Запісы з дальняй шуфляды


Пра паклёпнікаў

Яны чамусьці сталі рана старыцца,

Раптоўна прытаміліся крычаць.

Вусы пазбрылі,

Фрэнчы здзерлі «сталінцы».

Ды на душы —

Былых часоў пячаць.

Яны і сёння ўсё на «бацьку» крывяцца

Маўляў, без іх махаў ён тапаром.

А ці не ў іх чыгунныя чарніліцы

Сцякала з праржавелых пёраў кроў?

Ці ж не яны халоднымі вужакамі

Паўзлі к сябрам і ў сэрца, і ў пасцель?..

Іх,

Што былі у Берыі служакамі,

Я не забуду,

Як бы ні хацеў.

Хоць не мае бацькі ад іх загінулі,

Я не дарую ім ні кроплі слёз...

I на іх лягуць

Пліты надмагільныя,

Як іхні ж недапісаны данос...

1965



Мяшок з медалямі

(казка-6ыль)

Ішоў чалавек.

У руках — мяшок.

А ў ім —

Бляшкі-рэгаліі.

Сэрца дрыжыць —

За штуршком штуршок —

Каб толькі не адабралі!

Гэта ж дажыўся

У рэшце рэшт:

Свая рука —

Уладыка.

Калі ніхто

Мех не адбярэ,

Чапляй адзнакі

Без ліку.

Глядзеў ён з нянавісцю

Па баках —

Горла гатоў перагрызці

Нават у лепшага дружбака,

З кім соллю дзяліўся

Калісьці.

Зайшоў чалавек

У дрымучы лес,

Сеў пад сасной зялёнай

I асцярожна

Рукой залез

У мех,

Поўны меднага звону.

I выцягнуў ордэн.

За ім — другі.

А потым —

Медаль блішчасты.

I паплылі ў вачах кругі.

I лес пахіснуўся ад шчасця.

Ён вешаў на правы,

На левы бок,

Прышпіліць на спіну стараўся.

Вакол,

Як той зацкаваны воўк,

Спалохана азіраўся.

I вось ужо,

З галавы да ног

Абвешаны ўсімі рэгаліямі,

Ён на нагах устаяць не змог —

I грымнуўся

На прагаліне.

Ваўкі завылі непадалёк.

На асінах залопала лісце...

Але адшпіліць

Хоць адзін медалёк

Рукі не падняліся.

А ў змроку

Стары пугач галасіў,

Яхкаў вяпрук галодны.

I не было ў чалавека сіл

Цягнуць на сабе ўзнагароды.

Паклікаць людзей,

Ад бяды ўцячы

Не далі чалавеку

Рэгаліі.

I моўчкі ваўкі маладыя ўначы

Ягоны шкілет абглыдалі...

...Таго чалавека

Зусім не шкада.

Ды недзе ж

Ляжыць на выгодзе

Яшчэ не пусты

Той мяшок —

I бяда,

Калі яго нехта знойдзе...

1970



* * *

Каб было усё гучней і ўрачысцей,

Не тлуміся, рабі ўсё прасцей:

Пляц расквець, ды трыбуну начысці,

Ды пакліч ганаровых гасцей.

I пасля малаці сябе ў грудзі,

Не зважай, што ўсе ціхенька спяць,

Распінайся, як добра ў нас будзе

I праз год, і праз тры, і праз пяць.

Можа, дурань які і паверыць.

Толькі ты не хвалюйся дарма,

Бо не прыйдзе ніхто, каб праверыць,

З таго раю, якога няма.

1979



* * *

Яны здзяцінелі даўно.

Нібыта немаўляты тыя,

То круцяць пра сябе кіно,

То дзеляць Зоркі Залатыя.

I паміж іх —

Славуты самы,

Наш новаспечаны айцец

Махае ўзбуджана брывамі

I ўсё не можа узляцець.

1981



* * *

Сучасны свет бязлітасна старэе:

Хто з барадою,

Хто без барады —

Дзяды ў Кітаі,

I дзяды ў Карэі,

I ў нас, куды ні кінешся,

Дзяды.

Мітынгаваць усё яшчэ ахвочыя,

Хоць падпірае дыхаўку трыбух.

Абвіслі шчокі.

I патухлі вочы.

Але нястомна рвуцца да трыбун.

Бяссільнай зграяй збіліся з дарогі.

Рыпяць, як перасмяглыя драчы.

Памочнікі перастаўляюць ногі

I замяняюць сківіцы ўрачы.

Запоўнены трызненнямі і тлумам,

Свет з імі занудзіўся і азяб...

Калі ўжо аб жыцці не могуць думаць,

Пра смерць сваю падумалі хаця б.

Але няма для іх жыцця і смерці.

Іх сцяў адзін —

Уладу страціць —

Жах.

Трасуць галовамі —

I цэлы свет трасецца

I ўжо не хоча старасць паважаць.

1982



* * *

Якая гаспадарка не аслабне,

Як пакіруюць трэць стагоддзя ў ёй

Мікіта-кукурузнік,

Лёнька-бабнік

I Косця-пісар

З бандаю сваёй?!

1985


Загрузка...