца з Васілём.

Шафёр — Сцяпан Лаўрыновіч, малады і маўклівы хлопец, які адносіўся да яе з вялікай павагай, праехаўшы некалькі кілометраў, далікатна спытаў:

— Што, пасварыліся ўжо?

Маша адказала жартам:

— Не, думаю пасварыцца.

Сцяпан доўга маўчаў і толькі каля самых Лядцаў зрабіў глыбокадумны вывад:

— Вы ўсе такія... жанчыны... Незразумелыя.

«Незразумелыя... Сапраўды незразумелыя», — некалькі разоў у той дзень успамінала Маша гэтыя яго словы.

Яна не пайшла больш ні на ток, ні ў поле: у яе было дрэннае самаадчуванне. Яшчэ раніцой яна адчувала сябе блага і баялася, ці не захварэла часам. Удзень нібы стала лепш, і яна забылася на ўсё, захапіўшыся сушкай і падрыхтоўкай да здачы збожжа. Цяпер, пасля паездкі ў раён, зноў стала цяжка на сэрцы, разбалелася галава. Яна разумела, што гэта не толькі ад хвалявання. Было яшчэ нешта другое, што выклікала гэты неспакой, але што — яна не ведала. Яна паспрабавала заглушыць яго работай. Памыла бялізну, вышаравала падлогу, хоць зусім нядаўна мыла яе, падмяла ў двары, вычысціла кожны закутак, як перад святам. Але ніколі яна не вярталася дамоў так рана: ужо больш і працы не знаходзілася; а сонца яшчэ толькі зайшло за хаты. Праўда, заставалася яшчэ адна работа — згатаваць вячэру, але паліць у печы так рана. калі людзі яшчэ на 'працы, было няёмка. Маша вырашыла спячы блінцы. Раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца... квасу. Халоднага, рэзкага хлебнага квасу. Яна доўга стаяла нерухома, з асалодай п'ючы ў думках гэтае цудоўнае пітво. Шчаслівая ўсмешка незвычайна асвятліла не толькі яе твар, а ўсю істоту, здавалася, што жанчына ўміг расцвіла, як тая кветка. А жаданне напіцца квасу не знікала. Яна напілася прастаквашы, расчыніла блінцы, а пах квасу, яго салодка-кіслы смак усё больш і больш раздражняў яе. Шукаючы работы, яна вышла на гарод і ўбачыла здалёк Сынклету Лукічну. Старая корпалася на сваім гародзе. Пасля вяселля Маша неяк саромілася і пазбягала сустрэчы з ёй, ды і Сынклета Лукічна, выпадкова спаткаўшыся, віталася не вельмі прыветліва.

Маша доўга вагалася і, нарэшце, не вытрымала, бо добра ведала, што ў старой павінен быць квас. Яна неўпрыкметна падышла па сцежцы, нясмела прывіталася. Сынклета Лукічна з намаганнем выпраміла спіну (яна капала бульбу-скараспелку), пранікліва паглядзела на Машу, стаіла незразумелую ўсмешку — ледзь варухнуліся зморшчыш ў куточках рота, але на прывітанне адказала ласкава:

— Добры дзень, Машанька. Ты сёння нейкая... светленькая.

— Цётка Сыля, дайце кружку квасу, калі ёсць у вас, — папрасіла Маша і сама спалохалася: як усё нечакана атрымалася!

— Квасу? — Сынклета Лукічна спачатку нібы не зразумела, а потым раптам твар яе зрабіўся добрым, лагодным, мацярынскай ласкай запрамяніліся вочы. Яна замітусілася, хуценька аб фартух пачала выціраць рукі.— Квасу?.. Машанька, мілая... Пасядзі хвіліначку, пабягу прынясу. Сядай вось тут, на мех...

Яна прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Маша піла нагбом з гладыша. Піла прагна, без перадышкі. Два бурштынавыя струмені ліліся па шчаках, па шыі, сцякалі за кофтачку.

— Хопіць, дурніца! — Сынклета Лукічна адабрала ў яе гладыш.

Маша засмяялася.

Сынклета Лукічна паставіла гладыш у разору і нечакана абняла яе, прытуліла да сябе.

— Слаўная ты мая!.. Шчаслівая...

Хвіліну яны, абняўшыся, моўчкі сядзелі на ўзмежку. Маша асцярожна вызвалілася з абдымкаў і спытала, заглядаючы старой у вочы:

— Вы на мяне не злуецеся, цётка Сыля?

— За што буду я на цябе злавацца? За тое, што ты шчасце сваё знайшла?


9...


Поезд прыходзіў на досвітку, калі ледзь пачынала святлець палоска на ўсходзе. Не прасыпаўся яшчэ пасёлак каля станцыі, і нават у канторы «Заготзярно» было цёмна. Толькі каля склада — доўгай цаглянай будыніны, што выцягнулася ўздоўж пуці, і каля вагонаў, якія стаялі там, гаманілі людзі, і крыху далей разводзіў пары манеўровы паравоз. Алеся правяла вачыма чырвоны агеньчык апошняга вагона, аглянулася і ўбачыла, што яна сышла адна. На платформе больш нікога не было, толькі, ў напрамку будынка станцыі плыў зялёны агеньчык ліхтара дзяжурнага, постаць якога ледзь вырысоўвалася ў перадранішнім змроку. Алеся на момант сумелася, раздумваючы, што рабіць — ісці ці пачакаць, покуль пачне днець. Але, глянуўшы на ўсход, потым чамусьці на (верхавіны высокіх таполяў, што пікамі ўпіраліся ў неба, яна зачапіла хусткай чамадан, ускінула на плечы і рашуча перайшла чыгунку. І тут, каля гары шлаку, яна нечакана сустрэлася з Паўлам Кацубам. Убачыла яго — здзівілася.

— Ты таксама прыехаў гэтым цягніком?

— Не. Я прышоў сустрэць цябе.

— Мяне? А як ты даведаўся, што я сёння прыеду?

— Я прыходзіў учора і пазаўчора... Тры разы...

— Тры разы? — Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю, і імкліва працягнула яму абодве рукі, ціха і ласкава прывіталася:— Добрай раніцы, Паша.

Ён моцна сціснуў яе рукі.

— Добрай раніцы, Алеся. Здала?

— Здала. Здала, Паша! Здала, мой слаўны рыцар,— яна, не памятаючы сябе ад радасці, ад шчасця, якое не пакідала яе ўсю дарогу ад Масквы і яшчэ святлейшым, большым стала вось зараз, у гэты момант, сціснула далонямі галаву Паўла і моцна пацалавала ў вусны.І сама страшэнна збянтэжылася. І яго збянтэжыла. Забыўшыся на рэчы, яна хутка пайшла па сцежцы, кусаючы рог касынкі. Павел падняў чамадан, моўчкі панёс за ёй. Доўга Алеся не азіралася. Яна злавала на сябе і нават на яго, а за што — не ведала. Ёй хацелася па-ранейшаму смяяцца, жартаваць; раней яна ніколі не саромілася яго: кпіла, капрызна прымушала выконваць усе свае жаданні. Яна ведала, што ён кахае яе, і ў сваім сэрцы адчувала таксама нешта незвычайнае, але адносілася да гэтага бесклапотна, жартаўліва, нават несур'ёзна. І вось гэтая раніца, нечаканае з'яўленне Паўла, і яшчэ больш нечаканы пацалунак яе ўсё перайначылі. Алеся адчула, што больш яна не можа, не мае права адносіцца да яго так, як раней. І, магчыма, таму ўзлавалася.

Але паступова яна прыцішыла хаду, і, нарэшце, аглянулася, пачакала яго. Калі Павел наблізіўся, вінавата ўсміхнулася.

— Табе цяжка? Дай я пранясу.

— Ну, што ты! Ніколечкі не цяжка, — запярэчыў ён, хоць лоб яго быў мокры ад поту.

— Я там накупляла ўсяго... Дойдзем да хвойніку, выламаем кій і будзем несці ўдвух. Добра? Якія ў цябе навіны? Цябе залічылі без экзаменаў, безумоўна?

— Не, быў конкурс. Здавалі матэматыку. Я здаў на «выдатна», першы пісьмовую выканаў...

Яна з гонарам паглядзела на яго і таксама пахвалілася:

— І я добра вытрымала... Нават самой не верыцца, што я так многа ведаю.

Па шляху яны ішлі ўжо не адзін за адным, а побач.

Ішлі і адчувалі сябе няёмка ад таго, што не ведалі, пра што гаварыць. Ніколі раней гэтага не здаралася: заўсёды яны знаходзілі тэму для размовы на ўвесь шлях ад раённага. цэнтра да Лядцаў. Ужо ў сасонніку, калі яны сапраўды, па патрабаванню Алесі, выламалі кій і панеслі чамадан удвух, ён нясмела ні то спытаў, ні то сказаў:

— Алеся, мы будзем пісаць адзін аднаму?

Яна здзівілася і нават быццам абурылася: чаму ён задае такое недарэчнае пытанне?

— А як-жа інакш! Мы з дзяцінства дружылі...

— Буду пісаць табе штодзень.

Яна адказала не адразу, прайшлі добрых сотню метраў. Было душна. На сухой траве не было ні расінкі. Не варушылася лісце на бярозках, што раслі паўз дарогу і ўжо былі, як залатымі кроплямі, аздоблены першымі жоўтымі лісточкамі.

— У першы год Максім штодзень пісаў Машы, — стрымана, уздыхнуўшы, прамовіла Алеся, як-бы сама сабе.

Павел ажно прыпыніўся, уздрыгнуў, твар яго заліла чырвань.

— Я не Максім, Алеся! Ты мяне яшчэ дрэнна ведаеш. Я табе дакажу, які я! Ты пабачыш?!. — голас яго задрыжэў.

Алеся, зразумеўшы прычыну такога хвалявання сябра, ласкава папрасіла прабачэння:

— Прабач, Паша. Гэта я так... Машу ўспомніла, засумавала я па ёй.

Дзень наступаў рашуча, хутка. Ужо даўно развіднела, і ўсход гарэў агромністым пунсовым полымем.

У Дабрадзееўцы гудзела малатарня. Яны вышлі з сасонніку і ўбачылі за дабрадзееўскім садам высокі слуп пылу, крыху далей дыміла «сілавая».

Такі-ж слуп пылу падымаўся і над Лядцамі.

— І ўначы малоцяць? — апытала Алеся.

— Малоцяць, — адказаў Павел. — Дабрадзееўцы электрычнасцю малоцяць. Я ім учора электраматор дапамог адрамантаваць.

Дні стаялі спякотныя. Рэдка ў якое лета бывала такая гарачыня ў сярэдзіне жніўня. Нават уначы было душна, зусім не астывала вада ў рэчцы, не 'было раніцамі туманаў у нізінах.

Канчалі ўборку. Здавалі апошнія тоны збожжа дзяржаве. Па прапанове Машы малатарня працавала кругласутачна. У начную змену рабілі брыгады Машы, пераважна — хлопцы і дзяўчаты, не звязаныя з хатняй гаспадаркай. Прадавалі дружна, па-стаханаўску, адпачывалі ў кароткіх перапынках весела: жартавалі, дурэлі, хаваючыся ў саломе, найбольш смелыя хлопцы ўпотайкі цалавалі за сціртамі дзяўчат.

Але ў гэтую ноч перапынкаў такіх рабілі вельмі мала. Малацілі пшаніцу з найлепшага ўчастка. Участак гэты быў гонарам усёй брыгады і асабліва Машы. На ім брыгада даказала, колькі можа ўрадзіць іх звычайная зямля, калі на ёй ажыццявіць увесь комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў. Але колькі дасць кожны гектар пшаніцы — вызначалі па-рознаму, а таму моладзі хацелася хутчэй скончыць малацьбу і даведацца дакладна. Ды не толькі таму працавалі так старанна і натхнёна: прыемна было малаціць такую пшаніцу. Залатое, незвычайна буйное пры жоўтым святле ліхтароў зерне сыпалася з прыёмніка ў мяшкі няспынна. Дзяўчаты ледзь упраўляліся адносіць поўныя мяхі і падвешваць парожнія. Маша не вытрымала і ўсю ноч працавала сама. Спачатку падавала цяжкія снапы барабаншчыку: ёй хацелася ператрымаць іх усе ў сваіх руках. Але пасля перапынку Сынклета Лукічна (яна была адзіная пажылая жанчына сярод моладзі) прымусіла яе сыйсці з гэтай работы і стаць на больш лёгкую — адграбаць мякіну.

Роўна гула малатарня, праглынаючы сноп за снопам. Рытмічна пляскаў пас, што ішоў ад махавіка трактара. Трактарыст Адам Мігай, здавалася, быў адзіны чалавек, які працаваў у гэтую ноч без напружанасці, не праліваючы поту, як усе іншыя. Ён хадзіў ад трактара да малатарні, прыслухоўваўся да гулу матора і зрэдку камандаваў барабаншчыку:

— Не дагружаеш. Больш давай! — і калі той раптам перабольшваў порцыю і малатарня пачынала злосна раўсці, крычаў: — Не чуеш хіба?

— Чую, чую! Не першы год! — але голас яго даходзіў толькі да падавальшчыц, якія стаялі з двух бакоў мастка.

Барабаншчык — Рыгор Лескавец — узвышаўся над усімі, нібы капітан карабля. Быў ён не на многа год старэйшы за ўсіх хлопцаў, але працаваў на малатарні сапраўды не першы год. Заўвагі трактарыста яго крыўдзілі, хоць ён сам адчуваў, што часам збіваецца з рытма — ніколі яму яшчэ не прыходзілася мець справу з такой збажыной. Ён не хаваў свайго захаплення пшаніцай і, калі доўга Мігай не рабіў заўваг, весела выгукваў:

— Эх, і пшанічка!

Запрацаваліся так, што не заўважылі, як быў пададзены апошні сноп. Малатарня раптам, нібы вырваўшыся з-пад цяжару, загула лёгка, з металічным звонам.

Мігай хутка выключыў трактар. Усталявалася нязвыклая цішыня. За вёскай узыходзіла сонца. Яно паза лаціла ўжо верхавіны дубоў за рэчкай, старых ліп на вуліцы і бяроз на шляху. У вёсцы рыкалі каровы, рыпелі калодзежныя жураўлі, гаманілі гаспадыні.

— Скончана! — выгукнуў нехта, і гэта было нібы сігналам: усе раптам сышліся ў адно месца і, відаць, толькі цяпер, адчуўшы вялікую стомленасць, пападалі на салому. Аднак ніхто не забыў на галоўнае. Амаль у адзін голас закрычалі:

— Лёша! Вязі хутчэй!

— Ды скажы, каб ён хутчэй важыў, — гэта пра кладаўшчыка — Захарку Акуліча. — Людзі чакаюць.

— А то ён, мабыць, спіць у свірне.

— Не было калі яму спаць. Усё пытаў, ці хутка скончым.

У гэты момант да току падышлі Алеся і Павел. Прапанавала зайсці сюды Алеся, даведаўшыся, што працуе брыгада Машы. Павел крыху сароміўся, але цяпер ён гатоў быў ісці за ёй хоць на край свету.

Дзяўчаты ўбачылі Алесю, кінуліся да яе, шчыльна абкружылі, віталі. Маша ледзь даступілася да сястры, абняла.

Ніхто не пытаў, ці здала яна прыёмныя экзамены, ці паступіла ва універсітэт. Няварта было пытаць, бо ўсе зразумелі гэта так, як толькі ўбачылі Алесю. Яе віншавалі, абдымалі.

— Малайчына, Саша. Ты ў нас заўсёды наперадзе!

— Шчаслівая ты, Алеся, — зайздросна ўздыхалі сяброўкі, якія разам з ёй вучыліся ў сямігодцы.

Алесі хацелася ў гэтую незвычайную хвіліну падзякаваць за сваё шчасце Машы. Гэта Маша дала магчымасць ёй скончыць дзесяцігодку, гэта яна ледзь не сілком прымусіла яе прадаўжаць навучанне, калі ў адзін цяжкі год Алеся хацела кінуць школу. Але яна не ведала, як выказаць сваю ўдзячнасць сястры пры людзях, ёй не давалі сказаць слова, засыпаючы пытаннямі, ды і Маша стаяла воддаль, не зводзячы з яе вачэй і па-мацярынску ласкава ўсміхаючыся.

Павел нясмела наблізіўся да хлопцаў, усё яшчэ баючыся кпінаў і насмешак. Але толькі Грышка Грошык, самы злосны жартаўнік, ціха і быццам нават сур'ёзна сказаў:

— Пастаў, Паша, крыж на сваім каханні. У Маскве яна не такога знойдзе, як ты, ціхоня!

— У ціхім балоце чэрці водзяцца, — ні да каго не звяртаючыся, прамовіў Рыгор Лескавец, з асалодаю нюхаючы тытунь (на таку было забаронена курыць) і чыхаючы.

— Ціхая вадзічка грэблі рве, — па-сяброўску падміргнуў Паўлу звычайна маўклівы Федзя Лобан, высокі, няскладны хлапчына з вечна аблупленым носам, які ён умеў вельмі смешна моршчыць.

А дзяўчаты ў гэты час прадаўжалі наступаць на Алесю.

— Ды расказвай ты хутчэй. Чаго ты азіраешся, быццам не бачыла Лядцаў дзесяць гадоў?

— Ну, якая яна, Масква? Расказвай, калі ласка, усё-ўсё...

Алеся на хвіліну заплюшчыла вочы, нібы жадаючы яшчэ раз уявіць Маскву, успомніць усё, што бачыла яна там. Потым крутнула галавой, акінула ўсіх хуткім позіркам, засмяялася.

— Не магу, дзевачкі... Вось заплюшчу вочы, і стаіць яна ўся ў мяне перад вачыма: вуліцы, метро, Крэмль, Масква-рака, універсітэт наш... А расказаць не ўмею, з чаго пачаць — не ведаю.

— А ты па-парадку... Як прыехалі, куды хадзілі...

— Ну, прыехалі мы з Нінай Бяловай... У дзядзькі яе спыніліся... Да дзядзькі ў трамваі ехалі ад вакзала. Потым паехалі ва універсітэт... У метро... Ой, дзевачкі, каб вы ведалі, што гэта за цуд — метро!

Яна доўга, падрабязна, з дзіцячым захапленнем расказвала пра метро: пра кожную станцыю, пра эскалатарныя лесвіцы, пра адчуванне, якое ўзнікае, калі спускаешся ці падымаешся па ёй; пра паязды: «... едзеш — толькі агеньчыкі ў тунелі бліскаюць, тоўстыя правады паўз вокны ляцяць, а па вагону вецярок гуляе»...

Паднялося сонца, заліло золатам праменняў сцірты, людзей, і нібы схамянула Алесю, напомніла ёй больш значнае з таго, што яна бачыла ў сталіцы.

— Не, не... не з таго я пачала... Там усё прыгожа — і пад зямлёй і на зямлі... Пра ўсё і не раскажаш! Але, мабыць, на ўсё жыццё запамінаецца кожнаму чалавеку хвіліна, калі ён узыходзіць упершыню на Красную Плошчу... У мяне і зараз гэтае адчуванне ў сэрцы. Помню, вышлі мы з метро, павярнулі і адразу апынуліся каля крэмлёўскай сцяны. Я нават разгубілася ад нечаканасці, баюся далей ступіць.... Спынілася і думаю, што вось тут не адзін раз праходзіў Ленін, ходзіць таварыш Сталін... А падышлі да маўзалея, і ў мяне перад вачыма так яскрава, так яскрава паўстала жыццё Ільіча, уся гісторыя... Усё, што вучыла дзесяць год, што ўспрымала розумам, успрыняла я там сэрцам... Уявіла, як ішлі людзі к труне Леніна, як даваў клятву таварыш Сталін і... плачу... Слёзы засцілі ўсё, коцяцца па шчаках... Захапленне, шчасце... усё, адным словам, адразу напаўняе там сэрца...

У Алесі і зараз незвычайна прамяніліся вочы, палалі шчокі. Маша слухала, здзіўлялася і радавалася за сястру. Дагэтуль яна ведала Алесю адну — вясёлую жартаўніцу, летуценніцу, цяпер-жа перад ёй быў чалавек з вялікім сэрцам і сталым розумам. Яе непасрэднае шчырае апавяданне — пра Маскву і пра свае пачуцці, што апанавалі яе там, зацікавіла ўсіх. Нават хлапцы, якія спачатку аднесліся крыху скептычна да яе расказу, слухалі цяпер уважліва, сур'ёзна.

— ... Падняла я галаву, глянула вышэй маўзалея, вышэй крамлёўскай сцяны і... Ёкнула маё сэрца, дзевачкі. За сцяной — вялікі белы будынак. Вокны адчынены... Вецярок шторы хістае... І стаіць у адчыненым акне чалавек, на нас глядзіць...

Слухачы варухнуліся, нахіліліся да яе, баючыся прапусціць хоць адно слова.

— Сталін? — прашаптала Дуня Акуліч.

— Не, не Сталін, вядома. Але і мне гэтак здалося. І я пасля не магла адарваць вачэй ад гэтых вокан, усё думала: а раптам і ён, Сталін, працуе ў адным з гэтых пакояў і паглядзіць у акно, на Красную Плошчу, і я ўбачу яго, пазнаю... Мы адышлі далей ад сцяны, каб больш было відаць паверхаў, і ўсё глядзелі. І ўсе людзі, колькі я іх не бачыла там, усе глядзелі на гэтыя вокны. Я добра разумела іх. Я пасля кожны дзень хадзіла туды... Здам экзамен і бягу. І з акна універсітэта вачэй не адводзіла ад Крамля.

— А з універсітэта відаць Крэмль? — спытала Маша.

— Відаць, Машанька. Гэта-ж зусім блізка, толькі з другога боку.

— Шчаслівая ты, Алеся, — зноў уздыхнула Дуня.

Падымалася сонца. Прыгналі коней з начлегу, і калгасны двор напоўніўся тупаннем і крыкамі. За садам пачуўся гучны голас Максіма — ён некага за нешта прабіраў.

Але і на гэта хлопцы — аматары з усяго пажартаваць — не звярнулі ўвагі, забылі яны і на сваю зморанасць, на цяжкую начную працу.

— ... А ў той дзень, калі здалі апошні экзамен, пайшлі мы на Красную Плошчу ўсёй групай, усе, хто разам здаваў. Увечары пайшлі, калі Масква была ўся ў агнях, а Красную Плошчу пражэктары асвятляюць... Стаім, узяўшыся за рукі, глядзім на асветленыя вокны крамлёўскага дома, уголас выказваем свае думкі: «Каб ведаць, у якім пакоі працуе таварыш Сталін?» Адна дзяўчына, з Кастрамы, прапануе: давайце, гаворыць, у лейтэнанта спытаем, можа, ён ведае. Лейтэнант з крамлёўскай варты каля маўзалея хадзіў. І ніхто не засмяяўся з яе наіўнай прапановы. А людзі ўсё ішлі і ішлі, больш, чым нават удзень... На Спаскай вежы цераз кожныя пятнаццаць мінут куранты б'юць... Помню, падышоў сівенькі стары, з вёскі, у цёплым піджаку, у ботах, як дзед Кацуба... За руку дзяўчынку вядзе гадкоў сямі... Здалёк зняў шапку, а падышоў бліжэй, нізка пакланіўся маўзалею. Пасля падышла нейкая французская дэлегацыя... Адзін француз сказаў сваім сябрам: «Мы — дзеці Леніна». Адышоўшы, яны ціха, упоўголаса заспявалі «Мы — дзеці Леніна». Стаялі мы ў той вечар на Краснай Плошчы, ажно покуль куранты дванаццаць гадзін не прабілі... А потым мы па Маскве да самага світання гулялі...

Невядома, колькі часу расказвала-б яшчэ Алеся, каб раптам не прыехаў Алёша Прымак, які адвозіў пшаніцу ў свіран. Ён здалёк закрычаў:

— А ну, адгадайце, колькі?

І слухачы ўпершыню адвялі позіркі ад Алесі, пачалі гадаць, колькі даў кожны гектар гэтай незвычайнай пшаніцы, якую яны вырасцілі.

— Шаснаццаць.

— Дваццаць.

— Семнаццаць.

— Ніхто не ўгадаў. Дваццаць адзін і тры дзесятых. Во! на «ура» брыгадзірку! Такі загад старшыні!

Маша замахала рукамі, адступаючы да сцірты.

— Ну, ну, не дурэйце!

Алеся падхапілася, моцна абняла сястру.


10...


Мінула лета — гарачая пара работ, мінулі дні, аб кожным з якіх гавораць, што дзень такі корміць год. На полі засталася адна бульба. Але за яе Лескавец не турбаваўся: капалі яе паспяхова, людзі працавалі старанна, дысцыпліна наладжвалася з кожным днём. Наогул, калгас, хоць павольна, але выходзіў у лік перадавых у раёне. Гэта радавала Максіма, а галоўнае — зрабіла яго больш разважлівым і самакрытычным. Ён канчаткова, урэшце, пераканаўся, што недастаткова адных яго добрых намераў, недастаткова працаваць аднаму, трэба ўмець мабілізаваць, арганізаваць людзей. А гэта таксама не па сіле аднаму. Яго яшчэ адна спроба — у час уборкі ўраджаю — любымі сродкамі перагнаць Лазавенку скончылася правалам. Ён не змог ні ўбраць раней за «Волі», ні здаць дзяржаве. «Партызан» вышаў у перадавыя па сяўбе азімых. У жніўні МТС атрымала новыя трактары, і ў калгасе цяпер працаваў магутны «Наці». Больш паловы плошчы азімых было паееяна трактарнай сеялкай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. А задаволены Міхайла Прымак паабяцаў:

— Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Засявай толькі потым, упраўляйся.

Сяўба азімых прайшла надзвычай гладка, асабліва калі забыцца на яго сутычкі з Машай з-за агратэхнікі — нормы высеву, угнаення. Аднойчы ў спрэчцы яны нагаварылі адзін аднаму непрыемнасцей. А потым неяк Маша спакойна сказала яму:

— Максім, калі хочаш сумленна кіраваць калгасам, пачытай літаратуру па агратэхніцы. Як сябру, раю табе. Нельга зараз кіраваць без гэтага, зразумеў, дзівак ты!

«Як сябру!» — гэта яго ўзлавала. — Знайшлася дарадчыца!.. Без цябе ведаю, але паспрабуй пачытаць, калі круцішся... Лёгка табе гаварыць!»

Але, супакоіўшыся, ён задумаўся над яе словамі. «А чаму лёгка ёй? Не, і ёй нялёгка. Аднак яна чытае, упраўляецца».

Дзён праз колькі пасля іх размовы пайшоў дождж. Доўгі і сумны асенні дождж. Ён ішоў тры дні, спыніў амаль усе работы, загнаў людзей у хаты. Застаўшыся дома, Максім пачаў чытаць. Прачытаў газеты за шмат дзён, узяў Вільямса, прагледзеў некалькі раздзелаў і ўпершыню адчуў цікавасць да гэтай сумнай, як яму здавалася раней, літаратуры.

Сынклета Лукічна глядзела на сына, здзіўлялася і радавалася, па хаце хадзіла на цыпачках, каб не перашкаджаць яму. На чацверты дзень дождж сціх, зрэдку толькі асобныя хмары, якія ўсё яшчэ плылі няспынна і засцілалі ўсё неба, сеялі мігуч.

Максім пахадзіў па двары, пабыў у канюшнях, кароўніках, у свірне і ўпершыню ўбачыў там нямала недахопаў, парушэнняў, нібы дождж вымыў іх на паверхню. Гэта сапсавала яму настрой. Масла ў агонь падліла загадчыца фермы Клаўдзя Хацкевіч сваімі бясконцымі патрабаваннямі адно зрабіць, другое перарабіць, трэцяе дастаць, прывезці. Раней ён проста адмахваўся ад яе, але цяпер раптам убачыў, што ўсе яе патрабаванні справядлівыя, і ад гэтага ўзлаваўся яшчэ больш.

«Фермы — самы адсталы ўчастак. Разрыў паміж двума цэхамі, — успомніў ён Вільямса. — Трэба будзе сапраўды папрасіць у Гайнай, каб прадала пародзістых кароў».

Вярнуўся дамоў, паспрабаваў чытаць — не чыталася.

На двары разгуляўся вецер, і было чуваць, як шумелі ля вокан два маладыя клёны, ранялі долу прыгожыя жоўтыя лісты, вецер гнаў іх па вуліцы.

«Хутка выраслі, — падумаў Максім пра клёны. — Маці пасадзіла іх замест старых, што згарэлі ў сорак трэцім. Тыя садзіў бацька яшчэ юнаком, разам з дзедам, з прадзедам маім... Ляціць час...»

Успомніліся словы Клаўдзі: «Ты-б папытаў у людзей, як бацька твой ферму любіў... Якія ў нас каровы былі да вайны...»

З клёна зляцеў ліст, прыліп да шыбы.

«Амаль зялёны яшчэ, відаць, дажджом збіла».

Максім павярнуўся да акна спіной, каб не глядзець на вуліцу, на клёны. Усёадно не чыталася. Адарваўся ад думак пра гаспадарку — апанавалі другія: аб Лідзе, аб іх узаемаадносінах. Колькі прайшло часу, а ён нічога не ведае пра яе пачуцці і нават не адважыцца больш спытаць. Учора, калі ён увечары па дажджы прышоў да Ладыніных, Ліда сустрэла яго так холадна, з такой насмешкай, што ён палічыў самым разумным як мага хутчэй развітацца. На душы застаўся непрыемны асадак.

У двары прайшоў паўз вокны Шаройка.

Максім устрапянуўся, нездаволена падумаў: «Чорт яго нясе... і хвіліны нельга пабыць аднаму».

Сустрэў Шаройку не зусім ветліва, хоць той зайшоў жвава, весела, як заходзяць да добрага сябра.

Максім ураз збіў з яго гэтую жвавасць кароткім запытаннем:

— Вярнуўся?

Шаройкі доўга, нешта больш месяца, не было дома, ездзіў да сына ў Горкі.

— Вярнуўся, Антонавіч.

— Калі работа ў калгасе скончылася, так?

— Антонавіч! Два мінімума маю, нават з гакам, з гакам... Які можа быць папрок?

— Мінімумы! Калі брыгадзірам быў...

— І пасля працаваў, колькі здароўе дазваляла.

— Здароўе! Здароўя ў цябе на траіх хопіць.

Шаройка ненатуральна кашлянуў, нібы хацеў паказаць, што здароўе яго сапраўды слабае.

Ён сядзеў на табурэце насупраць стала, круціў цыгарку, рассыпаючы тытунь на падлогу.

— Крыўдзіш ты мяне, Антонавіч, — і цяжка ўздыхнуў. — Крыўдзіш, брат, а за што — не разумею... Што я зрабіў табе? Душа ў душу жылі. Хлеб-соль дзялілі...

У Максіма гэтыя словы перавярнулі ўсё нутро, ажно, здалося, заклякатала ў грудзях. Ён пачырванеў, падняўся з-за стала, утаропіўся ў Шаройку. Той апусціў вочы, слюнячы цыгарку, зрабіў выгляд, што не заўважае яго ўзрушанасці.

Максім стрымаў сябе.

— Па што прышоў?

Шаройка чыркнуў запалку, прыкурыў.

— Дазволь, Антонавіч, саломы ўзяць, капец накрыць.

— Днямі раздадзім на працадні.

— Бабы бульбу з хаты ў капец перанеслі, цяпер, разумееш, хоць назад нясі.

— Добра. Вазьмі. З недавершанай сцірты, — і падумаў: «Чорт з табой! Не дакучай толькі, без цябе нудна».

А калі Шаройка вышаў, Максім спахапіўся, вылаяў сябе.

«Колькі разоў мне ўжо даставалася за гэта. Нельга раздаваць калгаснае, як сваё ўласнае, як гэта Шаройка рабіў. Не выпісаўшы, не аформіўшы цераз бухгалтэрыю... «Вазьмі». А хто ведае, колькі такому прагнюку ўздумаецца ўзяць? Ён здольны воз перацягаць... А там яшчэ хто-небудзь пажадае, гледзячы на яго... Абавязкова скажуць: калі Шаройку можна, то чаму нам нельга? Трэба пайсці забараніць».

Аднак гонар, самалюбства не дазволілі зрабіць гэта, і настрой сапсаваўся яшчэ горш.

Шаройка паленаваўся скубці салому знізу і залез на сцірту, разгарнуў верхні мокры пласт. Ссунуць яго не адважыўся, і набраць сухой саломы аказалася нялёгкай справай, трэба было ўсёадно скубці па жмені.

Працаваў і бурчэў:

— Гаспадары! Не маглі завяршыць, поўсцірты прамачыла.

Ён не бачыў іншых, добра завершаных, сціртаў, парадку на таку, якога ніколі не было пры ім. Ён намагаўся ўбачыць толькі благое, і, калі знаходзіў, радаваўся: «Ага, нагаспадарылі без Шаройкі».

Унізе, пад сціртамі, хадзілі калгасныя гусі, паважна перавальваліся з нагі на нагу, шукалі зерне. Шаройка скінуў салому, і яны пачалі разграбаць яе. Ён замахаў рукамі, кінуў на іх саломай, але гусі толькі прыгожа выгіналі шыі і не адыходзілі.

Шаройка ўзлаваўся.

— Каб вас воўк падавіў, халеры! Гіля! Пайшлі прэч, д'яблы!

Гусі адказвалі зладжаным гогатам — усе адразу, нібы рагаталі з яго. Як на грэх, Шаройка ўбачыў у саломе палку — палавінку расколатай ручкі ад веялкі. Схапіў яе, шыбнуў з усёй сілы. Палка ўдарыла гуску па галаве, і тая ўпала, задрыгала нагамі. Астатнія, закрычаўшы, уподлет кінуліся ў сад, дзе пасвіўся ўвесь статак. Гуска не падымалася.

Шаройка спалохана аглянуўся. Навокал не было ні душы. Ён хутка саскочыў уніз, азіраючыся, як злодзей, засунуў забітую гуску пад сцірту, прытрусіў саломай. Сам звязаў лейцамі салому, ускінуў на плечы, прайшоў крокаў дзесяць, спыніўся, скінуў цяжкую ношку, зноў аглянуўся. «Загіне, калі ніхто не знойдзе. А цяжкая, тлустая, кілограмаў пяць чыстага мяса будзе... А калі знойдуць?.. Шум падымуць... Дапытвацца пачнуць... Хто быў сёння на таку? Амелька быў...» Ён ажно успацеў ад гэтай думкі.

«Лепей, каб ніякіх слядоў. Покуль далічацца... Іх нешта больш за сотню развялося... Не пабяднее калгас з-за адной гускі... Усёадно не адну з'ядуць кіраўнічкі. Дзякуй богу, ведаем, як гэта робіцца...»

Забыўшыся, нарэшце, пра Шаройку, Лескавец вырашыў пагаліцца.

Яшчэ некалькі дзён назад у яго раптам з'явілася жаданне згаліць вусы, якімі ён некалі так ганарыўся. Праўда, выканаць гэты намер аказалася нялёгка: кожны раз, калі ён заглядваў у люстэрка, рабілася шкада вусоў, і ён усё адкладваў гэтую падзею. І вось цяпер ён вырашыў цвёрда зрабіць гэта. Але толькі ён прыладзіўся і пачаў мыліць шчокі, як у хату, задыхаўшыся, ускочыў Федзя Прымак.

— Дзядзька Максім! Амелька забіў калгаснага гусака, схаваў у салому і нясе дамоў!

Максім аслупянеў ад нечаканасці і здзіўлення.

— Які Амелька?

— Шаройка! Давайце хутчэй, вы яго пярэймеце, ён цераз Кацубаў двор ідзе!..

Максім падхапіўся, на хаду выцер далонямі мыла і ў непадпяразанай гімнасцёрцы выскачыў следам за Федзем на вуліцу.

Шаройка вышаў з двара Кацубы і пераходзіў вуліцу з вялікай ношкай саломы за плячыма.

Максім уподбег дагнаў яго.

— Пачакай, Амелька!

Той павярнуўся, і твар яго адразу стаў белым.

— Развяжы салому!

У Шаройкі жаласліва перасмыкнуліся вусны, здалося, што ён вось-вось заплача.

— Максім Антонавіч...

— Развяжы салому, сукін сын! — закрычаў Лескавец і рвануў за лейцы, выхапіў ношку, труснуў яе так, што салома паляцела па ветры, а гуска пляснулася на зямлю.

Максім нахіліўся, падняў яе за ногі, паднёс Шаройку пад самы твар.

— Што гэта такое, Амяльян Дзянісавіч, га?

Шаройка маўчаў. Нервова торгаліся яго вейкі і калаціліся рукі, і сам ён увесь згорбіўся, уміг пастарэў на многа год.

— Што гэта такое, я пытаюся? — павысіў голас Максім.

Хвіліну назад на вуліцы было пуста. Цяпер, нямаведама адкуль, з'явіліся людзі. Беглі дзеці, жанчыны, перагукваліся.

— Што там, Галя?

— Амельку злавілі!

— Каго?

— Гусака злавілі!

Рогат. Прарэзлівы свіст хлапчукоў, громкі крык:

— Гу-са-ак!

— Шаройка — гусак!

— А я думала, што гарыць дзе, — смяялася за спіной у Максіма Раіса, нявестка Яўмена Кацубы, — ажно не... Гэта дзядзька Амелька гусяцінкі захацеў...

— Чаго вам смешна, балаболкі? Чалавек можа даўно спрабаваў яе. Калі гэта яго са старшыні знялі!.. Разумець трэба. — Голас Грошыка, быццам сур'ёзны, спачувальны, а на самай справе самы здзеклівы і ўедлівы.

Шаройка не падымаў галавы, стаяў, утаропіўшы вочы ў раскіданую салому, якую варушыў пад нагамі вецер.

«Сапраўды смешна, — падумаў Максім. — Лепшы гаспадар у вёсцы, а да чаго дажыў!» — і яму таксама захацелася пажартаваць.

— Вось што, Амяльян Дзянісавіч, на, браце, твайго гусака і нясі яго ў канцылярыю. Там разбяромся.

Шаройка ўздрыгнуў усім целам, павярнуўся і паволі пасунуўся ў напрамку свайго дома, ледзь цягнучы ногі, нібы да іх прывесілі шматпудовыя гіры. Жонка яго, Ганна, выглянула з брамкі, наўсцяж адчыніла яе і схавалася, саромячыся паказацца на людзі.

За нейкую хвіліну ўсталявалася цішыня.

І раптам Федзя Прымак выгукнуў на ўсю вуліцу, склаўшы далоні рупарам:

— Гу-уса-ак!


11...


— Пачакай, я доктару скажу. Ён з табой пагамоніць!

— А ты к доктару схадзі, ён табе ўсё растлумачыць, напіша, куды трэба.

Чалавека пабочнага маглі-б здзівіць такія пагрозы, парады, пачуць якія можна было надзвычай часта і ў Лядцах, і ў Дабрадзееўцы, і ў Радніках. Але свае ведалі, што доктар іх не проста доктар, ён — сакратар партыйнай арганізацыі. А таму ішлі да яго не толькі лячыць прастуды і фізічныя раны, але і раны душэўныя, ішлі са скаргай, прыходзілі за парадамі і проста за цёплым чалавечым словам. І ўсім Ігнат Андрэевіч дапамагаў; вырашаў розныя пытанні, развязваў самыя складаныя вузлы. І для ўсіх знаходзіў ён гэта цёплае слова. Трапляліся, безумоўна, просьбы, якія ён не мог выканаць сам. Тады ён даваў парады, куды звярнуцца, пісаў дэпутатам, у вышэйшыя органы. А, калі трэба было, шчыра і сурова казаў чалавеку, што скарга яго, патрабаванне ці прэтэнзія проста незаконная і не мае ніякай падставы. Часам і добра-ткі прабіраў гэткіх аматараў скардзіцца без належнай на тое прычыны.

Але вось з такімі дзіўнымі просьбамі да яго яшчэ не звярталіся ні разу.

Ён вёў амбулаторны прыём. Чаргі ў яго амаль ніколі не было — хварэлі людзі р'эдка. Ігнат Андрэевіч ганарыўся гэтым і, калі адзін неразумны інспектар зрабіў яму заўвагу, што мала зарэгістравана на амбулаторны прыём, ён абурыўся страшэнна.

Прышла Насця Рагіна перавязаць палец на руцэ. Ігнат Андрэевіч хацеў быў даручыць гэтую работу сваёй памочніцы, фельчарыцы Раісе Васільеўне, але, глянуўшы на Насцю, зразумеў, што не з-за гэтай маленькай ранкі на пальцы прышла яна. Ён прамыў ёй палец, не спяшаючыся, перавязваў, спытаў, між іншым:

— Як капаюцца бурачкі?

У дзяўчыны заззяў твар.

— Капаем. Не ўпраўляюцца адвозіць. Учора Гайная была, здзіўлялася, вохала, узяўшыся за бакі, Лазавенку лаяла... казала, што нашы буракі лепшыя, чым у іх.

— Буракі ў вас добрыя. Гаварыў мне Макушэнка, што, здаецца, вы вырасцілі рэкордны ўраджай для Беларусі...

Насця сціпла ўсміхалася, не падымаючы вачэй.

— У будучым годзе лепшыя вырасцім!

— Інакш і нельга.

Дзяўчына паднялася, падзякавала за перавязку, аглянулася на фельчарыцу. Тая зразумела, што ў пацыенткі ёсць іншая размова да доктара і хутка выпіла ў суседні пакой. Не ўпершыню бачыць яна гэтыя позіркі!

— Ну, бывайце здаровы, Ігнат Андрэевіч, — развіталася Насця, адступіла на крок да дзвярэй, аднак не выходзіла, нерашуча камечыла ражок хусткі.

— Ты нешта хацела сказаць мне, Насця?

— Хацела, Ігнат Андрэевіч, — яна зрабіла крок да стала, панізіла голас амаль да шэпту: — Ігнат Андрэевіч, калі, можа быць, будуць на ордэн падаваць, вельмі прашу вас — не ўключайце мяне. Не трэба.

У Ладыніна ўзляцелі ўгору кашлатыя бровы.

— Чаму?

— Так. Не заслужыла я. Толькі не гаварыце нікому, што я прасіла. І яшчэ, Ігнат Андрэевіч, даруйце, што я тады так нагаварыла на праўленні на Лазавенку і на Машу. Не падумала я... Да пабачэння, Ігнат Андрэевіч, — і хуценька вышла. Даўно ўжо стары сельскі ўрач, які ведаў усе таямніцы вясковага жыцця і душу селяніна, як сваю ўласную, так не здзіўляўся, ён падхапіўся і, ускудлачыўшы пальцамі свае сівыя валасы, з дакорам падумаў:

«Гэта табе навука, таварыш Ладынін. Век жыві — век вучыся пазнаваць людзей. А ты на лепшую звеннявую рукой махнуў, паверыў, што яна «на славе звіхнулася». Не, не ў славе, відаць, справа... Як я не мог зразумець, што так працаваць, як працавала яна, можа толькі чалавек, які сур'ёзна думае над вынікамі і сэнсам сваёй працы, над жыццём наогул. Аднак чым выклікана такая дзіўная просьба? Вось і паламай цяпер галаву, таварыш сакратар, калі прагледзеў чалавека!..»

Ладынін доўга не мог супакоіцца. Забыўся ён на Насцю і на яе просьбу толькі тады, калі ў амбулаторыю прывезлі цяжка хворага хлапчука з Раднікаў. Хлапчук курчыўся і стагнаў ад болю ў жываце. Ігнат Андрэевіч паставіў дыягназ — апендыцыт, і сам пайшоў да Лазавенкі, папрасіў машыну, каб хутчэй даставіць малога ў раённую больніцу. Машына вазіла бульбу, і Васіль задуменна пачухаў патыліцу.

Ігнат Андрэевіч нахіліўся цераз стол, палажыў сваю руку на яго руку.

— Васіль Мінавіч, нельга, дарагі мой, задумвацца, калі размова ідзе аб жыцці чалавека. Калі баюся я пасылаць на кані — значыцца, выпадак сур'ёзны.

У гэты-ж дзень была да яго яшчэ адна дзіўная просьба, праўда не такая загадкавая, як Насціна.

Старая жанчына зайшла ў амбулаторыю рашуча, з ваяўнічым выразам на расчырванелым, відаць, ад хуткай хады, твары. Ладынін глянуў на яе і зразумеў, што гэтая таксама не хворая, і падумаў, што прышла яна, відаць, са скаргай на якога-небудзь фінагента.

Ігнат Андрэевіч, ветліва запрасіўшы яе сесці, спытаў:

— З Лядцаў?

— З Лядцаў, таварыш Ладынін... Івана Мурашкі маці буду.

Ігнат Андрэевіч паставіў на стол бутэлечку з лекамі, якую разглядаў, павярнуўся да жанчыны, узяўшы ў рукі фанендаскоп.

— Так. Слухаю вас. Дзе баліць?

— Не хворая я, доктар. Сэрца вось толькі баліць. Са скаргай да вас, таварыш Ладынін. Толькі вы можаце дапамагчы, бо ён-жа комуніст, Іван мой. Вас ён павінен паслухацца, нікога больш не слухае — ні маці, ні бацькі... Хоць ты яму кол на галаве пяшы... Прываражыла яна яго, не іначай, як прываражыла. У яе і маці варажбітка была...

— Пачакайце, — спыніў яе Ладынін. — Аб кім вы гаворыце?

— Ды Клаўдзя Хацкевіч, загадчыца фермы... Гэта-ж падумайце, што робіцца... Хлопец яшчэ дзіця, можна сказаць, толькі з арміі вярнуўся, адзіны сын у бацькоў. Уся надзея была, што жэніцца, добрую маладзіцу ў хату прывядзе... А яна? На шэсць гадоў старэйшая, у яе вунь дачка ўжо ў чацверты клас ходзіць... Хіба яна яму пара?.. Прываражыла, не іначай. Ды яшчэ і выхваляецца... Не пайду, кажа, да гэтай Калбучыхі, гэта мяне так называе... Ён да яе ў прымакі збіраецца, нібы сваёй хаты не мае... Гэта-ж ганьба якая, божачка мой. Страшна падумаць! Дапамажыце, таварыш Ладынін, пагаварыце вы з ім добранька, прыгразіце па партыйнай лініі...

Ігнат Андрэевіч, з натугай стрымліваючы ўсмешку, глыбокадумна гладзіў наканечнікам фанендаскопа брыво. Просьба нават крыху збянтэжыла яго, ён не ведаў, што адказаць, каб супакоіць жанчыну.

— Пагутарыць я пагутару. Але калі яна яго сапраўды прываражыла... Баюся, што не дапаможа тады ніякая размова.

— Ды вы не толькі з ім, вы і з ёй пагаварыце. Пасаромце яе... Як ёй не сорамна жыццё хлопцу разбіваць? Падумала-б яна сваёй дурной галавой: хіба ён ёй пара? У яе дачка хутка нявестай будзе.

— Добра, скажу і ёй, — паабяцаў Ігнат Андрэевіч і, правёўшы жанчыну, засмяяўся, весела паціраючы рукі.

«Дзіўная ты жанчына. З'явілася ты перада мной, як з мінулага стагоддзя, насмяшыла... Пагутару, але не так, як ты хочаш... Даведаюся, ці сур'ёзна гэта ў іх... І калі сур'ёзна — прабач мне, паважаная Калбучыха, ці як там цябе, не выканаю я тваёй просьбы...»

На другі дзень, прышоўшы ў Лядцы, Ладынін зайшоў да Клаўдзі ў хату. Пераступіў парог, прывітаўся і ажно на момант спыніўся, здзіўлены і прыемна ўражаны. У хаце было, як перад вялікім святам, — выбелена, вымыта, кожная рэч ззяла чысцінёй і стаяла на месцы. Гаспадыня таксама нейкая незвычайная, у святочным плацці, убачыўшы яго, замітусілася: схапіла чысты ручнік, выцерла ім да бляску вычышчаную і вымытую табурэтку.

— Праходзьце, Ігнат Андрэевіч, сядайце, — і пачырванела, як дзяўчынка.

Доктар змераў яе праніклівым позіркам. Яна апусціла вочы.

— Вось вы якая... Клаўдзя Іванаўна! А помніце нашу першую размову ў вашай хаце?

— Помню, Ігнат Андрэевіч.

— Вось я і гляджу. Не дарма, відаць, адна жанчына сказала мне, што вы варажбітка...

Клаўдзя рыўком узняла галаву, бліснула вачыма.

— Калбучыха? Прыходзіла, значыцца? І, вядома, нагаварыла на мяне?

— Не. Сказала толькі, што вы жыццё яе сыночку разбіваеце... што вы — бабулька, а ён — дзіця яшчэ зусім...

Клаўдзя бязгучна засмяялася: закалыхаліся пад шаўковай кофтачкай яе прыгожыя поўныя грудзі.

— Так і сказала — дзіця?

— Так і сказала: хлапчанё горкае.

Яна раптам села з другога боку стала, падперла шчаку далоняй і, сумна ўздыхнуўшы, прамовіла:

— Не ўлашчыць мне яе...

Ігнат Андрэевіч хвіліну памаўчаў, разглядаючы вазоны на вокнах і на ўслоне. Потым падняўся, палажыў далоню ёй на плячо.

— Паглядзіце на мяне, Клаўдзя Іванаўна, — і калі яна глянула яму ў вочы, ціха спытаў: — Кахаеш?

Яна адказала гучна, весела, задорна крутнуўшы галавой:

— А хіба-ж вы мяне таксама бабулькай лічыце? Я яшчэ так умею пакахаць!

— А ён?

— Ён? Ён першы сказаў мне...

— Сур'ёзна гэта? Верыш яму?

Яна зноў апусціла галаву, зноў пачырванела і доўга маўчала.

— Я сына яго пад сэрцам нашу... — сказала шэптам і, відаць, сама спалохалася: дагэтуль ніхто, акрамя іх дваіх, не ведаў тайны іх кахання. Ігнат Андрэевіч зразумеў гэта і таксама сумеўся: нахмурыў бровы, кашлянуў у кулак і ўзяў у рукі свой чамаданчык.

— Ну, калі так, то застаецца пажадаць вам шчасця. А Калбучыху як-небудзь улашчым... Прабачце, Клаўдзя Іванаўна, што ўмяшаўся ў ваша жыццё.

— Што вы, Ігнат Андрэевіч!.. Вы прабачце... Я рада, вы мяне проста супакоілі. Пасядзіце яшчэ, калі ласка... я вас бражкай пачастую, з мёдам...

— Не, не...

Яна правяла яго да парога і там ціха сказала:

— А за нас вы не турбуйцеся. Мы сёння ў сельсовет пойдзем. Чакаю вось... яго...

— Ну, у такім выпадку мне — дай бог ногі, а то яшчэ па шыі дастану, — пажартаваў Ладынін.

— Ну, як ён? — спытаў Ладынін, кіўнуўшы на дом Шаройкі, калі яны з Лескаўцом праходзілі міма яго.

— Гусак? — Максім засмяяўся. — Не вылазіць з хаты. Кажуць, хварэе. Сімуліруе, безумоўна. Суда баіцца. Хлопцы яму жыцця не даюць. Бачыце, мусіў раней часу ўнутраныя рамы паставіць, каб не было чуваць. А то які ні пройдзе міма — абавязкова гукне на ўсю вёску «Гусак!» А мне, прызнаюся вам шчыра, ужо прыкра і горка слухаць. Усё-ткі, што ні кажы, а Шаройка быў Шаройка... Лепшы гаспадар у вёсцы, бацька афіцэраў Совецкай Арміі, настаўніц... Проста не ўкладваецца ў галаве: чаму чалавек дайшоў да гэтага?..

Максім павярнуўся да сакратара, чакаючы, што адкажа ён, але Ігнат Андрэевіч толькі неазначальна працягнуў:

— М-да-а...

Пагаварылі — і забылі, заняўшыся другімі, больш важнымі і неадкладнымі, справамі. А спраў розных хапала і ў сакратара партарганізацыі і ў старшыні калгаса.

Напомніла ім зноў пра Шаройку Маша. Яна знайшла іх у канцылярыі праўлення і адразу паведаміла:

— Дрэнна Шаройку, Ігнат Андрэевіч. Гавораць, тры дні з ложка не ўстае. Сёння нейкага фельчара з Украіны прывозілі. Вас ён забараніў клікаць. Але, мабыць, вам трэба зайсці, Ігнат Андрэевіч...

— А па-мойму, няварта, калі не хоча, — запярэчыў Максім. — Ліха яго не возьме! Такі хворы ўсіх нас на сто год перажыве!

— Ты, Максім, дрэнна ўяўляеш, які гэта для яго ўдар.

— Удар моцны, але каб такога дуба паваліць...

— Не, Максім Антонавіч, Маша правільна гаворыць... Як заўсёды! — Ігнат Андрэевіч накінуў на галаву сваю кепачку, схапіў чамаданчык, варухнуў калматымі брывамі.

— Пачакайце мяне хвіліначку.

... Ганна спалохалася, калі ён зайшоў, і не магла прамовіць слова. Ладынін заглянуў у бакоўку і нахмурыўся, Шаройку цяжка было пазнаць: за тыдзень твар яго зарос рудой шчацінай, страшна схуднеў, выцягнуўся, праваліліся вочы. Ён ляжаў з заплюшчанымі вачыма і, здавалася, не дыхаў. Расплюшчыў ён вочы, калі Ігнат Андрэевіч узяў яго руку, каб паслухаць пульс, пазнаў у поўзмроку Ладыніна і ўздрыгнуў, адхіснуўся. Доўга глядзеў на яго, як на прывід, потым хрыпла спытаў.

— Вы?

— Я. Што гэта вы ўздумалі хварэць? га?

Шаройка маўчаў.

— Падводзіце вы мяне. Я думаў, што вы самы здаровы чалавек у сельсовеце, што вам, як кажуць, зносу не будзе. А вы... Дазвольце, паслухаю маторчык, — ён расшпіліў кашулю, прылажыў экран фанендаскопа да сэрца, доўга слухаў. — Ну-у, нічога страшнага. Я баяўся горшага, глянуўшы на вас... Падняцца можаце?

Шаройка моўчкі сеў на ложку.

— Што вы акно заставілі? У вас-жа дыхаць нечым. Гаспадыня! Здыміце гэтую святломаскіроўку і адчыніце фортачку!

Ганна хутка сарвала з акна нейкую коўдру, і святло хлынула напорыстым патокам.

Шаройка знясілена паваліўся на падушку, утаропіўшы аслепленыя вочы ў столь і, пасля доўгай паузы, спытаў:

— Будзеце судзіць?

Ладынін падняўся з табурэта і адказаў сурова, холадна:

— Вы самі сябе асудзілі, Шаройка.

— Асудзіў, — прашаптаў ён і раптам, закрыўшы далоняй твар, заплакаў, сударгава задрыжэлі яго шырокія валасатыя грудзі.

Ладынін выгнаў.

На двары было ціха і цёпла. Не па-асенняму ярка свяціла сонца. У палісадніку ў Шаройкі цвілі буйныя астры, а пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. У блакіце неба плыла белая павуціна «бабінага лета». Павуціна вісела на рабіне, на ліпах, усцілала стрэхі. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Далёка за вёскай былі чуваць галасы дзяцей: вярталіся з Дабрадзееўкі са школы вучні.

Ладынін ажно на момант спыніўся, залюбаваўшыся навакольным хараством.

Максім і Маша чакалі яго на вуліцы, сядзелі каля канцылярыі, гутарылі. Сядзелі яны на краях лаўкі, воддаль адзін ад аднаго, і Ладынін, падышоўшы, сеў пасярод, дастаў з кішэні пачак папярос.

— Псіхічная траўма... Нервовае патрасенне... Адным словам, канец Шаройкі...

— Памёр? — спалохана спытала Маша.

— Не. З якой рады! Жывы будзе. Канец Шаройкі — уласніка. Законамерны канец уласніка ў наш час. Ты, Антонавіч, здзіўляўся гадзіну назад: як мог дайсці да гэтага лепшы гаспадар, бацька настаўніц і гэтак далей?.. А я табе скажу: законамерна! І, каб мы з табой былі большыя дыялектыкі, мы павінны былі-б прадбачыць такі канец. Безумоўна, лепшы гаспадар гэты ніколі не зрабіў-бы нічога падобнага ў дачыненні да прыватнай уласнасці свайго суседа, да тваёй і маёй уласнасці. Дапусцім, што гэтую гуску ён забіў выпадкова, як кажа яго жонка. Але каб гэтая гуска была асабіста твая... Нават не гуска, якое-небудзь куранё няшчаснае!.. Запэўняю вас, ён прынёс-бы яго да цябе, папрасіў прабачэння, заплаціўшы, слова не сказаўшы. Але гэта была гуска калгасная, грамадская... А на калгаснае Шаройка глядзеў, як на нічыё, як некалі на лес глядзелі: «Дровы ўкрасці не грэх, гэта — божае». Шаройка не лічыў за кражу, беручы гэтых гусей і парасят, калі быў за старшыню, беручы збожжа — усё, што жадаў. Шаройка не палічыў за кражу захоп поўгектара калгаснай зямлі. А гэта было большае яго злачынства!.. Самае непрыемнае, што, па-сутнасці, і мы не палічылі гэта за кражу. Шаройку прышыў канец, яго, як кажуць, прыбілі да ганебнага слупа, калі супраць яго чарговай кражы абурыліся ўсе калгаснікі, увесь калектыў...

Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і ён разумеў гэта.

Ігнат Андрэевіч, нарэшце, прыкурыў папяроску, якую доўга камечыў у пальцах, забыўшыся на яе, смачна зацягнуўся.


12...


Будаўніцтва гідрастанцыі ішло марудна. За лета была зроблена толькі палова таго, што планавалася зрабіць. Насыпалі частку земляной плаціны, пракапалі канал для адводу будаўнічых вод, поўнасцю нарыхтавалі лесаматэрыял; апошняе ўзяў на сябе Лазавенка і выканаў дакладна і ў тэрмін. Пачалі будаваць асноўную, драўляную, частку плаціны. Але гэта была самая цяжкая, самая неўладкаваная работа. Трэба было забіць сотні паляў, безліч шпунту, а тэхніка для гэтага была дзедаўская: ручная лябёдка і «баба». У дадатак для ўсяго адсутнічаў вопытны чалавек. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. За дзень забівалі тры-чатыры палі: дзяўчаты (а іх прыходзіла большасць на будаўніцтва) не жадалі круціць лябёдку, людзі аднаго калгаса намагаліся хутчэй уступіць гэтую работу суседзям. На будаўніцтве не было ініцыятыўнай, ударнай групы. Лазавенка пасылаў туды лепшых людзей і лічыў, што яны павінны натхніць, пацягнуць за сабой усіх астатніх. Але ён памыляўся: калгаснікі «Волі» працавалі добрасумленна, нават старанна, як яны наогул прывыклі за два апошнія гады працаваць, але без аганьку, без парывання. Ладынін першы заўважыў гэта і сказаў Васілю:

— Слаба мы падрыхтавалі людзей маральна. Дабрадзееўцы, напрыклад, ведаеш, як разважаюць? У нас, моў, святло ёсць, цыркулярка працуе, ды і малатарню электрычнасцю цягнулі... Нам спяшацца няма куды. Няхай другія больш думаюць, ім больш патрэбна.

А другія думалі яшчэ менш. Флегматычны Раднік неяк сказаў: «Нічога, збудуем. Трывалей будзе стаяць, калі даўжэй будзе рабіцца».

Покуль ішлі летнія палявыя работы, асабліва ўборка багатага ўраджаю, Лазавенка яшчэ неяк мірыўся з такім тэмпам будаўніцтва. Добра яшчэ, што яно не спынілася зусім!

Толькі Машы часам скардзіўся:

— Зімой мне клуб спаць не даваў, а цяпер гідрастанцыя. Як паскорыць будаўніцтва? Парай мне, падкажы.

— Людзей мала, Вася, — ціха ўздыхала Маша.

Васіль злаваўся:

— Глупства! Ты таксама заражаешся настроямі Радніка. Я знайду людзей, няхай толькі скончыцца ўборка.

Сапраўды, адразу-ж, як толькі з поля звезлі апошні сноп, Лазавенка пачаў, як кажуць, «біць ва ўсе званы». Папрасіў Ладыніна паставіць пытанне аб будаўніцтве на партыйным сходзе, сам правёў ва ўсіх вёсках комсамольскія сходы, склікаў паседжанне міжкалгаснага совета.

Лескавец, слухаючы яго гнеўнае выступленне, паціснуў плячыма.

— Даем табе, Вася, усё, што можам. Вышэй пупа не падскочыш.

Лазавенка абурыўся:

— У гэтым, відаць, і ўсё гора, што ты думаеш, што мне даеш, а не сам будуеш гідрастанцыю — для свайго калгаса, для сваёй вёскі. І, нарэшце, што ты даеш? Кожны дзень прысылаеш новых людзей. І якіх людзей? Лішніх, якім нехапіла работы ў калгасе. Звычайна гэта старыя, інваліды, а больш ходзяць гультаі — абы зарабіць працадзень. Работы там амаль ніхто не ўлічвае, нормаў людзі не ведаюць, што зрабіў — то і добра. Так далей нельга! Трэба пастаянныя брыгады, пастаянныя людзі на чале з брыгадзірам. Трэба добры агульны кіраўнік! Нарэшце, прапаную аб'явіць месячнік. Галоўнае, каб у часе месячніку працавалі на будаўніцтве аўтамашыны. Усе! «Волі», «Партызана», ваша, Кацярына Васільеўна! Сакавітаў абяцаў падкінуць адну машыну... Гэта дасць магчымасць да зімы скончыць земляныя работы.

На здзіўленне Васіля, першай яго падтрымала Гайная. Ён нават усумніўся ў шчырасці яе слоў.

«Дэмагогію разводзіць, старая хітруха».

Але на другі-ж дзень пераканаўся, што Гайная — гаспадыня сваіх слоў. Яна выканала ўсё, што паабяцала, і нават больш: прыслала пастаянную брыгаду, машыну, знайшла добрага майстра па забіванню паляў — старога будаўніка мастоў.

Лазавенка адчуў ранейшую павагу да гэтай жанчыны.

Маша была на паседжанні совета і пасля сказала Васілю:

— Я сама, Вася, падбяру і ўзначалю брыгаду. А то баюся, каб Лескавец не абмежаваўся абяцаннямі, якія ён даў. З ім і цяпер часам бывае гэта.

— Ты ўзначаліш брыгаду? А палявую?

— Я не за брыгадзіра буду... Не палохайся... Брыгадзір там будзе асобна. Я проста так, для каардынацыі, як ты казаў.

Васіль адлажыў убок газету, якую чытаў, з ласкавым дакорам паглядзеў на жонку. Яна стаяла ў кухні насупраць адчыненых дзвярэй, выцірала рушніком талерку.

— Замест таго, каб вызваліцца зусім, ты нагружаеш сябе лішняй работай.

Яна падышла, паставіла талерку на стол, абаперлася на яго плячо, ціха спытала:

— Чаму табе раптам захацелася, каб я пакінула брыгаду? Ты ведаеш маё жаданне...

— Ведаю. Але падумай, што ў нас за жыццё. Дзе наш дом?

— Раней ты гаварыў наадварот — прыгожае жыццё.

— Прыгожае то прыгожае. Але як будзе, калі з'явіцца ён? Баюся, што ўсёадно табе прыдаецца кінуць, рана ці позна.

— Не бойся, Вася. Я не баюся. У мяне хопіць памочнікаў.

— Упартая ты.

— Не, не ўпартая. Звычайная, Вася.

На паседжанні праўлення Лескавец, прачытаўшы састаў будаўнічай брыгады, упэўнена заявіў:

— Я думаю зацвердзім. Усё ясна.

Але паднялася Маша і прапанавала зусім іншых людзей.

Максім ні то здзівіўся, ні то абурыўся.

— Лепшых работнікаў? Цікава. А хто будзе працаваць у калгасе?

— А будаўніцтва хіба не калгаснае? Вучыся выконваць свае абяцанні. Што ты зноў дзяўчатак пасылаеш? Дарэчы, у нас ніводзін мужчына не ходзіць бульбы капаць, а іншых работ у нас цяпер не так многа. І пры тым большасць людзей я прапаную з маёй брыгады.

Члены праўлення згадзіліся з Машай, прынялі яе прапанову.

Максім не пярэчыў надта, не настойваў, але сядзеў пасля хмурны, бесперапынна смактаў люльку. У душы ён згаджаўся з Машай, але ўсё-ж было непрыемна, што праўленцы падтрымалі яе, а не яго.

«Так дойдзе, што сапраўды яна хутка ўсім пачне кіраваць», — ён хацеў думаць аб Машы няпрыязна, але адчуваў, што не можа, у глыбіні душы было іншае — захапленне ёй побач з выразным пачуццём незадаволенасці сабой. Наогул, у апошні час Максім усё больш і больш быў незадаволены сабой.


13...


Сакратар абкома Павел Сцяпанавіч і Макушэнка заехалі адразу на будаўніцтва гідрастанцыі. Доўга хадзілі па пляцоўцы, пераскакваючы цераз груды зямлі, цераз бярвенне, пераходзячы па хісткіх кладках рэчку і канал. Нявопытнаму воку здалося-б, што ўсё тут накідана і насыпана бязладна, што тут непачаты край работы. Але Павел Сцяпанавіч бачыў за сваё жыццё нямала будоўляў і добра ўмеў адрозніць рабочае награмаджэнне ад беспарадку. Будаўніцтва яму падабалася. Канчаўся месячнік, які быў абвешчаны міжкалгасным советам. За гэты час было зроблена амаль столькі-ж, колькі за ўсё лета. Брыгады калгасаў спаборнічалі паміж сабой (Маша і Ліда Ладыніна, якая стала агітатарам на будоўлі, арганізавалі гэтае спаборніцтва) і працавалі дружна, зладжана. Ліда якраз была на будоўлі, калі яны прыехалі, і спалоханы нечаканым з'яўленнем начальства Дзяніс Гоман, якога пасля ад'езду Сакавітава назначылі прарабам, папрасіў яе сустрэць сакратароў і пагутарыць з імі. «А то я двух слоў не звяжу», — шчыра прызнаўся ён. Ліда сустрэла, як мае быць, прывіталася, не назваўшы сябе, і адразу пачала расказваць пра будаўніцтва, як добры экскурсавод, з экскурсамі ў мінулае і будучае. Дзяніс Гоман хадзіў следам і з ухвалай ківаў галавой. Сакратар абкома паслухаў хвілін колькі, са здзіўленнем глянуў на Макушэнку, і раптам спытаў у Ліды:

— А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер?

— Не. Настаўніца. Агітатар.

— Агітатар?

— Дачка Ладыніна — Лідзія Ігнатаўна, — пазнаёміў са спазненнем Макушэнка.

— То-та, я чую знаёмыя інтанацыі.

Ліда крыху збянтэжылася і, нібы ўзлаваўшыся, пачала гаварыць пра адмоўнае, што ёсць на будаўніцтве. У Дзяніса Гомана акругліліся вочы, ён пачаў падаваць ёй таямнічыя знакі, тузаў за рукаў: маўчы, моў, што ты робіш?

— ...Крыўдна, таварыш сакратар, глядзець на такую работу. У век атамнай энергіі мы забіваем палі вунь якой машынай, ёй карысталіся яшчэ старажытныя егіпцяне... Штодзень я чую і чытаю: «Сельэлектра», «Сельэлектра»... А што яна робіць гэтая арганізацыя, не разумею? Акрамя інжынераў, якія складалі праект, ды Сакавітава нашага нікога я не бачыла з гэтага «Сельэлектра»...

Павел Сцяпанавіч з павагай глянуў на дзяўчыну.

— Чуў я гэтую крытыку і нават не раз. Правільная крытыка. Нічога не скажаш. Смела адрасуйце яе абкому. Прызнаю, таварышы, дрэнная ў нас кантора «Сельэлекра», слаба мы забяспечылі яе механізмамі. Вы ведаеце колькі па вобласці мы будуем толькі гідрастанцый сельскіх? Восемнаццаць... Ды цеплавыя станцыі... Безумоўна, тым, хто будзе будаваць цераз год-два, будзе значна лягчэй... З'явяцца ў нас і бульдозеры, і экскаватары, і самазвалы. Усё будзе, таварышы! Ды і ў вас, гляджу, не так блага з механізацыяй — чатыры аўтамашыны працуюць...

Сакратара абкома абступілі калгаснікі, уважліва слухалі, задавалі пытанні. Доўга ён гутарыў з імі, расказваў, якую велізарную дапамогу аказваюць калгасам рэспублікі Цэнтральны Камітэт, Саюзны ўрад, таварыш Сталін.

Лескаўцу паведамілі, што на будаўніцтве сакратар абкома, і ён, заглянуўшы дамоў і загадаўшы маці падрыхтаваць абед, скінуў ватоўку, надзеў новы шынель, падперазаўся па-вайсковаму туга рамнём і паспяшаўся на гідрастанцыю. Ніколі ён не губляўся, калі ў калгас прыязджалі раённыя ці абласныя кіраўнікі. Да іншых часам адносіўся з іроніяй: ну што-ж, паглядзіце, запішыце, такая ваша работа, не вы першыя, не вы апошнія. А тут і разгубіўся і нават спалохаўся. Што скажа Павел Сцяпанавіч аб калгасе, аб ім самім? Па дарозе ён заскочыў да свайго намесніка Бірылы, загадаў яму неадкладна бегчы на калгасны двор і навесці там «ідэальны парадак».

На будаўніцтва ён з'явіўся ў той момант, калі сакратар абкома ўжо развітваўся з калгаснікамі.

— Што-ж, з'явіўся гаспадар — паглядзім усю гаспадарку, — сказаў Павел Сцяпанавіч, паціскаючы яму руку. Максім так разгубіўся, што забыўся прывітацца з Лідай, якая стаяла крыху воддаль, каля дзяўчат. Яна не пакрыўдзілася, але, зразумеўшы яго душэўны стан, здзівілася і нават крыху расчаравалася.

Улучыўшы момант, калі ішлі паміж штабялёў бярвення і Максім адстаў, яна сказала яму:

— Ну, трымайцеся, таварыш Лескавец! Тут сказалі, што вы доўга зрывалі будаўніцтва, не давалі людзей.

— Хто сказаў?

— Я сказала, — і яна знікла за штабелем, ціха засмяяўшыся.

Хадзілі доўга. Агледзелі ўсё: сад, канюшні, кароўнікі, свіран, кузню, заходзілі ў хаты да калгаснікаў. Пазнаёміліся з бухгалтэрыяй, зазірнулі ў табелі выпрацоўкі працадзён. І ўсюды Павел Сцяпанавіч рабіў заўвагі, крытыкаваў і тут-жа раіў, як зрабіць лепш. Максіма здзіўляла яго ўменне ўбачыць усё адразу. Шмат што з таго, што ўбачыў сакратар, ён, старшыня, ніколі не заўважаў, хоць глядзеў на ўсё штодзень. Максім чырванеў, бянтэжыўся, покуль не пераканаўся, што ўвогуле Паўлу Сцяпанавічу калгас падабаецца. Гэтае адкрыццё ўзрадавала яго. Ён адразу пасмялеў, набыў ранейшую упэўненасць. Запрасіў сакратароў да сябе ў хату.

— Зойдзем. Абавязкова зойдзем. Як здароўе Сынклеты Лукічны? Чарнічная настойка і зараз, відаць, ёсць? Помню, яна заўсёды частавала ёй, у любы час года, — сказаў Павел Сцяпанавіч.

Макушэнка ўсміхнуўся, успомніўшы сваё.

Сынклета Лукічна праслязілася, вітаючыся з Паўлам Сцяпанавічам, — успомніла, як ён заходзіў разам з Антонам. Але тут-жа смутак змяніўся радасцю: яна паглядзела на Максіма і ў ім убачыла бацьку яго — спакойнага, упэўненага гаспадара.

Павел Сцяпанавіч уважліва, з жартаўлівай прыдзірлівасцю, агледзеў хату і яшчэ з большай цікаўнасцю перагартаў кнігі, што ляжалі на стале, на падаконніках, на табурэце каля ложка.

— Чытаеш?

— Чытаю.

— Этажэрку трэба зрабіць, або паліцы. Да кнігі трэба адносіцца з павагай, — сакратар абкома яшчэ раз прайшоўся па хаце, спыніўся каля парога, акінуў усё позіркам. — Ну, што-ж, усё, як мае быць... Аднаго толькі нехапае.

Максім насцярожыўся. Маці таксама спынілася на поўдароз.е да стала з талеркай у руцэ. Вочы Паўла Сцяпанавіча смяяліся:

— Маладой гаспадыні нехапае.

Сынклета Лукічна ціхенька ўздыхнула і, паставіўшы талерку, хуценька вышла на кухню.

Максім пачырванеў і адказаў сур'ёзна:

— Будзе з цягам часу, Павел Сцяпанавіч.

Па дарозе з Лядцаў Макушэнка сказаў сакратару абкома:

— Усё-ткі, я думаю, Павел Сцяпанавіч, мы не памыліліся, парэкамендаваўшы яго...

— Лескаўца? Безумоўна, не.

Гаспадарку «Волі» аглядалі да вечара. Тут агляд набыў іншую форму і характар. Ініцыятыву адразу захапіў сам гаспадар, Лазавенка, і расказваў не пра тое, што зроблена, што было перад вачыма, а пра тое, што трэба зрабіць яшчэ, што недароблена, і нават пра тое, што зроблена не так, памылкова, не прадумана. Павел Сцяпанавіч надзвычай добра ведаў гэтага старшыню калгаса (Васіль не раз за два гады быў у абкоме), і яму заўсёды падабалася яго самакрытычнасць. Чалавек ніколі не скрываў сваіх памылак і гаварыў пра іх заўсёды смела і прынцыпова.

Павел Сцяпанавіч нават пажартаваў:

— Мне здаецца, Лазавенка, што ты хочаш паказаць нам не лепшае, што ёсць у калгасе, а ўсё горшае, усе памылкі.

Сакратару абкома амаль не было патрэбы рабіць заўвагі, крытыкаваць, як у «Партызане», ён толькі зрэдку занатоўваў у блакнот просьбы Лазавенкі. А просьбаў было многа. Васіль прасіў новую аўтамашыну, электраматоры, прасіў дапамагчы набыць ізалятары, дрот — усё, што ў той час яшчэ нялёгка было даставаць.

— МТС наша, Пракоп Пракопавіч,— звярнуўся Лазавенка да сакратара райкома,— ухіляецца ад дапамогі ў справе механізацыі работ на фермах. Лічаць, што іх справа — араць ды сеяць. Прыдзецца зноў лаяцца з Крыловічам.

Макушэнка кіўнуў галавой:

— Уладзім, Мінавіч. Заслухаем Крыловіча на бюро.

Ужо ў прыцемках зайшлі ў клуб. Васіль накіраваў хлапчука ў «сілавую» і неўзабаве электрастанцыя дала святло. Загарэліся плафоны-шары пад столлю прасторнай залы. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбамі. Лазавенка раз-по-разу папярэджваў.

— Асцярожна — пафарбавана!

Выходзячы з клуба, сакратар абкома спытаў у Васіля:

— Пра радыё думалі?

— Думаць думалі, але вырашылі адкласці на годзік-другі. Усё адразу не выцягнем, — адказаў Васіль.

— Дарэмна. Ведаеш народную прымаўку? Адклад не ідзе на лад. Раю вам пачаць радыёфікацыю. Дапаможам. Калі трэба, дамо крэдыт. Ёсць добрыя прыёмнікі. Кропак семсот пацягне.

— Нам такі не трэба. У нас усяго...

— А ты глядзі наперад, Васіль Мінавіч, у будучае заглядвай. Здаецца, сам-жа ты і выказваў мне цікавую думку. Помніш?

Васіль і да размовы з сакратаром абкома сапраўды думаў пра радыёфікацыю калгаса. Неяк аднойчы гаварылі яны пра гэта з Ладыніным. Уласна кажучы, Ігнат Андрэевіч першы і пачаў такую размову. Але гаспадарчыя выдаткі — набыццё машын, прадуктыўнай жывёлы, будаўніцтва — раслі хутчэй, чым грашовы даход калгаса, хоць і вырас ён за год ледзь не ў два разы. Таму Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Размова з Паўлам Сцяпанавічам, з Макушэнкам акрыліла яго. Ён, як кажуць, загарэўся ідэяй і жадаў як мага хутчэй здзейсніць яе, ён не любіў адкладваць такія справы. Ужо ў той вечар Машы прышлося доўга чакаць яго. А ён чакаў Ладыніна (доктар быў на нарадзе ў райздраве і доўга не вяртаўся). Зайшоў да Ладыніных і праседзеў увесь вечар, разам з Лідай падлічваючы, колькі трэба будзе ўстанавіць кропак, колькі пойдзе на ўсё гэта дроту, слупоў, ізалятараў. Ліда захапілася і радавалася, як дзяўчынка, быццам радыё належала зрабіць нейкі незвычайны пераварот у яе жыцці.

Позна ўначы Васіль спяшаўся дамоў, у Лядцы. У полі было цёмна — хоць вока калі, прарэзліва свістаў асенні вецер, час-ад-часу біў у твар буйнымі кроплямі дажджу. Васіль не заўважаў ні дажджу, ні гразкай дарогі, яму хацелася як мага хутчэй расказаць пра ўсё Машы. Але яна ў першыя хвіліны крыху сапсавала яго светлы настрой. Выслухаўшы пра радыё, яна спакойна сказала:

— Вось і нам-бы ад вас правесці.

Яго закранула яе халодная, карыслівая разважлівасць.

— Каму гэта «нам»?

Маша здзівілася.

— Нашаму калгасу.

Васіль адчуў раптам нядобрае пачуццё пратэсту супраць таго, што яна ўпарта не хоча лічыць сваім калгасам яго калгас, якому ён аддае ўсе сілы і веды.

Такое пачуццё часам узнікала і раней; Васіль не разумеў яго, не разумеў прычын, якія яго выклікаюць. Ён заўсёды шчыра зычыў «Партызану» поспехаў, шчыра дапамагаў яму ўздымацца. Ён ганарыўся, што жонка яго працуе там брыгадзірам. Нарэшце, ён цвёрда быў перакананы, што ў будучым калгасы іх стануць адной гаспадаркай. Значыцца, і пачуццю такому не павінна быць месца ў яго сэрцы. Аднак яно час-ад-часу возьме і варухнецца, як перажытак нейкай чужой псіхалогіі. Вось і зараз... Ён успомніў словы сакратара абкома і яму стала сорамна за сваё недарэчнае пытанне і за гэтае пачуццё. Ён ласкава кіўнуў Машы галавой:

— А гэта як вы самі пажадаеце.

Маша, усміхнуўшыся, клапатліва падсунула бліжэй да яго скавародку са смажаным салам.

— Не, сур'ёзна, ты згодзен даць нам радыё?

— Зусім сур'ёзна. Дапамагу нават.

Цяпер і ён узрадаваўся магчымасці яшчэ раз дапамагчы «Партызану». Праўда, гэта была крыху самалюбівая радасць, але шчырая.

— Цудоўна, Вася. Цяпер мне застаецца толькі загітаваць Лескаўца. Баюся, што ён супраць будзе... Пачне даводзіць, што рана яшчэ, што эканоміка не дазваляе, грошай няма... Скупы ён стаў.


14...


На здізіўленне Машы, Максім не проста адразу згадзіўся праводзіць радыё, а загарэўся гэтай ідэяй магчыма нават мацней, чым Васіль. Ён некалькі разоў перапытваў:

— Дык, кажаш, Лазавенка твой згодзен? Малайчына! — і ажно цёр ад задавальнення рукі, забыўся на сваю люльку, якая патухла на заплямленым чарнілам стале. Убачыў цераз акно хлапца, які бег паўз канцылярыю, гукнуў:

— Федзя! Запражы мне выязнога і падай сюды! — і, павярнуўшыся да Машы, растлумачыў: — Паеду да твайго Лазавенкі. Не хочаш са мной?

— Не, не хачу.

Яна пазбягала заставацца з ім адзін-на-адзін.

Ад Лазавенкі Максім паехаў у райвыканком, выпісаў лесу на слупы, папрасіў крэдыт на набыццё дроту і іншага абсталявання. Крэдыту яму не далі. Аднак гэта не астудзіла яго запалу. Вярнуўшыся дамоў, ён склікаў агульны сход і прапанаваў павялічыць адлічэнні ад грашовага прыбытку ў недзялімы фонд. Калгаснікі згадзіліся, пачуўшы пра радыё.

Ён сам паехаў v лес, як тады зімой, і працаваў там з лесарубамі, працаваў так, што ўсе слупы былі нарыхтаваны за нейкіх два дні. Ён мабілізаваў для перавозкі іх усё: машыну, коней, валоў. Ездзіў з машынай сам. Пасля абвясціў нядзельнік, каб паставіць слупы.

Дзень быў сухі і халодны. Уначы першы мароз абпаліў асеннія травы. Узышло сонца — прыкмета марозных дзён, адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Паветра было празрыстае, халоднае. Па небе ляцелі хмаркі, таксама на выгляд халодныя і непрыветлівыя. Злятала з прыдарожных бяроз апошняе лісце: ужо зусім голы стаяў алешнік каля лугу.

Пуста было ў полі — ні жывёлы, ні людзей. Толькі ўзвышаліся доўгія сцірты саломы, а ў лузе — высокія стагі. Пуста было з раніцы і на шляху паміж Лядцамі і Дабрадзееўкай. Сіратліва ляжалі паўз дарогі жоўтыя сасновыя слупы. Але крыху пазней ажыла дарога: высыпалі з Лядцаў людзі, расцягнуліся групамі ажно да Дабрадзееўкі. Ішлі з рыдлёўкамі за плячыма, з жардзінамі і лейцамі, заварушыліся каля слупоў. І вось неўзабаве падняўся з зямлі і стаў, як вартавы, першы слуп, за ім — другі, трэці...

Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Але першую яму, каля самага дабрадзееўскага саду, Максім капаў сам. Ён скінуў ватоўку, шапку і працаваў у адной гімнасцёрцы. У другіх месцах яшчэ, паразважыўшы і закурыўшы, мужчыны толькі выцягвалі з зямлі праектныя калкі, а ён ужо выкапаў яму, глыбейшую нават чым трэба. Кінуў рыдлёўку, скамандаваў хлопцам ставіць слуп, і сам першы схапіўся за яго, пэцкаючы ў смалу рукі, гімнасцёрку, штаны. Да наступнай, выкапанай дзяўчатамі ямы, ішоў такім крокам, што астатнія з яго брыгады ледзь паспявалі за ім бягом. Такі тэмп работы хутка перадаўся ўсім. Аднак усёадно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату.

Машы заўсёды падабалася бачыць яго ў працы: працаваў ён прыгожа, рытмічна, з вялікім натхненнем і ўвесь у гэтыя хвіліны неяк пераўтвараўся, аддаваўся працы, забываючыся на ўсё.

Калі стаялі ўжо амаль усе слупы, прыехала Гайная. Прыехала на бліскучым вараным стаенніку, у двуколцы. Сама трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Апранута яна была па-святочнаму: новае паліто, вялікая шарсцяная хустка.

Спынілася каля Максіма — засмяялася.

— Цябе не пазнаць, Антонавіч. А я вось бачыш, не вытрымала. Патурбавалы вы мае старыя косці. Сказалы мені, шчо вы стовпы ставіце, і не стала мне ні спакою, ні сну нядзельнага, ні яды. Што-ж цэ, думаю, таке — лінію праводзяць, а я нічагусенькі не ведаю. Ці не хочуць яны, бісавы дзеці, абдурыць мяне, старую жынку? Вам пальцы ў рот не лажы, асабліва дружбаку твайму, Лазавенку... З рукой адхопіць. Не, прыязджаю — радыё кажуць. Вы лепей кароў добрых купілі-б.

— Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Гэта — культура, прагрэс... А карова ёсць карова. Лазавенка купляў іх у цябе, дык ты запрасіла, як цыган за бацьку. За адну тваю карову гложна тры радыёвузлы збудаваць.

Максім абтрос з рук мокрую зямлю, прывітаўся і, абцёршыся на двуколку, пачаў набіваць люльку.

Гайная па-жаночаму выцерла далоняй твар, вусны, нібы хацела сцерці хітрую ўсмешку, што стаілася ў маршчынках пад вачыма.

— А ты як думаў? Лазавенка твой хацеў нізашта ўзяты, шчоб пасля пасмяяцца з мяне. Не прадам я яму! А ты, калі хочаш, прыязджай, падарую такіх двух цёлачак, якіх ты і ў Караваеве не дабудзеш.

— За колькі тысяч?

— Што ты адразу за тысячы? Не бойся, паладзім, як кажуць, свае людзі — злічымося.

— Не жартуеце, Кацярына Васільеўна?— сур'ёзна спытаў Максім, незаўважна перайшоўшы на «вы».

— Што-б я малодша була років на дваццаць, то, мабуць, і пашуткавала-б.

— Дайце руку.

— На, будзь ласкаў. Толькі ў мяне да цябе таксама просьба. Дай на тыдзень машыну. Буракі на завод перавезці. А то на адной ніяк не ўпраўляюся.

Максім адхапіў руку, пачырванеў і злосна вылаяў сябе: «Дурань! Папаўся, як неразумны карась. Вакол пальца абвяла. Да завода семдзесят кілометраў. Эх, чорт!»

Нічога ён не шкадаваў так, як аўтамашыны, якую ім выдалі па ўказанню сакратара абкома (Павел Сцяпанавіч дакладна выканаў сваё абяцанне). Такой машыны няма яшчэ ні ў адным з навакольных калгасаў. У многіх — інваліды вайны, а ў яго — такі прыгажун: новенькі апошняга выпуску «ЗІС-150». Максім прыдзірліва сачыў за спідометрам, шкадаваў праехаць лішні кілометр. І раптам — на тыдзень на такую адлегласць! Ды яна дзве тысячы накруціць! Гайная зразумела яго пачуцці і глядзела паверх яго галавы на людзей, што ставілі чарговы слуп.

— Гарна працуюць твае хлопцы! Люба паглядзець! Сёння, мабудзь, скончаце? Запрасі тады хоць музыку паслухаць.

Максім не дайшоў да сэнсу яе слоў. Даваць машыну было шкада, але і псаваць суседскія адносіны таксама не хацелася, ды і каровы ў яе калгасе сапраўды адменныя, няхай-бы нацешылася гэтая неспакойная Клаўдзя з пародзістых цёлак.

— На тры дні, Кацярына Васільеўна.

На больш машына ёй і не трэба была, але прасіла яна з «запасам», па сабе ведаючы, што даваць такія рэчы нялёгка.

— Скупы ты становішся, Антонавіч. У Лазавенкі вучышся. Той выдае сябе за шчодрага, а на справе скупей за мяне, грэшную жынку.

Манцёры раённага радыёвузла працавалі ў «Волі». Намаганні Максіма хутчэй працягнуць лінію да Лядцаў былі дарэмныя. Хлопцы былі нявопытныя, працавалі марудна, кінуць работу ў «Волі» баяліся — гаспадар радыёвузла быў Лазавенка.

Максім злаваўся, лаяў Васіля, успамінаў словы Гайнай:

«Эгаіст. Хапуга. Пра сябе толькі і думае».

У Дабрадзееўцы ўжо шмат у каго гаварыла радыё, і гэтая акалічнасць проста такі нервавала Лескаўца. Набліжаўся Кастрычнік, да вялікага свята заставаліся лічаныя дні. Далей чакаць было нельга.

Максім паехаў у абласны цэнтр, прывёз сваіх манцёраў, угаварыў іх працаваць ад цямна да цямна.

Нарэшце, лінія была праведзена. Увечары Максім вынес са сваёй хаты вулічны рэпрадуктар — вялізную белую трубу. Ніхто, акрамя калгаснага рахункавода, не ведаў, калі ён купіў гэтую рэч. Манцёры ўжо ў прыцемку ўмацавалі рэпрадуктар на слупе, што стаяў пасярод вёскі, каля крамы, недалёка ад яго, Максімавай, хаты. Неўзабаве вакол гэтага слупа сабраўся натоўп — спачатку збегліся дзеці, потым сышлася моладзь і, нарэшце, пачалі паважна падыходзіць дарослыя.

Жартавалі, смяяліся:

— Ну і труба!

— Дзе ён здабыў яе?

— Ці не ў Гомелі ты, Антонавіч, зняў яе? Я там на рагу бачыў такую.

— Зажывем, браткі, пад музыку.

— Да музыкі святло трэба.

— Будзе і святло. Не ўсё адразу.

— Такая рэч усіх баб разбудзіць раніцой.

— Бабы І так устаюць, гэта вас, гультаёў, будзіш — не дабудзішся.

— А ты думаеш, яна будзе моцна грымець? Гэта табе не ў горадзе. Тут, брат, энергія не тая. Можа, яна і зусім не загаворыць. Дзе старшыня? Чаго ты, Максім, дарэмна народ склікаў?

— Хто цябе клікаў? Навошта ты тут?

Максім моўчкі хадзіў вакол натоўпу, прыслухоўваўся да размоў, да жартаў, стрымліваў сябе, каб не «асадзіць» вось такога «тэарэтыка»-жартаўніка. Час ішоў, даўно была скончана ўся работа, злез са слупа манцёр, а рэпрадуктар маўчаў. Максім хваляваўся, ён паслаў у Дабрадзееўку верхам на кані Аляксея Прымака з запіскай Лазавенку — прасіў падключыць іх лінію. І вось няма ні пасыльнога, ні радыёгукаў.

Максім успомніў сваю размову з Ладыніным. Ён расказаў сакратару пра свой намер павесіць на вуліцы магутны рэпрадуктар. Ігнат Андрэевіч з незразумелай усмешкай паківаў галавой:

— А ці варта гэта рабіць? Людзям спаць не будзе даваць. Ёсць-жа магчымасць устанавіць кропку ў кожнай хаце. Лазавенка, напрыклад, супраць такіх рэпрадуктараў.

— Людзі прывыкнуць, — адказаў тады Максім і, ад таго, што Лазавенка супраць, цвёрда вырашыў здзейсніць свой намер.

Цяпер ён хваляваўся. «Няўжо не падключаць?»

І раптам у вышыні затрашчэла, з рэпрадуктара вылецеў нейкі дзіўны гук і ўсё сціхла зноў.

У натоўпе засмяяліся.

Але праз хвіліну нечакана, выразна і гучна загрымела музыка. Бас пачаў спяваць арыю Сусаніна (Максім любіў музыку і ведаў нямала арый). Людзі заварушыліся, загаманілі. Максім увайшоў у натоўп, каб паслухаць, як рэагуюць на гэта калгаснікі. Але аркестр і Сусанін заглушалі словы, ды і людзі змоўклі, з цікаўнасцю ўслухоўваючыся ў спеў.

Максім адышоў убок, да сваёй хаты. На адлегласці музыка здалася яшчэ больш выразнай і прыгожай.

Задаволены, радасна ўзрушаны, ён пайшоў яшчэ далей, на край вёскі. Спыніўся, калі рэпрадуктар раптам сціх. Насцярожыўся. Але праз момант пачалі тлумачыць лібрэта оперы, і ён з краю вёскі добра чуў кожнае слова. Яго апанавала дзіўнае захапленне. У гэты момант ён нагадваў хлапчука ў вялікай радасці: яму хацелася скакаць і куляцца цераз галаву... Але замест гэтага ён пайшоў далей у поле, па дарозе на Дабрадзееўку. Ноч была ядраная, злёгку марозіла. Неба было густа ўсеяна яркімі зоркамі. Толькі там, дзе працякала туманная рака Млечнага шляху, зоркі былі цьмяныя і мільгалі не так яскрава. Над галавой у Максіма гулі правады, якія неслі з Дабрадзееўкі ў Лядцы гэтую цудоўную музыку.

Ён адышоў ужо далёка, а гукі радыё ўсё яшчэ даляталі да яго, ледзь прыкметна слабеючы. Спявала Антаніда — ляцелі ў наваколле яе сумныя словы жальбы па бацьку. На поўдарозе, каля сасонніку ён яшчэ добра разбіраў, што перадавалі. Скончыўся другі акт оперы, абвясцілі перапынак. Пачалі літаратурную перадачу. Максім доўга стаяў пасярод поля, слухаў апавяданне Чэхава, смяяўся, смачна зацягваючыся люлькай. Калі пачалі перадаваць трэці акт, не вытрымаў зноў — пайшоў далей, заціснуўшы пальцамі вушы. Шпарка дайшоў да дабрадзееўскага саду, адняў ад вушэй пальцы. Чувацьі Невыразна, але чуваць! Засмяяўся і, павярнуўшыся ў бок Дабрадзееўкі, голасна сказаў:

— Слухай, таварыш Лазавенка!


15...


Агляд клуба пачыналі з невялікага ўтульнага файе, упрыгожанага партрэтамі, плакатамі, святочнай насценнай газетай, што займала самы шырокі прасценак паміж вокнамі.

Моладзь тоўпілася перад, газетай, жартавала з трайных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Старэйшыя мужчыны мацалі падаконнікі, сцены, афарбаваныя маслянай фарбай, з ухвалай ківалі галовамі. І ўсе, маладыя і старыя, з захапленнем спыняліся пры ўваходзе ў залу, залітую яркім святлом ад мноства лямпачак над сцэнай — лямпачкамі былі акаймаваны вялікія партрэты Леніна і Сталіна. З любоўю і ўдзячнасцю спыняліся позіркі калгаснікаў на гэтых дарагіх партрэтах.

Клуб адкрылі ў той-жа вечар. Упершыню ў ім збіраліся людзі. І хоць многія з іх былі тут штодзень у часе будаўніцтва, будавалі самі, аднак, разглядвалі тварэнне сваіх рук з цікавасцю і задавальненнем.

Косця Раднік, загадчык новага клуба, як гаспадар сустракаў гасцей і быў надзвычай ветлівы, як ніколі раней. Асабліва ён падкрэсліваў гэтую ветлівасць сваю ў адносінах да людзей з іншых вёсак.

У файе гаманілі, віталіся, віншавалі адзін аднаго з вялікім святам, а Косцю — з новым клубам. У залу заходзілі моўчкі, на цыпачках; там слухалі па радыё даклад Молатава.

Урачыстае паседжанне адкрыў Байкоў. Ён прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Слухалі яго, стаіўшы дыханне, быццам баяліся праслухаць нейкае надзвычайнае паведамленне. У зале было цесна, месца, нехапала, і шмат людзей стаяла ў праходзе.

Насцю Рагіну ўпершыню абралі ў прэзідыум. Яна ўзышла на сцэну ў ліку апошніх і мусіла сесці побач з Васілём у другім радзе, бо астатнія месцы былі ўжо заняты. Яна не ведала, як трымацца, куды схаваць рукі. Тысяча вачэй глядзела з залы, і ёй здавалася, што ўсе яны глядзяць на яе. У першым радзе сядзела Маша і таксама пазірала ў яе бок. Маша была ў прыгожым цёмназялёным шарсцяным плацці. Насця чула, як шапталіся перад паседжаннем жанчыны: «Васіль апрануў сваю, як каралеву». Сапраўды, Маша выглядзела, мабыць, прыгажэй за ўсіх. Але Насця не зайздросціла ёй, не было ў яе сэрцы больш пакутлівага пачуцця рэўнасці. Яна не адважвалася павярнуць галавы і глянуць на Васіля. А раптам Маша падумае, што яна знарок села побач? «Чаму яе не выбралі ў прэзідыум? Яна больш дастойная, чым я». Насці даўно хочацца сардэчна :і шчыра пагутарыць з Машай, расказаць, што яна пакахала другога чалавека, такога-ж разумнага і добрага, як Васіль, і што ён таксама кахае яе. Вунь ён сядзіць разам з мужчынамі, сціплы, непрыкметны, хоць на грудзях у яго тры баявыя ордэны і ведае ён, можа, не менш, чым доктар. Гэта ён, яе аграном, яе Павел, навучыў Насцю сціпласці, разумна высмеяўшы яе мары пра асабістую славу.

«Сапраўдны герой той, хто менш за ўсё думае пра сваю славу, а больш думае пра свой абавязак перад народам, перад Радзімай», — не адзін раз гаварыў ёй Павел на спатканнях. Цікава ён умее расказваць. Яго таксама дарэмна не абралі ў прэзідыум.

Да трыбуны падышоў Мяцельскі, прапанаваў ганаровы прэзідыум. Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Насця яшчэ лепей бачыла цяпер твары людзей, асветленых не толькі святлом лямпачак, але і святлом вялікай радасці і ўрачыстасці. Падняўшыся, людзі нібы наблізіліся да сцэны. Бліжэй за ўсіх да яе, Насці, была цяпер Маша. Яна апладыравала, высока падняўшы рукі. Позіркі іх сустрэліся, і Маша ўсміхнулася ёй добрай ласкавай усмешкай. Нібы гарачы струмень, змыла гэтая ўсмешка ўсё дробязнае з Насцінай душы, усе хістанні і сумненні. Сэрца яе напоўнілася захапленнем людзьмі, якія так горача вітаюць свайго настаўніка і правадыра.

Ладынін гаварыў пра сусветную перамогу Совецкага народа ў вайне, пра новыя велічныя перамогі на фронце мірнага змагання, на фронце сталінскай пяцігодкі. Гаварыў ён, як заўсёды, спакойна, пераканаўча, амаль не заглядваючы ў тэзісы, што ляжалі на трыбуне, падмацоўваў асобныя палажэнні прамовы жывымі і блізкімі прыкладамі. За тыдзень да свята Ігнат Андрэевіч наведаўся ў Мінск. Там ён не толькі зрабіў сваю справу, але сустрэўся з многімі знаёмымі, сябрамі — урачамі, будаўнікамі, партыйнымі работнікамі, агледзеў усе новабудоўлі, пазнаёміўся з генеральным планам рэканструкцыі сталіцы. Чалавек дапытлівы і энергічны, ён цікавіўся ўсімі галінамі рознастайнага багатага жыцця і вельмі добра ведаў, што робіцца ў краіне для ажыццяўлення сталінскай праграмы пабудовы комунізма. Пра ўсё гэта ён расказваў людзям. Голас яго гучэў крыху незвычайна — урачыста і ўсхвалявана.

— ...Паглядзім, таварышы, што даў Кастрычнік сялянству. Мы не будзем далёка хадзіць за прыкладамі. Мы паглядзім на жыццё нашага сельсовета, сваіх калгасаў, на наша ўласнае, таварышы, жыццё. Няхай старэйшыя, людзі майго ўзросту, успомняць мінулае, успомняць шлях ад Кастрычніка семнаццатага года да сённешняга дня. Гэта шлях ад паднявольнай рабскай працы на пана Ластоўскага да радаснай працы ў калгасе, ад галечы — да сапраўды чалавечага жыцця... Гэта шлях ад лучыны да вось такіх лямпачак, якія наш народ называе лямпачкамі Ільіча, бо запаліў іх для народа вялікі Ленін. Гэта шлях ад жабрацкай леры да радыё ў кожнай хаце, да рэпрадуктараў, што грымяць на ўсё наваколле... Шлях ад карчмы Залмана да вось гэтага светлага і прасторнага клуба...

Старыя ў зале пераглянуліся, паківалі галовамі: усё ведае, нават Залмана ўспомніў, на якога ўсе даўно забыліся.

Побач з Васілём, з другога боку, сядзеў Піліп Раднік, старшыня «Зоркі». Сеўшы ў прэзідыум, ён бесперапынна круціў ва ўсе бакі галавой, любаваўся клубам. Нарэшце павярнуўся да Васіля, прашаптаў:

— Але, Мінавіч, прыемна пасядзець у такім клубе. Праўда?

Васіль іранічна ўсміхнуўся.

— Безумоўна, прыемна, але яшчэ прыемней было будаваць яго.

— Тонкі намёк, га? Што, брат, зробіш? Несвядома людына, як кажа Гайная.

— Велізарныя разбурэнні прынесла нам вайна, фашысцкае нашэсце, — тымчасам прадаўжаў Ладынін. — З вас кожны помніць, што ўяўляла Дабрадзееўка пасля вызвалення. Папялішча. Сем хат засталося, якія не знішчыў пажар. А ці даўно гэта было? Не, папялішча помняць дзеці, якія ў гэтым годзе пайшлі ў першы клас. Многім здавалася тады, што спатрэбіцца нямаведама колькі часу, каб адбудаваць усё, што мелася да вайны. І вось сёння мы бачым, што зроблена больш, што сталі мы багацейшымі і культурнейшымі. І гэта зроблена ўсяго за нейкія тры гады... Нялёгкія, таварышы, гады, не будзем утойваць праўды... Зроблена гераічнай працай простых людзей, учарашніх салдат, удоў... Зроблена дзякуючы вялікай дапамозе партыі і Совецкай улады. Без гэтай дапамогі доўга прышлося-б сядзець нам у зямлянках. Вось нашы гурткоўцы прынеслі адну рэч, — Ладынін нахіліўся і дастаў з-пад трыбуны капцілку са снараднай гільзы.

У зале засмяяліся.

— Бачыце, ужо смешна. А ці даўно гарэлі ў нас гэтыя «маргалкі»? Я прыехаў нядаўна, паўтара гады назад, а яшчэ бачыў іх у Дабрадзееўцы. І вось на іх ужо забыліся. Яны выклікаюць смех. Хутка забудуцца на гэтую «тэхніку» і ў Лядцах і ў Радніках — у тысячах другіх такіх-жа вёсак. Але электрычнасць заменіць не толькі лямпу!

Гаворачы пра дасягненні калгасаў, Ігнат Андрэевіч называў лепшых людзей: брыгадзіраў, звеннявых, радавых калгаснікаў — чыёй працай славяцца калгасы. Назваў Машу, Насцю Рагіну, Клаўдзю Хацкевіч, Івана Лескаўца, Гашу Лескавец, Ганну Лескавец... Многіх Лескаўцоў, многіх людзей з «Партызана».

Максім адчуў сябе пакрыўджаным: яго імя Ладынін не назваў.

«Упарты стары. У такі дзень, на такім сходзе і то паскупіўся добрае слова сказаць. Выходзіць, людзі працавалі, а старшыня гуляў».

Але Ладынін сказаў і пра іх — пра яго і Васіля, добра сказаў, цёпла, калі гаварыў аб росце ў вёсцы новай інтэлігенцыі, новай культурнай сілы.

Піліп Раднік, уздыхнуўшы, сказаў да Максіма:

— Значыцца, інтэлігент? Што-ж, з выгляду падыходзіш, — Раднік акінуў яго з галавы да ног крытычным позіркам. — Толькі лаешся ты здорава... Я аднойчы чуў, як ты хлопцаў сваіх крыў каля кустарнага. Люба паслухаць.

Максім спалохана аглянуўся — ці не чуе хто? Упершыню яму стала сорамна з-за таго, што ён часам у злосці ўжывае залішне моцныя слоўцы.

«Стары тхор! Заўсёды атруціць настрой... Аднак трэба прасачыць за сабой. Сапраўды няёмка...»

Раднік не сунімаўся:

— Жарт жартам, а дарога ў вас, хлопцы, шырокая. Ой, шырокая! Каб мне зараз вашы гады, я, можа, каго-небудзь і ззаду пакінуў, на буксір узяў-бы. Дарэмна вы выдумалі, што Раднік у кусты ад жыцця хаваецца.

Раднік не мог гаварыць шэптам і бубніў, быццам сыпаў боб. Байкоў павярнуўся, пагразіў яму алоўкам.

Ладынін панізіў голас.

— Таварышы! Не ўсе яшчэ раны вайны мы залячылі. Цяжэй за ўсё залечваюцца чалавечыя раны. Не высахлі яшчэ слёзы ўдоў і сірат, не загаіліся раны інвалідаў. А там, — голас яго загучэў з ранейшай сілай, — за акіянам, магнаты Амерыкі рыхтуюць новую вайну. Там размахваюць атамнай бомбай, пагражаюць ёй нам. Выступаюць розныя сенатары... прапануюць скінуць гэтую бомбу на нас, на нашых матак і дзяцей, на нашу мірную працу. Але совецкіх людзей не запалохаюць гэтыя: пагрозы, мы супакоілі нямала падобных вар'ятаў. Мы не дазволім пачаць новую вайну. Не дазволім разбурыць мір, які мы заваявалі такой дарагой цаной для ўсяго чалавецтва.

На людзей у зале нібы ўпаў раптам цень — цень успамінаў: пацямнелі твары. Многія жачыны паднеслі да вачэй хусткі.

Васіль на адзін міг заплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой забітую літоўскую дзяўчынку, пачуў голас Варанкова. Маша ў гэты час думала аб сваім будучым сыне: няўжо парушаць яго мірны сон, яго шчасце?

Не, гэтага не павінна ніколі здарыцца! Ніколі!

— ...З кожным днём расце дэмакратычны лагер, лагер міру і свабоды і з кожным днём слабее лагер імперыялістычны, лагер вайны, — скончыў свой даклад Ладынін. — Мы жывем у такі век, калі ўсе дарогі вядуць да комунізма. Народы свету з надзеяй і ўдзячнасцю глядзяць сёння на нас, совецкіх людзей, на таварыша Сталіна, вялікага сцяганосца міру!..

Выступалі школьнікі, паказвалі партызанскую п'есу. Ігралі па-дзіцячаму наіўна, з суфлёрам, які сядзеў за сцэнай і словы якога даляталі да гледачоў раней, чым іх паўтаралі акторы. Але прысутныя надзвычай бурна рэагавалі на падзеі, якія адбываліся ў п'есе: абураліся супраць фашыстаў і здрадніка, апладыравалі, радаснымі выгукамі сустракалі з'яўленне партызан — хлапчукоў і дзяўчат у дзіўнай, не па росту, вопратцы, з самаробнымі аўтаматамі на шыі і гранатамі збоку. Здавалася, што людзі не п'есу глядзяць, а перажываюць усё гэта ў сапраўднасці, як перажывалі некалькі год назад. У Міхея Вячэры нават слёзы стаялі ў вачах.

Малодшыя вучні дэкламавалі вершы аб Сталіне, аб Радзіме, аб героях вайны. У вуснах дзяцей кожнае слова верша набывала нейкую асаблівую прывабнасць, сілу ўздзеяння на пачуцці слухачоў.

Пасля выступаў калгасны хор пад кіраўніцтвам Ніны Мяцельскай. Праўда, на сцэне яна не дырыжыравала, а спявала разам з усімі. Прыгожы быў голас у жонкі дырэктара школы, але дарэмна Ліда ўгаварвала яе калі-небудзь выступіць з сольным спевам. З-за свае сарамлівасці Ніна Аляксееўна не магла адважыцца на гэта, хоць ёй і вельмі хацелася выпрабаваць свае здольнасці.

З сольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Ніна Аляксееўна выявіла ў гэтай непрыгожай дзяўчыны незвычайныя вакальныя здольнасці.

Весела праходзіў гэты перадсвяточны вечар у новым клубе! Нават тады, калі пачаліся танцы, людзей не надта паменшала. Косцю Радніку прышлося прыкласці нямала намаганняў і вынаходства, каб вынесці і размясціць у файе лаўкі і ачысціць месца для танцаў. Старыя расселіся на сцэне паглядзець, як будзе танцаваць моладзь. Толькі Ладынін і Мяцельскі зніклі. Яны сядзелі ў бібліятэчным пакоі і змагаліся ў шахматы.

— Ну, добра, усё гэта добра, дарагі Ігнат Андрэевіч. Але далей што? — прымаўляў пасля кожнага ходу «праціўніка» дырэктар школы.

Ладынін ціхенька, без слоў, напяваў то вясёлую, то сумную мелодыю, у залежнасці ад таго, які рабіў ход «паважаны Рыгор Усцінавіч». Вакол іх століка тоўпілася чалавек дзесяць «балельшчыкаў», і кожны з іх лічыў сваім абавязкам падказаць аднаму з ігракоў, параіць.

Максім увесь вечар танцаваў з Лідай. Ён чуў, як аб іх з захапленнем шапталіся жанчыны. «Вось пара, дык пара. Быццам раслі адзін для аднаго!» — і любаваўся Лідай і сабой. У душы ў яго расло адчуванне, што вечар гэты будзе найшчаслівейшым у яго жыцці. Ліда, як ніколі, адносілася да яго прыветліва, ласкава, не кпіла, не насмешнічала, як звычайна. У часе танца размаўляла сур'ёзна і яму здавалася, што яна нечым як-бы засмучана.

Баяніст Косця Бульбешка нахіліў да баяна галаву, спрытна прабег пальцамі па ладах знізу ўгору, лена расцягнуў мех і зайграў нешта сумнае. Моладзь насцярожылася. Але баяніст раптам махнуў галавой, адкінуў свой бялявы чуб з ілба, тупнуў нагой і грымнуў вясёлую плясавую. На круг, галёкнуўшы, выскачыў Сашка Лазавенка. За ім, быццам дражнячы каго, выплыў камлюкаваты, крываногі трактарыст Яўмен Шукайла. Міхайла Прымак не стрываў, як ён крыўляецца, «паганіць механізатарскі род» і выскачыў на круг сам, выпіхнуў Яўмена плячом.

У маладосці Міхайла быў найлепшым танцорам у сельсовеце, актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Але цяжкія раны давалі сябе адчуваць, і ён, хутка змарыўшыся, пачаў выклікаць Машу. Яна паспрабавала схавацца за жанчын, але яе ветліва выштурхнулі на сярэдзіну. Яна прайшлася паўз сцяну людзей, шукаючы, перад кім спыніцца. Позірк яе ўпаў на Ліду. Тая ведала пра цяжарнасць Машы і адразу-ж змяніла яе. Але як толькі Ліда вышла, Сашка і Прымак схаваліся ў натоўпе, адзін — з-за юнацкай сарамлівасці, другі — баючыся, каб Ліда не выклікала яго на спаборніцтва. Косця Раднік закрычаў:

— Шырэй круг! Шырэй круг!

І круг расшырыўся, адступілі людзі, прыціснуліся да сцен.

Ліда выхапіла хустачку, узмахнула ёй над галавой, перакружылася раз, другі з надзвычайнай лёгкасцю і грацыёзнасцю, прайшлася па кругу і раптам працягнула руку з хустачкай да Максіма. Ён павольна расшпіліў каўнер кіцеля і, калі яна падышла ў другі раз, гучна тупнуў нагой, адкінуўшыся ўсім целам назад. Ліда гарэзліва адступала, нібы паддражняла, заманьвала яго: дагані! злаві! Ён скочыў, прысеў, двойчы перакружыўся вакол яе і пайшоў выбіваць такую чачотку, што зазвінелі шыбы. Шпарчэй заскакалі пальцы баяніста па перламутравых ладах, ніжэй схілілася яго галава, зноў упалі на лоб валасы.

Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Хто — каго, хто здасца першы? Але ніхто не хацеў уступіць пяршынства. Навокал заахвочвалі іх:

— Максім! Глядзі, не паддайся! Пастой за мужчынскі гонар!

— Ай, малайчына, Ліда! Вось гэта дзяўчына! Што ваш Максім!

— Косця! Давай шпарчэй!

Баяніст ўсё набіраў і набіраў тэмп, «выціскаючы» з сябе і свайго інструмента ўсё, што мог; баян ажно захліпаўся ўжо. І ўсё шпарчэй і шпарчэй лётаў па кругу Максім, то прысядаючы, кружачыся на адной назе, то высока падскокваючы. Усё шпарчэй кружылася Ліда, уздымаючы плаццем вецер.

Людзі прыціхлі, зацікаўленыя і здзіўленыя, толькі заднія станавіліся на лаўкі, на падаконнікі, націскалі на пярэдніх; здавалася вось-вось разарвецца жывое кола, перашкодзіць танцорам. Але Максім лётаў з такой хуткасцю,. што страшна было ступіць за мяжу кругу, — зваліць з ног.

Праляцела хвіліна, другая, пяць хвілін... Т невядома колькі-б часу прадаўжаўся гэты шалёны танец, каб не Маша. У яе раптам закружылася ў галаве ад гэтага іх шалёнага кружэння, яна нахілілася і палажыла руку на мех баяна, загадала:

— Спыніцеся! Што вы робіце?

Баян змоўк.

Максім і Ліда спыніліся, разгублена аглянуліся. Яны не асабліва нават і задыхаліся. Ім апладыравалі. Максім падышоў, пакланіўся і... пацалаваў яе руку.

Жанчыны здзіўлена ахнулі. Нехта з маладых засмяяўся.

Ліда знікла. Максім доўга шукаў яе, покуль дзяўчаты не падказалі яму, што яна ў пакоі радыёвузла. Невялічкі пакойчык гэты першапачаткова прызначаўся для гурткоў і знаходзіўся за сцэнай. Звычайна Косця Раднік трымаў яго на замку і нікога не ўпускаў, нават на дзвярах вісела шыльдачка: «Пабочным уваход забаронены». Але ў гэты раз пакой быў адчынены, у замочнай шчыліне тырчэў ключ.

Ліда сядзела на табурэце, абапершыся локцямі на доўгі стол, на якім стаяў вялікі бліскучы прыёмнік. Яна задуменна глядзела на шкалу настройкі з мноствам надпісаў гарадоў і, відаць, не пачула, як Максім зайшоў. У пакоі было ціха, Косця выключыў дынамік.

Максім, п'яны ад танца, падышоў і ўзяў са стала яе рукі, сціснуў іх. Яна паднялася, стала перад ім, тварам у твар, папрасіла:

— Пусці рукі, Максім. Баліць.

— Баліць? А ў мяне сэрца баліць. Пра гэта ты ведаеш?

— Чаму ты гаворыш аб сваей хваробе мне? Я не доктар. Звярніся да бацькі, — аднак рук не адымала.

— Ліда! Гэтак нельга жартаваць!

— А як можна? — вочы яе зноў смяяліся, але не весела, як звычайна.

— Я не магу!.. Я хачу ведаць... Я павінен ведаць... Мы не дзеці, Ліда, мы — дарослыя людзі, мы мусім называць рэчы іх імёнамі. Я цябе кахаю, як не кахаў яшчэ ніколі ў жыцці...

— Ніколі ў жыцці?! — яна выхапіла свае рукі, схавала іх за спіну, адступіла на крок назад і прытулілася да цёплай грубкі. — Ніколі ў жыцці! Іменна таму, што я ўжо не дзіця, я не веру табе, калі ты гаворыш такія гучныя словы...

— Ліда!

— Не веру! Не магу паверыць... Я не разумею цябе, ды і сам ты, відаць, не разумееш сябе. Мне страшна падумаць... Я разумею Машу...

— Што страшна? — у Максіма задрыжэў голас, напамінак пра Машу ўзлаваў яго.

— Страшна быць з табой, — і Ліда хутка пайшла да дзвярэй, пакінуўшы яго, разгубленага. Але ён адразу схамянуўся, калі пачуў, як у дзвярах шчоўкнуў замок. Кінуўся да дзвярэй — яны былі зачынены. Гучна прашаптаў з просьбай і пагрозай:

— Ліда!

Яна прыглушана засмяялася. Па сцэне дробна застукалі яе каблучкі. Стук аддаліўся, зліўся з гоманам у зале, з шорахам ног, з галасістым спевам баяна.

Раз'юшаны Максім кідаўся па маленькім пакойчыку — тры крокі ад дзвярэй да сцяны, да адзінага акна з падвойнымі рамамі. Уявіўшы, як яму давядзецца тлумачыць усё Косці Радніну, ён застагнаў ад роспачы. Злосць, абраза, захлынулі ўсе іншыя пачуцці, увесь яго святочны настрой, надзею на шчаслівую размову з Лідай. Вось яна, шчаслівая размова! Ён мог стрываць усё, любыя яе словы, любую абразу, але такі недарэчны, такі дзіцячы жарт... Яму ажно смешна стала самому. Сапраўды, прыдумаць такі жарт магла толькі Ліда. Ён адчуў, што ўвесь мокры ад поту, выцер хустачкай твар, аглянуўся. Убачыў на стале графін з вадой — зразумеў, чаму апынулася тут Ліда: папрасіла ў Косці ключ і прышла напіцца. Максім схапіў графін, нагбом выпіў усю ваду. П'ючы, успомніў, што Ліда ўпершыню гаварыла яму «ты». Ён зноў засмяяўся, ужо весялей. Вырашыў моўчкі дачакацца Косці, калі той прыдзе выключаць вузел, і расказаць яму ўсю праўду.

Дзівацтвы Лідзіны Косці вядомы і, калі яго добра папрасіць, ён нікому не раскажа пра гэты яе чарговы жарт. Абы толькі ён прышоў адзін!


16...


Такой Ліду ведалі ў Дабрадзееўцы — вясёлай, жыццерадаснай, бестурботнай, здатнай на розныя выдумкі, на самыя нечаканыя жарты. Праўда, ведалі і іншае: свае жарты, сваю весялосць яна ўмее спалучаць з сур'ёзнай, добрасумленнай работай у школе, з абавязкамі ўдумлівага цікавага агітатара. Ведаючы яе, як дачку Ладыніна, ніхто ніколі не пацікавіўся, якое жыццё яна пражыла дагэтуль, а сама яна не любіла расказваць пра сваё мінулае.

І, безумоўна, ніхто не ведаў, якім складаным душэўным жыццём яна жыве, якія супярэчлівыя пачуцці і думкі часам апаноўваюць яе. Нават бацькі толькі здагадваліся пра гэта.

Эвакуіраваўшыся ў пачатку вайны з маці на Урал, Ліда адразу-ж пайшла на завод, каб дапамагаць фронту, дапамагаць разгрому ненавіснага ворага, які таптаў яе родную зямлю, спаліў вёску на Магілёўшчыне, дзе яны жылі, і школу, у якой яна правучылася дзевяць год. Але, калі надышоў верасень, маці і дзядзька, парторг ваеннага завода, прымусілі яе пайсці ў дзесяты клас. Яна вучылася і адначасова штодзень пасля школы працавала чатыры гадзіны на заводзе; больш працаваць вучням не дазвалялі. Пасля заканчэння школы яна цвёрда вырашыла паступіць на курсы медыцынскіх сясцёр, каб паехаць на фронт... Яна ажыццявіла сваё жаданне, не гледзячы на ўгаворы маці. Але пазаймалася яна на курсах толькі адзін месяц. Дачка ўрача, яна і раней добра ўмела зрабіць любую перавязку, любую лячэбную працэдуру, ведала лякарствы. Але з курсаў яе не паслалі на фронт, а накіравалі ў шпіталь, які знаходзіўся ў тым-жа уральскім горадзе і нават недалёка ад кватэры дзядзькі, у якога яны жылі. У гэты час з фронта на некалькі дзён прыехаў бацька. Ён проста, па-сяброўску, параіў ёй, не пакідаючы працы ў шпіталі, пайсці ў інстытут. «Ваюючы, мы думаем пра мір, пра мірную працу. Пасля вайны нам спатрэбіцца вельмі многа спецыялістаў, — гаварыў ён. — А ты марыла, помню, аб дзейнасці педагога. Высокародная прафесія!»

Яна паслухалася яго парады і пайшла ў педагагічны інстытут. Гэта была цяжкая восень. Гераічна змагаліся абаронцы Сталінграда. Раненых было многа. Замест таго, каб дзяжурыць уначы цераз суткі, ёй даводзілася дзяжурыць штоноч, а часам заставацца і на дзень. У інстытуце на лекцыях яна часта засынала, але ніхто з гэтага не смяяўся, не кпіў — ні студэнты, ні выкладчыкі. Не адна яна была такая, многія дзяўчаты працавалі на заводах, у шпіталях.

Там, у шпіталі, і прышло да яе першае каханне — каханне, якое не забываецца праз усё жыццё.

Капітана Сяргея Чарнышова раніла ў апошні дзень ліквідацыі Сталінградскай футроўкі. Куля прабіла яму навылёт грудзі, левае лёгкае недалёка ад сэрца. Разам з іншымі раненымі яго даставілі ў тылавы шпіталь на самалёце. Ліда дзяжурыла, калі яго прынеслі на насілках у палату, палажылі на ложак. Яна нахілілася над ім, папраўляючы коўдру, падушкі. Ён расплюшчыў вочы, доўга і пільна ўзіраўся ў яе твар і, раптам, радасна ўсміхнуўшыся, спытаў:

— Вы? — нібы яны былі знаёмы раней і, памаўчаўшы, дадаў: — Як ваша імя? Ліда? Ліда, — прашаптаў ён і заплюшчыў вочы.

Уначы яе разбудзіла маці. Званіла дзяжурная ўрач са шпіталю.

— Лідачка, ранены капітан вельмі просіць, каб ты прышла. Яму толькі што зрабілі аперацыю.

Гэта было не ўпершыню. У яе было ўжо некалькі такіх раненых, якія капрызліва патрабавалі, каб дзяжурыла толькі яна, каб толькі яна адна перавязвала іх, падавала лекі, ваду. Аднак ніколі ў яе не білася так моцна сэрца, як у гэты раз, калі яна, хуценька апрануўшыся, бегла па трыццаціградусным уральскім марозе ў шпіталь.

Чарнышоў ляжаў з адплюшчанымі вачыма і адразу павярнуў галаву, як толькі яна ўвайшла. На змучаным твары яго адбілася радасць. Яна села на край ложка, узяла яго рукі.

— Даруйце,— ледзь чутна прашаптаў ён,— мне пасля сказалі, што вы не дзяжурыце. Не палічыце гэта за капрыз. Я трэці раз у шпіталях і ведаю, я не капрызлівы... Мне проста захацелася пабачыць вас... Мне здалося, што я памру. Ніколі не думаў пра смерць, а тут раптам падумаў і спалохаўся. Дзіўна, праўда? Першы раз мяне раніла ў пачатку вайны, пад Барысавам, потым — пад Масквой... у першы дзень наступлення. А ў Сталінградзе я быў з першага дня абароны. З першага і да апошняга... У кастрычніку мой узвод быў абкружаны ў падвале дома, і мы трымаліся семнаццаць дзён. Нас было сорак чатыры, засталося восем... Побач ляжалі забітыя сябры... Аднак усёадно я ніколі не думаў пра смерць... Гэтаму цяжка паверыць — я разумею...

Голас яго быў слабы, хрыплы. Ліда схілілася над ім, каб чуць, каб разабраць усе словы. І раптам ён паведаміў ёй таямнічым шэптам:

— Я хачу жыць.

Яла ажно мімаволі аглянулася ад нечаканасці, але ранены зноў павысіў голас і нават загаварыў больш моцна, чым у пачатку:

— Напішыце маёй маме. Я ўжо тыдзень не пісаў ёй. Напішыце вясёлае гэткае пісьмо... Ад мяне... Што я жывы, здаровы... Што мы разграмілі ў Сталінградзе немцаў і адведзены ў тыл на адпачынак... Не, пачакайце... Адрас — на шпіталь?.. Я лёгка ранены... Зусім лёгка, — ён заплюшчыў вочы, і вусны яго варушыліся: ён дыктаваў пісьмо ў думках.

Стрымліваючыся, каб не заплакаць, Ліда пяшчотна гладзіла яго рукі.

Так непрыкметна прышло яно, яе каханне. Праз колькі дзён яна з нецярплівасцю чакала канца лекцый, чаго не было з ёй ніколі раней, і адразу-ж бегла ў шпіталь... У часе дзяжурства яна амаль не выходзіла з яго палаты. Іншыя раненыя нават пачалі скардзіцца на яе ўрачу. Але нішто не магло стрымаць, нішто не магло заглушыць яе магутнага пачуцця, якое расло з кожным днём.

Сяргею не дазвалялі многа размаўляць, і яна, каб ён толькі маўчаў, няспынна гаварыла сама: расказвала пра сваё дзяцінства, пра бацьку, пра сяброў, чытала яму вершы, часам ціхенька спявала, быццам калыханку малому. Аднойчы ён пацалаваў яе руку, неяк нечакана, калі яна папраўляла падушку, і яна цэлы вечар насіла гэтую руку неяк асцярожна, адчуваючы на ёй цеплыню яго вуснаў.

Пра яе каханне даведалася маці — расказалі знаёмыя ўрачы. Пачалі жартаваць сяброўкі з інстытута. У адказ яна толькі радасна ўсміхалася: для яе было найвялікшым шчасцем, калі гаварылі пра яго.

Нядоўга цягнулася гэта шчасце — дзён дзесяць.

Аднойчы ўвечары яна прышла на дзяжурства, апранула халат і, як заўсёды, радасна бегла па калідору да знаёмай палаты, каб хутчэй убачыць яго, прывітацца. Яе спыніла дзяжурная ўрач, абняла і не вытрымала сама — заплакала.

У Ліды пахаладзела сэрца; яна адразу ўсё зразумела: Сяргей памёр. Падманным аказалася палепшанне яго здароўя ў апошнія два дні: гэта была апошняя барацьба арганізма са смерцю, апошняя ўспышка жыцця.

Яна не заплакала, толькі выказала крыўду ўрачам, сёстрам-сяброўкам, што яны не паклікалі яе. Выказала з нервовым абурэннем, злосна і пайшла выконваць свае абавязкі.

З могілак на другі дзень яна прышла хворая. Напружаная праца і гэтае нечаканае няшчасце надламалі яе здароўе. Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх. Два месяцы ёй не дазвалялі ўставаць з ложка. Але яе ратавала не лячэнне, а яе моцная воля, яе прагнасць да жыцця. Яна перамагла хваробу. З надыходам вясны Ліда паднялася, пайшла ў інстытут і здала ўсе экзамены, але ў шпіталь больш не вярнулася.

Пасля летняга адпачынку яна зноў была такая-ж рухавая, жартаўлівая і вясёлая, як і раней, спявала, займалася спортам. Праўда, маці адносілася насцярожана да гэтай рухавасці, якая часамі пераходзіла ў нейкую нервовую ўзбуджанасць. Скончылася вайна, і гэта канчаткова вылечыла яе. Сям'я вярнулася ў родную Беларусь. За час жыцця ў Дабрадзееўцы Ліда ўзмужнела, пасталела і яшчэ больш папрыгажэла.

Яна не забывалася на сваё першае каханне, назаўсёды захаваўшы ў сэрцы светлы вобраз Сяргея, але гэта не замыкала яе жыццё ў кола ўспамінаў пра мінулае. Яна рвалася ў будучыню, марыла пра яе; ёй хацелася пакахаць такога-ж разумнага і мужнага чалавека, якім яна ўяўляла Сяргея, яна па-дзявочаму сумавала па такім шчырым каханні. Але чалавек такі не трапляўся. Аднойчы ёй здалося, што яна знайшла яго. Гэта было ў першыя дні жыцця ў Дабрадзееўцы. калі да іх пачаў часта заходзіць Васіль Лазавенка. Але хутка яна зразумела, што Васіль не той чалавек, якога яна чакала, пра якога марыла. Ды і наведваўся ён зусім не з-за яе, як ёй здалося спачатку. Неўзабаве яна даведалася, што ён кахае другую дзяўчыну.

Ліда прышла да акна, сціснуўшы далонямі скроні, прытулілася гарачым ілбом да абледзянелай шыбы. Мароз выткаў на шыбах дзівосныя карункавыя ўзоры. За акном гуляла завіруха, сыпаўся калючы снег, шуршэў па сцяне. Вецер скуголіў у коміне. Ранняя ў гэтым годзе зіма. Ранняя і суровая. Ужо больш месяца ляжыць снег, намяло высокія сумёты на вуліцы, на гародах.

Бацькі даўно ўжо спалі, даўно пагасла электрасвятло. Ліда пісала пры лямпе. На стале былі раскіданы спісаныя аркушы паперы. Нікому за пяць год яна не расказвала пра сваё каханне, пра смерць Сяргея. Упершыню яна робіць гэта ў пісьме да Алесі, выконваючы сваё абяцанне, якое дала некалі ў паходзе.

Ліда ўсё адкладвала гэты сумны расказ. Але ў апошнім пісьме Алеся пыталася, ці праўда тое, што пішуць ёй пра яе, Лідзіны, узаемаадносіны з Максімам. Ліда доўга нерухома стаяла каля акна. Успаміны ўсхвалявалі яе, разбалелася галава. Нарэшце, яна вярнулася да стала і парвала апошні аркуш, на якім пачала пісаць пра Васіля.

«Не трэба гэта, бо няпраўда, не было гэтага нічога, не думала я аб ім».

Пачала пісаць далей:

«...Спачатку я не верыла ў шчырасць яго кахання, мне здавалася, што такі чалавек, як Лескавец, не можа пакахаць па-сапраўднаму, на ўсё жыццё. Цяпер я веру, што ён пакахаў, на ўсё жыццё ці не на ўсё — невядома, але пакахаў моцна...

Але ты, мая слаўная сяброўка, пытаеш не аб ім, ты пытаеш: ці кахаю я яго? Прызнаюся табе шчыра, што гэта цяжкае пытанне для мяне, я і сама не раз задавала яго сабе. Ці кахаю я яго? Я бадай узненавідзела яго пасля таго, што ён зрабіў у дачыненні да Машы. Мяне гэта страшэнна абурыла і ўразіла. Шэсць год чакаць, шэсць лепшых год і, дачакаўшыся, сустрэць такую халодную абыякавасць! Ты помніш, я расказвала табе, як я літаральна выгнала яго з дому, як ён вышаў, згорбіўшыся, нібы чакаючы ўдару... Але калі я даведалася, што Машу доўга і шчыра кахае Васіль, і ікалі Маша вышла замуж, я зразумела (яшчэ раз), што жыццё шмат складаней, чым я ўяўляла, хоць я ніколі не ўяўляла яго простым. Я даравала Максіму ўсё, калі выпадкова пачула яго прызнанне майму бацьку ўвечары таго дня, калі Маша і Васіль запісаліся. «Я кахаў яе», — і ў гэтых яго словах было столькі добрага чалавечага смутку, што ажно ў мяне ўстрапянулася сэрца. Але я абурылася зноў, калі ён на лузе — помніш? — паспрабаваў мне гаварыць пра сваё каханне. Мінула ўсяго два тыдні пасля таго вечара, пасля яго добрых слоў аб Машы! Я не разумела яго. Я не зусім разумею яго і зараз, а таму баюся, сапраўды баюся яго кахання. Яшчэ больш баюся я прызнацца самой сабе, што і ў мяне нарадзіліся нейкія пачуцці: я не магу іх яшчэ азначыць, даць назву. Час зменьвае ўсё: пачуцці, мары, саміх людзей. Я прыглядаюся да Максіма і, як ні дзіўна, знаходжу ў ім многа станоўчага, нават тыя яго якасці, якія я раней асуджала, цяпер падабаюцца мне. Дзіўна ўсё гэта, мілая Алеся, дзіўна і надзвычай складана. Маё першае каханне ўспыхнула раптоўна і ў міг разгарэлася вялізным полымем, якое ледзь не спапяліла мяне самую. Яно з'явілася тады, калі я нічога яшчэ не ведала пра Сяргея, я проста ўбачыла мужнага чалавека. І нічога тады не цікавіла мяне, на ўсё я забывалася, калі была з ім. Пакутліва нараджаецца маё другое каханне. Я ўсё ўзважваю, усё ацэньваю, нібы раблю нейкі разлік. Ажно самой робіцца прыкра. Але я не магу інакш, калі думаю пра Максіма. Мне, напрыклад, цяжка было ведаць, што ён не вучыцца, мала чытае, і мала ведае і не жадае вучыцца. Неяк я сказала яму пра гэта, сказала насмешліва, здзекліва — такі ў мяне благі характар. Ён пакрыўдзіўся, упершыню загаварыў дзёрзка: «Безумоўна, куды мне, калгасніку, калі паважаная Лідзія Ігнатаўна сніць паэта, прафесара». Няпраўда! Нічога я не сню і ні аб кім не мару. Я марыла, я жадала пакахаць чалавека разумнага, жыццерадаснага, вясёлага, з якім было-б лёгка і шчасліва ісці ў заўтрашні дзень, у светлы дзень нашай будучыні. Між іншым, мне расказвалі, што цяпер Максім дзень і ноч сядзіць пад кнігамі. Сапраўды, ён нават да нас наведваецца не так часта.

Аднак я распісалася, часу ў мяне многа, не тое, што ў цябе, нашай масквічкі. Зайздрошчу я табе і цвёрда вырашыла: на наступны год паеду ў аспірантуру, калі не ў Маскву, то ў Мінск.

Бачыш, як няскладна, як сумбурна я пішу: пачынаю пра адно, а канчаю пра другое. Напісала цэлы раман, а галоўнае і не сказала, не адказала на тваё пытанне. Ці кахаю я Максіма? Здаецца, кахаю...»

Ліда напісала гэтыя словы і, нібы спалохаўшыся, хутка паднялася, зноў падышла да акна, угледзелася ў марозны ўзор і раптам гучна і ўзлавана прашаптала:

— Не, не кахаю! Няпраўда!

Аднак таго, што напісала Алесі, не выкрасліла.


17...


Васіль быў у Мінску на нарадзе старшынь калгасаў і дырэктароў МТС. Нарада, на якой абмяркоўваліся мерапрыемствы па ўздыму ўраджайнасці калгасных палёў, прадаўжалася другі дзень. Пасля даклада сакратара ЦК пачаліся выступленні.

Васіль таксама выступіў і даволі ўдала — абгрунтавана, прадумана, бо яшчэ дома рыхтаваўся. Некалькі разоў яго перапынялі апладысментамі. Ён гаварыў пра свой калгас, пра МТС, крытыкаваў работу раённых і абласных арганізацый, кінуў некалькі трапных закідаў у адрас Акадэміі навук і Міністэрства сельскай гаспадаркі. Скончыў ён сваю прамову прапановай абмеркаваць пытанне аб мэтазгоднасці аб'еднання дробных калгасаў у больш буйныя гаспадаркі.

— Дакладчык, таварыш сакратар ЦК, расказаў нам, як будзе расці з года ў год наш трактарны парк, як будзе нам дапамагаць дзяржава і партыя машынамі. Ды і цяпер іх ужо ў нас нямала розных машын. І ўжо бывае цяжка скарыстаць іх у дробных гаспадарках, на малых плошчах зямлі... Я вам прывяду прыклад, — ён хацеў быў сказаць пра свае калгасы — пра «Волю» і «Партызан», даказаць, якія выгоды можна было-б атрымаць, каб зліць гэтыя калгасы ў адзін, але ўспомніў, што ў зале сядзіць Максім Лескавец, сумеўся, падумаў, што той зноў можа не зразумець яго, і палічыў за лепшае прывесці ў прыклад другія калгасы свайго раёна. — Таварышы, гэта не толькі мая думка, гэта думка многіх механізатараў, работнікаў МТС. Думаю, што і тут, на нарадзе, яны падтрымаюць мяне...

— Правільна! — выгукнулі з залы.

— Фантазія! — абурана прамовіў другі голас.

У зале зашумелі, заварушыліся.

Абвясцілі перапынак. Васіль, усхваляваны, дрыжачымі рукамі збіраў на трыбуне аркушы паперы з тэзісамі свайго выступлення. Сакратар ЦК, праходзячы міма, паціснуў яго руку каля локця.

— Правільна, Лазавенка! Смела крытыкуй усіх, хто перашкаджае ўздымаць гаспадарку. І прапанова твая слушная. Над гэтым мы ўжо думалі.

У зале яго абкружылі старшыні, дырэктары МТС, пачалі выказваць свае меркаванні, спрачацца. Відаць, што многія ўжо думалі пра ўзбуйненне, пра больш рацыянальнае выкарыстанне машын.

Незнаёмы чалавек цераз галаву працягнуў яму паперку.

— Вам тэлеграма, Лазавенка. Даўно шукаю вас.

У Васіля ўздрыгнула сэрца: Маша!

На тэлеграме крыху незвычайны адрас: «Мінск, нарада старшынь калгасаў, Лазавенку».

Васіль баяўся разгарнуць яе тут, у прысутнасці людзей, і пачаў хутка прабівацца ў файе, дрэнна ўжо даходзячы да сэнсу пытанняў, неўпапад адказваючы на іх. У файе таксама было поўна народа.

Гаманілі, закурвалі, работніца тэатра прасіла:

— Таварышы, нельга курыць тут. Ёсць курылка. Ах, які несвядомы народ!

— Вунь ён, ваш Лазавенка, — сказаў нехта збоку.

Яго паклікалі:

— Васіль Мінавіч!

Ён не звярнуў увагі, хутчэй выскачыў на вуліцу. Спыніўся каля пад'езда, разгарнуў тэлеграму.

«Нарадзіўся сын. Віншую. Маша».

— Сын! — ён не заўважыў, што паўтарае гэта дарагое слова ўголас.

На яго глядзелі, відаць, разумеючы ў чым справа, усміхаліся.

Нарэшце, ён убачыў гэтыя цікаўныя позіркі, збянтэжыўся, хутка схаваў тэлеграму ў кішэню, перайшоў цераз вуліцу ў сквер. І тут уздыхнуў на поўныя грудзі, з асаблівай сілай адчуў вясну. Учора яшчэ было холадна, спрабаваў ісці мокры снег. А сёння ярка свяціла красавіцкае сонца, высахла мінулагодняе лісце на дарожках, дзе-ні-дзе прабівалася першая зеляніна.

Угары, на голых ліпах, голасна і сварліва крычалі галкі. Каля фантана з хлопчыкам і лебедзем гулялі дзеці. Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Васіль наблізіўся, заглянуў у каляску, там спаў ружовашчокі малы, трымаючы пульхнымі губамі чырвоную соску. Васіль залюбаваўся ім, усміхнуўся. Жанчына нахмурылася і падкаціла каляску бліжэй, потым паднялася, нібы намерваючыся загарадзіць сваё дзіця ад гэтага дзівакаватага незнаёмага. Васіль зразумеў яе пачуцці і нечакана сказаў, як добрай знаёмай:

— У мяне сёння нарадзіўся сын.

Жанчына засмяялася, прыгожа адкінуўшы галаву:

— Першы, безумоўна? Віншую вас.

Ён вышаў на Совецкую вуліцу. Яна нагадвала суцэльную будаўнічую пляцоўку: усё было разбурана, разрыта і ўсё будавалася нанова. Пераскакваючы цераз груды, пераходзячы па хісткіх кладках глыбокія канавы, няспынна снавалі людзі. На другім баку вуліцы працавалі два экскаватары, рылі катлаван для падмурка будучага дома. На вялізнай грудзе накапанай цэглы і пяску стаялі цікаўныя, любаваліся работай экскаватараў.

Васіль таксама пастаяў там, пацікавіўся, адчуваючы зайздрасць да гэтых машын: вось-бы ім такія на будаўніцтва гідрастанцыі! Снавалі аўтамашыны. Каля Камсамольскай вуліцы працаваў бетонаўкладчык. Вялікі коўш хадзіў па доўгай страле, у яго самазвалы высыпалі цэментавую масу, коўш кідаў яе ў зеў машыны, яна павольна рухалася і, прасуючы, укладвала густы раствор паміж двух рэек. На гэтым участку вырысоўвалася будучая вуліца — шырокая, роўная, велічная.

Васіль успомніў праекты, што былі развешаны ў файе Дома афіцэраў, дзе праходзіла нарада, праекты казачных будынкаў, план рэканструіраванай вуліцы.

Васіль уявіў гэтую вуліцу праз два-тры гады, забудаваную тымі дамамі, якія ён бачыў на праекце. Цудоўная будзе вуліца!

Паслаўшы ў адказ тэлеграму і вярнуўшыся на нараду, Васіль сеў на балкон: у залу не пускалі, хто спазніўся.

У наступны перапынак яго знайшоў Максім, таксама нечым узрушаны.

— Ты што — выступіў і драпануў? Цябе з прэзідыума шукалі.

Быў абвешчаны перапынак на абед, і яны, доўга прастаяўшы ў чарзе каля вешалкі, вышлі на вуліцу. Ішлі міма экскаватараў, бульдозераў. Васіль усё яшчэ прадаўжаў думаць пра Машу, пра сына і таму маўчаў, зрэдку толькі адказваў Максіму, якім, відаць, валодала жаданне пагутарыць.

— Вось дзе варочаюць, дык варочаюць! Нам-бы на наша будаўніцтва пару такіх машынак хоць на некалькі дзён.

— Павел Сцяпанавіч абяцаў даць экскаватар і адзін самазвал. Ты-ж ведаеш пастанову абкома, — адказаў Васіль, зноў аглядваючыся на жанчыну з дзіцем на руках.

— Але, брат, працуюць людзі. Будуюць комунізм. Паглядзіш — душа радуецца. Недарма там, — ён кіўнуў галавой у бок — на захад, — скуголяць ад злосці і бомбачкай сваёй махаюць. Між іншым, ты не чуў самага цікавага выступлення. Старшыня «Рассвета» Арлоўскі выступаў. Моцна гаварыў. Але, па-мойму, выхваляецца крыху...

— Чаму ты так скептычна настроены? Пра яго калгас напісалі цэлыя кнігі.

Максім хвіліну прайшоў моўчкі і зноў уздыхнуў:

— Але-е, працуюць людзі, — і хутка павярнуўся да Васіля. — Ведаеш, што я цвёрда вырашыў тут, на нарадзе? Паеду вучыцца.

— Вучыцца можна і дома. Я-ж вучуся завочна.

— Не магу. Я ў гэтым сэнсе неарганізаваны чалавек. Колькі я перачытаў за гэту зіму і — ніякай карысці...

— Гэта табе здаецца так.

— Не, сапраўды, нейкая каша ў галаве атрымалася. Агранамія пераблыталася з раманамі, хімія чорт ведае з чым. Мне трэба сістэма, штодзённы кантроль. Ты-ж помніш, я быў першы вучань у школе. Я ўпэўнены, што і цяпер у любой школе, на любых курсах я паказаў-бы на што здольны... Паеду! А то адчуваю — закісну, адстану. А адставаць я не хачу! — Максім прыпыніўся (ён крыху забег наперад), глянуў на Васіля — ці не ўсміхаецца той іранічна з яго самакрытычнага прызнання. Васіль не ўсміхаўся, але выгляд у яго быў нейкі незвычайны.

— Чаго гэта ты сёння выглядаеш, як імяніннік? — спытаў Максім.

— У мяне нарадзіўся сын, — ціха, як-бы таямніча, паведаміў Васіль.

Максім спыніўся, загарадзіўшы праход на кладку цераз траншэю, на твары яго адбілася нейкае складанае, супярэчлівае пачуццё, ён недарэчна спытаў:

— У Машы?

— А ў каго-ж яшчэ? Дзівак!

Максім нічога не адказаў, не павіншаваў нават.

Васіль прапанаваў:

— Давай заглянем куды-небудзь. Хочацца мне чарку ўзяць за здароўе майго сына.

— Дык там, у сталоўцы, калі ласка.

— Хлопцы гаварылі, што няма там нічога. Начальства пабаялася, што хто-ні-хто па прастаце сваёй душэўнай можа злоўжыць.

Максім зноў доўга не адказваў. Потым сказаў проста, весела і шчыра:

— Што-ж... за сына выпіць не грэх.


18...


Першы раз пасля родаў Маша вышла ў поле. Была ў разгары сяўба. Пасля сухіх сонечных дзён прайшлі цёплыя дажджы. На поўную сілу дыхала зямля, падыходзіла, як тое цеста, і дружна пакрывалася багатай зелянінай усходаў. Усё расло на вачах. Даволі было пастаяць гадзіну-другую і можна было ўбачыць, як чорная ралля раптам пачынала зелянець, нібы яе апырсквалі светлазялёнай фарбай. Пералівалася пад подыхам ветру хвалямі густая азіміна, шаўковай рунню вабілі позірк бяскрайнія ўсходы ранніх культур.

Маша выбегла за сад «Волі», і ў душы яе пачало расці нейкае незвычайнае захапленне, нейкая дзіўная радасць. Не першую вясну яна сустракае. На ўсё жыццё застанецца ў яе памяці вясна мінулага года. Цяжкая была вясна. Маша ўспомніла, як па гэтай вось дарозе бегла яна к Ладыніну прасіць дапамогі... І вось мінуў год, толькі адзін год, і ўсё стала іншым. Справа не ў яе асабістым шчасці, змянілася не толькі яна і яе жыццё, змяніліся палі, іх вясновы выгляд. Маша нават спачатку не магла зразумець, у чым сутнасць гэтых змен. Яна спынілася, агледзелася навокал, глянула ў неба. Як заўсёды ў такі час, у блакіт было балюча глядзець, як заўсёды, там звінелі нябачныя жаўранкі. Сінеў у далечыні лес. Паранейшаму стаяла пасярод поля, каля дарогі, старая сухаверхая бяроза, крыху далей чарнеў высокі пень. Але не было год назад вось гэтых слупоў. Паўз дарогу яны — невысокія, светлыя, з двума ніткамі дратоў. А воддаль, бліжэй да рэчкі, цераз палі, цераз лядцаўскі сасоннік, па гародах размашыста крочаць высокія чорныя слупы. Гэта — лінія высокавольтнай перадачы ад гідрастанцыі ў Дабрадзееўку. За сасоннікам на слупе віднелася постаць чалавека: манцёры «Сельэлектра» цягнулі лінію; блішчэлі на сонцы тоўстыя медныя правады.

Машу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Маша саступіла са сцежкі, але ён, параўняўшыся, затармазіў, саскочыў на зямлю.

— Сядай, Маша, падвязу.

— Што ты, Міхайла!

— Ты думаеш не павязу адной рукой? Дрэнна ты мяне ведаеш. Я і трактар ужо ваджу, не горш як да вайны, і матацыкл асвайваю. Хутка буду лётаць, толькі пыл слупом... Чытала ў журнале? Аповесць там была змешчана аб сапраўдным чалавеку, аб лётчыку, які без абодвух ног лётаў і немцаў біў. Уся справа ў трэніроўцы. А я чалавек упарты. Значыцца, баішся ехаць?

— Баюся.

— Дарэмна. Цяпер табе не страшна. Чакай, колькі ўжо твайму «кручку»?

(«Кручок» была вулічная мянушка Васіля Лазавенкі, на якую аднак пасля вайны ўсе забыліся).

— Тры тыдні.

— Усяго? Рана ты вышла ў поле. Каб я нарадзіў такога сына, поўгода адпачываў-бы... Не вытрымала?

Маша засмяялася.

— Не вытрымала.

Прымак папрасіў:

— Скруці, калі ласка, мне цыгарку, а то вецер...

Маша ўзяла ў яго паперу, кісет, няўмела пачала круціць, захіліўшыся ад ветру.

— Ты таксама не вытрымаў-бы, я ўпэўнена.

Цыгарка ў яе разарвалася, і махорка высыпалася на зямлю.

— Курыў-бы ты, Міхайла, папяросы.

Прымак з усмешкай паківаў галавой.

— Мой бацька быў самы скупы чалавек у вёсцы. Чула? Ды і жонка мая скупая. У яе на чарку не выпрасіш, не тое, што на папяросы.

Калі цыгарка, нарэшце, была гатова, Прымак згадзіўся з заўвагай Машы:

— Не вытрымаў-бы, ты правільна кажаш. Асабліва ў такую пару. Гадзіну цяжка ў хаце пасядзець. Ты ведаеш, як мы працуем? Бачыш? — ён паказаў на поле, на роўныя радочкі ўсходаў. — Мая брыгада ўзяла на сябе абавязацельства вырасціць у «Волі» і «Партызане» самы высокі ўраджай па раёну. Сеем толькі радковымі. Машынкі ў нас цяпер — во, — ён паказаў вялікі палец.

— Чуеш? Ва ўсіх чатырох баках свету гудзяць.

Сапраўды, паветра было напоўнена гудзеннем матораў. Недалёка за ўзгоркам на лядцаўскім полі працаваў трактар, а ззаду, за рэчкай, на балоце віднеўся другі, але яго тарахценне заглушалі іншыя машыны: вішчэла цыркулярка, пыхкаў лакамабіль.

Прымак услухаўся ў гэтыя гукі з асалодаю, як у цудоўную музыку. Неяк неўпрыкметку Маша палажыла руку на руль веласіпеда і цяпер вяла яго. Прымак ішоў з другога боку дарогі, курыў, размахваў рукой.

— Прыемна, Маша, працаваць, калі вось так усё наладжана. Брыгада абслугоўвае адзін сельсовет. Блізка, добра. Калі што якое — сабраліся, абмеркавалі. Пачне, да прыкладу, Лазавенка твой што-небудзь хітрыць-мудрыць — Ладыніну скажы, ён ураз правее яму мазгі. Але, на шчасце, усе ўзяліся за розум, як кажуць. Залатымі людзьмі пасталі. І Лескавец, і Раднік. Пра сваіх хлопцаў я і не гавару — арлы! Адзін Пеця твой чаго варты! За год назубок вывучыў камбайн і трактар. За ўсю вясну ніводнай аварыі. Па графіку працуюць, па паўтары нормы штодзень даюць, — Прымак дастаў з кішэні гадзіннік, — зойдзем? Зараз ён працуе.

— Зойдзем, безумоўна. Гэта-ж поле маёй брыгады.

— А ты думаеш так і застацца брыгадзірам?

— Думаю.

Міхайла з захапленнем паглядзеў на яе.

— Ну, ты больш упартая, чым я. Малайчына!

Зусім новы гусенічны трактар цягнуў сеялку. Сеялі ячмень. За сеялкай стаяў дзед Яўмен Лескавец. Больш за поўстагоддзе стары хадзіў па полі з сяўнёй, жменямі раскідваючы зерне, хрысціўся перад пачаткам сяўбы, прымаўляў на кожнай ніве словы, якія навучыўся яшчэ ад свайго дзеда. Т вось пад старасць ён стаў капітанам цэлага пасяўнога карабля. Ён сапраўды стаяў, як капітан, у белай кашулі. Вецярок кратаў яго сівыя валасы і бараду.

Каля дарогі, дзе стаялі бочкі з гаручым і вадой і ляжала куча мяхоў з насеннем, Пеця спыніў трактар.

Ён саскочыў з сядзення на зямлю, стрымана прывітаўся, як з чужымі і малазнаёмымі людзьмі, адвёў позірк убок. Пасля таго, як Маша вышла замуж, Пеця наогул паводзіў сябе пры сустрэчах з ёй дзіўна: ні то саромеўся сястры, ні то крыўдзіўся на яе. Дарэмна Маша намагалася ласкавасцю, клопатамі аб ім аднавіць ранейшыя сяброўскія адносіны — Пецю, здавалася, нічога не кранала. Машы было балюча і крыўдна. Асабліва выразна яна адчула гэтую крыўду цяпер, пасля яго халоднага прывітання. Яна не ведала, пра што гаварыць з ім і спытала таксама, як толькі ў знаёмага:

— Як ты жывеш, Пеця?

Ён адказаў коратка, не гледзячы на яе:

— Жыву.

— Жыве! — падхапіў Прымак. — Яшчэ і як жыве! Хату сваю ператварыў у штаб-кватэру трактарыстаў. Жаніцца надумаў, але вочы ў яго разбегліся — не ведае, якую выбраць... Адным словам, не ў цябе ўдаўся, Маша...

— Але-ж, жаніцца! — зняважліва хмыкнуў Пеця, і сцершы далоняй зямлю з гусеніцы, палез на трактар.

— Чаму-ж ты ніколі не зойдзеш, Пеця?

— А што мне рабіць у вас?

— Пабачыў-бы пляменніка.

— Та-ак, Пеця, і не ўгледзеў, кажаш, браце, як дзядзькам стаў, — пажартаваў дзед Яўмен, які спачатку корпаўся ў сеялцы, а цяпер падышоў да іх.

— Не ўгледзіш, як і дзедам станеш, — дадаў Прымак. Пеця павярнуўся, глянуў на Машу з вышыні трактара, засмяяўшыся, спытаў:

— Добры хлопец, Маша?

— Добры, Пеця. Вочы ў яго на твае падобныя.

— Не слухай, Пеця, выліты Лазавенка, нічога кацубаўскага, — зноў адгукнуўся з-за трактара Прымак.

Пеця прадаўжаў глядзець на Машу з нейкай цікаўнасцю, але ў поглядзе гэтым была ранейшая цеплыня, братняя шчырасць, іскрылася хітраватая жартаўлівасць. Маша пасля доўгага перапынку ўбачыла брата такім, якім ведала яго з маленства, і надзвычай радасна стала ў яе на душы.

— Добра, зайду, хоць і не люблю я твайго Лазавенку.

Гэтае яго шчырае, па-дзіцячаму непасрэднае прызнанне ўсіх рассмяшыла, і сам ён засмяяўся. Маша не пакрыўдзілася.

Яшчэ некалі ўвосень гаварыў ёй пра гэта Васіль, здзіўляўся: «Наколькі паважае мяне твая сястра, настолькі не любіць брат. Не разумею, чаму такія крайнасці?»

Тады Маша даказвала, што ён памыляецца наконт Пеці, што хлопец проста сароміцца. Цяпер яна зразумела: Пеця маўчаў і пазбягаў яе, калі сапраўды ў яго былі з нейкай невядомай прычыны няпрыязныя пачуцці да Васіля. Але цяпер ён сказаў няпраўду. Цяпер, відаць, ад гэтых пачуццяў нічога не засталася, таму ён і прызнаўся і так узрадаваўся запрашэнню наведацца да іх.

Прымак уважліва агледзеў матор трактара. Засыпалі ў сеялку насенне. Маша хацела была дапамагчы дзеду Яўмену падняць мяшок, але нечакана падскочыў брат, адхіліў яе.

— Табе нельга, — і твар яго заліўся чырванню.

Калі Пеця завёў матор і пачаў разварачвацца, дзед

Яўмен сказаў Машы і Міхайлу:

— Вы, брыгадзіры, патурбаваліся-б, каб хлопцаў кармілі лепей. Па дзве нормы даюць. Хто, можа, думае, што гэта лёгка, а я вось паездзіў з імі, дык ведаю, што гэта такое — дзве нормы. А ўчора зайшоў да іх, паспытаў боршч, які яны елі, плюнуць хацеў. Назначыў старшыня Вольгу Ладачку гатаваць ім, а яна ў сябе дома за ўсё жыццё смачнага баршча не зварыла. Бесталковая баба... Толькі добрыя харчы псуе...

— А чаму-ж яны самі маўчаць? — спытаў Прымак.

— Ды яны табе і не скажуць ніколі. Хлопцы. А твае дзе вочы? Ты — камандзір. Можа, таму баішся заглянуць у іх талерку, што Ладачка сваячка твая?

— Твая таксама, дзед.

— Я заглянуў і сказаў ёй. Так сказаў, што зарумзала ажно.

— Дзед Яўмен! Паехалі, — паклікаў Пеця.

— Іду, іду, Пеця. Глядзіце-ж, начальнікі, праверу зноў, — пагразіў дзед і жвава пабег да сеялкі.

Вёска таксама здалася Машы незвычайнай, быццам за месяц, які яна адсутнічала тут, усё перайначылася, абнавілася.

У сапраўднасці нічога асаблівага не адбылося, акрамя хіба таго, што тады пачынаў раставаць снег, а цяпер з палісаднікаў бялела чаромха, ды больш стала над галавой правадоў: працягнулі электралінію. На кожнай хаце, над вокнамі, цяпер ужо было па дзве пары ізалятараў — маленькія і вялікія. Магчыма, што іменна правады гэтыя і надавалі вёсцы новы выгляд, якога яна ніколі не мела з дня свайго заснавання. Маша зайшла на калгасны двор. Некалі яна часта спрачалася з конюхамі, з Максімам з-за беспарадку, які звычайна панаваў на двары. Але цяпер нішто не выклікала ў яе пачуцця незадавальнення, пратэсту; усё тут было прыведзена да ладу. Толькі двое саней усё яшчэ стаялі каля канюшні, палазамі на зямлі. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за гэтыя сані, загадала зацягнуць іх на вышкі.

Каля кароўніка яе сустрэла Клаўдзя ў белым халаце, распаўнелая і непрыгожая. «Няўжо і я такая была?» — падумала Маша і, успомніўшы сына, шчасліва ўсміхнулася.

Клаўдзя абняла яе.

— Даруй, Машанька, што не зайшла праведаць. Запрацавалася зусім. Якая ты прыгожая стала! А ў мяне сёння шчаслівы дзень. «Ластаўка» двух цудоўных цёлачак падаравала. Ідзем паглядзім. Вось Гайная шкадаваць будзе, што прадала «Ластаўку». Гэта-ж проста скарб — дзве такія цёлачкі! — Клаўдзя гаварыла бесперапынна, ведучы Машу за плечы па доўгім пустым кароўніку. Гной увесь выбралі, і ад зямлі ў кароўніку было вільготна і прахладна.

— Гавораць, што твой Васіль ад радасці прывёз табе з Мінска поўны чамадан падарункаў. Праўда? Мой Мурашка не дадумаецца... скупы, як маці...

Заўсёды гаманкая і вясёлая, у гэты дзень Клаўдзя была нейкай асабліва ўзбуджанай і шчаслівай — ажно ззяла ўся.

Вышаўшы з кароўніка, яны сустрэлі Максіма.

Ён запрагаў стаенніка, каб ехаць у поле. Прывітаўшыся, перайшоў на другі бок каня, каб сцягнуць хамут, і адтуль спытаў:

— Аглядаеш, Маша? Давай, давай. Хутка ўсёй гаспадаркай будзеш кіраваць.

Машы не відаць быў яго твар, і яна не магла зразумець. сказаў ён гэта з іроніяй, з насмешкай ці сур'ёзна.

Але, каб яна нават бачыла выраз яго твару, то ўсёадно не паверыла-б, што ён гаворыць сур'ёзна. Яна з непакоем падумала, што, мабыць, у яго зноў нейкая непрыемнасць і ён, відаць, зноў лічыць, што вінавата ў гэтым яна або Васіль, інакш з якой рады яму гаварыць так...

— Што здарылася, Максім?

Ён выглянуў з-за каня, твар яго быў вясёлы і прыветлівы.

— Нічога не здарылася.

— А чаму ты гаворыш глупства?

— Ты яшчэ не прывыкла да таго, што я даўно пакінуў ужо рабіць і гаварыць глупствы? Скажы, калі ласка, Лазавенку, што экскаватар сёння канчае работу. Няхай пазвоніць, каб хутчэй забралі, а то давядзецца плаціць за лішні дзень. І няхай фарсіруе распілоўку. Нехапае дошак для насціла вадабоя.

Ён ускочыў на воз, але Маша затрымала яго.

— Трактарысты скардзяцца, што Вольга не смачна гатуе... Трэба даць другога чалавека.

— Скардзяцца, магчыма, і правільна, мне маці таксама гаварыла... Але ты ведаеш, шэф-повара ў нас няма.

— Зноў ты...

— Ну, ну!.. А каго, сапраўды, даць?

— Ведаеш што? Дазволь мне знайсці патрэбнага чалавека. Адзін з трактарыстаў мой брат, і я сама паклапачуся...

— Правільна. Калі ласка. Табе і карты ў рукі. Пачынай з маленькага...

Максім тузануў за лейцы, засвістаў нейкую незнаёмую мелодыю.

Маша доўга здзіўлена глядзела яму ўслед.

Схадзіўшы на поле, да капцоў, дзе жанчыны яе брыгады перабіралі бульбу, яна заглянула ў сваю хату, у кватэру трактарыстаў, прывяла там усё да ладу, вышаравала падлогу, памыла Пецеву кашулю. Перад тым, як пайсці ў Дабрадзееўку, забегла да Сынклеты Лукічны, да якой адчувала вялікую ўдзячнасць. Сынклета Лукічна першая з лядцаўскіх жанчын прышла яе адведаць пасля родаў, як самы блізкі, родны чалавек, і расчуліла Машу да слёз. Аднак ішла Маша ў іх новую хату, дзе яшчэ ні разу не была, з нейкім дзіўным хваляваннем, быццам нечага баючыся, і супакоілася толькі тады, калі пераступіла парог і ўбачыла Сынклету Лукічну. Тая сядзела на ляжанцы і перабірала бураковае насенне. Убачыўшы Машу, яна лёгка саскочыла на падлогу, пайшла насустрач.

— Вось добра, што зайшла, Машанька. А я ўбачыла, як ты цераз гароды бегла, сяджу і думаю: няўжо не зойдзе? Бегаеш ужо? Не ўседзела?

— Хіба можна ўседзець у такі час?

— Але лаяць цябе, відаць, няма каму. Куды глядзела Кацярына, што адпусціла цябе так?

Маша здзівілася.

— А што такое? — і спалохана агледзела сябе.

— У адным плацці...

— Горача, цётка Сыля!

Старая ласкава павяла далоняй па яе поўных тугіх грудзях.

— «Горача!» Адразу застудзіш. Вецярок вясновы, здаецца, і цёплы, а на самай справе... адразу прахопіць. Тады паносішся. Я табе цёплую кофтачку дам, мне Жэня пакінула...

— Ну, што вы, цётка Сыля! Няёмка. Зусім цёпла!

Сынклета Лукічна правяла яе ў пярэдні пакой, усадзіла на канапе каля стала.

— Ты не слухай, калі расказваюць, што раней у полі раджалі, на другі дзень на работу ішлі і — нічога быццам, здаровыя былі. Ведаю я гэта. Сама Аляксея ў полі нарадзіла... У шаснаццатым годзе гэта было. Антон на вайне быў, на мне ўся гаспадарка была... Хоць колькі той гаспадаркі было!.. Дык што ты думаеш, так гэта і прайшло? Ледзь ачуняла пасля. Ды што гаварыць! Не дарма Савецкая ўлада так клапоціцца пра нас. Самі толькі мы не ўмеем берагчы сябе...

Яны гутарылі пра розныя жаночыя турботы, пра справы ў калгасе, пра людзей. Параіліся, каго папрасіць гатаваць страву для трактарыстаў і даглядаць за хатай і вырашылі ўзяць нявестку дзеда Яўмена.

— А я дапамагаць ёй буду, — паабяцала Сынклета Лукічна.

Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Гаспадыня вышла разам з ёй на двор і тут, на ганку, затрымала нечаканым пытаннем. Маша яшчэ ў хаце зразумела, што яна хоча нешта сказаць ці спытаць, але не адважваецца.

Сынклета Лукічна ўзяла яе руку, заглянула ў вочы.

— Даўно, Машанька, хацела ў цябе спытаць. Ты бліжэй там... Скажы, будзь ласкава... Будзе ў іх што?.. Кахае яна яго?

Маша зразумела пра каго яна пытае, за каго так хвалюецца.

— Далібог, цётка Сыля, не ведаю. Алеся, на канікулах калі была, гаварыла, што кахае.

— А адкуль Алеся ведае?

— Яны сябруюць з Лідай. Пісьмы пішуць...

— Калі кахае, дык чаму яна так за нос яго водзіць? Не разумею я такога кахання. Нічога ў іх, відаць, не будзе. Ён-жа вырашыў вучыцца ехаць.

— Вучыцца? — здзівілася Маша.

— Рыхтуецца экзамены за дзесяцігодку здаць. Дзень і ноч сядзіць. Проста не пазнаю я яго, — яна ўздыхнула і тут-жа, нібы засароміўшыся сваёй слабасці, узняла галаву, горда сказала: — Ну, што-ж... няхай павучыцца.


19...


У чэрвені адкрылі гідрастанцыю.

Надвячоркам у суботу пачалі сыходзіцца і з'язджацца калгаснікі з Дабрадзееўкі, з Раднікоў, з Гайнаўкі. Моладзь ішла групамі, з гармонікамі, з песнямі, па-святочнаму апранутая.

Вечар быў, як знарок заказаны. Раніцой прайшоў добры дождж, але к палудню распагодзілася, высахла раса на траве і дрэвах. Аднак не высахлі дарогі, не ўзнімаўся пыл. К вечару на небе не засталося ніводнай хмурынкі, яно было бяздонна-глыбокае, празрыста-блакітнае. Было крыху прахладна. Зусім сціхнуў вецер, нават не трапяталася лісце вярбы.

Сонца зайшло за дабрадзееўскія таполі, верхавіны якіх ледзь выглядалі з-за ўзгорку. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Вузкая пасма яго павісла і ў дальнім канцы прадаўгаватага возера, што ўтварылася тут за два дні пасля таго, як закрылі апошнія застаўкі. Нерухомым люстрам, упіраючыся ў плаціну, ляжала гэтая водная гладзь, адлюстроўваючы неба і дубы, пад самыя корані якіх падышла вада. Час-ад-часу па вадзе разыходзіліся шырокія кругі: смялейшыя хлапчукі кідаліся ў возера з высокага пня ад вярбы, што стаяла некалі над самай рэчкай.

Дзед Піліп Мурашка, прызначаны за вартаўніка гідрастанцыі, пагражаў ім кіем. Але гэтая небяспека толькі больш заахвочвала хлапцоў.

Людзі падыходзілі да калгаснага двара па дарозе, ішлі па насыпу земляной плаціны, па мастку на другі бок, дзе пад дубамі на роўнай пляцоўцы была паспешліва збіта з дошчак трыбуна. Адгэтуль было відаць, як гараць яркай чырванню ад праменняў сонца шыбы шырокіх вокан будынка гідрастанцыі. Адной наіўнай бабульцы нават здалося, што там, у будынку, ужо гарыць «электрыка». З яе весела пасмяяліся. Наогул на пляцоўцы з кожнай хвілінай усё прыбывала смеху, жартаў і проста шуму. Гарманісты з Раднікаў і Гайнаўкі ігралі кожны сваё і перашкаджалі адзін аднаму.

Старэйшыя спыняліся на мастку, глядзелі цераз парэнчы ўніз на прасмалены насціл вадабоя, на шчэбень рысбермы, заглядвалі ў рабочую камеру.

— Рабілі, рабілі, а глядзець няма на што... Застаўкі ды невялічкая будынінка, — здзіўляўся Раднік.

— Хто не ведае, таму цяжка паверыць, што тут, пад намі, тысячы кубаметраў лесу, — заўважыў Васіль Лазавенка.

— Тысячы кубаметраў? — усумніўся нейкі стары з Гайнаўкі. — Невжэ тышча?

— А зямлі колькі! А шчэбеню! Цяжка і падлічыць, — паважна тлумачыў Дзяніс Гоман, начальнік станцыі, дастаючы з кішэні зашмальцаваную запісную кніжку, дзе ў яго ўсё было занатавана. Звычайна гэты чалавек хадзіў запэцканы, замаслены, а сёння выглядаў вельмі ўрачыста — у новым гарнітуры, з гальштукам, праўда, няўмела завязаным. Ён адчуваў сябе імяніннікам: будаўнік станцыі і будучы кіраўнік яе. А з лакамабілем справіцца яго сын, Цімох, якога ён за два гады навучыў гэтай найвышэйшай прафесіі — механіка і электрыка.

Гайная прышла пехатою, на чале вялікай групы дзяўчат.

Апранутая яна была, як і большасць дзяўчат, у белую вышываную кофтачку і ў сінюю спадніцу, з вышываным фартухом. І выглядала яна так значна маладзейшай, чым у звычайнай сваёй вопратцы.

Падышла і весела выгукнула:

— А ну, хлопцы, падывітэся на маіх дзяўчат. Вам такія красуні і не сніліся!

— Можна падумаць, што ты, Кацярына Васільеўна, не так дзяўчат сваіх хваліш, як самую сябе, — насмешліва прамовіў Васіль, які стаяў у гурце мужчын і якога яна спачатку не ўбачыла.

— А-а, Васілёк — калючы язычок. Здароў буў, шчоб ты да ста рокіў здаровы буў. А хіба я така лядашча, шчо і пахваліць не можна? Да мэне шчэ дужэ гарна людына сваталася ўчора.

Жартавалі, смяяліся.

Сапраўды, хлопцы з іншых вёсак, быццам па камандзе, ураз абкружылі украінак.

Гайная задаволена смяялася.

— А што, саколе, мой Васіле, не казала я табе, што мае дзяўчаты заваююць тваіх хлопцаў. Была-б і я рокіў на дваццаць малодшая, буў-бы і ты ў маіх руках, як даражэнькі.

— У такіх выпадках кажуць: бабка на двое варажыла — або гэтак або так.

Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы, толькі верхавіна дуба была яшчэ асветлена, ды палымнеў чырвоны сцяг над гідрастанцыяй. Цёмнасіняй зрабілася гладзь вады, спахмурнела, на сярэдзіне пакрылася дробнымі зморшчыкамі.

Прыехалі ў адкрытым «газіку» Макушэнка, Бялоў і Ладынін.

Мітынг адкрыў Васіль Лазавенка кароткай прамовай і падзякай партыі і ўраду за дапамогу, якую атрымалі калгасы ў будаўніцтве гідрастанцыі.

Дзяніс Гоман і Максім Лескавец у гэты момант працягнулі на мастку істужку.

Усіх, хто спазніўся, дзед Піліп не прапускаў, і яны мусілі пераходзіць рэчку ніжэй плаціны, дзе вада ледзь пакрывала дно рэчышча. Адзін Гольдзін угаварыў дзеда: яму трэба было тэрмінова арганізаваць буфет, і ён, разам з крамшчыцай Гашай, падлазячы пад істужку, насіў скрынкі з гарэлкай і закуссю. Бялоў употайкі пагразіў Гольдзіну кулаком, і той пакорліва зняў шапку і з нявінным выглядам пачаў слухаць прамоўцаў. Выступалі каротка нават тыя, хто звычайна любіў пагаварыць — усе прагнулі хутчэй убачыць вынікі сваёй працы.

Гайная скончыла сваю прамову нізкім паклонам:

— Спасыбі вам, сусідзі нашы дарагі, браты нашы рідны, за вашу міцну дружбу. Няхай світло цэ, шчо запалыцца зараз, освітыць нам шлях до комунізму!

Непрыкметна і хутка змяркалася. Хто выступаў апошнім, тым цяжка ўжо было чытаць свае нататкі.

Макушэнка абвясціў, што лічыць міжкалгасную гідрастанцыю адкрытай. Покуль грымелі апладысменты, ён спусціўся з трыбуны. Ліда падала яму нажніцы, ён накіраваўся да плаціны. Шчыльнай сцяной рушылі за ім усе прысутныя.

Сакратар райкома перарэзаў істужку і разам з Дзянісам Гоманам узяўся за ручкі калаўрота. Скрыпнула ў цішыні дрэва, бразганулі жалезныя ланцугі аб кручкі застаўкі. І раптам усё заглушыла вада, што напорна хлынула ў турбінную камеру. Дзяніс Гоман хутка ўскочыў у памяшканне, пакруціў штурвал. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар.

Людзі з цікавасцю зазіралі праз адчыненыя дзверы і вокны ў змрок будынка. Макушэнка аглянуўся на іх і адчуў, што хвалюецца, хвалюецца разам з імі.

— Уключайце, Пракоп Пракопавіч!

Ён падышоў і апусціў рубільнік. Гоман у гэты міг шчоўкнуў уключацелем на сцяне. Святло ўдарыла ў вочы, на момант асляпіла. На вуліцы голасна закрычалі «ура». Дзеці з гэтым крыкам шпарка пабеглі па мосце ў бок вёскі, іх «ура» яшчэ доўга гучэла недзе там, на вуліцы.

Дрыжэў будынак ад работы турбіны. У вадзе адбіваліся ліхтары, што ярка асвятлялі ўсю пляцоўку, па якой разышліся калгаснікі — хто да баяністаў, хто да буфета.

Весела засвяціліся вокны лядцаўскіх хат. Далёкімі зоркамі мільгалі ў другім баку агні Гайнаўкі. Дабрадзееўкі і Раднікаў не было відаць за сасоннікам і ўзгоркамі.

— Радасна глядзець на такую карціну! — кіўнуў Бялоў на вёску.

Выгнаўшы з будынка гідрастанцыі, яны спыніліся на мосце і азіралі наваколле.

— Люблю святло, — ціха і задуменна гаварыў Макушэнка, разглядаючы, як калышацца ў вадзе адлюстраванне ліхтара.

Маша ўзяла Васіля пад руку, прыціснулася да яго пляча, ціха засмяялася і шэптам сказала:

— А я, здаецца, больш за ўсё на свеце люблю свайго Паўліка. Я паеду, Вася!

Васіль стаяў, глядзеў і думаў, што Лескавец залішне многа навешаў усюды ліхтароў. Сапраўды, уся вуліца была заліта святлом, шмат было лямпачак і на калгасным двары і нават у садзе.

— Навошта яму такая ілюмінацыя, скажы, калі ласка? Вось-жа любіць чалавек бліснуць! — Васіль паціснуў плячыма.— Пачакай хвіліначку. Паедзем разам.

— Нельга, Вася, табе ехаць, Максім пакрыўдзіцца. Я паеду з Нінай Аляксееўна!!

Шырокую трыбуну хутка перарабілі ў падмосткі. Выступаў харавы калектыў раённага дома культуры і хор калгаса «Дружба». Гайная ганарылася сваім хорам, які ездзіў нават у Кіеў на рэспубліканскі агляд самадзейнасці. Спявалі яе дзяўчаты сапраўды добра — зладжана, з вялікай цеплынёй, укладваючы ў кожную песню душу.

Гэта быў вечар песні. Адна за адной, то вясёлыя, шумныя, то працяглыя і шырокія, ліліся песні ў прастор, ляцелі над лугам, над палямі, дзе каласіліся жыты, прагна пілі пасля дажджу сокі зямлі.

Спявалі на трох братніх мовах. Беларусы з любоўю, з веданнем і густам, выконвалі украінскія народныя песні, украінцы з такім-жа захапленнем і такой-жа шчырасцю спявалі беларускія. А перад пачаткам выступленняў абодва хоры злілі свае галасы ў «Песне о Сталине» і ў «Песне о Родине» — песнях аб самым блізкім і дарагім, што напаўняла сэрцы людзей у той вечар. Да іх далучаліся дзесяткі слухачоў, падхапіўшы любімыя песні.

Гайная, якая вельмі любіла спяваць сама, таксама падпявала і выцірала слёзы замілавання. Калі выступаў яе хор, яна ўсхвалявана выгукнула:

— Дзе гэты сухар Лазавенка? Няхай паслухае, тады, можа, ён пераканаецца, чый калгас лепшы.

Песні так захапілі ўсіх, што нават апусцела каля буфета. Гольдзін сядзеў на бервяне над самым абрывам, кідаў у ваду папяровыя пробкі і скардзіўся дзеду Піліпу:

— Усе патрабуюць: таварыш Гольдзін, давай твой фінансавы план. А паспрабуй, ідзі дай яго з гэткімі людзьмі. Такі дзень! У такі дзень павінна было быць выпіта гарэлкі столькі, колькі вады ў гэтым возеры. Але калі адзін разумны чалавек прапанаваў зрабіць банкет — дык што вы думаеце? Усе сказалі: не, будзем слухаць песні. І слухаюць. А ты, Гольдзін, выконвай свой план як хочаш. Цябе паклічуць і спытаюць...

Дзед Піліп спачувальна ўздыхаў.


20...


Максім адшукаў у натоўпе Ліду і запрасіў зайсці да яго ў госці — адзначыць гэтую ўрачыстасць. Ён доўга дамагаўся, каб адкрыццё гідрастанцыі адсвяткаваць больш шырока — зрабіць агульны банкет, як звычайна паказваюць гэта ў фільмах, апісваюць у раманах. Ён нават падрыхтаваў месца ў садзе, загадаў манцёрам, як мага больш навешаць там ліхтароў. Але Лазавенка і Ладынін выступілі супраць гэтай яго задумы, іх падтрымала Гайная: дорага калгасам каштаваць будзе такая раскоша. Максім, урэшце, згадзіўся з імі, аднак усёадно лічыў сваім абавязкам зрабіць хоць невялікі пачастунак у сваёй хаце, за свае ўласныя сродкі. Дарэчы, гэта падказала яму маці: Сынклеце Лукічне вельмі хацелася, каб у такі незвычайны дзень сабраліся ў яе новым доме за святочным сталом дарагія ёй людзі — паплечнікі мужа, настаўнікі і сябры сына.

... Ліда сур'ёзна выслухала яго запрашэнне, падзяквала і, не адказаўшы ці прыдзе, прапанавала:

— Давай пройдземся, Максім, — і ўзяла яго руку, лёгка сціснула пальцы.

Токам ударыў у яго сэрца гэты раптоўны дотык. Ніколі яшчэ Ліда не была з ім такой уважлівай і ласкавай, заўсёды яна кпіла і жартавала. Ён нават спачатку ўсумніўся ў яе шчырасці і насцярожыўся — як-бы яна не выкінула яшчэ які-небудзь нечаканы жарт.

Яны пайшлі па сцежцы, што вяла ад гідрастанцыі на зарэчную дарогу. За імі паляцелі апладысменты. Гучны голас абвясціў:

— Ой, хмелю, мой хмелю!

Высока ў неба ўзнялася знаёмая мелодыя песні, запяваў адзін мужчынскі бас, паважны, спакойны:

Ой, хмелю, мой хме-е-е-лю

Хмелю ма-ла-дзе-е-енькі-і...

Дружна падхапіў хор, працягнуў апошнюю ноту запявала, тонка, галасіста:

— І-і-і-...

Дзе-ж ты, хмелю, зіму зімаваў

Тай не развіваўся?

— Я маю крыўду на цябе, Максім, — сказала Ліда, калі яны вышлі з асветленага круга ў белы змрок ночы.

— На мяне? Завошта?

— Усе ведаюць пра твой намер ехаць вучыцца, пра тваю заяву ў райком, адна я не ведаю. Хіба так робяць сапраўдныя сябры?

— Ліда! Вы павінны зразумець мяне...

— Максім, ты адважышся калі-небудзь гаварыць мне «ты»?

Ён захлынуўся ад радасці, не мог вымавіць ніводнага слова і, спыніўшыся, балюча сціснуў яе руку.

— Ты мядзведзь, Максім... Ідзем.

— Мяне маглі не адпусціць... — шэптам прамовіў ён.

— Цябе адпусцілі і будуць падтрымліваць...

— Ліда! — ён не ведаў, што рабіць, якія пачуцці выказваць перш за ўсё. Ён не мог зразумець, задаволена яна, што ён пойдзе вучыцца, ці не задаволена. Але ён зразумеў адно, самае галоўнае, самае радаснае для яго.

Шчасце, як і гора, часта прыходзіць нечакана.

Максім зусім разгубіўся.

— Я чула сёння размову бацькі з Макушэнкам і Бяловым. Бялоў выказаўся супраць, як толькі Макушэнка паказаў заяву. Ускіпеў, як заўсёды, закрычаў: «Лепшы старшыня, толькі чалавека на ногі паставілі... Здае за дзесяцігодку — слава яму і гонар, няхай і далей прадаўжае гэтак-жа, без адрыву ад вытворчасці... Дапаможам... Практычная работа — найлепшая школа...» Тады Макушэнка ў бацькі спытаў, як ён думае. Бацька адказаў: «Мы з табой, Пракоп Пракопавіч, інстытуты скончылі, дзякуючы партыі. А такім, як Лескавец, вайна перашкодзіла. А таму на яго жаданне мы можам адказаць толькі адно: у добры час, таварыш Лескавец!» Макушэнка адказаў: «Правільна, вучыцца кожны мае права. Але, кажа, вучыцца там, куды просіцца Лескавец, — гэтае права трэба заваяваць...» Вось як! Ты заваяваў?

Максім яшчэ больш сумеўся ад гэтага нечаканага пытання, не ведаючы, што адказаць. Але, на шчасце, Ліда не чакала адказу:

— Адным словам, усё вырашана. Бялоў, праўда, пакрычаў трохі... «А каго, кажа, вы паставіце на месца яго?» «Лескавец сам прапанаваў кандыдатуру і кандыдатуру вельмі добрую:», — адказаў бацька... Сапраўды, Максім, ты сам прапанаваў Машу? — павярнулася да яго Ліда, дапытліва заглянула ў твар.

— Але... Я ўпэўнены, што яна будзе кіраваць калгасам лепей, чым я. І выберуць яе аднагалосна!

Ліда ўсміхнулася.

— Які ты самакрытычны стаў! Супраць Машы нават і Бялоў нічога не мог сказаць, толькі буркнуў: «Не люблю я кіраваць бабамі». Дзівак-чалавек!..

Максім усё яшчэ быў у палоне шчаслівых пачуццяў і прыемнай разгубленасці і ніяк не знаходзіў патрэбных слоў.

Ліда таксама змоўкла, задуменна ўзіраючыся ў дзівосныя постаці вербаў-прысад, залітых святлом месяца.

Яны вышлі на дарогу і, павярнуўшыся назад, спыніліся. Прыгожа адгэтуль, з узгорку, выглядалі Лядцы ў тую ясную чэрвеньскую ноч! Вісеў над вёскай няпоўны месяц, а пад ім зіхацелі электраагні. Самыя яркія былі каля гідрастанцыі, у яе шырокіх вокнах, на фоне якіх добра вырысоўваліся постаці людзей. Постаці мільгалі адна за адной, як на экране. Выступленне хораў скончылася і на пляцоўцы танцавала. Залівалася баяны. Дзявочы голас спяваў вясёлыя частушкі.

... Маўчанне рабілася няёмкім, і Максім сказаў:

— Вось зараз мне стала крыху шкада, што прыдаецца пакінуць гэта, — ён паказаў рукой у бок гідрастанцыі. — Вялікія магчымасці яна адкрывае. Цяпер, ведаеш, так здаецца, што і працаваць святлей стане, усе промахі будуць відаць...

Ліда хутка глянула на яго, бліснула зубамі; каб было святлей, ён убачыў-бы ў яе вачах гарэзлівыя агеньчыкі.

— А я шкадую, што не магу паехаць разам з табой.

Пасля гэтых яе слоў ён страціў уладу над сабой, над сваімі пачуццямі. Яна не ўправілася апомніцца, як ён падхапіў яе на рукі, моцна прыціснуў да грудзей, упіўшыся ў яе вусны. На міг Ліда абхапіла рукамі яго шыю, потым адкінула галаву, уперлася рукамі ў яго грудзі, сурова загадала:

— Пусці!

Ён асцярожна паставіў яе на зямлю.

Ліда сказала сур'ёзна, але зусім не злосна:

— Ты — вар'ят, Максім. У цябе вывіхнутыя думкі... Бацька кажа, што я слаба падрыхтавана для паступлення ў аспірантуру. Ты ведаеш, які ён патрабавальны...

— Разумны чалавек твой бацька... Не ўяўляю цябе вучонай. Але хочаш, я на руках данясу цябе да Мінска?

Яна адступіла ад яго і паківала галавой.

— Не, ты сапраўды хворы, — яна жартаўліва працягнула руку да яго ільба. Ён схапіў гэтую руку, зноў прыцягнуў дзяўчыну да сябе.

Не адымаючы рукі, Ліда сказала:

— Ты, мабыць, зусім забыўся, што цябе чакаюць госці?

Максім схамянуўся: сапраўды, ён забыўся на гэта,

— Але... Пойдзем.

— Ты ўсіх запрасіў ужо? Ну, дык ідзі проста па дарозе, а я пабягу танцаваць.

— Ліда, я прашу цябе...

— Я паважаю старых, але не люблю доўга быць у іх кампаніі. Сумна.

— Выходзіць, што і я стары?

— Не, ты — юнак, — яка зноў весела засмяялася.— Да сустрэчы, Максім! Чакаю цябе заўтра.

І, махнуўшы рукой, збегла з дарогі на сцежку, шпарка пайшла насустрач агням і музыцы.

Ён хацеў быў кінуцца за ёй, але стрымаўся і толькі з захапленнем і радасцю прашаптаў:

— Да сустрэчы, — і ўдыхнуў поўныя грудзі пахучага начнога паветра.

Сапраўды, госці чакалі гаспадара, і ўсхваляваная маці сустрэла яго папрокам. У яе даўно ўжо ўсё было падрыхтавана і пастаўлена на сталы, залітыя святлом двух стосвячовых лямпачак.

У адказ на яе папрок Максім ласкава абняў маці.

— Нічога, мама. Усё добра, што канчаецца добра.

Яна здзівілася і ўзрадавалася таксама, хоць і не ведала дакладна прычыны такой незвычайнай узрушанасці сына.

Ён папрасіў у гасцей прабачэння, але так, быццам быў надзвычай задаволены, што спазніўся і прымусіў іх чакаць.

Адны Ладыніны адразу зразумелі прычыну такога настрою Лескаўца. Ірына Аркадзеўна ўздыхнула. Ігнат Андрэевіч глянуў на жонку і нахмурыў свае калматыя бровы.

... Селі за стол.

— Ну, першы тост належыць старэйшаму сярод нас, — прапанаваў Макушэнка.

— Нікалай Лявонавіч? Не, Ігнат Андрэевіч.

Ладынін падняў руку, просячы ўвагі.

— Не, таварышы. Старэйшая сярод нас Сынклета Лукічна.

Яна збянтэжылася, спрабавала адмовіцца, але калі пераканалася, што ўсе настойліва жадаюць, каб іменна яна сказала першае слова, паднялася і перайшла з краю, дзе была прымасцілася, да сярэдзіны стала, спынілася каля сына. Падняла чарку, лёгка ўздыхнула, выцерла ражком хусткі куточкі вуснаў.

— Вып'ем, госці дарагія, за святло. За гэтае вось святло, — яна паказала на лямпачку, — і за ўсё святло жыцця нашага, якое даў нам родны наш таварыш Сталін. За здароўе яго!

Госці ўсталі, заапладыравалі, выпілі чаркі да дна.

Неўзабаве паднялі яшчэ некалькі тостаў, і ўсе такія значныя і шчырыя, што-не выпіць было нельга, нават таму, хто звычайна ў рот не браў віна.

Але ніхто не п'янеў, і размова не рабілася бязладнай, як гэта бывае часам, калі пасля трох-чатырох добрых чарак святочны стол ператвараецца ў вулей: кожны гудзіць пра сваё. У гэты вечар, калі пачыналася пра што размова, дык у ёй удзельнічалі ўсе. Гаварылі спакойна, памяркоўна, — па-гаспадарску пра будучы ўраджай і выкарыстанне электраэнергіі, пра знаёмых людзей і пра жыццё наогул, пра дзяцей і навучанне — пра ўсё, што хвалявала іх у той дзень.

Разышліся на світанні.

Макушэнка загадаў шафёру падвезці дадому Гайную, а дабрадзееўцам прапанаваў прайсціся пехатою. Максім пайшоў разам з імі.

Раніца была ціхая і прахладная. На траве, на пасевах ляжала густая раса. Днела — шырылася светлая паласа на ўсходзе. На захадзе, дзе яшчэ трымалася ноч і неба было цёмнае, згасалі апошнія зоркі.

Раптам у вышыні над Дабрадзееўкай загудзеў самалёт. Усе спыніліся, адшукалі вачыма тры зорачкі — чырвоную, зялёную і белую — і доўга сачылі за імі. Самалёт ляцеў на ўсход, і хутка на фоне пасвятлеўшага неба стаў відаць яго сілуэт.

— Пасажырскі, — прамовіла Ірына Аркадзеўна.

— А ведаеце, — звярнуўся да ўсіх Бялоў, — прыемна, калі вось так над тваёй галавой праплывае самалёт...

— Мірны самалёт, — падказаў Ладынін.

Васіль усхвалявана сарваў сцябліну жыта, паднёс зялёны каласок да твару.

— А я зараз успомніў, што якраз у такі вось час, на світанні, мяне першы раз раніла. Наляцелі «юнкерсы», пікіроўшчыкі, павіслі ў такім-жа ясным небе... У такім-жа вось жыце, у разоры, я ляжаў...

Ірына Аркадзеўна дакранулася да яго рукі, ласкава папрасіла:

— Не трэба, Вася.

— Чаму не трэба? Не, наадварот, забываць гэтае не трэба, тады мы будзем мацней любіць і гэты мірны самалёт, і гэтае жыта... і ўсё... Усё, што створана нашымі рукамі... нашай працай.

— Правільна, забываць нельга, — падтрымаў яго Макушэнка, які дагэтуль маўчаў.— І мы не забываем, Васіль Мінавіч. І жыццё сваё, краіну сваю з кожным днём любім усё мацней! Але я, калі глядзеў на самалёт, адчуў яшчэ адно. Гордасць за чалавека, за чалавека — тварца, будаўніка... За нас з вамі. Нашым розумам, нашымі рукамі створаны і самалёт і тысячы іншых выдатных машын... Мы пакарылі прастору, вышыню, час, перамагаем смерць... У імя жыцця... У імя шчасця. Мы — ворагі смерці і разбурэння. І ў гэтым сіла наша!..

Зноў разгаварыліся — пра чалавека і яго справы, пра мір на зямлі. Адзін Максім маўчаў: ён няспынна думаў пра Ліду, пра сваё шчасце і сваю вучобу. За размовай не прыкмецілі, як зусім развіднела. Белая паласа на ўсходзе пачырванела, разгарэлася. Срэбрам заблішчэла раса. На травяністай дарозе заставаліся зялёныя сцежкі слядоў. У Дабрадзееўцы санліва замычэлі каровы, а ззаду, у Лядцах, глуха застукала турбіна. Пасля невялікага ў тую ноч перапынку, гідрастанцыя давала першы ток на вытворчыя патрэбы. У гэты момант Гайная, абкружаная даяркамі, выпрабоўвала на сваёй ферме першы электрадаільны апарат. З такімі-ж апаратамі падыходзілі да кароў даяркі ў «Волі».

Прачнулася і карміла свайго сына Маша, пяшчотна спяваючы яму калыханку.

Высока ў неба зазвінеў ранні жаўранак.

Пачынаўся новы дзень,-


ЭПІЛОГ


Мінула два гады.

У ліпеньскі дзень з гасцініцы «Беларусь» вышаў Васіль Лазавенка. Спыніўся на ўсходцах, зажмурыўся ад сонца, па прывычцы глянуў на неба, падумаўшы, што ў калгасе канчаюць уборку сена. Надвор'е было спякотнае.

Васіль вышаў на Савецкую вуліцу; хацелася яму хутчэй глянуць на Мінск, у якім ён не быў ужо два гады.

Непазнавальна змяніўся горад за гэты час. Мала сказаць, што ён адбудаваўся, папрыгажэў. Не, гэта быў зусім новы Мінск, у цэнтры ў ім нічога не засталася ад мінулага, даваеннага горада. Шырокай роўнай магістраллю ішла далёка за Свіслач Совецкая вуліца. На ёй стаяла ўжо нямала новых шматпавярховых будынкаў, але яшчэ больш будавалася: адны камяніцы толькі падымаліся з-за дашчатых парканаў, другія мелі ўжо па чатыры-пяць паверхаў, трэція стаялі ў рыштаваннях, атынкоўваліся.

Кідаючы кароткія цені на асфальт, шумелі шматгадовыя ліпы. Васіль упершыню ўбачыў палівальную машыну. Яна павольна ішла пасярод вуліцы, выкідваючы ў два бакі вадзяныя фантаны, якія пераліваліся на сонцы, гарэлі вясёлкамі.

«Такая машына дарэчы і ў калгасе была-б», — падумаў Васіль, як заўсёды шукаючы, што можна выкарыстаць у сельскай гаспадарцы. Агледзеўшы горад, ён накіраваўся ў партыйную школу.

У вестыбюле школы было прахладна і пасля сонечнай вуліцы цёмна. Васіль на момант сумеўся, не ведаючы, куды ісці, у каго спытаць пра Лескаўца. Пайшоў туды, дзе было больш светла, і трапіў у прасторнае, прыгожае файе з калонамі. У ім размяшчаўся буфет, каля сцяны стаяў рад столікаў. За адным з іх сядзела чалавек пяць, перакусвалі, гарталі канспекты, кнігі, спрачаліся.

Васіль з усмешкай падумаў, што сталыя людзі, у якіх ужо, мабыць, дзеці вучацца ў інстытутах, паводзяць сябе перад экзаменамі, як звычайныя вучні, — гэтак-жа хвалююцца і гэтак-жа ліхаманкава, у апошні раз гартаюць, праглядаюць канспекты.

«Магчыма і ў шчылінку дзвярэй экзаменацыйнага пакоя заглядваюць».

За другім сталом сядзелі двое і спакойна пілі піва. Аднаго з гэтых дваіх нізкага, камлюкаватага, Васіль пазнаў: журналіст, работнік рэспубліканскай газеты. З год назад ён прыязджаў у калгас і пасля змясціў у часопісе вельмі няўдалы нарыс, у якім было многа наблытана, пераўвялічана. Лазавенка напісаў тады пісьмо ў рэдакцыю, выказаў у ім агульнае абурэнне, якое выклікаў нарыс у калгаснікаў.

Журналіст аглянуўся і таксама пазнаў Васіля.

— Ба! Лазавенка! Калі ласка, просім. Знаёмцеся,— вядомы старшыня калгаса, пісьмо якога, — помніш? — грымела ў нас на рэдкалегіі. Мошна мне дасталося з-за вас, Лазавенка. Але я не крыўджуся. Наадварот, дзякую. Вось вучуся, упарта вучуся. А вы што, паступаць думаеце? Не? Ах, я забыўся. Вы-ж вучыліся завочна...

— У сельскагаспадарчым інстытуце, а вы напісалі ў тэхнікуме.

— Напісаў. Якога ліха я там не напісаў толькі! Выпіце піва.

— Хачу знайсці Лескаўца. Ведаеце?

— Ну! Хто не ведае вашага Лескаўца? — азваўся сябра журналіста.

Журналіст засмяяўся.

— Мне ад вас, а вось яму ад вашага сябра дасталося аднойчы. Ён быў членам партыйнага камітэта, і Лескавец яго на справаздачным сходзе так прапясочыў... Знойдзем вам Лескаўца. Ён, здаецца, здае сёння... Піце піва і расказвайце пра свой калгас.

... Неўзабаве Максім ускочыў у файе расчырванелы, узбуджаны. Сябры радасна прывіталіся. Максім сціснуў Васілёвы плечы, трасянуў яго.

— Загарэў. Здаровы, ліха на тваю душу! А я, бачыш, як схуднеў? Дзень і ноч сяджу над кнігамі. Але-ж затое і вынікі маю... Калі ласка! — ён выхапіў з кішэні і працянуў Васілю заліковую кніжку. — За два гады адна чацвёрка, а то ўсё выдатна. Бачыш? А ты не верыў у мае здольнасці!

— Верыў, Максім.

— Ну, давай пасядзім.

— Не, пойдзем. Я не адзін, з Машай.

— Дзе-ж яна?

— У гасцініцы чакае.

— Ну, як там мая Ліда? — спытаў Максім, калі яны вышлі на вуліцу і накіраваліся ў бок гасцініцы.

— Чакае цябе,

— Занудзіўся я за поўгода, прызнаюся. Расказвай, як аб'едналіся. Як прайшло?

— О, брат, было спраў! З-за назвы калгаса ледзь за чубы не пабраліся. Лядцаўскія — «Партызан», дабрадзееўскія — «Воля». Ніяк не жадаюць адзін аднаму ўступаць. Разумееш, калгасы эканамічна амаль роўныя сталі і кожны хоча захаваць сваю ранейшую назву. Раднікаўцы, праўда, маўчалі. Нехта нават прапанаваў назваць «Воля партызана». І гэта падабалася большасці. Але Маша зрабіла прапанову, якую падтрымалі ўсе... Эх, якая прыгажосць! — Васіль спыніўся перад бульварам на Комсамольскай вуліцы, зачараваны кветнікам, што падымаўся ў бок Совецкай вуліцы простай дарожка», вытканай незвычайнымі фарбамі кветак. — Прыгожа. Помніш, як тут было раскапана ўсё, калі мы былі на нарадзе?

— Дык як назвалі калгас? — спытаў Максім.

— Калгас імя Антона Лескаўца, — адказаў Васіль спакойна, звычайным голасам і рушыў далей па вуліцы.

Максім на крок адстаў і хвілін колькі маўчаў. Потым спытаў:

— Ну, а Маша дзе працуе?

— З-за Машы мне прышлося моцна паспрачацца з Бяловым. Прышло яму ў галаву зрабіць яе старшынёй узбуйненага калгаса ў Грабарах... Лепшы старшыня, ордэнаноска. Кадры, як ён кажа. Маша адмовілася. А Бялоў на мяне: гэта ты падгаварыў яе. Безумоўна, я. Бо што гэта за сямейнае жыццё за пятнаццаць кілометраў? Загадвае зараз фермай у нашым калгасе. Паабяцала, што праз год-два зробіць ферму лепшай, чым у Гайнай...

— Не лаецца гэтая неспакойная баба больш з-за энергіі? Помніш, як ёй здавалася, што мы крадзем яе энергію, адпускаем на яе падстанцыю менш, чым трэба. Узлавала яна мяне тады.

— Нічога, яна гаспадарлівая жанчына. Мы, як кажуць дыпламаты, нарэшце прызналі адзін аднаго дэ факто. Спаборнічаем. Аднак, што гэта я табе бясконца расказваю. Раскажы ты. Куды пасля школы? Ведаеш? Па партыйную работу, безумоўна?

— Не ведаю. На гутарцы ў сакратара ЦК я выказаў жаданне пайсці старшынёй узбуйненага калгаса. Думаю, што накіруюць. Ведаеш, хочацца мне паспрабаваць свае сілы. Адчуваю, брат, упэўненасць. Скажу табе шчыра, школа зрабіла мяне іншым чалавекам, сапраўдным сталым комуністам. Мне зараз самому смешна, які я быў блазнюк, ганарысты і ў той-жа час беспрынцыпны, нявытрыманы. Не ведаў ні жыццёвай практыкі, ні тэорыі. А вось, вывучыў тэорыю — і на жыццё інакш гляджу. Думаю, што цяпер нікому ўжо больш не давядзецца чырванець за мяне.

Васіль, сціснуў яго руку.

— Веру, Максім.

Наблізіліся да гасцініцы. Ужо на ўсходцах Максім спытаў:

— Прабач за цікаўнасць. Чаго вы прыехалі?

— Прычына, брат, такая, што няёмка і гаварыць. Ведаеш, непрывычна неяк яшчэ. За пакупкай адной.

Максім засмяяўся.

— «Пабеду»?

— Ну, што ты! — збянтэжыўся Васіль. — Хаця-б «Масквіча».

— Дарэмна. Я на тваім месцы купляў-бы «Пабеду».

Пуставатыя кішэні.

— Не гніся, Вася. Ты цяпер, мабыць, самы багаты чалавек у раёне, калі не ў вобласці...

У нумары гасцініцы Іх сустрэла Маша. Максім не бачыў яе год (калі ён прыязджаў на зімовыя канікулы, яна была на сесіі завочнікаў у тэхнікуме) і цяпер ледзь пазнаў, так яна змянілася — папаўнела і, здавалася, яшчэ больш папрыгажэла. Была яна ў зялёным, крыху цяжкаватым для такой спякоты, плацці, з ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга на грудзях.

Максім спыніўся ў дзвярах, зрабіў здзіўленыя вочы, развёў рукі. Яна крыху збянтэжылася, пачырванела, першая працягнула руку.

— Ну, пацалаваць цябе баюся — Лазавенка па шыі дасць... Але тваю працавітую, тваю залатую руку...

Маша зразумела яго намер, засмяялася.

— Я вось скажу Лідзе, чаму ты навучыўся тут, — і па-мужчынску моцна паціснула яму руку.

Максім вышаў на сярэдзіну пакоя, агледзеўся, навокал.

— Я сёння здаваў гістарычны матэрыялізм, гаварыў Пра знікненне істотнай розніцы паміж горадам і вёскай. Адзін член камісіі папрасіў прывесці канкрэтны прыклад з нашага жыцця. Я прывёў, які вычытаў у кніжцы, але зараз не магу дараваць сабе, што не ўздумаў расказаць яму пра вас... Пра цябе, Васіль, — ён неяк непрыкметна палажыў руку на плячо Васіля, падвёў да яго жонкі, другой рукой абняў за плечы яе. — Пра цябе, Маша. Пра вас, дарагія мае сябры!

1949-1952 гг.

Загрузка...