ЧАСТКА ДРУГАЯ

1...


Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Тры — так, што краналі адна адну галлём, а чацвёртая — воддаль, каля маладога бярэзніку. І была яна, гэтая сасна, самай прыгожай і высокай з усіх сваіх сясцёр. Здавалася, яе кашлатая шапка краналася цяжкай зімовай хмары, што нерухома вісела над лесам. Нібы свечка, быў яе ствол: знізу — цёмнакарычневы, з тоўстай парэпанай карой, а зверху, каля галля, — гладкі і залаты. Яе сяброўкі, што ляжалі штабелямі бярвенняў, падаючы, не кранулі яе, не абламалі галін, не абдзерлі кары.

Лесасека ад дарогі ішла ў глыб лесу. Там кіпела работа. Адна за адной падалі долу сосны, галасілі пілы, фыркалі коні, гучна падганялі іх ездавыя, тралюючы бярвенні на дарогу. Гарэлі вялікія кастры.

Маша размашыста, па-мужчынску, абцярэблівала толькі што паваленае дрэва. Дзве дзяўчыны з яе брыгады разразалі яго.

— Дзень добры гаспадыням! — з-за лаўжа, з боку бярэзніку, вышаў Васіль Лазавенка, махнуў пугай, прыветліва ўсміхнуўся. Каўнер яго кажушка і бровы заінелі, а валёнкі па самыя калені былі ў снезе.

— Нізкі паклон гаспадару, — жартаўліва пакланілася Дуня Акуліч. А Маша раптам адчула, як у яе гараць шчокі і моцна б'ецца сэрца. Але гэта — ад работы.

Васіль паціснуў ім рукі. Яго рука была цёплая і мяккая.

— Пашкадавалі? — кіўнуў ён на сасну-прыгажуню, што засталася стаяць пасярод лесасекі.

— Але... Пакінулі, — неазначальна адказала Маша.

Ён усміхнуўся.

— Дзівачкі. Дай, Дуня, пілу... Ідзем, Маша, усёадно заканчваем, не пакінуць-жа нам такое багацце чужому дзядзьку.

Маша моўчкі пайшла за ім. Ідучы, ён ударыў пілой аб прытаптаны снег, сагнуў яе. Сталь многагалосна, працягла і прыгожа заспявала, ён аглянуўся на дзяўчыну; у позірку яе было вясёлае захапленне.

— У імя стварэння новай, карыснай чалавеку, прыгажосці няварта шкадаваць нават і такой незвычайнай сасны. Яна свой век аджыла. Ды яна і не памрэ, жыццё яе будзе прадаўжацца, — Васіль задраў галаву, глянуў угору і з захапленнем выгукнуў: — Эх! Але-ж і выгнала яе, нібы само сонца за галлё цягнула!..

Ён скінуў кажух, застаўся ў ватоўцы, падпяразанай шырокім афіцэрскім рамнём. Узяўшы з рук Машы сякеру, абышоў вакол сасны.

— Куды-ж мы яе пусцім? На бярэзнік?

— Многа паламае, Вася...

— Тады давай — на дарогу, хоць вецярок на бярэзнік.

Маша зняла рукавіцу і правяла далоняй па шурпатаму камлю. Цяпер у яе не было ўжо таго пачуцця, якое было, калі яна доўга хадзіла з дзяўчатамі вакол гэтай сасны, доўга любавалася ёю і пашкадавала, пакінула.

Васіль папляваў у далоні, размахнуўся і ўдарыў сякерай па камлю, каля самага снегу. Лязо ўвайшло ў дрэва, сасна загудзела, перадаючы меладычны звон з камля ў верхавіну.

Пачалі пілаваць. Васіль адразу ўзяў хуткі тэмп. Маша папярэдзіла, не спыняючыся:

— Павольней, Вася, зморышся.

— Я? — І спыніўся.

Маша засмяялася:

— Мая Алеся нават бульбу чысціць у рытм... Без рытму, кажа, праца не паэзія, а пакута...

Далей пілавалі спакойна, рытмічна. Але калі дайшлі да сэрцавіны, таўшчыня сасны амаль не давала піле разгону, і белая нітка разрэзу паглыблялася вельмі павольна, амаль непрыкметна. Маша адчувала, што Васіль пачынае пакрыху здаваць: робіць рыўкі, залішне прыціскае пілу. Але яна вырашыла не спыняцца, покуль ён не спыніцца першы: хай ведае, на што яна здатна! А яна можа, не адпачываючы, дапілаваць да канца. Яе апанаваў вясёлы задор.

«Цягні, цягні, дружа. Гэта табе не паперы падпісваць...»

Але раптам яна ўспомніла аб яго ранах і адразу спынілася.

— Адпачнем, Вася.

— Ты-ты... д-думаеш я... змарыўся?

— Не храбрыся, Вася... Пасля трох раненняў...

Гарачая хваля ўдзячнасці і нейкага іншага пачуцця,

якому ён і назвы не знаходзіў, захлынула яго. Яму хацелася ў адказ сказаць ёй такія-ж ласкавыя словы, але ён не мог знайсці іх. Таму з'явілася крыху дзіўнае жаданне: узяць і пацалаваць яе руку. Вось гэтую расчырванелую, шурпатую ад працы руку, якой яна абаперлася аб сасну. Ён ледзь стрымаў сваё жаданне і то толькі таму, што ўспомніў: за імі назіраюць цікаўныя вочы дзяўчат. Не, няхай гэта незвычайна, няхай здасца ёй дзівацтвам, але калі-небудзь ён усё-такі пацалуе яе працавітыя рукі з таой-жа ўдзячнасцю, з якой некалі пацалаваў рукі санітаркі Тані, якая вынесла яго, раненага, з поля бою.

— Аб чым ты задумаўся? — Маша глядзела на яго і ўсміхалася, нібы чытала яго думкі.

— Ды так... А дзе старшыня ваш? Паехаў?

— Максім? Не-э... Трэці дзень напару з Мурашкам працуе. Ды так працуе, што ўсе дзіву даюцца... Удвух за добрую брыгаду выразаюць. Усіх на спаборніцтва выклікаў.

— То-та, бачу я, за тры дні вы зрабілі больш, чым пры Шаройку за месяц...

— Хто — мы? Не паклёпнічай на сумленных людзей, Вася. Забі лепш сякеру, а то будзе ціснуць.

Ён падняўся і забіў лязо сякеры ў разрэз. Піла пайшла лягчэй. Пілавінне пачало адлятаць струменямі і сыпалася на валёнкі. Хвіліна — і сасна, рыпнуўшы, хіснулася ўбок. Яны хутка выхапілі пілу, адскочылі назад і, стаўшы побач, назіралі, узняўшы галовы. Нейкі момант сасна стаяла нерухома, нібы раздумвала, куды ёй лепей упасці, потым крутнулася на пні і пачала павольна хіліцца ўбок. Маша назірала за яе верхавінай і ў апошні раз пашкадавала прыгажуню: вельмі неахвотна яна падала! Але потым, быццам зразумеўшы непазбежнасць свайго лёсу, дрэва набрала хуткасць і са страшэннай сілай ударылася галлём аб зямлю, аб пні. Угору ўзляцела воблака снежнага пылу, ён пасыпаўся на вопратку, на твар, на рукі.

Маша засмяялася. Васіль глянуў на яе і таксама ўсміхнуўся.

— Цяпер не шкада? Гэта заўсёды так... Мы адпілуем самае доўгае бервяно і зробім з яго якую-небудзь галоўную бэльку, якая-б гадоў сто трымала ўсю нашу станцыю. А мы з табой будзем хадзіць і любавацца...

— Сто гадоў? — Маша зноў засмяялася, але тут-жа схамянулася і глянула назад. Дзяўчаты стаялі гуртам каля агню і назіралі за імі.

Ёй здалося, што ўсе яны весела падміргвалі.

— Ну, давай адпілуем тваё бервяно.

Васіль адмераў пілой даўжыню, пачаў вытаптваць снег.

— А ну, весялей, весялей! — нібы з-пад зямлі перад імі вырас Максім. Ён быў у адной гімнасцёрцы, без рамня, шапка па-заліхвацку ссунута на патыліцу, на лоб звіслі пасмы потных валасоў.

— Што, калега, засумаваў па фізічнай працы? Але, брат... рукі ў цябе інтэлігенцкія...

Васіль паціснуў яго руку і нічога не адказаў, але падумаў:

«Невядома, хто з нас больш засумаваў. Пабачым, ці надоўга хопіць твайго запалу», — і сказаў аб іншым:

— Ты чаго распрануўся? Прастынеш...

— Не турбуйся. Я чалавек загартаваны. Вучу, браце, людзей працаваць. І сваіх, і тваіх... Учора з Мурашкам абласны рэкорд пабілі... Сёння карэспандэнт з газеты быў, здымаў...

— А табе вельмі хочацца трапіць у газету?

— А ты што думаў? Аднаму табе гэтага хочацца? — Максім папляваў у далоні, схапіўся за ручку пілы. — А ну, Маша, давай пакажам, як мы працуем!


2...


Дзяўчаты з Машынай брыгады жылі ў лесніка Сувігі. Леснічыха, цётка Тацяна, шчырая, гаманкая жанчына, варыла ім абед, і яны працавалі без лішніх клопатаў. Угаварылі дзяўчаты Машу спыніцца ў лесніка, каб бліжэй было хадзіць на работу. Але ў першы-ж вечар, пасля цяжкага працоўнага дня на марозе, ім раптам захацелася схадзіць у бліжэйшую вёску, у калгасны клуб — «паглядзець, як тут танцуюць». У Машы не было асаблівага жадання хадзіць за тры кілометры, і танцавала яна з невялікай ахвотай, але адставаць ад сябровак было няёмка.

Аднак, у той дзень Маша адмовілася ісці на танцы. Яна адчувала зморанасць, і ёй хацелася пабыць адной, паляжаць у цёплым, падумаць. Сапраўды, адразу-ж, як толькі дзяўчаты вышлі, яна забралася на гарачую печ і неўзабаве заснула. І сасніла дзіўны сон: Васіль цалаваў яе. Яна прачнулася спалоханая і ўстрывожаная, моцна калацілася сэрца. Што за недарэчны сон? Чаму — Васіль? Чаму ў апошні час яна пачала часта думаць аб ім? Не, не, Васіль проста добры таварыш, з якім можна шчыра пагутарыць, параіцца. А яна па-ранейшаму кахае Максіма. Няхай у апошні час яны сустракаюцца, як чужыя, і гавораць толькі аб калгасных справах, аб тым, аб чым і належыць гаварыць старшыні і брыгадзіру, але-ж яна бачыць, што яму сорамна за свае ўчынкі. Колькі часу прайшло, як ён ужо не наведваецца вечарамі ў Дабрадзееўку, не заходзіць да доктара! Яна-ж усё гэта бачыць, усё прыкмячае. Ды не адна яна: яе сяброўкі сочаць ва. кожным яго крокам і аб усім расказваюць ёй. Але чаму яна пачала думаць аб ім так спакойна, разважліва, як думаюць пра тое, што ўжо ніколі не вернецца?

Маша цяжка ўздыхнула...

Гаспадыня паліла ў печы, чарон награваўся і рабілася горача. Больш выразнымі сталі пахі. Пахла цыбуляй, якая доўгімі пляцёнкамі вісела на жэрдачцы над печчу, і сухімі рамонкамі, якіх нідзе не было відаць, але пах якіх быў даволі моцны. Цьмяна гарэла лямпа. За сталом, стоячы каленямі на канапе, унук лесніка чытаў верш:

Смяюцца з сонцам побач людзі,

А сонца — госць штодзённы іх...

Маша ведала маці гэтага хлопчыка — бясстрашную партызанскую разведчыцу і сувязную — Галю Кардаш. Сустракалася з ёй у атрадзе Антона Лескаўца. Галя загінула ў апошні дзень перад самым вызваленнем: разведвала нямецкія мінныя палі каля Сожа, была заўважана фашыстамі, уцякала і падарвалася на міне.

Бо што было, ўжо больш не будзе,

Ні марных сноў, ні бед ліхіх.

Галасок хлопчыка быў звонкі, чысты і хвалюючы.

«Што было, таго не будзе... І ты, мой хлопчык, ніколі не будзеш адчуваць сябе сіратой, як не адчувала гэтага я, Алеся, Пеця».

Яна саскочыла з печы, узяла том Горкага, які прывезла з сабой і чытала вечарамі, часам адна, а часам услых — дзяўчатам і леснічысе.

Раскрыла ў тым месцы, дзе было закладзена істужкай, прачытала:

«Всё в Человеке — всё для Человека». Задумалася. Потым, перагарнуўшы некалькі старонак назад, пачала чытаць горкаўскага «Чалавека» спачатку.

«Так шествует мятежный Человек — вперёд и — выше!» — скончыла і чамусьці адразу аглянулася на Валодзю. Ён злавіў яе позірк і спытаў:

— Цёця Маша, чаму вы шэпчаце, калі чытаеце? Напамяць вучыце?

За акном фыркнуў конь. У хату зайшоў Максім. Маша здзівілася, нават крыху ўстрывожылася: што яго прымусіла ў такі позні час прыехаць з вёскі?

— Ты адна?

— Не, удвух... Вось — з Валодзем, — яна палажыла далонь на галаву хлопчыка.

Максім зняў шапку, прысеў на ўслон каля акна.

— Чаму з дзяўчатамі не пайшла? — спытаў, і Маша зразумела, што прыехаў ён без усялякай прычыны і супакоілася; з прыемнасцю, нават з нейкай дзіўнай радасцю, пачала назіраць за яго разгубленасцю.

— Старая я за дзяўчатамі бегаць... Папрацавала — спіна баліць... Вось толькі з печы злезла...

Яна сказала гэта без усмешкі, але ён не мог не адчуць горкай іроніі яе слоў і, пачырванеўшы, грубавата адказаў:

— Ну-у... старая. Больш-бы такіх старых...

— Ды і не маладая...

Ён адчуваў сам, што бянтэжыцца ўсё больш, разумеў недарэчнасць свайго становішча і знайшоў выхад з яго ў тым, што раззлаваўся: усхапіўся, зрабіў крок да печы, крута павярнуўся.

— Што ты заладзіла — старая, старая... Смешна слухаць тваё бабскае ныццё. Сур'ёзна пагаварыць не можаш...

«З якога часу ты пачаў сур'ёзна гаварыць?» — Маша ўбачыла, што ў кухні насупраць прыадчыненых дзвярэй стаіць цётка Тацяна, абапёршыся на чапялу, і дакорліва ківае галавой, і ўсміхнулася. Гэтая ўсмешка яшчэ больш узлавала Максіма — ажно твар яго пакрыўся плямамі. Але ён стрымаў сябе: адсунуў шапку і асцярожна сеў бліжэй да стала. Застукаў пальцамі па кнізе.

— Ты чаму Дуню адпусціла?

— Ёй перадалі, што маці захварэла.

— Захварэла!.. Ведаю я гэтых хворых! Захацела на нядзелю дачку з лесу выцягнуць. Гультаі!..

Маша таксама павысіла голас.

— Дуня — комсамолка. Сама папрасілася ў лес. Не мерай усіх на адзін аршын, таварыш старшыня!

— «Таварыш старшыня»! Хутка, відаць, адзін «таварыш старшыня» застанецца ў лесе.

Маша ўздыхнула. Яна разумела, што ён прыехаў не за тым, каб даведацца, чаму паехала дамоў адна з калгасніц. Не ў Дуні справа. З іншым намерам ён ехаў сюды. Але з якім?.. Ёй захацелася спакойна і сур'ёзна растлумачыць яму, што калгас — не вайсковая часць і старшыня — не камандзір, каб кожны калгаснік асабіста дакладваў яму аб тым, куды адлучаецца. Гэта было-б занадта, Дуня спыталася ў яе, у брыгадзіра, у сакратара комсамольскай арганізацыі, — і гэтага дастаткова. Але яна не сказала, разумеючы, што тлумачэнне такое занадта закране яго самалюбства, і ён зноў узлуецца. Яна нахілілася на стол і ціха, амаль шэптам спытала:

— Ты толькі з-за гэтага і завітаў?

Ён не ведаў, як разумець яе нечаканае пытанне, і разгубіўся, адразу знік яго ваяўнічы, наступальны запал.

— Заўтра ідзіце ў пяцьдзесят трэці квартал, паваліце дубы, — сказаў спакойна, лагодна і, памаўчаўшы, дадаў:— Вам бліжэй адгэтуль...

У гэты момант у хату зайшоў Васіль, ён гучна прывітаўся з гаспадыняй, шумна паціраючы рукі:

— Эх, салонікі варацца. Вось дарэчы... А то я, цётка Тацяна, галодны, як воўк.

Маша падумала: «Ну вось... Зноў сарвалася... Так, відаць, нам ніколі і не ўдасца пагаварыць адзін-на-адзін». Яна ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Позірк быў злосны, асуджаючы. Тады яна зразумела, якая прычына яго прымусіла прыехаць. Ён ведаў, што Васіль паехаў у лясніцтва і што назад будзе вяртацца паўз хату лесніка. А таму, не ўбачыўшы яе сярод дзяўчат, ён і прыляцеў знянацку. Абраза зноў абпякла ёй сэрца... Дагэтуль ён так думае аб ёй? А яна хацела... Маша ўзлавалася і на яго і на сябе. На сябе за тое, што хвіліну назад пашкадавала, што Васіль перашкодзіў ім пагутарыць. Цяпер яна была рада яго прыезду.

Ён стаяў у дзвярах, заінелы, з расчырванелым вясёлым тварам.

— А-а... Не перашкодзіў?

Максім падняўся яму насустрач, засунуўшы на хаду рукі глыбока ў кішэні шыняля.

— Давай без далікатнасці! Перашкодзіў! Інтэлігент!

Усе адчулі сябе няёмка. Маша апусціла вочы ў кнігу.

«Да будут прокляты все предрассудки»... Яна ажно ўздрыгнула, прачытаўшы гэтыя словы, што адразу трапіліся на вочы і былі як-бы яе адказам на абразу, якую зрабіў ёй Максім сваёй падазронасцю.

Васіль адвярнуўся і, распрануўшы кажушок, павесіў яго і шапку на ласіныя рогі, што былі прыбіты да сцяны паміж вокнамі.

Хлопчык, відаць, таксама адчуў гэтую няёмкасць, бо хуценька сабраў свае кніжкі і шмыгнуў на печ.

— А я сёння ў цудоўным настроі,— раптам абвясціў Васіль. — Дамогся і выпісаў яшчэ шэсцьдзесят кубаметраў лесу, пачуў цікавую навіну, прагаладаўся і ў дадатак да ўсяго купіў «чакушку»... пагрэцца, — ён дастаў з кішэні кажушка чацвяртушку гарэлкі, паставіў на падаконнік. Потым пачаў расказваць, як яму давялося пахадзіць, каб выпісаць дадатковую колькасць лесу, як ён палаяўся з Бяловым з-за крэдыту.

— Не разумею, што за чалавек. То бывае залішне шчодры, то раптам капейкі не выпрасіш...

— А мне ён падабаецца, — заўважыла Маша.

— Ды і я яго паважаю, чалавек ён цікавы, вясёлы, гаспадар добры... Толькі неарганізаваны нейкі... Спрачаюся я з ім пры кожнай сустрэчы...

Звычайна маўклівы, Васіль гаварыў амаль бесперапынна. Маша разумела яго. Пасля таго, як Максім раптам прышоў да яго і запрасіў на сход, на якім калгаснікі «Партызана» аднагалосна (нават Шаройка і Карней Лескавец) прагаласавалі за сумеснае будаўніцтва гідрастанцыі, ён пранікся да Максіма павагай, пачаў адносіцца чула, дараваў яму ўсе яго грубаватыя жарты, стараўся дапамагчы ў авалодванні складанымі абавязкамі старшыні і неяк у размове з Ладыніным упэўнена заявіў:

— А ведаеце, Ігнат Андрэевіч, старшыня з яго з цягам часу будзе добры.

Сакратар партарганізацыі адказаў тады:

— У гэтым я не сумняваўся. Інакш мы яго не рэкамендавалі-б... Але пакуль што мне не падабаецца адно. Чаму ён стаў пазбягаць нас? Прыходзіцца лавіць яго, як таго Радніка.

Цяпер Васіль вельмі баяўся, каб недарэчны выпадак гэты зноў не сапсаваў іх узаемаадносін. Але, кажуць, дзе каротка, там рвецца.

Зайшла леснічыха — прынесла салёныя гуркі, хлеб, міску гарачай бульбы, над якой падымаўся слуп белай пары. Ставячы ўсё гэта на стол, яна акінула насмешлівым позіркам хлопцаў, падміргнула Машы.

— Значыцца, гэта тыя самыя супернікі?

У Максіма ўраз сталі круглымі вочы.

— Не сунь, цётка, носа, куды не трэба. Не твая справа!

— Бач ты, які калючы! Пажартаваць нельга. Глядзі, у маёй хаце хвост не задзірай, а то я табе...

Васіль зарагатаў:

— Цётка Тацяна — жартаўніца. Я з ёй другі год ваюю. Яна мяне ўсё жаніць збіраецца.

— І жаню!— рашуча заявіла леснічыха, і, відаць, каб насаліць Максіму, дадала: — За добрага чалавека прыемна і сватаць.

Максім змоўк і сядзеў нахмураны.

Васіль разліў гарэлку ў дзве шклянкі (Маша адмовілася выпіць). Падчапіўшы гурок відэльцам, ён зняў яго другой рукой, адкусіў амаль палавіну і зноў пачаў расказваць:

— Цікавую навіну пачуў у лясніцтве. Калгаснікі са Снежына казалі, што ўчора па радыё вялікую пастанову аб сельскай гаспадарцы перадавалі. Дакладней я даведаўся ад ляснічага, што гэта пастанова пленума ЦК. Адным словам — наша праграма. — Ён паглядзеў на Машу, на Максіма. — Словам, нам трэба, як кажуць, закасваць рукавы. Я вось ехаў і думаў... Ведаеце, мне здаецца, што, захапіўшыся электрастанцыяй, мы аслабілі падрыхтоўку да вясны... Асабліва ў вас... Не крыўдуйце, я ў парадку таварыскай крытыкі. Ты вось тут, Максім, у лесе рэкорды ставіш. Усё гэта добра. А мінеральныя ўгнаенні «Партызан» вывозіць дрэнна. Пазаўчора на бюро райкома гаварылі... Па-мойму, камандзір павінен быць на самым адказным участку...

Лескавец задыхаў часцей звычайнага, цяжкім, доўгім позіркам паглядзеў на Васіля.

— Слухай, Лазавенка, што я табе даўно хацеў сказаць... Я ў твае справы не ўмешваюся, хоць мне, можа, таксама шмат што не падабаецца ў цябе. І я хачу папрасіць цябе: не ўмешвайся, калі ласка, і ты ў справы нашага калгаса. У сваіх памылках мы разбярэмся самі. Ды і кіраўнікоў хапае бяз цябе.. Штодзень упаўнаважаныя бываюць...

Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Маша кінула дакорлівы позірк на Максіма.

Хвіліну цягнулася напружаная цішыня. Нарэшце Васіль, праглынуўшы апошні кавалак, выцер хустачкай вусны і проста адказаў:

— На жаль, браце, выканаць тваёй просьбы не магу. Па-першае, характар у мяне не такі, ты-ж ведаеш, па-другое, я — комуніст, і, у дадатак — член райкома. Давядзецца табе прымірыцца, нічога не зробіш, — Васіль развёў рукамі.

— Ну што-ж... Вайна — вайне.

Маша абурылася.

— Якая вайна? Табе хочуць дапамагчы, а ты... Ваяка!.. Сорамна слухаць.

Максім павярнуўся да яе, нервова перасмыкнуў вусамі.

— Ты што, думаеш, у нас з табой горш вараць кацялкі, чым ва ўсіх гэтых «ахвотнікаў» дапамагчы?

— Табе хочуць дапамагчы не нейкія там «ахвотнікі», а партыйная арганізацыя, райком. Зразумей гэта, галава,— Васіль гаварыў спакойна, з цікавасцю сочачы за выразам Максімавага твару, на якім вельмі красамоўна адлюстроўваліся ўсе яго думкі і перажыванні. — Ды, нарэшце, кожнаму чалавеку — калгасніку, настаўніку — ты павінен дзякаваць за карысную параду. Інакш кіраваць нельга.

Відаць, не маючы больш што сказаць і адчуваючы недарэчнасць таго, што нагаварыў, Максім падняўся, прабурчаўшы:

— Не бойся, дзякаваць за дапамогу ўмею і я, але...— і пачаў корпацца ў кішэні свайго шыняля, што вісеў на тых-жа ласіных рагах, побач з кажухом Васіля. Дастаў папяросы, і доўга прыкурваў ад лямпы, нахіліўшыся над сталом так блізка да Машы, што яна адчула своеасаблівы, знаёмы яшчэ з таго далёкага даваеннага часу, пах яго валасоў. Потым падняў галаву і раптам усміхнуўся добрай, шчырай усмешкай, забыўшыся на сваё «але». Васіль таксама ветліва змаўчаў — не спытаў, што значыла яно.

— Дык, гаворыш, лаялі за ўгнаенне. Нічога, вывезем і ўгнаенне. Не ўсё адразу. Праўда, Маша?

— Ёсць справы, якія трэба рабіць адначасова, — павучальна адказала яна.

Максім засмяяўся.

— Аднак вы сталі такімі сур'ёзнымі мудрацамі, што з вамі хоць па канспекту размаўляй.

Размова набыла зусім іншы характар — стала больш непасрэднай, агульнай. Управіўшыся каля печы, зайшла цётка Тацяна і далучылася да гутаркі. Расказвалі розныя здарэнні, мясцовыя навіны. Потым у сувязі з нечым леснічыха прыгадала бацьку Максіма — Антона Лескаўца — і ўсе ўспомнілі нядаўна перажытае — вайну. Загаварылі аб ёй — аб партызанскіх і франтавых справах. Пасуравелі твары. Старая ўспомніла дачку і праслязілася. Валодзя, пачуўшы, што гавораць пра вайну і партызан, хуценька саскочыў з печы і сеў побач з бабуляй.

Васілю пара было ехаць. Праўда, ноч была месячная, светлая, дарога — добрая, аднак не блізкая. Але яму цяжка было пакінуць гэтую цёплую, утульную хату, дзе так прыемна пахла цыбуляй, травамі і хлебам і дзе за сталом, хутаючы плечы ў мяккую шарсцяную хустку, сядзела Маша. Ён выгнаў, дагледзеў каня. Конь ляніва хрумстаў пад паветкай авёс. Мацнеў мароз. Неба, якое з вечара было хмарнае, цяпер мігцела мільёнамі зорак. Лес цёмнай сцяной абступаў хату. За гэтую сцяну падалі зоркі. Гучна трэскаліся ад марозу дубы. Лазавенка не супраць быў згадзіцца на запрашэнне леснічыхі застацца пераначаваць, але Максім... Ён можа чорт ведае што падумаць. Васіль на хвіліну задумаўся над сваімі адносінамі да яго. Дзіўныя яны, гэтыя адносіны. — дзіўныя сваёй супярэчлівасцю. У душы ён любіць Максіма, паважае, цэніць за няўрымслівы характар, за гарачы тэмперамент, за настойлівасць. Але разам з тым часам такая злосць апаноўвае, што кулакі сціскаюцца. Як давесці гэтаму дзіўнаму чалавеку, што ўсе яму жадаюць самых лепшых поспехаў у рабоце, у жыцці, і ніхто не мае намеру станавіцца яму на дарозе, як ён, дзівак, часам думае?

«Але трэба пайсці развітацца і ехаць».

Задумаўшыся, ён на нейкі час затрымаўся на ганку і раптам пачуў у лесе на шляху скрып снегу, але не пад палазамі — пад лыжамі. Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць.

— Зойдзем, Лідуша. А раптам хто-небудзь з нашых тут...

— Ды не-ж, тата. Усе яны ў Краўцах. Я-ж даведвалася.

— Ведаеш, у зімовы вечар цяжка мінаць такі прыветлівы аганёк.

— Скажы, што ты зусім стаміўся, — тады справа іншая.

— Дарэмна ты такой думкі пра мяне.

Васіль саскочыў з ганку і пайшоў ім насустрач.

... Калі яны зайшлі ў хату, Максім і Маша ажно ўсхапіліся з месц ад здзіўлення і, уражаныя, утаропіліся на іх.

Ладынін засмяяўся:

— Здзіўляецеся? Я сам здзіўлены. Але хто добра ведае маю дачушку, той не здзіўляецца. Вось Лазавенка, напрыклад. Для яе гэта звычайная прагулка.

Ён быў у ватоўцы, у ватніх штанах і ў валёнках, якія змерзліся і стукалі аб падлогу, быццам драўляныя. Шапка яго, бровы і вусы пабялелі ад інею. Ліда была ў новым яркаружовым — ажно ў хаце ўсё паружавела, калі яна зайшла, — лыжным касцюме і ў прыгожай пуховай шапцы, з дарожным мяшком за плячыма.

Шчокі яе былі чырвоныя ад марозу, а вочы ззялі радасцю і задавальненнем.

— Бачыш, увесь штаб тут, а ты не хацела заходзіць, — доктар прывітаўся з леснічыхай, потым з Машай. А Ліда першаму паціснула руку Максіму і паціснула неяк асабліва моцна — як добраму сябру, якога доўга не бачыла. Сапраўды яны не сустракаліся даўно ўжо — ад той прыкрай размовы. Максім пазбягаў яе, а калі і даводзілася спаткаць, то вітаўся афіцыйна — кіўком галавы. Але ў душы ён увесь час быў удзячны ёй за тое, што аб размове ніхто трэці не ведае, нават Ніна Аляксееўна, — ён пераканаўся ў гэтым.

Цяпер у яго неяк прыемна ўстрапянулася сэрца.

— Гавораць, Лескавец, вы горы тут варочаеце?

— Не, Лідзія Ігнатаўна, толькі бярвенні. Дазвольце, — ён дапамог зняць ёй мяшок.

Васіль у гэты момант цішком перамаўляўся з леснічыхай — заказваў вячэру. Ладынін пераабуваўся ў сухія валёнкі, якія дала яму гаспадыня.

— Аднак раскажыце, як вы трапілі да нас.

— Проста. Сталі на лыжы і пайшлі. Самае цяжкае было сагітаваць бацьку.

— Не хваліся. Не было-б патрэбы — не дапамагла-б твая агітацыя. Але калі ў кішэні такая навіна і мне карціла хутчэй пагутарыць з гаспадарамі...

Ладынін дастаў з кішэні «Правду», падаў Максіму. Той хутка разгарнуў яе на стале, пачаў чытаць вачыма.

— Чытай уголас, — папрасіла Маша, не жадаючы побач з ім нахіляцца над газетай.

Ён пачаў чытаць пастанову Лютаўскага пленума Цэнтральнага Камітэта партыі. Ліда схадзіла на кухню, абула чаравікі, якія былі ў яе мяшку, і, вярнуўшыся, перапыніла яго:

— Сумна вы чытаеце, Лескавец. Такі дакумент трэба чытаць як добрую паэму. Дайце мне.

Сапраўды, яна чытала хораша. Нават Валодзя слухаў яе, стаіўшы дыханне. Прачытаўшы нейкую частку, яна спынялася, падымала галаву і адным позіркам прымушала ўсіх выказаць свае думкі, абмеркаваць прачытанае.

— Адным словам, лес лесам, таварышы. Безумоўна, трэба і на станцыю нарыхтаваць і дзяржаўнае заданне па вывазцы выканаць і, як можна хутчэй. Але цяпер, — гаварыў Ладынін да Васіля і Максіма, — вам, старшыням, трэба быць у сваіх калгасах, там зараз галоўны ўдар. Угнаенне, рамонт інвентара, збруі, падрыхтоўка насення, дагаворы з МТС... Адным словам, усіх спраў не пералічыш і ўсе яны тэрміновыя і галоўныя. А ў цябе, Максім Антонавіч, атрымалася, як з той світкай. Тут нацягнуў — там парвалася. Гной возяць дрэнна, каваль не працуе. На конях Шаройка ў госці ездзіць...

Максім пачырванеў.

— Вы самі прапанавалі мне ехаць у лес.

— Калі Шаройка з Карнеем тут самагонку пілі... А цяпер, калі тут Маша, комуніст Мурашка, і работа наладжана, як мае быць, табе, кіраўніку, трэба быць у калгасе. Ты гаспадар, твой абавязак думаць пра ўсё адразу...

— Заўтра ўвечары старшыня і я вернемся дамоў, — раптам упэўнена заявіла Маша. — Тут застануцца мае дзяўчаты і за кіраўніка — Мурашка.

Максім здзіўлена паглядзеў на яе, аднак нічога не сказаў.

— Перш за ўсё, таварышы, нам трэба кожнага калгасніка пазнаёміць з гэтым дакументам. Каб людзі адчулі і зразумелі ўсю веліч гэтай сталінскай праграмы.

Лазавенка маўчаў, толькі часта пераглядваўся з Лідай, і гэта крыху закранала Машу. Моўчкі слухала і леснічыха, падпёршы шчаку рукой і не зводзячы вачэй з Ліды. Толькі, калі пілі чай, старая не вытрымала і выказала сваё захапленне дзяўчынай:

— Якая ты прыгожая! Мабыць, хлопцы б'юцца за цябе.

Ліда зарагатала:

— Нават і не глядзяць, цётка.

— Ой, не хлусі. Праўда, біцца зараз з моды вышла. Вось некалі за мяне часта біліся, дурні.

— Дык хіба зараз тыя хлопцы, цётка? — пажартавала Ліда і паказала на Максіма і Васіля. — Вось яны... яшчэ гадоў па дзесяць не жэняцца...

Чыталі і размаўлялі да поўначы, покуль не вярнуліся з танцаў дзяўчаты.

Лазавенка і Лескавец паехалі начаваць у Краўцы. Ладыніну цётка Тацяна пасцяліла на цёплай ляжанцы, а Лідзе і Машы прапанавала нікеляваны ложак з мяккім матрацам.

Лёгшы пад коўдру, Ліда скурчылася і ласкава прыціснулася да Машы. Галава яе прыемна пахла духамі.


3...


У двух сумежных пакоях сельсовета не было дзе ўпасці яблыку: амаль усе калгаснікі «Волі» прышлі на адкрыты партыйны сход. Сесці ўсім не было на чым, і таму сядзелі, галоўным чынам, толькі прадстаўнікі «Партызана» і «Зоркі», якія прышлі раней і да якіх дабрадзееўцы паставіліся, як да гасцей. Але Ладынін з самага пачатку адчуў хітрасць у гэтай незвычайнай ветлівасці гаспадароў: ім хацелася, каб прадстаўнікі адстаючых калгасаў селі тварам у твар з прэзідыумам, а не хаваліся за чужымі спінамі.

Да пачатку сходу было шумна. Але як толькі Ладынін падняўся — усе сціхлі і стала чуваць, як з даху падаюць буйныя кроплі. Унутраныя рамы даўно былі выстаўлены, і ўсплёскі кропляў аб лужыну, што ўтварылася за дзень пад прызбай, былі даволі выразныя, іх пачуў нават глухаваты вартаўнік Сямён, які драмаў, покуль шумелі, і прачнуўся, калі раптам стала ціха.

Даклад Ігнат Андрэевіч рабіў сам. Пытанне было вялікае і надзвычай адказнае — задачы партарганізацыі ў сувязі з пісьмом земляробаў рэспублікі вялікаму Сталіну. Ладынін ведаў, якое агромністае значэнне будзе мець гэты сход, калі ён пройдзе на належным ўзроўні. Трэба было паставіць пэўныя задачы не толькі перад кожным комуністам і агітатарам. Трэба было дамагчыся, каб пачуццём адказнасці за лёс будучага ўраджаю пранікніся члены праўлення, брыгадзіры, усе калгаснікі. З гэтай мэтай Ладынін і склікаў адкрыты партыйны сход. Ён вырашыў яшчэ раз сур'ёзна пагаварыць аб выніках зімовай працы — падрыхтоўцы да сяўбы, а, галоўным чынам,— аб будучым этапе барацьбы за ўраджай — аб правядзенні самой веснавой сяўбы. Пісьмо Сталіну натхніла людзей. Абавязак комуністаў — падтрымаць, падняць гэтае высокароднае натхненне. Але не ўрачыстымі прамовамі, як Ладыніну раілі некаторыя таварышы, а шчырай размовай аб недахопах, прынцыповай крытыкай.

Безумоўна, раней, чым пачаць гаварыць аб недахопах, трэба было сказаць аб станоўчым, аб дасягненнях, даць прыклады, па кім раўняцца. Такія прыклады былі ў «Волі». Але Ігнат Андрэевіч гаварыў у гэты раз аб іх надзіва стрымана. Ён пачаў заўважаць што ў асобных дабрадзееўцаў з'явілася пачуццё самаўпэўненасці, заспакоенасці: «Мы, моў, цяпер усё можам, нам цяпер усё ні па чым!» Яно праяўлялася ў своеасаблівай ганарлівасці, у нядобрых кпінах з суседзяў і вось у гэтай хітрай гасціннасці — пасадзіць адстаючых каля самага стала прэзідыума. Трэба было вытруціць гэтае пачуццё ў зародку ў кожным чалавеку, як ён вытруціў яго ў душы іх старшыні — Лазавенкі. Таму Ладынін даволі стрымана хваліў «Волю», хоць пахваліць было за што. Няхай лепей калгаснікі скажуць самі. Скажуць справай. А ён і ім пакажа на недахопы, на тое, што ў іх недароблена, не дагледжана.

І Ладынін сапраўды зрабіў некалькі закідаў і праўленню «Волі». Сцяна дабрадзееўцаў калыхнулася, пракаціўся стрыманы гул здзіўлення.

— Што? У нас замокнуў попел? Не можа быць!

— Як-жа не можа... Нібы ты не ведаеш... Штодзень хадзіў паўз гэты попел!

— Машына райсаюза скінула ўгнаенне не на тым полі, а не я! — закрычаў у апраўданне шафёр калгаса Ягор Кардаш. — Няхай старшыня бярэ на сябе гэтую віну!..

Васіль моўчкі ўсміхаўся.

Больш за ўсё Ладыніну давялося гаварыць аб «Партызане». Справы там ішлі лепш, чым пры Шаройку. Вырасла актыўнасць калгаснікаў, умацавалася дысцыпліна, а гэта сакратар лічыў галоўным, бо ўсё залежыць ад таго, як. будуць працаваць людзі. Праўда, мала людзей падняць, запаліць, трэба пасля гэтага іх правільна, умела весці, разумна кіраваць імі. Лескавец з душой, з аганьком узяўся за працу, — і гэта падняло людзей. За тры месяцы ён ажно прыкметна схуднеў. Ён умеў, як некалі і яго бацька, паказаць асабісты прыклад у рабоце. Быў настойлівым, патрабавальным да людзей і да сябе. Позна лажыўся і рана ўставаў, як і належыць добраму гаспадару. Але ён залішне многа ездзіў па раённых і абласных арганізацыях, часта без асаблівай патрэбы, за дробязямі. У калгасе ён таксама прагнуў усюды паспець, усё ўбачыць сам, нібы не давяраў людзям, ва ўсё ўмешваўся, часам падмяняючы брыгадзіраў, загадчыка фермы, рахункавода. А таму яго намаганні не давалі тых вынікаў, якіх ён жадаў. Яго не хапала на ўсё, ён распыляўся і за дробязямі не бачыў галоўнага. Ладыніну было вядома, што ён так загрузіў сябе работай, што не мае часу пачытаць газету, а Лазавенка ў гэтыя-ж напружаныя дні прачытвае сотні старонак розных кніг.

Сакратар партарганізацыі нястомна сачыў за дзейнасцю Лескаўца, папраўляў яго памылкі, падказваў правільныя рашэнні найбольш складаных пытанняў. Ведаючы яго няўрымслівы, гарачы характар, Ігнат Андрэевіч рабіў гэта спачатку асцярожна, далікатна, звычайна адзін-на-адзін у шчырай гутарцы, або на закрытым партсходзе. Але, урэшце, вырашыў ва ўвесь голас і ва ўсю сілу фактаў «прапясочыць» Лескаўца на адным з адкрытых сходаў, пры людзях, паглядзець, як гэта на яго падзейнічае. Хай падумае пасля, паварушыць мазгамі! І ён рабіў гэта ў сваім дакладзе.

— ...Прыкладаў бяспланавасці, стыхійнасці ў рабоце Лескаўца і ўсяго праўлення «Партызана» колькі хочаш... Вось вам самы свежы. Учора ўся Дабрадзееўка назірала, як калгаснікі з Лядцаў везлі сена з лугу, які знаходзіцца недзе за трыццаць кілометраў. Везлі на санях па пяску, словам, не везлі, а цягнулі цягам. Ледзь жывыя былі і коні і людзі. А тры вазы сена недзе і зараз ляжаць у Слюдзянцы. А ўсё таму, што і Лескавец і Бірыла, і паважаны брыгадзір Шаройка ўспомнілі аб гэтым сене, якое, дарэчы, спецыяльна пакідалася на час палявых работ, толькі тады, калі пачала раставаць дарога. Гэта называецца «далі адпачыць коням». Аб чым думалі раней? — невядома...

— Лес вазілі, — буркнуў Шаройка.

Ладынін насмешліва паглядзеў на яго. Шаройка ўціснуў галаву ў плечы, нахіліўся.

— Пры вас, Шаройка, і лес ні разу не вывозілі і гной заставаўся ў хлявах...

— І поле пуставала, — дадаў нехта з дабрадзееўцаў.

— Мне думаецца ўсё гэта ад таго, што таварыш Лескавец, як я гаварыў, часам займаецца не тым, чым павінен займацца старшыня...

Максім сядзеў збоку, каля акна, паміж Шаройкам і сваім намеснікам Бірылам. Быў ён знешне спакойны, сядзеў, закінуўшы нагу на нагу, кідаў позіркі ў бакі, усміхаўся, нібы гаварыў: «Любуйцеся, які я!..» Сапраўды, дабрадзееўскія дзяўчаты не зводзілі з яго вачэй. Але чырвань шчок і вочы, у якіх гарэлі нейкія дзіўныя зялёныя агеньчыкі, выдавалі яго хваляванне.

Ладынін гаварыў да ўсіх, але ўпотай назіраў за ім. Часта пазірала на яго і Маша; яна баялася, што Максім не вытрымае і якім-небудзь недарэчным выгукам, пярэчаннем перапыніць Ігната Андрэевіча. А ёй хацелася апладыраваць кожнаму слову сакратара, бо ўсё, што ён гаварыў, было справядлівым, аб гэтым не раз думала яна сама. Але ў той-жа час ёй было шкада Максіма: ніхто лепей за яе не ведаў, як балюча ён успрымае такую крытыку. Яна бачыла больш, чым Ладынін, і больш чытала на яго твары. Вось ён непрыкметна зашпіліў шынель, потым расшпіліў яго і раптам у нейкі міг, які ніхто не заўважыў, аднаго гузіка не стала: Максім схаваў яго ў кішэню.

— Няўжо абавязкова самаму старшыні ездзіць кожны раз у Сельгасснаб за кожнай парай лейцаў, ці за жалезам для кузні? Такую работу мог-бы з поспехам выканаць любы калгаснік. А Лескавец ездзіць сам. А ў калгасе ў гэты час цэлы дзень прастойвае трыер, які быў дадзены на нейкіх два дні. Трыер забралі, і частка насення засталася неачышчаным...

— Колькі таго насення! — не вытрымаў Бірыла.

— Мы не маем права, таварыш Бірыла, пасеяць нядобраякасна ні аднаго гектара. Аб гэтым запісана ў пісьме правадыру, якое вы падпісалі...

Маша ўбачыла, як Максім расшпіліў каўнер гімнасцёркі і выцер шыю бруднаватай хустачкай.

—... Нельга працаваць па-ранейшаму, без агранамічных ведаў. А Лескавец не вучыцца і людзей не прымушае вучыцца. Відаць, таварышы з «Партызана» на чале з сваім старшынёй думаюць, што яны змогуць пражыць «агранамічным» аўтарытэтам Шаройкі. Памыляюцца... І таму я сёння з абурэннем гавару аб выпадку з галоўным аграномам МТС Маслоўскай. Чалавек прыехаў, каб дапамагчы ў падрыхтоўцы да сяўбы, прачытаць лекцыю... А Лескавец, пасадзіўшы яе ў халоднай канцылярыі пачакаць яго «парачку хвілін», знік на цэлы дзень... Што гэта, тактыка Радніка, таварыш Лескавец?

Піліп Раднін, старшыня калгаса «Зорка», неспакойна каўзануўся на лаве.

— Ты што, Піліп, прыліп, што адрываеш штаны ад лаўкі? — іранічна заўважыў Міхей Вячэра, які сядзеў побач.

Скончыў Ладынін свой даклад — Лескавец адразу-ж падняўся і хутка распрануў шынель, кінуў яго на падаконнік.

Грымнуў смех.

— Ото-ж, ажно горача стала хлопцу!..

— Яшчэ-б не!.. Тут і кашулю скінеш, не толькі што...

— А ён ужо расшпіліў яе!.. Глядзіце!..

— Але, браце Максім, гэта табе не за лейцамі ездзіць...

— Ажно вусы абвіслі... Падкруці для выгляду!..

Ладынін зморшчыўся — не падабаліся яму такія жарты. А Машы было проста балюча ад іх, можа, нават больш, чым самаму Максіму.

Байкоў званіў алоўкам па графіне.

— Цішэй, таварышы! Ды менш курыце! Накурылі — ажно дыхаць нечым.

Максім быццам-бы не чуў усіх гэтых жартаў. Моўчкі пастаяў, пачакаў, покуль усталяваўся парадак, потым папрасіў у старшыні сходу слова.

— Тут сакратар наш, Ігнат Андрэевіч, таварыш Ладынін, — ён, відаць, не прадумаў пачатак сваёй прамовы і таму награмаджаў словы без усялякага ладу, — у сваім дакладзе так наваліўся... адным словам, давёў, што ў тым, што сельсовет займае восьмае месца па раёну, а не першае, віноўны толькі адзін чалавек: Лескавец...

— Ты гавары за свой калгас... За сельсовет табе ніхто нічога не гаварыў, — перапыніў яго дырэктар МТС Крыловіч.

— Не, выбачайце, калі ўвесь даклад быў пабудаваны на мне, то дазвольце мне сказаць... Ну, добра, Лескавец не ўмее кіраваць, Лескавец дапускае грубыя памылкі, ездзіць, а толку няма... Адным словам... Лескавец не абапіраецца на калгасны актыў... актыў у яго — адзін Шаройка... Што мае таварыш Ладынін да Шаройкі — я не ведаю... Адным словам, выходзіць, што Лескавец — гэта Шаройка нумар два...

Зноў усе засмяяліся, акрамя Машы; яна моўчкі кусала вусны і не падымала вачэй. Ладынін дакорліва паківаў галавой:

— Дарэмна, Максім Антонавіч, — і падумаў: «Балюча рэагуе. А, можа, гэта і добра».

Максім, мабыць, не пачуў ці не зразумеў, што сказаў сакратар, бо перапытаў:

— Што?

— Нічога, нічога... Гавары.

— Але... таварыш Ладынін прагледзеў адну розніцу... Шаройка не хацеў працаваць старшынёй... Амяльян Дзянісавіч настойліва прасіўся, каб яго вызвалілі...

Тут ужо і Маша не вытрымала, каб не засмяяцца.

Не разумеючы, чым выкліканы смех, Максім павярнуўся да прэзідыума. Шаройка ўпотайкі тузаў яго за гімнасцёрку.

— ... Я-ж сам згадзіўся пайсці працаваць. Я не прашу, каб мяне вызвалялі... Не! Я хачу працаваць!

— Цудоўна! Малайчына! — Ладынін радасна бліснуў вачыма з-пад калматых брывей.

У Машы таксама стала святлей на душы. Яна глядзела на Максіма так, нібы ўбачыла яго ўпершыню. Ён стаяў каля акна расчырванелы, з гарачымі вачыма, памаладзелы і стройны ад таго, што быў туга перацягнуты рамнём, за які трымаўся рукамі, і разгублена азіраўся, відаць, зноў не разумеючы, за што яго раптам пахваліў Ладынін. Потым, мабыць, зразумеў і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы:

— Хачу! Але я згодзен: Лескавец не ўмее кіраваць... Не ўмее, бо працуе ўсяго тры месяцы... А хто мяне навучыў, хто дапамог? Чаму таварыш Ладынін не сказаў, як партыйная арганізацыя дапамагла мне? Не бачу я ад яе дапамогі...

Гэта была няпраўда. Ладынін выслухаў яе спакойна, але Лазавенка не вытрымаў і абурыўся. Заўсёды стрыманы, спакойны, ён усхапіўся з месца, сурова адсек:

— Няпраўда! Дзве трэці ўсёй партыйнай работы мы праводзім у вашым калгасе... У цябе лепшыя агітатары...

— Мне агітатары не дапамогуць своечасова пасеяць.

— Ах, вось як! Тады — безумоўна, — Васіль быў так уражаны, што аглянуўшыся на Ладыніна, нічога не адказаў, развёў рукамі, уздыхнуў і сеў.

— Глыбока памыляешся, Максім Антонавіч, вельмі глыбока, — спакойна заўважыў Ладынін.

— Мне трэба насенне гародніны, якога ў мяне няма. Мне трэба трактар, а мне прыслалі разбітае карыта, — ён кінуў гэтыя словы Крыловічу. — Якая гэта дапамога, як я магу спадзявацца на яе, калі ён не дайшоў кілометр да калгаса і трэці дзень стыне ў полі? Табе добра агітаваць, — цяпер ён наступаў на Васіля, — калі табе вунь які прыслалі, толькі з канвеера. Люба паглядзець... Вядома, ты пасееш першы... А я тыдзень да Крыловіча езджу, прашу конную сеялку... Тут не хацеў-бы, а станеш гастралёрам. Вось вам свежыя факты, Ігнат Андрэевіч, калі яны вас цікавяць...

— А вы ў брыгадзіра трактарнай брыгады спытайце, чаму стаіць трактар, — са спазненнем прапанаваў Крыловіч.

Максім не адказаў. Запал і злосць яго раптам пачалі астываць: у нейкі момант ён зразумеў, што пачынае гаварыць недарэчнасці. Пакрыху збаўляючы тон, пачаў расказваць аб тым, што зроблена, як калгас падрыхтаваўся да сяўбы. Міхал Прымак пасля заўвагі дырэктара МТС дастаў з кішэні блакнот, вырваў лісток і напісаў:

«Фр. Ул.! Калі вы будзеце зноў ківаць на мяне, я выступлю перад калгаснікамі так, як выступаў на нашым апошнім сходзе. Я сароміцца не буду. Вы добра ведаеце, па чыёй віне стаіць Мігай. М. П.»

Крыловіч прачытаў паперку і, прыкметна пачырванеўшы, акуратна згарнуў яе і палажыў у адтапыраную кішэню гімнасцёркі, набітую іншымі паперкамі, патрэбнымі і непатрэбнымі.

Лескавец скончыў нечакана, на поўслове.

Нехта з дабрадзееўцаў ажно з другога пакоя выгукнуў:

— А абавязацельствы вашы якія?

Максім падняўся і разгублена глянуў на прэзідыум, пасля назад, на людзей. Яму стала ніякавата ад таго, што ў запале ён забыў, якое незвычайнае пытанне абмяркоўваецца. Ён не рыхтаваўся да выступлення. Шукаючы падтрымкі, глянуў на Шаройку, потым на Машу, ціхім, няўпэўненым голасам перапытаў:

— Абавязацельствы?

— Але!..

— А мы паслухаем, што скажуць перадавікі, — шукаў ён выхаду з няёмкага становішча.

— Правільна! Раўняйся па нас! — выгукнуў усё той-жа малады задорны голас.

— Абавязацельствы нашы — у пісьме таварышу Сталіну, — Васіль падняў са стала газету. — Вось тут, таварыш Лескавец. Але, дазвольце мне слова, — павярнуўся ён да Байкова і, падняўшыся, зноў звярнуўся да Максіма:

— Я хацеў-бы адказаць табе на твой папрок, які ты Зірабіў усёй партарганізацыі. Але аб гэтым мы пагаворым пасля, на другім сходзе. Я ўпэўнены, што ні адзін чалавек не падтрымлівае тваёй думкі, — ён зрабіў паузу, як-бы чакаючы, што яму адкажуць, але людзі напружана маўчалі. Тады ён зрабіў крок да стала, палажыў далоню на газету, другой рукой прыгладзіў непакорлівыя валасы.

— Таварышы! Калгаснікі калгаса «Воля» перапоўнены пачуццём шчасця: іх абавязацельствы занесены ў пісьмо ад усяго нашага беларускага народа найлепшаму яго другу і правадыру вялікаму Сталіну... Гэта найвялікшы гонар для нашага калгаса... І мне хочацца расказаць, як мы будзем выконваць гэтыя свае ганаровыя абавязацельствы.

— Давай, давай, Васіль Мінавіч! — загаманілі дабрадзееўцы.

— ... Тым больш, што хто-ні-хто сумняваецца ў нашых магчымасцях. Вось, напрыклад, таварыш Раднік не верыць, што на нашых землях можна вырасціць па сто пудоў з гектара...

— Не веру! — рашуча пацвердзіў свае сумненні маўклівы Раднік. — На тваёй зямлі? Не веру!

Васіль змоўк, у куточках вуснаў яго затаілася ледзь прыкметная ўсмешка.

— Не верыш? Што-ж, паслухай, што мы зрабілі і што будзем рабіць дзеля таго, каб нашы абавязацельствы не былі пустымі словамі...

Ён доўга і падрабязна гаварыў аб асваенні севазвароту, аб угнаеннях, апрацоўцы глебы і падкормцы — аб усім тым вялікім комплексе мерапрыемстваў, якія ўжо былі прароблены ў калгасе. Яшчэ больш — аб тым, што будзе рабіцца вясной, улетку, які будзе догляд пасеваў, як будзе вырошчвацца кожная культура і які запланаваны ўраджай на кожным полі, на кожным паасобным участку.

Усё гэта было добра вядома дабрадзееўцам і тым, хто наведваў заняткі агранамічнага гуртка. Але слухалі яго з нейкай асаблівай увагай. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Толькі Маша дрэнна даходзіла да сэнсу яго апошніх слоў. Свае думкі апанавалі яе.

«А мы? Што скажам мы? Няўжо так і прамаўчым? — яна пільна ўзіралася ў твар Максіма, жадаючы адгадаць яго думкі, але рысы яго твару былі нерухомыя — ён уважліва слухаў, толькі зрэдку выціраў лоб хустачкай. — Няўжо мы не здольны вырасціць такі-ж ураджай, як у «Волі»? Ці ў нас зямля не такая? Ці не аднолькава будзе свяціць сонца і ісці дажджы? Не, выступлю і скажу за сваю брыгаду. Мы зможам вырасціць такі-ж ураджай. А калі...— у душным пакоі ёй на момант стала холадна ад гэтай думкі, — калі не зможам?.. Значыцца, я ашукаю партыйны сход... — Яна хутка зірнула на партрэт правадыра. — Можа лепей змаўчаць? Каб гэта залежала толькі ад мяне, я ночы не спала-б... А то ў брыгадзе шэсцьдзесят працаздольных, розныя людзі, па-рознаму ставяцца да працы. Не, людзі добрыя. Хіба не аб гэтым самым гаварылі яны на апошнім брыгадным сходзе? Усе сыходзіліся на тым, што трэба змагацца за такі ўраджай, як у «Волі». Не, людзі падтрымаюць...»

Маша схамянулася ад воплескаў. Аглянуўшыся, яна ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля і пачала таксама гучна, па-дзіцячаму шырока разводзячы рукі, біць у далоні. Яна радавалася за Васіля, у яе ажно вочы напоўніліся гарачымі слязамі захаплення.

За акном шугануў вецер, моцна ўдарыў у бляшаны дах. Па шыбах нібы нехта сыпануў гарохам; шарыкамі жывога срэбра пакаціліся па шклу буйныя кроплі дажджу.

— Дождж?!— здзіўлена і радасна прашапталі людзі.

Маша схамянулася, адарвалася ад сваіх думак.

«Дождж».

— Да раніцы, бадай, увесь снег змые, — прамовіў нехта са старых.

«Вось яна і прышла вясна», — і раптоўна ўсе хістанні, усе сумненні зніклі. Маша рашуча папрасіла слова.

Дождж ішоў спорны і цёплы. І адразу запахла сырой адталай зямлёй і яшчэ нейкім своеасаблівым пахам, якому няма назвы, але аб якім звычайна гавораць: «пахне вясной». Ноч — хоць вока выкалі. Толькі ззаду, у Дабрадзееўцы, праз заслону дажджу свяціліся вокны хат і адзінокія электрычныя ліхтары — каля «сілавой», урачэбнага пункта, на калгасным двары.

Наезджаная за зіму дарога яшчэ крыху трымала, але ў многіх месцах яе парэзалі ўжо напорлівыя веснавыя раўчакі. Вада журчэла збоку ў канавах.

Яны ішлі, як салдаты ў разведцы, — адзін за адным, з той толькі розніцай, што камандзір — Лескавец — ішоў самым заднім. Маша аглядвалася, бачыла іскры з яго люлькі — ён няспынна курыў. «Хвалюецца і злуецца». Сама яна таксама ўсё яшчэ не магла супакоіцца пасля выступлення і нават, здавалася ёй, хвалявалася больш, чым там, на сходзе. Трывожыла думка: ці вырасце ў іх такі ўраджай, як у «Волі»? Яна ўспамінала ўсю работу, якую прарабілі ў брыгадзе, рыхтуючыся да вясны. Недаробак было шмат, і яны непакоілі. Суцяшаў толькі брыгадны клін азімага. На ім яны зрабілі і зробяць усё, што робяць на сваім участку жыта дабрадзееўцы. Дарэчы, іх поле мяжуе з лепшым участкам «Волі», і ўсё ў іх будзе аднолькавае. А вось ярына... Яе яшчэ трэба пасеяць. Тут будзе цяжэй. У іх нават не ўся плошча пад вясновы пасеў пазяблена. І гною менш, і насенне горшае, і коні слабейшыя, і трактар трапіўся нейкі няўдалы... Ад гэтых думак яшчэ больш стала трывожна на сэрцы.

«Як я людзям у вочы гляну, калі не выканаю таго, што паабяцала?». Ёй захацелася пагаварыць з Максімам, адстаць, пайсці побач і шчыра пагаварыць. Але яна баялася, што ён не зразумее і зноў можа абразіць яе пачуцці якім-небудзь грубым адказам. Ішлі моўчкі. Толькі Клаўдзя Хацкевіч нешта ціха расказвала дзяўчатам і сама гучна смяялася.

— Ну, бабы, падымай спадніцы!. Будзем скакаць! — прагучэў яе вясёлы голас.

Дарогу перарэзаў раўчак.

Мурашка пасвяціў кішанёвым ліхтарыкам.

— Ну, гэта што! — і першы спрытна окочыў.

— Табе лёгка гаварыць — што! А вось як нам?— бурчэла Клаўдзя. — Дзе там Максім? Ты, чарцяка, у паляўнічых ботах, а я табе ў бахілах павінна дарогу пракладваць. Камандзір павінен быць наперадзе свайго войска!

Максім не адгукнуўся. Маша адчувала, што ён стаіць за спіною ў яе і чула, як смокча люльку: гэта быў смешны гук — цмокае, як малое дзіця. Хутка іх прымусіў спыніцца і згрудзіцца новы раўчак, які журчэў і булькатаў гучней за ўсе папярэднія.

Мурашка зноў пасвяціў і свіснуў.

Лукаш Бірыла пачаў кіем мераць глыбіню і мацаць, дно — дзе зручней перайсці.

Люлька засіпела каля самага Машынага вуха.

— Ты што, таксама вырашыла мне нос уцерці? — сказаў ён ціха, але Машу так непрыемна ўразілі гэтыя словы, што яна на момант разгубілася.

— Зразумей, Максім...

— Ты думаеш, адна ты разумееш, а ў мяне і галавы няма і замест сэрца — камень. Так? Я сам мог сказаць...

— Я табе не перашкодзіла... Я сказала за сваю брыгаду.

— Не перашкодзіла!..

У іх размову, якую яны вялі амаль шэптам, нечакана ўмяшаўся Шаройка, які стаяў ззаду, але якога яны не бачылі.

— Эх, Максім Антонавіч, куранят лічацо увосень. Хто ведае, ці яно падсушыць, ці яно падмочыць. Сказаць лёгка... А мы лепей цішком ды моўчкі... Так яно лепей.

— «Цішком ды моўчкі»! — зняважліва хмыкнуў Максім.

Шаройка адступіў некуды ў цемру. Маша задаволена ўсміхнулася.

Максам наўпрасцяк, хутка і шумна, перайшоў раўчак і пайшоў першы, больш не спыняючыся і не адказваючы на жарты Клаўдзі, якія яна кідала ўздагон.


4...


У небе спяваў жаўранак. Людзі, пачуўшы гэты дзіўны спеў, спыняліся і, задраўшы галовы, ссунуўшы зімовыя шапкі на патыліцы, намагаліся адшукаць яго ў яркім вясновым блакіце, які сляпіў вочы. Набягалі слёзы, іх змахвалі далонямі і зноў углядваліся.

— Вунь ён, ву-унь!

— Але... Як камячок... На адным месцы вісіць.

— Толькі крыллямі трапеча.

Дарослыя гаварылі і радаваліся, як дзеці.

Жаўранкавым спевам звінела ўсё навокал у гэты

незвычайны дзень, першы такі ясны і цёплы пасля зімы. Хоць быў канец сакавіка, а сонца пякло, як у маі, і «украінскі» ветрык, як тут называлі вецер з поўдня, прыносіў не халодную вільгаць прадвесня, а духмяную цеплыню сапраўднай вясны, водыр разагрэтай сонцам зямлі.

Адразу, набрынялі буйныя почкі старой вярбы, што расла пад абрывам, схіліўшыся над самай вадой. Здавалася, яшчэ адна хвіліна, адзін момант — і пырснуць гэтыя почкі маладым зялёным лісцем.

Васілю здалося, што гэта здарыцца зараз, на яго вачах, і ён на хвіліну змоўк, нават стаіўся, чакаючы цуда. Магчыма, аб нечым блізкім да гэтага думаў і Ладыінін, бо ён таксама моўчкі пільна глядзеў на вярбу, на хуткую плынь вады. Рэчка вышла з берагоў, паднялася трохі не на ўзровень абрыву, заліла нешырокую пойму, камель старой вярбы, ажно да самага галля, і нават некалькі галінак было ў вадзе. На поўдзень, за паваротам, дзе пойма пашыралася, і на поўнач, за мастом, дзе ажно да самай Дабрадзееўкі рэчка заліла луг, віднеліся шырокія і спакойныя прасторы вады, па якіх, не ведаючы, нельга было вызначыць, дзе праходзіць рэчышча. А тут, у гэтай вузкай гарлавіне, сціснутай высокімі абрывістымі берагамі, на адным з якіх стаялі старыя дубы, а на другім — сосны, — паводка рвалася наперад, як раз'юшаная. Вада падмывала пясчаны бераг, вірылася вакол вярбы. Імкліва праплывалі, кружачыся, трэскі, галінкі, тарфяны, гной — рэшткі зімовых дарог.

Таўстая галіна вярбы цягнулася ўгору, узвышалася над берагам. Васіль нахіліўся над абрывам і адламаў галінку з вясёлымі кучаравымі «коцікамі». Панюхаў і засмяяўся.

— Вябра пахне малаком...

Ігнат Андрэевіч здзіўлена паглядзеў на свайго маладога сябра.

— Ну-у, гэта фантазія жывёлавода!

— Сур'ёзна. Між іншым, я заўважыў гэта ўпершыню, калі быў яшчэ вучнем... Помню з мяне смяяліся... Асабліва, гэты... д'ябал. — Васіль кіўнуў галавой назад, у бок Лядцаў, але слова «д'ябал» сказаў па-сяброўску ласкава. Наогул у яго быў незвычайны настрой — сапраўды вясновы. Грудзі напаўняліся нейкім бурлівым захапленнем. Свярбелі далоні рук — хацелася працаваць, галёкаць і смяяцца разам з моладдзю. Ён павярнуўся ад рэчкі. За якіх крокаў сто ад таго месца, дзе яны стаялі, хлопцы з чатырох калгасаў з жартамі і смехам складалі ў вялікія штабялі жоўтыя бярвенні. Старэйшыя мужчыны скаблілі іх. Бярвенні ляжалі тут на ўсёй пляцоўцы — ад рэчкі і амаль да самага калгаснага двара. Покуль трымалася санная дарога, іх хутчэй вывозілі з лесу, а цяпер, усё прадвесне, скаблілі і прыводзілі да ладу.

З другога боку, на пясчаным узгорку, вялікая група дзяўчат і жанчын ускрывалі кар'ер, з якога будаўнікі будуць браць грунт для земляной часткі плаціны.

Яшчэ далей, каля вёскі, і мужчыны і жанчыны працавалі на дарозе, якой яшчэ не было, але якая павінна будзе звязаць стары шлях з стогадовымі бярозамі, што ішоў адсюль на Украіну, з будаўнічай пляцоўкай.

— Кіпіць работа, Ігнат Андрэевіч!

— А-а? — Ладынін адвёў позірк ад рэчкі. — Прыгожая мясціна. Дуб які прыгожы! Волат! А работа яшчэ не так закіпіць...

Лазавенка раптам засвістаў нейкую вясёлую мелодыю.

Ладынін здзіўлена, хаваючы ў вусы хітраватую ўсмешку, назіраў за ім.

— Баюся, Ігнат Андрэевіч, што палявыя работы спыняць будаўніцтва.

— А мы сёння павінны цвёрда дамовіцца і запісаць... Будзем змагацца, каб не было ніводнага дня перапынку. Справа не толькі ў тэмпах. Баюся іншага: спынім мы работы на якога поўмесяца — і Сакавітаў сапраўды выедзе. Чакай тады, покуль «Сельэлектра» прышле свайго інжынера. Гэты чалавек не можа сядзець без работы і не можа адарвацца, пакінуць яе, калі работа ідзе добра, калі кожны працоўны дзень ставіць яму задачы на наступны дзень...

Яны ішлі да штабеляў. Лазавенка раптам спыніўся, прыслухаўся.

— Ты чаго? — спытаў Ладынін.

Васіль весела кіўнуў галавой:

— Гудзіць!

Недзе вельмі далёка, за Лядцамі, а, можа, нават і за Дабрадзееўкай, гудзеў трактар.

— Працуе. Сёння засеем першыя гектары. Ігнат Андрэевіч, трэба сур'ёзна пагаварыць з Лескаўцом. Якога ліха ён не пачынае! У «Партызане» ёсць мясціны вышэйшыя, чым у нас... А глядзіце, як сохне зямля. Нельга адкладваць ні на адзін дзень. Хай заўтра-ж пачынае. Выбарна... Хопіць яму слухаць Шаройкавы парады!..

— Пагаворым і моцна пагаворым...

З рэчкі даляцеў вясёлы выгук:

— Ого-го!

Хлопцы ад штабеляў кінуліся на бераг глядзець.

— Пецька, бяжым, нехта топіцца!

— Але... Не тым-бы голасам ён крычаў, каб тапіўся!

Ладынін і Лазавенка таксама пайшлі да рэчкі.

На самай сярэдзіне разліву, дзе праходзіла рэчышча і дзе плынь была асабліва хуткая, круцілася невялікая лодка. У ёй сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках і з даўгой жардзінай, якая ляжала ў яго на каленях. На носе лодкі — сярэдніх год жанчына ў зімовым паліто, у белай шароцянай хустцы, якая прыемна маладзіла яе твар. Гэта — Гайная, Кацярына Васільеўна, старшыня суседняга украінскага калгаса «Дружба». Яна сядзела нерухома, з акамянелым тварам — як статуя.

Трэцім — быў Максім Лескавец. Без шапкі, у адной гімнасцёрцы, ён з усяе сілы працаваў вёсламі. Сакавітаў намагаўся зруляваць да берага, у невялікую затоку каля калгаснага двара, выбітую за многія гады жывёлай, але плынь цягнула лодку да супрацьлеглага берага, і яна круцілася на адным месцы.

— У Гайнай душа ў пятках, — заўважыў Пецька Кацуба, і хлопцы дружна зарагаталі.

— Сяргей Паўлавіч! Рулюйце да таго берага, там спакойна. А адтуль — наперарэз, — раілі хлопцы.

— Максім Антонавіч! Давай да маста, тут вам не сыйсці, — крычаў Лукаш Бірыла, з прыкметнай трывогай за свайго старшыню, і, не ўхваляючы, бурчэў: — Чэрці. Жартачкі знайшлі. Выкупацца захацелі. Гэтая Гайная, як сякера, — ураз на дно пойдзе...

Але лодка раптам, нібы сарваўшыся з якара, хутка і роўна пайшла ў патрэбным кірунку.

Кацярына Васільеўна першая выскачыла, пацягнулася, па-мужчынску развёўшы рукі, а потым зусім па-жаночаму выцерла махрамі хусткі твар.

Убачыўшы Васіля і Ладыніна, засмяялася.

— Ну, і нагналі мне страху вашы інжынеры. Захацела, старая дурніця, паплаваты. Сядзела і ўспамінала, каму я Доўжна засталася на цім свіце. Здароў, Васілёк жытнёвы! Добры дзень, доктар.

— Дзень добры, Кацярына Васільеўна. Нешта ты вясну палохаеш.

— У мане ангіна, дарагенькі, шчоб яна скісла. Жыцця не дае...

Сакавітаў і Максім з дапамогай хлопцаў выцягвалі на бераг лодку.

Васіль з іранічнай усмешкай глядзеў на Гайную. У душы ён крыху недалюбліваў гэтую шумную жанчыну з яе робленай прастатой, старамоднымі, нейкімі бабскімі, зваротамі да людзей, нават старэйшых ад яе, — «саколік», «дарагенькі». Недалюбліваў за ўпартасць і за тое, што яна залішне хвалілася сваім калгасам. Год назад Гайная сама прыехала ў Дабрадзееўку і прапанавала Васілю заключыць соцумову. Але калі справа дайшла да праверкі спаборніцтва, яна ўпарта не хацела пагадзіцца з тым, што «Дружба» адстала, што гаспадарка ў яе развіваецца аднабакова. Давялося складаць вельмі аўтарытэтную камісію, былі сакратары райкомаў, аграномы, старэйшыя калгаснікі, але і з яе заключэннем яна не згадзілася і прадаўжала ўпарта стаяць на сваім.

— Да Кіева дайду, а не згаджуся! Вы паглядзіце, якія ў мяне каровы!

Сапраўды, каровы былі адменныя. Догляду за імі яна аддавала асаблівую ўвагу і ўсе галіны невялікай гаспадаркі падначальвала малочнай ферме. Усё, што рабілася ў калгасе, рабілася дзеля кароў. Дарэмна Васіль спрабаваў гаварыць ёй аб яе памылцы — аб разрыве паміж «двума цэхамі», аб тым, што адставанне паляводства не дасць магчымасці далей развівацца і жывёлагадоўлі.

— Будзь ласкаў, не чытай ты мне мараляў. Сваіх дарадчыкаў поўны раён, спакою від іх не маю, а яшчэ ты... У мяне самы лепшы луг, я сваім лугам тры такія фермы пракармлю. У цябе такіх кароў цераз дзесяць років не будэ. А ты даказваеш!..

— Не бачыла ты сапраўдных кароў, Кацярына Васільеўна.

Яна ўзлавалася і ледзь не выгнала яго з канцылярыі пры маладой настаўніцы. З таго часу Васіль махнуў рукой і не ездзіў да яе доўгі час, ажно покуль Ладынін не параіў яму прапанаваць Гайнай удзельнічаць у будаўніцтве гідрастанцыі.

— Шчо ты, Васілёк, кветка лугавая, дывішся на мэне, як кіт на сало?

Васіль засмяяўся.

— Папрыгажэлі вы, цётка Кацярына! Памаладзелі.

— Усёадно табе застарая.

— Аднак на лодачцы вы катаецеся з маладымі. Прыпамятаюць яшчэ вам гэтую рачную прагулку, — сказаў ён з сур'ёзным выразам на твары.

Гайная ўтаропіла на яго здзіўлены позірк.

— Ад каго?

— Ад жонкі Сяргея Паўлавіча.

Сакавітаў падышоў і стаяў збоку, закурваючы. Усміхаўся. Васіль па-змоўшчыцку падміргнуў яму.

— Прамахнуўся, галубок. Раіса — мая хрэсніца...

— Вялікая справа — хрэсніца! Аднак адкуль у вас столькі хрэснікаў?

— Ты шчо, дарагенькі, жаніўся?..

— Чаму?

— Раней ты быў больш сур'ёзны... Менш аб грышных справах думаў.

— Вясна.

— Ды ўжо-ж... А хрэснікаў... Каб ты ведаў колькі іх у мяне. Я тількі за цю війну, можа, сотню пэрэхрыстыла...

— Вы? — із дзівіўся Ладынін, ведаючы, што Гайная ў вайну была ў партызанах.

— Царква ў нас была толькі ў Піўнях, а папом там быў наш партызан. А я ўвесь час сувязь з ім трымала. А з чым да папа ісці, каб немцы ды паліцаі не чапляліся? Вось я і насіла і вадзіла да яго дзяцей. Такія трапляліся хрэснікі, што вядзеш, вядзеш яго, а куды не гаворыш... А ўбачыць ён папа, вырве руку, шмыгане за дзверы або зусім праз акно — і толькі бачылі яго, адны пяткі бліскаюць...

— Прызнайся, што схлусіла на хаду, — засмяяўся Васіль.

Гайная накінулася на яго:

— Далібог-жа, праўда. Але што з табой, малаверам, гаварыць! Ты сам сабе раз у год верыш!— і, махнуўшы на яго рукой, звярнулася да Ладыніна, выраз твару яе і голас перамяніліся, яна стала сур'ёзнай, паважнай, як належыць кіраўніку, які ведае сабе цану. — Ігнат Андрэевіч, ёсць у мяне просьба да цябе. Захварэў адзін мой «хрэснічак», гарыць хлопец, як свечка, а фельчарыца, вы-ж ведаеце, якая ў нас — молада-зелена... А да раёна... Дзе ён наш раён!

— Добра, Кацярына Васільеўна, — перапыніў яе Ладынін. — Я паеду. Але на чым?

— За мной прыедуць, дарагенькі. Лепшага каня прышлюць.

Васіль уздыхнуў.

— У вас-жа ўрач у Барку. Пяць кілометраў усяго.

— А я, можа, не хачу таго. Я Ігната Андрэевіча паважаю.

— Добрая павага! Чалавеку няма ні дня, ні ночы. Хоць разарвіся на часткі.

— Чорствая ў цябе душа, галубок. Калі дзіця хварэе — за сто вёрст паедзеш.

— Пакінь Лазавенка! Я не люблю адвакатаў, — нахмурыўся Ладынін і сярдзіта адышоў убок.

Гайная насмешліва спытала ў Васіля:

— З'еў, голубе?

Максім Лескавец у гэты момант быў каля калгаснікаў, дыміў сваёй люлькай, лазіў па штабелях, жартаўліва спрачаўся з маладымі хлопцамі.

— Старшыня! У цябе не люлька, а самавар!

— Прымацуй да не кормазапарнікі!.. Карысць будзе!..

— А хто гэта, чэрці, так скобліць? — ён стукнуў нагой аб бервяно. — Толькі поўбока аблуплена, як у казы.

— Гэта Карней усё пра ферму думае.

— Пра малачко!..

— Баіцца, што Клаўдзя без яго з каровамі не зладзіць.

Былы загадчык калгаснай фермы Карней Лескавец чырванеў, сціскаў кулакі, але маўчаў — толькі зіркаў па баках і сапеў. Чалавек ён быў гультаяваты, і моладзь яго недалюблівала.

Гайная спынілася супраць штабялёў і, відаць, ужо забыўшыся на размову з Васілём, зноў хвалілася перад ім.

— Вунь мае арлы як варочаюць! — Хлопцы з калгаса кацілі ў штабель бервяно. — Пахвалі хоць раз, гаспадар! А то табе — усё дрэнна... А як він гарна співае!— яна задрала галаву і, прыставіўшы да ілба далонню, паглядзела ў неба. — Дэ він?

Жаўранак нястомна звінеў. Па небе плылі белыя хмаркі. З абсмаленых бярвенняў празрыстымі кроплямі сцякала смала. Людзі скідалі ватоўкі, шынялі і працавалі ў адных стракатых кофтачках і сарочках.

— Ой, хутка сохне маці-зямелька, — спявала Гайная.— Хутка. Давядзецца, нам спыніць пабудову на час палявых работ. Не выцягнем.

— Вось яны, Мінавіч, капітулянцкія настроі! — заўважыў Ладынін. — Не, шаноўная Кацярына Васільеўна, мы і сабраліся сёння, каб абмеркаваць: як зрабіць так, каб работы на будаўніцтве не спыняліся ні на адзін дзень, — Ладынін употай зірнуў на Сакавітава, той стаяў і моўчкі глядзеў некуды ў далеч, за рэчку, паглыбіўшыся ў свае думкі.

— Ой, цяжка будзі — уздыхнула Гайная.

— Вось гэта і добра, што цяжка, — усміхнуўся Ладынін.

Падышоў Лескавец і, даведаўшыся, у чым справа, упэўнена заявіў, пераможна глянуўшы на Васіля:

— Мае пятнаццаць чалавек будуць працаваць без адрыву!

— Ты, галубок, сеяў хоць раз?

Максім пачырванеў.

— Пасееш — дазнаешся, чаго варта ў такі час кожна людына, асабліва цяпер пасля вайны.

— Толькі не палохайце, Кацярына Васільеўна! Мы не з палахлівых. Сеялі і ведаем, — Васіль прамовіў апошнія словы з своеасаблівым націскам, сярдзіта. — Я падлічу і дакажу вам, што на сяўбе ў вас штодзень гуляе палова людзей.

— Навучыўся ты падлічваць чужых людзей.

— За суткі вада спала на сем сантыметраў, — раптам, перапыніўшы іх спрэчку, паведаміў Сакавітаў і задумліва працягваў: — Увойдзе рэчка ў берагі — вынесу праект у натуру і... прасіце спецыяліста «Сельэлектра»... Я сваю справу зрабіў. Чым мог — дапамог. Больш не магу! Работа, кватэра — усё гатова... Во колькі атрымаў за зіму пісем — ён паляпаў далонямі па раздзьмутай кішэні, хоць там былі зусім не пісьмы, а паперы з разлікамі будаўніцтва.

З-за штабеляў выехала фурманка, на возе плячо ў плячо сядзелі два чалавекі і мірна гутарылі. Лазавенка засмяяўся:

— Глядзіце, Байкоў і Раднік памірыліся. Скончылася гульня ў ката і мышку.

Па прапанове Ладыніна ўсе селі тут-жа, на бярвеннях, і Васіль Лазавенка абвясціў паседжанне міжкалгаснага совета адкрытым.


5...


З поля Маша вярнулася позна. Аднак не пайшла адразу ў хату. Узышла на ганак і апусцілася на лавачку, прыціснулася да яшчэ цёплай сцяны. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела, яна сядзела абыякавая да ўсяго, што рабілася навокал, слухала і не ўспрымала гукаў. Даўно ўжо сцямнела, хоць за рэчкай на паўночным захадзе неба было светла-блакітнае, без зорак, з ружовай паласой над даляглядам. Рэдкія зоркі мігцелі над галавой. Было душна. Над вуліцай яшчэ вісеў пыл, падняты статкам. А вёска была напоўнена гукамі. Каля школы гулялі дзеці ў схованкі, крычалі і весела смяяліся. Потым хлапчука, відаць, пакрыўдзілі, і ён голасна заплакаў.

— Я ма-а-ме скажу-у!..

Зазыўна мычэлі непадобныя каровы, гаспадыні якіх, відаць, затрымаліся на гародах. На калгасным двары жаласліва іржала жарабё: кабыл выгналі на начлег, а маладняк пакінулі — баяліся ваўкоў. Галасіста, ажно далёка на паплавах адгукалася рэха, гагакалі гусі. Звінеў малады дзявочы смех, радасны і прываблівы. А ахрыплы жаночы голас злосна гукаў:

— Федзя, а Федзя! Колькі я цябе буду клікаць! Ну, паганец, не прыходзь дамоў! Я табе дам!

Забрынчэла і змоўкла балалайка. А ў кустах каля рэчкі заскрыпеў дзяркач, і пачыналі бязладны «канцэрт» жабы. Недзе каля Дабрадзееўкі заспявалі дзяўчаты. І гэты далёкі спеў схамянуў Машу, вывеў з стану задумлівасці. «Спяваюць... Гэта Насціна звяно з поля вяртаецца. З праполкі. Ужо з праполкі...»

Маша адарвалася ад сцяны і пацерла далонямі каленкі, якія нылі ад стомы, уздыхнула і думкі паплылі, як заўсёды, — імклівыя, напружаныя!

Ох! Якая гэта цяжкая работа — брыгадзірам! Цэлы дзень на нагах, ад цямна да цямна. А вынікі... У «Волі» пачалі палоць ужо, а ў іх... У іх яшчэ раннія не пасеяны, а колькі бульбы, проса, гародніны... Праўда, у яе брыгадзе справы значна лепшыя, чым у другіх. Але хіба можа выцягнуць увесь калгас адна яе брыгада? Ды і не такія яны ўжо лепшыя і яе справы. Не трэба забывацца, што яна давала абяцанне на партыйным сходзе... Пры думцы аб гэтым ёй заўсёды рабілася горача. Але хіба зраўняешся з «Воляй», калі яны кожную культуру пасеялі ў самыя дакладныя агранамічныя тэрміны? А вясна вунь якая — сухая, ніводнага дажджу. У полі ад пылу дыхаць нельга, на ўзгорках вятры выдзьмулі зямлю, і зерне ляжыць на паверхні, сохне і не прарастае. У такую вясну на якія два дні пасееш пазней — і на два цэнтнеры атрымаеш менш. Але чаму яны так адстаюць? У чым прычына? Яна ведала: прычын многа, яны агульныя, аб іх многа пішуць у газетах, гавораць на сходах. І яна не ўдумвалася ў іх сутнасць. Яе цікавіла адно пытанне, і яна кожны раз пасля такіх думак вярталася да яго. У чым сіла Васіля? Чаму ў «Волі» такі парадак, такая арганізаванасць, такі, як гаворыць Алеся, рытм у рабоце? Раней, пры Шаройку, яна адказвала на гэтае пытанне проста: сіла гэтая ў тым, што старшыня душой хварэе за калгасную гаспадарку, а не думае аб уласнай нажыве, як Шаройка.

Але Максіма нельга папракнуць, што ён не турбуецца за калгаснае дабро, а дбае аб сваім. Маша ўпэўнена, што ў яго не меншае жаданне зрабіць свой калгас перадавым, чым у Васіля. Сапраўды, ён проста, як кажуць, «гарыць на рабоце», асабліва пасля таго адкрытага партыйнага сходу. Дык чаму-ж яго добрыя намеры не прыводзяць да такіх-жа добрых вынікаў?

Ёй вельмі хацелася, махнуўшы рукой на бабскія перасуды, схадзіць да Васіля, распытаць усё па-сяброўску, параіцца, папрысутнічаць на нарадах, на паседжанні праўлення, пахадзіць з ім па полі. Ёй здавалася, што, каб яна ведала гэты сакрэт, яна знайшла-б, як перадаць яго Максіму, і прымусіла-б яго кіраваць так, як кіруе Лазавенка.

У душы яна злавалася на Васіля за тое, што ў апошні час ён рэдка наведваецца, не цікавіцца справамі іх калгаса.

«А яшчэ член райкома».

Яна не ведала аб размове, якая адбылася паміж ім і Максімам, калі апошні пасля ўсіх сваіх запэўненняў усё-такі зняў з будаўніцтва гідрастанцыі людзей.

А тут яшчэ хвароба Ігната Андрэевіча...

«Не, не! Так далей нельга! Трэба нешта рабіць. Раённыя прадстаўнікі нас абмінаюць, лічаць «сярэднімі, моцнымі»... А на самай справе, сярэдзіна гэтая — небяспечная»...

На другім баку вуліцы пачуліся галасы. Маша пазнала Максіма і Шаройку. Праз хвіліну ў доме Шаройкі скрыпнула брамка і сонна адгукнуўся сабака.

У Машы ёкнула сэрца, а пасля сціснуліся кулакі.

«Вось яна, гэтая прычына... Зноў павёў, каб напаіць... Карыстаецца яго слабасцю... і муціць ваду... Хоча даказаць, што вышэй узняць калгас нельга, чым узняў ён, Шаройка. Як Максім не разумее. Як можна не разумець!..»

Згушчалася цемра. На небе загараліся новыя зоркі. Паступова заціхала вёска. Толькі недалёка плакаў хлапец, відаць, той Федзя, якому маці добра задала, што доўга не ішоў дахаты. За домам, у хляве, жавала жвачку і цяжка ўздыхала цёлка. Маша ласкава падумала аб ёй: «Цяжка табе? А ты хутчэй цяліся. Табе будзе лягчэй і нам добра. А то мы ўсю вясну на посным сядзім».

Паўз хату прайшла жанчына. Мінуўшы ганак, спынілася, угледзелася.

— Ты, Маша?

Маша пазнала голас, уздрыгнула.

— Я.

Сынклета Лукічна паднялася на ганак, села побач.

— Адна сядзіш? — і, магчыма, зразумеўшы недарэчнасць свайго запытання, паправілася — спытала ласкава і шчыра: — Змарылася? — і паклала руку па плячо, абняла. Ад гэтай ласкі Машы стала шкада сябе, пад горла падкаціўся салёны камячок.

— Змарылася, — шчыра прызналася яна. І, памаўчаўшы, дадала: — Змарылася, цётка Сынклета... Бегаеш, бегаеш...

— А я засумавала па табе. Даўно ўлад я не сядзела з табой вось так, не гутарыла, як некалі... Помніш?.. Бачу штодзень і ўсё зводдалі. І крыўдна мне... Чаму гэта ты мяне абходзіш, на работу не загадваеш? Няўжо я лішняя ў калектыве стала? Ці можа, думаеш, рабіць развучылася?

— Ну, што вы, цётка Сыля! Я думала, вам пры сваёй хаце работы хапае. Нам вось усім калгасам збудавалі, а вы самі... Трэба і прыгледзець, і рабочых пакарміць...

— Ды няма іх зараз, рабочых... Ён-жа, як толькі зняў людзей са станцыі, так і са сваёй хаты разагнаў усіх — і сваіх калгаснікаў і свата Ягора з Ясакараў. «Не хачу, — кажа, — каб пальцамі паказвалі...» — яна памаўчала і, уздыхнуўшы, сказала: — Цяжка і яму, Машачка. Не ведаю, калі і спіць. Бегае дзень і ноч. Злуецца.

— А толку мала.

Сынклета Лукічна доўга маўчала. Ёй было крыўдна за сына. Адна яна, маці, ведала, як ён працуе, хвалюецца. Але і Машу ёй не хацелася пакрыўдзіць і, падумаўшы, яна лагодна згадзілася:

— Малавата. Але-ж не ўсё адразу, Машанька...

— Зараз зноў пайшоў да Шаройкі.

Плечы ў маці перасмыкнуліся, як ад нечаканага дотыку халоднага.

— Сябра знайшоў, парадчыка... Покуль ён не кіне слухаць Шаройку, толку ніколі не будзе.

Сынклета Лукічна хвіліну памаўчала, потым таксама раптам загаварыла суровым голасам:

— А я, Маша, і цябе абвінавачваю. Ну, прабегла кошка паміж вамі. Я ведаю, што вінаваты і ён... Малады, гарачы... Але-ж ты дзяўчына. Няўжо ты не можаш дараваць? Ты-ж ведаеш: ён горды, і сам цяпер, можа, ніколі першы не загаворыць...

— Ён горды, а я, па-вашаму, не гордая? Не, цётка Сынклета, я таксама гордая: прасіць не пайду, — яна сказала гэта і сама спалохалася сваіх слоў.

Сынклета Лукічна ўздыхнула і зняла руку з пляча дзяўчыны.

— Гордасці ў нас ва ўсіх многа, а вось розуму часам нехапае.

— Вы не крыўдуйце на мяне, цётка Сыля. Я з вамі, як з маці роднай — ніколі душой не крыўлю.

На руку Машы ўпала гарачая мацярынская сляза, але дзяўчыне здалося, што ўпала яна не на руку, а на сэрца — так яно балюча сціснулася. Хацелася чым-небудзь суцешыць старую, але не знаходзіліся патрэбныя словы. І яны доўга сядзелі моўчкі, прытуліўшыся адна да аднае.

— Ды я таксама шчыра, — нарэшце сказала Сынклета Лукічна. — Я толькі аб тым, каб як адарваць яго ад гэтага... ад Амелькі...

— Нічога, хутка ён зразумее, — упэўнена сказала Маша і сама паверыла ў гэта.

Адчынілася акно і з яго высунулася Алеся.

— Гэта ты, Маша, тут?

— Ну, я пайду, Машанька. Добрай ночы табе. Дык глядзі не забывай на мяне — кліч на работу.

Алеся сядзела за сталом, аблажыўшыся кніжкамі, падпёршы кулакамі шчокі. Яна пільна паглядзела на Машу, калі тая зайшла, вочы яе іскрыліся. Наогул, уся яна была нейкая ззяючая, чысценькая, з мокрымі валасамі, у прыгожай сукенцы з кароткімі рукавамі. Маша часта ў апошні час любавалася ёй і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!»

На падлозе спаў Пеця (на ляжанцы, дзе ён спаў зімой, было горача). Ён ляжаў, шырока раскінуўшы рукі, ссунуўшыся галавою з падушкі на сяннік. Спаў ён у тым адзенні, у якім працаваў; з доўгіх абтрапаных штанін выглядалі чорныя, парэпаныя ступні ног, рукавы кашулі былі закасаны. На руках, на шыі, на твары — засталіся бруднымі плямамі сляды пылу.

Маша стала на калені і ласкава паклала яго галаву на падушку, пагладзіла валасы.

— Вось ён які, твой слаўны рыцар! Палюбуйся. Загадала памыцца — раскрычаўся на ўсю хату: «Добра табе ў цяньку з кніжкай сядзець. Пайшла-б папрацавала ў полі, дык ведала-б». Фу, — Алеся пакрыўджана фыркнула. — Быццам я не працавала?

Алеся мела падставы пакрыўдзіцца на брата, бо працавала не менш, чым ён: уставала раней за яго, паліла ў печы, гатавала снеданне і абед, покуль Маша раздавала нарады на работу, бегла за восем кілометраў у школу, вярнуўшыся са школы — працавала на сваім гародзе і, у дадатак да ўсяго, — старанна рыхтавалася да экзаменаў, да якіх заставаліся лічаныя дні.

Але ў сэрцы Машы было больш ласкі да Пеці, асабліва сёння, і яна лагодна сказала:

— Не крыўдзіся на яго. Ён сёння чатыры нормы выканаў. Каб усе так працавалі!..

Аднак Алеся ўжо «разышлася»: падхапілася з-за стала, прабегла па пакоі і села на ложак, замахала рукамі.

— І дзесяць нормаў не даюць права лажыцца ў пасцель у такім выглядзе! Няўжо цяжка памыцца?

— Ды ён двойчы купаўся ў рэчцы!

— Ты яго, калі ласка, не абараняй. Ты таксама добрая! Я штовечар грэю ваду для вас і штораніцы выліваю. Як ты ходзіш? Сорам! Чаму ты носіш гэтае стар'ё і шкадуеш апрануць добрае плацце? На які час ты іх хаваеш?

— На работу? У пыл? Для чаго гэта трэба? — паціснула плячыма Маша.

— Каб быць прыгожай.

— Ад адзення не папрыгажэеш.

— Няпраўда! — не здавалася Алеся. — Помніш у Чэхава? У чалавека павінна ўсё быць прыгожае: твар, голас, адзенне. А ў цябе? Бровы выгаралі, нос аблупіўся, а спадніца... — Алеся саскочыла з ложка, спынілася перад Машай, крытычна агледзела з галавы да ног, кісла паморшчылася.

Маша адчувала, што яе пачынае злаваць гэтае чарговае дзівацтва сястры, але намагалася стрымацца.

— Ты гной не возіш і маеш усе магчымасці апрануцца, як належыць брыгадзіру лепшай брыгады.

— Пакінь, калі ласка!

— Не пакіну! Пераварваць не магу твайго Лескаўца, але за адно яго паважаю: ідзе чалавек — люба паглядзець, ніколі не шкадуе апрануць самае лепшае. Ты павінна хадзіць так, каб хлопцы позіркаў не маглі адвесці.

— Ну, ведаеш... не да гэтага мне...

Алеся тэатральна развяла рукамі і прысела.

— Скаж-ы-це, калі ласка, якая бабулька! Не да гэтага! Глупства! Адно няўдалае каханне — і ты павесіла нос. Саромся!

Машу рассмяшылі гэтыя яе па-дзіцячаму наіўныя словы, і злосць адразу змянілася жартаўлівым настроем.

— Адным словам, з сённешняга дня я бяру над табой «парфюмерна-касметычнае шэфства». Не дарма маці Паўліка пагражае яму, што ў горадзе я стану самай страшнай модніцай, — Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века.

— Вось. Я купіла табе самае лепшае мыла, самага Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... робіць скуру эластычнай, мяккай, белай.

— Навошта гэта непатрэбная раскоша?

— Не раскоша, а гігіена. Ездзіш у райцэнтр, а плакацік у акне цырульні прачытаць не можаш.

Маша шчыра смяялася, як не смяялася ўжо даўно і ад паўнаты пачуццяў з мацярынскай пяшчотай абняла Алесю.

— Мілая мая! Сумна нам будзе без цябе, калі ты паедзеш...

— У Маскву, — падказала Алеся.

— Усёадно куды.

— Не ўсёадно, а ў Маскву. У Маскву!

Магчыма, ні разу яшчэ пасля цяжкага працоўнага дня Маша так старанна і з такім задавальненнем не мылася. Яна цёрла рукі, твар, валасы духмяным мылам, пырскалася вадой і смяялася. Алеся ліла ёй цёплую ваду на галаву і прадаўжала сур'ёзна разважаць:

— Жарты жартамі, а я сур'ёзна думала над гэтым. У нас у класе цэлы дыспут быў... Уцягнулі ў яго настаўніц і хлопцаў, якія на дзіва кансерватыўныя ў гэтым пытанні... Самі, чэрці, вачэй не зводзяць з Ніны Бяловай, якая апранаецца прыгажэй за ўсіх, а даказваюць зусім іншае... Ведаеш, аб чым я мару? Убачыць цябе ў плацці з якога-небудзь пан-аксаміта, крэпдэшыне, файдэшыне, ці яшчэ з якога-небудзь шына... І каб пашыта было не нашай «масцярыцай на ўсе рукі» Лізай, а сапраўды добрым майстрам...

Маша забыла на ўсе свае турботы і пакутлівыя перажыванні. Ёй было лёгка, радасна і прыемна, быццам яна скінула цяжкі груз з плячэй. Павячэраўшы, яны ляглі ў ложак, і Алеся доўга чытала Лермантава, чытала з пачуццём, па-мастацку.

Лишь Терек в теснине Дарьяла

Гремя нарушал тишину;

Волна на волну набегала,

Волна погоняла волну;

Маша зачаравана слухала, заплюшчыўшы вочы, і ўяўляла невядомую, дзіўную прыроду і незвычайных людзей, створаных паэтам. Непрыкметна ўяўленне перайшло ў дзівосны сон: яна сама блукала сярод казачных гор. Алеся асцярожна патушыла лямпу.


6...


Сонца толькі што паказалася з-за сасонніку. Вялікі пунсовы шар імкліва каціўся насустрач адзінокай ранішняй хмарцы, якая, нібы спалохаўшыся, што спазнілася, хутка падала ўніз, за далягляд, і таяла там у полымі ўсходу. Полымя гэтае, праглынуўшы хмарку паступова бляднела, гасла — рассейвалася.

Заблішчэла раса; пад праменнямі сонца маладая рунь і трава сталі алюмініева-белымі, на выгляд — зыркімі і сухімі, толькі дзе-ні-дзе па іх праляглі ярказялёныя мокрыя сцежкі — сляды чалавека ці жывёлы. Статак яшчэ быў на выгане, каровы прагна хапалі ля агароджы траву, нездаволена мычалі, увішныя цёлкі залазілі ў пасевы. Пастухі крычалі, ляскалі пугамі. Радасна віталі новы дзень птушкі: звінелі ў вышыні жаваранкі, мітусіліся каля шпакоўніц у садах і над стрэхамі шпакі і няспынна лёталі то высока ў небе, то над самай зямлёй імклівыя ластаўкі.

З комінаў падымаліся ў ранішні блакіт неба амаль празрыстыя слупкі дыму: гаспадыні палілі ў печах наспех, сухім галлём.

У Дабрадзееўцы ў гэты час на калгасным двары было поўна народа: калгаснікі, атрымаўшы ад брыгадзіраў нарад, па адным і групамі накіроўваліся ў поле. Але на вуліцы Лядцаў было яшчэ пуста, толькі жанчыны з заспанымі вачыма беглі з вёдрамі да калодзежаў.

Працаваў толькі адзін чалавек — Шаройка. Праўда, не адзін ён, а ўся яго сям'я, — садзілі бульбу за сваёй хатай у маладым садзе, у якім вішні і асобныя яблынькі ўжо стаялі ў белай пене густой квецені. Сам Амелька араў; старая Ганна надзвычай спрытна раскідала свежы, відаць, толькі што вывезены з хлява, гной; Паліна, заспаная, злосная, няроўна кідала ў разору бульбу і раз-по-разу выцірала аб квяцісты фартух запэцканыя зямлёй рукі. Шаройка, праходзячы міма, нездаволена касіўся на дачку і, нарэшце, не вытрымаў, прасіпеў:

— Ты раўней можаш кідаць? Інтэлігенцыя!

Конь хадзіў даволі борздка, але Шаройка ўвесь час шэптам, нібы крадучыся, злосна падганяў яго, тузаючы за лейцы:

— Но-о, ты! Каб цябе ваўкі разарвалі!..

Пажадаўшы калгаснаму каню такой «прыемнасці»,

Ён азіраўся ў бакі. І раптам, аглянуўшыся, ажно ўздрыгнуў і выпусціў ручкі плуга: за тры крокі ад яго, абапёршыся на паркан (паўз яго сядзібу праходзіў завулачак да рэчкі, які Шаройка заўжды праклінаў), стаяла Сынклета Лукічна.

— Добрай раніцы, сусед.

— А-а, — працягнуў ён замест адказу на прывітанне і схапіў лейцы. — Тпрру-у! Каб... Добрага здаровечка, Лукічна, добрага... А раніца — душа спявае!..

— Ды ўжо-ж... Асабліва за работай.

Шаройка замітусіўся, як злоўлены злодзей.

— Ды тут, бачыш, пару сотачак... Дай думаю, покуль на калгасную работу... Бо ўдзень, ведаеш, дыхнуць некалі... А пад рыдлёўку — колькі спіну пагнеш, а так — дзесяць мінут і — мый рукі...

Сынклета Лукічна глядзела на яго сурова, ва ўпор, і ён хаваў свае вочы — глядзеў пад ногі, чысціў пугаўём плуг.

— Што ты мне зубы загаварваеш, Амелька? Добрыя дзве гадзіны працуеш ужо і яшчэ вунь на колькі хопіць... Дзве сотачкі!..

— Гадзіны?! — Шаройка, які дагэтуль гаварыў амаль шэптам, закрычаў здзіўлена, абурана. — Гэта табе, Лукічна, не іначай злы язык нашаптаў, бо сама ты такой несправядлівасці сказаць не магла. Ды дзве гадзіны назад яшчэ цёмна было... Цёмна, брат, цёмна..

— А ты з цёмнага і працуеш, — сурова адказала жанчына.

Шаройка аглянуўся на жонку і дачку, якія стаялі воддаль, каля мяшка з бульбай, і махнуў рукой.

— Ат, з цёмнага дык з цёмнага... Людзей не пераканаеш... І я не краду. Не... На сваім працую. А на каня я атрымаў дазвол Максіма Антонавіча, — і нечакана зусім іншым голасам — ласкавым, сяброўскім спытаў: — Спіць яшчэ гаспадар?

— Спіць.

Ён глянуў на Сынклету Лукічну з надзеяй, што напамінак аб сыне змякчыць яе душу. Але тое, што ён убачыў у яе вачах, ледзяной хваляй ударыла яму ў сэрца і нарадзіла жаданне схавацца, або праваліцца скрозь зямлю. Словы, нібы град, балюча ўдарылі яму ў твар:

— Слухай, Амелька, калі ты яшчэ хоць адзін раз заманіш яго выпіваць, так і ведай — дзесятаму закажаш... Я знайду на цябе ўправу, бессаромны ты чалавек. Я да райкома дайду, а словам маці ўсюды павераць. Ты за поўлітэрку хочаш купіць дазвол цэлую ноч на калгасным кані апрацоўваць свой незаконна захоплены гектар? Ты хочаш пачастункамі прываражыць яго да дачкі?.. Я цябе наскрозь бачу і ведаю, чым ты дыхаеш... Ох, і паскудны ты чалавек!

Покуль ён сабраў свае думкі і адважыўся падняць вочы, яе ўжо не было каля паркана. Сынклета Лукічна ішла па завулку ў бок рэчкі, выпраміўшыся, горда падняўшы галаву.

Пакінуты конь абгрызаў маладую яблыню. Убачыўшы гэта, Шаройка з усёй сілы ўдарыў каня пугаўём, а пасля страшэнна вылаяў ні ў чым не вінаватых жонку і дачку. Паліна заплакала і, шыбануўшы кошык і сарваўшы фартух, пабегла ў хату. Участак у садзе застаўся недасаджаным.


7...


За раніцу Маша абышла амаль усё поле брыгады і нават, як заўсёды, заглянула на ўчастак «Волі» — каб параўнаць. Раннія пасевы дружна набіралі сілу, кусціліся, гусцелі і былі не на многа горшыя, чым у суседа. Больш познія далі ўсходы рэдкія, кволыя. Зямля прасіла дажджу.

Маша з болем у сэрцы думала аб участках у першай і трэцяй брыгадзе, на якіх ярына пасеяна толькі ўчора і будзе сеяцца невядома колькі яшчэ дзён.

Дапамагчы-б ім. Але чым? І так з яе брыгады па загаду Лескаўца перакінулі ў брыгаду Шаройкі лепшых коней.

«Не, трэба пагаварыць з людзьмі, каб за два дні скончылі бульбу, і ўсё-такі дапамагчы ім»... — вырашыла яна і накіравалася ў той бок, дзе віднеліся людзі, коні і фурманкі. Амаль уся яе брыгада працавала на пасадцы бульбы. Мужчыны развозілі гной, складзены на полі яшчэ зімой, рассявалі калійную соль, падвозілі бульбу, хлопцы хадзілі за плугамі, а жанчыны і дзяўчаты садзілі бульбу. Працавалі дружна, весела — з гоманам і жартамі. Яе сустрэлі ветліва; хто не бачыўся раніцой — вітаўся, моладзь зноў-такі жартавала:

— Маша, ты нас павінна прэміраваць!

— Медалямі з бульбіны, — засмяялася Маня Лобан, — нізенькая курносая дзяўчына, па мянушцы «Каза».

— Сама ты бульбіна, Каза. Вунь і нос на сонцы спёкся! — адсек ёй Грышка Грошык, лепшы ў вёсцы балалаечнік і насмешнік.

Дзяўчына сарамліва закрыла хусткай нос.

Падышоў пажылы калгаснік Лявон Гайны.

— Ты ім, Маша, чарцям, па тры працадні скінь. Яны толькі ля дзевак завіхаюцца.

— А табе зайздросна, га? — закрычалі хлопцы ў адзін голас.

— Ён сам з Ганны вачэй не зводзіць.

— Ды жонка яму штодзень па пасме валасоў вырывае. Вунь аблысеў ужо.

— Мы яшчэ ёй раскрыем твае грахі. Чакай!

Лявон палахліва аглянуўся — ці далёка жонка?

Хлопцы зарагаталі.

— Ну, і языкі, каб вам...

Маша прайшла па ўчастку.

— Мала гною, мужчынкі.

— Марыя Паўлаўна, што ты! Ніколі столькі не лажылі.

— Бо ніколі не змагаліся за такі ўраджай... Ой, бачу, падвядзеце вы... А мы слова далі...

— Ні разу не падвялі, Маша, і не падвядзём, можаш быць упэўнена. Ды што мы — ворагі самі сабе, ці што?

— Ого, каб нам вырасціць такі ўраджай? Які працадзень быў-бы!

— Вырасцім, толькі давайце больш гною, асабліва там, у нізіне, — яна паказала рукой. — Вывезіце туды ўсю гнойную жыжу з ямы каля канюшні.

— Нехапае цягла, таварыш брыгадзір.

Мужчыны па адным падыходзілі да яе, абкружалі.

— А я хацела пагаварыць з вамі, каб заўтра скончыць.

— Усю бульбу? — старэйшы сярод мужчын, дзед Яўмен Лескавец, паківаў галавой. — Не па плячу задачу задаеш, дачка.

— Дзядуля, самі-ж вы гаварылі, што большэвікі ўсё могуць.

— Гаварыў і цяпер скажу... І яно, вядома, можна, — стары акінуў позіркам мужчын, як-бы шукаючы падтрымкі: — Можна... Але коні... Прыстаюць... Бо гэта-ж не машына. Трактар і той вунь стаіць.

— Трэба карміць у баразне, таварышы. Абавязкова, — не параіла, а патрабавала Маша. — Буду правяраць. А то ўчора жонка Усціна замест таго, каб прынесці траву коням, панесла сваёй карове.

— У Лазавенкі жыта косяць на корм. Знарок сеялі для гэтага. Зялёны канвеер, — заўважыў Пеця, брат Машы.

— Але, браткі, жыта — у калена, ранняе. Я ўбачыў, дык у мяне сэрца зайшлося: такое багацце, а яны косяць.

— Затое ў іх коні — ажно крыжы раздваіліся, і каровы па вядру малака даюць.

— Але каб касіць такое дабро... Жыццё пражыў, а не чуў.

— А што ты чуў за сваё жыццё, дзядзька Усцін? — бліснуўшы вачыма, спытаў усё той-жа Грышка Грошык.

Усцін, маленькі чалавечак, з барадаўкай на шчацэ, у зімовай шапцы адчуў хітрасць у гэтым пытанні і пагразіў хлопцу пугай.

— Дык скончым заўтра, мужчыны? — весела спытала Маша.

Некалькі чалавек з старэйшых паважна пераглянуліся, як-бы раячыся позіркамі. Маладзейшыя зноў адказалі жартамі:

— Будзем старацца, таварыш камандзір!

— Касцямі ляжам на гэтым полі, а зробім...

— Дзяўчаты падводзяць. Трэба іх падцягнуць, Маша!

— Не зводзяць з нас вачэй...

— З цябе? Ох, і прыгажун! Ото-ж, я гляджу... усе яны ссохліся па табе...

Андрэй Акуліч, рудаваты хлапчына з тварам густа ўсыпаным вяснушкамі, збянтэжыўся і схаваўся за спіну дзеда Яўмена.

Маша ведала, што гэта не проста жарты, пустое зубаскальства, гэта — добры, малады, задорны адказ на яе пытанне. Яна была ўпэўнена, што гэтыя аматары жартаў і насмешак ніколі не падвядуць у рабоце. Такія, як яе брат Пеця, як гэты смешны Андрэй, ноч будуць працаваць, а зробяць, што паабяцалі. І таму настрой у яе стаў, як гэтая сонечная раніца, — светлы, звонка спявала кожная струна душы, адгукалася радаснымі акордамі. Яна з прыемнасцю ўдыхала вільготны пах узаранай зямлі. Вецер, парывісты і цёплы, зрываў з яе галавы касынку. Маша прытрымлівала яе рукой, жмурылася ад сонца і шчыра смяялася разам з усімі.

Каля жанчын, якія, выкарыстаўшы перапынак у рабоце, таксама сабраліся ў адным месцы, яна затрымалася, нядоўга. Ёй не спадабалася, што яны з залішняй цікаўнасцю разглядалі яе. Яна ў душы лаяла Алесю і сябе за тое, што тая сагітавала, а яна, дурніца, згадзілася ў рабочы дзень надзець плацце, якое дагэтуль насіла толькі ў свята. Колькі цяпер сярод жанчын будзе перасудаў і здагадак! На цэлы дзень размоў хопіць. Аднак, адышоўшы, яна вырашыла знарок штодзень убірацца вось так, па-святочнаму. У такім выглядзе яна падабалася сама сабе.

Адгэтуль Маша накіравалася да трактара. Ён павінен быў узараць плошчу пад грэчку і ўжо каторы дзень адным загонам араў участак двух брыгад. Але сёння трактар з самай раніцы стаяў. Маша не пачула яго роўнага гудзення, калі толькі прачнулася і вышла з хаты. І гэта непакоіла яе ўсю раніцу, яна імкнулася хутчэй схадзіць на поле і даведацца, у чым справа. Узараць тут трэба было неадкладна, бо ўчастак гэты не быў узняты пад зябліва.

Трактар стаяў у нізіне, каля балотца, абкружанага альховымі кустамі. Крыху далей на ўзгорку віднеліся бочкі з вадой і газай — месца запраўкі.

Маша падышла непрыкметна.

Пад маторнай часткай ляжаў — адны ногі віднеліся ў сініх спартыўных тапках — брыгадзір трактарнай брыгады Міхайла Прымак. Ён стукаў ключом, свістаў і час-ад-часу нараспеў лаяўся даволі сакавітымі і моцнымі словамі. Маша ледзь не зарагатала. Трактарыст, Адам Мігай, моцны, камлюкаваты і маўклівы хлопец, — нешта старанна кляпаў з другога боку. Убачыўшы яго, Маша ўспомніла адзін цікавы выпадак. Неяк яшчэ ў мінулым годзе, Адам сустрэў яе ў Дабрадзееўцы і без усялякай прычыны, без усякай папярэдняй размовы, нечакана прапанаваў:

— Выходзь за мяне замуж, Маша, — сказаў і сам збянтэжыўся.

Павярнуўшыся і ўбачыўшы дзяўчыну, трактарыст моўчкі падышоў і пачаў штурхаць нагой брыгадзіра.

— Што там у цябе, першы чалавек на зямлі?

— Вылазь! — гукнуў Мігай.

Прымак хутка вылез і, ніколькі не збянтэжыўшыся, прывітаўся:

— А-а, калега па пасадзе... Добрай раніцы.

— Добры дзень.

— Ох, дзень-дзянёк! — ён паглядзеў на сонца і пачаў выціраць аб паклю руку.

— Стаім?

— Стаім. Але не пытай такім магільным голасам. Стаім, але не падаем духам. Правільна, Адам? Мы цябе, Маша, не падвядзём. І ты на нашага гвардзейца не крыўдуй, — Прымак кіўнуў на машыну. — Гэта герой. Дай божа нам з табой так паслужыць працоўнаму народу, як паслужыў ён. Я на ім араў яшчэ ў трыццаць чацвёртым годзе. А паглядзі колькі ён наварочаў за вясну!

Вецер заносіў назад пусты рукаў яго сіняга зашмальцаванага піджачка. Прымак засунуў рукаў у кішэню.

— А наагул, Маша, ерунда атрымліваецца. У «Волі» «Націку» няма чаго рабіць ужо — не для яго аб'ёмы, а тут — вось, калі ласка... А я брыгадзір, камандзір трох машын... А які я да ліха камандзір? Пазваніў Крыловічу, каб перакінуць «Паці» ў «Партызан» — ні блізка... Нейкі вар'яцкі прынцып. Ні д'ябла не разумею. То ён бачыць яе мог Лазавенку, то раптам зрабіўся лепшым сябрам і абаронцам. Хацеў зрабіць гэта без яго — Лазавенку муха ў нос уляцела. Выходзіла-б ты замуж, Маша, няхай-бы яны .памірыліся хутчэй...

Адам, які стаяў, абапёршыся на кола, і ўважліва слухаў брыгадзіра, пры гэтых словах у момант знік за трактарам.

Маша ўспыхнула. Ніколі яшчэ і ніхто ўзаемаадносіны Васіля і Максіма не тлумачыў іх адносінамі да яе. Яна ўзлавалася.

— Не вярзі глупства, Міхайла. Скажы лепей, калі трактар пойдзе?

— Трактар пойдзе цераз гадзіну. Не больш. Шкада, што ты сёння такая майская, а то дапамагла-б падняць нам адну штуку.

— Давай.

— Не, не. Не дазволю, — ён адхіліў яе рукой, а потым узяў ключ і пачаў адвінчваць гайку. — Ведаеш, а Лазавенка — крылаты чалавек. Разумнік! Чаго варта адно яго жаданне кіраваць такім калгасам, у якім працаваўшы не адзін які-небудзь скалечаны «ХТЗ», а цэлая трактарная брыгада, а то і дзве. Вось-бы мне ў такі калгас! Вось дзе-б я даў разгарненне, далібог, даў-бы Адам, далі-б?

— Угу! — каротка адгукнуўся трактарыст.

— А то адна брыгада на два сельсоветы! Дай другому калгасу такі карабель, як у «Волі», а яму там і рабіць нечага, — ён паглядзеў на Машу і раптам засмяяўся: — Папрасі мяне быць за свата, мігам арганізую...

Яна махнула на яго касынкай:

— З табой гаварыць — пуд солі трэба з'есці. А я яшчэ не снедала.

— Вось гэта дарэмна. Падштурхні там Лескаўца, каб хутчэй за гаручым паслаў. З сённешняга дня будзем працаваць па дваццаць гадзін у суткі.

Старшыню калгаса яна сустрэла каля яго двара. Максім стаяў каля зямлянкі і глядзеў на свой няскончаны дом. На чыстых, абгабляваных бярвеннях свяціліся бурштынам рэдкія сучкі, залітыя смалой. Над белым, нібы толькі-што старанна вымытым, гонтавым дахам папіскваў, паварачваючыся пад подыхам ветру, бляшаны флюгярок. Слепа глядзелі ў сонечны дзень пустыя проймы вокан. Ад таго, што два з тых вокан, якія выходзілі на вуліцу, мелі ўсё, каб прыняць раму, а трэцяе толькі адзін падаконнік, не зусім падагнаны яшчэ, — ад гэтага неяк асабліва адчувалася недарэчнасць таго, што ў доме не стукалі сякеры, не гаманілі рабочыя. Навокал у беспарадку валяліся бярвенні, дошкі, шалёўка. Моцна пахла сасной.

Максім стаяў, засунуўшы ў кішэні рукі, жмурыўся ад сонца і смактаў люльку, якая, відаць, ужо даўно патухла.

Маша зразумела яго пачуцці, і ёй стала шкада яго.

«Трэба сказаць яму, што дарэмна ён разагнаў рабочых. За дом ніхто благога слова не сказаў-бы... А вось што да Шаройкі наведваецца... А ў калгасе да самай позняй восені хопіць работы. Ды няўжо з-за гэтага старшыні калгаса ў зямлянцы жыць? Трэба будзе на праўленні сказаць...»

Убачыўшы Машу, Лескавец выняў з рота люльку і выбіў яе аб галянішча бота. Прыветліва ўсміхнуўся.

— Як справы, Маша?

— Канчаем бульбу.

— Канчаем?

— Заўтра думаю скончыць.

— Заўтра? — ён шчыра здзівіўся. — Жартуеш?

— А ты сам ідзі паглядзі.

— Малайчына! Ніколі не думаў, што ў цябе такія арганізатарскія здольнасці, — ён толькі цяпер прыкмеціў, што яна ў новым плацці, і пранікліва разглядваў яе з галавы да ног. Машы ажно няёмка стала, і яна сама мімаволі зірнула на свае ногі.

— А ты маладзееш.

— А чаму мне старэць?— ёй стала весела, і яна не стрымала ўсмешкі.

— Але... — ён уздыхнуў, на ілбе ў яго з'явіліся дробныя зморшчынкі. — Але... А наогул, старэем, Маша. Чорт яго ведае як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся...

«Што праўда — то праўда», — падумала Маша.

— Не можаш ахапіць усяго, робіш глупства, а пасля...— на момант ён завагаўся — ці гаварыць гэтае апошняе слова? — каешся...

Гэта быў крок да прымірэння. Але ў Машы нават не дрогнула сэрца, толькі на яе светлы настрой нібы ўпаў цень — у душы зноў варухнулася крыўда і абраза за ўсё тое, што яна перажыла з-за яго.

«Ці не ты зноў маці падсылаў?» — падумала, але тут-жа адагнала гэтую думку: ёй было цяжка абвінаваціць у няшчырасці Сынклету Лукічну, старая сказала-б ёй усю праўду, як тады, калі яе паслалі ад Шаройкі. Каб не адказваць на галоўнае, Маша задумліва паўтарыла яго словы:

— Жыццё ляціць. Сапраўды, — і, нібы схамянуўшыся: — але адстаюць ад яго толькі слабыя.

Прадоўжыць размову ім перашкодзіў Шаройка. Ён з'явіўся нечакана, і ў Машы ўжо выпрацаваўся своеасаблівы рэфлекс пры яго з'яўленні — пачуццё насцярожанасці, прадчуванне нечага благога.

Шаройка прывітаўся і выцер далонню пот з ілба і шыі, у яго быў такі выгляд, быццам ён толькі-што прабег некалькі кілометраў.

— Ну, брат, не людзі, а Нехрысці... Хоць кол на галаве цяшы. Цэлую раніцу з хаты ў хату бегаю, нібы паштальён той. Проста распанеў народ: да васьмі спяць, да дзесяці снедаюць. Акунька зноў яшчэ толькі блінцы пячэ, мабыць, да абеду будзе ў печы паліць.

Максім пачырванеў, гнеўна бліснуў вачыма і рашуча сунуў у кішэню люльку, якую пачаў быў набіваць.

— Я ёй памагу выпаліць! — і рушыў на вуліцу.

— Максім! — Маша паклікала яго такім суровым голасам, што ён мімаволі спыніўся і, павярнуўшыся, сустрэў яе яшчэ больш суровы позірк, у якім былі асуджэнне, дакор. — Шаройка зводзіць старыя рахункі, а цябе нацкоўвае глупствы рабіць. Саромся!

Яна ведала, што ён можа зрабіць. Быў ужо адзін такі выпадак, калі ён, зайшоўшы ў хату да гаспадыні, якая позна поркалася, схапіў вядро і заліў у печы.

Аб гэтым здарэнні доўга расказвалі з рознымі дадаткамі, кпілі. Але ў Машы яно выклікала не смех, а балючае пачуццё крыўды за чалавека.

— Э-эх, Марыя Паўлаўна, — не прамовіў, а неяк праскрыпеў Шаройка.

Тады і Максім, які быў на момант разгубіўся, устрапянуўся.

— Ты мне не ўказвай!

— Не забывай на Гаўрыліху! Ганьба! Калі ты зробіш яшчэ такое глупства, я першая...

Маша не скончыла, але па голасе і па выразу яе твару Максім вельмі добра зразумеў, што тады яна зробіць і... спыніўся: пераступіў з нагі на нагу, моцным ударам адкінуў пустую банку з-пад кансерваў, выцягнуў з кішэні люльку, аглянуўся і сеў на бярозавую калодку, насупраць акна зямлянкі, апусціў вочы.

Хвіліну цягнулася няёмкая цішыня. Потым Шаройка цяжка ўздыхнуў

— Эх, работка, работка, каб ёй добра было... З цёмнага да цёмнага, як той маятнік, далібог, як маятнік, ва ўсе бакі... А ў падзяку...

— Якая работа — такая і падзяка, — Маша з нянавісцю глядзела на яго, ніколі яшчэ яе абурэнне супраць Шаройкі не было такім моцным і гнеўным, як у гэты раз. Яна ледзь стрымлівала сябе, каб не выказаць яму ўсяго, што думала аб ім, што гавораць аб ім жанчыны ў полі.

Максім рашуча пастукаў люлькай аб калодку і голасам камандзіра загадаў:

— Таварыш Кацуба! Перадасі сёння «Вярблюда», «Яснага», «Чайку» ў брыгаду Шаройкі.

«Зноў Шаройку трох лепшых коней?» — Машы ажно дыхаць стала цяжка. Яна спытала амаль шэптам:

— Гэта чаму-ж?

— Ваша брыгада, сама ты гаворыш, заўтра канчае бульбу, а ў іх — непачаты край...

— А па чыёй віне?

— Мы зараз не будзем разбірацца, па чыёй віне, — Максім павысіў голас. — Па нашай, агульнай... Трэба думаць аб усім калгасе.

— Я думаю аб усім калгасе. Скончым — зробім і за іх, калі Шаройка не мог арганізаваць... А сёння я коней не дам.

— Агнём буду выпальваць гэтыя прыватніцкія настроі!

— Выпалі іх спачатку ў Шаройкі і ў... сябе.

Шаройка моўчкі ўздыхаў і дакорліва ківаў галавой: як табе, моў, не сорамна, Маша, абражаць мяне, старога і паважанага чалавека.

Максім захлынуўся ад злосці, але гаварыць стаў цішэй:

— Покуль я старшыня, я кірую калгасам. А то ў нас і так чорт нагу зламає... Кожны хоча быць за кіраўніка. Шаройка! Забярэш коней!

— Коней я не дам! — рашуча, расцягваючы словы, паўтарыла Маша.

— Правільна, Машанька, — з дзвярэй зямлянкі выглянула Сынклета Лукічна, якая, безумоўна, чула ўсю іх размову.— Не давай! Амелька будзе па начах сваю сядзібу апрацоўваць... Нахапаўся і на дачку і на сына... А пасля на чужых конях хоча ў перадавікі выйсці... Пасароміўся-б, сынок, — дакорліва звярнулася яна да Максіма.

Той паглядзеў на маці і, не знайшоўшы, што адказаць, махнуў рукой і хутка пайшоў са двара. Шаройка, уздыхаючы, пакрочыў за ім следам.

— Барсук,— зняважліва прашаптала ўздагон яму Сынклета Лукічна.


8...


Больш Маша не магла цярпець і чакаць. Яна забылася нават паснедаць. А хаду запаволіла толькі каля дабрадзееўскага саду. Ужо тут яна ўбачыла і адчула, з асаблівай сілай, як ніколі раней, розніцу паміж сваім калгасам і «Воляй». Тут на ўсім была відаць клапатлівая, гаспадарская рука, дбайнае вока і, здавалася, усё звінела працай: сад, палі, будынкі. Можа ад таго было такое адчуванне, што, сапраўды, паветра звінела, білася ў сцены — ажно рэха кацілася, — ад работы рухавіка і цыркуляркі. Над «сілавой» узляталі ў блакітнае неба пасмы дыму, то празрыста-белыя, то чорна-сінія. Адчуванне такое было яшчэ і ад таго, што ўсюды працавалі людзі, быццам было іх у «Волі» шмат больш, чым у «Партызане». Але Маша ведала, што ў «Волі» людзей менш, менш працаздольных на кожны гектар ворыўнай зямлі. Аднак палявыя работы не спынілі тут усіх іншых работ. Акрамя таго, што брыгада «Волі»; няспынна працавала на будаўніцтве гідрастанцыі, адна, без другіх калгасаў, людзей у Лазавенкі хапала на ўсё. Вось двое старых мяняюць агароджу вакол саду. Здымаюць старыя, счарнелыя жэрдкі і робяць агароджу з беленькіх, адна ў адну, штакецін. Ад гэтага мяняўся адразу навакольны выгляд: сад за агароджай рабіўся нейкім запаветным месцам. Маша нават не адважылася пайсці па сцежцы, цераз сад, па якой хадзілі раней. Яна пайшла дарогай, у абход. Малады хлопец ехаў па садзе на двухколцы з пажарнай бочкай, ззаду ішоў садоўнік і падтрымліваў гумавы шланг. Каля «сілавой» стаялі фурманкі, на іх грузілі дошкі. Стукалі сякеры і звінелі пілы ў клубе, палавіна якога была ўжо накрыта гонтай. Маша ажно не стрымалася, падышла бліжэй і праз акно пацікавілася, што зроблена ў сярэдзіне клуба. Насцілалі падлогу і столь. Над яе галавой прагучэў знаёмы голас Івана Гомана.

— Заходзь, Паўлаўна, будзем кіно паказваць. З цябе і білета не патрабуем.

«Не, трэба дапраўды-такі прыйсці сюды на дзень, на два і павучыцца, як яны арганізуюць работу», — думала яна, праходзячы міма новага будынка сельмага, вокны ў якім, праўда, яшчэ былі забіты крыж-на-крыж дошкамі. Адноўленай выглядала і гэтая вуліца, што збягала з узгорку, на вяршыні якога стаяў сельмаг, уніз да поплаву. Школа і медпункт былі абнесены такой-жа прыгожай дашчатай агароджай, перад будынкам — газоны, маладыя прысады, каля школы — роўная пляцоўка з валейбольнай сеткай. На школьным участку працавала група вучняў, звінелі дзіцячыя галасы, смех. Кіравала работай Ліда. Яна здалёк убачыла Машу і пайшла ёй насустрач, пляскаючы далонямі, каб абтрусіць з іх зямлю.

— Добры дзень, Машанька. Даўно ты не была ў нашым запаведніку. Бачыш, абгарадзіліся? — вочы яе прамяніліся.— Як ты загарэла і... папрыгажэла!

Сама Ліда была бронзавая ад загару. Машу заўсёды неяк кранала яе хараство, глядзела яна ёй у твар, і сэрца напаўнялася прыемнай гарачынёй, гонарам за чалавечую прыгажосць. І цяпер яна не зводзіла з настаўніцы вачэй. Ліда ажно сумелася.

— Чаму ты глядзіш на мяне так? Запэцканая я? — яна агледзела сябе, абтрусіла зямлю з падола шаўковай сукенкі. — Ведаеш, па маёй прапанове школьны ўчастак зрабілі накшталт вопытнага поля калгаса. Лазавенка ўгнаенняў навазіў, якім я нават назвы не ведаю, адзін Шышкоў разбіраецца. Бачыш: чаго мы толькі не пасеялі! Пшаніцу, бульбу, кветкі, агрэст, кавуны і нават, — Ліда таямніча прашаптала: — вінаград, сапраўдны, мічурынскі «рускі канкорд». Штодзень варолшм над кожным квадратным метрам: Шышкоў, Лазавенка, я і Ніна Аляксееўна... Мяцельскі зямлі не любіць і нічога не разумее, хоць і вырас у вёсцы. Ды яго зараз нічога не цікавіць, акрамя Ніны і будучага сына. На крок не адыходзіць ад яе... Стане яна з ганка сыходзіць — бяжыць падтрымліваць. Смешна. На педсовеце я яго крытыкую, а ён сядзіць і ўсміхаецца гэткай, ведаеш, найшчаслівейшай усмешкай. Я не вытрымала, разрагаталася... За мной — усе настаўнікі, акрамя, вядома, Шаройкі: яна не дазваляе сабе смяяцца з начальства.

Расказваючы, смеючыся, Ліда непрыкметна завяла Машу за агароджу школьнага ўчастка і пачала паказваць пасевы.

— Бачыш, кавуны як узышлі? Цудоўна, праўда?

Вучні палолі градкі. Калі яны падышлі, дзяўчынка з блакітнымі лентамі ў касічках паскардзілася:

— Лідзія Ігнатаўна, а Коля зноў культурную расліну вырваў.

— Коля!

— Ды я незнарок, Лідзія Ігнатаўна.

— Ідзі ты лепей рыхтуй тычкі. Сякеру вазьмі ў настаўніцкай.

Хлапчук у падкасаных штанах пацягнуў дзяўчынку, якая скардзілася, за касу, радасна падскочыў і, як на крылах, паляцеў да школы. Маша з цікавасцю глядзела на выдатныя пасевы, асабліва на палоскі пшаніцы і ячменю, і ў душы яе замест светлай радасці нараджалася... злосць. Раптоўна ўзнікшае, незразумелае пачуццё гэтае спалохала яе. Каб заглушыць яго, яна сказала:

— А ў нас паважаны аграном за ўсю вясну і двух разоў не быў...

Ліда кінула на яе здзіўлены позірк і, відаць, адразу ўсё зразумела.

— Ты да нас?

— Але, да Ігната Андрэевіча. Як ён адчувае сябе?

— Дзякую. Нічога ўжо. Сёння да вас намерваўся ісці, але мы з маці не пусцілі. Ідзем да яго. Ён будзе рады, што ты прышла.

Ігнат Андрэевіч сядзеў, аблакаціўшыся на стол. Твар яго быў бледны пасля хваробы, яшчэ больш пасівелі галава і бровы. Апрануты ён быў у просценькі піджачок з белага палатна — такія звычайна носяць садоўнікі. Вопратка гэтая падавала яму нейкі дзіўны выгляд, рабіла на шмат год старэйшым. Сядзеў за сталом стары, маленькі, беленькі, моршчыў Шырокі лоб і хмурыў калматыя бровы, якія то сыходзіліся над пераноссем, то нечакана разыходзіліся. Калі бровы яго разыходзіліся, тады і маршчыны на ілбе разгладжваліся, і твар рабіўся маладзейшым і святлейшым.

Ліда села на канапу, адкінуўшыся на спінку, і ніводным рухам, ніводным словам не ўмешвалася ў размову — нібы і не было яе ў пакоі. Маша, нервова перабіраючы пальцамі махры настольніка, пачала расказваць ціхім, роўным голасам, быццам добрая вучаніца на экзамене. Ладынін раз-по-разу стукаў пальцамі па скрыначцы з табакай (ён не ўправіўся схаваць яе, калі дачка зайшла) і коратка гаварыў:

— Т-так...

— Я казала ўжо на праўленні, што трэба абмераць прысядзібныя ўчасткі, што ў нас разбазарана грамадская зямля. Па прапанове Шаройкі вырашылі зрабіць гэта пасля пасяўной. Тады, моў, у пакаранне абрэжам з пасевам. Але-ж гэта проста хітрасць, Ігнат Андрэевіч, каб адцягнуць, замяць. А ўсім вядома, што ў Шаройкі і ў яго родзічаў ды дружбакоў, многія з якіх наогул не працуюць у калгасе, лішняя зямля... У людзей на сэрцы накіпела... А Лескавец гэтага не разумее. Шаройка ў яго — першы дарадчык... Зноў-жа з нормамі і з працаднямі. На розных лёгкіх дапаможных работах, куды Шаройка сваіх ставіў, проста ні за што налічваюць працадні. Першая брыгада, можна сказаць, сарвала сяўбу, а Лескавец, замест таго, каб патрабаваць ад Шаройкі, імкнецца выцягнуць яго, апраўдаць... Перакідвае з другіх брыгад лепшых коней у яго брыгаду. Забірае людзей...

Ігнат Андрэевіч адчыніў скрыначку, адарваў ражок газеты і скруціў цыгарку. Ліда ледзь прыкметна паківала галавой, моўчкі працягнула руку і забрала скрыначку, схавала ў сваю кішэню. А калі ён падняўся і, прайшоўшыся разы са два па пакоі, адчыніў акно, яна таксама паднялася і моўчкі зачыніла яго. Ігнат Андрэевіч нечакана спыніўся перад дачкой з нахмуранымі брывамі, і Машы здалося, што ён будзе ёй вымаўляць, але ён ласкава папрасіў:

— Пашлі, калі ласка, Ліда, вучня, хай пакліча Лазавенку. Ён ішоў у «сілавую».

Ліда вышла.

Ладынін хвілін колькі моўчкі хадзіў па пакоі.

— Але, справы дрэнь. Я так і адчуваў... Выпраўляць трэба неадкладна, прызнаўшы, што мы самі ва ўсім вінаваты. Так, так, і ты таксама, Маша. Чаму маўчала раней? Чаму не падказала? Нельга адкладваць такія рэчы, трэба выкрываць, крытыкаваць, настойліва, прынцыпова! — ён раптам затаварыў палымяна, адсякаючы кожнае слова энергічным узмахам рукі! — Выпалваць пустазелле трэба з коранем! А мы, лібералы гэтакія, згадзіліся пакінуць Шаройку за брыгадзіра. Гэта — наша першая памылка...

— Другая — аслабілі агітацыйную работу, — нечакана прадоўжыла Ліда, з'явіўшыся ў дзвярах. — Пайшлі па прынцыпу: вясна — час работы, а не гутарак. Не разумею, навошта было таварышу Ладыніну аслабляць агіткалектыў «Партызана». Пашкадаваў дачку і Мяцельскага...

Ладынін здзіўлена глядзеў на яе з добрай усмешкай на твары.

— Ах ты!.. Ты-ж сама прасілася!

— А ты павінен быў не згаджацца. Адным словам, тата, у мяне з'явілася жаданне папрацаваць у брыгадзе Машы. Ніякая падрыхтоўка да экзаменаў, ніякі вясновы настрой не перашкодзіць мне штодзень бываць у Лядцах. Так што назначай Міхею Вячэры новага агітатара. Пабурчыць, праўда, стары, але нічога.

— Добра, дачка.

Зайшоў Васіль Лазавенка, моцна, да болю, паціснуў Машы руку і адразу весела звярнуўся да Ладыніна:

— Слухаю вас, таварыш сакратар, — і асекся, убачыўшы ў вачах доктара гнеўныя агеньчыкі.

— Садзіся і дакладвай, таварыш намеснік сакратара, як ідзе сяўба ў «Партызане».

Васіль зірнуў на Машу.

— Я думаю, вам вядома ўжо...

— А я хачу пачуць ад цябе, — у голасе Ігната Андрэевіча з'явіліся незнаёмыя ноткі.

Васіль, перасмыкнуўшы плячыма, сеў да стала і пачаў, нібы па-напісанаму:

— У мінулым годзе «Партызан» на гэтую-ж дату займаў пяцьдзесят другое месца ў раёне. У гэтым — дваццаць першае, а ў раёне восемдзесят чатыры калгасы. Зрух, рост, і, трэба сказаць, нядрэнны. Калгас падняўся да ліку моцна сярэдніх, сказаў Бялоў на паседжанні райвыканкома. І таму, мне здавалася, не было патрэбы «біць трывогу». Прызнаюся, я нават усумніўся аднойчы: а ці не завышаюць яны зводку? Шаройка гэта ўмеў рабіць. Не, нічога. Байкоў праверыў — усё дакладна, як мае быць... Радасна за Лескаўца, — Васіль зноў зірнуў на Машу, але яна глядзела некуды пад стол: ёй было няёмка за тое, што гаварыў Лазавенка, і за яго самога таксама было неяк сорамна, бо ніколі яна не чула, каб ён гаварыў так афіцыйна, такімі сухімі лічбамі. Не спадабалася ёй чамусьці і тое, што за вясну ён паружавеў, нават, здавалася, папаўнеў і быў так інтэлігентна апрануты: добры светлы гарнітур, шаўковая «украінка», жоўтыя чаравікі.

Лазавенка хацеў прадаўжаць, але Ігнат Андрэевіч перапыніў яго:

— Слухай, а ці думаў ты калі-небудзь, чаму «Партызан» не можа заняць, напрыклад, другое месца. Якія прычыны перашкаджаюць гэтаму?

— Другое? — Васіль скептычна ўсміхнуўся. — «Воля» займае чацвёртае, Ігнат...

Ён не скончыў. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале.

— Зноў «Воля»? Зноў у цябе адраджаецца гэтае агіднае зазнайства? «Воля», «Воля»!.. Мы ведаем, чаго варта «Воля»... Але не забывай, што ты комуніст... Што мы з табой адказваем перад партыяй за ўвесь сельсовет.

— Я не забываю, Ігнат Андрэевіч, — ціха прамовіў Васіль і раптам зусім нечакана таксама павысіў голас да крыку, падхапіўшыся з табурэткі:

— Я не забываю! Але мне надакучыла! Пайшлі яны к чорту! Два гады я цягну іх за вушы, дапамагаю, чым магу. «Партызану» аддаваў увагу як і ўласнаму калгасу. Цяпер там комуніст, такі-ж, як я. Дык чаму яму можна дараваць усё, а мне нельга дараваць простай чалавечай слабасці? Так, я ганаруся сваім калгасам і буду ганарыцца! Так — «Воля»! І не абвінавачвайце мяне ў зазнайстве, калі ласка!..

Ён хадзіў ад стала да дзвярэй і размахваў рукамі са сціснутымі кулакамі. Ніхто з прысутных ніколі не бачыў яго такім узрушаным, і ўсе, здзіўленыя, моўчкі слухалі. Нават Ладынін, які вельмі не любіў такіх нервовых успышак і ўжо самаго сябе ўпікаў за сваю невытрыманасць, не перапыняў яго.

— Мне надакучыла!.. Я цягнуў іх угору, а яны цягнуць мяне ўніз. Колькі кляліся, білі кулакамі ў грудзі і Лескавец, і Раднік, і Гайная, што не спыняць работы на гідрастанцыі!.. А што атрымалася? Сакавітаў складае чамаданы, ніякія ўгаворы не дапамагаюць.. К чорту такіх суседзяў і памочнікаў! Мы самі пабудуем гідрастанцыю! — ён усё больш павышаў голас.

— Брава, Лазавенка! — нечакана насмешліва праспявала Ліда і запляскала ў далоні. — Радуюся, што вы ўмееце так абурацца!

Яна падхапілася з канапы і закрочыла па пакоі з другога боку стала, замахала рукамі, перадражніваючы яго:

— Мы пабудуем гідрастанцыю і пасля прымусім іх усіх скакаць пад нашу дудку!.. Бо мы — гэта я...

Маша засмяялася.

Васіль раптам спыніўся, змоўк і здзіўлена глядзеў на Ліду. Яна таксама спынілася насупраць яго, але не сціхла.

— Бо мы — гэта я, Васіль Лазавенка... А нам зусім не хочацца, каб суседзі раслі, уздымаліся... А раптам возьмуць ды і перагоняць нас?.. Нам выгадней паказваць сябе на фоне слабых...

Васіль так збялеў, што Маша, глянуўшы на яго, спалохалася. Ён адступіў ад Ліды, як ад нечага небяспечнага, асцярожна сеў на канапу, абмяк, выцер рукавом пот. Потым нахіліўся, тыркнуў пальцам сабе ў грудзі, шэптам спытаў:

— Я — не хачу, каб суседзі ўздымаліся? — і павярнуўся да Ігната Андрэевіча. — Я?..

Маша ў думках лаяла Ліду: хіба можна так абражаць яго, кідаць такія беспадстаўныя абвінавачванні?

«Замнога ты ўжо бярэш на сябе», — няпрыязна падумала аб Лідзе і неяк непрыкметна палажыла сваю руку на Васілёву, якой ён абапіраўся аб стол.

— Супакойся, Вася. Ліда Ігнатаўна жартуе.

— Жартуе? — ён раптам засмяяўся крыху злосным, але шчырым смехам. — Добры жарт. Ну, шчасце ваша, што вы Лідзія Ігнатаўна, ды ў дадатак яшчэ Ладыніна. Аднак помніце, — ён пастукаў пальцам па стале і нельга было зразумець — зрабіў ён гэта сур'ёзна, з пагрозай, ці жартаўліва.

Ліда пачырванела і ўсміхалася збянтэжана, вінавата.

Васіль павярнуўся да Машы, удзячліва ўсміхнуўся ёй.

— Прабач, Маша, што я нагаварыў тут пра вас рознага глупства, — і, звярнуўшыся да Ладыніна, дадаў: — Нервы, Ігнат Андрэевіч. Не падумайце, што я сапраўды такой думкі. Не!.. На самай справе я сам думаў ужо, чым можна дапамагчы і «Партызану» і «Зорцы». І дапамагу! Як вы глядзіце на такую справу? — ён нахіліўся над сталом.


9...


«Газік» хутка праскочыў цераз пераезд (дзяжурная прапусціла адну райвыканкомаўскую машыну і закрыла шлагбаум), крута павярнуў на шлях, што ішоў уздоўж чыгункі, і адразу-ж забуксаваў, трапіўшы ў глыбокую, разбітую машынамі, каляіну, поўную густой вясновай гразі. Матор злосна фыркаў, колы распырсквалі гразь, і яна ляцела Бялову на боты. Ён падсунуўся бліжэй да шафёра і, павярнуўшыся да Макушэнкі, які сядзеў на заднім сядзенні, засмяяўся.

— Ты, Пракоп, хітрун. Я думаў, ты з-за сціпласці залез туды.

— А ты думаў, буду садзіцца пад тваю гразь?

— Пад маю?

— Наглядная работка твайго дарожнага аддзела...

Машына рванулася і зноў забуксавала.

— Дарма ты наваліўся на дарожнікаў. Яны зрабілі нямала.

— Але вось гэтая дарожка пад самым, як кажуць, носам райкома і райвыканкома — ганьба і для іх і для нас з табой. Ты чуў, як калгаснікі нас успамінаюць, калі даязджаюць да гэтага месца? Раю паслухаць.

— Не ўсё адразу. Усяму свая чарга. І так паглядзі, колькі зрабілі за тры гады! Вунь зернесклад — люба паглядзець! — ён паказаў рукой на доўгі цагляны будынак з шыферным дахам. — А ў сорак пятым, помніш? — усе пастаўкі хлеба вунь у якой будыніне змяшчаліся.

Сакратар райкома, не ўхваляючы, паківаў галавой.

— Захапляешся ты, Лявонавіч, сваімі дасягненнямі. Не забывай: гэта шкодная хвароба...

— Ну, брат, і прыбядняцца не буду, як ты. Мы — трэці раён у вобласці. І нам няма патрэбы выкрываць, выносіць на людзі нашы недахопы, як гэта зрабіў ты на абласной канферэнцыі. Недахопы — яны ва ўсіх ёсць. Паміж сабой мы, вядома, павінны не забывацца на іх, але...

Машына ўскочыла ў яміну, і Бялоў стукнуўся ілбом аб пярэдняе шкло... Узлаваўся на шафёра.

— Ты што, першы раз едзеш, ці што?

Хлопец пачырванеў і паехаў павальней, хоць пасля гэгэтай апошняй яміны дарога пачалася роўная, сухая. Засіпелі шыны.

— Перад партыяй хітрыць нельга, Нікалай Лявонавіч. На нашых недахопах, як і на нашых дасягненнях, павінны вучыцца другія.

Бялоў зморшчыўся, адвярнуўся. Але Макушэнку добра быў відаць яго твар у маленькім круглым люстэрку.

— Ты гэта гаворыш так, быццам Бялоў калі хітрыў. Я — дваццаць гадоў у партыі.

Макушэнка змаўчаў, апанаваны нейкімі сваімі думкамі.

Паабапал дарогі ляжала старое ляда з рэдкімі рэшткамі струхнелых пнёў. Далей, з правага боку, шырокай гладдзю бліскала паміж альховых кустоў балота, залітае вясновай вадой. Наперадзе, за які кілометр, пачынаўся сасоннік.

— Вось дзе наша багацце, Нікалай Лявонавіч. Трэба абавязаць Краўчанку падняць гэтую цаліну балотным плугам.

Бялоў маўчаў. Машына набліжалася да сасонніку.

— А на дарожку ты не забывай і мне напамінай. А то высахне, і мы зноў забудзем да восені. Трэба ў першыя-ж дні, іяк толькі адсеемся, заняцца ёй.

Пачаўся сасоннік, і дарога адразу стала пясчанай. Матор зноў пачаў сярдзіта чмыхаць, страляць; пад шынамі ручаём цёк сухі, як прысак, пясок.

Бялоў павярнуўся назад, пранікліва паглядзеў Макушэнку ў твар.

— Слухай, Пракоп Пракопавіч, я чалавек просты і люблю рубіць з-за пляча. Але твайго выступлення на апошнім бюро не разумею.

На твары сакратара райкома на міг адбілася здзіўленне, ён ледзь прыкметна перасмыкнуў плячыма і пачаў папраўляць гальштук, які і так быў завязаны беззаганна.

— Ты плячыма не паціскай, а скажы шчыра па-партыйнаму: нездаволены?..

— Чым? Зямельным аддзелам і аддзелам калгаснага будаўніцтва — так. Я-ж сказаў на бюро...

— Не. Наогул... — Бялоў павярнуўся да сакратара тварам і паказаў пальцам на сябе.

— Каб гэта было так, як ты думаеш, то запэўняю цябе, што я не пасароміўся ўжо даўно-б сказаць аб гэтым на ўвесь голас.

— Тады навошта ты яго так распясочыў? Чакай. Я працую старшынёй райвыканкома дванаццаць год, з рознымі сакратарамі працаваў, і амаль з усімі жыў дружна...

— Розная дружба бывае, Лявонавіч. Я хачу каб у нас з табой была сапраўдная, партыйная дружба.

— Я разумею. Але, ведаеш, выпрацаваўся ўжо нейкі этыкет. Сакратар і старшыня аб усіх недахопах, рознагалоссях дамаўляюцца паміж сабой.

Макушэнка цмокнуў языком, паківаў галавой.

— Этыкет не зусім партыйны, Нікалай Лявонавіч. Аднак, калі ласка, дамовімся сам-па-сам. Але калі справа ідзе аб шляхах развіцця раёна, — прабач, буду гаварыць, крытыкаваць любога работніка на любым партыйным паседжанні і сходзе. І дрэнны будзе той работнік, які за гэта пакрыўдзіцца.

Бялоў адвярнуўся, сеў проста; твар яго набыў звычайны выраз — вясёлую рухавасць. Пасля доўгай паузы, сказаў:

— Я, Пракоп, за крытыку ніколі не крыўдзіўся.

Сонца было якраз насупраць, і сваімі яркімі майскімі праменнямі біла ў твары, сляпіла вочы. Тут, на сухім пяску, сярод сасонніку, абсыпанага жоўтай квеценню, яно здавалася асабліва пякучым.

— Эх, дожджык, — уздыхнуў Бялоў, узіраючыся ў зацягнуты туманнай смугой край неба. — Падводзіць, Пракоп Пракопавіч.

— Але, сухаватая вясна. Трэба хутчэй канчаць сяўбу.

— Іменна хутчэй. А для гэтага трэба штурмаваць усімі наяўнымі сіламі. Выклікаць адстаючых старшынь па бюро і даваць ім, як кажуць, у косці, каб адчулі і зразумелі. Вось я зараз Рыгаровічу прадзьму мазгі так, што доўга помніць будзе...

Бялоў не бачыў, з якой усмешкай слухаў яго сакратар райкома.

— А пад вечар дабяруся да Дубадзела... А цябе не разумею. У такі гарачы час першы сакратар едзе ў адзін калгас. І ў які калгас? У адсталы? Не. У калгас, які выбіўся ў добра сярэднія, за які цяпер можна асабліва не турбавацца... Ведаеш, Лескавец мне падабаецца больш, чым гэты твой прафесар Лазавенка. Прасцецкі хлопец, энергічны... Я неяк заязджаў да яго, паглядзеў і ўзрадаваўся.

— А табе не здалося, што ён падобны на некаторых нашых раённых таварышаў, — хітра ўсміхаючыся, спытаў Макушэнка. — На энергічных работнікаў, але якіх трэба трымаць пад кантролем і папраўляць, а інакш наламаюць дроў.

Бялоў спачатку непрыкметна зірнуў на шафёра, потым павярнуўся да Макушэнкі і разважліва прамовіў:

— Кантраляваць, Пракоп Пракопавіч, трэба ўсіх. Без партыйнага кантролю любы разумнік можа памыліцца.

— Вось я і паеду, пажыву, прыгледжуся да маладога старшыні, дапамагу яму, а там, глядзі, і сам павучуся чаму-небудзь.

— Але ў раёне без малога не сотня калгасаў. І калі ў кожным быць па тры дні...

— Але ў раёне, Нікалай Лявонавіч, не адзін толькі сакратар. Давай падлічым нашых кіруючых работнікаў! На кожны калгас хопіць. Адным словам, бачу я нам трэба будзе як-небудзь сур'ёзна пагаварыць аб стылі кіраўніцтва. Час пачаць барацьбу супроць гастралёрства.

— Правільна! — згадзіўся Бялоў. — Але калі гаварыць наогул аб стылі, дык мне хочацца з табой паспрачацца. Не ўсё мне падабаецца і ў тваёй працы.

— Вось гэта і добра, — засмяяўся Макушэнка, задаволена паціраючы рукі, — што табе хочацца паспрачацца.

Машына выехала на высокі ўзгорак, з якога добра была відаць Дабрадзееўку. На краю хвойніку дарога раздвайвалася. Шлях з тэлефоннымі слупамі ўзбоч вёў у Дабрадзееўку, прасёлачная, цераз узлесак бярозавага гаю, — у Лядцы.

— Цябе проста ў «Партызан»? — спытаў Бялоў.

— Не, заедзем да Ладыніна. Праведаем старога.— Хвіліну памаўчаўшы, Макушэнка дадаў: — Шкада, што ён захварэў у такі гарачы час. Быў-бы ён здаровы, за адзін сельсовет можна было-б не турбавацца...


10...


— Мне — дапамогу?— Маша ўбачыла, як адразу змяніўся твар Лескаўца. Ненатуральна выцягнулася шыя, на якой раптоўна напяліся вены — быццам яму стала цяжка дыхаць. Ён стаяў, абапёршыся нагой на тоўстае бервяно і курыў люльку. Пачуўшы такую нечаканую навіну, выхапіў люльку з рота, зняў нагу з бервяна, выпраміўся, не зводзячы вачэй з сакратара райкома.

Макушэнка сядзеў на другім бервяне побач з Лукашом Бірылам і, здавалася, цалкам быў заняты тым, што круціў цыгарку з самасаду, якім пачаставаў яго Бірыла. Толькі адна Маша, якая стаяла збоку, бачыла, як пільна ўпотайкі сочыць сакратар за Лескаўцом, і здагадвалася, што Макушэнка разумее яго пачуцці, яго душэўны стан не горш, чым разумела гэта яна.

Магчыма, адзін стары Лукаш быў абыякавы да гэтага паведамлення. У адказ на ўсхваляванае Максімава пытанне, Макушэнка заўважыў, як-бы між іншым, не пады маючы галавы:

— Не табе. Калгасу.

Максім пераступіў цераз бервяно, махнуў люлькай, засыпаўшы ўсіх табачным попелам, іскрамі.

— Не трэба мне такой дапамогі! Не так дапамагаць трэба! Дапамога добрага суседа! Лазавенка славу сваю хоча павялічыць!.. — ён, відаць, хацеў вылаяцца, але ўспомніў аб Машы, павярнуўся да яе, са злоснай іроніяй спытаў: — Гэта што... ты папрасіла такую дапамогу?

Упершыню Маша разгубілася пад яго позіркам і не ведала, што адказаць. Раптоўная думка, што сапраўды атрымліваецца, быццам яна сама выпрасіла гэтую дапамогу, якую паабяцаў Лазавенка, збянтэжыла і нават спалохала яе. У іншым святле ўяўляла яна цяпер сваё ранішняе наведванне да Ладыніна. Ці мела яна права адна, ні з кім не параіўшыся, не паспрабаваўшы выправіць становішча ўласнымі сіламі, бегчы да сакратара партарганізацыі?

Сапраўды, ёсць-жа нейкі гонар, нейкі своеасаблівы калгасны патрыятызм... А раптам здарыцца, што ўвесь калгас сустрэне гэтую дапамогу вось так, як сустрэў старшыня?

«Не, не, глупства ўсё гэта! Я абавязана была расказаць аб усім Ладыніну. А дапамогі я не прасіла. Але калі дапамогуць — дзякуй скажу і, веру, усе скажуць гак».

Нібы ў падтрымку яе думкі, пачуўся спакойны голас сакратара райкома:

— Я не разумею, Лескавец, чаму ты гарачышся. Табе дапамога не трэба, а калгасу яна, магчыма, трэба. Ты ў калгаснікаў спытай, парайся. Чаму ты ўсё вырашаеш сам?

— Праўда, Антонавіч, — нечакана адгукнуўся Бірыла,— давай параімся з людзьмі. Дапамога суседа — не ганьба. Сёння — яны нам, заўтра — мы ім.

Максім злосна махнуў рукой і адышоў убок, на бераг рэчкі, стаў над самым абрывам, шырока расставіўшы ногі і задуменна ўтаропіўшы позірк на ваду.

Бірыла ўздыхнуў:

— Эх, маладосць!

Макушэнка ўсміхнуўся, ласкава, спакойна. Смачна зацягнуўся дымам цыгаркі.

— Канчайце хутчэй сяўбу ды бярыцеся за станцыю.

Сакратар, Маша і Бірыла падняліся і таксама наблізіліся да ракі.

— Але... работкі тут, таварыш Макушэнка, хопіць. Колькі чалавек працавала больш месяца — і так што ніякіх слядоў не відаць яшчэ, — гаварыў Бірыла, аглядваючы пляцоўку.

— Чаму-ж! Сляды ёсць.

Яны пайшлі па беразе... Заходзіла сонца. Вялізны вогненны шар выкаціўся з-за дабрадзееўскіх ліп, верхавіны якіх былі відны з-за ўзгорку, і каціўся па лузе, па мяккай, залатой ад праменняў траве. Гарэлі чырванню зарэчныя дубы і ў гэтым дзіўным святле выглядалі нейкімі казачнымі дрэвамі гіганцкіх памераў. Наадварот, хаты вёскі, якія былі ўжо ў цені ад узгорку і сасонніку, здаваліся маленькія. А ў вышыні над імі рассцілаўся бяскрайні і светлы прастор. Было ціха. Не варушыўся ніводзін лісток вярбы, ніводная травінка. Паветра было нерухомае, душнае, празрыстае над лугам, дымнае ад пылу над вёскай і полем.

Максім дагнаў іх, амаль па-ваеннаму спытаў:

— Я вам не патрэбны, таварыш Макушэнка?

— Калі ласка... Калі ў цябе справы — ідзі займайся імі. І вы, таварышы, не саромейцеся, — звярнуўся ён да Машы і Бірылы. — Я адзін паблукаю тут. Прыгожа ў вас. Я — лірык, у маладосці некалі вершы пісаў.

Макушэнка пайшоў па беразе ўверх па цячэнню і далёка за вёскай, у кустах, нечакана напаткаў Сакавітава. Інжынер ляжаў у густой траве, глядзеў на ваду і задуменна кусаў сцяблінку травы.

Макушэнка зводдаль употайкі паназіраў за выразам яго твару і падумаў з усмешкай: «Б'ю ў заклад, што выязджаць табе адгэтуль сапраўды не хочацца. Шкада пакідаць пачатую справу. Праўда на баку Лазавенкі. Што-ж, дапаможам табе застацца...»

Ён вышаў з-за кустоў. Сакавітаў убачыў яго і падняўся, каб прывітацца.

— А я вас цэлы дзень шукаю, Сяргей Паўлавіч.

— Мяне? — здзівіўся Сакавітаў. — Навошта я вам?

Макушэнка, не адказаўшы на пытанне, прапанаваў

сесці, дастаў папяросу, закурыў.

— Прыгожае месца, Сяргей Паўлавіч,— кіўнуў сакратар за рэчку, дзе стаялі дубы і віднелася рунь пасеваў.

— Месца — нічога. Але я вось прышоў развітацца... Мая хвароба — хутка і моцна прывязваюся да добрых людзей і да прыгожых мясцін.

— Значыцца, выязджаеце? Калі?

— Паслязаўтра, — і злосна ляпнуўшы сябе па шчацэ, каб забіць камара, пачаў як-бы апраўдвацца. — Выязджаю. Не магу. Не мой гэта размах. Я такія плаціны за тыдзень будаваў, а тут... людзей знялі... Адзін Лазавенка толькі і думае аб будаўніцтве... Ды пры тым, уявіце сабе, якое маё становішча. Ні пэўнай пасады, ні акладу... Так сабе... інжынер-аматар, утрыманец калгаса... Гэта, ведаеце, проста... — ён паварушыў пальцамі, шукаючы патрэбнае слова і, відаць, не знайшоў.

— Та-ак, шкада, — працягнуў Макушэнка.

— Чаго — шкада?

— Шкада, што вы выязджаеце паслязаўтра. Першы сакратар абкома вельмі прасіў, каб вы заглянулі да яго...

— Я? Па якой справе?

— Дакладна не ведана.

— Хочаце затрымаць? Прызнайцеся шчыра. Але я на часовым уліку... Цяпер ніхто і нішто мяне ўжо не затрымае. Я — упарты і вырашаю адзін раз.

Макушэнка ўсміхнуўся.

— Далібог, нічога не ведаю, дарагі Сяргей Паўлавіч. Але шкада...

— Я магу затрымацца і з'ездзіць.

— Калі можаце — прашу вас... Я цераз вас пісьмо перадам Паўлу Сцяпанавічу...

Пасля гэтай размовы яны доўга яшчэ ляжалі і гутарылі аб розных іншых справах — аб сяўбе, аб міжнародным становішчы, абураліся супраць «дактрыны Трумэна» і крывавых дзеянняў фашыстаў у Грэцыі.

Разышліся, калі добра сцямнела.

Максім, адышоўшы ад сакратара райкома, накіраваўся да канюшні, хутка засядлаў стаенніка і сцежкай, паўз гароды, паехаў у Дабрадзееўку. Каля вёскі ехаў крокам, а ў полі пагнаў каня наўскок. У грудзях у яго кіпелі складаныя пачуцці: закранутае самалюбства, крыўда, злосць і ўпартасць і яшчэ нешта такое, чаму няма і азначэння.

«Дапамога. Нішто сабе дапамога! Дзесяць гектараў пасеюць, а пасля год пальцамі будуць тыцкаць: за вас Лазавенка пасеяў. Ну, дружбачок, не думаў, што ты хітрэйшы за самога чорта. Але на мне не пад'едзеш: дзе сядзеш — там і злезеш. Я сыты па горла ад тваёй ідэйнай дапамогі».

Ён ехаў з цвёрдай рашучасцю пагаварыць «начыстату» і ўсё вылажыць, што ён думае аб ім, Лазавенку, і не папрасіць, не, патрабаваць, каб той адмовіўся ад свайго намеру дапамагчы «Партызану» закончыць сяўбу.

Каля сельмага хлапчукі паведамілі яму, што старшыня толькі што прайшоў за рэчку, у поле.

Надыходзіла ноч, ужо даволі згусціўся змрок. Людзі даўно вярнуліся з работы, і Максім не разумеў, што спатрэбілася Васілю ў такі час у полі. Яго рашучасць пахіснулася і даволі моцна. А ці не будзе такая размова прыніжэннем сябе перад Лазавенкам? А ці разумна тое, што ён думае зрабіць? Ці не дасць гэта повад для новых насмешак і хітрыкаў з яго боку?

Ён павярнуў каня назад... Але, даехаўшы ў канец саду, перадумаў і паўз сад выехаў да рэчкі, пераехаў яе ўброд. Здалёк убачыў адзінокую постаць чалавека, што павольна ішоў па сцежцы, мільгаў аганёк цыгаркі.

Максім саскочыў з каня, павёў яго ў повадзе.

Лазавенка сустрэў яго радасна і без усялякага здзіўлення, нібы чакаў.

— Шкада, што ты цёмна прыехаў, а то я паказаў-бы табе нашы буракі. Цудоўна растуць. Дарэмна ты абмінаеш нас, мы ў гэтым годзе цікавыя эксперыменты праводзім. Ведаеш, вось зараз хадзіў і падлічыў, што за адны буракі і гародніну мы можам пакрыць нашы грашовыя выдаткі на гідрастанцыю. Так што можаш не турбавацца за фінансаванне. Вазьму на сябе, як абяцаў. Давайце толькі людзей. Раззлаваўся я на вас з Гайнай, калі вы сарвалі людзей з будаўніцтва. Эх, думаю, чорт з вамі!..

— І таму вырашыў дапамагчы мне сеяць?

— Але... Сяўбу вы зацягнулі. Трэба ўсе сілы мабілізаваць.

— Дык вось што. Дапамога твая мне не патрэбна!

— Не патрэбна? — Васіль нахіліўся бліжэй, каб разгледзець выраз яго твару. Але ў гэты момант недзе заіржалі коні, і стаеннік звонка адгукнуўся, рвануўшы повад. Максім павярнуўся, ляпнуў яго далоняй па мордзе і спрытна ўскочыў у сядло.

— Так што можаш не турбавацца. Пасеем без цябе.

Але Васіль схапіўся за повад, потым за стрэмя і прытрымаў каня.

— Чакай. Гэта твая асабістая думка, ці праўлення? Твая, вядома. Гонар і ўсё іншае... Дык слухай, што я скажу. Выкінь свой гонар і спытайся ў людзей, жадаюць яны, каб ім дапамаглі, ці не. Я ў сваіх калгаснікаў спытаў. Больш таго, партарганізацыя таксама ўхваліла маю прапанову... За калгас і за ўраджай не адзін ты адказваеш. Цяпер, безумоўна, слова за калгаснікамі «Партызана». І няхай іх старшыня не кіруецца ў такой справе нейкімі асабістымі матывамі. Бывай здароў, Лескавец!

Ён выпусціў повад. Максім, нічога не адказаўшы, павярнуў каня і паехаў, павольна, крокам. Васіль стаяў, глядзеў яму ўздагон і некаторы момант быў упэўнены, што ён вернецца. Яму вельмі хацелася, каб ён вярнуўся. Але хутка постаць каня і чалавека растала ў цемры. Васіль уздыхнуў.


11...


Штораніцы, задоўга да ўсходу сонца, калі над рэчкай яшчэ стаіць туман і на кожнай травінцы, на кожным лісточку вісяць цяжкія кроплі срэбранай расы, Васіль Лазавенка выходзіў у поле. Ішоў па разорах паміж пасевамі, па лугавых сцежках. І заўсёды ў яго была мэта. Шмат дзён ён хадзіў на папары і, як вучыць Вільямс, да ўсходу сонца аглядаў іх паверхню: поўзаў на каленях па мокрай зямлі і лічыў праросткі пустазелля на квадратным метры, якія з'явіліся за ноч. Так вызначаліся тэрміны апрацоўкі папару. Пасля, амаль такім-жа чынам, ён штораніцы аглядаў усходы ільну, потым — гарод, плошча якога ў гэтым годзе яшчэ больш павялічылася.

У апошнія дні ўвагу яго прыцягваў участак цукровых буракоў. Штодзень наведваўся ён сюды, пільна сачыў за іх ростам, запісваў у сшытак свае назіранні. Але ён ніколі не рабіў гэтага ўвечары і нават рэдка калі ў такі позні час выходзіў у поле. У той вечар яго проста пацягнула пагуляць, пабыць аднаму, памарыць, і на балоце ён апынуўся зусім выпадкова.

Сустрэча і размова з Лескаўцом чамусьці прыемна ўзбудзіла яго і зрабіла і без таго добры настрой яшчэ лепшым, узнёслым. Між іншым у калгасе ўсе заўважылі (ды і сам ён адчуваў гэта), як паступова зменьваўся яго характар. Калі год назад Васіль быў маўклівы, пануры, здавалася, акрамя працы і клопатаў аб гаспадарцы больш нічога не ведаў і не хацеў ведаць, то цяпер стаў больш гаваркі, любіў пажартаваць, асабліва з жанчынамі і дзяўчатамі. Гэта дало жанчынам падставу зрабіць адзінадушны вывад:

— Ну, старшыня наш хутка жаніцца будзе. Не прамаргайце, дзяўчаты.

... Да гэтага ў яго часам узнікалі сумненні наконт добрага ўраджаю буракоў. Але пасля таго, што сказаў ён Лескаўцу, для сумненняў не засталося месца: гэтая каштоўная культура павінна апраўдаць усе яго надзеі! Васіль ажно не стрымаўся — павярнуў назад і пайшоў на ўчастак, хоць было ўжо зусім цёмна. Вёска ўтульна свяцілася электраагнямі, зоркамі ляцелі ў яснае неба іскры з трубы «сілавой». А на балоце моцна пахла вільготным торфам.

Васіль ішоў і думаў. Ідэя аб вырошчванні буракоў нарадзілася ў яго яшчэ тады, калі ён упершыню наведаўся да Гайнай. Суседзі-украінны вырошчвалі іх ужо шмат год, атрымлівалі даволі добрыя для паўночнага раёна ўраджаі. Буракі давалі вялікі грашовы прыбытак, і хітрая Тайная любіла пры выпадку пахваліцца імі. Яна з года ў год павялічвала плошчу іх пасеву. Васіль адразу рашыў пераняць вопыт суседзяў. Члены праўлення сустрэлі яго прапанову без асаблівага энтузіязму. Праўда, не пярэчылі (яны звычайна не пярэчылі, калі ён прапаноўваў што-небудзь новае), але аднесліся неяк абыякава.

— Можна пасеяць для спробы... Але ці-ж у нас украінскі чарназём, Васіль Мінавіч?

Васіль абурыўся:

— За сем кілометраў ад нас растуць цудоўныя буракі... Дык няўжо ў нас не тая зямля, не той клімат... не тыя ўмовы?..

Ён цвёрда вырашыў даказаць і Тайнай, і сваім членам праўлення, і ўсім, хто сумняваецца, што буракі з поспехам будуць расці і на зямлі «Волі».

Яго задуму падтрымалі Ладынін і Шышкоў, асабліва горача — аграном. Яны разам на працягу ўсёй зімы перачыталі дзесяткі кніг аб агратэхніцы цукровых буракоў, наведаліся разы два ва украінскі калгас, пагаварылі там з лепшымі майстрамі па вырошчванню буракоў.

З надыходам вясны пачалі думаць аб падборы людзей. Васілю хацелася паставіць на чале гэтай справы такога чалавека, які змог-бы загарэцца гэтай ідэяй так, як ён, зацікавіць людзей, зрабіць вырошчванне цукровых буракоў прафесіяй і, калі не ў гэтым годзе, то цераз год, цераз два вырасціць такі ўраджай, які прынёе-бы славу ўсяму калгасу. Такі чалавек быў, ён думаў аб ім з самага пачатку. Насця! Але пасля выпадку ў полі з агароджай для снегазатрымання яму было цяжка гаварыць з ёй. Нарэшце, адкінуўшы прэч гонар і ўсё іншае, ён аднойчы ўвечары ў сакавіцкую завіруху дзедам-марозам уваліўся ў яе хату. І вельмі напалохаў і самую Насцю і яе бацькоў: ім здалося чамусьці, што ён прышоў у сваты. А таму, калі ён пачаў гаварыць зусім аб іншым — аб нейкіх там бураках, — яго сустрэлі даволі няветліва. І слухаць не захацелі — ні Насця, ні яе бацька, Іван Рагін, старшыня калгаснай рэвізійнай камісіі.

Насця, здавалася, гатова была кінуцца на яго з кулакамі, твар яе то бляднеў, то чырванеў ад гнеўнай узрушанасці.

— А жыта?

— Ды такі ўраджай жыта, які паабяцалі вы, мы павінны вырасціць ва ўсім калгасе.

— Павінны! Хто гэта яго вырасціць? Сам ты ці што? Не загаварвай мне зубы! Я цябе наскрозь бачу. Ты даўно марыш, каб усё, што зрабіла я, аддаць іншым. Разумнік вельмі!..

«А што ты зрабіла, чортава лялька?» — Васіль ледзь стрымаўся, каб са злосцю не спытаць гэтак.

Яе нетактоўнасць абурыла бацьку. Стары сярдзіта стукнуў далоняй па стале.

— Насця! Не забывай, з кім гаворыш!

— Не забываю! З жаніхом сваім, — з злоснай іроніяй прамовіла яна і, засмяяўшыся штучным смехам, хутка вышла з хаты.

Дзёрзкасць яе збянтэжыла і Васіля і старога Івана. Васіля ў дадатак яна яшчэ і абразіла. Гэта быў амаль адзіны выпадак, калі з ім, з аўтарытэтным і патрабавальным старшынёй, так размаўлялі. І ніхто яшчэ так не адмаўляўся ад работы, якую ён прапаноўваў. Усведамленне таго, што дамагчыся, настояць на сваім яму не дапамогуць у гэтым выпадку ні пастанова праўлення, ні спагнанне, яшчэ больш узлавала яго.

Вылаяўшы сябе дурнем за гэтае недарэчнае наведванне, ён ветліва развітаўся з Рапным, але ў душы яго была завіруха. «Жаніх! Няхай на табе чорт жэніцца, дурніца!»

Шышкоў да слёз рагатаў, калі Васіль у той-жа вечар шчыра расказаў яму аб сваёй размове з Насцяй.

— Ведаеш што? Дазволь мне пагутарыць з ёй, — весела прапанаваў ён.

— Чаму я павінен дазваляць? Калі ласка.

— А раптам будзеш раўнаваць?

— Ну-ну, адчапіся хоць ты!

Дні праз два Шышкоў правёў Насцю з кіно, і яны доўга прастаялі каля яе дома, не гледзячы на халодны, вільготны сакавіцкі вецер. Назаўтра ўсе бабы каля калодзежаў гаварылі ў адзін голас аб гэтай навіне: «Аграном заляцаецца да Насці».

А праз тыдзень Шышкоў сказаў Лазавенку, што ён мае намер з'ездзіць да вядомых буракаводаў на Кіеўшчыну.

— Хачу пераняць найлепшы вопыт.

— Цудоўна! — узрадаваўся Васіль. — Пазваню Макушэнку і паеду разам з табой.

— І думаеш мне будзе вельмі прыемна ехаць з табой?

Васіль здзівіўся.

— У мяне больш прыемны напарнік ёсць, — Шышкоў нібы збянтэжыўся.

— Насця!?

— Чаму ты так здзівіўся? Ажно пабялеў. Я, брат, ведаю, чым яе можна сагітаваць.

— Пачынаю верыць, што ты сагітуеш яе не толькі буракі вырошчваць...Што-ж, жадаю поспеху.

Пасля паездкі, Насця сама падала заяву ў праўленне аб пераводзе яе на ўчастак буракоў.

Дзяўчаты пачалі працаваць з такім запалам, што старшыня калгаса толькі цешыўся, назіраючы за імі, і нават стараўся не надта ўмешвацца, даручыўшы агранамічнае кіраўніцтва Шышкову.

...Апанаваны ўспамінамі і думкамі, Васіль непрыкметна наблізіўся да ўчастка буракоў. Тарфяная сцежка была мяккая, як дыванная дарожка, ісці па ёй было прыемна, не перашкаджалі думкам крокі. Лёгка было дыхаць вільготным прахладным паветрам. Кантраст паміж электраагнямі вёскі і гэтай глухаманню балота з дзікімі начнымі гукамі ўздымаў яго настрой, напаўняў сэрца нейкім урачыстым захапленнем. Каб выпрабаваць сябе, Васіль падумаў аб Машы. Ад такой думкі яму заўсёды рабілася сумна. Але зараз гэтага не здарылася. Наадварот, у душы запалілася яшчэ адна ясная і цёплая зорка.

Неўзабаве ён убачыў перад сабой белую постаць, яна рухалася яму насустрач. Ён здзівіўся: «Жанчына! Якое ліха яе носіць у такі час! І не баіцца. Смелыя парабіліся за вайну. Блукае, як прывід. Забабоннага чалавека спалохаць магла-б», — і ў яго на момант з'явілася гарэзлівае жаданне: легчы ў разору і напалохаць гэтую смелую жанчыну. Але ён адагнаў такую несур'ёзную думку:

«Можа ў каго карова ад стада адстала».

Жанчына не магла ўжо не бачыць яго, аднак моўчкі, не сцішаючы крокаў, набліжалася. Васіль пазнаў Насцю і здзівіўся яшчэ больш.

— Насця?! Ты што тут робіш?

— А ты?

— Я? Я — гуляю.

— І я гуляю.

— Але-е... Не зусім зручнае месца ты выбрала для прагулкі.

— Можа каму і не зручнае, а для мяне — лепшага няма! Тут — мая слава пасеяна.

Васіль непрыязна падумаў:

«Ну, здаецца, ты звіхнулася на славе».

Насця пайшла побач, па сцежцы, адціснуўшы яго плячом на раллю. Яна зразумела, што гэта не зусім яму спадабалася і з іроніяй сказала аб іншым:

— Ты, бедны, удзень часу не маеш да нас зайсці, дык уначы ходзіш. Ты ўдзень прыдзі і паглядзі, якое мы цуда росцім.

— Прыходзіў, бачыў.

— Ну і што? — яна павярнулася, штурхнуўшы яго плячом.

— Здаецца, нішто павінны быць бурачкі.

— Здаецца!.. Нішто!.. — перапыніла яго Насця, хмыкнуўшы. — Я ўжо колькі разоў употайкі бегала глядзець у гайнаўцаў. Нашы куды лепшыя!

— Аднак куранят лічаць увосень.

— А я зараз лічу. І не памылюся! — упэўнена заявіла яна і, памаўчаўшы, ужо другім, лагодным і ласкавым, голасам дадала: — Вось заваюю славу сабе і табе...

— Мне слава не трэба, Насця.

— Не трэба? — яна шчыра здзівілася. — А што табе трэба?

Васіль на момант сумеўся, але не таму, што не ведаў, што адказаць ёй. я проста раздумваў, як адказаць: сур'ёзна ні жартам. Адказаў сур'ёзна:

— Што мне трэба? Вельмі мала і ў той-жа час многа. Каб з кожным годам багацеў наш калгас, шчаслівей жылі людзі... Тады і маё жыццё...

Насця зноў перапыніла яго:

— Ты мне гэта гаворыш так, быццам я дык не жадаю гэтага, а толькі пра сябе думаю...

— Амаль угадала... Калі ты столькі думаеш аб сваёй славе...

— А ты не думаеш? Хлусіш!.. Не паверу!

Падышлі да сенажаці. Трава была высокая і ўжо росная, а сцеліка вузкая, і ён адстаў, пайшоў за Насцяй.

— Я не раз кідаўся з гранатамі на фашысцкія танкі і, можаш верыць, ні разу не думаў аб славе. А вось аб жыцці я думаў і перад боем і пасля бою і нават тады, калі мяне прашыла навылёт куля...

Яна змаўчала, толькі ледзь чутна ўздыхнула.

Васіль адчуваў, што гэтая размова і ўспаміны аб вайне пачынаюць псаваць яму настрой і ўзлаваўся на Насцю: «Што ёй трэба было?» Яна ішла павольна, аббіваючы рукой расу з высокіх сцебляў травы.

— Ідзі, калі ласка, хутчэй. Мяне дома вячэраць чакаюць.

Яна адразу пайшла вельмі шпарка і, прайшоўшы крокаў пяцьдзесят, раптам засмяялася, ціха і неяк дзіўна, як смяецца толькі чалавек з самога сябе.

Яны вышлі за грэблю, перайшлі мост. З рэчкі глядзелі зоркі і, здавалася, што яны плёскаліся ў вадзе. У сажалках пявуча туркацелі лягушкі. А на краі вёскі адзінока і сумна дрынчэла балалайка. Да самай вёскі яны не сказалі больш адзін аднаму ні слова. Каля школы Насця спынілася, павярнулася да Васіля.

— Так нічога ты мне і не сказаў?

Ён паціснуў плячыма:

— А што я павінен быў сказаць?

— Гексахларан да гэтага часу не прывезлі. Колькі разоў гаварыць трэба? Зноў драцянік з'явіўся, — яна гаварыла гэта злосна, ахрыплым голасам. Ён не бачыў выразу яе твару, але па тым, як яна дыхала — перарывіста, глыбока, — адчуваў, што яна хутка не вытрымае і скажа нешта абразлівае. І не памыліўся. Яна раптам нахілілася і прашаптала, сцяўшы зубы:

— Бессаромныя твае вочы, Васіль!.. Эх ты!.. — і пасля нядоўгага маўчання кінула:—Перадай гэтаму свайму... «намесніку»... Няхай не думае і не спадзяецца. На халеру ён мне здаўся, аднарукі...

— А навошта абражаць чалавека?

— А пайшлі вы к чорту ўсе! — яна павярнулася і ўподбег кінулася цераз дарогу ў сад.

Васіль упершыню адчуў, што яму стала шкада гэтай няўрымслівай дзяўчыны.


12...


Кожны вечар Васіль прасіў маці, каб яна разбудзіла яго як мага раней. Але ёй ні разу не давялося выканаць гэтага даручэння сына непасрэдна. На досвітку яна падыходзіла да яго, любоўна глядзела, як ён смачна спіць, і шкадавала, як і ў той далёкі час, калі ён, малы, пасвіў кароў, ці хадзіў у школу.

«Няхай яшчэ трошачкі паспіць. Што рабіць у такую рань?» Аднак, тут-жа будзіла незнарок. Васіль спаў у двары пад павеццю. За сцяной, у хляве стаяла карова. Яе ўздыхі і нават рыканне ніколі не будзілі яго, але звон першага-ж струменю малака аб дно дайніцы будзіў нязменна, незалежна ад таго, калі-б ён ні лёг і як моцна-б ні спаў. Падаіўшы карову, маці выходзіла з хлява і здзіўлялася: сын каля ганку абліваўся халоднай вадой, пырскаючы ва ўсе бакі.

Яна цяжка ўздыхала.

— Не спіцца табе, сынок. Замучае яна цябе, такая работа. Вунь аграном як спіць! (Сапраўды, Шышкоў любіў паспаць.) А ты... хаця-б разок добра выспаўся.

Яна гаварыла так кожны раз, і Васіль у адказ толькі ўсміхаўся. Але ў тую незвычайную майскую раніцу з хаты, праз адчыненае акно, адгукнуўся бацька:

— Гэй, старая! Не збівай ты яго з толку. Яму спаць доўга не дазволена — ён гаспадар.

— Гаспадар! Другі гаспадар яшчэ больш спіць, — нездаволена бурчэла маці.

— Дрэнны той гаспадар! — не сунімаўся Міна Лазавенка, высунуўшы з акна галаву. Гэта быў яшчэ даволі дзябёлы стары з акуратнай, белай, як у вучонага, бародкай. У першую сусветную вайну ён таксама быў паранены і, як сам казаў, ледзь не аддаў богу душу ў нейкім царскім шпіталі. Зварот дамоў, да сям'і, праца на зямлі, якую ён атрымаў пасля рэволюцыі, пасля — радасная праца ў калгасе вылечылі яго. Не гледзячы на свае шэсцьдзесят год, ён быў лепшым у вёсцы касцом, аратым, нястомным падавальшчыкам каля малатарні; гэтую апошнюю работу ён асабліва любіў і ўборкі ўраджаю чакаў, як свята.

Васіль заўсёды быў удзячны бацьку за тое, што ён ніколі не выказваў жалю, не выціраў слёз, як маці, калі бачыў глыбокія шрамы на грудзях і спіне сына, не прымушаў лішне адпачываць.

Наадварот, гаспадарскімі парадамі, калючымі заўвагамі, калі што-небудзь было зроблена не так, ён нібы падзадорваў сына, прымушаў працаваць лепш.

Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу ў Лядцы. Напярэдадні было дамоўлена, што рабочы дзень яны пачнуць там не пазней, чым у сябе, а то нават і раней.

Але, убачыўшы бацьку, ён зразумеў, што папярэджваць нікога не патрэбна, тым больш, што раней ён ніколі гэтага не рабіў, і брыгадзіры, якія ўсё выконваюць амаль з вайсковай дакладнасцю, могуць проста пакрыўдзіцца. Вось бацька ўжо даўно сабраўся і, як відаць, з вялікай ахвотай.

П'ючы з салдацкай кружкі сырадой, стары Лазавенка хітра ўхмыльнуўся.

— Ну, сёння мы пакажам лядцаўскім гультаям, як трэба працаваць.

Васіля ажно перасмыкнула ўсяго ад гэтых яго слоў. Ён успомніў размову ў Ладыніна — папрок Ліды і словы Ігната Андрэевіча: «Улічы, што асобныя калгаснікі ў цябе таксама пачынаюць зазнавацца».

— Ты ведаеш, бацька, як гэта называецца?

— Што?

— Што ты зараз сказаў. Зазнайствам.

Стары выцер далоняй вусы і бараду, потым змёў у гэтую далонь са стала хлебныя крошкі, укінуў іх у рот.

— Як хочаш называй, а мы сваю справу зробім.

Паснедаўшы сырадоем з хлебам, Васіль вышаў на гарод (ён пазбягаў хадзіць па вуліцы ў такі ранні час). Па сцежцы паміж гародамі і поплавам ён прайшоў у другі канец вёскі, назіраючы ажыўленне, якое панавала ўжо ў калгасным двары і на вуліцы.

Настрой са ўчарашняга дня ў яго быў незвычайны, усё такі-ж светлы, вясёлы. Хацелася з кім-небудзь пагаварыць. Добра было-б з якім-небудзь жартаўніком, накшталт Прымака.

На адным з крайніх гародаў ён убачыў схіленую постаць жанчыны. Пазнаў старую Гарбыліху.

«Рана бабка свае градкі калупае»,— падумаў ён і, успомніўшы адзін выпадак, які адбыўся са старой, засмяяўся. Было гэта ў той час, калі ўстанавілі лакамабіль і пачалі праводзіць электрычнасць у хаты калгаснікаў. Старая жыве адна, сын яе загінуў на фронце, нявестка працуе на чыгунцы правадніцай, а адзіны ўнук вучыцца ў горадзе. Святло ёй правялі ў першы дзень. Хлопцы зрабілі ўсё, як мае быць, увінцілі добрую лямпачку і, пакінулі бабку радавацца, што больш не давядзецца паліць газнічку, ад якой у яе заўсёды балела галава. Надышоў вечар. Ненагружаная яшчэ электрастанцыя дала такое святло, што ў маленькай хаце стала відаць кожная павуцінка і пылінка. Бабка спачатку парадавалася, але потым адчула, што ад такога нязвыклага святла ў яе пачынаюць слязіцца вочы, яна ледзь начысціла чыгунок бульбы. Нарэшце ў яе разбалеліся не толькі вочы, але і галава, горш, чым ад той газнічкі. Бабуля з вялікім жалем, праўда, рашыла патушыць гэтую дзівосную лямпу і зноў запаліць сваю газнічку. Але як патушыць? Калгасныя электрыкі не паставілі выключацеля і не растлумачылі ёй, што ў такім выпадку трэба рабіць. Яна крыху ўяўляла, што для гэтага трэба выкруціць лямпачку. Паспрабавала, але лямпачка была такая гарачая, што нельга было дакрануцца рукой і зусім не хацела адвінчвацца. Бабуля доўга блукала па хаце, нацягнуўшы на вочы хустку, уздыхала і охала, лаючы і старшыню і ўсіх «асвяціцеляў». А галава яе трашчэла і, здавалася ёй, вось-вось лопне ад гэтага бязлітаснага напору святла. «Божачка мой, ды гэтулькі святла на ўсю вёску хапіла-б. А каб на вас ліха... Гаспадары неразумныя... Мабыць, знарок, чортавы дзеці, зрабілі, каб пасмяяцца з старой... Хоць разбівай гэты пузыр ваш». Нарэшце, пасля доўгіх пакут, надумала: схапіла гладышку, асцярожна падсунула яе пад лямпачку. Эфект атрымаўся нечаканы. Апушчаная ў гладышку лямпачка, давала святло толькі ўгару, утвараючы на столі яркі круг. Усё іншае ў хаце было ў цені, ахутанае мяккім поўзмрокам. Бабуля ад задавальнення ажно засмяялася і неадкладна прывязала гладышку ў такім стане да шнура. Раніцой прышла ў хату суседка, а ў бабулі замест лямпачкі гладышка пасярод хаты вісіць. На тыдзень хапіла смеху для ўсёй вёскі.

... Васіль прыгадаў гэты выпадак таму, што, убачыўшы старую, успомніў сваю ўчарашнюю размову з Дзянісам Гоманам, галоўным механікам і электрыкам калгаса. Гоман паскардзіўся, што хто-ні-хто з калгаснікаў пачаў карыстацца ўпотайкі рознымі электрычнымі прыборамі: пліткамі, прасамі, кіпяцільнікамі. Ён назваў прозвішчы і, у ліку іх, Гарбыліху. Васіль здзівіўся:

— Гарбыліха? — і засмяяўся. — Ну, брат, калі Гарбыліха поўмесяца ў печы не паліць, як ты кажаш, а ўсё гатуе на плітцы, дык нам з табой толькі радавацца трэба.

— Невялікая радасць. Васіль Мінавіч. Самі ведаеце, нехапае яе, энергіі. Задыхаемся. Акрамя таго, не ўсе ўмеюць карыстацца, замыкаюць часта. А гэта Гарбыліха ўключыць плітку, а сама на вуліцы з бабамі балабоніць, або карову доіць. Таго і глядзі, што пажар зробіць... Трэба покуль што забараніць, Васіль Мінавіч. Вось пабудуем гідрастанцыю — тады, калі ласка... Навучым усіх карыстацца і паліце на здароўе...

Васіль паабяцаў ужыць меры.

І вось яна — «першая парушальніца грамадскага парадку», як называў іх Гоман.

— Добрай раніцы, бабка Аксіння.

Яна павольна выпрамілася, паглядзела на яго, прыставіўшы да ілба сухую, запэцканую ў мокрую зямлю далонь.

— А-а, Васілёк, саколік, няхай табе бог здароўечка дае.

Яны перакінуліся некалькімі агульнымі словамі. А калі бабуля зноў нахілілася над сваімі бурачкамі, Васіль нечакана пажартаваў:

— Бабка Аксіння! А плітку? Плітку забыла выключыць?

Бабуля надзвычай борзда выпрамілася, пляснула далонямі і ўподбег рушыла дахаты.

— Ах, божачка! Зноў скіпіць!

Але крокаў праз пяць павярнулася і пагразіла яму пальцам.

— Э-э, не жартуй, сынок, я сёння яшчэ не ўтыркала яе, — і сумелася.

Васіль ад душы зарагатаў.

— Выдала ты сябе, бабуля. Сёння-ж аднясі плітку Дзянісу Гоману, ён захавае яе да пары, да часу.

— А можа мне можна, Васілёк? Старая я, цялжа мне галлё з сасонніку насіць...

— Дроў мы табе прывязем, бабуля. У любы час і колькі хочаш...


13...


Падыходзячы да ўрачэбнага ўчастка, Васіль яшчэ здалёк убачыў Мяцельскага. Дырэктар школы меў вельмі дзіўны выгляд. Босы, у адной сподняй кашулі і ў штанах ад найлепшага гарнітура, ён узрушана таптаўся каля палісадніку. Ускалмачаныя валасы, бледны твар з адзнакай спалоху і разгубленасці, нецярплівыя рухі — усё выдавала яго вялікую ўсхваляванасць. Ён пазіраў то на вокны кватэры Ладыніна, то на школу. Больш нічога навокал не заўважаў. І на Васіля зірнуў толькі тады, калі той гучна і весела прывітаўся.

Мяцельскі хутка паімкнуўся да яго, схапіў за рукі.

— Лазавенка!.. Не, ты падумай, што гэта такое... Чорт ведае, што робіцца!.. Я не знаходжу слоў... Так можа паводзіць сябе толькі ўрач з чорствай душой, бюракрат... Там — чалавек... можа, нават... А ён столькі часу збіраецца... Займаецца фіззарадкай, чысціць зубы... У-у... А ў гэты час, — Мяцельскі ажно застагнаў і, наблізіўшыся да акна, паклікаў дрыжачым голасам: — Ігнат Андрэевіч!..

Васіль нічога не разумеў. Яму было дзіўна, што Мяцельскі, які так моцна паважаў Ладыніна, раптам гаворыць аб ім з такім абурэннем.

— Што здарылася? Які чалавек?

— Ніна Аляксееўна... Ніначка, — у роспачы прашаптаў ён і раптам прыслухаўся. — Цішэй вы!.. — на ілбе яго выступілі буйныя кроплі поту. — Крычыць?

— А што з ёй? — усё яшчэ не мог уцяміць Васіль.

Мяцельскі знішчыў яго позіркам, поўным пагарды і знявагі.

— Ро-оды!..

Дзіўнае слова гэтае электрычным токам ударыла ў сэрца. Васіль адчуў, як яно моцна забілася, як раптоўна хваляванне Мяцельскага перадалася яму.

«Роды», — і ён ужо сам асуджаў Ладыніна за тое, што той так злачынна марудзіць з дапамогай жанчыне, якая праз некалькі хвілін павінна стаць маці. Ён быў памкнуўся пайсці ў дом і сказаць аб гэтым Ладыніну. «Нельга-ж так, на самай справе... Крытыкаваць і падганяць іншых ён умее, а сам... Чысціць зубы, калі побач...»

Але ў гэты момант Ладынін з'явіўся ў адчыненых дзвярах. Быў ён у белым халаце, з-пад якога выглядаў сіні гальштук і светлаблакітная сарочка. На вуснах яго іграла вясёлая ўсмешка. Мяцельскі кінуўся да яго.

— Таварыш Ладынін!..

Ігнат Андрэевіч абняў яго за плечы.

— Рыгор Усцінавіч, крый божа, каб цябе ўбачылі зараз твае вучні. У такім выглядзе! А што, уласна кажучы, здарылася? Нічога асаблівага. Добрай раніцы, Мінавіч. Ты што, дапамагаеш Мяцельскаму хвалявацца, што глядзіш на мяне такімі страшнымі вачыма? Безумоўна, падзея вялікая. Нараджаецца новы чалавек. Але навошта-ж так хвалявацца, дарагі Рыгор Усцінавіч? Усё ідзе вельмі добра. Бо калі-б што-небудзь ды было не так, Ірына Аркадзеўна даўно паклікала-б мяне, і я быў-бы там, як кажуць, на адной назе. А ты раптам не давяраеш такой спрактыкаванай бабцы... Ты ведаеш, колькі яна прыняла родаў за час сваёй работы?.. Каля двух тысяч, дарагі мой. Вось! — у голасе Ігната Андрэевіча была гордасць за жонку.

Васілю стала ніякавата ад таго, што ён, забыўшыся пра Ірыну Аркадзеўну, так блага падумаў пра Ладыніна.

— Дай закурыць, Мінавіч.

Але Мяцельскага, відаць, не пераканалі спакойныя словы Ігната Андрэевіча. Пачуўшы аб яго жаданні закурыць, будучы бацька ўвесь устрапянуўся і скіраваў на Ладыніна такі ўпрашальны позірк, што доктар ураз здаўся.

— Ну ідзем, ідзем... Што з табой зробіш! Вучыся, Мінавіч, хвалявацца за жонку. Калі-небудзь прыдзецца.

Васіль пайшоў следам за імі, бо быў у палоне новага і надзвычай складанага пачуцця, якое апанавала яго. Толькі пасля таго, як Ладынін схаваўся за дзвярыма дырэктарскай кватэры, а яны з Мяцельскім засталіся стаяць пад акном, ён падумаў аб тым, што яму не зусім ёмка стаяць тут і, перайшоўшы вуліцу, накіраваўся ў калгасны сад.

Але пад ліпамі ён спыніўся, невядомая сіла прыцягвала яго да школы, да Мяцельскага, які хадзіў каля ганка, падымаўся на ўсходцы, на момант заміраў у нерухомай позе, відаць, прыслухоўваючыся. Магчыма, у любы другі час Васіль пасмяяўся-б з такой усхваляванасці звычайна вельмі спакойнага, флегматычнага дырэктара школы. Але цяпер у яго самога неяк дзіўна білася сэрца — трывожна і радасна.

Узыходзіла сонца. Па небе плылі маленькія пазалочаныя хмаркі, і можна было падумаць, што іх гналі першыя сонечныя праменні, бо ветру на зямлі не было. Панавала цішыня. Дыяментам блішчэла раса на нерухомых лісточках яблынь, на траве, на маладым бульбяніку. Толькі ліпа ледзь-ледзь чутна шалясцела, але, магчыма, таму, што ў гушчары яе лісцяў жыла птушыная сям'я. Над дарогай лёталі ластаўкі.

Васіль усёй сваёй істотай адчуваў нястрымную сілу жыцця, ён бачыў і чуў, як прагна цягнецца ўсё да святла, да сонца, як нараджаецца новае жыццё. Не проста жыццё... У гэты міг нараджаецца новы чалавек — уладар і творца ўсяго гэтага хараства зямлі, усіх яе багаццяў. Ад гэтага ў яго сэрцы, быццам песня, расла светлая ўрачыстасць. «З'яўляйся, жыві, радуйся, таварыш новы Мяцельскі! Усё гэта — для цябе!» — ён абвёў позіркам наваколле і ўбачыў не толькі тое, што было перад вачыма, — убачыў, уявіў усё: густое жыта за садамі і цукровыя буракі за рэчкай, штабялі бярвення для гідрастанцыі ў Лядцах, бяскрайнае мора пасеваў, новыя гарады, палацы і школы, усю краіну з усім яе незлічоным багаццем і няспынным рухам уперад, да вяршыняў чалавечага шчасця.

І раптам позірк яго, нібы дайшоўшы да нейкай мяжы, спыніўся і... убачыў мінулае. Адзін выпадак, адзін эпізод з таго часу, калі ішло вялікае змаганне сіл жыцця з сіламі смерці. Шмат ён бачыў за гады вайны: спаленыя вёскі і гарады, смерць блізкіх сяброў, горы трупаў закатаваных фашыстамі людзей, страшныя печы Майданека — але гэты маленькі эпізод чамусьці ўсплываў у памяці часцей, чым усё іншае. Было гэта ў сорак чацвёртым, вось у такую-ж ясную сонечную раніцу. Толькі пара была — пазнейшая. Васіль помніць: жыта, цераз якое яны ішлі, было пераспелае, пачарнеўшае і вытаптанае. На досвітку яго рота вышла на ўзлесак. За які кілометр гарэла невялічкая літоўская вёсачка — хат пяць. Гарэлі адразу ўсе будынкі, полымя шугала ў неба, а дым падаў і плыў над зямлёй, чорны і горкі, засцілаў сонца. Каля пажару не было відаць ніводнага чалавека, але фашысцкая артылерыя працягвала з нейкай страшнай метадычнасцю і злосцю абстрэльваць гэтае месца. Снарады раскідвалі полымя, трушчылі дрэвы, выварочвалі зямлю. Васіль з групай байцоў кінуўся туды. Нідзе — ні душы, ніякіх дзотаў, ніякіх прыкмет, што тут наогул былі салдаты. І раптам ён убачыў тое, што ўразіла яго на ўсё жыццё. На дарозе, паміж двума спаленымі хатамі, ляжала дзяўчынка год пяці, босенькая, у адной сарочцы. Адарваная асколкам снарада ручка яе была адкінута ўбок, і пасінелыя пальчыкі сціскалі чаравічак. Цела дзяўчынкі былі яшчэ цёплае. Васіль помніць, як ён сядзеў на зямлі каля яе і плакаў, не саромячыся перад салдатамі слёз сваіх. А пасля, калі яе хавалі, на ўсё жыццё запомніліся яму словы сябра і намесніка па палітчасці Сяргея Варанкова, які дзён праз колькі пасля гэтага памёр у яго на руках, смяртэльна паранены ў баі на прускай граніцы: — Паклянёмся, таварышы, што, заваяваўшы мір, мы нікому не дазволім адняць яго ў нашых дзяцей...

... Васіль стаяў, абапёршыся грудзьмі на галіну яблыні, і выразна чуў голас Варанкова.

Цяжкі ўспамін зацямніў тую светлую ўрачыстасць, якая было апанавала яго. Некалькі хвілін штуршкі сэрца былі балючыя і гулкія, думкі суровыя. Але прадаўжалася гэта нядоўга. На ганак школы вышаў Ладынін. Нешта сказаў, засмяяўся. Мяцельскі кінуўся да яго, абняў і хутка шмыгануў у дзверы.

Васіль з палёгкай уздыхнуў, і рушыў цераз сад у бок Лядцаў.


14...


У Лядцах яшчэ ніводнага чалавека не было на калгасным двары, калі з'явіліся калгаснікі «Волі». Яны прыехалі арганізавана — калонай, на чале якой паважна ішоў уладар поля — «Наці». Побач з трактарыстам сядзеў Міхайла Прымак. З кіраўнікоў «Волі» нікога не было ні наперадзе калоны, ні ў канцы яе.

Дабрадзееўцы сціпла, без выгукаў і жартаў, праехалі цераз усю вёску і спыніліся каля двара трэцяй брыгады.

Збоку здавалася, што гэтае незвычайнае здарэнне нікога не ўсхвалявала і не ўстрывожыла — усё засталося на сваім месцы, як было і дагэтуль, у любы дзень у такі ранні час. Але на самай справе ў Лядцах нібы выбухнула бомба.

Амаль усе мужчыны, кожны ў сваёй хаце, раптам абурыліся на жонак за тое, што тыя так позна поркаюцца каля печаў, і паспешліва, абпальваючыся гарачай бульбай і дранікамі, канчалі снеданне. Жанчыны адстаўлялі з печаў гаршкі, будзілі старэйшых дзяцей, давалі ім гаспадарчыя наказы.

— А ты куды, мама?

— На работу! Куды-ж яшчэ!

Бегалі адна да адной, пазычалі вілы, кошыкі. Неўзабаве на вуліцы пачалі збірацца першыя групы гатовых да працы людзей. Сустракаліся, каротка віталіся і адводзілі позіркі, нібы былі вінаватыя адзін перад адным і цяпер няёмка сябе адчувалі.

Перамаўляліся стрымана, часам злосна.

— Мабыць, апоўначы збіраліся, каб у такую рань з'явіцца.

— Хіба не ведаеш дабрадзееўцаў? Адвечныя задавакі.

— Не крывіце душой. Усе мы добра ведаем, што ў сябе яны выходзяць на работу не пазней.

— Мы таксама не пазніліся. Раса не спадала, як на полі былі.

— Ну, чыя, як кажуць, крычала-б, а ваша маўчала-б. Ці не ў цябе, цётка, старшыня хацеў у печы заліць?

— Хацеў ды не заліў. А цябе, паганец, у час работы соннага за куст прывязалі.

Максіма Лескаўца прыезд дабрадзееўцаў таксама захапіў знянацку. Праўда, ён не спаў і не снедаў. Ён купаўся ў рэчцы недалёка ад маста. Гурчэнне трактара прымусіла яго вылезці на бераг. Ён убачыў калону і хутка пачаў апранацца. Рукі яго пасля халоднай вады дрыжэлі, і ён доўга не мог зашпіліць гімнасцёрку. Абыякавасць, з якой ён вырашыў быў, пасля размовы з Лазавенкам, сустрэць дапамогу, — знікла. Ён адчуў, што хвалюецца, і зноў у думках лаяў Лазавенку, мяркуючы, што той знарок арганізаваў гэты «парад», каб «насаліць» яму, Лескаўцу.

Згаджаючыся прыняць дапамогу, калгаснікі «Партызана» кіраваліся адным добрым жаданнем: хутчэй скончыць сяўбу. Мабыць, ніхто не ўгледжваў і не шукаў у гэтай дапамозе нейкіх іншых матываў і хітрых намераў з боку суседзяў.

Інакш усё ўяўлялася Максіму, ён наперад ведаў, што дабрадзееўцы пакажуць большую арганізаванасць і дысцыпліну ў працы, павысяць нормы выпрацоўкі, якія існуюць у «Партызане», лепш апрацуюць глебу. І ўсё гэта Лазавенка выкарыстае, каб на прыкладзе даказаць, які ён, Лескавец, няздольны кіраўнік. Максім быў цвёрда перакананы, што паміж прыездам у калгас сакратара райкома і гэтай дапамогай ёсць пэўная сувязь. Чаму сакратар прыехаў іменна да яго? І прыехаў не так, як звычайна прыязджалі ўсе іншыя кіраўнікі, а размясціўся так, нібы думае жыць у калгасе невядома колькі часу. Хутчэй за ўсё, што гэта таксама справа Лазавенкі. І вось ён выкарыстоўвае гэты прыезд. Бо чаму ён усю вясну маўчаў і нават пазбягаў сустрэчы, на будаўнічую пляцоўку хадзіў не цераз вёску, а па беразе?

У Максіма кіпела на душы.

... На вуліцы ён спаткаўся з Макушэнкам.

Сакратар райкома ішоў у канец вёскі, дзе спыніліся дабрадзееўцы.

Угледзеўшы яго і, відаць, саромячыся спаткацца з ім на вуліцы ці прыйсці пазней, мужчыны і жанчыны цераз гароды спяшаліся на калгасны двор. Максім разумеў іх, бо і сам разгубіўся: падумае сакратар, што ён дагэтуль спаў. Але прывітаўшыся, Макушэнка проста спытаў:

— Выкупаліся? Кожную раніцу так? Зайздрошчу. Ну, ідзёмце, дайце людзям работу. Выкарыстайце на тых участках, дзе ў вас прарыў.

У Максіма зноў успыхнула абурэнне, і ён, не хаваючы злосці, адказаў:

— У нас усюды прарыў. Толькі і жывем, што з дапамогі добрага суседа...

Сакратар дакорліва паківаў галавой:

— Эх, Лескавец, Лескавец!

Максім пачырванеў.

— Адкуль у цябе гэтая хвароба? Усё табе здаецца благім. Лазавенка цябе падседжвае, «топіць»... Ладынін яму дапамагае... Сакратар райкома прыехаў у калгас — табе таксама здалося алах ведае што... Схамяніся, дружа!..

Вельмі ўражаны тым, што сакратар нібы прачытаў яго думкі аб сваім прыездзе, Максім не знайшоў што адказаць. А незвычайна простыя і цёплыя словы яго «Схамяніся, дружа», — упалі на сэрца залатымі зернятамі, якім належала хораша ўзыйсці там, даць багаты ўраджай.

... У першы вечар Макушэнка зайшоў да Лескаўца. Уласна кажучы ішоў ён не да Максіма, бо з ім толькі што гаварыў каля рэчкі — ішоў да Сынклеты Лукічны, бо лічыў сваім чалавечым абавязкам наведаць жонку свайго партызанскага друга.

Сынклета Лукічна была на гародзе — варыла вячэру. У вёсцы быў звычай — вячэру ўлетку гатаваць на агні, дзе-небудзь у садзе ці ў канцы гароду, каб не паліць нанач у печы. Хутчэй, прыемней і нават смачней, бо часта тут-жа пры агні і вячэралі.

Убачыўшы сакратара, Сынклета Лукічна і разгубілася і ўзрадавалася адначасова.

— Прабачце, Пракоп Пракопавіч, частаваць вас буду тут, у зямлянку запрашаць не буду.

Макушэнка сеў збоку на траву. Сынклета Лукічна хуценька пайшла да зямлянкі. Цямнела. Заціхаў вячэрні вясковы гоман.

Макушэнка задуменна глядзеў на маленькія язычкі полымя, якія асцярожна лізалі чыгунок. Два хлапчукі прынеслі стол і дзве табурэткі. Макушэнка папрасіў іх:

— Перадайце цётцы Сылі, каб яна не турбавалася. Нічога не трэба.

— Добра. Перададзім. Але яна не турбуецца, яна настойку цэдзіць з гэткай вось бутэлі, — адзін хлапчук развёў рукамі.

Сакратар, усміхнуўшыся з іх непасрэднасці, паглядзеў у бок зямлянкі. У вочы кінулася чорная пройма дзвярэй у белым зрубе, ён адчуў сябе вінаватым, што дагэтуль сям'я Антона Лескаўца жыве ў зямлянцы. Недаравальна, што ён не ўмяшаўся ў гэта больш дзейсна. Яму расказвалі, чаму Максім зняў цесляроў. Наогул калгаснікі, як ён пераканаўся, выказваліся аб сваім старшыні станоўча і нават тыя, хто скардзіўся на яго за грубасць ці яшчэ за што-небудзь, рабілі гэта без асаблівага абурэння, з агаворкамі, са скідкай на маладосць.

— Калі-ж наваселле? — спытаў Макушэнка, як толькі Сынклета Лукічна вярнулася. Яна ўздыхнула. Ён памаўчаў, назіраючы, як спрытна яна рэзала сала, потым нечакана спытаў:

— Ёсць чым заплаціць?

— Ды заплаціць-то ёсць чым, але...

— Заўтра я выклічу такую брыгаду, якая за тры дні здасць гатовы дом.

Ён вырашыў зняць частку брыгады з будаўніцтва будынка райкома.

«Калі мы які тыдзень пабудзем у старым памяшканні — нічога страшнага, а тут — жывыя людзі, сям'я партызана-героя», — разважыў ён.

— Вам і так гэтулькі клапот, Пракоп Пракопавіч, а вы яшчэ будзеце нам цесляроў шукаць, — для прыліку сказала Сынклета Лукічна, але ад яго не захавалася, што яна ўзрадавана.

Шумна сіпела сала, злосна затрашчэла і запырскалася тукам, калі гаспадыня ўліла на патэльню яйкі. Бялок адразу стаў белым, узняўся бурбалкамі. Яешня апетытна запахла. Сынклета Лукічна, схіліўшыся, падкладвала пад трыножкі трэскі, яны загараліся адразу жарка і светла. Макушэнка не адводзіў ад агеньчыка вачэй. Любіў ён пасядзець пры ім, бо заўсёды ў такія моманты яго апаноўвалі партызанскія ўспаміны. Вось і зараз ён бачыў перад сабой Антона Лескаўца, чуў яго прастуджаны, але бадзёры голас: «Добра мы працавалі да вайны, Пракопавіч, але пасля яе, думаецца мне, народ будзе працаваць яшчэ лепш. Вось я, напрыклад... Ды мяне зараз дапусці да мірнай працы — горы перавярну. Хіба я так цяпер кіраваў-бы калгасам! Ды я такое-б жыццё ў ім стварыў, што люба паглядзець было-б! За вайну мы яе, нашу Савецкую ўладу, яшчэ мацней палюбілі, сэрцам і розумам адчулі, як многа яна нам дала, а таму хочацца і ёй усё аддаць, што можаш...»

Макушэнка амаль дакладна помніў гэтыя словы. Антон Лескавец гаварыў іх у летні вечар вось пры такім невялічкім агеньчыку. Хораша ён умеў марыць аб будучым жыцці!

Сынклета Лукічна бачыла, што сакратар задумаўся і, нібы здагадваючыся, аб чым ён думае, маўчала, каб не перашкодзіць.

«Трэба Максіму сказаць гэтыя словы. Наогул трэба будзе расказаць яму пра бацьку, ён, відаць, мала ведае аб яго рабоце. Дарэчы было-б вось тут, за чаркай настойкі»...

— Дзе-ж гэта гаспадар так забавіўся?

— Сядайце да стала, Пракоп Пракопавіч, не дачакаемся мы яго. Часта ён так — вячэрай снедае.

— Што-ж, справа маладая...

Сынклета Лукічна ўздыхнула.

— Што так цяжка, Лукічна?

Не адказваючы, яна наліла ў чаркі настойку, падсунула гасцю бліжэй патэльню з яешняй, талерку з хлебам.

— Частуйцеся, Пракоп Пракопавіч, а то нахадзіліся за дзень...

— Не буду ні піць, ні есці, покуль вы не сядзеце вось тут, каля мяне, — ён падсунуў бліжэй другі табурэт.

Жанчына села, крыху адпіла з чаркі і, выцершы вусны рогам хусткі, падперла далоняй шчаку і загаварыла:

— Даўно мне хацелася пагаварыць з вамі, Пракоп Пракопавіч. Вось вы пытаеце, чаму я так цяжка ўздыхаю... Ды хіба-ж я ўздыхала-б, каб ён, як вы кажаце, з дзяўчынай ночкі праводзіў... Для матчынага сэрца гэта радасць якая! Глядзіш, хутка і нявестка ў доме была-б... Засумавала я адна... Але няма ў яго дзяўчыны... Не з ёй ён ходзіць... Адзін блукае па полі, або ў Шаройкі сядзіць, прыяцеля знайшоў!.. Выпівае з ім. Неспакойна ў яго на душы, а ад чаго — не зразумею. Бачу я, гарыць ён на рабоце, баліць яго сэрцайка, каб зрабіць так, як у Васіля, зайздросціць ён Васілю, хочацца яму, каб і наш такі калгас быў. Але нядобра неяк зайздросціць... Васіля ледзь не ворагам лічыць, Ігната Андрэевіча пазбягае, у райком баіцца лішні раз заглянуць, параіцца, баіцца, мабыць, каб не падумалі там, што ён сам нічога не ведае, ні на што не здатны. А хіба-ж так можна? Я-ж ведаю, як бацька яго кіраваў. Райком для яго быў радней дома роднага. Ледзь у чым сумняваўся — адразу ў райком ехаў.

Сынклета Лукічна змоўкла, прыслухоўваючыся да шпаркага конскага тупату па грэблі і па мосце. Радасна заіржаў стаеннік. За рэчкай на яго іржанне адгукнуўся ўвесь табун.

— Максім прыехаў, — амаль шэптам, нібы сама сабе, прамовіла маці, але ў голасе ў яе была радасць. — «Арла» на пашу павёў.

Вёска ўжо даўно заснула. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні, і недзе далёка на ўзгорку, пад сасоннікам, гарэў вялікі агонь. У яго святле час-ад-часу з'яўляліся постаці.

Было ціха, не варушыўся ніводзін лісток на ігрушы, пад якой стаяў стол, але полымя свечкі, якую запаліла Сынклета Лукічна, трапяталася, нібы спалоханае, кідалася ва ўсе бакі.

Макушэнка моўчкі слухаў, зрэдку адкусваючы хлеб і кідаючы відэльцам у рот маленькія кавалачкі яешні.

— Дапамажыце вы яму, Пракоп Пракопавіч! — раптам, нахіліўшыся да яго, горача і хутка прашаптала Сынклета Лукічна, быццам спалохаўшыся, што нехта, перашкодзіць ёй выказаць тое самае галоўнае, дзеля чаго яна і пачала гэтую сардэчную размову.

Сакратар райкома ўспомніў сваю размову з Ладыніным. Усё тое, што яму сказала маці пра сына, гаварыў сакратар партарганізацыі.

Ладынін расказваў, што робіць партарганізацыя, каб кіпучую энергію гэтага маладога і няўрымслівага комуніста накіраваць па правільнаму шляху.

— Мы зрабілі нямала ўжо, — гаварыў Ігнат Андрэевіч. — Здаецца мне, што цяпер даволі нейкага аднаго нечаканага ўдару, аднаго выпадку, каб ён сам зразумеў адразу ўсе свае памылкі. А мы дапаможам яму.

Макушэнка цвёрда верыў у поспех работы старога большэвіка Ладыніна і таму ўпэўнена адказаў маці:

— Дапаможам, Сынклета Лукічна.

Яна не падзякавала, нічога не адказала на яго словы, а раптам пачала расказваць пра мужа, спакойна і проста.

— Антон мой. нябожчык, таксама ў моладасці гарачую галаву меў. Неспакойны чалавек быў!.. Як успомню, дык ажно не верыцца. Кіпела ў яго ў душы, сіла лішняя была, а прылажыць яе не было куды. Дык ён і бунтаваў. Што ён толькі не вырабляў! Першы забіяка быў на ўсё наваколле. Першы завадатар усіх боек быў. У царскія часы ў нас тут па святах вёска на вёску сцяной ішла, на кулачны бой. Дабрадзееўка на Лядцы, а часцей за ўсё разам нашы і іх ішлі «хахлоў» біць — на кісялёўцаў ці гайнаўцаў. Божачка мой, што тварылася! — Сынклета Лукічна, уявіўшы, што тады рабілася, ажно пляснула далонямі. — А Антон мой заўсёды першы ішоў... Хлопцам ён тады быў яшчэ... Аднойчы яго ледзь жывога вынеслі, жывога месца на целе не было. Не стрымалася я тады, кінулася да яго, пачала да сінякоў снег ды лёд прыкладваць. А ён апрытомнеў, смяецца... З таго часу ў нас і пачалося... Цераз год ён сватоў прыслаў. Зімой жаніўся, а вясной на заробкі паехаў, у каменшчыкі. Вярнуўся адтуль — не тым чалавекам стаў... Кніжкі пачаў чытаць...

Макушэнка разумеў яе. Маці вельмі хацелася апраўдаць характар сына, даказаць, што і ён можа быць такім-жа добрым і разумным, якім быў яго бацька.

А сын у гэты час быў недалёка. Прышоўшы дахаты, ён убачыў у садзе пад грушай агеньчык, пачуў голас маці і Макушэнкі і не захацеў ці не адважыўся (ён і сам не разумеў) падыйсці. Цішком залез на вышкі сваёй новай недабудаванай хаты, дзе начаваў, як толькі стала цёпла, і ляжаў там, утаропіўшы позірк у шчыліну для коміна, праз якую на яго глядзелі тры далёкія зоркі.


15...


Цесляры з'явіліся нечакана і дружна ўзяліся за працу. Максім нічога не ведаў аб іх прыходзе, і покуль вярнуўся з поля, зруб набыў усе рысы дома, нехапала хіба аднаго коміна. Цесляры нібы знарок у першую чаргу падагналі падаконнікі, вушакі, уставілі новенькія рамы, навесілі дзверы. Здалёк нялёгка было заўважыць адсутнасць шыбаў, а на комін мала хто звяртаў увагі, — і дом выглядаў зусім скончаным.

Максім, убачыўшы гэта, так здзівіўся, што, наблізіўшыся да зямлянкі, не адважыўся зайсці ў дом, две гаманілі людзі, стукалі сякеры, свісталі фуганкі. З коміна зямлянкі цягнуўся ў неба празрысты бялёсы дымок. Маці расчырванелая, у новай хустцы, сустрэла яго на парозе.

— Што гэта такое, мама? — спытаў ён.

— Пракоп Пракопавіч выклікаў брыгаду, што райком будавала.

«Выпрасіла», — хацеў было дакарыць ён яе, але стрымаўся, убачыўшы на яе твары задавальненне, і пабаяўся пакрыўдзіць старую.

— А дошкі? — кіўнуў ён галавой на дошкі, што ляжалі каля дзвярэй.

У яго нехапала матэрыялу на падлогу і ён, не жадаючы звяртацца да Лазавенкі, не раз думаў, дзе, акрамя «Волі», можна распілаваць бярвенні.

— Васіль пазычыў, сам прывёз на машыне. А бярвенні забраў. Распілуе.

Максім не тое, каб узлаваўся, яму стала неяк няёмка. Раней маці нічога не рабіла, не параіўшыся з ім. І раптам... Ён зразумеў гэта, як своеасаблівы пратэст, бунт супраць яго. Стала крыўдна і балюча.

— Трэба гліны, Максімка, прывезці. Заўтра пячнік прыдзе, — ласкава сказала маці, з трывогай назіраючы, як бляднее яго твар. Але ніякая ласкавасць ужо не магла стрымаць яго.

— У мяне ўсе коні на сяўбе. І мне не да гліны!

Маці дакорліва паківала галавой і не пашкадавала яго, хоць ведала, што яму цяжка.

— Тады я Васіля папрашу. Няхай табе сорамна будзе, — яна павярнулася і пайшла ў зямлянку. — Думаеш табе аўтарытэту будзе больш, што ты гліны сабе не прывязеш і ў зямлянцы будзеш жыць?

Максім, нічога не адказаўшы, таксама павярнуўся і пайшоў назад, у поле. Усё пераблыталася ў яго галаве за гэтыя гарачыя дні, спляліся ў нейкі клубок усе пачуцці. З насцярожанасцю сустрэў ён прыезд у калгас Макушэнкі, думаў, што той прыехаў рэвізаваць яго работу, адшукваць яго памылкі. З абурэннем сустрэў ён дапамогу Лазавенкі, звязваючы яе з прыездам сакратара райкома. Але ішоў трэці дзень і ніякага «падкопу» не было і ні ў чым не мог ён яго ўгледзець. А ўсё, што рабілася, рабілася на карысць калгасу, а значыцца — у дапамогу яму, старшыні. Сакратар райкома нават не ўмешваўся ў яго штодзённыя абавязкі. Ён больш хадзіў адзін, знаёміўся з гаспадаркай, проста і шчыра гутарыў з людзьмі ў полі, на ферме, заходзіў да калгаснікаў у хаты, сядзеў на ўроках у школе. На трэці вечар зрабіў даклад аб міжнародным становішчы, скончыў яго спакойнай размовай аб справах у калгасе, заклікаў хутчэй будаваць гідрастанцыю і падумаць аб меліярацыі балота.

Даведаўшыся, што ў краме няма солі, і жанчыны мусяць бегаць у Дабрадзееўку, Макушэнка на досвітку выклікаў заспанага спалоханага Гольдзіна. Цераз дзве гадзіны ў краме ўсё з'явілася. Лазавенка паказаўся толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Быў ён прыветлівы, вясёлы, моцна, па-сяброўску, паціснуў руку на развітанне. Калгаснікі яго сеялі і апрацоўвалі глебу, як на сваім уласным полі — добрасумленна, старанна. Максім не мог не бачыць, што гэтая незвычайная дапамога, прыклад дабрадзееўцаў у працы, прабыванне сакратара райкома, яго гутаркі з калгаснікамі, спаборніцтва паміж брыгадамі стварылі такі працоўны ўздым, аб якім ён раней і не марыў. Здавалася, што працавалі не тыя людзі. Гэта нават Шаройка ўбачыў і растлумачыў па-свойму, па-шаройкаўску:

— Хітры наш народ, Максім Антонавіч. Хітры, брат, ой, хітры. Глядзі, як стараюцца пры сакратары. Працуюць, як чэрці. Пры такой рабоце брыгадзіру няма чаго рабіць, не трэба ў шыбы стукаць...

Максім нічога не адказаў.

Хутка набліжаўся канец сяўбы. Усё гэта і радавала яго і чамусьці трывожыла. У той дзень неспакой гэты быў крыху заглох, але нечаканыя цесляры, размова з маці зноў паднялі ў душы завіруху.

Як яму трэба ставіцца да ўсяго гэтага? Не звярнуць увагі на чуласць сакратара райкома, на шчодрасць Лазавенкі? Зрабіць выгляд, што гэта яго не датычыцца і мала цікавіць, што ўсё гэта зроблена імі для яго маці, жонкі партызанскага камандзіра Антона Лескаўца, які сваёй гераічнай смерцю заслужыў такія адносіны да сваёй сям'і, якая засталася?

Але Максім разумеў, што гэта было-б больш чым недарэчна, — аддзяліць сябе ад сям'і, у якой па-сутнасці застанецца тады адна маці, ад светлай памяці бацькі. Недарэчна і няшчыра. Няшчыра таму, што ў сэрцы яго, не гледзячы ні на што, цяплілася ўдзячнасць.

Яму даволі ўжо абрыдла жыццё ў зямлянцы. Ён нават пазбягаў туды заходзіць і зайздросціў, калі наведваўся ў добрыя ўтульныя хаты. Думкі аб сваёй няскончанай хаце часта не давалі яму заснуць да раніцы. І раптам усё вырашаецца так проста і хутка. Цераз некалькі дзён ён будзе ва ўласнай хаце, і ніхто не папракне яго, што ён збудаваў яе, выкарыстаўшы сваё становішча старшыні (ён вельмі баяўся такога папроку). Так, ён не можа не быць удзячны і Макушэнку і Васілю. Але выказаць гэтую ўдзячнасць словамі ён, безумоўна, не мог.

...Узяўшы з канюшні рыдлёўку, Максім непрыкметна прабраўся ў кар'ер, каля старога млына, дзе з даўніх часоў бралі гліну, залез там у глыбейшую яму і за якую гадзіну-дзве выкінуў на паверхню гліны не на адну, а на добрыя тры печы. Прывёз яе дахаты ўвечары, калі ўжо добра сцямнела.


16...


Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Няхай людзі абодвух калгасаў скажуць на ім добрыя, цёплыя словы аб дружбе, аб узаемадапамозе, а яны, кіраўнікі, накіруюць іх увагу на вырашэнне новых задач і, у першую чаргу, на тое, каб поўным ходам разгарнуць будаўніцтва гідрастанцыі.

Ладынін раніцой з'явіўся ў «Партызане» і ўсю першую палавіну дня займаўся сваімі ўрачэбнымі справамі.

Апоўдні ён, Макушэнка і Максім вышлі з вёскі ў поле. Пайшлі за рэчку — там працавала большасць людзей. Дзень быў спякотны, паліла, як у ліпені. І зямля была такая-ж сухая, як сярод лета. Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. На торны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светлашэры налёт.

Макушэнка паглядзеў у дымнае неба, дзе не было ніводнай хмурынкі.

— Эх, дожджык-бы!

— Сёння павінен быць абавязкова, — запэўніў Ладынін!. — Я заўсёды беспамылкова вызначаў яго набліжэнне. Ные рана. Гудзяць ногі.

Каля маста — стойла. На беразе — чорны квадрат выбітай жывёлай зямлі. На ім цесна ляжалі і стаялі каровы, некаторыя з іх зайшлі ў рэчку і махалі хвастамі, хоць не было яшчэ ні мух, ні аваднёў, а камары пахаваліся ад спякоты.

Сярод статку хадзілі з дайніцамі жанчыны, кожная знаходзіла сваю карову, падымала і адганяла ўбок. Крыху воддаль пад вербамі каля агароджы, якая адгароджвала стойла ад пасеваў, даілі калгасных кароў. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. На самым беразе сядзела загадчыца фермы Клаўдзя Хацкевіч, перад ёй, да паловы пагружаныя ў ваду, стаялі бідоны.

— Які дзённы надой? — павярнуўся Макушэнка да Максіма, у змаршчынках пад яго вачыма хавалася хітраватая ўсмешка. Максім сумеўся: усе фермаўскія лічбы пераблыталіся ў яго галаве, хоць Клаўдзя штодзень бамбардзіравала імі. Можа таму яны і не запаміналіся, што занадта многа яна гаварыла гэтых лічбаў. Як разыйдзецца на паседжанні праўлення, дык адным залпам паведаміць усё: і колькі малака давалі каровы да вайны, і колькі мелі-б гэтага малака, каб выканалі ўсе яе, Клаўдзіяй, патрабаванні, і кожны раз аб суседзях — аб надоях у «Дружбе» і ў «Волі».

Макушэнка дакорліва паківаў галавой.

— Старшыні сорамна не ведаць такія рэчы. Запомні, што гэта — не дробязь — малако. У калгасе няма дробязей... Ты павінен ведаць прадукцыйнасць кожнай каровы, не толькі што... Інакш кіраваць нельга. А ўяві сабе той блізкі час, калі ў цябе будзе сто... дзвесце дойных кароў. Што тады?

«Вось яно... пачынаецца», — Максім уздыхнуў і выцер з ілба пот. Макушэнка прапанаваў зайсці на стойла.

«Ну, зараз яна натарахторыць — толькі слухай, — падумаў Максім аб Клаўдзі, з неахвотай збягаючы следам за Макушэнкам з насыпу грэблі ўніз на поплаў. — Усё на мяне зваліць, чортава ляскаўка».

Ён успомніў, як хітра і ўпарта ўгаварваў яго Шаройка замяніць Клаўдзю другім чалавекам. Рабіў ён гэта заўсёды пасля таго, як Клаўдзя даводзіла старшыню да кіпення. У такія хвіліны Максім згаджаўся са сваім дарадчыкам, але потым, астыўшы, супакоіўшыся, разумеў, што лепшага загадчыка фермы знайсці цяжка. Пачуццё справядлівасці перамагала ўсе іншыя пачуцці.

Клаўдзя спакойна паднялася, скруціла ў трубку самаробны сшытак з сіняй паперы, сунула яго ў кішэню. На вуснах яе пакінуў даволі прыкметны след хімічны аловак, і гэтая фіялетавая плямка таксама, як і кароткі, не па росту, белы халацік, неяк маладзілі яе, рабілі падобнай на дзяўчыну-падлетка. Але рукі яна паціснула ўсім смела, проста і не па-жаночаму моцна. А Максіму ўпотайкі задзірыста падміргнула: «Пачакай, вось тут я табе задам». І сапраўды, як заўжды, адразу павяла наступленне:

— Надоі? Павышаем, таварыш сакратар. Дзень і ноч дзяўчаты мае кормяць іх, — яна кіўнула ў бок калгасных кароў, перад кожнай з якіх сапраўды ляжалі кучкі свежаік травы.— Усе ўзмежкі паабскубвалі... Але цяжка нам... Паша дрэнная, каровы галодныя... А старшыня вось наш лічыць, што ферма — гэта так сабе... Ён аб адных конях клапоціцца.

— Калі гэта я так лічыў? — узлаваўся Максім.

— Увесь час... Колькі табе даказвала, што ў каровы малако на языку...

— Як у цябе хлусня!

— Лескавец! — абурыўся Ладынін.

— І прасіла і патрабавала, каб для падкормкі кароў было пасеяна што-колечы, як вунь у «Волі». Няхай да «зялёнага канвеера» мы яшчэ не дараслі, але можна было хоць чвэрць канвеера гэтага зрабіць...

Макушэнка з ухвалаю ківаў галавой і ўсміхаўся. Усміхнуўся з чвэрць канвеера і Ладынін. Але Клаўдзя сказала ўсё гэта зусім сур'ёзна, без цені ўсмешкі.

Даяркі стаялі з вёдрамі малака каля кароў, прыслухоўваліся да гутаркі, саромячыся падыйсці. Каровы таксама паварочвалі галовы, вялікімі вільготнымі вачыма глядзелі на незнаёмых людзей, на сваю гаспадыню і, нібы разумеючы, што яна абараняе іх, уздыхалі.

— Ты, Максім, па дзедаўскіх законах усё яшчэ хочаш жыць. Снег — з поля, жывёлу — у поле, і ўсім клопатам канец. Некалі бацька мой так рабіў, дык помню, маючы двух кароў, ніколі свежага малака не піў, а смятаны і ў вочы не бачыў ні сам, ні мы, малыя. Колькі я табе гаварыла, каб аддзяліць калгасных кароў ад агульнага статку! А ты Шаройку слухаешся...

— Можна падумаць, што Шаройка ў цябе цяля з'еў, — ужо спакайней заўважыў Максім, не зусім удала перавярнуўшы прымаўку.

— Маім цялём ён-бы падавіўся, а вось калгаснага не аднаго з'еў. Таму і ферма малая.

Максім ведаў, што Клаўдзю лепей не чапаць, бо на кожнае слова яна адкажа дзесяццю, і таму адвярнуўся, заглянуў у бідоны.

— Ні ў адным калгасе так не адносяцца да фермы...

Гэтага ён не мог больш трываць і, каб хоць чым-небудзь адпомсціць гэтай уедлівай жанчыне, сказаў нібы між іншым:

— Ты лепей бідоны пачысціла-б. Брудныя.

Клаўдзя захлынулася на поўслове. Заўвага гэтая ў прысутнасці доктара была для яе самай страшнай абразай.

— Брудныя?

— Эх, дзевачкі! Старшыня гаворыць — бідоны брудныя!— праспяваў ззаду зычны голас Гашы, яго стрыечнай сястры, і ў момант усе тры даяркі апынуліся каля Максіма. Закрычалі ў адзін голас:

— Пакажы хоць кроплю бруду! Дзе ён, бруд той?

Разгубіўшыся ад такога націску, Максім злосна махнуў рукой.

— А ну вас!.. — і шпарка пайшоў цераз статак на шлях, зганяючы з месца кароў.

Ладынін хацеў быў вярнуць яго, але, убачыўшы, што Макушэнка з натугай стрымлівае смех, засмяяўся сам.

А дзяўчаты ўсё яшчэ абураліся:

— Нас на малочным заводзе ў прыклад ставяць, а ён — бруд... Каня, нябось, не даў, мы на воліку возім, і ў нас малако ні разу не скісла.

Адышоўшы, Макушэнка і Ладынін пераглянуліся І засмяяліся, зразумеўшы адзін аднаго.

Максім чакаў іх на шляху; абапёршыся плячом аб камель старой пахіленай вярбы, курыў, прагна зацягваючыся дымам.

— Не паважаеш ты крытыку, Лескавец, — сказаў Макушэнка, наблізіўшыся.

— Якая гэта да ліха крытыка!

— А цікава, якой ты яе ўяўляеш, крытыку? — хітра прыжмурыўся Ладынін.

— Раз'елася на ферме, дык зыкуе, як карова... Ёй...— ён асекся, убачыўшы, як нахмурыўся сакратар райкома.

У Ладыніна сышліся ў адну лінію бровы, ён павярнуўся да Максіма і сурова сказаў:

— Ты чаго паклёпнічаеш на людзей? Слухаць агідна! Ды пасля такіх тваіх слоў цябе не толькі адна яна не будзе паважаць, — уся вёска адвернецца...

Максім пачырванеў і маўчаў.

— У яе душа баліць за даручаную справу і гэта трэба ўмець цаніць, падтрымліваць, а не ставіць свой гонар, сваё самалюбства вышэй за справу.

Ладынін абурана перайшоў на другі бок дарогі і неразборліва нешта бурчэў. Макушэнка ўпотайкі назіраў за Максімам і, пасля працяглага маўчання, прадоўжыў сваю думку:

— Але-е, баішся крытыкі. І ў гэтым тваё няшчасце. Баішся крытыкі — значыцца баішся людзей. Баішся добрых людзей, якія клапоцяцца за калгас не менш за цябе і шчыра жадаюць дапамагчы табе... Забываеш, што ты не проста кіраўнік, гаспадарнік, адміністратар, ты — комуніст, выхавальнік. І сіла твая, як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. А якая можа быць сувязь, калі ты баішся людзей? Возьмем самае галоўнае— соцспаборніцтва. Па адносінах да гэтай выключнай з'явы нашага совецкага жыцця правяраюцца ўсе людзі і, у першую чаргу, кіраўнікі... Я ведаю, ты заклікаў людзей спаборнічаць, спрабаваў неяк арганізаваць яго, каб выканаць пастановы партыйных сходаў. Але ці было яно арганізавана ў калгасе? Не, не было яго, сапраўднага спаборніцтва. Не было таму, што не было крытыкі, не было выкрыцця таго старога, гнілога, што перашкаджае росту новага. І раптам без шуму, без мітусні спаборніцтва разгарнулася ў той дзень, калі прыехалі дабрадзееўцы. Што здарылася? Здарылася простае. Сваёй работай, жывым прыкладам яны раскрытыкавалі ў вас і арганізацыю працы і адносіны да яе, і нормы, і кіраўніцтва, у тым ліку і тваё. Так, так, і тваё. І гэта быў нібы выбух... І вось яны — вынікі сапраўднага спаборніцтва. Бачыш? — ён паказаў на засеянае поле. — Вось аб гэтым мы і павінны зараз пагутарыць з людзьмі. Добра пагутарыць... Бо нічога мы з табой не будзем варты, калі з ад'ездам дабрадзееўцаў усё гэта спадзе... Зразумей гэта!


17...


Лескаўцу прапанавалі выступіць першаму, ён стрымана падзякаваў суседзям за дапамогу і пачаў гаварыць аб тым, аб чым якую гадзіну назад гаварыў яму сакратар райкома, — аб сацыялістычным спаборніцтве. Ладынін насцярожыўся, падумаў: «Шчыра, ці крывіць душой?» Але, слухаючы далей, пераконваўся, што прамова старшыні «Партызана» шчырая. Бо нельга гаварыць няшчыра з такім запалам, з такім натхненнем, з такой верай, што словы твае ўзыйдуць у чалавечых сэрцах, як добрыя зерні пасля дажджу. А па ўсім было відаць, што Лескавец верыў у гэта. І Ладынін узрадаваўся, бо адчуў, што гэта новая рыса ў яго характары.

Няшчадна пякло сонца. Сасоннік, на ўскрайку якога адбываўся сход, дыхаў гарачым смольным водырам. Калгаснікі сядзелі, ляжалі ніцма, на баку, абапёршыся на локці, у рэдкім цені маладых сасонак. Запыленыя з ног да выгараўшых валасоў баранавальшчыкі — усе маладыя хлопцы — былі падобны да шахцёраў, якія здабывалі нейкі незвычайны па колеру вугаль. Вочы ў хлопцаў гарэлі вясёлымі агеньчыкамі і зыркалі па баках, шукаючы каго-б штурхнуць, з каго-б пажартаваць. Аднак гэта не перашкаджала ім уважліва слухаць. Прысутнасць сакратара райкома стрымлівала іх. Больш спакойна і паважна сядзелі мужчыны — аратыя і сейбіты. Запылены яны былі не так бязлітасна, у многіх на галавах былі палінялыя вайсковыя фуражкі. Зусім ціха, сціпла, у баку ад хлопцаў, сядзелі дзяўчаты. Жанчын было мала, быў палудзень, і яны пайшлі дахаты, каб накарміць дзяцей, падаіць кароў. Дзяўчаты сядзелі гуртам, прытуліўшыся адна да адной, закрыўшы падоламі сукенак запыленыя ногі.

Але толькі з першага позірку здавалася, што яны спакойныя. А калі паназіраць за іх вачыма, можна было ўбачыць, што пад доўгімі сарамліва апушчанымі вейкамі свяціліся такія-ж гарэзлівыя агеньчыкі, як і ў хлопцаў.

У сасонніку фыркалі коні. Яны схаваліся ад спякоты і, нібы па камандзе, махалі галовамі. Толькі асобныя, найбольш прагныя да ежы, хадзілі па полі і скублі траву. На дарозе стаялі фурманкі, ляжалі перакуленыя ўгару зубцамі бароны, адлюстроўвалі вясёлых зайчыкаў адшліфаваныя зямлёй лемяхі плугоў.

Людзі расселіся неяк так, што прамоўцам Трэба было стаяць на сонцапёку. Васіль Лазавенка пажартаваў з гэтай прычыны:

— Не, сёння аматары доўгіх прамоў не змогуць злоўжываць цярпеннем. Часцей-бы іх на такую трыбуну выстаўляць.

Аднак сход зацягваўся. Гаварылі не падоўгу, але жадаючых выступіць было нямала.

Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб умацаванні дружбы паміж калгасамі, аб тым, каб, зліўшы намаганні, зрабіць абодва калгасы-суседзі перадавымі.

— Калгасы нашы невялікія, і кожны паасобку ніколі не змог-бы ажыццявіць, напрыклад, будаўніцтва гідрастанцыі. А агульнымі сіламі мы пабудуем яе! Ёсць не мала мерапрыемстваў, звязаных з электрыфікацыяй і механізацыяй гаспадарак, з уздымам ураджайнасці, якія можна зрабіць толькі разам. Напрыклад, асушка Голага балота...

Гэта была яго новая прапанова, ён падрабязна расказаў, як лепей арганізаваць гэтую справу, якія патрабуюцца сродкі — у яго ўсё ўжо было дакладна падлічана — і якія выгоды атрымаюць калгасы пасля меліярацыі. Слухалі яго ўважліва. Максім, які быў упэўнены, што Лазавенка будзе гаварыць галоўным чынам пра гідрастанцыю, папракаць за зрыў работы на будаўніцтве, здзівіўся, Васіль, наадварот, выказаў упэўненасць, што станцыя будзе збудавана ў тэрмін.

Самую кароткую прамову сказаў Міхей Вячэра.

— Дарагія таварышы калгаснікі калгаса «Партызан», дазвольце вам пажадаць, каб вы надалей увесь час працавалі так, як вы працавалі гэтыя тры дні.

— Лепш будзем працаваць! — выгукнуў аднекуль з сасонніку малады голас. — Не пад'язджай, стары хітрун!

— Мы вас яшчэ на буксір возьмем!

— Яшчэ вам дапамагаць прыедзем!

Вячэра пакланіўся.

— Калі ласка. Сустрэнем з дарагой душой.

Доўга гаварыў Шаройка, але яго не перапынялі — слухалі моўчкі, здавалася нават уважліва.

Шаройка моцна пацеў і раз-по-разу выціраў твар вялікай бруднай хусткай. Адзін з хлопцаў, Лёша Прымак, старэйшы сын брыгадзіра трактарнай брыгады, падняўся і паднёс да Шаройкі вялікую дубовую біклагу, у якой змяшчалася не менш вядра вады.

— Калі ласка, таварыш прамоўца, вадзічкі, — не маргнуўшы вокам, сур'ёзна прапанаваў Лёша.

Шаройка разгубіўся. На нейкі момант усталявалася цішыня, а потым грымнуў такі выбух смеху, што з нерухомых сасонак паляцелі ігліцы і спалохана захраплі бліжэйшыя коні.

Недзе далёка за сасоннікам глуха загрымела.

— Гром!— радасна выгукнуў нехта з хлопцаў.

Прыслухаліся.

— У вушах у вас гром! На станцыі грукоча нешта.

Але ў наступную мінуту ўсе зразумелі, што сапраўды грыміць гром. Некалькі чалавек шпарка пабеглі ў поле, далей ад сасонніку, каб паглядзець, што робіцца на даляглядзе.

— Хмара! — пачуліся іх радасныя галасы.

Калгаснікі захваляваліся.

— Цішэй, таварышы! — прасіў Лескавец. — Давайце скончым наш сход. Слова мае таварыш Ладынін.

— Я коратка, таварышы.

— Чаму коратка? Гаварыце даўжэй, Ігнат Андрэевіч. Хіба мы дажджу баімся? Чакаем!

Неўзабаве хмара паказалася і з другога боку, над далёкім лесам, што сінеў гам, куды адыходзіла шырокая пойма рэчкі.

— Вось каб яны сустрэліся над намі, — перамаўляліся калгаснікі, пазіраючы ў бок лесу, — ды лінулі добра.

— Нічога не будзе. Дождж будзе над лесам. Дрэвы прыцягваюць вільгаць, — даказвалі «тэарэтыкі».

А хмара ўсё расла і расла.

Спачатку іх было дзве, верхняя і ніжняя. Верхняя, белая, з роўным краем, спакойна, але хутка плыла, падымалася ўсё вышэй па небасхіле. Ніжняя, цёмнасіняя, ажно чорная пры зямлі, здавалася, падымалася з самага лесу, злівалася з ім і нейкі момант нібы зачапілася за яго, не мела сілы адарвацца. З краёў яна віхрылася дзівоснымі сінімі клубамі, рвалася ўперад і гнеўна кідала ў лес звілістыя, як змеі, бліскавіцы. Але вось пасля адной такой незвычайнай бліскавіцы, што пракацілася вогненным колам пры самай зямлі, хмара імкліва рванулася ўперад і неўзабаве дагнала сваю верхнюю сястру, закрыла яе. Да зямлі працягнуліся доўгія, касыя ніткі дажджу, асветленыя праменнямі сонца.

Людзі ўздыхнулі. За сасоннікам, набліжаючыся, нязлосна грымела другая хмара.

Калгаснікі не спяшаліся запрагаць коней. Яны стаялі і сачылі за дзіўнай ігрой хмар. Вось тая, што плыла з захаду, закрыла сонца. Адразу-ж пасля гэтага зашумелі сасонкі, пракацілася сіняя хваля па руні ячменю ў нізіне.

Упалі першыя буйныя кроплі, глыбока прабілі зямлю. Па дарозе нібы прабеглі дзіўныя невядомыя звяркі і пакінулі маленькія круглыя слядочкі. Людзі сціхлі, прагна ўглядаючыся ў неба. Там, сустрэўшыся, бязладна таўкліся хмары. Мацнеў вецер. На момант кроплі перасталі падаць.

— Разгоніць, — выдыхнуў нехта з мужчын. Але кроплі пачалі падаць зноў. І раптам бліснула маланка, аглушальна ўдарыў гром і ўдар гэты нібы разарваў хмары: яны хлынулі ліўнем.

З крыкам, з галёканнем запрагалі коней, ускаквалі на вазы — хто на які паспеў.

Маша з групай дзяўчат выпадкова апынулася на возе ў Васіля. Ён сам трымаў лейцы, весела гукаў, і адкормлены стаеннік у момант абагнаў усе іншыя фурманкі. А дождж усё мацнеў. За яго густой заслонай не было відаць ужо ні сасонніку, ні дубоў каля рэчкі, ні вёскі. Дзяўчаты накрываліся кошыкамі, прыціскаліся адна да адной. Але праз некалькі хвілін сукенкі іх прыліплі да цела.

Калі пад'язджалі да вёскі, гром ужо не ляскаў, а зморана бурчэў у далечыні. Дождж крыху сціх, стаў раўнейшы, але быў яшчэ даволі спорны.

Дзяўчаты саскочылі з воза на краю вёскі і цераз гароды пабеглі кожная да сваёй хаты. Машу Васіль падвёз пад самы ганак.

— Бяжым у хату, Вася, — прапанавала яна.

Ён закінуў лейцы за слупок палісадніка і хутка ўскочыў на ганак, нібы дождж толькі яшчэ пачынаўся і ён спяшаўся схавацца. Але на абодвух іх ужо не было, як кажуць, сухога рубца, і вада сцякала струмянямі.

Маша засмяялася.

— Не глядзі на мяне.

Яна адмыкала хату.

Васіль павярнуўся тварам да вуліцы.

— Ах, як хораша замачылі заканчэнне сяўбы! Якое багацце падае, Маша!

— Гэта на маё шчасце,— зноў засмяялася яна і знікла ў калідоры.

Ён зняў шапку, выкруціў яе. Правёў далонямі па грудзях. Гімнасцёрка стала нібы скураная, ажно барабаніла, а сподняя кашуля прыліпла да плячэй. Аднак непрыемнага адчування не было. наадварот, цела поўнілася, бадзёрасцю. Ён прагна ўдыхаў напоўненае азонам паветра і радасна ўсміхаўся, любуючыся дажджом. Па вуліцы цяклі раўчакі. З двароў выскаквалі хлапчукі з падкасанымі штанінамі, бегалі па вадзе, галёкаючы і прыпяваючы:

— Дожджык, дожджык, прыпусці!

Як у полі тры кусты...

Васіль не разумеў сэнсу апошніх слоў, хоць некалі ў дзяцінстве не раз паўтараў іх. Але першы радок і яму хацелася выгукнуць — папрасіць дождж, каб ён быў мацнейшы і ішоў даўжэй.

— Заходзь у хату, Вася.

Ён павярнуўся. Маша стаяла ў сухім плацці з распушчанымі мокрымі валасамі.

— Трэба пачакаць Ігната Андрэевіча.

— Хіба ён не пазнае твайго каня?

Васіль паслухмяна пайшоў за ёй. Прайшоў цераз кухню ў пакой і збянтэжыўся, убачыўшы, што пакідае на чыста вымытай падлозе мокрыя сляды.

— Хочаш, Вася, я дам табе сухую сарочку, Пецеву.

— Ну, што ты!.. Я, зараз паеду.

— А чаго табе спяшацца? Пасядзі. Ты-ж першы раз у нас у гасцях.

Яна гаварыла гэта проста, як вельмі блізкаму чалавеку, і ён ажно разгубіўся і не ведаў, што рабіць: адмовіцца, ці прыняць прапанову.

А Маша тымчасам дастала са скрыні чорную сацінавую сарочку, падала яму, і ў яго нехапіла рашучасці адмовіцца.

Ён вышаў на кухню, каб пераапрануцца. Сарочка была крыху цесная, з кароткімі рукавамі, і Васіль адчуў сябе ў ёй зусім юнаком. Калі ён вярнуўся, Маша прыветліва ўсміхнулася.

— Ну вось, які ты маладзенькі! Пачакай мяне хвіліначку.

Яна накіравалася на кухню. Там загрымелі начоўкі, вядро, палілася вада. Ён адчыніў дзверы.

— Што ты робіш?

— Выпалашчу тваю гімнасцёрку і кашулю.

У яго загарэліся вушы.

— Ну, што ты!.. — ён памкнуўся быў не даць ёй зрабіць гэтага, але яна рашучым рухам адхіліла яго.

Неўзнарок позірк яго спыніўся на яе нагах, стройных, прыгожых, па калені бронзавых ад загару. Яму стала сорамна, і ён хутка вярнуўся ў пакой, стаў каля акна. Сэрца яго моцна білася. Па другім баку вуліцы прайшлі Макушэнка і Ладынін. Ён правёў іх позіркам і схамянуўся толькі тады, калі яны зайшлі ў двор да Яўмена Лескаўца: яму трэба было паклікаць іх. Не пачуў ён таксама, калі Маша зайшла.

— Ах, які дождж! Проста радасць!

Яна стаяла амаль побач, глядзела ў акно і спрытнымі рукамі заплятала касу.

— Каб ты ведаў, які ў мяне настрой! Чаму ты хмурышся?

— Я? Наадварот, — ён засмяяўся. — У мяне таксама незвычайны настрой.

— Ты добра гаварыў на сходзе. Аб балоце і аб новых культурах. Як там Насця?

— Паклялася, што ляжа касцямі, а сабярэ не менш, як па пяцьсот цэнтнераў буракоў, — адказаў ён.

— Сабярэ, — сур'ёзна запэўніла Маша і, хвіліну памаўчаўшы, спытала крыху трывожна і сумна: — А колькі вось я сабяру?

— Чаго?

— Усяго.

— А-а... Будуць ісці вось такія дажджы...

— А калі не будуць?

— У нас не Сальскі стэп, Маша, а Палессе.

— А мінулае лета?

— Такія леты ў нас бываюць раз у дваццаць год. Вунь як ён лінуў. Суткі пройдзе... на месяц вільгаці хопіць.

— Ты суцяшаеш мяне так, быццам я не чытала Вільямса і не чула, што сам-жа ты гаварыў на занятках...

Ён павярнуўся і, забыўшыся на ўсе іншыя пачуцці, па-сяброўску ўзяў яе за плечы, заглянуў у вочы:

— Мілая Маша! Не ўсё адразу. Каб дамагчыся таго, пра што піша Вільямс, трэба многа-многа працаваць яшчэ. І табе і мне... І ўсім нам... Лёгка сказаць: асвоіць севазвароты... Але нялёгка зрабіць гэта...

— Нялёгка... Асабліва ў нас... — яна ўздыхнула і адышла да стала. Дастала з паліцы тоўстую кніжку, разгарнула.

— Чаму — асабліва ў вас?.. Гэта дарэмна... З Лескаўца будзе добры гаспадар... Сёння ён цікава гаварыў пра спаборніцтва. Урэшце...

Ён хацеў быў сказаць: «Відаць, яго перавыхаванне залежыць ад цябе»,— але стрымаўся, прыкусіў язык. Ён даўно ўжо не цікавіўся іх адносінамі і добра не ведаў, у які бок яны зрушыліся пасля яго размовы з Машай.

Маша маўчала, утаропіўшы позірк у кнігу. Ён таксама змоўк. Яна ўзяла з разгорнутай кнігі аркуш паперы, глянула на Васіля, няўпэўнена прамовіла:

— Вось... хачу паказаць табе... першаму...

Ён узяў, прачытаў, і вочы яго загарэліся.

— Малайчына!.. Даўно пара. Праўда, напісаць можна было-б карацей.

— Што ты! Хіба можна карацей! У мяне і так усё вельмі каротка. Глядзі, якая аўтабіяграфія. Два дні пісала і вось колечкі напісала. Сорам паказваць такую аўтабіяграфію.

— Глупства! Справа не ў памеры, Маша. Ёсць біяграфіі доўгія ды з плямамі. А твая, што кропля вось гэтай дажджавой вады. Без парушынкі. Сёння-ж перадай усё Ладыніну.

Маша ўздыхнула.

— Баюся.

— Чаго?

— А калі не апраўдаю? Уяві сабе, дадуць мне людзі рэкамендацыі, я вось у заяве слова партыі дала, як клятву, а пасля...

Васіль сеў за стол, пільна паглядзеў на яе і ціха спытаў:

— У каго ты прасіла рэкамендацыі?

— Ні ў каго яшчэ.

— Я першы паручаюся за цябе. Дай паперу,— ён узяў Алесін сшытак, акуратна вырваў з яго чысты аркуш.

Маша стаяла з другога боку стала, як вучаніца на экзаменах, і не адводзіла позірку з яго рукі, якая старанна выводзіла простыя, але хвалюючыя словы:

«Ведаю Кацуба Марыю Паўлаўну...»

Васіль падняў галаву.

— З якога часу я цябе, Маша, ведаю?

У хату шумна зайшоў Пеця, з парога закрычаў:

— Маша! Сухое! — але ўбачыў Васіля — змоўк, толькі здзіўлена нахмурыўся, пазнаўшы на Васілю сваю сарочку. 1

Маша адышла да скрыні і пачала шукаць яму бялізну. Пеця заняў яе месца каля стала і бесцырымонна заглянуў, што Лазавенка піша. Прачытаўшы першыя словы, моўчкі павярнуўся і, узяўшы бялізну, на цыпачках накіраваўся ў кухню.

Дождж не сціхаў. Усё неба было заслана хмарай.

Напісаўшы рэкамендацыю і аддаўшы яе Машы, Васіль падняўся, пажартаваў:

— Добра ў гасцях, але дома лепей. Пайду шукаць Ладыніна.

Маша правяла яго ў сенцы, трымаючы рэкамендацыю ў руках. На ганак яна не вышла. Прытуліўшыся да хатніх дзвярэй, глядзела, як ён адвязаў каня. як спрытна ўскочыў на воз і шпарка пераехаў цераз вуліцу. І раптам яна адчула, што ў яе не так, як звычайна, б'ецца сэрца — часцей і гучней — і гараць шчокі. А калі вярнулася ў хату, ёй чамусьці ўспомніліся словы, якія некалі сказала яна Сынклеце Лукічне:

«Ён горды, а я, па-вашаму, не гордая? Не, цётка Сынклета, я таксама гордая»...

У полі паміж Лядцамі і Дабрадзееўкай яны сустрэлі Сакавітава. Інжынер меў такі выгляд, быццам толькі што вылез з рэчкі, але ішоў, не надта спяшаючыся. Убачыў на возе Макушэнку — засмяяўся і закрычаў:

— Буду лаяцца з вамі, Пракоп Пракопавіч! Хітры вы чалавек!

— Што здарылася? — І ўсе трое прыкінуліся здзіўленымі, хоць і Ладынін і Лазавенка ўжо ведалі, з якой мэтай сакратар райкома накіраваў Сакавітава ў абком.

— Не хітрыце, браткі. Ведаю, што ўсе вы ведалі ўсё раней за мяне. — І жартаўліва прадставіўся: — Галоўны інжынер абласной канторы «Сельэлектра» Сакавітаў, Сяргей Паўлавіч.

— З чым вас сардэчна і віншуем, — з усмешкай паціснуў яму руку Макушэнка.


18...


Два чалавекі гналі па шляху валоў. Валы былі прывязаны адзін да аднаго і ішлі, панурыўшы галовы, нібы ведалі, што гэта — апошні іх шлях пад сонцам. Пагоншчыкі, наадварот, былі надзвычай вясёлыя і жыццерадасныя — весела перамаўляліся, жартавалі, хоць аднаму з іх было год шэсцьдзесят, а другому — не было і дваццаці. Многа ўсялякага люду за дзень праходзіць і праязджае па гэтым бойкім шляху, міма ўрачэбнага пункта. Але гэтыя двое чамусьці звярнулі ўвагу Ладыніна, які ў гэты час ускопваў градку. Можа таму, што ён пазнаў у іх нарыхтоўшчыкаў райспажыўсаюза, ці таму, што вол адзін — чорны прыгажун, з магутнымі, падпілаванымі рагамі — здаўся яму знаёмым.

— Адкуль валы, сябры?

Пагоншчыкі прыпыніліся, ветліва прывіталіся. .

— Вы пытаеце, адкуль гэтыя валы? Гэтыя валы з гэтага калгаса, — кіўнуў старэйшы галавой у бок Лядцаў.

— З «Партызана»?

— А скуль ім больш быць, я ў вас спытаюся? Там такі смелы старшыня.

Малады хіхікнуў.

Ігната Андрэевіча ажно перасмыкнула ўсяго ад такіх слоў і гэтага недарэчнага смеху.

«Лескавец прадаў валоў, калі ў калгасе нехапае цягла, не ўкамплектавана ферма? Гэтага яшчэ нехапала! Трэба заўтра-ж высветліць».

Хвілін колькі пасля гэтага Ігнат Андрэевіч старанна працаваў рыдлёўкай, намагаючыся забыцца на валоў і на ўсё іншае, акрамя градак. Была нядзеля, і яму хацелася ўрэшце па-сапраўднаму адпачыць.

Але думкі назойліва лезлі ў галаву — аб валах і аб гэтых незразумелых словах старэйшага нарыхтоўшчыка. «Там такі смелы старшыня!»

«Падвыпілі, чэрці, замачылі пакупку. І, безумоўна, не за свой кошт. Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі. Аднак, алах з імі! Што мне пра іх думаць! Хапае сваіх клопатаў», — але думка пра тое, што з імі мог быць Лескавец, мог выпіваць таксама за нейкія там недаплочаныя ці пераплочаныя грошы, не давала магчымасці супакоіцца.

Непакоіла і яшчэ адна акалічнасць. Лазавенка заўсёды раіцца з ім, сакратаром партарганізацыі, перад тым, як прыняць якое-небудзь важнае рашэнне. Гэты-ж упарты Лескавец яшчэ ні разу не прышоў, каб параіцца.

282

Ладынін быў нездаволены сабой.

«Усё-ткі занадта доўга я не магу заваяваць яго давер, знайсці подступаў да яго душы, — ён абапёрся на рыдлёўку, задумаўся, потым аглянуўся — ці не бачыў хто, як ён па-старэчаму доўга стаяў у нерухомасці. — Але гэта заўтра, а сёння адпачынак — і ніякіх размоў!»

Аднак праз хвіліну ён успомніў, што рыхтуецца пытанне на бюро райкома аб развіцці жывёлагадоўлі ў іх сельсовеце. Праўда, будуць слухацца справаздачы Лазавенкі і Радніка — старшынь перадавога і адстаючага калгасаў. Але хіба не будуць гаварыць аб «Партызане»? І раптам — гэтыя два валы...

Ладынін рашуча кінуў рыдлёўку ў разору і хутка пайшоў у кватэру. На парозе сустрэў Ліду.

— Шукай сабе, дачка, другога кампаньёна на рыбу. Я не іду.

— Чаму?

— Іду ў Лядцы.

— Хворы?

— Але, хварэе там адзін чалавек, якога я ніяк не магу вылечыць.

Ліда адразу здагадалася, пра каго ідзе гутарка. Усміхнулася.

— Які там у яго чарговы прыступ?

Бацька расказаў ёй пра валоў і пра сваю гутарку з нарыхтоўшчыкамі райспажыўсаюза.

— Тады і я пайду з табой. Дапамагу насценную газету выпусціць, я абяцала ім.

Максіма яны нечакана сустрэлі на вуліцы. Ён вышаў з крамы, калі яны падыходзілі да яе. Кішэні яго армейскіх штаноў былі адтапыраны. Убачыўшы Ладыніна і Ліду, ён прыкметна збянтэжыўся, прыкрыў кішэні рукамі.

— Добры дзень, таварыш Ладынін. Добры дзень, Ліда Ігнатаўна. Вось дарэчы, што вы прышлі... Вы прабачце мне, Ігнат Андрэевіч, — ён быў, як ніколі раней, ветлівым, і гэта здалося Ладыніну падазроным: ці не адчувае сапраўды чалавек за сабой віну?

— Сёння ў мяне незвычайны дзень. Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Ведаеце, з радасцю... Сам разламаў.

— Што-ж, з наваселлем вас, — павіншавала Ліда, з цікавасцю назіраючы, як ён чырванее.

— Дзякую. Праўда, святкаваць наваселле думаў крыху пазней, калі ў хаце усё да ладу будзе прыведзена... Безумоўна, вас, Ігнат Андрэевіч, першага запрашу...

— А мяне? — пажартавала Ліда.

Максім павярнуўся да яе.

— Вас, Лідзія Ігнатаўна, я ніколі не адлучаю ад вашага бацькі. Дзе ён — там абавязкова вы.

— Зусім не абавязкова, — засмяялася Ліда.

— Аднак, што мы стаім? — зноў замітусіўся Максім. — Прашу да мяне. Я проста рад, што сустрэў вас. Планы планамі, але сёння да мяне зайшлі Байкоў, Прымак, і мы рашылі папярэдне спырснуць вуглы, каб не рассохліся, — ён дакрануўся рукой да адтапыранай кішэні. — Калі ласка, не адмоўцеся...

Ладынін завагаўся. Адмовіцца, не пайсці — значыцца ўзвесці новую сцяну, бо гэта, безумоўна, закране хваравітае самалюбства Лескаўца і дасць яму падставы і ў будучым трымацца аддалена. Пайсці?.. Але яму карціць спытать аб валах. Дзеля гэтага ён ішоў сюды. Спытацца там, у яго хаце, за сталом?.. А калі што не так? Ён зноў-такі не зможа стрымацца і тады сапсуе ўсё свята не толькі яму аднаму, Лескаўцу... Лепш тут...

— Скажыце, Лескавец, для якой патрэбы вы прадалі валоў?

— Валоў? — Максім насцярожыўся і стаў звычайным— такім, якім заўсёды быў перад сакратаром партарганізацыі,— падцягнутым, афіцыйна-стрыманым, ён зразумеў, што Ладынін з'явіўся ў Лядцах невыпадкова і не да хворага прышоў. — Валоў прадалі па пастанове праўлення, каб купіць машыну...

— Якую?

— Аўтамашыну.

— Дзе?

— А гэта наша справа, абы мы купілі...

Ладынін нахмурыўся. Максім зразумеў, што адказаў нетактоўна і растлумачыў больш лагодна:

— Паведамілі нам, што ў адной арганізацыі ёсць. Туды яшчэ пазаўчора намеснік мой паехаў і даў тэлеграму.

— А вы падумалі, колькі ў вас нехапае галоў на ферме?

— А што мне за карысць з валоў? Малака з іх надоіш ці што? А рабіць... дык машына дваццаць такіх валоў заменіць.

Ладынін добра ведаў, як неабходна калгасу аўтамашына і разумеў, якую вялікую карысць яна прынесла-б. А таму за такое гарачае жаданне набыць яе мог-бы дараваць Лескаўцу любую камерцыю. Але яго непрыемна ўразіў тон, якім Максім адказваў — дзёрзка, з выклікам. Уразіў і нават пакрыўдзіў, хоць Ігнат Андрэевіч і не быў чалавекам крыўдлівым.

Ліда таксама пакрыўдзілася за бацьку і, кінуўшы на Лескаўца зняважлівы позірк, адышла да крамы.

Ладыніну хацелася добра, па-бацькоўску прабраць яго за гэты дзёрзкі тон, але ён разумеў, што рабіць, гэта на вуліцы няёмка. Таму ён шчыра ўзрадаваўся, калі да іх падышла Маша.

— Вось дарэчы... Мне трэба пагутарыць з табой, Маша.

— То прашу да нас у хату.

Тады зноў разгубіўся і збянтэжыўся Максім: як цяпер будзе з яго запрашэннем? Ліда нечакана знікла (ён нават не заўважыў калі), а замест яе з'явілася Маша. Цяпер трэба запрашаць і яе. Ён ажно спацеў ад гэтай думкі і пачуў, як моцна закалацілася сэрца. Усю мінулую ноч ён амаль не спаў: у новай хаце апанавалі думкі, якіх не было ўжо даўно. Думаў пра Машу, добра думаў. І вельмі хацелася яму ўбачыць яе за сталом у сваёй новай хаце, пасядзець і пагутарыць шчыра, па-сяброўску не аб адных толькі справах калгасных, аб якіх яны дагэтуль гутарылі заўсёды з пачуццём узаемнай няпрыязь. Але як запрасіць пасля ўсяго, што адбылося паміж імі? Як яна зразумее гэта? А раптам адмовіцца?

Ён так задумаўся, што да яго нават не адразу дайшло пытанне Ладыніна.

— Дарэчы, Лескавец, вы выканалі пастанову партыйнага сходу — абмералі сядзібы?

— А-а?.. абмералі.

— Чаму-ж маўчыце дагэтуль! Якія вынікі? Ёсць парушэнні?

— Асаблівых няма. Так, некалькі сотак...

— А ў Шаройкі? — спытала Маша.

— У Шаройкі нешта сотак пяць, дакладна не помню.

— А можа пяцьдзесят, Максім? Прыпомні, — іранічна заўважыла Маша.

Шчокі і шыя Максіма наліліся чырванню.

— Мне няма чаго прыпамінаць. Не верыш — правер.

— Не веру і перамераю, бо мне сорамна за цябе, Максім, — спакойна, з сумам у голасе адказала яна. — Ты паслухаў-бы, што людзі кажуць. Ты палічыў нізкім для сябе займацца такой работай і даручыў яе... Шаройку. Больш ты нікога не знайшоў? Кату даручыў сала. Ды гэта-ж проста здзек над сумленнымі калгаснікамі! Як ты не разумееш гэтага? Да якога часу ты будзеш такім сляпым і глухім?..

Максім натужліва ўсміхнуўся.

— Давай, давай, валі... бі... да ручкі! Я прывык... — ён сказаў гэта, здалося, спакойна, нават быццам жартам, але Ладынін бачыў, якіх намаганняў каштуе яму гэтая знешняя спакойнасць.

— Ідземце ў хату і там пагаворым... Разбярэмся, у чым справа.

— Я не маю часу разбіраць бабскія плёткі, таварыш Ладынін! Гэта — ваш занятак, — злосна адказаў Максім і, крута павярнуўшыся, шпарка пайшоў у напрамку свайго дома.

Маша ажно аслупянела. Яна глядзела яму ўслед і, бляднеючы, шаптала:

— Які нахабнік!

Ладынін зразумеў яе і спакойна сказаў:

— Нічога, Маша! Не звяртайце ўвагі. Ён абразіў сам сябе, а не мяне.

Праз гадзіну Маша склікала комсамольскі сход. Пасля сходу комсамольцы абмералі ўсе сядзібы. У Шaройкі і ў шмат каго з тых, хто яго падтрымліваў, выявілі многа незаконна захопленай грамадскай зямлі. На другі дзень па патрабаванню Ладыніна Лескавец інфармаваў аб гэтым праўленне.

Гаварыў ён коратка і ціха, не падымаючы ад паперы вачэй. За ўвесь час ні разу не глянуў на Ладыніна, але скончыў яго словамі:

— Незаконны захоп зямлі — цяжкае злачынства перад калгасам.

Праўленне зняла Шаройку з пасады брыгадзіра.

Пасля паседжання, калі ўсе разышліся, Лескавец напрасіў сакратара:

— Прашу, таварыш Ладынін, паставіць пытанне аб перавыбарах старшыні. Я не магу больш. Я сыты па горла... Хопіць!..

Ігнат Андрэевіч па-сяброўску абняў яго за плечы.

— Не гарачыся, Максім Антонавіч. Паспрабуй папрацаваць без Шаройкі, без яго парад... А перавыбраць цябе... гэта ніколі не будзе позна. Толькі, брат, дызертырства ёсць дызертырства... Інакш гэтага не зразумеюць ні калгаснікі, ні партарганізацыя.

А вярнуўшыся ў Дабрадзееўку, Ладынін у той-жа вечар пазваніў Макушэнку.

— Выкліч ты, Пракоп Пракопавіч нас з ім на бюро і добра пагутарце, каб ён адчуў... Здаецца, у яго пачынаецца крызіс. Трэба дапамагчы яму... ачуняць...


19...


— Хвалюешся?

— Хвалююся, Алеся. Во, — Маша прыціснула далонь да сэрца, нібы жадаючы такім чынам выказаць сілу свайго хвалявання.

— Я разумею. Як перад экзаменам. Я перад першым вось так хвалявалася.

— Гэта куды адказнейшы экзамен, Алеся! Гэта экзамен на самае вялікае званне, якое толькі ёсць на свеце.

Экзамен! Яна не раз задумвалася над тым, чым для яе будзе прыём у партыю. І вось, Алеся падказала ёй гэтае кароткае і амаль дакладнае вызначэнне:

«Вялікі экзамен!»

А ці падрыхтавана яна, як належыць, да яго? Ці мае права яна трымаць такі пачэсны экзамен? Ці заслужыла яна, каб насіць такое званне? Яна паглядзела на партрэты Леніна і Сталіна, што віселі на сцяне.

«Член Усесаюзнай Камуністычнай партыі (большэвікоў). Не, спачатку кандыдат, — падумала. — Спачатку праверка на рабоце, у жыцці. З заўтрашняга вечара пачнецца гэты вялікі экзамен». Перад ёй ляжала «Гісторыя ВКП (б)». Ужо шмат дзён яна чытала гэтую кнігу. На працягу ўсёй зімы яна вывучала гісторыю партыі з комсамольцамі, кіравала гуртком. Яе слухачы, асабліва дзяўчаты (хлопцы былі больш стрыманыя) не раз захапляліся яе ведамі, ды і сама яна тады была ўпэўнена, што ведае ўсё і зможа адказаць на любое пытанне па кароткаму курсу. Цяпер-жа ёй здавалася, што яна нічога не ведае. За колькі дзён яна прачытала толькі палавіну кнігі. Засталася яшчэ амаль такая-ж палавіна і ў дадатак тая, якую яна чытала даўно, некалі яшчэ ў дні фашысцкай акупацыі. Тады яна хавала гэтую дарагую кнігу на гары, пад комінам-лежаком.

Покуль канчалі сяўбу, амаль не заставалася часу на тое, каб пачытаць. А ў гэты апошні вечар яна амаль нічога не запамінала. Іншыя думкі лезлі ў галаву. Яна напружвала памяць, каб успомніць тую ці іншую дату, падзею, ленінскае выказванне. Па некалькі разоў прачытвала адно і тое-ж месца. А то раптам ёй здавалася, што забылася абавязкі члена партыі, і яна ўпотайкі заглядвала ў Статут.

Вакол лямпы лёталі матылі, біліся аб гарачае шкло і таксама перашкаджалі, адцягвалі ўвагу.

Уздыхала Алеся, рашаючы задачы,— рыхтавалася да пісьмовага экзамена па алгебры.

Маша злавалася. Чаго ёй уздыхаць? Усёадно, калі сама і не рашыць, дык заўтра спытае Паўла, ды і на экзамене не пасаромеецца заглянуць у чужы сшытак. Бестурботны характар у сястры. Лёгкае будзе ў яе жыццё.

«Хіба радасць у тым, каб лёгка жылося? — задумвалася яна. — Маё жыццё было нялёгкім. Ды і Алесіна таксама, дарэмна я паклёпнічаю на яе... Колькі мы перанеслі гора!.. Да рэволюцыі такія жабракамі рабіліся. А мы вось... Алеся кончыць дзесяць класаў, паедзе ў Маскву... — ёй на момант нават стала зайздросна, але яна з пяшчотай паглядзела на сястру і па-мацярынску ласкава падумала: — Прыгожая яна ў мяне».

На вуліцы спявалі дзяў-аты.

Маша шчыльней зачыніла акно, расправіла фіранку, але песня ўсёадно залятала ў хату:

Па-а-сею-ю гу-уроо-очкі

Блі-ізка на-ад вадо-ою...

і мелодыя яе рабілася навязчывай, абуджала непераадольнае жаданне заспяваць самой. Алеся ўжо напявала без слоў, ціха і пяшчотна.

Маша ў думках паўтарала за ёй:

Сама буду паліваці

дробнаю слязою...

Словы гэтыя схамянулі яе: вельмі-ж ужо не гарманіравалі яны з яе настроем, з яе думкамі.

— Алеся!

— Не буду, Машанька!

Маша пакратала рукой кнігу, падняла вялікім пальцам тую частку, якую трэба было яшчэ прачытаць.

— Калі я прачытаю?

— А ты прымусь сябе не думаць ні аб чым другім, — параіла Алеся, нібы ведала ўсе яе думкі. — Каб не перашкаджаць табе, я лягу спаць.

Сціхла песня.

Маша пачала чытаць раздзел аб дыскусіі ў партыі, аб ноевай эканамічнай палітыцы і новым паражэнні ворагаў партыі — трацкістаў. І раптам ёй здалося, што яна чытае гэта ўпершыню — перад ёй разгортваліся старонкі вялікай пераможнай барацьбы партыі за шчасце простых людзей, за яе, Машына шчасце. З трыбуны дзесятага, адзінаццатага з'ездаў Ленін бачыў сённешні дзень, будучыню вялікага народа, яго сусветную перамогу.

Ні адна пабочная думка больш не з'яўлялася. Яна так захапілася, што нічога больш не чула і не адчувала нават сваёй зморанасці. Нішто не магло ўжо адарваць яе ад кнігі — ні варочанне на ложку Алесі, ні галасы хлопцаў на вуліцы, ні крокі Пеці, які вярнуўся з гулянкі і лез на вышкі спаць.

Толькі, калі яна дачытала да месца, дзе гаварылася аб смерці Ільіча, то ўбачыла, што на старонку капнулі слёзы. Яна асцярожна выцерла іх далоняй і чытала далей.

Заключны раздзел...

«Чаму вучыць нас гісторыя ВКП (б)?»

Маша стала каленьмі на табурэт, заціснула галаву ў далоні. «Гісторыя партыі вучыць...»

Апошняя старонка. Яна чытае і ўяўляе: Геркулес адрывае Антэн ад маці яго — зямлі.

«Я думаю, што большэвікі напамінаюць нам героя грэчаскай міфалогіі Антэя. Яны, таксама, як і Антэй, модны тым, што трымаюць сувязь з сваёй маці, з масамі, каторыя нарадзілі, выкармілі і выхавалі іх. І покуль яны трымаюць сувязь з сваёй маці, з народам, яны маюць усе шансы на тое, каб застацца непераможнымі».

Апошні радок, але Маша не можа адарвацца ад кнігі. Перад яе вачыма — увесь гэты слаўны шлях партыі, аб якім яна толькі што прачытала: нэп, барацьба супраць трацкістаў, смерць вялікага Леніна, клятва Сталіна над труною Ільіча, разгром трацкістаў і бухарынцаў, будаўніцтва гігантаў прамысловасці, калектывізацыя...

Калектывізацыя... Думка яе затрымалася на выказванні Сталіна пра калгасы. Яна адгарнула поўсотню старонак назад і знайшла гэтыя словы. Прачытала яшчэ раз.

«Каб стаць калгаснікам заможнымі, для гэтага патрабуецца цяпер толькі адно — працаваць у калгасе сумленна, правільна выкарыстоўваць трактары і машыны, правільна выкарыстоўваць рабочую жывёлу, правільна апрацоўваць зямлю, берагчы калгасную ўласнасць».

«А ці правільна я ўсё выкарыстала?» — яна перанеслася ў думках на палі сваёй брыгады, пераходзіла з участка на ўчастак, любавалася маладою рунню. Пасля дажджоў пасевы цешылі вока. На душы ў яе стала лёгка і светла. Яна падняла галаву ад кнігі і здзівілася. На двары было ўжо зусім светла, а на стале ўсё яшчэ гарэла лямпа. Яна патушыла яе, падышла да акна, адчыніўшы яго, прагна ўдыхнула халаднаватае паветра.

Усё адбылося значна прасцей, чым яна ўяўляла. Але ў гэтай прастаце, як яна зразумела пасля, і была ўся веліч і ўрачыстасць прыёму ў партыю.

Ігнат Андрэевіч спакойным, але крыху незвычайным голасам прачытаў яе заяву і анкету.

— Пытанні? — коратка спытаў Мяцельскі, які вёў сход.

— Біяграфію, — адгукнуўся Косця Раднік, якога самага толькі нядаўна прымалі ў члены партыі.

Маша паднялася. Але з ёю падняўся Міхей Вячэра:

— Не трэба, Маша. Ведаем мы ўсю тваю біяграфію, на нашых вачах вырасла, — і, звяртаючыся да ўсіх, прадоўжыў: — Усё жыццё яе, што на далоні ў мяне. Я на яе радзінах быў. Мы з Паўлам Кацубам дружбакі былі, разам грамадзянскую прайшлі, разам дамоў вярнуліся. Трое нас — Антон Лескавец, — Міхей паглядзеў на Максіма,— і мы. Першыя і калгасы арганізоўвалі; яны з Лескаўцом у Лядцах, а мы з Фадзеем Гоманам тут, у нас.

Вячэра хвіліну памаўчаў, абвёў усіх позіркам, нібы спытаў: а ці тое ён гаворыць, што патрэбна? Але ўбачыўшы, што слухаюць яго ўважліва, моўчкі, прадоўжыў:

— Усё помню... Помню, як маці яе памерла... Прышлі мы з могілак, на памінкі, як вядзецца... Выцерла яна слёзы і... гаспадыня ў хаце... Шмат хто тады... — хацеў было ён нешта ўспамінаць яшчэ, але махнуў рукою і пачаў пра другое: — Або возьмем сорак першы год... Помню, сядзім з Пракопам Пракопавічам, раімся, каго сувязнымі нашымі зрабіць у вёсках. І яе, Машу, Антон Лескавец першую назваў. А цераз месяц яна да нас першыя звесткі прынесла... Прышла босая, а ўначы холад ударыў, сняжок пацярусіў... Я раніцою ботаў ёй па лагеры шукаў...

Маша, як паднялася, так і стаяла, прытуліўшыся плячом да сцяны. Слухала і адчувала, што ўсё раўней і раўней б'ецца яе сэрца.

— Адным словам, я з радасцю даў ёй рэкамендацыю, я першы і прапаную — прыняць аднагалосна, — нечакана скончыў Міхей.

Ладынін усміхнуўся з гэтага «прыняць аднагалосна», але больш, відаць, ніхто абмоўкі не заўважыў, бо ні ў каго, мабыць, і думкі не было, што можна не галасаваць за яе прыём.

— Сядай, Маша. Чаму ты стаіш? — ласкава сказаў Ладынін.

Выступіў Васіль Лазавенка. Ён гаварыў аб яе рабоце ў калгасе ў пасляваенны час і асабліва ў апошнюю, вясну, аб яе клопатах за ўраджай, за ўздым калгаснай гаспадаркі, аб яе агратэхнічнай вучобе. Маша слухала і здзіўлялася, скуль ён ведае такія падрабязнасці аб яе брыгадзе.

Калі ён скончыў гаварыць, інструктар райкома спытаў:

— З Статутам партыі пазнаёміліся?

Яна зноў паднялася, як на экзамене, адказала коратка:

— Так, — але падумаўшы, паправілася. — Вывучыла.

— Можа старшыня хоча сказаць? — кіўнуў Мяцельскі Максіму Лескаўцу.

Ён падняўся, зрабіў паузу, кашлянуў, быццам рыхтаваўся да доўгай прамовы, а сказаў усяго тры словы:

— Падтрымліваю поўнасцю. Вартая.

Больш не ведаў, што сказаць. На яго моцнае ўражанне зрабіла выступленне Вячэры. Ён адчуў раптам, што ў яго знікла злосць на Машу, якую ён непрыемным цяжарам насіў апошні тыдзень, пасля выпадку з сядзібамі.

Машы нават крыху крыўдна стала, што ніхто не спытаў, не задаў пытанне з гісторыі партыі або Статута, нават не папрасілі расказаць абавязкі члена партыі.

Калі галасавалі, яна не падымала галавы. Ёй здавалася, што глядзець няёмка: а раптам хто не пажадае падняць рукі?

— Прынята аднагалосна!— абвясціў Мяцельскі, і Маша ўздрыгнула ад нечаканых воплескаў, і зноў закалацілася яе сэрца, загарэліся шчокі. Яна не ведала, што рабіць у такіх выпадках і яшчэ ніжэй апусціла галаву.

Пасля прыёму слухалі Гольдзіна. Ён гаварыў доўга і хітра: больш аб чужых сельпо, чым аб сваім, — каб давесці, што ў яго справы не горш, чым у другіх. На самай справе, непаладкаў у яго рабоце было нямала. Таму Ладынін і вырашыў паслухаць яго, як комуніста, на закрытым партыйным сходзе.

Ніякія хітрыкі Гольдзіна не дапамаглі — крытыкавалі яго моцна. Абмеркаванне праходзіла весела: Вячэра, Косця Раднік, Лазавенка і Лескавец расказалі нямала цікавых выпадкаў. Гольдзін выціраў пот, ёрзаў, занатоўваў нешта ў блакнот і раптам перапыняў таго, хто выступаў:

— Чакай! Зусім гэта не так. Што ты мне расказваеш! Любі праўду! — і сур'ёзна дапаўняў такія дэталі, якія выклікалі агульны смех. Толькі Ладынін у такіх выпадках хмурыўся: ён угледжваў у гэтым чарговую хітрасць Гольдзіна — жартачкамі адхіліць ад сябе крытыку.

Машы таксама вельмі хацелася сказаць аб рабоце сельпо і асабліва крамы ў Лядцах, але яна не адважылася.

Максім быў на кані, і таму адразу пасля сканчэння сходу вышаў, ускочыў у сядло і паехаў, нічога ёй не сказаўшы.

Мурашкі ў той вечар на сходзе не было. І Маша нават узрадавалася, што будзе ісці дамоў адна; ёй хацелася пасля такой незвычайнай падзеі пабыць адной, каб даць прастор сваім пачуццям і марам. Яе не палохала, што была ўжо гадзіна ночы. Каб ніхто не запрасіў паначаваць ці не прапанаваў правесці, яна непрыкметна, пакуль комуністы тоўпіліся вакол стала, вырашаючы з Ладыніным і Байковым розныя бягучыя пытанні, вышла і амаль уподбег, цераз сад рушыла ў бок Лядцаў.


20...


Яна выходзіла ўжо з саду, калі яе дагнаў і прымусіў уздрыгнуць ціхі голас:

— Маша!

Яна павярнулася.

— Васіль!

Ён падышоў і адразу моцна паціснуў руку.

— Віншую, Маша. Ад шчырага сэрца. Ведаеш, я двойчы перажыў гэтую радасць калі самога мяне прымалі і сёння... за цябе...

— Дзякую, Вася.

Дзіўна, але ў яе раптам знікла жаданне пабыць адной. Наадварот, цяпер захацелася прайсці разам з ім, расказаць яму пра свае пачуцці, падзяліцца вялікай радасцю.

Яна ціха засмяялася.

— Ведаеш, я вышла, і мне здалося, што ў мяне выраслі крыллі, і я ўзнялася і паляцела... Як ты толькі дагнаў мяне?

Ён адказаў жартам:

— Мусіць, у мяне таксама крыллі выраслі.

Хвіліну прайшлі моўчкі, відаць, кожны чакаў, што

скажа другі.

— А гэта ты цудоўна сказала — аб крыллях. Уступіўшы ў партыю, сапраўды нібы набываеш крыллі для арлінага ўзлёту. Скажы, ты думаеш аб нашым заўтрашнім дні?

— Думаю.

— Сёння мы з Ігнатам Андрэевічам хадзілі і марылі, якімі стануць нашы палі праз некалькі год. Якія ўраджаі ў нас будуць!

Яны вышлі ў поле. Пасля добрых дажджоў, якія ішлі апошні тыдзень, забуяла ярына, паднялося ледзь не ў рост чалавека жыта. Яны ішлі якраз міма жыта. Высокімі сценамі сціскала яно вузкую дарогу. Удзень прайшоў дождж, і зямля пад нагамі была вільготная і мяккая. Паветра было насычана ап'яняючым водырам жытнёвага поля. На небе начавалі нізкія мяккія воблакі, дзе-ні-дзе разарваныя; праз прасветы заглядалі на зямлю цікаўныя зоркі. Ноч была бязросная, ціхая і таксама нейкая мяккая, як зямля і неба.

— Ах, якое ў вас жыта, Васіль! — Маша правяла рукой па каласах, і яны ледзь чутна зашамацелі. — Люба паглядзець!

— Жыта добрае. Але прызнаюся табе, больш за ўсё я ганаруся цукровымі буракамі. Дарэмна ты не зойдзеш да нас. Многа цікавага пабачыша-б.

— Насці баюся, — засмяялася Маша.

Ён таксама засмяяўся.

— Здаецца. апрача буракоў, для яе зараз нічога не існуе... Страшэнна хоча Гераіняй стаць...

Маша ўздыхнула. Васіль здзіўлена павярнуўся да яе, але, аглянуўшыся, зразумеў, у чым справа. Яны перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў.

На зямлі «Партызана» таксама расло жыта, але нават уначы была прыкметна розніца паміж гэтым і тым жытам, якое яны толькі што прайшлі.

Васіль сказаў пасля кароткай паўзы:

— Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны.

Маша зразумела яго жаданне неяк суцешыць яе, даказаць, што жыта іх калгаса (гэта быў участак не яе брыгады) таксама неблагое. Безумоўна, значна лепшае, чым у мінулым годзе, — яна сама гэта бачыла. Але-ж не такое, як у «Волі».

— Чаму гэта можа здарыцца? — спытала яна.

— Баюся, што мы тут гною перабольшылі. — і Васіль раптам пачаў расказваць, якія працэсы адбываюцца зараз у зямлі ў сувязі з дажджамі і наогул у такі час. Аб усім гэтым ён заўсёды ўмеў расказваць цікава — і на занятках і ў прыватнай гутарцы. Маша моўчкі слухала яго, але мала што даходзіла да яе свядомасці: іншыя, зусім далёкія ад агранаміі думкі, апанавалі яе, і яна чула толькі яго ціхі прыемны голас. У яе радасць уліўся нейкі лёгкі і светлы смутак.

Так непрыкметна яны дайшлі да Лядцаў і не пайшлі ў вуліцу, а, не змаўляючыся, павярнулі на сцежку, што вяла па-за гародамі. Са сцежкі звярнулі на новую дарогу і зноў вышлі ў поле, дзе на вялікай плошчы была пасеяна бульба, а ў нізіне — капуста. Пасля яны гаварылі пра сенакос, што павінен пачацца неўзабаве, потым — пра будаўніцтва гідрастанцыі, пра Сакавітава, які ў той дзень пераехаў у абласны цэнтр. Але ні слова не сказалі яны аб сваіх пачуццях і сваіх адносінах. Маша нават і не думала пра гэта. Яна так звыклася з думкаю, што Васіль — добры сябра, з якім заўсёды можна шчыра пагутарыць, параіцца, што гэтая начная прагулка іх здавалася ёй зусім натуральнай.

Яна толькі заўважыла, што Васіль увесь час пазбягае гаварыць пра Максіма.

«Баіцца зрабіць мне балюча, — падумала яна. — Добры мой сябра, я да ўсяго ўжо прывыкла, і ў мяне, здаецца, ужо ўсе раны ў душы загаіліся. Усё, што ты ні скажаш аб ім, — добрае ці дрэннае, не кране мяне».

Так нічога іншага і не падумала яна да таго часу, покуль не развіталася з Васілём каля свайго гароду.

Ён першы паказаў ёй на светлую паласу на ўсходзе.

— Пара спаць, Маша.

Тады яна ўспомніла, што і мінулую ноч амаль не спала.

— Пара.

— Добрай ночы. Маша.

— Добрай раніцы, Васіль, — засмяялася яна.

Ён затрымаў яе руку, мацней сціснуў.

— Маша, сустрэнемся зноў?

— Заўтра?

— Але. Давай тут-жа... У адзінаццаць гадзін. Добра?

— Добра.

— Да заўтра, Маша, — ён выпусціў яе руку і шпарка пайшоў.

Яна нерухома стаяла і доўга-доўга глядзела яму ўслед, ажно покуль постаць яго не растала ў змроку ночы. Глядзела амаль бяздумна.

«Сустрэнемся заўтра... Тут... Добра? Добра», — успомніла яго словы, свой нечаканы адказ, і раптам бліснула думка — такая светлая, што адразу асвяціла ўсё. Маша ўсё зразумела і весела падумала:

«Здаецца прышоў канец майму дзявочаму жыццю». Але тут-жа спалохалася гэтай думкі. Аглянулася: раптам падслухаў хто? Чамусьці ажно памлелі ногі. Яна зрабіла крок і прытулілася грудзьмі да агароджы.

«Сустрэнемся заўтра... Добра».

А ці мае яна права на гэтую сустрэчу? Што скажуць людзі. Максім?.. Максім?.. А што можа сказаць ён? Якое права мае ён што-небудзь сказаць?

Яна прыслухалася, нібы хацела пачуць нейкі патаемны голас душы Але было ціха, як бывае толькі на досвітку. Не, вось ён гэты голас. «Ён горды, а я, па-вашаму, не гордая? Не, я таксама гордая». Дык што-ж тады было на працягу тых шасці год? Як назваць тыя яе пачуцці? Няўжо, сапраўды, ад іх нічога не засталося? Яна зноў прыслухалася.

«Я прыду... У адзінаццаць гадзін... Добра?».

Вось што цяпер засталося! і словы гэтыя напаўняюць усю яе істоту.

На момант ёй здаецца, што ўсё гэта яна сніць.

Не, гэта не сон! Але якая дзіўная ноч! Колькі падзей адбылося ў яе жыцці за адны толькі суткі! А можа гэта апошняе і не падзея яшчэ? Можа яму проста хочацца вось так, па-сяброўску пагутарыць? Не. Не проста пагутарыць яму хочацца, і не проста так ён дагнаў яе сёння. Яна добра памятае словы, якія сказаў ён увосень, калі яны ў галалёдзіцу сустрэліся на жыце: «Усё-такі я кахаў цябе... і пачуццё гэта даўняе. Я зразумеў яго яшчэ на фронце... Я ўспамінаў цябе і было лягчэй». Але чаму гады гэтыя словы яго нічога не выклікалі ў яе душы? І чаму цяпер?.. Ці ёсць што-небудзь у яе сэрцы, ці з'явілася там новае пачуццё?

Пакутліва доўга цягнуўся дзень. Здавалася, што не будзе яму канца. Маша зрабіла на працягу яго ў тры разы больш работы, чым звычайна, — і ўсёадно нічога не дапамагала, нічога не прыспяшала час. Сустракаючыся з мужчынамі, у якіх — ведала — былі гадзіннікі, яна пыталася, каторая гадзіна. Раней яна амаль ніколі не рабіла гэтага. Таму намеснік старшыні Бірыла, да якога яна, забыўшыся, звярнулася з гэтым пытаннем двойчы, пажартаваў:

— Чакаеш вечара, Маша?

Яна ўспыхнула, як дзяўчынка. Не ведала, куды схаваць твар і вочы. Добра, што яны былі толькі адны. Стары, нібы чытаючы яе думкі, заўважыў:

— Нічога, нічога, Маша. У жыцці ўсё здараецца.

Яна жахнулася: няўжо ведае, няўжо хто бачыў іх

уначы? Да вечара непакоіла яе гэтая думка. А калі змерклася, яна забылася на яе і праз гарод ішла смела, не аглядаючыся нават. А сустрэўшыся з Васілём, прапанавала пайсці далёка ў поле.

Колькі яны выхадзілі за гэтую ноч! Амаль што абышлі ўсе палі абодвух калгасаў, усе звілістыя сцежкі і дарожкі. Як юнакі, яны саромеліся прапанаваць адзін аднаму сесці і ўсё хадзілі і хадзілі, бо не адчувалі зморанасці, не прыкмячалі, куды заходзілі, і бадай, ніхто з іх пасля не змог-бы дакладна расказаць, дзе яны за ноч пабывалі. Яны гаварылі няспынна. Гаварылі аб усім, успаміналі мінулае, даваеннае і ваеннае, вясёлае і сумнае, марылі аб будучым, прыгожа марылі аб жыцці людзей, усіх совецкіх людзей, і, у першую чаргу, сваіх аднавяскоўцаў.

Але не марылі аб сваім уласным жыцці. А гаворачы пра знаёмых і блізкіх, пазбягалі ўспамінаць двух чалавек — Максіма і Насцю.

Аб гэтым Маша ўспомніла зноў толькі пасля таго, як яны развіталіся на досвітку.

Развіталіся яны на тым-жа самым месцы. Васіль зноў затрымаў яе руку ў сваёй і зноў спытаў, як у першы раз:

— Сустрэнемся заўтра, Маша?

Яна пажартавала:

— Сёння, Вася.

Ён засмяяўся.

— Сапраўды, сёння...

Была нядзеля, тэрміновай работы не было, і яна вырашыла выспацца за ўсе тры ночы. Праўда, не гледзячы на зморанасць, — Маша цяпер толькі адчула яе, — яна доўга не магла заснуць. А калі, урэшце, заснула, то спала амаль да абеду.

Алеся дакорліва паківала галавой, калі сястра прачнулася.

— Дзе ты была? Зноў на сходзе? Састараюць яны цябе, гэтыя сходы. Як я не люблю гэтых доўгіх паседжанняў!

Маша шчасліва засмяялася. Яна. адчула раптам сябе на шмат год маладзейшай. І раніцою, перад сном, і цяпер яна думала аб тым, што спатканні гэтыя — нібы другая маладосць. Ды нават і тады, шмат год назад, не было ў яе такіх спатканняў. Максім амаль ніколі не прызначаў іх. Звычайна сустракаліся на гулянцы, танцавалі, а потым адыходзілі. Заўсёды намагаліся пайсці непрыкметна, употайкі, але гэта амаль ніколі не ўдавалася. Іх даганялі жарты хлопцаў і дзяўчат. Яны ішлі на край вёскі і садзіліся дзе-небудзь у куточку на лавачцы паміж палісаднікам і парканам. Сядзелі, гутарылі аб розных дробязях, рэдка — аб вучобе, часцей — аб хлопцах і дзяўчатах — хто з кім гуляе. Часам былі такія моманты, калі яны не ведалі, пра што гаварыць, не знаходзілі слоў і тады сядзелі моўчкі, глядзелі на зоркі, на месяц, слухалі, як спяваюць дзяўчаты, і ціха шуміць вярба ці куст чаромхі.

Праўда, зрэдку Максім цалаваў яе. Яна сарамліва адварочвалася і ціха прасіла:

— Не трэба, Максім.

А аднойчы жартаўніца цётка Параска абліла іх цераз паркан вадой, крыкнуўшы:

— Не перашкаджайце спаць, ухажоры саплівыя!

У другі раз хлопцы-падлеткі падслухалі іх сардэчную размову і пасля колькі дзён не давалі прайсці па вуліцы.

Аднак нішто не бянтэжыла іх, пачуцці рабіліся ўсё больш смелымі; у апошні год яны не сароміліся паказацца ўдвух на людзі, ужо і ў клубе, калі глядзелі спектакль ці кінокарціну, садзіліся побач, і размовы сталі больш сталыя і цікавыя. Толькі ў поле не хадзілі. Ні разу не вышлі вось так і не блукалі да раніцы.

... Як даўно гэта было! Маша ўздыхнула.

І ці было тое, ранейшае, сапраўдным каханнем? Ці не ўпершыню яно з'яўляецца толькі цяпер?


21...


У тую ноч яны не пайшлі далёка ў поле: з кожным новым спатканнем у іх паступова знікла жаданне быць далей ад людскога цікаўнага вока.

Яны абышлі вёску і выпілі на будаўнічую пляцоўку. Работы на гідрастанцыі пасля пасяўной аднавіліся і цяпер ішлі поўным ходам.

Навакол прыемна пахла нагрэтай за дзень сасной і свежанакапанай зямлёй.

Яны селі на. бервяно, што адзінока ляжала над абрывам.

Непрыкметна Маша паклала сваю руку на яго, ласкава сціснула яго пальцы.

У рэчцы калыхаліся зоркі, быццам гулялі залатыя рыбкі; у калгасным садзе заліваўся салавей.

Нечакана Васіль моцна абняў яе за плечы.

— Вось так, Машанька.

Яна ўздрыгнула ад нечаканасці, адчула, як горача забілася сэрца, і, каб неяк супакоіцца, ціха прапанавала, не вызваляючыся з абдымкаў:

— Пройдзем, Вася.

Ён адразу згадзіўся, падняўся.

— Але... Пройдзем.

Яны вышлі на грэблю, пастаялі на мосце, абапершыся на парэнчы.

Нешта не наладжвалася ў іх добрая размова — такая, якая была папярэднія разы. І гэтая акалічнасць пачала хваляваць Машу.

З боку хвойніку пачуліся маладыя галасы.

Васіль з Машай сышлі з грэблі ўніз, дзе над самай вадой раслі вербы, сталі ў іх цені. Юныя, маладыя галасы набліжаліся.

— Алеся! — пазнаў Васіль.

Сапраўды ішлі Алеся і Павел са школы з раённага цэнтра, пасля чарговага экзамена.

— ... я не разумею цябе, ды, упэўнены, што і сама ты не разумееш сябе. Начыталася раманаў і граеш чэхаўскую гераіню, — голас хлопца быў пакрыўджаны і разгублены.

Алеся засмяялася.

— У Маскву! У Маскву, Паша!— вымавіла яна гэтыя словы прыгожа з незвычайным душэўным уздымам і зусім без тэатральнасці — натуральна і проста. — А табе перад экзаменам, паважаны Архімед, варта ведаць, што Антон Паўлавіч ніколі не пісаў раманаў.

Хлопец не здаваўся.

— У Маскву! — перадражніў ён. — Многа там такіх, як ты. Правалішся — тады паскачаш...

Алеся спынілася, і ў голасе яе пачуліся гнеўныя ноткі.

— Праходзь! Не жадаю з табой ісці пасля гэтага!

— Алеся! — голас хлопца задрыжэў, і гэта, відаць, расчуліла дзяўчыну, яна зрушыла з месца.

— Правалішся! А я тваю праціўную матэматыку і здаваць не буду. Я на літфак пайду.

— Быццам у Мінскім універсітэце няма літфака.

— Дарагі мой Архімед! Зразумей раз і назаўсёды... Алеся яшчэ нешта гаварыла, нешта адказваў ёй Павел, але разабраць было ўжо нельга.

Маша ціха і радасна засмяялася і неяк зусім нечакана, несвядома прыціснулася шчакой да Васілёвага пляча.

Ён імкліва абняў яе, прытуліў.

— У Маскву! Колькі шчаслівых надзей у яе словах!

— І ўпэўненасці... Машанька, любая!.. Васіль моцна пацалаваў яе ў вусны. Маша падняла рукі, абхапіла яго за шыю.

— Вася!..

Яны сядзелі на ўзлеску бярозавага гаю. За спіной і над галавой ледзь чутна шалясцелі лісцем маладыя бярозкі, а наперадзе — працягні руку і дастанеш — стаяла высокая і нерухомая сцяна жыта. Па небе павольна плыў няпоўны месяц, зрэдку ныраў за белаватыя воблакі і зноў з'яўляўся, задаволена і хітра ўсміхаўся, нібы гаварыў: «Ну не, ад мяне вы нідзе не схаваецеся». А ў гаі заліваліся салаўі. Не дарэмна ў вёсках гэты белы гаёк жартаўліва называлі «салаўіным». Іх тут быў цэлы ансамбль, і яны то зладжана, нібы пад палачку дырыжора, выводзілі свае трэлі, то раптам заліваліся паасобку, спаборнічаючы, паказваючы свой спрыт і сваю здольнасць і, магчыма, яшчэ нешта большае. Даўно ўжо Маша не слухала салаўінага спеву з такім захапленнем, заварожаная, аглушаная гэтай простай, знаёмай і ў той-жа час такой чароўнай мелодыяй.

Гэты спеў — нібы гімн яе каханню, яе шчасцю. Ён напаўняў яе сэрца, і здавалася, што яно расло, павялічвалася ў грудзях, ажно рабілася цяжка дыхаць ад радасці і захаплення. Яна баялася ўздыхнуць, паварушыцца: галава Васіля ляжала ў яе на каленях. Яна ведала, што ён не спіць, але ў яго заплюшчаны вочы, ён, відаць, таксама заварожаны салаўіным спевам і тымі пачуццямі, што напоўнілі іх сэрцы.

Пры святле месяца яна выразна бачыць рысы яго твару. Якія яны дарагія цяпер для яе, гэтыя рысы! Якія прывабныя, разумныя зморшчынкі ў яго на ілбе! Вось яно сапраўднае каханне — магутнае пачуццё, якому няма перашкод, якое ўсё перамагае на сваім шляху. Такога пачуцця яшчэ не было ў яе. А што было?

Сапраўды, што было на працягу шасці год? Але цяпер ужо ўсёадно. Цяпер ужо яе нічога не хвалюе і не бянтэжыць, нават тое, што скажуць людзі, жанчыны, якія так сурова асуджалі Максіма. Ды, урэшце, што яны могуць сказаць? Яна знайшла сваё шчасце... Не, шчасце знайшло яе...

«Маё шчасце!» — яна не ўтрымалася — нахілілася і пацалавала зморшчынкі на ілбе Васіля. Ён абняў яе, прыціснуўся сваёй калючай шчакой да яе шчакі.

— Маша! Заўтра?

— Дай апомніцца, Вася.

— Не дам. Я занадта доўга чакаў гэтага дня.


22...


Яе ўзрушанасць, яе хваляванне заўважылі жанчыны, калі яна давала нарад на работу. Як заўсёды вясёлыя, шумныя, яны жартавалі, кпілі адна з аднае, з яе, свайго брыгадзіра, а больш усяго — з мужчын і маладых хлопцаў, якія трымаліся асобна, «стралялі» адзін у аднаго закурыць і рабілі выгляд, што не звяртаюць аніякай увагі на бабскія кпіны. У Машы палалі шчокі і калацілася сэрца. Яна забывалася, што гаварыла хвіліну назад.

— Нечым брыгадзір наш выбіты з каляіны, бабы, — заўважыла адна жанчына.

Другія пераглянуліся.

«Ведаюць, безумоўна, — падумала Маша, — не можа быць, каб за цэлы тыдзень ніхто не бачыў нас. Але чаму маўчаць? Хай-бы лепей смяяліся, кпілі — тады было-б вядома, што яны думаюць».

— Ты нездарова, Машанька?

У Машы дрогнула сэрца... Ніколі яшчэ яна не хлусіла Сынклеце Лукічне, якая была для яе, як родная маці.

— Нешта баліць галава.

— Дык пайшла-б паляжала. Не абавязкова табе ўвесь час бегаць па полі. І так у нашай брыгадзе ўсё ідзе добра, ды і ў другіх, дзякуй богу, наладжваецца.

Маша пайшла дадому. Ёй хацелася толькі аднаго, каб Алесі ўжо не было, бо, калі пачаць збірацца пры сястры, — не пазбегнуць размовы.

На дзвярах вісеў замок.

Яна хутка зайшла ў хату, старанна памылася, апранула найлепшае плацце. Але тут-жа перадумала, скінула яго і апранула, праўда, лепшае, але такое, у якім улад не раз бачылі яе ў звычайны рабочы дзень.

Васіль спаткаў яе каля саду свайго калгаса. На ім быў светлы гарнітур, зусім новы — Маша яшчэ ні разу не бачыла яго, — беласнежная сарочка і надзвычай прыгожы блакітна-сіні гальштук. Ён апрануўся, як на вялікае свята, і ўвесь свяціўся, як гэты сонечны ранак. Машы стала сорамна, што з-за нейкага недарэчнага пачуцця яна апранула не самае лепшае, што ў яе ёсць. Але Васіль не звярнуў увагі на яе адзенне. Ён моцна сціснуў яе рукі, потым, аглянуўшыся, пацалаваў іх.

— А я вочы прагледзеў. Быў міг, калі я падумаў: а раптам не прыдзеш?

— Ну, што ты, Вася, — вінавата ўсміхнулася яна.

— Ідзем хутчэй, а то Байкоў можа куды збегчы, хоць я і папрасіў яго пачакаць.

Маша пайшла побач з ім, плячо ў плячо, цераз сад. Яна раптам адчула, што тое пакутлівае хваляванне, якое не давала супакою ўсю раніцу, знікла, нібы яго і не было. Ёй зрабілася весела.

Сакратар сельсовета Галя Бондар, убачыўшы іх, разявіла рот і ад здзіўлення не адказала на прывітанне. Маша засмяялася. Тады і Галя зарагатала.

— Каб вы ведалі, што я пра вас падумала зараз, вы-б забілі мяне.

— Навошта нам цябе забіваць, калі ты нам зараз патрэбна, — адказаў Васіль. — Ты правільна падумала.

— Правільна? — у дзяўчыны ашклянелі вочы і выцягнуўся твар.

Васіль моцна пастукаў у дзверы кабінета старшыні.

— Заходзьце! Чаго там!..

Байкоў стаяў пасярод пакоя, задаволена паціраў кантужаную руку.

— Мяне, старога вераб'я, не правядзеш. Я глянуў у акно і ўсё зразумеў. З такімі тварамі ідуць толькі адзін раз у жыцці і толькі ў сельсовет. Ну-у, віншую і жадаю вам такога шчасця і жыцця, якога вы самі жадаеце сабе...

Ён абняў Васіля, пацалаваў Машу і раптам адвярнуўся, плечы яго ўздрыгнулі.

Васіль і Маша пераглянуліся і зразумелі. Дачка Сяргея Іванавіча Валя, якую забілі фашысты, была аднагодкай і сяброўкай Машы.

Хвіліну цягнулася цішыня.

Байкоў падышоў да стала, павярнуўся.

— Прабачце старому, — і, выцершы вочы пальцамі, гукнуў: — Галя! Давай кніжку! Я сам запішу вас. І на вяселлі вашым пагуляю, як не гуляў ужо даўно. Эх, і пагуляю!

Не было больш і цені пачуцця сарамлівасці, не было хвалявання і той ніякаватасці перад людзьмі, якую адчувала Маша ўсю раніцу. Калі вышлі з сельсовета, з'явілася новае пачуццё — лёгкі, прыемны смутак, быццам шкада было ўсяго таго, што засталося там, недзе ва ўчарашнім дні. Такое адчуванне бывае, калі чалавек пераступае нейкую мяжу і пачынае новае жыццё. Машы нават здалося, што і ўсё навакольнае стала крышачку інакшым, чым было яно колькі хвілін назад.

— Цяпер давай маці здзівім, — сказаў Васіль, і Маша моўчкі згадзілася з прапановай ісці да яго. Ды інакш і нельга было — яна гэта разумела. Цяпер было-б ужо смешным і недарэчным хавацца ад людзей. Цяпер ёй і самой хацелася ісці побач з ім, ісці з гордасцю за яго і за сябе. Няхай глядзяць і радуюцца разам з ёй усе, хто зычыць ім шчасця. Няхай злуюцца і асуджаюць тыя, каму гэта не падабаецца.

Яны ішлі, гутарылі і смяяліся. Але ў канцы саду Маша раптам спынілася, нібы наскочыла на нейкую перашкоду.

— Вася! Ладынін!

Да любой сустрэчы яна-б аднеслася зараз абыякава, нават, здавалася, каб раптам спаткаў іх Максім... Але Ладынін... А раптам сакратар не ўхваліць яе ў гэтую светлую, незабыўную хвіліну? Ён можа зрабіць гэта не словамі — адным позіркам.

Ладынін ішоў па сцежцы паўз агароджу.

— Ну, дык што, што Ладынін? — і, зразумеўшы яе, Васіль усміхнуўся. — Ён ведае. Я сказаў яму... Яшчэ ўчора...

Ладынін убачыў іх і, спыніўшыся, чакаў.

Бровы яго сышліся ў адну лінію, утварыўшы зморшчынкі на ілбе. Позірк у яго быў суровы, і ў Машы спалохана ёкнула сэрца. Але праз момант яна зразумела: такім чынам Ігнат Андрэевіч намагаўся схаваць усмешку. І не здолеў. Яна пырснула раптоўна,— добрая, ласкавая, асвятліла яго твар. Ён працягнуў Машы руку і сказаў адно толькі слова, простае і шчырае:

— Віншую.

А паціскаючы руку Васілю, дадаў:

— Ад шчырага сэрца.

Васіль кіўнуў галавой у бок свайго дома:

— Зойдземце, Ігнат Андрэевіч?

— Не, не. Я ведаю, калі трэба зайсці. Не турбуйся. Апрача таго, мне трэба ехаць... Чакаю Лескаўца... Калі ласка, — ён з павагай саступіў са сцежкі, і яны, адышоўшы, адчувалі на сабе яго добры позірк, і сэрцы іх усё больш і больш напаўняліся адчуваннем шчасця.

Старая Кацярына палола грады і, як заўсёды, думала пра сына, уздыхала. Слаўны яе сын, паважаны на ўвесь раён. Але для поўнага матчынага шчасця нехапала аднаго... Сапраўды, няўжо няма для яго дзяўчыны? Падабаецца яму доктарава дачка — сватаўся-б да яе, не цягнуў-бы. Старая ўпэўнена, што выйсці замуж за такога чалавека, як яе сын, найвялікшае шчасце нават і для доктаравай прыгажуні. Праўда, у душы яна за тое, каб сын жаніўся на прасцейшай дзяўчыне. Але хіба яму ўкажаш? Ды, урэшце, Ліда таксама дзяўчына неблагая. Яна і грады палоць умее не горш за любую вясковую, і карову падоіць... А выйдзе замуж — дык, вядома, кіне з хлапчукамі на каньках бегаць, ды ў мяча гуляць...

— Мама, ідзі сюды!

Яна выпрамілася і ўбачыла сына: ён стаяў каля паркана. Побач з ім стаяла Маша. Але, убачыўшы яе, Кацярына нічога не падумала, бо ці мала цяпер ходзіць людзей, і старых і маладых, да яе сына, тым больш, што ў хаце калгасная канцылярыя. І яна спытала:

— А навошта я табе?

— Ідзі, ідзі хутчэй.

Яна падышла.

— Мый, мама, рукі і жар яешню — частуй нявестку,— Васіль сказаў гэта проста, з гарэзнай усмешкай, і маці спачатку падумала, што ён жартуе. Але, зірнуўшы на Машу і ўбачыўшы сарамлівы румянец на яе твары, ахнула, ажно прысела і не ведала, што рабіць са сваімі запэцканымі ў вільготную зямлю рукамі. Потым хуценька выцерла іх аб фартух, кінулася да Машы, абняла.

— Машачка, родная мая! Не дарма я цябе ў сне сёння бачыла, — і заплакала.

— Не трэба, мама, — цалуючы яе, сказала Маша і ўздрыгнула. «Мама!» — слова гэтае кранула самыя найлепшыя пачуцці ў душы. Восем год яна не мела каму сказаць гэтае самае дарагое слова і толькі, успамінаючы маці, шаптала яго, часцей за ўсё ў хвіліны роспачы і гора. І вось яна прамовіла гэтае слова ў радасці, звяртаючыся да жывога чалавека. Ад гэтага яшчэ больш светлым зрабілася яе шчасце, і яна адчула, што шчокі яе мокрыя ад слёз.

Нядоўга Маша затрымалася ў свякрухі — толькі паснедалі. Але гэтай нейкай гадзіны — не больш — было дастаткова, каб навіна маланкай абляцела і Дабрадзееўку і Лядцы.

Жанчыны яе брыгады палолі лён каля самых гародаў, у баку ад дарогі. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, яны ўсе, як адна, пасталі і, засланіўшыся далонямі ад сонца, глядзелі на яе. Маша зразумела, што яны ўсё ведаюць, і рушыла да іх. Дзяўчаты кінуліся ёй насустрач. Падбеглі, абхапілі дзесяткам пар рук, павіслі на шыі, потым амаль панеслі.

— Віншуем, Машанька!

— Не віншаваць, а біць трэба! Гэта-ж сказаць: такое ад сябровак хавала!

— А я ведала, — адгукнулася Дуня.

— Ведала?

— Ведала, але маўчала.

— Усёадно не даруем Машы!

— На каго ты нас пакінеш?

— Не пусцім мы цябе ў «Волю»!

— Не пусцім, дзяўчаты!

— Няхай Васіль да нас ідзе!

Да гэтага часу Маша ні разу не падумала, дзе, сапраўды, яна павінна жыць, як будзе з яе брыгадзірствам. І Васіль ні слова не сказаў пра гэта.

— Я нікуды не пайду!

Але на словы яе не звярнулі ўвагі. Толькі нехта з жанчын адгукнуўся:

— Расказвай! Ведаем мы! На крылах паляціш!

Жанчыны паводзілі сябе больш стрымана — не абнімалі, не цалавалі, нават асабліва не віншавалі, толькі добра, ласкава ўсміхаліся, прыязна ківаючы галовамі. Ухвалялі практычна, разважліва.

— Малайчына, Маша! Васіль — залаты чалавек.

— За такім будзеш жыць, што за цёплай печкай.

— Ён і на чужыя спадніцы не заглядвае...

— Хай цяпер паскача певень гэты!

— Добрую ты яму дулю паднесла...

Словы гэтыя неяк непрыемна ўразілі Машу. Яна аглянулася і ўбачыла Сынклету Лукічну. Старая стаяла воддаль, у баку ад усіх. Позіркі іх сустрэліся. Сынклета Лукічна глядзела сурова, закусіўшы губу; позірк яе гаварыў (так здалося Машы):

«Не Максіма, а мяне пакрыўдзіла ты на ўсё жыццё».

Нібы цень лёг на светлую Машыну радасць, трывожна застукала сэрца. Было шкада гэтай шчырай жанчыны. Захацелася падыйсці, сказаць ёй такія добрыя, ласкавыя словы, каб ад крыўды яе нічога не засталося, каб паміж імі зноў усталяваліся тыя цёплыя сяброўскія адносіны, якія былі ўвесь час. Але Сынклета Лукічна, быццам зразумеўшы яе намер, раптам павярнулася і пайшла ў бок вёскі, згорбленая, адзінокая.

Гэта ўбачылі жанчыны і ўраз прыціхлі, засароміліся саміх сябе, сваёй нястрыманасці.

Нехта ўздыхнуў.

— Шкада цёткі Сылі!..

Ганна Акуліч па сваёй душэўнай прастаце дадала:

— Яна цябе, Маша, за нявестку ўжо лічыла.

Маша ўзлавалася: чаму яны па-бабску сунуцца ў чужыя справы? Але стрымалася. Нахілілася і пачала палоць. Жанчыны таксама моўчкі ўзяліся за работу...

Дзіўна і шумна рэагавала Алеся. Вярнуўшыся са школы і даведаўшыся, што сястра вышла замуж, яна пабегла і знайшла яе на лузе. Здалёк закрычала:

— Ну, што ты нарабіла?

Маша ажно спалохалася.

— А што?

— Не магла пачакаць пяць дзён!

— Навошта? — здзівілася Маша.

— Покуль я здам апошні экзамен. А цяпер я правалю.

— Чаму?

— Пра цябе буду думаць.

Маша падышла і абняла яе.

— Якраз цяпер табе і не трэба думаць пра мяне.

Многа ў той дзень у Лядцах было гаворак аб гэтым нечаканым шлюбе. Гаварылі пры Машы і без яе. Адзін толькі чалавек маўчаў — Пеця. Ён не прышоў абедаць, а, з'явіўшыся ўвечары, не сказаў ні слова. Хадзіў маўклівы, злосны, усё перакульваў на сваім шляху, разбіў талерку. Дарэмна Алеся намагалася выклікаць яго на гутарку, на спрэчку, на лаянку. Хлопец хадзіў, быццам вады ў рот набраўшы.

Маша разумела пачуцці брата і шкадавала яго.


23...


Дзвесце грамаў гарэлкі, якія Максім выпіў у раённай чайной, не ўзнялі настрою. На душы было вельмі неспакойна. Гэта была не крыўда, не злосць, а пакутлівае і цяжкае пачуццё. Няхай-бы яго лаялі, няхай-бы, урэшце, далі спагнанне — было-б, здавалася, лягчэй, бо ён падрыхтаваў сябе да гэтага, як толькі даведаўся, што яго будуць слухаць на паседжанні бюро райкома. Ён чакаў самай суровай «разноснай» крытыкі. Крытыка была, але нейкая дзіўная. Дзве гадзіны члены бюро гаварылі пра яго недахопы, гаварылі спакойна, разважліва, нібы агітавалі, і кожны з іх, кранаючы тое ці іншае пытанне, абавязкова параўноўваў «Партызан» з «Воляй», кіраўніцтва Лескаўца з работай Лазавенкі. Для Максіма гэта было самае цяжкае, бо ўсё, што ні гаварылі, было суровай праўдай, якая калола вочы. І яшчэ няёмка і цяжка было ад таго, што на паседжанні прысутнічаў сакратар абкома Павел Сцяпанавіч, які да вайны быў сакратаром іх райкома і шмат год працаваў разам з бацькам, сябраваў з ім. Ён таксама выступіў і пачаў сваё выступленне з успамінаў аб Антоне Лескаўцы, аб яго рабоце на пасадзе старшыні, аб яго гераічнай смерці ў барацьбе з ворагамі.

— ... Прызнаюся, таварышы, што я проста ўзрадаваўся, калі мне сказалі, што старшынёй «Партызана» абраны сын Антона Лескаўца. У гэтым сэнс нашай барацьбы за пабудову комунізма. Дзеці становяцца на месца бацькоў і дастойна прадаўжаюць іх справу, узнімаюць яе на вышэйшую ступень. Такі закон нашага жыцця. А таму мне балюча і крыўдна было слухаць сёння ўсё тое, што гаварылі тут пра таварыша Лескаўца. Балюча, Максім Антонавіч!

Максім не падымаў вачэй, але адчуваў на сабе дакорлівы і запытальны позірк сакратара абкома.

«Зараз задасць тон», — падумаў ён. Але сакратар абкома нечакана скончыў сваё выступленне тым, што паабяцаў дапамагчы калгасу набыць аўтамашыну. Гэта яшчэ больш зблытала і ўскладніла думкі, якія з'явіліся ў Максіма пасля выступленняў членаў бюро.

Стомлены, пануры, душэўна разбіты вяртаўся ён дамоў позна ўвечары. У дадатак разбалелася галава, мабыць, ад таго, што амаль нічым не закусіў, калі выпіў.

Здаўшы стаенніка конюху, ён адразу цераз гароды, каб не сустрэцца ні з кім, накіраваўся дахаты. У двары спыніўся, здзіўлены. У доме гарэла занадта яркае святло і палілася ў печы: водбліскі полымя ігралі на шыбах. Але задумвацца не стаў, з якой гэта прычыны.

Адчыніў дзверы і здзівіўся яшчэ больш. Каля печы з чапялой у руках стаяла высокая прыгожая жанчына.

Максім разгубіўся. Яна ўсміхнулася па-прыяцельску, ціха спытала:

— Максім? — і, не чакаючы адказу, павярнулася і гукнула:

— Лёша! Сустракай!

Максім, забыўшыся на ўсё, абмінуў жанчыну і імкліва кінуўся ў пярэдні пакой.

Брат! Аляксей! Сем год не бачыліся!

Ад ложка адвярнуўся нізкі каранасты чалавек з паголенай загарэлай галавой, у расшпіленай шоўкавай кашулі, шырока растапырыў рукі.

— Максім! Малодшы чорт!

Яны моцна абняліся, закружылі адзін аднаго па пакоі.

Потым Аляксей адштурхнуў Максіма ад сябе, сам зрабіў крок назад.

— Чакай! Дай разгледжу, які ты стаў! Ну-у, брат! Дуб! Жэня, Жэня! Ідзі знаёмся!

На ложку вылез з-пад коўдры хлапчук года паўтара, працягнуў ручкі, закрычаў:

— Мама! Папа! На! На! На!..

— І ты хочаш знаёміцца? Давай, давай, — бацька падхапіў хлапчука на рукі.

Паціскаючы руку жонцы брата, Максім акінуў хуткім мужчынскім позіркам усю яе ладную постаць. Не без зайздрасці падумаў:

«Прыгожую жонку адхапіў, д'ябал куцы».

Жэня, нібы прачытаўшы яго думку, жартаўліва сказала:

— А я думала вы, як мой муж, а вы вунь які...

— Цяпер пляменніка на, цалуй, — Аляксей перадаў сына Максіму,— Ігар Аляксеевіч Лескавец. Прашу любіць і ўсё іншае...

Хлопчык абхапіў Максіма за шыю, па-дзіцячаму смешна цмокнуў у скроню. Малому не хацелася лажыцца спаць, і ён быў рады, што бацька ўзяў яго з ложка і аддаў дзядзьку, які, па ўсім відаць, зусім не намераны прымушаць яго спаць.

— Прабачце. У мяне блінец у печы.

Жэня вярнулася ў кухню.

Браты засталіся адны, калі не лічыць Ігара, які паводзіў сябе зусім па-свойску на. руках у дзядзькі: бесцырымонна залазіў у кішэні гімнасцёркі, дастаў самапіску, выцягваў шматлікія квітанцыі і нататкі і кідаў іх на падлогу. Максім, які амаль упершыню трымаў такога малога, адчуваў сябе значна горш, не ведаючы, што рабіць з ім. Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка.

— Пусці. Няхай бяжыць да маці. Разбойнік гэткі. У дзядзьку, мабыць, пайшоў.

Жэня паклікала малога, і ён умомант забыўся на Максімавы кішэні, слізгануў з рук на падлогу і затупаў да маці.

Браты яшчэ раз агледзелі адзін аднаго.

Потым Аляксей сеў за стол, абаперся на яго грудзьмі, пацёр далонямі бліскучую галаву. Позірк яго стаў інакшы — нейкі халаднейшы, з твару знікла ўсмешка.

— Значыцца, слухалі на бюро?

Максім ураз насцярожыўся, зразумеўшы, што брату шмат аб чым ужо расказалі.

— Так, слухалі.

— Ну, і што?

— Вядома, што. Прапясочылі, як мае быць.

Аляксей крутнуў галавой.

— Прапясочылі... Значыцца было за што.

— У нашай рабоце заўсёды будзе за што... Гэта — не ў вас...

— Вось як! — здзівіўся Аляксей і, падняўшыся, прайшоўся па пакоі, шырока, па-матроску, расстаўляючы ногі, нібы падлога гойдалася пад ім. Спыніўся перад Максімам, рэзка спытаў:

— Спагнанне далі?

— Не. Абмежаваліся размовай, — Максім адчуваў, што пачынае злавацца і намагаўся гаварыць як мага спакайней, лагодней, звесці гэтую, як здалося яму, недарэчную ў такі час размову на жарт.

— Дарэмна. Варта было даць за ўсё тое, што мне тут расказалі пра цябе.

— Хто?

— Хто — усёадно. А што — ты ведаеш, — Аляксей зноў прайшоўся.

Максім падумаў ужо даволі няпрыязна, з абурэннем:

«Таксама ў духоўныя настаўнікі лезе. Без цябе мала... Хаця-б тактоўнасць захоўваў... У першую хвіліну».

Аляксей ўздыхнуў.

— Та-ак... Адным словам, атрымліваецца ерунда, дарагі брат... Народ выбраў цябе... І выбраў не таму —зразумей гэта! — што ты, як калець, зоркі з неба хапаў... Не!.. Выбраў з надзеяй, што сын будзе варты бацькі...

Максім пабялеў.

— ... І так-жа ўпэўнена, так разумна будзе весці калгас да багатага жыцця, да шчаслівага жыцця...

— І вяду!

— Ды не! Выходзіць, што дрэнна вядзеш... Не апраўдваеш давер'я народа.

Максім збялеў яшчэ больш, дрыжачымі пальцамі пачаў зашпільваць кішэню гімнасцёркі, якую расшпіліў Ігар.

— Табе проста напаклёпнічалі. Я за поўгода зрабіў для калгаса больш, чым да мяне зрабілі за чатыры гады... Я... Я не ведаю калгасніка, які быў-бы нездаволены мной...

— І ты лічыш заслугай, што табой задаволены таропка? Аднак ты самаўпэўнены! Ух ты! Усё гэта зрабіў ты? Без людзей, без дапамогі дзяржавы, партыі? Глупства!.. Блазняцкія разважанні... А мне даволі было аднаго факта, які мне расказалі, каб я ацаніў цябе... Калі ад чалавека адварочваецца дзяўчына, якая шэсць год чакала яго... Гэта, ведаеш... Гэта — ганьба!

Максім штучна засмяяўся, махнуўшы рукой.

— З гэтага ты і вывеў усю палітыку?.. Моцны палітык! Дык скажу табе, што дзяўчына можа заўтра так-жа хутка павярнуцца, як адвярнулася.

— О-x-x, — пачуўся ўздых за спіной.

На парозе стаяла маці і вельмі няласкава глядзела на малодшага сына. Максіма здзівіў яе суровы і асуджаючы позірк.

— Не, галубок мой, спазніўся ты... Не павернецца яна больш да цябе, — і ўзлавана дадала: — Чаго ўставіўся на мяне? Не ведаеш хіба? Маша вышла замуж.

Максім ажно адхіснуўся.

— Маша? Замуж?

— Але! Маша. Замуж, — каротка і ўзлавана адказала маці.

Ён зрабіў крок назад.

— За каго?

— За Васіля Лазавенку.

Ён сеў на ўслон, але тут-жа падняўся. Аляксей употайкі, з іранічнай усмешкай, назіраў за ім.

— За Лазавенку? — і зноў сеў.

Сынклета Лукічна адвярнулася, ласкава загаварыла з нявесткай, з унукам. Хлопчык звонка засмяяўся. Аляксей прайшоў да дзвярэй, заглянуў на кухню, нешта сказаў. Усё гэта даходзіла да свядомасці Максіма, як праз туман, невыразна, нібы здалёк. У галаве з шалёнай хуткасцю круціліся словы: «Маша вышла замуж. За Лазавенку. Маша вышла». Нейкі момант у яго было такое адчуванне, што гэтыя словы сапраўды-такі круцяцца, нібы нешта матэрыяльнае, што мае вагу, што можна схапіць, спыніць... Ад гэтага іх кружэння мацнеў боль у галаве, нібы яны, словы гэтыя, стукалі ў скроні. Аляксей вярнуўся ад дзвярэй, стаў каля сцяны, на якой віселі фатаграфіі, доўга глядзеў на партрэт бацькі і ціха сказаў:

— Але-е, Максім, не так нам трэба ўшаноўваць памяць Антона Лескаўца.

Вельмі ціха сказаў, але словы гэтыя мацней за ўсё ўразілі Максіма. Ён усхапіўся, сціснуўшы кулакі, зрабіў крок да брата, скрыгатнуў зубамі.

— Ты-ы... Што ты мне душу пераварочваеш? З мяне бюро даволі! Эх-х, вы-ы! — і, павярнуўшыся, імкліва выбег з хаты, ледзь не збіўшы з ног малога.

Ужо ў двары, прабягаючы міма вокнаў, пачуў сярдзіты голас братавай жонкі.

— Алёша! Што гэта такое? Заўсёды ты! Зараз-жа вярні і памірыцеся!

— Нічога, няхай праветрыцца. Яму карысна. Ад яго, як з спіртзавода...

Гэтыя апошнія братавы словы яшчэ мацней абпяклі сэрца, абразілі. Максім ляпнуў каліткай. Наўскасяк перабег вуліцу і толькі на другім баку схамянуўся, сустрэўшы нейкую жанчыну, якая прывіталася з ім. Ён сцішыў крок, аглянуўся на бакі, назад — ці не назірае хто за ім. Магчыма, зусім выпадкова позірк яго ўпаў на хату Кацубаў — ён быў якраз насупраць. Тое, што ўбачыў ён, прымусіла яго спыніцца ў цені рабін.

Акно на вуліцу было адчынена, і ён цераз фіранку ўбачыў Лазавенку. Той стаяў пасярод хаты, размахваў рукамі, відаць, нешта расказваў і, мабыць, вясёлае, бо звонка рагатала Алеся.

У Максіма пацямнела ў вачах і перахапіла дыханне. Магутная хваля злосці на Васіля захлынула ўсю яго істоту, усе іншыя пачуцці, і голас розуму спалохана прыціх. Цяжка дыхаючы, ён прытуліўся да паркана.

«Чаго так рагоча гэтая чортава лялька? Чаму ёй так весела?.. Маша вышла замуж», — ён горка ўсміхнуўся. Злосць пачала паступова сціхаць, уступаючы месца іроніі да самога сябе.

«Гэта — ганьба!..»

І яму стала вельмі шкада сябе, так шкада, што ўпершыню за шмат гадоў салёны камяк захраснуў у горле. Ён сарваўся з месца і амаль пабег па зацямнёным баку вуліцы, паўз хаты.

Чаму? Чаму яму так не шанцуе ў жыцці? Чаму ўсё — людзі, падзеі — паварочваюцца супраць яго?

Няўжо ён менш, чым другія, чым Лазавенка, жадае, каб калгас зрабіўся багатым, моцным, каб шчаслівей пачалі жыць людзі ў ім? Якія ружовыя былі яго думкі ў той час, калі яго выбіралі за старшыню, і ён сам згадзіўся на гэтую пасаду! Згадзіўся таму, што хацеў даказаць, што і ён не горшы за Лазавенку, што і ён можа зрабіць у сваім калгасе тое, што зрабіў Лазавенка ў «Волі». Ён быў упэўнены, што досыць яму стаць за старшыню, як адразу калгас не толькі дагоніць, а можа нават і перагоніць «Волю». З гэтай упэўненасцю ён узяўся за работу. І хіба ён дрэнна працаваў увесь гэты час? Ён сам пілаваў бярвенні ў лесе, сам ішоў першую баразну, калі пачалася сяўба... Ён пазней другіх клаўся і раней падымаўся, забываўся ў час паабедаць, не звяртаў увагі на сваё асабістае жыццё... Дык чаму-ж няма іх, тых вынікаў, якія ёсць у «Волі»? Чаму ўсё ішло не так, як ён думаў? Якія сілы перашкаджалі яму?

Ён даўно ўжо вышаў з вёскі, ішоў у полі, па дарозе на Дабрадзееўку, ішоў шпарка, размахваў рукамі, уголас размаўляючы сам з сабой.

... Сапраўды, чаму ўсё супраць яго? Ён прадаў гэтых злашчасных валоў, аб якіх так многа гаварылі, з найлепшым намерам — купіць аўтамашыну. Аднак няма ні валоў, ні аўтамашыны, і грошы разышліся на дробязі.

Ён хацеў быць добрым для калгаснікаў, хацеў, каб менш людзей крыўдзілася на яго, — і таму не пажадаў перамяраць сядзібы, лічыў, што гэта дробязь, калі чалавек пасее нейкіх пяць сотак лішніх; людзі пасля вайны бедна жылі, працадзень у калгасе не вельмі важкі... А вышла наадварот: самі калгаснікі абурыліся супраць незаконных захопаў грамадскай зямлі.

«У справе кіраўніцтва няма дробязяў», — нехта сказаў сёння на паседжанні бюро. Ён намагаўся ўспомніць, хто гэта сказаў і ў якой сувязі. Але набягалі новыя думкі, новыя пытанні...

Маша...

Ён ажно на момант прыпыніўся і выцер далоняй пот з ілба. Няўжо і гэта ён лічыў дробяззю?

Не! Не! Ён кахаў яе ўвесь час. Аднак сапраўды атрымліваецца так, што ён лічыў дробяззю той разлад, які быў паміж імі. Яму здавалася, што, калі ён палічыць патрэбным, калі будзе для гэтага час (сапраўды, не мог-жа ён жаніцца тады, калі зрывалася лесавывазка ці веснавая сяўба!), ён прыдзе, скажа Машы пра свой намер, і яна пойдзе за ім хоць на край света... Не, ён не думаў так, проста так... Але часамі думаў пра іншых дзяўчат... Ліда Ладыніна... Афіцыянтка з раённай чайной... Ды і на Паліну Шаройка не раз пазіраў... Ён аглянуўся назад... Шаройка! А ці не яго гэта дыверсія? Успомніліся словы маці: «Ён цябе на дачцы сваёй жаніць хоча. Дык няхай не думае! На парог не пушчу!» Тады ён пасмяяўся. А цяпер... Сапраўды, уся гэтая Шаройкіна хэўра магла нямаведама чаго нагаварыць Машы аб яго наведваннях у дом Амелькі!

Не, глупства! Не ў Шаройку справа, хоць нагаварыць, безумоўна, маглі...

Лазавенка! Зноў Лазавенка!.. Зноў яго перамога. Ён кахаў Машу таксама. Не дарэмна маці яго сватала яе адразу-ж, як толькі сын вярнуўся з арміі. Ён, Максім, ведаў гэта і не звяртаў увагі, бо мераў усё па сабе... Ён не ведаў да сённешняга дня цаны і сілы сапраўднага пачуцця. Ён толькі цяпер зразумеў гэтую сілу. Лазавенка!.. У-у!..

Ён хацеў вылаяць Васіля самымі моцнымі словамі, разварушыць у сваім сэрцы гнеў і нянавісць да яго. Але здарылася дзіўнае. Ён раптам адчуў, што ні гневу, ні нянавісці няма, і лаянка атрымалася кволая, нязлосная, нават паважлівая.

Максім спыніўся і разгублена аглянуўся.

Нечакана сціхла ўся гэтая страшна бязладная і пакутлівая завіруха думак, якая выгнала яго з хаты, з вёскі, прымусіла забыцца на ўсю рэчаіснасць. Настала поўнае працверазейце. Не стукала балюча ў скроні кроў, не шумела ў галаве. Ён успомніў брата, яго прыгожую жонку, іх сына, і яму зрабілася сорамна за свае паводзіны, за лаянку. Аднак хацелася апраўдаць сябе:

«Сам вінаваты, чорт куцы! Адразу пачаў мараль чытаць, нібы без цябе няма каму зрабіць гэта. Калі ты такі свядомы, то павінен быў-бы зразумець, што ў чалавека на душы ў такую мінуту. Эх, Маша! — балюча сціснулася сэрца. — Відаць, не моцна ты кахала мяне... Але я дакажу, што не такі ўжо нікчэмны чалавек Максім Лескавец. Дакажу!».


24...


Аглянуўшыся яшчэ раз, Максім убачыў, што стаіць каля саду «Волі». Трэба вяртацца дамоў. Але зноў успомнілася паседжанне бюро. Успомнілася, што Макушэнка многа гаварыў аб садзе, аб тым, што ў яго сад дрэнна дагледжаны, не вартуецца, што багаты ўраджай яблык, які мог-бы прынесці значны прыбытак, прападае без карысці. Параўнаў з садам «Волі». Максім ні разу не задумваўся і не прыглядаўся, у чым-жа розніца паміж садам у яго калгасе і тут, у «Волі».

Цяпер яму захацелася паглядзець на сад суседа. Ён ішоў, і яму ўспаміналіся другія выказванні на паседжанні бюро.

«Бунтар — адзіночка!» — жартаўліва кінуў з кутка суддзя Гарбуноў.

«... Самаўпэўнены чалавек, які жадае ўсё зрабіць сам, хоць для гэтага ў яго нехапае ні ведаў, ні вопыту, ні ўмення. Ні з кім не лічыцца, ні ў каго не пытае парады», — больш, чым хто-небудзь іншы, злосна і рэзка гаварыў загадчык зямельнага аддзела Шаўчук.

«... Уражанне такое, што таварыш Лескавец слаба разумее тыя вялікія задачы, якія ставіць партыя перад намі, сельскімі комуністамі, кіраўнікамі. А слаба разумее ён іх таму, што не знаходзіць часу для вучобы, не вучыцца. А таму не можа правільна зарыентавацца... Не заўсёды ўмее адрозніць тое новае, перадавое, што нараджаецца ў калгасе і што трэба ўсімі сіламі падтрымліваць, ад старога, гнілога, што маскіруецца пад новае і замінае нашаму развіццю. Не ўмее Лескавец прыслухоўвацца да голасу народа... Баіцца крытыкі... Адрываецца ад партыйнай арганізацыі... Разумее дапамогу яе, як жаданне «разнесці» яго, ці захапіць яго славу...»— такімі спакойнымі словамі заключаў абмеркаванне яго справаздачы Пракоп Пракопавіч Макушэнка.

Толькі цяпер задумаўся Максім над гэтымі словамі і, задумаўшыся, забыўся пра сад і не заўважыў, як дайшоў да магазіна. У Дабрадзееўцы было ціха і цёмна: электрастанцыя спыніла работу. Але ў кватэры Ладыніна гарэла святло.

Невядомая сіла пацягнула Максіма на гэты агеньчык. Асцярожна, нібы крадучыся, прайшоў ён паўз сад у цені таполяў. Супраць урачэбнага пункта спыніўся. Праз адчыненае, насцеж акно ўбачыў Ладыніна. Доктар стаяў каля стала з лінейкай у руках і нахіляў галаву то ў адзін, то ў другі бок, нібы нацэльваўся. Потым зайшоў з другога боку, аблакаціўся на стол, нахіліўся.

«Чэрціць нешта, ці што?» — здзівіўся Максім і раптам адчуў моцнае жаданне пагутарыць з сакратаром, выказаць яму ўсё, аб чым толькі што перадумаў, паслухаць, што скажа ён.

Максім перайшоў дарогу, наблізіўся да будынка.

Ладынін сапраўды чарціў. Ледзь чутна гучэла прыгожая музыка — працаваў прыёмнік.

Максім стаў на лавачку і бясшумна пераскочыў цераз агароджу ў палісаднік. Абаперся локцямі на падаконнік. Ладынін стаяў бокам да яго.

— Ігнат Андрэевіч, — паклікаў ён шэптам, нясмела.

— А-а? — доктар не ўздрыгнуў, не падняў нават галавы адразу. Толькі тады, калі прачарціў алоўкам лінію на вялікім аркушы паперы, што быў прымацаваны кнопкамі да стала, павярнуўся.

— А-а... Ты што, толькі з раёна?..

— Так... Не-э, — сумеўся Максім. — Гуляю... Перашкодзіў я вам?..

— Не. Нічога! Я таксама адпачываю. Заходзь. Толькі — ша! — Ігнат Андрэевіч прылажыў палец да вуснаў і азірнуўся на дзверы, што вялі ў другі пакой. — Ведаеш што? Лезь лепей праз акно. Нічога! Давай дапамагу, — ён зрабіў крок да акна.

Але Максім, не чакаючы дапамогі, падцягнуўся на руках і ў адзін міг, надзвычай спрытна, апынуўся ў пакоі.

Ігнат Андрэевіч зайздросна, з ухвалай, кіўнуў галавой.

— Займаешся на турніку?

— Цяпер? Не. Куды там! Не да турніка!

— Дарэмна! На, сядай, — падаў крэсла, а сам накіраваўся на цыпачках да дзвярэй, зачыніў іх шчыльней.

Максім стаяў, сціскаючы рукамі спінку крэсла, збянтэжана апусціўшы галаву.

— Ігнат Андрэевіч!.. Даруйце, што я вас тады ў Лядцах... абразіў... І што сёння не пачакаў, каб разам ехаць...

Ладынін падышоў, пільна зазірнуў яму ў вочы і раптам працягнуў руку.

— Хто старое ўспамяне... Ведаеш?.. Забудзем! Ды я асабіста і не помніў, бо мяне ты не абразіў... Хутчэй сябе... Аднак... Сядай.

Ігнат Андрэевіч быў задаволены, нават узрадаваны. Ён уяўляў, што перажыў, перадумаў Лескавец пасля паседжання бюро. І калі ён у выніку гэтых перажыванняў не запіў, не загуляў (а Ладынін крыху баяўся такога канца), а сярод ночы, цвярозы і ветлівы, з'явіўся да сакратара партарганізацыі, то гэта найвялікшая перамога і яго, Ладыніна, і ўсёй арганізацыі, якая выхоўвае гэтага няўрымслівага комуніста. Безумоўна, гэта — толькі пачатак пералому характару... Убачыўшы, што Максім спыніў зацікаўлены позірк на чарцяжы, Ладынін падышоў да стала, разгладзіў паперу рукой.

— Здзіўляешся? Урач і раптам — чарцёж! Ды бачыш, якая справа... Прачытаў я аднойчы артыкул, — ён узяў у рукі медыцынскі часопіс, што ляжаў на краі стала, разгарнуў. — Тут прапануецца праект сельскага ўрачэбнага пункта. Вось і чарцёж даюць... Прачытаў, ведаеш, і абурыўся. Аўтар жыве ўчарашнім днём, аб медыцынскім абслугоўванні вёскі ўяўляе, у лепшым выпадку, па апавяданнях Чэхава. Няма і маленькага, нават нясмелага позірку ў будучае, у наш заўтрашні дзень. Не ведае чалавек, якімі будуць Дабрадзееўка і Лядцы заўтра. Я напісаў у адказ артыкул і ў дадатак вырашыў паслаць ім свой праект — праект урача-практыка, які чвэрць стагоддзя працуе ў вёсцы. Дарэчы, чарчэнне — мой любімы занятак з маленства. Вось калі ласка, паглядзі. Усё ўлічыў. Нават рэнтгенаўскі кабінет.

Ён доўга і падрабязна расказваў аб сваім праекце, расказваў так, нібы вадзіў Лескаўца па пакоях толькі што скончанага будынка, у якіх яшчэ пахла фарбамі і стружкамі.

— Вось такі медпункт мы будзем будаваць у Дабрадзееўцы. Чаго ты здзіўляешся? Я ўжо зрабіў пэўныя захады, каб нам запланавалі такое будаўніцтва. Праз два-тры гады мы самі не пазнаем сваіх вёсак.

Ладынін забыўся, што ў суседнім пакоі спяць, і размаўляў на поўны голас. Максім убачыў, як ціха адчыніліся дзверы, і ў пакой заглянула Ліда. Спачатку яна зрабіла здзіўленыя вочы, потым падаравала Максіму ўсмешку, ад якой у яго на хвіліну пацяплела на сэрцы, і асцярожна зноў прычыніла дзверы. Максім употайкі вачыма паказаў Ладыніну на дзверы. Той адразу панізіў голас зноў да шэпту.

— Ведаеш, вельмі дарэчы, што ты зайшоў. Я сёння атрымаў пасылачку. Ад франтавога сябра, мы разам у шпіталі працавалі. Армянін Анастас Сабазян. Цудоўны ўрач і чалавек.

Доктар пакорпаўся ў шафачцы, што стаяла ў куце, і вярнуўся да стала з бутэлькай віна.

— Упэўнены, што ты такой рэчы не каштаваў ні разу ў жыцці. Анастас піша, што гэта найлепшае віно ў Арменіі. Хлусіць, безумоўна, але калі і палавіна праўды...

Сам Ігнат Андрэевіч таксама крыху маніў. Пасылку ён сапраўды атрымаў, але не ў той дзень, а некалькі месяцаў назад, яшчэ зімой. Вясёлы і дзівакаваты сябра яго высылаў яе к Новаму году, але яна дзён на дзесяць спазнілася, і Ладынін пакінуў гэтую каштоўную бутэльку для самага дарагога госця.

Яму хацелася пасядзець з Лескаўцом, пагутарыць шчыра, па-сяброўску, і ён успомніў аб бутэльцы. Віно, сапраўды, было добрае. Яны сядзелі адзін супраць аднаго, цераз стол, ціха чокаліся невялічкімі кілішкамі і яшчэ цішэй размаўлялі. Больш гаварыў Ладынін. Максім слухаў.

Ігнат Андрэевіч расказваў аб сваіх сябрах, аб перапісцы з імі. Дастаў з шуфляды стала пачак пісем.

— Вось з Масквы, ад Сяргеева. А гэта з сібірскай вёскі, ад Матушкіна. Малады хлопец, толькі перад вайной інстытут скончыў. Лятуценнік і паэт. Сам папрасіўся ў Сібір... Была ў нас у шпіталі Галачка Красіна. Маленькая, маўклівая... Раненыя яе звычайна за санітарку прымалі і, покуль не дазнаваліся, што яна ўрач, дзяўчынкай клікалі. Таксама старога не забыла... І што ты думаеш? Абараніла кандыдацкую дысертацыю... Ах, чорт, проста не верыцца, што Галачка — кандыдат, — Ладынін пацёр рукі і ціха засмяяўся.

Максім здзівіўся і пазайздросціў таму шчыраму захапленню, з якім Ладынін расказваў аб людзях. Расказваў і радаваўся за кожнага чалавека, за кожны поспех сваіх франтавых сяброў.

— Люблю атрымліваць пісьмы. І сам люблю пісаць. Гэта, ведаеш, прыемна...

«А я ні з кім не перапісваюся, хоць сяброў у мяне было нямала і спачатку я пісаў ім, — падумаў Максім і спалохаўся: а раптам Ладынін спытае ў яго аб гэтым? Схлусіць ён не здолее, і праўду сказаць таксама цяжка і непрыемна. — Чаму так здарылася, што я спыніў перапіску? Амаль усім не адказаў я. Так... Часу нехапае... А хіба ў доктара яго больш? Чаму-ж ён знаходзіць час?» — і ўзлаваўся — зноў гэтае пакутлівае «чаму»?

— А гэта ад сына.

— У вас — сын? — Максім раней ніколі не чуў, што ў Ладыніна ёсць сын, колькі вечароў ён быў у іх і ні раз аб ім у доме не гаварылі.

— Не здзіўляйцеся. Больш таго, двое ўнукаў маю. Сын — інжынер-авіятар, зараз недзе ў Германіі, жонка яго — у Маскве. Я, брат, рана жаніўся, у дзевятнаццаць год, — і ён раптам пачаў расказваць пра сябе: пра сваё дзяцінства, пра вучобу, пра каханне да Ірыны Аркадзеўны. Аб гэтым ён гаварыў з вясёлым юмарам пажылога чалавека.

А ў Максіма зноў балюча ёкнула сэрца: напамінак аб каханні крануў свежую рану. І яму таксама захацелася расказаць аб сваім каханні, якое было, якое гарыць яшчэ ў сэрцы...

Але Ладынін усё расказваў, і ў Максіма нехапала рашучасці перапыніць яго. Нарэшце, доктар падняўся, падышоў да адчыненага акна, прагна ўдыхнуў халаднаватае паветра.

— Пачынае днець. Люблю ў такі час пагуляць у полі.

Нічога не адказаўшы на гэта, Максім узяў бутэльку,

выліў рэшткі віна ў кілішкі і, быццам апраўдваючы гэты свой учынак, ціха прамовіў:

— Цяжка мне, Ігнат Андрэевіч.

Ладынін вярнуўся на сваё месца, пільна паглядзеў на яго і ласкава адказаў:

— Разумею. Але ведаеш, гэта добра, што цяжка.

— Я кахаў яе...

Ладынін ледзь не пляснуў сябе па лбе. Вось ліха! Ён думаў толькі аб адным — аб паседжанні бюро райкома. Ён зусім забыўся, што Лескавец перажыў у гэты дзень і, відаць, пасля паседжання ўжо, яшчэ адзін удар.

Доктар нават крыху разгубіўся, бо не чакаў размовы на гэтую тэму, не чакаў такога прызнання.

— Ты абвінавачваеш Машу?

— Я? Не. Сябе.

Ладынін сумеўся яшчэ больш. Што адказаць яму пасля гэтага? Суцяшаць — недарэчна. Гаварыць аб тым, што жыццё адпомсціла яму за яго паводзіны, за яго характар — яшчэ раз біць па балючаму месцу. Ігнат Андрэевіч ніколі не рабіў так. Таму ён сказаў задуменна, быццам сам сабе:

— Але-е, Маша — цудоўны чалавек.

Максім горка ўсміхнуўся.

— Вы гаворыце гэта мне! — і раптам выпраміўся, махнуў галавой, закінуўшы назад валасы, якія рассыпаліся, падалі на лоб і прапанаваў, каб спыніць гэтую размову:— Давайце вып'ем, Ігнат Андрэевіч, за яе шчасце.

— І за тваё, Максім.


Загрузка...