У думках ён ужо рыхтаваў сябе да допыту. Вырашыў, што, канечне, будзе ўсё адмаўляць, але падчас допыту трэба паспрабаваць высветліць, што вядома немцам.
Яго прывялі ў даволі вялікі кабінет. У ім было толькі адно акно, якое выходзіла ў двор, і пасля яркага сонца здавалася цёмна. За вялікім двухтумбавым сталом, разваліўшыся ў крэсле, сядзеў хударлявы лысаваты мужчына. Ён кіўком галавы адпусціў людзей, якія даставілі Міхаіла Іванавіча, і кіўнуў на венскае крэсла ля стала:
— Праходзьце, Міхаіл Іванавіч, прысаджвайцеся, адпачніце пасля вулічнай спякоты.
Ён старанна вымаўляў кожнае слова, але казаў па-руску даволі чыста.
— Мяне ж прама з цэха забралі, так што спякоты я, можна сказаць, і не адчуў, — адказаў Міхаіл Іванавіч і нават сам здзівіўся, што так спакойна гаворыць. Чакаць новага запрашэння не стаў і сеў. Крэсла зарыпела, здавалася, яно ледзь вытрымлівала вагу чалавека. Немец прадставіўся:
— Мяне завуць Курт Штарц. Я буду весці следства па вашай справе.
— Маёй справе? — здзіўлена спытаў Славін. — Якой справе?
— Пытаеце, якая справа? Справа пра друкаванне лістовак і газет, якія набіралі вы.
— Якіх газет? Якіх лістовак? — здзівіўся Славін.
— Не трэба, Міхаіл Іванавіч, не трэба так паводзіць сябе ў гестапа. Вы спачатку выслухайце мяне, а потым можаце казаць усё, што заўгодна. Мы, немцы, народ дакладны. Перш чым даставіць вас сюды, мы добра пазнаёміліся. Ведаем, што да вайны вы былі перадавіком, лепшым працаўніком.
— Усе імкнуліся добра зарабіць... — няпэўна прагаварыў Славін, але немец перабіў яго:
— Не трэба, Міхаіл Іванавіч, не трэба. Усе, ды і не ўсе імкнуліся быць у перадавіках. Але мы, немцы цэнім працавітасць і паважаем тых, хто ўмела і добра працуе. Таму вы не сціпла паводзьце і не саромейцеся сваёй добрай працы. Мы жадаем, каб вы і цяпер добра працавалі і супрацоўнічалі з намі гэтак жа старанна і добрасумленна, як і з Саветамі. Мы ведаем, што бальшавікі ўцягнулі вас у свае сеткі, прымусілі прыняць удзел у выпуску газет і лістовак, якія заклікаюць насельніцтва да бунтаў, нападаў на нямецкіх салдат, падпалаў і іншых бандыцкіх дзеянняў. Мы разумеем, што вы пагадзіліся не па сваёй волі, у вас жа дзеці, жонка. Улічваючы ўсё гэта, мы вырашылі не ўжываць у адносінах да вас рэпрэсій, а пагаварыць з вамі адкрыта. Цяпер я хачу спытаць вас толькі пра адно: ці згодны вы, працягваючы працаваць, як і раней, супрацоўнічаць з намі?
— Пан следчы, я ж і так супрацоўнічаю з вамі. Ніхто мяне не можа папракнуць у адваротным.
— Вы што, не разумееце, пра што я кажу? Ці робіце выгляд, што не разумееце? Я вам яшчэ раз растлумачу. Нам патрэбна ваша дапамога, а менавіта: адрасы явак, прозвішчы падпольшчыкаў, іх падпольныя мянушкі, дзе друкуюцца лістоўкі і газеты. Я гарантую захаваць ваша прызнанне ў тайне. Як бачыце, цяпер я пытанні задаў дакладна і паўтараю: калі вы не пагодзіцеся сказаць мне праўду, то мы прымусім гаварыць яе і вас, і вашу жонку, і Жэню, і Валодзю. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці і сродкі.
— Але я ж нічога не ведаю. Мне нічога невядома ні пра падпольшчыкаў, ні пра тых, хто друкуе гэтыя лістоўкі і газеты.
Штарц свідраваў Славіна вачыма, якія звузіліся, здавалася, налітымі халоднай сталлю. На скулах неспакойна захадзілі жаўлакі. Славін думаў: «Што ж ім вядома? Арыштуюць мяне ці адпусцяць?» А потым яму стала ўсё абыякава. Міхаіл Іванавіч зразумеў, што жывым яго адгэтуль не выпусцяць. Штарц перастаў глядзець на яго неміргаючым позіркам. Ён прайшоў да дзвярэй і расчыніў іх. У кабінет увайшлі двое гестапаўцаў у форме з пісталетамі, якія віселі ў кабурах на поясе спераду. Штарц падышоў да Славіна і стаў насупраць:
— Я вам даю апошнюю магчымасць адумацца і прыслухацца да таго, што кажу вам.
Міхаілу Іванавічу падалося, што гестапавец цяпер ударыць яго, і ён унутрана сціснуўся, гатовы да гэтага. Але Штарц абышоў вакол стала і сеў у крэсла.
— Вас адвядуць у камеру, і вы падумайце. Даю вам тэрмін да заўтра. Не пагодзіцеся, наракайце на сябе.
Славін устаў і моўчкі пайшоў да дзвярэй. Ён разумеў, што пераконваць Штарца ў сваёй невінаватасці бессэнсоўна. Пад канвоем двух гестапаўцаў ён ішоў па вузкім доўгім і змрочным калідоры, затым па лесвіцы спусціўся ў падвал.
Але не прайшло і трох гадзін, як пачуўся ляск завалы, увайшоў высокі немец. Гестапаўская форма сядзела на ім выдатна, нібы для параду начышчаны да бляску боты. Ён рэзкім голасам загадаў:
— Устаць, калі ў камеру ўваходзіць германскі афіцэр!
Міхаіл Іванавіч павольна падняўся.
— Я хачу вам паказаць сёе-тое з нашай калекцыі прымусу. Выходзьце з камеры.
Міхаіл Іванавіч выйшаў у калідор. Ля дзвярэй стаяў яшчэ адзін немец. Ён быў такога ж росту, як і Міхаіл Іванавіч. Цяжкі квадратны падбародак, вялікі мясісты нос, рудавалосы, з нейкім абыякава пустым паглядам. Ён слізгануў нуднымі вачамі па Славіну і моўчкі пайшоў па гулкім калідоры. Гестапавец крыху падпіхнуў Міхаіла Іванавіча ў плячо:
— Ідзіце за ім!
Міхаіл Іванавіч ішоў следам за рудым і ўвесь час адчуваў позірк гестапаўца, той глядзеў пільна, нібы прапальваў спіну наскрозь. Міхаілу Іванавічу хацелася азірнуца, і яму было вельмі цяжка стрымаць сябе, каб гестапаўцы не заўважылі, што ён хвалюецца.
У канцы калідора яны зайшлі ў вялікі пакой. Тут стаяла некалькі простых лавак, такія Міхаіл Іванавіч бачыў у лазні. Побач з імі на падлозе ляжалі звычайныя вяроўкі. Да свядомасці Славіна дайшло: «Дык гэта ж для катаванняў! Вырашылі прыстрашыць ці адразу пачнуць?»
Славіна падвялі да крэсла, якое стаяла насупраць стала, і загадалі сесці. Крэсла было глыбокім, з высокай цвёрдай спінкай. Да яго падлакотнікаў прывязаны кавалкі бялізнавай вяроўкі.
Гестапавец, які быў за спінай, падышоў да крэсла і ўключыў настольную лямпу.
Адкрыліся бакавыя дзверы, і ў пакой увайшлі двое. Адзін быў у форме гестапаўца, другі — Штарц. Ён сеў за стол і адразу ж загаварыў:
— Я хацеў даць вам час падумаць да заўтра, але акалічнасці змяніліся, і да допыту прыступім неадкладна. Хачу паўтарыць вам сваю прапанову: ці згодны вы супрацоўнічаць з намі?
— Пан следчы, я ж і так супрацоўнічаю з вамі.
— Вы зноў робіце выгляд, што не разумееце, пра што гаворка. Пытаю апошні раз! Дзе друкуюцца лістоўкі і газеты, хто яшчэ апроч вас гэта робіць, іх адрасы, мянушкі, прозвішчы?
— Але я, далібог, нічога не ведаю.
— Ведаеш! — перабіў яго Штарц. — Ведаеш і думаеш пакінуць нас у дурнях. Не выйдзе, мы не з такіх, як ты, выцягвалі праўдзівыя прызнанні. Карацей кажучы, будзеш гаварыць праўду?
— Але, пан следчы.
— Ясна! Ну што ж, мы табе дапаможам.
Штарц зірнуў на гестапаўцаў, і двое з іх падышлі да крэсла і пачалі прывязваць рукі Славіна да падлакотнікаў. Міхаіл Іванавіч паварушыўся ў крэсле і толькі цяпер зразумеў, што яно моцна прымацавана да падлогі. Трэці гестапавец не спяшаючыся прайшоў да сцяны, зняў з металічнага кручка гумовую палку і пачаў павольна набліжацца да Славіна. Міхаіл Іванавіч паспрабаваў глядзець на яго, але не змог адвесці вочы ад палкі.
«Няўжо яны будуць біць мяне?» — У яго, ужо немаладога чалавека, які ніколі не ведаў фізічнай знявагі, выгляд палкі не выклікаў страху. Міхаіл Іванавіч адчуваў, як у душы расце пратэст, запаўняецца сэрца гневам і нянавісцю да фашыстаў. «Не, сволачы, нічога ў вас не атрымаецца!»
— Маўчыш?! — гучна загарлапаніў Штарц. Ён ускочыў на ногі, падбег да свайго напарніка, вырваў з яго рук гумовую палку і, размахнуўшыся, з усёй сілы стукнуў ёй Міхаіла Іванавіча па твары. У вачах Славіна памутнела, а твар заліўся крывёй. Ён хацеў штосьці сказаць, але Штарц, гучна лаючыся і брудна мацюкаючыся, стаў біць яго па галаве, па твары, па ўсім целе.
«Фашысцкая гадзіна, дзе ён навучыўся так лаяцца?» — чамусьці падумаў Міхаіл Іванавіч і страціў прытомнасць...
Ён не адчуваў, як двое гестапаўцаў цягнулі яго па каменнай падлозе, пакідаючы доўгі крывавы след.
Апрытомнеў Славін у камеры. Балела галава, цела, ён не мог паварушыцца, востры, як агонь, боль праймаў яго. Міхаіл Іванавіч доўга ляжаў не рухаючыся, успамінаючы «допыт». «Сволачы, звяры, няўжо яны лічаць, што здзекамі можна дасягнуць усяго?»
Міхаіл Іванавіч прымусіў сябе думаць аб прычыне правалу: «Дзе ж дапушчана памылка? За ўсіх нашых таварышаў я магу быць спакойны, здрадніка сярод іх няма. Сямейнікі таксама нічога не скажуць. — Міхаіл Іванавіч успомніў суседку Латаніну. — Яна, вядома, даносіла немцам. Але што ж яна ведае? Бачыла каго-небудзь з тых, хто прыходзіў да мяне дахаты, — не больш. А, можа, яны схапілі мяне толькі за тое, што я да вайны быў перадавіком?»
Стаўшы падпольшчыкам, умудроны жыццёвым вопытам, Славін не раз з гаркатой успамінаў даваенны час, калі многія не верылі, што Гітлер нападзе на нас, не рыхтаваліся да вайны.
Трэба прадбачыць, што гестапаўцы самую пільную ўвага будуць надаваць актывістам і перадавікам. «Хоць калі б рыхтаваліся мы да магчымага захопу Мінска, — думаў Міхаіл Іванавіч, — то можна было падрыхтаваць людзей да работы ў падполлі. Стварыць вакол неабходную легенду».
І цяпер Славін, лежачы на каменнай падлозе, горка ўсміхнуўся, успомніўшы, што пасля прыходу немцаў яшчэ доўга вісела ў друкарні на Дошцы гонару яго фатаграфія.
Разумеў, што разлічваць на вызваленне з гэтых засценкаў, няварта.
«Ну што ж, — думаў ён, — калі мне наканавана загінуць, то зраблю гэта я так, каб не сорамна было за мяне дзецям і жонцы, ды і перад сваім сумленнем буду чысты. Нічога яны ад мяне не даведаюцца!»
Ён са стогнам перавярнуўся на спіну і, гледзячы ў шэрую столь, прымушаў сябе ўспамінаць усё лепшае, што было ў яго жыцці. Не, не хацеў Міхаіл Іванавіч апошнія гадзіны жыцця марнаваць на іншыя думкі. Ён гатовы быў на самае горшае — смерць! Бо разумеў, што, паміраючы, ратуе жыцці шматлікіх сваіх таварышаў, а гэта значыць, што барацьба з ненавісным ворагам будзе працягвацца, і таварышы адпомсцяць фашыстам за яго.
Уладзімір Славін
У пятніцу, перад абедам, у кватэру Славіных наляцелі гестапаўцы. Яны ўчынілі сапраўдны пагром: перакапалі ўсе шафы і ложкі, перавярнулі мэблю, разразалі абіўку на крэслах, адарвалі ліштвы ў дзвярах. Настасся Георгіеўна разумела, што вобыск нездарма. Значыць, штосьці здарылася з мужам. Афіцэр, які кіраваў ператрусам, праз перакладчыка загадаў ёй збірацца і ехаць з імі. Славіна хацела напісаць дзецям запіску. Але высокі, худы, з выпуклымі рачынымі вачамі афіцэр не дазволіў. А пры выхадзе ткнуў пальцам у скураное паліто, загадваючы сваім падначаленым забраць.
Настассю Георгіеўну пасадзілі ў закрыты грузавік і павезлі. У кузаве, акрамя Славінай, знаходзілася яшчэ два чалавекі. Жанчына пакутліва думала, куды яе вязуць, дзе яе муж, што з дзецьмі. Нарэшце машына спынілася. Адкрыўся задні борт кузава. Настасся Георгіеўна спусцілася на зямлю. Гэта быў вялікі двор ззаду нейкага будынка. Славіна нарадзілася ў Мінску, ведала горад як сваіх пяць пальцаў. Пакажы ёй фасад любога больш-менш прыкметнага дома, і яна беспамылкова сказала б, дзе ён стаіць. Аднак у большасці двароў Настасся Георгіеўна, зразумела, ніколі не была і зараз ніяк не магла вызначыць, куды ўсё ж прывезлі яе немцы.
Салдат увёў арыштаваную ў змрочны, абстаўлены старадаўняй мэбляй кабінет. За масіўным сталом сядзеў следчы ў цывільным. Допыт пачаў здалёку. Казаў па-руску, знарочыста павольна, выразна прамаўляючы кожнае слова. Спачатку задаў некалькі пытанняў, якія нічога не значылі, пацікавіўся сям’ёй, узаемаадносінамі з суседзямі, спытаў, дзе яна сама і муж працавалі да вайны. Затым прыступіў да галоўнага.
Адказваючы на яго пытанне, чаму яны не эвакуіраваліся, Славіна сказала:
— Ды пакуль збіраліся, вашы войскі ўвайшлі ў горад.
Немцу адказ, відаць, спадабаўся. Запісваючы, ён злёгку ўсміхнуўся. Затым спытаў, хто наведваў іх кватэру ў апошні час, ці не прыносіў муж дахаты газеты, лістоўкі. Настасся Георгіеўна ўсё адмаўляла.
Следчы скончыў пісаць, паказаў на паперы, дзе трэба распісацца, і, як бы мімаходзь, заўважыў:
— Сёння вас адпускаем. Але, думаю, яшчэ сустрэнемся. Хачу папярэдзіць: калі і ў наступны раз будзеце рабіць выгляд, што нічога не ведаеце, то чакае вас шмат непрыемнасцяў. Так што раю падумаць. Вось пропуск на выхад.
Настасся Георгіеўна ішла па гулкім калідоры разгубленая, прыгнечаная, прад’явіла вартавому пропуск і апынулася на вуліцы. Разабраўшыся, нарэшце, дзе яна знаходзіцца, ці ледзь не подбегам кінулася дахаты. Сэрца трывожна білася: што з дзецьмі?
Валодзя і Жэня былі ўжо дома. Убачыўшы іх, маці ўпершыню за гэты дзень не змагла стрымацца, заплакала. Дзеці пачалі яе супакойваць, распытвалі, дзе была, што адбылося, дзе бацька. Што магла сказаць ім Настасся Георгіеўна?
Валодзя сядзеў ля акна. Вечарэла. Штосьці трэба рабіць, з кімсьці раіцца. Але з кім? Толькі цяпер ён спахапіўся, што так і не ведае нікога з падпольшчыкаў.
«Што магло здарыцца з бацькам? — разважаў хлопец. — Дапусціў прамашку? А можа, знайшоўся здраднік?» За гэты час Валодзя пасталеў, многае спазнаў, сваімі вачамі ўбачыў «новы парадак», які ўкаранялі жорсткія акупанты.
Заняты невясёлымі думкамі, не заўважыў, што маці завесіла ўсе вокны, запаліла газавую лямпу. Селі за стол. Моўчкі пілі чай. Без бацькі было трывожна і маркотна.
Нечакана штосьці стукнула ў акно спальні.
— Мам, патушы лямпу, — сказаў Уладзімір і кінуўся ў суседні пакой. Падняў святломаскіроўку, адшмаргнуў фіранку, расчыніў акно. Было цёмна, і ў густым хмызняку, што разрося ля сцяны, нічога не было відаць. Раптам пачуўся голас:
— Валодзя! Гэта я — таварыш бацькі. У вас прыстаўная лесвіца ёсць? Я б праз акно залез.
— Паглядзіце са зваротнага боку хлява, каля сцяны стаіць.
Праз нейкую хвіліну ў спальню ўлез мужчына. Начным госцем аказаўся ўжо знаёмы Валодзю адзін бацькаў таварыш: бачыў яго раней.
— Паўдня вас высочваў. Бачыў, як дзеці з’явіліся, а потым вы прыйшлі, — ён паглядзеў на маці. — Немцы назіраюць за вашай кватэрай з дома з блакітнымі аканіцамі, з таго, што наўскасяк ад вашага, праз вуліцу.
— Дык гэта ж дом Латаніных! — заўважыла маці. — Іх дачка Светка з немцамі блытаецца. Вы ведаеце, што з Мішам?
— Мы паспелі толькі высветліць, што яго схапілі гестапаўцы проста на рабоце. Выклікалі да начальніка цэха і з яго кабінета павялі. Што будзе далей, цяжка сказаць. Але мы параіліся і вырашылі, што вам трэба ісці ў лес.
Але маці вагалася, усё больш схіляючыся да таго, каб застацца на месцы.
— Мне здаецца, калі немцы даведаюцца, што мы сышлі, то адразу здагадаюцца пра нашу сувязь з партызанамі. І тады ўжо Мішу нішто не выратуе. Дзякуй вам за клопат. Але мы застаёмся.
Да раніцы так і не клаліся спаць. Маці за сняданкам, нібы адчуваючы набліжэнне новай бяды, сказала:
— Дзеткі, калі схопяць мяне, то мой наказ: ідзіце ўдваіх у лес, да партызан. Не чакайце нас з бацькам. Застанемся жывыя — сустрэнемся.
Відаць, пра многае паспела перадумаць Настасся Георгіеўна за мінулую ноч. І цяпер разумела, што дарма не сышлі яны ў лес. Трывога за лёс дзяцей раздзірала душу.
Працоўны дзень падыходзіў да канца. Валодзя прамываў дэталі. У гэты момант да яго падышоў стары работнік з іншага цэха і спытаў:
— Ты Славін?
— Я.
— Дык бяжы да прахадной, дзяўчына нейкая чакае цябе.
Каля прахадной яго чакала Лена Казлова. Схапіла яго за руку, сама дрыжыць і ціха, каб ніхто са старонніх не пачуў, усхвалявана сказала:
— Сыходзь! Немцы маму тваю забралі!
— Калі?
— Ды толькі што.
— Ты Жэню папярэдзіла?
— Не. Як даведалася — адразу сюды.
— Дзякуй, Лена! Ідзі дахаты.
Уладзімір разумеў, цяпер патрэбна захаваць прысутнасць духу, абдумаць, што рабіць далей. Самае галоўнае — атрымаць ад Марціна новы аўсвайс на наступны тыдзень, бо тэрмін дзеяння старога канчаўся сёння.
Імкнучыся быць спакойным, Валодзя сказаў шэфу, што нечакана цяжка захварэла маці, папрасіў адпусціць яго на гадзіну раней і, заадно, выпісаць аўсвайс.
Настрой у шэфа ў той дзень быў добры, ён паблажліва паставіўся да гэтага стараннага хлопца, выпісаў аўсвайс і адпусціў. Не ведаў Марцін, што праз паўгадзіны па Славіна прыйдуць гестапаўцы.
Апынуўшыся за прахадной, Уладзімір з усіх сіл кінуўся да пякарні, дзе працавала сястра. Выклікаў яе. Аднак не паспеў сказаць і двух слоў, як убачыў, што да службовага пад’езда падкаціў «чорны воран». З машыны выскачылі два гестапаўцы і схаваліся за дзвярамі.
— Гэта за табой, Жэня! Сыходзім! — ён пацягнуў сястру за руку. Яны завярнулі ў невялікі завулак, а затым — у другі і пашыбавалі па пустыннай вуліцы.
Жэня плакала, спатыкалася.
— Што будзе з мамай, татам? Што нам рабіць? Куды мы ідзём? — каторы раз пыталася яна, забягаючы наперад.
Гэтыя ж пытанні мучылі і Валодзю. Параіўшыся, яны вырашылі, што дамоў вяртацца ні ў якім разе нельга, і адправіліся да далёкіх сваякоў на Старажоўку. Наступную ноч правялі ў знаёмых. Пра бацькоў нічога не ведалі. Валодзя вельмі шкадаваў, што ў яго няма ніводнага адраса сяброў бацькі па падполлі.
А тым часам іх шукалі падпольшчыкі, чакалі на подступах да дома, за якім звар’яцелыя гестапаўцы яшчэ больш узмацнілі слежку.
Валодзя, хоць і быў маладзейшы за сястру, разумеў, што зараз ён павінен паклапаціцца пра іх лёс.
— Сыходзім у лес, да партызан, — заявіў неяк раніцай.
Жэня пагадзілася, толькі ціха сказала:
— У нас жа няма добрай вопраткі. А ў партызан з адзежай, напэўна, кепска.
— Адзежа будзе. Ты чакай мяне тут. Вярнуся заўтра.
— А куды ты? — захвалявалася Жэня.
Але Уладзімір вырашыў не турбаваць сястру лішні раз. Сяк-так супакоіў яе, сказаўшы, што ідзе шукаць каго-небудзь з падпольшчыкаў, і накіраваўся... у сваю кватэру.
Хто-хто, а ўжо Славін добра ведаў, як непрыкметна падысці да роднага дома. Хаваючыся ў суседнім агародзе сярод густых кустоў агрэсту і маліны, ён цэлы дзень сачыў за вуліцай, імкнучыся разгадаць гестапаўскую сістэму назірання. Ён разумеў, што немцы не маглі пакінуць сваіх людзей проста ў кватэры Славіных. Значыць, яны прыдумалі штосьці іншае.
Валодзя праседзеў у хованцы ўвесь дзень і, хоць у роце не было нават макавай расінкі, а жывот зводзіла ад голаду, застаўся задаволены. Высветліў, што адна група фашыстаў, пераапранутых у цывільную адзежу, сядзіць усё ў тых жа Латаніных, а на вуліцы, як бы выпадкова ходзячы, дзяжураць яшчэ два тыпы. Гестапаўцы ведалі, што кватэра Славіных размешчана на другім паверсе. Прайсці ў яе можна было толькі па драўлянай лесвіцы, а таму ўзмоцнена назіралі за домам з боку вуліцы.
Валодзя дачакаўся цемры, пракраўся ў свой агарод. Адшукаў за хлявом прыстаўную лесвіцу, якая аднойчы ўжо саслужыла іх сям’і добрую службу, прыставіў яе да сцяны, ціха палез да самага акна. На ўсякі выпадак сцішыўся на хвіліну перад адчыненай фортачкай. У кватэры — цішыня. І тады адсунуў шпінгалеты, асцярожна адчыніў акно, ступіў на падлогу і апынуўся ў апраметнай цемры. На імгненне стала страшна, але ён хутка пераадолеў у сабе гэта, пачаў навобмацак абследаваць усю кватэру.
Уваходныя дзверы былі замкнёны на ўнутраны замак, ключы ад якога фашысты, вядома, адабралі ў маці. У цемры, ды яшчэ пасля такога пагрому, шукаць свае і Жэніны рэчы не мела сэнсу, і Валодзя вырашыў дачакацца світанку. Ён узяў крэсла і засунуў адну ножку паміж уваходнымі дзвярамі і ручкай. «Калі і ўздумаюць увайсці ў кватэру, то пакуль сцямяць, чаму дзверы не адкрываюцца, сігану з акна ў гарод і дам драпака», — думаў ён, умацоўваючы як мага надзейней крэсла. Затым асцярожна ўвалок лесвіцу ў пакой, зачыніў акно, каб немцы не заўважылі, калі ўначы захочуць агледзець хату з боку агарода.
Калі замігцеў світанак і ў кватэры можна было сёе-тое разгледзець, Уладзімір знайшоў у каморы стары бацькаў рукзак, кінуў у яго сваю і сястрыну адзежу, адчыніў акно, выставіў лесвіцу, хутка спусціўся на зямлю. Зацягнуў лесвіцу за хлеў. Валодзя ўявіў сабе, як будуць здзіўлены немцы, калі стануць адкрываць кватэру. «Доўга ж ім прыйдзецца ламаць галовы, каб вырашыць загадку: як маглі аказацца замкнёнымі дзверы знутры, якія яны вартавалі днём і ўначы», — Валодзя ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца.
Вярнуўшыся ў суседскі сад, хлопец вычакаў час, калі можна будзе хадзіць па горадзе, і адважна пакрочыў па вуліцы: бо ў яго ў кішэні — аўсвайс.
А ўвечары, нібы цені, брат і сястра праслізнулі міма варожых засад. І зноў, ужо каторы раз, Жэня здзівілася:
— Адкуль ты ведаеш, дзе немцы ў засадах сядзяць?
— Мне ўжо даводзілася тут хадзіць, — важна адказваў брат, а сам думаў: «Куды ісці далей? Нас жа ніхто не чакае».
Да раніцы дабраліся да вёскі Пціч, але не спыніліся, пайшлі далей. Да вечара набрылі на хутар. Папрасіліся ў гаспадароў, адзінокіх старых, пераначаваць, спыталі ў іх, дзе можна знайсці партызан. Гаспадары нічога на гэта не адказалі, яны накармілі брата з сястрой і паслалі спаць на сенавале. Старыя ведалі, што цяпер мнгогія людзі шукаюць у лесе партызан. Сярод іх могуць быць і правакатары. Таму крыўдзіцца на старых за недавер было нельга.
Раніцай на хутар зазірнулі партызаны. Іх было чацвёра. Доўга распытвалі яны брата і сястру, імкнучыся зразумець, што за людзі перад імі. Ім асабліва падазроным падалося тое, што хлопец быў абуты ў нямецкія чаравікі. Доўга Валодзя пераконваў партызан, што гэты абутак маці выменяла за бацькаўскі гарнітур.
Партызаны напаўголаса пагаварылі яшчэ аб нечым і нарэшце вырашылі даставіць Славіных у атрад. Прывялі, а спадзяванні Уладзіміра на тое, што тут знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае бацьку ці чуў пра яго, не апраўдаліся. З імі доўга гутарылі камандзір атрада, камісар і начальнік штаба, па некалькі разоў перапытвалі пра раней расказаныя падзеі. Адчувалася, што правяраюць. Валодзя разумеў, што інакш і быць не павінна. Калі ў атрад патрапілі невядомыя, значыць, трэба старанна разабрацца, ці не падаслаў іх вораг.
Прайшло некалькі дзён. Славін ішоў праз невялікую паляну да зямлянкі, у якой пасялілася Жэня. Раптам ён убачыў, як чацвёра партызан складваюць ля штабной зямлянкі зброю. Уладзімір здагадаўся, што яны толькі што вярнуліся з задання, а зброя — іх трафеі. «Шчасліўчыкі, — з зайздрасцю падумаў хлопец. — Колькі зброі прынеслі! Відаць, нямала фрыцаў укакошылі!» Славін падышоў бліжэй і раптам — замер: ён пазнаў аднаго з тых семярых, якіх летась вывеў міма нямецкіх пастоў з горада. Але было яму такое заданне ад падпольшчыкаў, і ён яго выканаў тады. Уладзімір так разгубіўся, што нават забыўся яго імя. А той паклаў у агульную кучу нямецкі аўтамат, выпрастаўся, абыякава зірнуў на хлопца, павярнуўся да сваіх таварышаў. Толькі зараз Валодзя ўспомніў:
— Сяргей Міронавіч!
Мужчына азірнуўся.
— Сяргей Міронавіч! Пазнаяце мяне? Я — Валодзя. Памятаеце, вашу групу з горада выводзіў? Вы яшчэ пыталі, ці не хачу разам з вамі ў лес, да партызан.
Твар мужчыны пасвятлеў. Ён падышоў, моцна абняў Славіна.
— Вось дык сустрэча! Як ты тут апынуўся? Сказаць шчыра, нават не думаў, што ўбачу цябе ў лесе! — Ён адпусціў са сваіх абдымак хлопца. — Даўно ты тут?
Славін сцісла паведаміў пра свае прыгоды.
— І куды цябе?
— Ды пакуль яшчэ нікуды. Усё правяраюць нас з сястрой.
— А што, сястра таксама тут?
— Так, у гэтай зямлянцы.
— А ну, пачакай. Я хутка! — Сяргей Міронавіч імкліва накіраваўся да штабной зямлянкі.
Хвілін праз пяць ён вярнуўся.
— Пайшлі да камандзіра!
Камандзір запрасіў Уладзіміра сесці на тоўсты пень і сказаў:
— Ты не сярдуй за такі прыём. Сам разумееш, час ваенны. Усякае можа быць. Патрабавалася праверка. Але Сяргей Міронавіч пацвярджае. Так што пытанняў больш няма. Цябе залічым байцом у наш атрад, а сястру накіруем на базу, да гаспадарнікаў. Там таксама лішняя пара рук спатрэбіцца.
Да горла Славіна падкаціў камяк, ад радасці закружылася галава.
— Таварыш камандзір! Пра маіх бацькоў нічога не чулі?
— Не, хлопец. Пакуль нічога. Цяпер вельмі цяжка разабрацца. У горадзе становішча складанае. Немцы хапаюць першага сустрэчнага. Тысячы людзей расстраляны.
— Таму нам з табой, — дадаў Сяргей Міронавіч, — трэба мацней трымаць зброю ў руках, каб дапамагчы Чырвонай Арміі. Трэба, Валодзя, хутчэй выбіць гэтую свалату з Беларусі, са сталіцы нашай. Ды і пра дапамогу падпольшчыкам у горадзе не павінны забываць. Бачыў, якія «гасцінцы» здабыў я з хлопцамі? Сёе-тое перашлём і падпольшчыкам.
— Таварыш камандзір, а аўтамат мне дадуць?
— Не, дарагі. У нас такі парадак: ваяваць ты можаш з любой зброяй, якую толькі душа пажадае, але спачатку здабудзь яе ў ворага. Спачатку нашы байцы мелі толькі паляўнічыя стрэльбы. Адзін і цяпер не хоча са сваім драбавіком расставацца. Ты з ім яшчэ пазнаёмішся. Зараз, вядома, час іншы. Ёсць у нас і аўтаматы, і кулямёты, і нават гармата. Хацелася б мець больш мін. Але нічога, пакуль абыходзімся тым, што ёсць.
Славін і Сяргей Міронавіч выйшлі са штабной зямлянкі. Адзін з партызан, якія адпачывалі недалёка ад складзенай трафейнай зброі, крыкнуў:
— Ну як, Караткоў? Выйдуць камандзіры на нашу здабычу паглядзець?
— Пачакайце, браткі, дайце з чалавекам пагаварыць, — адказаў Сяргей Міронавіч.
Караткоў і Славін перайшлі паляну, спыніліся.
— Значыць, вы тады ў гэты атрад патрапілі? — спытаў Уладзімір.
— Так, братка, у гэты.
— А дзе астатнія людзі з той групы?
— Двух ужо няма. Загінулі. Двух чэхаў памятаеш? Камандаванне выклікала на Вялікую зямлю. Яны там больш патрэбны. Астатнія ваююць у іншым атрадзе. Вось такія справы, Уладзімір. Шкада толькі, што наша сустрэча адначасова будзе і расстаннем. Адклікаюць мяне ў Маскву.
— І што, у атрад больш не вернецеся?
— Не ведаю, браток, не ведаю, — Караткоў нечакана ўсміхнуўся. — Зрэшты, пасля нашай сённяшняй сустрэчы я чамусьці веру, што мы з табой яшчэ пабачымся. Ну добра, я пайшоў за аперацыю адчытвацца. Да вечара зайду развітацца, уначы самалёт павінен прыляцець.
Сяргей Міронавіч пайшоў да сваіх, а Славін накіраваўся да сястры.
Так пачаў Славін новае партызанскае жыццё. Развітанне з Жэняй было сумным. Кожны думаў пра адно і тое ж: ці давядзецца сустрэцца зноў? Доўга глядзеў хлопец услед сястрычцы, якая ішла побач з возам, дзе ляжаў паранены баец.
Камандзір узвода разведкі лейтэнант Купрэйчык
Пад канец 1942 года немцы зноў узялі стратэгічную ініцыятыву ў свае рукі...
Полк, у якім служыў Купрэйчык, быў выматаны ў баях, з перадавой у тыл яго пакуль не адводзілі. Лінія абароны моцна расцягнулася. Камандаванне палка турбавалася, што праціўнік прарве абарону.
Штаб размяшчаўся ў толькі што збудаваным бліндажы. Знадворку група сапёраў яшчэ маскіравала яго дзёрнам, ссечаным хмызняком і галінамі дрэў, але ўсярэдзіне бліндаж выглядаў цалкам абжытым. Пасярэдзіне стаяў зроблены са скрынь стол, на ім — вялікая газавая лямпа са шкляным каўпаком, ля сцяны быў тапчан, пакрыты новенькай коўдрай. На ім ляжала падушка з чыстай навалачкай. Васільеў і Малахаў, відавочна, толькі прыйшлі, таму што камандзір палка, калі зайшоў Купрэйчык, здымаў з сябе рэмень. Ён запрасіў лейтэнанта прысаджвацца, спытаў:
— Чаю не хочаш?
— Не, дзякуй, у спякоту не п’ю.
Камісар пажартаваў:
— І правільна робіш, але чай жа можна.
— І чай таксама, — ледзь усміхнуўся Аляксей.
Васільеў разгарнуў карту і паклікаў лейтэнанта:
— Глядзі, Аляксей, вось пазіцыі палка. Мы знаходзімся на левым флангу і састыкоўваемся з правафланговым палком суседняй дывізіі.
— Ого, як мы вырваліся наперад! — здзіўлена прагаварыў лейтэнант, убачыўшы, што тоўстая чырвоная рыса як бы абрывалася адразу ж за пазіцыяй палка і стромка сыходзіла назад.
— Правільна. Мы апынуліся далёка наперадзе ад нашага суседа. І ў гэтым наша перавага і слабасць. Перавага — у тым, што калі нам дадуць хоць маленькае папаўненне, то мы можам ударыць вось сюды, у фланг праціўніку, і дапамагчы суседзям выйсці з намі на адну лінію. А слабасць — у тым, што фрыцы гэтаксама могуць ударыць нам у фланг.
Васільеў падышоў да тэлефоннага апарата, падняў трубку і папрасіў злучыць яго з начальнікам штаба. Пачуўшы голас Самойлава, спытаў:
— Я па карце не бачу ўзмацнення левага фланга, ты зрабіў гэта?
Відавочна, начштаба ўжо прыняў неабходныя меры, таму што Васільеў
маўчаў і слухаў. Нарэшце ён сказаў:
— Добра, нанясі ўсё гэта на маю карту.
Ён вярнуўся да стала і задаволена прагаварыў:
— Так, фланг мы ўзмацнілі. Ну, слухай далей. Твая задача: выведаць, што знаходзіцца ў праціўніка тут, і не на пярэдняй лініі, а ў глыбіні. Калі высветліш, дашлеш з кім-небудзь са сваіх арлоў данясенне, а сам агінай іх пярэдні край наводдаль, забіраючы ўвесь час направа, і паглядзі, што немцы маюць у сваіх найблізкіх тылах насупраць нашых пазіцый. Паспрабуй здабыць добрага языка, а затым вяртайся. Ясна?
— Колькі часу вы мне даяце на выкананне задачы?
— Я думаю, табе дастаткова трох-чатырох сутак. Цяпер прыйдзе начштаба, дамовімся пра месца твайго вяртання і нашай падтрымцы, калі што якое, ну, а потым пойдзеш рыхтавацца да паходу.
Купрэйчык з сабой забраў амаль усіх байцоў узвода, пакінуўшы толькі старшыну, а ў распараджэнні начальніка штаба — двух чалавек.
Роўна ў гадзіну ночы, прыгінаючыся, яны рушылі да пазіцый ворага. Для руху Купрэйчык выбраў невялікую лагчыну. У ёй трава была сакавітай, а зямля мяккай, і паўзці было лягчэй, дый шуму пры руху менш. Праўда, атрымлівалася так, што рухаліся яны амаль у лоб добра замаскіраванаму кулямёту, але лейтэнант пасля гутаркі з камандзірам роты, чые пазіцыі былі размешчаны насупраць кулямётнага гнязда, быў упэўнены, што кулямётчык, як гэта часта бывае, не абстраляе лагчыну. Камандзір роты паведаміў, што за тыя чацвёра сутак, што яны знаходзяцца тут, гэты кулямёт ні разу не страляў, гняздо было старанна замаскіравана і распазнаць яго ўдалося выпадкова: артылерыйскі назіральнік, які разглядаў праз стэрэатрубу нямецкія пазіцыі, звярнуў увагу, як з невялікага кусціка паказалася рука, у якой мільганула штосьці бліскучае. Хутчэй за ўсё кулямётчык выкінуў са старанна замаскіраванага акопа пустую кансервавую бляшанку, прысыпаўшы яе зямлёй, каб не блішчэла. Камандзір роты, якому артылерысты паведамілі пра ўбачанае, узмацніў назіранне, і неўзабаве задума праціўніка стала зразумелай: гэты кулямёт павінен быў уступіць у дзеянне толькі ў выпадку нападу і сваім нечаканым агнём сарваць яго. Таму кулямётчык і не страляў, каб заўчасна не выдаць сябе.
І вось цяпер разведчыкі, захоўваючы максімум асцярогі, павольна паўзлі па нейтральнай зоне. Купрэйчык рухаўся ўслед за Зыбіным, часам дакранаючыся рукамі яго ботаў, а самым першым поўз дасведчаны Галавін.
У галаве лейтэнанта, нібы заклінанне, пульсавала трывожная думка: «Толькі б кулямётчык нас не пачуў! Толькі б дапаўзці да ўзгорка!»
А вось і ўзгорак.
Купрэйчык крануў па чарзе за плячо Галавіна і Чарнецкага. Тыя зразумелі, чаго хоча камандзір, і моўчкі папаўзлі да траншэі. Праз некалькі хвілін, забіраючы крыху лявей, папаўзла другая пара. Яна, як было дамоўлена раней, павінна была пры неабходнасці прыкрыць агнём з аўтаматаў Г алавіна і Чарнецкага. Наступіла чарга наступнай пары. Яна пацягнула за сабой тоненькі шпагат, з дапамогай якога падасць сігнал руху астатнім. Купрэйчык, сціснуўшыся ў адзіны нервовы камяк, чакаў. Колькі ўжо было вось такіх пераходаў да пазіцый ворага, а прывыкнуць да гэтага немагчыма. Кожны раз, калі трэба было зазірнуць праз бруствер у нямецкі акоп, наставала вышэйшая кропка нервовай напругі: што чакае яго там, у траншэі? А раптам засада?
Нарэшце тройчы тузануўся шпагат. Значыць, у траншэі фрыцаў няма.
І Аляксей шэптам загадаў рухацца наперад. Хвілін праз дзесяць усе ўжо былі на тым баку. Паглыбіліся амаль на кіламетр і спыніліся на кароткі прывал.
Купрэйчык загадаў:
— А ну, хлопцы, прыкрыйце мяне, карту трэба паглядзець.
Ён сеў пад куст, а разведчыкі знялі з сябе курткі маскіровачных касцюмаў і абляпілі камандзіра з усіх бакоў. Аляксей дастаў карту і ўключыў кішэнны ліхтарык. Адразу ж адшукаў месца, дзе яны знаходзяцца. Наперадзе ў трох кіламетрах быў лес. У гэтым лесе днём і павінны былі хавацца разведчыкі, а заадно праверыць, ці не канцэнтруюць у ім немцы сілы для ўдару. Зверыўшы маршрут па компасе, Купрэйчык выключыў ліхтарык і вылез з-пад куртак:
— Пяць мінут на перакур і рушым далей.
Разведчыкі, прыкрываючыся курткамі, з прагнасцю зацягваліся папяросамі. Кожны, напэўна, успомніў добрым словам старшыну Ганчара, які змог здабыць для іх замест махоркі сапраўдныя папяросы.
Роўна праз пяць мінут Купрэйчык устаў. Усе моўчкі пайшлі за ім. Ішлі асцярожна. Наперадзе, метрах у двухстах, рухаўся дазор з трох чалавек на чале з Чыжыкам, па баках — ахова. Побач з Купрэйчыкам ішоў маладзенькі чырвонаармеец Губчык. Яму яшчэ не было і дзевятнаццаці, але Купрэйчык сам выбраў яго з тых, хто прыбыў у полк на папаўненне. Хлопец спадабаўся яму не толькі тым, што да вайны займаўся боксам, вывучаў нямецкую мову, але і сваім імкненнем патрапіць у разведку. Вядома, у разведузводзе яго вабіла рамантыка, але Аляксей разумеў, што гарачае жаданне стаць сапраўдным разведчыкам мае вялікае значэнне.
Губчык ціха спытаў:
— Таварыш лейтэнант, а мы тут не напорамся на міны?
— Не павінны, Пётр. Памяркуй сам: які сэнс ім мініраваць свае тылы. Раптам мы іх зноў папром на захад, а каму хочацца ўцякаць па ўласных мінах? Але ты прывыкай хадзіць у патыліцу — гэта першае правіла разведчыкаў.
Губчык моўчкі перастроіўся і пайшоў следам за лейтэнантам. Рухаліся асцярожна і да лесу дабраліся гадзіны праз паўтары. Была палова трэцяй. Забраліся ў густы хмызняк і спыніліся на начлег. Купрэйчык выставіў ахову, астатнім загадаў спаць, а сам заснуць не мог. Яго моцна турбавала тое, што яны не ведаюць становішча ў лесе. А раптам дзе-небудзь побач размясцілася варожая часць, і як толькі наступіць раніца, узвод будзе выяўлены і знішчаны.
Ён ляжаў і прыслухоўваўся. Дрэвы ледзь чутна шумелі над галавой. Аляксей успомніў Мачалава. «Напэўна, ужо даўно выпісаўся са шпіталя. Цікава, дзе ён цяпер ваюе? Трэба будзе абавязкова знайсці яго. — Але Аляксей тут жа папракнуў сябе: — Ды ты, лейтэнант, знойдзеш! Уласную жонку і тое адшукаць не можаш!» Вось так заўсёды ў вольную хвіліну думкі Купрэйчыка вярталіся да Надзі: «Што з ёй? Ці жывая?»
Ён часта лавіў сябе на тым, што ў душы непрыемна варушылася і іншае: Надзя, маладая і прыгожая, увесь час знаходзіцца сярод мужчын... Ад гэтай думкі Аляксею зусім перахацелася спаць, і ён сеў. Зірнуў на цыферблат трафейнага гадзінніка. Хутка світанак. Баючыся патрывожыць чуйны сон таварышаў, Аляксей зноў лёг, заплюшчыў вочы. І зноў убачыў Надзю. Да драбнюткіх падрабязнасцяў успомнілася раніца, калі яны сустрэліся першы раз.
.Гэта было ў саракавым годзе. Аляксей разам з сябрам паехаў у суботу ўвечар на рыбалку. Начавалі на беразе, а на досвітку селі ў лодку, выплылі на сярэдзіну ракі і закінулі вуды. Месца было выдатнае. Ціхая, спакойная роўнядзь ракі, густы хмызняк на беразе. Крыху далей, за лужком, зялёнай сцяной стаяў лес.
I дзіўная цішыня вакол! Неўзабаве ад берага прама да лодкі, па вадзе, працягнулася сонечная дарожка. Аляксей вырашыў выкупацца.
Яны падвеславалі да берага, ён саскочыў на мяккую траву і, не спяшаючыся, здымаючы на хаду кашулю, пайшоў уніз па плыні. Саша, сябар Аляксея, заўзяты рыбак, не дазволіў яму купацца каля лодкі, баяўся, што Аляксей рыбу разгоніць.
Купрэйчык адышоў досыць далёка, праз хмызняк ступіў да берага. Выйшаў на вузкую, усяго ў некалькі метраў, прыбярэжную паласу — і сцішыўся. Спінай да яго, асцярожна чапаючы нагой ваду, стаяла дзяўчына ў блакітным купальніку.
У Аляксея мільганула гарэзная думка. Ён на цыпачках падкраўся да просценькага халаціка, які ляжаў на траве. Падняў яго, а пад ім — басаножкі. Узяў усё гэта і бясшумна схаваўся ў густой чаромсе. Уладкаваўся ямчэй і пачаў назіраць. Дзяўчына, перш чым увайсці ў ваду, абярнулася. Аляксею яна здалася вельмі прыгожай. Дзяўчына не заўважыла, што халаціка няма на месцы, радасна ўсміхнулася сонцу і хутка ўвайшла ў ваду. А хлопец, зачараваны гэтым відовішчам, сядзеў не зварухнуўшыся.
Аляксею здалося, што дзяўчына ўсміхнулася не сонцу, а яму. Ён сціскаў у руках халат, басаножкі і чакаў. А дзяўчына слізгала лёгка і бясшумна па вадзе, і нібы не вада, а празрыстая смуга ахутвала і падтрымлівала яе вытанчанае цела. Плавала яна добра, але ў вадзе была нядоўга і неўзабаве выйшла на травяністы бераг, дзе пакінула свае рэчы, а там — пуста. Аляксей добра бачыў яе разгублены, здзіўлены і злосны погляд, але вырашыў не спяшацца. А твар дзяўчыны станавіўся ўсё больш злосным, яна, слізгаючы вачамі па кустах, гучна спытала:
— Ну, каму гэта рабіць няма чаго?
Купрэйчык усміхнуўся: «Ведала б ты, што цябе абкраў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку!» Дзяўчына яшчэ раз паўтарыла сваё пытанне і, не дачакаўшыся адказу, прыгнечана кінула:
— Ідыёт!
А Купрэйчык толькі хмыкнуў.
Незнаёмка павярнулася і пайшла ўздоўж берага ў процілеглы ад лодкі бок. Купрэйчык пачаў асцярожна рухацца следам. Але дзяўчына ўсё ж пачула яго крокі і спакойна, не паварочваючы галавы, сказала:
— I доўга вы будзеце гуляць у хованкі? Я ж усё адно чую, як па кустах хаваецеся.
Аляксей выйшаў. Убачыўшы незнаёмага хлопца, дзяўчына разгубілася і нават спалохалася. Аляксей паспешна працягнуў рэчы і сказаў:
— Дабрыдзень, не крыўдуйце, я пажартаваў.
Яна моўчкі і хутка ўзяла з яго рук халат і, адвярнуўшыся, апранулася. Затым, прымаючы басаножкі, ціха сказала:
— Знайшлі, чым жартаваць. Ведаеце, як я спалохалася, думала, як жа ў купальніку ў вёску ісці.
Аляксей спытаў:
— Вы жывяце ў гэтай вёсцы?
— Не, з сяброўкай прыехала ў госці да яе бацькоў.
— А чаму яна не пайшла разам з вамі купацца?
— Не захацела, а можа, вырашыла даць вам магчымасць мяне абкрасці.
— Не, што вы, я не злодзей, наадварот, я сам іх лаўлю.
— Як не злодзей? А хто ж тады мае рэчы выкраў?— I раптам засмяялася: — Уяўляю, як бы я ў купальніку цяпер ішла па вёсцы. Нічога не скажаш, становішча...
— Я, вядома, разумею, што гэта неразумна. вось так адразу, але мне не хочацца вас адпускаць. Давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Аляксей. Аляксей Купрэйчык. Прыехаў з сябрам на рыбалку, хацеў выкупацца і ўбачыў вас.
Дзяўчына завагалася, казаць ёй сваё імя ці не, але, зазірнуўшы ў вочы гэтага сімпатычнага хлопца, убачыла ў іх мальбу і разгубленасць, злітасцілася і прадставілася:
— Надзя Кір’янава...
Лейтэнант так задумаўся, што не заўважыў, як замігцеў світанак. Неба пасвятлела, на яго фоне выразна вылучаліся цёмна-зялёныя кроны дрэў. Купрэйчык разбудзіў чатырох байцоў: Цімахоўца, Маліну, Шчуку і Чыжыка. Сабраўшы іх у кружок, лейтэнант шэптам загадаў абследаваць мясцовасць вакол іх стаянкі. Разведчыкі парамі адразу ж разышліся ў розныя бакі. Зараз заставалася чакаць. Лейтэнант пабудзіў яшчэ чацвёрку байцоў і накіраваў іх змяніць тых, хто знаходзіўся ў сакрэце. Пасля гэтага Аляксей лёг на зямлю і адразу ж задрамаў. Нервовая напруга, начны пераход і стомленасць апошніх дзён змарылі яго канчаткова. Кудысьці на задні план адсунуліся трывога і турбота, невядомасць таго, што чакае іх наперадзе. Але спаў ён нядоўга.
Яго чуйны слых улавіў недалёка ад сябе нейкі лёгкі рух, шоргат. Аляксей адкрыў вочы і сеў.
Аказалася, што разведчыкі ўжо прачнуліся, але стараліся не шумець, каб не разбудзіць камандзіра. Ён кінуў сцісла «снедаць», і байцы заварушыліся, дастаючы прадукты. Можа, хтосьці з іх і не хацеў есці, але кожны разумеў, што падмацавацца трэба. Яшчэ невядома, ці будзе такая магчымасць пазней. Нарэшце з’явілася першая пара разведчыкаў. Чыжык звярнуўся да Купрэйчыка:
— Ну, камандзір, даставай карту.
Ён разаслаў карту на траве, а Чыжык, зазіраючы ў накрэсленую спехам схему, пачаў тлумачыць:
— Вось тут заходней ад нас, у кіламетрах паўтара, у лесе знаходзіцца танкавая часць: дваццаць чатыры танкі, шэсць бронетранспарцёраў і восем самаходак. Там жа тры бензавозы, тры легкавушкі. Адчуваецца, што знаходзяцца там немцы нядаўна і размясціліся ненадоўга. Амаль ніякіх работ не вядуць. Значыць, чакаюць каманды аб перадыслакацыі. Мы іх абышлі з поўдня і прайшлі па лесе далей. Больш нікога не сустрэлі. Вось тут, — Чыжык ткнуў кончыкам алоўка ў карту, — праходзіць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход дарога. Слядоў на ёй шмат. Не выключана, што і танкавая часць прайшла там. Дарога выходзіць з лесу і ўпіраецца ў вёску.
Купрэйчык адразу ж вызначыў: «Так гэта ж вёска Дзедава. Кампалка прасіў асабліва старанна праверыць, што за штаб там знаходзіцца. Напэўна, дывізіённая разведка штосьці намацала там, а высветліць, што менавіта, не змагла».
А Чыжык працягваў:
— За вёскай немцы вядуць будаўнічыя работы. Прымусілі мясцовае насельніцтва, галоўным чынам жанчын, старых і дзяцей, капаць траншэі, будаваць бліндажы. Там жа працуюць і сапёры. Яны возяць лес, будуюць умацаванні і сховішчы. У нас склалася меркаванне, што рыхтуюць новую лінію абароны. Жывой сілы, праўда, мала, але мы іх маглі з першага заходу і не заўважыць. Танкавы батальён і то выпадкова выявілі, — самакрытычна скончыў Чыжык.
Купрэйчык нанёс усе здабытыя дадзеныя аб праціўніку на карту, узяў і схему, якую вычарціў Чыжык, і прапанаваў ім адпачываць. «Пакуль не вернецца другая пара хлопцаў, — вырашыў ён, — адсюль не пойдзем». Не паспеў ён паснедаць, як прыбылі Цімахавец і Маліна. Яны абследавалі паўднёва-заходнюю частку лесу і прылягаючую да яго мясцовасць, выявілі некалькі даволі буйных груповак праціўніка, у тым ліку танкі і самаходныя гарматы.
Выслухаўшы іх даклад, лейтэнант вырашыў абследаваць мясцовасць.
«Месца, дзе мы цяпер знаходзімся, — думаў ён, — больш-менш спакойнае. Мабыць, застанемся тут на дзянёк і добра ўдакладнім становішча, а затым рушым далей».
Ён падсеў бліжэй да салдат:
— Значыць так, браткі. Стаўлю задачу: тут застаюцца толькі тыя, хто вярнуўся з паходу, і яшчэ чацвёра для аховы. Астатніх разаб’ём на групы па тры чалавекі і прачэшам як след мясцовасць. Нам трэба, у што б там ні было, высветліць намер праціўніка і якія ў яго сілы.
Затым Купрэйчык акрэсліў кожнай групе задачу і квадрат, дзе яна павінна дзейнічаць, прызначыў час збору. Разведчыкі адразу ж разышліся.
Купрэйчык узяў з сабой Лугаўца і Губчыка. Іх шлях ляжаў да вёскі, у якой немцы капалі акопы. Памятаючы пра тое, што наперадзе павінна быць стаянка бранетанкавай часці, лейтэнант увесь час забіраў лявей, і ім прыйшлося рабіць вялікі крук. I калі ўлічыць, што рухаліся яны вельмі асцярожна, часта залягалі і старанна аглядалі мясцовасць, то не дзіўна, што да вёскі падышлі толькі да поўдня. Уладкавалі сабе НП у густым ельніку, дзе нават трава не расла, але было бяспечна.
Метрах у трохстах віднелася вёска з хат дваццаці, не больш.
Купрэйчык пераканаўся, што іх не будзе выдаваць бляск шкла бінокля, і пачаў назіраць. Крыху лявей вёскі вяліся работы. Старыя і жанчыны пад наглядам немцаў капалі акопы. Цывільных людзей у вёсцы не было відаць, і Купрэйчык падумаў: «Усіх выгналі на працу, спяшаюцца». Ён паклаў перад сабой ліст паперы і пачаў наносіць схему абарончых збудаванняў, якія ўзводзіліся. Нечакана Лугавец крануў яго за плячо і ціха сказаў:
— Лейтэнант, паглядзі, здаецца, нашага вядуць, — і ён рукой паказаў на групу нямецкіх салдат, якія вялі перад сабой чалавека.
Купрэйчык перавёў бінокль на іх і ўбачыў, што немцы канваіруюць чырвонаармейца. Выразна была бачная разадраная гімнасцёрка, на галаве — брудная, у крывавых плямах павязка. Двое немцаў трымалі напагатоў аўтаматы, астатнія ішлі ззаду, ажыўлена жэстыкулявалі, размаўлялі паміж сабой.
— Сапраўды, чырвонаармейца вядуць, сволачы! — усхвалявана прагаварыў лейтэнант, неадрыўна гледзячы ў бінокль.
Немцы завялі палоннага салдата ў двор другой ад краю вёскі хаты. Адзін з іх увайшоў у хату і праз хвіліну выйшаў у суправаджэнні афіцэра, на галаве якога была фуражка з высокім верхам. Афіцэр наблізіўся да палоннага, стаў штосьці казаць яму. Немцы, якія прыйшлі разам з канваірамі, стоўпіліся поруч, і разведчыкі ўжо не маглі бачыць ні чырвонаармейца, ні нямецкага афіцэра. Нечакана натоўп расступіўся, і Купрэйчык са сваімі салдатамі ўбачылі, што палонны ляжыць на зямлі, а афіцэр і салдаты б’юць яго нагамі.
— Што яны робяць? Яны ж заб’юць яго! — ускрыкнуў Губчык. — Таварыш лейтэнант, дазвольце, я іх з аўтамата?
— Не крычы, Пеця. Нам нельга сябе выяўляць. Для нас галоўнае — разведка і вытрымка. — Купрэйчык злосна вылаяўся і дадаў: — А гэта мы ім абавязкова ўзгадаем.
А немцы працягвалі біць чырвонаармейца. Ён ужо не рухаўся і ляжаў не абараняючыся. У бінокль было відаць, як нямогла тузалася яго галава пасля кожнага ўдару нагой. Купрэйчык, сціскаючы збялелымі пальцамі бінокль, сказаў:
— Ды і з аўтамата на такой адлегласці ім шкоды не прычыніш, толькі выдасі сябе!
Лугавец і Губчык бачылі, чаго каштавала лейтэнанту стрымацца. Нарэшце немцы перасталі збіваць палоннага, і ён, раскінуўшы рукі, нерухома ляжаў на сярэдзіне двара. Да яго падышлі двое і, узяўшы за ногі, пацягнулі ў кут двара. Там знаходзіўся хлеў, а побач невялікая прыбудова, дзе звычайна трымаюць свіней. Смеючыся, яны зацягнулі туды палоннага і зачынілі дзверы.
— Дай бог, каб ён выжыў, — глуха прагаварыў лейтэнант, — уначы мы наляцім сюды.
Яны праляжалі яшчэ каля дзвюх гадзін, перш чым лейтэнант адарваўся ад сваіх запісаў і схем. Ён працягнуў бінокль Лугаўцу:
— На, Жэня, назірай, фіксуй, у якія хаты немцы заходзяць, лічы, а я з Пятром прагуляюся далей уздоўж лесу. Паспрабуем перамовіцца з кім-небудзь з мясцовых. Бачыш, з лесу бярвёны возяць.
Сапраўды, немцы падвозілі бярвенне да траншэй, а разгружалі жанчыны і старыя. Купрэйчык падумаў, што астатнія жыхары вёскі, напэўна, сякуць лес.
Яны асцярожна рушылі ў глыб лесу. Праз паўгадзіны апынуліся ля дарогі, па якой з ровам праходзілі грузавікі з бярвеннем, павольна праязджалі вазы, запрэжаныя коньмі.
Купрэйчык доўга назіраў за дарогай, і Губчык, не вытрымаўшы, спытаў:
— Таварыш лейтэнант, чаго мы чакаем? Давайце я падыду да любога мужыка, які будзе ехаць на возе, і пагавару з ім.
— Э-э не, дарагі, — ледзь усміхнуўся Аляксей, — ты не спяшайся. Паляжы, панаглядай спачатку, а галоўнае, параскінь мазгамі, каго лепш паклікаць. Мужыка ці бабу. У такой справе можна і на бяду напароцца. Бо хто мог застацца пры немцах з мужыкоў? Ці бездапаможны стары, ці падлетак, ці ж баязлівец, а можа, той, хто іх уладу прызнаў. Усе іншыя мужыкі ў Чырвонай Арміі ці ў партызаны падаліся. Ты прыгледзься, міма нас праходзяць і такія, хто мог бы не лейцы, а вінтоўку ў руках трымаць. Так што лепш нам да жанчыны звярнуцца. Яна ў такой сітуацыі больш надзейная.
Губчык замоўк і цярпліва чакаў, калі камандзір загаворыць з ім. Нарэшце на дарозе паказаўся воз, на якім ляжалі два даволі доўгія бервяны. Побач з возам ішла, цяжка перастаўляючы ногі, пажылая жанчына. На дарозе нікога не было, і Купрэйчык рызыкнуў. Ён устаў і паклікаў жанчыну:
— Матуля, мы — чырвонаармейцы! Не бойцеся нас, каня прывяжыце да дрэва і падыдзіце да нас, спытаць сёе-тое хочам.
Жанчына спалохана азірнулася і зрабіла некалькі крокаў наперад.
— Ды вы не бойцеся нас, — працягваў супакойваць яе Купрэйчык, — мы свае — савецкія!
Жанчына, прывязаўшы лейцы за дрэва, накіравалася да воінаў, насцярожана паглядаючы на іх, разглядаючы іхнюю дзіўную вопратку.
Купрэйчык зразумеў, што яе бянтэжыць, усміхнуўся і расшпіліў куртку:
— Ды мы свае, матуля, свае! Мы разведчыкі і таму так апрануты!
— Родненькія, і сапраўды свае! Тут жа вакол немцы, вам сыходзіць трэба!
— Не хвалюйцеся, усё будзе добра! Вы лепш скажыце, куды лес возіце?
— Як куды? Нас жа ўсіх немцы на работу выгналі, акопы будуем.
— Што ж вы акопы супраць сваіх будуеце?— спытаў Купрэйчык і адразу пашкадаваў.
Жанчына паглядзела на яго шырока раскрытымі вачамі і раптам заплакала:
— Ой, міленькія вы мае, маіх жа чацвёра сыноў у Чырвонай Арміі, а сама, атрымліваецца, немцам дапамагаю! Як падумаю пра гэта, дык хоць у пятлю лезь! Яны ж усіх: і старых, і баб, і нават малалетніх дзяцей на работы выгналі. Траіх, хто не выйшаў, — расстралялі, а хаты газай аблілі і спалілі.
У гэты момант пачуўся шум матора, і лейтэнант хутка сказаў:
— Вяртайцеся да каня і зрабіце выгляд, што з возам ці з канём важдаецеся, а калі машына пройдзе, пагаворым яшчэ.
Толькі жанчына падышла да каня і ўзялася за аброць, як паказаўся цяжка гружаны бярвеннямі грузавік. Смуродзячы дымам, ён павольна праехаў міма. Лежачы ў кустах, разведчыкі паспелі ўбачыць, што ў кабіне сядзелі двое: шафёр і салдат, хутчэй за ўсё аўтаматчык.
Як толькі машына схавалася за бліжэйшым паваротам, жанчына хутка падышла да разведчыкаў. Выціраючы вочы кончыкам лінялай паркалёвай хусткі, запыталася:
— I калі ўжо вы прагоніце іх?
— Прагонім, матуля, абавязкова прагонім! — паабяцаў Купрэйчык. — А вы не ведаеце, што за часць у вас у вёсцы стаіць?
— У вёсцы знаходзіцца іх будаўнічая часць. Яна і будуе акопы. Але ёсць і іншыя немцы. Яны з іншай часці. Гэтыя самыя небяспечныя. Учора прывялі аднаго партызана, дык вы б паглядзелі, як яны здзекаваліся з яго. I білі, і косткі ламалі — усё выпытвалі, хто ён і дзе іншыя партызаны знаходзяцца.
— Ну і што з ім?— спытаў Купрэйчык, а сам успомніў, як фашысты збівалі ваеннапалоннага.
— Не вытрымаў ён катаванняў і памёр. Немцы прымусілі старых за вёскай, у полі, яму вырыць і кінулі туды, бедненькага, нават узгорачка не дазволілі над магілай зрабіць, не тое каб крыж паставіць.
— А ў якой хаце жывуць тыя, да каго партызана прыводзілі?
— Недалёка ад краю вёскі, — і жанчына, блытаючыся, стала тлумачыць. Але Купрэйчык зразумеў, што гаворка ідзе пра тую ж хату, у двары якой збівалі чырвонаармейца..
— Матуля, а хто ў той хаце жыве?
— Тры іхнія афіцэры. Злыя, як сабакі!
— Хата ахоўваецца?
— Так, з вечара салдат з аўтаматам вакол хаты ходзіць.
Жанчына яшчэ трохі пастаяла з разведчыкамі і пайшла да воза.
А Купрэйчык не спяшаўся пакідаць лясную дарогу. Яны з Губчыкам неўзабаве спынілі старога, які стомлена цягнуўся побач з возам. Стары цалкам пацвердзіў тое, што сказала жанчына.
Неўзабаве Купрэйчык і Губчык адправіліся назад да свайго НП. Лугавец, убачыўшы іх, прагаварыў:
— I дзе гэта вас чэрці носяць? Думаў, можа, папаліся ўжо і вось-вось прывядуць вас у гэту вёску, як таго чырвонаармейца.
— Не бурчы, Яўген, — усміхнуўся Купрэйчык, — скажы лепш, што новага?
— Ды амаль нічога. Немцы на грузавіку павезлі палоннага. Дарэчы, афіцэры з гэтай хаты заслугоўваюць таго, каб мы ўначы іх наведалі. Яны не маюць дачынення да сапёраў. Бачыце хату з блакітнай ліштвой?
— Гэта тая, дзе легкавушка ў двары стаіць? — спытаў лейтэнант.
— Так. Абедалі там чалавек шэсць афіцэраў.
— Хата ахоўваецца?
— Так. Вартавы нядаўна ў цянёк забраўся каля хлява. Афіцэрчыкі сышлі з хаты, вось ён і вырашыў, што няма чаго тырчаць на санцапёку, — працягваў
Лугавец. — Вунь там, на грудку, немцы закапалі ў зямлю самаходкі, — паказаў ён рукой лявей вёскі.
Купрэйчык узяў бінокль і паглядзеў на граду невялікіх гмахаў, што ланцужком працягнуліся за змейкай траншэі. Аднак ён не адразу заўважыў памайстэрску схаваныя браніраваныя машыны. Налічыў пяць, якраз па колькасці ўзгоркаў. Потым удакладніў у Лугаўца:
— Колькі самаходак?
— Пяць. Яны іх добра прыхавалі, нават маскіровачныя сеткі нацягнулі.
Купрэйчык зрабіў адпаведныя адзнакі на схеме.
— Што яшчэ?
— У лесе стральбу чуў. Ці не нашы на немцаў напароліся?
«I я таксама чуў, — засмуціўся Купрэйчык, — а ўвагі не звярнуў».
Неўзабаве вярнуліся разведчыкі. Яны прывялі звязанага нямецкага афіцэра-танкіста.
Чарнецкі стомлена растлумачыў:
— Абследавалі мы свой раён, выявілі, што лес, вось у гэтым квадраце, — ён пальцам паказаў месца на карце, — забіты войскамі. Танкі, самаходкі, пяхота — адным словам, даволі дужы кулак сабраны для ўдару. Дарэчы, палонны пацвердзіў гэта. Прыйшлося нам дапытваць яго адразу, як узялі, баяліся, што калі раптам напорамся на іх засаду, то можам страціць каштоўнага языка. !сці было цяжка, таму і спазніліся.
Калі лейтэнант скончыў дакладваць і яшчэ раз прааналізаваў здабытыя звесткі, турботная думка не давала яму спакою. Ён глядзеў на карту і думаў: «Не трэба быць вялікім стратэгам, каб разгадаць задуму немцаў. Супраць нашай дывізіі яны рыхтуюць умацаванні, думаюць абараняцца. Напэўна, лічаць, што калі мы прасунуліся на захад далей іншых, значыць, нашымі войскамі наносіцца галоўны ўдар менавіта тут. А там, дзе загразла суседняя дывізія, немцы рыхтуюцца да нападу. У гэтым месцы яны і могуць нанесці ўдар па левым флангу».
Доўга думаў камандзір, перш чым прыняў рашэнне. I прыняўшы яго, тут жа сабраў вакол сябе байцоў:
— Тут застанецца Чарнецкі і з ім яшчэ шэсць чалавек. Ваша задача: дачакацца вяртання групы, якую я накірую да вас пасля аперацыі ў вёсцы, і разам з вось гэтым данясеннем, — лейтэнант працягнуў Чарнецкаму некалькі лістоў паперы, складзеных у чатыры столкі, — даставіць палоннага, а магчыма, і двух, калі здабудзем у вёсцы яшчэ, у полк. Мы ж пойдзем далей.
Калі яны падышлі да вёскі, пайшоў дождж. Ён усё ўзмацняўся, ператвараючыся ў сапраўдны лівень. Купрэйчык не ведаў, цешыцца ці засмучацца яму. Вядома, падчас дажджу падабрацца да вартавога лягчэй, але затым ісці па мокрай, раскіслай раллі, якая раскінулася па той бок вёскі, будзе нялёгка.
У цемры яны наблізіліся да вёскі Дзедава, і аперацыя пачалася.
Лейтэнант ішоў на чале групы, углядаўся ў чорную ноч, якая пры шуме дажджу здавалася жудаснай. Справа засталася расплывістая пляма — гэта хата. А разведчыкі імкнуліся да суседняй. Вось і плот. Сцяпаныч моўчкі падставіў сваю шырокую спіну пад мокрыя і брудныя боты таварышаў. Усё пералезлі праз плот, а Сцяпаныч і Губчык засталіся з гэтага боку. Заляглі, трымаючы пад прыцэлам два бакі цёмнай, без агеньчыка вуліцы, якую паліваў дождж.
Часавога лейтэнант вырашыў зняць сам і, сціскаючы ў руцэ фінку, павольна поўз па двары да хлява, дзе, прыціснуўшыся спінаю да бярвення, на пустой скрыні, бокам да Аляксея, сядзеў нямецкі салдат. Калі да яго засталося не больш як чатыры метры, Аляксей пачаў асцярожна паднімацца. Але раптам салдат ускочыў і накіраваў на яго вінтоўку.
Лейтэнант Аляксей Купрэйчык
Лейтэнант зноў плюхнуўся ў бруд. «Няўжо заўважыў?»
А часавы замёр, трымаючы вінтоўку напагатоў. У гэты момант ззаду пачуўся шоргат. Купрэйчык асцярожна азірнуўся. Ледзь распазнаў постаць чалавека. «Хто гэта? Немец! З нашых тут нікога не павінна быць», — трывожна падумаў Аляксей і ліхаманкава пачаў шукаць выйсце са становішча, якое склалася. А сітуацыя ўсё больш ускладнялася. Немцы, пакуль не падыходзячы адзін да аднаго, гучна загаварылі. Па асобных знаёмых фразах лейтэнант зразумеў, што яны лаюць надвор’е.
«Калі яны будуць ісці насустрач адзін аднаму, то хтосьці з іх напорацца на мяне!» Купрэйчык асцярожна, сантыметр за сантыметрам пачаў адпаўзаць да плота. Але, на шчасце, немец, які знаходзіўся ззаду, штосьці сказаўшы на развітанне, увайшоў у хату. Вартавы тут жа вярнуўся на сваё месца.
«Наперад!» — загадаў сабе лейтэнант і, падняўшыся на ногі, ірвануўся да немца. Левая рука, у якой была мокрая ануча, уваткнула ў рот вартавому кляп, а правая — усадзіла пад лапатку нож. Вартавы са стогнам зваліўся на зямлю. Купрэйчык на ўсякі выпадак звыклым рухам выцягнуў з вінтоўкі затвор і кінуў яго ў агарод, затым вярнуўся да сваіх. Шэптам падаў каманду. У хату павінны былі ўвайсці разам з лейтэнантам трое разведчыкаў, следам — яшчэ двое. Астатнія занялі пазіцыі ля вокнаў.
Купрэйчык злёгку пацягнуў дзверы: «Зачынена! Што ж рабіць?» Ён яшчэ раз злёгку пакратаў іх. Дзверы свабодна адыходзілі ад каробкі і ўтваралі шчыліну, значыць, яны зачынены на дрэнна падагнаны кручок. Аляксей выняў з чахла нож, уставіў яго ў шчыліну. Вось лязо нажа натыкнулася на перашкоду. Купрэйчык пачаў павольна падымаць угару нож. За спінай адчуваў напружанае дыханне разведчыкаў.
Нарэшце пачуўся лёгкі рывок — гэта крук выйшаў з клямкі, — і дзверы адчынены! Зрабіўшы некалькі асцярожных крокаў, разведчыкі апынуліся ў цёмных сенцах. Купрэйчык памятаў, што ў хату зусім нядаўна ўвайшоў немец, і ён, вядома, заснуць яшчэ не паспеў, але і чакаць, пакуль ён засне, небяспечна. Хто ведае, можа, тым часам да хаты набліжаюцца яшчэ немцы ці тыя, хто ў хаце, пачнуць збірацца на якія-небудзь начныя работы, і тады без страляніны не абысціся. А шуму дапусціць нельга.
«Так што не дрэйфі, лейтэнант, — падбадзёрыў сябе Аляксей і загадаў: — Наперад!» Ён намацаў клямку дзвярэй, што вялі ў пакой, і пацягнуў яе на сябе. Дзверы з рыпам адкрыліся, і лейтэнант не марудзячы перайшоў праз высокі парог. Як ён і меркаваў, яны адразу патрапілі ў прыхожую, якая адначасова служыла і кухняй. Злева, у куце, бялела печ, на ёй, як чорная зяпа, вылучалася топка. Разведчыкі прайшлі далей і апынуліся ў вялікім пакоі. Ярка ўспыхнулі прамяні кішэнных ліхтарыкаў. У пакоі чатыры ложкі. На іх спалі людзі. Раптам адзін з іх, які ляжаў справа ад Купрэйчыка, заварушыўся і сеў. Ён устрывожана спытаў:
— Вас іст дас?
Аляксей кінуўся да яго і паспеў нават заўважыць белы колер яго сподняй кашулі. Удар нажа прыйшоўся прама ў сэрца, таму немец бязгучна адкінуўся на падушку. I тут жа ў правым куце гучна закрычаў яшчэ адзін немец. Ён так пхнуў разведчыка, які падбег да яго, што той зваліўся і збіў з ног байца, які кінуўся на дапамогу свайму таварышу. Купрэйчык асвятліў правы кут пакоя ліхтарыкам і ўбачыў, што немец ужо дастаў з-пад падушкі пісталет і ліхаманкава схапіўся за затвор. I хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б не
Шчука, які маланкава скокнуў на немца і выбіў з яго рук пісталет. Астатнія два немцы супраціўлення не аказалі. Лейтэнант, блытаючы рускія і нямецкія словы, загадаў ім апранацца.
I перад разведчыкамі паўсталі два немаладыя афіцэры. Аднаму было ўжо за пяцьдзясят, а гаўптману — гадоў сарок пяць. Яны стаялі з паднятымі ўгору рукамі і ад страху дрыжалі.
Купрэйчык загадаў сваім:
— Забярыце дакументы і зброю забітых, збярыце на стале схемы і карты, праверце, ці няма яшчэ дзе-небудзь у пакоі дакументаў.
Трое разведчыкаў кінуліся выконваць загад, а двое пачалі звязваць рукі палонным.
Праз некалькі хвілін разведчыкі выйшлі з хаты і накіраваліся на вуліцу, дзе іх чакалі Зайцаў і Губчык. Сцяпаныч наблізіўся да Купрэйчыка:
— Ну як, камандзір, парадак?
— Парадак, Серафім. Як там нашы?
— Нармальна, яны пайшлі ўжо да месца сустрэчы.
— Ну тады і мы рушым.
Купрэйчык быў усхваляваны, прыспешваў байцоў, праверыў кляпы ў палонных.
Нарэшце вёска засталася ззаду, і неўзабаве яны сустрэліся з разведчыкамі ў лесе.
Лугавец прыгнечана далажыў:
— Разумееш, вартавога прыбралі без шуму, а вось у хаце затрымка атрымалася. Там толькі адзін афіцэр аказаўся, а слых у яго — сабачы. У хату ўвайшлі без шуму, толькі ўключыў я ліхтарык, а на ложку ў адной бялізне фрыц сядзіць і ў нас цаляе. Добра, што Юра Маліна загадзя пісталет у плашчпалатку загарнуў і калі стрэліў у немца, то гук не моцны атрымаўся, а афіцэр — напавал.
— Дакументы забралі?
— Вядома.
— Ну і чорт з ім, з афіцэрам, не перажывай. Мы ж двух узялі, а калі б яшчэ і ваш, то куды б мы іх дзелі?
Купрэйчык разумеў, якая складаная задача стаяла перад яго ўзводам. Трэба было праз фронт правесці адразу трох палонных і ён змяніў раней прынятае рашэнне. З сабой пакінуў толькі Губчыка і Зайцава, астатнім на чале з Лугаўцом загадаў даставіць палонных і здабытыя дакументы да месца знаходжання групы Чарнецкага.
Цяжкі быў гэты дзень, не раз даводзілася падоўгу ляжаць у гразі, чакаючы, калі міма пройдуць нямецкія салдаты, асцярожна прабірацца каля вайсковых часцей, але, калі наступіла ноч, у цемры ўжо была відаць лінія фронту. У разведчыкаў з’явілася нібы другое дыханне, і іх думкі былі ўжо там, на нічыйнай паласе.
Каб не напароцца на немцаў па шляху да лініі абароны, Купрэйчык вёў разведчыкаў па ворыве. Губчык усё дзівіўся, як лейтэнант бачыць у цемры.
Раптам камандзір спыніўся і махнуў рукой у бок. Пасля гэтага ён першым павярнуў налева, і праз пяць крокаў яны ўсе трое апынуліся ў вялікай варонцы ад магутнай бомбы. На дне яе было нямала вады.
— Пачакаем тут, — ціха сказаў лейтэнант, уладкоўваючыся на краю варонкі так, каб ногі не дакраналіся вады, — да іх другой лініі акопаў не больш за сто метраў. Пачакаем трохі, хай супакояцца, а то завялі, як я бачу, з Арэшкам сварку, таго і глядзі, што і нас зачэпяць.
Усе трое маўчалі. Толькі было чуваць, як важдаўся Губчык, спрабуючы ямчэй уладкавацца, і Зайцаў чамусьці гучна соп носам. Купрэйчык уважліва сачыў за ўспышкамі стрэлаў з траншэі немцаў, за тымі кропкамі, адкуль бралі свой пачатак агністыя радкі трасіраваных куль.
Ён стараўся па характары чаргі ці асобнага стрэлу вызначыць, у якім месцы траншэі знаходзіцца кулямётчык ці проста стралок. Прайшло яшчэ не меней як дзве гадзіны, перш чым стральба пачала цішэць. Нарэшце толькі рэдкія кулямётныя чэргі парушалі цішыню ды зрэдку ўзляталі асвятляльныя ракеты над пазіцыямі праціўніка.
Лейтэнант пачакаў яшчэ з гадзіну і шэптам прамовіў:
— Пайшлі, хлопцы! Я наперадзе, Губчык — за мной, а ты, Сцяпаныч, — замыкаючы.
Паўзлі па мокрай і халоднай раллі. Наперадзе паказалася цямнеючая нітка другой лініі акопаў.
Небяспека напароцца на немцаў у ёй была меншай, чым у пярэдняй, размешчанай метрах у двухстах. Але ўсё адно — трэба было быць гатовым да ўсяго.
Лейтэнант падняўся на ногі, пераскочыў траншэю і адразу ж зваліўся, чакаючы, ці не раздасца ззаду стральба. Па шолаху насыпнога бруствера Аляксей зразумеў, што Губчык і Зайцаў пераскочылі траншэю. Разведчыкі папаўзлі далей.
Дасягнуўшы першай лініі абароны, яны зноў стаіліся, напружана прыслухоўваючыся: ці не кашляне хто, ці не бразне затворам, перазараджаючы зброю, ці не пачуецца рух на дне траншэі. Не, усё спакойна. Аляксей на імгненне прыўзняўся і скокнуў праз траншэю, за ім Серафім і Пётр. Яны тут жа пачалі адпаўзаць далей да нейтральнай паласы. Пакуль усё ішло добра. Купрэйчык стаў прыкідваць адлегласць, на якую яны адпаўзлі ад траншэі, калі ў неба адна за другой узвіліся дзве белыя ракеты.
Разведчыкі адразу ж уткнуліся ў зямлю. Аляксей быў метрах у трох наперадзе ад астатніх, і калі б пры мігатлівым святле ракет паспеў зірнуць наперад, то ўбачыў бы, што ў метры ад яго знаходзіцца драцяная загароджа. Як толькі ракеты пагаслі, ён ірвануўся наперад і тут жа напароўся на калючку, а на ёй пустыя бляшанкі з-пад кансерваў. Яны адразу ж гучна зазвінелі. У небе ўспыхнулі ракеты. Па тым, як распаролася вакол зямля, лейтэнант зразумеў, што яны патрапілі ў кропку, якую загадзя прыстралялі кулямётчыкі, а гэта значыць, што калі неадкладна не выскачыць адсюль, то хутка іх целы будуць падобныя на рэшата. Ускокваць і бегчы, нават рухацца, было нельга. Усё гэта імгненна пранеслася ў галаве лейтэнанта, і ён крыкнуў:
— Зайцаў, ракеты!
У неба ўзвілася чырвоная ракета, праз некалькі секунд — другая. I адразу ж, нібы даўно падпільноўвала іх, ударыла артылерыя. Над нямецкімі пазіцыямі з’явіліся чырвона-барвовыя сполахі разрываў.
«Малайцы артылерысты, — падумаў Купрэйчык, — чакалі нашага сігналу».
Пераразаць агароджу не было чым, і лейтэнант, сунуўшы магазін аўтамата пад ніжні дрот, паставіў яго на прыклад і загадаў:
— Хутчэй, хлопцы, нырайце!
Першым пралез Губчык, за ім — Зайцаў. Ён лёг уздоўж дрота, перахапіўшы ў камандзіра аўтамат:
— Давай, Аляксей!
Купрэйчык тут жа адпусціў аўтамат і падлез пад дрот. Праз пару секунд ён быў ужо на другім боку. Павярнуўся, каб узяць свой аўтамат, і ўбачыў, як да яго нясуцца чырванаватыя кропкі. Яны свяціліся. «Як чмялі», — паспеў падумаць ён і страціў прытомнасць.
Купрэйчык не чуў, як Зайцаў і Губчык цягнулі яго па набраклым ворыве. Потым пачуўся доўгачаканы вокрык назіральніка: «Стой! Хто ідзе?» Пасля таго як Зайцаў сказаў пароль, да іх насустрач кінуліся байцы, падхапілі і асцярожна зацягнулі Аляксея ў траншэю.
Не чуў ён, як Арэшка, які ўжо стаў камандзірам роты, па тэлефоне паспешліва дакладваў камандзіру палка пра вяртанне разведчыкаў.
Аляксей ачуўся толькі на трэція суткі.
Ён ляжаў дагары тварам і першае, што ўбачыў — гэта столь з шырокіх непафарбаваных дошак.
«Дзе я? — падумаў Купрэйчык, спрабуючы ўспомніць, што ж з ім адбылося. Яму доўга прыйшлося напружваць памяць, збірацца з думкамі, каб успомніць, як там, ужо на падыходзе да сваіх, ён убачыў чырвоныя кропкі, якія нясуцца да яго. — Значыць, я паранены, але куды? Чакай-чакай, а раптам мяне ўзялі ў палон?»
Ад гэтай думкі Аляксей застагнаў, і тут жа над ім з’явіўся незнаёмы твар і ён пачуў жаночы голас:
— Што, ачуўся, сынок?
Аляксей хацеў спытаць, куды яго параніла і дзе ён знаходзіцца, але бабулька — цяпер лейтэнант разгледзеў яе твар выразна — прыклала палец да вуснаў:
— Маўчы, сынок, маўчы, галубок! Табе нельга размаўляць, куля трапіла ў горла, і ўрач сказаў, што некалькі тыдняў табе давядзецца памаўчаць, бо размаўляць не зможаш. Ты паляжы, а я доктара паклічу.
«Значыць, не ў палоне», — з палёгкай уздыхнуў лейтэнант і зноў пачаў успамінаць пра пераход лініі фронту: «Цікава, ці дайшоў узвод да нашых? Даставілі хлопцы палонных? Што з Зайцавым і Губчыкам?»
Ох, як хацелася ведаць лейтэнанту пра гэта. Але хто адкажа яму на гэтыя пытанні?
У гэты момант над ім схіліўся мужчына. Чыста выгалены твар, вялікія, з чырванаватымі бялкамі, стомленыя вочы.
«Урач, — здагадаўся Аляксей, — мяркуючы па вачах, для яго самая вялікая мара — гэта выспацца».
А ўрач ледзь усміхнуўся яму і сказаў:
— Ну вось, гвардзеец, пачынаем жыць. А пакуль ты тут ляжаў, два генералы табой цікавіліся. Адчуваецца, што ты ім добрую службу саслужыў. А зараз слухай мяне. У цябе некалькі кулявых раненняў: адно ў галаву, другое ў правую частку грудзей і трэцяе ў вобласць гартані. Ад гэтага развіўся моцны яе ацёк. А гэта значыць, што некаторы час давядзецца памаўчаць.
I, відавочна, улавіўшы ў вачах Купрэйчыка трывогу, урач паспешна і грубавата растлумачыў:
— Не турбуйся, праз тыдзень-другі будзеш малоць языком, як і дагэтуль. — Ён выпрастаўся і камусьці нябачнаму сказаў: — Давайце хлопца на перавязку!
Падышлі два пажылыя санітары. Яны асцярожна пераклалі Купрэйчыка на насілкі і панеслі.
Прайшло тры дні. Купрэйчык ужо ведаў, што знаходзіцца ў палявым шпіталі, які размясціўся ў невялікай прыфрантавой вёсачцы. Хаты служылі палатамі, у двухпавярховым клубе знаходзіліся штаб і сталовая шпіталя. Сюды выразна даносіліся гукі артылерыйскай і кулямётнай стральбы.
Неяк пасля ранішняга абыходу ў палату вярнуўся лечачы ўрач — !ван Спірыдонавіч Лазараў, з ім тры афіцэры. Купрэйчык адразу ж пазнаў камандзіра палка Васільева, які стаў падпалкоўнікам, і камісара палка Малахава. Трэцім быў незнаёмы генерал. Усе па чарзе паціснулі лейтэнанту левую руку, правая ў яго пакуль амаль бяздзейнічала.
Васільеў сказаў:
— Вось, Аляксей Васільевіч, да цябе прыбыў член Ваеннага савета арміі Карпаў.
Генерал, усміхаючыся Купрэйчыку, басавіта загаварыў:
— Што вы часова не можаце размаўляць, мы ведаем. Але слухаць вам урачы не забаранілі, так што слухайце. За паспяховае выкананне асобага задання камандавання вы ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Я з задавальненнем выконваю ўскладзеную на мяне прыемную місію і ўручаю вам высокую ўрадавую ўзнагароду.
Генерал адхіліў край коўдры і проста на бальнічную кашулю прымацаваў ордэн, а ў левую руку лейтэнанта, якая адразу стала потнай, уклаў скрыначку і пасведчанне. Параненыя ў палаце дружна заапладзіравалі. Купрэйчык хацеў хоць крышачку прыпадняцца, але востры боль у грудзіне адкінуў яго зноў на падушку.
— Ляжыце, ляжыце, таварыш лейтэнант, — сказаў генерал і зрабіў крок убок, даючы магчымасць Васільеву і Малахаву падысці да параненага бліжэй. Тыя таксама паціснулі руку Купрэйчыку. Камісар пацалаваў яго ў няголеныя шчокі:
— Дзякуй табе, Аляксей Васільевіч, тваім хлопцам дзякуй! Ты нават не ўяўляеш, якіх каштоўных языкоў вы нам здабылі! Усіх тваіх гвардзейцаў узнагародзілі.
Купрэйчык усхвалявана слухаў камандзіраў, яго цяпер мучыла толькі адно пытанне: што з хлопцамі? Ці ўсе жывыя? Нарэшце не вытрымаў і жэстам папрасіў, каб яму далі аловак і паперу. На лісце, выдраным урачом са сшытка, дзе ён рабіў розныя запісы, Купрэйчык з вялікай цяжкасцю левай рукой надрапаў: «Хлопцы!»
Камандзір палка прачытаў і спытаў:
— Цябе цікавіць, што з хлопцамі?
Купрэйчык пацвердзіў гэта, міргнуўшы вачамі.
Васільеў і Малахаў зірнулі адзін на аднаго, а затым, нібы па камандзе, запытальна паглядзелі на генерала. Карпаў ледзь кашлянуў, а затым рашуча ўзмахнуў рукой:
— Чаго ўжо тут цямніць. Ён — камандзір і павінен ведаць, што з яго падначаленымі.
Камісар павярнуўся да Купрэйчыка і, не гледзячы ў вочы, глуха сказаў:
— Заданне твой узвод выканаў, але пры пераходзе лініі фронту загінулі Грамоў, Шчука і Цімахавец... Маліна і Чарнецкі паранены... Атрымалася так, што ім прыйшлося практычна з боем прарывацца.
Камісар паглядзеў у твар камандзіра ўзвода і ўбачыў, як звузіліся, нібы ад нясцерпнага болю, яго вочы.
— Забітых не пакінулі, іх целы прынеслі. Пахавалі з усімі ўшанаваннямі, як і трэба героям. Яны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга.
Лейтэнант, здавалася, не слухаў камісара. Ён ляжаў з паўзакрытымі вачамі і думаў пра сваіх таварышаў: “Толя Грамоў, Віктар Шчука, Восіп Цімахавец — мае верныя сябры, іх ужо няма ў жывых. Хоць гэта я іх накіраваў праз лінію фронту, і яны загінулі», — вочы Аляксея напоўніліся слязамі.
Карпаў ціха сказаў:
— Трымайся, салдат! Мы з табой знаходзімся на вайне, а гэта значыць, што страты непазбежныя. — Генерал заклапочана зірнуў на гадзінннік. — Ну, лейтэнант, яшчэ раз прымі віншаванні з узнагародай і выбачай, брат, справы.
Прайшлі суткі, а раніцай наступнага дня падняўся перапалох. Паступіў загад неадкладна эвакуіраваць шпіталь. Аказалася, што немцы ўдарылі па пазіцыях суседняй дывізіі і прарвалі абарону. Шпіталь апынуўся на вастрыні нападу нямецкіх танкаў. Параненых хутка грузілі ў машыны гаспадарчага ўзвода, раней прыкамандзіраванага да шпіталя, і добраахвотнікі з ліку тых, хто выздараўліваў, спешна рыхтавалі на подступах да вёскі лінію абароны.
Неўзабаве калона апынулася на пагрузачным пункце. Параненых выгружалі з машын і клалі проста на коўдры ці, у лепшым выпадку, на насілкі. Двое пажылых салдат і маладзенькая медсястра, якая дапамагала ім, знялі Купрэйчыка з кузава і паклалі на насілкі, што вызваліліся. Аляксей мог бачыць толькі тое, што было прама над ім, пакутуючы, ён не мог нават павярнуць галавы.
Вакол раўлі маторы і крычалі людзі.
З абрыўкаў размоў Аляксей зразумеў, што вось-вось тут апынуцца немцы і гэта загружаецца апошні эшалон. Лейтэнанту стала страшна ад думкі, што пра яго забыліся і ён можа апынуцца ў палоне.
Раптам у гэтай мітусні ён пачуў зусім побач голас: «Таварыш Кір’янава, вы адказная за пагрузку і адпраўку эшалона?»
Жаночы голас адказаў: «Так, я».
Мужчына запатрабаваў: «Дык адпраўляйце ж хутчэй! Вось-вось з’явяцца нямецкія танкі».
Жанчына ўпарта адказала: «Пакуль усе параненыя не будуць пагружаны, я эшалон не адпраўлю!»
Купрэйчык увесь успацеў. «Госпадзі, — думаў ён, — дык гэта ж Надзя, жонка мая!» Ён колькі мог скасіў вочы ў бок тых, хто размаўляў. Але нічога не ўбачыў. Аляксей паспрабаваў павярнуць галаву, але рэзкі боль спыніў яго.
I тут ён убачыў яе! Так, гэта была Надзя. I звалі яе дзявочым прозвішчам — Кір’янава.
Купрэйчык паспеў падумаць: «Нічога дзіўнага, бо пашпарт яна так і не паспела памяняць».
А Надзя, нібы цвелячы нямоглага мужа, спынілася побач. Затым проста зірнула на яго і, павярнуўшыся бокам, сказала двум мужчынам і жанчыне, апранутым гэтак жа, як і яна, у забруджаныя белыя халаты, якія падышлі да яе, каб тыя хутчэй грузілі параненых.
Адзін з мужчын заклапочана сказаў:
— Надзея Лявонцьеўна, мне здаецца, чалавек трыццаць параненых не змесцяцца.
Надзя злосна і рашуча адказала:
— Трэба змясціць усіх! Хоць на праходы, у тамбуры, хоць на дахі, але іх неабходна неадкладна адправіць. У крайнім выпадку тыя, хто пойдзе са мной праз лес на злучэнне з санбатам, панясуць параненых з сабой.
Ад гэтых слоў Купрэйчыку стала яшчэ горш, да яго свядомасці дайшло, што Надзя застанецца тут і не паедзе на цягніку. Ён падняў руку і пачаў махаць ёю, зваў Надзю, хацеў, каб яна заўважыла яго. Ён са страхам падумаў: «Яна ж цяпер адыдзе ад мяне! — I стаў у думках клікаць жонку: — Ды зірні ж ты на мяне! Чуеш, зірні!»
Надзя, нібы пачуўшы яго, павярнулася ў бок Купрэйчыка і, убачыўшы яго жэсты, звярнулася да жанчыны:
— Ганна Пятроўна, падыдзіце да параненага, ён штосьці хоча.
А сама зрабіла некалькі крокаў і знікла з поля зроку.
Жанчына схілілася над лейтэнантам:
— Ну, што ты хочаш, мілы?
Аляксея пачалі біць дрыжыкі. Ён паказваў у бок, дзе павінна была быць Надзя, і мыкаў.
Жанчына паглядзела туды, куды цягнулася рука параненага, і разгублена спытала:
— Не разумею, што ты хочаш? Можа, судна?
Купрэйчык не мог бачыць, што Надзя ўжо адышла. Жанчына ж, схіліўшыся над ім, зразумела яго жэст па-свойму.
Яна выпрасталася і паклікала двух байцоў-санітараў, якія прабягалі міма:
— А ну, таварышы, пагрузіце гэтага параненага!
— Гэта можна, — ахвотна пагадзіліся тыя, — дзякуй богу, што змясціліся ўсе.
Яны паднялі насілкі і панеслі Купрэйчыка да вагона. Месца для яго знайшлося толькі ў тамбуры апошняга вагона. Аляксей глядзеў у абкуродымленую і брудную столь і плакаў. Ён ужо страціў надзею ўбачыць жонку. I раптам убачыў! Надзя пераступіла праз яго і прайшла ў вагон. Праз хвіліну яна вярнулася і, убачыўшы, як паранены на падлозе ў тамбуры махае ёй рукой, слізганула паглядам па яго брудна-крывавых павязках на галаве і шыі, па зарослых шчоках і спагадліва прагаварыла:
— Што, міленькі, балюча? Патрывай трохі, зараз цягнік адправіцца, і хутка будзеце ў шпіталі.
Пасля гэтага, не пазнаючы мужа, яна пераступіла праз яго і, спускаючыся па прыступках уніз, крыкнула камусьці:
— Адпраўляйце састаў!
Раздаўся кароткі гудок паравоза, ляснулі буферы, і цягнік крануўся. Купрэйчык ляжаў і плакаў.
Надзя, праводзіўшы вачамі апошні вагон, уздыхнула і накіравалася да лесу. Аднак палёгкі не адчула, штосьці ёй замінала, трывожыла. I раптам яна ўспомніла залітыя слязьмі вочы параненага на падлозе тамбура апошняга вагона. Успомніла, якія пакута і маленне былі ў гэтых вачах. Спынілася, быццам яе штурхнулі ў грудзі.
«Аляксей!» Яна павярнулася і хацела бегчы ўслед за цягніком, але сілы пакінулі яе, і гледзячы ўслед цягніку, яна паволі апусцілася на зямлю. Да яе падбеглі двое ўрачоў:
— Надзея Лявонцьеўна, што з вамі?
Яна змагла толькі працягнуць руку ў бок адыходзячага цягніка і сцішаным голасам прагаварыць:
— Там. там мой муж!
Камандзір роты старшы лейтэнант Мачалаў
Ішоў 1943 год...
У свабодную хвіліну на перадавой думкі Мачалава часта вярталіся ў мінулае. Хацелася разабрацца, прааналізаваць падзеі.
Мачалову ўспомніўся шпіталь. Яго сустрэча з Аляксеем, доктарам Вольгай Глышчнай. Лёс Васілеўскай яго ўсхваляваў. Жанчына страціла дваіх дзяцей і носіць сваё гора ў сабе, таму што вакол яе гэтулькі няшчасцяў, смерцяў і крыві, што расказваць пра сваё проста няма каму.
— Таварыш старшы лейтэнант! А, таварыш старшы лейтэнант!
Мачалаў здрыгануўся і абярнуўся. Перад ім стаяў тэлефаніст:
— Вас камбат кліча да сябе.
— Добра, скажы, што пайшоў, — зірнуў на ардынарца, — сядзі, я адзін пайду.
Мачалаў зайшоў у бліндаж, зняў са сцяны аўтамат, які вісеў на цвіку, выйшаў вонкі, лёгка выскачыў з траншэі і пакрочыў да штаба батальёна. !сці недалёка, з паўкіламетра.
Тарасаў стаяў каля стала, які быў зроблены па-паходнаму груба. Ён якраз разгортваў карту. У бліндажы ўздоўж сцен на нарах і пустых скрынях сядзелі камандзіры.
— Ну вось. Мачалаў прыйшоў — можам пачынаць, — ці то жартам, ці то сур’ёзна сказаў камбат і прапанаваў: — Падыходзьце, таварышы, бліжэй.
Усё сабраліся каля стала, і Тарасаў пачаў ставіць задачу.
Аказалася, што полк, у які ўваходзіў і іх батальён, атрымаў загад раніцай ударыць па пазіцыях праціўніка і захапіць некалькі населеных пунктаў. Тарасаў сам нядаўна прыбыў ад камандзіра палка і адразу ж сабраў камандзіраў рот.
Яны слухалі камбата, робячы пазнакі на сваіх картах. У душы Мачалава расла трывога. Сённяшні напад немцаў хоць і быў адбіты, але паказаў, што ў праціўніка якраз насупраць яго роты маюцца значныя сілы, у тым ліку і танкі. Нібы адказваючы старшаму лейтэнанту, маёр сказаў:
— Па ўсім фронце атакі нас падтрымаюць артылерыя, авіяцыя і дзе-нідзе танкі. Мачалаў, будзь гатовым вылучыць тры аддзяленні для таго, каб пасадзіць іх на танкі.
— Дык у мяне ж людзей — камарова жменя! З кім жа я ў атаку пайду?
— Танкі і дэсант на іх будуць дзейнічаць у паласе твайго наступення, — рэзка абарваў камандзіра роты Тарасаў, але, падумаўшы трохі, сказаў: — Добра, дам я табе ўзвод разведчыкаў, хай падтрымаюць.
Мачалаў каторы раз казаў сабе: «За хлапчука прымае. Дарэмна я да яго ў батальён пасля шпіталя прасіўся».
Не ведаў Пётр, што зусім нядаўна камбат асабіста перадаў у полк прадстаўленне на ўзнагароджанне яго ордэнам Чырвонай Зоркі і што, характарызуючы яго, не шкадаваў добрых слоў.
Але Мачалаў пра гэта нават не здагадваўся. Ён спяшаўся да сваіх, прыкідваючы дзеянні роты, якую яму досвіткам трэба будзе весці ў бой.
Першым у траншэі ён сустрэў камандзіра трэцяга ўзвода Рубава. Пакуль той спакойна напаўголаса дакладваў становішча, Мачалаў паспеў у паўзмроку разгледзець старшыну Ляркова: той застыў метрах у пяці і чакаў, калі камандзір роты вызваліцца. Пётр падумаў: «З маёй роты, акрамя Рубава, які ўжо стаў афіцэрам, Ляркова, сувязнога Чарнышенкі ды Ерамеева, з тых, з кім я ваяваў да ранення, нікога не засталося».
Рубаў скончыў даклад. Але Мачалаў не спяшаўся ісці, а звярнуўся да старшыны:
— Таварыш Ляркоў, знайдзіце Чарнышэнку, хай ён збярэ ў мяне ў бліндажы камандзіраў узводаў.
Ляркоў казырнуў і тут жа знік у цемры. Мачалаў павярнуўся да Рубава і ціха прагаварыў:
— Заўтра раніцой у атаку пойдзем, так што рыхтуйся, Лёва.
Раніцой рота была гатовая да бою. Стаяў моцны студзеньскі марозік, рыпеў пад нагамі снег, у лагчынах слаўся густы бялёсы туман, а вакол — цішыня.
Здавалася, што ўсё замерла ў чаканні бою. I ён пачаўся. Раздзіраючы ў жмуты туман, ударыла артылерыя, над галовамі з гулам пранесліся бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі. Над нямецкімі пазіцыямі ўзляталі ў паветра перамяшаныя са снегам камякі зямлі ўзнімаліся высокімі фантанамі ўзрывы бомбаў.
Агнявы і авіяцыйны налёт працягваўся нядоўга, і хвілін праз дзесяць агонь быў перанесены ў глыбіню абароны праціўніка, туды, куды ўчора пасля няўдалай атакі папаўзлі танкі і бронемашыны.
Над нашымі пазіцыямі ўзляцелі сігнальныя ракеты.
Мачалаў ускочыў на бруствер і, сціскаючы ў руцэ аўтамат, крыкнуў:
— За Радзіму! Наперад!..
Рота дружна паднялася ў атаку. Міма, абганяючы іх, пайшлі танкі, на брані якіх, хаваючыся за вежы, сядзелі дэсантнікі.
«Усё ж знайшоў камбат людзей для дэсанта», — узрадаваўся старшы лейтэнант і паглядзеў па баках. Як акінуць вокам ішлі ў наступленне роты. Немцы, ачомаўшыся пасля артылерыйскага і авіяцыйнага налётаў, адкрылі моцны і шчыльны агонь. З’явіліся першыя страты. Мачалаў бачыў, як зваліўся камандзір першага ўзвода. «Няўжо забіты?» — падумаў Пётр.
— Санітара да Герасімовіча! — крыкнуў ён і пабег наперад.
Але людзі ўжо заляглі. Упаў на зямлю і Мачалаў. Паглядзеў налева, дзе павінен атакаваць суседні батальён. Агонь праціўніка быў вельмі моцным. «А дзе ж Кісліцкі? — успомніў Мачалаў і вачамі адшукаў падбіты танк, у якім яшчэ з ночы павінны знаходзіцца трое яго салдат, — чаму ён маўчыць?» У гэты момант з танка па варожых акопах амаль адначасова ўдарылі два кулямёты. Знішчальным, амаль флангавым агнём яны загналі немцаў у акопы, размешчаныя якраз насупраць роты Мачалава, не даючы магчымасці высунуць галаву і весці прыцэльную стральбу. Гэтым адразу ж скарысталіся атакуючыя. Парторг Татушын, ён прыняў на сябе камандаванне першым узводам замест выбыўшага Герасімовіча, падняў сваіх людзей у атаку. Рота зноў кінулася наперад.
Немцы таксама ацанілі становішча і з флангаў адкрылі моцны агонь. Нашы танкі, якія перасеклі першую лінію, ужо «прасавалі» другую. Два з іх накіраваліся ўздоўж першай траншэі, страляючы з гармат і кулямётаў, душылі гусеніцамі баявыя кропкі праціўніка. Немцы засяродзілі агонь па гэтых танках, і неўзабаве абодва яны былі падбіты. Адзін успыхнуў, і з яго пачалі выскокваць танкісты ў падпаленых камбінезонах. У другога танка перабіла гусеніцу, і экіпаж, развярнуўшы вежу з гарматай у бок варожых гармат, павёў агонь па іх, а з кулямёта працягваў біць уздоўж варожых траншэй. Мачалаў бег і амаль не страляў, ашчаджаючы патроны для бою ў траншэі. Ён быў упэўнены, што цяпер справа дойдзе да рукапашнай. Нашы танкі і дэсант вялі бой на другой лініі абароны, і гітлераўцы, якія заселі ў першай, практычна адступіць не маглі. Вось яна — варожая траншэя. Байцы з крыкам «ура!» уступілі ў рукапашную.
Першым у траншэі Мачалаў убачыў немца, які сядзеў на кукішках спінай да яго і страляў чаргой з аўтамата. «I нашых, і сваіх, гад, б’е без разбору!» — паспеў падумаць старшы лейтэнант і кароткай чаргой скасіў фашыста. У траншэі завязалася жорсткая сутычка. Кароткія аўтаматныя чэргі і адзінкавыя стрэлы перамяшаліся з лютымі крыкамі, стогнамі параненых, глухімі і цяжкімі ўдарамі прыкладаў.
Звычайна флегматычны і сарамлівы старшына Ляркоў актыўна дзейнічаў вінтоўкай. Ён, апынуўшыся паміж двума фрыцамі, паспеў абрынуць на галаву аднаго магутны ўдар прыкладам і тут жа сустрэць штыком другога, які, замахнуўшыся сапёрнай лапаткай, падбягаў ззаду. Спрытна дзейнічаў і парторг. У яго ад нямецкай кулі заклініла аўтамат, і Татушын, схапіўшы яго за ствол, варочаў ім як дубінкай.
Мачалаў уважліва агледзеўся. Нямецкія салдаты, не вытрымаўшы імклівага і лютага націску, пачалі адыходзіць, некаторыя ў паніцы беглі ў розныя бакі, а асобныя, вырваўшыся з траншэі, уцякалі нават у бок нашых пазіцый. З падбітага танка кароткімі, злымі чэргамі біў па іх кулямёт. Мачалаў гучна крыкнуў:
— Хлопцы! Не затрымлівайцеся ў траншэі! Наперад, да наступнай! — I сам кінуўся да другой лініі абароны. Прайшло ўсяго некалькі хвілін, і вораг быў выбіты з другой траншэі. Невялікую вёсачку ўзялі з ходу. Немцы ў ёй не змаглі ўтрымацца. Але агонь іх артылерыі і танкаў, якія схаваліся за ўзгоркамі, станавіўся ўсё мацнейшым. Адзін за адным былі падбіты яшчэ тры нашы танкі. Астатнія адступіліся назад пад прыкрыццё ўзгорка. На высокім беразе невялікай рачулкі, якую пераадолелі байцы роты Мачалава, мерзлая зямля ўсё больш пакрывалася ўзрывамі варожых снарадаў.
Салдаты, лежачы ў снезе, ліхаманкава дзяўблі маленькімі сапёрнымі лапаткамі цвёрдую, як бетон, зямлю. I хоць вакол кожнага з іх высілася горка снегу, яна толькі стварала бачнасць абароны ад снарадаў. Асколкі са свістам прашывалі іх наскрозь.
Мачалаў выпусціў дзве чырвоныя ракеты — гэта быў сігнал для камандавання палка. I ён быў зразуметы. Дзесьці далёка ззаду зноў ударыла наша артылерыя, і ў размяшчэнні немцаў з’явіліся велізарныя чорна-белыя ўзрывы. Агонь праціўніка адразу ж аслабеў.
Салдаты, карыстаючыся кароткай прадышкай, сціснуўшы зубы, сапёрнымі лапаткамі дзяўблі і дзяўблі зямлю.
Камандзір роты падлічваў свае сілы. Аказалася, што загінула дванаццаць чалавек, у тым ліку і камандзір узвода Герасімовіч, трынаццаць было паранена, з іх чацвёра — лёгка, і яны засталіся ў страі.
Мачалаў разумеў: паколькі яго рота знаходзіцца на вышыні, значыць, у выпадку контратакі моцны ўдар немцы нанясуць менавіта тут.
Старшы лейтэнант выклікаў камандзіраў узводаў. Падлічылі сваю агнявую моц: тры процітанкавыя ружжы, два «максімы» і тры ручныя кулямёты. Астатняе — вінтоўкі і аўтаматы.
— Так, не густа. Калі фрыцы пойдуць у атаку, ды яшчэ з танкамі, то дрэнныя нашы справы, — трывожна прагаварыў камандзір і загадаў ад кожнага ўзвода выдзеліць па два чалавекі і накіраваць назад да былых нямецкіх траншэй:
— Хай шукаюць, можа, процітанкавыя гранаты знойдуць, дый аўтаматы прыдадуцца.
Затым ён хутка накідаў камбату данясенне, папрасіў дапамогі, а сам разам з узводнымі пачаў выбіраць пазіцыі для кулямётчыкаў і бранябойшчыкаў.
Убачыў Кісліцкага, паклікаў да сябе:
— Дзякуй, сяржант, выдатна ты і твае таварышы дапамаглі нам!
— Што ўжо там, — збянтэжыўся Кісліцкі. — Справа звыклая: бі гадаў, пакуль са сваёй зямлі іх не выганіш ці не загоніш у яе.
— Правільна! — падтрымаў Татушын і паглядзеў на Мачалава. — Памойму, група сяржанта Кісліцкага заслугоўвае ўзнагароды за ўмелыя дзеянні.
— Правільна, парторг, — пагадзіўся Мачалаў, заклапочана гледзячы ў бінокль, — але гэта крыху пазней, а цяпер трэба хутчэй акопвацца і рыхтавацца адбіць атаку. Яны яе хутка пачнуць, — ён працягнуў Татушыну бінокль, — паглядзі, на ўзлеску пачынаюць разгортвацца. Так што, таварышы, па месцах, рыхтавацца да бою.
Мачалаў паклікаў тэлефаніста:
— Як з сувяззю?
— У мяне катушку асколкамі пасекла, дый усё адно яе б не хапіла. Трэба чакаць сувязістаў з батальёна.
— Значыць, ты без справы, — чамусьці здаволена прагаварыў Мачалаў і, напісаўшы кароткую запіску, працягнуў яе байцу. — Аднясі камандзіру танкістаў, яны каля рачулкі схаваліся. Ад майго імя папрасі, каб дапамаглі ад нямецкіх танкаў адбіцца, я пра гэта і пішу, але ўсё адно перадай і на словах, хай дэсант, які ў іх ёсць, нам на пэўны час перададуць. Скажы, што ў роце людзей вельмі мала засталося.
Чырвонаармеец казырнуў і кінуўся пад гару.
Ляркоў, які дзёўб ломам зямлю, паказаў рукой назад:
— Таварыш старшы лейтэнант, камбат ідзе!
Мачалаў азірнуўся і ўбачыў Тарасава.
У суправаджэнні двух афіцэраў ён хуткім крокам наблізіўся да Мачалава:
— Ну, як справы? Акопваецеся?
Старшы лейтэнант далажыў яму абстаноўку. Тарасаў ухвальна кіўнуў і сказаў:
— Да цябе цяпер далучацца дэсантнікі і два танкі, я такую каманду даў. Пратрымайся гадзіны паўтары, кампалка абяцаў на тваім правым флангу процітанкавую батарэю паставіць, ну, а пакуль вось табе мой падарунак, — і маёр рукой паказаў сабе за спіну.
Мачалаў убачыў, як з тылу да іх набліжаюцца два артылерыйскія разлікі, якія кацілі дзве саракапяткі.
— Вось за гэта дзякуй, таварыш маёр! — шчыра ўзрадаваўся старшы лейтэнант.
— Ну давай, браток, закопвайся ў зямлю і рыхтуйся. Я ўжо бачу, што немцы ачухаліся, цяпер рогам папруць. Так што трымайцеся.
Тарасаў сказаў гэтыя словы так проста, па-сяброўску, і Мачалаў ужо не крыўдаваў на тое, што камбат «суха» размаўляў з ім. Старшы лейтэнант і сам не заўважыў, як назваў яго па імені і імені па бацьку:
— Не турбуйцеся, !ван !ванавіч, тое, што мы адбілі ў ворага, назад не аддамо!
А з боку праціўніка мацней загрукала артылерыя, на шырокім полі разгортваліся танкі і пяхота. Вораг пачаў атаку.
Таццяна Андрэеўна
Зіма 1943 года была суровай. Снежная, сцюдзёная і ветраная, яна нібы падкрэслівала беды і няшчасці, якія зваліліся на галовы людзей.
Але, здавалася, холад адступіў перад нечаканым паведамленнем. Велізарнай радаснай хваляй па ўсёй краіне кацілася вестка пра разгром нямецкіх войск пад Сталінградам. Даведалася пра перамогу насельніцтва акупіраваных абласцей. Ад аднаго да другога перадавалася гэтая чаканая вестка і ў вёсцы, дзе жыла сям’я Мачалавых.
Таццяна Андрэеўна, не хаваючы слёз радасці, шчаслівая, прыбегла да суседкі.
— Цётка Марфа! — з парога закрычала яна. — Нашы разбілі немцаў пад Сталінградам. Гітлер жалобу аб’явіў!
Марфа Сцяпанаўна чула пра цяжкія баі пад Сталінградам. Немцы і паліцаі выхваляліся, што вось-вось савецкія войскі будуць разгромлены і пабягуць з горада на Волзе.
Яшчэ не верачы ў гэту радасць, бабулька выцерла мокрыя рукі аб ручнік, які вісеў ля печы, і недаверліва спытала:
— А ты адкуль ведаеш?
— Дзед Пятрусь прыходзіў, лістоўку партызанскую паказваў, а там усё напісана: і як фашыстаў білі, і колькі танкаў, самалётаў, гармат і салдат знішчана, колькі ў палон узялі. Вялікая перамога, цётка Марфа! Вельмі вялікая, зараз пагоняць іх назад! І ад Масквы, і ад Ленінграда! Прасіла я ў Петруся гэту лістоўку, але не даў. Кажа: «Яна ў мяне адна, а мне трэба многім людзям яе паказаць». Ох і адважны дзед! Яму хадзіць, беднаму, цяжка, а ён, як хлапчук, носіцца. Рады да слёз.
— Ну, дзякуй богу, — Марфа Сцяпанаўна перахрысцілася, — дайшлі, значыць, да Бога нашы маленне і просьбы.
— Што вы, цётка Марфа. Які там бог. Бог — гэта наша Чырвоная Армія. Сабралася з сіламі і дала немцам жару. Нават я, няверуючая, гатовая на такога бога маліцца. Чуе маё сэрца, што там і мой Пеця, і ваш Міша гадаў б’юць.
Яны яшчэ доўга абмяркоўвалі радасную вестку, потым Мачалава пайшла.
Але дома ёй не сядзелася. «Людзі жыцця не шкадуюць, ваююць з ворагам, — папракала яна сябе і цяпер у думках не знаходзіла сабе апраўданняў. — Колькі людзей з нашай вёскі на фронце ці ў партызанскіх атрадах ваююць. А я, дурная, думала адседзецца ў сваёй хатняй шкарлупіне. Вось нават дзед Пятрусь, хворы, кульгавы, і той дапамагае партызанам, — зараз Таццяна дакарала сябе за тое, што раней яна бачыла свой абавязак толькі ў тым, каб захаваць сваіх дзяцей. — Не, хопіць, я таксама павінна ваяваць супраць ворагаў!»
Таццяна задумалася, што б яна магла зрабіць для перамогі. Дзяцей жа не кінеш. «У атрад з імі падацца нельга, — думала яна, — гэта будзе партызанам у цяжар, у іх і так з харчам дрэнна, а я яшчэ лішніх два раты з сабой прыцягну».
Таццяна вырашыла, што ёй неабходна з кімсьці параіцца. Яшчэ не прыняўшы рашэння, яна пачала апранацца. Дзеці, занепакоеныя дзіўнымі паводзінамі маці, падышлі да яе. Юля, прыціснуўшыся, трывожна спытала:
— Мамачка, ты куды, на вуліцы ж цямнець пачынае?
Таццяна Андрэеўна зірнула ў акно: і сапраўды ўжо вечар наступіў, але ў гэты момант яна зразумела, хто ёй патрэбен. Абняла дзяцей і ласкава сказала:
— Пасядзіце, дзеткі, трохі адны, я хутка прыйду, толькі на некалькі мінут у вёску збегаю.
— А раптам там Грышка Руды цябе ўбачыць?
— Не бойцеся, міленькія. Нічога ён мне не зробіць. Вось толькі давай, сынок, з табой дамовімся, што, калі ён сюды да нас зойдзе, ты адразу да бабулі Марфы неўпрыкметку бяжы і кліч яе. Мы з ёй пра гэта дамовіліся. Удзвюх нам лягчэй яго адвадзіць будзе.
Нездарма Таццяна дамаўлялася так з сынам. У апошні час паліцай не толькі пагражаў ёй, але і стаў прыставаць. Яна з агідай успомніла, як яшчэ перад Новым годам ён сустрэў яе недалёка ля хаты і, дыхаючы ў твар перагарам, палез цалавацца. Таццяна адштурхнула яго і ўцякла ў хату Крайнюкоў. А калі прыйшла дахаты, ад крыўды і страху прагаласіла ўсю ноч.
Дзеці, вядома, нічога не ведалі пра гэта. Яны проста бачылі і адчувалі, як ненавідзіць іх Грышка, і баяліся яго.
Таццяна Андрэеўна супакоіла дзяцей, выйшла з хаты і, хутаючыся ад марозу і лёгкай, але сцюдзёнай замеці ў цёплую вязаную хустку, пайшла да дзеда Петруся. У гэтую хвіліну яна чамусьці не сумнявалася, што толькі ён можа даць ёй правільную параду.
Калі праходзіла міма хаты Мірэйчыка, то, здавалася, нават не дыхала, баялася, што ён вось-вось выскачыць да яе насустрач. Але абышлося, Грышка не сустрэўся, і, з палёгкай уздыхнуўшы, яна паспяшалася далей.
Не ведала Таццяна Андрэеўна, што Грышка праз акно ўсё-такі ўбачыў яе і прасачыў, куды яна ішла.
Ля хаты дзеда Петруся Таццяна на ўсякі выпадак азірнулася. Нікога не заўважыўшы, увайшла ў двор. Дзед адчыніў дзверы на стук адразу ж і здзіўлена прагаварыў:
— Вучыцелька? Вось ужо каго не чакаў! Ну, уваходзь, уваходзь, госцяй будзеш.
У хаце было няўтульна, холадна і амаль цёмна. Таццяна села на лаву і адразу ж перайшла да справы:
— Дзядуля, я хачу дапамагаць партызанам, — і, убачыўшы, як у дзеда Петруся ад здзіўлення палезлі ўгару бровы, пачала пераконваць яго: — Зразумейце, я больш не магу, у мяне няма сіл сядзець дома без справы, калі людзі гінуць за Радзіму. Я і так колькі часу страціла.
Стары, хаваючы ўсмешку, хітра паглядаў з-пад густых броваў на маладую жанчыну.
Калі яна замоўкла, дзед Пятрусь сур’ёзным тонам сказаў:
— Правільна думаеш, дачка. І вось што я табе скажу. Ты ідзі дахаты, а я параюся з сім-тым.
Супакоеная і шчаслівая, пайшла дамоў. Нарэшце яна зрабіла крок, да якога ў душы імкнулася даўно.
Дома паклала дзяцей, а сама амаль усю ноч не спала...
Прайшло тры дні. І раптам Таццяна праз акно ўбачыла, што да хаты накіроўваецца Грышка.
Пахаладзела ўсё ў душы, задрыжалі рукі. Павярнулася да сына:
— Ванечка, збегай, сынок, да бабулі Марфы. Скажы, каб яна хутчэй да нас прыйшла. Бачыш, Грышка ідзе!
Ваня ўсё зразумеў. Ён схапіў з цвіка шапку і выскачыў у сенцы.
Вычакаўшы, пакуль паліцай пройдзе міма яго ў хату, выбег на вуліцу і з усіх сіл проста па снежнай цаліне панёсся да Крайнюкоў.
Грышка, як заўсёды, быў п’яны. Не здымаючы шапкі і кажуха, які толькі расшпіліў, паставіў ля дзвярэй вінтоўку і гучна сказаў:
— Ну, здарова, удава!
— Дабрыдзень! — адказала Таццяна.
Яна хацела сказаць, што не лічыць сябе ўдавой, але раздумала, вырашыла п’янаму паліцаю не пярэчыць.
— А чаго гэты ты не абураешся, што цябе ўдавой абазваў?
— Слова «ўдава» пра гора чалавечае гаворыць і не абразу, а смутак яно ў людзей выклікае.
— Бач ты, як мудрагеліста са мной гаворыш, — усміхнуўся Мірэйчык, — быццам на ўроку перад мальцамі сябе паводзіш. А я ўжо чалавек сталы, пры становішчы, пры пасадзе. Ты мне лепш скажы, чаго гэта тры дні таму да Петруся хадзіла? Ці не шашні са старым хрычам завяла? Дык ты лепш са мной у любоўныя ды грахоўныя справы пагуляй. Я, паглядзі, мужык хоць куды, пастараюся для цябе, не падвяду, — ён працягнуў да яе рукі і схапіў за плечы. Таня паспрабавала вырвацца, але Грышка прыціснуў яе да сябе.
Адкуль толькі сілы ўзяліся ў Мачалавай. Здавалася, лютасць і крыўда зацямнілі яе розум. Рэзка прысеўшы, яна вырвалася з яго рук і схапіла сякеру, што стаяла ля печы:
— А ну, пачвара, адыдзі, а не то як шалёную гадзюку засяку!
Мірэйчык адступіўся ад яе і схапіўся за вінтоўку:
— Ты што, зараза чырвоная, хочаш, каб я цябе ўраз знішчыў? — і ён перавёў затвор.
— Мамачка, мамачка, — закрычала, злазячы з печы, Юля, — ён жа цябе заб’е!
Яна прыціснулася маленькім, худзенькім целам да мамы:
— Не дам у маму страляць! Страляй лепш у мяне!
Невядома, чым усё гэта скончылася б, калі б у хату не ўвайшла Марфа Сцяпанаўна. Яна адважна схапілася рукамі за ствол вінтоўкі:
— А ну перастань зараз жа дзяцей палохаць! Чаго з іх здзекуешся? Паглядзі, якія яны худзенькія, а ў цябе морда ў бакі як раздалася!
— А ты, старая, мне ў морду не тыкай! — зласліва адгыркнуўся Грышка. — Не ад тваіх харчоў яна такая, — ён апусціў прыклад вінтоўкі на падлогу і ўжо спакайней звярнуўся да Таццяны: — Нічога, мільтонша, я з табой рахунак звяду, не турбуйся, Грышка крыўд не забывае. Наступіць час, калі сама прасіцца ў мяне будзеш, але я табе сённяшняе не забуду. А зараз адкажы мне, як прадстаўніку ўлады, чаго да дзеда хадзіла?
— Дзяцей карміць няма чым, вось і хадзіла бульбачкі ды мукі папрасіць.
— Бульбачкі кажаш?
Марфа Сцяпанаўна разумела, што варта Грышку толькі зазірнуць у пограб, як ён убачыць, што ў Мачалавай там мяшкі чатыры бульбы набярэцца, і каб ён не здагадаўся зрабіць гэта, зноў пайшла ў атаку:
— І чаго гэты ты Грышка шкодны такі, да сваіх жа людзей чапляешся?
— Я да сваіх не чапляюся, а ў вёсцы амаль нікога за свайго не лічу. Навядзём мы хутка тут парадак, вось тады толькі адны свае і застануцца.
— Вось ты выпіў сёння, — міралюбна прагаварыла Крайнюк, — а закусіў, відаць, дрэнна і нясеш абы-што...
— А ты мяне не вучы, баба, не вучы! Ведаю, чым мне закусваць, — і раптам усміхнуўся нейкай брыдкай усмешкай, — а ці ведаеш ты, чаму ў мяне морда ў бакі раздалася? Не, не ведаеш! А ўсё таму, што пры Саветах усе і, у першую чаргу яе Пецька, мяне па галаве білі зверху, вось пыса. ха-ха, у бакі і раздалася.
— Ніхто цябе пальцам не чапаў. Я дык ведаю.
— Нічога ты не разумееш, цёмная старая. Я маю на ўвазе, што маральна білі, разумееш, — і ён пакруціў каля яе твару пальцам. Ну, добра, забалбатаўся я тут, пайду прагуляюся. Пакуль, мільтонша, сякеру я табе ўзгадаю, ох узгадаю! — і Мірэйчык выйшаў з хаты.
Таццяна, дрыжучы ўсім целам, павольна апусцілася на лаву і, закрыўшы твар рукамі, заплакала. Юля і Ваня абступілі яе і моўчкі гладзілі па валасах.
Марфа Сцяпанаўна села побач:
— Ну, ну, не хвалюйся. Адпіў ён мазгі, вось і брэша, што на язык патрапіць. Проста табе трэба быць з ім асцярожней, радзей на вочы трапляцца гэтаму быку. Я схаджу да яго бацькоў яшчэ раз і пагавару. Хоць ім і не падабаюцца такія гутаркі, але павінны ж яны ведаць, што ён вытварае...
У гэты дзень Марфа Сцяпанаўна затрымалася ў Мачалавых дапазна, а калі сабралася ісці, Таня папрасіла:
— Цётка Марфа, пераначуйце ў нас. Я, далібог, баюся, што ён уначы прыйдзе.
— Ну, добра, добра, я пераначую, ды і самой мне будзе весялей, толькі схаджу параюся з Петрусём. — Яна пайшла, але хутка вярнулася, і яны адразу ж ляглі спаць.
Пад раніцу ў іх акенца хтосьці пастукаў. «Няўжо Грышка?» — адначасова падумалі жанчыны.
— Калі гэта ён, больш не вытрымаю, заб’ю яго! — дрыготкім ад лютасці голасам сказала Таня. Узяла на стале вялікі кухонны нож і выйшла ў сенцы:
— Хто там?
— Гэта я, Пятрусь! Адкрый, дачка.
Ён моўчкі ўвайшоў у хату і толькі тады загаварыў:
— Так, кажаш, гэты руды скулаварот цікавіўся, чаго ты да мяне хадзіла? Шпіёніць, зараза.
Таццяна здагадалася, што дзед Патрусь ведае пра тое, што здарылася, са слоў Марфы Сцяпанаўны, і ціха сказала:
— Так, пытаў. Я адказала, што бульбы хадзіла да вас прасіць.
— Гэты правільна сказала, але бульба ў цябе ёсць.
— Ну і што ж? — не зразумела Таццяна.
— А тое, што ён можа прыйсці і праверыць, ці ёсць у цябе бульба. Тым больш што ўвечар да яго на трох санях прыехалі паліцаі. Ён паказаў ім хату, у якой Косця Старадумаў жыве. Яны забралі хлопца, пасадзілі ў сані і павезлі. Можа, што вынюхалі пра лістоўку. Двое апранутых у цывільнае засталіся. Іх Грышка вадзіў у гэты бок, і я ўпэўнены, што ён паказваў тваю хату, толькі пасля гэтага яны з’ехалі.
— Што ж гэта значыць? — разгублена спытала Таня.
— А тое, што табе неабходна быць гатовай да ўсяго. Па-першае, трэба, як мне здаецца, дзяцей у Марфы трымаць. Калі раптам прыедуць па цябе, то Марфа іх можа паціху да каго-небудзь адвесці, а па-другое, трэба ўсю бульбу зараз жа да Марфы ў склеп перанесці. Калі Грышка, ці яго сябрукі, ці немцы правераць твой склеп, то пераканаюцца, што ў цябе бульбы няма, значыць, ты і сапраўды да мяне прыходзіла бульбы прасіць.
Жанчыны не спрачаліся і, накінуўшы на сябе, што патрапіла, узялі мяшкі і разам з Петрусём насыпалі ў іх бульбу і насілі ў хату Крайнюкоў. Да світанку праца была скончана.
Прайшло яшчэ тры дні. У вёсцы ўсё заставалася па-ранейшаму, калі не лічыць асцярожных гутарак сярод жыхароў пра Косцю Старадумава, сямнаццацігадовага хлопца, які адважыўся абараніць ад п’янага Мірэйчыка суседскую дзяўчыну Аню Лапатку. Мірэйчык убачыў Аню, калі яна праходзіла міма яго хаты. Выскачыў і пачаў цягнуць яе да сябе ў двор. Дзяўчына стала крычаць. Гэта пачуў Косця. Ён падскочыў да Грышкі і на вачах у суседзяў адабраў дзяўчыну. На шчасце, у паліцая пры сабе не было вінтоўкі, і Косця з Аняй уцяклі. І вось Старадумава схапілі і павезлі ў райцэнтр.
Яго маці плакала і прасіла Грышку дапамагчы сыну, але ён не стаў яе слухаць і выгнаў з хаты. Тады Старадумава паехала ў райцэнтр, але так нічога і не даведалася пра лёс Косці.
І раптам усю вёску абляцела страшная вестка. Косцю за тое, што ён нібы быў партызанам і распаўсюджваў лістоўкі, немцы павесілі на цэнтральнай плошчы раённага цэнтра.
Напалоханыя людзі стараліся абыходзіць бокам Мірэйчыка і яшчэ двух паліцаяў, якія жылі ў вёсцы.
А Грышка хадзіў з вінтоўкай за плячамі і выхваляўся: «Нічога, навядзём мы тут парадак. Зацягнем дзясятак-другі на шыбеніцу, адразу астатнія нашу ўладу паважаць стануць».
А на наступную ноч, перад світанкам, у хату Мачалавай пастукаўся дзед Пятрусь:
— Збірайся, дачка, аднясеш партызанам скрутак, а то ногі падвялі мяне, ісці не могуць, а раніцай у лесе будзе чакаць мяне чалавек. Я мінулы раз дамовіўся, што калі я не змагу, то прыйдзеш ты.
— А як я знайду яго?
— Вельмі проста. Ведаеш, дзе да вайны вузкакалейку да тарфянішча будавалі?
— Гэта тую, што не паспелі дабудаваць? Ведаю.
— Падыдзеш да месца праз раўчук і чакай. Да цябе падыдзе Антон ці хто-небудзь з хлопцаў, якія разам з ім былі. Скажаш, што я прыхварэў, аддасі скрутак і вернешся ў вёску. На ўсякі выпадак перад тым, як выйсці з лесу, наламай галля. Калі і сустрэнецца хто-небудзь, то скажаш, па дровы хадзіла.
— Я ўсё зразумела. Зараз апрануся і пайду.
Таня радавалася, што дзед стрымаў слова і даручыў ёй справу.
Марфа Сцяпанаўна зачыніла за ёй дзверы, і Таня выйшла на вуліцу. На вуліцы было цёмна і віхурна. Вецер ледзь не збіў яе з ног, калі ішла праз поле да лесу. «Гэта добра, што такое надвор’е, — думала яна, — снег і вецер адразу ж замятуць сляды».
Ісці было кіламетраў пяць, але дарогу Таццяна памятала добра. У тым боку звычайна расло шмат грыбоў і ягад, і яна да вайны разам з мужам хадзіла туды. А калі пачалі будаваць торфапрадпрыемства і цягнуць да яго вузкакалейку, вадзіла туды на экскурсію вучняў. Яна вырашыла на дарогу не выходзіць і падалася напрасткі.
Ісці было цяжка. Валёнкі амаль цалкам правальваліся ў снег. Таня ўжо і не памятала, калі ёй даводзілася ісці вось так, патанаючы ў снезе. Яна разагрэлася, змакрэла і калі нарэшце дабралася да месца сустрэчы, то валілася ад стомы. Перад ёй у цьмяным ранішнім святле быў недабудаваны мост, а чыгуначнай каляіны не было відаць. Усё засыпаў снег. У абодва бакі ішла роўная прасека, якая была і высечана для вузкакалейкі. Таццяна, прагна хапаючы ротам марознае паветра, агледзелася. Вецер сціх, снег таксама перастаў ісці, і вакол стаяла цішыня: ні крыку птушкі, ні свісту ветру, ні трэску сучка, і раптам у гэтай цішыні зімовага лесу пачуўся голас:
— Дабрыдзень! Даўно чакаеце?
Мачалава рэзка абярнулася. Каля велізарнай хвоі яна ўбачыла хлопца і адразу пазнала яго. Гэта ён разам з Антонам прынёс свайго параненага таварыша ў вёску. Таццяна Андрэеўна паспрабавала ўспомніць яго імя, але так і не змагла.
— Добрай раніцы! Я толькі што прыйшла.
— А дзед Пятрусь захварэў, ці што?
— Ды адчувае штосьці сябе не вельмі, таму і даручыў мне перадаць вам вось гэта, — яна працягнула хлопцу скрутак. — Скажы, ты не вучыўся ў школе, дзе я працавала?
— Не, я ў горадзе жыў.
Таццяна хацела спытаць яго прозвішча, але раздумала, пабаялася, як бы хлопец не палічыў яе цікаўнай.
Праз некалькі хвілін яны развіталіся і разышліся ў розныя бакі.
Мачалава ішла па сваім яшчэ не засыпаным снегам следзе, разважаючы над тым, дзе яна магла раней сустракаць гэтага хлопца. Ведала б яна, што гэта быў Валодзя Славін — стрыечны брат яе мужа. Але яна бачыла яго толькі тройчы, прычым апошні раз, калі Валодзю было дванаццаць гадоў. Хлопец за гэты час не толькі вырас, але і моцна змяніўся. Не ведала Таццяна Андрэеўна і таго, што ў скрутку, які яна перадала Славіну, акрамя лекаў была запіска дзеда Петруся. У ёй ён паведамляў камандзіру атрада дадзеныя пра нямецкія войскі, а таксама прасіў засцерагчы Мачалаву ад паліцая Мірэйчыка.
Недалёка ад ускрайку лесу яна набрала сухіх галін, зламала некалькі сухіх тоненькіх дрэўцаў і накіравалася да вёскі.
Неўзабаве Мачалава была дома. А праз два дні ў вёсцы пайшоў слых: знік паліцай Мірэйчык. Яго бачылі напярэдадні як заўсёды п’яным, а потым ён знік. Жыхары маглі толькі здагадвацца, што ён апынуўся ў руках партызан. Так яно і было. Грышку выкралі партызаны і аддалі суроваму суду.
Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін
Наступіла лета 1943 года. Гітлераўцы ўзмоцнена рыхтаваліся да новай аперацыі ў раёне Белгарада і Курска. Аднак становішча ў тыле акупантаў было неспрыяльным. Партызаны не давалі ім жыцця ні днём ні ўначы. Пачасціліся дыверсіі на чыгуначных вузлах. Народныя мсціўцы ўзрывалі масты. Пад адхон ляцелі эшалоны з гаручым, ваеннай тэхнікай і жывой сілай рэйха.
Для знішчэння партызан гітлераўскае камандаванне накіравала рэгулярныя войскі, у тым ліку танкавыя, артылерыйскія і авіяцыйныя злучэнні.
Партызаны тым часам вялі знясільваючыя блакадныя баі.
Атрад, у якім знаходзіўся Славін, таксама апынуўся ў цяжкіх умовах. Да гэтага часу Уладзімір ужо асвоіўся ў атрадзе. Сціплы і ціхі, ён зусім мяняўся ў баявой абстаноўцы. Валодзя быў падрыўніком, але ў апошні час яго сталі часта пасылаць і ў разведку. Хлопцу гэта падабалася.
Аднойчы, у перапынку паміж баямі, да Уладзіміра падышоў сакратар камсамольскай арганізацыі Косця Царык:
— Славін! Час табе ў камсамол уступаць!
— Мне? — ад нечаканасці Уладзімір збянтэжыўся.
— Табе. Ваюеш ты адважна, іншым добры прыклад падаеш. Сам жа казаў, што ў школе не паспеў уступіць у камсамол, вайна перашкодзіла. Ну, а цяпер мы лічым, што ты цалкам заслужыў гэта. Так што бяры рэкамендацыі і пішы заяву.
— Дзякуй, — толькі і мог прагаварыць Уладзімір, а сам падумаў пра бацькоў. Як бы яны ўзрадаваліся!
Праз некалькі дзён група Крайнюка накіравалася выконваць новае заданне. Партызаны павінны былі падарваць у некалькіх месцах чыгуначную магістраль, а затым ісці на новую стаянку атрада, куды ён атрымаў загад перадыслакавацца.
Для Валодзі ўдзел у новай аперацыі быў не проста баявым заданнем, а як бы іспыт на вытрымку, вынослівасць, на права звацца камсамольцам.
Ішлі амаль увесь дзень. Нарэшце падышлі да чыгункі.
Крайнюк загадаў усім адпачываць, а сам, узяўшы з сабой Славіна, накіраваўся ў разведку. Да дарогі яны дабраліся з боку зарослага хмызняком балота. Міма іх на вялікай хуткасці пракаціўся бронецягнік, затым цяжка гружаны таварняк, праз дваццаць хвілін бронецягнік прайшоў назад. Крайнюк уважліва вывучаў падыходы да дарогі. Разгарнуў карту, штосьці адзначыў на ёй.
— Давай паглядзім, як ахоўваецца дарога паўднёвей, — прапанаваў ён Уладзіміру.
Яны зноў паглыбіліся ў лес, падышлі да дарогі кіламетры праз два лявей. Чыгуначная каляіна пралягла ў гэтым месцы па высокім насыпе, і Крайнюк быў задаволены:
— Глядзі! Калі ў гэтым месцы рванём, то будзе куды вагонам скочвацца. Давай пройдзем далей, за паварот. Там павінен быць невялікі мост.
Яны адышлі ў глыбіню лесу і, зрабіўшы крук, зноў апынуліся каля насыпу. Сапраўды, як і меркаваў Антон, у гэтым месцы дарога праходзіла па невялікім мосце, які быў перакінуты праз рэчышча маленькай рачулкі. Рака даўно высахла, і зараз пад мостам мясцовыя сяляне свабодна праязджалі на падводах. Крайнюк разумеў, што немцы не маглі пакінуць гэты ўчастак без аховы, і таму вырашыў высветліць, ці няма тут паблізу засады. Міма іх на малым ходзе зноў прайшоў бронецягнік. Ствалы гармат і кулямётаў панура глядзелі ў бок лесу. Браняваная махіна пхала перад сабой тры адкрытыя платформы. Першыя дзве былі загружаны пяском, на трэцяй размяшчаліся шасціствольныя мінамёты, абкладзеныя з двух бакоў мяшкамі з пяском.
— Так-а, справунькі, — збянтэжана прагаварыў Крайнюк, паглядаючы на дарогу.
Праз дзесяць хвілін пранёсся таварняк. Неўзабаве бронецягнік пайшоў назад. І раптам яны ўбачылі, як да моста падкаціла мотадрызіна. З яе выйшла шасцёра салдат — пяць аўтаматчыкаў, адзін кулямётчык. Усе схаваліся ў хмызняку метрах у пяцідзесяці ад месца, дзе стаіліся партызаны. Дрызіна прастаяла з хвіліну, затым рушыла назад.
Крайнюк даў знак Славіну адпаўзаць назад і сам вужом праслізнуў за куст. Уладзімір папоўз за ім.
Крайнюк сказаў:
— Давай адыдзем за паварот, перасячом дарогу і з таго боку паглядзім, дзе размясцілася засада.
На другім боку дарогі разведчыкі хутка выявілі немцаў. Тыя якраз устанаўлівалі кулямёт, ламалі галінкі для падсцілкі.
— Бач ты! Камфорт любяць, гады, — прабурчаў Антон, — зямля сухая, а яны ўсё адно галінкі пад пуза.
Неўзабаве ў Крайнюка выспеў план. Ён падаў знак Славіну адыходзіць. Ужо сцямнела, калі яны вярнуліся да сваіх.
У групе было трыццаць чалавек, і Крайнюк вырашыў неадкладна правесці інструктаж. Сабраліся на невялікай паляне. У цемры людзі не бачылі адзін аднаго, хоць і сядзелі побач. Камандзір разбіў атрад на тры групы. Першыя чатыры чалавекі павінны былі выйсці да таго месца, дзе дарога праходзіла па роўным нізкім участку.
— Пра вашу задачу я скажу крыху пазней, — растлумачыў Крайнюк, звяртаючыся да першай групы. — Другая група, у складзе дзевяці чалавек, адправіцца да высокага насыпу. Старшым прызначаю Славіна. Валодзя, ты добра запомніў тое месца?
— Вядома! Перад паваротам, за якім масток, засада.
— Правільна. Усе астатнія ідуць са мной. План нашых дзеянняў такі. Паколькі чыгуначнае палатно ахоўваецца бронецягніком, а мост — шасцёркай немцаў, узброеных ручным кулямётам і аўтаматамі, дзейнічаць пачнём ранкам. Як толькі бронецягнік пройдзе мост і схаваецца з вачэй, частка маёй групы, а ў ёй будзе дзесяць чалавек, з тылу атакуе засаду. Пажадана абысціся без стральбы ці ж, у крайнім выпадку, страляць толькі з блізкай адлегласці, каб справу скончыць праз пару мінут. Пасля гэтага другая частка групы пачне мініраваць мост. Вы ж, — Крайнюк звярнуўся да Славіна, — пасля таго, як пройдзе бронецягнік, адразу ж замініруеце ўчастак дарогі на самым высокім месцы і рваняце яе, калі пойдзе таварны састаў. Састаў, зразумела, — пад адхон, а нам застанецца толькі падняць на паветра мост. Такім чынам мы не дамо бронецягніку вярнуцца назад. Пасля настае чарга першай групы, якая перад гэтым прапусціць таварняк і мініруе ў некалькіх месцах рэйкі. Пачуўшы нашы выбухі, вы падрываеце свае зарады.
Антон казаў не зусім выразна, але партызаны зразумелі яго задуму. Старэйшыя групы дамовіліся пра ўзаемадзеянне, і Крайнюк назваў месца сустрэчы ў лесе пасля выканання задання.
— А зараз усім спаць. Пад’ём у дзве гадзіны ночы. Да світання трэба выйсці на зыходныя пазіцыі.