Разлукі чашу выпіў я да дна


* * *

Так ужо заведзена спрадвеку —

Можа, прымха,

Можа, Божы знак —

Толькі на Радзіме чалавеку

Ходзіцца і дыхаецца ўсмак.

I заўжды здаецца нават зверу

Найцяплейшай родная зямля.

Гэта ўсё я на сабе праверыў,

Даўшы па планеце кругаля.

Не прыжыўся я за акіянам,

Не прыняў замежны той рэжым

Як прыехаў я туды нязваным,

Так і з'ехаў я адтуль чужым.

Лёгка збыў красу чужуго тую

I пяшчотна да душы тулю

Ціхую, змарнелую матулю —

Родную, знябытую зямлю.

* * *

Як я рваўся дадому здалёк,

Каб пабачыць вясёлыя вочы,

Каб наслухацца полацкіх песень

I напіцца з палескіх крыніц!

А сустрэў

Горкі сум,

I няўцямлівы позірк сірочы,

I халодны адчай,

I зняважлівы смех чужаніц.

Не пазнаць родны край,

Дзе знаёмыя сцежкі і нівы,

Дзе аздобіла вокны

Налічнікаў тонкая вязь...

Колькі ж можна цярпець?

Колькі можна маўчаць палахліва?

Колькі можна ўсміхацца,

Калі цябе топчуць у гразь?

Хто за нас нашы хаты ачысціць

Ад хлуяу і бруду,

Хто за нас

Абароніць ад варвараў

Нашых багоў,

Калі грозна таўкуцца на плошчах

Тупыя прыблуды

I размахваюць

Чорнымі крыламі царскіх сцягоў?

Дзе яны,

Нашы сонцам сагрэтыя высі?

Дзе дарога,

76

Якая да шчасця вяла?

Пэўна, пастыры нашы

Да багатых дзядзькоў падаліся,

Прагавіта збіраюць аб'едкі

З чужога стала...

Завадскія цяжкія муры

Затаіліся безгалоса.

Над засохлымі рэчкамі

Вісне застойны смурод...

Ну няўжо ты знябыўся

Пад подлымі ўдарамі лёсу,

Ну няўжо ты зусім змізарнеў,

Мой адважны і горды народ?

Не хадзіў ты ніколі па свеце

З іржавай жабрацкаю місай,

I чужога не браў,

I разбой не чыніў у жыцці.

Абудзіся ж ад сну,

Азірніся наўкол,

Схамяніся!

I не дай

Чорным глеем

Крынічкам тваім зарасці.

Як даўно і нясцерпна

Людства вольнае хоча,

Каб на поўныя грудзі

Свабоды ўдыхнуць ты паспеў,

Каб развесніў лагодаю

Чыстыя сінія вочы

I сагрэў весялосцю

Свой зажураны спеў!

* * *

Калі цябе я,

Край мой,

Пакідаў,

Я ведаў,

Што за цёплым акіянам

Мне будзе не хапаць

Тваіх атаў,

Тваіх суніц

I яблыкаў крамяных.

Разлукі чашу выпіў я да дна,

Ператрываў тугу начэй бяссонных

I зразумеў,

Што кроў у нас адна,

Адна душа

I лёс адзін —

Да скону.

I я вярнуўся,

Твой самотны сын,

Хоць шлях няпросты быў і некароткі.

I не змаглі ўбіць паміж намі клін

Ні сыканне,

Ні гіканне,

Ні плёткі.

Нічога,

Што ты шчасця не паднёс

I вочы твае поўныя журбою.

Я не хаваю ачышчальных слёз.

Я дома.

Я з сябрамі.

Я з табою.

* * *

Я ведаю,

Мне дома будзе горш.

Я ведаю,

Мне дома будзе горка.

Але ірвуся

З сытага Нью-Ёрка

У Мінск,

Дзе гастраноміі — на грош.

Зманю,

Калі скажу:

Не ўспомню больш

Кавярні з вострым водарам цытрыны,

Напоўненыя рэчамі вітрыны,

Імклівыя бясшумныя машыны,

Цэнтральны парк,

Начны Брадвей...

I ўсё ж...

Ні варажбіт,

Ні мудры экстрасенс

У тым не знойдуць логікі асновы,

Што так імкнуся ў бедны кут сасновы,

Пакінуўшы ўбаку разумны сэнс.

I мне ўжо ні пасада,

Ні багацце

Не перашкодзяць кінуцца туды,

Дзе ля парога —

Шэры цень бяды,

Дзе нівы засыхаюць без вады

I з ростані мяяе чакае маці...

Што тут паробіш,

Калі ўсе гады

Я нёс,

Нібы пракляцце і закляцце,

Упартую адданасць роднай хаце

I ўдзячнасць краю,

Дзе жылі дзяды.

* * *

Як толькі ў густым вечаровым тумане

Ускрыкне вавёрка ці птушка якая,

Цяжкое халоднае прадчуванне

Мне сэрца сціскае,

Зноў сэрца сціскае.

Далёкай Радзімы забытыя цені

Выходзяць, нячутныя, з лесу старога.

Ва ўсе спадзяванні,

На ўсе летуценні

Крадзецца трывога,

Кладзецца трывога.

У памяць заходзяць рашучай ступою

То водбліск зарніцы,

То водгулле грома.

I думка адна не дае супакою:

А як жа там дома?

Ну як жа там дома?..

Няхай сабе ціха,

Няхай сабе глуха —

Імя Беларусі душа паўтарае.

Няўжо не пачуе ніводнае вуха

Ва ўсім родным краі,

Па ўсім родным краі?..

* * *

У брудным Брукліне ў Нью-Ёрку,

Дзе доля горкая жыве,

Я чую наскую гаворку

I мову родную ў царкве.

У кожным гуку так дарэчы

Сярод глухіх чужых муроў

Лаўлю я ўсплеск палескіх рэчак

I гоман полацкіх бароў.

Ашчадна захавалі ўсё-ткі

Жывое слова землякі,

Браслаўскія сівыя цёткі,

Мажныя слуцкія дзядзькі.

Звязала мова ім

Набыткі

I сцежкі ўсе ў клубку гадоў,

Як тая суравая нітка,

Што лучыць з кроснамі дзядоў.

Ці не таму так лёгка

Сэрца,

Ледзь толькі памяць запалі,

На ласку Бога адгукнецца

I песню з матчынай зямлі?..

А я стаяў між малітоўцаў

I зразумець ніяк не мог,

Чаму па-нашаму ні слоўца

У Мінску не гаворыць Бог?..

* * *

Забуду трывогі і стому,

Адкіну шаўкі і парчу,

Як вольная птушка,

Дадому

Праз тысячу вёрст палячу.

Аб вецер ламаючы крылы

Высільвацца буду туды,

Дзе родныя дрэмлюць магілы

I спяць чараты ля вады,

Дзе маці квяцістаю хусткай

Махае з грады маладой.

Абмыю сасмяглыя вусны

Салодкай крынічнай вадой.

Прысяду над плыткай ракою.

Пачую начных салаўёў.

I там я навек супакою

Знямоглае сэрца сваё.

* * *

Ноччу сёння зноў крычалі гусі,

Будзячы вярэдлівы ўспамін.

Ведаю,

Яны да Беларусі

Не дацягнуць свой крыклівы клін.

Толькі, можа, у смузе аблокаў

На хвіліну спыняцца яны

I разгледзяць хоць краёчкам вока

Берагі зялёныя Дзвіны.

Хай бы памаўчалі ў паднябессі

I, нібыта боскую расу,

На бары наддзвінскія атрэслі

З цёплых крылаў

Мой бяссонны сум.

* * *

Заморская вясна

Парасчыняла скарбы,

Рассыпала спаўна

Свае густыя фарбы.

Унізе і ўгары,

Як выдумка былая,

То жоўтае гарыць,

То белае палае.

Ды тыя фарбы штось

Душа не заўважае.

Чужая прыгажосць

Яна і ёсць чужая.

А ў сонны лес ідзеш —

Пралеска дагарае.

Някідкая,

Але ж

Такая дарагая.

Пераміргнуцца з ёй

Так проста і так добра:

То ж сон зямлі маёй,

Маёй журбы аздоба.

Прыгожая яна

Для сэрца і для вока,

Як даўняя вясна,

Што ад мяне далёка.

* * *

Над бясконцасцю акіяна

Цьмяна ўспыхвае зараніца.

Ад бяссонніцы акаяннай

Мне да раніцы не адбіцца.

Сярод скал бесхацінцам пахілым

Адзінота згубілася недзе.

Мне ж за выцвілым небасхілам

Ні бароў, ні сяброў не разгледзець.

Так далёка-далёка ад дому.

Б'ецца сэрца трывожна і гулка.

Настальгію сваю і стому

Я схаваў пад падушкай мулкай.

Дагарае апошняя знічка

На чужым раўнадушным небе.

А радзіма мяне не кліча.

Я радзіме, відаць, не патрэбен.

Што ж, ізноў, як сын нелюбімы,

Застануся з надзеяй і болем...

А мая дарагая радзіма

Мне патрэбна ўсё болей і болей.

* * *

Пад стук вагонных колаў,

Прымружу вочы ледзь,

Гучыць унукаў голас:

«Не трэба, дзед,

Не едзь».

Ён над вакзальным тлумам

Махае мне рукой,

Глядзіць з дарослым сумам

I светлаю тугой.

Не ўразумець адразу

Яму законаў лес —

Службовы абавязак,

Дзяржаўны інтарэс.

А я ў замежжы дальнім

Вяртаю ўсё назад

I позірк развітальны,

I просьбу як загад.

Калі ж адчай прыдушыць,—

Маленькі мой мядзведзь,

Ты мне шапні на вушка

Здалёку:

«Дзед, прыедзь!..»

* * *

Можа, за дзесятым небасхілам

Край дзіцячай радасці і ўцех.

Я б туды,

Каб меў такія сілы,

Птушкай пералётнай паляцеў.

Крылы ж мне адлегласцю звязалі.

I сярод бязадрасных размоў

Я жыву, нібыта на вакзале,

I чакаю цягніка дамоў.

Хай то будзе учарашні жорсткі

Ці імклівы сённяшні экспрэс,

Толькі б ён спыніўся каля вёскі,

Дзе рачулка чыстая і лес,

Дзе над студняй —

Журавель пахілы,

Залатыя пчолы —

Ля вулля,

Дзе на ўзгорку —

Родныя магілы,

А навокал —

Родная зямля.

* * *

У смугу акіянскую

Неба

Апускае вячэрні кумач...

Гэтак многа сказаць хацеў бы,

А не пішацца,

Хоць ты плач.

Як самотнікі па пустыні,

Разбрыліся словы ў нудзе.

Адбалелае сэрца стыне.

Утрапенне ў радок не ідзе.

Іншаземныя яркія дзівы

Не ўзрушаюць зусім мяне...

Вершы пішуцца на Радзіме.

Сэрца цешыцца на Дзвіне.

* * *

Гартае восень жоўтыя лісты —

Старую кнігу вечных успамінаў

Пра беззваротны век свой залаты,

Дзе доўгі спіс сакрэтаў і правінаў.

Лагодна ціша селіцца ў душы,

Але, з былым сустрэўшыся, няйначай,

То светла заўсміхаецца ў цішы,

То ачышчальна ўпотайкі заплача.

Прылёг свавольны вецер 'на мяжы,

Дзе колецца іржэўнік цёплай шчэццю,

Дзе віснуць зоркі выспелых ажын

I павуцінне серабрыста тчэцца.

А цень лясоў ужо хавае стынь.

З лагчын плыве туман сівы і рэдкі.

Сціхае смех.

I ападаюць кветкі...

Гартае восень жоўтыя лісты...

* * *

Абыходжу родныя аселіцы,

Строгія агледзіны раблю.

Новыя суседзі дружна селяцца,

Абжываюць глёўкую зямлю.

Цёткі з цягавітасцю спрадвечнаю

У дварах вядуць сялянскі рэй,

А бабулі з шумнаю малечаю

Разганяюць качак і курэй.

Люстраю ці лямпай мадэрноваю

Зырка свеціць кожнае вакно...

Толькі вось парою вечароваю

Гаманы на прызбах не чутно.

У застоллях песні не спяваюцца,

Як было ў ранейшыя гады.

I пахмурна мужыкі співаюцца

Ад нядбальства, тлуму і нуды.

Замяло мае сады юначыя

Скразнякоў сцюдзёнае крыло...

Нешта горка, незваротна страчана.

Нешта непрыкметна аджыло.

Невядомасць віратлівай стромаю

Рушыць мой запас душэўных сіл.

I кажу суседу незнаёмаму:

— Мне не чарку —

Песню

Паднясі.

* * *

Удача —

Сяброўка такая,

Што лішне ў адданасць не вер.

То лашчыцца,

А то ўцякае,

Як позна прыручаны звер.

То весела скача,

То плача,

То славіць цябе,

То кляне.

Чужая каханка —

Удача

Аднойчы была і ў мяне.

Гуляла са мной

I спявала,

Збірала сяброў да стала

I ноччу з пустога вакзала

У сінім вагоне ўцякла.

Як здань, адплыла ў наваколле,

Растала ў сутонні бароў...

А мне засталося вуголле

Ад зыркіх бяседных кастроў...

* * *

Як вецер лісце шугане

Па скверу,

Ты засумуеш без мяне —

Я веру.

З-за хмар збяжыць змяркання міг

Па промню.

Як добра нам было ўдваіх,

Я помню.

Плыла ад поўні паласа

Скразная.

Ты страхам поўнілася ўся —

Я знаю.

На зоркі клаўся цень крыла

Ціхутка.

Ноч тая цёплая прайшла

Так хутка.

Ёй грэцца ў памяці маёй,

Як цуду.

Да скону дзён маліцца ёй

Я буду.

* * *

Не перанось спатканне на пасля.

Хто ведае, што заўтра нас чакае —

Ці то ад шчасця спыніцца зямля,

Ці напаткае нас бяда якая.

Сагрэй мне вусны сённяшнім агнём.

Абмый душу мне сённяшняю ўсмешкай.

Хай кажуць,

што жывём кароткім днём,

А не халоднай вечнасцю няспешнай.

Хвіліны нават не паўторыць час,

Хоць папракай яго ты, хоць упрошвай.

Што як сустрэча гэтая якраз

Для нас галоўнай стане і... апошняй?..

* * *

Непрыгожых жанчын не бывае.

Паглядзі —

Вунь насустрач ідзе

Асляпляльная,

Баявая,

Як маланка,

Як выклік нудзе.

Ці плячом павядзе,

Ці брывамі —

Абрываецца сэрца на міг.

Як світальнай расой аблівае,

Ад халоднай зямлі адрывае

I ўзнімае да зор агнявых.

Непрыгожых жанчын не бывае.

Паглядзі —

Вунь насустрач ідзе

Сарамяжліва —

Снегавая,

Як лілея на ціхай вадзе.

Вочы ўзніме —

I сінь палявая

Павявае лагодай такой,

Што глухая трывога сплывае,

I пяшчота душу спавівае,

I прыходзіць

Шчаслівы спакой.

На жніве,

Ля ракі,

У трамваі —

Паглядзі —

Прыгажунь не злічыць.

То — нібы сон-трава баравая,

То — як зорка Венера ўначы...

Непрыгожых жанчын не бывае.

Проста шмат невідушчых мужчын.

* * *

Расстайныя дарогі.

Дзявочая туга.

I месячык двухрогі.

I зорак мітульга.

I прывідныя цені.

I крылаў мяккі ўзмах.

I рук перапляценне.

I горыч на губах.

Разгойданае вецце.

Цяжкі, самотны ўздых.

I вечнасць.

I бяссмерце...

Жыцця кароткі міг.

* * *

Не пакідай мяне.

Пабудзь яшчэ.

Перашапчу табе ўсе казкі свету.

I прачытаю тайнапіс вачэй.

I зразумею ўсе твае сакрэты.

Дазволь,

Як пасля першага глытка,

Забыць вясновай хмельнасці гарчынкі

I залатым крылом маладзіка

Разгладзіць твае лёгкія маршчынкі.

Няхай расстання чорная жуда

Нас не кране сваім агнём халодным.

Не пакідай мяне.

Не пакідай.

Не пакідай

I сёння,

I заўсёды.

* * *

Так, я перад табою вінаваты

За доўгія самотныя гады,

За непаразуменні ўсе і страты,

За майскія замоўклыя сады,

За словы непатрэбныя і ўчынкі,

За наш касцёр, што ледзьве не ачах,

За сівізну і раннія маршчынкі

I стому вечаровую ў вачах,

За вольніцу і шумны хмель пракляты,

За ростані і тайны недавер.

А больш за ўсё бязмежна вінаваты,

Што я цябе кахаю і цяпер.

* * *

А я не веру,

Што пайшло каханне

З гадамі маладымі на спачын,

Што нашых вуснаў,

Нашых душ яднанне

Не можа сівізны перамагчы.

Я і цяпер разгадваю,

Як тайны,

Твой кожны дотык,

Кожны позірк твой.

Ад старасці ахоўваю адчайна

Святыя хвілі радасці жывой,

Калі тваё спякотнае дыханне

Сціхае ўранні на маім плячы...

I я не клічу новае каханне.

Мне б тое,

Маладое,

Зберагчы.

* * *

Ці ўспамінала ты мяне,

Калі я доўга быў далёка?

Хоць у нядзелю,

Хоць у сне

Ці ўспамінала ты мяне

З пяшчотай і журбою лёгкай?

Ці выглядала мілым вокам

Мой цень у ранішнім акне,

Ці чула ў незнаёмых кроках

Маю хаду?

Было ці не?

Ці ўспамінала ты мяне?

Было мне ў дальняй старане

Тужліва так і адзінока,

Што я паверу і мане,

Што ўспамінала ты мяне,

Калі я доўга быў далёка...

* * *

Чаму ты помніш сумнае адно?

Было ж у нас вясёлае, здаецца,

I ад кахання абмірала сэрца,

I ноч нам зоркі сыпала ў вакно.

Няўжо яно забылася даўно

I ў памяці жывой не адзавецца,

Як залатое поўнае вядзерца,

Што нечакана ўпушчана на дно?

А мне адно шчаслівае відно

У далечы, што мараю завецца.

Там і сягоння не закрыты дзверцы

I не дапіта хмельнае віно.

Хай не знайшлі мы дзіўнае руно,

Але прайшлі сцягой адзінаверцаў,

I на вячэрняй роздумнай паверцы

Не ўспамінай журботнае адно...

* * *

Як цябе няма са мною побач,

Белы свет халодны і пусты.

I гукаю я тады на помач

У адчаі:

— Любая, дзе ты?!

Хай вакол вірыць жыццё нястомна,

Маладосць ад шчасця ў бубны б'е,

Я ўсё роўна быццам непрытомны

I асірацелы без цябе.

Поспех,

Слава,

Дабрата зямная,

Што ў душу завабілі вясну,

Без цябе,

Я гэта добра знаю,

Трацяць сваю даўнюю цану.

Адплываюць жураўліным клінам

Летуценні,

Песні

I лісты...

Можа, я пасля сябе пакіну

Толькі крык мой:

— Любая, дзе ты?!

* * *

Як мы патрэбны ўсе адзін другому —

З усмешкай ветлай,

З цеплынёю рук,—

Я гэта зразумеў,

Калі дадому

Вярнуўся з самай клопатнай з разлук.

Я прызнаваўся ў роспачы бяссоннай,

Што для жыцця —

Важнейшая з акрас,

Калі ў ахрыплай трубцы тэлефоннай

Знаёмы голас зловіш яшчэ раз.

Як шчасце, ўспамінаю ўсе драбніцы

Сямейных і сяброўскіх вечароў...

Яно ж зусім няцяжка —

Не забыцца

Для маці,

Для каханай,

Для сяброў

Агеньчык запаліць у беспрасвецці,

Адклікнуцца далёкім жураўлём,

Пакуль яшчэ жывём на гэтым свеце.

Пакуль яшчэ жывём.

Пакуль жывём...

* * *

Гэта тайна

Спрадвечнай

На свеце была:

Паміж зоркай і свечкай

Ёсць нітка святла.

У начы безгалосай

Шлях падкажуць і мне

Зорка ў цёмных нябёсах,

Свечка ў дальнім акне.

Сумна ў сэрцы асядзе,

Як і ў даўніх вяках,—

Зорка ў мілым паглядзе,

Свечка ў мёртвых руках.

Дажывуся і сам я

Да самотнай пары,

Калі зорка згасае,

А свечка гарыць,

Кожнай кропляй гарачай

Лье святло, як спакон...

I не мне перайначваць

Гэты вечны закон.

* * *

Не, я не здолею, напэўна,

Прадбачыць свой апошні дзень,

Калі садоў густая пена

На дол абвалам упадзе

I паплыве пустая лодка,

Згубіўшы ў чаратах вясло,

I стане вусцішна і лёгка

Так, як ніколі не было...

Я разумею, разумею —

Нашто аб гэтым варажыць?

Але жыцця ўсё меней, меней

Да мне адведзенай мяжы.

Як ні жартуй,

Як ні храбрыся,

Не абмінеш зямны статут.

I там,

За тою страшнай рысай,

Сяброў ужо не менш,

Чым тут.

I колькі ў шчасці ні галёкай,

Прыцісне чорная туга,

Што недзе вельмі недалёка

Мая чарга,

Мая чарга.

* * *

У гаях пажаўцела трава

I лісты ападаюць несмела.

Пасівела мая галава,

Пад вятрамі гадоў пасівела.

Адзінокі, запознены госць,

Я іду па зямлі апусцелай.

Адшумела мая маладосць,

На дарогах жыцця адшумела.

Толькі хочацца сэрцу ўдвая

I святла,

I вясны,

I надзеі...

Чырванее рабіна мая,

Як раней, у гаях чырванее...

* * *

Жаваранак дражніцца са мной —

То наперадзе цвірчыць, то за спіной,

То званком вісіць над галавой,

То да ног мне спеў кідае свой.

Я і ён — адны на ўвесь прастор.

Нада мной ён крылцы распасцёр

I звініць, што прыляцеў дамоў

Праз завесы пылу і дымоў,

Праляцеў праз пяць чужых дзяржаў —

Трэба ж, каб хто-небудзь заўважаў...

* * *

Багоў сабе я выбраў сам —

Свабоду

I прыроду.

Каму я верыў і пісаў?

Бацькам,

Сябрам,

Народу.


Загрузка...